355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 8)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел XVIII

Прывабнасць тайны. – Цімава прага дзейнасці. – Помнік. – Два «афганцы». – Паход да Міколы Танкіста. – Валікаў сакрэт.

І так, цяпер усё стала на свае месцы. Усё было зразумела: хто такі «барадач», чаго ён тут ашываецца, што за «нявольніка», ці лепш сказаць, «нявольніцу» трымае ў сваёй леснічоўцы. Усё было проста, нават будзённа. Але вось жа дзіва! Рэальнасць і будзёнасць гэтыя аказаліся нашмат цікавейшымі за ўсе фантазіі!

Пасля знаёмства з Вікаю і з Крушынскім жыццё нашых хлопцаў набыло зусім іншы сэнс. Бо адна справа – проста жыць, як і ўсе навокал. Есці, піць, спаць, тэлевізар глядзець, урокі вучыць. У хакей гуляць, на лыжах па лесе гойсаць.

І зусім іншая – ведаць тое, чаго ніхто больш не ведае! Жыць з адчуваннем тайны. Насіць яе ў сабе. Ды яшчэ якой тайны! Дзяржаўнай, з каштоўнасцямі звязанай… Ужо адно ведаць пра гэта – амаль тое самае, што шукаць скарб, нават яшчэ цікавей!

А на двары нарэшце ўсталявалася сапраўдная зіма. Са сваімі снягамі, траскучымі маразамі, ранішнім інеем на дрэвах і вечаровымі зоркамі на небе. Вось-вось будзе любімае свята – Новы год. Школьная елка. Зімовыя канікулы. Таму няпраўдаю будзе сказаць, што Цім з Валікам так ужо «зацыкліліся» на пошуках шкатулкі з каштоўнасцямі, каб не заўважыць і не цаніць іншых радасцяў жыцця.

І ўсё ж! Недзе на трэці дзень пасля выпадку ў леснічоўцы Цім падзяліўся з сябрам сумненнямі:

– А што, калі ён проста маніў нам? Каб перасталі за ім сачыць? Потым – гэтая Віка. Чаму яна да яго ні з таго ні з сяго прыехала?

– Ну, чаму… – няпэўна адказаў Валік. – Не ведаю! Сама яна не гаворыць, а распытваць няёмка. Зрэшты, а чаго ты яшчэ хацеў? Мы і так даведаліся больш, чым трэба. І пра барадача, і пра яго «закладніка». Больш мы проста нічога не можам!

– У тым і справа…

Няўрымліваму Ціму прагнулася дзейнічаць. А прастору для дзейнасці было якраз і няшмат. Склаўшы рукі, сядзець і чакаць, пакуль аб'явіцца ўласнай персонаю Васіль? Добра. Але нават такое пасіўнае чаканне не магло быць да канца апраўдана. Ну, дапусцім, прыедзе Васіль. І што – ён будзе гуляць па ўсім сяле, галаву задраўшы? У ва ўсіх на вачах?

Хлопцам заставалася толькі паспрабаваць вызначыць тыя вельмі нямногія шляхі, якія хоць неяк, хоць ускосна, але перасякаюцца з «афганскай» гісторыяй. Можа, і намацаецца якаясь танюткая нітачка? Пацягнуўшы за якую, можна будзе паспрабаваць разблытаць увесь клубок.

Першай зачэпкай тут быў помнік загінуўшаму «афганцу». Другой – два жывыя аднасяльчаніны, што некалі ў Афганістане служылі.

– З помніка і пачнем, – вырашыў Цім.

Пайшлі на могілкі.

Цяпер, зімою, апошні прытулак «афганца» ўяўляў сабою белы сумёт. Нават агароджа па самы верх была замецена. Са снегу вытыркаўся адно помнік. На ім быў барэльеф салдата, які адной рукой абапіраецца на АКМ, а другой цягнецца да. валошкі. Барэльеф крыху нагадваў манумент «Смага», што ў Брэсцкай крэпасці. Толькі там салдат імкнецца да вады.

Нічога не прынёс агляд помніка. Пастаялі каля яго хлопцы. Паспрачаліся яшчэ: а ці бываюць у Афганістане беларускія валошкі? Сышліся на тым, што нават калі і няма, то гэта – даволі прыгожы сімвал. Вобраз чалавека, які цягнецца, як сасмяглы да вады, да сіняй кветкі далёкай Радзімы…

Затым сябры паўдня правялі ў сельскай бібліятэцы. Вывучалі кнігу свайго раёна, якая называлася «Памяць». Кніга была таўсценная і цяжкая.

Асабліва зацікавілі нашых хлопцаў тры раздзелы. Першы, пад назваю «Героі і ахвяры», пачынаўся такімі дубовымі словамі: «Па рашэнню ЦК КПСС і Савецкага ўрада ў канцы 1979 г. на тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Гісторыя дасць канчатковую ацэнку афганскай вайне, але, якой бы ні была гэтая ацэнка, ніколі не забудуцца гераічныя подзвігі нашых воінаў у далёкай краіне».

Другі раздзел называўся – «Не вярнуліся з Афганістана». Восем чалавек з раёна загінулі; у раздзеле прыводзіліся іхнія біяграфіі, вытрымкі з пісем і фотаздымкі.

І трэці, самы кароткі – «Тут шануюць іх памяць». Канчаўся гэты раздзельчык вершам. Да таго ён лёг хлопцам на душу, што Цім папрасіў у бібліятэкаркі ручку і паперу і акуратна перапісаў яго, каб вывучыць потым напамяць.

 
З краіны афганскай вярнуліся ў цынку —
Не суджаны быў ім шчаслівы працяг.
Сівее матуля няўцешная: «Сынку!..»
І бацьку пячэ невыносна ў грудзях…
 
 
Хай слёзы твае нам сумленне апаляць,
Бо ці ж перад імі няма ў нас віны?
Няхай зберажэ наша горкая памяць
Абраннікаў гэтай нянашай вайны. [3]3
  З верша Міколы Кусянкова "Рэквіем".


[Закрыть]

 

Апошнія словы гэтага цудоўнага верша білі, здавалася, проста ў сэрца.

Пасля бібліятэкі вырашына было праведаць жывых «афганцаў».

Адзін, Колька Танкіст, жыў побач, на Сяле, другі, па мянушцы Кандагар, далёка – у Зарэччы. Цяжка было нават уявіць сабе двух больш розных людзей. Хаця і дзіўна гэта! Абодва ж прайшлі праз аднолькавае пекла, абодва паварыліся ў адным і тым жа катле – і які розны вынік!

Колька Танкіст быў чалавек набожны, ціхі, калі не сказаць затурканы. Не піў, не курыў, ніхто ніколі не чуў ад яго лаянкі, ніколі не ўступаў ён у спрэчкі, з кожным, і старым, і малым, згаджаўся, ківаючы галавою; усе ведалі, што гэта ў яго нервовы цік пасля кантузіі.

Кандагар піў бязбожна, лаяўся так, што хацелася заціснуць вушы. П'яны, ганяў з сякераю жонку з дзецьмі. Абодва «афганцы», дарэчы, мелі свае сем'і і дзяцей – амаль аднагодкаў нашым Ціму з Валікам.

Калі хлопцы смела ўвайшлі ў чужы двор, Колька Танкіст калоў дровы. У дужых яго руках смачна гэкала сякера. Убачыў хлопцаў, спыніўся на паўзамаху. Паклаў сякеру на калодку. Выцер аб куфайку рукі. Нібы якія важныя начальнікі да яго прыйшлі, а не два падшыванцы. Зрэшты, так ён паводзіўся з усімі, паводле прынцыпа – раз чалавек завітаў да мяне, значыць ёсць у яго пільная патрэба; адкладвай работу і давай яму ўвагу.

Хлопцы ў першы момант нават разгубіліся ад такой ахвотнай паслужлівасці дарослага мужчыны. Цім нічога не прыдумаў, як выдаць сходу:

– Дзядзька Мікола, вы знаёмыя з такім Барысам Крушынскім? Які ў лесе жыве? Ён, як і вы, з Афганістанам неяк звязаны.

Колька Танскіст заківаў галавою сцвярджальна – маўляў, так, ведаю. А адказаў адмоўна.

– Не, незнаёмы. Я даўно ўжо ні з кім з былых аднапалчанаў не падтрымліваю ніякіх адносін. Я забыў пра ўсё.

Сур'ёзны, поўны адказ. Якія тут яшчэ могуць быць пытанні? Аднак у Ціма знайшлося адно:

– Дзядзька Мікола, вось вы былі ў Афганістане. Скажыце. адтуль можна было што-небудзь вывезці? Ну, золата там. Альбо каштоўнасці. І калі можна, дык якім чынам?

Можна, можна – заківаў дзядзька Мікола. А адказаў:

– Рукі-ногі з галавою. Гэта адзінае, што адтуль можна было вывезці. Даў Бог вярнуцца жывым – вось і самыя большыя каштоўнасці.

– Да Кандагара няма сэнсу ісці, – панылым голасам сказаў Цім, калі хлопцы выйшлі на вуліцу.

– Канечне, – згадзіўся Валік.

Тут толькі да нашых сяброў дайшло: якія ж яны ўсё-ткі наіўныя! На што тут можна было спадзявацца? Канечне, такі шлях, што яны выбралі, быў тупіковы. Не кажучы ўжо, што іхняя залішняя цікаўнасць магла толькі пашкодзіць Крушынскаму. Ён жа іх папярэджваў, каб не лезлі нікуды, маўчалі.

– А можа, цяпер сходзім у леснічоўку? – прапанаваў Валік, скоса зіркнуўшы на сябра: здагадаўся той ужо, ці не?

Не прызнавацца ж яму было, што на яго падзейнічала ўся гэтая «афганская» гісторыя з зусім іншага боку, чым на Ціма. Не так яго зацікавілі міфічная шкатулка з каштоўнасцямі і яшчэ больш міфічны Васіль, як рэчы больш празаічныя. Валіка ўразіла судакрананне да чужога жыцця. Гэты лес, заснежаная ўтульная хатка, дзе няма ні святла, ні радыё, ні газет, ні тэлевізара. Затое ёсць адна дзяўчынка з горада Гомеля.

Наш Валік проста закахаўся. Яму падабалася тое, што Віка вельмі прыгожая. Што яна паводзіць сябе зусім не так, як смяшлівыя, несур'ёзныя, пуставатыя іх аднакласніцы – а як амаль дарослая. І ўсё адно лёгка з ёю! Якая ў яе сціплая і добрая ўсмешка, які прыемны голас!.. І загадкавая яна не менш за Крушынскага. З якой яна сям'і? Як яна вучыцца? Якія кніжкі любіць? Хто ў яе сябры?

Усё гэта было нова нашаму Валіку. І заманліва. Вось чаго яго цягнула ўвесь час у лясную хатку.

Аднак Цім, здаецца («дзякаваць Богу», падумаў Валік), ні аб чым не здагадваўся.

– Табе што было сказана? – спытаў ён. – Без патрэбы там не з'яўляцца. Толькі раз на тыдзень, і толькі ўвечары, каб ніхто не бачыў.

– Гэта я помню, – адказаў Валік, стрымаўшы ўздых.

Раздзел XIX

Цім дабіваецца свайго! – Дзве гісторыі, якія ён супастаўляе і робіць адкрыццё. – Валік зайздросціць сябру.

Ёсць харошая беларуская прымаўка: хто пытае, той не заблукае. Валік галаву гатовы быў бы даць на адсячэнне, што справа іхняя марная. Ніколі не разблытаць ім гэтай «афганскай» тайны! За што тут ухапіцца? З якога боку падступіць? Дзе хоць якая зачэпачка?

Але Цім быў упарты, так лёгка ён здавацца не збіраўся. І адбылося дзіва! Звычайны белагаловы кірпаты беларускі хлапчучок разгадаў-такі тайну пятнаццацігадовай даўнасці!

Як часта бывае, разгадка прыйшла адтуль, адкуль і чакаць яе было немагчыма. Папярэднічалі гэтаму два эпізоды. Нічым нібыта паміж сабою не звязаныя. І трэба была Цімава неўтаймаваная фантазія, каб гэтыя эпізоды супаставіць і зрабіць, без перабольшання, адкрыццё!

Увечары таго самага дня, калі хлопцы хадзілі перш на могілкі, затым у бібліятэку і да Колькі Танкіста, Цім прычапіўся да бацькі:

– Тата, раскажы пра помнік гэтаму «афганцу». Хто яго паставіў? Чаму такая дзіўная на ім выява? І хто быў гэты салдат? Дзе ён жыў? Дзе яго радня?

У іншы час бацька толькі рукою махнуў бы – маўляў, адчапіся. Але гэтым вечарам была нагода. Бацька сядзеў за сталом і набіваў гільзы для стрэльбы. Куплёных патронаў ён цярпець не мог, любіў сам валэндацца з гільзамі. Таму цяпер рукі ў яго былі занятыя, а язык – вольны.

І тата расказаў.

– З гэтым помнікам увогуле дзіўная гісторыя. Гады тры салдат ляжаў пад звычайным крыжам, у звычайнай магілцы. Але аднойчы з'яўляецца ў Вялікай Паляне чалавек, ідзе да бацькоў загінуўшага.

Цім уздрыгнуў. «Васіль! – мільганула здагадка. – Гэта ж Васіль прыязджаў! Значыць, не маніў Крушынскі!»

– Так і так, кажа, я блізкі сябар вашаму сыну, разам ваявалі, таму лічу сваім абавязкам як след ушанаваць яго памяць. Калі ў мясцовых уладаў рукі не даходзяць, я сам пастаўлю на магіле помнік. І за тры дні паставіў! Ну, не сам, канечне, прыязджалі з горада майстры. Раствор, бетон, плітка, усё такое.

– Ну, і далей?

– Далей чалавек знікае назаўсёды. А бацькі салдата рэгулярна, кожны месяц пачынаюць атрымліваць грашовыя пераводы. Ды такія сумы, што ім і не снілася! Так і памерлі, дзякуючы ўладам. А я так думаю, – закончыў бацька, – што гэта ён прысылаў! Аднапалчанін гэты самы.

– Канечне, Ва… – ледзь не вырвалася ў Ціма «Васіль». – Канечне, ён! Аднапалчанін!

– Чаму гэта цябе зацікавіла раптам?

– Так, проста… Выява на помніку прыгожая. Вось і падумалася: хто такую мог зрабіць?

– Што праўда, тое праўда – усім падабаецца. Нават з Мінску прыязджалі, фатографы, на кінакамеру здымалі.

У гэтую ноч Ціму сніўся адзін і той жа сон: чалавек, які цягнецца рукою да васілька. Здаецца, вось-вось схопіць яго, сарве – але ніяк! Нібы міраж, растае кветка, расплываецца, аддаляецца. І зноў трэба падпаўзаць да яе, а яна зноў – растала. Нібы кліча некуды, заве за сабою.

Назаўтра з самай раніцы Цім быў у Валіка. А ў таго – поўная кватэра гасцей. Сябры зачыніліся ў Валікавым пакоі.

Цім коратка пераказаў тое, што пачуў учора ад бацькі.

– Ведаеш, што гэта значыць? Што Васіль – не выдумка, а рэальнасць! Ён існуе! Аднаго толькі не разумею.

Ці м пацёр скроні.

– Навошта ён прысылаў бацькам салдата грошы? – падказаў Валік.

– Хоць бы і гэта… Навошта яму ўвогуле так закарцела паставіць помнік? Вось у чым для мяне загадка!

– Ну, мала што.

Валік паціснуў плячыма. У гэты момант увайшла Валікава маці і запрасіла хлопчыкаў да стала.

– Ды еў я, – пачаў аднеквацца Цім. – З дому ж толькі што!

– Ну, хоць гарбаты папіце. І Валік сказаў:

– Хадзем, бо і праўда – госці ж. Няёмка будзе, што мы на вочы ім не паказваемся. Яшчэ падумаюць немавед што.

Але на кухні гасцей ужо не было. За сталом сядзела і піла гарбату толькі адна дзяўчынка. Гэта была Валікава стрыечная сястра Света. Цім павітаўся, Света прамаўчала.

Пачалі піць гарбату.

– А вось у Англіі, калі п'юць гарбату, ніхто не сёрбае! – сказала раптам Света, не гледзячы на Ціма.

Той аж падавіўся. Пачаў піць ціха, адно вуснамі дакранаўся да шклянкі.

– У цывілізаваных краінах лыжачку са шклянкі звычайна выцягваюць, – ізноў зрабіла заўвагу Света.

А каб ты спрахла! Вось дастача! Цім выцягнуў лыжачку, паклаў на сподак.

– Чаго ты прычапілася да яго? – заступіўся Валік за сябра. – Дай папіць спакойна чалавеку. Падумаеш, з'ездзіла ў Англію! Дык што ўжо, такой ледзі зрабілася?

– Не толькі ў Англію. Яшчэ ў Іспанію, Францыю і Германію, – сказала Света і загнула чатыры пальцы. – І гэтым летам у Германію паеду.

Мы перапісваемся сем'ямі. Яны нам прысылаюць падарункі. І нават маркі.

– Як гэта? – пацікавіўся Валік.

Ці м адсунуў шклянку з недапітай гарбатаю і слухаў вельмі ўважліва.

– Звычайна. У канверце, разам з пісьмом.

– А… хіба так можна? – хрыпатым голасам спытаў Цім.

Света толькі гмыкнула ў адказ. Маўляў, толькі так і можна.

Цім схапіў Валіка за руку і пацягнуў з кухні. На калідоры ён нагнуў сябраву галаву і зашаптаў яму ў самае вуха:

– Вось яно! Усё!

– Што ўсё?

– Я ўсё ведаю! Ой-ё-ёй, як усё проста! Грошы ў канверце, разумееш?!

– Не, – шчыра адказаў Валік.

– Шкатулку пераправілі з Афганістана ў труне! Разумееш цяпер? Каштоўнасці ляжаць у магіле! Пагэтаму і прыязджаў Васіль, і помнік паставіў! Гэта ж як сейф! Яны ж там могуць захоўвацца вечна!

Валік быў уражаны не менш за сябра. Цяпер Цім адкрыўся яму з зусім іншага боку. Вось табе і троечнік, вось табе і фантазёр-летуценнік! З нічога, з двух пустых эпізодаў зрабіць такія высновы!

Разам з тым ён не адчуваў зайдрасці да Ціма. Наадварот, яму радасна стала ад таго, што яны – сябры.

Раздзел XX

Зяць Ігар не йдзе на службу, а прыязджае да цесця. – Праслухоўванне касеты. – Груз «дзвесці». – Планы авантурыстаў. – Зяць распісвае цесцю будучае багатае жыццё.

Пасля начнога званка, з якога вынікала, што Ігар знайшоў касету з голасам «афганца», ужо раніцай наступнага дня зяць сядзеў у пустой халоднай цесцевай хаце.

На службу Ігар сёння не пайшоў. Было гэта ўжо само па сабе падзеяй. Заўсёды ён быў абавязковы і дысцыплінаваны. Толькі штось сапраўды надзвычайнае магло прымусіць яго паламаць расклад.

З сабою зяць Ігар прынёс магнітафон, якасны, самсунгаўскі – не тое, што цесцева колішняя «Вясна». Ігар уставіў у яго старую, трэснутую, скочам перамотаную касету.

– Амаль… уся… ноч…на гэта… пайшла, – мармытаў ён чамусьці шэпатам, хаця яны былі толькі ўдвух у хаце.

Доктар Пратасевіч таксама не выспаўся. Цяпер ён усё пазяхаў, слухаючы зяця няўважліва.

– На аловак намотваў істужкі гэтыя… Вось бачыце, нават палец апух. І ўсё ж наткнуўся! Знайшоў! Зараз.

Ігар дастаў аркушык паперы, асадку.

– Учора спісваў з касеты, – патлумачыў ён. – Цяпер, можа, новае штось расчуем, дык адразу запісаць трэба.

Ён урачыста націснуў на клавішу.

Абодва падсунуліся бліжэй да магнітафона і ўталопіліся ў яго; з такім самым заміраннем, нецярпеннем, ледзь не з містычным страхам пазіралі колісь людзі на першае радыё, гадаючы, што гэтая «патэльня» можа выкінуць у наступны момант, чаго ад яе можна чакаць.

Магнітафон трашчаў і сіпеў.

– Стужка старая, клееная ў трох месцах… Слухайце! Во! Во!

Доктар напружваў слых, як мог. Нават нагнуўся над магнітафонам. І праўда, расчуў ён нейкі голас – далёкі, бы з таго свету.

Ігар звяраўся па паперцы.

– Чулі? Чулі?

Цесць не ведаў, што і казаць. Калі шчыра, нічога ён не разабраў.

– Як жа так? – расхваляваўся Ігар. – Давайце яшчэ раз! Я вам буду расшыфроўваць.

Адматаў назад касету. Пачаў, як глухому, кожнае слова перакладаць цесцю.

– Чуеце? «Запамінай… Разам з грузам дзвесці.»

Цяпер доктару падалося, што сапраўды – ён разбірае голас пятнаццацігадовай даўнасці, узмоцнены зяцем.

Зноў трэск у магнітафоне.

– Вось! Слухайце! «…Пераправілі шкатулку… Паедзеш у Вялікую Паляну. Вялікую Паляну – запомні!.. Знайдзі шкатулку.» Ну, як вам?!

– Гэта ўсё? – расчаравана спытаў доктар.

– А гэтага мала?! – Ігар аж з месца падхапіўся і забегаў туды-сюды па пакоі. – Як жа вы адразу не датумкалі?! Тады яшчэ, у Маскве, калі першы раз слухалі?

– Ты ж не раўняй свой магнітафон з маім, – пачаў апраўдвацца доктар. – Ды і слых у мяне не раўня твайму.

– Груз дзвесці! Груз дзвесці! – паўтараў, не слухаючы яго, Ігар. – Гэта ж дурню зразумела! Гэта ж цынкавая труна, так?

– Так.

– Яны ў труне пераправілі каштоўнасці! Разам з забітым салдатам! Разумееце? Цынкавая пасылка!

– Паслухай, Ігар, – сказаў доктар. – Не бяры ты ўсё так блізка да сэрца. Гэта ж можа быць звычайнае трызненне чалавека пад наркозам! Яны табе ведаеш чаго нагаварыць могуць у такім стане? Цэлыя аповесці, раманы! Толькі слухай ды запісвай за імі.

– А я веру!

– Добра. Нават калі гэта і праўда – дык за пятнаццаць гадоў даўным-даўно ўсё распатронілі, тысячу разоў можна было гэтую магілу раскапаць, і.

– Вы так думаеце? А хто пра гэта ведаў? Акрамя барадача? А вы ўпэўнены, што «афганец» паспеў расказаць барадачу ўсё?! Да канца?

Доктар задумаўся. А сапраўды!

– Можа быць, яму перашкодзілі? І потым, пад наркозам, ён як бы дагаворваў сваю споведзь! Тады атрымоўваецца – мы з вамі адзіныя, хто ведае праўду!

– Столькі часу мінула, – няўпэўнена сказаў доктар. – Калі ў труне і былі каштоўнасці, барадач іх даўно выкапаў бы.

– Калі б ён іх выкапаў, дык чаго б яму там сядзець, ашывацца столькі часу? Яго і след прастыў бы за мяжою дзе-небудзь! Ён даўно ўжо дзесь у Парыжы тырчэў бы!

І з гэтым вымушаны быў пагадзіцца доктар. Ігар развіваў сваю думку далей:

– Дапусцім, барадач ведае, дзе каштоўнасці. Але як іх узяць? Не думайце, што гэта так проста! Гэта ж не пагорак на полі раскапаць, гэта ж крымінальная справа. А можа – і хутчэй за ўсё! – ён проста вычэквае. Ведаючы, што каштоўнасці нікуды ад яго не дзенуцца.

– Чаму? – спытаў доктар.

– Што чаму?

– Навошта ён так доўга чакае? Ігар пацёр скроні. Прызнаўся:

– Вось гэтага я і сам не разумею. Тут ёсць некалькі варыянтаў. Альбо ён проста баіцца, альбо.

Вы ўвогуле ведаеце, што такое «груз дзвесці»? – спытаў Ігар.

– Ну, так… Прыблізна.

– Я ўчора пазваніў аднаму чалавеку, спецыялісту ў такіх справах. Ён мне ўсё растлумачыў. Гэта звычайная драўляная труна, узятая ў цынкавую абалонку. Цынк таўшчынёю ўсяго ў некалькі мі лі метраў, па швах запаяны волавам.

– Ну і што?

– А тое, што трэба ж час, каб цынк акісліўся ў зямлі. Каб яго, груба кажучы, іржа з'ела. А гэта залежыць ад глебы. Ад яе кіслотнасці. Ад таго, нізкая там мясціна, ці высокая. Перыяд акіслення і распаду цынка можа цягнуцца ад чатырох да дзесяці гадоў. Сочыце за думкаю?

– Сачу. Дык ужо ж пятнаццаць гадоў прайшло.

– У тым і справа! Барадач марудзіць, таму што проста не ведае, дзе шкатулка! «Афганец» не паспеў сказаць яму самага важнага!

– А калі паспеў?

– Тады барадач чакае, пакуль акісліцца і саржавее цынк.

Доктар апамятаўся.

– Ігар! Усё гэта да таго неверагодна… Мне здаецца, ніводзін нармальны чалавек не будзе чакаць, калі ў яго пад носам такое багацце.

– Стоп! – і на гэта быў адказ у зяця Ігара. – Што мы ведаем пра таго забітага салдата?

– Нічога…

– Вось іменна. Калі ў яго былі бацькі, сваякі… Тады як гэта прыйсці і раскапаць магілу? Ды назаўтра ж спахопяцца, шукаць пачнуць. Вось наш барадач і жыве там! Адцягвае час да самага зручнага, самага бяспройгрышнага моманту!

Зяць да таго быў перакананы ў сваёй праўдзе, што і недаверліваму цесцю пачало гэта перадавацца.

– Дык ты думаеш… – пачаў ён.

– Не думаю, а нават не сумняваюся! Каштоўнасці – у труне! І ад нас патрабуецца адно: узяць іх, пакуль не позна! Мой план такі. Няважна, ведае барадач, дзе схаваны каштоўнасці, ці не. Але раз ён марудзіць – мы павінны дзейнічаць! У самы бліжэйшы час мы паедзем у Вялікую Паляну, уночы, і забярэм каштоўнасці.

– Дык для гэтага ж… трэба раскапаць магілу! – дайшло да доктара.

– Так. І што ў гэтым страшнага? Усё прадумана, верце мне! Усе варыянты абмазгованы. Раскапаем магілу, забярэм каштоўнасці. Потым, само сабою, пастараемся ўсё акуратна зараўняць. Каб і слядоў не засталося. А рыдлёўку падкінем барадачу. Усё! Нас ніхто не будзе бачыць, нас там ніхто не ведае, ніхто ніколі і не падумае, што такое маглі зрабіць прышлыя. Але барадачу – не апраўдацца ніколі! Усе факты супраць яго! Сам служыў у Афгане – раз. Ва ўсіх на вачах – два. Дзяўчынку нейкую ў сябе хавае – тры. Ды ўсю ваколіцу абыйдзі – больш падазронага і не знойдзеш!

Зяць зірнуў на цесця і дадаў:

– Гэта крайні выпадак, канечне… Цесць мыляў вуснамі.

– Пачакай, – сказаў ён. – Як гэта – «падкінем рыдлёўку»? Гэта ж з нашага боку будзе называцца.

– Добра, добра! Не хочаце – не будзем нічога падкідваць. І без рыдлёўкі на барадача першага падумаюць. Чыя магіла будзе раскапана? «Афганца». А барадач у нас хто? «Афганец»!

– Гэта так…

– Кажу ж вам, – зяць пастукаў пальцам па скроні, – усё абмазгована!

– А калі лухта ўсё гэта? Калі пуста будзе ў труне?

– Ну і што? Гадзіну, максімум дзве згубім – падумаеш! Пасмяемся потым, успамінаючы. Ды калі на тое пайшло, я званіў учора знаёмаму юрысту. Кансультаваўся. Нават калі «накрыюць» нас – нічога страшнага! За гэты артыкул, апаганьванне магіл, цяпер нават турмы не даюць! Так, штраф, альбо, у горшым выпадку, умоўны тэрмін. Але гэта самы горшы, самы крайні выпадак! – спахапіўся Ігар. – Затое, калі нам пашэнціць.

Раптам падступіўся бліжэй і абняў зяць цесця за плечы. Зашаптаў, бліскаючы вачыма:

– Дзед! Домік вам купім, на беразе возера! Рыбу вудзіць будзеце. У Крым кожнае лета ездзіць. А хочаце – за мяжу, у Балгарыю, у Грэцыю? Хочаце ў Грэцыю?

– Гм, – пасміхнуўся цесць. – У Грэцыю!

– Я ўласную фірму адчыню, з прыцягненнем замежнага капіталу… Жыццё дае нам такі шанец! І будзе вялікім глупствам не выкарыстаць яго!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю