355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 5)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел X

Сімулянтка. – Гісторыя Вікі. – Недавер Крушынскага. – Разгубленасць яго. – Нядобры план.

Крушынскі, гучна ляпнуўшы за сабою дзвярыма, увайшоў у хатку.

На душы ў яго адбывалася штось незразумелае. З аднаго боку ён адчуваў дзіўную палёгку, проста гара з плеч звалілася, калі пачуў, што дзяўчынка зусім здаровая. З другога – яму было прыкра, што яго, дарослага, разумнага, вопытнага мужчыну так абвялі вакол пальца. Галоўнае, ён не разумеў, навошта дзяўчынцы гэта?

Прыкрасць была і ад таго, што ён ноч не спаў, перажываў за яе, што паўдня прайшлі ў дарэмнай беганіне, клопатах, «разборках» – асабіста яму зусім непатрэбных; і што ён вымушаны быў прывесці сюды чужых людзей, якія зрабіліся міжвольнымі сведкамі ўсяго.

Крушынскі прысеў на табурэт і моўчкі пачаў пазіраць на дзяўчынку. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што сумленне прачнецца ў ёй і яна першая пачне размову. Але яна вытрымала гэтую цяжкую паўзу. Толькі што пазірала не на Крушынскага, а ўбок кудысьці. Рукі яе нервова церабілі коўдру, насунутую па бараду.

Крушынскаму нічога не заставалася, як пачынаць самому.

– Так, мая мілая. Ты мне дужа дорага абышлася, каб я цябе вось так проста пакінуў у спакоі, каб ты і далей магла ламаць сваю камедыю. Зараз ты мне раскажаш усё. Праўду раскажаш. Я чакаю.

– А што… сказаў доктар? – ціха спытала яна. Гэта былі першыя яе словы. І так дзіўна было чуць іх тут, сярод гэтых сцен! Крушынскі аж уздрыгнуў. Разам з тым ён не мог не адзнычыць, што голас у яе прыемны, нейкі падманліва анёльскі; не псавала яго нават лёгкая асіпласць ад прастуды.

– Доктар сказаў, ты абсалютна здаровая. Так што я цябе ўважліва слухаю. Хто ты, адкуль, як апынулася ў лесе, чаго замярзала там? І галоўнае – што ты думаеш рабіць далей?

Адказ прыгучаў толькі на апошняе пытанне.

– Нічога. Мне няма куды йсці…

– Ну-ну! Гэта ты мне кінь адразу! Няма куды йсці… Што ты гэтым хочаш сказаць?

Яна маўчала.

– Можа, ты сабралася тут жыць? Я правільна зразумеў? Ты думала пра гэта, прызнайся? А ты дапускаеш, што такі варыянт можа не задавальняць некага? У прыватнасці, мяне, гападара?

«Навошта я з ёю так рэзка?» Крушынскі вырашыў змяніць тактыку.

– Добра, – сказаў ён мякчэй. – Давай спачатку. Як цябе завуць?

– Віка.

– Ну вось, ужо лягчэй. Дзе ты жывеш, Віка?

– Нідзе…

– Так, пачынаецца! Добра – а дзе ты жыла раней? Жыла ж ты недзе?

– У Гомелі.

– Ну вось! Так памалу і наблізімся да ісціны. Ужо нешта, ужо можна да нечага прывязацца. Віка з Гомеля, трынаццаць гадоў. Хто ў цябе бацькі? Ну, што ізноў не так? Чаму маўчыш? У цябе ёсць бацькі?

– Не ведаю, як сказаць…

– Кажы праўду.

– Тады – няма ў мяне нікога.

– Стоп-машына!

Крушынскі ўжо бачыў, што кожнае слова давядзецца выцягваць з яе як абцугамі. Але ён быў упарты, да таго ж верыў, што такім спосабам – задаючы ёй пытанні і хвалячы за кожны адказ, ён свайго даб'ецца.

Так і адбылося. Пакрысе дзяўчынка разгаварылася. За ўвесь час, пакуль пераказвала невясёлую сваю гісторыю, яна ні разу не паглядзела на Крушынскага. Уставілася ў адну кропку – ў вакенца насупраць тапчана, нібы там вісеў якісьці экран, з якога яна і счытвала свой тэкст.

Спачатку Крушынскі слухаў уважліва. На кожнае слова ківаў галавою – так, так, разумею, бывае. У той жа момант ён стараўся не прапусціць ніводнае дэталі, вычэкваючы момант, калі дзяўчынка саб'ецца, заблытаецца і каб на гэтым злавіць яе.

Але яна не збівалася. Гладка, роўна, як па пісаным ліўся прыемны яе голас. І чым больш слухаў Крушынскі, тым больш аповед яе расчароўваў яго. Нейкай дужа сентыментальнай, слёзнай атрымоўвалася гісторыя, занадта ўжо біла на шкадаванне. Мноства такіх гісторый у газетах і па тэлевізары. З імі ўжо настолькі звыкліся, што цяжкавата нават бывае ўвайсці ў страшны іх сэнс – менавіта ад таго, што так многа іх. І ўжо ўспрымаюцца яны як штосьці нармальнае, будзёнае, як прагнозы сіноптыкаў ці праграма тэлебачання.

Нарадзілася і гадавалася наша Віка (калі ёй верыць, канечне) у горадзе Гомелі. Бацькі ў яе не было, а быў айчым, які больш часу праводзіў па турмах, чым на свабодзе. Жылі ўдвух з маці ў маленькім пакойчыку камунальнай кватэры; акрамя іх яшчэ тры сям'і. Кухня, прыбіральня, душ – усё агульнае. Маці ў рабочай сталовай мыла посуд. Словам, добра ці кепска, але жыць неяк можна было. І толькі калі на кароткія перыяды вяртаўся з турмы айчым, гэтае жыццё ператваралася ў кашмар. Пакойчык рабіўся нейкім прытонам. Чужыя людзі – «сябры», лаянка, п'янкі, разборкі. Толькі і засталося з тых часоў у памяці, што заслона цыгарэтнага смярдзючага дыму ды бразканне парожніх бутэлек пад сталом. Напіваючыся, айчым любіў паказаць сваю праўду і сілу – лупцаваў кожнага, хто пад руку, не глядзеў ні жонкі, ні падчаркі, ні «сябра», ні суседа.

Канчаліся гэтыя гулі заўсёды адным і тым жа. Міліцыя, пратакол, суд – і доўгая камандзіроўка ў казённы дом, які быў для айчыма бліжэй чым родны. Толькі тады нарэшце ўздыхалася ім з маці вальней. Хоць паспаць можна было, хоць урокі спакойна павучыць, хоць паесці – маці часта прыносіла са сталовай аб'едкі (так і сказала Віка Крушынскаму – аб'едкі). Тады ж наладжвалася і справы ў школе, Віку пачыналі хваліць, ставілі добрыя адзнакі. Аднойчы іхні клас вазілі ў Мінск, у цырку там былі, гулялі па скверы Янкі Купалы, які насупраць цырка. Гэта запомнілася, як адна з нямногіх радасцей. Яшчэ неяк на Новы год раздавалі ў школе гуманітарную дапамогу, і ёй таксама дасталіся дзве вельмі прыгожыя мяккія лялькі, прысланыя добрымі людзьмі з Галандыі.

Апошні суд «упаяў» айчыму аж чатыры гады. За гэты час можна было б і забыцца на яго; аднак ён на іх не забыўся. Патрапіў пад амністыю, ужо ўлетку выйшаў на волю. Мала таго, яшчэ і з нейкімі грашыма вярнуўся. Яны там, у турме, рабілі мэблю, вось ім і налічвалі грошы, а пры выхадзе аддавалі. Айчым не пытаў, ці ёсць у падчаркі сукенка, абутак, ці можа яна якую шакаладку хоча. Усё да капеечкі ішло на выпіўку. Адразу ж, нюхам чуючы, паспаўзаліся ўвечары такія, як сам. І назаўтра, і напаслязаўтра. А жнівень канчаецца, у школу вось-вось – і няма ў чым ісці ў тую школу! Аднак і гэта можна было б перажыць неяк, каб не самае страшнае. Не вытрымала маці. І без таго затурканая, бязвольная, хворая, цяпер яна проста пачала співацца разам з айчымам і яго кампаніяй.

Апусцілася, пачала лаяцца, зрабілася раздражнёнай, часценька таксама спаганяла злосць на дачцэ, нібы тая была вінаватая. Страціла працу ў сталовай, а разам і мачымасць нешта прыносіць дамоў. Жылі і «гулялі» на айчымавы грошы, і канца не было відаць гэтаму пеклу.

Паступова дзяўчынка проста перастала з'яўляцца дадому. Бадзяжнічала, добра што верасень быў цёплы. Ні ў якую школу, вядома, не хадзіла. Начавала ў парку на лаўцы, на вакзале, ў падвалах, на паддашшах, у кінутых – пад знос – дамах, нават аднойчы ў скірдзе саломы за горадам «жыла» цэлы тыдзень. Дома яе адсутнасць нікога не трывожыла. Калі заяўлялася зрэдку, каб хоць што перахапіць паесці, бачыла там адно й тое: цыгарэтны дым, пустыя пляшкі і такія ж пустыя вочы людзей, што сядзелі за сталом, а некаторыя і ляжалі пад ім. Ніхто не спытаў, дзе ты прападаеш, дзе начуеш, што ясі? А ёй спачатку сяброўкі-аднакласніцы насілі сякую-такую перакуску, потым перасталі, і зразумела чаму – ім, хатненькім, чысценькім, дагледжаным было сарамна важдацца з ёй, бяздомнай бадзяжкаю. Пачала хадзіць па чужых кватэрах, хлусіла, што яны з бежанцаў, або пагарэльцы. Хто даваў – грашыма, прадуктамі, хто зачыняў перад носам дзверы, некаторыя лаяліся, пагражалі выклікаць міліцыю. Адзін стары хрыч запрасіў у кватэру і хацеў пацешыцца з яе, ледзьве паспела ўцячы.

Тым часам айчым даканаў свае не такія і вялікія грошы. А піць трэба ж неяк! Хтось з кампаньёнаў прапанаваў мудрае выйсце: прадаць пакойчык, адзінае, што яшчэ можна было прадаць. Тут жа, як з-пад зямлі вырасшы, з'явіліся дабразычліўцы, ветлівыя маладыя людзі, прапанавалі свае паслугі ў афіцыйна-бюракратычным афармленні здзелкі; і праўда – уміг пакой аказаўся прыватызаваны (суседзі, шчаслівыя, што пазбавяцца нарэшце ад абрыдлай сямейкі, падпісвалі ўсе паперы, не чытаючы), потым прададзены, а ранейшыя гаспадары, айчым з маці, атрымалі свой «барыш» – суму, за якую купілі роўна дваццаць пляшак гарэлкі! Калі Віка чарговы раз прыйшла, як яна лічыла, дамоў, высветлілася, што нават такой дамоўкі ў яе больш няма. У пакоі жылі чужыя людзі. Айчым, расказала добрая суседка, якая заўсёды любіла Віку, за тыдзень прагуляў барыш, узяўся «чысціць» чужыя дачы. Асабліва любіў ён паядаць марынаваныя гуркі з памідорамі ў слоіках. За гэтым заняткам у адной з дач міліцыя яго і заспела, а хуткі суд вярнуў яго ў родныя сцены турмы. Што да маці, дык спачатку яна ашывалася каля крамаў, збірала пляшкі, затым знікла. Бачылі яе нібыта на аўтобусным вакзале, нібыта на чыгуначным.

Канчалася восень. Пачыналася зіма, а з ёю – вятры, снягі, сцюжа… Удзень Віка бадзялася па горадзе, заходзіла ў магазіны і ў тыя ж вакзалы пагрэцца, жабравала па кватэрах. А ўвечары ехала электрычкай за горад, у адну пустую дачу – там выцягваўся з дзвярэй прабой. Закутвалася ў лахманы і начавала на падлозе. Памятаючы горкі айчымаў вопыт, ні да якіх слоікаў з марынадамі і кампотамі нават не дакраналася, хоць часта якая брала спакуса! Усё ж вечна так цягнуцца не магло. Хтосьці высачыў яе, сказаў гаспадарам. Тыя замянілі не тое што прабой з замком, а нават і дзверы – з драўляных на металічныя. Заставаўся адзін шлях – на вакзал. Там аднойчы яны і сустрэліся, бяздомныя маці з дачкою. Віка ледзь пазнала яе. Матуля была цвярозая, плакала, кляла айчыма, скардзілася, што зусім хворая. Але чым магла памагчы ёй дачка? Маці раптам дастала з адной са сваіх сумак, якімі вечна абчапляныя бамжы, абрывак навагодняй паштоўкі, настолькі стары, пашарпаны, што нічога, што там напісана, амаль нельга было разабраць, толькі прозвішча. «Гэта нейкая айчымава цётка. з Сімферопаля, – праз кашаль казала маці, – найдзі яе. Можа, і прыме. Пра мяне не думай, ратуйся, дачушка, сама! Падай у ногі, прасі, малі.» – «Ды як мне яе знайці, тую цётку?!» – «Мо ў якім адрасным стале, мо ў міліцыі, мо так хто падкажа. Прозвішча ж вядома!» На развітанне Віка дала ёй грошай, што настарцавала па людзях, сабе пакінула адну драбязу – у лазню схадзіць, ды ў танную цырульню, ды купіць што ў дарогу.

За Гомелем, на Чарнігаўскай трасе яе падабраў першы ж дальнябойшчык. Узрадваная, яна нават увагі не звярнула, што пасля вялізнага моста – развілкі, дзе сыходзілася, перапляталіся і разбягалася ў розныя бакі дзесятак малых і вялікіх дарог, яны паехалі не на поўдзень, а на захад – на Мінск. Калі сцямнела, дальнябойшчык пачаў прыставаць да яе. Яна ўкусіла яго за руку. Тады ён спыніўся і высадзіў яе – нават не высадзіў, а проста выкінуў з кабіны. Вакол быў лес і мяла завіруха. Усё далейшае ён, Крушынскі, ведае. Дзяўчынка пайшла ў гэты лес, стараючыся забрацца чым глыбей, затым наламала пад ніз лапак і легла пад хвойку. Помніць яна толькі, што стала ёй добра, цёпла – і больш нічога.

– Дык ты пагэтаму нямой прыкінулася? – спытаў Крушынскі. – Быў свежы прыклад з гэтым… дальнябойшчыкам?

Яна кіўнула.

– Ясна… Ану, пакажы мне той абрывак паштоўкі, – папрасіў ён.

– Паштоўка ў сумцы засталася, а сумка ў машыне.

– Як?! – ён аж ускочыў з табурэткі. – Ты адзіны свой паратунак не пры сабе насіла, а ў нейкай сумцы?!

– Ды я помню прозвішча, – абыякава сказала яна, – а больш там не разабраць, усё расплылося.

– Ну і то добра, што хоць прозвішча запомніла. Хаця! – Крушынскі машынальна выцягнуў цыгарэты, але схамянуўся, што ён не адзін ужо. Кінуў пачак на стол. – Хаця мала верагодна, што і там ты некаму будзеш патрэбная. Нават калі і знойдзеш тую цётку. А ўвогуле, – прыйшло яму раптам на розум, – чаму я павінен табе верыць?

Ён уважліва, як бы выпрабоўваючы, паглядзеў на яе. Яна маўчала.

– Во папаў… Во ўліп, дык ўліп… Ну, добра, не крыўдуй. Я табе веру. Кожнаму слову. І што цяпер рабіць?

Яна паціснула плячыма.

– Не магу ж я цябе тут пакінуць!

– А чаму і не? – спытала яна раптам, і далей, не даючы яму апамятацца, загаварыла хутка: – Я б да вясны толькі пажыла – і ўсё! Я памагаць вам буду, есці варыць, падмятаць.

Ашаломлены, ён моўчкі глядзеў на яе. І толькі калі ўбачыў, што ў яе вішнёвых вачах – мальба скрозь слёзы, узарваўся:

– Ты думаеш, што ты кажаш?! Падмятаць! Ды табе вучыцца трэба, за партаю ў школе сядзець, а не ў глухамані, без святла без радыё, з чужым дарослым дзядзькам. Калі б ты была хоць хлопчыкам! – вырвалася ў яго міжволі. Ён замоўк тады, зразумеўшы, якое глупства вярзе. А калі б хлопчык, дык што? Ніякіх гасцей! Ні хлопчыкаў, ні дзяўчынак! Не для таго ён так крута мяняў сваё жыццё, каб звязваць яго з кім бы там ні было! Ды і ўвогуле – што гэта такое? Гэта нейкі абсурд, з якога боку ні глянь! Гэта ж не сабака прыбіўся, не кот – чалавек, тут нават чыста юрыдычныя могуць быць наступствы! Трэба ж некаму паведамляць, звязвацца з уладамі, нейкімі камісіямі, міліцыямі. Не, не, ніякай гаворкі тут нават быць не павінна!

– Прабач, я крычу, злуюся, – сказаў ён, астываючы, – гэта лішняе. Давай так. Ты хочаш тут застацца? А мне што казаць людзям? Калі яны даведаюцца?

– А ніхто не даведаецца. Удзень я не буду выходзіць з хаткі, як сёння.

– Не выдумляй! – ізноў давялося яму павысіць голас. – Табе трэба са сваімі аднагодкамі быць, з маткаю, з цёткай крымскаю. не ведаю, з кім! Але не са мною! Ты ж зусім не ведаеш, хто я, што я.

– А я табе веру, – сказала яна спакойна. – І не баюся цябе.

Крушынскі да таго ўразіўся, што нават гэтага «ты» не заўважыў.

– Адкуль такая… ўпэўненасць?

– А проста бачу, які ты. Я ўмею ў людзях добра разбірацца.

Ён гмыкнуў. Смешна было чуць гэтую дзіцячую пахвальбу.

– Разбірацца… З лялькамі табе б яшчэ гуляць, а не ў людзях разбірацца. Значыць, так. Яшчэ раз прашу – выкінь усё з галавы. Ды і бачылі цябе, доктар гэты, і таксісту ён расказаў, канечне! – І зноў запнуўся Крушынскі. Ды што такое! Ён як бы сам хоча пакінуць яе тут, але ўвесь час шукае прычыны, па якіх зрабіць гэта нельга!

– Цяпер, вось зараз, выганяць я цябе, само сабою, не збіраюся. Адпачні, падлячыся. Але заўтра, чуеш? заўтра я адвязу цябе ў горад і пакіну там. Зразумей мяне, Віка. І не крыўдуй. У мяне сваіх клопатаў вышэй галавы. Усё, больш на гэтую тэму не гаворым. Справа вырашана!

Крушынскаму і праўда не цярпелася хутчэй, і хоць бы як-небудзь, скончыць і непрыемную гутарку, і ўвогуле ўсю гэтую гісторыю. Ну, нічога, заўтра яна скончыцца!

Ён адчуў раптам голад; успомніў, што і дзяўчынка ж нічога не ела. А ён, спяшаючыся, і не купіў у горадзе нічога.

– У нас жа зайчаціна сохне ў грубцы! Замітусіўся Крушынскі, пачаў даставаць гаршчок.

Наталіўшы голад зайчацінай, якая зусім не засохла, а аказалася надзіва смачнай, маўчалі. Крушынскі курыў, пускаючы дым ў лаз грубкі. Ён усё думаў аб нечым. І дзяўчынка думала.

Ён спытаў:

– Дык ты праўду мне расказала? Пра сябе?

У адказ ён пачуў… хіхіканне. Ён здзіўлена ўталопіўся ў яе. І ўбачыў, што яна ляжыць тварам у падушку. Плечы яе ўздрыгвалі. Тое, што Крушынскі прыняў за смех, былі слёзы. Яна ўсхліпвала.

Ён не стаў суцяшаць яе. Толькі моцна зацягнуўся апошні раз, аж да кашлю. Якія тут маглі быць суцяшэнні. Што можа ён зрабіць у гэтай дурной сітуацыі, ды і наогул у гэтым жорсткім, бязлітасным жыцці? У якім нават ён ламаўся, і ледзь выжыў – ён, здаровы, дужы мужчына, салдат! А тут – крохкае, няшчаснае дзіця.

«Як верабей за пазухай», – падумалася яму.

Раздзел XI

Раніца. – Зноў у горадзе. – Крушынскі едзе ў тралейбусе. – Віка затрымана. – Міліцыянер правярае дакументы. – Метамарфоза. – Вяртанне ў леснічоўку.

Звечара спаць леглі рана, і прачнуліся рана. Віка, добра ўчара пад'еўшы, выспалася. Яна выглядала зусім здаровай.

– Ты гатова? – без цырымоній спытаў Крушынскі.

Яму трэба было быць суровым, каб не даць пасяліцца ў сабе ні каліва жаласці.

– Гатова…

Папілі гарбаты з малінаю. Крушынскі нецярпяліва пазіраў на гадзіннік.

– Усё, апранайся.

Віка пакорліва выконвала ўсе яго загады. Апранулася. За гэтыя суткі адзенне высахла, яшчэ ўчора Крушынскі нават выбіў на снезе яе паліто, а потым вычысціў шчоткаю, і сяк-так падрамантаваў маланкі на боціках.

Да Мінска дабраліся лёгка і хутка. Крушынскі ўжо ведаў, што ёсць такі харошы ранішні аўтобус, які падбірае пасажыраў нават у цемры на лясной дарозе.

На Усходнім вакзале ўсё было рыхтык, як учора. Шэрыя людзі, бляклыя ліхтары, сіплы голас дыспечаркі ў дынаміках. Крушынскі з Вікай стаялі на пероне.

– Апошні раз пытаю – возьмеш грошы? – сказаў ён.

– Не вазьму!

Яна бліснула на яго вачыма і адвярнулася.

– Як хочаш.

Крушынскі і сапраўды не разумеў гэтай яе дурной нейкай прынцыповасці, ці проста капрызу. Яшчэ ўчора ўвечары ім быў абдуманы план: памяняць тыя, што засталіся, даляры, купіць дзяўчынцы хоць бы паліто, набыць білет да Кіева і даць грошай на цягнік адтуль да Сімферопаля. Такі ўчынак падаваўся самому Крушынскаму высакародным. А што ён больш можа зрабіць? Выратаваў яе, адкачаў, прывёз доктара, а цяпер адправіць яе туды, куды яна хацела. Гэтага больш чым дастаткова. Урэшце, яны чужыя людзі. Здзіўленню яго не было межаў, калі дзяўчынка гэты план катэгарычна адвергла. Невядома чаму, але яна і слухаць не хацела пра грошы. Увесь яе выгляд паказваў – ты здраджваеш мне, выкідваеш, як кацяня, мяне на вуліцу, за гэта хочаш адкупіцца нейкімі грашыма? У гэтай бяздомнай дзяўчынкі быў проста шлехецкі нейкі гонар. Крушынскі нават запаважаў яе за гэта.

– Не хочаш – як хочаш, – паўтарыў ён холадна. – Ну што, давай развітвацца? Яшчэ раз кажу – інакш я не магу. У мяне сваё жыццё. Усё! Бывай.

Павярнуўся і хутка, не азіраючыся, пайшоў да тралейбуснага прыпынку.

Як і ўчора, таксісты заступалі яму дарогу:

– Таксі бярэм, малады чалавек!

– Амаль бясплатна!

Крушынскі пашукаў вачыма Стасеў «масквіч». Сёння машыны не было.

Працоўны дзень толькі пачынаўся. На прыпынку таўкліся чужыя людзі. І ўсё ж Крушынскі нейкай інтуіцыяй адчуў, што сярод іх стаіць зараз за яго спінаю нехта не зусім чужы. Ён рэзка павярнуўся. Так і ёсць. Віка прыйшла за ім і цяпер стаяла, няшчасная, сіратлівая, у старэнькім сваім адзенні, за два крокі ад яго.

– Ты што, так і будзеш хадзіць за мною? – спытаў ён, азіраючыся. – Не рабі з мяне, калі ласка, монстра, які кідае бедненькае дзіцятка ў гарадскія трушчобы на згубу. Мне да сябра трэба ехаць, аддаць доўг учарашні. Хоць бы тое, што засталося. Віка, зразумей мяне! Стань на маё месца!

Але яна стаяла на сваім – на прыпынку каля аплёванай сметніцы. Плечы ў яе былі апушчаны. Унурыўшыся, яна глядзела сабе пад ногі. У Крушынскага раптам зашчымела сэрца. Ён не чакаў, што гэтае развітанне дасца яму так цяжка. Ён думаў, усе гэтыя слюнцяйскія сентыментальныя перажыванні даўным-даўно ачарсцвелі, акамянелі, памёрлі ў ім.

Пад'ехаў тралейбус. Ляпнулі настылыя дзверы, разам з клубамі пары пачалі вывальвацца на прыпынак пасажыры – хто перадам, хто бокам, хто задам… Крушынскі ў апошні раз азірнуўся. Дзяўчынка сядзела на лаўцы. Ён ледзь не крыкнуў: «Не сядзі, холадна ж!» Але на яго самога крыкнулі ззаду, і падштурхнулі ў плечы:

– Ты заходзіш?!

– Стаў, як пень!

Яго проста ўнеслі ў салон. Ён апынуўся заціснутым з усіх бакоў. Вакол былі чужыя целы і чужыя твары. Ці ён паспеў адвыкнуць ад усяго гэтага, ці сапраўды едзе ў такую гарачую гадзіну, «час пік», калі людзі спяшаюцца на працу і ад таго злыя, але адна жорсткасць, адна варожасць чыталася яму на гэтых тварах. Прага заціснуць слабейшага, жаданне заняць лепшае месца – хоць некалькі лішніх сантыметраў у душным тралейбусе! Мала таго, што гэтая атмасфера існавала сама па сабе, яна, як заразная хвароба, магла яшчэ і перадавацца. Крушынскі са страхам адзначыў, што і яму хочацца штурхаць, адціскаць, займаць свабаднейшае месца. Натуральны адбор! Барацьба за выжыванне! Гэты тралейбус быў паменшанай копіяй жыцця, жыцця жорсткага, у якім слабыя саступалі, жыцця, у якое ім, Крушынскім, толькі што быў укінуты, як трэска ў раку, слабы бездапаможны малы чалавечак.

Працуючы локцямі, ён пачаў праціскацца да выхаду. На яго бурчэлі, але ён не звяртаў ўвагі.

– Куды лезеш?

– Не мог прайсці адзін прыпынак!

На вуліцы Крушынскі ўдыхнуў на поўныя грудзі паветра. Амаль бягом кінуўся назад да вакзала. Прахожыя саступалі яму дарогу. Ужо зусім развіднела. Яшчэ здалёк ён убачыў на прыпынку Віку. Дзяўчынка была не адна. Высокі, не меншы за Крушынскага міліцыянер трымаў яе за плячо і, нагнуўшыся, дапытваў яе. Супакойваючы дыханне, Крушынскі падыходзіў бліжэй. Ужо і словы можна было расчуць.

– Дык ты скажаш, чый ты? – сярдзіта пытаў міліцыянер; ён таксама памыліўся, думаючы, што перад ім хлопчык.

Крушынскі перамог жаданне падысці да іх адразу. Ён завярнуў за газетны кіёск і вынырнуў з другога боку.

– Не замёрз тут без мяне, сынок? – спытаў заклапочана, знарок не заўважаючы міліцыянера.

Той здзівіўся, але руку з пляча дзяўчынкі паспешліва зняў.

– Ну, у мяне ўсё гатова, – казаў абы-што Крушынскі. – Затрымаўся трохі, дык там чарга была.

І нібы толькі цяпер ён убачыў міліцыянера.

– Што такое, старшына? Што здарылася? Старшына ўважліва яго агледзеў. Відаць, гэты барадаты граміла, які невядома адкуль узнік, таксама здаўся яму падазроным.

– Вы бацька гэтаму хлопчыку?

– А хто я яму, па-вашаму? – іранічна сказаў Крушынскі. – Проста так, з вуліцы? Бацька, канечне. Дык а што здарылася?

Калі б на месцы старшыны быў які малады міліцыянер, дык не толькі адказ, а і само з'яўленне Крушынскага задаволіла б яго. Але старшына быў чалавек у гадах. Такія ва ўсе дзіркі ўлезуць, выслужваючыся, такім бы толькі шпіёнаў лавіць на граніцы.

– Вашы дакументы, – папрасіў ён.

– Хіба ў нас ваеннае становішча? Ці каменданцкая гадзіна? Дакументы пры мне, я магу іх паказаць, канечне, калі вы скажаце, у чым я, альбо мой сын (ён прытуліў да сябе Віку) вінаватыя.

Старшына адказаў не адразу.

– Акцыя ў нас, – працадзіў праз зубы. – У сувязі з тэрактамі ў Маскве.

– Дык тэракты ў Маскве, а акцыя ў вас?

– А акцыя ў нас! – яўна пачынаючы злавацца, адрэзаў старшына. – Правяраць у раёнах вакзалаў і ўвогуле скапленняў людзей усіх падазроных. Дакументы папрашу!

– Я – падазроны?

Крушынскі развёў рукамі і нават азірнуўся, нібы заклікаючы людзей у сведкі. Разам з тым уважліва аббег вачыма ўсю прывакзальную плошчу. І праўда, на плошчы сёння было шмат міліцэйскіх і ваенных патрулёў.

– Дакументы! Апошні раз прашу. Старшына пацягнуўся да рацыі, што пішчала ў яго на баку.

– На.

Крушынскі падаў яму дакументы. Віка, якая з цікавасцю сачыла за ўсёй гэтай сцэнай, убачыла нейкую маленькую чырвоную кніжачку замест пашпарта. І яшчэ адну, шэрую, з выявай некага ордэна ці медаля на вокладцы.

Дзяўчынцы падалося, што Крушынскі пачырванеў. Яму як бы сорамна было, і не хацелася, каб яна была сведкай гэтаму.

Наўрад ці прыемна назіраць, як чалавек з ветлівага, спакойнага, ціхмянага ператвараецца ў разгневанага, грубага, злога. Але працэс зваротны, калі злы робіцца добрым і мяккім – гэта заўсёды прыемна. І тады даўжэй хочацца назіраць за падобнымі метамарфозамі. Вось толькі, на жаль, не часта яны здараюцца.

Але цяпер усё адбылося менавіта так. Спачатку недавер, потым разгубленасць адбіліся на старшыноўскім твары.

– Тут, на фота… вы без б-барады, – старшына нават заікнуўся.

– Бараду можна і згаліць, – адказаў Крушынскі.

Гэтыя словы ўсё вырашылі. Старшына быў пераможаны. Акуратна загарнуў кніжачкі, аддаў Крушынскаму. Сам выцягнуўся і ўзяў пад казырок.

– Прашу прабачэння… Служба.

– Я разумею. Нічога страшнага. Гэта вы прабачце, калі што не так, – Крушынскі заспяшаўся. – Хадзем, да. – і ледзь не сапсаваў усё, ледзь не сарвалася з языка «дачушка». Вось яшчэ дурная сітуацыя!

– Хадзем, сынок.

Гадзіны праз тры з вакзала выехаў стары дабіты «Лаз», рэйсавы аўтобус «Мінск – Вялікая Паляна – Жытнявічы». У ім знаходзіліся Крушынскі з новаспечанай «дачкой-сынам». З сабою везлі яны два ладныя пакункі. У адным было паліто, боты і шапка – усё хоць і не дужа дарагое, затое новенькае, прыгожае і цёплае. У другім, які на каленях трымаў Крушынскі, бо аўтобус трэсла і заносіла на паваротах, было рознае смакоцце: каўбаска, ёгурты, яблыкі, апельсіны, бананы.

Віка не хавала радасці. Усмешка не сыходзіла з яе твару. Ад гэтай усмешкі твар харашэў, неяк цяплеў, рабіўся, так бы мовіць, па-сапраўдныму дзявочым.

Што да яе новага «бацькі», таму было не да вяселля. Глыбокая зморшчына перасекла яму лоб. Праўда, ён ні на міг не ўсумніўся ў правільнасці свайго ўчынку. У тым, што вырашыў забраць дзяўчынку да сябе. Цяпер яму страшна было ад думкі, а што, калі б Віку не затрымаў міліцыянер? І яна сышла б кудысьці, і знікла назаўсёды, прапала б у гэтым горадзе?..

Аднак цяпер узнікала мноства новых праблем. Крушынскі зусім не ўяўляў, што рабіць далей. На пакупкі пайшла ўся без астачы рэшта даляраў. За што жыць? Ён прывык да ежы грубай, непераборлівай – а цяпер? Чым карміць дзяўчыку? А калі не карміць, не «даглядаць» (як выказаўся доктар), дык які тады толк ад яе жыцця ў леснічоўцы?

Хапала аб чым падумаць. І толькі радасць дзяўчынкі, якую Крушынскі бачыў на яе твары, калі пазіркваў на яе спадцішка, супакойвала яго. Нейкі ўнутраны голас шаптаў яму – пакуль што ты ўсё робіш правільна! Усё будзе добра, усё абыдзецца і нават акупіцца табе!..

– Якія гэта дакументы ты яму паказаў? – успомніла раптам Віка. – Што за кніжачкі? Чаму ён так змяніўся?

Ад гэтага нечаканага пытання змяніўся і сам Крушынскі. Панура буркнуў:

– Забудзь ад гэтым. І ніколі больш не пытай. Прыйдзе час, і ты аб усім даведаешся. Добра?

Яна кіўнула. Ёй падалося, што Крушынскі спалохаўся гэтага пытання, бо вакол пасажыры, які маглі б падслухаць яго адказ. Але што за тайна?! Што гэта за такі загадкавы чалавек?! І як цікава, што жыццё звяло іх разам!

А ён падумаў – вось яно і пачынаецца. Азіранне па баках, прыстаўлянне да вуснаў пальца, канспірацыя, двайное жыццё. І нікуды ад гэтага не дзенешся. Сам так захацеў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю