Текст книги "Буранны паўстанак (на белорусском языке)"
Автор книги: Чингиз Айтматов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 18 страниц)
З такiмi думкамi бавiў Едыгей тую ноч, калi ўбачыў першы раз касмiчную ракету. Доўга сачыў ён за гэтым цудам. I калi вогненны карабель, якi ўсё меншаў, праглынула чорная бездань, ён пакруцiў галавой i пайшоў, несучы ў душы дзiўныя, супярэчлiвыя пачуццi. Захапляючыся ўбачаным, ён у той час разумеў, што яму гэта старонняя справа, хоць i выклiкала яна здзiўленне i нават страх. Успомнiлася разам з тым чамусьцi лiсiца, што прыбягала да чыгункi. Як чулася ёй, калi зашапацеў гэты смерч у небе? Не ведала, мусiць, куды сябе падзець...
Але сам жа ён, Буранны Едыгей, сведка начнога ўзлёту ракеты ў космас, не падазраваў, ды i не мог ён ведаць пра тое, што то быў экстранны, аварыйны вылет касмiчнага карабля з касманаўтам – без усялякiх урачыстасцей, журналiстаў i рапартаў, у сувязi з надзвычайным здарэннем на касмiчнай станцыi "Парытэт", што знаходзiлася ўжо больш як паўтара года на арбiце паводле сумеснай амерыкана-савецкай праграмы, што звалася "Трамплiн". Адкуль Едыгею было ведаць пра ўсё гэта. Не падазраваў ён i пра тое, што гэтая падзея будзе тычыцца i яго, ягонага жыцця, i не проста з выпадку самай цеснай сувязi чалавека i чалавецтва ў iх агульным значэннi, а самым канкрэтным i непасрэдным чынам. Тым больш не ведаў ён i не мог думаць, што колькi часу пасля ўслед за караблём, што стартаваў з Сары-Азека, на другiм канцы планеты, у Невадзе, узняўся з касмадрома амерыканскi карабель з той жа задачай, на тую ж станцыю "Парытэт", на тую ж арбiту "Трамплiн", толькi са зваротным ходам кружэння.
Караблi былi тэрмiнова пасланы ў космас па камандзе, якая паступiла з навукова-даследчага авiяносца "Канвенцыя", што з'яўляўся плавучай базай Аб'яднанага савецка-амерыканскага цэнтра ўпраўлення праграмы "Дэмiвург".
Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў раёне свайго пастаяннага месцазнаходжання – у Цiхiм акiяне, паўднёвей Алявуцкiх астравоў, у квадраце прыкладна на аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока да Сан-Францыска. Аб'яднаны цэнтр упраўлення – Абцэнупр – у гэты час напружана сачыў за выхадам абодвух караблёў на арбiту "Трамплiн". Пакуль усё iшло паспяхова. Наперадзе былi манеўры па стыкоўцы з комплексам "Парытэт". Задача была найскладанейшая, стыкоўка павiнна была адбывацца не паслядоўна, адна следам за другой з неабходным iнтэрвалам чарговасцi, а адначасова, абсалютна сiнхронна, з двух розных падыходаў да станцыi. "Парытэт" не рэагаваў на сiгналы Абцэнупра з "Канвенцыi" ўжо больш за дванаццаць гадзiн, не рэагаваў ён i на сiгналы караблёў, што iшлi да яго на стыкоўку... Належала высветлiць, што адбылося з экiпажам "Парытэта".
II
Цягнiкi ў гэтых мясцiнах iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Узбоч чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустынная пространь Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтага стэпу. У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункi, як ад Грынвiчскага мерыдыяна...
А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...
Ад раз'езда Баранлы-Бураннага да спадчынных найманскiх могiлак Ана-Бейiт было прынамсi кiламетраў трыццаць убок ад чыгункi, ды i то пры ўмове, калi дарога была напрасткi, наўздагад па саразеках. Калi ж не рызыкаваць, каб не заблудзiцца выпадкам у стэпе, дык лепш ехаць звычайнай каляiнай, што ўсцяж чыгункi, але тады адлегласць да могiлак яшчэ пабольшае, давядзецца даваць добрага гаку да павароткi ад Кыйсысайскай падзi на Ана-Бейiт. Iншай дарогi няма. Вось i выходзiць у лепшым выпадку трыццаць вёрст у адзiн канец ды столькi ж у другi. Але акрамя самога Едыгея нiхто з цяперашнiх баранлiнцаў дакладна не ведаў, як туды дабрацца, хоць i чулi пра той старадаўнi Бейiт, пра якi расказвалi ўсялякiя гiсторыi, цi то праўду цi байкi, але самiм не даводзiлася там быць. Нагоды такой не было. За многiя гады гэта быў першы выпадак у Баранлы-Буранным, прыдарожным пасёлку з васьмi дамоў, калi памёр чалавек i мелася быць пахаванне. Да гэтага колькi гадоў таму, калi нечакана памерла дзяўчынка ад грудной задухi, бацькi павезлi яе хаваць да сябе на радзiму, ва Ўральскую вобласць. А жонка Казангапава, старая Букей, ляжала на станцыйных могiлках у Кумбеле – памерла некалi ў мясцовай бальнiцы, ну i вырашылi тады на станцыi i пахаваць. Везцi нябожчыцу ў Баранлы-Буранны не мела сэнсу. А Кумбель – самая вялiкая станцыя ў Сары-Азеках, да таго ж дачка Айзада жыве там ды зяць, няхай i няўдалiца, п'янтос, але ўсё ж свой чалавек. За магiлкай, маўляў, прыглядаць будуць. Але тады жывы быў Казангап, ён сам рашаў, як яму што рабiць.
А цяпер думалi-меркавалi, як быць.
Едыгей, аднак, настаяў на сваiм.
– Ды кiньце вы нявартае гаварыць, – сарамацiў ён маладых. – Хаваць такога чалавека будзем на Ана-Бейiце, там, дзе продкi ляжаць. Там, дзе наказваў сам нябожчык. Давайце ад слоў да справы пяройдзем, рыхтавацца будзем. Дарога няблiзкая. Заўтра як раней з месца рушым...
Усе разумелi – Едыгей меў права прыняць рашэнне. На тым i пагадзiлiся. Праўда, Сабiтжан спрабаваў быў пярэчыць. Падаспеў ён у той дзень спадарожным таварняком, пасажырскiя цягнiкi тут не затрымлiвалiся. I тое, што прыехаў на пахаванне бацькi, хоць i не ведаў, жывы яшчэ той цi не, ужо адно гэта расчулiла i нават узрадавала Едыгея. I былi хвiлiны, калi яны абнялiся i плакалi, пародненыя адным горам i адною скрухай. Едыгей потым дзiвiўся самому сабе. Прыцiскаючы Сабiтжана да грудзей i плачучы, ён не мог справiцца з сабой, усё гаварыў, усхлiпваючы: "Добра, што ты прыехаў, родненькi, добра, што прыехаў!" – нiбыта ягоны прыезд мог падняць Казангапа. I чаму Едыгей так расплакаўся, сам не мог зразумець, нiколi з iм такога не здаралася. Доўга яны плакалi на двары, ля дзвярэй асiрацелай мазанкi. Нешта падзейнiчала на Едыгея. Успомнiлася, што Сабiтжан вырас на ягоных вачах, хлапчуком быў, любiмцам бацькавым быў, вазiлi яго вучыцца ў Кумбельскую школу-iнтэрнат для дзяцей чыгуначнiкаў, як выпадаў вольны час, наязджалi праведаць – то спадарожным саставам, то верхам на вярблюдах. Як ён там у iнтэрнаце, цi не пакрыўдзiў хто, цi не нарабiў чаго брыдкага, ды як вучыцца, ды што кажуць пра яго настаўнiкi... А на канiкулах колькi разоў, захутаўшы ў кажух, везлi верхам па снежных саразеках, у мароз ды завiруху, каб толькi не спазнiўся на заняткi.
Эх, беззваротныя днi! I ўсё гэта адышло, сплыло, як сон. I вось цяпер стаiць дарослы чалавек, толькi збольшага нагадваючы таго, якiм ён быў у маленстве – вiрласты i ўсмешлiвы, а цяпер у акулярах, у расплюшчаным капелюшы, пры пакамечаным гальштуку. Працуе ў абласным горадзе i надта хоча здавацца самавiтым, адказным работнiкам, а жыццё такая штука, што не так i проста выйсцi ў начальнiкi, як ён сам неаднойчы казаў, асаблiва калi няма падтрымкi добрай цi знаёмства або сваяцтва, а хто ён – сын нейкага Казангапа з нейкага раз'езда Баранлы-Бураннага. Няшчасны гэткi. А цяпер i такога бацькi няма, самы няварты бацька, але жывы, у тысячу разоў лепш за славутага мёртвага.
А потым слёзы сунялiся. Перайшлi да размоў, да справы. I тут выявiлася, што сынок дарагi ды вучоны не хаваць прыехаў бацьку, а так, дзеля прылiку, каб адбыць рату, прысыпаць зямлёй збольшага i як хутчэй назад. Пачаў ён неяк так выказвацца – навошта, маўляў, перцiся ў такую далеч на Ана-Бейiт, наўкол вунь колькi вольнага месца – бязлюдны стэп Сары-Азек ад самога парога i да самага краю свету. Можна выкапаць магiлу дзе-небудзь непадалёк, на ўзгорачку якiм, узбоч той жа чыгункi, няхай ляжыць сабе стары абходчык ды чуе, як цягнiкi бягуць перагонам, на якiм ён прарабiў усё жыццё. Прыгадаў нават дзеля выпадку прымаўку даўнюю: пазбавiцца ад мёртвага можна толькi закапаўшы яго. Навошта марудзiць, навошта мудраваць, цi не ўсё роўна, дзе ляжаць, – тут чым хутчэй, тым лепей.
Разважаў ён такiм чынам, а сам нiбы апраўдваўся, што справы тэрмiновыя ды важныя чакаюць яго на рабоце, што часу мала, а начальству клопату няма да таго, далёка цi блiзка тут могiлкi, на працу загадана з'явiцца ў такi дзень, у такую пару – i ўсё. Начальства гэта начальства, а горад гэта горад...
Едыгей назваў сябе ў душы старым дурнем. Сорамна i шкада стала, што плакаў наўзрыд, расчулены сустрэчай з гэтым во нiбыта сынам нябожчыка Казангапа. Едыгей узняўся з месца, сядзелi яны чалавек пяць на старых шпалах, перанесеных пад лаву да сцяны, i яму каштавала нямала сiл, каб стрываць, не нагаварыць пры людзях у такi дзень чаго крыўднага i абразлiвага. Шанаваў памяць Казангапа. Сказаў:
– Месца тут дык хапае, гэта праўда. Толькi чамусьцi людзi не закопваюць сваiх блiзкiх дзе папала. Не так сабе, вiдаць. А так хiба ж зямлi шкада каму? – I змоўк, i яго моўчкi слухалi баранлiнцы. – Рашайце, думайце, а я пайду па справах.
I пайшоў з камянелым, суровым тварам далей ад граху. Бровы сышлiся на пераноссi. Рашучы ён быў, гарачы – буранным празвалi яго яшчэ i за тое, што характарам быў мянушцы ўровень. Во i цяпер, каб быў з Сабiтжанам адзiн на адзiн, сказаў бы бессаромнiку ў вочы ўсё, чаго заслугоўваў. Каб запомнiў на ўсё жыццё! Ды не хацелася да бабскiх размоў прычыняцца. Тыя вунь потайкам: прыехаў, маўляў, сынок хаваць бацьку, як у госцi. З пустымi рукамi ў кiшэнях. Хоць бы пачак чаю прывёз, не кажучы пра што iншае. Ды i жонка магла б прыехаць, паплакаць разам з усiмi – чаму не? Нi сораму, нi сумлення. Калi стары заможны быў – пара дойных вярблюдзiц, авечак з ягнятамi больш за дзесятак – такi ён трэба быў. Тады i нявестка наязджала, пакуль не дабiлася, каб усё прадаў. Забрала старога нiбы да сябе, а як машыну купiлi, не патрэбны стаў стары. Цяпер i носа не пакажа. Хацелi былi кабеты пра тое сказаць, ды стары не дазволiў. Не ўздумайце ў такi дзень, ды i не вашая гэта справа.
Ён пайшоў да загона, дзе стаяў на прывязi, час ад часу зласлiва ўскрыкваючы, прыгнаны iм з папасу Буранны Каранар. Бач, ад рук адбiўся, брыдоўнiк, i вось цяпер выказваў сваю незадаволенасць – страхотна разяўляючы зубастую пашчу, жалiўся час ад часу: старая гiсторыя – зноў няволя, а да яе трэба прывыкнуць.
Едыгей падышоў да яго, яшчэ не адрабiўшыся ад прыкрасцi пасля размовы з Сабiтжанам. Ведаў жа, што гэтым скончыцца. Выходзiла – Сабiтжан рабiў iм ласку, прысутнiчаючы на пахаваннi ўласнага бацькi. Яму гэта проста муляла хутчэй бы развязацца. Не стаў Едыгей трацiць лiшнiх слоў, няварта было, бо ўсё роўна ўсё трэба рабiць самому, хiба што суседзi памагалi. Усе, хто не быў заняты на лiнii, памагалi. Жанчыны посуд збiралi, самавары чысцiлi, цеста мясiлi, нават хлеб пачыналi пекчы ўжо, мужчыны насiлi ваду, пiлавалi на дровы старыя шпалы – палiва ў стэпе дарагое, як i вада. I толькi Сабiтжан блытаўся тут, замiнаў, загаворваў пра тое, пра сёе – найбольш пра пустое, пра тое, каго знялi з работы, каго павысiлi. А тое, што жонкi ягонай тут няма, яго не бянтэжыла. Дзiўна, дальбог! У той, бачыце, нейкая канферэнцыя, а на ёй павiнны прысутнiчаць замежныя госцi. А пра ўнукаў i казаць няма чаго. Яны там змагаюцца за паспяховасць, каб атэстат найлепшы атрымаць для паступлення ў iнстытут. "Што за людзi пайшлi, што за народ! – абураўся сам сабе Едыгей. Усё для iх важнае на свеце, акрамя смерцi!" I гэта не давала яму спакою: "Калi смерць для iх нiшто, дык, выходзiць, i жыццё цаны не мае. У чым жа сэнс, дзеля чаго i як яны жывуць там?"
Едыгей спагнаў злосць на Каранары:
– Ты чаго равеш, кракадзiл? Ты чаго галосiш у неба, нiбы цябе там сам бог чуе? – Кракадзiлам абзываў Едыгей свайго вярблюда ў самых крайнiх выпадках, калi ўжо не было як трываць. Гэта прыезджыя пуцейцы прыдумалi Бураннаму Каранару такую мянушку праз зубастую пашчу ды злосны нораў. – Ты ў мяне дакрычышся, кракадзiл, я табе ўсе зубы выб'ю!
Трэба было згламаздаць сядло для вярблюда, i, прыступаючы да справы, Едыгей патрохi супакойваўся, лагоднеў. Залюбаваўся. Прыгожы i магутны быў Буранны Каранар. Да галавы рукой не дастанеш, хоць Едыгей быў росту немалога. Едыгей выбраў момант, прыгнуў вярблюду шыю i, пастукваючы пугаўём па мазолiстых каленях, падпускаючы ў голас строгасцi, асадзiў яго. Гучна пратэстуючы, вярблюд усё ж падпарадкаваўся волi гаспадара, i калi, нарэшце, склаўшы пад сябе ногi, ён прылёг грудзямi на зямлю i супакоiўся, Едыгей прыступiў да справы.
Асядлаць вярблюда па-сапраўднаму – гэта цяжкая праца, усё роўна што дом пабудаваць. Сядло робяць кожны раз нанова, увiшнасць ды i сiлы немалыя, тым болей калi сядлаеш такога аграмаднага вярблюда, як Каранар.
Каранарам, гэта значыць Чорным Корам, ён называўся не так сабе. Чорная патлатая галава з чорнай, што расла аж да загрыўка магутнай барадой, шыя нiзам уся ў чорных касмылях – яны звiсалi да калень густой дзiкай грывай – галоўнае ўпрыгожанне самца, – пара пругкiх гарбоў, што ўзвышалiся, як чорныя вежы, на спiне. I ў дадатак да ўсяго – чорны кончык куртатага хваста. А ўсё астатняе верх шыi, грудзi, бакi, ногi, жывот, – наадварот, было светлае, светла-рудой масцi. Тым i прыгожы быў Буранны Каранар, тым i знакамiты – i паставай, i масцю. I сам ён той парой быў у самай сваёй сiле – трэцi дзесятак iшоў Каранару.
Вярблюды доўга жывуць. Таму, мусiць, прыплод у iх бывае на пятым годзе i затым не кожны год, а толькi ў два гады раз, i плод выношваюць у чэраве даўжэй за iншых жывёл – дванаццаць месяцаў. Малога вярблюда цяжка выходжваць першыя год – паўтара, цяжка ўберагчы ад прастуды, ад стэпавых скразнякоў, а потым ён расце з дня на дзень, i тады яму нiчога ўжо не страшна – нi холад, нi спёка, нi бязводдзе...
Едыгей ведаў усё пра гэта – Буранны Каранар быў у яго заўсёды дагледжаны. Першая прыкмета здароўя i сiлы – чорныя гарбы на iм тырчэлi як чугунныя. Некалi Казангап падарыў яго яшчэ малочным, маленькiм, пушыстым, як качанё, у тыя гады першапачатковыя, як вярнуўся Едыгей з вайны ды астайбаваўся на раз'ездзе Баранлы-Буранным. А сам Едыгей малады быў яшчэ – уга! Ведаць не ведаў, што застанецца тут да сiвой галавы. Iншым разам зiрне на тыя фотаздымкi i сам не верыць сабе. Так перамянiцца – белы ўвесь. Нават бровы i тыя сiвыя. I аблiччам, вядома, другi стаў. А целам не пацяжэў, як бывае ў такiм узросце. Неяк само па сабе сталася – спачатку вусы адгадаваў, потым бараду. Яно як без барады, усё роўна як голым хадзiць. Цэлая вечнасць прайшла, можна сказаць, з тае пары.
Вось i цяпер, сядлаючы Каранара, якi ляжаў на зямлi, ушчуваючы яго то голасам, то намахам рукi, калi той не-не ды i агрызаўся, равучы, як леў, паварочваючы чорную патлатую галаву на даўжэзнай шыi, Едыгей няўзнак прыгадваў сёння, што было ды як было ў тыя гады. I адчуваў палёгку.
Доўга ён важдаўся, усё ўкладваў, парадкаваў збрую. Гэты раз, перш чым зладкаваць сядло, ён накрыў Каранара найлепшай выязной капай старадаўняй работы, з рознакаляровымi доўгiмi кутасамi, з дывановымi ўзорамi. Не памятаў ужо, калi апошнi раз прыбiраў ён Каранара ў гэтую адмысловую збрую, якую так берагла Укубала. Надарыўся цяпер такi выпадак...
Калi Буранны Каранар быў асядланы, Едыгей прымусiў яго падняцца на ногi i застаўся вельмi задаволены. I нават усцешыўся сваёй работай. Каранар меў выгляд велiчны i паглядны, упрыгожаны капай з кутасамi i па-майстэрску зладкаваным сядлом памiж гарбамi. Не, няхай палюбуюцца маладыя, асаблiва Сабiтжан, няхай зразумеюць: пахаванне вартага чалавека не цяжкая прынука, не нудная рата, а вялiкая, хай i журботная падзея, i таму ёй павiнны адпавядаць свае ўстанаўленнi. Недзе граюць музыку, выносяць сцягi, недзе бабахаюць у паветра, а недзе кветкi раскiдаюць i вянкi нясуць.
А ён, Буранны Едыгей, заўтра з ранiцы ўзначалiць верхам на Каранары, прыбраным посцiлкай з кутасамi, праводзiны на Ана-Бейiт – на апошнi i вечны прытулак Казангапа... I ўсю дарогу будзе Едыгей думаць пра яго, пераадольваючы вялiзарныя i пустынныя саразекi. I з думкамi пра яго аддасць яго зямлi на спадчынных могiлках, як i была ў iх пра тое дамова. Так, была такая дамова. Цi далёкая, цi блiзкая дарога, але нiхто не саб'е яго з думкi, што трэба выконваць волю Казангапа, нават родны сын нябожчыка.
Няхай усе ведаюць, што будзе так, i дзеля гэтай мэты ягоны Каранар гатовы – асядланы i спарадкаваны збруяй.
Няхай усе бачаць. Едыгей павёў Каранара на повадзе ад загона наўкруг усiх дамоў i паставiў на прывязь каля Казангапавай мазанкi. Няхай усе бачаць. Не можа ён, Буранны Едыгей, не стрымаць свайго слова. Толькi дарэмна ён гэта даказваў. Пакуль Едыгей займаўся збруяй, Доўгi Эдыльбай, налучыйшы момант, адвёў Сабiтжана ўбок.
– Хадзем у халадок памяркуем.
Там у iх размова была нядоўгая. Эдыльбай не стаў угаворваць, выказаўся шчыра:
– Ты вось што, Сабiтжан, падзякуй богу, што ёсць такi Буранны Едыгей на свеце, сябар твайго бацькi. А спяшаеш, мы цябе не трымаем. Я за цябе кiну лiшнiя прыгаршчы зямлi.
– Гэта мой бацька, i я сам ведаю... – пачаў быў Сабiтжан, але Эдыльбай перапынiў яго:
– Бацька, канечне, твой, ды толькi вось ты сам не свой.
– Ну ты скажаш, – палагоднеў Сабiтжан. – Добра, давай не будзем у такi дзень. Няхай будзе Ана-Бейiт, якая рознiца, проста я думаў – далекавата.
На тым i скончылi. I калi Едыгей, паставiўшы Каранара ўсiм напаказ, вярнуўся i сказаў баранлiнцам: "Ды кiньце не па-джыгiцку гаварыць. Хаваць такога чалавека будзем на Ана-Бейiце..." – нiхто не запярэчыў, усе моўчкi згадзiлiся...
Вечар i ноч таго дня ўсе былi разам, па-суседску, на двары перад домам нябожчыка, бо i надвор'е спрыяла. Пасля дзённай спёкi рэзка пабралася на прахалоду. Вялiкая, сутонлiвая, бязветраная цiшыня апанавала свет. I ўжо нацямкi скончылi свежаваць тушу заколатага на заўтрашнiя памiнкi барана. А пакуль чай пiлi ля дымных самавараў ды размовы розныя вялi пра тое-сёе. Амаль усе прыгатаваннi да пахавання былi зроблены, i цяпер заставалася адно: чакаць ранiцы, каб рушыць на Ана-Бейiт. Паволi i цiхамiрна доўжылася тая вечаровая часiна, як i мае быць пры сконе старога чалавека – чаго ўжо залiшне тужыць...
А на раз'ездзе Баранлы-Буранным, як заўсёды, прыходзiлi i адыходзiлi цягнiкi – сыходзiлiся з усходу i захаду i разыходзiлiся на ўсход i захад...
Так яно было ў той вечар напярэдаднi выезда на Ана-Бейiт, i ўсё б нiшто сабе, каб не адзiн непрыемны выпадак. На той час спадарожным таварняком прыбыла на пахаванне i Анзада са сваiм мужам. I варта было ёй, толькi паявiўшыся, уголас зарыдаць, як жанчыны акружылi яе i таксама заплакалi. Асаблiва Укубала перажывала, нароўнi з Анзадой. Шкадавала яна яе. Дужа яны плакалi i галасiлi. Едыгей спрабаваў быў супакоiць Анзаду: што ж, маўляў, цяпер рабiць, за нябожчыкам следам не пойдзеш, трэба змiрыцца з лёсам. Але Анзада не сунiмалася.
Так яно бывае часта – бацькава смерць дала ёй волю выплакацца, расхiнуць душу i знайсцi палёгку ў горасным слове. Плачучы ўголас, звярталася яна да нябожчыка-бацькi, па-жаночы жалiлася на сваю няўдалую жытку, што, маўляў, няма каму яе нi зразумець, нi прыгарнуць, што не пашчасцiла ёй з маладых год, муж п'янтос, дзецi з ранiцы да вечара носяцца без нагляду i строгасцi i таму во сталi бэйбусамi, а заўтра, глядзi, i бандзюгамi стануць, цягнiкi пачнуць рабаваць, старэйшы вунь i выпiваць пачаў, i мiлiцыя прыходзiла ўжо, папярэдзiлi яе – хутка справа дойдзе да пракуратуры. А што яна можа зрабiць адна, а iх-то пяцёра! А бацьку ўсё адно...
А таму i праўда было ўсё адно, мужык яе сядзеў пануры i абыякавы, са спустошаным тварам i моўчкi палiў сабе смуродныя цыгарэты... Але тут недарэчы ўмяшаўся брат – Сабiтжан. З таго i пачалося. Сабiтжан пачаў ушчуваць сястру: ды што ж гэта такое, бацьку хаваць i сябе бэсцiць?
Анзада нiбыта гэтага толькi i чакала. I ўзняла яна голас з новай сiлай i ярасцю. Ах ты такi разумны ды вучоны знайшоўся! Ты, маўляў, спачатку сваю жонку навучы. Чаму яна не прыехала i не паказала нам, як плакаць? А ёй не грэх быў бы паплакаць над бацькам, якога яна, зараза, ды i ты, падкаблучнiк подлы, абабралi, абрабавалi да нiтачкi. Мой муж, якi ён нi алкаголiк, але ён тут, а дзе твая жоначка, кемная-прыемная?
Сабiтжан тады пачаў крычаць яе мужу, каб той прымусiў змоўкнуць Анзаду, а той раптам раз'ятрыўся i кiнуўся душыць Сабiтжана...
Ледзь супакоiлi баранлiнцы раз'ятраных сваякоў. Непрыемна i сорамна было ўсiм. Едыгей дужа расхваляваўся. Ведаў ён iм цану, але такой праявы не чакаў. I сам зласлiва папярэдзiў iх: калi вы не паважаеце адно аднаго, дык не ганьбiце хаця б бацькавай памяцi, а iнакш не дазволю вам нiкому тут заставацца, не пагляджу нi на што, вiнавацьце самi сябе...
Вось якая прыкрая гiсторыя здзеiлася напярэдаднi пахавання. Дужа азмрочыўся Едыгей. I зноў напружана сышлiся бровы на пахмурым чале, i зноў жальба iрвала сэрца: адкуль яны, дзецi iх, i чаму яны сталi такiмi? Хiба пра тое марылi яны з Казангапам, калi ў спёку i холад вазiлi iх у кумбельскi iнтэрнат, каб толькi вывучылiся, выйшлi ў людзi, каб не засталiся марнець на якiм-небудзь раз'ездзе ў саразеках, каб не клялi потым лёс: вось, маўляў, бацькi не паклапацiлiся. А выйшла ўсё наадварот. Што перашкодзiла iм стаць людзьмi, за якiх не сорамна было б перад грамадой?
I зноў Доўгi Эдыльбай выручыў, спагаду жыцейскую праявiў i тым надта памог Едыгею ў той вечар. Ён дык разумеў, як чулася Едыгею. Дзецям нябожчыка заўжды першае месца на пахаваннi, так яно ўжо вядзецца на свеце. I нiкуды iх не дзенеш, якiмi б бессаромнымi i нiкчэмнымi яны нi былi. Каб хутчэй забылася прыкрая спрэчка памiж братам i сястрой, Эдыльбай запрасiў усiх мужчын да сябе ў дом. Чаго, маўляў, мы будзем на двары зоры на небе лiчыць, хадзем пачаюем, пасядзiм у нас...
У доме ў Доўгага Эдыльбая Едыгей трапiў нiбы ў другi свет. Ён i раней заходзiў сюды па-суседску i кожны раз быў задаволены, душа ягоная поўнiлася цiшынёй i спагадай да гаспадароў. Сёння ж яму хацелася як болей пабыць тут, патрэба была такая – нiбы павiнен быў набрацца ён тут патрачанай сiлы.
Доўгi Эдыльбай быў такiм жа чыгуначным рабочым, як i другiя, заробку меў не болей за другiх, жыў, як i ўсе, у палове зборнашчытавога домiка з двух пакояў ды кухнi, але зусiм iншае жыццё ўладарыла тут – чыста, утульна, светла. Той жа чай, што i ў iншых, у Эдыльбаевых пiялах Едыгею здаваўся празрыстым сотавым мёдам. Эдыльбаева жонка i сама спраўная, i ў доме гаспадыня, i дзецi як дзецi... Пажывуць у саразеках колькi змогуць, думаў Едыгей, а там перабяруцца куды iм лепей. Шкада будзе, калi паедуць яны адсюль...
Скiнуўшы свае кiрзачы яшчэ на ганку, сядзеў Едыгей у пакоi, падцiснуўшы пад сябе ногi ў шкарпэтках, i першы раз за дзень адчуў, як стамiўся i згаладнеў. Прыхiнуўся спiной да дашчанай сцяны, сцiшыўся. А наўкол расселiся ўскрай круглага столiка наземнага астатнiя госцi, нягучна перамаўляючыся пра тое ды сёе...
Сур'ёзная размова пачалася потым, дзiўнаватая гаворка ўсчалася. Едыгей ужо i забыў пра касмiчны карабель, што стартаваў мiнулай ноччу. А вось дасведчаныя людзi сказалi такое, што i ён задумаўся. Не тое каб ён зрабiў адкрыццё для сябе, проста падзiвiўся iх развагам i сваёй недасведчанасцi на гэты конт. Але ён не адчуваў пры гэтым нейкага дакору – для яго ўсе гэтыя касмiчныя палёты, якiя так цiкавiлi ўсiх, былi надта далёкай, неверагоднай, чужой яму справай. Таму i адносiны да ўсяго гэтага былi насцярожана-пачцiвыя, як да быцця нейкай магутнай безаблiчнай волi, якую ў лепшым выпадку ён можа толькi ўзяць пад увагу. I, аднак, вiдовiшча карабля, якi iмкнуў у космас, унутрана спалахнула i захапiла яго. Пра тое i зайшла гаворка ў доме Доўгага Эдыльбая.
Сядзелi яны напачатку, пiлi шубат-кумыс з вярблюджага малака. Цудоўны быў шубат, ахаладалы, пенiсты, хмяльны трохi. Прыезджыя кантрольна-рамонтныя пуцейцы, бывала, вунь як пiлi яго, называючы саразекскiм пiвам. А да гарачай стравы ў гэтым доме знайшлася i гарэлка. Калi здаралася такое, Буранны Едыгей наогул не адмаўляўся, выпiваў за кампанiю, але гэтым разам не стаў i тым самым, думалася яму, i другiм даў зразумець, што не варта прычыняцца – заўтра меўся быць цяжкi дзень, далёкая дарога. Непакоiла яго тое, што другiя, асаблiва Сабiтжан, шчыравалi, запiвалi гарэлку шубатам. Шубат i гарэлка добра ладзяць, як пара паслухмяных коней, добра iдуць побач, – весяляць чалавека. Сёння ж гэта было лiшнiм. Але як загадаеш дарослым людзям не пiць? Самi павiнны ведаць край i меру. Заспакойвала хiба тое, што муж Айзады пакуль абыходзiў чарку, алкаголiку цi многа трэба, схмялеў бы ўраз, але ён пiў толькi шубат, мусiць, разумеў-такi, што гэта ўжо занадта – валяцца ў дымiну п'яным на пахаваннi цесця. Аднак наколькi хопiць яму вытрымкi, адзiн бог ведае...
Так сядзелi яны ў размовах пра ўсялякае, калi Эдыльбай, частуючы гасцей шубатам, успомнiў раптам, падаючы чарговую пiялу Едыгею з таго краю стала:
– Едыке, учора ноччу, калi я змяняў вас на дзяжурстве, толькi вы пайшлi, нешта такое здарылася ў небе, я аж закачаўся. Зiрнуў, а гэта ракета з касмадрома пайшла ў неба! Вялiзная! Як дышаль! Вы бачылi?
– А то як жа! Сiла дык сiла! Вусцiшнавата стала. Колькi жыву тут, нiколi такога не бачыў.
– Ды i я ўпершыню на свае вочы ўбачыў, – прызнаўся Эдыльбай.
– Ну калi ты ўпершыню, дык такiя, як мы, тым больш не маглi ўбачыць, рашыў пакпiць Сабiтжан з яго росту.
Доўгi Эдыльбай на гэта толькi ўсмiхнуўся квола.
– Ды што я, – адмахнуўся ён. – Гляджу i сам сабе не веру – адно агонь гудзе ў вышынi. Ну, думаю, яшчэ нехта рушыў у космас. Шчаслiвай дарогi! I давай хутчэй круцiць транзiстар, я яго ўсюды з сабой бяру. Зараз, думаю, па радыё перададуць. Звычайна адразу ж перадача з касмадрома. I дыктар узрушаны як бы на мiтынгу выступае. Аж мурашкi па спiне! Надта хацелася мне, Едыке, дазнацца, хто гэта, каго асабiста бачыў я ў палёце. Але так i не дазнаўся.
– А чаму? – найперш за ўсiх здзiвiўся Сабiтжан, шматзначна i важна прыўзняўшы бровы. Ён пачаў ужо ўвачавiдкi п'янець. Распарыўся, расчырванеўся.
– Не ведаю. Нiчога не паведамiлi. Я "Маяк" увесь час на хвалi трымаў, нi слова не сказалi нават.
– Не можа быць! Тут нешта не так! – з выклiкам усумнiўся Сабiтжан, хутка запiваючы глыток гарэлкi шабатам. – Кожны палёт у космас – гэта сусветная падзея... Разумееш? Гэта наш прэстыж у навуцы i палiтыцы!
– Не ведаю чаму. I апошнiя паведамленнi знарок слухаў, i агляд газет слухаў таксама.
– Хм! – пакруцiў галавой Сабiтжан. – Каб быў я на месцы, на службе сваёй, я, канечне, ведаў бы! Крыўдна, дальбог. А можа, тут нешта не так?
– Хто яго ведае, што тут так, што не так, але мне асабiста крыўдна таксама, шчыра казаў Доўгi Эдыльбай. – Для мяне ён нiбы свой касманаўт. Пры мне паляцеў. А можа, думаю, нехта з нашых хлопцаў. Во ўжо будзе радасць. Раптам дзе сустрэнемся, прыемна было б...
Сабiтжан таропка перапынiў яго, нiбы гнаны нейкай здагадкай:
– А-а, я разумею! Гэта запусцiлi беспiлотны карабель. Выходзiць, дзеля эксперыменту.
– Як гэта? – павёў вокам Эдыльбай.
– Ну, эксперыментальны варыянт. Разумееш, гэта проба. Беспiлотны транспарт пайшоў на стыкоўку цi на выхад на арбiту, i пакуль невядома, як i што выйдзе. Калi ўсё будзе ўдала, дык будзе паведамленне i па радыё i ў газетах. А калi не, дык могуць i не iнфармаваць. Проста навуковы эксперымент.
– А я дык думаў, – Эдыльбай журботна паскроб лоб, – што жывы чалавек паляцеў.
Усе змоўклi, трохi расчараваныя Сабiтжанавым тлумачэннем, i, магчыма, размова на тым i заглохла б, ды толькi сам Едыгей незнарок падштурхнуў яе на новы круг.
– Значыцца, як я зразумеў, джыгiты, у космас пайшла ракета без чалавека? А хто ёю кiруе?
– Як хто? – здзiўлена склаў далонi Сабiтжан i ўрачыста зiрнуў на недасведчанага Едыгея. – Там, Едыке, усё па радыё робiцца. Па камандзе Зямлi, з Цэнтра кiравання. Усёй справай па радыё кiруюць. Разумееш? I калi нават касманаўт на борце, усё роўна па радыё накiроўваюць палёт ракеты. А касманаўту трэба дазвол атрымаць, каб самому нешта рабiць. Гэта, какетай* дарагi, не на Каранары ехаць па саразеках, надта там усё складана...
* Какетай – ласкава-памяншальны i ў той жа час паблажлiвы зварот.
– Бач ты, як яно... – няўцямна прамармытаў Едыгей.
Буранны Едыгей не разумеў, як гэта кiраваць па радыё. У ягоным уяўленнi радыё – гэта словы, гукi, што даносiлiся з далёкiх адлегласцей. Але як можна кiраваць такiм чынам неадухоўленым прадметам? Калi ў сярэдзiне прадмета чалавек знаходзiцца, тады iншая справа: ён выканае задачы – рабi так, рабi гэтак. Хацеў Едыгей пра ўсё гэта распытаць, ды рашыў, што не варта. Душа не згаджалася. Змоўчаў. Надта ж паблажлiвым тонам выказваў Сабiтжан сваю дасведчанасць. Вось, маўляў, вы нiчога не ведаеце ды яшчэ лiчыце мяне нiкчэмным, а зяць, алкаш апошнi, душыць мяне нават кiнуўся, а я болей за вас усiх разумею ў такiх справах. "Ну i бог з табой, – падумаў Едыгей. – На тое мы цябе вучылi ўсё жыццё. Павiнен жа хоць нешта ведаць лепей за нас, невукаў". I яшчэ падумалася Бураннаму Едыгею: "А што, калi такi чалавек уладу займее падтопча ўсiх пад сябе. Ён пакуль на пасылках, а, бач, ужо хочацца яму, каб усе ў рот яму глядзелi, хоць тут, у саразеках..."
А Сабiтжан i праўда, мусiць, захацеў дарэшты здзiвiць, дабiць канчаткова баранлiнцаў, магчыма, дзеля таго, каб такiм чынам набiць сабе цану пасля ганебнага скандала з сястрой i сваяком. Загаварыць, затлумiць галовы рашыў. I пачаў ён расказваць iм пра неверагодныя дзiвосы, пра навуковыя дасягненнi, а сам тым часам не забываў пра гарэлку, глыток ды яшчэ глыток, усё запiваючы шубатам. I яго ўсё больш i больш несла, i ён пачаў ужо расказваць нешта такое неверагоднае, што бедныя баранлiнцы не ведалi, чаму верыць, а чаму не.
– Вось мяркуйце самi, – казаў ён, паблiскваючы акулярамi i пазiраючы на ўсiх гарачлiва i пранiклiва, – мы, калi разабрацца, самыя шчаслiвыя людзi ў гiсторыi чалавецтва. Вось ты, Едыке, самы старэйшы цяпер памiж намi. Ты ведаеш, Едыке, як было раней i як цяпер. Навошта я кажу? Раней людзi верылi ў багоў. У Старажытнай Грэцыi жылi яны нiбыта на гары Алiмп. Але што гэта былi за багi? Прыдуркi. Што яны маглi? Памiж сабой не ладзiлi, тым i славутымi сталi, а перамянiць лад чалавечага жыцця яны не маглi, ды i не думалi пра гэта. Iх не было, гэтых багоў. Гэта ўсё мiфы. Казкi. А нашы багi – яны жывуць побач з намi, вось тут, на касмадроме, на нашай саразекскай зямлi, чым мы i ганарымся перад усiм светам. I нiхто з нас не бачыць, нiхто не ведае, i не паложана, каб кожны стрэчны Мыркынбай-Шыйкымбай руку iм пры стрэчы торкаў: здароў, маўляў, як жывеш? Але яны сапраўдныя багi! Вось ты, Едыке, здзiўляешся, як яны кiруюць па радыё касмiчнымi караблямi. Гэта ўжо лухта, пройдзены этап! Там апаратура, машыны дзейнiчаюць па праграме. А настане час, калi з дапамогай радыё будуць кiраваць людзьмi, як тымi аўтаматамi. Вы разумееце – людзьмi, усiмi пагалоўна, ад малога да старога. Ёсць ужо такiя навуковыя дадзеныя. Навука i гэтага дабiлася, улiчваючы вашыя iнтарэсы.
– Чакай, чакай, як што – адразу вышэйшыя iнтарэсы! – перапынiў яго Доўгi Эдыльбай. – Ты вось што скажы, нешта я не надта разумею. Выходзiць, кожны з нас павiнен мець пры сабе невялiкi радыёпрыёмнiк накшталт транзiстара, каб слухаць каманду? Дык гэта ж ужо паўсюль ёсць!