355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Чингиз Айтматов » Буранны паўстанак (на белорусском языке) » Текст книги (страница 17)
Буранны паўстанак (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 23:49

Текст книги "Буранны паўстанак (на белорусском языке)"


Автор книги: Чингиз Айтматов



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 18 страниц)

Шмат дзён хадзiў Едыгей пад уражаннем атрыманага лiста. Здзiўляўся Едыгей таму, як змянiўся ён сам, быццам моцы яму дадалося. Тады ён i падумаў упершыню, што, мабыць, гэта перад блiзкай старасцю...

Лiст Елiзарава быў нiбы нейкiм рубяжом – жыццё да пiсьма i пасля яго ўсё, што было да пiсьма, – адышло, як вада ад берага, усё, што пасля, – спакойна лiчыла днi, нiбы напамiнаючы, што яно будзе цягнуцца доўга, хоць i не бясконца. I радасць спазнаў Едыгей пасля паштоўкi i смутак... Значыць, Зарыпа замужам?.. Гэтая навiна яшчэ раз прымусiла яго перажыць цяжкiя хвiлiны. Ён i раней, яшчэ да паштоўкi, думаў пра замуства Зарыпы. А ў Алма-Аце, калi ягоныя ўсе думкi былi занятыя гэтай сям'ёй, iхняй бядой, – нешта нiбы абрынулася на яго, наляцела, як грымотны цягнiк на раз'ездзе, i кiнула з адхону вобзем. Што гэта было? Прадчуванне бяды? Дзесьцi яно нараджалася, спялела? У якiм куточку душы?..

З Алма-Аты ж Едыгей вяртаўся ў прыўзнятым, добрым настроi. Усюды, дзе яны пабывалi з Елiзаравым, iх прымалi прыветлiва i добразычлiва. У той дзень, калi Едыгей пакiдаў Алма-Ату, Елiзараў накармiў яго абедам у прывакзальным рэстаране. Часу да адыходў цягнiка было дастаткова, i яны добра паабедалi i пагаварылi добра i шчыра. Афанасiй Iванавiч выказаў тады сваю запаветную думу. Ён, былы маскоўскi камсамолец, якi апынуўся ў дваццатыя гады ў Туркестанскiм краi i спачатку змагаўся з басмачамi, а потым застаўся тут на ўсё жыццё, каб займацца геалагiчнай навукай, лiчыў, што зусiм недарма ўвесь свет ускладае надзеi на краiну, дзе была здзейснена Кастрычнiцкая рэвалюцыя. Як цяжка нi даводзiлася разлiчвацца за памылкi, але рух наперад па неспазнаным шляху не спынiўся – i ў гэтым сутнасць гiсторыi. I яшчэ ён сказаў, што цяпер рух набярэ новую моц. "Калi мы можам сказаць сабе адкрыта пра гэта, значыць, ёсць у нас сiлы для будучынi", – сказаў Елiзараў.

З гэтым настроем i вярнуўся Буранны да сябе ў саразекi.

Глядзеў на горы, глядзеў на вясеннюю далеч i думаў Едыгей, што ёсць на зямлi верныя людзi – i слову, i справе; такiя, як Елiзараў, i што без такiх, як ён, чалавеку на зямлi было б цяжка. I яшчэ думаў аб тым, што калi б застаўся жыць Абуталiп, дык зараз бы вунь якiм чалавекам быў! Калi б застаўся жывы... Зарыпа чакала б яго да апошняга дня. Дальбог, такая жанчына дачакалася б свайго мужа. А калi няма каго чакаць, то навошта маладой жанчыне нiшчыцца ў адзiноце? Мо сустрэнецца добры чалавек. Едыгей ажно расхваляваўся ад гэтых думак. Хацеў пераключыць увагу на нешта iншае, але нiчога не атрымалася.

А цягнiк iшоў, пакалыхваючыся.

...З чорных гор калi пойдзе качэўе,

З сiнiх гор калi пойдзе качэўе,

Ты не чакай мяне на кiрмашы, Бегiмай...

...Цягнiкi ў тых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход.

А збоч чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустэльная пространь Сары-Азекi – Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў. У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася ад чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна.

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход.

Вялiкi каршун-белахвост ляцеў высока ў небе над сваiм гняздом, што тулiлася да Малакумдычапскай стромы. Ён аблётваў свае ўладаннi двойчы – да паўдня i папаўднi.

Уважлiва праглядаючы роўнядзь стэпу, заўважаючы ўсё, што варушылася ўнiзе, аж да маленькiх жукоў i вёрткiх яшчарак, каршун паволi ляцеў над саразекамi, паважна памахваючы крыламi, паступова набiраючы вышыню, каб як мага далей бачыць пад сабою стэп, i адначасова наблiжаўся да аблюбаванага раней месца палявання – да тэрыторыi закрытай зоны. З той пары, як гэты вялiкi раён быў агароджаны, тут прыкметна прыбавiлася жывога, асаблiва птушак, бо лiсы i iншыя драпежнiкi ўжо не адважвалiся забягаць сюды. Затое каршуну агароджа была хоць бы што. Яна яму была хiба на карысць. Але не заўсёды. Тры днi таму ён зверху ўбачыў маленькае зайчаня,i калi каменем кiнуўся на яго, дык той паспеў схавацца пад агароджу, а каршук ледзь не напароўся з лёту на шыпы. Ледзь вывернуўся, ледзь ухiлiўся, узляцеў крута i злосна ўверх. Некалькi пярынак засталося на агароджы. З той пары каршун як мага далей трымаўся гэтай небяспечнай загарадзi.

У гэты дзень з ранiцы – у першы, а цяпер у другi свой залёт – ён заўважыў вялiкае ажыўленне людзей i машын на бетоннай пространi касмадрома. Машыны снавалi ўзад i ўперад i асаблiва часта кружылi вакол канструкцый з ракетамi. Гэтыя ракеты, нацэленыя ў неба, ужо даўно стаялi асобна на сваiх пляцоўках, i да iх ужо даўно прывык каршун. Але сёння тут нешта незразумелае дзеялася. Задужа многа машын, занадта многа людзей, занадта вялiкi рух...

Заўважыў каршун i тое, што той чалавек, якi нядаўна прыехаў на вярблюдзе, два трактары i рыжы лахматы сабака стаялi цяпер ля калючага дроту знадворку, быццам бы не маглi яго пераадолець... Рыжы сабака раздражняў каршуна сваiм гультаяватым выглядам i асаблiва тым, што бадзяўся каля людзей, але каршун не стаў якiм-небудзь чынам выказваць свае адносiны да рыжага сабакi, i не папускацца ж каршуну да яго... Ён проста кружыў над гэтым месцам, глядзеў, што будзе далей, што збiраецца рабiць гэты рыжы сабака...

Едыгей падняў свой барадаты твар i ўбачыў у небе каршуна. "Белахвосты, вялiкi, – падумаў ён. – Эх, быў бы я каршуном, нiхто мяне не затрымаў бы".

У гэты час наперадзе на дарозе паказалася машына. "Едзе! – узрадаваўся Буранны Едыгей. – Ну, дай божа, усё ўладзiцца!" Газiк хутка прымчаўся да шлагбаўма i рэзка спынiўся каля дзвярэй паставога памяшкання. Паставы адразу выцягнуўся i аддаў чэсць начальнiку па варце лейтэнанту Тансыкбаеву, як толькi той выйшаў з машыны, i пачаў дакладваць:

– Таварыш лейтэнант, дакладваю вам...

Але начальнiк каравула спынiў паставога на паўслове i звярнуўся да людзей, якiя стаялi каля шлагбаўма.

– Хто тут пабочныя? Хто чакае? Гэта вы? – спытаў ён, звяртаючыся да Бураннага Едыгея.

– Бiз бiзрой, карагым. Ана-Бейiтке желтэй турып калдык. Калай да болса, жардомдзеш, карагым*, – сказаў Едыгей, стараючыся павярнуцца так, каб малады афiцэр убачыў на грудзях яго ўзнагароды.

* Мы, гэта мы, сынок. Не прапускаюць нас на могiльнiк. Зрабi што-небудзь, дапамажы нам, сынок.

На лейтэнанта Тансыкбаева гэта не зрабiла нiякага ўражання, ён толькi кашлянуў i, калi стары Едыгей намерыўся зноў загаварыць з iм, холадна перапынiў яго:

– Таварыш, звяртайцеся да мяне на расейскай мове. Я асоба пры выкананнi службовых абавязкаў, – растлумачыў ён, хмурачы чорныя бровы над раскосымi вачамi.

Буранны Едыгей вельмi збянтэжыўся:

– Э-э, прабач, прабач. Калi не так, то прабач. – I, ужо зусiм разгубiўшыся, змоўк, забыўшыся нават пра тое, што ён яшчэ меў сказаць.

– Таварыш лейтэнант, дазвольце мне далажыць нашу просьбу, – iдучы на дапамогу старому, звярнуўся да афiцэра Доўгi Эдыльбай.

– Расказвайце, толькi карацей, – папярэдзiў начальнiк каравула.

– Адну хвiлiначку. Няхай прысутнiчае пры гэтым сын памершага. – Доўгi Эдыльбай павярнуўся ў бок Сабiтжана. – Сабiтжан, гэй, Сабiтжан, падыдзi сюды!

Але той толькi адмахнуўся:

– Дамаўляйцеся самi.

Доўгаму Эдыльбаю давялося пачырванець.

– Прабачце, таварыш лейтэнант, ён пакрыўдзiўся, што так атрымалася. Гэта сын памершага, нашага старога Казангапа. I тут яшчэ зяць яго, вунь ён, у прычэпу.

Зяць, падумаўшы, што яго завуць, пачаў злазiць з прычэпа.

– Гэтыя дэталi мяне не цiкавяць. Гаварыце па сутнасцi, – прапанаваў лейтэнант.

– Добра.

Доўгi Эдыльбай пачаў дакладваць – хто яны i адкуль, з якой мэтай i чаму з'явiлiся тут. I пакуль ён гаварыў, Едыгей сачыў за тварам лейтэнанта Тансыкбаева, усё больш разумеючы, што нiчога добрага з гэтага не выйдзе. Той i стаяў на той бок шлагбаўма толькi для таго, каб безуважна слухаць скаргу пабочных асоб. Едыгей гэтак усё зразумеў. I ўсё тое, што было звязана са смерцю Казангапа, усё тое, што ён зрабiў, каб пераканаць сваiх у перавагах пахавання на могiльнiку Ана-Бейiт, усе яго спадзяваннi, усё тое, у чым ён бачыў сваю сувязь з саразекскай даўнiной – усё гэта ўмiг зрабiлася марнасцю, нiчым, усё гэта здалося дарэмным, нiкчэмным перад асобай Тансыкбаева. Едыгей стаяў зняважаны ў сваiх лепшых пачуццях. Смешна i крыўдна было яму за баязлiвага Сабiтжана, якi яшчэ толькi ўчора плявузгаў пра багоў, пра людзей, якiмi кiруюць па радыё, а цяпер во, нават не пажадаў падысцi! Смешна i крыўдна было яму за недарэчна прыбранага ў дывановую покрыўку Бураннага Каранара нашто i каму гэта трэба было цяпер? Гэты лейтэнант Тансыкбаеў, якi нават не пажадаў гаварыць на роднай мове, – няўжо ён мог ацанiць убранне Каранара? Смешна i крыўдна было Едыгею за няшчаснага Казангапавага зяця-алкаголiка, якi праехаў далёкi шлях у дрогкiм прычэпу, каб быць побач з целам памершага, а цяпер падышоў во i стаяў побач, спадзеючыся, што iх яшчэ прапусцяць на могiльнiк. Нават за сабаку свайго, за рыжага Жалбарса, смешна i крыўдна было Бураннаму Едыгею – навошта ўвязаўся ён за iмi па сваёй добрай волi i чаго цярплiва чакае? Навошта гэта ўсё яму, сабаку? А можа, ён i адчуваў, што кепска будзе яго гаспадару, таму i ўвязаўся за iмi, каб быць у такi час побач? У кабiнах сядзелi маладыя хлопцы-трактарысты Калiбек i Жумагалi – што яны цяпер падумаюць пасля ўсяго гэтага?

Зняважаны i расхваляваны Едыгей вялiкiм намаганнем волi стараўся заглушыць гнеў, якi падымаўся ў iм вялiкай хваляй. Не, не меў ён права не саўладаць з сабою, пакуль нябожчык ляжаў у прычэпу. Не да твару старому чалавеку абурацца i павышаць голас. Так думаў ён, сцiскаючы зубы, каб не выдаць нi словам, нi жэстам тое, што рабiлася ў iм у гэты час.

Як i чакаў Едыгей, пасля размовы Доўгага Эдыльбая з лейтэнантам Тансыкбаевым становiшча было не ў iх карысць.

– Нiчым не магу вам дапамагчы. Уезд на тэрыторыю зоны пабочным асобам катэгарычна забаронены, – сказаў лейтэнант, выслухаўшы Доўгага Эдыльбая.

– Мы не ведалi пра гэта, таварыш лейтэнант. А iначай мы не прыязджалi б сюды. Але калi так здарылася, што мы аказалiся тут, то папрасiце вышэйшае начальства, каб нам дазволiлi пахаваць чалавека. Не везцi ж нам яго назад.

– Я ўжо дакладваў па службе. I атрымаў указанне не прапускаць нiкога нi па якой прычыне.

– Якая там прычына, таварыш лейтэнант? – здзiвiўся Доўгi Эдыльбай. – Сталi б мы шукаць прычыну. Нашто? Што мы там не бачылi, у вашай зоне? Калi б не пахаванне, то нашто нам так далёка ехаць?

– Я ж вам яшчэ раз тлумачу, таварыш пабочны, – сюды ўваходу няма нiкому.

– Што значыць пабочны! – нечакана падаў голас зяць-алкаголiк, якi да гэтага часу маўчаў. – Хто гэта пабочны? Мы пабочныя? – сказаў ён, i твар у яго пачырванеў, i вусны сталi шызыя.

– Менавiта, з якiх гэта часоў? – падтрымаў яго Доўгi Эдыльбай.

Стараючыся трымацца нейкай мяжы, зяць-алкаголiк не павысiў голасу, а толькi сказаў, разумеючы, што дрэнна ўмее размаўляць па-расейску, сказаў, глытаючы словы:

– Гэта наш, наш саразекскi могiльнiк. Зразумей, нарэшце. Усе мы, саразекскiя, маем права пахаваць тут свайго чалавека. Калi тут некалi хавалi Найман-Ану, каму магло прыйсцi ў галаву, што тут будзе закрытая зона?

– Я не збiраюся распачынаць з вамi спрэчку, – заявiў на гэта лейтэнант Тансыкбаеў. – Як начальнiк каравульнай службы я яшчэ раз заяўляю – на тэрыторыю зоны нiякага доступу няма i не будзе.

Усе змоўклi. "Толькi б вытрымаць, толькi б не аблаяць яго!" Угаворваючы сябе, Буранны Едыгей глянуў угору i зноў убачыў таго каршуна, якi плаўна кружыў у небе. I зноў пазайздросцiў ён гэтай упэўненай i дужай птушцы. I вырашыў, што далей няма чаго выпрабоўваць лёс, прыйдзецца вяртацца. I, глянуўшы яшчэ раз на каршуна, Едыгей сказаў:

– Таварыш лейтэнант, мы паедзем. Але перадай таму, хто там у вас генерал цi яшчэ большы, – так нельга! Я, стары салдат, гавару – гэта няправiльна.

– Што правiльна, а што не – абмяркоўваць я не маю права. I каб у далейшым вы ведалi, мне загадалi ўсiм сказаць, што могiльнiк падлягае лiквiдацыi.

– Ана-Бейiт? – перапытаў Доўгi Эдыльбай.

– Але. Калi яго так называюць.

– А чаму ён перашкаджае, гэты могiльнiк?

– Там будзе новы мiкрараён.

– Нехта ж прыдумаў, – развёў рукамi Доўгi Эдыльбай. – Вам месца не хапае, цi што?

– Так запланавана.

– Слухай, а хто твой бацька? – спытаў, гледзячы ў вочы лейтэнанту Таксынбаеву, Буранны Едыгей.

Той вельмi здзiвiўся:

– Гэта яшчэ нашто? Якая вам да гэтага справа?

– Цi твае бацькi не памiралi, цi ты сам не памрэш?

– Гэта не мае нiякiх адносiн да справы.

– Добра, давай па справе. Тады давай, таварыш лейтэнант, сюды таго, хто ў вас самы галоўны, няхай мяне выслухае. Я патрабую, каб дазволiлi мне выказаць сваю скаргу самаму галоўнаму вашаму начальнiку. Скажы, што стары франтавiк, саразекскi жыхар Едыгей Жангельдзiн хоча сказаць яму некалькi слоў.

– Гэтага я зрабiць не магу. У мяне iнструкцыя, як трэба дзейнiчаць у такiх абставiнах.

– Дык не можаш без iнструкцыi? А што ты можаш? – зноў улез у гутарку зяць-алкаголiк. I сказаў у адчаi: – Мiлiцыя на рынку i то лепшая!

– Прашу паводзiць сябе прыстойна! – выпрастаўся, аж збялеў начальнiк каравула. – Забярыце гэтага ад шлагбаўма i вызвалiце дарогу ад трактароў!

Едыгей i Доўгi Эдыльбай схапiлi зяця-алкаголiка i пацягнулi яго прэч, да трактароў на дарозе, а ён усё працягваў крычаць, аглядаючыся:

– Саган жол жатпейдзi, саган жэр да жайпейдзi! Урдым сандзейдзiн! Табе i дарогi мала, i зямлi мала! Пляваў я на цябе!

Сабiтжан, якi ўвесь гэты час маўчаў, змрочна праходжваючыся паблiзу, вырашыў даць знаць пра сябе:

– Ну што? Ад варот паварот? А што я казаў? Так яно i павiнна было быць! Ана-Бейiт! Бач ты! А цяпер як пабiтыя сабакi!

– Гэта хто пабiты сабака? – кiнуўся да яго не на жарт узлаваны зяць-алкаголiк. – Калi ёсць сярод нас сабака, дык гэта ты, свалата! А яшчэ нос дзярэш! Я – дзяржаўны чалавек! Ды якi ты чалавек! Такi, як i гэтыя...

– А ты, п'янтос, язык не распускай! – крыклiва папярэдзiў Сабiтжан, каб чуваць было i на пасту. – Я б на iх месцы за такiя словы адправiў бы цябе як далей, каб духу твайго блiзка не было!

Пасля гэтых слоў Сабiтжан павярнуўся спiной, маўляў, пляваць мне на цябе i на тых, хто з табой, i, праяўляючы раптам актыўнасць, па-гаспадарску, моцна i патрабавальна пачаў загадваць трактарыстам:

– А вы чаго раты паразяўлялi? Ану заводзьце машыны! Як прыехалi, так i паедзем! Да д'ябла ўсё! Давай паварочвай! Хопiць! Пабылi дурнямi! Паслухалiся разумнiкаў!

Калiбек завёў трактар i пачаў асцярожна разварочваць прычэп на выезд, тым часам зяць-алкаголiк ускочыў у прычэп i заняў сваё месца каля нябожчыка. А Жумагалi чакаў, калi Буранны Едыгей адвяжа свайго Каранара ад каўша экскаватара. Пабачыўшы гэта, Сабiтжан яшчэ болей стаў прыспешваць:

– Чаго вочы вылупiў? Давай заводзь! Круцi назад! Пахаваў паважанага нябожчыка... Круцi дахаты...

Пакуль Буранны Едыгей садзiўся на вярблюда – трэ было спачатку прымусiць яго прылегчы, потым узгламаздзiцца i зноў падняць жывёлiну на ногi, трактары загурчалi i рушылi дамоў. Па сваiх слядах. I нават чакаць не сталi. Гэта Сабiтжан, якi сядзеў у першым трактары, прыспешваў...

А ў небе кружыў усё той жа каршун. Сачыў за рыжым сабакам, якi чамусьцi раздражняў яго. I няўцям было каршуну, чаму сабака не пабег, калi рушылi трактары, а застаўся каля чалавека з вярблюдам, чакаў, пакуль той сядзе верхам, каб потым патрухаць следам.

Людзi на трактарах, а за iмi – верхнiк на вярблюдзе, а за iм – рыжы сабака зноў вярталiся саразекамi паўз Малакумдычапскую строму, дзе на пясчаным грудку было каршунова гняздо. Iншым часам каршун занепакоiўся б, падаў голас, трымаўся б зводдаль, але не спускаў бы вока з чужынцаў; нават паклiкаў бы сваю сяброўку, што недзе блiзка палявала, каб i яна была побач – раптам трэба будзе баранiць гняздо; але сягоння каршуну турбавацца было няма чаго – дзецi даўно аперылiся...

Хiжак сачыў за людзьмi паводле звычкi бачыць усё, што рабiлася ў ягоных уладаннях. Асаблiва яго цiкавiў рыжы сабака, што неадлучна быў з людзьмi. Што прывязала яго да iх, чаму ён не палюе сам па сабе? Навошта яму такое жыццё? I яшчэ прыцягвала каршунову ўвагу нешта блiскучае на грудзях у чалавека, што ехаў на вярблюдзе. Менавiта таму каршун адразу заўважыў, як чалавек на вярблюдзе раптам крута павярнуў i пачаў абганяць трактары, пакуль яны мiналi сухадол. Чалавек паганяў вярблюда ўсё хутчэй i хутчэй, размахваючы плёткай, вярблюд роўна бег, шырока i далёка выкiдваючы ногi, а рыжы сабака стараўся не адстаць...

Так было нейкi час, пакуль чалавек на вярблюдзе не абагнаў трактары i не спынiўся ўпоперак дарогi. I трактары затармазiлi.

– Што? Што там здарылася яшчэ? – высунуўся з кабiны Сабiтжан.

– Нiчога. Глушы маторы, – загадаў Буранны Едыгей. – Размова ёсць.

– Якая яшчэ размова? Не затрымлiвай.

– Меней балбачы. Хаваць будзем тут.

– Адыдзi! – узлаваўся Сабiтжан, торгаючы на шыi гальштук, ужо скамечаны i недалужны. – Я сам буду хаваць на раз'ездзе.

– Слухай, Сабiтжан! Бацька твой, нiхто не спрачаецца. Але ж на свеце не ты адзiн. Ты паслухай усё-такi. Што здарылася там на пасту, ты сам бачыў, сам чуў. Нiхто не вiнаваты. Але падумай пра другое. Калi гэта было, каб мёртвага вярталi з пахавання дамоў? Такога не бывала. Гэта ганьба на нашы галовы. Нiколi такога не было.

– Не я сюды вёз, – запярэчыў Сабiтжан.

– Я вёз. Мы!.. Нельга вяртацца з нябожчыкам. Сорам. Падумай. Ганьбы нiчым не змыеш.

Тым часам з кабiны экскаватара вылез Доўгi Эдыльбай, з'явiўся i зяць-алкаголiк. Экскаватаршчык Жумагалi таксама падышоў даведацца, што здарылася, чаму Буранны Едыгей верхам на Каранары заступаў iм дарогу.

– Слухайце, джыгiты, – казаў ён. – Адвеку так было i будзе. З могiлак нябожчыка не прывозяць назад. Каго павезлi хаваць, той павiнен быць пахаваны. Вось Малакумдычапская строма. Гэта таксама наша зямля, саразекская! Тут, на Малакумдычапе, Найман-Ана вялiкi плач свой мела. Паслухайце мяне, старога Едыгея. Няхай будзе тут Казангапава магiла. I мая магiла таксама няхай будзе тут. Бог дасць самi пахаваеце. Пра гэта буду малiць вас. А цяпер яшчэ не позна, ёсць час – вунь там, на самым абрыве аддадзiм нябожчыка зямлi.

Доўгi Эдыльбай глянуў туды, куды паказваў Едыгей.

– Цi праедзе твой экскаватар? – спытаў Жумагалi.

– Ды праедзе, чаму ж не!

– А я кажу, хопiць здзекавацца! Паехалi на раз'езд! – закрычаў Сабiтжан.

– Якi над табой здзек? Гэта ж здзек будзе, калi нябожчыка прывязем назад, – сказаў яму Жумагалi. – Ты сам падумай.

Усе змоўклi.

– Вось што, вы як хочаце, – сказаў Жумагалi, – а я паеду магiлу капаць. Трэба выкапаць яму як глыбей. Пакуль яшчэ час ёсць. Да цемнаты.

I Жумагалi, завёўшы экскаватар, вырулiў на абочыну i пакiраваў на пагорак, а адтуль – на строму. Туды ж пайшоў i Доўгi Эдыльбай, за iм – на Каранары Буранны Едыгей.

Каршун раптам убачыў, як людзi заварушылiся на строме. Адна з машын пачала торгацца, выграбаючы зямлю i складваючы яе горбай каля сябе, як суслiк ля нары. Тым часам ззаду падпаўзаў трактар з прычэпам. У iм усё гэтак жа сядзеў чалавек каля нечага, загорнутага ў белае.

Каршун зразумеў, што гэтыя прышлыя доўга будуць заставацца на строме, капаючыся ў зямлi. Яму нiчога не заставалася, як зрабiць у небе круг, кiруючыся блiжэй да забароннай зоны, каб пацiкавiцца, што робiцца там, дзе быў касмадром.

А там ужо другiя суткi iшла бесперапынная работа. Удзень i ўночы. Увесь гэты раёй ноччу быў ярка асветлены сотнямi магутных пражэктараў. Было святлей, чым удзень. Дзесяткi цяжкiх i лёгкiх спецыяльных машын, а таксама людзей: вучоных i iнжынераў рыхтавалi аперацыю "Абруч".

Антыспадарожнiкi, прызначаныя для знiшчэння лятальных апаратаў у космасе, стаялi, гатовыя да пад'ёму, на асобай пляцоўцы касмадрома. Паводле ўзгаднення ОСВ-7 яны былi замарожаны да асобнай дамоўленасцi, гэтак жа, як падобныя сродкi з амерыканскага боку. Цяпер яны знаходзiлi сабе новае прымяненне ў сувязi з экстраннай праграмай па ажыццяўленню транскасмiчнай аперацыi "Абруч". Такiя ж ракеты-робаты рыхтавалiся да сiнхроннага запуску паводле аперацыi "Абруч" i на амерыканскiм касмадроме Невада.

Час старту ў саразенскiх шыротах прыпадаў на восем гадзiн вечара. Роўна ў восем нуль-нуль ракеты павiнны былi стартаваць. Паслядоўна, з iнтэрваламi ў паўтары хвiлiны, у дальнi космас павiнны былi памкнуць дзевяць саразекскiх антыспадарожнiкавых ракет, прызначаных утварыць у плоскасцi "Захад-Усход" пастаяннага дзеяння абруч наўкол зямнога шара супроць пранiкнення iншапланетных лятальных апаратаў. Невадскiм ракетам-робатам належала ўстанавiць такi ж абруч "Поўнач– Поўдзень".

Дакладна ў тры гадзiны дня на касмадроме Сары-Азек-1 уключылася кантрольна-перадпускавая сiстэма "Пяцiхвiлiнка". Праз кожныя пяць хвiлiн на ўсiх экранах i табло, па ўсiх службах i каналах успыхвалi сiгналы, якiя дублiравалiся гукам: "Да старта чатыры гадзiны пяцьдзесят пяць хвiлiн! Да старта чатыры гадзiны пяцьдзесят хвiлiн..." За тры гадзiны да старта павiнна была ўключыцца сiстэма "Хвiлiнка".

Блiзка таго часу арбiтальная станцыя "Парытэт" паспела перамянiць параметры свайго месцазнаходжання ў космасе, i адначасова былi пераведзены на другi код каналы радыёсувязi бартавых сiстэм станцыi, каб выключыць усялякую магчымасць кантактаў з парытэт-касманаўтамi 1-2 i 2-1.

А мiж тым дарэмна, нiкiм не пачутыя, з сусвету iшлi бесперапынныя радыёсiгналы парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1. Яны роспачна прасiлi не перарываць з iмi сувязь. Яны не аспрэчвалi рашэнне Абцэнупра, прапаноўваючы яшчэ i яшчэ раз вывучыць праблемы магчымых кантактаў з леснагрудскай цывiлiзацыяй, маючы найперш на ўвазе iнтарэсы зямлян; яны не настойвалi, згаджаючыся чакаць i рабiць усё, каб iх знаходжанне на планеце Лясныя Грудзi служыла на агульную карысць, але яны пярэчылi супраць аперацыi "Абруч" – супраць той глабальнай самаiзаляцыi, што вяла, як яны лiчылi, да непазбежнай гiстарычнай i тэхналагiчнай руцiны чалавечага грамадства, на пераадоленне якой спатрэбяцца тысячагоддзi... Але было позна ўжо... Нiхто на свеце не чуў iх, нiхто не здагадваўся, што ў сусветнай прасторы чалавечыя галасы моляць паслухаць iх.

Тым часам на касмадроме Сары-Азек-1 ужо ўключылася сiстэма "Хвiлiнка", няўмольна адлiчваючы наблiжэнне старту паводле аперацыi "Абруч".

Каршун, зрабiўшы чарговы аблёт, зноў паявiўся над стромай Малакумдычап. Людзi там былi занятыя сваёй справай – яны завiхалiся з рыдлёўкамi. Экскаватар ужо накапаў вялiзную горбу зямлi. Цяпер ён запускаў коўш глыбока ў яму, выграбаючы апошнюю меру грунту. Неўзабаве ён перастаў торгацца i адсунуўся ўбок, а людзi пачалi корпацца на дне ямы. Вярблюд быў на тым жа месцы, а рыжы сабака некуды знiк. Дзе ён мог быць? Каршун падляцеў блiжэй i, апiсваючы плаўны круг над абрывам, убачыў, што рыжы сабака ляжыць пад прычэпам. Сабака адчуваў сябе на выгодзе, яму нiякай справы не было да каршуна. Колькi лятаў сёння над iм, а ён нi разу нават галавы не падняў да неба. Суслiк i той, устаўшы стырчма, думае пра небяспеку. А сабаку хоць бы што, пры людзях нiчога не баiцца. I клопатаў яму няма. Каршун завiс на iмгненне, выцiснуў з сябе, нiбы дражнячыся, цi то воклiч, цi то крык. Злаваўся на сабаку...

Едыгей узняў галаву. "Зноў белахвост, усё той жа. Ужо каторы раз над галавой. Бач, як добра яму, плыве сабе, гуляе".

З дна ямы падаў голас Доўгi Эдыльбай:

– Ну што, Едыке, паглядзi, капаць яшчэ цi даволi?

Едыгей хмура схiлiўся над краем ямы.

– Бадай што даволi, толькi ўнiзе трохi трэба шырэй узяць.

Ён узяў малую канiстру з вадой i, адышоўшы за экскаватар, зрабiў амавенне, як гэта i трэба было перад малiтвай. I тады на душы ў яго паспакайнела – няхай не давялося пахаваць Казангапа на Ана-Бейiце, але затое не будзе ганьбы. Цяпер трэба неяк пастарацца вярнуцца на Баранлы-Буранны да цеменi. Абяцалi вярнуцца не пазней шасцi. А вось палова пятай ужо. I наперадзе яшчэ пахаванне i зваротны шлях. Гадзiны дзве зойме. Памiнкi будуць познiм вечарам. Але не хаваць жа чалавека абы-як.

I ён пачаў рыхтаваць сябе да апошняга рытуалу. З-за экскаватара Едыгей выйшаў да людзей з урачыстым, самавiтым выразам на твары, важна i задуменна разгладжваючы бараду.

– Сын памерлага раба божага Казангапа Сабiтжан, стань з левага боку ад мяне, а вы чацвёра прынясiце цела на край магiлы, пакладзiце нябожчыка галавой на захад сонца, – сказаў ён урачыстым голасам. I калi ўсё было зроблена, дадаў: – А цяпер станем тварам да свяшчэннай Каабы. Хай будуць вашыя далонi прад вачмi, думайце пра бога, каб словы i думкi вашыя былi пачутыя iм у гэты час.

Нiякага знаку нязгоды не пачуў ён у адказ. I быў тым задаволены, бо маглi б сказаць: кiнь, стары, галаву дурыць, ты ж не мула. Час i так падганяе.

Перш чым пачаць правiць звычай, кланяючыся перад тым направа i налева, а потым зямлi i небу – у знак падзякi тварцу за трывалае збудаванне асноў гэтага свету, сярод якiх чалавек пачувае сябе не выпадковым i не сiрочым, а нараджаецца i знiкае з урачыстай непарушнасцю ўзнiкнення i скону дня i ночы, зноў жа ўбачыў Буранны Едыгей каршуна-белахвоста. Той вiсеў у небе, ледзь шавелячы крыламi, але так толькi здавалася, бо ён плыў, робячы прызначаныя сабе кругi. Нiбы ўзнiмаў на тыя кругi i Едыгееву думку.

А ўнiзе на краi ямы, што зеўрала пустатой, ляжаў на насiлках загорнуты ў белую кашму Казангап. Гаворачы напаўголаса тое, што прызначана на такi час гаварыць усiм i кожнаму, сёння, заўтра i наперад аж да скону гэтага свету, аднолькавым чынам i для тых, каму яшчэ толькi суджана нарадзiцца, – гаворачы напаўголаса тое, што было завяшчана прарокамi, Буранны Едыгей разам з тым iмкнуўся дапоўнiць яго ўласнымi думкамi, што мелi пачатак ва ўласнай душы i ўласным вопыце. Бо недарма жыве, што нi кажы, чалавек на свеце.

"Калi ты i праўда чуеш, о божа, маю малiтву, якую паўтаралi дзяды i прадзеды, калi ты чуў iх, дык пачуеш i мяне. Адно другому не будзе перашкаджаць.

Вось мы стаiм тут, на Малакумдычапскай строме каля выкапанай Казангапавай магiлы – бязлюдным i дзiкiм месцы, таму што не ўдалося пахаваць нам яго на спадчынных могiлках. А каршун у небе глядзiць на нас, калi стаiм мы з раскрытымi далонямi i развiтваемся з Казангапам. Ты, вялiкi, калi ты ёсць, прабач нам i прымi нябожчыка, раба твайго, лiтасцiва, i калi ён таго заслугоўвае, прызнач душы ягонай вечны супакой. Усё, што ад нас залежала, мы пастаралiся зрабiць. Астатняе за табой!

А цяпер, калi ўжо я звяртаюся да цябе, паслухай мяне, пакуль я яшчэ жывы i магу мыслiць. Людзi толькi i робяць, што просяць цябе – пашкадуй, памажы, не дай у крыўду! Надта многа чакаюць ад цябе з любога выпадку – i важнага, i мiзэрнага. Забойца i той жадае ў душы, каб ты абаранiў яго. А ты ўсё маўчыш. Цяжка табе, разумею, маленням нашым няма канца. А ты адзiн. Я ж нiчога не прашу. Я толькi хачу сказаць у такi час, што я думаю.

Скрушлiва ў мяне на душы яшчэ i таму, што спадчынны могiльнiк наш, дзе знайшла супакой Найман-Ана, цяпер нам недаступны. А таму хачу я, каб i мне суджана было ляжаць на гэтым месцы, на Малакумдычапе, дзе ступала нага яе. Няхай будзе так, каб ляжаць мне побач з Казангапам, якога мы хаваем цяпер. I калi праўда, што душа пасля смерцi перасяляецца ў нешта, дык навошта мне быць мурашом, хацелася б мне абярнуцца ў каршуна-белахвоста. Каб лятаць, вунь як той над саразекамi, i глядзець не наглядзецца на зямлю сваю. Вось i ўсё.

А наконт запавету свайго я ўсё скажу маладым, што прыбылi сюды разам са мной. Скажу я iм, што наказ свой даю iм – пахаваць мяне тут. Вось толькi не бачу, хто прашэпча малiтву нада мной. У бога яны не вераць i малiтваў нiякiх не ведаюць. Бо нiхто не ведае i нiколi не ўведае, цi ёсць бог на свеце. Адны кажуць – ёсць, другiя кажуць – няма. I калi я звяртаюся да цябе з малiтвамi, дык на самай справе я звяртаюся праз цябе да сябе, i дадзена мне ў такi час мыслiць, нiбы гэта ты мыслiў сам, усемагутны. Бо ў гэтым уся справа! А яны, маладыя, пра гэта не думаюць i малiтвай пагарджаюць. Але што яны могуць сказаць сабе i другiм у вялiкi час смерцi? Шкада мне iх. Як спасцiгнуць яны патаемнасць сваю чалавечую, калi не ведаюць спосабу ўзвысiцца думкаю так, нiбы кожны з нас раптам стаў бы богам? Даруй мне гэта знушчэнства. Нiхто з iх богам не стане, але iнакш i ты перастанеш iснаваць. Калi чалавек не зможа ўявiць сябе хоць патаемна богам, што заступаецца за ўсiх, а значыць, i за яго, чалавека, дык i цябе, божа, не стане... А мне не хацелася б, каб ты панiшчыўся бясследна.

Вось i ўся дума мая i скруха мая. Даруй, аднак, калi што не так сказаў цi падумаў. Я просты чалавек, як магу, так i думаю. Зараз дагавару апошнiя словы са свяшчэнных пiсанняў, i пачнем пахаванне. Блаславi ж нас на гэтую справу..."

– Амiн, – заключыў Буранны Едыгей малiтву i, памаўчаўшы, яшчэ раз глянуў на каршуна, з пранiзлiвым смуткам, паволi абярнуўся тварам да маладзейшых, пра якiх толькi што выказаў сваю думку самому богу. Скончылася гаворка з богам. Перад iм стаялi тыя самыя пяцёра, з якiмi ён прыбыў сюды i з якiмi належала давесцi да канца пахаванне.

– Дык вось, – сказаў ён iм у роздуме, – што належала сказаць у малiтве, я сказаў за вас. Цяпер возьмемся за справу.

Скiнуўшы пiнжак з ордэнамi, Буранны Едыгей палез у яму. Яму памагаў Доўгi Эдыльбай. Сабiтжан, як сын нябожчыка, заставаўся збоч, выказваючы сваю жалобу пахiленай галавой, а тыя трое – Калiбек, Жумагалi i зяць-алкаголiк – знялi з насiлак кашмяны куль з целам i апусцiлi яго ў магiлу на рукi Едыгея i Доўгага Эдыльбая.

"Вось i настаў час разлукi! – падумаў Буранны Едыгей, укладваючы Казангапа на вечны супакой на ложа яго ў глыбiнi зямлi. – Даруй, што доўга не маглi знайсцi табе месца. Цэлы дзень вазiлi то туды то сюды. Але так ужо выйшла. Не па сваёй вiне не пахавалi мы цябе на Ана-Бейiце. Але не думай, я гэта не пакiну так. Дайду куды трэба. Пакуль жывы, не змоўчу. А ты будзь спакойны на сваiм месцы. Вялiкая, неабдымная зямля, а месца табе мала было прызначана тут. Але ты тут не будзеш адзiн. Скора i я сабяруся сюды, Казангап. Ты пачакай мяне трохi. I не сумнявайся. Калi бяды якой не здарыцца, калi памру сваёй смерцю, буду i я тут, ляжаць будзем разам. Вось так i пойдзем – з былога ў небылое. А цягнiкi будуць iсцi саразекамi, i другiя людзi будуць замест нас..."

I тут стары Едыгей не вытрываў, усхлiпнуў – усё, што было-перабыло за многiя гады iх жыцця на раз'ездзе Баранлы-Буранным, уся гэтая, здавалася б, аграмадная працягненасць у часе, усе бядоты, згрызоты i радасцi памясцiлiся ў колькi развiтальных слоў i колькi хвiлiн, якiх хапiла на пахаванне. Як многа i як мала дадзена чалавеку!

– Ты чуеш, Эдыльбай? – сказаў Едыгей, кранаючы яго плячо сваiм плячом. Ты i мяне пахавай тут, каб побач быў. I гэтак жа рукамi сваiмi, як гэта рабiлi сёння мы, мяне палажы. Ты даеш мне слова?

– Перастань, Едыке, пасля пагаворым. Ты давай вылазь на свет белы. А я тут сам усё дараблю. Супакойся, Едыке, не рвi сабе сэрца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю