Текст книги "Буранны паўстанак (на белорусском языке)"
Автор книги: Чингиз Айтматов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 18 страниц)
– Бач ты якi! Ды хiба пра тое гаворка? Тое лухта, дзiцячыя забаўкi! Нiкому нiчога пры сабе не трэба мець. Хадзi хоць голы. А толькi нябачныя радыёхвалi так званыя бiятокi – будуць пастаянна ўздзейнiчаць на цябе, на тваю свядомасць. I куды ты тады дзенешся?
– Вунь як?
– А ты думаў! Чалавек будзе ўсё рабiць па праграме з цэнтра. Яму здаецца, што ён жыве i дзейнiчае сам па сабе, па сваёй вольнай волi, а на самай справе па загаду зверху. I ўсё па строгiм распарадку. Трэба, каб ты спяваў, – сiгнал – будзеш спяваць. Трэба, каб ты працаваў, – сiгнал – будзеш працаваць, ды яшчэ як! Крадзёж, хулiганства, злачыннасць – усё забудзецца, толькi ў старых кнiгах чытаць пра тое давядзецца. Таму што ўсё будзе прадугледжана ў паводзiнах чалавека – усе ўчынкi, усе выдумкi, усе жаданнi. Вось, скажам, у свеце цяпер дэмаграфiчны выбух, гэта значыць людзей шмат распладзiлася, кармiць няма чым. Што трэба рабiць? Скарачаць прырост. З жонкай будзеш мець справу тады, калi сiгнал не той дадуць, зыходзячы з iнтарэсаў грамадства.
– Вышэйшых iнтарэсаў, – не без здзеку ўдакладнiў Эдыльбай.
– Менавiта, дзяржаўныя iнтарэсы вышэй за ўсё.
– А калi я без гэтых iнтарэсаў захачу гэта самае з жонкай цi яшчэ як?
– Эдыльбай, дарагi, нiчога не атрымаецца. Табе такая думка ў галаву не прыйдзе. Пакажы табе самую прыгажуню – ты нават вокам не павядзеш. Таму што бiятокi адмоўныя падключаць. Так што i з гэтай справай навядуць поўны парадак. Будзь пэўны. Цi ўзяць ваенную справу. Усё па сiгналу будзе. Трэба ў агонь – у агонь скокне, трэба з парашутам – вокам не мiргне, трэба ўзарвацца з атамнай мiнай пад танкам – калi ласка, умомант. Чаму, спытаеце вы ў мяне? Дадзены бiяток бясстрашша – i ўсё, нiякага страху ў чалавека... Вось як!..
– Ох i брахун жа ты! Ну даеш! Чаму цябе столькi год вучылi? – шчыра здзiўляўся Эдыльбай.
Усе адкрыта пасмейвалiся, ёрзалi, круцiлi галовамi, вось, маўляў, залiвае хлопец, але, аднак жа, слухалi – чортведама што нясе, аднак жа цiкава, нечувана, хоць усе разумелi, што ён добра-такi сп'янеў, запiваючы патрохi гарэлку шубатам, – што з яго возьмеш, няхай балбоча. Недзе нешта чуў чалавек, а што тут праўда, што мана, цi варта галаву ламаць. Так, але Едыгею раптам стала па-сапраўднаму страшна – не так сабе балбоча балбатун, занепакоiўся ён, бо ён пра гэта чытаў недзе цi краем вуха чуў, а ў яго нюх на тое, дзе нешта не так. А што, калi i сапраўды iснуюць такiя людзi, шаноўныя вучоныя, якiм прыйшло ў галаву кiраваць намi, як багам?..
Сабiтжан жа ўсё здзiўляў ды здзiўляў, тым болей што слухалi. Зрэнкi пад успацелымi акулярамi вунь ужо бы кацiныя вочы ў цемры, а ён усё то за гарэлку, то за шубат. Цяпер ён, размахваючы рукамi, расказваў байку пра нейкi бермудскi трохвугольнiк у акiяне, дзе таямнiча знiкаюць караблi i невявядома куды прападаюць, калi лятуць над тым месцам, самалёты.
– Вось у нас адзiн у вобласцi ўсё дабiваўся за мяжу з'ездзiць. I што ж ужо там такога, падумаеш! Ну i з'ездзiў на сваю галаву. Паляцеў некуды праз акiян, цi то ў Уругвай, цi то ў Парагвай, – i з канцом. Над тым бермудскiм трохвугольнiкам самалёта як не бывала, прапаў. Не стала яго, i ўсё. А таму, сябры, абыдземся i без бермудскiх трохвугольнiкаў, жывi на ўласнай зямлi, пры ўласным здароўi. Давайце вып'ем за наша здароўе!
"Ну пайшло! – вылаяўся сам сабе Едыгей. – Зараз ён сваё любiмае выслоўе ўспомнiць. Эх, бяда! Як толькi вып'е, няма яму тармазоў!" Так яно i сталася.
– Вып'ем за наша здароўе! – паўтарыў Сабiтжан, аглядваючы прысутных мутным, няўстойлiвым позiркам, але ўсё яшчэ сiлячыся надаць выразу твару свайго нейкую шматзначную роўнасць. – А наша здароўе – гэта самае вялiкае багацце краiны. Значыць, наша здароўе – дзяржаўная каштоўнасць. Вось яно як! Не такiя ўжо мы простыя, мы дзяржаўныя людзi! I яшчэ я хачу сказаць.
Буранны Едыгей порстка ўстаў з месца, не чакаючы, пакуль той закончыць свой тост – выйшаў з дому. Заляскала ў цеменi на ганку – цi то парожняе вядро, цi то яшчэ што чаплялася за ногi, – ён скоранька надзеў свае кiрзачы i пайшоў дадому знiякавелы i злосны. "Эх, бедны Казангап! – нячутна застагнаў ён, кусаючы вус ад крыўды. – Як жа гэта – i смерць не смерць i гора не гора! Сядзiць, выпiвае сабе, як на вечарынцы, i хоць бы што! Прыдумаў сабе гэта чортава выслоўе – дзяржаўнае здароўе, i вось так кожны раз. Ну, дай бог заўтра ўсё як мае быць зрабiць, а як пахаваем ды першыя памiнкi справiм, нагi ягонай тут болей не будзе!"
А ўсё-ткi немалы час прабавiлi ў доме Доўгага Эдыльбая. Час за паўночы павярнуў. Едыгей удыхаў на поўныя грудзi халаднаватае паветра начных саразекаў. Надвор'е абяцала быць назаўтра, як звычайна, ясным i сухiм. Заўсёды так. Удзень горача, а ноччу халадэча, дрыготка б'е. Вось i застаюцца толькi тыя, што выжываюць. Калючкi розныя, палын ды на вынасах з яраў разнатраўе клоччам трымаецца, яго можна пакасiць на сена. Геолаг Елiзараў, даўнi сябар Бураннага Едыгея, расказваў, бывала, словам маляваў проста-такi, як некалi тут былi багатыя лугi, клiмат быў iншы, дажджоў выпадала ў тры разы болей. Ну, вядома, i жыццё таму было iншае. Статкi, табуны, атары хадзiлi па саразеках. Даўно, мусiць, гэта было, магчыма, да таго яшчэ, як аб'явiлiся тут тыя самыя жуаньжуаны, ад якiх i след прастыў у вяках, адны чуткi засталiся. А iнакш як магло памясцiцца ў саразеках столькi люду. Нездарма ж Елiзараў казаў: саразекi – забытая кнiга стэпавай гiсторыi... Ён лiчыў, што гiсторыя Ана-Бейiцкiх могiлак таксама не выпадковая справа. Каторыя грамацеi гiсторыяй прызнаюць толькi тое, што напiсана на паперы. А калi ў тыя часы кнiгi яшчэ не пiсалiся, тады як быць?..
Прыслухоўваючыся да шуму цягнiкоў на раз'ездзе, Едыгей чамусьцi ўспомнiў штармы Аральскага мора, на беразе якога нарадзiўся, вырас i жыў да вайны. Казангап таксама быў аральскi казах. Таму i зблiзiлiся яны, апынуўшыся на чыгунцы, i часта сумавалi ў саразеках па сваiм моры, а незадоўга да смерцi Казангапа ўвесну з'ездзiлi ўдваiх на Арал, выходзiць, стары развiтвацца ездзiў з морам. Але лепей бы не ездзiлi. Расстройства адно. Мора там не стала, вось як. Прападае, высыхае Арал. Кiламетраў дзесяць ехалi па ранейшым дне, па сухой глiне, пакуль дапялi да краю вады. I тут Казангап сказаў: "Колькi стаiць зямля – стаяла Аральскае мора. Цяпер i яно ўсыхае, што ж тут казаць пра чалавечае жыццё". I яшчэ ён сказаў тады: "Ты мяне пахавай на Ана-Бейiце, Едыгей".
Буранны Едыгей выцер рукавом нечаканую слязу, пракашляўся, каб у горле не заставалася здрадлiвай хрыпаты, i пайшоў у Казангапаву мазанку, дзе сядзелi ў жальбе Анзада, Укубала i з iмi iншыя жанчыны. Баранлiнскiя жанчыны прыходзiлi сюды то адна, то другая памiж справай, каб пабыць разам ды памагчы ў чым, калi спатрэбiцца.
Праходзячы паўз загон, Едыгей прыпынiўся на хвiлiну каля карча, укапанага ў зямлю, – тут стаяў напагатове асядланы i прыбраны ў посцiлку з кутасамi Буранны Каранар. Пры месячным святле вярблюд здаваўся аграмадным, магутным, спакойна-непарушным, як слон. Едыгей не ўтрываў:
– Ну i нiштаваты ты!
Ужо ля самага парога ўспомнiў Едыгей чамусьцi, нават сам не разумеючы чаму, учарашнюю ноч. Як прыбягала да чыгункi стэпавая лiсiца, як ён не асмелiўся, перадумаў кiнуць у яе каменем i як потым, калi пайшоў дадому, стартаваў з касмадрома ў начное чорнае неба вогненны карабель...
III
Той парой на Цiхiм акiяне, у паўночных ягоных шыротах, быў ужо ранак, восьмая гадзiна ранiцы. Асляпляльнае сонечнае надвор'е разлiлося бязмежным святлом над неабдымна-смужлiвым, велiчным зацiшкам. I акрамя вады i неба, у гэтых абсягах не iснавала нiчога iншага. Аднак жа менавiта тут, на борце авiяносца "Канвенцыя", распачыналася яшчэ пакуль нiкому па-за межамi карабля невядомая сусветная драма ў сувязi з нечуваным выпадкам у гiсторыi асваення космаса, выпадкам, што меў месца на амерыкана-савецкай арбiтальнай 36 станцыi "Парытэт".
Авiяносец "Канвенцыя" – навукова-стратэгiчны штаб Абцэнупра па сумеснай планеталагiчнай праграме "Дэмiвург", – ён неадкладна спынiў паводле гэтай прычыны ўсялякiя сувязi з акаляючым светам, не застаўся ў сваiм пастаянным пункце месцазнаходжання паўднёвей Алявуцкiх астравоў у Цiхiм акiяне, а, наадварот, яшчэ больш дакладна вызначыў сваё месцазнаходжанне ў гэтым раёне, на строга дакладнай паветранай адлегласцi памiж Уладзiвастокам i Сан-Францыска.
На самiм навуковым судне таксама адбылiся некаторыя змены. Паводле ўказання Генеральных сукiраўнiкоў праграмы, амерыканскага i савецкага, абодва дзяжурныя аператары блока касмiчнай сувязi – адзiн савецкi, другi амерыканскi, – калi прынялi iнфармацыю пра незвычайнае здарэнне на "Парытэце", былi часова, але строга iзаляваны, каб не прасачылiся якiм чынам звесткi пра тое, што здарылася...
На "Канвенцыi" была ўведзена павышаная гатоўнасць, хоць судна не мела нi ваеннага прызначэння, нi тым больш нiякага ўзбраення i карысталася статусам мiжнароднай недатыкальнасцi паводле спецыяльнага рашэння ААН. Гэта быў адзiны ў свеце неваенны авiяносец.
На адзiнаццаць гадзiн дня з iнтэрвалам у пяць хвiлiн чакалася прыбыццё на "Канвенцыю" адказных камiсiй абодвух бакоў з правам прымаць экстранныя рашэннi i практычныя захады, якiя яны палiчаць патрэбнымi ў мэтах бяспекi сваiх краiн i свету.
Такiм чынам, авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў той час у адкрытым акiяне паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi памiж Уладзiвастокам i Сан-Францыска. Такi выбар месца быў не выпадковы. Як нiколi раней выявiлася гэты раз незвычайная пранiклiвасць i прадбачлiвасць творцаў праграмы "Дэмiвург", бо нават месцазнаходжанне судна, на якiм здзяйсняўся агульны план планеталагiчных пошукаў, выяўляла прынцыпы поўнага раўнапраўя, абсалютна парытэтных пачаткаў гэтага навукова-тэхнiчнага супрацоўнiцтва.
Авiяносец "Канвенцыя" з усiм абсталяваннем, энергетычнымi запасамi належаў на роўных долях абодвум бакам i быў, такiм чынам, кааператыўным суднам дзяржаў-пайшчыкаў. Ён меў прамую, пастаяннага дзеяння радыётэлефонатэлiвiзiйную сувязь з Невадскiм i Саразекскiм касмадромамi. На авiяносцы базiравалася восем, па чатыры ад кожнага боку, рэактыўных самалётаў, што здзяйснялi пастаянна ўсе транспартныя перавозкi i iншыя даручэннi, у якiх меў патрэбу Абцэнупр дзеля ажыццяўлення кожнадзённых сувязяў з мацерыкамi. На "Канвенцыi" былi два парытэт-капiтаны – савецкi i амерыканскi: парытэт-капiтан 1-2 i парытэт-капiтан 2-1, усе наступныя навуковыя работнiкi ўсiх спецыяльнасцей адпаведна мелi дублi, прадстаўляючы ў аднолькавай ступенi абодва бакi. Вось чаму i касмiчная станцыя, што знаходзiлася на самай аддалёнай арбiце "Трамплiн", называлася "Парытэт", выяўляючы гэтым сутнасць зямных узаемаадносiн.
Усяму гэтаму, вядома, папярэднiчала вялiкая, разнастайная падрыхтоўчая работа навуковых, дыпламатычных, адмiнiстрацыйных устаноў у абедзвюх краiнах. Спатрэбiлася нямала год, пакуль абое бакi на шматлiкiх сустрэчах i нарадах прыйшлi да пагаднення наконт усiх агульных i прыватных пытанняў праграмы "Дэмiвург".
Праграма "Дэмiвург" мела на ўвазе грандыёзную касмалагiчную задачу стагоддзя – вывучэнне планеты Iкс з мэтай выкарыстання яе мiнеральных рэсурсаў, што мелi ў сабе неверагодныя, паводле зямных уяўленняў, запасы ўнутранай энергii. Сотня тон iксiянскай пароды, што даступна ляжала на паверхнi зорнага цела, пры адпаведнай апрацоўцы магла вызвалiць столькi ўнутранай энергii, колькi спатрэбiлася б у пераўтвораным выглядзе ў якасцi электрычнасцi i цяпла ўсёй Эўропе на цэлы год. Такая была энергетычная прырода матэрыi на Iксе, што ўзнiкла ў асаблiвых умовах Галактыкi пад уздзеяннем доўгай планетарнай эвалюцыi, на працягу многiх мiлiярдаў год. Пра гэта сведчылi пробы грунту, якiя неаднаразова дастаўлялiся касмiчнымi апаратамi з паверхнi Iкса, пра тое гаварылi вынiкi экспедыцый, што здзяйснялi колькi разоў высадку на гэтую чырвоную планету нашай Сонечнай сiстэмы.
Вызначальным жа фактарам у карысць праекта асваення Iкса стала тое, чаго не было нi на адной другой вядомай навуцы планеце, уключаючы Месяц i Венеру, наяўнасць свабоднай вады ў сховах такой пустэльнай з выгляду Iксiянскай зоркi. Бясспрэчная наяўнасць вады на Iксе пацвярджалася буравымi пробамi. Паводле разлiкаў вучоных, пад паверхняй Iкса мог залягаць слой вады тоўшчай у некалькi кiламетраў – ён утрымлiваўся ў нязменным стане нiжнiмi пластамi халодных каменных парод.
Наяўнасць такой вялiкай колькасцi вады на Iксiянскай зорцы забяспечвала рэальнасць праграмы "Дэмiвург". Вада ў дадзеным выпадку была не толькi вадкасцю, але i зыходным прадуктам сiнтэзавання iншых элементаў, неабходных для падтрымання жыцця i нармальнай дзейнасцi чалавечага арганiзма ў iншапланетных умовах, найперш паветра для дыхання. Акрамя таго, з вытворчага пункту гледжання вада адыгрывала асноўную ролю ў тэхналогii пярвiчнай флатацыi iксiянскай пароды перад загрузкай яе ў транскасмiчныя кантэйнеры.
Абмяркоўвалася пытанне, дзе найлепш здабываць iксiянскую энергiю: на арбiтальных станцыях у космасе, каб затым перадаваць яе на Зямлю па геасiнхронных арбiтах, цi непасрэдна на самой Зямлi. Але на роздум час яшчэ быў.
Ужо рыхтавалася вялiкая экспедыцыя па доўгатэрмiновай высадцы групы буравiкоў i гiдролагаў, якiм належала забяспечыць пастаянны, з аўтаматычным кiраваннем, прыток вады з iксiянскiх сховiшчаў у сiстэму водаправодаў. Арбiтальная станцыя "Парытэт" была, карыстаючыся тэрмiнам альпiнiстаў, галоўным базавым лагерам на шляху да Iкса. На "Парытэце" ўжо былi збудаваны неабходныя канструкцыi для прычальвання, разгрузкi i пагрузкi транспартных "чаўнакоў", якiя будуць снаваць памiж Iксам i "Парытэтам". З часам, як збудуюцца блокi, на "Парытэце" змаглi б размясцiцца больш за сто чалавек у даволi камфартабельных умовах, уключаючы пастаянны прыём тэлевiзiйных перадач з Зямлi.
У гэтым вялiкiм касмiчным мерапрыемстве здабыча i аналiз iксiянскай вады былi б першым актам вытворчай дзейнасцi, якую калi-небудзь ажыццяўляў чалавек па-за межамi сваёй планеты...
I гэты дзень наблiжаўся. I ўсё iшло да таго...
На Саразекскiм i Нявадскiм касмадромах завяршалася апошняя падрыхтоўка да гiдратэхнiчнай аперацыi на Iксе. "Парытэт", знаходзячыся на арбiце "Трамплiн", быў напагатове да прыняцця i перакiдкi на Iкс першай рабочай групы касмiчных цалiннiкаў.
Па сутнасцi, сучаснае чалавецтва стаяла ля вытокаў сваёй пазаземнай цывiлiзацыi.
Менавiта ў гэты момант, напярэдаднi ажыццяўлення засылкi першай групы гiдролагаў на Iкс, два парытэт-касманаўты, што знаходзiлiся на арбiце "Трамплiна" з доўгатэрмiновай касмiчнай вахтай на "Парытэце", бясследна знiклi...
Яны раптам перасталi адказваць на сiгналы наогул – нi ў запланаваны час сеансаў сувязi, нi ў iншы час. Уражанне было гнятлiвае – акрамя датчыкаў, што пастаянна значылi месцазнаходжанне станцыi, i канала карэкцыi яе руху, усе астатнiя сiстэмы радыётэлевiзiйнай сувязi бяздзейнiчалi.
Час iшоў. "Парытэт" не адказваў нi на якiя звароты да яго. Трывога на "Канвенцыi" ўзрастала. Рабiлiся розныя прапановы, узнiкалi розныя здагадкi. Што з iмi, з парытэт-касманаўтамi? У чым прычына iхняга маўчання? Цi не захварэлi, цi не атруцiлiся якой непрыгоднай ежай? I наогул, цi жывыя яны?
Нарэшце, было выкарыстана ўсё, апошнi сродак – быў пасланы сiгнал на ўключэнне сiстэмы агульнай пажарнай трывогi на станцыi. Нiякай рэакцыi i на гэта.
Над праграмай "Дэмiвург" навiсла сур'ёзная небяспека. I тады Абцэнупр на "Канвенцыi" скарыстаў апошнiя свае магчымасцi для высвятлення абставiн. Да "Парытэта" былi тэрмiнова запушчаны на стыкоўку са станцыяй два касмiчныя караблi з двума касманаўтамi – з Нявадскага i Саразекскага касмадромаў.
Калi сiнхронная стыкоўка ажыццявiлася, што само па сабе было справай надзвычай цяжкай, першая вестка, якую атрымалi ад касманаўтаў, што трапiлi на "Парытэт", была ашаламляльнай: абышоўшы ўсе адсекi, усе лабараторыi, усе паверхi, усе да апошняга куткi, яны паведамiлi, што не знайшлi на борце станцыi парытэт-касманаўтаў. Iх тут не было, нi жывых, нi мёртвых.
Такое не магло прыйсцi ў галаву нiкому. Нiякае ўяўленне не магло дапусцiць таго, што адбылося, куды раптам прапалi два чалавекi, што знаходзiлiся больш двух месяцаў на арбiтальнай станцыi, да гэтага часу дакладна выконваючы ўсе ўскладзеныя на iх функцыi. Не ператварылiся ж яны ў пару? Не выбралiся ж у адкрыты космас!
Сеанс абследавання "Парытэта" праходзiў пры прамой радыётэлевiзiйнай сувязi з "Канвенцыяй", пры непасрэдным удзеле абодвух генеральных сукiраўнiкоў – галоўных парытэт-планетолагаў. Было добра вiдно на мностве экранаў Абцэнупра, як касманаўты-кантралёры, перамаўляючыся, абыходзiлi, праплывалi ў бязважкасцi ўсе блокi i памяшканнi арбiтальнай станцыi. Яны абследавалi станцыю пядзя за пядзяй, пры гэтым увесь час дакладваючы пра свае назiраннi. Гэтыя размовы былi захаваныя магнiтафонным запiсам:
"П а р ы т э т". Вы назiраеце? На станцыi нiкога няма. Мы нiкога не знаходзiм.
"К а н в е н ц ы я". Цi ёсць сляды якiх-небудзь разбiтых прадметаў, парушэнняў, паломак на станцыi?
"П а р ы т э т". Не. Усё выглядае як мае быць, усё ў парадку. Усё на сваiм месцы.
"К а н в е н ц ы я". Цi траплялi вам на вочы сляды крывi?
"П а р ы т э т". Абсалютна не.
"К а н в е н ц ы я". Дзе знаходзяцца i ў якiм стане рэчы парытэт-касманаўтаў?
"П а р ы т э т". Ды, здаецца, усё на сваiм месцы.
"К а н в е н ц ы я". А ўсё-ткi?
"П а р ы т э т". Уражанне такое, што яны былi тут зусiм нядаўна. Кнiгi, гадзiннiкi, прайгравальнiк i ўсялякiя iншыя рэчы – усё на месцы.
"К а н в е н ц ы я". Добра. Цi няма якiх занатовак дзе-небудзь на сцяне цi на паперы.
"П а р ы т э т". Нiчога такога на вочы не трапляла. Хаця чакайце! Вахценны сшытак раскрыты на нейкiм вялiкiм запiсу. Каб ён не плаваў у бязважкасцi, сшытак замацаваны прышчэпкамi i павернуты старонкамi на нас.
"К а н в е н ц ы я". Чытайце, што там напiсана!
"П а р ы т э т". Зараз паспрабуем. Гэта два тэксты, яны побач слупкамi на ангельскай i расейскай мовах...
"К а н в е н ц ы я". Чытайце, чаму марудзiце?
"П а р ы т э т". Назва – "Пасланне землякам". А ў дужках – тлумачальная запiска.
"К а н в е н ц ы я". Стоп. Не чытайце. Сеанс сувязi перапыняецца. Чакайце. Праз колькi часу мы зноў выклiчам вас. Будзьце гатовыя.
"П а р ы т э т". О'кэй!
У гэтым месцы дыялог памiж арбiтальнай станцыяй i Абцэнупрам быў перапынены. Параiўшыся памiж сабой, Генеральныя сукiраўнiкi праграмы "Дэмiвург" папрасiлi ўсiх, акрамя двух дзяжурных парытэт-аператараў, пакiнуць блок касмiчнай сувязi. Толькi пасля гэтага зноў быў адноўлены сеанс двухбаковай сувязi. Вось тэкст, пакiнуты парытэт-касманаўтамi на арбiце "Трамплiн":
"Паважаныя калегi, паколькi мы пакiдаем арбiтальную станцыю "Парытэт" пры вельмi незвычайных абставiнах, на няпэўны час, магчыма, на бясконца доўгi, усё будзе залежаць ад цэлага шэрагу фактараў, звязаных з нашым беспрэцэдэнтным мерапрыемствам, мы лiчым сваiм абавязкам растлумачыць матывы нашага ўчынку...
Мы добра ўсведамляем, што наш учынак здасца, несумненна, не толькi нечаканым, але, вядома, i недапушчальным з пункту гледжання элементарнай дысцыплiны. Аднак выключны факт, з якiм мы сутыкнулiся, знаходзячыся на арбiтальнай станцыi ў космасе, факт, роўны якому цяжка знайсцi ва ўсёй гiсторыi чалавечай культуры, дазваляе нам разлiчваць хаця б на разуменне...
Колькi часу таму мы пачалi ўлоўлiваць сярод незлiчонага мноства радыёiмпульсаў, што iшлi ад касмiчнага акружэння i ў значнай ступенi ад самой зямной iонасферы, насычанай бясконцымi шумавымi i iншымi перашкодамi, адзiн мэтанакiраваны сiгнал у вузкачастотнай паласе, якi, будучы самым вузкiм, а таму i лёгка апазнавальным, заяўляў пра сябе рэгулярна, заўсёды ў адзiн i той жа час i заўсёды з аднолькавымi iнтэрваламi. Спачатку мы не звярталi на яго асаблiвай увагi. Ён працягваў настойлiва нагадваць аб сабе, сiстэматычна зыходзячы са строга пэўнага пункта Сусвету, строга арыентуючыся, мяркуючы па ўсiм, на нашу арбiтальную станцыю. Цяпер мы пэўна ведаем: гэтыя штучна накiраваныя радыёхвалi паступалi ў эфiр i раней, задоўга да нашай вахты, трэцяй па лiку, бо "Парытэт" знаходзiцца на арбiце "Трамплiн" у дальнiм космасе вось ужо амаль два гады. Цяжка растлумачыць, чаму, мусiць, зусiм выпадкова, мы першыя зацiкавiлiся падачай гэтага сiгналу з Сусвету. Як бы там нi было, мы сталi назiраць, адзначаць, вывучаць прыроду гэтай з'явы i паступова, усё больш пераконваючыся пра штучнае яе паходжанне.
Не так хутка звыклiся мы с гэтай думкай, сумненнi не пакiдалi нас праз увесь гэты час. Як маглi мы сцвярджаць iснаванне пазаземнай цывiлiзацыi, апiраючыся хiба на адзiн факт штучнага, як мы думалi, радыёсiгналу, што зыходзiў з невядомых глыбiнь сусветнай далечы? Нас стрымлiвала тая акалiчнасць, што ўсе папярэднiя навуковыя спробы, што неаднаразова распачыналiся з самай мiнiмальнай задачай – выяўлення хоць якiх прыкмет жыцця, у самай простай форме, хаця б на сумежных планетах, – як вядома, вынiкаў не далi. Пошукi пазаземнага розуму лiчылiся малаверагоднымi, а пазней i зусiм нерэальнымi, утапiчнымi заняткамi, бо з кожным новым крокам у даследаваннi касмiчнай прасторы гэтых шанцаў нават i ў тэарэтычным плане рабiлася ўсё менш, калi не сказаць, што яны звялiся практычна да нуля. Мы не адважвалiся заявiць пра свае здагадкi. Мы не збiралiся аспрэчваць паўсюдна ўсталяваную думку пра ўнiкальнасць, беспрэцэдэнтнасць, адзiнкавасць як бiялагiчнага феномена жывога жыцця толькi на планеце Зямля. Дзялiцца сваiмi сумненнямi на гэты конт мы не лiчылi сябе абавязанымi, таму што ў праграму нашых рабочых абавязкаў па арбiтальнай станцыi такога роду назiраннi не ўваходзiлi.
Але калi яшчэ адзiн выпадак з'явiўся апошнiм доказам iснавання ў Сусвеце разумнага жыцця акрамя зямнога, для нас было ўжо запозна. Мы перажылi скачок свядомасцi, пераварот, перабудову ў сваiх уяўленнях аб светапарадку i ўбачылi раптам, што сталi мыслiць зусiм iншымi катэгорыямi, чым да таго. Якасна новае асэнсаванне структуры светапабудовы, адкрыццё новай абжытай пространi, iснаванне яшчэ аднаго асяродка разумовай энергii падвялi нас да высновы, што да пэўнага часу нам трэба ўстрымацца апавяшчаць зямлян пра наша адкрыццё, зыходзячы з новых паняццяў клопату пра Зямлю. Мы прыйшлi да гэтага рашэння дзеля дабра самога сучаснага грамадства.
Цяпер пра сутнасць справы. Як гэта адбылося.
Дзеля цiкавасцi мы рашылi аднойчы паслаць мэтанакiраваны радыёсiгнал у адказ у тым жа спектры частаты, накiраваўшы яго ў тую кропку Сусвету, адкуль пастаянна зыходзiлi загадкавыя радыёiмпульсы. Адбыўся цуд! Наш сiгнал быў неадкладна прыняты! Ён быў злоўлены i зразуметы! У адказ на нашай прыёмнай паласе пачаў працаваць яшчэ адзiн дубль побач з ранейшым, а затым яшчэ адзiн гэта было прывiтальнае трыа, тры сiнхронных радыёсiгналы з Сусвету некалькi гадзiн запар, як урачысты марш, неслi з сабой радасную вестку пра разумных iстот па-за нашай Галактыкай, якiя мелi найвышэйшую здольнасць кантакту з да сябе падобнымi iстотамi на звышдальнiх адлегласцях. То была рэвалюцыя ў нашых уяўленнях пра касмiчную бiялогiю, у нашых ведах пра iснасць часу, прасторы, адлегласцей... Няўжо мы цяпер не адны на свеце, не адзiнкавыя ў сваiм быццi ў амаль недаступнай разуменню пустэльнай бясконцасцi свету, няўжо чалавечы вопыт на Зямлi не адзiнае прыстанiшча духу ў Сусвеце?
Каб праверыць рэальнасць адкрыцця пазаземнай цывiлiзацыi, мы паслалi накiраваны радыёсiгнал формулай масы зямнога шара, таго, дзе першапачаткова ўзнiкла i доўжыцца наша жыццё. У адказ мы атрымалi расшыфроўку – у сваю чаргу, прыкладна такую ж формулу масы iх планеты. З гэтага мы зрабiлi выснову, што тая абжытая планета дастаткова вялiкiх памераў, з суразмернай зямной сiле прыцягненнем.
Так мы абмянялiся першымi ведамi фiзiчных законаў, так мы ўпершыню ўступiлi ў кантакт з пазаземнымi носьбiтамi розуму. Iншапланецяне сталiся актыўнымi партнёрамi пры паглыбленнi i пашырэннi нашых сувязяў. Iх клопатам нашы кантакты рабiлiся ўсё больш змястоўнымi. Неўзабаве мы ўведалi, што ў iх ёсць лятальныя апараты, скорасць руху якiх роўная хуткасцi святла. Усё гэта, як i iншае, мы ўведалi дзякуючы таму, што змаглi абменьвацца думкамi спачатку з дапамогай матэматычных i хiмiчных формул, а потым яны далi нам зразумець, што ўмеюць i размаўляць. Выявiлася, што шмат год, з той пары, як зямляне, пераадолеўшы зямное прыцягненне, выйшлi ў космас i пачалi ў iм стала жыць, яны вывучаюць нашыя мовы з дапамогай магутнай аўтаастранамiчнай апаратуры, якая глыбока праслухоўвае Галактыку. Улоўлiваючы сiстэматычную радыёсувязь памiж космасам i Зямлёй, яны змаглi пры дапамозе супастаўленняў i аналiзу расшыфраваць для сябе значэнне нашых слоў i фраз. У гэтым мы пераканалiся самi, калi яны паспрабавалi паразумецца з намi на ангельскай i расейскай мовах. Для нас гэта было яшчэ адным неверагодным, ашаламляльным адкрыццём...
А цяпер пра самае галоўнае. Мы адважылiся наведаць гэтую планету пазаземнай цывiлiзацыi. Лясныя Грудзi – так прыкладна расшыфравалi мы самi сабе назву iх планеты. Леснагрудцы запрасiлi нас да сябе, гэта iх iдэя. I мы, стала памеркаваўшы, згадзiлiся. Яны растлумачылi нам, што iх лятальны апарат, якi мае хуткасць святла, дасягне нашай арбiтальнай станцыi за дваццаць шэсць дваццаць восем гадзiн. За такi час леснагрудцы павiнны даставiць нас i назад, як толькi мы таго пажадаем. На наша запытанне пра стыкоўку яны растлумачылi нам, што гэта не праблема, бо iхнi лятальны апарат прыладзiцца да нашага люку выхаду ў космас, праз якi мы маглi б перебрацца да iх з арбiтальнай станцыi. Такiм жа чынам можна вярнуцца назад, вядома, калi падарожжа да тых Лясных Грудзей паспяхова завяршыцца...
Значыцца, мы пакiдаем на борце "Парытэта" сваё пасланне, калi хочаце, тлумачальную запiску, адкрыты лiст, зварот... Не тое важна. Мы дастаткова цвяроза разумеем, на што iдзем i якi цяжар адказнасцi мы бярэм на сябе. Мы ўсведамляем, што лёс захацеў даць менавiта нам магчымасць саслужыць такую службу чалавецтву, вышэй за якую мы не ўяўляем нiчога...
I, аднак, самым пакутлiвым для нас было пераадоленне пачуцця абавязку, знiтаванасцi iм, дысцыплiны, нарэшце... Таго, што выхавана ў нас кожным даўнiмi традыцыямi, законамi, грамадскiмi нормамi маралi. Мы пакiдаем "Парытэт", не даводзячы тое да вашага ведама, не ўзгадняючы свае мэты i задачы нi з кiм i нi ў якой форме не таму, што пагарджаем правiламi грамадскага жыцця на Зямлi. Для нас гэта сталася тэмай самага цяжкога роздуму. Мы вымушаны зрабiць так, бо няцяжка ўявiць сабе, якiя настроi, супярэчнасцi, страсцi разгарацца, як толькi прыйдуць у рух сiлы, якiя нават у кожным лiшнiм хакейным голе бачаць палiтычную перамогу i перавагу сваёй грамадскай сiстэмы. Так, мы занадта добра ведаем нашу зямную рэчаiснасць! Хто можа паручыцца, што магчымасць кантактаў з пазаземнай цывiлiзацыяй не стане яшчэ адной зачэпкай для новай калатнечы памiж зямлянамi?
На Зямлi цяжка або амаль немагчыма ўхiлiцца ад палiтычнай барацьбы. Але, знаходзячыся працяглы час – многiя днi i месяцы – у дальнiм космасе, адкуль зямны шар здаецца не большым за аўтамабiльнае кола, з болем i бяссiльнай прыкрасцю мы думаем, што цяперашнi энергетычны крызiс, якi даводзiць грамадства да роспачы i наблiжае некаторыя краiны да жадання схапiцца за атамную бомбу, – гэта ўсяго толькi буйная тэхнiчная праблема; вось каб гэтыя краiны ў стане былi дагаварыцца, што важней...
Мы баялiся растрывожыць, ускладнiць i без таго небяспечнае становiшча зямлян, таму асмелiлiся ўзяць на сябе небывалую адказнасць – выступiць перад носьбiтамi пазаземнага розуму ад iмя чалавечага роду, у адпаведнасцi са сваiмi перакананнямi i сумленнем. Мы спадзяемся i адчуваем унутраную ўпэўненасць, што выканаем сваю добраахвотную мiсiю належным чынам.
Нарэшце апошняе. У сваiм роздуме, сумненнях i хiстаннях мы ў немалой ступенi былi заклапочаны тым, каб не нанесцi шкоды праграме "Дэмiвург", гэтаму найвялiкшаму пачынанню ў геакасмiчнай гiсторыi чалавецтва, выпакутаванаму нашымi краiнамi ў вынiку доўгiх год узаемнага недаверу, прылiваў i адлiваў супрацоўнiцтва. I ўсё-ткi розум перамог – i мы сумленна служылi нашай агульнай справе. Але, суаднёсшы адно з другiм i не жадаючы падстаўляць праграму "Дэмiвург" пад азначаныя выпрабаваннi, мы выбралi сваё – мы пакiдаем часова "Парытэт", з тым, каб пасля вяртання давесцi да чалавецтва вынiкi наведвання планеты Лясныя Грудзi. Калi мы не знiкнем назаўсёды цi калi кiраўнiцтва палiчыць нас нявартымi працягваць нашу вахту на "Парытэце", дык замянiць нас будзе не так складана. Заўсёды знойдуцца патрэбныя хлопцы, якiя будуць працаваць не горш за нас.
Мы iдзем у невядомасць. Нас вядзе туды прага ведаў i адвечная мара чалавека адкрыць да сябе падобныя iстоты ў iншых светах, каб розум аб'яднаўся з розумам. Аднак нiхто не ведае, што тоiць у сабе вопыт пазаземнай цывiлiзацыi – дабро або зло для чалавецтва? Мы пастараемся быць аб'ектыўнымi ў сваiх ацэнках. Калi ж мы адчуем, што наша адкрыццё нясе ў сабе нешта пагражальнае, нешта разбуральнае для нашай Зямлi, мы клянемся ахвяраваць сабой такiм чынам, каб не наклiкаць на Зямлю нiякай бяды.
I яшчэ раз апошняе. Мы развiтваемся. Мы бачым праз нашы iлюмiнатары Зямлю збоку. Яна ззяе як праменiсты дыямент у чорнай ночы пространi. Зямля цудоўная неверагоднай сiнiзной i адсюль здаецца крохкай, як галава немаўляцi. Нам здаецца адсюль, што ўсе людзi, якiя жывуць на свеце, усе яны нашы сёстры i браты, i без iх мы не ў стане ўяўляць сябе, хаця мы ведаем, на самой Зямлi гэта далёка не так...
Мы развiтваемся з зямным шарам. Праз колькi гадзiн мы пакiнем арбiту "Трамплiн", i тады Зямля схаваецца ад нашых вачэй. Iншапланецяне-леснагрудцы ўжо ў дарозе. Поблiз нашай арбiты. Неўзабаве яны будуць. Праз колькi гадзiн. Засталося зусiм мала. Чакаем.
I яшчэ. Мы пакiнем пiсьмы нашым сем'ям. Вельмi просiм вас усiх, хто будзе мець адносiны да гэтай справы, перадаць нашы пiсьмы паводле прызначэння...
Р. S. Даведка для тых, хто прыбудзе на "Парытэт" на наша месца. У вахценным сшытку мы пазначылi прыёмна-перадатачны канал i частату радыёхваль, з дапамогай якiх мы ўступалi ў кантакт з iншапланецянамi. Пры неабходнасцi мы будзем звязвацца з вамi па гэтым канале i перадаваць свае паведамленнi, наколькi мы маглi зразумець паводле кантактаў з леснагрудцамi, i самы зручны i адзiны спосаб сувязi – гэта бартавыя сiстэмы арбiтальнай станцыi, бо радыёсiгналы, звернутыя з Сусвету непасрэдна да Зямлi, не дасягаюць яе паверхнi з прычыны непераадольнай перашкоды – магутнай iянiзаванай сферы ў атмасферным акружэннi Зямлi.
Вось i ўсё. Бывайце. Нам пара.
Iдэнтычны тэкст паслання складзены на дзвюх мовах – на ангельскай i расейскай.
Парытэт-касманаўт 1-2.