Текст книги "Буранны паўстанак (на белорусском языке)"
Автор книги: Чингиз Айтматов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 18 страниц)
Свет яшчэ не ведаў аб беспрэцэдэнтным у гiсторыi Сусвету адкрыццi – аб iснаваннi незямной цывiлiзацыi на планеце Лясныя Грудзi. Нават урады бакоў, якiм паведамiлi аб здарэннi вельмi сакрэтна, не мелi звестак пакуль аб далейшым ходзе падзей. Чакалi, пакуль кампетэнтныя камiсii выпрацуюць адзiны пункт гледжання. На ўсiм авiяносцы быў устаноўлены строгi рэжым – нiхто, уключаючы авiякрыло, не меў права пакiдаць сваё месца. Нiхто нi па якой прычыне не меў права пакiдаць судна, i нi адно iншае судна не магло наблiзiцца да "Канвенцыi" ў радыусе пяцiдзесяцi кiламетраў. Самалёты, што праляталi ў гэтым раёне, мянялi курс так, каб не апынуцца блiжэй чым трыста кiламетраў ад авiяносца.
Такiм чынам, агульнае пасяджэнне бакоў было перарвана, i кожная камiсiя сумесна са сваiмi кiраўнiцтвамi, якiя на роўных правах узначальвалi праграму "Дэмiвург", абмяркоўвала данясеннi парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1, што былi пераданы iмi з невядомай навуцы планеты Лясныя Грудзi.
Словы iх дайшлi з астранамiчнай далечынi, якую нельга нават уявiць:
"Слухайце, слухайце!
Мы вядзем трансгалактычную перадачу для Зямлi!
Немагчыма растлумачыць усё тое, што не мае зямной назвы. Але многа агульнага.
Яны чалавекападобныя iстоты, такiя ж людзi, як мы! "Ура" сусветнай эвалюцыi! I тут эвалюцыя адпрацавала мадэль гамiнiда па ўнiверсальнаму прынцыпу! Гэта цудоўныя тыпы гамiнiдаў-iншапланецян! Смуглыя, блакiтнавалосыя, бэзава– i зеленавокiя, з белымi пушыстымi вейкамi.
Мы бачылi iх у зусiм празрыстых скафандрах, калi яны прымкнулi да нашай арбiтальнай станцыi. Яны ўсмiхалiся з кармы карабля, запрашаючы нас да сябе.
I мы пераступiлi з адной цывiлiзацыi ў другую.
Вiнтавы лятальны апарат адплыў, i з хуткасцю святла, якая практычна нiяк не адчувалася ў сярэдзiне карабля, мы паляцелi, пераадольваючы плынь часу, у Сусвет. Першае, на што мы звярнулi ўвагу i ад чаго нам нечакана палягчэла, гэта адсутнасць бязважкасцi. Якiм чынам гэта дасягнута, мы пакуль што не можам растлумачыць. Перамешваючы расейскiя i ангельскiя словы, яны вымавiлi першую фразу: "Велком наш Галактик!" I тады мы зразумелi, што, праяўляючы вялiкую чуласць i ўвагу, мы зможам абменьвацца думкамi. Гэтыя блакiтнавалосыя iстоты высокага росту, каля двух метраў, – iх было чацвёра-пяцёра мужчын i адна жанчына. Жанчына адрознiвалася не ростам, а толькi жаночымi формамi i больш светлай скурай. Усе блакiтнавалосыя леснагрудцы даволi смуглыя, як нашы паўночныя арабы. З першых хвiлiн мы адчулi да iх давер.
Трое з iх – пiлоты лятальнага апарата, а адзiн мужчына i жанчына – знаўцы зямных моў. Гэта яны ўпершыню вывучылi i сiстэматызавалi шляхам радыёперахвату ў космасе ангельскiя i расейскiя словы i склалi зямны слоўнiк. Да моманту нашай сустрэчы яны засвоiлi значэнне звыш двух з паловай тысяч слоў i тэрмiнаў. З дапамогай гэтага слоўнага запасу пачалася наша размова. Самi яны, вядома, гавораць на мове зусiм для нас не зразумелай, але па гучанню нешта накшталт гiшпанскай.
Праз адзiнаццаць гадзiн пасля адлёту ад "Парытэта" мы выйшлi за межы нашай Сонечнай сiстэмы.
Гэты пераход з адной Галактыкi ў другую адбыўся непрыкметна, нiчым асаблiвым не вылучаючыся. Матэрыя Сусвету ўсюды аднолькавая. Але ўперадзе па курсу (вiдаць, такiмi былi ў той момант распалажэнне i стан iншасiстэмных цел) паступова высвецiлася чырванаватае зарыва. Гэтае зарыва разрасталася, рассоўвалася ўдалечынi ў бязмежную светлавую прастору. Тым часам мы мiнулi ўжо некалькi планет, што былi ў гэты час зацемнены з аднаго боку i асветлены з другога. Мноства сонцаў i месяцаў праносiлася перад намi як можна было акiнуць вокам.
Мы быццам бы неслiся з ночы ў дзень. I раптам – уляцелi ў асляпляльна чыстае i бясконцае святло, што зыходзiла ад магутнага i вялiкага Сонца ў невядомым дагэтуль небе.
– Мы ў нашай Галактыцы! Вось свецiць наш Дзяржацель! Хутка пакажацца наша планета Лясныя Грудзi! – аб'явiла жанчына-лiнгвiст.
I сапраўды, у невымернай вышынi новага Сусвету мы ўбачылi новае для нас сонца, якое называлася Дзяржацелем. Па iнтэнсiўнасцi выпраменьвання i па велiчынi сваёй Дзяржацель пераўзыходзiў Сонца. Дарэчы, гэтай якасцю свяцiла i тым, што суткi на планеце Лясныя Грудзi складаюць дваццаць восем гадзiн, мы схiльны растлумачыць шэраг геабiялагiчных адрозненняў мясцовага свету ад нашага.
Але пра ўсё гэта мы паспрабуем паведамiць у наступны раз i пасля вяртання на "Парытэт", а цяпер толькi мiмаходзь некалькi важных звестак. Планета Лясныя Грудзi з вышынi нагадвае нашу Зямлю, акружана такiмi ж атмасфернымi воблакамi. Але зблiзку, на адлегласцi пяцi-шасцi тысяч метраў ад паверхнi, – леснагрудцы спецыяльна для нас зрабiлi аглядны палёт – гэта вiдовiшча нябачанай красы: горы, хрыбты, узгоркi спрэс у ярка-зялёным убраннi, памiж iмi рэкi, моры i азёры, а ў некаторых частках планеты, больш на ўскраiнных, полюсных, велiзарныя плямы мёртвых пустынь, там стаяць пыльныя буры. Але самае большае ўражанне зрабiлi на нас гарады i пасёлкi. Гэтыя астравы канструктарскiх збудаванняў сярод леснагрудскага ландшафту сведчаць аб выключна высокiм узроўнi ўрбанiзацыi. Нават Манхатан не можа параўнацца з тым, што ўяўляе сабой горадабудаўнiцтва блакiтнавалосых насельнiкаў гэтай планеты.
Самi леснагрудцы ўяўляюць, на наш погляд, асаблiвы феномен разумных iстот у Сусвеце. Перыяд цяжарнасцi – адзiнаццаць леснагрудскiх месяцаў. Працягласць жыцця вялiкая, хаця самi яны лiчаць самай галоўнай праблемай грамадства i сэнсам iснавання – падаўжэнне жыцця. Яны жывуць у сярэднiм сто трыццаць – сто пяцьдзесят гадоў, а бывае хто дажывае i да двухсот гадоў. Насельнiцтва планеты – звыш дзесяцi мiльярдаў жыхароў.
Мы цяпер не можам хоць колькi-небудзь сiстэматызавана выкласцi ўсё, што датычыцца спосабу жыцця блакiтнавалосых i дасягненняў данай цывiлiзацыi. Таму фрагментарна паведамляем пра тое, што больш за ўсё ўразiла ў iхнiм свеце.
Яны ўмеюць здабываць энергiю – сонечную, цi, дакладней, дзяржацельную, пераўтвараючы яе ў цеплавую i электрычную з высокiм каэфiцыентам карыснага дзеяння, якi перавышае нашы гiдратэхнiчныя спосабы, а таксама, што выключна важна, яны сiнтэзуюць энергiю з рознасцi дзённых i начных тэмператур паветра.
Яны навучылiся кiраваць клiматам. Калi мы рабiлi азнаямляльны палёт над планетай, лятальны апарат асаблiвым выпраменьваннем iмгненна рассейваў воблакi i туман, дзе яны асаблiва згушчалiся. Нам стала вядома, што яны маюць спосаб уздзейнiчаць на рух паветраных мас i цячэнняў у марах i акiянах. Тым самым яны рэгулююць працэс увiльгатнення i тэмпературны рэжым на паверхнi планеты.
Але перад намi стаiць каласальная праблема, з якой, наколькi нам вядома, мы яшчэ не сутыкалiся на Зямлi. Яны не церпяць ад засухi, таму што могуць кiраваць клiматам. Яны пакуль не ведаюць дэфiцыта прадуктаў харчавання. I гэта пры такой велiзарнай колькасцi насельнiцтва, якое больш чым у два разы перавышае людскi род на Зямлi. Але значная частка планеты паступова робiцца непрыдатнай для жыцця. У такiх месцах вымiрае ўсё жывое. Гэта з'ява так званага ўнутранага высыхання. У час нашага аглядальнага палёту мы бачылi пыльныя буры ў паўднёва-ўсходняй частцы Леснагрудзii. У вынiку нейкiх грозных рэакцый у нетрах планеты – магчыма, гэта нешта падобнае нашым вулканiчным працэсам, але толькi гэта, вiдаць, нейкая форма паступовага рассеянага промневага вывяржэння – паверхневы грунт разбураецца, трацiць сваю структуру, у iм згараюць усе рэчывы, што ўтвараюць глебу. У гэтай частцы Леснагрудзii пустыня, па велiчынi як Сахара, няўхiльна наступае на жыццёвую прастору блакiтнавалосых iншапланецян. Для iх гэта самае вялiкае бедства. Яны яшчэ не навучылiся кiраваць працэсамi, што адбываюцца ў глыбiнi планеты. На барацьбу з гэтай грознай з'явай унутранага высыхання кiнуты лепшыя сiлы, велiзарныя навуковыя i матэрыяльныя сродкi. У iх галактычнай сiстэме няма месяца, але яны ведаюць пра наш Месяц i ўжо наведвалi яго. Яны мяркуюць, што на нашым Месяцы адбылося нешта падобнае. Даведаўшыся аб гэтым, мы крыху прызадумалiся – ад Месяца ж не так далёка да Зямлi. Цi гатовы мы да гэтай сустрэчы? I якiя могуць быць вынiкi як знешняга, так i ўнутранага характару? Цi не падумаюць людзi, што яны многае страцiлi ў сваiм iнтэлектуальным развiццi з-за вечных звад на Зямлi?
Цяпер у навуковых кругах Леснагрудзii вядзецца агульнапланетная дыскусiя цi нарошчваць намаганнi ў спробах разгадаць таямнiцу ўнутранага высыхання i шукаць спосабы прыпынення гэтай патэнцыяльнай катастрофы цi трэба загадзя знайсцi ў Сусвеце новую планету, якая адпавядала б iх жыццёвым патрэбам, i пачаць з часам масавае перасяленне на новае месцажыхарства з мэтай перанясення i адраджэння леснагрудскай цывiлiзацыi. Пакуль яшчэ не ясна, куды, да якой новай планеты накiраваны iх пагляды. Ва ўсякiм разе, на цяперашняй iх планеце iм можна яшчэ жыць i жыць мiльёны i мiльёны гадоў, але здаецца нават дзiўным, што яны ўжо цяпер думаюць пра такую аддаленую будучыню i ахоплены такiм iмпэтам дзейнасцi, нiбы гэтая праблема непасрэдна датычыцца цяперашняга народанасельнiцтва. Няўжо нi ў адной галаве не мiльгнула подленькая думка: "А пасля нас хоць трава не расцi"?! Нам стала сорамна, што мы самi падумалi нешта падобнае, калi даведалiся, што значная частка агульнапланетнага валавага прадукту iдзе на праграму прадухiлення ўнутранага высыхання нетраў. Яны спрабуюць устанавiць бар'ер на працягу многiх тысяч кiламетраў – па ўсёй гранiцы незаўважна паўзучай пустынi – шляхам бурэння звышглыбокiх скважын, куды заганяюць такiя нейтралiзуючыя, доўгачасовага дзеяння рэчывы, якiя, як мяркуюць яны, будуць аказваць патрэбнае ўздзеянне на ўнутрыядзерныя рэакцыi планеты.
Вядома, у iх ёсць i павiнны быць праблемы грамадскага быцця, тое, чым адвечна мучыцца розум, – праблемы маральныя i iнтэлектуальныя. Вiдавочна, не так проста працякае сумеснае жыццё больш дзесяцi мiльярдаў жыхароў, якога б дабрабыту яны нi дасягнулi. Але самае дзiўнае пры гэтым – яны не ведаюць дзяржавы як такой, не ведаюць зброi, не ведаюць, што такое вайна. Нам цяжка сказаць – магчыма, у гiстарычным мiнулым былi ў iх i войны, i дзяржавы, i грошы, i ўсе адпаведныя таму катэгорыi грамадскiх адносiн, але на даным этапе яны нават не ўяўляюць аб такiх iнстытутах насiлля, як дзяржава, i такiх формах барацьбы, як – вайна. Калi давядзецца растлумачваць сэнс, сутнасць нашых бясконцых на зямлi войн, цi не здасца гэта iм бязглуздым цi, больш таго, бяссэнсавым i варварскiм вырашэннем пытанняў?
Усё iх жыццё арганiзавана на зусiм iншых пачатках, не зусiм зразумелых i не зусiм даступных нам па прычыне нашага зямнога стэрэатыпу мыслення.
Яны дасягнулi такога ўзроўню калектыўнай планетарнай свядомасцi, якая катэгарычна выключае вайну ў якасцi спосаба барацьбы, што застаецца толькi думаць, што, зусiм магчыма, гэта форма цывiлiзацыi ёсць найбольш перадавая ў межах усёй мыслiмай прасторы ў сусветным асяроддзi. Магчыма, яны дасягнулi той ступенi навуковага развiцця, калi гуманiзацыя часу i бязмежжа становiцца галоўным сэнсам жыццядзейнасцi разумных iстот i тым самым працягам эвалюцыi свету ў яе новай, вышэйшай, бясконцай фазе.
Мы не збiраемся супастаўляць тое, што нельга супаставiць. З цягам часу i на нашай зямлi людзi прыйдуць да такога вялiкага прагрэсу, i нам ёсць чым ганарыцца ўжо i цяпер, i ўсё-такi нас не пакiдае прыгнятаць думка: а што, калi чалавецтва на Зямлi празябае ў трагiчнай памылковасцi, упэўнiўшы сябе, што нiбы гiсторыя – гэта ёсць гiсторыя войн? А што, калi гэты шлях развiцця быў з самага пачатку памылковым, тупiковым? У такiм выпадку куды мы iдзем i да чаго гэта нас прывядзе? I калi гэта так, то цi паспее чалавецтва знайсцi ў сабе мужнасць прызнацца ў гэтым i пазбегнуць татальнага катаклiзму? Аказаўшыся воляю лёсу першымi сведкамi пазазямнога грамадскага жыцця, нас агарнулi складаныя пачуццi – страх за будучыню зямлян i... спадзяванне, паколькi ёсць у свеце прыклад вялiкай чалавечай супольнасцi, паступальны рух якой мiнае тыя формы супярэчнасцей, якiя вырашаюцца войнамi...
Леснагрудцы ведаюць аб iснаваннi Зямлi ў звышдалёкiх для iх межах свету. Яны вельмi жадаюць уступiць у кантакт з зямлянамi не толькi з натуральнай дапытлiвасцi, але, як яны думаюць, перш за ўсё дзеля перамогi самога феномена розуму, дзеля абмену вопытам цывiлiзацый, дзеля новай эры ў развiццi думкi i духу сусветных носьбiтаў iнтэлекту.
Ва ўсiм гэтым яны прадбачаць нешта большае, чым можна было б падумаць. Iх цiкавасць да зямлян прадыктавана яшчэ i тым, што ў аб'яднаннi агульных намаганняў гэтых двух галiн сусветнага розуму яны бачаць асноўны шлях забеспячэння бясконцай працягласцi жыцця ў прыродзе, маючы на ўвазе тое, што ўсякая энергiя абавязкова дэградыруе i любая планета з часам асуджана на пагiбель... Яны заклапочаны праблемай "канца свету" на мiльярды гадоў наперад i ўжо цяпер распрацоўваюць касмалагiчныя праекты арганiзацыi новай базы зносiн для ўсяго жывога ў Сусвеце.
Маючы лятальныя апараты са светлавой хуткасцю, яны маглi б ужо цяпер наведаць нашу Зямлю. Але яны не жадаюць рабiць гэта без згоды i запрашэння самiх зямлян. Яны не жадаюць урывацца нежаданымi гасцямi. Пры гэтым яны далi зразумець, што даўно шукалi магчымасць для знаёмства. З таго часу, як нашы касмiчныя станцыi ператварылiся ў доўгачасовыя аб'екты на арбiтах, iм стала ясна, што прыблiжаецца час сустрэчы i што iм трэба праявiць iнiцыятыву. Яны старанна рыхтавалiся, чакалi зручнага выпадку. Ён выпаў на нашу долю, паколькi мы аказалiся ў прамежным асяроддзi – на арбiтальнай станцыi...
Наша знаходжанне на iх планеце стала, зразумела, сенсацыяй. У сувязi з гэтым была ўключана ў эфiр сiстэма глабальнага тэлекантакту, якая прымяняецца толькi на вялiкiя святы. У паветры, якое свяцiлася вакол нас, мы як наяве бачылi побач з сабой твары i прадметы, што знаходзiлiся за тысячы кiламетраў, i адначасова мы маглi ўзаемакантактаваць – глядзець адзiн аднаму ў твар, усмiхацца, пацiскаць рукi, размаўляць, радасна, бурна ўсклiкаючы i смеючыся, нiбы гэта адбывалася ў непасрэдным кантакце. Якiя яны прыгожыя, леснагрудцы, i якiя ўсе розныя, нават колер блакiтных валасоў мяняецца ад цёмна-сiняга да ўльтрамарынавага, а старыя сiвеюць, аказваецца, таксама, як i нашы. I тыпы антрапалагiчныя таксама розныя, таму што яны з розных этнiчных груп.
Пра ўсё гэта i пра многае iншае не менш дзiўнае мы раскажам пасля вяртання на "Парытэт" цi на Зямлю. А цяпер аб самым галоўным. Леснагрудцы просяць нас перадаць праз сiстэму сувязi "Парытэта" iх жаданне наведаць нашу планету, тады, калi гэта будзе зручна зямлянам. А да гэтага яны прапаноўваюць узгаднiць праграму заснавання прамежнай межгалактычнай станцыi, якая спачатку была б месцам першых папярэднiх сустрэч, а ў далейшым стала б пастаяннай базай на шляху ўзаемных наведванняў. Мы абяцалi давесцi да ведама сваiх сапланецян гэтыя прапановы. Але нас больш хвалюе ў гэтай сувязi iншае.
Цi гатовы мы, зямляне, да такiх мiжгалактычных сустрэч, цi даволi мы сталыя для гэтага як мыслячыя iстоты? Цi зможам мы пры нашай разрозненасцi i iснуючых супярэчнасцях выступiць у адзiнстве нашым, упаўнаважваючы самiх сябе ад iмя ўсяго чалавечага роду, ад iмя ўсёй Зямлi? Мы молiм вас – каб пазбегнуць новай успышкi сапернiцтва, барацьбы за ўяўны прыярытэт – перадаць рашэнне гэтага пытання толькi ў ААН. Мы просiм пры гэтым не злоўжываць правам вета, а, магчыма, на гэты раз, як выключэнне, анулiраваць такое права. Нам горасна i цяжка думаць аб такiх рэчах, знаходзячыся ў замежнай Галактыцы, але мы зямляне i мы ведаем сваю калыску – планету Зямля.
Нарэшце пра сябе, яшчэ раз пра наш учынак. Мы ўсведамляем, якое недаўменне i якiя ўслед за гэтым экстраныя захады выклiкала наша знiкненне з арбiтальнай станцыi. Мы вельмi шкадуем, што прынеслi столькi трывогi. Аднак гэта быў той унiкальны выпадак у сусветнай практыцы, калi мы не маглi, не мелi права адмовiцца ад самай вялiкай справы свайго жыцця. Будучы людзьмi строгага рэгламенту, мы абавязаны былi дзеля такой мэты дзейнiчаць супраць рэгламенту.
Няхай гэта будзе на нашым сумленнi, i няхай мы панясем адпаведную кару. Але забудзьце пакуль аб гэтым. Прыслухайцеся! Мы перадалi сiгнал з Сусвету. Мы падаем вам знак з невядомай дагэтуль галактычнай сiстэмы – звязды Дзяржацеля. Блакiтнавалосыя леснагрудцы – тварцы самай высокай сучаснай цывiлiзацыi. Сустрэча з iмi можа даць глабальную змену ва ўсiм нашым жыццi, у лёсе ўсяго чалавечага роду. Цi адважымся мы на гэта, захоўваючы перш за ўсё, вядома, iнтарэсы Зямлi?..
Iншапланецяне нам нiчым не пагражаюць. Ва ўсякiм выпадку так нам здаецца. Але, пераняўшы iх вопыт, мы маглi б зрабiць пераварот у нашым быццi, пачынаючы са спосабу дабывання энергii з матэрыяльнага свету, што нас акружае, i да ўмення жыць без зброi, без гвалту, без войнаў. Нават чуць пра апошняе здаецца вам неверагодным, але мы ўрачыста сведчым, што менавiта так пабудавана жыццё разумных iстот на Леснагрудскай планеце, што менавiта такой запаветнай дасканаласцi дасягнулi яны, насяляючы такую ж па масе – геабiялагiчную планету, як i Зямля. Будучы носьбiтамi сусветнага, высока цывiлiзаванага спосабу мыслення, яны гатовыя да адкрытых кантактаў са сваiмi сабраццямi па розуму, з зямлянамi, у такiх формах, як гэта будзе адпавядаць патрэбам i годнасцi абодвух бакоў.
Захопленыя, уражаныя адкрыццём пазазямной цывiлiзацыi, мы, аднак, прагнем хутчэй вярнуцца, каб расказаць людзям пра ўсё тое, сведкамi чаго мы былi, аказаўшыся ў замежнай Галактыцы, на адной з планет сiстэмы свяцiлы Дзяржацель.
Мы маем намер праз дваццаць восем гадзiн, гэта значыць роўна праз суткi, пасля гэтага сеансу радыёсувязi вяртацца на наш "Парытэт". Прыбыўшы на "Парытэт", мы аддамо сябе ў поўнае распараджэнне Абцэнупра.
А пакуль да пабачэння. Перад вылетам да Сонечнай сiстэмы мы паведамiм час нашага прыбыцця на "Парытэт".
На гэтым заканчваем сваё першае паведамленне з планеты Лясныя Грудзi. Да хуткай сустрэчы. Вельмi просiм перадаць нашым сем'ям, каб яны не хвалявалiся...
Парытэт-касманаўт 1-2.
Парытэт-касманаўт 2-1".
Паасобнае пасяджэнне асобаўпаўнаважаных камiсiй на борце авiяносца "Канвенцыя" па расследаваннi надзвычайнага здарэння на арбiтальнай станцыi "Парытэт" закончылася тым, што абедзве камiсii ў поўным складзе вылецелi на кансультацыi з вышэйстаячымi iнстанцыямi. Адзiн самалёт, узляцеўшы з палубы, узяў курс на Сан-Францыска, другi праз некалькi хвiлiн у супрацьлеглы бок – на Ўладзiвасток. Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ўсё там жа, у раёне свайго пастаяннага месцазнаходжання – у Цiхiм акiяне, паўднёвей Алявутаў... На авiяносцы панаваў строгi парадак. Кожны быў пры сваёй справе, кожны напагатове... I ўсе маўчалi...
Цягнiкi ў гэтых краях iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход.
А па баках ад чыгункi ў гэтых краях ляжалi вялiкiя пустынныя прасторы Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў...
Пройдзена ўжо трэцяя частка шляху да Ана-Бейiт. Сонца, напачатку падняўшыся над зямлёй, цяпер нiбы застыла ў адной кропцы над саразекамi. Значыць, дзень стаў днём. Стала падзённаму прыпякаць.
Паглядваючы то на гадзiннiк, то на сонца, то на адкрытыя стэпавыя далiны ўперадзе, Буранны Едыгей думаў, што пакуль усё iдзе як трэба. Ён усё гэтак жа трухаў уперадзе на вярблюдзе, за iм iшоў трактар з прычэпам i за прычэпам калёсны трактар "Беларусь", а рыжы сабака Жалбарс бег крыху збоку.
"Аказваецца, галава чалавека нi хвiлiны не можа не думаць. Вось жа як запланавана гэтая штука – хочаш ты цi не хочаш, а ўсё роўна думка з'яўляецца з думкi, i так бясконца, напэўна, пакуль не памрэш!" Гэта кплiвае адкрыццё Едыгей зрабiў, злавiўшы сябе на тым, што ўвесь час, бесперапынку, аб нечым думае ў дарозе. Думкi плылi за думкамi, як хваля за хваляй у моры. У дзяцiнстве ён гадзiнамi назiраў, як на Аральскiм моры ў ветранае надвор'е ўзнiкалi ўдалечынi белыя шпоркiя буруны i як яны наблiжалiся, закiпаючы грывамi, нараджаючы хвалю з хвалi. У тым руху было адначасова нараджэнне, разбурэнне i зноў нараджэнне i згасанне жывой плоцi мора. I тады хацелася яму, хлопчыку, ператварыцца ў чайку i ляцець над хвалямi, над зiхоткiмi пырскамi, каб бачыць зверху, як жыве вялiкая вада.
Перадвосеньскiя саразекi з iх пранiзлiвай, сумнай адкрытасцю, мерны тупат вярблюда, якi iшоў трухам, настройвалi Бураннага Едыгея на дарожныя роздумы, i ён не пярэчыў iм, балазе ўперадзе была доўгая дарога i нiшто не перашкаджала мернаму руху. Каранар, як заўсёды на вялiкiх адлегласцях, разаграваўся пры хадзьбе, i ад яго пачало зухаць моцным мускусным духам. Дух гэты шыбаў у нос ад вярблюджага загрыўка i шыi. "Ну-ну, – задаволена ўсмiхаўся сам сабе Едыгей, – значыць, ты ўжо ўвесь у мыле! Ух ты звяруга, жарабок гэтакi! Дурны ты, дурны!"
Думалася Едыгею i аб мiнулых днях, аб справах i падзеях, калi Казангап быў яшчэ ў сiле, i ў тым ланцужку ўспамiнаў апанаваў яго зусiм не ў час даўнi горкi сум. I малiтвы не дапамаглi. Ён шаптаў iх услых i зноў, паўтараючы, каб адагнаць, прызабыць, схаваць боль, што вярнуўся. Але душа не ўтаймоўвалася. Пазмрачнеў Буранны Едыгей, без патрэбы ўвесь час прыспешваў вярблюда, што трусiў старанна i без таго, брылёк шапкi насунуў на самыя вочы i ўжо не аглядаўся на трактары, што iшлi следам. Няхай едуць за iм, не адстаюць, якая справа iм, маладым, зялёным, да той даўняй гiсторыi, пра якую нават яны з жонкай не спамянулi, але якую рассудзiў Казангап, як заўсёды, мудра i справядлiва. Толькi ён i мог так усё вырашыць, а не то даўно ўжо Едыгей пакiнуў бы гэты раз'езд Баранлы-Буранны...
У годзе тым, пяцьдзесят першым, ужо ў самым канцы, зiмой, прыбыла на раз'езд сям'я. Муж, жонка i двое дзяцей – хлопчыкi. Старэйшаму, Давулу, пяць гадоў, а малодшаму тры гады. Малодшага звалi Эрмек. А сам Абуталiп быў равеснiкам Едыгею. Ён яшчэ да вайны, маладым хлопцам, год настаўнiчаў у аульнай школе, а летам у сорак першым у першыя ж днi яго мабiлiзавалi на фронт. З Зарыпай яны пажанiлiся, выходзiць, ужо ў канцы вайны цi адразу пасля гэтага. Яна таксама да iх пераезду была настаўнiцай малодшых класаў. I вось лёс прымусiў, закiнуў iх у саразекi, на Баранлы-Буранны.
Што яны не ад дабра аказалiся ў саразекскай глухаманi, стала зразумела адразу. Абуталiп i Зарыпа маглi б вельмi проста ўладкавацца на работу ў другiм месцы. Але, вiдаць, так склалася жыццё, што iншага выбару ў iх не было. Спачатку баранлiнцы думалi, што доўга яны тут не будуць, не вытрымаюць, з'едуць куды вочы глядзяць. Не такiя прыплывалi i сплывалi з Баранлы-Бураннага. Такой думкi быў i ён, Едыгей, i Казангап. Але ўсё роўна да сям'i Абуталiпа адразу пачалi ставiцца спаважлiва. Прыстойныя, культурныя людзi. Гаротныя. Працавалi, як i ўсе – i муж, i жонка. I шпалы цягалi на сабе, i на заносах мерзлi. Наогул, рабiлi ўсё, што трэба было рабiць пуцейцам. I трэба сказаць, добрая, згодная, дружная сям'я была, хоць i няшчасная па той прычыне, што Абуталiп, аказваецца, быў у палоне. На той час нiбы ўжо i схлынулi страсцi ваенных год. Да быўшых ваеннапалонных ужо не адносiлiся як да здраднiкаў i ворагаў. Што датычыцца баранлiнцаў, то яны не сталi сабе галаву забiваць. Ну быў чалавек у палоне дык быў, вайна закончылася перамогай, i чаго толькi з людзьмi не здаралася ў гэтай страшнай сусветнай калатнечы. Iншыя вось i па сённяшнi дзень мыкаюцца па свеце як непрыкаяныя. Здань вайны ўсё яшчэ шастае следам... I таму баранлiнцы роспытамi асаблiва не даймалi перасяленцаў, чаго людзям душу трывожыць, i без таго, вiдаць, хапiла гора.
А з часам так атрымалася, што неяк непрыкметна пасябравалi яны з Абуталiпам. Разумны ён быў чалавек. Едыгея прываблiвала ў iм тое, што Абуталiп i ў такiм становiшчы не быў вартым жалю. Трымаўся з годнасцю i дарэмна не наракаў на лёс. Ён прыняў свет такiм, якi ён ёсць. Зразумеў, можа, так чалавек, што гэта такi лёс выпаў яму на долю. Жонка яго Зарыпа таксама, вiдаць, згадзiлася з гэтым. Прымiрыўшыся ў душы з непазбежнасцю расплаты, яны знаходзiлi сэнс жыцця ў нейкай незвычайнай чуласцi, блiзасцi адно да аднаго. Як зразумеў пасля Едыгей, гэтым яны жылi, гэтым абаранялiся, узаемна засланяючы сябе i дзяцей ад лютых вятроў часу. Асаблiва Абуталiп. Ён i дня не мог пражыць без сваёй сям'i. Дзецi, сыны, – для яго гэта было ўсё. Кожную вольную хвiлiну Абуталiп быў з iмi. Ён вучыў iх грамаце, складаў розныя казкi, загадкi, распачынаў нейкiя прыдуманыя iм гульнi. Калi яны з жонкай iшлi на работу, дзяцей спачатку пакiдалi адных у бараку. Але Укубала не магла на гэта спакойна глядзець, яна стала забiраць хлопчыкаў да сябе. У доме ў iх было на той час ужо i цяплей i ўтульней, чым у навасёлаў. Гэта якраз i зблiзiла iх сем'i. Бо ў Едыгея ў тыя гады таксама падрасталi дзецi, дзве дзяўчынкi, якраз равеснiцы з абуталiпаўскiмi хлопчыкамi.
Зайшоўшы неяк пасля работы на перагоне за сваiмi дзецьмi, Абуталiп прапанаваў:
– Вось што, Едыгей, давай я заадно i тваiх дзяўчатак буду вучыць. Я ж не таму, што рабiць мне няма чаго. Дзецi здружылiся, разам гуляюць. Днём у вас, а вечарамi няхай у нас. А чаму я кажу так? Жыццё тут, наводшыбе, беднае, дык тым больш трэба займацца з iмi. Час наступае такi, што веды патрэбны з маленства. Цяпер вось такi маленькi хлопчык, што яшчэ ад зямлi не адрос, павiнен ведаць столькi, колькi раней здаравенны дзяцюк. А iнакш да адукацыi i не праб'ешся.
I зноў жа сэнс тых намаганняў Абуталiпа Буранны Едыгей зразумеў пазней, калi здарылася бяда. Тады яму стала ясна, што ў становiшчы Абуталiпа гэта было адзiнае, што ён мог зрабiць для сваiх дзяцей у баранлiнскiх умовах. Ён як ведаў, ён спяшаўся даць iм ад сябе як можна больш, ён нiбы хацеў такiм чынам застацца ў iх памяцi, жыць нанова ў сваiх дзецях. Вечарамi, калi Абуталiп прыходзiў з работы, ён i Зарыпа стваралi нешта накшталт школы – дзiцячага сада для сваiх i Едыгеевых дзяцей, дзецi вучылi лiтары, склады, гулялi, малявалi, спаборнiчаючы, у каго лепш атрымаецца, слухалi кнiгi, якiя чыталi iм бацькi, а таксама ўсе разам развучвалi розныя песенькi. Гэта было так цiкава, што i сам Едыгей стаў заходзiць i дзiвавацца, як гэта ўсё ў iх цудоўна выходзiла. I Укубала забягала часта нiбы па справе, а ў сапраўднасцi, каб паглядзець на сваiх дзяўчатак. Радаваўся Буранны Едыгей. Душа яго поўнiлася замiлаваннем. Вось што значыць адукаваныя людзi, настаўнiкi! Люба паглядзець, як яны абыходзяцца з дзецьмi, як яны самi ўмеюць быць дзецьмi, застаючыся дарослымi. Такiмi вечарамi Едыгей стараўся не перашкаджаць, цiха сядзеў збоку. А калi ўваходзiў, то з парога здымаў шапку:
– Добры вечар! Вось i пяты вучань ваш з'явiўся ў дзетсад.
I дзецi прывыклi да яго наведванняў. Дочачкi яго былi шчаслiвымi. У прысутнасцi бацькi яны вельмi старалiся. Едыгей з Укубалай па чарзе тапiлi iм печ, каб па вечарах у бараку было цяплей i ўтульней для дзяцей.
Вось якая сям'я прытулiлася ў той год на Баранлы-Буранным. Але што дзiўна – такiм людзям звычайна не шанцуе.
Бяда Абуталiпа Кутыбаева была ў тым, што ён пабываў не толькi ў нямецкiм палоне, але, на шчасце цi няшчасце сваё, збегшы разам з групай ваеннапалонных з канцлагера ў Паўднёвай Баварыi, аказаўся ў сорак трэцiм годзе ў радах югаслаўскiх партызан. У югаслаўскай вызваленчай армii Абуталiп праваяваў да канца вайны. Там яго ранiлi, там вылечылi. Быў узнагароджаны югаслаўскiмi баявымi ордэнамi. Пiсалi пра яго ў партызанскiх газетах, змяшчалi фатаграфii. Гэта вельмi дапамагло, калi сталi разбiрацца з яго справай у кантрольна-фiльтрацыйнай камiсii па вяртаннi на радзiму ў сорак пятым годзе. Жывых iх засталося з тых, хто ўцёк з канцлагера, чацвёра, а было дванаццаць. Усiм чатыром пашанцавала яшчэ ў тым сэнсе, што савецкая кантрольная камiсiя прыбыла непасрэдна ў распалажэнне падраздзяленняў вызваленчай армii Югаславii i югаслаўскiя камандзiры далi пiсьмовыя сведчаннi аб баявых i маральных якасцях быўшых савецкiх ваеннапалонных, аб удзеле iх у партызанскай барацьбе з фашыстамi.
Нарэшце, праз два месяцы шматлiкiх праверак, апросаў, вочных ставак, чаканняў, спадзяванняў i адчаю Абуталiп Кутыбаеў вярнуўся ў свой Казахстан не тое каб абвiнавачаным, але без тых прывiлей, якiя былi ў звычайных дэмабiлiзаваных. Абуталiп Кутыбаеў не крыўдзiўся. Ён зноў, як i да вайны, стаў настаўнiкам геаграфii. I тут у адной са школ райцэнтра ён сустрэў маладую настаўнiцу пачатковых класаў Зарыпу. Бываюць такiя выпадкi ўзаемнага шчасця, рэдка, але бываюць. Не без гэтага ў жыццi.
А тым часам адшумелi ў свеце першыя пераможныя гады. Услед за трыумфальнай радасцю ў паветры замiльгалi першыя сняжынкi "халоднай вайны". А потым i падмарозiла. I сцiснулiся спружыны свядомасцi ў розных частках свету, у розных балючых кропках...
На адным з урокаў геаграфii гэтая спружына спрацавала. Рана цi позна, так цi iнакш, тут цi ў iншым месцы, але гэта павiнна было здарыцца. Не з iм, дык з некiм другiм, такiм, як ён.
Расказваючы вучням восьмага класа аб эўрапейскай частцы свету, Абуталiп Кутыбаеў спамянуў пра тое, як аднойчы вывезлi iх з канцлагера ў Паўднёва-Баварскiя Альпы на каменяломнi i як адтуль iм удалося, абяззброiўшы ахову, збегчы да югаслаўскiх партызан, расказаў, што ён прайшоў паў-Эўропы ў час вайны, бываў на берагах Адрыятычнага i Сяродземнага мораў, добра знаёмы з той прыродай, з жыццём мясцовага насельнiцтва i што ўсё гэта ў падручнiку немагчыма апiсаць. Настаўнiк лiчыў, што тым самым узбагачае прадмет жывымi назiраннямi вiдавочцы.
Яго ўказка хадзiла па сiне-зялёна-карычневай геаграфiчнай карце Эўропы, што была вывешана на школьнай дошцы, яго ўказка прасочвала ўзвышшы, раўнiны, рэкi, часта датыкаючыся да тых месц, што i цяпер снiлiся яму начамi, дзе кожны дзень iшлi баi, многiя леты i зiмы, i, магчыма, указка датыкнулася да той нябачнай на карце кропкi, дзе пралiлася яго кроў, калi збоку нечакана паласнула чарга варожага аўтамата, i ён павольна пакацiўся па схiле, пакiдаючы крывавы след на траве i каменнi, тая алая кроў магла б залiць усю вучэбную карту, i яму нават здалося на iмгненне, як закружылася тады галава i пацямнела, паплыло ў вачах, як, пераварочваючыся, падалi горы i ён закрычаў, клiчучы на дапамогу сябра-паляка, якi разам з iм мiнулым летам збег з баварскiх каменяломняў: "Казiмiр! Казiмiр!" Але той яго не чуў, таму што яму толькi здавалася, што ён крычыць з усёй сiлы, а на самай справе не абазваўся нi адным гукам i апрытомнеў толькi ў партызанскiм шпiталi пасля пералiвання крывi.
Расказваючы вучням аб эўрапейскай частцы свету, Абуталiп Кутыбаеў здзiўляўся сам сабе, таму, што можа пасля ўсяго перажытага так дзелавiта, так абстрактна гаварыць толькi пра тое, што мае дачыненне да элементарнай школьнай геаграфii.
I тут рэзка паднялася рука на першай парце i перапынiла яго: