355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 14)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 16 страниц)

VII

З таго дня пачаліся мае пакуты, якія можна параўнаць, і то вельмі прыблізна, з нераздзеленым каханнем. Я кахаў і "хацеў" – а мяне не кахалі і "не хацелі", але і не адпускалі ад сябе, падаючы слабую надзею.

Доўжылася гэта амаль месяц. Кожны вечар я, нібы пад гіпнозам, плёўся да Адамавіча, гадзінамі сядзеў у яго на кухні за шахматамі, робячы выгляд, што абдумваю хады, што радуюся, калі выйграю і засмучаюся, калі атрымліваю мат. Само сабою, выйграваў я рэдка, адну-дзве партыі за вечар – больш было небяспечна, каб не пакрыўдзіць, не спужнуць, не астудзіць капрызлівага дзеда…

Заняткі я, вядома, запусціў – якія заняткі, калі я магу атрымаць усё адразу, калі ў адзін момант, як у той чарадзейнай казцы, мне ў рукі можа прыплыць тое, дзеля чаго я ў прынцыпе і вучуся, – багацце.

Я цярпеў, грамадзянін следчы, і чакаў – як хітры вопытны палюбоўнік церпіць і чакае ўзаемнасці ад халоднай непрыступнай красуні. А гэты момант усё ніяк не наставаў. Кожны вечар, часта запозна, вяртаючыся на метро дамоў, я скрыгітаў зубамі і ледзь не плакаў ад злосці. Я схуднеў, еў мала. Начамі не мог спаць. Але надыходзіла раніца, і вось я ўжо з нецярпеннем чакаю, калі ж вечар? У мяне соладка пачынае трымцець сэрца: "А раптам сёння? Чаму ён усё распытвае, з якой я сям'і? Чаму так прыглядаецца да мяне, нібы хоча сасватаць мне нявесту? Выпрабоўвае? Несумненна. Гэта Крывіцкі мог не заўважыць такога, але не я. Адамавіч сапраўды сватае мяне, каб ажаніць потым… са сваім багаццем! А пакуль прыглядаецца, што я за жаніх, ці ў добрыя рукі патрапіць яго скарб. А жаніх павінен быць ветлівы, усмешлівы, культурны, чысценькі, абавязковы. Гэта пазней, пасля вяселля, можна ссунуць на бок гальштук, можна будзе дазволіць сабе расслабіцца…»

Адамавіч між тым выпрабоўваў мяне – хоць і прымітыўна, аднастайна, але нямала нерваў каштавала выконваць ягоныя капрызы. Усе яны зводзіліся да аднаго: праверыць, ці не хачу я яго забіць.

Напрыклад, седзячы за шахматамі, ён хапаўся раптам за сэрца, пачынаў войкаць, стагнаць:

– Там… у пакоі… парашок на стале… Ох, хутчэй!.. Я кідаўся ў пакой, дзе пахла нежылым духам, уключаў святло, хутка аббягаў вачыма небагатае убранства, стараючыся ўгадаць, дзе можа быць схавана золата. У гэтай старой шафе, на якой зверху пад шклом дзве палічкі з кнігамі? У гэтым стаматалагічным крэсле, што, пакрытае цыратаю, стаіць тут проста сярод пакоя чужароднай няўклюдаю? У ложку, пад ложкам? У падаконніку? У ножцы стала? Знаходзіў парашок, бег на кухню, набіраў вады ў шклянку. Адамавіч пільна сачыў за кожным маім рухам, тады браў парашок, дэманстратыўна высыпаў яго ў вядро з-пад смецця, а ваду выліваў у ракавіну:

– Адпусціла; сядай гуляць.

– Які ж вы дзівак, Адамавіч, далібог, – прыязным голасам, мякка дакараў я яго.

Гэта паўтаралася ў розных варыянтах – напрыклад: "Зрабі мне ўкол, толькі набірай лекі ў шпрыц тут, на кухні!" Я бег у пакой, знаходзіў у аптэчцы аднаразавы шпрыц, лекі, на Адамавічавых вачах набіраў, выціскаў з іголкі струменчык і толькі падступаўся з уколам, як Адамавіча «адпускала». Усе гэтыя праверкі былі, паўтаруся, аднастайныя, усе мелі на мэце паказаць, што Адамавіч заўсёды напагатове і не такі прасцячок, каб не здагадацца пра нашыя з Крывіцкім планы. (Яму па-ранейшаму здавалася, што ў нас з Крывіцкім змова супраць яго.)

Праўда, быў выпадак, калі я ледзь не "засыпаўся". У адзін з вечароў мы мірна сядзелі за шахматамі. Раптам Адамавіч, як заўсёды ні з таго ні з сяго, падазрона ў мяне ўставіўся, тады збялеў і пачаў гучна стагнаць. Я памог яму дабрацца да ложка, накрыў коўдраю… І тут цюкнула мне ў галаву: а што, як на гэты раз праўда, і ён не жартуе? Вунь якое дыханне частае, з хрыпамі, уздрыгвае ўвесь – відаць, ад прыступаў болю, твар бела-сіні, нездаровы…

– Выкліч «хуткую», паміраю!.. – і калі я кінуўся ў пярэднюю, дзе на тумбачцы стаяў тэлефон, пачуў ззаду: – Тэлефон адключылі, не заплаціў у час, бяжы на двор!..

Я збег уніз. Каля таксафона не было ні душы. І вось тут – каюся, грамадзянін следчы, – на кароценькі міг я ледзь не паддаўся спакусе. Нашто спяшацца?.. Можа, пастаяць, пакурыць, потым сказаць Адамавічу, што чарга была, ледзь выпрасіў пазваніць… А можа, пакуль падымуся, дзед мой (прашу прабачэння) будзе ўжо халодны?.. І тады, калі прыедуць і забяруць яго, можна будзе да самай раніцы застацца ў яго кватэры…

Але і ў той раз інтуіцыя падказала мне, што трэба іграць ролю сумленна і да канца. Я пазваніў па «нуль-тры», назваў адрас; мне адказалі – "чакайце, выязджаем".

Калі я, задыханы, уляцеў у кватэру, Адамавіч мой сядзеў на кухні, як ні ў чым не бывала, перад шахматнай дошкаю, і абдумваў чарговы ход.

– Збегаў? А мяне адпусціла.

Я знясілена прысеў на табурэтку насупраць.

– Як вам не сорамна, Адамавіч? Стары чалавек…

– За што мне сорамна? Што блага зрабілася, а потым прайшло? Дык на тое старасць.

– Вас жа аштрафаваць могуць за ілжывы выклік, вы хоць прытварыцеся хворым, калі яны прыедуць! Ці мне збегаць, сказаць, каб не ехалі?

– Ды сядай гуляй, чаго ты носішся? Яшчэ невядома, ці прыедуць.

– А, дык вы сумняваецеся, ці выклікаў я іх увогуле? Які ж вы, далібог… Няўжо вы ўсур'ёз думаеце, што я… смерці вашай хачу? – з самым нявінным выглядам, надаўшы голасу ноткі лёгкай крыўды, сказаў я.

– Хто цябе ведае? Не ў шахматы ж ты ходзіш сюды гуляць.

Я пакрыўджана паціснуў плячыма. Мы пачалі чарговую партыю. «Хуткая» сапраўды так і не прыехала.

– Памірай пасля гэтага, – паскардзіўся Адамавіч. – Дык ты выклікаў ці не?

– Клянуся, выклікаў! Але ж і вы таксама, Адамавіч… Вы не крыўдуйце, але вашыя жартачкі вам самому могуць бокам вылезці… А калі, не дай Бог, з вамі сапраўды здарыцца штосьці? Там паглядзяць, скажуць, а, гэта той самы дзед, які столькі разоў нас падманваў!.. І спозняцца…

– А табе-то што? Ну, спозняцца, памру – ты ж толькі гэтага і чакаеш.

– Ну, што вы кажаце!.. Якая карысць мне ад вашай смерці?

– Пакуль аніякай, гэта праўда. А ты хацеў бы карысці? – забіраючы каня, якога я знарок "празяваў", са звыклай гуллівасцю, якая заўсёды з'ялялася ў яго голасе, калі ён пачынаў гаварыць пра сваё багацце, спытаў Адамавіч. – Вы ж, цяперашнія, з усяго карысці хочаце, нават з чужой смерці.. Вось, дапусцім, скажу я табе, дзе ў мяне золата, так? Цяпер ты бегаеш за мною, як за дзеўкаю, у рот глядзіш і кожнае жаданне выконваеш… А як скажу – што будзе? Тады б ты мне такі укольчык зрабіў, што мала б не падалося. Хіба б ты бегаў тады, як куля, выклікаць «хуткую»? Ды ты б яшчэ і падушку мне на нос паклаў, ды прыціснуў бы яе так, лёгенька…

Халадзеючы ад прадчування блізкай удачы, ад таго, што я не памыляюся і Адамавіч нікому іншаму, а толькі мне ў перспектыве збіраецца перадаць багацце, здранцвелымі губамі я пралепятаў:

– Калі ў вас сапраўды многа золата, чаму б вам… самому не пажыць у радасць?

– У якую радасць? Падумай галавою, ты ж разумны хлопец: я – хворы, стары, баязлівы, мне ў магазін цяжка выбрацца, вядро цяжка вынесці, а тут – прадаць золата! Дзе, і як, і каму я яго прадам? Панясу ў скупку? Ды мяне высачаць і кокнуць за адзін грам гэтага золата, не тое што за злітак! Папрасіць каго-небудзь? Таго свайго пустазвона я папрасіў ужо адзін раз, паверыў яму – больш не хачу.

– Мяне папрасіце, – нібы жартам прапанаваў я, а сам сцяўся.

Адамавіч моўчкі, пільна глядзеў на дошку з фігурамі. Маўчанне доўжылася.

– Дайце мне! – ужо сур'ёзна, кінуўшы ўсялякую асцярогу, прашаптаў я. – Паверце мне, я малады, я вучуся… Я ж не ваш Крывіцкі, вы ж бачыце, які ён і які я… Вы – такі разумны, назіральны чалавек, у шахматы так здорава гуляеце ў вашых гадах…

– Ты не Крывіцкі, гэта я ведаю, – перапыніў маю фальшывую, няўмелую ільсцівасць Адамавіч. – Той, хоць і пустазвон, але просты, звычайны, – а ты злы, хітры, учэпісты і ты даб'ешся свайго. Хіба я не бачу, што ты нават хады робіш машынальна, думаючы пра сваё, і ўсё адно ўмудраешся хоць калі-нікалі выйграваць у мяне?

– Так, я злы і хітры! Але грошы толькі такіх і любяць! Адамавіч, аддайце мне – умаляю паверыць! – ніколі яшчэ я не быў так блізка ад удачы; я гатовы быў укленчыць зараз перад ім…

Магчыма, у той вечар усё і вырашылася б, і я б цяпер не пісаў Вам гэтую тлумачальную, грамадзянін следчы, каб не… пранізлівы званок у дзверы! Прыехала "хуткая дапамога" – і трох гадзін не прайшло!

Проста ўз'юшаны, я схапіў з вешалкі куртку і выбег з кватэры. Што я адчуваў? Тое ж самае параўнанне, грамадзянін следчы, аб якім згадваў раней: уявіце, што амаль месяц з дня ў дзень чалавек марнаваў час, нервы, грошы, прыкідваўся, ліслівіў, падлізваўся, урэшце змог «угаварыць» жаданую непрыступную красуню, і вось яна ўжо гатова, яна перад табою ўжо… і раптам банальны, пранізлівы, ненавісны званок у дзверы і ўсё ляціць к д'ябалу!..

VIII

Тым не менш, з раніцы наступнага дня я, як штык, стаяў перад дзвярыма знаёмай кватэры і націскаў на кнопку званка. Цярпенне, калі хочаш нечага дабіцца. Не атрымалася адзін раз – пашэнціць у другі…

Адамавіч, нейкі прыгорблены, пастарэлы і, як мне падалося, спалоханы, быў дома, але збіраўся некуды. На тумбачцы ў пярэдняй, каля тэлефона, я заўважыў слюдзяны мяшэчак, у якім была зубная паста, шчотка, станок для галення і расчоска. Пры мне Адамавіч запіхнуў у другі такі ж мяшэчак свае стаптаныя пантофлі і трыко. Сам ён быў у старэнькіх, але чыстых і адпрасаваных штанах, а абуты ў тыя самыя чаравікі, што сохлі некалі пад батарэяю, калі Крывіцкі ўпершыню мяне сюды прывёў, толькі цяпер яны былі да таго начышчаныя, што смярдзелі ваксаю на ўсю кватэру. – Што здарылася?

– Прайдзі на кухню, – Адамавіч пратупаў уперадзе, прысеў на табурэтку, трымаючы ў руцэ мяшэчак з пантофлямі і трыко.

Такім я бачыў яго ўпершыню. Было ў яго твары, абліччы, у гэтых старэнькіх адпрасаваных штанах і наваксаваных чаравіках, у гэтых яго зборах – распіхванні рэчаў па мяшэчках– штосьці трагікамічнае і разам з тым вартае жалю.

– Чым скончылася ўчора? – спытаў я, маючы на ўвазе прыезд "хуткай".

– Чым? Абследавалі мяне, а потым накіраванне выпісалі… У Бараўляны, у анкалогію. Я ж не прыдурваўся ўчора.

Ён гаварыў сур'ёзна, пазіраў на мяне жаласліва, і было відаць, што для яго самога гэта неспадзяванка, ён не чакаў гэтага і не быў падрыхтаваны.

А я баяўся толькі аднаго – каб не сустрэцца з ім вачыма, бо ў маіх ён прачытаў бы дзікую радасць. Які ж я малайчына, што здагадаўся і прыйшоў раніцаю, і застаў яго пакуль яшчэ жывога і, як кажуць, пры памяці!.. – Як ты думаеш, гэта сур'ёзнае штосьці? – дапытваўся ў мяне, бы ў доктара, Адамавіч. – Я ж вярнуся скора? А? Як ты думаеш?

Мне здавалася, што калі б я толькі падняў на яго вочы, калі б абнадзеіў хоць адным ласкавым словам, ён кінуўся б да мяне, прыціснуўся б, як неразумнае дзіця да маткі, і плакаў бы ад страху, крыўды, болю, ад адчування немінучай блізкай смерці… Але я нават не зварухнуўся.

– Вось так яно… – голас у Адамавіча задрыжэў; здавалася, яшчэ крыху – і дзед заплача. Але ён справіўся, больш таго – на міг зрабіўся сабою ранейшым: – І не ўздумай тут шнырыць без мяне па кватэры! – сказаў строга. – Суседзі даўно цябе ведаюць, будуць пільнаваць, – і, панізіўшы голас: – Усё адно нічога не знойдзеш.

– А… ёсць? – па-дурному, не валодаючы сабой, прамямліў я.

– Ёсць, ёсць. Ты вось што: запішы свой тэлефон у кніжачку, там, у пярэдняй. Я, калі выйду з бальніцы, пазваню. Тады падумаем.

Ледзь перастаўляючы ногі, я выйшаў у пярэднюю, машынальна запісаў у зашмальцаваны нататнічак нумар тэлефона гаспадыні, у якой здымаў пакой, – і стаяў.

– Ну, давай развітвацца, – Адамавіч ізноў зірнуў на мяне жаласліва, нават неяк асуджана – як бык, якога вядуць пад абух. Ён усё яшчэ, відаць, спадзяваўся, што зараз я кінуся яму на шыю і пачну суцяшаць.

Адвярнуўшыся, я холадна тыркнуў яму руку, і ён схапіў яе ў абедзве свае.

– Пачакай! – ён знік у пакоі, хутка вярнуўся і працягнуў мне нейкую брашурку. Сарамліва пакашляў: – Гэта табе, на памяць. Зборнік мініяцюраў. Ты добра гуляеш, але ў тэорыі ўсё ж слабаваты, – і, калі я ўзяў брашурку, пахваліўся: – Тут ёсць і мая двуххадоўка. Забаўляўся некалі, яшчэ ў твае гады… Ну, з Богам.

– Гэта… усё? – наіўна спытаў я.

– А што табе яшчэ? Кажу ж, выйду з бальніцы – пазваню, – і Адамавіч, злёгку падштурхоўваючы ў спіну, выпусціў мяне на калідор.

Я не разумеў анічога. З вокладкі брашуркі на мяне насмешліва касілі вялікімі вачыма-маслінамі два шахматныя кані – белы і чырвоны. Я выйшаў на двор.

Пракляты стары корч!.. Вось гэта фіяска!..

На міг мне падалося, што ўсё гэта сон, што не было нічога: ні дзеда, ні злітка золата, які я бачыў на ўласныя вочы, ні нашых адкрытых размоваў, нічога… "Калі вярнуся з бальніцы!.. Ды з гэтага аддзялення ў тваіх гадах не вяртаюцца – чаму не сказаў яму гэта?!"

Мяне ўсяго трэсла. Я пашкадаваў раптам, што не прыдушыў яго ўчора, калі яму зрабілася блага і ён валяўся ў ложку зусім бездапаможны (як бачыце, грамадзянін следчы, я шчыра прызнаюся, хоць мог бы і прамаўчаць аб гэтым!).

Ужо ў метро я разгарнуў брашурку, знайшоў сярод іншых двуххадовую задачу-мініяцюру Адамавіча: чорны кароль заціснуты белымі фігурамі ў кутку, але калі яму не паставіць у два хады мат – яму не будзе куды хадзіць, і атрымаецца, паводле шахматных правілаў, нічыя – пат. Пешка ў белых зааходзіцца акурат за два хады да апошняй лініі… тут патлумачу крыху, калі Вы не ведаеце, грамадзянін следчы. Справа ў тым, што калі пешка ступіць на апошнюю лінію, яна мае права ператварыцца ў любую фігуру. Вядома, звычайна шахматысты выбіраюць самую моцную – ферзя. У гэтым і быў парадокс мініяцюры Адамавіча: пешка, дасягнуўшы апошняй лініі, ператваралася не ў моцную фігуру, а ў лёгкую – у каня, і чорныя аўтаматычна атрымлівалі мат.

Вывучыўшы за месяц характар гэтага чалавека, яго дзівацтвы, яго прымітыўна-дзіцячую хітрасць, я, як толькі глянуў на пазіцыю, адразу ўбачыў рашэнне – і ад гэтай лёгкасці разгадкі злосць падступіла да сэрца новым прыступам. Я ледзь не плакаў.

Мне здавалася, толькі я, і ніхто больш у свеце, заслужваў Адамавічавага золата.

IX

Прайшло месяцы тры.

Пакрысе я супакоіўся, увайшоў у сваю каляіну, здагнаў вучобу. Я зрабіўся пануры, маўклівы, нетаварыскі, я не верыў больш у цуды, якія здараюцца толькі з іншымі, а не са мной. Я цвёрда ведаў цяпер, што магу разлічваць толькі на сябе, ведаў, што толькі сціснуўшы зубы, увесьчаснай працаю, упартасцю, напорам і акрамя ўсяго жорсткай эканоміяй я змагу прабіць сабе сцяжыну ў жыцці.

На першых часах пры адным успаміне пра Адамавіча мяне пачынала трэсці. Што з ім, дзе ён цяпер – мяне не цікавіла абсалютна. Вядома, я ні разу не з'ездзіў у тыя Бараўляны (дактары ці санітаркі могуць пацвердзіць, грамадзянін следчы).

Я рады быў, што зноў апынуўся ў рэальным свеце, што нарэшце мог нармальна паспаць, паесці; у мяне з'явілася мора вольнага часу, які я мог цяпер цалкам аддаваць вучобе. Не трэба было нікому дагаджаць, ні перад кім ламацца, не трэба было жыць увесь час у гэтым ненармальным чаканні чагосьці.

Усё было б добра, каб аднойчы ў мяне не забалеў зуб – той самы, у якім даўно выкрышылася пломба і які раіў не запускаць Адамавіч. Ад зуба забалела і пачала пухнуць дзясна. Я запісаўся да стаматолага, сядзеў у калідоры і, чакаючы сваёй чаргі, абыякава глядзеў пад ногі, на лінолеум у сіне-белыя клеткі, што так нагадвалі шахматную дошку; у думках я машынальна перастаўляў па гэтых клетках фігуры.

І раптам мяне нібы працяло токам. Я падскочыў, напалохаўшы людзей, якія сядзелі побач, схапіўся за шчаку і застагнаў, але зусім не ад зубнога болю.

Перад вачыма ў мяне паўстаў акурат такі ж, у сіне-белыя клеткі, лінолеум на Адамавічавай кухні, потым уміг узгадалася яго прымітыўная двуххадоўка-мініяцюра з шахматнай брашуркі, якую я тады ад злосці разарваў і выкінуў у сметніцу – адразу ж, як выйшаў з метро. Пешка павінна стаць на апошнюю лінію… Лінолеум на кухні – шахматная дошка… Трэба было ўсяго толькі спраектаваць задачку… Божа мой, які ж я ідыёт!

Цяпер я ў думках нават бачыў тую клетку, на якую становіцца пешка, каб ператварыцца ў каня, – брудная сіняя клетка ў самым кутку пад батарэяю, дзе Адамавіч сушыў свае чаравікі.

На мяне глядзелі са спагадаю. Хтосьці прапанаваў мне ісці без чаргі, але я замест падзякі толькі вылаяўся і пайшоў, амаль пабег прэч адтуль.

У метро мне ўвесь час хацелася неяк падагнаць вагон, каб хутчэй ехаў. Ах, ідыёт! Як можна было, ведаючы дурыкі гэтага звіхнутага дзеда, яго характар, ведаючы гісторыю Крывіцкага пра "шыфроўку" кода камеры захоўвання, – як можна было ні аб чым не здагадацца! Божа, каб толькі не позна!.. Каб толькі ўпэўніцца, што кватэра замкнутая, каб толькі пачуць ад суседзяў, што дзед яшчэ жывы і ляжыць у бальніцы! Я накуплю бананаў, мандарынаў, вэнджанай каўбасы і ікры, я зараз жа схаплю таксоўку і паімчуся да яго, я кожны дзень буду матацца ў тыя праклятыя Бараўляны, буду даглядаць яго, хоць «судна» за ім выносіць, калі гэта спатрэбіцца!..

Я зайшоў у пад'езд, пачаў падымацца па лесвіцы, паціраючы сэрца, каб не калацілася так, – і раптам нос мой злавіў чужыя, незнаёмыя мне тут раней пахі: пахла фарбай, вапнаю, пабелам, свежым тынкам… як і заўсёды падчас кватэрнага рамонту або пры здачы новага дома. Ці то ад гэтых пахаў, якія я ўсё жыццё не мог пераносіць, ці то ад нядобрай падазронасці на душы зрабілася зусім трывожна.

Дзверы ў Адамавічаву кватэру былі прачыненыя. Пахі ішлі адсюль. Не кранаючы званка, я нагою расчыніў дзверы шырэй і ўварваўся ў пярэднюю.

Нічога нельга было пазнаць. На падлозе – смецце, друз, кавалкі тынку, абрыўкі старых шпалераў; няма ні знаёмай вешалкі, ні тумбачкі з тэлефонам. Справа на ўвесь прасценак – фоташпалеры з нейкім крымскім ці каўказскім краявідам: горы, мора, белы парус удалечыні, – і на імгненне краявід гэты так жыва нагадаў мне, што я мог бы мець (ці яшчэ магу?!), каб быў крыху разумнейшы…

Крывіцкі – босы, з анучай у руцэ, у трыко з падкасанай чамусьці толькі адной калашынай, у зробленай з газеты пілотцы на галаве – паказаўся ў дзвярах пакоя:

– А! – усклікнуў радасна, пераклаў анучу ў другую руку і працягнуў мне для вітання не мокрую далонь, а локаць.

Грэбліва адступіўшы, нават не кранаючы гэтага локця, я прасіпеў: —Дзе… Адамавіч?

– Дык гэта… – Крывіцкі ўздыхнуў, – ужо месяцы тры як дуба ўрэзаў стары мой, Іван Адамавіч… А ведаеш, – адразу ж ажывіўся, відаць, карцела пахваліцца радасцю, – дарэмна я наязджаў на яго! Харошы дзед быў – адпісаў-такі кватэру!..

Не слухаючы, адпіхнуўшы яго з дарогі, я падаўся на кухню.

– Э-э, куды ты?! Ты ж слядоў наробіш!..

У кутку пад батарэяю, дзе знаходзілася запаветная сіняя клетка, стаяла і ляжала некалькі папяровых мяхоў, пачатых і нечапаных; столь была пабеленая, сцены – ашкрэбленыя, але мяне цікавіла толькі падлога – лінолеум, а лінолеум быў той самы!

Ад радасці я засмяяўся і пацёр рукі.

– Не хадзі! – цягнуў мяне за рукаво Крывіцкі. Я пакорліва вярнуўся следам за ім у пярэднюю. Мне захацелася раптам пацешыцца з гэтага тупога, нездагадлівага цельпука, пахваліць яго, нагаварыць яму розных прыемна-падлізлівых слоў; я быццам зноў перанёсся на колькі месяцаў назад, калі быў яшчэ жывы Адамавіч, пад якога трэба было ўвесь час падладжвацца, каб не насцярожыць, не спужнуць… – Малайчына! – я зазірнуў Крывіцкаму ў вочы і моцна паціснуў яго мокрую далонь. – Так здорава ўсё робіш, скора не пазнаць будзе кватэры! А дзе грошы на рамонт узяў?

– А, грошы? Бацькі далі, хто ж яшчэ! Дзед, Адамавіч мой, так і не сказаў, дзе золата, не паспеў, мабыць. Мне б, дурню, з'ездзіць да яго, але так і не сабраўся… А ён, дактары расказвалі, мучыўся вельмі, гаварыць не мог, прытомнасць часта губляў…

Сэрца ў мяне аж захлыналася. Вось яно – шчасце! Я апусціў галаву і прытворна, глыбока-глыбока ўздыхнуў… не, хлушу, грамадзянін следчы. Вядома, і ў мяне ў глыбіні душы варухнулася нешта падобнае на шкадобу. Бедны Адамавіч, так мучыўся… І мяне, чужога, любіў больш за Крывіцкага… Але варухнулася – і прайшло, я не даў гэтай шкадобе разрасціся, адразу прыдушыў яе. Жыццё працягваецца! Жывым, як кажуць, жывое, а мёртвым…

– Гэта што: пабачыш, калі ўсё гатова будзе! – узбуджана гаварыў Крывіцкі, ураз забыўшы на няшчаснага нябожчыка Адамавіча і пра яго пакуты перад смерцю. – Вядома, не еўрарамонт, але сам бачыш… Вось з кухняю толькі, – ён пачухаў локцем сабе бок. – Хацеў гэты лінолеум свінячы памяняць, паслаць драўляную падлогу – цяпер робяць такія, і даволі танна. Ну, патэлефанаваў у нейкую фірму па аб'яве, прыйшлі пазаўчора два, пачалі перасцілаць, потым кінулі ні з таго ні сяго, ледзь пачаўшы. Я прыходжу – ляжаць вось тут, на тумбачцы, усе грошы – аванс, які ім заплаціў. А саміх – ні слыху, ні дыху… Ды што з табою? Чаго ты збялеў?

Я рвануўся на кухню, падскочыў да мяхоў, нагамі і рукамі параскідваў, паадцягваў іх у бакі, упаў на коленцы. Плінтус пад батарэяй быў сарваны, край лінолеума карабаціўся. Я пацягнуў яго на сябе, ён паддаўся, адлупіўся кавалкам усяго ў які метр квадратны – больш яны і ададраць не паспелі! – і ў пліце перакрыцця адкрылася дзірка-"дупло", акурат як вавёрчынае, – невялікае, правільнай круглай формы. Я ўсунуў туды руку і, усё яшчэ не верачы сабе, абдзіраючы аб шурпаты бетон пазногці і пальцы, пачаў мацаць у пустым тайніку…

Крывіцкі стаяў у дзвярах і паглядаў на мяне, як на вар'ята.

Хістаючыся, я падняўся з кален, абцёр аб штаны рукі. Не ведаю, грамадзянін следчы, што кіравала тады мною, чаму я зрабіў тое, што зрабіў… Можа, хоць крыху тлумачэннем паслужыць адна гісторыя (Вы павінны ведаць яе, грамадзянін следчы). Неяк яшчэ ў часы кампаніі супраць п'янства двое мужчын падбеглі да гарэлачнага аддзела, а ён закрыўся ў іх перад носам, і тады адзін, нядоўга думаючы, з усяе сілы засмаліў другому ў вуха. "За што?!" – заенчыў той. – "А што ж рабіць?! Ну вось што рабіць?!" – у роспачы адказаў другі. Гэта, грамадзянін следчы, як мне здаецца, вельмі тонкі, псіхалагічны анекдот, які перадае дзеянні чалавека ў становішчы афекту…

"Што рабіць?! Ну вось што рабіць?!"

Я падышоў да Крывіцкага і голасам, якога сам не пазнаў, папрасіў:

– Стукні мяне, калі ласка. Толькі моцна!

– Ты што? – адхіснуўся ён.

Вось тады, грамадзянін следчы, я і нанёс Крывіцкаму тыя самыя "лёгкія цялесныя пашкоджанні", што фігуруюць у маёй справе. Я ўдарыў яго ў пераносіцу, а калі ён, ускрыкнуўшы, сагнуўся, я ўзяў яго за валасы і пару разоў ударыў яму каленам у твар. Затым, пераступіўшы праз яго, скурчанага ў дзвярах кухні, выйшаў, нават не азірнуўшыся.

Усё далейшае Вы, грамадзянін следчы, ведаеце. Крывіцкі зняў пабоі і напісаў на мяне перш адну заяву, а потым, калі ўбачыў тайнік, здагадаўся, што золата ляжала ў яго пад носам; тады ад злосці, ад адчаю, што сам не дапетрыў, ён і накатаў на мяне заяву другую – хлуслівую ад першага да апошняга слова.

На Вашым месцы, грамадзянін следчы, я дапытаў бы самога пацярпелага – няхай успомніць, якіх майстроў ён выклікаў тады (хоць без сумнення, канцоў не знойдзеш, дурных мала)…

Зыходзячы з усяго вышэй напісанага, прашу Вас, грамадзянін следчы, у абвінаваўчым заключэнні адзначыць наступнае:

1) маё чыстасардэчнае прызнанне і раскаянне;

2) што пабоі, нанесеныя Крывіцкаму, экспертызай прызнаныя "лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі, якія не пагражаюць здароўю пацярпелага";

3) што я знаходзіўся ў стане афекту;

і 4) што я і без таго пакараны маральна. Я ніяк не магу звыкціся з тым, што мог бы атрымаць усё, а па ўласнай дурасці застаўся ні з чым. У мяне ўвесь час баліць галава, я не магу есці і спаць. Няўжо ўсё гэта – недастатковая кара?..

На заканчэнне таксама вельмі прашу Вас, грамадзянін следчы, пахадайнічаць перад пракурорам, каб утрыманне ў КПЗ мне замянілі на "падпіску аб нявыездзе", – да суда, вядома.

1995 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю