Текст книги "Афганская шкатулка"
Автор книги: Андрей Федоренко
Жанр:
Прочие приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 16 страниц)
Знаёмства. – Дык хто ж такі Крушынскі? – Засцігнутыя на месцы
злачынства. – Нарэшце ў леснічоўцы. – Допыт. – Версія Валіка. – «Антымілітарысцкі» маналог Крушынскага.
Віка і праўда зусім не сумавала, калі Крушынскі з'язджаў у горад ці сыходзіў на паляванне.
Наадварот, яна любіла адзіноту. Тады ўзнікала адчуванне, што яна гаспадыня ўсяго гэтага. І хаткі, і дабра ў ёй, і вакольнага лесу. Раней яна ніколі не жыла дзе-небудзь у вёсцы, сярод прыроды. Таму ўсё тут здавалася ёй новым, цікавым, нязведанным.
У лесе ў яе быў любімы куток. Той самы бярэзнічак, дзе Крушынскі здабываў з-пад снегу курапатак. Сапраўдныя бярозы падобныя былі на тыя, што некалі ў школе ёй так лёгка ўдавалася маляваць – кантуры ствала і ўпоперак заштрыхаваныя рыскі.
Крушынскі выправіўся ў горад прыкладна з гадзі ну назад. Віка выйшла на двор і паманіла сабаку. Той грыз у кутку пад дрывотняю костку і не выказаў ніякага жадання ісці з ёю.
Пайшла сама.
Сцяжынка была вузкая, у адзін крок. Паветра пахла смалой і снегам. Лес маўчаў. Сонца толькі-толькі падымалася.
Маршрут у Вікі заўсёды быў адзін і той жа. Бярозавы гай, які яна абагне паўкругам. Вялізная разлапістая елка. Некалькі кустоў арэшніку, абсыпаных серабрыстым інеем. Рачулка, якую цяпер, пад снегам, і не відаць. Масток праз яе, вельмі прыгожы, з круглых бярвенцаў, гарбаты пасярэдзіне.
Віка нікуды не спяшалася. Сёння на душы ў яе было неяк асабліва ціха, спакойна, нават урачыста.
Аднак да любімага мосціка ёй дайсці не ўдалося. Не паспела яна прамінуць сваю елку, як ззаду пачуўся хлапечы голас:
– Эй!
Яна сама ўскрыкнула ад нечаканасці. Азірнулася.
Пад елкаю, усяго за якіх пяць крокаў ад сябе яна ўбачыла двух хлапчукоў, высокага і нізкага. Віка застыла на месцы. Хлапчукі выйшлі на сцежку і пакі раваліся да яе.
– Не бойся нас, – дружалюбна сказаў нізкі, падыходзячы.
– Нічога мы табе не зробім, – падтрымаў яго высокі.
Сапраўды: Віка нейкай інтуіцыяй адчула, што пагрозы ад іх ёй чакаць не варта. На выгляд гэта былі звычайныя вясковыя хлопчыкі, прыблізна яе аднагодкі. Адкрытыя твары, чыстыя вочы, добрыя галасы… «Хатнія» такія, дамашнія хлапчучкі. Зусім не падобныя да той шпаны, што набачылася яна ў Гомелі (сама абы-дзе бадзяючыся…) Гэтыя наўрад ці будуць дражніць яе, прыставаць, абзывацца. Хлопцы падыйшлі зусім блізка.
– Дык ты… дзяўчынка? – высокі прысвіснуў, больш пільна яе агледзеўшы. – Як цябе завуць?
Яна адказала не адразу. А калі загаварыла, у голасе яе была дзёрзкасць.
– А вы хто?
– Ты, галоўнае, не бойся, – паўтарыў высокі. – Мы мясцовыя, з Вялікай Паляны. Мяне завуць Валік, яго – Цімох, альбо, для скароту, проста Цім.
– Ну, мяне, дапусцім, Віка. А што вы тут робіце? А-а! – здагадалася яна раптам. – Гэта вы былі ўчора пад вакном? І ўвогуле – гэта вы сочыце за хаткаю?
– Мы, – пакорліва прызнаўся Цім.
– Але навошта? Што вы тут выглядаеце?
– Мы падумалі…
Валік замяўся, пазірнуў на сябра. Цім сказаў:
– Мы думалі, што табе патрэбна наша дапамога. Можа, ты ў небяспецы?
– З чаго вы ўзялі?
– Ну, чалавек гэты барадаты… Падазроны…
– Чым ён вам падазроны? Тым, што барадаты? – спытала яна з'едліва, а ў самой пахаладзела ўсярэдзіне.
– Са стрэльбаю ходзіць… Людзей цураецца…
– Жыў адзін, цяпер ты з ім, – дадаў Валік. Яна задумалася на хвілінку. Як лепш іх пераканаць? Высмеяць, або пагаварыць з імі сур'ёзна, так, як вучыў яе Крушынскі? Выбрала другое.
– Ніякі ён не падазроны! І нікога не цураецца! Гэта мой родны дзядзька. Я прыехала з Гомеля да яго ў госці.
Хлопцы пераглянуліся.
– Ну, – насмешліва спытаў Валік у Ціма. Сябар толькі развёў рукамі і патупіўся.
Маўляў – чаго ўжо тут, бывае! І я ж не святы, магу памыляцца. Але я нават рады, паказваў яго вінаваты выгляд, што памыліўся і што барадач ніякі не бандыт.
– Фу! – раптам крыкнула Віка. Па сцежцы з усіх ног нёсся да іх Барс.
– Не чапаць!
Валік прысеў. Сабака з разгону кінуўся яму. у абдымкі. Цім таксама нагнуўся і пацерабіў Барса за вушы. Потым дастаў з кішэні і кінуў яму лусту хлеба.
– На, Барс.
– Вось яно што-о, – працягнула Віка. – Дык вы знаёмыя? Вы яго проста падкупілі?
– Гэта было няцяжка, – сказаў Цім. – Ён добры вельмі.
– Віка, – спытаў Валік, разгінаючыся, – а ўсё-такі хто ён?
– Як хто? Сабака.
– Ды не, твой дзядзька!
– А, дзядзька? Ну, ён…
Хацела б яна і сама гэта ведаць! Віка яшчэ раз уважліва агледзела хлопчыкаў. Не, першае ўражанне ад іх не было памылковым. Такім можна давяраць. І калі яна з імі пасябруе, як Барс. Крадком, канечне, ад Крушынскага. Вось было б здорава. Бо, што там ні кажы, а яна такая адзінокая! Даўно разгубляла ўсіх сяброў і сябровак. А галоўнае – і праўда ж! – яны цікавяцца тым самым, што й яна: хто такі гэты Крушынскі? І калі яны аб'яднаюць намаганні, пачнуць разгадваць гэта разам. Хто ведае? Можа, тады атрымаецца наадварот: не яны ад яе, а яна ад іх штосьці пра свайго «роднага дзядзьку»?
Для пачатку Віка прыкінулася наіўнай.
– Дык а чым ён вас канкрэтна цікавіць?
– Ну, жыве адзін…
Яшчэ перад гэтым яны, не змаўляючыся, адно каб не стаяць на месцы, памалу пайшлі ў напрамку леснічоўкі. Віка – сцежкаю, а хлопцы з бакоў, цаліком. Сабака недзе знік.
Тройца параўналася з елкаю.
– …Маўчыць, – працягваў Валік, – невядома на якія грошы жыве.
– А што яшчэ робіць?! – раздаўся ззаду голас. Гэта быў Крушынскі. Ён хаваўся за елкаю і ўсё чуў.
Хлапчукі рвануліся было ўрассыпную. Але позна! За шкірку і аднаго, і другога схапілі моцныя, што абцугі, далоні.
– Дык я пытаю: што ён яшчэ робіць? – грозна казаў Крушынскі.
Хлапчукі маўчалі. Нават марыць вырвацца з гэтых «абдымкаў» нельга было.
– Пайшлі! – так і павёў іх Крушынскі, перад сабою, трымаючы за каўняры.
Віка ішла ззаду. Яна спалохалася крыху, бо не ведала, чым гэта ўсё скончыцца. Ёй было шкада новых сяброў. Але што магла яна зрабіць? Адно толькі малілася ў думках, каб Крушынскі не зрабіў хлапчукам чаго кепскага, не застрашыў іх, бо тады б яны напэўна перасталі б сюды прыходзіць.
Адзін Барс дурэў ад радасці, насіўся сабе па снезе. Чаму б і не радавацца? Усе людзі, добрыя яго сябры, якія кормяць яго, гуляюцца з ім, якіх ён любіць усім сваім сабачым сэрцам, нарэшце сабраліся ў адным месцы, усе разам!
Падыйшлі да хаткі. Крушынскі ўштурхнуў хлопцаў у дзверы. Адступіўся, даючы зайсці Віцы, і сам зайшоў апошнім.
Вось і спраўдзіліся мары Ціма з Валікам пабываць у таямнічай леснічоцы. Саміх «запрасілі»!
Толькі радасці ад такога «запрашэння" было, канечне, нямнога.
Крушынскі паставіў хлопцаў побач пасярод хаткі. Сам сеў на табурэт. Рукі паклаў на стол. У яго быў выгляд строгага суддзі, што чакае ад падсудных апошняга слова. Не хапала толькі стоса папераў перад ім, ды з бакоў – народных засядацеляў.
– А ты што стаіш? – звярнуўся раптам да Вікі. – Ці да іх хочаш? Пазнаёміліся ўжо?
Дзяўчынка здзіўлена падняла на яго вочы. Ён што, рэўнуе? Ці ёй проста падалося?
Хлопцы глядзелі ў падлогу. Перад гэтым абодва, не змаўляючыся, паздымалі шапкі і цяпер яшчэ больш падобныя зрабіліся на непаўналетніх злачынцаў.
Віка ціхенька прысела на другую табурэтку. «Допыт» пачаўся.
– Так, – строга сказаў Крушынскі. – На пытанні адказваць хутка і коратка. Па чарзе. Высокі, ты адказваеш першы. Усё зразумела? Тады паехалі! Як даўно вы тут ашываецеся? Колькі часу?
– Тыдзень, – буркнуў, галавы не падымаючы, Валік. – Нават больш.
– Каму расказвалі, каму хваліліся?
– Нікому! – усклікнулі хлопцы ў адзін голас.
– І пра яе ніхто, акрамя вас, не ведае?!
– Ніхто!
– Ніводзін чалавек больш! Крушынскі задумаўся.
– Калі не хлусіце, – змякчыўся ён голасам, – тады гэта мяняе справу. З падазроных вы аўтаматычна пераходзіце ў разрад проста сведкаў. Дазваляю сесці. Туды, на тапчан.
Цім з Валікам прымасціліся з краю, плячо да пляча. Віка з палёгкаю выдыхнула.
– Паселі, як вераб'і! – нават асмелілася пажартаваць яна.
– А ты памаўчы, – сказаў Крушынскі. – з табой яшчэ будзе размова. Асобная. І так, хлопцы! Давайце цяпер сур'ёзна. Я сёння, вось зараз, хачу паставіць на ўсім гэтам кропку. Мне надакучыла гэта. Пагадзіцеся, не дужа прыемна жыць пад увесьчасным наглядам. Ведаючы, што за табою сочаць. Што вам з мяне трэба? Што вас цікавіць? Абяцаю расказаць вам усё.
Віка слухала, затаіўшы дыханне. Нарэшце! Вось ён, даўно чаканы момант!
– Але ў мяне ёсць умова, – працягваў Крушынскі. – Вы павінны маўчаць і надалей. Таму што тайна, якую пачуеце, тычыцца не аднаго мяне. Гэта. дзяржаўная тайна. Згода?
Хлопцы пераглянуліся. Вочы ў іх гарэлі.
– Згода!
– Абяцаем, клянёмся!..
– Тады спачатку я хачу паслухаць вас. Дарэчы, заадно і пазнаёмімся.
Хлопцы не паспелі адкрыць раты, як іх апярэдзіла Віка:
– Гэта Цім, злева – Валік!
– Не паказвай на людзей пальцам, – заўважыў ёй Крушынскі. – Мяне можаце зваць дзядзька Барыс. Дык хто я такі, па-вашаму? Хто пачне?
Валік штурхнуў Ціма плячом. Той ветліва, у кулак, адкашляўся.
– Спачатку мы (зноў штуршок плячом)… ну, адзін я. думаў, што вы.
– Смялей, смялей! – падбадзёрваў Крушынскі.
– Што вы – злачынец… Што хаваецеся тут, у лесе, ад пераследу.
– Так, так, разумею. А потым?
– А потым, – цяпер Валік заспяшаўся гаварыць, – мы зразумелі, што тут нейкая тайна! Вы выконваеце важнае дзяржаўнае даручэнне!
– Словам, я – агент спецслужбаў?
– Так, – адказаў Валік.
Віка слухала разявіўшы рот. Вушам сваім не верыла. Дык вось яно што! Як яна адразу не здагадалася?!
– Можа, нават здагадваецеся, якое заданне я выконваю? – дапытваўся Крушынскі.
– Мы думаем…
– Смялей!
– Мы думаем, што вам даручана знайсці тут, у нашых ваколіцах, месца для ваеннай базы, – нерашуча сказаў Валік.
– Альбо месца для будаўніцтва шахт для запуску ядзерных ракет, – дадаў Цім.
Крушынскі аж сумеўся. Нейкі час вялікімі вачыма пазіраў на хлопчыкаў. Потым прамовіў:
– Значыць, і на нашым пакаленні гэтая мілітарысцкая брыдота не закончылася. Значыць, і вам – з такіх гадоў! – напаўняюць бедныя галовы тым жа самым. Скажыце мне, дзеля Бога! – ускінуўся ён раптам, – навошта нам, «маладой, мірнай» краіне Беларусь ізноў спатрэбіліся ракетныя шахты?! Ваенныя сакрэтныя базы?! З кім мы сабраліся ваяваць? Каму пагражаем кулачкамі?! Калі гэта ўсё скончыцца?!
Здзіўленыя гэтым нечаканым яго маналогам, дзеці маўчалі. Ды яны і не ведалі, што казаць.
Проста яны не разумелі дарослага Крушынскага.
Раздзел XVIКрушынскі расказвае пра сябе. – Афганская вайна. – Новы герой – Васіль. – Шкатулка з палаца Аміна. – Чорны жэмчуг. – Хто пра што думае.
Ды Крушынскі і сам хутка астыў. Нібы спахапіўся, што трохі не ў той стэп яго нясе, што крыху не той кантынгент слухачоў у яго, таму і пытанні ягоныя не па адрасе.
– Забудзем пра гэта! Не, хлопцы, не, Віка! Не шукаю я тут месца для ваеннай базы. І не збіраюся будаваць ракетныя шахты. Аднак я здзіўлены. Вы амаль угадалі!
У гэты момант параўнаўся з вакном і заглянуў у яго зыркі сонечны промень. У леснічоўцы зрабілася светла.
Віцы, якая сядзела збоку ад Крушынскага і магла бачыць яго ў профіль, падалося, што ў вачах у таго блукаюць хітрынкі.
– Усё трохі прасцей… Я сапраўды выконваю тут спецзаданне. Магчыма, не менш важнае за вашы ваенныя базы. І з дакументамі ў мяне ўсё ў парадку. Віка можа пацвердзіць. Канечне, я не павінен быў бы расказваць вам гэта! Але раз вы даказалі, што ўмееце трымаць язык за зубамі, і раз ужо я абяцаўся – так і быць, раскажу. Што вы ведаеце пра Афганскую вайну? – спытаў ён раптам.
– Афганскую? Усё ведаем!
– Многа чаго!
Хлопцы загаварылі наперабой.
– У нас два мужчыны ў Вялікай Паляне жывуць, якія там ваявалі!
– І яшчэ адзін загінуў!
– Помнік яму стаіць, на могілках!..
– Усё? – выслухаўшы іх, спытаў Крушынскі.
– Усё.
– Ну што ж, і гэтага нямала. Улічваючы, што вас яшчэ, мабыць, і на свеце не было. калі тая вайна пачалася. Навошта яна ўвогуле была патрэбна? – справа іншая, не пра тое пакуль гаворка. А пра тое, што нам, спецслужбе, – сказаў ён важна, робячы націск на гэтым слове, – таскама работы хапала; у шапку спаць не даводзілася. Былі сярод салдатаў незадаволеныя, былі здраднікі, былі такія, хто трапляў у палон да «душманаў» і іх завярбоўвалі там. Вось імі, у асноўным, і займаліся.
А цяпер уявіце сабе вялізны ваенны шпіталь пад Масквою. У двух карпусах – цяжкапараненыя, што паступаюць сюды з Афганістана. Само сабою, яны нас больш за ўсіх астатніх і цікавілі. Да таго ж зручна было кантраляваць іх. Усе ў адным месцы. Многія месяцамі прыкутыя да ложкаў. Бясконцыя размовы, розныя крамольныя выказванні. Словам, раздолле, прастор, самае шырокае поле дзейнасці для нас, спецслужбаў (Крушынскі яўна злоўжываў паўтарэннем гэтага слова).
Дык вось. У некаторых палатах стаяла апаратура для падслухоўвання. Не ва ўсіх, канечне, і не круглыя суткі мы сядзелі з навушнікамі – такое толькі ў фільмах бывае. Але адна палата нас асабліва зацікавіла. Ляжаў у ёй паранены «афганец». Паранены нават не тое слова. Быў ён без рук, без ног, сляпы – але ж гаварыць мог! Пры жаданні, канечне. Цікавіў ён нас найперш сваім службовым спіскам, а таксама біяграфіяй. Родам з Беларусі, безбацькавіч, з дзіцячага дому. Служыў у спецыяльным дэсантным батальёне, тым самым, які прымаў удзел у штурме палаца кіраўніка Афганістана Аміна яшчэ аж у 1979 годзе; тады ж – гэта вам для агульнага развіцця – у Кабул упершыню і ўвайшлі савецкія танкі. Пачалася вайна. Неўзабаве наш герой патрапляе ў палон да "душманаў". Уцякае адтуль пры самых загадкавых абставінах. Калі яму верыць, з дапамогаю нейкай афганскай дзяўчынкі – акурат як Жылін у «Каўказкім палонніку»; чыталі?
– Не-а.
– Ну, гэта няважна. Неяк ён уцёк, акрамя таго вынёс на сабе хворага знясіленага таварыша. Герой, словам! Аднак і ў герояў свой лёс, і ім не заўсёды шэнціць. Тым больш на вайне, тым больш на «афганскай». Былі ў іх там такія снайперы: падскочыць такі з-за пагорачка, стрэліць у паветры, прыцэльна стрэліць! – і падае. Усё за паўсекунды! І невядома, адкуль стрэл, дзе снайпер? – а наш нежывы ўжо.
Карацей, знайшоўся і на нашага героя свой снайпер. І быў ён, герой, канечне, а не снайпер, у выглядзе абрубка дастаўлены ў падмаскоўны ваенны шпіталь. Усе дактары, ды, відаць, і сам ён, ведалі, што жыць яму ад сілы месяц.
У ваенных шпіталях свая атмасфера. Бяда, калецтва далёка не заўсёды збліжаюць людзей, часцей наадварот, раз'ядноўваюць. З нашым «афганцам» ніхто не хацеў сябраваць. Ды і нас, спецслужбы, ён наўрад ці зацікавіў бы, каб раптам не аб'явіўся ў яго прыяцель. Звалі яго. ну, скажам, Васіль. Таксама пасля службы ў Афгане паранены ў сківіцу і ў руку. Пачынае ён нашага героя даглядаць. Прыбіраць за ім, карміць з лыжачкі. Ці проста таму рабіў ён гэта, што беларус і меў добрую душу, ці. Вось тут мы, спецслужбы, задумаліся! А можа, было ў яго штосьці на розуме? Можа, штосьці хоча ён у нашага абрубка выведаць?
– А што… ў яго можна выведаць?! – выкрыкнуў у нецярпенні Цім.
– Не перабівай! – цыкнула Віка.
– Аднойчы, – спакойна працягваў Крушынскі (як бы аповесць якую па кніжцы чытаючы), – наш чалавек выпадкова ўключаецца ў палату. І адразу налятае на сюрпрыз! Васіль з «афганцам» адны ў палаце. І «афганец» штосьці ціха расказвае яму. Не ўсё, але сёе-тое нашаму чалавеку ўдаецца запісаць. Але якой важнасці нават гэтае «тое-сеё»!
Прыкладна вось што паведаміў сябру «афганец». Пры штурме палаца Аміна – а палац, трэба заўважыць, быў проста раскошны – у адным з пакояў наш «афганец» убачыў на століку маленькую шкатулку. Дужа прыгожай яна яму падалася, каб можна было ўтрымацца ад спакусы прыхаваць яе за пазуху. Ён і прыхаваў. Тым больш, ідзе бой, страляніна, крыкі, стогны. Каму тут справа да нейкай шкатулачкі?! Калі ж са штурмам было ўсё пакончана і батальён дэсантнікаў атрымаў перадых, у цёмным кутку ён адчыніў свой трафей і…
– Золата?! – укрыкнуў, аблізваючы перасохлыя вусны Цім. Ён і да гэтага сядзеў, як іголках; усё ў і м бунтавала.
– Бяры вышэй, – пасміхнуўся Крушынскі. – Каштоўнасці! Шкатулка была з верхам набітая каштоўнымі каменьчыкамі. Алмазы, сапфіры, ізумруды, рубіны, а галоўнае – чорны жэмчуг! Які лічыцца самым каштоўным у свеце. У прыродзе сапраўднага яго вельмі мала, здабываюць яго толькі ў адным месцы – каля берагоў Паўднёвай Афрыкі.
Крушынскі змоўк, паглядваючы на дзяцей. Разумеючы, што цяпер творыцца ў іхніх душах. Шкатулка, каштоўнасьці, рэдкі жэмчуг, бераг Паўднёвай Афрыкі – а сляды вядуць у іхнюю глухамань, у Вялікую Паляну!
Віка думала: з якім цікавым чалавекам ёй пашэнціла пазнаёміцца і быць разам.
Валік – што Цім не памыляўся; звязаны гэты барадач-Крушынскі з тайнай, ды яшчэ з якою!..
А Ці м, у якога ніколі не было сумненняў у тым, што яго родныя мясціны самыя прыгажэйшыя, багацейшыя і загадкавыя за ўсе іншыя на зямлі, – Цім ужо працаваў фантазіяй на будучыню. Ён ужо бачыў перад сабою гэтую інкрустацыяй аграненую шкатулку, ужо адчуваў у руках прыемную яе цяжкасць, ужо знаходзіў яе і перасыпаў у пальцах, як гарошыны, чорны жэмчуг!
Раздзел XVIIПрацяг маналога Крушынскага. – Узлёт і падзенне Васіля. – Цім прагне разблытаць гісторыю. – Зарок маўчання. – Матацыкл.
– Далей!
– Калі ласка, дзядзька Барыс!
– Што сказаў Васілю «афганец»?!
– Далей, – пачаў Крушынскі, – мы расчулі наступнае. Мне ўдалося, казаў афганец Васілю, пераправіць шкатулку ў Саюз. І цяпер яна знаходзіцца ў.
– У Беларусі, у Вялікай Паляне! – уклікнуў Цім.
– Ды перастань ты круціцца!
– І перабіваць, – дадала Віка. Яна як бы ўжо нейкае права мела на Крушынскага, не давала яго ў крыўду, заступалася за яго.
– У Беларусі, у ваколіцах Вялікай Пляны. – пацвердзіў Крушынскі. – Далей «афганец» амаль шаптаў. І нам мала што ўдалося расчуць. Напрыклад – «я ўжо нежывы, я ведаю, – ціха казаў ён, – таму пра шкатулку ведаеш ты адзін. Усё тваё. Паедзеш туды. Зробіш. Абяцай, што зробіш.» Тут у палату пачалі заходзіць іншыя хворыя, і «афганец» замоўк. І тыя апошнія яго словы было адзінае, што мы, спецслужбы, мелі. Назаўтра «афганца» забіраюць на аперацыю, потым – на другую. Словам, ён памёр.
Што да Васіля, той, неўзабаве выпісаўшыся са шпіталя і дэмабілізаваўшыся, пачынае паводзіць сябе дзіўна. Канечне, у нас ён на заметцы. Мы сочым за ўсімі яго дзеяннямі і перамяшчэннямі. А ён першае што робіць – гэта едзе ў сяло Вялікая Паляна і ставіць на свае грошы.
– Помнік! – Ціма не проста было суняць.
– Так. Той самы, які вы згадвалі сёння. На месцы, дзе пахаваны ваш зямляк-«афганец». Пасля чаго наш Васіль нібыта забыўся пра ўсё на свеце. Ды й то, можна яго зразумець! Малады, здаровы, разумны. Прайшоў вайну. З медалямі. Ад дзяўчат няма адбою. А тут яшчэ такое пачынае заварочвацца!.. Перабудова, канец Савецкага Саюза, вольны бізнес, лёгкія грошы, вясёлае, невядомае раней жыццё. Тут аб усім забудзеш, не тое што пра хваравітае трызненне нейкага калекі і пра нейкую міфічную шкатулку! Наперабой завуць Васіля ў розныя фірмы, абяцаюць залатыя горы. Пачаў ён з целаахоўніка, затым вырас да менеджэра, потым – камерцыйнага дырэктара. Грошы шалёныя, замежныя паездкі, рэстараны. іншамаркі.
Галава кругам у Васі! А мы з яго вачэй не спускаем. І не ўмешваемся. І дачакаліся. Вельмі хутка пайшлі ў Васіля няўдачы. Сяброў у яго не было; там дзе «круцяцца» вялікія грошы, сяброў ніколі не бывае. Сям'ёю не абзавёўся. Пасады свае пагубляў, прычым у зваротным парадку: камерцыйны дырэктар – менеджэр – целаахоўнік – проста вартаўнік, пакуль не выгналі зусім. Пачаў наш Васіль піць. Улез у даўгі, прадаў усё, што можна было.
А тут яшчэ звалілі на яго нейкую махінацыю, з камп'ютэрнай тэхнікай звязаную, «падставілі» яго, і хоць следчыя разабраліся, што ён тут ні пры чым, аднак месяцы тры давялося праваляцца на нарах.
– Вось і ўсё, – абарваў сам сябе Крушынскі. – У нас ёсць самыя дакладныя звесткі, што неўзабаве Васіль павінен тут з'явіцца. Тады ён і выведзе нас на месца, дзе схавана шкатулка.
Віка, пераглянуўшыся з хлапчукамі, нерашуча спытала:
– А ён… хіба не мог забраць яе раней?
– Не мог. У камеру да яго мы падсадзілі свайго чалавека. Аднойчы Васіль і прагаварыўся. Маўляў, так і так, вось выйду адсюль, адпачну, адляжуся. А потым махану ў адно месца, дзе мяне капітал чакае. Раней, сказаў яшчэ Васіль, грошы і без таго вадзіліся, таму не было патрэбы чапаць гэты свой «персанальны банк». Вось цяпер і мы яго пачакаем! Каб узяць цёпленькім, а шкатулку з каштоўнасцямі вярнуць таму, каму яна па законе належыць – дзяржаве.
– Пачакайце… Вось толькі… – Валік зрабіў задуменны выгляд.
– Што толькі?
– Навошта чакаць Васіля? Няўжо нельга самім паспрабаваць адшукаць шкатулку?
– І то праўда! – падтрымаў Валіка Цім. – Мы ж тут усё чыста ведаем, кожны куточак!
– Не раю вам гэтым забіваць сабе галаву. Без Васіля шкатулку нам не знайсці ніколі. Няўжо вы думаеце, што за пятнаццаць гадоў мы б яе не адшукалі б, каб можна было?! Пра шкатулку забудзьце. Нас павінен цікавіць толькі Васіль.
Цім уздыхнуў расчаравана.
– А можа, паспрабаваць усё-ткі? – спытаў з надзеяй. – Яшчэ раз? У нас у сяле жывуць два «афганцы» былыя. Можа, з імі што-небудзь звязана?
– Нічога з імі не звязана! – адказаў Крушынскі. – За каго вы нас, спецслужбы, прымаеце? На іх мы выходзілі, і неаднойчы. Апытвалі. Глуха! Яны зусім у іншы час служылі ў Афганістане. Так што ўсе канца губляюцца, і толькі Васіль можа іх разблытаць. Зразумела?
– Зразумела…
– І чаму я вам гэта расказваю – таксама? Вы проста змусілі мяне! Бо я баяўся, што вы разнясеце розныя плёткі па ўсім сяле, і нейкім чынам Васілю пра мяне стане вядома. Тады ён яшчэ не скора тут паявіцца! Але раз ужо вы аб усім ведаеце – самі павінны разумець: цяпер мы звязаны адной вяровачкай. Цяпер вы проста вымушаны маўчаць! Згода?
– Яшчэ б!
– Канечне!
– Мала маўчаць; раз вы ўжо ў курсе справы, дык павінны яшчэ і памагаць мне!
– Мы згодныя!
– Але як?! Чым?!
– Ну, напрыклад, вы ж разумееце, што я часта не магу бываць у сяле. А вы жывеце там. Гуляеце, лазіце паўсюль. Хлопцы вы назіральныя, сур'ёзныя, умееце трымаць язык за зубамі. Таму патрабуецца ад вас ўсяго толькі – заўважаць незнаёмых падазроных людзей. Кожны з іх можа аказацца Васілём. І тады дакладваць мне. Усё гэта не за так, не за бясплатна, – дадаў Крушынскі. – Калі вам пашэнціць, калі вы справіцеся і высачыце Васіля, вас чакае ўзнагарода. Хто з вас што б хацеў?
Пытанне дык пытанне! Тут любы задумаецца! Гэта ж яшчэ гледзячы што разумее пад «узнагародай» Крушынскі. Можа, для яго гэта – звычайная аўтаручка з блакнотам? А можа, аўта… мабіль! А можа, пуцёўкі ў кругасветнае падарожжа? Паміж аўтаручкай і аўтамабілем разбежка ой-ё-ёй, і трэба яшчэ ведаць межы гэтай будучай узнагароды!.. Дый ці не розыгрыш гэта?
Але Крушынскі быў сур'ёзны.
Віка адвярнулася і абыякава пазірала ў вакно. Каму-каму, а ёй узнагарода не свяціла.
– Ну? – падагнаў хлопцаў Крушынскі. – Ты, Ці м, што хацеў бы?
– А можна… матацыкл? Хоць бы «Мінск»! – дадаў ён паспешліва і чамусьці вінавата.
– Матацыкл? А колькі табе гадоў?
– Трынаццаць…
– Дык як жа ты «на правы» здасі?
– А ён бы стаяў у мяне ў гаражы, чакаў, пакуль вырасту!
– Будзе табе матацыкл, – урачыста паабяцаў Крушынскі.
На тым і развіталіся. Быў прызначаны дзень, калі хлопцы могуць наведвацца ў леснічоўку – серада, і час – толькі раніцаю. І, само сабою, каб ні адна жывая душа не даведалася!
Калі хлопцы пайшлі, Крушынскі не хаваў радасці.
– Ну, цяпер, спадзяюся, можна жыць спакойна, – сказаў ён.
Але Віка была панурая.