355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 6)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел XII

Стары знаёмы – доктар Пратасевіч. – Успомніў! – Кароткая біяграфічная даведка. – Сумная старасць.

– Ну, канечне! – усклікнуў доктар, стукаючы сабе ў лоб сагнутым пальцам.

Нарэшце ён успомніў, дзе мог бачыць гэтыя пільныя, не па гадах разумныя вочы, чуць гэты крыху шапялявы голас. Ну, вядома!

Успомнілася доктару даўняя падмаскоўная вясна, Падольскі шпіталь для ваенных, рэабілітацыйная палата, скалечаны «афганец», які памёр, бедны, адразу пасля аперацыі. Усе дактары ведалі, што не жыць яму – так і адбылося. Дык вось, сябар-зямляк, што прыходзіў з суседняга корпуса і «афганца» даглядаў, і ёсць сённяшні таямнічы барадач!

Успомніў доктар – успомнім і мы доктара. Перанясемся ў пачатак аповесці, калі расчыняюцца дзверы ў палату і з'яўляецца… Так, так – стары наш знаёмы доктар Пратасевіч! Які быў накіраваны з Мінска ў Падольск на «курсы падвышэння кваліфікацыі», які ўсё хваліўся, што з Беларусі родам і памагаў землякам; той самы, які аднойчы прынёс скалечанаму «афганцу» магнітафон «Вясна» (ні сном ні духам не ведаючы і не здагадваючыся, колькі няшчасця прынясе яму ў далейшым гэты касетнік!).

Нічога дзіўнага, дарагія чытачы, калі вы не адразу разгадалі, што малайцаваты гаманкі доктар з Падольскага шпіталя і сухенькі, жыццём пакамечаны дзядок, якога вазіў у сваю леснічоўку Крушынскі – адзін і той чалавек. Апошнія пятнаццаць гадоў моцна змянілі нашага доктара. Ён быў ужо на пенсіі. Жыў сумна і адзінока, без сяброў, без знаёмых, у звычайнай хаце ў цэнтры вялізнага двухмільённага горада. Горад усё большаў, разрастаўся – і ўшыркі, за кошт акраінаў, і ўвысь – будуючы шматпавярховыя дамы. А пра Грушаўку, гэты «анклаў» у самым цэнтры, нібы забыліся. Як і на людзей, што тут жывуць, як і на яго, старога доктара. Па першым часе, калі, выдаўшы замуж дачку, Пратасевіч застаўся адзін, ён усё спадзяваўся, што неўзабаве гэтыя хаты знясуць, і атрымае ён кватэру, хай сабе невялічкую. Тады былі б пярэбары, пераезд, улазіны, розная будаўнічая мітусня, новыя суседзі. Усё было б весялей! Але ішоў год за годам. Нічога не мянялася. Хаты не зносілі. І цяпер доктар даўно ўжо нічога не чакае.

Давайце ж, дарагія чытачы, хоць мы з вамі яго адведаем. Пабудзем з ім якіх хвілін пяць у гэтым кароткім раздзельчыку – пацерпім!

І так – пасля таго, як звазілі нашага доктара Пратасевіча ў лес на «экскурсію», а потым заплацілі даляры і прывезлі пад самыя веснічкі назад, ён нарэшце успомніў, дзе мог бачыць барадача. Успомніў ён і яшчэ сёе-тое. Цяпер яму карцела падзяліцца сваім адкрыццём. Але каму такое скажаш? Хіба што зяцю Ігару.

Доктар Пратасевіч сядзеў за пустым сталом у пустой хаце і, чакаючы вечара, то пазіраў на гадзіннік, то проста ў вакно, на двор. Было ўсяго тры гадзіны дня, а зяць Ігар будзе дома не раней пяці.

На двары, якраз насупраць вакна, доктар Пратасевіч бачыў калінавы куст. Ён быў абсыпаны снегам і здаваўся круглым, як шар. І сярод гэтага снегу штось чырванелася: ці то гронкі ягад, ці то снегіры прыляцелі. А можа, і тое, і тое – снегіры ласуюцца ягадамі. Як хутка праляцела жыццё, – думаў доктар Пратасевіч, – гэта ж ёсць недзе фотаздымак, яго маленькая дачка пад гэтым калінавым кустом. А цяпер і яна даўно дарослая, і ў самой ужо дзіця.

Было, было ад чаго задумацца доктару! Усё правільна – жыццё прамільгнула амаль без следу!

Так атрымалася, што камандзіроўка ў Маскву стала для яго апошняю. За гэтыя паўтара дзесяцігодзьдзі змяніўся не толькі ён. Увесь звыклы, ранейшы свет пабурыўся, як домік з пяску, а разам з ім, з тым «старым светам», скончылася і кар'ера доктара Пратасевіча. Маладзейшыя, спрытнейшыя калегі ўмомант скемілі, што ўрачэбная справа – адна з самых прыбытковых, таму ў ёй лепш абыходзіцца без канкурэнтаў. У гэтай барацьбе за выжыванне доктар Пратасевіч прайграў. Ён апынуўся сярод няўдачнікаў. Як толькі яму стукнула шэсцьдзесят, яго проста звольнілі з ваеннага шпіталю, нічога не тлумачачы.

Зберажоных грошай хапіла на тое, каб вывучыць дачку, выдаць яе замуж і пабудаваць ёй з зяцем двухпакаёвую кааператыўную кватэру.

Сам доктар Пратасевіч не адразу апусціў рукі. Спачатку ён спрабаваў трохі рыпацца. Хадзіў па розных фірмах, прасіўся хоць лабарантам у розныя медыцынскія ўстановы… Не бралі – стары, тут маладыя без працы. Спрабаваў практыкаваць «на даму», кустарным чынам. Нічога з не выйшла. Пацыенты ішлі лячыцца да тых, хто не скупіўся на прывабную рэкламу, а якая рэклама магла быць у доктара Пратасевіча? Ад рукі напісаная, убогенькая абвестка (з махрой тэлефонных нумаркоў знізу), прыклееная на шчыце тралейбуснага прыпынку – паміж «Здыму кватэру» і прапановай пахудзець хутка і эфектыўна.

Доктар Пратасевіч здаўся. Цяпер яму ўжо і ўспамінаць не хацелася, што і ён жа некалі быў малады, удачлівы, перспектыўны, што яго паважалі – талент, казалі, залатыя рукі! Хто б тады мог падумаць, што такая будучыня чакае яго! Цяпер з кожным годам ён усё менш і менш разумеў, што адбываецца навокал. Гэта раней, у часы яго маладосці, ды і сталасці, усё было ясна. Працуй, старайся! Калі пашэнціць, можаш выбіцца ў начальнікі, а гэта значыць большы аклад. Жыві сабе ціхенька, складай рублі ў панчоху, ці ў касу на кніжку кладзі. Цяперашнія маладыя, нябось, і слоў такіх не ведаюць – «ашчадная кніжка».

Цяпер доктар Пратасевіч жыў на адну пенсію. І тую эканоміў, стараўся не траціць ніводнай лішняй капеечкі, каб потым аддаць унуку. Ні перад кім больш, ні перад дачкой, ні перад зяцем яму не было так сорамна за сваю беднасць, як перад любімым Ігаркам. На яго ж, Ігарка, ішлі ўсё падзаробкі. Былі яна, праўда, вельмі рэдкія, выпадковыя – як вось сёння з гэтым барадачом.

Што й казаць, пашэнціла сёння! Пяцьдзесят «зялёных» за пару гадзін. І не толькі гэтае! Галоўнае, што вёска называецца Вялікая Паляна!

Пра апошняе доктар Пратасевіч стараўся знарок не думаць. Адцягваў да вечара, калі ўбачыць зяця Ігара. Уяўляў, які твар у яго зробіцца, калі ён пачуе гэтую проста неверагодную гісторыю!

Раздзел XIII

Паход да зяця Ігара. – Няўдачнік. – Філасофскі настрой доктара Пратасевіча. – Пяцьдзесят даляраў. – Настальгія. – Ізноў усплывае магнітафон «Вясна». – Завязка дэтэктыву. – Старая касета, якая неўзабаве крута зменіць ход аповесці.

Роўна ў пяць доктар Пратасевіч стаяў перад дзвярыма зяцевай кватэры і націскаў кнопку званка.

Зяць толькі што прыйшоў, не паспеў нават пераапрануцца. У сваім чорным, расшпіленым пінжаку і белай кашулі без гальштука, поўненькі і невысокенькі, ён быў падобны на пінгвіна.

Старонячыся, каб упусціць цесця ў пярэднюю, зяць спытаў:

– Здарылася што? Вы не тэлефанавалі…

– Нічога не здарылася. Проста зайсці вырашыў. Пасядзець, пагаварыць.

Доктар казаў гучна і смела, бо ведаў, што ў кватэры больш нікога няма. Уласнай дачкі ён пабойваўся. Звычайна яна не адабрала бацькавых знянацкіх візітаў. Ды і сам доктар ведаў, што толькі раз на месяц яму тут радыя – калі прыносіць зберажоную пенсію. Але сёння дачка працавала ў другую змену, з'явіцца толькі гадзіны праз дзве. А ўнук Ігар – на курсах англійскай мовы.

– Ідзіце на кухню, раз прыйшлі, – вяла прапанаваў цесцю зяць.

Для доктара Пратасевіча заўсёды было загадкай, чым Ігар займаецца? Нібыта працуе, ці «состоит», як сам ён кажа, пры нейкім фондзе – пры адной з тых незлічоных, цьмяных арганізацый, якіх столькі распладзілася і якія бязліка-падобныя нават сваімі назвамі (.).

Так ці інакш, а толк ад зяцевай дзейнасці быў малы. Задуманасць і панурасць усё часцей гасцілі на яго твары.

Доктар прадыбаў на кухню. З сабою ён прынёс пакунак у цэлафанавым пакеце. Адразу бухнуў яго на стол.

– Што гэта? – спытаў зяць.

– Выпіўка, закуска…

– У пяць гадзін дня?! Ну і час вы знайшлі! Бачыце ж, я сам толькі што парог пераступіў! Галодны, не пераадзеты…

– Хіба ты жанчына, – пажартаваў цесць, – што табе трэба да стала вячэрнія строі?

Зрэшты, сёння, пасля паездкі ў лес, яго цягнула больш на філасофію, чым на жарты. Ва ўсім яму бачылася імклівая зменлівасць жыцця. Вось і гэты Ігар.

Пакуль зяць неахвотна, вельмі марудна пачаў збіраць на стол, цесць назіраў за ім. І дзівіўся пераменам. Здаецца, зусім нядаўна Ігар быў хударлявым, прыгожанькім, цёмна-русым, сарамлівым хлапчуком, якога шчаслівая дачка за руку прывяла да бацькі ў дом – на агледзіны.

Цяпер па кухні ляніва рухаўся паўнаваты мужчынка, з лысінай замест русявай густой чупрыны. Але галоўнае ўсё ж было не гэта, не знешні выгляд, а выраз твару. Адбітак нейкай абдзеленасці на ім. Так – чыталася на зяцевым твары – ну, вось такі я, не шэнціць мне, дык хіба я вінаваты, што не шэнціць?

Усё гэта было знаёма і самому цесцю. Ён адчуваў долю і сваёй віны – у тым, што не дужа ладзіцца жыццё ў дачкі з зяцем. Хаця што значыць не ладзіцца? Жывуць не горш не за ўсіх. Але не так, як хацелася б.

Канечне – зусім няблага было б, каб доктар Пратасевіч быў чалавек багаты! Як тыя пялегаваныя [2]2
  Дагледжаныя, выпешчаныя.


[Закрыть]
дзядкі з замежных серыялаў – розныя там плантатары, магнаты, фабрыканты-мультыміліянеры. Калі б жыў у апартаментах, меў вілу на беразе мора і з'яўляўся ўладальнікам акцыяў якой-небудзь нафтавай кампаніі. Тады іншыя былі б да яго і адносіны. Тады ён аўтаматычна рабіўся б паважаным цесцем для зяця, любімым бацькам для дачкі, мудрым, шчодрым дзедам для ўнука.

Мары, мары! Доктар уздыхнуў. Пакуль што замест кантрольнага пакета нафтавых акцый ён мог прапанаваць зяцю ўсяго толькі пяцьдзесят даляраў.

Што ён і зрабіў. Не ламаючыся, проста выцягнуў з кішэні дзве дваццаткі і дзве пяцёркі. Разгладзіў, паклаў на край стала. Падсунуў да зяця. Сказаў абыякава, нібы кожны вечар дараваў зяцю па пяцьдзесят даляраў:

– На вось, вазьмі, Ігарку што купіш.

І праўда – убачыўшы «зялёныя», ураз пасвятлеў зяць тварам. Разгладзіліся зморшчынкі на ілбе, нават голас змяніўся.

– Дзе вы ўзялі?

– Зарабіў сёння. Усяго за пару гадзін.

– Някепска! І як, калі не сакрэт?

– Зараз раскажу. Я таму і прыйшоў. Ты проста не паверыш.

– Пачакайце! – перабіў зяць. Кінуўся да лядоўні. – Бо што ж гэта ў нас за сухамятка. Катлеты разагрэем зараз.

Пакуль ён завіхаўся каля пліты, перачарочваючы на патэльні катлеты, доктар вырашыў не губляць часу, а ўжо цяпер расказваць – так карцела яму гэтая гісторыя.

– Дык вось: сёння ўраніцы – стук у дзверы. Што такое? Адчыняю – мужчына. Высокі, барадаты. Мне, кажа, да вас параілі звярнуцца як да вопытнага, прафесійнага (доктар падняў угару ўказальны палец) спецыяліста. Трэба з'ездзіць у адно месца і агледзець хворага. Вось вам аванс – выцягвае з кішэні скрутак даляраў і адлічвае дваццаць пяць. Ну, трэба, дык трэба! Я хуценька збіраюся, сакваяж у зубы. На вуліцы таксоўка чакае. Паехалі. Я думаў, блізка – дзе там! Хоць мне што, я ж за бензін не плачу. Тарабанілі кіламетраў сто пяцьдзесят – дзвесці ад Мінска, у сяло Вялікая Паляна.

Доктар уважліва паглядзеў на зяця і паўтарыў:

– Вялікая Паляна.

– Не чуў пра такую.

– Ну, канечне, табе гэтая назва нічога пакуль не кажа. Аднак пачакай! Завезлі мяне не ў сяло нават, а ў глухі лес. У малюсенькую хатку з адным вакном. Ні электрычнасці, ні радыё… Хворая дзяўчынка сядзіць у кутку на нейкім тапчане. Агледзеў я, абстукаў яе, заняло ўсё хвілін пятнаццаць. Гатова. Пяцьдзесят даляраў, плюс дастаўка туды і назад!

Доктар зглынуў сліну. Вельмі моцна пахла катлетамі. Нарэшце зяць паклаў на цэнтр стала драўляны кружок, на яго – гарачую патэльню.

Выпіўшы па чарцы, абодва падчапілі відэльцамі па катлеціне і дружна пачалі дзьмухаць на іх. Потым хвілін колькі на кухні чуваць было толькі чвяканне.

– Бывае, – прамовіў зяць, перабіўшы голад. – Цяпер многа такіх… як гэты ваш барадач… Знарок у аднапакаёўках жывуць, у лясных хатках, дарагіх машын не купляюць, апранаюцца бедненька. А капні глыбей – у кожнага тысячы, калі не мільёны! Даляраў, я маю на ўвазе.

– Ды не… Гэта барадач не падобна, каб быў багаты.

– А што за дзяўчынка? – пацікавіўся зяць, па другой наліваючы.

– Не ведаю. Ды справа тут не ў дзяўчынцы… Іншае цікава – барадач! Я, хоць і не адразу, але ўсё ж пазнаў яго! Некалі ён лячыўся ў Падольскім шпіталі, ляжаў у «афганскім» корпусе. Там мы і сустракаліся з ім.

– А-а, зразумела. Вось хоць бы і гэтыя «афганцы», – гнуў сваё зяць, – таксама паўладкоўваліся. Фонды розныя, арганізацыі, асацыяцыі… Фінансаванне, ільготы, якія ўсё падзяліць ніяк не могуць. Глядзелі па тэлевізары? У Маскве сярод белага дня на могілках узарвалася бомба, сярод «афганцаў», якія свайго хавалі!

– Не глядзеў, – адказаў доктар. – Ігар, такая справа. Я цэлы дзень сёння думаю: ці не даў я некалі маху? Ці не зрабіў я некалі вялікага глупства?

– Што такое?

– А вось паслухай. Нікому ніколі я гэтай гісторыі не расказваў. Па-першае, забыўся, па-другое, усур'ёз не ўспрымаў яе. Да сённяшняй сустрэчы з гэтым барадачом.

– Ну, ну – не цягніце!

– Гадоў пятнаццаць назад, гэта ты ведаеш, накіравалі мяне ад ваенкамата ў той самы Падольскі шпіталь.

І доктар коратка распавёў ужо вядомую нам перадгісторыю. Пра скалечанага, сляпога, без рук без ног «афганца», які паступіў у Падольск з Ташкента, пра тое, як ён апынуўся ў «лёгкай» палаце, як хворыя не любілі і пабойваліся яго, пакуль не знайшоўся яму з іншага корпусу таварыш, таксама «афганец», сержанцік – прыходзіў да яго кожны вечар, даглядаў.

– Ды вось! Прынёс я неяк гэтаму няшчаснаму абрубку, каб хоць трохі развеяць яго, сваю «Вясну». Памятаеш, быў у мяне такі старэнькі касетнік? Пасля я яго Ігарку аддаў, гуляцца.

Зяць кіўнуў: памятаю.

– Неўзабаве пераводзяць нашага «афганца» ў аднамесную палату. (Натуральна, і магнітафон туды ж). Пачынаем рыхтаваць яго да аперацый. Праходзіць адна, другая – сам прафесар Пятроўскі аперыруе, і някепска аперыруе! – але арганізм ужо настолькі аслаблены, што пасля трэцяй у небаракі проста не вытрымала сэрца. Памёр пад наркозам. Інакш кажучы, заснуў і не прачнуўся.

– Шкада, – прамовіў зяць без аніякага шкадавання ў голасе. Насадзіў яшчэ адну катлету на відэлец.

– Адвозяць нашага «афганца» ў морг. Я забіраю сваю «Вясну». Вось тут пачынаецца самае цікавае, калі не сказаць – неверагоднае! Магнітафон стаіць на «запісе»! Аказваецца (гэта пазней стала вядома), прывезлі «афганца» пасля адной з аперацый у палату, пачалі перакладаць на ложак… І тут адзін з санітараў адступіўся і сеў на тумбачку, на магнітафон. Ты ж ведаеш «Вясну» – прымітыўная сістэма, клавішы выпуклыя, лёгка ўключаюцца. Вось гэты санітар сваёй (прабач, не за сталом будзь сказана!) задніцай і націснуў адначасова на клавішы «пуск» і «запісь»!

– Цікава… Ну, і што з гэтага?

– А тое. Цэлы бок касеты, якая была ў магнітафоне, аказаўся, канечне, сцёртым. Калі ж я чыста машынальна перагнаў істужку на пачатак і запусціў па-новаму. Касета была не пустая! Магнітафон запісаў трызненні «афганца»! Ты, Ігар, можа, не ведаеш (зрэшты, не дай Бог і ведаць такое!), што многія хворыя падчас аперацыі, ці пасля, адыходзячы ад наркозу, могуць падоўгу, чыстым голасам і цалкам лагічна распавядаць аб рэальных падзеях свайго жыцця. Такая атрымоўваецца міжвольная споведзь. Гэтым, дарэчы, здаўна карыстаюцца розныя спецслужбы.

– Ну-ну! – усё больш зацікаўліваўся зяць. – І што ж такога нагаварыў «афганец»?

– Ды ў тым і справа, што не помню! Праслухаў – і ўсё. Толькі падумаў яшчэ, помню, што варта зберагчы касету; прыеду ў Мінск і падарую яе сябру-псіхолагу. Яны такімі рэчамі цікавяцца. Забыў, канечне! Запрапала недзе касета, ды і псіхолаг мой, стары сябра, даўным-даўно ўжо недзе за мяжою.

– Не адхіляйцеся ад тэмы, – перапыніў гэты настальгічны экскурс зяць. – Дык што ж там усё-ткі было, на касеце? Няўжо зусім нічога не помніце?

– Чаму, сёе-тое помню… Пару-тройку слоў, што часцей паўтараліся.

– І якія словы?

Доктар задраў галаву, успамінаючы.

– Так. Шкатулка… Каштоўныя камяні… Груз двесце. Але галоўнае – сяло Вялікая Паляна! Гэтае гучала разы чатыры! Чаму я запомніў, чаму мне і ўелася ў памяць – бо Падмаскоўе ж, Тула не так далёка, а там Ясная Паляна. Дзе Талстой пахаваны, – патлумачыў цесць зяцю. – Нас туды на экскурсію вазілі.

– Пры чым тут Талстой?

– Ну, так, проста… Падобнае гучанне: Вялікая Паляна – Ясная Паляна.

Зяць быў яўна расчараваны.

– Нямнога ж вы запомнілі. Сапраўды, гісторыя цікавая. І не больш. Ды і то – цікавая хіба што толькі для вашага былога сябра-псіхіятра.

– Псіхолага, – паправіў доктар.

– Ну, псіхолага. А як для людзей звычайных, такіх, напрыклад, як мы з вамі. Не разумею, што тут да чаго можна прышпіліць?

– Да таго, – урачыста сказаў доктар, – што я сёння быў паблізу Вялікай Паляны! А барадач – ніхто іншы, як той самы сержанцік, які сябраваў з нябожчыкам-«афганцам»! З якім яны вечарамі шушукаліся!..

– Вось я-а-ак, – працягнуў зяць.

– Вось так! Хіба не дзіўны гэты збег? Чаму малады, здаровы, заслужаны чалавек раптам ні з таго ні з сяго адгадоўвае бараду і зашываецца ў глушэчу? Ды не абы-куды, а ў тое самае месца, якім трызніў чалавек перад смерцю? Згадваў гэтую Вялікую Паляну, як заклінанне!

– Сапраўды… У гэтым нешта ёсць… А можа яшчэ што ўспомніце? – з надзеяй спытаў зяць.

– Нічога больш. Хоць забі! Вось каб цяпер паслухаць.

Зяць Ігар раптам з разяўленым ротам уставіўся на цесця.

– Пачакайце! Калі мы сюды перабіраліся… У каморы стаіць скрынка з-пад тэлевізара, можа, там засталося.

– Магнітафон?

– Ды які магнітафон!.. «Вясну» вашую даўно малы малатком пабіў, і выкінулі на сметнік! Касеты могуць быць! Клянуся, што я іх бачыў недзе. Па-ча-кай-це!

Зяць выбег з кухні. Цесць задумліва жаваў катлету.

Праз нейкі час Ігар вярнуўся.

– Пуста, няма ў скрынцы. Але я пабажыцца гатовы, што.

– Ёсць прымаўка: нават самую непатрэбную рэч захоўвай тры гады. Толькі тады можна выкідваць, – уставіў доктар. Ён з задавальненнем назіраў за зяцевай мітуснёю. Прыемна было, што ягоная даўняя гісторыя так узбудзіла Ігара.

– Дык жа не тры, а пятнаццаць гадоў прайшло!

Усё ж штосьці не давала зяцю супакою. Адклаў відэлец, ізноў усхапіўся. Падсунуў табурэтку да антрэсоляў:

– Падайце газету, калі ласка. Вунь, на падаконніку.

Падаслаў газету на табурэт, узабраўся на яго, тоўсценькі і нізенькі, расчыніў дзверцы антрэсоляў. Паваліліся, зазвінелі парожнія бутэлькі.

– Ёсць! – усклікнуў зяць. – Я ж казаў? Казаў жа? Вось яны!

Ён працягнуў цесцю скрынку з-пад абутку. Сам саскочыў, разаслаў на падлозе газету. Высыпаў ўсё са скрынкі.

Нейкі час зяць з цесцем моўчкі глядзелі на груду бліскучай, у клубкі зблытанай істужкі.

– Чорт, здаецца, ніводнай цэлай! – сказаў

Ігар.

Доктар, крэкнуўшы ад болю ў паясніцы, нагнуўся; абодва пачалі ў чатыры рукі шнырыць у кучы. Доктар адшукаў кавалак пластыку, на якім можна было прачытаць «.ясна» – «Вясна». Вочы яго затуманіліся. Відаць, гэтыя старыя, некалі любімыя рэчы нагадалі цяпер яму вясну яго жыцця.

Затое зяцю было не да настальгіі. Варушыў, калупаўся ў гэтым ворасе – з настырнасцю механіка, што шукае сярод рознага металічнага друзу вельмі патрэбны шурупчык ці гайку. Марна!

Падняліся.

– Як жа вы так не збераглі? – ізноў упікнуў цесця зяць.

– Вось так і не збярог… Ігар паглядзеў на гадзіннік.

– Ну што, збірайцеся памалу. Хутка нашая з'явіцца. А я прыбяру тут…

І праўда, позна ўжо было.

Развіталіся. Доктар паехаў дамоў, у сваю пустую, такую ж, як сам адзінокую хату.

Гадзін у дванаццаць ночы яго разбудзіў тэлефонны званок.

– Усё ў парадку! – пачуўся ў трубцы ўзбуджаны зяцеў голас. – Я знайшоў кавалак плёнкі з голасам «афганца»! У вашай Вялікай Паляне схаваны каштоўнасці!..

Раздзел XIV

Высачылі! – Версія Валіка. – Планы Крушынскага. – Арыгінальны спосаб палявання на курапатак. – Крушынскі прызнаецца ў тым, што ён злачынец. – Недавер Вікі. – Цені за вакном.

Дні тры нашы хлопцы, Цім з Валікам, сачылі за таямнічай лясной хаткаю. Станавіліся пасля ўрокаў на лыжы – і ў лес. Проста катаюцца людзі – што, ужо і пакатацца нельга ў сваім родным лесе? Падгадвалі час, калі Крушынскі быў на паляванні. Падбіраліся да самай хаткі.

Сапраўды, дзіцячыя сляды вакол яе на снезе! Замка няма на дзвярах, а гаспадар жа ў адлучцы! Зазіралі ў вакенца, але яно было закрыта фіранкаю.

І тым не менш многа чаго хлопцам ўдалося дасягнуць. Напрыклад, яны пасябравалі з Барсам. Ён пазнаваў іх і, пачуўшы свіст, нёсся да іх стрымгалоў, ведаючы, што перападзе яму пачастунак.

Увечары трэцяга дня Цім з Валікам нарэшце атрымалі самае надзейнае пацверджанне, што леснічоўка не пустуе і ў адсутнасць барадача. Фіранка была адкрыта! Калі ж яны, азіраючыся па баках, асцярожненька наблізіліся, у вакне з'явілася дзіцячая рука і фіранку зашморгнула!

– Ну, што? – не ўнімаўся Цім, калі хлопцы ехалі з лесу ў вёску. – А ты не верыў!

– Ну, не верыў… Цяпер веру. Сапраўды, штосьці тут загадкавае, нячыстае, – вымушаны быў пагадзіцца Валік. – Вось толькі чаму барадач не замыкае дзверы? Чаму гэты ягоны кватарант сам хаваецца ад людзей?

Але не так проста Ціма збіць з тропу. Самыя неверагодныя здагадкі так і пёрлі з яго.

– Як ты не разумееш? Яны з барадачом заадно! З аднае кампаніі. Адседжваюцца пасля якога-небудзь злачынства. Цяпер ведаеш колькі такіх выпадкаў, калі дарослыя ўцягваюць у свае банды дзяцей? Менш падазрэнняў!

– Не, – рашуча сказаў Валік. – Лухта гэта ўсё. Я думаю, што ні барадач, ні яго госць ніякія не злачынцы.

– Аднак жа не проста так ён жыве тут, і па лесе цягаецца! Усё як бы шукае нешта.

– Можа, ён – агент спецслужбаў? Які выконвае тут важнае заданне?

Цім, якому абы прастор для фантазіяў, ахвотна пагадзіўся.

– Магчыма! Тут жа была некалі ракетная ваенная база; можа, цяпер хочуць яе аднавіць, вось ён і выбірае прыгоднае месца.

Крушынскі таксама бачыў сляды лыж і чаравікаў каля хаткі. Гэта ўстрывожыла яго. Асабліва тое, што цікавяцца ім не дарослыя, а падлеткі. З дарослым можна пагаварыць, даросламу можна растлумачыць, а ад гэтых ніколі не ведаеш, чаго чакаць.

З Вікай яны дамовіліся так: яна нібыта яго пляменніца. Прыехала з Гомеля да яго ў госці. Чаму не ў школе вучэбнай парою? – вось з гэтым узніклі цяжкасці.

Абое доўга выдумлялі прычыну, чаму Віка не вучыцца.

– Казаць, што ты хворая? – гадаў Крушынскі. – Узяла даведку ў паліклініцы?

Віка, падумаўшы, адмоўна хіснула галавой. Валасы ў яе прыкметна адраслі нават за гэты кароткі час; яна пахарашэла, паздаравела і ўжо наўрад ці можна было б зблытаць яе з хлопчыкам.

– Так доўга не хварэюць, – сказала яна. – Даведку дні на тры могуць даць. Ну, на тыдзень. Але ж не настолькі.

– Тады што?

– Скажам, што я выдатніца. І вучуся па індывідуальным раскладзе. Нібыта мне давзолена свабоднае наведванне ўрокаў. Бо настаўнікі ведаюць, што ў канцы года я і так здам усё на «выдатна».

Крушынскі здзівіўся:

– Ну, ад сціпласці ты, я гляджу, не памрэш. Пачакай, а што, хіба цяпер у школе здаюць кожны год іспыты?

– У школах не, а ў гімназіях здаюць. Пачынаючы з пятага класа. А я нібыта вучуся ў гімназіі.

На тым і пагадзіліся. Хоць уся гэтая версія была, канечне, шыта белымі ніткамі.

План далейшых дзеянняў Крушынскага быў наступны (ён падзяліўся ім з Вікаю ў той дзень, калі яны вярнуліся з Мінска і дзяўчынка, шчаслівая, прымярала першыя ў жыцці абноўкі). Віка пакуль што будзе жыць у леснічоўцы. Раз ужо лёс звёў іх, раз ужо Крушынскі ўратаваў яе, дык павінен давесці справу да канца – тым ці іншым чынам дзе-небудзь уладкаваць дзяўчынку.

– … Збыць цябе з рук, – вырвалася ў яго неабдумана.

Паводзіць сябе яна павінна як мага больш скрытна. Будзе старацца не трапляць на чужыя вочы. Сам Крушынскі тым часам пашле ў Сімферопаль пісьмовы запыт: ці пражывае там такая й такая, і па якім адрасе? Пісьмо будзе заказное. Акрамя таго, у асобнай прыпісцы ён укажа, што калі за гэтыя паслугі трэба плаціць, ён заплаціць далярамі. З такой прыпіскаю, на яго думку, сімферопальскія чыноўнікі хутчэй будуць варушыцца.

Гэта быў найлепшы варыянт. І Віку ён задавальняў цалкам. Сама не магла ж яна паслаць у Сімферопаль пісьмо. Па-першае, у яе не было месца, куды мог бы прыйсці адказ, а па-другое, яна проста не ведала, як гэта робіцца.

– Сімферопаль – адзіная наша зачэпка, – уголас разважаў Крушынскі. – Нават калі не дачакаемся адказу – давядзецца ехаць туды. Паходзім, папытаем у людзей – хоць нехта ды будзе тую тваю цётку ведаць. Але паездка магчымая толькі вясною ці летам. Грошы, зноў-такі ў іх усё ўпіраецца!.. Але я дастану. Мне вінаватыя многа, калі я яшчэ бізнесам займаўся…

Гэтыя яго словы ўразілі Віку больш, чым што.

– Ты быў бізнесменам?! Самым сапраўдным? Такім, якія ў дарагіх машынах ездзяць?

– Быў, – неахвотна прызнаўся Крушынскі. – Самым сапраўдным, як у фільмах па тэлевізары паказваюць. У малінавым пінжаку, з сотавым тэлефонам у нагруднай кішэні і з растапыранымі пальцамі. Аднак канчаем гэтую тэму. Дамовіліся? Віка кіўнула.

– Грошы я дастану. Любым чынам. На крайні выпадак у мяне яшчэ ёсць варыянт, самы надзейны. Так што вышэй нос! Не сумуй. сынок! – пажартаваў Крушынскі. – Усё павінна атрымацца.

А яна і не сумавала. Яна ўжо бачыла, што прапасці ёй гэты чалавек не дасць. Яна і не ведала, што такія людзі на свеце бываюць. Ёй было добра тут. І які ён дужы, разумны. добры! І загадкавы. Быў сапраўдным бізнесменам, а жыве чамусьці тут, у глушэчы. адзін. Мае нейкія дакументы, ад якіх міліцыянеры выцягваюцца перад ім «смірна». Яму вінаватыя грошы, а ён не спаганяе іх. Суцэльныя тайны!

Так яны і пачалі жыць, дзіўны барадаты Крушынскі і прыблудная дзяўчынка.

Расклад іхніх дзён быў даволі аднастайны. Віка спала на тапчане, Крушынскі – на падлозе ля печы. Падымаўся ён рана. Ціха ступаючы па хатцы, дзе кожная рэч была пад рукою, гатаваў сняданак. Затым – а дзяўчынка яшчэ спала – сыходзіў з сабакам у лес.

Яму шэнціла. Рэдкі быў дзень, калі ён вяртаўся без здабычы. Прыносіў зайцаў, а часцей – курапатак, якіх налаўчыўся здабываць нават без стрэльбы, і блізка каля хаткі, у бярэзніку, дзе птушкі начавалі. Для гэтага трэба была бутэлька з-пад шампанскага. Крушынскі наліваў у яе кіпню і рабіў у снезе пад бярозамі дзіркі, штук пяць, пакуль не астывала вада. Курапаткі лезлі ў гэтыя дзіркі, як куры на седала. За ноч дзіркі зацягвала тонкім лядком і хоць, канечне, трэба быў пэўны спрыт, каб ухапіць птушку – часта яны целам прабівалі лёд і ўзляталі, усё ж адна-дзве перападала і Крушыскаму.

Гэтую сваю ўдачлівасць ён звязваў з Вікаю. У яго мільгала містычная думка, што гэта яму знак «зверху» – як узнагарода, як падзяка ад нейкіх сілаў за тое, што ўратаваў чалавека і цяпер апякуецца над ім.

Яму нават удалося-такі ўпаляваць старога ліса. Мо з тыдзень, пакуль сохла расцягнутая на папярочках скурка, у леснічоўцы стаяў такі «пах», што Віка кашляла і дэмастратыўна заціскала нос. Але вось скурка падсохла. Вечары два Крушынскі сядзеў над ёю, дубячы; далоні ў яго зрабіліся сінімі, як вымазаныя ў атрамант. Нарэшце каўнер быў гатовы.

Крушынскі накінуў яго дзяўчынцы на плечы. Адступіўся:

– Дык ты, аказваецца, красуня!

– Праўда? – яна заірдзелася. – Як шкада, што люстэрка вялікага няма!..

Разы два Крушынскі ездзіў у горад па нейкіх сваіх справах. Вяртаўся невясёлы. Відаць, не так лёгка, як яму здавалася, было выбіваць пазыкі.

Добра было вечарамі. Лес кругом. Цемра. Шумяць хвоі. На стале лямпа, да святла якой хутка прывыкла Віка. Барс у сваім цёплым кутку бурчыць у сне. Ідылія сям'і, утульнасці, нават дастатку!..

Абое любілі маўчаць такімі вечарамі. Крушынскі курыў перад грубкай. Віка, закутаўшыся ў коўдру, сядзела на тапчане, пазірала на яго і думала аб ім. Колькі ўжо разоў яна спрабавала разгаварыць яго – марна!

– На ўсё свой час, – суха адсякаў Крушынскі. Цікавасць распірала дзяўчынку. Хто ён урэшце? Што за дакументы паказваў тады міліцыянеру на вакзале? Пакуль Крушынскі быў у адлучках, яна абшукала кожны куточак у хаце. У каморы, «у шафе» пад бялізнаю. Нічога! Канечне, Крушынскі заўсёды трымаў гэтыя важныя дакументы пры сабе.

– Ведаеш, – прамовіў ён адным з такіх вечароў, седзячы перад грубкаю, – ведаеш, Віка, як я многа думаю апошнім часам… Пра цябе. Пра сябе. Я столькі паспеў у жыцці нарабіць памылак, столькі награшыў, што цяпер думаю – ці не сам Бог цябе прыслаў? Збавеннем мне…

– Якіх гэта грахоў ты паспеў нарабіць? – спытала яна з недаверам. – Таксама мне – злачынец! – яна гмыкнула чыста па-жаночы. – Крушынскі, я даўно табе хацела сказаць. Згалі ты гэтую бараду! Не пасуе яна табе! Сапраўды, можна падумаць, што злачынца якісьці.

Ён, не адказваючы, перавёў размову на другое.

– Віка, вось што б ты рабіла зараз, калі б, напрыклад, даведалася, што я забіваў на вайне людзей? Альбо што я сядзеў у турме? Ці што я здзейсніў злачынства, аб якім ніхто пакуль не ведае? Што б ты рабіла? Па-ранейшаму жыла б тут, ці збегла б даўно куды вочы глядзяць? – ці ўсур'ёз, ці то жартам дапытваўся Крушынскі.

– Я ведаю, ты маніш. Нічога гэтага, ніякіх злачынстваў ты нарабіць не мог. Проста табе захацелася чамусьці папалохаць мяне – нібы я дзіця малое.

У гэты момант ускінуўся на сваёй ляжанцы Барс. Выбег на сярэдзіну хаты і забурчэў на вакно. За вакном мільгануліся дзве цені.

Крушынскі, у чым быў, не апранаючыся, выскачыў на двор. Сабака за ім. Аднак «сачыльшчыкаў» ўжо і след прастыў.

Здзівілі Крушынскага паводзіны Барса. Ён не гаўкаў, і не кінуўся за чужакамі ўпагоню – хоць бы крышку, для адводу вачэй. Ён паводзіўся сябе так, як бы гэтыя людзі былі знаёмыя яму.

Крушынскі вярнуўся ў хатку. Яго трэсла ад холаду і ад злосці. Усё, з гэтым сачэннем ён пакончыць! Заўтра ж!

– Хто там? – спытала Віка.

– Ніхто. Сойкі на падваконне прылятаюць… Не бойся!

– А я і не баюся. У цябе ёсць такія паперы, што нас ніхто не зможа зачапіць.

– Адкуль ты ведаеш?

– Ты ж пры мне міліцыянеру паказваў, каля вакзала!

– Запомніла? Вось іменна: міліцыянеру, – прамармытаў Крушынскі. – На якога-небудзь сержанціка ці на старшыну гэтыя «важныя паперы» яшчэ могуць падзейнічаць. І не больш. Усё, Віка. Давай спаць. Заўтра ты будзеш адна цэлы дзень. Зварыш бульбы, сала падсмажыш.

– А ты зноў у горад?

– Зноў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю