355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Федоренко » Афганская шкатулка » Текст книги (страница 10)
Афганская шкатулка
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 04:49

Текст книги "Афганская шкатулка"


Автор книги: Андрей Федоренко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 16 страниц)

Раздзел XXIII

Незнаёмец. – Дыялог у краме. – Вандроўка па Вялікай Паляне і ваколіцах. – Цім бяжыць у леснічоўку. – Пуста! – Запіска. – Куды падзець Барса?

Пакуль Крушынскі з Вікаю ўладжвалі свае справы ў Гомелі, у Вялікай Паляне таксама сеё-тое адбылося.

Роўна ў дванаццаць гадзін дня з рэйсавага аўтобуса выйшаў невысокі поўненькі мужчынка. Быў ён у скураным паліто, у капелюшы; з-пад паліта выглядвалі беленькая кашуля і гальштук.

Мужчынка выйшаў на прыпынку і з цікавасцю пачаў азірацца. Па ўсім відаць было, што тут, у сяле, ён упершыню. Тры вуліцы збягаліся да прыпынку. Мужчынка выцягнуў з кішэні нататнік з алоўкам і пазначыў план гэтых вуліц. Побач з прыпынкам бялела цэглаю вясковая крама. Нядоўга думаючы, мужчынка пакіраваўся туды.

У краме, нечакана вялікай, як для сяла, на два аддзелы, было пуста. За касавым апаратам прадаўшчыца чытала газету. Яе напарніца, абапёршыся локцямі на прылавак, піла каву і лена пазірала на адзінага наведніка.

Мужчына выбраў тую, што з газетай. Падыйшоў, павітаўся – і адразу:

– Скажыце, можна ў вашым сяле купіць дом? Ці хоць бы хату?

Валікава маці, а гэта была менавіта яна, адклала газету і адказала:

– Не. Усё параскуплялі, нават самыя развалюхі.

– І што гэта вы так нашую Вялікую Паляну ўсё палюбілі? – умяшалася напарніца. – Тут жа ні вады, ні рэчкі, адзін лес кругом.

– А хто яшчэ палюбіў? – адразу ж павярнуўся да яе цікаўны незнаёмец.

– Ды многія! Палова сяла лічы што прыезжыя.

– Адзін нават леснічоўку купіў, – сказала Валікава маці. —Так і жыве сам, у глухамані.

– Праўда? У лесе жыве адзін? Не можа быць! Жанчыны пакрыўдзіліся.

– Схадзіце ды паглядзіце, – прапанавала напарніца. – Ён толькі сюды, у краму, і заходзіць раз на тыдзень. Таму мы і ведаем яго лепш, чым хто.

– Ды я веру, веру вам! Проста дзіўна ўсё гэта.

– А вы ж можаце купіць участак зямлі, – сказала Валікава маці, – раз вам так тут падабаецца. Будуйцеся ды жывіце.

– А можна? – ізноў у руках мужчыны з'явіўся нататнік з алоўкам. – І дзе б вы мне параілі?

– Пад самым лесам. Там усе будуюцца.

А напарніцу нататнік чамусьці насцярожыў:

– Вы часам не журналіст? Ці, можа, з якою праверкаю да нас?

– Ды не, – засмяяўся мужчынка – Я такі ж служачы, як і вы! На прыроду пацягнула, дачу купіць захацелася. Сабраў вось крыху грошай, напазычаўся. Адзін знаёмы і падказаў мне вашае сяло.

На развітанне мужчына сказаў, што збіраецца пахадзіць па сяле, па ваколіцах – можа, і выбера месца для дачы.

– А ў вас ёсць машына? – гукнула яму ўслед Валікава маці. – Тут без машыны цяжка!

– Пакуль што няма – але будзе! Проста павінна быць, – неяк загадкава паабяцаў мужчынка.

Сяло, як на тое, выглядала пустынным. Ніводны чалавек не трапіўся мужчыну на вочы. А яму толькі таго і трэба было. За ваколіцай, дзе канчаліся хаты, ён збочыў з дарогі, нагнуўшыся. зачэрпнуў снегу. Снег быў рыхлы, мяккі. Мужчына заўсміхаўся. Яго ўзрадвала гэта. Значыць, хутка адліга! Трэба адліга! І тады яны з цесцем здзейсняць задуманае. Тады купіцца і машына, і ўчастак, і дача, і шмат, шмат чаго іншага. Толькі не ў Вялікай Паляне, шаноўныя! У Іспаніі, у Партугаліі, на Канарах!..

Агляд сяла заняў менш гадзіны. Неўзабаве у нататніку быў выкрэслены падрабязны план геаграфічнага размяшчэння Вялікай Паляны і ваколіцаў. Пазначаны быў таксама лес, поле, вуліцы, крайнія хаты. Цяпер заставалася самае галоўнае: наведацца на могілкі.

Перад тым, як зайсці ў расчыненыя варотцы, мужчына зноў паазіраўся. І зноў задаволенасць з'явілася на яго твары. Могілкі былі на водшыбе. Далекавата і ад сяла, і ад дачнага пасёлка. Вельмі добра!

Помнік загінуўшаму «афганцу» і шукаць не трэба было, ён сам кідаўся ў вочы. Мужчына абышоў яго вакол. Затым прысеў, прасунуў руку паміж прэнтамі агароджы і разгроб снег. Паказалася бетонная бардзюрынка, адна з чатырох, што складалі надмагільны прамакутнік. Мужчына пакратаў яе, яна лёгка паддалася.

– І гэта добра! – уголас сказаў сам сабе мужчына.

Цяпер ён ведаў усё. Больш тут не было рабіць. Мужчына паглядзеў на гадзіннік і заспяшаўся назад, у сяло, каб паспець на аўтобус да Мінска.

Паспеў. Заскочыў у аўтобус. І знік чалавек, як і не было яго. Калі прыязджаў, дык хоць бы прадаўшчыцы яго бачылі, а як ад'язджаў – ніхто.

Ніхто, ды толькі не Цім! Хоць і астудзіў яго пыл падчас апошняй сустрэчы Крушынскі, аднак у хлопчыка за правіла ўвайшло цікавіцца кожным незнаёмцам, які прыязджае ў сяло. Не прамінуў яго ўвагі і мужчынка ў капелюшы. Цім бачыў, як ён выходзіў з крамы, запіхваючы ў кішэню паліто нататнік.

Мужчынка з крамы, а Цім – у краму.

– Хто гэта быў, цётка Галя? – спытаўся ў Валікавай маці нібы проста так, між іншым.

– Ды нейкі – хату, кажа, хачу купіць, ці ўчастак пад дачу.

Ёкнула ў Ціма сэрца. Застукала ў скронях. А што, калі гэта. Васіль?! Няўжо пашэнціла нарэшце?! Матацыкл будзе. Новенькі «Мінск», пажадана зялёнага колеру. Як бы ён песціў яго, гладзіў па сядзенні, мыў бы кожны дзень. А як прыемна вуркоча матацыклетны матор, а як соладка пахне бензінавы дым!

Абы спраўдзілася! Трэба толькі пераканацца, што гэта Васіль, а ніхто іншы. Каб быць упэўненым на ўсе сто. А зрабіць гэта прасцей простага: калі чалавек заходзіў на могілкі – значыць. Можна лічыць, матацыкл ужо стаіць у двары.

Ці м асцярожна пашыбаваў да могілак. Вось яны, сляды! І вось яны, тыя ж самыя, каля помніка «афганцу»! І больш каля нічыйго! Цяпер у Ціма не магло быць ніякага сумнення. Гэта Васіль. І трэба хутчэй паведаміць Крушынскаму. Не забягаючы нават да Валіка, каб не губляць дарма часу, Цім кінуўся да леснічоўкі. Так хутка ён не бегаў нават на ўроках фізкультуры.

Пуста! Нікога! Замок на дзвярах хаткі. Ах, як крыўдна! Куды яны маглі падзецца ў такі момант?!

Аднекуль выскачыў Барс. Кінуўся Ціму на грудзі, заскавытаў жаласна, просячы хоць што. Вочы ў сабакі свяціліся галодным бляскам.

– Няма нічога! Я не ведаў, што ты тут сам, без гаспадароў! Ну, хадзем, хадзем. Пажывеш у мяне, пакуль яны не вернуцца.

А калі яны вернуцца? Гэтага Барс табе не скажа. Можа, сёння да вечара вернуцца. А можа, заўтра? А можа, праз тыдзень? Дык за гэты час Васіль сто разоў паспее забраць шкатулку – і шукай тады ветру ў полі!

Дома Цім схапіў ліст паперы. Напісаў: «Васіль тут!!! Быў на могілках!!!» – уляпіўшы для пераканаўчасці аж шэсць клічнікаў. Які ні быў стомлены, а нават адпачыць не прысеў. Адрэзаў скібу хлеба Барсу – і зноў у леснічоўку. Запіску, скручаную ў трубачку, запхнуў у шчыліну замка. Толькі тады трохі яму спакайней стала. Запіску немагчыма будзе не заўважыць.

А ў гэты момант фальшывы «Васіль» – на самай справе доктара Пратасевіча зяць Ігар – сядзеў у хаце ў цесця і расказваў, хвалячыся, як удала правёў ён разведку. Паказаў цесцю нататнік з геаграфічным планам мясцовасці. Доктар Пратасевіч блізарука паўглядаўся. Тыцнуў пальцам:

– Вось тут яго хатка. Вось, бачыш? Тут шаша, а прыкладна вось тут, дзе ў цябе пазначаны лес, хатка.

Зяць абвёў гэтае месца кружком.

– Вы ўпэўненыя?

– Амаль не сумняваюся.

– Ды гэта ж зусім блізка ад могілак! – зяць не хаваў радасці. – Ну, цяпер будзем чакаць, калі сыйдзе снег!

– Да вясны?

– Навошта – да першай адлігі! Мне здаецца, наш барадач чакае таго ж самага. Вось і апярэдзім яго!

Доктар памаўчаў. Відаць, штосьці яму ўсё ж у гэтым плане не падабалася, не мог ён падзяліць зяцевага аптымізму.

– Ігар, ты ўсур'ёз думаеш, што можна… ну, уночы раскапаць магілу? І потым зараўняць яе, узнавіць амаль такой як была?

Зяць нават разлаваўся:

– Канечне, не! Сто разоў вам тлумачыў! Зараўняем хоць бы так, каб не адразу ў вочы кідалася! А потым усё адно на барадача падумаюць!

– Добра, добра, – заківаў доктар. – Будзем чакаць адлігі.

Раздзел XXIV

Надвор'е дапамагае зяцю з цесцем. – Адліга. – Двое рыбакоў прыязджаюць… у лес. – Чаканне. – Ноч. – Крадзёж рыдлёўкі. – Могілкі.

Чакаць давялося нядоўга.

Як мы ўжо ведаем з папярэдніх раздзелаў, зіма раптам адступіла – часта бывае такое пасля моцных студзеньскіх маразоў. Закапала з дрэў. Шпарка пачаў раставаць снег. Пачарнелі дарогі; канавы ўзбоч іх былі поўныя талай вады.

Так надвор'е само прыйшло на дапамогу двум авантурыстам, умяшалася ў іх планы і міжволі прыспешыла фінал нашай гісторыі. Не толькі надвор'е, а іншыя абставіны спрыялі доктару Пратасевічу і яго зяцю: Крушынскі ж акурат быў у ад'ездзе! Праўда, аб гэтым яны пакуль што не ведалі…

План дзеянняў быў распрацаваны авантурыстамі даўно. Ён здаваўся ім ідэальным. Усё было разлічана. Да рэалізацыі яго вырашылі прыступіць ужо заўтра, у суботу. Тут таксама мелася свая логіка. Абодва яны, зяць з цесцем, любілі зімовую рыбалку і нярэдка ў выхадныя выязджалі на Мінскае мора; бывала, што і з начоўкаю. Так што ні ў кога іхняя адсутнасць не выкліча падазрэння. Каму якая справа да двух мужчын, апранутых у аднолькавыя хімабаронаўскія касцюмы-«скафандры» (як для нашага выпадку, дык зручныя яшчэ тым, што боты-бахілы не пакідаюць выразных слядоў), са скрынкамі на плячах, у будаўнічых падшлемніках з доўгімі «хвастамі»? Многа такіх можна ўбачыць – асабліва на вакзалах, асабліва ў выхадныя дні.

Аднак жа трохі дзіўна было, што нашыя героі выправіліся на рыбалку не на электрычцы, як заўсёды, а на аўтобусе, які ехаў не на звыклае Мінскае мора, а ў зусім іншы бок. Што папрасілі вадзіцеля спыніцца не каля возера ці якой рачулкі, а сярод лесу, дзе звычайна толькі грыбнікі ўлетку выходзяць.

Але і ў гэтым, падумаўшы, дзіўнага мала. Ёсць, значыць, у людзей нейкая запаведная мясцінка, раз прыехалі сюды!

Было гадзіны тры дня. У лесе, куды заглыбіліся доктар Пратасевіч з зяцем Ігарам, вісеў туман і капала з дрэў. Трэба ж, зіма, а такое робіцца. Наламалі сушэйшых, з-пад самага нізу, смалістых галінаў, расклалі агеньчык. Адразу весялей стала. Зяць выцягнуў са скрынкі прыпасы: тонкія «паляўнічыя» вэнджаныя каўбаскі, хлеб, сала; цесць – балгарскі слоік малюсенькіх марынаваных гуркоў і пляскатую бутэльку з цёмна-бурштынавай вадкасцю. Прыклаліся па чарзе да рыльца, разазагрэлі на агні каўбасу, падмацаваліся. Яшчэ весялей стала. Сытасць у жываце і смеласць на душы. Гарыць вогнік, патрэскваюць смалістыя лапкі. Здорава!

А ў лесе тым часам пачало цямнець. Нізкае неба апусцілася яшчэ ніжэй, на самыя дрэвы, а потым і зусім апала на сырую цёмную зямлю, злілося з ёю. Уверсе, над галавой, не відаць было ні зораў, ні месяца. Надыйшла ранняя зімовая адліжная ноч.

– Пара! – скамандаваў Ігар.

Вось тут і пачаліся першыя непрыемнасці. Доктар Пратасевіч ніяк не мог знайсці дарогу да леснічоўкі. Ён жа быў у гэтых мясцінах толькі аднойчы – днём, калі вакол ляжаў белы снег, а сам доктар сядзеў у цёплай машыне. А тут цямрэча, хоць вока выкалі! Ні сцежкі, ні дарожкі, і сам лес здаецца зусім іншым.

Давялося вяртацца назад на шашу. Добра, што была яна зусім пустая ў гэты час. Зяць уключыў ліхтарык. Пахадзілі абодва, як вартавыя на пасту, узад-уперад па ўзбочыне, пакуль нарэшце не натыкнуліся на ўказальнік. «В. Вялікая Паляна, 4 км.», – высветліў ліхтарык.

– Ну, вось! – узрадваўся доктар. – Цяпер я ўсё ўспомніў!

Сапраўды, хутка знайшлася дарога. Доўга затым ішлі па ёй, цёмнай, пакручастай, свецячы ліхтарыкамі пад ногі. Спатыкаліся, лаяліся шэпатам. Пад нагамі чвякала гразь, галіны секлі па руках і тварах.

Кожны, хто хоць раз хадзіў па начным лесе, ды яшчэ ў непагадзь, пацвердзіць, што ліхтарык памагае мала. Калі памагае ўвогуле. Лепш выключыць яго і даверыцца ўласным вачам. Так нашы авантурысты і зрабілі.

Доктар збіўся-такі з дарогі і вывеў зяця да кар'ера – таго самага, дзе адбывалася хакейная баталія. Цяпер ў кар'еры стаяла вада заместа лёду. Цесць з зяцем прайшлі па самым крутым абрыве і нават не заўважылі; проста цуда нейкае, проста пашэнціла, што не пазвальваліся ўніз.

Леснічоўка ўзнікла перад імі раптоўна. Доктар, які па-ранейшаму ішоў наперадзе, ледзь не стукнуўся і лбом у дзверы.

– Вось яна! – зашаптаў, павярнуўшыся да зяця. – Тут я быў! Тут ён жыве!

– Але дзе ён? Непадобна, каб тут жылі…

Зяць зазірнуў у чорнае вакно, нібы штосьці мог там убачыць. Доктар тым часам намацаў на дзвярах замок.

– Зачынена, Ігар! Яго проста дома няма! Пачуўшы гэта, Ігар смела ўключыў ліхтарык.

– І сабакі няма, – яшчэ больш узбадзёрыўся доктар.

– А гэта што?

Ігар паказаў ліхтарыкам на нейкую прыбудовачку – ні то дрывотню, ні то прыбіральню.

– А ну, пачакайце, – ён расчыніў скрыпучыя дзверы і знік усярэдзіне прыбудовы.

Штосьці ўпала там, грукнула. Доктар аж прысеў ад страху. Паказаўся зяць, трымаючы ў руцэ рыдлёўку:

– Глядзіце, што тут ёсць.

Сапраўды, удача! У абодвух авантурыстаў, канечне, былі і свае жалязнячкі – сапёрскія, з двух бакоў навостраныя, у брэзентавых футаральчыках; адну з іх і плаванавалася пасля «аперацыі» падкінуць барадачу. А тут і падкідваць не трэба. Бяры чужую рыдлёўку, якая, дарэчы, зручней за іхнія маламеры, пакарыстайся ёю, а потым вярні на месца – і хай гаспадар сам пасля адказвае, дзе яго інструмент гасцяваў.

Ад хаткі папраставалі ў напрамку сяла. Тут ужо зяць Ігар, успомніўшы свае самаробныя схемы-«карты» з нататніка, пачаў арыентавацца. Цяпер ужо ён вёў доктара. Вунь і Вялікая Паляна, свеціцца рэдкімі агнямі… А вунь, яшчэ далей, участкі дачныя.

Сяло прамінулі па ўзлеску. А вось і яны, могілкі! Перад носам. Арудуй сабе, як хочаш, і ніводная жывая душа не ўбачыць. І леснічоўка, аказваецца, не так далёка. Што ні кажы, а шэнціць ім, цьфу-цьфу-цьфу!

Каля магілы «афганца» прыселі на карачкі. Перадыхнулі крыху – хоць і ў такіх, нязручных позах.

– З Богам, – сказаў зяць Ігар, падымаючыся, і доктар уздрыгнуў – так недарэчна, нават дзіка прагучала гэтае пажаданне, да таго не вязалася яно з той бязбожнай справаю, якую сабраліся яны зараз рабіць.

Раздзел XXV

Авантурысты раскапваюць магілу. – Страх доктара Пратасевіча. – Фіяска. – Прапажа рукавіцы.

«Працавалі» без ліхтарыкаў, у поўнай цемры, амаль навобмацак. Але пакуль што зладжана, без хібаў і памылак. Усё атрымлівалася. Спачатку павыцягвалі з зямлі бардзюрынкі, прысланілі да агароджы. Зяць асцярожна падкапаў помнік з боку магілы.

– Памажыце! – пазваў цесця, калі помнік пачаў нахіляцца.

Доктар аберуч упёрся ў халодны граніт. Зяць хуценька падсунуў пад ніз помніка, упоперак магілы, адну бардзюрыну, для страхоўкі – другую.

– Адпускайце…

Помнік стаяў роўненька, нібы ніхто яго і не трывожыў. Цяпер можна было раскапваць магілу, не баючыся, што ён зваліцца на галаву. І, калі рабіць усё з толкам, абачліва, не спяшаючыся. Выкапаць, забраць з труны каштоўнасці, акуратна засыпаць магілу, вярнуць на месца бардзюрынкі, награбсці зверху як мага больш бруднага снегу, прайсціся вакол магілы з венічкам, знішчыўшы хоць збольшага сляды. Калі зрабіць усё гэта, то нават ўдзень, за пяць крокаў ніхто нічога не заўважыць! Магіла як была, так і ёсць, помнік як стаяў на ёй, так і стаіць. Ды хто тут дужа прыглядаца будзе? Хто зімою на могілкі ходзіць? Хіба што на Радаўніцу, дык да таго часу, пасля зімы, усе магілкі аднолькавымі паробяцца!

Вось як было задумана авантурыстамі.

А на крайні выпадак – калі ўсё ж убачаць, што з магілаю няладна, дык на тое існуе барадач. З ягонай, зямлёй запэцканай, рыдлёўкаю.

Так што амаль ніякай рызыкі. Адно працуй!

Капалі на змену. Абодва, каб не пакінуць адбітку пальцаў на дзержаку рыдлёўкі, былі ў рукавіцах; ці, лепш сказаць, доктар – у пальчатках, а зяць – у звычайных будаўнічых «спяцоўках».

З непрывычкі доктар вельмі хутка стаміўся. Па спіне ў яго цёк пот, ногі трэсліся, далоні смылелі. З цяжкасцю адбыўшы сваю – пяціхвілінную – чаргу, ён скідваў пальчаткі і дзьмухаў на рукі; вадзяныя мазалі набрыньвалі нават пад пальчаткамі.

Зяць шчыраваў адзін. З шоргатам уядалася ў цвёрдую зямлю рыдлёўка. Яма рабілася ўсё глыбейшаю. Доктар адыйшоў да нейчай майгілы і абапёрся спінаю аб агароджу. Вакол былі сілуэты крыжоў і помнікаў. Чорныя дрэвы, як прывіды, цягнуліся сваімі сухімі скручанымі рукамі-галінамі да доктара, нібы сабраўшыся ашчаперыць яго. Яму стала вусцішна. Чаго яны тут, на могілках?! Што яны тут робяць?!

У гэты момант доктар выразна пачуў, як рыдлёўка стукнула аб штосьці. І адразу ж глыбіні ямы, як з калодзежа, пачуўся глухі зяцеў голас:

– Гатова!

Доктар падбег да ямы. Аднак нават зазірнуць туды не адважыўся. Спытаў зводдаля:

– Што там? Цынкавая труна?

– Ды якая цынкавая, – будзённа адказаў зяць, – усё даўно рассыпалася ўжо, і цынк, і тое, што ў цынку… Давайце, спускайцеся! – загадаў дзелавіта.

У доктара раптам пачалі стукаць зубы. Ці то ён паспеў схапіць прастуду, пастаяўшы, разгарачаны, каля халоднай агароджы, ці яшчэ ад чаго, але зубы так барабанілі, што даводзілася падпіраць рукой сківіцу.

– Іг…гар, я… не магу!

З ямы вытыркнулася зяцева галава.

– Што не магу? Спалохаліся? Вы ж доктар! Кажу вам – тут за пятнаццаць гадоў нічога амаль не засталося! Акрамя шкатулкі, канечне. Ну?

– Не… магу.

– Тады свяціце мне зверху.

– Не… магу! – як заклініла доктара. Зяць плюнуў.

– Чорт з вамі. Падайце мне ліхтарык! І сякерку.

Доктар падаў – а сам хутчэй уцякаць, да свае агароджы. Стаяў, калаціўся і нават уявіць не мог, што ж там, у яме, цяпер робіцца?..

Доўга не абзываўся зяць. Нарэшце ён моўчкі выбраўся наверх. Доктар кінуўся да яго:

– Што?! Што?! Знайшоў?!

У адказ яму ўпёрліся ў нос мокрыя брудныя пальцы, і доктар не так убачыў, як здагадаўся: гэта яму паказваюць дулю.

– Вось што я там знайшоў! Бачылі?! – зяць знясілена апусціўся проста на халодны жвір каля ямы. – Дурань! Пракляты дурань! – ён аж застагнаў, аж у лоб сабе пачаў стукаць. – Так добра жылося. У цяпле, у дабрэ. Не – захацелася большага! Паверыў, як дзіця неразумнае, як школьнік – нейкім магнітафонам, нейкім касетам. Дурню старому, гэтаму вось!..

– А ты добра глядзеў? – нясмела папытаўся доктар.

– Лезьце ды праверце!

Зяць быў злы, проста кіпеў увесь. Доктар пачуваўся, як пабіты сабака. Калі б хоць бы на гэтым усё скончылася! Калі б можна было б зараз сабрацца ды спакойна сысці адсюль! Дудкі. Трэба прыбраць усё. Нагадзілі, нашкодзілі, дык трэба ж, як ліса хвастом, сляды за сабою замесці.

Валэндаліся да паўночы. Але зрабілі больш-менш добра. Закідалі, старанна падраўнялі магілу, абклалі бардзюрынкамі; доктар рукамі зграбаў з-пад дрэваў, дзе яго было больш, снег і насіў сюды, прысыпаючы ім свежую зямлю. Потым выхапіў у зяця венік і доўга, стараннасцю жадаючы загладзіць віну, шкрэбаў ім на магіле – раўняў снег, і вакол магілы, і паўсюль, дзе яны маглі ступаць.

Зяць пасвяціў ліхтарыкам. Прыдзірліва ўсё агледзеў. Застаўся задаволены.

– А ведаеце, нічога. Амаль як такі было, – крыху адпусціла яго.

Што да старога цесця, той ледзьве трымаўся на нагах. А яшчэ ж не ўсё! Яшчэ ж аднесці ў хатку рыдлёўку. Яшчэ ж да шашы дапасці. У лесе сядзець, мёрзнуць да раніцы. Потым зноў ісці, ісці! – бо не будзеш жа спыняць аўтобус ці якую машыну адразу каля саменькага ўказальніка «Вялікая Паляна»!

Што да зяця Ігара, дык у таго клопатаў было яшчэ больш. Таму мала было дабрацца ў Мінск – трэба было яшчэ недзе купіць свежай рыбы. Рыбаком ён лічыўся умелым, удачлівым і ніхто яму, канечне, не паверыць, калі пасля начоўкі вернецца дамоў з пустымі рукамі.

Змраныя, брудныя, ледзь цягнучы ногі, пабрылі да леснічоўкі. Доктар раптам адчуў, што яго мерзне правая рука. Няма пальчаткі! Праверыў па кішэнях – няма.

Канечне, зяцю аб гэтай прапажы ён нічога не сказаў, не пасмеў нават заікнуцца.

Раздзел XXVI

Пільнасць Цімавага бацькі-лесніка. – Крушынскі з Вікаю вяртаюцца з горада. – Цімава запіска. – Вечар. – За леснічоўкаю зноў сочаць. – Раніца. – Апошняя блытаніна з «Васілём». – Пацалунак. – З'яўленне хлопчыкаў з трывожнымі навінамі. – Арышт Крушынскага.

Гэта толькі незадачлівым шукальнікам скарбаў, доктару Пратасевічу з зяцем Ігарам, якія ніколі не жылі ў вёсцы і абсалютна не мелі паняцця пра псіхалогію вяскоўцаў, здавалася, што ўсё будзе шыта-крыта, ніхто нічога не заўважыць.

Ужо на другія суткі зямля на магіле прасела. На трэція суткі Цімаў бацька, ідучы паўз могілкі ў лес на абход, раптам спыніўся і аж рот разявіў ад здзіўлення. Яго любімы помнік салдату «афганцу» быў пахілены! Завярнуў на могілкі, падыйшоў. Божа мой, магілу капалі! Хто?! Навошта?! Калі?! Ціка-а-ава ўсё гэта!..

Для яго, вопытнага лесніка, ніякай цяжкасці не склала прасачыць, куды вядуць сляды. Вось яны – на пагорачку зямлі. А вось яны – у мокрым снезе, які, дарэчы, пачынаў падшэрхваць, а гэта значыць, сляды, нібы ў гіпс закутыя, надоўга захаваюцца. А вось галінка зламаная.

Ляснік ішоў проста па слядах і ўжо нават не глядзеў пад ногі. Ён не сумняваўся, што сляды вядуць у леснічоўку. І што належаць яны чалавеку, які даўно быў у яго на падазрэнні. Хатка на замку… Цімаў бацька абышоў яе, ізноў натыкнуўся на сляды – яны вялі ў прыбудоўку. Ляснік нырнуў туды, неўзабаве выйшаў з рыдлёўкаю, запэцканай зямлёй і глінай.

– Тэ-э-эк! – працягнуў ляснік.

Было гэта раніцай. А позна ўвечары таго ж дня вярнуліся з Гомеля Крушынскі з Вікаю. Вельмі кепская, гразкая была дарога ад шашы, таму і прыйшлі ў леснічоўку так позна. Сабакі нідзе не было. Крушынскі пачаў піхаць ключ у замок – ключ не

ўлазіў.

– Што такое?.. Паспрабуй, Віка, у цябе пальцы спрытнейшыя.

Дзяўчынка выцягнула са шчыліны мокрую паперчыну. Разгарнула:

– Ды гэта ж запіска!

Нават у цемры сваімі маладым вострым зрокам змагла разабраць Цімавы «гатычныя» каракулі. Прачытала ўголас:

– «Васіль тут!!! Быў на могілках!!! Цім». Нічога сабе! – усклікнула Віка. – Дык ты не маніў? Праўда ўсё гэта, з Васілём?

– Лухта ўсё гэта, з Васілём, – у тон ёй адказаў Крушынскі, адчыняючы замок. Ён нават не зірнуў на запіску. – Ідзі, Віка, мыйся – і лягай спаць. Позна

ўжо.

– Дык а хто тады прыязджаў?

– Не ведаю, – адмахнуўся Крушынскі. У яго не было ніякага жадання гаварыць на гэтую тэму.

Ды і Віка: як толькі ўлеглася ў любімы тапчан, як толькі дакранулася галавою да падушкі – так і заснула мёртвым сном. А Крушынскі доўга яшчэ корпаўся, тупаў па хатцы. Запаліў грубку, грэў ваду, бразкаў нейкімі слоікамі. Яму здавалася, што ўжо вельмі позна.

Але чалавеку – не падлеткам Ціму з Валікам, – а даросламу чалавеку, які стаяў зараз пад хвояю за дзесяць метраў ад леснічоўкі, так не здавалася. Чалавек убачыў святло ў вакне, удыхнуў гаркаваты дым з коміна. «Тэ-э-эк, – сам сабе прамовіў, – ну вось і добра!» І знік.

Віка прачнулася, калі на двары ўжо развіднела. Нарэшце скончылася праклятая адліга. За вакном ляжаў свежы снег. У леснічоўцы было халаднавата – значыць, за ноч узяўся і мароз. Дзяўчынка, усунуўшы ў валёнкі ногі, падыйшла да грубкі, прыклала далонь. Нават цэгла была халодная. Віка павярнулася да «ляжанкі» Крушынскага. і аслупянела.

Ніякага Крушынскага не было. На яго месцы ляжаў і ціхенька хроп нейкі незнаёмы мужчына. Праз увесь твар яго – ад падбародка да самай шчакі, цягнуўся крывы, выпуклы шнар.

«У Афгане паранены ў сківіцу!..» – успомніла Віка аповед Крушынскага. Дык гэта ж. і ёсць Васіль! Крушынскі прывёў яго ўночы, паклаў на сваё месца, вось ён і спіць тут!

Мужчына прыкрыў далоняю вочы.

– Што гэта… светла так? – прамармытаў спрасонку. голасам Крушынскага. Затым расплюшчыў вочы. Падхапіўся і сеў.

Віка пільна глядзела на яго. Ён пачырванеў і адвярнуўся.

– Дык вось яно што, – прамовіла яна. – Вось чаму ты быў такі ўпэўнены, што ніякі Васіль тут з'явіцца не можа. Бо Васіль – гэта ты!

Ён маўчаў.

– Гэта ты даглядаў у шпіталі скалечанага «афганца»?

– Я.

– Гэта табе ён расказаў перад смерцю пра шкатулку?

– Мне. Ну вось… Цяпер ты ўсё ведаеш. Сама ж прасіла згаліць бараду. Думала, гэта я так, ад няма чаго рабіць, дзеля моды яе гадую? Цяпер, нябось, і пазіраць на мяне брыдка.

Віка працягнула руку і пагладзіла шнар пальцам. І раптам хутка прысела на коленцы, нагнула Крушынскаму галаву і дакранулася да шнара вуснамі.

Моцны стук у дзверы прымусіў іх абодвух уздрыгнуць.

– Хто там? – крыкнуў Крушынскі.

– Гэта мы, дзядзька Барыс! – пачуўся голас Ціма, а таксама радаснае, нецярплівае сабачае цяўканне. Прыйшлі хлопцы і прывялі Барса.

Віка, спяшаючыся, нацягвала світэр і спартыўныя штаны.

– Пачакайце хвіліну, дайце апрануцца…

І праўда, не больш чым праз хвіліну ён ужо адчыняў дзверы. Хлопцы, і сабака разам з імі, не ўвайшлі, а ўсе ўтрох проста-такі ўваліліся ў леснічоўку. Барс, які б рады гаспадарам ні быў, на грудзі кідацца не адважыўся, шмыгнуў на сваё месца. Цім з Валікам ад узрушэння, і ад таго, што патрапілі пасля двара ў хатку і вочы іхнія яшчэ не паспелі прывыкнуць, нават не адразу заўважылі, што Крушынскі не такі, як звычайна.

– Вы чыталі маю… запіску? – Цім захлёбваўся словамі. – Васіль раскапаў магілу! Пазаўчора ўночы! А мой бацька.

– А яго бацька, – перабіў Валік, – вырашыў, што гэта вы!

Валік замоўк раптам. І Ціму, які сабраўся быў гаварыць, наступіў на нагу – маўляў, паглядзі, хто перад табою!

Але Цім не заўважаў нічога.

– …Бацька прыходзіць учора ўвечары, – тарабаніў ён, – і хваліцца: ведаю, кажа, хто раскапваў магілу! Сляды, кажа, у леснічоўку вядуць, а мне гэты барадач заўсёды быў падазроны. Я ледзь стрымліваўся, каб не засмяяцца! Яны ж не ведаюць, што са спецслужбаў! Во смеху будзе, калі прыедуць вас арыштоўваць! Уяўляю іхнія твары!

– Ты спачатку на гэты твар паглядзі, – няветліва абарвала яго Віка. – Разуй вочы! Які ён спецслужбіст? Ён і ёсць Васіль. я хацела сказаць, што ніякага Васіля не існуе ўвогуле, – сама заблыталася.

Цім нарэшце падняў вочы на Крушынскага – і здранцвеў. Нейкі час у леснічоўцы панавала нямая сцэна.

– Дык… тады хто раскапаў магілу? – парушыў маўчанне Валік.

А Цім усклікнуў:

– Якая розніца?! Бацька яшчэ з раніцы пайшоў у лясніцтва, каб у Жытнявічы, у міліцыю пазваніць! Яны ж вось-вось прыедуць сюды! Па вас!

– Па мяне? Супакойся, – прамовіў Крушынскі. У самога ў яго, аднак, выгляд быў крыху разгублены. – Якая магіла, якія раскопкі. Нічога не разумею.

– Ды што тут разумець?! Уцякайце, хавайцеся, пакуль не позна! Кажу ж – зараз тут будзе міліцыя!

– Цім, не падымай паніку. Вы ж ведаеце, мяне не было тут усе гэтыя дні.

– Ды ў тым і справа! Бацька хваліўся, што рыдлёўку нейкую знайшоў у вас у двары! А ёй зямля, з магілы!

Крушынскі раптам замітусіўся, выцягнуў ключы з кішэні, потым скрутак грошай. Кінуў грошы на стол, адздзяліў адзін ключ ад кольца. Тады апамятаўся.

– Што за абсурд! – паглядзеў на Віку. – Хаця вось іменна абсурд. Я ж нават не магу сваім алібі пакарыстацца. Так, слухайце мяне ўважліва! Калі яны сапраўды прыедуць – я не ведаю вас, а вы мяне! Запомніце гэта. Для вас жа лепей, а найбольш – для Вікі. За мяне не хвалюйцеся. Нічога яны мне не зробяць. Калі і забяруць, дык патрымаюць крыху і адпусцяць. Але вас я падстаўляць не хачу!

– Віка, – звярнуўся да дзяўчынкі і да гэтага цвёрды яго голас пацяплеў, – вось табе запасны ключ, вось табе грошы. Святло пастарайся не запальваць, прадукты пакуль ёсць. Калі што – хлопцы купяць і прынясуць. Чуеце, хлопцы? Каб глядзелі яе, як сястру! Што б там ні здарылася.

– Не бойся, Віка, – горача запэўніў Валік, – з намі не прападзеш!

– Я і без вас не прападу…

А Ціму нават у такі момант іншае не давала спакою:

– Той, хто капаўся ў магіле, забраў каштоўнасці! – заявіў ён. – А рыдлёку вам падкінуў, каб зваліць на вас усё!

– Цім, ды не магло там быць ніякіх каштоўнасцей.

Крушынскі не дагаварыў і пачаў прыслухоўвацца. Барас таксама падхапіўся, загаўкаў звонка.

Усе выскачылі на двор. Аддалёку чуваць было гуркатанне машыны.

– Так, – распарадзіўся Крушынскі, – усе ў лес! Час у нас ёсць, блізка усё-адно яны не змогуць пад'ехаць!

Сам кінуўся ў хатку, ліхаманкава сабраў, запіхнуў у сумку нямногія дзяўчынкавы рэчы. Не забыў прыхапіць са стала грошы і ключ. Ізноў на двор:

– Хутчэй адсюль!

Машына ўжо не вуркатала, відаць, ужо ішлі сюды пехатою. Калі дзеці зніклі між хвояў, Крушынскі вярнуўся ў леснічоўку. Сеў і спакойна закурыў сабе, ні аб чым не думаючы. Чакаў ён нядоўга. На двары затупалі. Без стуку расчыніліся дзверы і на парозе ўзнік Цімаў бацька-ляснік, за ім – два міліцыянеры ў форме. У руцэ ў лясніка была ягоная, Крушынскага, рыдлёўка.

– Пяць хвілін табе на зборы, – не вітаючыся, нічога не тлумачачы, сказаў адзін з міліцыянераў.

А ў лесніка раптам аж рыдлёўка – доказ віны Крушынскага – выпала з рукі і бразнулася аб падлогу.

– Пачакайце… дык я ж яго ведаю! – разгублена неяк сказаў ляснік. – Я пазнаў яго, без барады! Гэта ж. ён прыязджаў сюды гадоў пятнаццаць назад! І ставіў помнік на магіле!..

Са сваёй хованкі, закрытыя кустамі ядлоўцу і хвоямі, дзеці бачылі, як выводзілі Крушынскага. Ён замкнуў хатку.

– Рукі за спіну! – скамандавалі яму.

Барс проста разрываўся нейкім істэрычным брэхам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю