355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 2)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел II

Ноч. – Прымірэнне. – Цімава тайна. – Загадкавы барадач. – Утульныя агні хат. – Валік не разумее Ціма.

Усё было скончана. Неяк раптоўна апусціліся прыцемкі, нібы таксама толькі і чакалі гэтага гола. І нібы толькі цяпер апамяталіся хлопцы. Успомнілі, як позна ўжо, адчулі якія яны натомленыя і галодныя. А яшчэ ж дадому колькі дабірацца, а яшчэ ж урокі вучыць. Гэта пасля, заўтра, будзе размоваў! І пра «мазілу» Валіка, і пра гэты апошні гол, прапушчаны «дзіркаю» Цімам. Будзе здзеклівая сценгазета. Будуць перажываць за іх, спачуваць ім, сваім хлопцам, зарэчанскія дзяўчаты. Будуць хадзіць ганарыстыя, з задзёртымі да неба насамі сяльчане, якім на калідоры дарогу трэба будзе даць, у гардэроб і ў буфет без чаргі пусціць. І нічога тут не папішаш. Такія законы. Слабейшы павінен змірыцца.

Вось яны, наступствы Цімавай правіннасці, вось які падарунак зрабіў ён свайму Зарэччу.

Дамоў вярталіся праз лес. Ад месяца, зорак і снегу было светла. Сяльчане ішлі наперадзе, вясёлай гаманкой кампаніяй. Панурыя зарэчанцы расцягнуліся па ўсёй дарозе. Валік дагнаў Ціму. Пайшлі побач. У абодвух на плячах былі клюшкі, на якіх – канькі і клункі з хакейнай амуніцыяй; у Цімы акрамя ўсяго яшчэ і грувасткі скрутак паралону. Збоку, перпендыкулярна ім, рухаліся дзве цені, большая і меншая. На гэтых ценях, ды яшчэ са сваімі клункамі за плячыма, хлопцы падобныя былі на колішніх пілігрымаў ці на Дон Кіхота з Санчам Пансам.

– Пакрыўдзіўся? – вінавата спытаў Валік. Маўчанне. Канечне, пакрыўдзіўся. Валіку тым больш прыкра было, што яго, калі ён не забіў гол, сябар суцешыў, падбадзёрыў. А ён? І навошта вырвалася тое дурное слова? Які б ні быў важны гэты паядынак, ён усяго толькі гульня, забаўка, і не такія ўжо праблемы сусветнага маштабу вырашаліся яго вынікам, каб накідвацца на чалавека. Ды яшчэ на такога, як Цім.

– Не ведаеш, што па тэлевізары сёння? Маўчанне.

– Ну хопіць табе… Досыць ужо. Чуеш? Маўчанне. Нічога, хай. Раз маўчыць – ужо добра. Значыць, хутка адыдзе. Валік добра ведаў яго натуру. Цяпер проста трэба самому больш гаварыць, балбатаць абы пра што. І настане момант, калі сябар вымушаны будзе ўклініцца.

– Цім, паслухай… Дык табе што, сонца ў вочы бліснула? Ці ты. з-таго барадача?

Тут Цім рэзка спыніўся, Валік аж наляцеў на яго.

– Ты таксама яго бачыў?

– Бачыў.

– І пазнаў яго?

А што тут пазнаваць? Гэты барадаты мужчына, ці дзядзька, ці хлопец – хто ён там, ужо мо з паўгода жыве адзін у хатцы ў лесе. Купіў яе ў лясніцтва. Зрэдку заходзіць у краму, дзе Валікава маці прадаўшчыцай, купляе мала і самае неабходнае: хлеб, крупы, цыгарэты. Ніколі – віно ці гарэлку. Маўклівы, дзіўны, загадкавы. Не больш таго. Чужы тут – дык у іхняй Вялікай Паляне цяпер паўсяла чужых. То нейкія бежанцы, то з чарнобыльскай зоны перасяленцы, што таксама дзіўна – Чарнобыль нібыта даўно прайшоў, скончыўся, а іх усё не менее. Гарадскія скупляюць кінутыя хаты пад дачы, будуюць новыя – палавіну поплава ўжо занялі, да лесу падбіраюцца. Лішні чужы чалавек сярод іх навіна невялікая.

Так і сказаў Валік сябру, толькі больш лаканічна.

– Ведаю. Ён жыве ў леснічоўцы. Дык і што? Мала ў нас тут чужакоў? Ідзеш па вуліцы, дык кожнага другога не ведаеш, што за ён.

Хлопцы зноў пайшлі памалу. Снег суха парыпваў у іх пад нагамі.

– Дай мне слова, што будзеш маўчаць, – сказаў раптам Цім. У голасе яго была загадкавасць.

– Само сабою!

– Дык вось, я і праўда з-за яго гол прапусціў. Як убачыў, так і забыўся пра ўсё, і пра гульню таксама.

– Але чаму?

– А таму, што ён не такі просты, як нам здаецца. Чаму ён не размаўляе ні з кім у сяле? Нават не вітаецца?

– Ну, хочацца так чалавеку. Прывык адзін…

– Ды ў тым і справа, што не адзін! – вырвалася ў Цімы, але адразу ж, нібы спалохаўшыся чагосьці, ён прыкусіў язычок. – Не адзін, а з сабакам, – перавёў усё на жарт. – А калі сур'ёзна, няўжо ты не адчуваеш тут тайны? Чаму ён адзін? Чаму усіх староніцца? Адкуль бярэ грошы? Што ён тут, у нас, увогуле робіць?

Валік паціснуў плячыма.

– Мне гэта зусім не цікава, калі шчыра, – прызнаўся ён.

– А табе не прыходзіць у галаву, што ён тут проста хаваецца? Ад некага ці ад нечага. У яго ўсе панадкі злачынцы. А лепшага месца, каб схавацца і пераседзець небяспеку, чым нашая глуш, і знайсці цяжка.

Валік, канечне, ведаў і раней, што сябра ў яго – выдумляльшчык хоць куды, і калі не стрымліваць яго, не спускаць час ад часу на зямлю, фантазіі яго могуць завесці далёка. Але цяпер нават ён быў уражаны.

– Гэта і ёсць твой сакрэт? І з-за гэтага… ты прапусціў гол?

– Ды што ты зноў са сваім голам?! – узлаваўся Цім. – Што мы, дзеці малыя?

– Канечне, канечне! Супакойся, гэта я так, проста.

Лес скончыўся і пачалася вясковая вуліца. Свяціліся вокны хат, брахалі сабакі і пахла дымам з комінаў. Цім жыў блізка, адразу ж тут, пад лесам.

– Ну, да заўтра?

– Да заўтра!

Сябры развіталіся. Цім звярнуў на прачышчаную ў снезе сцежку, а Валік бягом кінуўся па доўгай вуліцы. Вунь яго двухпавярховы домік. Якое ўтульнае святло ў вокнах! Бацькі глядзяць тэлевізар. На кухні чакае смачная, цёплая яшчэ вячэра. Невялікі, затое ўласны пакойчык чакае, дзе сцены ў шпалерах з такімі знаёмымі, роднымі ўзорамі, дзе драўляны ложак з чыстай пасцеллю, кніжная шафа з любімымі кнігамі, стол, на якім падручнікі і сшыткі. Усё гэта вечнае, яно было, ёсць і будзе. І якая чароўнасць у гэтым пастаянстве! Не, Валіку ніколі не зразумець сябра. Дужа яны розныя. Адзін любіць простае, будзёнае, другі – толькі штосьці незвычайнае. Цім – гэта неба, а Валік – зямля.

Раздзел III

Урок геаграфіі. – Сценгазета. – Шыфроўка ад Цімы. – Ізноў пра барадача. – Валікаў рэалізм і Цімавы фантазіі. – Сорам. – Згода разам разгадваць таямніцу.

За вокнамі яшчэ як след не развіднела. На двары – проста снежная кругаверць! Гуляе вецер, мяцеліца намятае сумёты ўздоўж вуліц, сыпле жменямі снег ва ўсе куткі, куды можа дапасці. Снег сыплецца нават на падконнікі ад двара – палавіна шыбаў знізу ўжо закрытыя.

А тут, у светлым, прасторным, цёплым ад батарэй класе так здорава. На падлозе каля сцяны, на шафах уверсе і на дзвюх падаконніках стаяць вазоны розных дэкаратыўных раслінаў. Нязвыкла бачыць, што яны такія зялёныя, поўныя жыцця, калі за вакном самы разгул снежня. Цвітуць чырвоныя і белыя герані, кактус, як скручаны ў клубок зялёны вожык, таксама набрыняе зверху тоўстай пупышкаю, з якой з'явіцца адзіная вялікая кветка, фікусы развалілі свае лакіраваныя тоўстыя лісты-лапухі і ані дбаюць пра зіму.

Сеецца са столі дзённае святло. Адна з лямпаў крыху падміргвае і гудзе манатонна, аднастайна, зліваючыся з голасам настаўніцы.

Эла Іванаўна прахаджваецца між радоў і дыктуе:

– Тэрыторыя нашай Беларусі займае плошчу, роўную дзвесце сем і шэсць дзесятых квадратных кіламетраў.

Ад яе роўнага голасу, ад цяпла, святла, ад зеляніны вазонаў пануе ў класе нейкі сонны настрой. Адчуванне такое, што поры года змяшаліся і тут, у класе, заблукала лета… Кавалачак лета, абмежаваны чатырма сценамі І ад гэтага таксама лёгка, радасна на душы – бо і на самай справе будзе ж яно некалі, лета!

– … Для таго, каб гэтыя лічбы ўявіць, – цячэ голас настаўніцы, – прыбегнем да самага распаўсюджанага спосабу – параўнання.

Нават сценгазета, што з'явілася ў вестыбюлі перад урокамі, і тая не псуе настрою.

Акрамя ўжо згаданай «паэмы» былі там яшчэ два карыкатурныя каляровыя малюнкі. На верхнім – Валік, з даўжэзнай, як у жырафы, шыяю стаіць перад пустымі варотамі і, зноў-такі як жырафа расставіўшы ногі, не ведае, што рабіць з шайбаю. На ніжнім – маленькі тоўсты Цім сядзіць на лёдзе і любуецца захадам сонца, у гэты момант за яго спіной забіваюць гол. Акурат пад гэтай ніжняй карыкатураю канчалася «паэма», словамі:

 
Ура, мы ломім,
Гнуцца Шведы!
 

Асабліва, канечне, крыўдна Віцьку. Той заўсёды ганарыўся сваім рэдкім прозвішчам, даказваў, што недзе аж у Польшчы, на Беласточчыне, жыве паэт, яго двайны цёзка, а аднойчы прынёс у школу газету «Ніва», якая выдаецца ў Польшчы на беларускай мове, і ўрачыста паказваў яе ўсім. Сапраўды, быў надрукаваны там вершык за подпісам Віктар Швед.

– …З усіх краін Беларусь па плошчы бліжэй – да каго б вы думалі? – да Велікабрытаніі. Нашая рэспубліка меншая ўсяго на сорак квадратных кіламетраў.– настаўніца ўжо не ходзіць, а прысела за стол і абедзьве рукі паклала на глобус.

Таксама як добра, што першы ўрок – менавіта геаграфія. Усё адно палова класа, учарашнія хлопцы-байцы, не падрыхтаваліся. А геаграфія – самы лёгкі і цікавы прадмет. І вядзе яго любімая настаўніца. У яе свой метад навучання, гэтак званы прынцып дабраахвотнасці. Яна ніколі не выклікае да дошкі сілком. «Ну, хто сёння хоча адказваць?» – заўсёды спытае. І калі няма ахвотных, а такое здараецца рэдка, як вось сёння, тады сама пачынае расказваць штось цікавае, хай нават не заўсёды і звязанае з геаграфіяй. Ніколі яна не апускаецца да гэтых садысцкіх эксперыментаў – як робіць, скажам, настаўніца англійскай мовы. «Т-э-э-к, – пачынае тая. Унурваецца ў журнал. Марудна паўзе зверху ўніз па прозвішчах кончык ручкі, не датыкаючыся да паперы. Мёртвая, аж да звону ў вушах, цішыня ў класе. «Сёння (паўза) да дошкі (паўза) пойдзе (доўгая паўза). Пойдзе да дошкі.» – уверх папоўз кончык асадкі. І так некалькі разоў, пакуль не спыніцца нарэшце на чарговым небараку, які калі і помніў што, дык забыў падчас езуіцкага выпрабавання нерваў.

Таму так яны і ведаюць яе, гэтую мову. Акрамя, праўда, Ціма. Але ў яго здольнасці да моваў ад нараджэння.

Эле Іванаўне на давер адказваюць даверам. Яе прадмет любяць і вучаць. Калі ў тым годзе прыязджала камісія з Міністэрства адукацыі і праводзіліся адкрытыя ўрокі, дык геаграфію лепш за іншыя прадметы ведалі ўсе класы. Эла Іванаўна была ўрачыста прызнана лепшай настаўніцай школы, а яны, вучні, ганарыліся ёю.

– … Няма ніводнай краіны-суседкі (гэтага можаце не запісваць), якая б не ўключала ў сябе нашых этнічных тэрыторыяў. Гэта памежныя раёны Смаленшчыны і Браншчыны ў Расіі, гэта вобласць Латгаліі ў Латвіі, гэта частка Віленшчыны ў Літве, частка Чарнігаўшчыны і Жытомірінчыны на Украіне і Беласточчына ў Польшчы.

Тут па радах прабег нейкі шумок, сярод вучняў пачаўся ледзь прыкметны рух і Валіку, які сядзеў, як самы высокі, за апошняй партай перадалі запіску ад парты пярэдняй, дзе сядзеў Ціма.

Валік прыкрыў запіску далоняю. Нейкі час з самым нявінным выглядам слухаў настаўніцу. Затым асцярожна разгарнуў трохкутнічак. Там не было ні слова, а толькі слупкі лічбаў, падобныя на табліцу множання. Валік паморшчыўся. «Канспіратар», – незадаволена падумаў пра сябра. Справа ў тым, што, давучыўшыся да пятага класа на круглыя пяцёркі, Валік, як ні сорамна, не ведаў напамяць парадкавых нумароў размяшчэння літар у алфавіце. Лепш сказаць, не хацеў ведаць, лічачы гэта дурной тратай часу. Навошта тлуміць галаву, калі ў любы момант пры патрэбе можна заглянуць ў слоўнік?

Аднак акурат такі момант цяпер і быў. Запіска расшыфроўвалася праз алфавіт. Лічбы трэба было перавесці ў літары. Не спускаючы з Элы Іванаўны вачэй, Валік грудзьмі прылёг на парту. Доўгая рука яго шуснула ў сумку, што стаяла на падлозе. Навобмацак, па зашмальцаваным карэньчыку ён намацаў падручнік англійскай мовы, выцягнуў.

На першай старонцы надрукаваны былі побач два алфавіты. Валік узброіўся ручкай і знізу сябравага паслання, трохі памучыўшыся, запісаў нарэшце пераклад.

«Помніш учарашнюю размову? Я ўчора не сказаў табе самага галоўнага!» – было ў запісцы. Валік толькі ўздыхнуў. Зноў некія «тайны»! Чаго яму той барадач так уеўся?

Тут празвінеў званок. Ажыў клас, затым калідор, а затым і ўся школа, усе два паверхі напоўніліся галасамі і тупатам ног. Цім чакаў Валіка ў дзвярах.

– Прачытаў?

– Прачытаў.

– І што скажаш?

– Скажу, што ты ўжо робішся падобным на Віцьку Шведа. Чуць што – на пасы, – адказаў Валік. – Варта было цэлы пакет прысылаць, ды яшчэ кодам напісаны, калі пяць хвілін да званка!

– Гэта я так. Праверыць цябе хацеў, ці хутка расшыфруеш.

Цім азірнуўся са змоўніцкім выглядам па баках. У класе, акрамя іх дваіх, нікога ўжо не было, настаўніца таксама выйшла.

– Так і быць. Зараз я табе ўсё раскажу. Ты проста ахнеш!

– Можа, на двор выйдзем? – прапанаваў Валік.

Цім замяўся:

– Там жа газета гэтая вісіць… Убачаць нас разам, пачнуць пальцамі тыцкаць, смяяцца.

– Сапраўды… Можа, спусціцца ўніз ды сарваць яе?

– Навошта? Пасядзім тут. Ціха, пуста. Забягаючы наперад, скажам, што пакуты нашых сяброў, як і ўсіх астатніх зарэчанцаў, скончыліся адразу ж пасля гэтага першага перапынку. Віцька Швед прылюдна газету сарваў, скамечыў і кінуў у сметніцу. Яшчэ і ўтрамбаваў – са словамі: «Самім трэба пісаць вершы, а не чужыя здзіраць! А калі ўжо і здзіраць, дык у нашых беларускіх паэтаў, а не ў расейскіх!» І ўсё сышло Віцьку з рук. Ніхто нічога яму нават не сказаў. Адно сяльчане пабурчэлі крыху для блізіру, ды на тым і скончылася.

Цім прынёс сваё крэсла да Валікавай парты. Прыселі сябры.

– А цяпер слухай, – таямнічым голасам пачаў Цім. – Гэты барадач жыве не адзін! Ён кагосьці хавае ў сваёй хатцы. Прычым не дарослага чалавека, а некага нашых прыкладна гадоў. Я бачыў каля хаткі сляды. А аднойчы барадач пайшоў на паляванне, я падкраўся да леснічоўкі, а на дзвярах – замок! Уяўляеш? Ён не хоча, каб пра існаванне таго чалавека ведалі! Ну, як табе?

Цім гаварыў гарачым шэпатам. Хваляваўся. Вочы яго гарэлі. Пальцы то раскручвалі, то закручвалі шарыкавую ручку. Валік з усмешкаю назіраў за ім.

– Ніяк, – адказаў Валік. – Ну, жыве ў яго нехта. Ну, не хоча з'яўляцца на людзях, як і барадач. У чым праблема? (Валік любіў замежныя фільмы і часта карыстаўся цытатамі з іх). У чым тайна?

– Як у чым? Ды я проста упэўнены, што барадач – лідэр якойсьці злачыннай групоўкі! І трымае ў сябе чалавека, падлетка, з якім яму лягчэй спраўляцца, з мэтай выкупу! Што тут незразумела?

Валік толькі ўздыхнуў. Адабраў у Цімы ручку, пераклаў на другі бок парты.

– Добра, – здаўся ён. – Я з табою згодзен. Дапусцім, усё так. Што ты прапаноўваеш? Ну, хадзем раскажам аб гэтам дырэктару школы. Або адразу заявім у міліцыю. Згодзен? Каб пасля і нас, і гэтага барадача зацягалі ў горад па выкліках і позвах. І ўрэшце акажацца, што ён – ні ў чым не вінаваты, што мы абгаварылі бяскрыўднага, самага звычайнага чалавека! Ты гэтага хочаш? Ты ўяўляеш, як нам пасля гэтага будзе прыйсці ў школу? Як нам увогуле тады з'яўляцца на вуліцы? Нам жа праходу не дадуць!

– Пры чым тут міліцыя з дырэктарам школы? – абарваў Цім. – Мы ж дамовіліся маўчаць! Гэта наша тайна, і больш нічыя! І мы самі павінны.

– Ды нічога мы не павінны!

– … Яе раскрыць, – не ўнімаўся Цім. – А потым, калі ўсё гэта будзе адбывацца, падпільнаваць.

– Ды што будзе адбывацца?!

– Абмен выкрадзенага чалавека на грошы, – адказаў Ці м.

Валік аж адкінуўся на спінку крэсла. Нейкі час ён здзіўлена пазіраў на сябра, нібы ўпершыню яго бачыў.

– Так. Зразумела. Ты проста наглядзеўся фільмаў і міліцэйскай хронікі па тэлевізары. Ці газет начытаўся.

– У тым і справа! Усе такія выпадкі, як абмен закладнікаў, адбываюцца аднолькава, па шаблоне. Пішацца пісьмо, ці робіцца званок: прынясіце кейс з грашыма і пакіньце ў такім і такім месцы, і не ўздумайце паведаміць у міліцыю. Прыносяць кейс, пакідаюць – а мы тут як тут! Уяўляеш? І грошы нашыя.

Вось яно што. Во ў якім, аказваецца накірунку рухаюцца яго фантазіі, во ў якія далячыні яны сягаюць!

– Цім, паслухай. Ты ж яшчэ анічога не ведаеш. А-ні-чо-га! Які выкуп? Які кейс? Ды проста сын прыехаў да чалавека ў госці! Пляменнік, сваяк! Аб гэтым ты падумаў? Можа такое быць?

– Можа, – згадзіўся Цім, аднак неахвотна згадзіўся; відаць, цяжка было расставацца са сваёй, такой заманлівай, легендаю. – А калі не? Я ж і прапаную гэта праверыць.

– Якім чынам? Зрабіць шалаш каля яго хаткі і жыць у лесе? Каб увесь час цікаваць за ім? – насмешліва спытаў Валік.

– Навошта? Гэты барадач – паляўнічы. Мой бацька гаварыў з ім, у яго ёсць дазвол на стрэльбу. Кожны дзень ён на лыжах цягаецца па лесе, з сабакам. Часта з раніцы і аж да цямна. Бацька не раз сустракаў яго далёка ад вёскі. Дык вось – выберам момант, калі яго не будзе, залезам у хатку і пра ўсё даведаемся ад самой ахвяры.

– Э, зноў панесла цябе! Якой «ахвяры»? Чаму твая «ахвяра» сама не выбера момант і не ўцячэ?

– Кажу ж, ён замыкае дзверы. А па-другое, хутчэй за ўсё ён таго чалавека звязвае па руках і нагах. Магчыма, нават у падполле закідвае. Ведаеш, ёсць такія ў некаторых хатах? Кольца ляжыць на падлозе, да дошкі прыбітае. Пацягнеш за яго і лаз адкрываецца – лепшай схованкі не прыдумаць.

– Добра. Згодзен, – Валік усё не губляў надзеі пераканаць гарачага сябра логікай. – Выбіраем момант, залазім у хатку. І бачым, як сядзіць за сталом хлапчук і як ні ў чым не бывала ўпісвае сала з хлебам. І пазірае на нас як на дурняў у лепшым выпадку: чаго вам тут трэба? – а ў горшым – як на злодзеяў. Пачакай, не перабівай! Другі варыянт. Дапускаем, што твая праўда. Залазім у хатку, знаходзім кальцо на падлозе. Адкрываем тайнік. Там – звязаны, скурчаны чалавек. Вызваляем яго. Прыязджае міліцыя, забірае барадача. Тыдзень мы ходзім героямі, потым аб'яўляюцца хаўруснікі яго і мы. проста не вяртаемся ў адзін цудоўны дзень са школы. Знікаем назаўсёды. Усё гэта вельмі проста! Так што давай забудзем, – рашуча падвёў вынік. – Выкінь з галавы і барадача, і яго госця. Асабіста я не збіраюся ні ў ва што ўмешвацца. І табе не раю. Таксама знайшоў праблему! Ну, жыве сабе чалавек, ну, жыве ў яго нехта – на здароўе. Яны нас не чапаюць, а мы іх.

Цім памаўчаў. Затым прамовіў сумна:

– Добра. Калі ты так усё ведаеш напярод, ці проста баішся, тады я сам усё расследую.

Валік хацеў сказаць, што ёсць тысячы цікавых спраў акрамя «расследаванняў». У тым жа лесе на лыжах пакатацца, з трампліна каля кар'ера паскакаць. Хакей, шахматы, хутка камп'ютэры ў школе паставяць – новая забаўка. А то проста тэлевізар паглядзець – хутка Новы год, зімовыя канікулы, столькі розных перадач цікавых, хоць ты з ранку да вечара глядзі.

Аднак нічога сказаць не паспеў, бо якраз скончыўся кароткі перапынак, у клас ужо заходзілі.

Цім забраў крэсла і паплёўся да сваёй першай парты. Настрой, канечне, быў сапсаваны. І на сябе, і на Валіка была крыўда – ад недаказанасці, ад незразумеласці. Усё гэта лёгка можна было б паправіць, не на гэтым, дык на наступным перыпынку, не сёння, дык заўтра. Але Цім быў усяго толькі хлапчуком, да таго ж хлапчуком вясковым, а гэта значыць сарамлівым. Тыя пачуцці і думкі, што перапаўнялі яго, здаваліся яму занадта «саладжавымі» і пафаснымі, каб дзяліцца імі нават з самым лепшым, самым блізкім сябрам. Да таго ж калі б нават ён перамог сябе і захацеў іх выказаць, у яго наўрад ці атрымалася б гэта. Бо і пачуцці, і думкі існавалі ў ім у выглядзе нейкага бесталковага сумбуру.

Паспрабуем мы гэта зрабіць за Ціма.

«Канечне, Валік! – мог бы сказаць Цім. – Твая праўда. Я з табою згодзен. Вядома, усё гэта несур'ёзна: нейкі «закладнік», выкуп і таму падобнае. Канечне, гэты барадач хутчэй за ўсё самы звычайны чалавек. Але ж як гэта нецікава – жыць без тайны! І чаму яе, тайны, не можа быць у нашых мясцінах? Мы глядзім фільмы і чытаем кнігі пра скарбы, піратаў, незаселеныя астравы, розныя экзатычныя далёкія заморскія краіны, джунглі, саванны і прэрыі – але чаму не дапускаем, што незвычайнае можа быць і ў нас пад бокам?

Вось ты, Валік, вучышся на выдатна. Гэта значыць, што ў Вялікай Паляне ты пасля школы не застанешся. Усе з'язджаюць, і ты паедзеш. Але я застануся тут! Я ніколі, ні на якія залатыя горы не прамяняю ўчарашняга нашага кар'ера, нашага лесу, нашай рэчкі. Некалі я замяню бацьку і стану гаспадаром тут. Усё гэта маё. Я люблю гэтую зямлю. Яна не здаецца мне бяднейшаю за землі заморскія.

Ты спытаеш, пры чым тут барадач? А пры тым, што мне не ўсё роўна, што за чужакі тут, на маёй зямлі, селяцца. З чым яны сюды прыходзяць. Што яны тут, у маім лесе, робяць. І я разбяруся – чаго б мне гэта ні каштавала!»

Вось прыкладна які б атрымаўся маналог, калі б Цімавы сумбурныя пачуцці перакласці на «дарослую» мову.

Аднак жа вялікая гэта рэч – сяброўства! Хай не адразу, а недзе на палавіне ўрока Валіку самым неверагодным чынам перадаліся сябравы думкі. Бы нейкія электрамагнітныя хвалі дайшлі ад першай парты да апошняй. Ён успомніў, як учора не забіў гол, а Цім суцяшаў яго – адзіны з усёй каманды. Прыгадалася, як у тым годзе ён хварэў, а Цім кожны дзень прыходзіў да яго ў адведкі, расказваў, што новенькага ў школе, увогуле ў вёсцы. І яшчэ многа рознага дабра ўспомнілася, якое сябар яму рабіў. Ніколі ні на што не крыўдзячыся. Усё даруючы. А, ён, Валік? Разныўся тут – «засмяюць», «па міліцыях зацягаюць». Мужчына называецца. Будучы салдат, абаронца Беларусі, які баіцца ўвязвацца ў гісторыю; а гісторыя ж і сапраўды цікавая! Чаму б за гэтым барадачом і не прасачыць? Чаму б не разнюхаць, што за ён? Каго хавае ў леснічоўцы? Канечне, усё гэта акружана тайнай. І хутчэй за ўсё тайнай нядобраю, цёмнаю. Можа, сапраўды гэта які крымінальнік? Ці нават маньяк-забойца? Тады што – сёння хтосьці чужы ў яго ахвяраю, а заўтра нехта з аднакласнікаў? Заўтра – Цім? Або ён, Валік?

Аж мурашкі па скуры пабеглі ад такіх малюнкаў.

Валік ціхенька, па міліметры выдраў са сшытка аркушык. Разгарнуў слоўнік з алфавітам. Пасля доўгага старання нарэшце была ім зашыфравана і адпраўленая Ціму запіска такога зместу:

«Я згодзен на ўсё, што ты скажаш».

Зрабіўшы гэта, Валік адчуў палёгку. Нават крыху і прыемна было, што ён не прэтэндуе на ролю камандзіра, а згодзен быць падначаленым.

Адказ прыйшоў імгненна. На другім, чыстым баку запіскі без усялякага шыфру напісаны былі ўсяго дзве літары – «О. К!» Яшчэ адна загадка Цімавага характару: з тройкі на чацвёрку па ўсіх іншых прадметах пералазячы, ён выдатна ведаў мовы – і родную, і рускую, і англійскую, на здзіўленне і зайздрасць усяму класу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю