Текст книги "Буранны паўстанак (на белорусском языке)"
Автор книги: Чингиз Айтматов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 18 страниц)
Парытэт-касманаўт 2-1.
Борт арбiтальнай станцыi "Парытэт".
Трэцяя вахта, 94-я суткi".
Роўна ў прызначаны тэрмiн, у адзiнаццаць гадзiн паводле далёкаўсходняга часу, на палубе авiяносца "Канвенцыя" адзiн за другiм селi два рэактыўныя самалёты з асобаўпаўнаважанымi камiсiямi на борце – ад амерыканскага i савецкага бакоў.
Сябры камiсiй былi сустрэты строга ў адпаведнасцi з пратаколам. Iм адразу аб'явiлi, што на абед даецца паўгадзiны. Адразу пасля абеду сябрам камiсiй належала сабрацца ў кают-кампанii на закрытую нараду ў сувязi з надзвычайным становiшчам на арбiтальнай станцыi "Парытэт".
Але нарада, ледзь паспеўшы пачацца, была нечакана перапынена. Касманаўты-кантралёры, што знаходзiлiся на "Парытэце", перадалi Абцэнупру на "Канвенцыю" першае паведамленне, якое атрымалi ад парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1 з суседняй Галактыкi, з планеты Лясныя Грудзi.
IV
Цягнiкi ў той мясцовасцi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
А наўзбоч ад чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжыць вялiзная пустэльная пространь – Сары-Азекi. Сярэдзiнныя землi жоўтага стэпу.
У гэтай мясцовасцi любая адлегласць вымяраецца ад чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Што нi кажы, а да спадчынных найманскiх могiлак Ана-Бейiт усё ж не рукой дастаць – трыццаць вёрст, ды i тады, калi ехаць наўпрасцяк, кароцячы дарогу па саразеках.
Буранны Едыгей прахапiўся на той дзень рана. Ды ён i не спаў, бадай. На досвiтку хiба самгнуў павекi. А да таго не было калi – прыбiраў нябожчыка Казангапа. Звычайна гэта робяць у дзень пахавання, перад вынасам, перад агульнай малiтвай у доме нябожчыка – перад джаназай. А тут давялося ўсё гэта рабiць напярэдаднi пахавання, каб зранку адразу, не бавячыся, рушыць у дарогу. Сам усё зрабiў як належыць, калi не лiчыць таго, што Доўгi Эдыльбай ваду гатаваную падаваў. Эдыльбаю было нiякавата, баяўся нябожчыка. Вусцiшнавата, вядома, яму было. Едыгей сказаў яму на тое як бы незнарок:
– Ты, гэта самае, прыглядвайся, Эдыльбай. Спатрэбiцца ў жыццi. Калi людзi з'яўляюцца на гэты свет, дык i праводзiць на той даводзiцца.
– Ды я гэта разумею, – няўпэўнена адгукнуўся Эдыльбай.
– А я пра тое якраз. Скажам, заўтра я памру. Дык i прыбраць нiкога не знойдзецца? Так i запiхнуць мяне ў якую ямiну?
– Не, чаму ж! – збянтэжыўся Эдыльбай, трымаючы ў руках лямпу i стараючыся асвойтацца ля нябожчыка. – Без вас тут нецiкава будзе. Лепш ужо жывiце. А яма пачакае.
Гадзiны паўтары спатрэбiлася, каб прыбраць нябожчыка. Але затое Едыгей застаўся задаволены. Абмыў нябожчыка як мае быць, рукi-ногi выправiў належным чынам, белую покрыўку скроiў i прыбраў у яе Казангапа як найлепш, не шкадуючы на тое палатна. А потым i сам прыхарошыўся. Пагалiўся чысцютка, вусы падправiў. Яны ў яго былi, як i бровы, густыя, ладнаватыя. Толькi вось сiвiзна дзе-кольвек iх пабiла. Дый сам пасiвеў. Не забыўся Едыгей медалi свае салдацкiя, ордэны ды значкi ўдарнiцкiя надраiць, начапiць на пiнжак, прыгатаваўшыся да заўтрашняга дня.
Так i ноч праходзiла. I ўсё дзiвiўся Буранны Едыгей з самога сябе – з таго, як спакойна i звычна ўсё рабiў. А скажы хто яму раней, не паверыў бы, што так яму прыдасца жалобны гэты занятак. Значыцца, наканавана гэтак, што хаваць Казангапа павiнен ён. Лёс. Прадвызначэнне.
Вось яно як. Хто б мог падумаць пра гэта, калi яны першы раз убачылiся на станцыi Кумбель. Дэмабiлiзавалi Едыгея пасля кантузii, у канцы сорак чацвёртага. Звонку як быццам усё ў парадку – рукi, ногi на месцы, галава на плячах, ды толькi галава была як не свая. Шумела ўвушшу, бы вецер там не сунiмаўся. Пройдзе колькi крокаў – захiстаецца, галава гудзець пачынае, блажыць. А сам увесь потны – то гарачы, то халодны пот. I языком не варухнуць часамi – слова выцiснуць цяжка. Добра-такi шуганула хваляй той выбуховай. Забiць не забiла, але i жыцця таго адзiн знак пакiнула. Зусiм заняпаў духам Едыгей. Малады, здаровы з выгляду, а вернецца дамоў на Аральскае мора – што будзе рабiць, на што ён прыдатны? Шчасце яго, лекар трапiўся добры. Ён нават не лячыў яго, а толькi абгледзеў, абслухаў: як цяпер, як сёння помнiць, здаравенны руды мужчына ў белым халаце i каўпаку, вочы ясныя, сам насаты, паляпаў яго па плячы, пасмяяўся.
– Ведаеш, – кажа, – браток, вайна скора скончыцца, а то я вярнуў бы цябе яшчэ ў строй, паваяваў бы яшчэ. Але i так добра. Як-небудзь без цябе дацiснем да перамогi. Толькi ты не сумнявайся, праз год, а то i меней усё будзе ў парадку, здаровы будзеш, як быська. Гэта я табе кажу, успомнiш потым. А пакуль збiрайся, едзь у свае мясцiны. I не тужы. Такiя, як ты, сто год пражывуць...
А праўду казаў той вясёлы доктар. Так яно i выйшла. Яно сказаць проста год. А як выйшаў са шпiталю – у паабiтым шынелку, з хатулём на спiне, з кастылём на ўсякi выпадак, ды сунуўся ў горад, нiбы ў гушчар якi трапiў. У галаве шум, ногi дрыжаць, у вачах цемень. I нiкому ты не трэба на вакзалах, у цягнiках – народу процьма, хто моц мае, той i лезе, а цябе адштурхне. I ўсё-ткi дабраўся, дапяў. Лiчы, праз месяц блуканняў ноччу спынiўся цягнiк на станцыi Аральск. "Пяцьсот сёмы вясёлы" называўся той "славуты" цягнiк, нiкому i нiколi няхай не давядзецца ездзiць на такiх цягнiках...
А тады i гэткаму парадку быў рады. Злез у цемры з вагона, як з гары, спынiўся разгублена, наўкол пустэча, ледзь-ледзь станцыйныя агеньчыкi прабiвалi змрок. Ветрана было. Адно гэты вецер яго стрэў. Свой, родны, аральскi вецер! Марской сырасцю тхнула ў твар. Мора было некалi побач, пад самай чыгункай. А цяпер i ў бiнокль не ўгледзiш...
Дых заняло – са стэпу патыхала ледзь улоўным водарам палыну, духам маладой яшчэ вясны, што пачынала ўладарыць на зааральскiх прасцягах. Вось i яны, родныя мясцiны!
Едыгей добра ведаў станцыю, прыстанцыйны пасёлак на беразе мора. Гразюка налiпала на боты. Ён iшоў да знаёмых, каб пераначаваць там i ранiцай падацца да свайго рыбацкага аула Жангельдзi, адлегласць да якога была немалая. I сам таго не заўважыў, як вулка вывела яго на ўскраiну, на самы бераг. I тут Едыгей не ўцярпеў, падышоў да мора. Спынiўся ля шумлiвай берагавой палоскi. Прыхаванае цемрай, мора давала аб сабе знаць няпэўным святлом, грэбнямi хваляў, што вынiкалi раптам са смугi i тут жа нiшчылiся. Месяц быў перадсвiтальны ўжо – бялеўся плямкай за аблачынай у вышынi.
Вось i сустрэлiся, значыцца.
– Дзень добры, Арал, – бадай што ўслых падумаў Едыгей. А потым прысеў на камень, запалiў, хоць дактары i не раiлi палiць пры кантузii. Пазней ён наогул кiнуў палiць. А тады расхваляваўся – што там тытунь, тут як жыць, невядома. У мора выходзiць – трэба моцныя рукi мець, храсткi здаровыя мець i, найперш, здаровую галаву, каб не загайдала ў шаландзе. Быў прамысловым рыбаком да фронту, а цяпер хто ён? Iнвалiд не iнвалiд, а наогул нi на што не варты. I найперш галава для рыбацкага промыслу стала не тая – гэта так.
Едыгей наважыў быў пайсцi, як на ўзбярэжжы аднекуль паявiўся белы сабака. Ён бег трухам паўз ускрай вады. Час ад часу прыпыняўся, заўзята абнюхваючы мокры жвiр. Едыгей прынадзiў яго. Сабака даверлiва падышоў, стаў побач, памахваючы хвастом. Едыгей паказытаў яму ў зашыйку.
– Ты адкуль, га? Адкуль бяжыш? А як зваць цябе? Арстан? Жалбарс? Барыбасар? А-а, я разумею, ты шукаеш рыбу на беразе. Ну, малайчына, малайчына! Толькi не заўсёды мора выкiдвае пад ногi тую рыбку. Але што рабiць! Даводзiцца бегаць! Таму i худы такi. А я, браток, дадому вяртаюся. З-пад Кёнiгсбергу. Не дайшоў трохi да гэтага горада, так шандарахнула снарадам, што ледзь жывы застаўся. А цяпер вось думаю-мяркую, як быць. Што ты так глядзiш? Нiчога ў мяне няма для цябе. Ордэны ды медалi... Вайна, дружа, галадуха паўсюль. А так хiба было б шкада?.. Чакай, тут вось цукеркi ёсць, для сына вязу, ён у мяне бегае ўжо, бадай...
Едыгей не паленаваўся, развязаў напаўпусты рэчмяшок, у якiм была прыгаршча тых цукерак, загорнутых у газету, хустка для жонкi, купленая ў спекулянтаў. I была яшчэ ў рэчмяшку пара салдацкай бялiзны, рэмень, пiлотка, запасная гiмнасцёрка, штаны – вось i ўвесь запас.
Сабака злiзнуў з далонi цукерку, захрумсцеў ёю, вiляючы хвастом i ўважлiва, аддана гледзячы абнадзеянымi вачамi.
– Ну, а цяпер бывай.
Едыгей падняўся i пайшоў берагам. Рашыў не надакучаць на станцыi, блiзка свiтанне было, трэба было дабiрацца неяк да свайго аула Жынгельдзi.
Толькi апоўднi таго дня дабраўся ў Жангельдзi, увесь час iдучы берагам мора. А да кантузii за дзве гадзiны прабягаў адлегласць тую. I на табе сыночка, высветлiлася, даўно няма ў жывых. Калi Едыгея мабiлiзавалi, малому было паўгода. I такi ўжо лёс – памерла малое ў адзiнаццаць месяцаў. Захварэў на краснуху i не змог агню нутранога, згарэў, апаў попелам. Пiсаць бацьку пра тое на фронт не сталi. Куды i навошта пiсаць? На вайне i без таго ўсялякага хапае. Вернецца жывы, даведаецца, пасмуткуе, перажыве. А вы маладыя, казалi жонцы ў ауле, народзiце яшчэ, чаму не? "Галiна абламалася, затое ствол цэлы". I яшчэ, можа, меркаванне было: вайна яна вайна, цi мала што – куля абмiне, дык няхай хоць з надзеяй развiтаецца з белым светам: маўляў, спадчыннiк ёсць, роду не звесцiся...
А Укубала за ўсё кляла толькi сябе. Ад плачу заходзiлася, абдымаючы ацалелага мужа. Бо чакала гэтага дня з надзеяй i болем непагасным, змарнела ўся, чакаючы. Расказвала, захлiпваючыся слязьмi, што старая адразу здагадалася пра краснуху, казала, што трэба дзiцяцi захутаць як цяплей у коўдру з вярблюджай поўсцi ды трымаць у поўнай цемры, ды паiць цёпленькай вадзiчкай, а там ужо воля боская, агонь спадзе, дзiця выжыве. А яна, гаротнiца, не паслухалася той старой. Папрасiла ў суседзяў калёсы да павезла хворае дзiця на станцыю да доктаркi. А калi дабралася да Аральску на калёсах тых, дык было позна ўжо. Згарэў хлапчук па дарозе. Доктарка лаяла яе ўжо, лаяла. Кажа, трэба было табе паслухацца той старой...
Вось якiя навiны чакалi Едыгея дома, як толькi ён пераступiў парог. Скамянеў, учарнеў ад гора з той пары. Не думаў ён раней нiколi, што засумуе гэтак па малым дзiцёнку, па першынцу сваiм, якога нават не панянчыў. Яшчэ горай было ад гэтага.
Тады i пачалося. Знелюбеў Едыгею аул. Некалi тут, на суглiнiстым прыгарбку, было з паўсотнi двароў. З рыбы аральскай жылi. Арцель стаяла. А цяпер застаўся ўсяго дзесятак мазанак пад абрывам. Мужчын нiкога – усiх вайна падабрала. Старыя ды малыя i тыя ўсе на ўлiку. А хто i падаўся ў аулы калгасныя, жывёлагадоўчыя, каб з голаду не памерцi. Распалася арцель. Некаму стала выходзiць у мора.
Укубала таксама магла паехаць да сваiх, сама была са стэпавых плямёнаў. За ёй прыязджалi сваякi, хацелi забраць да сябе. Перачакаеш, маўляў, у нас злыбяду, а вернецца з фронту Едыгей – нiхто цябе трымаць не стане, вернешся адразу на сваё рыбацкае селiшча. Але Укубала рашуча адмовiлася: "Буду чакаць мужа. Сыночка страцiла. Калi вернецца сам жывы, дык няхай хоць жонку знойдзе на месцы. Я не адна тут, старыя ды малыя ёсць, памагаць iм буду, пражывём агулам".
Добра яна зрабiла. Ды толькi Едыгей з першых дзён пачаў гаварыць, што не можа ён без справы заставацца тут, ля мора. Можа, i праўду казаў. Сваякi Укубалы, калi прыйшлi пабачыцца з Едыгеем, прапанавалi перабрацца да iх. Пажывеш, маўляў, у нас пры атарах у стэпе. А там паздаравееш, зоймешся справай якой, скацiну пасвiць будзеш.
I тады наважылi яны з Укубалай рызыкнуць. Захацелi на чыгунку падацца. Думалi, знойдзецца якая вартая работа для Едыгея – вартаўнiком дзе-небудзь або на пераездзе шлагбаўм адкрываць ды закрываць. Павiнны ж даць нейкую работу iнвалiду-франтавiку.
З тым i рушылi з аула ўвесну. Маладыя былi, нiчым пакуль не звязаныя. Першым часам на станцыях розных начавалi. Але работы не шанцавала знайсцi. З жытлом было яшчэ горш. Жылi дзе давядзецца, задавальнялiся рознай выпадковай работай на чыгунцы. Укубала тады выручала – здаровая ды маладая, яна i працавала найбольш. Едыгей, як мужчына нiбы цягавiты, дамаўляўся на работу, а Укубала тую работу рабiла.
Такiм чынам апынулiся яны аднойчы, недзе ў разгары вясны, на вялiкай вузлавой станцыi Кумбель. Вугаль разгружалi. Вагоны з вугалем падавалiся па запасных пуцях проста на тылы дэпоўскай гаспадаркi. Тут вугаль скiдалi спачатку на зямлю, каб хутчэй вызвалiць платформы, а потым на тачках перавозiлi туды, дзе рабiлiся бурты, аграмадныя, як дамы. Запас на цэлы год. Непамерна цяжкая, пыльная, брудная была работа. Але i жыць трэба. Едыгей накiдваў грабаркай той вугаль на тачку, а Укубала адвозiла тачку ўгору па насцiлу, там выварочвала яе i зноў вярталася ўнiз. Зноў насыпаў Едыгей тую тачку, i зноў Укубала, бы каняка якая, кацiла ўгору цяжкi, не для бабскай сiлы груз. А тым часам рабiлася ўсё гарачэй дзень пры днi, i ад той гарачынi, ад таго вугальнага пылу млосна рабiлася Едыгею, блажыла яго. Сам адчуваў, як пакiдаюць яго сiлы.
Але больш за ўсё непакоiла яго, прыгнятала тое, што жонцы даводзiлася, задыхаючыся ў чорнай пылюцы, рабiць замест яго тое, што трэба было рабiць яму. Цяжка было глядзець на яе. З галавы да пят уся ў чорным вугальным прысаку, толькi адны бельмы вачэй ды зубы свецяцца. А сама ўся мокрая ад поту. Бруднымi пiсягамi сцякаў вугальна-чорны пот на шыю, на грудзi, на спiну. Каб ён быў па-ранейшаму моцны, хiба дапусцiў бы такое! Сам адзiн перакiдаў бы дзесятак вагонаў гэтага праклятага вугалю, каб толькi не бачыць жончыных пакутаў.
Калi яны пакiдалi свой апусцелы рыбацкi аул, спадзеючыся, што Едыгею як параненаму франтавiку знойдзецца якая работа, не ўлiчылi аднаго: што такiх франтавiкоў усюды было аж даволi. I ўсiм iм трэ было неяк падладжвацца пад новае жыццё. Добра яшчэ, што ў Едыгея ацалелi рукi i ногi. А колькi знявечаных – бязногiх, бязрукiх, на мылiцах i пратэзах – пабачыла тады чыгунка. Доўгiмi начамi, калi, уладкаваўшыся дзе ў кутку ў перапоўненым, смуродным станцыйным памяшканнi, яны бавiлi ноч, Укубала, наперад папрасiўшы прабачэння, дзякавала богу за тое, што муж яе побач, з ёй, што яго пашкадавала вайна, не скалечыла так, каб было да адчаю роспачна i невыносна. Бо тое, што яна бачыла на станцыях, пасялiла ў ёй жах i пакуту. Што чакала кожнага з iх, чым можна было заплацiць за тое, што болей было за любую плату? I толькi за адно тое, што такая бяда абмiнула яе, а магла i не абмiнуць, за тое, што муж вярнуўся хай i з кантузiяй, але не знявечаны, Укубала была гатовая аддзячыць усяму свету самай пякельнай працай. I таму яна не скардзiлася, не падавала выгляду, нават калi не ставала сiлы цягаць ногi, калi, здавалася, не хапала трывання.
Але Едыгею ад гэтага было не лягчэй. Варта было нешта прыдумаць, неяк мацней адчуць сябе ў жыццi. Не век жа блукаць. I ўсё часцей прыходзiла ў галаву думка: а што, калi сказаць сабе "таўбакель"* i падацца куды ў горад, а там ужо як пашанцуе. Толькi каб здароўе вярнулася, толькi б выкараскацца з гэтай кантузii праклятай. Тады яшчэ можна было б пазмагацца, пастаяць за сябе... Усяляк магло, вядома, перакруцiцца для яго i ў горадзе, але, можа, прыжылiся б неяк, як шмат хто, ды лёс памеркаваў iначай. Так, гэта лёс быў, бо iнакш як назваць той выпадак...
* Таўбакель – была не была.
У тыя днi, калi яны гаравалi на станцыi Кумбель, наняўшыся на буртоўку вугалю, на дэпоўскiм двары паявiўся аднойчы нейкi казах верхам на вярблюдзе дапяў сюды, мусiць, са стэпу дзеля сваiх спраў. Так яно падалося. А той пусцiў вярблюда пасвiцца на лубяк поблiзу, а сам, заклапочана азiраючыся, пайшоў з пустым мехам пад пахай.
– Гэй, браток, – сказаў ён да Едыгея, параўняўшыся з iм, – калi ласка, прыгледзь, каб малыя не дурэлi. Звычка ў iх дурная – дражняць, б'юць жывёлу. А то i распутаць могуць дзеля пацехi. А я зараз, мне ненадоўга.
– Iдзi, iдзi, прыгледжу, – паабяцаў Едыгей, шчыруючы з грабаркай i абцiраючыся чорнай, пацяжэлай ад поту анучкай.
Пот лiў з твару не перастаючы. Едыгей так i гэтак таптаўся каля вугальнай кучы, нагружаючы тачку. Але чаму не прыгледзець, каб станцыйныя вiсусы не дакучалi вярблюду? Неяк ён бачыў iхнiя гарэзы – да таго давялi жывёлу, што яна пачала зласлiва крычаць у адказ, плявацца ды ганяцца за iмi. А iм задавальненне, бач, i як першабытныя паляўнiчыя, што дзiкiм кагалам абкружалi звера, бiлi цяпер яго камянямi ды дубцамi. Давялося цярпець беднаму вярблюду, пакуль паявiўся гаспадар...
I гэты раз, як на тое, шумлiвая гурма дзятвы прымчала ганяць футбольны мяч. I пачалi яны яго ганяць, цаляючы ў вярблюда. Вярблюд ад iх, а яны мячыкам па баках яму бэхаюць як ямчэй ды мацней. Хто патрапiць, радуецца, нiбы гол забiў...
– Гэй, вы, ану прэч адсюль, не чапайце! – памахаў iм грабаркай Едыгей. – А то я вам вось зараз...
Малеча адхлынула, падумала, можа, што гаспадар, а можа, надта страхавiтым быў ягоны выгляд, а можа, падумалi, што п'яны, i пабеглi далей, б'ючы па мячу. I ў галаву не прыйшло, што нiчога iм не пагражала. Нiзавошта Едыгей iх не дагнаў бы. Кожная мерка вугалю, кiнутая iм на тачку, каштавала яму вунь якога высiлку. Нiколi не думаў, што так брыдка, так сорамна быць нямоглым, хворым, лiчы, нiякiм. Галава ўвесь час кружылася. I пот адольваў. Цёк i цёк. А пыл забiваў дыханне, душыла харкавiнне. Укубала ўсё парывалася прыняць на сябе як болей работы, каб яму было лягчэй, а то каб i пасядзеў дзе ў цяньку, нагружала тачку i везла яе.
Не мог, аднак, Едыгей спакойна глядзець на гэта, зноў уставаў, ледзь не хiстаючыся, браўся за справу...
Той чалавек, якi папрасiў прыгледзець за вярблюдам, скора вярнуўся з ношкай на спiне. Спарадкаваўшы яе на сваёй жывёлiне, ён падышоў да Едыгея перакiнуцца слоўцам. I размова зладзiлася. Чалавек той быў Казангап з раз'езда Баранлы-Буранны...
Землякамi яны адзiн аднаму даводзiлiся. Казангап расказаў, што ён таксама родам з прыбярэжных аральскiх аулаў. Гэта i зблiзiла iх.
Тады яшчэ i думкi не было, што гэтая стрэча прадвызначыць усё далейшае жыццё Едыгея i Укубалы. Проста Казангап пераканаў iх пайсцi разам з iм на раз'езд Баранлы-Буранны, жыць i працаваць там. Ёсць жа людзi, да якiх пахiнешся з першага знаёмства. Нiчога асаблiвага ў Казангапу не было, можа, толькi сама прастата сведчыла, што гэта чалавек, жыццёвая кемнасць якога здабыта нялёгкiм вопытам. Выглядам ён быў самы звычайны казах у парудзелым, паношаным адзеннi, што добра асвойталася з гаспадаром. Штаны з казiнай скуры, мабыць, былi на iм не так сабе – каб зручней ездзiць на вярблюдзе. Але ён i ведаў цану рэчам: амаль новая, ашчаджаная на час выездаў чыгуначная фуражка сядзела зграбна на ягонай вялiкай галаве, боты хромавыя, хоць i не новыя, былi акуратна падлатаны ў колькiх месцах i прашыты дратвай. Што ён карэнны стэпавы чалавек, працаўнiк, можна было здагадацца па ягоным задубелым ад спякотнага сонца i частага ветру твары i цяжкiх жылiстых руках. Ссутуленыя ад працы, плечы ягоныя магутна абвiслi, i таму шыя здавалася доўгай, плаўнай, не раўнуючы, як у гусака, хоць i росту ён быў звычайнага. Адметныя ў яго былi вочы: уважлiвыя, яны нiбы разумелi ўсё, а яшчэ ўсмешлiвыя: так i стралялi маршчынкамi, калi прыжмурваўся.
Казангапу тады было год пад сорак. А можа, так здавалася таму, што i вусы, коратка падстрыжаныя вехцiкам, i малаватая бародка надавалi яму ўражанне годнасцi i жыццёвай пранiклiвасцi. Але найбольш уражвала ягоная гаворка. Укубала адразу адчула павагу да гэтага чалавека. I ўсё, што ён гаварыў, было дарэчы. А гаварыў ён не абы-што. Калi ўжо, кажа, такая бяда – кантузiя яшчэ ў целе сядзiць, то няма патрэбы памагаць ёй. Мне адразу стала вiдно, Едыгей, што работа гэтая не для цябе. Кволы ты яшчэ для яе. Ногi ледзь перастаўляеш. Зараз бы табе працу лягчэйшую, на свежым паветры, ды каб малака папiць усмак. Вось, напрыклад, у нас на раз'ездзе людзi трэба на пуцявыя работы. Новы начальнiк мне сам кажа: ты, як тубылец, паклапацiся пра патрэбных нам людзей. А дзе яны, такiя людзi? Усе на вайне. А хто адваяваўся, дык iм i ў iншых месцах работы хапае. Вядома, у нас жыццё не рай. Месца няпростае – наўкол саразекi, бязлюддзе ды бязводдзе. Ваду прывозяць у цыстэрне на тыдзень. I не заўсёды ў час. Бывае i такое. Тады даводзiцца ездзiць да калодзежаў у стэп, у бурдзюках прывозiць: ранiцай паедзеш, увечары толькi вернешся. А ўсё адно, казаў Казангап, лепш у саразеках быць на сваiм месцы, чым рабiць абы-дзе. Дах над галавой будзе, сталая работа будзе, пакажам, навучым, што трэба рабiць, а там гаспадарку можна завесцi. Гэта як рук не пашкадуеш. Удваiх, кажа, вы вунь як яшчэ заробiце на жыццё. А там здароўе вернецца, час пакажа, засумуеце – можна рушыць туды, дзе лепей...
Вось такiя гаворкi ён вёў. Едыгей падумаў-падумаў i згадзiўся. I ў той жа дзень рушылi яны разам з Казангапам у саразекi, на раз'езд Баранлы-Буранны, бо зборы былi нядоўгiмi – што было збiраць? Што яны гублялi? Варта было паспрабаваць. А як потым выявiлася, гэта наканавана iм было.
На ўсё жыццё запомнiўся Едыгею той шлях па саразеках ад Кумбеля да Баранлы-Бураннага. Спярша яны кiравалi паўз чыгунку, але паступова адхiлiлiся i ўжо iшлi ўзгоркамi. Як растлумачыў Казангап, яны зрэзалi наўскасы кiламетраў дзесяць, бо чыгунка рабiла тут вялiкую дугу, абыходзячы два вялiкiя такыры высахлыя колiшнiя салёныя азёры. Соль ды макрэча выступаюць з нетраў балотных i сёння. Кожнай вясны салёная раўнiна гэтая прачыналася – забалочвалася, рабiлася недаступнай для чалавека, а пад лета бралася белай цвярдой карой солi i была як камень да наступнай вясны. Пра тое, што некалi было тут вялiзнае салёнае возера, Казангап расказваў паводле слоў геолага па саразеках Елiзарава, з якiм пасля Буранны Едыгей моцна пасябраваў. Разумны быў чалавек.
А Едыгей, тады яшчэ не Буранны Едыгей, а проста выпадкова стрэчны мясцоваму пуцейцу казах, паранены франтавiк з неўладкаваным жыццём, даверыўшыся Казангапу, пакiраваў з жонкай у пошуках работы i прыстанку на невядомы раз'езд Баранлы-Буранны, не думаючы, што застанецца там на ўсё жыццё.
Вялiзная, бязмежная пространь нядоўга зялёных пасля вясны саразекаў аглушыла Едыгея. Наўкол Аральскага мора таксама багата стэпаў i раўнiн, чаго вартае адно Вусць-Урцкае плато, але такую пустэльнасць даводзiлася бачыць упершыню. I як потым зразумеў Едыгей, толькi той мог астацца на адзiноце з нематою саразекаў, хто ў стане быў суаднесцi велiч пустынi з уласным духам. Так, вялiзныя яны, саразекi, але жывая думка чалавечая аблятае i iх. Мудры быў Елiзараў, умеў растлумачыць тое, што няўцямна выспявала ў няпэўных здагадках.
Хто ведае, як адчулi б сябе Едыгей i Укубала, паглыбляючыся ў саразекi, каб не Казангап, што ўпэўнена крочыў наперадзе, вёў на повадзе вярблюда. Едыгей жа ехаў верхам сярод рознага ладунку. Вядома, Укубала павiнна была ехаць верхам, а не ён. Але Казангап i асаблiва сама Укубала настаялi, амаль прымусiлi Едыгея ўзлезцi на вярблюда: "Мы здаровыя людзi, а табе трэба сiлы берагчы". Вярблюд быў малады, яшчэ нямоглы для такiх нагрузак, таму двое iшлi побач, а трэцi ехаў верхам. Гэта на цяперашнiм Едыгеевым Каранары спакойна ўладкавалiся б трое i спакойна, гадзiны за тры, чатыры прытрухалi б да месца. А яны дабiралiся тады дзень, бо трапiлi ў Баранлы-Буранны толькi ноччу.
Але дарога ў размовах ды разглядваннi незнаёмых мясцiн здалася не такой i доўгай. Казангап расказваў пра тутэйшую жытку, расказваў пра тое, як трапiў сюды, на чыгунку. Гадоў было яму не так багата, дазналiся, трыццаць шосты пайшоў тады, перад самым канцом вайны. Паходзiў ён з прыаральскiх казахаў. Ягоны аул Бешагач аддзялялi ад Жангельдзi трыццаць кiламетраў па ўзбярэжжы. I хоць даўно ўжо Казангап паехаў адтуль, ён нi разу не наведаў свой Бешагач. Былi на тое прычыны. Бацьку ягонага, выяўляецца, выслалi, раскулачыўшы, i неўзабаве ён памёр недзе па дарозе, вяртаючыся са ссылкi, калi высветлiлася, што нiякi ён не кулак, што трапiў ён пад перагiб i што памылкова, дарэмна так жорстка абышлiся з такiмi сераднякамi-гаспадарамi, як ён. Далi адбой, але позна было ўжо. Сям'я – браты, сёстры – раскiдалiся тым часам хто куды, толькi б ад сваiх мясцiн далей. I з той пары пра iх не чуваць нiчога. Казангапа, тады маладога хлопца, асаблiва порсткiя актывiсты ўсё падбухторвалi выступiць на сходзе з асуджэннем бацькi, каб ён сказаў на людзях, што горача падтрымлiвае лiнiю, што бацька ягоны быў правiльна асуджаны як варожы элемент, што ён адракаецца ад такога бацькi, што такiм, як ягоны бацька, класавым ворагам няма месца на зямлi i паўсюль iх павiнна чакаць немiнучая пагiбель.
Давялося Казангапу падацца ў няблiзкi свет, каб уратавацца той ганьбы. Цэлых шэсць год працаваў ён у Бетпак-Дале – у Галодным стэпе пад Самаркандам. Зямлю тую, адвеку не чапаную, пачыналi тады асвойваць пад бавоўну. Людзi былi патрэбныя да зарэзу. Жылi ў бараках, капалi канавы. Грабаром быў, трактарыстам быў, брыгадзiрам быў, грамату ганаровую атрымаў Казангап за ўдарную працу. Там i ажанiўся. У Галодны стэп ехалi тады людзi на заробкi з усiх бакоў. З-пад Хiвы прыехала каракалпачка Букей разам з сям'ёй брата на бетпак-далiнскiя работы. А выйшла так, што суджана было iм сустрэцца. Ажанiлiся ў Бетпак-Дале i рашылi вярнуцца на радзiму Казангапа, на Аральскае мора, да сваiх людзей, на сваю зямлю. Але толькi не прадумалi ўсё да канца. Ехалi доўга, з перасадкамi, а калi яшчэ адну перасадку пачалi рабiць, на Кумбеле, сустрэў Казангап выпадкова сваiх аральскiх землякоў i зразумеў з размоў, што не варта яму вяртацца ў Бешагач. Справамi i цяперашнiмi там займалiся ўсё тыя ж перагiбшчыкi. А калi так, не стаў Казангап вяртацца ў свае мясцiны. Не таму, што нечага баяўся, цяпер у яго была грамата самога Ўзбекiстана. Не хацелася бачыць людзей, што гатовыя былi зганьбiць яго. Як пасля ўсяго спакойна вiтацца, рабiць выгляд, што нiчога не адбылося!
Казангап не любiў пра гэта ўспамiнаць i не разумеў, што, акрамя яго, пра тое даўно ўжо забылiся. За доўгiя-доўгiя гады, што мiнулi пасля прыезду ў саразекi, толькi разы са два даў ён адчуць, што для яго няма забытага. Аднойчы сын зрабiў яму прыкра, другiм разам сам Едыгей няўклюдна пажартаваў.
Падчас аднаго з прыездаў Сабiтжана сядзелi яны ўсе за чаем, гаворкi вялi, навiны гарадскiя абгаворвалi. Расказваў, мiж iншым, Сабiтжан, пасмейваючыся, што тыя казахi ды кiргiзы, якiя ў гады калектывiзацыi аселi ў Сiньцзяне, цяпер зноў вяртаюцца. Там iх Кiтай так прыцiснуў у камунах – есцi забаранiлi людзям дома, толькi з агульнага катла тры разы на дзень – вялiкiя i малыя ў чарзе з мiсамi. Кiтайцы iм такое паказалi, што бягуць яны адтуль, як пяты апёкшы, пакiдаўшы ўсю маёмасць. У ножкi кланяюцца, укленчваюць – толькi пусцiце назад.
– Што тут добрага? – пазмрачнеў Казангап, i вусны ягоныя затрымцелi ад гневу. З iм такое здаралася не часта, калi не сказаць, – бадай, нiколi, бо з сынам гэтак не гаварыў ён, наўпроцi, заўсёды ледзь не хукаў на яго, вучыў, нi ў чым не адмаўляў, верачы, што той выйдзе ў не абы-якiя людзi. – Навошта ты смяешся з гэтага? – дадаў ён глуха, усё больш чырванеючы. – Гэта ж бяда людская.
– А як жа мне гаварыць? Во дзiва! – запярэчыў Сабiтжан. – Як ёсць, так i гавару.
Бацька нiчога не адказаў, адставiў ад сябе пiялу з чаем. Ягонае маўчанне рабiлася невыносным.
– I наогул, на каго крыўдаваць? – здзiўлена пацiскаючы плячыма, загаварыў Сабiтжан. – Не разумею. Яшчэ раз кажу – на каго крыўдаваць? На сам час – яго не спынiць. На ўладу – не маеш права.
– Ведаеш, Сабiтжан, мая справа, яна пад сiлу мне. У iншыя справы я не лезу. Але запомнi, сын, я думаў, што ты сваiм розумам ужо дайшоў, дык вось запомнi. Толькi на бога не можа быць крыўды – калi смерць пашле, значыцца, жыццю канец надышоў, на тое i нарадзiўся, – а за ўсё астатняе на зямлi можна спытаць! – Казангап падняўся з месца i, не гледзячы нi на каго, раззлаваны, выйшаў з дому, пайшоў некуды...
А другiм разам, шмат год пасля таго, калi абжылiся, атайбавалiся ў Баранлы-Буранным, калi нарадзiлiся i выраслi дзецi, заганяючы пад вечар жывёлу ў загон, а было тое вясной, Едыгей пажартаваў, гледзячы на ладнаваты ўжо авечы статак:
– Разбагацелi мы з табой, Казаке, хоць ты бяры ды раскулачвай нас нанова!
Казангап зiрнуў на яго порстка, аж вусны натапырылiся.
– Ты гавары, ды не загаворвайся!
– Ды ты што, жартаў не разумееш, цi як?
– З гэтым не жартуюць.
– Ды кiнь ты, Казаке. Сто год мiнулася...
– У тым i справа. Дабро адбяруць у цябе – не прападзеш, выжывеш. А як душу растопчуць, гэта не паправiць ужо...
Але ў той дзень, калi яны iшлi саразекамi з Кумбеля ў Баранлы-Буранны, да тых размоў было яшчэ далёка. I яшчэ нiхто не ведаў, як i чым скончыцца ўсё на новым месцы, цi доўга здолеюць там пратрымацца, прыжывуцца цi пойдуць далей па свеце. Проста гаворка iшла пра жытку, i Едыгей пацiкавiўся, як здарылася, што Казангап на фронт не трапiў, мо хвароба якая знайшлася?
– Не, дзякуй богу, здаровы я, – адказаў Казангап, – нiякай хваробы ў мяне не было, i ваяваў бы, думаю, не горш за iншых. Тут па-другому сталася...
Пасля таго як не адважыўся Казангап вяртацца ў Бешагач, засталiся яны на станцыi Кумбель, а то ж дзе яшчэ. Зноў у Галодны стэп – далёка надта, ды i навошта тады было вяртацца адтуль? На Арал – таксама перадумалi. А начальнiк станцыi, добры чалавек, заўважыў iх, гаротных, i распытаўшы, адкуль яны i чым думаюць займацца, пасадзiў Казангапа i Букей на таварняк да раз'езда Баранлы-Буранны. Там, сказаў, патрэбны людзi, вас там чакаюць. Запiску напiсаў начальнiку раз'езда. I не памылiўся. Як нi гнятлiва, цяжка было нават у параўнаннi з Галодным стэпам – там людзей была процьма, праца кiпела, – як нi страшна было ў бязводных саразеках, але памалу звыклiся, прыцярпелiся i зажылi. Што нi кажы, а самi сабе гаспадары. Абое лiчылiся пуцявымi рабочымi на перагонах, хоць i рабiлi ўсё, што мелася там рабiць. Вось так i пачалося iх сумеснае жыццё, Казангапа i ягонай маладой жонкi Букей, на тым бязлюдным раз'ездзе. Праўда, парывалiся разы са два, ашчадзiўшы грошай, перабрацца куды-небудзь у iншае месца, блiжэй да станцыi цi горада, але пакуль яны збiралiся, тут i вайна пачалася.
I пайшлi эшалоны праз Баранлы-Буранны на захад з салдатамi, на ўсход з эвакуацыйнымi, на захад са збожжам, на ўсход з параненымi. Нават на такiм глухiм паўстанку можна было адчуць, як увачавiдкi i пачыналася ўсё ў вялiкiм свеце...
Раз-пораз раўлi паравозы, патрабуючы адкрыцця семафораў, а насустрач iм зноў жа гудкi... Шпалы не вытрымлiвалi нагрузкi, угiналiся, раней часу адраблялi сваё рэйкi, трацячы форму ад нагрузак. Ледзь паспявалi замянiць палатно ў адным месцы, тэрмiнова патрабаваўся рамонт у другiм.
I нi канца, нi краю – i адкуль толькi бралiся людзi, эшалон за эшалонам iмчалi на фронт удзень i ўночы, тыднямi, месяцамi, а потым i гадамi. I ўсё на захад – туды, дзе свет iшоў на свет, i было тое не на жыццё, а на смерць...