355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Чингиз Айтматов » Буранны паўстанак (на белорусском языке) » Текст книги (страница 11)
Буранны паўстанак (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 23:49

Текст книги "Буранны паўстанак (на белорусском языке)"


Автор книги: Чингиз Айтматов



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 18 страниц)

Едыгей змоўк, адчуваючы прынiжанасць, дрыготкую спустошанасць нейкую. Адначасна расло, як хваля на Аральскiм моры, абурэнне, нязгода расла. Яму раптам захацелася прыдушыць гэтага вiрластага, як шалёнага сабаку, i ён ведаў, што здолеў бы гэта зрабiць. Вунь якая жылiстая i моцная шыя была ў таго фашыста, якога яму давялося задушыць уласнымi рукамi. Другога выйсця не было. Яны сутыкнулiся нечакана твар у твар у траншэi, калi выбiвалi працiўнiка з пазiцыi. Зайшлi з фланга, закiдалi траншэю гранатамi i ўжо ачысцiлi лiнii i памкнулiся з боем далей, як раптам наляцелi на гэтага. Мабыць, то быў кулямётчык, якi страляў да апошняга патрона. Лепш было б узяць яго ў палон. Гэтая думка мiльганулася ў свядомасцi Едыгея. Але той паспеў кiнуцца на яго з нажом. Едыгей барсануў яго каскай у твар, знiзу, нечакана, – i яны ўпалi абодва. I ўжо нiчога не заставалася, як учапiцца яму ў горла. А той адбiваўся, хрыпеў, шкрэбаў каля сябе пальцамi, спрабуючы намацаць выбiты нож. I кожнае iмгненне Едыгей чакаў, што ўвап'ецца яму нож у спiну, i таму з неаслабным, нечалавечым, звярыным высiлкам сцiскаў, душыў напружаную, ненавiсную шыю ненавiснага ворага. I калi той задыхнуўся i непрыемна тхлiва запахла мачой, ён расцiснуў анямелыя пальцы. Яго званiтавала тут жа, i, аблiваючыся брыдкiм кархавiннем, ён адпоўз ад таго месца. Пра гэта ён нiкому не расказваў нi тады, нi пасля. Кашмар гэты снiўся калi-нiкалi яму, i на другi дзень ён не знаходзiў сабе месца, жыць не хацелася... Пра тое ўспомнiў Едыгей цяпер з брыдой у душы i дрыжыкамi ў целе. Аднак ён усведамляў, што вiрлавокi бярэ хiтрасцю, нахабствам i ўменнем гаварыць. Гэта яго збiвала з тропу. Пакуль той пiсаў, Едыгей усё намагаўся знайсцi слабiну ў высновах вiрластага. Адна думка ў сказаным вiрластым асаблiва здзiвiла яго сваёй недарэчнасцю: як гэта можна абвiнавацiць каго-небудзь у "варожых успамiнах"? Хiба могуць успамiны быць варожымi цi не варожымi, бо ўспамiны – гэта тое, што было ў мiнулым, гэта тое, чаго няма. Але было ў сапраўднасцi.

– Я хачу ведаць, – сказаў Едыгей, адчуваючы, як перасыхае ў горле ад хвалявання. Але ён прымусiў сябе сказаць гэтыя словы спакойна. – Вось ты тут кажаш... – Ён знарок назваў яго на "ты", каб той зразумеў, што Едыгей не баiцца яго i не дагаджае. – Вось ты кажаш, варожыя ўспамiны. Як гэта разумець? Хiба могуць быць успамiны варожымi цi не варожымi? Па-мойму, чалавек успамiнае тое, што было i як было некалi i чаго ўжо няма даўно. Цi выходзiць, калi добрае – успамiнай, а калi благое – не ўспамiнай, забудзь? Як быццам такога i не было. Цi, напрыклад, калi якi сон прыснiцца, дык пра яго нельга ўспомнiць?

– Вось ты якi? Хм, бач ты! – здзiвiўся вiрлавокi. – Паразважаць любiш, паспрачацца захацеў? Ты тут мясцовы фiлосаф, цi што. Што ж, давай. – Ён памаўчаў, а потым, прымерыўшыся да нечага, сказаў: – У жыццi рознае можа быць у сэнсе гiстарычных падзей. Цi мала што было i як! Важна ўспомнiць, намаляваць мiнулае вусна, а тым больш пiсьмова гэтак, як трэба сёння для нас. А ўсё, што нам не на карысць, таго i не варта ўспамiнаць. А калi не прытрымлiваешся гэтага, значыцца, такое можна назваць варожымi дзеяннямi.

– Я не згодны, – сказаў Едыгей. – Такога не можа быць.

– А нiхто i не мае патрэбы ў тваёй згодзе. Гэтага я табе мог бы i не гаварыць. Кажу па дабраце сваёй. Ну, добра, давай пяройдзем ад слоў да справы. Скажы мне, калi-небудзь Кутыбаеў, ну, скажам, у шчырай размове, у час выпiўкi, дапусцiм, не называў табе якiя-небудзь ангельскiя iмёны?

– А навошта гэта? – шчыра здзiвiўся Едыгей.

– А вось навошта. – Вiрласты адгарнуў адзiн з "Партызанскiх сшыткаў" Абуталiпа i зачытаў падкрэсленае чырвоным алоўкам месца: "27 верасня да нас у распалажэнне прыбыла ангельская мiсiя – палкоўнiк i два маёры. Мы прайшлiся перад iмi парадным маршам. Яны нас прывiталi. Потым было частаванне ў палатцы ў камандзiраў. Туды запрасiлi i нас, колькi чалавек замежных партызан сярод югаславаў. Калi мяне пазнаёмiлi з палкоўнiкам, ён вельмi ветлiва пацiснуў мне руку i ўсё распытваў цераз перакладчыка, адкуль я i як сюды трапiў. Я коратка расказаў. Мне налiлi вiна, i я таксама выпiў разам з iмi. I потым яшчэ доўга размаўлялi. Мне спадабалася, што ангельцы простыя, шчырыя людзi. Палкоўнiк сказаў, што вялiкае шчасце цi, можа, наканаванне боскае ў тым, што мы ўсе аб'ядналiся супраць фашызму. А без гэтага барацьба з Гiтлерам стала б яшчэ цяжэй, а магчыма, скончылася б трагiчна для раз'яднаных народаў" – i гэтак далей. – Скончыўшы цытаваць, вiрлавокi адклаў сшытак убок. Запалiў яшчэ адну "казбечыну" i, памаўчаўшы, папыхваючы дымком, казаў далей: – Выходзiць, Кутыбаеў не запярэчыў ангельскаму палкоўнiку, што без генiя Сталiна перамога была б немагчымай, колькi б яны нi круцiлiся там, у Эўропе, у партызанах цi яшчэ дзе. Значыцца, таварыша Сталiна ў яго i ў думках не было! Гэта да цябе даходзiць?

– А можа, ён гаварыў пра гэта, – Едыгей стараўся абаранiць Абуталiпа, – ды проста забыў запiсаць.

– А дзе пра гэта сказана? Не дакажаш! Больш таго, мы параўналi з паказаннямi Кутыбаева ў сорак пятым годзе, калi ён праходзiў праверачную камiсiю пасля вяртання з югаслаўскага партызанскага аб'яднання. Там выпадак з ангельскай мiсiяй не ўспамiнаецца. Значыцца, тут нешта не так. Хто можа паручыцца, што ён не быў звязаны з ангельскай разведкай.

Зноў Едыгею стала цяжка i балюча. Не разумеў ён, што тут да чаго i куды вядзе вiрлавокi.

– Кутыбаеў табе што-небудзь казаў, падумай. Не называў iмёнаў ангельскiх? Нам трэба ведаць, хто былi гэтыя, з ангельскай мiсii.

– А якiя iмёны ў iх бываюць?

– Ну, напрыклад, Джон, Кларк, Смiт, Джэк...

– Нiколi такiх не чуў.

Вiрлавокi задумаўся, пазмрачнеў, не ўсё, мусiць, было яму даспадобы ў гэтай гаворцы. Потым ён сказаў трохi нават лiслiва:

– Ён што тут, школу якую адкрываў, дзяцей вучыў?

– Ды якая там школа! – мiжволi рассмяяўся Едыгей. – Двое ў яго дзяцей. I ў мяне дзве дзяўчынкi. Вось i ўся школа. Старэйшым па пяць год, малодшым па тры. Дзецям няма куды дзявацца, наўкол пустыня. А яны бавяць час з дзецьмi, выхоўваюць, значыцца. Усё-ткi былыя настаўнiкi – i ён, i ягоная жонка. Ну, чытаюць там, малююць, вучаць пiсаць, лiчыць. Вось i ўся школа.

– Якiя песенькi яны спявалi?

– Ды ўсялякiя. Дзiцячыя. Я не памятаю.

– А якой навуцы ён iх вучыў? Што яны пiсалi?

– Лiтары. Словы нейкiя звычайныя.

– Якiя, напрыклад, словы?

– Ну якiя! Я не помню.

– Вось гэтыя! – Вiрласты знайшоў сярод папер аркушочкi з вучнёўскiх сшыткаў з дзiцячымi крамзоламi. – Вось гэта першыя словы. – На аркушочку было напiсана дзiцячай рукой: "Наш дом". – Вось бачыш, першыя словы, якiя пiша дзiця, – "наш дом". А чаму не "наша перамога"? Бо першым словам на вуснах цяпер што павiнна быць, падумай? Павiнна быць – "наша перамога". Цi не так? А яму чамусьцi ў галаву гэта не прыходзiць. А перамога i Сталiн неаддзельныя.

Едыгей збянтэжыўся. Ён адчуў сябе гэткiм прыгнечаным, так яму стала шкада Абуталiпа, Зарыпу, якiя столькi сiл i часу аддавалi малечы, такая злосць разабрала яго, што ён рашыўся:

– Калi так, дык трэба найперш пiсаць "наш Ленiн". Усё-ткi Ленiн на першым месцы стаiць.

Вiрлавокаму ад нечаканасцi аж перацяла дых. Устаў з месца. Мусiць, захацелася пахадзiць, ды не было дзе ў гэтым пакойчыку.

– Мы прамаўляем – Сталiн, маем на ўвазе – Ленiн! – сказаў ён важна i выразна. Пачаў дыхаць вальней i дадаў прымiрэнча: – Добра, будзем лiчыць, што гэтай размовы памiж намi не было.

Ён сеў, i зноў на застылым твары пазначылiся непатрывожна-ясныя, жаўтлявыя, бы ў таго пеўня, вочы.

– У нас ёсць звесткi, што Кутыбаеў выступаў супроць навучання дзяцей у iнтэрнатах. Што ты скажаш, пры табе ж была гаворка?

– Адкуль такiя звесткi? Хто даў такiя звесткi? – здзiвiўся Едыгей, i адразу мiльганула здагадка: Абiлаў, начальнiк раз'езда Абiлаў ва ўсiм вiнаваты, гэта ён данёс, бо размова такая адбывалася ў ягонай прысутнасцi.

Пытанне Едыгеева не на жарт раззлавала вiрлавокага.

– Слухай, я ўжо даваў табе зразумець: адкуль звесткi, якiя звесткi – гэта наш клопат. I мы нi перад кiм справаздачу не трымаем. Запомнi. Выкладвай, што ён казаў.

– Ды што ён казаў? Трэба прыпомнiць. Значыцца, у нашага самага старога рабочага на раз'ездзе, Казангапа, сын вучыцца ў iнтэрнаце на станцыi Кумбель. Ну, малы, зразумела, трохi гарэзiць, манiць, бывае. А тут на першае верасня пачалi збiраць яго на вучобу. Бацька павёз яго на вярблюдзе. А мацi, жонка, значыцца, Казангапава, Букей, пачала плакаць, скардзiцца – бяда, кажа, як пайшоў у iнтэрнат, дык быццам чужы стаў. Няма, кажа, таго, каб сэрцам, душой быў прывязаны да дому, да бацькi, да мацi, як раней. Ну, малапiсьменная жанчына. Вядома, i вучыць трэба сына, i ад дому ён далёка...

– Ну добра, – перапынiў яго вiрласты. – А што сказаў Кутыбаёў на гэта?

– Ён таксама быў сярод нас. Ён сказаў, што мацi сэрцам чуе нядобрае. Таму што iнтэрнацкае навучанне не ад добрага жыцця. Iнтэрнат нiбы аддаляе дзiця ад сям'i, ад бацькi, ад мацi. Што гэта, наогул, складанае пытанне. Для ўсiх складанае – i для яго, i для другiх. Але што зробiш, калi няма магчымасцей iншых. Я яго разумею. У нас таксама дзецi падрастаюць. I ўжо цяпер душа балiць, як яно будзе, што з гэтага выйдзе. Дрэнна, вядома...

– Гэта потым, – перапынiў яго вiрлавокi. – Значыцца, ён казаў, што савецкi iнтэрнат – гэта дрэнна?

– Ён не казаў "савецкi". Ён проста казаў – iнтэрнат. У Кумбелi наш iнтэрнат. Гэта я кажу "дрэнна".

– Ну, гэта неiстотна, Кумбель у Савецкiм Саюзе.

– Чаму неiстотна? – не сцярпеў Едыгей, адчуваючы, што той заблытвае яго. Навошта прыпiсваць тое, чаго не гаварыў чалавек? Я сам гэтак жа думаю. Каб жыў я ў iншым месцы, не на раз'ездзе, нiзавошта не паслаў бы сваiх дзяцей нi ў якi iнтэрнат. Вось як я думаю...

– Думай, думай! – шматзначна сказаў вiрлавокi, перапыняючы размову. I, памаўчаўшы, сказаў: – Та-ак, значыцца, зробiм вывады. Значыцца, ён супраць калектыўнага навучання? Так?

– Ды не супроць ён, не супроць! Навошта няпраўду гаварыць! Хiба так можна?

– Не трэба, не трэба, хопiць! – грэблiва павёў рукой вiрласты, не лiчачы патрэбным даваць тлумачэннi. – А цяпер скажы мне, што гэта за сшытак пад назвай "Птушка Даненбай"? Кутыбаеў сцвярджае, што запiсаў са словаў Казангапа i тваiх часткова. Цi так гэта?

– Усё правiльна, – ажывiўся Едыгей. – Гэта тут, у саразеках, была такая гiсторыя, паданне, значыцца. Непадалёк адсюль могiлкi найманскiя, некалi яны былi найманскiя, а цяпер агульныя, завуцца Ана-Бейiт, там была пахавана Найман-Ана, якую забiў сын, манкурт...

– Ну, даволi, гэта мы пачытаем, паглядзiм, што там хаваецца за ўсiм гэтым, – сказаў вiрлавокi i пачаў гартаць сшытак, зноў разважаючы ўслых i выказваючы тым свае адносiны. – Птушка Даненбай, хм, нiчога лепшага i не прыдумаеш. Птушка з чалавечым iмем. Таксама мне пiсьменнiк знайшоўся. Новы Мухтар Аўэзаў з'явiўся. Падумаеш, пiсьменнiк феадальнай даўнiны. Птушка Даненбай, хм. Думае, не разбярэмся... А гэты тут пiсанiнай заняўся пацiху сабе, для дзяцей, маўляў... А гэта што? Таксама, па-твойму, для дзяцей? – Вiрласты паднёс да твару Едыгея яшчэ адзiн сшытак у цыратовай вокладцы.

– А што гэта? – не зразумеў Едыгей.

– Што? Ды ты павiнен ведаць. Вось назва: "Зварот Раймалы-ага да брата Абдзiльхана".

– Дык гэта ж таксама паданне, – пачаў быў Едыгей. – Гэта быль. Старыя людзi ведаюць гэтую гiсторыю.

– Не турбуйся, я таксама ведаю, – перапынiў яго вiрласты. Чуў краем вуха. Стары, што з глузду з'ехаў, закахаўся ў маладую, дзевятнаццацiгадовую дзяўчыну. Што тут добрага? Гэты Кутыбаеў не толькi варожы элемент, ён яшчэ i амаральны, разбэшчаны чалавек. Бач, як стараўся, падрабязна запiсаў усю гэту непатрэбшчыну.

Едыгей пачырванеў. Не ад сораму. Гневам поўнiлася ягоная душа, бо гэткай несправядлiвасцi, жахлiвай несправядлiвасцi ў адносiнах да Абуталiпа не чакаў. I ён сказаў, ледзь стрымлiваючы сябе:

– Ты вось што, не ведаю, якi ты там начальнiк, але ты да яго не чапляйся. Дай бог кожнаму быць такiм бацькам i мужам, i кожны табе скажа, якi ён ёсць чалавек.

– Добра, добра, супакойся, – адказаў вiрласты. – Затуманiў ён вам тут мазгi. Вораг заўсёды прыкiдваецца.

Едыгей падняўся. Нiякавата надзяваў шапку.

– Дык як гэта... што цяпер будзе з iм? I праз гэтую пiсанiну браць чалавека, так?

Вiрлавокi порстка прыўстаў з-за стала.

– Слухай, я табе яшчэ раз кажу: гэта не твая справа! Якое пакаранне вынайсцi ворагу – гэта мы ведаем! Няхай табе не балiць! Ведай сваё месца! Iдзi!

У той жа дзень на раз'ездзе Баранлы-Буранны позна ўвечары яшчэ раз спынiўся пасажырскi цягнiк. Але цяпер цягнiк iшоў у другi бок. I таксама стаяў нядоўга – хвiлiны тры.

Чакаючы ў цемначы яго падыходу, стаялi трое ў хромавых ботах – забiралi з сабой Абуталiпа Кутыбаева, а ў баку ад iх, за iх спiнамi, стаялi баранлiнцы Зарыпа з малымi, Едыгей i Укубала ды начальнiк раз'езда Абiлаў, якi ўсё нечага мiтусiўся, дагодлiва i брыдка, бо цягнiк спазняўся цi не на паўгадзiны. А Казангап, якога таксама дапрошвалi з выпадку няшчасных Абуталiпавых запiсаў, быў тым часам на стрэлцы. Гэта яму належала накiраваць сваiмi рукамi цягнiк на той пуць, па якiм павiнны былi везцi Абуталiпа як далей ад саразекаў. Букей заставалася дома з Едыгеевымi дзяўчынкамi.

Тыя трое ў ботах, з адчужана паднятымi ад ветру каўнярамi, напружана маўчалi. Баранлiнцы маўчалi таксама.

Вецер гнаў шархоткi снег з ледзь улоўным посвiстам. Бадай, на мяцелiцу бралася. Набракла, цяжарам гусцiлася шэрань у саразекскiх нябёсах. Дзiка, паныла, пуста свяцiў месяц – нейкая няпэўная да раздражнення пляма. Мароз апякаў шчокi.

Зарыпа цiхутка плакала, трымаючы ў руках вузельчык з ядой i адзеннем. Клубы пары ахутвалi Укубалу, што раз-пораз цяжка ўздыхала. Да яе цiснуўся Давул, якi нешта, мабыць, прадчуваў, бо трывожна маўчаў. I кроiў болем сэрца Эрмек на руках у Едыгея – малеча нiчога не разумеў.

– Папiка, папiка! – клiкаў ён бацьку. – Хадзi сюды, да нас. Чаго ты там адзiн?

Абуталiп уздрыгваў ад ягонага голасу, мiжволi парываўся адказаць нешта малому, але яму не дазвалялi азiрацца. Адзiн з тых траiх не вытрымаў:

– Не стойце тут! Чуеце? Iдзiце адсюль, потым вернецеся!

Давялося адступiць як далей.

Але вось паказалiся здалёк агнi паравоза, i ўсе заварушылiся, узнепакоiлiся. Зарыпа не вытрывала, заплакала ўголас. I разам з ёй заплакала Укубала. Цягнiк прарочыў разлуку. Прабiваючы святлом тоўшчу марознай iмглы, ён грозна насоўваўся, вырастаючы з клубаў туману ўсёй сваёй цёмнай i няўмольнай масай. I ўсё вышэй над зямлёй узнiмалiся, палалi ягоныя фары, усё выразней было вiдаць, як круцiлiся пасмы снегу на рэйках, усё чутней i трывожней быў шум таго паравоза. Вось ужо вiдны сталi i ягоныя абрысы.

– Папiка, папiка, глядзi – цягнiк iдзе! – крычаў Эрмек i змаўкаў, здзiўлены тым, што бацька не абзываецца. I зноў спрабаваў дакрычацца да яго: Папiка, папiка!

Начальнiк раз'езда Абiлаў падбег да тых траiх:

– Паштовы вагон будзе ў галаве саставу. Прашу, прайдзiце, калi ласка, наперад. Вось туды.

I яны рушылi, цягнiк ужо наганяў. Наперадзе, не аглядваючыся, iшоў вiрлавокi з партфелем, за iм, суправаджаючы Абуталiпа, два яго шыракаплечыя памочнiкi, i на блiзкай адлегласцi ад iх подбежкам Зарыпа, за ёй Укубала, трымаючы за руку Давула. Едыгей iшоў збоч i трохi ззаду з Эрмекам на руках. I пакуль яны iшлi, змагаўся з сабой, стараўся саўладаць з цяжкiм пераселым горла камяком.

– Ты разумны хлопчык, Эрмек? Праўда, га? Ты разумны, не будзеш плакаць, скажы? – мармытаў ён, прыцiскаючы да сябе малога.

А цягнiк тым часам, запавольваючы ход, наблiжаўся. Хлопчык на руках у Едыгея спалохана ўздрыгнуў, калi паравоз, раўняючыся з iмi, але ўсё яшчэ не спыняючыся, з рэзкiм шумам выпусцiў пару i калi пачуўся прарэзлiвы свiсток кандуктара.

– Не бойся, не бойся, – сказаў Едыгей, – нiчога не бойся, калi я з табой.

Цягнiк спынiўся з доўгiм, цяжкiм скрыгатам, заiнелыя, падслепаватыя ад наледзi на шкле вагоны застылi на месцы. I зрабiлася цiха. Але паравоз з шыпеннем тут жа выпусцiў пару, гатовы зноў крануцца з месца. Паштовы вагон быў наступны пасля багажнага. Вокны паштовага былi забраны кратамi, дзверы адчынiлiся з сярэдзiны. Выглянулi мужчына i жанчына ў форменных паштовых фуражках, у ватных штанах i целагрэйках. Жанчына з лiхтаром была, мусiць, за старшую. Грузная i шыракагрудая.

– Гэта вы? – сказала яна, трымаючы лiхтар ля галавы так, каб святло падала на ўсiх. – Чакаем вас. Месца гатовае.

Першы падняўся вiрлавокi з вялiзным партфелем.

– Ну давайце, давайце, не затрымлiвайце! – загаманiлi адразу тыя двое.

– Я скора вярнуся! Гэта нейкае непаразуменне, – таропка казаў Абуталiп. Скора вярнуся, чакайце!

Укубала не вытрывала. Уголас зарыдала, калi Абуталiп пачаў развiтвацца з дзецьмi. Ён iх з усяе сiлы прыцiскаў да сябе, цалаваў i нешта казаў iм, напалоханым i няўцямным. А паравоз ужо быў гатовы ў дарогу. I тут пачуўся зноў пранiзлiвы, аж рваў душу, свiсток.

– Ну ўсё, давай-давай садзiся! – пацягнулi тыя двое Абуталiпа да прыступкаў вагона.

Едыгей i Абуталiп паспелi на развiтанне моцна абняцца, скалануўшыся ў нейкi момант сэрцам, усёй iстотаю сваёй, прыцiскаючыся адзiн да аднаго мокрымi няголенымi шчакамi.

– Расказвай iм пра мора! – шапнуў Абуталiп.

То былi ягоныя апошнiя словы. Едыгей зразумеў. Бацька прасiў расказваць сынам пра Аральскае мора.

– Ну хопiць тут, давай, ану давай! – расцягнулi iх.

Падпiраючы ззаду плячмi, тыя двое ўпiхнулi Абуталiпа ў вагон. I тут толькi дайшла да свядомасцi малых страшная сутнасць расстання. Яны заплакалi ўголас, закрычалi:

– Папiка! Папiка!

I тады рвануўся Едыгей з Эрмекам на руках да вагона.

– Ты куды? Ты куды? Бог з табой! – гарачлiва адпiхвала яго жанчына з лiхтаром, засланяючы цяжкiмi плячамi праход да дзвярэй.

Але нiхто не разумеў у тую хвiлiну, што Едыгей гатовы быў, каб на тое, сам паехаць замест Абуталiпа, каб па дарозе прыдушыць таго вiрластага ўласнымi рукамi, гэтак яму стала невыносна балюча, калi заплакалi, закрычалi малыя.

– Не стойце тут! Iдзiце адсюль, iдзiце! – крычала жанчына з лiхтаром. I ад яе тхала тытунём i цыбуляй.

Зарыпа ўспомнiла пра вузельчык.

– Перадайце, перадайце, гэта яда! – кiнула яна вузельчык у вагон.

I дзверы паштовага вагона зачынiлiся. Усё змоўкла. Паравоз даў сiгнал i крануўся з месца. Ён пайшоў, рыпуча раскручваючы колы, паволi набiраючы ход на марозе.

Баранлiнцы мiжволi памкнулi за цягнiком, iдучы побач з наглуха закрытымi дзвярамi. Першая ачомалася Укубала. Яна схапiла Зарыпу, прыцiснула да грудзей i не адпускала.

– Давул! Стой, стой тут, трымай маму за руку, – загадала яна, уся там, дзе ўсё мацней, усё часцей грукаталi колы...

I Едыгей доўга не мог супакоiць, суняць малога Эрмека, якога душылi слёзы.

Ужо дома, калi сядзеў зажураны ля печы, ён успомнiў пра Абiлава. Цiха падняўся, пачаў апранацца. Укубала адразу здагадалася.

– Ты куды? – схапiла мужа за руку. – Не чапай яго, пальцам не кранi. У яго жонка цяжарная.

– Супакойся, я яго не крану, але ён павiнен ведаць, што яму лепш перабiрацца ў iншае месца, – ён вырваў руку i выйшаў з дому.

У Абiлавых яшчэ гарэла святло.

Жорстка ступаючы па снезе, Едыгей падышоў да дзвярэй i моцна пастукаў. Дзверы адчынiў Абiлаў.

– А, Едыке, заходзь, заходзь, – спалохана сказаў ён, адступiў назад.

Едыгей пайшоў моўчкi за iм, спынiўся на парозе, прачыняючы за сабой дзверы.

– Ты навошта асiрацiў гэтых няшчасных? – сказаў ён, сiлячыся быць як мага стрыманей.

Абiлаў упаў на каленi i папоўз, хапаючыся за крысо Едыгеевага кажуха.

– Дальбог, не я, Едыгей! Вось каб жонцы маёй не радзiць дзiця! Гэта той самы рэвiзор. Успомнi. Гэта ён усё дапытваўся, што, маўляў, пiша ён i навошта пiша. Гэта ён, гэта рэвiзор. Як я мог! У мяне сёння ля цягнiка ўсё нутро перавярнулася! Гэта ўсё рэвiзор, рэвiзор...

– Ну добра, – перапынiў яго Едыгей. – Устань, пагаворым як людзi. Вось пры жонцы тваёй. Нават калi ты i не вiнаваты. Табе ўсё адно дзе жыць. А нам тут заставацца да самай, можа, смерцi. Дык ты падумай. Мусiць, варта табе з часам перабрацца на iншую работу. Гэта мая парада. Вось i ўсё. I больш да гэтай размовы не вернемся. Толькi гэта i хацеў сказаць...

З тым Едыгей выйшаў, закрыўшы за сабою дзверы.

IX

На цiхiм акiяне, у раёне Алявутаў быў поўдзень. Усё гэтак жа штармiла напаўсiлы, па ўсёй адкрытай пространi кацiлiся, ускiпаючы, хвалi адна за адной – велiчнае вiдовiшча воднай стыхii. Авiяносец "Канвенцыя" ледзь пагойдваўся на хвалях. Ён быў там, дзе i раней, на строга аднолькавай адлегласцi памiж Сан-Францыска i Ўладзiвастокам. Усе службы судна мiжнароднай навуковай праграмы ў напружаннi, у поўнай гатоўнасцi да дзеянняў.

На той час на борце авiяносца завяршалася экстраннае пасяджэнне асобаўпаўнаважаных камiсiй па расследаванню надзвычайнага становiшча, якое ўзнiкла ў вынiку адкрыцця пазаземнай цывiлiзацыi ў сiстэме свяцiла Дзяржацель. Парытэт-касманаўты 1-2 i 2-1, што самавольна адбылi разам з iншапланецянамi, усё яшчэ знаходзiлiся на планеце Лясныя Грудзi, тройчы атрымаўшы папярэджанне ад Абцэнупра праз радыёсувязь арбiтальнай станцыi "Парытэт" – нi ў якiм разе не адважвацца нi на якiя дзеяннi без асобых указанняў Абцэнупра.

Гэтыя катэгарычныя патрабаваннi Абцэнупра былi не толькi ўстурбованасцю за лёс касманаўтаў, але i вынiкам выключна складанай сiтуацыi, спрэчак двух бакоў, якiя пагражалi поўным разрывам супрацоўнiцтва, больш таго – яўнай канфрантацыяй. Тое, што нядаўна зблiжала ў iнтарэсах iнтэграванай навукова-тэхнiчнай моцы галоўных дзяржаў, – праграма "Дэмiвург" сама па сабе адышла на другi план i адразу страцiла сваё былое значэнне перад наяўнасцю суперпраблемы. Сябры камiсiй добра разумелi: небывалае адкрыццё ставiць пад сумненне асновы сусветнага супольнiцтва, патрабуе перагледжання ўсiх правiл чалавечага iснавання.

I яшчэ, як заўсёды ў крызiсныя моманты гiсторыi, праявiлiся з усёй сiлай карэнныя супярэчнасцi дзвюх розных грамадска-палiтычных сiстэм на Зямлi.

Абмеркаванне перарасло ў зацятыя спрэчкi. Рознасць поглядаў, рознасць падыходаў зацягвалi вузел. Нарастала непаразуменне, якое магло б вылiцца ў сусветную вайну. Таму кожны бок iмкнуўся ўстрымацца. Але было i тое, што аб'ядноўвала – пагроза выбуху людской эмацыянальнасцi, калi вестка пра пазаземную цывiлiзацыю стане фактам для ўсiх... Нiхто не мог паручыцца за вынiк.

I розум перамог, бакi прыйшлi да кампрамiсу – вымушанаму, на строга сбалансаванай аснове. У сувязi з гэтым на арбiтальную станцыю "Парытэт" перадалi кодавую радыёграму Абцэнупра наступнага зместу:

"Касманаўтам-кантралёрам 1-2, 2-1. Вам належыць неадкладна ўключыцца ў радыёкантакт з дапамогай бартавых сiстэм "Парытэта" з парытэт-касманаўтамi 1-2, 2-1, што знаходзяцца ў пазасонечнай Галактыцы, у так званай сiстэме свяцiла Дзяржацель на планеце Лясныя Грудзi. Неабходна тэрмiнова паведамiць iм, што на аснове заключэнняў двухбаковых камiсiй, якiя вывучалi iнфармацыю пра пазаземную цывiлiзацыю, адкрытую парытэт-касманаўтамi, Абцэнупр прымае рашэнне, што не падлягае перагляду:

а) не дапускаць вяртання былых парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1 на арбiтальную станцыю "Парытэт" i тым самым на Зямлю як асоб, што непажаданыя для зямной цывiлiзацыi;

б) аб'явiць насельнiкам планеты, што завецца Ляснымi Грудзьмi, пра нашу адмову ўступаць з iмi ў любыя вiды кантактаў як несумяшчальныя з гiстарычным вопытам, надзённымi iнтарэсамi i асаблiвасцямi сённяшняга развiцця чалавечага грамадства на Зямлi;

в) папярэдзiць былых парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1, а таксама iншапланецян, што знаходзяцца з iмi ў кантакце, каб яны не рабiлi спробы наладзiць сувязь з зямлянамi, нi тым больш выходзiць у каляземныя сферы, як гэта мела месца ў выпадку наведвання iншапланецянамi арбiтальнай станцыi "Парытэт" на арбiце "Трамплiн";

г) у месцах iзаляцыi каляземнай касмiчнай прасторы ад магчымага ўварвання лятальных апаратаў мiжпланетнага паходжання Абцэнупр "аб'яўляе ўстанаўленне ў тэрмiновым парадку Надзвычайнага транскасмiчнага рэжыму пад назвай аперацыя "Абруч", запраграмаваўшы серыю баявых ракет-робатаў, што баражыруюць па зададзеных арбiтах i разлiчаны таксама на знiшчэнне ядзерна-лазерным промнем любых прадметаў, якiя наблiзяцца ў космасе да зямнога шара;

д) давесцi да ведама былых парытэт-касманаўтаў, якiя самавольна наладзiлi кантакт з iншапланетнымi iстотамi, што ў мэтах бяспекi, захавання цяперашняй стабiльнасцi геапалiтычнай структуры зямлян выключаецца любая магчымасць сувязi з iмi. А пасля будуць прыняты ўсе меры да найстражэйшага засякрэчвання падзеi, што мела месца. З гэтай мэтай арбiта станцыi "Парытэт" будзе неадкладна зменена, а каналы радыёсувязi станцыi нанова забяспечаны кодам;

е) яшчэ раз папярэдзiць iншапланецян пра небяспеку наблiжэння да зонаў "Абруча" вакол зямнога шара.

Абцэнупр. Борт авiяносца "Канвенцыя".

Прымаючы гэтыя засцерагальныя меры, Абцэнупр вымушаны быў замарозiць на няпэўны час усю праграму "Дэмiвург" па асваеннi планеты Iкс. Арбiтальную станцыю "Парытэт" належала перавесцi на другiя параметры кручэння i выкарыстоўваць яе для бягучых касмiчных назiранняў. Кааператыўны навукова-даследчы авiяносец "Канвенцыя" было вырашана перадаць на захаванне нейтральнай Фiнляндыi. Пасля запуску ў дальнi космас сiстэмы "Абруч" усiм парытэтным службам, усiм навуковым i адмiнiстрацыйным работнiкам, усёй абслузе належала расфармiравацца, даўшы подпiс не раскрываць да самай смерцi прычыны прыпынення дзейнасцi Абцэнупра.

Для шырокай грамадскасцi мелася на ўвазе аб'явiць, што работы па праграме "Дэмiвург" перапыняюцца на няпэўны час у сувязi з неабходнасцю капiтальных вышукаў i карэкцый на планеце Iкс.

Усё было дакладна прадумана. I ўсяму гэтаму належала здзейснiцца адразу ж пасля экстраннага вываду "Абруча" вакол зямнога шара.

Перад тым, непасрэдна пасля заканчэння пасяджэнняў камiсiй, усе дакументы, усе шыфроўкi, уся iнфармацыя былых парытэт-касманаўтаў, усе пратаколы, усе плёнкi i паперы, якiя мелi хоць якiя адносiны да гэтай вартай жалю гiсторыi, былi знiшчаны.

Над Цiхiм акiянам апускаўся вечар. Надвор'е стаяла адносна роўнае, але адчувалася, акiян пачынаў непакоiцца. Чутно было ракаценне, чуцён быў зласлiвы пошум хваль.

Служба авiякрыла на авiяносцы чакала сябраў асобаўпаўнаважаных камiсiй. I вось яны выйшлi, развiталiся. Адны пайшлi на пасадку да аднаго самалёта, другiя – да другога.

Узлёт прайшоў удала, нягледзячы на гайданку. Адзiн з лайнераў узяў курс на Сан-Францыска, другi ў супроцьлеглы бок – на Ўладзiвасток.

Прадзьмутая высокiмi i нiзкiмi вятрамi, плыла Зямля па адвечных кругах сваiх. Плыла Зямля... Маленькая пясчынка ў невымернай бясконцасцi Сусвету. Такiх пясчынак там было вялiкае мноства. Але толькi на ёй, на планеце Зямля, жылi людзi. Жылi як маглi i як умелi i калi-нiкалi, цiкаўныя, рабiлi спробу дазнацца, цi няма яшчэ дзе падобных да iх iстот. Спрачалiся, вынаходзiлi гiпотэзы, высаджвалiся на Месяц, засылалi аўтаматычныя ладункi на другiя нябесныя целы, але кожны раз пераконвалiся з горыччу, што нiдзе поблiз Сонечнай сiстэмы няма нiчога падобнага да iх, як i наогул нiякага жыцця. Потым яны пра гэта забывалiся, не да таго было, не гэтак проста было iм жыць i разумецца, дый хлеб надзённы здабываць было нялёгка... I плыла Зямля сама на сабе...

Увесь той студзень быў надта марозны i мглiсты. I адкуль столькi халадэчы наганяла ў саразекi! Цягнiкi як толькi трывалi: змярзалiся буксы, вагоны, здавалася, наскрозь працiнаў сiберны вецер. Чорныя нафтаналiўныя цыстэрны стаялi на станцыi спрэс белыя ад снегу i шэранi. I скрануцца з месца цягнiкам было не так i проста.

А тут яшчэ i заносы пачалiся на пуцях. Адно другога не лепей. Вятры раз'ятралiся. У саразеках была iм вольная воля, не сцямiш, з якога боку шугане пурга. I здавалася баранлiнцам, што вецер назнарок стараўся намесцi гурбы на чыгунцы. Нiбы стараўся нарабiць баранлiнцам шкоды.

У Едыгея з Казангапам не разгiналiся спiны. Выручалi вярблюджыя валакушы. Увесь цяжкi верхнi слой заносу вывозiлi на абочыну дарогi валакушай, астатняе дараблялi ўручную. Едыгей не шкадаваў Каранара, запрэг яго на пару з другiм вярблюдам i пасабляў iм бiчом цягаць тыя цяжкiя валакушы. Другiх прыстасаванняў тады не было. Нехта чутку пусцiў, што выйшлi ўжо з заводаў спецыяльныя снегаачышчальнiкi, што самаходзь, як лакаматывы, бегаюць па пуцях i адграбаюць ад iх снег. Абяцалi такiя машыны i сюды нiбыта, але абяцанка наогул на тое, каб чакаць ды чакаць.

I летам няшчадна пякло i сушыла, i мароз не горш прыпякаў – не дыхнуць, здавалася, паветра парве лёгкiя. I ўсё адно цягнiкi iшлi, i справа не стаяла на месцы. Едыгей аброс шчэццю, у якой пракiдвалася сiвiзна, вочы рэзала ад недасыпу, твар счарнеў, бы той саган. З паўкажушка не вылазiў, а поверх яшчэ i плашч брызентавы насiў з капюшонам. На нагах валёнкi. Але якi занятак не меў бы Едыгей, як бы цяжка яму нi даводзiлася, думка пра Абуталiпа Кутыбаева не давала яму жыць. Балюча азвалася тая ягоная гiсторыя ў Едыгеi. Часта думалi-бедавалi яны з Казангапам, – чым жа ўсё гэта скончыцца. Казангап маўчаў, хмурнеў, думаючы пра нешта сваё. А аднойчы сказаў:

– Даўней казалi: "Хан не бог. Цi ж ён ведае, што робяць тыя, хто пры iм? А тыя, што пры iм, цi ведаюць пра тых, хто на базарах рабуе". Так было i так будзе вечна.

– Глянь, прарок знайшоўся, – неўзлюбiў Едыгей. – Дзе тыя ханы цяпер? А мы з табой?

– Мы?.. – зацiкавiўся Казангап.

– Ат! – раздражнёна мармытнуў Едыгей.

I хадзiў як не ў сабе, не падымаючы вачэй. А тут яшчэ захварэў большанькi Кутыбаевых – Давул. Качаецца ў гарачцы, трызнiць, кашляе, горла сцiснула, не можа нiчога пракаўтнуць. Зарыпа сказала, што ў яго ангiна, i пачала лячыць яго ўсялякiмi таблеткамi. Але быць пры дзецях неадлучна яна не магла: рабiла стрэлачнiцай, жыць трэба было. I ўдзень, i ўночы выходзiла на дзяжурства. Давялося Укубале браць на сябе чужыя клопаты. Сваiх дзяцей двое, чужых двое, з чатырма ўпраўлялася, ведаючы, як цяжка Абуталiпавай сям'i. I Едыгей стараўся памагаў. Уранку прыносiў вугаль да iх у барак i распальваў у печы. Засыпаў адразу болей вядра, каб цэлы дзень цяпло трымалася. Ваду з цыстэрны таксама прыносiў, дровы калоў. Цяжэй было другое: немагчыма, невыносна было глядзець у вочы Абуталiпавым малым i адказваць на iхнiя пытаннi. Старэйшы ляжаў хворы, быў ён характарам рахманы, а вось малодшы... Жвавы, уражлiвы – з iм было цяжэй. Кожнай ранiцы Едыгей тапiў печ i баяўся, што разбудзiць Эрмека, якi тут жа спытае:

– Дзядзечка Едыгей, а папiка прыйдзе сёння?

I падхопiцца з пасцелi, i падбяжыць да яго, чакаючы адказу i суцяшэння. Едыгей абдыме малога, худзенькага, цёплага, i будзе прасiць легчы ў пасцель, i будзе размаўляць з iм як з дарослым:

– Не ведаю, Эрмек, пра сёння, але мне абяцалi, калi што, адразу паведамяць са станцыi. У нас жа пасажырскiя не спыняюцца, сам ведаеш.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю