355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 9)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел XXI

Злосць Крушынскага – заместа пахвальбы. – У Ціма апускаюцца рукі. – Калі ж з'явіцца Васіль? – Сур'ёзная размова з Вікаю. – Узаемны недавер. – Выправа ў Гомель.

Пасля такіх важных навінаў, само сабою, Цім з Валікам не маглі чакаць прызначанага ім для «візіту» дня.

Ужо ў абед яны стукаліся ў дзверы леснічоўкі. На іхняе шчасце, Крушынскі з Вікай былі дома. Калі хлопцы ўваліліся ў хатку, Крушынскі хутка прыняў са стала і схаваў у кішэню бушлата якісь канверт.

– Ну, што зноў здарылася?

Ці м, ззяючы вачыма, пачаў выкладаць усё па-парадку: і пра кнігу «Памяць», і пра верш у ёй, які пачынаўся словамі «у цынкавай труне», і пра паход да Колькі Танкіста, і пра бацькаву гісторыю – прыезд Васіля, і пра тое, што Валікавай сястры прысылаюць грошы у звычайным канверце.

– Шкатулка з каштоўнымі камянямі – у труне! – урачыста закончыў Цім. – Так яна і была перапраўлена з Афганстана! А помнік, што паставіў Васіль.

Крушынскі, які ўвесь гэты час стаяў да хлопцаў спінаю, раптам павярнуўся, і ў Ціма словы захраслі ў горле. Не проста пануры быў Крушынскі, а злы! Такім нават Віка бачыла яго ўпершыню.

– Апошні раз вас папярэджваю – не лезце нікуды! – працадзіў ён праз зубы.

Цім з Валікам стаялі, як аплёваныя. Замест чакаемай пахвальбы атрымаць раптам такія словы!

– Вы, канечне, хлопцы разумныя і здагадлівыя – нават задужа! Але і мы, ну, спецлужбы, не дурнейшыя! Няўжо вы думаеце, што мы ні аб чым не здагадваліся? Гэты варыянт – што шкатулка ў труне пад помнікам – быў у нас адным з першых! – працягваў дабіваць хлопчыкаў цяжкімі сваімі словамі Крушынскі. – Больш таго: мы ведалі, што скалечаны «афганец», той, які расказаў Васілю тайну, нейкі час быў у Афганістане. як вам лепш растлумачыць? Словам, ён меў справу з грузам «дзвесці». Былі такія спецыяльныя каманды пры кожным палку. І, канечне ж, для яго не ўяўляла складанасці пераправіць каштоўнасці менавіта такім чынам. Схаваўшы іх у труне.

– Дык калі вам усё вядома… – пачаў быў Цім.

– Яшчэ раз кажу – забудзьце! Бо можаце толькі нашкодзіць сваімі «расследаваннямі»! Без вас ёсць каму разбірацца. І яшчэ: у нас, ну, спецслужбаў, ёсць сумненні. А раптам шкатулка не ў труне? Тады што? Не можам жа мы, не ведаючы на ўсе сто працэнтаў, ускрываць магілу. Нават нам, спеслужбам, – ізноў занадта часта пачаў скланяць гэтае слова Крушынскі, – не ўсё дазволена. Па-першае, гэта падсудная справа, а па-другое – а што калі там, у труне, ніякай шкатулкі не акажацца? Пра гэта вы падумалі? І што потым тлумачыць людзям? Калі пойдзе пагалоска, што хтосьці, хай сабе і спецлужбы, трывожылі чужую магілу?

Цім успомніў пра абяцаны матацыкл. Вось дурань, а ён ужо амаль быў паверыў! Спадзяваўся на нешта!..

– Дык навошта тады вы чакаеце Васіля? – спытаў Валік.

– Ды ці аб'явіцца яшчэ тут той Васіль – вось у чым пытанне. Хаця, – спахапіўся Крушынскі, – канечне! Усё так. Мы чакаем Васіля і спадзяемся, што ён выведзе нас на шкатулку. І калі ён нават пачне раскапваць магілу. Тады і возмем яго, «цёпленькага», адразу на месцы.

– А-а, забраць каштоўнасці чужымі рукамі? – з'едліва сказаў Цім.

– А інакш нельга! Толькі так. Самі мы проста не маем права нічога прадпрымаць. І вас прашу – нікуды не ўлазьце самі! Ну, цяпер, спадзяюся, усё зразумела?

Якраз-такі цяпер ні хлопчыкам, ні Віцы нічога і не было зразумела.

– Дык а калі хоць прыблізна ён прыедзе? – спытаў Валік.

– Хто?

– Як хто? Васіль.

– Не ведаем. Гэтага ніхто не ведае. Можа, вельмі хутка, а можа нават і ніколі.

– Дык… пачакайце! А як жа вы? Вы ж не можаце чакаць яго тут вечна! Хіба вы гадамі тут будзеце жыць?

Крушынскі нарэшце пасміхнуўся.

– А ты хацеў бы?

Валік хутка зірнуў на Віку і адразу ж адвёў вочы.

– Вельмі, – шчыра адказаў ён. Крушынскі ступіў да сяброў. Абняў абодвух за плечы.

– Харошыя вы хлопцы. Я рады, што мы пасябравалі. Гэта праўда. А наконт таго, колькі я тут прабуду… Можа, і назаўсёды. Жыць… і чакаць Васіля, канечне! – дадаў ён.

Віка сабралася правесці хлопцаў і заадно прайсціся лесам, пагуляць. Але Крушынскі спыніў яе.

– Пачакай. Нам трэба сур'ёзна пагаварыць. Настрой у Ціма быў самы паганы. Ды і ў Валіка не лепшы. Ён так хацеў прайсціся з Вікаю! А цяпер невядома нават, калі яны зноў пабачацца. Хоць ты пад вакно падкрадвайся, як зусім нядаўна яны рабілі!

– Або ён нам хлусіць, або штосьці не дагаворвае, – разважаў Цім, калі хлопцы ішлі лесам. – Або. я нічога не разумею! Калі ён сапраўды спецагент, дык такое адчуванне, што галава яго забіта невядома чым, толькі не каштоўнасцямі!

– І не Васілём, – падтрымаў Валік. Вось у гэтым хлопцы не памыляліся.

Менш за ўсё думаў цяпер Крушынскі пра інкогніта-Васіля і пра афганскую шкатулку. Апошні час ён быў сам не свой. Нейкая трывога пасялілася ў душы, і чым далей, тым больш яна мацнела. Баяўся ён і хлопцаў, якія сваёй залішняй актыўнасцю маглі «навесці» на леснічоўку, а гэта значыць – на Віку; баяўся ён апошнім часам і саму дзяўчынку. Крушынскаму пачало здавацца, што яна падманвае яго. Ён сумняваўся ў праўдзівасці яе сентыментальна-слёзнай гісторыі.

– Дык што за важная размова? – яна даўно церабіла яго за рукаў бушлата.

Крушынскі апамятаўся. Дастаў з кішэні змяты канверт.

– Я быў сёння на пошце, – сказаў ён. – Вось, прыйшоў адказ з Крыма. Чалавека з такім прозвішчам у Сіферопалі няма. І ніколі не было.

Віка таксама зрабілася сур'ёзнай.

– А адрас? А паштоўка?

– Віка, сядзь, калі ласка. Ты ўжо амаль дарослая, давай пагаворым па-даросламу. Табе не здаецца, што маці. ну, яна магла проста падабраць гэтую паштоўку дзе-небудзь? І знарок адарвала назву горада. Прыдумала сімферопальскую цётку.

– Навошта?!

– Каб даць табе хоць якую надзею. Каб ты з'ехала. Каб яна не бачыла цябе, а ты яе. такую.

Віка маўчала. Цяжкі настрой гэты перадаўся і Крушынскаму.

– Паслухай, дзяўчынка. Мне не падабаецца, што ўсё ў нас так безнадзейна застыла. Проста завісла! Я не бачу ніякага выйсця. І, калі быць да канца шчырым – я табе не веру. Прызнайся: ты гаварыла мне праўду? Усю? Бо апошнім часам я, сам не ведаю чаму, пачаў ва ўсёй гэтай гісторыі сумнявацца. Я не веру ні ў айчыма, ні ў твае прыгоды, ні ў хворую маці на вакзале, ні ў тое, што пакой у вас адсудзілі.

Віка марудна падняла на яго вочы. У іх стаялі слёзы. Разам з тым Крушынскі не мог не адзначыць, што яна ўмее трымацца. Калі загаварыла, дык голас у яе быў звычайны.

– Твая гісторыя пра Васіля, – спакойна сказала яна, – пра спецслужбы і каштоўныя камяні таксама, прабач, малаверагодная. Гэта ім, Ціму з Валікам, можаш у вушы гудзець, але не мне.

– Нічога сабе! Якія мы самастойныя! Якія вопытныя! Як ты можаш не верыць даросламу чалавеку?

Яна гмыкнула.

– Вось якраз дарослым я менш за ўсё і веру.

– Ну-ну! Якія мы самастойныя, – Крушынскі, аднак, змяніў тэму. – Добра. Пакуль што не пра мяне, і не пра маю гісторыю гаворка. Вось што мы з табою зробім. Заўтра ж паедзем у твой Гомель. Я хачу на месцы ўсё высветліць.

Яна ўскрыкнула спалохана:

– Нізавошта не паеду туды!

– Паедзеш. Як міленькая. Гэта адзіны спосаб праверыць, ці праўду ты казала. Зразумей, Віка, – ён заціснуў яе далонькі ў свае лапы, – пакуль я не буду ва ўсім упэўнены, я не змагу зрабіць для цябе. Ну, тое, што задумаў.

Разлік ягоны апраўдаўся. Жаночая цікаўнасць у ёй узяла верх над капрызам.

– А што ты задумаў?

– Пабачыш, – адказаў ён ухіліста. – Усяму свой час. І яшчэ, Віка. Я ведаю, што табе можа быць цяжка ў Гомелі… Але давядзецца пацярпець. Мы здымем кватэру. Ты будзеш сядзець там, нікуды не выходзячы. Проста мне трэба, каб ты была пад рукою.

– Ну, калі так – я згодная…

Збірацца пачалі яшчэ з вечара – хаця якія там зборы? Узяць якую перакуску ў дарогу. Памыцца, у парадак сябе прывесці. За Барса цяпер можна было не баяцца, за хлопцамі ён не прападзе.

Калі Крушынскі з нажніцамі ў руцэ прыладкаваўся перад люстэркам, каб падраўняць бараду, Віка не вытрымала:

– Ды згалі ты яе!

Ён прамаўчаў. Думаючы, што яна проста саромецца яго, барадатага, такога старога. Бо ў Гомелі яе знаёмыя могуць убачыць іх разам.

Назаўтра выйшлі з дому вельмі рана. На шашы іх падабрала першая ж «папутка», і завезла ў Жытнявічы, да саменькага чыгуначнага вакзала. Крушынскі купіў білеты. Неўзабаве яны ўжо сядзелі ў цёплым вагоне цягніка «Гродна – Гомель», які вёз іх у родны дзяўчынчын горад.

Раздзел XXII

Перамена надвор'я. – Гомель. – Кватэра па найме. – Пошукі Крушынскага. – Чаго б хацелася Віцы? – Начлежны дом. – Крушынскі падкупляе начальніцу. – Зноў барада!

Цягнік не прапускаў ніводнага слупа, спыняўся на кожнай станцыі, на кожным раз'ездзе.

Пазіраючы ў вакно, Крушынскі з Вікаю проста дзіву даваліся – як рэзка пацяплела! Яшчэ раніцаю, калі выходзілі з хаткі, канечне, на адлігу ўсё паказвала, але ў лесе поўна было снегу, і нічога не сыпалася з неба. А тут! Нібы прыехалі ў чужую краіну. Снег ляжыць толькі дзе-нідзе, туман з'ядае яго. А галоўнае, дождж стукае ў шыбіну, і гэта ў студзені месяцы!

Што ўжо было казаць пра вялікі горад. Гомель сустрэў нашых вадроўнікаў тым жа дажджом, туманам і да ўсяго бруднай кашай расталага снегу пад нагамі.

На выхадзе з тунэля ў горад стаяла жывая чарга.

– Кватэры здаем!

– Таксі, каму таксі?

Крушынскі, успомніўшы Стася, адчуў сябе чалавекам вопытным у такіх справах. Пахадзіў туды-сюды – Віка стаяла ў тунэлі, баючыся высунуцца на дождж. Выбраў чысценькую, ахайную бабульку. Ізноў, як і ў выпадку са Стасем, яму пашэнціла. Бабулька здавала двухпакаёвую кватэру на суткі, у самым цэнтры, і не так ўжо і дорага. Адно што яна адразу ж запатрабавала дакументы.

– А калі нам больш, чым на суткі, спатрэбіцца? – спытаў Крушынскі, падаючы ёй пашпарт. – За дадатковую плату, канечне!

– Ды калі ласка. Жывіце на здароўе. Абы чалавек быў харошы.

Адразу падняла настрой гэтая невялічкая ўдача. Ёсць дзе прыткнуцца – ужо няблага. Кватэра аказалася блізка каля вакзала – раз, была такая ж ахайная і чысценькая, як і яе гаспадыня – два. Праўда, і з аплатаю Крушынскі не паскупіўся.

Віка была ў захапленні. Што і казаць, не леснічоўка! Мэбля, тэлевізар, халадзільнік, тэлефон, прыбіральня, ванная.

Як толькі дзяўчынка апынулася тут і агледзела, нібы гаспадыня, усё, так адразу заявіла, што нікуды з кватэры не выйдзе, пакуль Крушынскі з усім не разбярэцца. Нават у краму не будзе выходзіць.

І не выходзіла. Крушынскі разумеў яе. Утульнасць гэтага – свайго – жытла, хоць і часовага, хоць на некалькі ўсяго сутак, але свайго, – Віка ўспрыняла як узнагароду ёй, як кампенсацыю за ўсё сваё ранейшае непрыкаяннае жыццё. Канечне, ёй трэба было проста пабыць адной. Проста пасядзець у гэтых сценах. Паляжаць у ванне. Забыцца перад тэлевізарам – а Віка глядзела ўсё падрад, ад рэкламы да бяскончых серыялаў.

Сам Крушынскі прападаў у горадзе з ранку да вечара. Вечарам заяўляўся, стомлены і галодны. Віка сустракала яго ў парозе, хапала сумку, бегла на кухню, выкладвала ў лядоўню прадукты. Крушынскі тым часам разуваўся, ставіў мокрыя чаравікі пад батарэю. Віка несла ў ванную яго скураную куртку, вешала там на «плечыкі».

– Ну, што? – пыталася з'едліва. – Як поспехі?

– Крыху ёсць…

Раніцаю, калі дзяўчынка яшчэ песцілася пад цёплай коўдраю, Крушынскі сыходзіў у туманны, хліпкі горад.

Прайшло тры дні. За гэты час Крушынскі паспеў пабываць на ранейшай Вікавай кватэры. Пагаварыў з суседзямі, хоць гэта аказалася не так і проста. Барадаты, падазронага выгляду чалавек не схіляў да шчырай гутаркі. Ды і сам Крушынскі ледзь усё не сапсаваў, адрэкамендаваўшыся:

– Я з камісіі па справах непаўналетніх. Збіраю матэрыялы пра дзяўчынку, Віку, што некалі жыла тут.

На яго шчасце, знайшоўся дзядок-адстаўнік, які патлумачыў спалоханым суседкам:

– Чаго вы вылупіліся? Барады, ці што, не бачылі? Тэлевізар трэба глядзець! Цяпер барада нават у арміі дазволена!

Крушынскі даведаўся аб усім, што яму трэба было. Віка не зманіла. Іхні з маці пакойчык належаў цяпер нейкім прахадзімцам. Паперы былі аформлены паводле ўсіх правілаў.

На наступны дзень Крушынскі пачаў з вакзалаў, чыгуначнага і аўтобуснага. Распытваў прыбіральшчыц, дзяжурных, касірак, буфетчыц, нават вакзальных бамжоў. Ці не траплялася ім на вочы жанчына такой і такой знешнасці? Дзе яе можна знайсці? Ведаем, адказвалі, бачылі, была такая, усё плакалася пра сваю дачку, скардзілася, як падманулі іх з кватэраю. Дзе яна цяпер? – а хто ж ведае? Хіба што міліцыя.

І на трэці дзень Крушынскі прыняўся абыходзіць аддзяленні міліцыі і пункты праваховы. Тут яму ўжо было прасцей, і барада не перашкаджала: ён проста паказваў свае кніжачкі. Тыя самыя, што так цікавілі Віку.

Нарэшце ў Цэнтральным РАУС яму пашэнціла.

– Як жа, помню такую, – сказаў дзяжурны старлей. – Затрымлівалі яе некалькі разоў. А што толку? Грошай на штраф усё адно няма. Плача, кашляе. З падазрэннем на сухоты была накіравана ў. Зараз скажу.

Дзяжурны пачаў гартаць журнал. Крушынскі чакаў цярпліва.

– А, вось. Дыспансер-размеркавальнік.

– Што гэта такое? – здзівіўся Крушынскі.

– Ды звычайная начлежка. Для бедных, для бамжоў розных. Там іх трохі кормяць, трохі лечаць —

і нам, міліцыі, спакайней, хоць перад вачыма не мільгаюць.

– Дзе яна знаходзіцца?

– А вось, перапішыце адрас.

Увечары Крушынскі быў задуманы больш, чым звычайна.

– Здарылася што? – спытала Віка, ставячы перад ім патэльню з яечняй: адзінае, што яна ўмела гатаваць.

– Віка, – сказаў Крушынскі, – як ты думаеш, а што калі Васіль сапраўды існуе? І возьме ды і аб'явіцца ў нашай Вялікай Паляне?

– Ну і хай аб'яўляецца.

– Тады я вымушаны буду выканаць сваё абяцанне. Хлопцы атрымаюць матацыкл. А табе што? Ты ж так нічога і не папрасіла!

– Я? – яна прысела на канапу, задумалася. – Не папрасіла таму, што хочацца мне многага… Я ведаю, што вашыя спецслужбы ніколі мне гэтага не дадуць.

– І ўсё ж, – не адчапляўся ён. – Напрыклад?

– Напрыклад, хачу свой куток. Хоць кватэру, хоць хату, хоць леснічоўку. Хоць нару! Але каб гэта было толькі маё! Хачу жыць з мамаю, як некалі жыла. Хачу, каб прадуктаў было многа. Апранацца хачу добра, прыгожа.

Крушынскі слухаў з усмешкаю.

– А ў школу хадзіць? – падкалоў ён.

– У школу – таксама. Толькі ў нармальную школу! Не ў такую, як нашая.

– Віка, я знайшоў, дзе твая мама, – сказаў ён без усялякай сувязі. – Заўтра мы да яе паедзем.

Дзяўчынка нічым не выявіла ні радасці, ні здзіўлення. І голас не змяніўся, калі спытала:

– Гэта абавязкова?

– А ты як думаеш? Ты ж родная дачка ёй! Ты ж толькі што хацела.

– Досыць. Едзем, дык едзем.

«Начлежка» (ці як выказаўся старлей, "дыспаснсер-размеркавальнік") знаходзілася за Сожам, у раёне Нова-Беліцы. За гэтыя дні Крушынскі даволі добра вывучыў горад, напамяць ведаў усе маршруты – лепш за ўсё ў Нова-Беліцу было дабірацца пятым нумарам тралейбуса.

Усю дарогу Віка маўчала і ціснулася да яго. Крушынскаму падалося, што яе нават крыху ліхаманіць. Ён ужо каяўся, што выцягнуў яе з утульнай цёплай кватэры-«крэпасці». Адно добра – дарога была нядоўгай.

Прыехалі. Адшукалі вуліцу і дом. Начлежка аказалася звычайным двухпавярховым, з бярвення баракам. Збоку над дзвярыма прыбіты быў паржавелы квадрацік бляхі, на якім ледзь угадваўся нумар дома.

Віка пазірала на гэты барак са страхам. Перад дзвярыма яна спынілася, як укапаная, і рашуча заявіла:

– Я не магу. Можна, я тут пачакаю? Крушынскі не стаў яе ўпрошваць. Пайшоў адзін. Яна з падзякаю зірнула яму ўслед, калі за ім ляпнулі дзверы і ён знік у бараку.

Яго сустрэла цемра калідора, а таксама востры пах карболкі і мокрай падлогі. У канцы калідора, дзе было святлей, ён разгледзеў жанчыну ў халаце, якая чапляла анучу на швабру. Пакіраваўся туды. Ні на адных дзвярах, што выходзілі на доўгі калідор, не было шыльдаў.

– Дзе тут у вас хто галоўны? – павітаўшыся, спытаў ён.

– Там, наверсе, – буркнула прыбіральшчыца. Па скрыпучай драўлянай лесвіцы ён падняўся на другі паверх. Такі ж доўгі калідор. Той жа пах сырой падлогі і карболкі. Такія ж дзверы. Не, стоп! Такія, ды не такія. Вось – дэрмацінам абабітыя, з масіўнай пазалочанай ручкаю. Крушынскі паспрабаваў пастукаць, але пальцы яго патанулі ў дэрмаціне.

Але, як ні дзіўна, яго пачулі. Дзверы раптам расчыніліся і на парозе ўзнікла высокая жанчына сярэдніх гадоў, нафарбаваная, расфуфыраная, з пярсцёнкамі на пальцах абедзьвух рук. Ад яе пахла дарагой парфумай. Крушынскі ад нечаканасці аж зняў з галавы шапку. Дужа вялікі быў кантраст паміж гэтай начальніцай і ўбоствам начлежкі.

– Што вам трэба? Крушынскі растлумачыў.

– Хадземце, я правяду вас у палату. Жанчына зачыніла дзверы на ключ, не даўшы магчымасці Крушынскаму нават заглянуць у яе кабінет.

Палата была тут жа, на другім паверсе, побач з кабінетам. Крушынскі чакаў убачыць тут штосьці кшталту турэмнай камеры, таму не без хвалявання пераступіў парог следам за начальніцай. Аж не! Было тут, праўда, цесна – дзесяць коек стаялі амаль упрытык адна да адной і ўсе былі занятыя; стаяў тут, канечне, пах, ад якога Крушынскі ў першы момант ледзь не задыхнуўся. І ўсё ж, і тым не менш! Адносна чыста, адносна светла, адносна цёпла… Са столі не капае. Як для бамжоў, дык тут проста санаторый.

– Вось, – начальніца паказала на крайнюю койку злева. Сама не выйшла, а толькі адступіла крышку ўбок. Скрыжавала на грудзях свае пярсцёнкамі ўнізаныя рукі.

Крушынскі нерашуча наблізіўся да койкі. На ёй ляжала нейкая бабулька. З-пад коўдры відаць быў толькі яе твар, а па падушцы раскідаліся сівыя валасы. Калі бабулька, пачуўшы галасы і крокі, расплюшчыла вочы, Крушынскі ледзьве не ўскрыкнуў. Перад ім ляжала Віка, якая за пяць хвілін пастарэла на семдзесят гадоў. Ды вось чаму дзяўчына так заўпарцілася, каб не йсці сюды! Яна прадбачыла ўсё гэта!

На бабульчыным твары адбіўся страх. Калі загаварыла, сухі нядобры кашаль перашкаджаў ёй.

– Не трэба… мяне… выпісваць!.. Я хворая… вельмі. прашу!

«Ды гэта ж яна мяне за доктара прымае, – дайшло да Крушынскага. – Ці за нейкага начальніка! Яна баіцца, што я магу зараз выпісаць яе! Гэта значыць, выкінуць на вуліцу, у гэтую макрэчу, холад і голад!»

– Колькі можна хварэць? – умяшалася начальніца. – Курорт вам тут, ці што? Паляжала трохі, падлячылася – хопіць, дай другім месца. Жадаючых навалам.

Бабулька трэслася ў кашлі. Уваленыя шчокі яе былі мокрыя ад слёз. Як добра, падумаў Крушынскі, што Віка не пайшла і не бачыць усяго гэтага!

– Можна мне з вамі пагаварыць? – звярнуўся ён да начальніцы.

Выйшлі з ёю на калідор.

– Прашу вас – не выпісвайце пакуль яе. Начальніца слухала яго, трымаючы рукі скрыжаванымі на грудзях.

– А вы ведаеце, колькі дзяржаве абыходзіцца адзін койка-дзень? – спытала яна. – Вы ведаеце, колькі такіх, як яна, яшчэ і горшых, што па падвалах жывуць і са сметніцаў кормяцца? Якія толькі і мараць, каб патрапіць сюды?

Крушынскі палез у кішэню:

– Я гатовы заплаціць грошы.

– Дарэчы, а хто вы такі? Кім вы ёй даводзіцеся?

– Я? – сумеўся Крушынскі. – Ёй? У прынцыпе, нікім. Чужы чалавек.

– Так-такі і чужы? Не сын, не брат, не сват, не пляменнік? А то спачатку сплавіце чалавека, а потым сумленне загрызае?

Вунь яно што! Крушынскаму зрабілася горача. Ён зразумеў ход думак начальніцы. Яна думае, што ён радня Вікавай маці. Выгнаў яе на вуліцу, а цяпер клянчыць, просіць, каб пакінулі яе ў начлежцы! Аказваецца, і такі «бізнес» існуе!

– Я не заслужыў гэтага, – прамовіў ён ціха. – Я праўда зусім чужы ёй.

Падзейнічала. Пакорлівыя яго словы змякчылі суровую начальніцу.

– Дык што вы там гаварылі пра грошы? – спытала яна. – Колькі вы можаце заплаціць?

– Колькі трэба! – заспяшаўся ён. – Яшчэ і пераплачу!

– Тады добра. Хадзем да мяне ў кабінет, аформім паперы. Усё будзе афіцыйна. Абяцаю, што ўсе вашыя грошы на яе ж і пойдуць. Перавядзем у іншую палату, будуць лекі, дагляд.

Віка чакала Крушынскага на тым самым месцы, дзе ён яе і пакінуў. Кароткія хлапечыя валасы яе былі ў кропельках дажджу. Крушынскі дастаў насоўку і выцер ёй мокрыя лоб, нос і шчокі.

– Ну, усё ў парадку, – бадзёра адказаў на маўклівае яе запытанне. – Твая маці яшчэ паляжыць тут. Пакуль не паправіцца. Ёй тут добра, яна сама сказала! – паспешліва дадаў ён.

– А не выкінуць яе? – так і спытала Віка, «выкінуць», а не «выпішуць».

– Не хвалюйся. Я аб усім дамовіўся з нача… з загадчыцай аддзялення. Твая маці будзе тут столькі, колькі спатрэбіцца. За ёю будзе харошы дагляд.

– Ты заплаціў ім? – спытала дзяўчынка. Памаўчаўшы, сама сабе і адказала: – Канечне, заплаціў! Дзякуй за ўсё, Барыс.

І пацёрлася, бы кацяня, аб яго далонь.

Калі ехалі тралейбусам назад, у цэнтр, адбылася наступная сцэна. Віцы ўдалося сесці, Крушынскі стаяў побач. Раптам нейкая дзяўчына паднялася з суседняга месца:

– Сядайце, калі ласка, – ветліва прапанавала Крушынскаму.

Яго гэты эпізод толькі ўзрадваў. З палёгкаю плюхнуўся ён на праціснутае, пашарпанае сядзенне. Азірнуўся на Віку. Дзяўчынка, нахмурыўшы лоб, нервова пакусвала губы.

– Віка! Чуеш? Што з табою?

– Колькі разоў прасіла… Згалі ты гэтую бараду! Як я яе цярпець не магу!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю