Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 19 страниц)
ПОЛЬСКАЕ ПЫТАННЕ
Палякі – чарговыя вязні Расійскай імперыі, як і беларусы з украінцамі, апынуліся ў цэнтры вайны, у сярэдзіне бойкі тых самых дзяржаў, што калісьці, нібыта бабуліны срэбныя лыжкі, падзялілі паміж сабой Рэч Паспалітую. Цяпер былыя саюзнікі, нагуляўшы апетыт, ішлі адно супраць аднаго. Пачатак Першай сусветнай вайны выклікаў неверагоднае ажыўленне ў польскіх колах кожнай з трох імперый. Расія, Аўстра-Венгрыя і, у меншай ступені, Германія пачалі своеасаблівае спаборніцтва за адданасць палякаў.
Следам за Аўстра-Венгрыяй у Расіі ўпершыню ўзнялі пытанне аб стварэнні польскага войска, якое, як вядома, перастала існаваць пасля паразы вызваленчай вайны канца XVIII стагоддзя. Узброеныя сілы Царства Польскага, створанага пасля Венскага кангрэса 1815 года ў складзе Расійскай імперыі, усё ж былі, але цалкам падпарадкоўваліся расійскаму вялікаму князю і насілі нацыянальны характар толькі намінальна. Праўда, падчас паўстання 1830–1831 гадоў гэтае войска дзейнічала самастойна і, натуральна, што супраць расійскага.
Напярэдадні вайны ў Польшчы пачаўся патрыятычны рух, адной з яго галоўных мэт была падрыхтоўка гарадской і вясковай моладзі да меркаванай вайны за незалежнасць. Аўстра-венгерскія ўлады ўжо ў ліпені 1914 года далі згоду на ўтварэнне Заходняга (у Кракаве) і Усходняга (у Львове) Польскіх легіёнаў, таксама як і дазволілі стварыць украінскія злучэнні. Такое рашэнне вымусіла Расію ў адказ прадаставіць больш льгот польскаму насельніцтву імперыі, у тым ліку і праз стварэнне нацыянальных фарміраванняў.
Кіруючыя колы Расійскай імперыі ўсведамлялі, што занадта вялікія саступкі ў польскім пытанні могуць прывесці да адраджэння нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У выніку разгляду Вайскова-судным упраўленнем Ваеннага міністэрства магчымасці службы ў арміі прадстаўнікоў розных народаў імперыі, напярэдадні Першай сусветнай было вырашана адмовіцца ад стварэння асобных нацыянальных частак.
Але вайна ўнесла свае карэктывы ў вайсковую і нацыянальную палітыку Расіі. Першага жніўня Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскай імператарскай арміі вялікі князь Мікалай Мікалаевіч выдаў адозву «Да палякаў», у якой паабяцаў уз’яднанне ўсіх польскіх земляў пад уладай цара і адраджэнне Польшчы, «вольнай у сваёй веры, мове і самакіраванні». Гучала, канечне, прывабна. Менавіта гэты дакумент і стаў прычынай з’яўлення ў асяродку польскіх палітыкаў і вайскоўцаў чутак аб верагодным стварэнні іх нацыянальнай арміі ў Расіі. У тым жа месяцы па просьбе двараніна Вітольда Астоі-Гарчыньскага вялікі князь Мікалай загадаў «сабраць з палякаў атрад і ісці на дапамогу арміі». Пачаўся працэс утварэння падраздзяленняў, якія ў снежні 1914 года былі сканцэнтраваны ў горадзе Нова-Александрыя (Пулавы) і аб’яднаны ў 1-ы Польскі легіён – у польскай гістарыяграфіі ён вядомы як «Пулаўскі легіён», па месцы ўтварэння.
Але ён меў абмежаваны нацыянальны характар: 31 студзеня 1915 года злучэнні легіёна былі падпарадкаваны не армейскім уладам, а Варшаўскаму генерал-губернатару, а ў сакавіку атрымалі нумары звычайных апалчэнскіх дружын і конных сотняў; уся афіцыйная карэспандэнцыя і іншыя дакументы вяліся выключна па-расійску. Тым не менш, салдаты і афіцэры вельмі добра паказалі сябе ў баях вясны – лета 1915 года. Гэта не засталося незаўважаным, і на падмурку легіёна 1 верасня 1915 года пачынаецца фарміраванне Польскай стралковай брыгады.
На Заходнім фронце ў 1916 годзе жаўнеры брыгады прадэманстравалі мужнасць у баях з немцамі. У гэты цас Царства Польскае ўжо было цалкам акупавана арміямі Германіі і Аўстра-Венгрыі. Апярэджваючы далейшыя дзеянні Расіі, манархі Вільгельм І і Франц Іосіф падпісалі маніфест аб стварэнні пад сваім пратэктаратам на занятых землях Польскага каралеўства. Польскія легіёны павінны былі быць вывыдзены з падпарадкавання аўстра-венгерскай арміі і перафарміраваны ва ўзброеныя сілы каралеўства – так званая Польска Сіла Збройна ці Польскі вермахт. Царская Расія павінна была зрабіць крок у адказ, і камандуючы Паўднёва-Заходнім фронтам генерал ад кавалерыі Аляксей Брусілаў даў дазвол на разгортванне Польскай стралковай брыгады да дывізіі. Відавочна, Брусілаў разумеў, што Расія знаходзіцца на мяжы вычарпання сваіх вайсковых рэзерваў, і стаў на абарону ідэі прыцягвання да баявых дзеянняў нацыянальных злучэнняў, у прыватнасці, палякаў. З мэтай пераўтварэння будучую Польскую стралковую дывізію размясцілі ў Кіеўскай вайсковай акрузе. Як уласна ў Кіеве фарміравалі і Чэхаславацкі легіён з ваеннапалонных, якія перайшлі на бок Расіі.
Лютаўская рэвалюцыя 1917 года зблытала ўсе карты: ужо 16 сакавіка 1917 года з’явілася адозва Часовага ўрада, у якой было прызнана права палякаў на стварэнне ўласнай дзяржавы з усіх трох частак былой Рэчы Паспалітай. Дэкларацыя Петрагарадскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, выдадзеная раней, проста казала аб праве Польшчы на поўную незалежнасць.
Такім чынам, рэвалюцыйная Расія адмовілася ад права на кіраванне Польшчай, і перш за ўсё, з той прычыны, што фактычна страціла гэтае права пасля акупацыі Царства Польскага Цэнтральнымі дзяржавамі ў 1915 годзе. У спаборніцтве за сімпатыі палякаў расійцы значна абышлі Германію і Аўстра-Венгрыю. І сапраўды, улетку 1917 года камендант польскіх легіёнаў у складзе аўстра-венгерскай арміі – дарэчы кажучы, так не ператвораных ва ўзброеныя сілы Польскага каралеўства – Юзэф Пілсудскі, не бачачы больш нагод ваяваць на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі за вызваленне Польшчы, расфарміраваў свае часткі.
Рэвалюцыя ў Расіі закранула ўсе аспекты жыцця жаўнераў Польскай стралковай дывізіі – у штодзённым жыцці распаўсюджваецца польская мова, нацыянальная сімволіка. У сакавіку 1917 года размешчаныя ў Кіеве падраздзяленні дывізіі прымаюць удзел у парадзе войск кіеўскага гарнізона, выкарыстоўваючы польскі гімн і сцягі, пад якімі палякі змагаліся супраць царскай Расіі ў 1789–1794, 1830–1831, 1863–1864 гадах. Польскія ўланы дасягнулі ўвядзення прысягі не на вернасць Расіі, але з уласным тэкстам, які казаў аб незалежнасці і аб’яднанні Польшчы; спецыяльны тэкст прысягі напрыканцы красавіка 1917 года планавалі ўвесці для ўсіх салдат Польскай дывізіі.
На з’ездзе салдат дывізіі ў красавіку 1917 года ў Кіеве была выпрацавана дэкларацыя, якая тлумачыла новыя мэты вайны – аднаўленне незалежнасці Польшчы на ўсіх землях, для чаго неабходна было стварыць армію, якая б ваявала на баку Антанты. Менавіта Польская стралковая дывізія павінна была стаць асновай такой арміі.
Яшчэ да рэвалюцыі меркавалі, што злучэнні дывізіі будуць несці гарнізонную службу ў гарадах вызваленага Царства Польскага, а ўланскі эскадрон, разгорнуты да палка, стане коннай гвардыяй.
Ператварэнне Польскай стралковай дывізіі ў армію задавольвала рэвалюцыйныя ўлады. У сакавіку 1917 года ваенны міністр меў план утварэння польскай арміі на тэрыторыі Расіі, які прадугледжваў забеспячэнне Польскай стралковай дывізіі артылерыяй і тэхнічнымі падраздзяленнямі, стварэнне другой дывізіі для далейшага іх аб’яднання ў корпус. З гэтай мэтай пры Генеральным штабе была арганізавана Ваенная камісія для фарміравання польскіх частак, якую 30 красавіка ўзначаліў камандзір стралкоў генерал-маёр Тадэвуш Былеўскі.
У другой палове 1917 года адбываюцца важныя змены ў становішчы польскіх нацыянальных частак у складзе расійскай арміі. Ідзе працэс утварэння саюзаў жаўнераў-палякаў, якія бяруць за мэту арганізацыю польскіх узброеных сіл і барацьбу за незалежнасць краіны. Першае Аб’яднанне вайсковых палякаў з’явілася ў Петраградзе 24 сакавіка 1917 года, а ў хуткім часе падобныя арганізацыі былі створаны і ў гарнізонах іншых гарадоў (Масква, Кіеў, Мінск, Рыга, Ржэў і інш.).
На працягу вясны – лета 1917 года аб’яднанні вайскоўцаў-палякаў з’явіліся амаль пры кожнай вайсковай частцы, злучэнні, гарнізоне, а таксама былі створаны армейскія і франтавыя аб’яднанні. Яны былі пазапартыйнымі арганізацыямі, але траплялі як пад уплыў правых (нацыянальныя дэмакраты – эндэкі), так і левых (Польская сацыялістычная партыя, Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы) палітычных сіл. Улада афіцыйна не прызнавала аб’яднанні, і іх існаванне ў 1917 – пачатку 1918 года мела паўлегальны характар. З мэтай узгаднення дзеянняў усіх гэтых арганізацый, а таксама для ўпэўнівання камандавання ў неабходнасці стварэння асобнай Польскай арміі на тэрыторыі Расіі, было вырашана правесці агульны з’езд.
Першы з’езд Аб’яднанняў вайсковых палякаў адбыўся 26 мая – 9 чэрвеня (7–22 чэрвеня на новым стылі) у Петраградзе. На першым жа паседжанні 384 делегаты з усіх франтоў, Польскай стралковай дывізіі і Польскага ўланскага палка абралі ганаровым старшынёй з’езда Юзэфа Пілсудскага – тым самым было даказана, што палякі розных краін і палітычных арыентацый маюць адзіную мэту – стварэнне незалежнай Польшчы. Аднак, на працягу паседжанняў з’езда адпаведна стаўлення да пытання ўтварэння польскай арміі вылучыліся тры плыні – правіца, цэнтр і лявіца. Першыя выступалі за стварэнне Польскай арміі на тэрыторіі Расійскай дзяржавы з правам на незалежнае ад расійскага камандаванне; цэнтр выказваўся за падпарадкаванне польскіх злучэнняў галоўнаму расійскаму камандаванню; левыя былі катэгарычна супраць стварэння нацыянальных частак, змагаючыся за пашырэнне дэмакратыі ў войску і заканчэнне вайны ўсялякімі сродкамі.
Пасля доўгіх спрэчак, шэрага правакацый і застаўлення залі паседжанняў некалькімі прадстаўнікамі лявіцы, 8 чэрвеня было прынята рашэнне аб стварэнні Польскіх узброеных сіл для барацьбы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, падпарадкаваных галоўнаму камандаванню расійскай арміі. Таксама было вырашана стварыць два органы – Польскі вайсковы выканаўчы камітэт і Цэнтральнае ўпраўленне Аб’яднаных вайсковых палякаў, якія разам склалі Галоўны польскі вайсковы камітэт. Гэты камітэт, вядомы як Начполь, быў, па сутнасці, сурагатам улады і кантроля грамадства над арміяй, утварэнне якой было яго асноўнай мэтай. На чале Начполя ўстаў прапаршчык Уладзіслаў Рачкевіч, будучы прэзідэнт Польшчы ў эміграцыі (1939–1947 гг.).
У той жа час лявіца стварыла ўласны Галоўны камітэт Аб’яднанняў вайсковых палякаў, адзначыўшы такім чынам раскол у польскім вайсковым руху, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху да ўтварэння баяздольнай арміі. Між іншым, «левы» камітэт падтрымаў старшыня Часовага ўраду А. Керанскі, які з гэтай прычыны не легалізаваў Начполь. Аднак у хуткім часе Вярхоўны галоўнакамандуючы генерал ад інфантэрыі Лаўр Карнілаў выказаў згоду на ўтварэнне аднаго польскага корпуса ў раёне Мінск – Бабруйск, з чым быў вымушаны пагадзіцца А. Керанскі. Новае польскае злучэнне ўзначаліў выпускнік Акадэміі Генштаба генерал-лейтынант Юзэф Доўбар-Мусніцкі.
Адначасова з гэтым меркавалася стварыць асобны корпус і на Украіне. Але пасля «выступлення» генерала Л. Карнілава справа стварэння новых польскіх злучэнняў доўга тапталася на месцы.
Масавую агітацыю супраць уступлення салдат у Польскі корпус вялі прыхільнікі левых палітычных партый. Негатыўны ўплыў на вылучэнне жаўнераў-палякаў аказвалі таксама бальшавіцкія агітатары, якія працавалі ў вайсковых частках. Дзейнасць рэвалюцыйных агітатараў у рэзервовым палку Польскай стралковай дывізіі (пазней – корпуса) ў Белгарадзе мела негатыўныя наступствы для фарміравання польскіх частак у Расіі. Пад уплывам палітыкаў салдаты адмаўляліся выконваць загады генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага, у верасні 1917 года арыштавалі сваіх афіцэраў, усталявалі выбарнасць пасад, і ў лістападзе 1917 года абвясцілі полк «1-м Польскім рэвалюцыйным палком».
Бальшавіцкі пераварот у Петраградзе 25 кастрычніка / 7 лістапада істотна змяніў умовы ўтварэння польскіх частак. Было скінута ранейшае вайсковае камандаванне, але легітымнасць новапрызначанага Вярхоўнага галоўнакамандуючага прапаршчыка Мікалая Крыленкі большасць вайскоўцаў не прызнавала, у тым ліку і палякі. На працягу яшчэ некаторага часу польскія часткі ахоўваюць Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерал-лейтынанта Мікалая Духоніна, але пасля забойства яго салдатамі палякі перастаюць падпарадкоўвацца Стаўцы.
Пасля бальшавіцкага перавароту на тэрыторыі былой імперыі ідзе працэс стварэння новых польскіх злучэнняў. У снежні 1917 года на Румынскім фронце ў раёне горада Сарокі на добраахвотнай аснове сфарміраваны 2-гі Польскі корпус, на чале якога стаў генерал-лейтынт Сільвестр Станкевіч. Па ініцыятыве Начполя таксама ў снежні 1917 года арганізаваны Інспектарат польскіх узброеных сіл на Украіне, які ўзначаліў генерал-лейтынант Яўгені дэ Хенінг-Міхаэліс. У яго задачы ўваходзіла кіраванне працэсам стварэння 2-га і 3-га Польскага карпусоў.
Менавіта ў гэты час польскія вайсковыя фарміравані, пазбаўленыя расійскага вярхоўнага камандавання, набываюць характар сапраўднай арміі. Уведзена новая ўніформа, адрозная ад формы расійскай імператарскай арміі і іншых нацыянальных злучэнняў, створаных на руінах былой імперыі; службовыя статуты перакладзены на польскую мову, якая робіцца адзінай афіцыйнай. Робяцца спробы канцэнтрацыі ўсіх польскіх частак у адным месцы.
У снежні 1917 года Ю. Доўбар-Мусніцкі вясвятляў магчымасць пераводу свайго корпуса на Украіну. У сакавіку 1918 года да 2-га Польскага корпуса далучыліся жаўнеры Польскага дадатковага корпуса (былых Польскіх легіёнаў), якія з боем перайшлі фронт з аўстрыйскага боку з мэтай стварэння «экстэрытарыяльнай арміі» для барацьбы за незалежнасць Польшчы ад аўстрыйцаў і германцаў. Разам з былымі легіянерамі салдаты 2-га корпуса выправіліся ў доўгі паход, каб злучыцца з 1-м Польскім корпусам у Беларусі.
Былі прынятыя меры па афармленні міжнароднага статусу гэтых падраздзяленняў. Дамова паміж камандаваннем 1-га Польскага корпуса і нямецкім камандаваннем ад 26 лютага 1918 года і дамова паміж Галоўным камандаваннем Польскіх войск на Украіне і ўрадам Украінскай Народнай Рэспублікі ад 4 красавіка 1918 года вызначылі нейтральны статус польскіх частак. Начполь, ператвораны ў лютым 1918 года ў Галоўную раду польскіх узброеных сіл, яшчэ выступаў у якасці вярхоўнай ўлады над польскімі фарміраваннямі, але пры гэтым адчуваўся недахоп рэальнай улады над арміяй. З гэтай прычыны ў пачатку сакавіка У. Рачкевіч наведаў Варшаву для перамоваў з адзіным польскім органам улады – Рэгенцкай радай Польскага каралеўства. Пасля яго вяртання салдаты прымаюць прысягу на вернасць Польшчы і Рэгенцкай радзе як адзінай лігітымнай уладзе. Гэта быў вельмі важны момант, бо да гэтага ніякія іншыя падраздзяленні не прысягалі на вернасць нацыянальнаму кіруючаму органу.
Зняважлівы Брэсцкі мір, да тэмы якога мы звернемся ніжэй, прывёў да расфарміравання польскай арміі. 11 мая 1918 года немцы гвалтоўна раззброілі 2-гі Польскі корпус пад Каневам, а 20 мая высунулі ўльтыматум аб раззбраенні камандзіру 1-га Польскага корпуса – той вымушаны яго прыняць. Падобным чынам пад уціскам немцаў аўстрыйскае камандаванне прымусіла здаць зброю часткі 3-га Польскага корпуса. Аднак Чэхаславацкі корпус падпарадкоўвацца падобным загадам не стаў, але аб гэтым і аб тым, як чэхі з боем вярталіся на радзіму, таксама пазней.
Палякі робяць яшчэ некалькі спроб стварэння нацыянальнай арміі на тэрыторыі Расіі: такія фарміраванні ствараюцца пры Добраахвотніцкай арміі і кантынгентах Антанты ў Мурманску, на Кубані і ў Сібіры. Аднак польскія эмігранцкія колы ў якасці нацыянальнай арміі пачынаюць разглядаць вайсковыя часткі, утвораныя з палякаў у Францыі, якія ўвосені 1918 года ўзначаліў Юзэф Галер. Нягледзячы на тое, што гэтая армія стала вельмі шматлікай, яна таксама, як і ўзброеныя фарміраванні на тэрыторыі Расіі, не змагла стаць асновай узброеных сіл незалежнай Польшчы. У лістападзе 1918 года, калі Польшча скінула путы залежнасці ад Германіі і Аўстра-Венгрыі, яе армія была ўтворана на падмурку добраахвотных фарміраванняў на тэрыторыі ўласна Польшчы. «Блакітная армія» Юзэфа Галера, празваная так з-за колеру мундзіраў, прыбыла з Францыі толькі ў красавіку 1919 года, а рэшта створаных на тэрыторыі былой Расійскай імперыі польскіх частак – толькі ўлетку 1919 года.
ЦАР І ЯГО «АХВЯРА»
Расстрэл цара бальшавікамі зрабіў з яго пакутніка, але калі вярнуцца ў 1914 год і паглядзець на тагачасныя падзеі ў Расійскай імперыі вачыма сучаснікаў, то стане відавочным, што цара лічылі кепскім военачальнікам, як і кепскім уладаром не выпадкова. Прычым, аб слабасці Мікалая ІІ непрыхавана выказвалася нават яго жонка.
Так, ён быў добрым і лаяльным чалавекам, але каму ад гэтага было лягчэй? Хіба толькі Леніну, які пазбег смяротнага прысуду і не патрапіў у турму на дзесяць год. Цар існаваў ва ўласным прыдуманым свеце і, падаецца, з цяжкасцю разумеў, што адбываецца ў рэчаіснасці. Яго тэзіс аб уменні начальнікаў прыблізіцца да падначаленых стаў пастаянным атрыбутам выступленняў перад вайскоўцамі. У 1904 годзе цар патрабаваў з любоўю і разуменнем ставіцца да ніжніх чыноў, «з сардэчнасцю спасцігаць іх патрэбы і набліжаць іх да сябе». Усё гэта дзіўным чынам спалучалася з тым, што менавіта пры Мікалаі ІІ зноў было дазволена ўжыванне розгаў, і салдат лупцавалі цэлымі падраздзяленнямі часам нават з-за чыстых глупстваў. Пакаранне розгамі стымулявала і звычайнае біццё, якое стала нормай у расійскай арміі. А ў студзені 1915 года ў войску ўвялі і смяротнае пакаранне.
У дысанансе з красамоўнымі выступленнямі цара былі лісты з фронта, якія перахоплівала вайсковая цэнзура. Вось вытрымкі толькі з некаторых:
Больш за ўсё прыгнячае, што нашымі старымі салдатамі камандуююць выскачкі-афіцэры. Салдатаў яны не разумеюць, папікаюць імі, а клопату не заўважна.
У нашай роце ніякага парадку, паўротны – прапаршчык з салдатаў – увесь час быў на весцы і піў.
Усё начальства за дробныя ўчынкі біе па мордзе, вось такое вось нашае жыццё – горш за сабак.
Фарміраванне ніжэйшага каманднага складу таксама адбывалася вельмі некваліфікавана. Незавершанасць рэформы вайсковай адукацыі прывяла да таго, што калі пасля пачатку вайны амаль увесь падрыхтаваны прафісійны касцяк афіцэрскага корпусу быў выбіты ў аперацыях 1914–1915 гадоў, тых, хто павінны быў камандваць людзьмі ў баі, пачалі падбіраць літаральна з вуліцы, сярод студэнтаў і служачых, выключна паводле адукацыйнага крытэрыя і прапускаць праз трохмесяцовую школу прапаршчыкаў.
Камплектаваліся ж школы прапарчыкаў прыдатнымі да воінскай службы людзьмі з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй, студэнтамі і ўвогуле ўсялякімі асобамі, якія скончылі хаця б павятовую ці вышэйшую пачатковую вучэльню.
Апроч таго, менавіта ў тыя гады з’явілася практыка пераводу ў афірэры ніжэйшых чыноў за баявыя заслугі непасрэдна на перадавой, без праходжання спецыяльных курсаў.
Але, як высветлілася, адукаваныя студэнты, старанныя чыноўнікі і простыя салдаты і унтэры, якія ўмеюць добра чысць вінтоўку, трапна страляць, зухавата казыраць начальству, далёка не заўжды мелі галоўную для афірэра здольнасць кіраваць людзьмі і весці іх за сабой. Не маючы як заслужэць аўтарытэт у вачах салдацкай масы, шмат хто з такіх «эрзацафіцэраў» пачынаў ужываць кулакі ў якасці асноўнага аргумента ў дыскусіі з падначаленымі.
Менавіта тады, калі пасля лютага 1917 года з’явіліся салдацкія камітэты і Саветы салдацкіх дэпутатаў, тыя, каго яшчэ ўчора білі па мордзе, зараз ужо самі пачалі лупцавць афіцэраў і нават забіваць іх. Ці магла перамагчы такая армія? Не, хіба толькі раздушыць ворага вялізным натоўпам салдатаў, якіх у Расіі ва ўсе часы не шкадавалі, і, як казаў у 1812 годзе князь Остэрман-Талстой, нюхаючы ля бярозы табаку і гледзячы, як французы з блізкай адлегласці расстрэльваюць яго рэзерв: «Стаяць і паміраць». Як там у С. Волкава? «Страты для Расіі былі значна менш адчувальнымі, чым для іншых краін…»
Яшчэ ў пачатку праўлення Мікалая ІІ, 30 сакавіка 1895 года, на Спецыяльнай нарадзе па пытанні аб японска-кітайскай вайне начальнік Галоўнага штаба генерал-ад’ютант Обручаў празорліва прадказваў:
Для нас у вышэйшай ступені важна ні пад якім выглядам не ўвязвацца ў вайну… Нам давялося б ваяваць у дзесяці тысячах вёрстаў з культурнай краінай, ў якой 40 міліёнаў насельніцтва і даволі развітая прамысловасць. Увесь рыштунак Японія мае ў сябе на месцы, у той час як нам прыйшлося б здалёк дастаўляць кожнае ружжо, кожны патрон…
Аднак цар не паслухаў мудрых словаў свайго вядучага ваеннага спецыяліста, які калісьці вучыў яго вайсковай статыстыцы. Ён больш верыў патрыятычным карыкатурам у газетах, на якіх Расія паказвае маленькаму японцу велізарны кулак. На жаль, цар, гэты галоўны стратэг Расійскай імперыі, мысліў тымі ж катэгорыямі газетных карыкатур.
Абвастрэнне ў стасунках з Японіяй здарылася ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя, калі адстаўны ротмістр Безабразаў, стаўшы ў 1903 годзе статс-сакратаром, лабіраваў развіццё здабычы лесу на памежных з Расіяй тэрыторыях басейнаў рэк Туманган і Амнакан. Гарантаваць паспяховую рэалізацыю яго ідэі, на думку прамыслоўцы, павінны былі… расійскія рэгулярныя войскі. І гэта выклікала заканамерны пратэст з боку шэрага азіяцкіх дзяржаў. У рэгіёне прысутнічала мізэрная колькасць расійскіх вайскоўцаў, але для эскалацыі канфлікта гэтага было дастаткова. Быць можа, Мікалай ІІ вырашыў распачаць вайну з Японіяй цалкам абдумана, кіруючыся неабходнай разведвальнай інфармацыяй і старанна спланаваўшы яе верагодны ход? Дзе ж там!
Напрыканцы снежня 1903 года ўся разведвальная інфармацыя казала аб тым, што Японія цалкам завяршыла падрыхтоўку да вайны і чакае толькі зручных для атакі абставінаў.
Аднак, нават пасля таго, як генерал-ад’ютант Безабразаў уцягнуў цара ў правальную вайну, Мікалай ІІ прызначае яго камандуючым гвардзейскімі атрадамі за талент… расказваць анекдоты.
У пачатку ХХ стагоддзя на першы план пачалі выходзіць тэхнічныя сродкі вядзення вайны. А для гэта было неабходна адпаведнае павышэнне адукацыі асабовага складу арміі. Напярэдадні Першай сусветнай вайны Расія выдаткоўвала велізарныя сродкі ўласна на патрэбы вайсковага ведамства, у той час як на народную асвету прызначалася толькі 4,6 % гадавога бюджэту. Як наступства, да пачатку вайны ў Расіі 61 % прызыўнікоў былі непісьменнымі, цёмнымі масамі, у той час як у Германіі – толькі 0,04 %, у Англіі – 1 %, у Францыі – 3,4 %. Самай малаграматнай краінай Еўропы была, як ні дзіўна, Італія – 30 % непісьменных прызыўнікоў. Але Расія, як бачна, тут ішла наперадзе ўсёй Еўропы.
На жаль, Мікалай ІІ «вылучыўся» і на адукацыйнай ніве. Менавіта «дзякуючы» яму была аслаблена і галіна вайсковай адукацыі. Характэрны прыклад – ардынарны прафесар Мікалаеўскай ваеннай акадэміі Галавін, які быў прыхільнікам рэфармавання навучальнага працэсу ў акадэміі. Магчыма, яго намаганні прывялі б да рэарганізацыі сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў вышэйшага звяна, але ў пачатку 1914 года з’езд аб’яднанага дваранства націснуў на Мікалая ІІ, у выніку Галавін быў зняты з пасады і прызначаны камандзірам 20-га драгунскага Фінляндскага палка ў Вільманстранд. Начальнік акадэміі генерал Шчарбачоў таксама пакінуў акадэмію з прызначэннем на камандзіра армейскага корпуса.
Напярэдадні пачатка вайны ваенны міністр арганізаваў вельмі неадназначную прапагандысцкую акцыю, якая вылезла яму бокам не толькі ў вачах сучаснікаў, але і ў айчыннай гістарычнай навуцы – ён асмеліўся на просты дыялог з прэсай. З яго падачы 12 лютага 1914 года ў вячэрнім выпуску газеты «Біржавыя Ведамасці» быў надрукаваны артыкул «Расія хоча міру, але гатовая да вайны». На пытанні супрацонікаў ваенных камісій Думы У. А. Сухамлінаў «даваў самыя нікчэмныя адказы. Ён папросту выявіў поўнае няведанне ўласнай праграмы».
Не падрыхтавай да вайны была і расійская контрразведка, як сцвярджае выбітны даследчык гісторыі спецслужб А. А. Здановіч. А ўсё з-за таго, што цар актыўна ўмешваўся і туды, наламаўшы нямала дроваў.
Калі пачалася вайна, то вярхоўным галоўнакамандуючым стаў дзядзька цара, вялікі князь Мікалай Мікалаевіч-малодшы, добры вайсковы спецыяліст. Цар, у сваю чаргу, у выключна адказны перыяд «ліпеньскага крызісу», вагаючыся з-за боязі сацыяльнага выбуху як наступства вайны ці па нейкіх іншых прычынах, не рашаўся абвясціць агульную мабілізацыю. Найкаштоўнейшы час быў страчаны, ускосным вынікам чаго стала першая ж трагічная параза расійскага войска ва Усходне-Прускай аперацыі.
Зрэшты, праз год цар аднавіў выключнае права самадзяржаўнага манарха, зняўшы вялікага князя Мікалая Мікалаевіча-малодшага з пасады і ўсклаўшы паўнамоцтвы Вярхоўнага галоўнакамандуючага на сябе. У яго атачэнні гэты манеўр быў ацэнены далёка не пазітыўна.
Міністр А. В. Крывашэін на гэты конт сказаў:
Прыняцце імператарам камандавання арміяй – гэта свечка, кінутая ў гарматны арсенал.
І нават протапрэсвітар расійскай арміі і флоту айцец Шчавельскі выказаўся насуперак меркаванню царквы:
Цар у вайсковай справе ўяўляў, па меншай меры, невядомую велічыню: яго вайсковыя здольнасці і веды да гэтай пары ні ў чым і нідзе не праяўляліся.
[А] яго агульны духоўны склад менш за ўсё падыходзіў для вярхоўнага военачальніка.
Амбасадар Брытанскай імперыі ў Расіі Дж. Б’юкенен выказаўся дыпламатычна, але дакладна:
Спалучаць абавязкі самаўладцы вялікай імперыі і галоўнакамандуючага – задача, выкананне якой не пад сілу аднаму чалавеку.
А вось данскі казак Бардакоў быў па-казацку рэзкі, але шчыры:
Нашага гасудара варта расстраляць.
Гісторык Б. Поршнеў, вывучыўшы рэакцыю арміі на прызначэнне цара галоўнакамандуючым, канстатаваў:
Прынятае Мікалаем ІІ у жніўні 1915 года рашэнне аб заняцці пасады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага рускай арміяй не выклікала энтузіязму ў салдатаў.
Але сам цар быў прасякнуты патрыятычным запалам. Ён пафасна абвясціў:
Быць можа, для выратавання Расіі неабходна збавіцельная ахвяра. Я буду гэтай ахвярай.
Але царыца Аляксандра Фёдараўна з жаночым прагматызмам супакойвала ўсіх:
Цар, на жаль, слабы чалавек, але я моцная…
І вось Мікалай ІІ, напэўна, у выглядзе гэтай збавіцельнай ахвяры замест сябе кінуў у гарачае полымя вайны мільёны кепска ўзброеных і недавучаных салдат. Як утрапёны пайшоў вайной на немцаў, не ведаючы нават, наколькі падрыхтавана да гэтага яго войска. Афіцэры з вышэйшага камандавання, ужо ведаючы пра «непісьменнасць» цара ў вайсковых пытаннях, спрабавалі яго адгаварыць. Але ў гэты раз цар збіраўся ваяваць не з-за нейкага лесу, але з-за далёкага ад усяго рускага свету сербска-аўстрыйскага тэракта, з-за стрэлаў у Сараева, стрэлаў, якія абарвалі жыццё аўстрыйскага эрцгерцага Франца-Фердынанда, які, у прынцыпе, не меў дачынення да Расіі з яе праблемамі. Не звяртаючы ўвагі на тое, што хвалявацца варта не за сербаў, а за ўласных грамадзян, якія жывуць далёка не так добра, як тыя ж сербы, цар увязаўся ў новую вайну, не паклапаціўшыся нават пра тое, каб у кожнага з яго салдат было ружжо…
А ў той час людзьмі другога гатунку ва ўласнай дзяржаве працягвалі заставацца яўрэі. Цар, жывучы выключна чуткамі і стэрыятыпамі аб непрыдатнасці і шкоднасці яўрэяў, ужо разглядаў пытанне аб адмене прызыву іўдзеяў на тэрміновую вайсковую службу нават у якасці шэрагоўцаў. У адказ на непрыхаваны дзяржаўны генацыд, яны, людзі адукаваныя і недурныя, бачачы, як іх змешваюць з брудам, уліліся ў рэвалюцыйную дзейнасць супраць цара і яго паўтурэмнай імперыі.
Хаця ж падчас Першай сусветнай вайны, у параўнанні з Другой, усё было адносна цывілізавана: ніхто не расстрэльваў палонных – ні расійцы, ні немцы, не было канцлагераў, не было крыважэрнага СМЕРШу, а салдаты падчас доўгай і знясільваючай акопнай вайны часта браталіся і на расійска-германскім фронце і на германска-французкім; прадстаўнікі варагуючых бакоў нават святкавалі разам Каляды ў акопах. Сярод лётчыкаў, напрыклад, лічылася ганебным стараляць у самалёт, калі было бачна, што пілот ужо паранены.
Самыя дрэнныя моманты Першай сусветнай заключаліся ў расстрэле англійскім асам Эдвардам Мэнакам экіпажаў збітых нямецкіх самалётаў і ў скаргах краін Антанты на немцаў за выкарыстанне атрутных газаў і агнямётаў, якія англічане і французы лічылі негуманнай зброяй.
Але нават падчас такой «гуманнай» вайны (калі гэты тэрмін увогуле можа быць выкарыстаны ў дачыненні да войнаў) у Францыі з 19 000 000 усіх мужчын-французаў загінула 1 300 000. Для Францыі гэта была нацыянальная катастрофа: у 1921 годзе на кожнага француза ва ўзросце 20–40 гадоў прыходзілася 11 жанчын. Французы (але і не толькі яны) шмат літаратуры і фільмаў прысвяцілі Першай сусветнай вайне, свята шануючы памяць аб загінулых. У Расіі ж загінулых не тое, каб не памятаюць, але нават больш-менш дакладна не ведаюць, колькі іх насамрэч было. Вось, напрыклад, Волкаў мяркуе, што іх было прыкладна столькі ж, колькі загінулых разам на расійскім фронце немцаў, аўстравенграў і турак – крыху менш за мільён. Аднак страты расійскай арміі айчынныя крыніцы заўжды падавалі ў відавочна паменшаным выглядзе. Зрэшты, гэтую традыцыю распачаў яшчэ Пётр Першы. Пасля яўна няўдалай бітвы ля беларускай вёскі Лясная ў 1708 годзе, ён усім пісаў аб нейкай бліскучай перамозе над «натуральнымі шведамі», нягледзячы на тое, што абоз швецкага генерала нямецкага паходжання Адама Левенгаўпта складаўся з жыхароў Прыбалтыкі: немцаў, куршаў, латышоў і эстонцаў. Пётр дзесяць разоў штурмаваў лагер нямецкага генерала, але так яго і не ўзяў. Усе расійскія крыніцы пішуць, што Левенгаўпт страціў, быццам, ад 6 да 8 тысячаў чалавек (то бок амаль увесь абоз!), а Пётр – крыху болей за 1 тысячу чалавек. Як гэта магчыма? Прыбалты ж не пакінулі лагер і абараняліся!? А ў начы яны ціха сышлі, не згасіўшы вогнішчаў! А вось нямецкія афіцэры, якія служылі ў Пятра, казалі, што расійцаў загінула ад 7 да 10 тысячаў. Шведскія архівы гэта пацвярджаюць, даказваючы, што Левенгаўпт страціў крыху больш за 4 тысячы чалавек.
Вось гэта больш падобна да праўды.
Удвая ці нават утрая скарачаў свае страты і М. І. Кутузаў. Напрыканцы бітвы за Малаяраславец, горад, які Кутузаў так і не ўзяў, у яго на стале ляжаў рапарт пра больш за 6 тысячаў забітых жаўнераў, колькасць якіх разам з апалчэнцамі складала 11 тысячаў, але да цара ён напісаў, што загінула толькі 3 тысячы чалавек.
Такім махлярствам з лічбамі расійскія вайскоўцы займаліся заўжды.
Што тычыцца Перашай сусветнай вайны, то ГУ Генштаба расійскай арміі ў кастрычніку 1917 года апублікавалі лічбы ў 511 068 загінулых і 264 301 тых, хто прапаў без вестак, то бок разам 775 369 чалавек, што, відавочна, вельмі зменшана. Але Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне СССР у 1925 годзе зноў апублікавала амаль тую ж лічбу, крыху яе адкарэктаваўшы, – 855 208 загінулых і прапаўшых. У 1939 годзе страты зноў пералічылі, і яны склалі ўжо 1 300 000 чалавек, што больш наблізілася да праўды, але не канчаткова…
Зноў жа, цяжар вайны больш, чым на іншых тэрыторыях Расійскай імперыі, адчулі на сабе жыхары шматпакутнай Беларусі, зямля якой у чарговы раз стала арэнай для баталій чужых армій. Першая сусветная, як і Паўночная, як і вайна з Напалеонам, прынесла Беларусі велізарныя чалавечыя страты – у гэты раз яшчэ і за кошт эмігрантаў, якія не вярнуліся. Былі зруйнаваны гарады і вёскі, а рэшта мясцовых жыхароў увесь час пакутвала ад бясконцых рэквізіцый, марадзёрства, прымусовых прац. З Беларусі былі вывезены матэрыяльныя каштоўнасці: быдла, лес, прадукты…