Текст книги "Афганская шкатулка"
Автор книги: Андрей Федоренко
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 16 страниц)
Алё яму і праўда сёння шэнціла. Першая ж машына аказалася міжгароднім рэйсавым аўтобусам. Крушынскі падняў руку. Чатыры габарытныя фары наблізіліся, асляпілі яго і пранесліся побач, абдаўшы яго халодным ветрам. Крушынскі пабег услед. Аўтобус звярнуў на ўзбочыну і спыніўся.
Неўзабаве Крушынскі сядзеў у цёплым, цёмным, амаль пустым салоне. Аўтобус з кожным кіламетрам набліжаў яго да Мінска. Прымхлівы, як і большасць мужчын, што пабывалі на вайне, Крушынскі па-дзіцячы радаваўся сваёй удачы: ад таго, як пачнецца дзень, думалася яму, будзе залежаць і тое, як ён пройдзе.
Раздзел VIIГорад. – Незгаворлівы прыватнік. – Крушынскі «выбівае» пазыкі. – Не так гэта проста. – Даўжнік. – Жанчына з хлопчыкам. – Шчодрасць Крушынскага. – Зноў нерваванне.
Аўтобус падруліў да Усходняга вакзала. У Мінску развідневала, патухалі ліхтары.
Крушынскі выйшаў на перон і паглядзеў на гадзіннік. Было сем раніцы. Ён падняўся на другі паверх. У буфеце купіў кавы, хаця кавай тое, што яму падалі, назваць было цяжка. Светлы прытарны салодкі напой, які так нагадваў армейшчыну! Толькі два глыткі і зрабіў Крушынскі, і з прыкрасцю адсунуў шклянку.
Трэба дзейнічаць – дарма што рана! Трэба даставаць грошы. Ён выцягнуў з кішэні паперку і падышоў да таксафона, прыкрытага пластыкавай накрыўкай-паўкругам. Пакуль набіраў нумар, барада шоргала аб халодную стылую трубку. На тым канцы доўга не адказвалі, ён з рашучай упартасцю націскаў на кнопку паўтору. Калі ж у трубцы нарэшце шчоўкнула і сонны сярдзіты голас абазваўся:
– Алё! – Крушынскі, ні слова не кажучы, трубку павесіў. «Кліент» быў дома, гэта адзінае, што яму трэба было ведаць.
Ён выйшаў на перон. Машын на стаянцы было больш штук пятнаццаць, і каля кожнай стаў, пакручваючы ключы на пальцы, дзяцюк.
– Таксі бярэм!
– Куды трэба, малады чалавек?
Барадаты «малады чалавек» не звяртаў на прапановы ўвагі. Іншамаркі яго не цікавілі. Спыніўся ён каля чырвонага брудненькага «масквіча». Вадзіцель сядзеў у машыне. Крушынскі расчыніў дзверцы і моўчкі бухнуўся на пярэдняе сядзенне.
– Куды едзем? – спытаў шафёр, кладучы руку на шарык лапкі перадач.
Гэта быў зусім малады хлопец, з вусікамі, у скураной карычневай куртцы, з нагруднай кішэні якой высоўваўся сотавы тэлефон. Крушынскаму хлопец спадабаўся.
– Барыс, – ён працягнуў руку. Хлопец не адразу паціснуў яе.
– Стась, – назваўся, памарудзіўшы. Затым дэманстратыўна дастаў з кішэні свой тэлефон. – Але? Я ўзяў пасажыра. Знаходжуся на Усходнім вакзале.
Крушынскі адно пасміхнуўся ад ад гэтай наіўнай перастрахоўкі. Разам з тым крыху і прыкра зрабілася. І што яго так баяцца ўсе? Чым ён выклікае гэтую падазронасць? Барадою? Ці за гэтыя чатыры месяцы адзіноты ён сапраўды так моцна змяніўся, што і ў паходцы яго, і ў паглядзе з'явілася штось дзікаватае?
– Так, Стась, – сказаў ён, – ты мне спатрэбішся сама мала на дзве гадзіны. Атрымаеш сто даляраў.
– Згода. Дык куды паедзем?
– Не ведаю. Трэба падумаць.
– Што за жарты?!
Стась усхапіўся, нават дзверцы расчыніў, нібы збіраючыся клікаць таварышаў на дапамогу.
– Калі ты баішся, ці не верыш мне, я знайду другога, – сказаў Крушынскі.
Падзейнічала. Стась супакоіўся, зачыніў дзверцы. Толькі перапытаў недаверліва:
– Сто даляраў?
– Сто.
– Палову цяпер! – рашуча запатрабаваў Стась.
– Цяпер у мяне няма ніводнага беларускага рубля, не тое што даляраў.
Вочы ў Стася зрабіліся крулымі.
– Так! Давай, дзядзька, з машыны!
– Стась, калі ў мяне няма грошай з сабою, – цярпліва пачаў тлумачыць Крушынскі, – гэта не значыць, што іх не будзе праз дзесяць хвілін. Мне вінаватыя. Мы пад'едзем і забярэм пазыку. Я разлічуся з табою. Што тут незразумелага?
– А калі ты падманіш? Пойдзеш і не вернешся?
– Вярнуся.
– А калі ён табе нічога не дасць?
– Паедзем у іншае месца. І вось што, Стась. Я першы раз у жыцці бачу такога чалавека. Цябе так часта падманвалі? Як ты жывеш, нікому не верачы?
Стась маўчаў. Пальцы яго нервова барабанілі па рулі.
– Калі я не змагу раздабыць грошы, ты застанешся ні з чым, – дадаў Крушынскі, якога самаго пачало ўжо стамляць гэтае ўламванне.
– Называй адрас! – згадзіўся нарэшце шафёр. Аднак не паспела машына крануцца з месца, як раптам зноў спынілася.
– Пачакай – можна ж прасцей! Навошта бензін дарма паліць? На, пазвані яму, спытай, ці аддасць, – Стась працягнуў Крушынскаму тэлефон.
– Дзівак ты. Хіба ж такія рэчы так робяцца? Не паспею я яму пазваніць, як яго і след прастыне. Тут знянацку трэба. Галоўнае, я ведаю, што ён цяпер дома.
– Лагічна, – не мог не згадзіцца Стась. Хвілін праз дзесяць «масквічок», паблукаўшы крыху па брудных і калдыбаністых вулічках Чыжоўкі, спыніўся каля старога, але дагледжанага дома. Металічныя дзверы пад'езда зачынены былі на кодавы замок. Крушынскі званіць не стаў, а прыняўся прахаджвацца каля пад'езда ўзад-уперад. Стась заглушыў матор і цярпліва чакаў.
Чакаць давялося нядога. Неўзабаве дзверы расчыніліся. Дзўчынка на ланцужку вяла на шпацыр лупатага маленькага бультэр'ера. Крушынскі прытрымаў нагою дзверы:
– Дзякую! Ключы забыў.
У ліфце падняўся на трэці паверх. Зверху, над дзвярыма кватэры, на яго пазіраў аб'ектыў відэадамафона. Ён націснуў кнопку. Чаканне, чаканне – відаць, там, у кватэры яго разглядалі.
– Адчыні. Гэта Крушынскі, – сказаў ён, папярэджваючы абавязковыя «хто там?», ды «што вам трэба?»
– Барыс, ты? – залабуніў, прапускаючы яго ў аграмадную пярэднюю, мужчына ў адных трусах і ў майцы. Ён быў заспаны і босы. – Дзе ты знік? Што ў цябе за выгляд? Барада. Праходзь, калі ласка, распранайся! Чаго так рана? Што здарылася?
Не адказваючы ні наводнае з гэтага каскаду пытанняў, Крушынскі стаяў у парозе. Ён і не праходзіў і не распранаўся. З дзвярэй цягнула скразняком. Крушынскі прычыніў іх.
– Мне трэба грошы, – сказаў ён.
– Ах, як не ў час, Барыс! – даўжнік апусціўся на пуф, абхапіў галаву рукамі і аж застагнаў. – Дзе ж набрацца тых грошай?! Усё кепска, усё развальваецца.
Крушынскі акінуў вокам гасціную. Не падобна было, каб так усё кепска, каб так усё развальвалася. Нават памерамі сваімі гасцёўня не намнога саступала пляцоўцы ў кар'еры, дзе хлопчыкі гулялі ў хакей. Па цэнтры знаходзілася лесвіца, якая вяла наверх – кватэра была дзвюхпавярховая.
– Так што прабач – зусім не ў час ты… Пазней як-небудзь, – цягнуў сваю песню даўжнік.
– Канчай хныкаць, – груба перапыніў яго Крушынскі.
Усё гэта было яму задужа знаёма. Як толькі справа пачынала тычыцца вяртання пазыкі, так ва ўсіх без выключэння яго даўжнікоў аказвалася кепска. Усё ў іх развальвалася. Гэта ён, калі сам круціўся ў падобных сферах, мог не шкадаваць грошай, любіў раскідвацца імі направа і налева, пазычаў усім без разбору. Яму тады і ў галаву не магло прыйсці, як цяжка, амаль немагчыма потым будзе гэтыя грошы вярнуць. Усе як адзін даўжнікі, хаваючы вочы, уздыхалі, хітрылі, вілялі, скардзіліся, якія чорныя насталі для іх гадзіны, якія яны цяпер бедныя. Спачатку Крушынскі нават верыў гэтаму. А калі і не верыў, бачыў, што яго падманваюць, дык часта ў яго проста не хапала духу настаяць на сваім: прыгразіць, стукнуць па стале кулаком. Канечне, даўжнікі, ведаючы яго характар, як маглі карысталіся гэтым. Калі ж ён перабраўся ў леснічоўку, дык проста плюнуў на даўгі. Грашовае пытанне знікла само сабою. Невялічкіх зберажэнняў хапала яму, яшчэ і на Барса заставалася.
Але цяпер яму раптам стала крыўдна. Момант быў зусім іншы. Цяпер яму пазарэз трэба былі грошы – не для сябе.
– Ну, няма, хоць ты тут…
Нічога не кажучы, Крушынскі ступіў да яго. Даўжнік, які па-ранейшаму сядзеў на пуфіку, зрабіўся белы. Дужай рукой Крушынскі згроб яму на грудзях майку.
– Калі ты мне абяцаў аддаць? Праз два тыдні? А прайшло колькі? Два гады! Але я і цяпер бы цябе не чапаў – мне асабіста грошы больш не патрэбны. Яны трэба іншаму чалавеку!
Крушынскі адштурхнуў даўжніка, той ледзь не зваліўся з пуфіка. Жаласліва паглядаў на Крушынскага знізу ўверх, паціраючы шыю.
Крушынскі змякчыўся.
– Добра, тады давай так, – ён выцягнуў з кішэні нейкую брудную пакамечаную паперку. – Вось твая распіска. Тут чорным па белым, тваёй рукою ўказана, што ты вінен мне пяцьсот. Правільна? Аддай мне палову – і гэтая паперка твая. Дзвесці пяцьдзесят спісваю. Толькі цяпер, вось зараз жа аддай.
– Няма, – адварочваючыся, прашаптаў даўжнік. – Можаш забіць, задушыць мяне тут – няма ні капейкі, ні цэнта!
– Дзе тэлефон?
– Там, – кіўнуў галавою ўглыб гасцінай даўжнік. – Куды ты? Выцеры чаравікі, гразі нанясеш.
Крушынскі, не звяртаючы на яго плаксівае канючанне ўвагі, пайшоў, куды было паказана. Трубка-тэлефон ляжала на часопісным століку.
– Колькі слядоў нарабіў…
На самым версе лесвіцы, відаць, устрывожаная шумам, захінаючыся ў халат, паказалася маладая жанчына. Убачыла чужога і застыла на месцы. А за ёй выглянуў і хлапчук гадоў дзесяці. Ён кулачкамі праціраў заспаныя вочы і ціснуўся да матулі.
Крушынскі больш чым трэба затрымаўся на ім паглядам.
Пакуль ён набіраў нумар, каля ног і сапраўды нацякла лужына. Даўжнік з анучкаю поўзаў на карачках і падціраў яе. Такая спакуса была даць яму носца пад зад! – але Крушынскага стрымліваў, як ні дзіўна, выгляд гэтых жанчыны з хлопчыкам. Абое былі яны нейкія затраўленыя і спалоханыя. Крушынскі раптам падумаў, што не цукар жыццё ім сярод гэтай раскошы.
– Прывітанне. Гэта я, – сказаў ён, калі слухаўку на тым канцы нарэшце паднялі.
– Хто я? – спытаў нічуць не зменены сябраў голас.
– Крушынскі. Мне тэрмінова трэба грошы. Сябар памаўчаў, падыхаў у трубку.
– Многа?
– Сама мала трыста даляраў.
– Так, трыста даляраў… У мяне няма, але… Дзе ты цяпер знаходзішся?
– Тут, у аднаго, – грэбліва зірнуў уніз Крушынскі. – У Чыжоўцы.
– На машыне?
– Так.
– Я ведаю, дзе дастаць. Пакуль пад'едзеш, усё будзе гатова.
– Дзякую.
Крушынскі кінуў на столік трубку і, ні на кога не гледзячы, ні з кім не развітваючыся, цяжка патэпаў да выхаду. Даўжнік з мокрай анучаю ў руцэ пабег следам.
У дзвярах Крушынскі спыніўся. Выцягнуў распіску, скамечыў і кінуў даўжніку пад ногі.
– На. За тое, што слядоў нарабіў. Паркет перасцелеш.
Прыпаўшы носам да экрана, даўжнік назіраў за Крушынскім да таго часу, пакуль не пад'ехаў ліфт і Крушынскі не знік у ім. Тады павярнуўся і толькі цяпер убачыў на лесвіцы жонку з сынам.
– А вы што тут не бачылі?! – гаркнуў, як бы помсцячы за тое прыніжэнне, якому яны былі сведкамі.
– Пакладзі яго спаць, і прынясі сухую анучу! Бадзяюцца тут валацугі розныя. Гэты паркет ведаеш колькі каштуе? Адна шашка столькі, колькі табе і за месяц не зарабіць!
Жонка заплакала. Даўжнік падняў распіску і, не чытаючы, хуценька разарваў яе на дробныя кавалачкі.
Раздзел VIIIСтары сябар. – Крушынскі дастае грошы. – Дзе знайсці доктара? – Сябрава забыўчывасць, якая неўзабавае ледзь не абрынецца на Крушынскага бядою.
Стась запытальна паглядзеў на Крушынскага.
– Трэба заехаць яшчэ ў адно месца, – абыякава прамовіў той, ямчэй усаджваючыся на пярэднім сядзенні.
– Так я і ведаў! Ды за каго вы мяне прымаеце! – ад абурэння Стась аж перайшоў на «вы».
Крушынскі моўчкі вылез з машыны. Перад тым, як ляпнуць за сабою дзверцамі, сказаў, чаканячы кожнае слова:
– З-за тваіх дурных выбрыкаў цяпер памірае чалавек. Трынаццацігадовая дзяўчынка.
І пайшоў, не азіраючыся, рукі ў кішэнях, па тратуары. На самым павароце, дзе вулічка выходзіла на бульвар, машына дагнала яго.
– Барыс! Ідзі сядай.
Голас у Стася быў зусім спакойны. Мабыць, на ўсё махнуў чалавек рукою, з усім прымірыўся. Будзь як будзе!
Усё гэтак жа моўчкі Крушынскі сеў у «масквіч».
– Куды цяпер?
– На Адоеўскага.
– Зразумела… Што, з гэтым нічога не атрымалася? – спагадліва запытаў Стась.
– Нічога. Гэта былы мой камандзір, – неахвотна патлумачыў Крушынскі. – Служылі разам у Афгане. Калі б хто тады сказаў, што ён ператворыцца ў такога. – не дагаварыў, адно рукою махнуў.
– Бываюць, – пагадзіўся Стась. – Дык што: так-такі зусім нічога не даў?
– Не ён мне, а я яму. Падараваў распіску на пяцьсот даляраў.
– Як… так?!
– Кінуў яму пад ногі. Стась толькі прысвіснуў:
– Бываюць жа людзі! – невядома каго маючы на ўвазе – Крушынскага з яго шчодрасцю, ці сквапнасць былога яго баявога камандзіра.
Па дарозе да вуліцы Адоеўскага Стась яшчэ спытаў:
– А гэтая хворая дзяўчынка дзе? Не ў Мінску?
– Не, не ў Мінску, – коратка адказаў Крушынскі.
Далей абодва маўчалі.
Дом на Адоеўскага аказаўся звычайнай маласямейкай. Не было тут, канечне, ні дамафонаў, ні відэафонаў; дзверы ў пад'езд ледзь целяпаліся на пакрыўленых, разбітых завесках. Затое ў «холе», у фанернай кабіне тырчэла абвязаная хусткай вахцёрка.
– Да каго?!
– Да сябра, – адказаў Крушынскі.
– Дакументы!
Замест адказу ён усунуў у вакенца «шпакоўні» сваю барадатую галаву. Паклаў далонь на расчынены журнал, закрыўшы ёю ледзьве не ўсю старонку.
– Я спяшаюся, – сказаў ён ціха, нават ветліва. – Да таго я ж я злы. Чапаць мяне не раю. Усё зразумела?
Яшчэ і як зразумела! Да паўсмерці зляканай бабцы засталося толькі вачыма правесці гэтага страшнага кашлатага грамілу. Добра яна ведала з уласнага вопыту, чаго ад такіх можна чакаць.
Ліфт, канечне, не працаваў. Крушынскі пехатою падняўся на сёмы паверх. Доўгім вузкім калідорам пайшоў у канец яго, да кутняга пакоя. Дзверы ў пакой былі насцеж.
Крушынскі не быў тут ужо гады два, але цяпер, калі зайшоў, падзівіўся, што абсалютна нічога тут не змянілася. У малюсенькім калідорчыку стаяў той самы старэнькі халадзільнік і вуркатаў, як перагруджаны трактар. У пакоі былі тыя самыя аблупленыя пажоўклыя шпалеры. У кутку была тая самая электраплітка на дзве фаеркі. [1]1
Камфоркі.
[Закрыть]Як і два гады назад, так і цяпер на патэльні смажылася яечня; усё там сквырчэла і пырскі ляцелі на сцяну.
Але самае цікавае, што і сябар не змяніўся. Тое ж заношаная кашуля ў клетку, тыя ж растаптаныя патнофлі на нагах, тая ж неахайная прычоска і шчаціна на шчоках, тыя ж добрыя сумныя вочы.
Затое сябар пры з'яўленні Крушынскага аслупянеў. Спачатку ён нават не пазнаў яго.
– Ну, барада! – яны абняліся. – Як жа ты ўмудрыўся так пастарэць за гэты час? Ці, наадварот, памужнеў?
– Затое ты – не, – азіраючыся, з усмешкай, якую нязвыкла было бачыць, сказаў Крушынскі.– Аднак выбачай – зусім няма часу! Дастаў грошы?
– На, – сябар працягнуў яму неахайны жмутак. – Тут дзвесці пяцьдзесят даляраў – ледзь выклянчыў па знаёмых. І маіх сто. Усяго трыста пяцьдзесят. Хопіць? – і дадаў вінавата: – Больш у мяне няма.
– Хопіць, – Крушынскі, не гледзячы, запіхаў жмутак у кішэню. – Я аддам.
– Пра гэта не думай. Калі будуць, тады і аддасі.
– А сам як? – спытаў Крушынскі.
– Не прападу! Тэлевізар новы купіць збіраўся, а раз такая справа – пазаву знаёмага майстра, хай стары падлазіць, хоць адну праграму. Хопіць з мне!
– Дзякую, – Крушынскі моцна паціснуў яму руку. – Ты і праўда не змяніўся.
– Дык а ты як? Хоць у двух словах!
– Магу нават у адным – цудоўна, – адказаў Крушынскі без усмешкі. – Вось толькі. непрадбачаныя абставіны.
– Гэта з-за іх табе спатрэбіліся грошы?
– З-за іх. Калі-небудзь потым усё раскажу. Крушынскі выйшаў ужо на калідор, як раптам, успомніўшы штосьці, хутка вярнуўся.
– Слухай! Ты мне яшчэ можаш памагчы! Тэрмінова трэба доктар. Але. – ён замяўся. – Як бы табе сказаць… Нелегальны доктар, неафіцыйны… Тут такая справа, што не хочацца «свяціцца».
– Разумею. Няма праблем. Гэтую просьбу нашмат лягчэй выканаць, чым першую, – засмяяўся сябар. – Тут літаральна праз вуліцу, у прыватным сектары, жыве адзін доктар. Даўно на пенсіі, але, здаецца, практыкуе яшчэ.
– Адрас хутчэй! – папрасіў Крушынскі.
– Ды не помню я адраса. Там гэтых завулачкаў, што сабак нярэзаных. Сам знойдзеш: направа, потым налева і першы дом з цэглы. Ён там адзіны на рагу. Ды я табе зараз з вакна пакажу!
– Не трэба, дзякую. Я знайду.
– Вось яшчэ што… Ён трохі любіць гэтае дзела. Можа быць не транспартабельным.
– Я яго дастаўлю куды трэба жывога ці мёртвага, – сур'ёзна паабяцаў Крушынскі.
– А куды даставіш? Дзе ты цяпер?
– У лесе, – не азіраючыся, адказаў Крушынскі.
Сябар правёў яго да ліфта і вярнуўся ў пакойчык. Зняў патэльню з пліткі. На сцяне вісеў фотаздымак: маладыя белазубыя ваенныя ў панамах, сярод якіх з цяжкасцю, але можна было пазнаць і Крушынскага, і гаспадара пакойчыка. Побач з фота – нейкая грамата ў рамцы з трэскнутым шклом.
Раздзел IXДоктар. – Аб тым, як грошы змяняюць людзей. – Зноў леснічоўка. – Медыцынскі агляд. – Дыягназ. – Класці на стол пальчаткі – кепская прыкмета! – Стасева падзяка. – Доктар просіць паперку і ручку.
Менш чым праз гадзіну шустры «масквічок» ужо выбраўся з Мінска і паляцеў па шашы, курачы за сабою снежным пылам.
На заднім сядзенні драмаў з чамаданчыкам на каленях пажылы доктар. На шчасце, Крушынскаму ўдалося застаць яго дома. Доктар аказаўся чалавекам справы. Ні аб чым ён не распытваў, ніякіх умоваў не ставіў, згодзен быў ехаць, куды скажуць. Калі ж Крушынскі на месцы адлічыў яму дваццаць пяць даляраў авансу, паабяцаўшы яшчэ столькі ж, у доктара загарэліся вочы і затрэсліся рукі. Крушынскі аднёс гэта да звычайнай старэчай сквапнасці. Канечне, бедна жыве чалавек, пенсіі не хапае, лектарскай практыкі ўжо няма.
Атрымаў сваю абяцаную палавіну, пяцьдзесят «зялёных», і Стась. І гэтага было не пазнаць цяпер. Куды падзеліся яго асцярога, недавер, раздражненне! Вясёлы, усім задаволены, цяпер ён уключыў гучна прыёмнік і, як салавей, падсвістваў мелодыям.
Ехалі гадзіны паўтары. Нарэшце злева прамільгунуў паласаты слуп з указальнікам «в. Вялікая Паляна – 4 км.». Машына праехала яшчэ з паўкіламетра і спынілася. Ледзь прыкметная паваротка вяла ад шашы проста ў лес. Пакуль Крушынскі выцягваў з ядлоўцавага куста лыжы і сумку са старымі ботамі, Стась таксама вылез з машыны і аглядаў заваленую снегам, вузкую дарогу. На твары яго зноў з'явілася заклапочанасць.
– Праедзеш? – спытаў, падыходзячы, Крушынскі. – Я раніцаю ўсю гэтую дарогу абмацаў палкаю. Пад снегам цвёрда.
– Праедзем! – бадзёра адгукнуўся Стась; вось як грошы мяняюць у лепшы бок чалавека. – Колькі ехаць?
– Кіламетры два-тры.
Лыжы Крушынскі прымацаваў на багажніку зверху. Паехалі. Цяпер і апраўдалася, чаму Крушынскі выбіраў на стаянцы машыну з высокай пасадкаю – іншамарка адразу б легла тут на «жывот». Але і масквіч цёгся з горам папалам. Хутчэй нельга было – дужа вузкая дарога, хвоі часта стаялі так блізка, што можна было зашчаміцца паміж імі. Разоў колькі машына забуксоўвала і тады Крушынскаму з доктарам даводзілася штурхаць яе ззаду.
Сярод дрэў узнікла хатка. Пад'ехаць бліжэй было немагчыма. Спыніліся воддаль, на паляне.
– Дык ты тут і жывеш, значыць? – здзівіўся Стась.
– Тут і жыву, значыць. Ды хутчэй вы! – падагнаў доктара, які нязграбна выкульваўся з машыны.
Крушынскаму толькі цяпер, калі ўсё, што ён планаваў, было зроблена і ён апынуўся дома, стала трывожна. Хоць бы не здарылася чаго!
Каля хаткі слядоў, акрамя сабачых, не было. Замок таксама вісеў на месцы. Аднекуль з лесу выскачыў Барс, кінуўся на чужых, забрахаў, прыпадаючы грудзьмі да снегу. Потым убачыў, што людзям не да яго, супакоіўся і пабег аглядаць і абнюхваць машыну.
Дзяўчынка сядзела ў кутку на тапчане. Відаць, сабачы брэх устрывожыў яе. Але выглядала яна куды лепш чым учора. На шчочках была чырвань, вочы свяціліся здаровым бляскам. У Крушынскага адлегла з душы.
Доктар скінуў рукавіцы, ляпнуў іх на стол. Пахукаў на рукі:
– Ну, дзе наш хворы? А што так цёмна ў нас? Як для Крушынскага, дык было аж занадта светла. Але доктару з непрывычкі, ды пасля двара, ды яшчэ падслепаватаму, канечне, здавалася цёмна.
– Святлей не будзе, – сказаў Крушынскі. – Лямпа ёсць карасінавая, але днём ад яе што толку.
– Ну і ну? Зусім няма электрычнасці?!
– Доктар, рабіце сваю работу.
– Канечне, канечне! Каля акна тут зусім светла. Давайце сюды свайго хворага.
Крушынскі падышоў да дзяўчынкі. Стараючыся гаварыць выразна, міжволі памагаючы сабе жэстамі, папрасіў:
– Уставай, не бойся. Гэта ж доктар. Нічога кепскага ён табе не зробіць.
Яна паслухалася. Адкінула коўдру. Сунула ногі ў валёнкі, якія прадбачлівы Крушынскі паставіў каля тапчана яшчэ раніцай, перад тым, як выправіцца ў горад. Крушынскі працягнуў ёй руку, яна падала сваю; ён падвёў дзяўчынку да стала. Доктар сядзеў на табурэце і бегаў вачыма па хатцы. На твары яго было шчырае здзіўленне, нават недавер. Відаць, раней яму і ў галаву не прыходзіла, што людзі ў такіх умовах могуць жыць цяперашнім часам.
– Доктар, у нас мала часу, – вярнуў яго ў рэальнасць Крушынскі.
Доктар схамянуўся:
– Так, так, і што ў нас?
«Пацыентка» моўчкі стаяла перад ім, сцягваючы на грудзях мужчынскую сарочку, якая знізу гармонікам спадала ёй на валёнкі. Крушынскі сам упершыню ўбачыў яе ва ўвесь рост. Не такая, яна, аказваецца, і малая – яму, высокаму, дастане да пляча.
– Дык як нас завуць? – Не дачакаўшыся адказу, доктар павярнуўся да Крушынскага. – Як яго імя?
– Гэта не ён, – буркнуў Крушынскі, – а яна. Завуць. э-э. Іра. Я вас не папярэдзіў, доктар. Яна не можа гаварыць.
Кашлатыя сівыя бровы ў доктара папаўзлі
ўверх.
– А як жа…
– Не, так яна ўсё разумее і чуе! Толькі трэба вымаўляць словы павольней.
– Ага.
Доктар расчыніў сакваяж, выклаў на стол навушнікі танометра, «грушу», слухавую трубку, металічны бліскучы малаточак.
– Распранайся да пояса.
Дзяўчынка кінула ўмольна-спалоханы позірк на Крушынскага.
– Рабі, што кажуць. Гэта ж доктар! Крушынскі дэманстратыўна адвярнуўся.
Прысеў перад цёплай яшчэ грубкаю. Пачаў збіраць да ладу яе ўчарашнія рэчы. Усё было ўжо сухое. Боцікі таксама высахлі ўсярэдзіне, толькі зверху пакарабаціліся, і загнуліся насы.
– Так, нос у парадку, – чулася Крушынскаму ад стала. – Язычок высалапім. Яшчэ. Дыхаць. Не дыхаць. Цяпер спіною. Выдатна! Сядзем на табурэтачку. Валёнак здымем, нага на нагу. Так.
Дзяўчынка войкнула, Крушынскі ўздрыгнуў, але не павярнуўся.
– Усё! Можаш апранацца і бегчы ў ложак. Доктар пачаў складаць у сакваяж інструменты.
Дзяўчынка забралася на тапчан і зноў закрылася коўдраю да барады. Крушынскі запытальна глядзеў на доктара.
– Выйдзем на двор, – прапанаваў той. Голас у яго быў такі, нібыта яму зараз адкрылася нейкая тайна.
На двары абодва яны закурылі. Падляцеў і пачаў ласціцца да ног Крушынскага Барс.
– А добра тут! – прамовіў доктар. – Ціха, чыста. Гэта мая даўняя мара – таксама жыць аднаму, на прыродзе… Але не магу – сям'я! Жонка хоць і памерла ўжо, але дачка ёсць, зяць, унук. Усім памагаць трэба. Дзеля іх і жыву.
– Што з дзяўчынкаю? – перапыніў гэтыя недарэчныя, нецікавыя яму аўтабіяграфічныя падрабязнасці Крушынскі.
– З дзяўчынкаю? А дазвольце пацікавіцца, хто яна вам?
Пытанне было нечаканае. Аднак Крушынскі справіўся.
– Вы што, з міліцыі? – рэзка сказаў ён. – Ці вы ўсё ж доктар? У нас з вамі якая была дамова? Ні аб чым лішнім не пытаць і нічому не здзіўляцца. За гэта я вам плачу. Зрэшты, магу і адказаць! Што тут такога? Гэта мая. пляменніца. Прыехала ў госці, пайшла адна ў лес, гуляць, ну, і заблудзілася, пасля прыхварэла крыху.
– Усё, усё! Больш чым дастаткова. Пляменніца, дык пляменніца, – ахвотна згадзіўся доктар. – Дык вось, вашая пляменніца – абсалютна здаровая дзяўчынка. Як мы з вамі. Ці, лепш сказаць, як вы – я хоць і сам доктар, але здароўя даўно не маю, як той кравец, што застаўся без ботаў.
– Вы не памыляецеся? – усхвалявана перапытаў Крушынскі.
Яму раптам так радасна стала, што яна здаровая. Цяпер ён гатовы быў забыць, што доктар несімпатычны яму; Крушынскага адразу пачалі раздражняць гэтыя бегаючыя вочкі, гэтыя смяшкі, гэтае ўвесьчаснае паціранне рука аб руку.
Доктар перахапіў яго позірк.
– Мерзнуць, – патлумачыў, – пальчаткі забыў на стале. Дык вось: у яе невялічкія, зусім бяскрыўдныя хрыпы ў лёгкіх і зноў такі невялічкая прастуда – нават грыпу няма. Абмаражэння, пра якое вы кажаце, я не знайшоў і слядоў. Хіба што, відаць, праводзілася прафілактыка?
– Я расціраў яе крыху снегам.
– Ну і добра. Хоць гэта і не рэкамендуецца, але, як кажуць, не так важныя лекі – абы памаглі! Іншае… – доктар запнуўся.
– Што?
– Прабачце, я вымушаны гэта сказаць. Вы плаціце мне немалыя грошы і я хачу адпрацаваць іх шчыра. Не хацелася б умешвацца, і таму падобнае, але мне здаецца, у Іры – Іра, яе ж так завуць?
– Доктар, бліжэй да справы!
– Што ў яе звычайнае знясіленне. Яна кепска харчуецца. Ёй не хапае элементарных вітамінаў. Потым, не крыўдуйце, яна запушчаная. Ёй трэба проста ў лазню. А таксама каларыйная ежа, чыстая пасцель, святло, цяпло, свежае паветра – словам, хоць бы нейкі перыяд нармальнага жыцця.
Крушынскі думаў аб чымсьці сваім. Доктару падалося, што ён не чуе яго апошніх слоў.
– Ёй патрэбны нармальныя ўмовы жыцця, – паўтарыў ён гучней. – Такі мой дыягназ, ён жа адначасова і рэцэпт.
Гэта Крушынскі пачуў.
– Зразумела. Дзякую. Вы і праўда вельмі харошы доктар, як мне вас і рэкамендавалі.
– Ну, дык! – расплыўся той ва ўсмешцы. – Вы яшчэ не ведаеце, дзе я працаваў, якіх людзі прайшлі пра гэтыя вось рукі.
– Пачакайце. А што ў яе з голасам? Ад чаго ў яе гэта?
– А што ў яе з голасам? – вочы ў доктара смяяліся, рукі паціралі адна адну. – Гэта абсалютна нармальная, такая ж, як мы з вамі, дзяўчынка. Яна ўсё чуе, усё бачыць, усё разумее і выдатна можа гаварыць.
– Вы жартуеце?
– Малады чалавек, – тут доктар нават пакрыўдзіся, – я больш як трыццаць гадоў меў справу з арміяй, працаваў у розных ваенных шпіталях! Пятнаццаць гадоў запар быў галоўным прыёмных камісій у ваенкаматах! Таму паверце – сімулянта мне вылічыць тое самае, як вам раз плюнуць!
– Зразумела… Яшчэ раз дзякую, доктар, – Крушынскі палез у кішэню, выцягнуў пук скамечаных грошай, адлічыў дваццаць пяць даляраў. – Вось, як і дамаўляліся…
– Прыемна мець справу з такім, як вы!
Доктар грошы пералічыў, разгладзіў, склаў акуратна і схаваў беражліва ва ўнутраную кішэню старэнькага паліто.
– Можна пытанне? Да вас асабіста? – ён, нахіліўшы набок галаву, уважліва разглядаў Крушынскага.
– Канечне.
– Я не мог вас дзесьці бачыць? Паклясціся гатовы, што мы сустракаліся!
– Свет цесны. Магчыма.
– Вы ў Афганістане не служылі? Крушынскі ўздрыгнуў і ў сваю чаргу ўважліва пазірнуў на доктара.
– Не! – сказаў рашуча. – Я ўвогуле… не быў у арміі.
– Гм… Значыць, памыліўся. Дый то – колькі часу прайшло!
– Многа бывае падобных людзей.
– Гэта праўда…
– Нас чакаюць, – нагадаў Крушынскі. – Чалавек з машынаю.
У хатку ўвайшлі хутка і ўбачылі, што дзяўчынка стаіць каля вакна і прымярае доктаравы пальчаткі. Злоўленая "на месцы злачынства", яна густа пачырванела, сцягнула пальчаткі і асцярожна паклала на стол.
Доктар запіхнуў іх у кішэню:
– У «масквічы» цёпла, – ён узяў сакваяж.
У дзвярах павярнуўся і падміргнуў дзяўчынцы:
– Ну, шчасліва! Папраўляйся і не хварэй больш.
Крушынскі пайшоў правесці яго. Стась стаяў каля машыны, задуменна, па-філасофску сузіраючы наваколле. Мабыць, і яму падабалася тут. На твары яго напісана было, што ён удзячны свайму падазронаму барадатаму пасажыру, які нечакана аб'віўся раптам ранняй раніцаю ў тлумным горадзе, выбраў менавіта яго някідкі «масквічок», развеяў яго, Стасевую, падазронасць, ды яшчэ і выцягнуў яго у гэты прыгожы, ціхі, утульны куточак, даў магчымасць супакоіцца, падумаць, падыхаць свежым паветрам – хай сабе і ненадоўга.
Крушынскі аддаў яму пяцьдзесятку.
– Дзякую.
– Гэта табе дзякуй! За тое, што… Зрэшты, сам разумееш!
Крушынскі павярнуўся, каб ісці, Стась паклікаў яго:
– Пачакай!
Нырнуў у машыну. Паказаўся зноў – з пустым пачкам з-пад цыгарэт, на якім штось было запісана.
– Нумар майго сотавіка. Звані, калі будзеш у Мінску. Я заўсёды твой.
Крушынскі падзякаваў.
На шашу, ужо ведаючы збольшага дарогу, «масквічык» выграбся хутка.
– Дзіўны чалавек! – сказаў Стась доктару, усё яшчэ думаючы пра Крушынскага.
Доктар не абазваўся. Ён быў задуменны. Потым прамовіў – ці то да Стася, ці то самаму сабе:
– І ўсё ж яго недзе бачыў!
А калі – цяпер ужо злева – прамільгнуў паласаты слуп указальніка, доктар аж уздрыгнуў, ледзь шыю не скруціў, на гэты слуп азіраючыся.
– У вас блакноцік – можна, калі ласка? І ручку.
Стась адчыніў бардачок, падаў. Скасіўшы вочы, ўбачыў, што доктар запісвае – «Вялікая Паляна, 4 км». Стасю здалося, што ў доктара падрыгваюць рукі.