Текст книги "Буранны паўстанак (на белорусском языке)"
Автор книги: Чингиз Айтматов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 18 страниц)
Праз нейкi час дайшла чарга i да Казангапа. З Кумбеля перадалi позву з'явiцца на зборны пункт. Начальнiк раз'езда схапiўся за галаву, застагнаў забiралi лепшага пуцейшчыка, iх i так было на раз'ездзе паўтара чалавекi. Але што ён мог, хто б яго слухаць стаў... Засмяюць, калi сказаць, што тэрмiнова патрэбна яшчэ адна запасная лiнiя. Каму цяпер у галаве – вораг пад Масквой...
I ўжо была на парозе першая ваенная зiма, ранняя, з раннiмi адвячоркамi, iмглiстая, з лютымi халадамi. А напярэдаднi той ранiцы выпаў снег. Уночы пайшоў. Спярша лёгкiм сейвам, а потым павалiў густа i зацята. I пасярод шырокай глушэчы саразекаў, бясконца ахiнаючы раўнiны, лягла агромнiстым покрывам чыстая снегавая бель. I адразу заварушылiся, пачалi месцi снег саразекскiя вятры. То былi пакуль яшчэ кволыя, на самым пачатку вятры, а потым ужо ўсхопяцца, закруцяць, завар'ююцца сапраўдныя завiрухi. I што тады будзе з танюсенькай нiтачкай чыгункi, што палавiнiла з краю ў край Сярэдзiнныя землi вялiкiх жоўтых стэпаў, напятая так, што, глядзi, парвецца... Наструненая была тая нiтка, i ўсё рухалiся i рухалiся цягнiкi ў той i другi бок...
Тым ранкам ад'язджаў Казангап на фронт. Ад'язджаў адзiн, без усялякiх праводзiн. Калi яны выйшлi з дому, Букей прыпынiлася, сказала, што ў яе ад снегу закружылася галава. Казангап падхапiў захiнутае ў цёплае дзiця з яе рук. Тады ўжо Айзада ў iх была. I яны пайшлi, магчыма, апошнi раз пакiдаючы сляды побач на снезе. Але не жонка праводзiла Казангапа, а ён пасля давёў яе да стрэлачнай будкi, перад тым, як сесцi на таварняк да Кумбеля. Цяпер Букей заставалася стрэлачнiцай замест мужа. Тут яны развiталiся. Усё, што трэба было сказаць, было сказана яшчэ ноччу. Паравоз стаяў ужо, гатовы ў дарогу. Машынiст прыспешваў, рабiў знакi Казангапу. I як толькi Казангап развiтаўся канчаткова, як пабег да паравоза, той даў доўгi гудок, а потым ужо, забраўшы Казангапа, пастукваючы коламi, папоўз на стрэлку, дзе, адкрыўшы iм пуць, стаяла Букей, туга павязаная хусткай, у мужчынскiх ботах, са сцяжком у адной руцэ, з дзiцём у другой. Апошнi раз памахалi адно аднаму. Мiльганулiся – аблiчча, пагляд, рука, семафор...
А цягнiк тым часам усё iмчаў, пакрываючы ляскатам маўклiвасць саразекаў, што наплывалi на цягнiк i адплывалi ад яго, як нейкi белы сон. Вецер бiўся аб паравоз, несучы з сабой пах свежага, нечапанага паху стэпавага снегу... Казангап стараўся як даўжэй затрымаць у лёгкiх гэты пах саразекскiх прастораў i зразумеў, як зямля гэтая дарагая яму...
На Кумбелi iшла адпраўка мабiлiзаваных. Строiлi ўсiх у рады, рабiлi пераклiчку i размяркоўвалi па вагонах. I вось тут здарылася дзiўная гiсторыя. Калi Казангап пайшоў са сваёй калонай на пагрузку, нехта з работнiкаў райваенкамата дагнаў яго на хаду.
– Асанбаеў Казангап! Хто тут Асанбаеў? Выйсцi са строю! Iдзi за мной!
Як сказана, так i зрабiў Казангап.
– Я Асанбаеў!
– Дакументы!.. Правiльна. Ён самы. А цяпер за мной.
I яны пайшлi назад на станцыю, дзе памяшчаўся пункт збору, i той чалавек сказаў яму:
– Вось што, Асанбаеў, ты давай вяртайся дамоў. Едзь назад. Зразумеў?
– Зразумеў, – адказаў Казангап, хоць нiчога не зразумеў.
– У такiм разе тэпай адсюль, не замiнай тут. Ты свабодны.
Казангап застаўся ў трывожлiвым натоўпе тых, хто ад'язджаў i хто праводзiў, ён быў разгублены, хоць напачатку i ўзрадаваўся быў, а потым раптам аж горача стала яму ад здагадкi, што мiльганулася ў свядомасцi. Дык вось яно што! I ён пачаў прабiвацца праз людскi натоўп да дзвярэй начальнiка збору.
– Куды ты, куды лезеш? – закрычалi тыя, што таксама хацелi трапiць да начальнiка.
– У мяне тэрмiновая справа! Эшалон адыходзiць, тэрмiновая справа! – I прабiўся.
У накураным да шызай iмглы пакоi, сярод тэлефонаў, папер i людзей, што цiснулiся да стала, ахрыплы чалавек узняў знерваваны твар ад стала, калi Казангап працiснуўся да яго.
– Ты чаго, якое пытанне?
– Я не згодны.
– З чым не згодны?
– Бацька мой быў апраўданы з тым, што трапiў пад перагiб. Ён не кулак! Праверце ў мяне ўсе паперы! Ён апраўданы як серадняк!
– Чакай, чакай! Чаго табе трэба?
– Калi мяне не бярэце з гэтай прычыны, дык гэта няправiльна.
– Слухай, не баламуць. Кулак, серадняк – каму цяпер справа да гэтага? Ты адкуль звалiўся? Ты хто такi?
– Асанбаеў з раз'езда Баранлы-Буранны.
Начальнiк пачаў зазiраць у спiсы.
– Так бы i сказаў. Тлумiш тут галаву. Серадняк, бядняк, кулак! На табе броня. Памылкова выклiкалi. Ёсць загад самога таварыша Сталiна – чыгуначнiкаў не чапаць, усе застаюцца на месцах. Давай не перашкаджай тут, ганi на свой раз'езд i справай займайся...
Надвячорак заспеў iх недзе ў дарозе, непадалёк ад Баранлы-Бураннага. Цяпер яны зноў наблiжалiся да чыгуначнай лiнii, i ўжо чуваць былi паравозныя гудкi, i можна было разгледзець вагонныя саставы. Здалёк у саразеках яны выглядалi несамавiтымi, як цацкi. Сонца паволi згасала за iмi, высвечваючы i адначасна як бы прыцяняючы чыстыя лагi i ўзгоркi наўкол, i разам з тым нячутна нараджаўся на зямлi прыцемак, глухнучы ад сiнiзны i пахаў вясновай зямлi, што дыхала яшчэ зiмовай халадэчай i вiльгаццю.
– Вось наш Баранлы! – паказаў рукой Казангап, павярнуўшыся да Едыгея на вярблюдзе i да Укубалы, што была побач. – Цяпер мала засталося, скора дабярэмся, памагай бог. Адпачнеце.
Наперадзе, там, дзе чыгунка ледзь прыкметна выгiналася, на пустэльнай роўнядзi стаяла колькi дамкоў, а на запасным пуцi чакаў адкрыцця семафора чарговы састаў. I далей i наўкол чыстае поле, адхонныя ўзгоркi – нямая, нямераная пространь, стэп ды стэп...
Сэрца ў Едыгея затрымцела – сам прыморскi стэпавiк, звыклы да аральскай галiзны, ён не чакаў такога. Ад сiняга, ад вечна зменлiвага мора, на беразе якога вырас, да пустэльнага бязмор'я! Як жа тут жыць?!
Укубала, iдучы побач, паклала руку на Едыгееву нагу i прайшла так колькi крокаў, не забiраючы рукi. Ён зразумеў. "Нiчога, – казала яна, – галоўнае, каб здароўе тваё вярнулася. А там пажывем – пабачым..."
Так наблiжалiся яны да мясцiны, дзе належала iм, як выявiлася потым, пражыць доўгiя гады – усё астатняе жыццё.
Неўзабаве сонца згасла, i ўжо ў цемначы, калi выразна на саразекскiм небе пазначылiся шматлiкiя зоры, яны дабралiся да Баранлы-Бураннага.
Некалькi дзён жылi ў Казангапа. А потым аддзялiлiся. Далi iм пакой у тадышнiм бараку для пуцейскiх рабочых, i так пачалося iх жыццё на новым месцы.
Пры ўсiх нягодах i цяжкасцях, асаблiва напачатку, несумненным набыткам былi ўсё ж паветра i малако. Паветра было невыказнай чысцiнi, другi такi некрануты, першародны, можна сказаць, свет знайсцi было цяжка.
– Мы тут з жонкай параiлiся, – сказаў Казангап, – нам свайго малака хапае, а вы бярыце сабе на падой нашу Белагаловую. Яна вярблюдзiца маладая, але малако добрае ў яе. Даглядайце i карысць майце, толькi глядзiце, каб сысуна не замарыць. Ён ваш, мы з жонкай так парашылi. Зберажэш – статак ад яго завяжацца. Надумаеш раптам ад'язджаць – прадасi, грошы будуць.
Сысунок у Белагаловай – чарнявенькi, з малюсенькiмi цёмненькiмi гарбочкамi – нарадзiўся ўсяго два тыднi таму. I такi наўздзiў вiрласценькi – вялiкiя, пуклявыя вiльготныя вочы яго свяцiлiся дзiцячай нейкай ласкай i цiкаўнасцю. Iншым разам ён пачынаў смешна бегаць, падскокваць, гарэзiць каля маткi i клiкаць яе, калi заставаўся ў загончыку, амаль чалавечым жаласным галаском. Хто мог бы падумаць – гэта i быў будучы Буранны Каранар. Той самы нястомны i магутны, якi стане з часам славутасцю гэтых мясцiн. З iм будуць звязаны шмат якiя падзеi ў жыццi Бураннага Едыгея. А тады сысунку патрэбны быў хiба догляд. Моцна прыкiпеў душой да яго Едыгей. Аддаваў яму ўвесь вольны час. На зiму маленькi Каранар выйшаў падрослым, яму пашылi цёплую папонку, што зашпiлялася на падбрушку. У гэтай папонцы ён быў i зусiм смешным – толькi галава, шыя, ногi ды два гарбылькi вытырквалiся. У той апранасе ён хадзiў усю зiму i пачатак вясны – цэлыя суткi ў стэпе пад адкрытым небам.
Перад зiмой таго года Едыгей адчуў, як паступова вярталася да яго сiла. Нават не заўважыў, калi галава перастала кружыцца. Неўпрыкмет прапаў надакучны гул у вушах, перастаў аблiвацца потам пры рабоце. А ўзiмку ў час вялiкiх заносаў на дарозе ён ужо мог нароўнi з усiмi выходзiць на аўрал. А потым гэтак пачулася яму добра, забыўся нават, як мучыўся яшчэ нядаўна, як ногi ледзь перастаўляў. Спраўдзiлiся словы таго з рыжай барадой доктара.
У хвiлiну лагоды Едыгей, здаралася, жартаваў з верблюдзяняцi, абдымаў за шыю, лашчыў яго:
– Мы з табой як тыя малочныя браты. Ты вунь падрос на малацэ ад Белагаловай, а я ад кантузii пазбавiўся, здаецца. Дай бог, каб назаўсёды. Рознiца толькi тая, што ты ссаў вымя, а я даiў ды шубат рабiў...
Праз многа год, калi Буранны Каранар здабыў такую славу ў саразеках, што прыязджалi нейкiя людзi фатаграфаваць яго, а гэта было, калi вайна ўжо забылася, дзецi вучылiся, калi на раз'ездзе паявiлася вадакачка i праблема вады такiм чынам канчаткова была вырашана, а Едыгей ужо дом паставiў пад бляшаным дахам, – словам, калi жыццё пасля столькiх нягод i выпрабаванняў увайшло нарэшце ў сваё нармальнае для чалавечай жыткi рэчышча, тады адбылася адна размова, якую Едыгей доўга памятаў потым.
Прыезд фотакарэспандэнтаў, так яны самi назвалiся, вядома, быў не абы-чым. Рухавыя, гаваркiя фотакоры, iх было трое, не паскупiлiся на абяцанкi прадрукуем, маўляў, ва ўсiх газетах пра Каранара i ягоных гаспадароў. Шум i мiтуснiна вакол Каранара не надта падабалiся – ён раздражнёна ўскрыкваў, скрыгаў зубатай пашчай i недаступна задзiраў галаву, каб ад яго адступiлiся. Прыезджым даводзiлася ўвесь час прасiць Едыгея, каб ён утаймоўваў вярблюда, паварочваў яго то так, то гэтак. А Едыгей, у сваю чаргу, кожны раз клiкаў дзяцей, жанчын i самога Казангапа, каб, значыцца, не адзiн ён, а ўсе разам былi знятыя, меркаваў, што так будзе лепш. Фотакоры ахвотна згаджалiся з гэтым, шчоўкалi сабе сваiмi машынкамi. Самы каронны нумар быў, калi на Бураннага Каранара насела ўся дзятва, двое на шыю, а яшчэ чалавек пяць на спiну, а пасярэдзiне сам Едыгей, – вось, маўляў, якi магутны гэты цуд-вярблюд! Столькi было воклiчаў i весялосцi! А потым прыезджыя прызналiся, што для iх важна зазняць атана самога, без людзей. Ну што ж, калi ласка!
I тады фатографы пачалi здымаць Бураннага Каранара, цэлячыся збоку, спераду, поблiз, здаля, як маглi i ўмелi, а потым з дапамогай Едыгея i Казангапа пачалi рабiць абмеры – вышыню ў зашыйку, абмах грудзiны, абмах запясця, даўжыню постацi, i ўсё запiсвалi, захапляючыся:
– Цудоўны бактэрыян! Вось дзе гены папрацавалi! Класiчны тып бактэрыяна! Якая грудзiна, якi экстэр'ер!
Прыемна было, вядома, Едыгею чуць усё гэта, але давялося спытаць, што гэта такое, напрыклад, "бактэрыян". Выявiлася, так завецца ў навуцы старажытная парода двухгорбых вярблюдаў.
– А навошта вам гэтыя абмеры?
– Дзеля навуковых дадзеных.
Наконт газет i часопiсаў прыезджыя пусцiлi пыл у вочы, але праз паўгода прыслалi нейкi падручнiк, на вокладцы якога быў ва ўсёй сваёй красе класiчны бактэрыян – Буранны Каранар. Фотаздымкаў прыслалi цэлую кучу, былi нават каляровыя. Нават паводле здымкаў можна меркаваць – шчаслiвая, харошая была пара. Нягоды пасляваенныя адышлi, дзецi яшчэ не выраслi са свайго малечага ўзросту, дарослыя ўсе жывыя-здаровыя, i старасць яшчэ чакала свайго за гарамi.
Тым днём у гонар гасцей зарэзаў Едыгей баранчыка i наладзiў добрае частаванне для ўсiх баранлiнцаў. Шубата, гарэлкi i закусi рознай хапала. Тады заязджаў на пераезд орсаўскi крама-вагон, у якiм было ўсё, што душа пажадае. Грошы б толькi былi. Розныя там крабы, чырвоная i чорная iкра, рыба розных гатункаў, каньяк, каўбаса, цукеркi i ўсялякае рознае. I трэба ж, калi ўсё ёсць, не надта куплялi. Навошта лiшняе? Цяпер пра гэтую краму даўно не чуваць...
А тады хораша пасядзелi, пiлi нават за Бураннага Каранара. I ў размове высветлiлася, што госцi дазналiся пра Каранара ад Елiзарава. Гэта Елiзараў расказаў iм, што ў саразеках жыве ягоны сябра Буранны Едыгей i што ён гаспадар самага прыгожага вярблюда на свеце! Елiзараў, Елiзараў! Цудоўны чалавек, знаўца саразекаў, вучоны...
Расказалi яны гасцям, то Казангап, то Едыгей, дапаўняючы адзiн аднаго, саразекскае паданне пра гiсторыю пачынальнiцы тутэйшай пародьi вярблюдаў, пра славутую белагаловую вярблюдзiху Акмаю i яе не менш славутую гаспадыню Найман-Ану, што спачывала на могiлках Ана-Бейiт. Бач, адкуль вёў свой род Буранны Каранар!
Праводзiлi гасцей пад вечар ужо. Задаволены, нават горды быў Едыгей. Тады i сказаў Казангапу не падумаўшы. Выпiў бо з гасцямi. Але што сказана, тое сказана.
– А што, Казаке, прызнайся, – сказаў ён Казангапу, – не шкадуеш, скажы, што аддаў мне ў падарунак сысунком Каранара?
Казангап глянуў на яго з усмешкай. Мусiць, не чакаў такога. I, памаўчаўшы, адказаў:
– Усе мы людзi, вядома. Але ведаеш, ёсць такi закон, продкамi яшчэ прыдуманы: мал несi кудайдан. Гэтая справа ад бога. Толькi тваiм павiнен быць Каранар, i толькi ты ягоны гаспадар. А каб патрапiў ён, скажам, у iншыя рукi, невядома, якiм быў бы ён, а можа, i не выжыў бы нават, здох цi што яшчэ. Асунуўся б з абрыва, напрыклад. Табе ён павiнен быў належаць. У мяне i раней былi вярблюды, i някепскiя. I ад гэтай жа маткi, ад Белагаловай, ад якой Каранар. А ў цябе ён быў адно-адзiны, у падарунак бо дадзены быў... Дай бог, каб яшчэ сто год табе служыў. А ты так не думай, як сказаў...
– Ну прабач, прабач, Казаке, – засарамацiўся Едыгей, шкадуючы, што ляпнуў лiшак.
I далей сказаў Казангап. Паводле падання, залатая матка Акмая прынесла сямёра дзетак прыплоду: чатырох матак, трох самцоў. I вось з тае пары ўсе маткi нараджаюцца светлыя, белагаловыя, усе самцы, наадварот, чорнагаловыя, а самi рудой масцi. Таму Каранар i ўдаўся такiм. Ад белагаловай маткi чорны вярблюд. Гэта першая прыкмета яго паходжання ад Акмаi, i з той пары хто ведае, колькi год прайшло, дзвесце, трыста, пяцьсот, але ў саразеках род Акмаi не згасае. I не-не ды i паявiцца такi вярблюд-сыртан, звышвярблюд, значыцца, як Буранны Каранар. А Едыгею, бадай, павязло папраўдзе. На ягонае шчасце нарадзiўся Каранар i патрапiў яму ў рукi...
А калi надышла пара нешта рабiць з Каранарам – цi звалхаць цi трымаць яго на ланцугу, таму што пачаў ён вар'явацца страшэнна, не падпускаючы да сябе людзей, збягаў, прападаў недзе па колькi сутак, – Казангап у вочы сказаў Едыгею, калi той пачаў раiцца з iм:
– Гэта справа твая. Хочаш спакойнага жыцця – звалхай. Хочаш славы – не чапай. Але тады бяры на сябе за яго адказ. Хопiць сiл i цярпення – пачакай, перабунтуе гады са тры i будзе потым за табой хадзiць.
Не стаў чапаць Едыгей Бураннага Каранара. Рукi не паднялiся. Пакiнуў яго атанам. Але здаралася – плакаў праз яго крывавымi слязьмi.
V
Цягнiкi ў гэтым краi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход... А па баках ад чыгункi ў гэтым краi ляжалi вялiкiя пустэльныя прасторы – Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў. У гэтым краi любая адлегласць вымяралася ў дачыненнi да чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна.
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Раным-рана ўсё было гатова. Наглуха спавiтае ў густую кашму i перавязанае зверху ваўнянай тасьмой цела Казангапа з захутанай галавой паклалi ў трактарны прычэпчык, папярэдне паслаўшы на дно пiлавання, стружак i слой чыстага сена. Трэба было не вельмi што затрымлiвацца з выездам, каб да вечара, не пазней пяцi-шасцi гадзiн, паспець вярнуцца з могiльнiка. Трыццаць кiламетраў у адзiн канец ды столькi ж у другi, ды там само пахаванне – вось i атрымлiваецца, што памiнкi спраўляць давядзецца недзе толькi каля шасцi вечара. Так i выпраўлялiся ў дарогу, каб паспець з памiнкамi. I ўсё было ўжо гатова. Трымаючы на повадзе асядланага i прыбранага яшчэ з учарашняга вечара Каранара, Буранны Едыгей прыспешваў людзей. I вечна яны важдаюцца. Сам ён, хоць i не спаў усю ноч, выглядаў падцягнутым, засяроджаным, хоць i змарнеў. Чыста паголены, сiвавусы i сiвабровы Едыгей быў у лепшым сваiм убраннi – хромавых ботах, у вельветавых велiкаватых галiфэ, у чорным пiнжаку паверх белай кашулi, i на галаве святочная фуражка чыгуначнiка. На грудзях яго паблiсквалi ўсе баявыя ордэны, медалi i нават значкi ўдарнiка пяцiгодак. Усё гэта яму пасавала i надавала спаважнасцi.
На провады сабралiся ўсе баранлiнцы ад малога да вялiкага. Тоўпiлiся каля прычэпа, чакалi выезда. Жанчыны не перастаючы плакалi. Неяк само сабой выйшла, Буранны Едыгей сказаў прысутным:
– Мы зараз адпраўляемся на Ана-Бейiт, на самы пашаноўны старадаўнi могiльнiк у саразеках. Нябожчык Казангап-ата заслужыў гэтага. Ён сам завяшчаў, каб пахавалi яго там. – Едыгей задумаўся, што сказаць яшчэ, i працягваў: Значыць, скончылiся вада i соль, назначаныя яму на раду. Гэты чалавек праслужыў на нашым раз'ездзе роўна сорак чатыры гады. Можна сказаць, усё жыццё. Калi ён тут пачынаў, не было нават вадакачкi. Ваду прывозiлi ў цыстэрне на цэлы тыдзень. Тады не было снегаачышчальнiкаў i другiх машын, якiя цяпер ёсць. Не было нават такога трактара, на якiм мы цяпер вязём яго хаваць. Але ўсё роўна цягнiкi iшлi i шлях iм быў заўсёды адкрыты. Ён сумленна адслужыў свой век на Баранлы-Буранным. Ён быў добры чалавек. Вы ўсе ведаеце. А цяпер мы рушым. Усiм туды няма на чым i няма чаго ехаць. Ды i лiнiю не маем права пакiдаць. Мы паедзем туды ўшасцёх. I ўсё зробiм як належыць. А вы чакайце нас i рыхтуйцеся; як вернемся, усе збiрайцеся на памiнкi, клiчу ад iмя яго дзяцей, вось яны – сын i дачка яго...
Хоць Едыгей i не думаў, атрымаўся нiбы як маленькi жалобны мiтынг. З тым яны i рушылi. Баранлiнцы прайшлi крыху за прычэпам i засталiся кучкай за дамамi. Некаторы час чуўся яшчэ плач – то галасiлi ўслед Айзада i Укубала...
I калi сцiхлi, засталiся ззаду галашэннi i яны ўшасцёх, усё далей адыходзячы ад чыгункi, паглыбiлiся ў саразекi, Буранны Едыгей з палёгкай уздыхнуў. Цяпер яны былi самi па сабе, i ён ведаў, што трэба рабiць.
Сонца ўжо падымалася над зямлёй, шчодра i ўсцешна залiваючы святлом саразекскiя прасторы. Пакуль у стэпе яшчэ панавала прахалода i нiшто не замiнала iх руху. Звычна i недасяжна луналi ў вышынi два каршуны ды iншы раз пырхалi з-пад ног жаўранкi, збянтэжана шчабечучы i трапечучы крыльцамi. "Хутка i яны паляцяць. Разам з першым снегам збяруцца ў чароды i паляцяць", – падумаў сам сабе Едыгей, уявiўшы на iмгненне, як цярусiць снег i як у той снежнай мiльгацi адлятаюць птушкi. I зноў успомнiлася яму чамусьцi тая лiсiца сярод ночы, якая прыбягала да чыгункi. Ён нават паглядзеў употай па баках – цi не iдзе следам. I зноў падумалася яму пра вогненную ракету, што падымалася той ноччу над саразекамi. Здзiўляючыся гэтым думкам сваiм, ён усё ж прымусiў сябе забыць пра ўсё. Не пра тое трэба думаць у гэтыя хвiлiны, хоць шлях быў далёкi...
Узвышаючыся на сваiм Каранары, Буранны Едыгей ехаў уперадзе, паказваючы напрамак на Ана-Бейiт. Шырокiм, размашыстым крокам iшоў пад iм Каранар, усё больш уцягваючыся ў дарожны рытм руху. Для дасведчанага чалавека Каранар быў асаблiва прыгожым на хаду. Галава вярблюда на горда выгнутай шыi нiбы плыла над хвалямi, застаючыся амаль нерухомай, а ногi, даўжэзныя i сухажылыя, стрыглi паветра, нястомна адмерваючы крокi па зямлi. Едыгей сядзеў памiж гарбамi ёмка, зручна, упэўнена. Ён быў рады, што не трэба прыспешваць Каранара, той iшоў, лёгка i чуйна, ловячы кожнае жаданне гаспадара. Ордэны i медалi на грудзях Едыгея лёгенька пазвоньвалi на хаду i свяцiлiся ў промнях сонца. Але гэта яму не перашкаджала.
Услед за iм рухаўся трактар "Беларусь" з прычэпам. У кабiне побач з маладым трактарыстам Калiбекам сядзеў Сабiтжан. Учора ён усё ж залiшне выпiў, забаўляючы баранлiнцаў рознымi байкамi аб людзях, якiмi кiруюць па радыё, i ўсякай iншай балбатнёй, а цяпер быў пануры i маўклiвы. Галава яго кiвалася з боку на бок. Едыгей баяўся, как не разбiлiся яго акуляры. У прычэпе побач з целам Казангапа сядзеў, зажурыўшыся, муж Айзады. Ён жмурыўся на сонца i зрэдку паглядаў па баках. Гэты нiкчэмны алкаголiк трымаўся ўсё ж цяпер як чалавек. Нi кроплi не ўзяў у рот. Кiдаўся ўсюды дапамагаць, ва ўсiх справах, i пры вынасе нябожчыка асаблiва стараўся, падстаўляў плячо. Калi ж Едыгей прапанаваў яму прымасцiцца ззаду на вярблюдзе, той адмовiўся. "Не, – сказаў ён, – я буду сядзець побач з цесцем, суправаджаць яго ад пачатку да канца". Гэта i Едыгей ухвалiў i ўсе баранлiнцы. I як рушылi яны з месца, то больш за ўсiх i мацней плакаў менавiта ён, седзячы ў трактарным прычэпку, прытрымлiваючы лямцавы скрутак з целам Казангапа. "А што, раптам чалавек возьмецца за розум ды кiне пiць! Якое шчасце было б для Айзады i дзяцей".
Гэтую маленькую i незвычайную працэсiю ў бязлюдным стэпе, якую вёў чалавек на пышна ўбраным вярблюдзе, замыкаў калёсны экскаватар "Беларусь". У яго кабiне ехалi Эдыльбай i Жумагалi. Чорны, як мурын, прыземiсты Жумагалi сядзеў за рулём. Звычайна ён кiраваў гэтай машынай пры розных работах на чыгуначных пуцях. На Баранлы-Буранным ён з'явiўся зусiм нядаўна, i цяжка яшчэ было сказаць, цi надоўга тут затрымаецца. Побач з iм, узвышаючыся на цэлую галаву, ехаў Доўгi Эдыльбай. Усю дарогу яны аб нечым размаўлялi.
Трэба дзякаваць начальнiку раз'езда Аспану. Ён аддаў на пахаванне ўсю тэхнiку, якая была на раз'ездзе. Правiльна разважаў малады начальнiк раз'езда – калi ехаць так далёка ды яшчэ ўручную капаць магiлу, то наўрад цi яны паспеюць вярнуцца да вечара, бо яму трэба капаць вельмi глыбокую i з бакавой нiшай, як гэта звычайна рабiлася ў мусульман.
Спачатку Бураннага Едыгея гэта прапанова крыху збянтэжыла. Ён нiколi нават не думаў, каб яму прыйшло ў галаву капаць магiлу не ўласнымi рукамi, а экскаватарам. У час гэтай размовы ён сядзеў перад Аспанам у глыбокiм одуме i з недаверам хмурыў лоб. Але Аспан усё ж неяк пераканаў старога.
– Едзiке, я вам добра раю. А каб вы не сумнявалiся, каб вас нiчога не трывожыла, пачнiце спачатку капаць уручную, ну, скажам, першыя лапаты. А пасля экскаватарам умiг. Грунт у саразеках сухi, што камень, самi ведаеце. Экскаватарам паглыбiце, колькi трэба, а пад канец зноў уручную возьмецеся, каб, як гаворыцца, да ладу давесцi. I час зберажэце, i зробiце ўсё як трэба.
I вось цяпер, чым далей яны падавалiся ў саразекi, ён усё больш прымаў параду Аспана як разумную i патрэбную. I нават здзiўляўся, як гэта ён сам не дайшоў сваiм розумам. Вядома, так яны i зробяць, дасць бог, дасягнуўшы Ана-Бейiта. Так i належыць – выберуць на могiлках зручнае месца, каб пакласцi нябожчыка галавой у бок вечнай Каабы, пачнуць рыдлем ды лапатамi, што вязуць з сабой у прычэпе, а калi крыху паглыбяцца – пусцяць экскаватар выбраць яму да дна, а нiшу збоку – казанак – i ложа закончаць уручную. Так яно будзе i хутчэй, i лепш.
З мэтай такой яны рухалiся ў гэты час па саразеках, то з'яўляючыся ланцужком на хiбку ўзгоркаў, то хаваючыся ў шырокiх лагах, то зноў ясна вырысоўваючыся на раўнiнах, – уперадзе Буранны Едыгей на вярблюдзе, за iм калёсны трактар з прычэпам, за прычэпам, як нейкi жук, вуглаваты i рукасты экскаватар "Беларусь" са скрэпам бульдозерным уперадзе i рабочым каўшом ззаду.
Азiраючыся апошнi раз на раз'езд, якога ўжо не было вiдаць, Едыгей, на сваё вялiкае здзiўленне, толькi цяпер заўважыў рыжага сабаку Жалбарса, якi дзелавiта трухаў збоку. Калi ж гэта ён паспеў прывязацца? Пры выездзе з Баранлы-Бураннага яго нiбыта не было. Каб ведаў, што ён выкiне такую штуку, прывязаў бы. Якi хiтры! Як прыкмецiць, што Едыгей на Каранары адпраўляецца некуды, дык абавязкова выбярэ момант, каб прымкнуць у спадарожнiкi. Вось i цяпер нiбы з-пад зямлi ўзнiк. Бог з iм, падумаў Едыгей. Гнаць яго назад было позна, ды i цi варта трацiць час з-за сабакi. Няхай сабе бяжыць. I, нiбы адгадаўшы думкi гаспадара, Жалбарс абагнаў трактар i прыстроiўся крыху ўперадзе i з боку Каранара. Едыгей паказаў яму пугу. Але той i вухам не павёў. Позна пагражаеш ужо, маўляў. Ды i чаму не дапускаць яго да такой справы. Грудасты, з калматай шыяй, з абрубленымi вушамi i разумным, спакойным паглядам, рыжы сабака Жалбарс па-свойму быў прыгожым i адметным.
Мiж тым розныя думкi наведвалi Едыгея на шляху на Ана-Бейiт. Паглядаючы, як сонца падымалася над гарызонтам, адмяраючы бег часу, успамiнаў ён усё пра тое ж, пра жыццё-быццё мiнулае. Успамiнаў тыя днi, калi яны з Казангапам былi маладымi i дужымi i, калi на тое, галоўнымi пастаяннымi рабочымi на раз'ездзе, iншыя не вельмi затрымлiвалiся на Баранлы-Буранным, як прыходзiлi, так i знiкалi. Iм з Казангапам часу не было перадыхнуць, таму што, хочаш не хочаш, даводзiлася, нi на што не зважаючы, рабiць на раз'ездзе ўсё, што было неабходна. Цяпер услых успамiнаць аб гэтым няёмка – маладыя смяюцца: старыя дурнi, жыццё сваё губiлi. А дзеля чаго? Так, сапраўды, дзеля чаго? Значыць, было дзеля чаго.
Аднойчы пры заносах двое сутак бiлiся не пакладаючы рук, чысцiлi пуцi ад снегу. На ноч паравоз падвялi з фарамi, каб асвятляць мясцовасць. А снег усё iдзе i вецер круцiць. З аднаго боку чысцiш, а з другога ўжо гурбу намяло. I холадна – не тое слова: твар, рукi папухлi. Залезеш у паравоз на пяць хвiлiн пагрэцца – i зноў за гэту гiблую саразекскую работу. I сам паравоз жа замяло ўжо вышэй колаў. Трое з прыехаўшых рабочых яшчэ да ночы збеглi. Ганiлi саразекскае жыццё на чым свет стаiць. Мы, кажуць, не арыштанты, у турмах i то даюць час выспацца. З тым i падалiся, а ранiцай, калi пайшлi цягнiкi, свiснулi на развiтанне:
– Эй, дураломы, хрэн вам у зубы!
Але не таму, што гэтыя залётныя малайцы аблаялi iх, а так здарылася, пабiлiся яны на тым заносе з Казангапам. Так, было гэта. Ноччу стала невыносна. Снег сыпаўся, вецер, як злы сабака, чапляўся. Няма куды падзецца ад ветру. Паравоз пару пускае, а ад гэтага толькi туман. I фары ледзь-ледзь цьму прасвечваюць. Калi тыя трое пайшлi, яны з Казангапам засталiся вывозiць снег вярблюджай валакушай. Пара вярблюдаў была запрэжана. Не iдуць, стварэннi, iм таксама холадна i мутарна ад гэтай крутаверцi. Снег на ўзбочынах па грудзi. Казангап цягнуў вярблюдаў за губы, каб яны iшлi за iм, а Едыгей на валакушы паганяў ззаду пугай. Так бiлiся яны да поўначы. А вярблюды потым упалi ў снег, хоць забi, зусiм выбiлiся з сiлы. Што рабiць? Давядзецца кiнуць усё, пакуль непагадзь сунiмецца. Стаялi яны каля паравоза, засланiўшыся ад ветру.
– Хопiць, Казаке, палезем у паравоз, а там паглядзiм, як надвор'е, прамовiў Едыгей, стукаючы адна аб другую зледзянелымi рукавiцамi.
– Надвор'е якое было, такое i будзе. А ўсё роўна наша работа – расчышчаць пуцi. Давай рыдлямi, не маем права стаяць.
– Ды што мы, не людзi?
– Нелюдзi – ваўкi ды рознае звяр'ё – па норах зараз пахавалiся.
– Ах ты гадзiна! – уз'юшыўся Едыгей. – Ды табе хоць здохнi, i ты сам тут здохнеш! – I сунуў яму кулаком у твар.
Ну i схапiлiся яны, паразбiвалi губы адзiн аднаму. Добра яшчэ, што выскачыў з паравоза качагар i ў час разбаранiў.
Вось такi ён быў, Казангап. Цяпер такiх не знойдзеш. Няма такiх Казангапаў. Апошняга вязуць хаваць. Засталося – засыпаць зямлёю, развiтацца i на тым амiн!
Думаючы пра гэта, Буранны Едыгей паўтараў сам сабе паўзабытыя малiтвы, каб выверыць словы па парадку, узнавiць дакладней у памяцi паслядоўнасць думак, звернутых да бога, бо толькi ён адзiн, невядомы i нябачны, мог прымiрыць у свядомасцi чалавечай непрымiрымасць пачатку i канца, жыцця i смерцi. Для таго, напэўна, i складалiся малiтвы. Да бога не дакрычышся, не спытаеш яго, для чаго, маўляў, ты так зрабiў, каб нараджацца i памiраць. Так i жыве чалавек з таго часу, як свет стаiць, – не згаджаючыся, прымiраецца. I малiтвы гэтыя нязменныя з тых дзён, i гаворыцца ў iх усё пра тое ж – каб дарэмна не наракаў, каб суцешыўся чалавек. Але словы гэтыя, выспеленыя тысячагоддзямi, нiбы злiткi золата, самародкi, апошнiя з апошнiх слоў, якiя павiнен сказаць жывы над мёртвым. Такi абрад.
I думалася яму яшчэ пра тое, што незалежна ад таго, ёсць бог на свеце цi яго няма, але ўспамiнае чалавек пра яго звычайна, калi добра прыцiсне, хоць i нядобра так рабiць. Таму, напэўна, i сказана – няверучы не ўспомнiць пра бога, пакуль галава не забалiць. Так яно цi не так, але малiтвы ўсё-такi знаць трэба.
Гледзячы на сваiх маладых спадарожнiкаў на трактарах, Буранны Едыгей шчыра бедаваў i шкадаваў – нiхто з iх не ведаў нiякiх малiтваў. Як жа яны будуць хаваць адзiн аднаго? Якiмi словамi, што ахоплiваюць пачатак i канец быцця, завершаць яны адыход чалавека ў небыццё? "Бывай, таварыш, будзем памятаць!" Цi яшчэ якое глупства?
Неяк раз давялося яму прысутнiчаць на пахаваннi ў абласным горадзе. Здзiвiўся Буранны Едыгей – на могiлках, нiбы на сходзе якiм: перад нябожчыкам у труне выступалi па паперцы прамоўцы i гаварылi ўсё адно i тое ж – кiм ён працаваў, на якiх пасадах i як працаваў, каму служыў i як служыў, а потым зайграла музыка i магiлу завалiлi кветкамi. I нi адзiн з iх не здагадаўся сказаць нешта пра смерць, як сказана гэта ў малiтвах, што вянчаюць пазнанне людзей спрадвечнай той паслядоўнасцю быцця i небыцця, – нiбы хто да гэтага не памiраў на свеце i пасля таго нiбы нiхто не павiнен быў памерцi. Няшчасныя, яны былi бессмяротнымi! Так i заявiлi насуперак таму, што ўсе бачылi: "Ён пайшоў у бессмяротнасць!"
Едыгей добра ведаў мясцовасць. Да таго ж з вышынi Бураннага Каранара, яму, седаку, усё было вiдаць далёка ўперадзе. Ён сачыў, каб шлях па саразеках на Ана-Бейiт быў як мага больш прамым, адхiляючыся хiба толькi для таго, каб трактарам лепш было мiнуць калдобiны.
I ўсё iшло, як было задумана. Нi хутка, нi марудна. Яны ўжо пераадолелi трэць шляху... Буранны Каранар нястомна рысiў тротам, чуйна ловячы пажаданнi гаспадара. За iм следам тарахцеў трактар з прычэпам, i за прычэпам iшоў калёсны экскаватар "Беларусь". I ўсё ж уперадзе iх сустракалi нечаканасцi, якiя, як бы неверагодна гэта нi здавалася, мелi нейкую ўнутраную сувязь з тым, што адбывалася на касмадроме Сары-Азек...
Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў гэты час на сваiм месцы, у тым жа раёне Цiхага акiяна, паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока i Сан-Францыска.
Надвор'е на акiяне не змянiлася. Першую палову дня ўсё гэтак жа асляпляльна ззяла сонца над бясконцым мiльгатлiвым трымценнем вады. Нiшто на гарызонце не прадвяшчала якiх-небудзь атмасферных змен.
На самiм жа авiяносцы ўсе службы знаходзiлiся ў напружаннi – у поўнай рабочай гатоўнасцi, уключаючы авiякрыло i групу ўнутранай бяспекi, хоць нiякiх канкрэтных прычын для гэтага навокал не было. Прычыны былi за межамi Галактыкi.
Звесткi, што паступiлi на борт "Канвенцыi" праз арбiту "Трамплiн" ад парытэт-касманаўтаў з планеты Лясныя Грудзi, збянтэжылi кiраўнiкоў Абцэнупра i сябраў асобаўпаўнаважаных камiсiй. I тыя, i другiя так моцна разгубiлiся, што вырашылi спачатку правесцi паасобныя нарады, каб абмеркаваць становiшча, якое стварылася, перш за ўсё зыходзячы з уласных iнтарэсаў i пазiцый, i толькi пасля ўжо разам параiцца.