355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 12)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел XXX

Вяртанне Крушынскага. – Хлопцы ходзяць героямі. – «Легалізацыя Вікі. – Дык ці была шкатулка з каштоўнасцямі? – Містыка. – «Сабака на сене». – Дзяўчынцы здаецца, што ўсё гэта сон.

Крушынскага выпусцілі тым жа вечарам.

Усё сяло толькі і гаварыла аб апошніх падзеях. Усе ведалі, што нейкія прахадзімцы з Мінска капаліся на магіле «афганца», шукалі нейкі скарб, нічога, канечне, не знайшлі, бо адкуль яму, гэтаму скарбу, было тут узяцца?

Усе таксама ведалі, што Крушынскага арыштавалі несправядліва, па нагаворы. Перажывалі за яго – як бы ўжо ён зрабіўся іхнім, вясковым. Бо і праўда – каму ён што кепскага рабіў, такі непрыкметны, ціхі? Да таго ж гэта менавіта ён некалі паставіў на магіле свайго сябра такі прыгожы помнік! За ўласныя грошы!

Аб гэтым расказаў людзям Цімаў бацька-ляснік. Самому лесніку было сорамна перад Крушынскім, ён збіраўся прыйсці ў леснічоўку прасіць прабачэння і на поўным сур'ёзе казаў сыну: «Падрыхтуй ты як-небудзь барадача свайго.», і збянтэжана чухаў патыліцу.

Аднак Цім і сам быў сярдзіты на Крушынскага. Навошта ён хлусіў ім пра спецслужбы, пра афганскую шкатулку, пра Васіля?.. Калі ўжо так карцела яму, дык мог бы і менш праўдападобную гісторыю выдумаць. І зусім не абяцанага матацыкла, якога ён цяпер, вядома, ніколі не атрымае, шкадаваў Цім. Не настолькі ён быў наіўны, каб спадзявацца на такі дарагі падарунак. Проста каму прыемна, калі цябе падманваюць, дык яшчэ так сур'ёзна, так грунтоўна, так дакладна?..

– Яго таксама можна зразумець, – апраўдваў Крушынскага Валік. – Ён правільна зрабіў. Падумай: цэлыя канікулы мы жылі гэтай тайнаю! А калі б ён проста прагнаў нас? Нічога не прыдумваючы? А так – ціквей было жыць.

Зрэшты, нават і ведаючы, што скарб – усяго толькі міф, прыдуманы Крушынскім, хлопцы пачуваліся героямі. Гэта ж менавіта яны раскрылі злачынства; міліцыі толькі заставалася арыштаваць віноўных! Гэта ж менавіта яны мала таго, што ўратавалі ад турмы Крушынскага, дык яшчэ і памаглі «легалізаваць» Віку. Цяпер дзяўчынцы не трэба было хавацца. Усё проста. Са слоў Ціма з Валікам вяскоўцы ўжо ведалі, што яна – пляменніца Крушынскаму, прыехала да яго з Гомеля на канікулы. Пажыве крыху, ды і паедзе.

– А што: гэтага доктара, і таго, другога, хто з ім быў – у турму пасадзяць? – пацікавілася Віка ў Крушынскага.

Быў позні вечар. Крушынскі сядзеў на сваім любімым месцы – перад грубкай, і пакурваў у комін.

– Гэтых? – рассеянна перапытаў ён. – Ды не, наўрад ці. Суд улічыць і матывы, і нанесены ўрон, і гатоўнасць кампенсаваць гэты ўрон, і характарыстыкі на іх, і раскаянне. Упэўнены – выкруцяцца яны!

Забягаючы наперод, скажам, што Крушынскі як у ваду глядзеў. Так і атрымалася. Не падмануў зяця Ігара знаёмы юрыст, усё сышло аферыстам з рук, лёгкім перэпалахам абыйшлося; хаця ў Ігара і былі вя-я-лікія непрыемнасці па службе!..

– А шкада, – прамовіла Віка. – Шкада, што гісторыя з афганскай шкатулкай усяго толькі легенда. Выдумкі!

Крушынскі сядзеў прыгорбіўшыся. Маўчаў. Часта зацягваўся цыгарэтаю. Віка ўважліва паглядзела на яго. Раптам неверагодная здагадка цюкнула ёй у галаву. Толькі жанчына можа ўгадваць такія рэчы (а не Цім з Валікам; яны адразу паверылі, што ніякага скарбу не было!).

– Ці… гэта не легенда? – прашаптала Віка.

– А ты як думаеш? – павярнуўся ён да яе.

– Я магу і памыляцца… Але думаю, шкатулка існавала. Ты даўно забраў яе. Яшчэ калі ставіў на магіле помнік.

Віка сказала, а сама сцялася ўнутрана. Ёй страшна было, што рассмяецца зараз Крушынскі, альбо проста агрызнецца: «Ды колькі можна?! Як мне ўсё гэта надакучыла?!»

Не засмяяўся. Не агрызнуўся.

– Гэта было вельмі лёгка зрабіць, – толькі і сказаў вінавата і ціха. – Помнік тры дні ставілі. Раствор, бетон, крошка, там падкапаць, там падважыць. Вось я і выбраў адну ноч… Нават рабочыя нічога не заўважылі.

– І ты… ўсё патраціў?! За гэтыя пятнацацць гадоў?!

– Не паверыш, але амаль што нічога.

– Дык шкатулка ў цябе?

– Яна схавана ў надзейным месцы. Я, Віка, калі б нават і захацеў, дык нічога не змог бы патраціць.

– Як… гэта?

– Так. Гэта не мае каштоўнасці. Яны не прыносяць мне шчасця, – сур'ёзна гаварыў Крушынскі. – Проста містыка нейкая! Праўда: за гэты час я паверыў і ў Бога, і закляцці, і ў забабоны, і ва ўсё замагільнае, нерэальнае. Ды тут любы на маім месцы паверыў бы. Гэта праклятыя каштоўнасці, Віка! Я не магу імі распраджацца, не магу траціць іх на сябе, а яны не адпускаюць мяне! Ведаеш выраз сабака на сене? Вось так і я! Як ланцугом якім да гэтага месца прыкуты! Як вартаўнік, што павінен быць заўсёды побач!

– А ты… спрабаваў іх траціць?

– Яшчэ і як спрабаваў. Але ўсё ператваралася толькі ў шкоду мне.

– І што, аніяк немагчыма ад іх пазбавіцца? – спытала яна спагадліва. – Ну, аддаць каму-небудзь… Хіба мала знайшлося б ахвочых?

– Пасылкаю паслаць, як Бэндэр пасылаў свой мільён камісару фінансаў? – пасміхнуўся Крушынскі. – Пазбавіцца, аддаць іх, канечне, можна было б… Вось толькі ці аддадуцца яны? Ці захочуць яны ў чужыя рукі аддавацца? Вельмі і вельмі сумняваюся!

– У мяне, дарагая Віка, крыху іншы план, – працягваў Крушынскі. – Здаецца, толькі цяпер я пачынаю штосьці разумець. Цяпер – калі ты ў мяне паявілася. Помніш, некалі я казаў, што цябе, можа, сам Бог прыслаў – як збавенне мне, як падказку выбару далейшага шляху? Дык вось: калі я пачаў, прабач, траціць сёе-тое на цябе. Вось тут грошы слухаюцца! Вось тут усё ідзе нармальна! Нібы нейкі сігнал паступае, нейкі званочак звініць – усё правільна, ты, Крушынскі, робіш тое, што трэба! І таксама было, калі я штомесяц пасылаў грашовыя пераводы бацькам «афганца»; звінеў той жа «правільны» званочак, усё ішло ў мяне добра і душа была больш-менш спакойная! Дык, можа, у гэтым справа?

Крушынскі не сцвярджаў, ён раіўся з Вікай, як з дарослаю.

– Як ты думаеш? Можа, закляцце з гэтых каштоўнасцей здымаецца менавіта так: не на сябе трэба іх траціць, а на іншых? На тых, каму каму гэтыя каштоўнасці неабходныя, хто мае ў іх сапраўдную патрэбу.

– Як… я, напрыклад? – сказала Віка, гледзячы ў падлогу.

– Як ты, напрыклад, – пацвердзіў Крушынскі. – Няўжо ты думаеш, што лёс звёў нас выпадкова?..

Дзяўчынка слухала і не ведала, верыць усяму гэтаму, ці не. Яна так мала чаго ў жыцці бачыла. Для яе нават тая звычайная гомельская двухпакаёўка, дзе яны з Крушынскім трое сутак пражылі, здавалася нейкім незямным цудам, ледзь не вяршыняю чалавечага шчасця. І раптам – такое! Шкатулка, незлічонае багацце – і ўсё гэта ў рэальнасці!

І Крушынскі, якога яна лічыла добрым сваім геніем, анёлам-уратавальнікам – адзіны, каму гэтае багацце належыць! Здавалася б, жыві не хачу. Аж не! Варта было яму толькі ўзяць у рукі гэтую «загавораную» шкатулку, як зараз-жа, з гэтага моманту і наступіла расплата – немагчымасць сваім багаццем пакарыстацца. Сабака на сене. Горш не прыдумаеш!

У дзяўчынкі кружылася галава. Ды ці не сон гэта?! Ці не прачнецца яна зараз – і ці не ператворыцца тады гэтая лясная хацінка, што зрабілася ёй ужо як бы роднаю, у сырую пракураную камуналку, герой-«афганец» Барыс Крушынскі – у азызлага, налітага гарэлкаю айчыма, які вярнуўся пасля чарговай адсідкі, а яна сама, Віка, у ранейшую, мурзатую, затурканую і няшчасную дзяўчынёху, якой проста прысніліся ўсе гэтыя прыгоды?.. І як жа страшна будзе прачынацца. Замест прыгожай, фантастычнай казкі – безвыходная, безнадзейная шэрасць, замест жмені каштоўных камянёў – заціснутае ў брудным кулачку бананавае лупінне.

Эпілог

Здзіўленне бабулек каля пад'езда. – Кватэра. – Крушынскі выяўляе сябе як практычны чалавек. – Чорная жамчужына. – Аб чым стукаюць колы?

Надышла вясна. Быў канец красавіка. Даволі моцна падпякала сонца і асабліва адчувалася гэта ў горадзе, нават тут, у кампактным, утульным старым раёне Гомеля, дзе амаль кожны дворык, створаны з пяціпавярховых «хрушчовак», патанаў у зеляніне клёнаў і ліп. На клумбах, газонах – скрозь, дзе не было вытаптана, усё жаўцела дзьмухаўцамі, гэтымі маленькімі копіямі сонца, гэтымі пасланнікамі неба на зямлю, гэтымі прадвеснікамі скорага лета.

Да адной з «хрушчовок» ціха падкаціў блакітны «мэрсэдэс». Бабулькі, што ўрадок сядзелі на лаўцы каля пад'езда, насцярожыліся. З «мэрса» выйшаў высокі, плячысты, добра апрануты і чыста паголены мужчына. Крыху бракаваў яго знешнасці толькі доўгі крывы шнар на ўсю шчаку. Мужчына адчыніў заднія дзверцы і памог выйсці адтуль дзяўчыне, ці нават дзяўчынцы – танклявай, вельмі прыгожай і коратка падстрыжанай; хутчэй за ўсё (падумалі бабулькі) дачцэ.

Потым з машыны выбралася бабуля, на выгляд яшчэ старэйшая за тых, што сядзелі на лаўцы. Мужчына хацеў і ёй дапамагчы, але яна спалохана схавала рукі за спіну. У «мэрсе» застаўся толькі мужчына за рулём.

Дзіўная працэсія зайшла ў пад'езд.

Першым па лесвіцы падымаўся Крушынскі, следам – маці Вікі, якую яны толькі што забралі з бальніцы-«начлежкі»; апошняю ішла Віка. Дзяўчынка толькі цяпер пачынала здагадвацца, што за сюрпрыз сабраўся зрабіць ёй з маці Крушынскі. Але, баючыся памыліцца, усё яшчэ верыла не да канца.

Спыніліся на трэцім паверсе, перад металёвымі дзвярыма ажно з двума «вочкамі». Крушынскі адчыніў замок ніжні, адчыніў верхні. Усё гэта крыху нагадвала адмыканне сейфа. Увайшлі ў кватэру. Памяшканне было падобнае на офіс або на гатэльны нумар. Вельмі светла. Даволі прасторна. Нічога лі шняга. Белыя шпалеры і чорныя мэбля.

– Сядайце, калі ласка, – Крушынскі мякка ўзяў жанчыну за локаць і падвёў да канапы.

Жанчына свабодна сесці не адважылася; прыткнулася на самым краечку. Было відаць, яна абсалютна не разумее, што ж тут адбываецца.

Віка стаяла каля камп'ютэрнага століка. Крушынскі падыйшоў да яе. Узяў са століка тэчку з паперамі.

– Віка, тут усё, што трэба. Гэтая кватэра вашая. Тры пакоі, еўрарамонтам праробленыя ў чатыры. Кухня, ванная, дзве лоджы, лядоўня, тэлевізар, камп'ютэр, мэбля на першы час. Словам, разбярэшся.

– Што… усё гэта значыць, Крушынскі?

– Кватэра прыватызаваная, гэта ваша з маці ўласнасць, – не слухаючы дзяўчынку, казаў ён. – Вось ордэр.

Адна паперка легла на стол.

– Як… табе гэта ўдалося?!

– Я забраў пашпарт тваёй маці, – растлумачыў Крушынскі. – Помніш, калі мы прыязджалі зімой? І хадзілі. ну, у бальніцу? Дарэчы, вось ён.

Паклаў на стол пашпарт.

– Вось табе, – зашамацела яшчэ адна паперка, – даведка, што з восені ты залічана ў гімназію. Адна з лепшых! – паспешліва дадаў ён, нібы напярод баючыся спрэчкі. – Платная, з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы і літаратуры!

– Дзякую…

– Вось даведка, што ўсё заплачана да канца вучобы.

Яшчэ два дакументы – з рознымі круглымі, квадратнымі і трохкутнымі пячаткамі – ляглі на стол. «Договор в пользу третьего лица» – ухапіла вачыма Віка.

– Вось гэта, глядзі, – гэта самае важнае… Копія дамовы банкаўскага ўкладу на тваё імя. Пакуль табе не споўніцца чатырнаццаць, працэнты будзе атрымліваць маці. А з наступнага году – ты.

– Ко… колькі? – спытала Віка, заліўшыся чырванню.

Аднак Крушынскі не здзівіўся пытанню.

– Гэта вылічваецца проста. Пакладзена ў банк тры тысячы даляраў, так? Пятнаццаць адсотак у год. Падай, калі ласка. ручку. Дзелім на дванаццаць месяцаў. Так! А тое, што атрымалася – на 1, 25… Атрымоўваем каля трохсот, – падняў на Віку вочы Крушынскі, – даляраў. Думаю, з вас хопіць.

Дзяўчынка адвярнулася.

– Крушынскі… Няўжо гэта праўда? Тое, што цябе. так душаць чужыя грошы? І ты так хочаш пазбавіцца ад іх?

– А ты не разважай па-даросламу, – параіў ён. – Табе не пасуе. Як мне мая барада некалі. Ну, усё!

Ён падняўся. На твары яго блукала ўсмешка, а вочы былі сумныя.

– Паеду; трэба яшчэ Ціму купіць матацыкл… Зялёнага колеру.

– Ты раскажаш ім, ну, Ціму з Валікам, пра ўсё? – спытала Віка і чамусьці азірнулася на маці.

– Не, канечне.

– Разумею… Пачакай! – усклікнула яна, калі Крушынскі пакіраваўся да дзвярэй. – Мы што, вось так. і растанемся?!

Ён усё пасміхаўся разгублена. Сам не ведаў, як трэба паводзіцца ў такіх выпадках.

– Чаму растанемся? Мы ж ведаем адрасы… Ведаем, дзе адзін аднаго шукаць.

– Ты і праўда вырашыў вяртацца? Можа, пажывеш тут хоць тыдзень, ці два? – без аніякай надзеі спытала яна.

– Паеду, – сказаў ён. – Не адпускае…

Віка зразумела, што гэта «афганец», авальны партрэт хлопца на помніку не адпускае Крушынскага.

– Пачакаем! – бадзёра сказаў ён. – Можа, і адпусціць. Калі-небудзь. Ну, ну, Віка! Не ўздумай плакаць!

– Хай хутчэй адпускае, – прамармытала яна, выціраючы вочы. – Якраз і я падрасту. І калі адпусціць – прыходзь! У любы час дня і ночы. Я буду думаць пра цябе. І чакаць.

Раптам Крушынскі ўспомніў штосьці і хутка засунуў руку ў кішэнь.

– Ледзь не забыў. Табе, на памяць, – паклаў на стол маленькі, малахітавага колеру футарал і выйшаў, не развітваючыся, ляпнуўшы за сабою дзвярыма.

У футарале ляжала чорная гарошына. Густа-цяжка-ртутная, як кропля акамянелай нафты. Апраўленая ў тонкія карункі срэбра – і на срэбным танюсенькім ланцужку. Гэта была чорная жамчужына, самая рэдкая ў свеце, якую здабываюць толькі ў адным месцы ў Паўднёвай Афрыцы.

Блакітны «Мэрсэдэс» з шыкам даставіў Крушынскага да вакзала. Яшчэ праз гадзіну цягнік «Гомель – Гродна» адправіўся ў сухапутнае падарожжа па Беларусі. Крушынскі сядзеў адзін у чатырохмесным купэ.

«Ча-каць! Ча-каць! Ча-каць!» – старанна, упарта выстуквалі колы.

Тое ж самае застаецца і нам з вамі, шаноўныя чытачы.

Чакаць. Чакаць!

І верыць, што і ў герояў аповесці, і ў нас з вамі ўсё будзе добра. Усе іхнія і нашыя мары рана ці позна абавязкова спраўдзяцца. Дзе-небудзь, калі-небудзь.

Мінск, 2001 г.

Апавяданні
Цугцванг [4]4
  У шахматнай гульні – становішча, пры якім супернік вымушаны рабіць нявыгадны для сябе ход.


[Закрыть]
I

Грамадзянін следчы!

На ўчарашнім допыце Вы зачыталі мне новую заяву грамадзяніна Віталя Крывіцкага, які праходзіць па маёй справе як пацярпелы. Такім чынам да абвінавачвання мяне ў "нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў" дадаецца яшчэ адно: грамадзянін Крывіцкі абвінавачвае мяне ў "наўмысных дзеяннях", што нібыта прывялі да смерці яго дзядзьку, "пенсіянера Крывіцкага Івана Адамавіча, з мэтай завалодання маёмасцю нябожчыка".

Вы, грамадзянін следчы, прапанавалі мне яшчэ раз усё падрабязна ўспомніць і запісаць. "Толькі праўду", – сказалі Вы. Нібыта мне застаецца штосьці іншае! Яшчэ Вы сказалі, каб я пастараўся не забыцца нават драбязы, бо на судзе кожнае нязначнае, здавалася б, слова можа быць павернута як за, так і супраць мяне.

Грамадзянін следчы!

Я даўно здагадваўся, што справа не скончыцца адно канстатацыяй факту "нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў" Крывіцкаму, здагадваўся, што рана ці позна гэтую гісторыю давядзецца адкруціць назад. Таму я быў падрыхтаваны. Але прашу ўлічыць, што пасля ўчарашняй гнюснай заявы Крывіцкага я не магу прыйсці ў сябе, мае паказанні могуць атрымацца задужа шматслоўнымі, я магу заблытацца ў адступленнях і прапусціць штосьці важнае.

Акрамя таго я ўпэўнены, грамадзянін следчы, – гісторыя падасца Вам неверагоднаю.

Аднак я буду пераказваць яе як ёсць; ні выдумляць, ні апраўдваць сябе, ні чарніць кагосьці цяпер мне не мае сэнсу.

Таксама лічу сваім абавязкам паведаміць: у камеры, дзе я нядаўна знаходзіўся і адкуль мяне перавялі ў сувязі з новым абвінавачваннем, пра Вас, грамадзянін следчы, так добра адзываліся, лічылі Вас чалавекам справядлівым. І мне чамусьці здаецца, што Вы мне паверыце.

II

Пачалося ўсё, грамадзянін следчы, з піва і… шахматаў. Аднак па парадку.

20 верасня 199* года, г. зн. амаль шэсць месяцаў назад, прыкладна каля 16 гадзін я выйшаў з Дома быту, што на Маскоўскай, і на прыступках станцыі метро "Інстытут культуры" выпадкова сустрэў свайго даўняга знаёмага, пазней пацярпелага, Крывіцкага Віталя. (У Доме быту я забіраў адрамантаваны парасон).

З Крывіцкім мы некалі разам вучыліся ў адной групе ва ўніверсітэце. Ніякага сяброўства паміж намі не было і не магло быць – я заўсёды лічыў, што гэты хлопец крыху недапечаны. З другога курса яго выгналі за поўную непрыгоднасць да вучобы (як ён увогуле патрапіў ва універсітэт і пратрымаўся цэлы год – так і засталося для ўсіх загадкаю). Разоў колькі ён яшчэ заходзіў у інтэрнат, пасля недзе знік і мы не бачыліся гадоў дзесяць. Пра яго я чуў рознае: ці то выгадна ажаніўся з мінчанкаю, ці то з'ехаў у вёску, ці сядзіць у турме, ці то страшэнна разбагацеў і цяпер за мяжою… Усё выглядала праўдападобным і дапасоўвалася такога кручанага чалавека, як Крывіцкі.

Тады, каля метро, я зусім не пазнаў бы яго, каб ён не абазваўся першы. Я нават забыў, як яго завуць, і спярша, звяртаючыся да яго, знарок няўцямна мямлі ў штосьці сярэдняе паміж Уладзімірам і Уладзіславам.

Мы перакінуліся параю звычайных у такіх выпадках слоў: што ды як? Крывіцкага, помню, уразіла і чамусьці насмяшыла, калі я не без гонару сказаў, што вось зноў вучуся – на платных курсах па маркетынгу і менеджменту.

– Лухта! – гучна заявіў Крывіцкі (ён і раней не ўмеў гаварыць спакойна). – Грошы выкінеш – а толку? Вось скажы – што толку? Ведаеш, колькі цяпер такіх "менеджменаў", як ты?

Я не ведаў. Я бачыў толькі, што гэтыя дзесяць гадоў даволі моцна змянілі майго колішняга аднакурсніка знешне, але ніяк не духоўна. Ён застаўся такім жа пустым, нецікавым гарлапанам, як і быў.

– Ну, а ты?

– А што я? – крычаў мне, як глухому, Крывіцкі і шморгаў мяне за рукава курткі – яшчэ адна яго даўняя невыносная звычка. – Купі-прадай, жыві не хачу! Вольны казак! Пазаўчора з Германіі вярнуўся, хацелі машыну прыгнаць, ды паліцыя тармазнула, ледзь адмазаліся!.. Паліцаі, разумееш? У нас міліцыя, а там – паліцыя. А то ў Бельгіі яшчэ быў выпадак, таксама з паліцыяй звязаны…

Я яшчэ раз агледзеў яго. Што й казаць – важны еўрапеец: схуднелы няголены твар, выпетраныя вусны, доўгія, да плеч, валасы, паношаная скураная куртка, джынсы, красоўкі – усё паношанае, але, праўда, чыстае.

Трэба было развітвацца, вядома, і хутчэй уцякаць ад яго. Тым больш мяне яшчэ чакалі сто спраў. Але я чамусьці не развітваўся і не ўцякаў.

Упэўнены, што кожны, у тым ліку і Вы, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці траплялі ў падобную сітуацыю. Бывае, увесь дзень распісаны проста па хвілінах, усюды рвешся паспець, з тым пабачыцца, таму патэлефанаваць… І раптам сустракаеш якогась няважнага, непатрэбнага табе чалавека, з якога – цвёрда ведаеш – ні цяпер, ні пазней табе не выйдзе аніякае карысці. Але вось жа, як чорт пад руку штурхае, плюеш на ўсе планы і гробіш з ім такія каштоўныя, незваротныя хвіліны, гадзіны, а то і дні.

Ды і словы яго, прызнаюся шчыра, – "лухта твая вучоба", "што толку?" – звычайныя банальныя словы, якія мог бы сказаць любы з гэтага натоўпу, што віраваў вакол нас, – прыйшліся неяк акурат да часу, запалі ні з таго ні з сяго ў душу… А сапраўды, навошта ўсё?.. Куды я бягу, куды лячу?.. Жыццё кароткае – імгненне, не болей… Мне хутка трыццаць, а што я маю, хоць вечна некуды імчуся? Сям'і няма, кватэры няма, грошы, якія цягну з бацькоў ці падзарабляю абы-дзе, ляцяць направа і налева… Ці акупіцца калі-небудзь усё гэта? Аніякай гарантыі…

Словам, мною раптам апанавала тая самая славутая "славянская філасофія" – абстрактная, бясплодная, пазбаўленая практыцызму, філасофія, якая еўрапейцу ці якому-небудзь амерыканцу, мабыць, і ў сне не сніцца.

– Замялі нас, значыць, у Бельгіі,– крычаў Крывіцкі, – пасадзілі, само сабою, у каталажку…

– Не крычы так, калі ласка.

– А, прабач! – сумеўся ён. – Слухай, – вінавата паляпаў па кішэнях, – у цябе не знойдзецца пару тысёнцаў на метро?

"Вось табе і Бельгія, вось табе і Германія, – падумаў, помню, я. – Так і ведаў, што скончыцца ўсё просьбаю на талончык ці жэтон".

– Я аддам, даю слова! Зматаюся ў Польшчу ці ў Германію, прыганю машыну…

І вось тут, грамадзянін следчы, я зрабіў яшчэ адну, ці не галоўную, памылку – я пашкадаваў гэтага пустамелю. Я бачыў, што ён рады нашай сустрэчы, рады, што я даю яму ўвагу; я адчуваў, здагадваўся, што ехаць яму ў прынцыпе няма куды, што нідзе яго асабліва не чакаюць.

– Можа, па піву? – першы прапанаваў я, прыкідваючы, колькі грошай са мною і якую частку з іх можна патраціць.

Ён толькі моўчкі, як адданы сабака на гаспадара, зірнуў на мяне.

Мы адышліся да піўнога кіёска, што на рагу Маскоўскай, узялі па куфлі піва, прыселі за незаняты столік.

– Дык чаму табе смешна, што я вучуся? – усё ж карцела мне даведацца. – Цяпер многія пайшлі перавучвацца.

Крывіцкі адвёў руку з куфлем і здзьмухнуў на газон густую пену:

– Век жыві, век вучыся – усё адно дурным памрэш. Так завяшчаў вялікі Ленін, так вучыць камуністычная партыя, – дадаў ён і засмяяўся, запрашаючы смяяцца і мяне, нібы выдаў не чарговую банальшчыну, а расказаў дасціпны анекдот.

Я спытаў, ці ёсць хоць нейкая доля праўды ў тых чутках, што пра яго хадзілі? У сэнсе турмы, жаніцьбы з мінчанкаю і таму падобнае.

Крывіцкі яшчэ больш ажывіўся:

– Чаму чуткі? – і распавёў, як пра нешта зусім будзённае, некалькі эпізодаў сваёй бурнай біяграфіі.

Так, быў жанаты з мінчанкаю, нават і цяпер, пасля разводу, яшчэ жывуць разам на кватэры ў яе бацькоў; паспытаў і турмы, адсядзеў колькі месяцаў – "па дурасці, за аліменты!"; сапраўды, збіраўся быў назаўсёды з'ехаць у вёску, але замест гэтага падаўся за мяжу – "праз Польшчу ў турнэ па Еўропах, аўтастопам, ды паліцаі каля Страсбурга тармазнулі!..»

Ён забыўся, што я прасіў гаварыць цішэй, і зноў амаль крычаў і размахваў рукамі. З-за суседніх столікаў на нас азіраліся.

А я слухаў і не ведаў, верыць яму ці не. Проста не ўкладвалася ў галаве, як чалавек майго веку пасля столькіх прыгодаў умудрыўся так і не набыць сталасці, сур'ёзнасці, урэшце элементарнага розуму…

Мы паўтарылі "па піву", потым я (не ведаю, чаму) купіў па «сотцы» гарэлкі і адзін на двух «бутэрброд» – лустачку хлеба з іржавымі скурчанымі долькамі селядца зверху. Крывіцкі дастаў з кішэні ножык, разрэзаў «бутэрброд» напал, акуратна выцер лязо сурвэткаю.

"Вось табе і ўсё турнэ па Еўропах", – ізноў падумаў я, назіраючы за ім. Але падумаў лена, без аніякіх эмоцый.

Я ўжо змірыўся, што на гэтым не скончыцца, што наперадзе яшчэ цэлы вечар, – адзін з тых «вясёлых», а на самой справе бесталковых, ні на што растрачаных вечароў, згадка пра якія дзён колькі мучыць і не дае спакою, раздражняе, як боль фізічнай траўмы, а потым усё наглуха забываецца, насуха выціраецца з памяці.

– О, ідэя! – прачытаў мае думкі Крывіцкі. – Даўно я не быў у Адамавіча свайго – пайшлі? Купім пляшку, у Адамавіча можа закусіць знойдзецца…

Я зразумеў, што да ўсяго Крывіцкі яшчэ проста галодны.

– Што за Адамавіч? – спытаў я.

– Як лепш растлумачыць… Ну, Адамавіч, во такі дзед, я вас пазнаёмлю. Комік першай гільдыі!

– Хто ён табе?

– Адамавіч? Вось дапусцім, у цябе бацька, так? Брат бацькі твайго бацькі, ці як гэта… Дзед, словам. А можа, дзядзька, не ведаю. Дык пайшлі, тут побач, на Фабрыцыуса!

Вось так, грамадзянін следчы, дзякуючы чалавеку, якому я пазней нанясу "лёгкія цялесныя пашкоджанні", я патрапіў да чалавека, у смерці якога мяне абвінавачваюць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю