355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 11)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел XXVII

Адныя. – Агеньчык каля кар'ера. – Хлопцы даведваюцца ўсю праўду. – Што рабіць? – Віка размаўляе з Барсам.

Хоць у Вікі і быў запасны ключ, і хоць Цімаў бацька таксама паехаў у міліцэйскай машыне – «для дачы паказанняў», а гэта значыла, ніхто чужы не прыдзе больш у леснічоўку, ва ўсіх трох не было ніякага жадання вяртацца ў апусцелае жытло. Без Крушынскага леснічоўка губляла сваю таямнічасць, прыцягальнасць, а рабілася звычайнымі чатырма сценамі і дахам, што чамусьці недарэчна тырчаць сярод лесу.

Адно, Віка заскочыла на якую хвілінку, узяла што-кольвечы з прадуктаў, прывезеных учора з Гомеля. Хлеб, сала, тры яблыкі, каўбасу. Не забыла прыхапіць і запалкі.

Хлопцы павялі яе да свайго кар'ера. Адшукалася і зацішнае месца – на стромкім беразе тры паваленыя хвойкі, на якіх можна было сядзець, як на лавачках, а пасярэдзіне гэтага трохкутніка – акурат пляцовачка для агню. Унізе, пад самымі нагамі, быў кар'ер – як якое возера. Іншым часам, асабліва ўлетку, сядзець бы на гэтым высокім беражку ды любавацца прыродаю. Але цяпер хлапчукам нават у галаву не прыйшло, што не так даўно бесклапотна ганялі яны тут шайбу. І найбольшай бядою для іх быў прапушчаны гол! Колькі за гэты час адбылося падзей! У тым ліку і сапраўдная бяда.

Цяпер хлопцы адчувалі, што зрабіліся амаль дарослымі.

Расклалі агеньчык. Валік прыцягнуў аднекуль сухую, доўгую і даволі тоўстую хвойку. Адным канцом паклаў на вагонь. Згарыць кавалак – зноў трэба падпіхнуць трохі.

– Як в'етнамскі гурок, – сумна прамовіў Цім, гледзячы на сябравы завіханні. – Адрэжаш кавалак, за ноч новы вырастае.

– Гэтай хвоі надоўга хопіць, – запэўніў Валік. Надоўга! Начаваць яны тут, ці што, сабраліся?..

Пачалі падсмажваць сала на агні, падстаўляючы знізу лусты хлеба.

– Крушынскі наказваў цябе глядзець, а мы наадварот – твае прыпасы знішчаем, – пазнавата спахапіўся Валік.

– Ды ешце, шчасце такое, – сказала Віка.

Не да прыпасаў ёй было цяпер. Валік, ледзь не ў вагонь рукою з хлебам лезучы, каб ніводная кропля тлушчу не прапала, пачаў філасофстваваць:

– Дык што! Як я зразумеў, Крушынскі і «Васіль» – адно й тое ж?

– Псеўданім, – падказаў начытаны Цім.

– Без цябе ведаю. Значыць, ён таксама ваяваў у Афгане? Значыць, мае ўсе патрэбныя дакументы?

– Калі гэта «Васіль», – ізноў умяшаўся Цім, у якога думкі ішлі ў крыху іншай, чым у ва ўсіх, плоскасці, – дык гэта. Крушынскі некалі паставіў наш помнік. І высылаў грошы бацькам «афанца» да канца іх жыцця!

– …У яго ёсць важныя дакументы, – цярпліва выслухаўшы сябра, працягваў Валік. – Значыць, ніхто такога заслужанага чалавека доўга трымаць у турме не будзе!..

Віка толькі гмыкнула:

– Ды ён у грош не ставіць гэтыя дакументы! Саромеецца іх. Нябось, і паказваць іх не стане. Ды і не такія яны важныя – ён сам неяк адзываўся пра іх з іроніяй.

– Тады, – рашуча сказаў Валік, – вось што мы зробім. Паедзем у міліцыю і заявім, што Крушынскага, калі раскапвалі магілу, у сяле не было. Што ён ездзіў у Гомель з пляменніцай.

Віка ўздыхнула і адвярнулася. Яна нервова ламала ў пальцах сухую галінку на роўныя, па сантыметры, кавалачкі.

– Нічога вы не ведаеце! – сказала яна. – Ніякая я яму не пляменніца. Я ўвогуле ніхто.

Бяздомная. Проста ён мяне ад смерці ўратаваў. А мне не было куды йсці. Зразумейце, што ён не можа ім нічога сказаць! Ён не можа пакарыстацца. гэтым.

– Алібі, – і тут уставіў Цім.

– Ну, так! Бо інакш я ўсплыву, на мяне выйдуць! І забяруць куды-небудзь, у які дзіцячы дом, альбо ў «размеркавальны прыёмнік» – ёсць такія. Я ведаю, ён нічога пра мяне скажа. І ўвогуле не будзе апраўдвацца! І яго зробяць вінаватым!

Тут, канечне, трэба была паўза, каб усе гэтыя навіны хлопцам пераварыць. Цім першы парушыў маўчанне.

– Віка, у нас проста няма варыянтаў… Калі Крушынскага не адпусцяць, табе давядзецца ва ўсім прызнацца. Ён жа цябе ўратаваў.

Валік аж на ногі ўскочыў:

– Ты думаеш галавою?! Ці чымсьці іншым?! – ні Ці м, ні Віка нават не чакалі ад яго такой эмацыйнасці. – Яна прызнаецца, яго вызваляць – а яе куды?! Ты ведаеш, што з дзіцячых дамоў дзяцей прадаюць за мяжу?! На «запчасткі», так гэта ў іх называецца!

Віка спалохана глядзела на яго. Мабыць, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла. Цім таксама збянтэжыўся.

– Ну, загнуў… Тэлевізар менш глядзець трэба.

– Не вучы, што мне рабіць! Астыў, аднак, крыху Валік. Прысеў.

Так і сядзелі ўтрох, уздыхаючы, – бы не дзеці былі ў самай шчаслівай пары свайго жыцця, а два дзядкі з бабулькаю, што ўсяго набачыліся, што глынулі ліха за доўгі век і цяпер застаецца ім толькі сядзець ды ўспамінаць.

Але ж нават і старыя не суткамі расседжваюцца. Хлопцам трэба было па хатах. Віцы нічога не заставалася, як вяртацца ў пустую леснічоўку.

На развітанне вырашылі: пачакаць суткі. Сёння увечары Цім асцярожна пастараецца ўсё выведаць у бацькі: як трымаўся Крушынскі? Што яму можа «свяціць»? Калі праз суткі Крушынскага не адпусцяць – тады Віка павінна сысці адсюль. Дзесьці схавацца. Няважна, куды сысці і дзе схавацца. А хлопцы паедуць у горад і прызнаюцца ва ўсім. Хто такая Віка. Хто такі «Васіль». Што Крушынскі не мог раскапваць магілу.

Жорстка ў адносінах да Вікі? Але гэта адзінае разумнае выйсце! З якім і сама дзяўчынка згадзілася. Крушынскі не вінаваты, а невінаватыя ў турме сядзець не павінны. Трэба ратаваць яго, бо сам ён ратавацца не будзе, зберагаючы Віку. Што тут незразумела?

Памятаючы наказ Крушынскага, Віка ў той вечар не запальвала ні лямпу, ні ў грубцы. Рана легла спаць. Яшчэ і не цёмна было. Доўга трэслася пад халоднай коўдраю. Барс падышоў да самага тапчана і глядзеў на яе, павільваючы хвастом. Дзяўчынка адчула пяшчоту да яго, адзінай жывой істоты, што заставалася з ёю.

– Барс, мілы, – звярнулася яна да сабакі. – Памятаеш, ты знайшоў мяне? У лесе, пад снегам? А гаспадар твой не выгнаў, прытуліў. І дзе ён цяпер? У сырых сценах!

Ад гэтых уласных слоў так шкада ёй стала і Крушынскага, і сябе, што захацелася плакаць. Яна ўспомніла, як Крушынскі прывозіў ёй доктара. Як купляў ёй апельсіны, бананы, яблыкі. Тушыў для яе зайца і здабываў і смажыў курапатак. У Гомель яе звазіў. Адшукаў яе маці і заплаціў грошы, каб тую не выганялі з бальніцы. Нарэшце, бараду згаліў – яе, Віку, паслухаўшы! Дарослы чалавек, а паводзіны, як у дзіцяці малога! І чаму ён так носіцца з ёю? Хто яна яму?

– Барс, чаму ён так са мною носіцца? – паўтарыла Віка ўголас сабаку. – Ты часам не ведаеш? А вось я, здаецца, ведаю. Хаця і баюся гэтага! І ніколі нікому не скажу!

Барс стукаў хвастом па падлозе і аддана, акурат, як на Крушынскага, глядзеў на яе. І ёй здавалася, што ўсё-ўсё ён разумее.

Пакрысе яна сагрэлася, скурчыўшыся пад коўдраю ў камячок. Прыснілася ёй летняе рамонкавае поле, па якім яна бяжыць босая, не бяжыць, а ляціць нават, ледзь кранаючы нагамі кветкі – так, што яны нават не прыгінаюцца. І нагам яе надзіва цёпла!

Дзяўчынка не ведала, што гэта Барс тайком залез на тапчан і скруціўся клубком у яе нагах, грэючы іх.

Раздзел XXVIII

Барс у каторы раз выручае людзей. – Пальчатка. – Віка ўспамінае доктара. – Нумар на цыгарэтным пачку. – Трэба дзейнічаць!

Віка так прытрымлівалася наказаў Крушынскага, што ад залішняй стараннасці забыла зачыніць дзверы на ноч. Пад раніцу Барс піхнуў іх лапамі, выслізнуў на двор і пабег па сваіх сабачых справах.

Калі Віка прачнулася, сабака ляжаў у кутку за грубкаю і ціха гырчэў – як робяць сабакі, калі хтосьці хоча адабраць у іх ежу. Канечне, гырчэў ён нарочне. Але ж сапраўды грыз штосьці!

Віка падыйшла бліжэй. Барс ашчэрыў на яе маладыя белыя клыкі і наступіў на сваю знаходку лапаю.

– Што гэта за дрэнь? А ну, не еж абы-чаго…

Віка адшурхнула сабаку. Падняла тое, што ён грыз. Гэта была скураная пальчатка, брудная і мокрая ўсярэдзіне, да таго ж пацярпелая ад сабачых зубоў. Аднак дзяўчынка, перамагаючы непрыемнасць, надзела яе на руку. Штосьці вельмі і вельмі знаёмае! Яна прымярала яе ўжо аднойчы! Гэтая самая пальчатка была некалі на яе руцэ!

І Віка ўспомніла доктара з горада. Хіхіканне яго і паціранне рук. Агляд – цыпкі на скуры ад дакранання інструментаў. Крушынскі з доктарам выходзяць, яна прымярае пальчаткі, забытыя на стале.

Не было сумнення, што гэта адна з тых пальчатак. Але як яна тут апынулася?!

«Дзе ты яе знайшоў?» – ледзь не папытала ў Барса. Ды схамянулася: колькі можна гаварыць з ім? На ўсе пытанні ў яго адзін адказ – стуканне хвастом па падлозе.

Крушынскага арыштоўвалі так хутка, што ён не паспеў (ці знарок не захацеў, бо ў цёплым бушлаце ў камеры зручней) нават пераапрануцца. Скуранка яго вісела ў «шафе». Віка пачала шнырыць па кішэнях. Куртка пахла Крушынскім. Нічога! Усе чатыры кішэні пустыя. Толькі крышкі ад тытуню, ды ва ўнутранай, «патаемнай» кішэні – пусты, скамечаны пачак ад цыгарэт.

Пачакайце. Але Крушынскі не курыць такіх! Дзяўчынка расправіла пачак. Збоку былі напісаны чужым почыркам восем лічбаў і пад імі – слова «СТАСЬ».

Хлопцы прыйшлі роўна ў дзесяць, як і дамаўляліся. Абодва былі панурыя. Стараліся не глядзець на Віку. І дарма! Бо калі калі глянулі б, сёе-тое маглі б убачыць. Напрыклад, што ў вішнёвых вачах яе скачуць такія ж іскрынкі, як і ў Крушынскага, калі ён расказваў легенду пра Васіля.

– Крушынскі маўчыць, – сказаў Цім, уздыхнуўшы, і прысеў на табурэтку. – Яму «шыюць», бацька расказваў. Вось, тут запісана ў мяне, – Цім зачытаў з кавалачка паперы, – трыста сорак сёмы артыкул, частка першая – апаганьванне могілак.

– Яму! – усклікнула абураная Віка. – Які нічога не апаганьваў, а наадварот, за ўласныя грошы паставіў помнік чужому чалавеку!

– Што ж будзем рабіць? – спытаў Валік. – Адразу папярэджваю: у міліцыю я не пайду! І Віку падстаўляць не збіраюся!

– Баішся, каб яна не знікла адсюль? – ціха, у падлогу гледзячы, прамармытаў Цім.

– Што-што?

– Паўтары! – у адзін голас усклікнулі Віка з Валікам.

Не такі Цім дурны, каб паўтараць.

– Вось што, хлопчыкі, – сказала Віка, і «хлопчыкі» цяпер толькі звярнулі ўвагу, якая яна сёння вясёлая і ўпэўненая ў сабе. – У мяне зусім іншы план. Мы паедзем у Мінск. Усе разам.

– Як так?

– Чаму ўсе?

– Здаецца, я ведаю, хто раскапваў магілу. Мы павінны самі знайсці злачынцу. І я адна магу пазнаць яго.

Хлопцы пераглянуліся. Вось табе і Віка!

– А як жа той мужчынка, які прыезджаў у сяло і бадзяўся па могілках? – спытаў Цім. – Я ўпэўнены, што без яго рук не абыйшлося.

– Магчыма, злачынцаў было некалькі. Бачыце гэтую пальчатку? – узяла са стала і паказала хлопцам Віка. – Дык вось, калі мяне, непрытомную, падабраў тады Крушынскі, на другі дзень.

З вялікай цікавасцю выслухалі хлопцы і пра доктара з Мінска, і пра тое (дзяўчынка нічога не стала ўтойваць), як яна прыкінулася нямой і як хутка раскусіў яе доктар, і пра забытыя ім пальчаткі, якія яна прымервала. Адну з іх Барс сёння знайшоў і прывалок сюды.

– Гэтую вось самую.

– Ты ўпэўнена, Віка?

– Упэўнена. Проста… у мяне сваіх пальчатак ніколі не было. Я першы раз у жыцці іх адзела. Як такое можна забыць?

– Дык, значыць, Крушынскі ведае гэтага доктара? – спытаў Валік. – Не на вуліцы ж ён яго падабраў.

– Думаю, што ведае, – адказала дзяўчынка. Яна ўспомніла, як Крушынскі не хацеў пакідаць яе ў сябе, і адзін з ягоных довадаў быў такі: «Ды і доктар гэты бачыў цябе!» Па яго інтанацыі яна тады зразумела, што Крушынскі з доктарам – даўнія знаёмцы.

Але пра гэты эпізод дзяўчынка расказваць не стала. Такога кшталту ўспаміны маглі належаць толькі ёй і Крушынскаму.

– Тады навошта нам ехаць у Мінск? – перабіў яе думкі Валік. – Паедзем у Жытнявічы, у міліцыю да Крушынскага, раскажам пра пальчатку, ён назаве адрас, дзе гэты доктар жыве.

– Зараз, – іранічна азвалася Віка. – Хто нас да яго пусціць? Хто мы яму такія? Да таго ж тры першыя дні падследным забаронены любыя пабачанні, нават з роднымі людзьмі. Толькі з адвакатам.

Віка казала як спецыяліст па такіх справах.

– Адкуль ведаеш? – з зайдрасцю (знайшоў чаму зайздросціць) да такой яе эрудыцыі спытаў Цім.

– Ведаю. Неяк з маці да айчыма хадзілі, – неахвотна патлумачыла Віка. – Дык вось! Калі мы самі знойдзем, дзе гэты доктар жыве, ды напішам афіцыйную заяву, ды прыкладзем пальчатку – тады іншае! Тады яны вымушаны будуць адпусціць Крушынскага.

– Але як мы знойдзем таго доктара? – засумняваўся Валік.

Ці м падказаў:

– Трэба пакапацца ў рэчах Крушынскага! Павінны ж быць у яго нейкія блакноты, адрасы, тэлефоны.

– Ужо зроблена, – з усмешкай адказала Віка. Дастала пачак з-пад цыгарэт з кішэні. – Крушынскі такія не курыць. І почырк не яго. Значыць, гэты нумар «сотавіка» напісаны альбо рукою самога доктара, альбо чалавека, які іх тады падвозіў. Мы нават імя ведаем – Стась!

– Ну, Віка, – Валік адважыўся на камплімент. – Ты мала таго, што прыгожая, дык яшчэ і такая разумная, назіральная. Пазайздросціць можна!

Не Валік, а дзяўчынка пачырванела: яе так рэдка ў жыцці хвалілі. А Цім сказаў насмешліва:

– Ну, ну, потым будзеце хваліць адзін аднога… Колькі цяпер? – узяў са стала будзільнік і чамусьці прыклаў яго да вуха. – Палова на адзінаццатую? Ён правільна паказвае? У дванаццаць аўтобус на Мінск. Збірайцеся.

– Пачакай, а грошы? – ускінуўся Валік.

– Ты што, забыў? – нагадала Віка. – Крушынскі ж пакіў нам грошы!

– А ты не баішся, што цябе ўбачаць?

– Няхай бачаць, – адказаў за дзяўчынку Цім. – Няхай прывыкаюць, што яна тут. Толькі не забывайце: Віка, ты – пляменніца Крушынскага!

Раздзел XXIX

Мінск. – Званок на "сотавік". – Стась не здраджвае сваёй звычцы. – Дом у прыватным сектары. – Цімава смеласць. – Віка пазнае доктар а, а Цім – Ігар а. – Аддзяленне міліцыі. – Заява паводле ўсіх правілаў. – Крах доктара Пракулевіча з зяцем Ігарам.

Хлопцы не аднойчы ездзілі ў Мінск – і разам, і нават самі, таму дома не ўзнікла ніякіх пытанняў. Валік сказаў, што яму трэба купіць адну важную кнігу (маці нават грошы яму дала), а Цім, не прыдумваючы ніякай прычыны, проста ляпнуў:

– Паедзем з Валікам ў Мінск гуляць. Надакучыла тут.

– Ды глядзі, пад машыну не падлезь, – папярэдзіла маці. – Гэта ж Мінск, а не Вялікая Паляна!

– Не вучы вучонага. Не ў першы раз!

Віка з'явілася на прыпынку за лічаныя хвіліны да адпраўлення аўтобуса. Ніхто з пасажыраў нават не звярнуў на дзяўчынку ўвагі. Мала тут дачнікаў, перасяленцаў ды ўвогуле чужых людзей! Усё адно і хлопцы, і Віка рабілі выгляд, што яны незнаёмыя. Так і даехалі да Мінска, ні словам не перакінуўшыся.

На вакзале першым чынам купілі тэлефонную картку. Цім узяў у Вікі пачак з-пад цыгарэт. Набраў нумар – з таго самага таксафона, з якога званіў некалі Крушынскі сваім даўжнікам.

– Алё! Мне, калі ласка, трэба Стась.

– Слухаю, – буркнуў сярдзіты голас.

– Дзе вы жывеце? – пачаў хітры Цім. – Да вас ёсць важная справа. Нам трэба сустрэцца.

– А ты дзе знаходзішся?

– На ўсходнім вакзале. Цэнтральны перон.

– Тады не кладзі трубку…

Нічога не разумеючы, Цім пераглянуўся з сябрамі. Праз хвіліну ён пачуў у трубцы:

– Хочаш пабачыцца, дык азірніся.

Стась, трымаючы каля вуха "сотавік", стаяў каля самага таскафона. Яму выйсці з «масквіча» і падысці сюды было якіх метраў пятнаццаць. Ён падазрона агледзеў тройку сяброў.

– Ну, я слухаю. Што вам трэба?

Цім запытальна зірнуў на Віку. Тая крутнула галавою – не, гэта не доктар!

– Мы ад Крушынскага, – сказаў Цім.

– Якога яшчэ Крушынскага?

– Вы вазілі доктара да яго ў леснічоўку, – умяшалася Віка. – Каля сяла Вялікая Паляна.

– А-а! Ну, ведаю. І што?

– Вы ж адвезлі таго доктара назад у Мінск?

– Дапусцім.

– Вы памятаеце, куды? Нам тэрмінова трэба яго адрас!

– Яшчэ і тэрмінова, – пасміхнуўся Стась. – Не, не помню.

Стась які быў падазроны, да ўсяго і да ўсіх недаверлівы, такі й застаўся.

– А што вы за такія юныя следапыты? Навошта вам доктар?

– Крушынскі ў турме, – сказала Віка, гледзячы Стасю ў вочы. – А ён ні чым не вінаваты. Мы ведаем, што. Словам, што вінаваты ва ўсім доктар! А зваліў на Крушынскага!..

– Крушынскі ў турме? – Стась задумаўся. – Дык вы, значыць, сабраліся «абмяняць» яго на доктара? Нешта ўспамінаю. Калі ад'язджалі, дык сядзеў ён, як на цвіках… Папрасіў ў мяне аловак, паперу. У самога рукі дрыжэлі. Я яшчэ тады падумаў – штосьці ён такое замыслівае!

– Дык вы скажаце адрас?

– У прынцыпе, нам не паложана Ёсць такое правіла ў таксістаў: ніколі нікому не называць каардынаты кліентаў. Але толькі дзеля Барыса! На яго і на ваша шчасце ён мне спадабаўся. Хадзем у машыну.

Праз паўгадзіны сябры вылезлі з «масквіча» на вуліцы Адоеўскага. Злева спрэс цягнуўся так званы прыватны сектар.

– Вунь дом, – паказаў пальцам Стась, – бачыце? Прывітанне Крушынскаму. Калі вызваліцца, хай паведаміць. Ну, поспехаў!

Сябры наблізіліся да самых веснічак паказанага ім дома. Сабакі ў двары не было, ужо добра.

– Ну, паграбуся памалу, – прашаптаў Цім.

Не паспеў ён узяцца за веснічкі, як дзверы з дома расчыніліся і на парозе паказаўся. нізенькі мужчынка! Той самы, які швэндаўся па Вялікай Паляне і заходзіў на могілкі!

Следам, праводзячы мужчынку, на ганак выйшаў і нейкі стары дзед.

– Чаго табе, хлопчык? – насцярожыўся дзед, убачыўшы Ціма.

– Нічога, – адказаў той і засмяяўся. Цяпер ім ужо сапраўды нічога больш не трэба было. Усё зразумела. Вось дзе яны жывуць, сапраўдныя злачынцы!

Аднак на вуліцы яшчэ перапытаў ў Вікі:

– Ён?

– Ён. Той самы доктар.

– А з ім хто, цікава? – сказаў Валік.

– А з ім – той самы «Васіль», якога я бачыў у Вялікай Паляне!

Валік толькі прысвіснуў.

Бліжэйшае аддзяленне міліцыі знаходзілася ў вельмі зручным месцы – побач з празрыстай, нібы з аднаго шкла зробленай кавярняю. Дамовіліся, што Віка будзе сядзець там, у цяпле, і чакаць хлопцаў, колькі спатрэбіцца.

Дзяжурны – малодшы лейтэнанцік без фуражкі – крыху здзівіўся, калі двое падлеткаў, высокі і нізкі, зайшлі ў вестыбюль і наблізіліся да вакенца.

– Мы хочам зрабіць важную заяву. Каму гэта можна, вам альбо следчаму?

Дзяжурны надзеў фуражку і ў сваю чаргу спытаў:

– У пісьмовай ці ў вуснай форме?

– У пісьмовай. Толькі нам папера трэба.

– А вы зможаце?

– Паспрабуем…

– Калі ласка. Вось вам папера, вунь стол. Напішаце – аддадзіце мне.

Хлопцы пісалі, а дзяжурны ўсё пазіркваў на іх. Праз хвілін дзесяць перад ім леглі два, буйным Цімавым почыткам спісаныя, аркушыкі. Дзяжурны пачаў чытаць. Прачытаў.

– Нічога сабе!.. – Падняўся. – Хадземце за мною.

Хлопцы падняліся за ім на другі паверх. Каля аднаго з кабінетаў стаялі тры, разам змацаваныя, крэслы.

– Пачакайце тут, калі ласка, – дзяжурны пастукаўся і зайшоў у кабінет, а дзверы, відаць, знарок, пакінуў расчыненымі.

– …Першы раз у жыцці такіх талковых хлопцаў бачу, – пачуўся яго голас. – А напісалі як! У нас акадэміі паканчалі, а граматыкі не ведаюць.

Цім заірдзеўся. Валік паляпаў яго па плячы.

– Ды будзе табе… – прамармытаў Цім. – Звычайная хроніка!

Пісаў ён заяву па прынцыпе «нічога лішняга». Раздзяліў яе на дзве часткі: 1) уводзіны ў курс справы і 2) голыя факты. У ноч з такога на такое чысло раскапана магіла ў Вялікай Паляне; па падазрэнні ў злачынстве арыштаваны Жытнявіцкім РАУС Барыс Крушынскі, былы «афганец»; у сувялі з гэтым маем паведаміць наступнае: за тры дні перад здарээннем у сяло прыязджаў чалавек, які пражывае ў г. Мінску па такім і такі адрасе, і цікавіўся менавіта гэтай магілай; акрамя таго, у ваколіцах Вялікай Паляны знойдзена пальчатка (прыкладаецца да заявы), якая належыць чалавеку, што пражывае там сама, дзе і першы падазроны. Няма сумнення, што гэта саўдзельнікі. Просьба найхутчэй выпусціць ні ў чым не павіннага Б. Крушынскага і ўзбудзіць крымінальную справу супраць сапраўдных злачынцаў. Дата, прозвішчы з прыпіскай – вучні шостага класа Вяліка-Палянскай сярэдняй школы, подпісы.

– І дзе ты так налаўчыўся? – спытаў Валік.

– Кніжак многа чытаю…

– Зайдзіце! – паклікаў хлопчыкаў следчы. Гэта быў стары мажны чалавек з сівымі вусамі.

Зайшлі, селі ва ўжо мяккія крэслы за стол, насупраць следчага. Той званіў некуды па тэлефоне і не спускаў з хлопчыкаў пільных вачэй.

– Ага… Так, так! Запісваю…

І запісваў, гледзячы не на паперу, а на хлопчыкаў! Такога ім яшчэ бачыць не даводзілася.

Даволі доўга ішла тэлефонная размова. Нарэшце следчы паклаў трубку.

– Зараз я гаварыў з Жытнявічамі, – патлумачыў ён. – Скажыце, кім вам даводзіцца гэты Крушынскі? Што вы за яго так турбуецеся?

– Нікім…

– Проста сябар. Старэйшы, – адказаў Цім.

– А ці ведаеце вы, што ваш старэйшы сябар ужо аднойчы быў судзімы? Праўда, неўзабаве высветлілася, што ён невінаваты.

– Ведаем!

– Расказаў, значыць? Добра… Ваш Крушынскі, канечне, герой, ардэнамі-медалямі ўзнагароджаны, і ўсё такое. Аднак блізка з ім сыходзіцца я б вам не раіў. Дужа ж ўжо нейкая бурная біяграфія ў чалавека!

Хлопцы маўчалі.

– Зрэшты, хай вашыя бацькі з гэтым разбіраюцца, – спахапіўся следчы. – Я вас слухаю. Вы паводле ўсіх правілаў напісалі заяву, а цяпер паўтарыце, калі ласка, вусна.

Ці м, як змог, паўтарыў.

– Дзякую! – сказаў следчы, выслухаўшы. – Усё. Ваша місія скончана. Вас выклічуць, калі трэба будзе.

– А як мы даведаемся пра вынікі? – пацікавіўся Валік.

– Чакайце вашага сябра. Вернецца Крушынскі – значыць, усё ў парадку. Значыць, вы не памыліліся. І яшчэ! Канечне, вам будзе аб'яўлена падзяка, вы атрымаеце каштоўныя падарункі і гэтак далей.

– Мы зусім не дзеля падарункаў, – сказаў Цім.

– Я разумею. Пачакайце… У любым выпадку – нават калі вы і памыляецеся, а мне вельмі б не хацелася, каб вы памыліліся, – вы сапраўдныя хлопцы. Сапраўдныя сябры. Я проста хачу паціснуць вам руку…

Сівавусы следчы разам з аператыўнай групай сам выехаў па ўказаным адрасе. Хлопцам на развітанне ён сказаў: «Хоць я і не да канца ўпэўнены, што нешта з гэтага выйдзе…»

Давялося ўпэўніцца.

Пасля, прыгадваючы вобыск і неадэкватныя паводзіны грамадзяніна Пратасевіча, уся следчая група клалася ад смеху. Па-першае, доктар страшэнна спалохаўся, калі ўбачыў людзей у форме і ў цывільным. А хіба калі чалавек не вінаваты, ён палохаецца так? Па-другое, на пытанне ў лоб: «Гэта ваша пальчатка?» – здуру ляпнуў:

– Мая…

– Дзе вы былі ў ноч з такога на такое?

– Рыбу лавіў. На Мінскім моры.

– Хто можа пацвердзіць?

– Зяць мой, Ігар…

– Адрас яго! І тэлефон – службовы, і хатні! Калоцячыся ад страху, доктар назваў. Адразу ж выйшлі двое. Завялася машына на вуліцы. Следчы працягваў допыт.

– А як пальчатка аказалася ў Вялікай Паляне, за дзвесці кіламетраў ад Мінскага мора?

– Не ведаю…

– Пакажыце мне адзенне, у якім вы ездзілі на рыбалку.

Лепш бы не рабіў гэтага доктар Пратасевіч! Ён нават гразь і гліну не счысціў са свайго хімабаронаўскага касцюма. Да ўсяго, другая, цэлая пальчатка, але такая ж брудная, выпала з кішэні.

– І дзе вы ўмудрыліся на Мінскім моры, зімою, так выпэцкацца?

– Не ведаю…

Следчы, які сам быў някепскі рыбак, палез у скрынку.

– Як вы лавілі рыбу, калі ў вас нават вудкі не размотаныя? Калі ў вас ўсе, як адна, мармышкі сухія?

– Не ведаю…

Следчы махнуў рукою і нават дапытваць перастаў. Не варта было марнаваць час. Неўзабаве прывялі зяця Ігара. Той убачыў пальчаткі, убачыў брудны касцюм, убачыў перакошаны страхам цесцеў твар… Усё зразумеў. Стары гультай! Нават касцюм у парадак не змог прывесці! А дамаўляліся як?!

– Дык што, – звярнуўся следчы да Ігара, – будзем праводзіць экспертызу? Здымаць адбіткі пальцаў? Рабіць выезд на месца злачынства? Ці адразу пярэйдзем да галоўнага: што вы рабілі ўночы на магіле «афганца»?

– Не трэба… экспертызы, – выціснуў Ігар. – Запісвайце!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю