412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 9)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 16 страниц)

НА ВЫПІЎЦЫ

Закончыўшы каля гадзіны 7-й вечарам апэрацыю ў шпіталі, др. Наумік кажа да мяне:

– Можа цяпер пойдзем і абсадзім Баўдзея?

– А што-ж ён благога зрабіў? – пытаюся.

– Бо ён, бачыш, сьвінабой, варочае ўсімі Баранавічамі, чэшацца каля інтэлігенцыі, а пра нас забыўся!

– Значыцца дасужы ты лаўкач! – кажу я. – Гэткіх нам, Беларусам, і трэба!

– Але не замнога, – бурчыць Наумік. – Не філязафуй таксама зашмат, а пайшлі!

– Як пайшлі, дык пайшлі!

Баўдзей спачатку быў падручным хлапцом у мясьніка Баранцэвіча. Пасьля, перад вайной, гандляваў сам сьвіньнямі на вялікую скалю. Цяпер ён дастаўляў Немцам рагатую жывёлу, сьвіней, меў сваю сталоўку, зь ведама нямецкіх уладаў кіраваў былой Баранцэвічавай мясьніцай, займаўся таксама спэкуляцыяй золатам ды рознымі таварамі. У Баранавічах ён у запраўднасьці быў харчовым «босам» і Немцаў, і беларускай «эліты».

Мы пастукалі ў дзьверы. Баўдзей адчыніў, з усьмешкай на твары вітаў:

– Калі ласка, калі ласка! Гэткія нябывалыя госьці! Заходзьце!

Мы ўвайшлі ў хату. Наумік, зрабіўшы задзёрыстую міну, падхапіў вітальныя словы гаспадара:

– Пэўна, што нябывалыя ды важныя госьці: вось маеш гонар гасьціць у сябе доктара мэдыцыны Науміка, найбольшага хірурга ад Варшавы да Менску, кіраўніка гарадзкога шпіталя ў Баранавічах, вучня слаўнага прафэсара Міхэйды… – казаў ён вясёла, стукаючы рукой сабе ў грудзі.

– Добрага знатака добрых напояў! – дакінуў я збоку.

Наумік аднак-жа ня зьбіўся з панталыку, ды, паказваючы рукой на мяне, казаў:

– А гэта вось мой заступнік, дырэктар Мэдычнай Школы ў Баранавічах, дырэктар Гінэкалягічнага й Радзільнага аддзелаў, др. Малецкі!

– Вельмі, вельмі прыемна, – перапыніў Баўдзей. – Сядайце за стол, можа што знойдзецца добрага! – ды пачаў пераглядаць у буфэце бутэлькі.

– Можа францускага каньячку? – пытаецца.

– Хай будзе й каньячок! – згаджаецца Наумік. – Думаю, што вы нас як трэба пачастуеце! – дадае.

– А як-жа інакш! Я, хоць ня маю школы, але служу ўсім знатным людзям.

– Можна быць знатным і бяз школы! – падбадзёрваю гаспадара.

– Нейк даём сабе рады й добрым людзям памагаем, – не адставаў у словах і Баўдзей, наліваючы чаркі.

– Дык за здароўе гасьцей! – узьняў ён тост.

– За здароўе гаспадара!

П'ём, жартуем на бягучыя тэмы, закусваем добрымі вяндлінамі. Раптам др. Наумік у тон жарту расхадзіўся:

– Ты, брат, – кажа да гаспадара, – Паляшук. А Паляшукі як чарадзеі, займаюцца падманам. Ставіць самагонку, а кажа, што прывазны напітак!

– Ды запраўды прывазны, францускі! – сьмяецца Баўдзей.

– Прывазны, ці тутэйшы, ня будзем таргавацца, – рагоча й Наумік. – Ведаеш, што Беларус словам ня верыць, мусіць пашчупаць сваімі рукамі. Дык выбачай, я гэткі Беларус. Дазволь пашчупаць тваю там батарэю!

– Калі ласка, калі ласка! Паляшукі-ж кажуць: госьць у хаце на куце, гаспадар на самым хвасьце! – сьмяецца Баўдзей.

І Наумік стаў пераглядаць бутэлькі ў буфэце, а знайшоўшы бэнэдыктына, баёва паставіў на стол, прыгаварваючы:

– Вось дзе слаўны напітак. Выдумалі яго на хвалу Божую слугі Божыя бэнэдыктынцы. Спрабуйце, і калі ня так – ганіце мяне з хаты!

Мы перакулілі чаркі з напоем. Прыемнай гарачынёй разыходзіўся ён па нутры. Гаспадар хацеў тут нешта сказаць, ды нехта застукаў якраз у дзьверы. Ён зачыніў хутка буфэт ды пайшоў да дзьвярэй.

– А… Біттэ, біттэ гэрайн![14]14
  Калі ласка, калі ласка – заходзьце!


[Закрыть]
– запрошваў.

– Энтшульдігэн зі біттэ, дас вір зінд зо шпэйт![15]15
  Выбачайце, што мы гэтак позна!


[Закрыть]
– чуваць было ў адказ, і ў хату ўвайшлі два, у зялёных мундзірах СС, Немцы.

– Гайль Гітлер! – дружна, пабачыўшы нас, яны крыкнулі ды ўзьнялі рукі.

Мы ўсталі, таксама ўзьнялі рукі, сказалі «Гайль!»

Баўдзей прадставіў нас Немцам як сваіх добрых знаёмых. Выявілася, што афіцэр СС называецца Дадышэк, другі-ж, падафіцэр, – Ёзэф. Я ўжо ведаў, што першы, гэта заступнік кіраўніка баранавіцкага СД, а другі – студэнт палітэхнікі ў Вюрцбургу, служыў цяпер у СД. Баўдзей падкінуў хутка больш закускі ды выпіўкі. Мы цяпер разам пілі, закусвалі, жартавалі. Гаварылі панямецку.

Дадышэк, чэскага паходжаньня, быў сярэдняга росту, хударлявы, малады, стройны, аднак выглядаў стомлена. Ён запытаўся ў Баўдзея:

– Ці вашая жонка даехала шчасьліва да Варшавы?

– Даехаць то яна даехала, – адказаў Баўдзей, – але нажаль мела вялікія непрыемнасьці.

– Якія?

– У дарозе пашкодзілі фартэпіян, але гэта яшчэ нічога. Ды ў Варшаве, на вуліцы перад кватэрай, тамтэйшыя тарбахваты выхапілі ў яе сумку з усімі каштоўнасьцямі ды дакумэнтамі. Найгоршае, што яна цяпер засталася там без дакумэнтаў, а самі ведаеце: у Польшчы зловяць без дакумэнтаў – вялікая бяда! Дык я прасіў-бы ласкава выставіць ёй другія дакумэнты.

– Добра, мы гэта зробім, – адказаў Дадышэк. – Ведама, у Варшаве шмат крыміналістаў, але ў Югаславіі, дзе я нядаўна быў, іх яшчэ болей, – казаў ён супакойваючы. – З Палякамі мы хутчэй справімся. А вось тут у Беларусі дык чуемся й зусім як у сябе дома!

– Дык вып'ем, перш за нашую беларускую спакойную нацыю, – перабіў Наумік, – а другую чарку за матэрыяльную крыўду спадарыні Баўдзей!

– Ха, ха, ха! – зарагаталі ўсе.

Далейшыя чаркі пайшлі за нямецкую армію, за яе перамогу пад Віцебскам, ля Растова, у Афрыцы.

Варочаліся мы дамоў каля 10 гадзіны вечара. Ад Дадышака я шмат што даведаўся пра падзеі ў Югаславіі, дзе ён быў перад прыездам у Беларусь, аб ягоных сымпатыях да Беларусаў, аб задаваленьні Немцаў у Баранавічах з супрацоўніцтва зь Беларусамі, ды аб тым, што «Фюрэр» спадзяецца на «ное ваффэ»[16]16
  Новую зброю.


[Закрыть]
– ядраную зброю – ды іншае.

НА СТАРОЖЫ ЗДАРОЎЯ ЖЫХАРСТВА

Гітляроўцы ў сваім паходзе на ўсход вынішчалі падбітыя славянскія народы ня толькі зброяй, агнём, голадам, гвалтамі, мукамі, непасільнай працай, але таксама й эпідэміямі, якія стараліся прыглушаць натолькі, каб яны не пакасілі й нямецкага войска. Яны сьвядома не змагаліся з пошасьцямі, якія покатам клалі ваеннапалонных ды часткова й мясцовае жыхарства. А каб перашкодзіць рабіць гэта й мясцовым лекарскім сілам, Немцы ў вельмі малой колькасьці адпускалі на патрэбы жыхарства лекі ды сыраваткі, і абмяжоўвалі ўсякую мэдычную дапамогу наагул.

Беларусь у часе вайны ў галіне лекарска-мэдыцынскай знайшлася ў асабліва цяжкім стане. Бальшавіцкая сыстэма, як вельмі адсталая, на працягу свайго існаваньня ніколі ня была здольная выпрадукаваць для патрэбаў жыхарства лекаў у дастатковай колькасьці, не гаворачы ўжо пра нейкае масавае змаганьне з пошасьцямі, пра загварантаваньне мінімуму рацыянальнага аджыўленьня ды пра іншыя прафіляктычныя мерапрыемствы.

Немцы-ж на самым пачатку свае ўлады найперш аграбілі ўсе захопленыя мэдычныя й прафіляктычныя склады існуючых перад гэтым рэжымаў. Пазьней з гэтых запасаў для жыхарства яны выдзялялі мінімальную толькі колькасьць лекаў, з выразным разьлікам на тое, каб жыхарства як найбольш вымірала. Дадаць да гэтага яшчэ трэба, што шмат аптэкаў ды мэдычных складоў у часе вайны было зьнішчана, прадукцыя-ж лекаў была амаль цалкам спыненая.

Усюды нехапала антыбіётыкаў, шчапёнак, дэзінфэкцыйных матэрыялаў, хляраформу, камфоры, кафэіны і г. д. На тэрыторыі Галоўнага Камісарыяту Беларусі было дзейных толькі 43 аптэкі, ды й яны былі ў стане жалю годным. Нічагусенькі, ніякіх лекаў не давала й Масква сваім партызанам, якія знаходзіліся ў больш жудасным палажэньні за жыхарства.

Баранавіцкі гарадзкі шпіталь Немцы выкінулі з свайго будынку ды аграбілі з усіх амаль інструмэнтаў і матэрыялаў. Мясьціўся ён цяпер у памяшканьні былое жыдоўскае гімназіі. Інфэкцыйны аддзел шпіталю займаў асобны дом. Плошчу шпіталю мы пашырылі прыдзелам суседніх жылых дамоў. Недахоп інструмэнтаў, лекаў, бандажоў быў страшны. Асабліва нехапала наркозы ды гіпсу для пераломаў. Нямецкі акруговы камісар на просьбу дапамогі даў адмоўны адказ: вайна ды ўсё. Менск з Чырвонага Крыжа прыслаў нам толькі тры літры хляраформу. Сьпірту для рук і для стэрылізацыі інструмэнтаў таксама нехапала. Шпіталі ў Слоніме ды Нясьвіжы змушаныя былі карыстацца самагонкай.

Трэба было шукаць нейкага выхаду самым, самым здабываць патрэбныя лекі й мэдыкамэнты, каб нейк ратаваць нашых хворых, каб ахаваць жыхарства ад эпідэміяў. Сьцежку ў гэтым кірунку нам паказалі спэкулянты, якія пакрысе дастаўлялі розныя лекі амаль з усёй Эўропы. Вось дачуліся мы, што ў жыдоўскім геце ў Вільні за сала й грошы можна дастаць марлі. Пасылаем туды др. Науміка. Знайшоў ён прадаўца, але марлю цяжка вынесьці з гетта. Нашаму прадаўцу прыйшлося накручваць вакол свайго цела магутны бандаж марлі ды выходзіць разам зь іншымі Жыдамі «на працу». Ён пасьля адлучаўся ад свае групы, прыходзіў на кватэру др. Науміка ды там «танчэў». Адна гэткая «ноша» давала здабычу марлі на соткі мэтраў. Так др. Наумік за колькі дзён здолеў сабраць да 5000 мэтраў гэтага каштоўнага нам матэрыялу, чаго нашаму шпіталю хапіла на даўжэйшы час.

Наркозу, марфіну, гіпс і сыраваткі мы здабывалі ад Немцаў «чорным» спосабам. За 1 кг сала, прыкладам, хворы мог дастаць зь нямецкага вайсковага шпіталю даволі гіпсу на зламаную канцавіну. Сваякі хворага хадзілі туды з салам ды прыносілі гіпс. Выпісвалі мы таксама рэцэпты на лекі, якіх нідзе ня можна было дастаць, а толькі ў нямецкіх ваенных шпіталях. Доўгі час, за тое-ж сала, іх даставалі сваякі хворых. Аж і ў Немцаў, відаць, зь лекамі ды мэдыкамэнтамі стала крута, бо ў 1943 годзе мы дасталі ад нямецкіх уладаў востры ліст, каб не пасылалі больш у нямецкія шпіталі па мэдыкамэнты «айнгаймішэ» – мясцовых людзей.

Што было рабіць? На нарадзе лекараў было пастаноўлена выслаць да Варшавы, з большай сумай грошаў, мяне для закупу мэдыкамэнтаў. Дастаў я фікцыйныя дакумэнты для падарожжа й 40 тысяч нямецкіх акупацыйных марак у пяцідзясятках, прывязаў іх да ног пад шкарпэткі ды паехаў.

Падарожжа, аказалася, было ня гэткім простым і лёгкім. Наш цягнік спыніўся ў Ваўкавыску, дзе, пасьля далучэньня Беласточчыны й Горадзеншчыны да Прусаў, праходзіла мяжа Райху. Нас усіх высадзілі ды пагналі ў дэзінфэкцыйную камору. Я быў проста ня свой ад страху, што магу згубіць грамадзкія грошы ды яшчэ лучыць, як спэкулянт, у кацэт.

Пра ўцёкі ня можна было й думаць, бо нас гналі пад паліцыйнай старожай. У дэзінфэктары– «вашабойцы» – я неяк захінуўся ў куток, жмут марак скруціў у хустачку ды паклаў, разам з дакумэнтамі, у торбачку, якую мне на гэта далі. Торбачку моцна завязаў ды падаў у вакенца, зь «вясёлай» мінай, Немцу, інваліду, з вуснай анатацыяй: «Прашу ня згубіць, тут мае важныя асабістыя дакумэнты».

– Гут![17]17
  Добра!


[Закрыть]
– сказаў Немец і даў мне зялёны нумарок, мой-жа мяшочак даволі падазрона супачыў на паліцы.

Нашая вопратка на возіках паехала ў парнікі, а мы сунуліся пад прышніцы. Быў тады красавік, – даволі холадна й у гэтай нямецкай лазьні, а тут яшчэ й халодная вада! Людзі зрабіліся бела-сінімі ды не маглі паўстрымаць дрыготак і лясканьня зубамі. А тут і новая праблема: да двух гадзінаў давялося нам голым чакаць у чарзе, каб дастаць сваю здэзінфэкаваную вопратку.

Ды ўрэшце ўсё-ж дастаў я й вопратку, і сваю найбольшую турботу – гэны «падазроны» мяшэчак. Аказалася ўсё ў парадку. Дарма я нэрваваўся. Тады ў мяне мільганула думка: а Немцы ўсе-ж здысцыплінаваны народ! Мой «скарб», ведама, ізноў пайшоў на сваё месца – пад шкарпэткі. Ды тут перад намі яшчэ мытная рэвізія. Пры сабе можна было мець толькі 250 марак. Але й там усё прайшло гладка.

У ВАРШАВЕ

Варшава, якую я добра ведаў зь перадваенных часоў, кінулася мне цяпер у вочы як абяднелая, абдзёртая, аднак-жа рухлівая, спэкулянцкая. Усе ўсюды нешта прадавалі. Мне сулілі нават медзь і цыну для спайкі катлоў.

Спыніўся я ў гатэлі, на вуліцы Кашыковай, непадалёк ад цэнтральнай станцыі. Чароды рыкшаў стаялі на скрыжаваньнях вуліцаў. Немцы, як авечкі, хадзілі малымі стадамі. Гатэль не абаграваны, цемната ўвечары, і трэба было сьвечкі, каб не разьбіць лобу ў сваім пакоі. За добрыя грошы аднак-жа можна было дастаць сьціплую ежу. На калідоры вечарам былі чутны крыкі жанчын, якіх атакавалі нейкія напасьнікі. Па-за будынкам грымелі стрэлы.

Я зьвязаўся з знаёмымі й яны мне парадзілі, каб нямецкія маркі зьмяніў на польскія злотыя, бо тады будзе лягчэй купіць лекі. У гэным якраз часе быў пагром францускіх спэкулянтаў у Варшаве й мае 50-ткі моцна падупалі. Я пайшоў на пляц Напалеона, дзе адбывалася падпольная спэкуляцыя ў вострых нямецка-шпіёнскіх умовах. Вось там я, адзеты не падазрона, чую словы тыпа:

– Купуен, купуен…[18]18
  Купляю, купляю…


[Закрыть]

– Купуеце немецке маркі? – кажу.

– Купуен! – пачуўся адказ.

– Спшэдаен![19]19
  Прадаю!


[Закрыть]
– мой адказ.

– Ходзь, пан! – кажа да мяне мой бяседнік.

Мы адышлі ў суседні завулак ды коратка абмяняліся думкамі: хто прадае, хто купляе. Я сказаў, што я варшавяк, але цяпер прыехаў з Усходу і не для нейкай там спэкуляцыі, а каб за вымененыя грошы купіць вельмі патрэбныя лекі.

Тады спэкулянт сказаў мне ісьці ў другі завулак. Там ён зьнік на хвіліну, а пасьля да мяне падышоў нейкі Паляк, відаць з падпольля ды прасіў ісьці за ім. Спыніўся ён пад сходамі нейкай сталоўкі, дзе круціліся два тыпы, сачылі транзакцыю. Паляк сказаў, што заплаціць за марку па 3,2 злотых. Я перадаў яму 40 000 марак, а ён мне 128 000 злотых. Падзякаваўшы адзін аднаму, мы разышліся.

Цяпер я прыступіў да рэалізацыі маіх мэдычных заказаў. Найперш купіў пінцэты, скальпэлі, шоўк, кэтгут, ды іншыя мэдычныя рэчы. Да мяне ў гатэль увесь час званілі тэлефоны з рознымі прапановамі. Добрым дарадцам быў для мяне мой сябра, Беларус, Ч. Халяўка, які тады жыў у Варшаве ды стараўся мне дапамагчы. Між сваімі здабычамі я меў вельмі для нас каштоўныя лекі: 300 гр. кокаіны, 300 гр. марфіны й хініны, 100 бутэлек этэру й 100 бутэлек хляраформу – на пару сотняў апэрацыяў – тысячы таблетак сульфанамідаў, 10 кг. гіпсу.

Найцяжэй было дастаць дыфтэрытную сыраватку, бо яе трэба было або даставаць ад Немцаў, якія кантралявалі Варшаўскі Інстытут Сыраватак, або ад іх выкрадаць. Я ўжо дамовіўся з Палякамі, што дастану 50 мільёнаў адзінак гэтай сыраваткі, і паехаў яе забіраць, але яе перахапіў нехта іншы і я мог купіць толькі 2 мільёны адзінак.

Не зважаючы на розныя няўдачы, пры выезьдзе з Варшавы ў мяне сабралася 6 цяжкіх пачак, якія я ледзь мог падняць. Польскі рыкша адвёз мяне на станцыю ды памог пакласьці ў вагон. У руках трымаў добра апанаваны этар і хлёрэтыль, бо каб часам гэтыя бутэлькі разьбіліся, выбух ад аднае іскры мог-бы забіць і папаліць шмат людзей.

Каля Лукава ў цягніку пасвабаднела. Але мае думкі былі ўжо ў Берасьці – кантрольнай станцыі на Ўсход. Прыехалі мы на гэтую гранічную станцыю каля 2-й гадзіны ночы, і, аказалася, ніхто не адважыўся памагчы мне перанесьці мае рэчы, хоць я абяцаў заплаціць цыгарэтамі. Так і застаўся на плятформе бездапаможны. Аж тут ідуць два чыгуначнікі. Я ім перадаў па пачцы папяросаў і порцыю хлеба з просьбай памагчы ў пераносе майго багажу, і яны мне дапамаглі.

Мытнікі, пабачыўшы маю цяжкую ношу, аж засьмяяліся. Я аднак-жа тыцнуў ім пад нос мае нямецкія дакумэнты, якія сьцьвярджалі патрэбу пропуску «дэзінфэктараў» і «мэдыкамэнтаў» у акругу Беларусь. Мытнікі кожную рэч пераглядалі, нюхалі, бурчэлі «фэрботэн»[20]20
  Забаронена.


[Закрыть]
, а ў душы ў мяне тымчасам бушавала бура. Я ня вытрываў, ды сказаў:

– Майнэ гэрэн![21]21
  Спадары!


[Закрыть]
Вязу гэта ўсё я не для сябе, але для Акруговага Шпіталя ў Баранавічах! Там шалее эпідэмія тыфу, якая пагражае нямецкаму войску, і нямецкія ўлады загадалі нам змагацца зь ёю. І вось я тут і вязу, што можна, для барацьбы з гэтай эпідэміяй. Калі вы хочаце сканфіскаваць гэтыя лекі, дык прашу на кожны лек выставіць мне адпаведны сэртыфікат, што яго вы не прапусьцілі.

Немцы былі заскочаныя як бараны. Яны маўчалі, махалі толькі рукамі, ды адышлі з лаянкай. Я, пабачыўшы гэта, пачаў укладаць свае рэчы ў пачкі. Гэтак лекі ўдалося ўратаваць і я іх усе даставіў у баранавіцкі шпіталь.

Аднак сыраваткі супраць тыфу хапіла ледзь на колькі тыдняў. Ізноў бяда, ізноў нарада. У выніку яе др. Наумік едзе аж да Пазнаня, дзе на фікцыйныя дакумэнты дастае ды прывозіць да Баранавіч аж 6 мільёнаў адзінак сыраваткі. Гэтак эпідэмію ў Баранавіцкай акрузе мы прыглушылі.

Пасьля 7 месяцаў, шукаючы патрэбных лекаў, я ізноў наведаў Варшаву. Цяпер мы схітравалі: 50 000 нямецкіх марак перавёз нам Немец Франц, купец з Гамбургу. Пасьля ізноў былі камбінацыі зь Немцамі: рэдкія ды важныя лекі, як сыраватка, наркотыкі й падобнае, перавезьлі нямецкія купцы зь фірмы «Фон Анан», я-ж гэтым разам вёз толькі наркозу, дык «знаёмыя» мытнікі на граніцы, пазнаўшы мяне, толькі сьмяяліся.

Будучы ў Варшаве, я адведаў др. Шчорса, які тады быў старшынёй Беларускага Камітэту ў Варшаве ды адначасна асыстэнтам на хірургічным аддзеле нямецкага вайсковага шпіталю. Ад яго я даведаўся, што лік сяброў у Камітэце, не зважаючы на выезд шмат якіх на працу ў Беларусь, увесь час павялічваецца, і ў 1943 годзе даходзіў да 5000. У мяне тады паўстала думка: скуль гэта ў Варшаве гэткі беларускі зрух? Перад вайной там у Беларускім Камітэце было толькі 150 сяброў. Ці не налазяць у Камітэт правакатары й шпіёны, каб пад беларускай шыльдай гробіць Беларусаў? Я др. Шчорсу не казаў, што сытуацыя ў ягоным Камітэце выглядае мне вельмі падазрона ды што ў Баранавічах да маіх вушэй даходзілі чуткі пра выпадкі, калі з дакумэнтамі гэтага Камітэту ў Беларускую акругу прыяжджалі розныя правакатары тыпу Рымшы.

У Варшаве быў і кс. П. Татарыновіч, які ўцёк зь Беларусі. Ён спрабаваў у Варшаве адпраўляць каталіцкія службы для Беларусаў-каталікоў, але польскае падпольле загразіла яму карай сьмерці за беларускія казаньні. І гэта ў часе цяжкой трагедыі самога польскага народу, калі, пры падпольнай уладзе генэрала Бор-Камароўскага, ён Палякаў пхаў у трагэдыю паўстаньня.

Дык Палякі і ў часе вайны стараліся шкодзіць Беларусам як маглі: на нашых землях праз сваіх розных «фольксдойчаў», пры дапамозе сваіх перакладчыкаў пры Немцах, праз сваіх стаўленікаў у О.Т., ды праз сваё падпольле. Нават і ў сваёй сталіцы, дзе Беларусы нічым ім не маглі быць грознымі, яны ўсё-ж пагражалі сьмерцю беларускаму сьвятару за самую ягоную родную мову ў сьвятыні!

Ды ня ўсе перапужаліся. Марыянін, кс. В. Хамёнак, не спалохаўся пагрозаў і адпраўляў далей набажэнствы ў Варшаве для сваіх беларускіх суродзічаў, побач літургічнай мовы лацінскай, і ў мове беларускай.

Калі я ехаў назад да Баранавіч, ад Седльцаў да Берасьця ў адкосе ляжаў толькі адзін цягнік і адзін паравоз з прычэпкай. Ад Бугу-ж да Баранавіч налічыў я толькі па правым боку 12 паравозаў з колькімі вагонамі. Гэта значыла, што Палякі няшмат перашкаджалі Немцам перакідаць свае арміі ды зброю пад Сталінград, Маскву, Калінін. Дык бальшавіцкая партызанка ў Беларусі куды актыўней дэзарганізавала нямецкі транспарт, хоць тут што тры кілямэтры стаяў пры зялезьніцы абвалаваны бункер, а ў ім сядзела 35 чалавек нямецкай аховы. Быў гэта трэці, Гітлерам зусім непрадбачаны фронт.

У БАРАНАВІЦКІМ ШПІТАЛІ

Марозны вечар кастрычніка 1942 году. Я, як старшы дзяжурны, раблю вячорны абход. Раптам чую грукат грузавой машыны ды енкі людзей. Пад дзьверы шпіталя пад'ехаў нямецкі грузавік і Немцы сталі ўводзіць ды ўносіць хворых проста ў залю: усе былі параненыя і ўсе Жыды. Прывёз іх кіраўнік нямецкай рабочай кампаніі ТОД. Екалі яны вечарам з працы ваганеткай, на якой ляжала й рознае зялезьзе, наехалі на міну ды паляцелі ў адкос.

У аднаго паламаная нага, у другога рука, у трэцяга рэбры, у чацьвёртага толькі палец, тры-ж апошнія толькі пакантужаныя. Усе былі брудныя, абдзёртыя, галодныя ды перамёрзлыя. Прывёз іх Немец ды прасіў лячыць на кошт ТОД. Я што мог, тое даў хворым: іх абмылі, накармілі, зрабілі перавязкі, цяжка пашкоджаным далі ўколы ад болю. Нехта даў ім нават закурыць. Ляжаць яны й цешацца.

– Ну і скуль пан прыехаў? І гаворыце вы ня гэтак, як у нас. А я баранавіцкі бляхар. Уй, як у вас тут добра!.. – хоць, дзеля недахопу ложкаў, палавіна іх ляжала на падлозе.

Назаўтра раніцай хірургі ўзялі хворых у сваю апеку.

Але вось, каля гадзіны 11-й, урываецца на залю афіцэр СС ды грозна накідаецца на мяне:

– Чаму вы прынялі Жыдоў у шпіталь і далі ім дапамогу? Вы павінны ведаць, што Фюрэр забараняе даваць Жыдам якую-колечы дапамогу!

– Прыняў я іх на просьбу Немца з ТОД, бо яны патрабавалі лекарскай дапамогі, а ў нямецкіх пшіталях ім ня было месца.

Немец дзіка зірнуў на мяне ды гаркнуў:

– Колькі іх тут?

– Сем, – адказваю.

– Я хачу бачыць, як яны параненыя…

Я павёў афіцэра ў залю, дае ляжалі Жыды. Ад'ютант афіцэра загадаў Жыдам стаць на зважай. Усе паўскаквалі на ногі, толькі той, што меў паламаную нагу, змог толькі падняцца й сесьці ў ложку.

– Я хачу ведаць, як яны пашкоджаныя ды колькі часу трэба на лячэньне, – запатрабаваў Немец.

– Вось гэты мае пераламаную нагу, няздольны да працы тры месяцы, – інфармаваў я, а ад'ютант запісваў. – Гэты з рукой – два з паловай месяцы, гэты – два месяцы, а той з пальцам – шэсьць тыдняў.

– Генуг![22]22
  Даволі!


[Закрыть]
– закрычаў Немец, ды яшчэ раз прыгразіў мне пальцам, каб я больш ніколі не асьмеліўся перахоўваць у шпіталі Жыдоў.

Гадзіну пазьней прыехалі нямецкія аўтамашыны ды Жыдоў пазабіралі. Назаўтра мы даведаліся, што трох цяжка калечаных СС замардавала, чатырох-жа іншых паслалі назад у рабочыя каманды.

У першыя дні лістапада ў шпіталь прыбылі два пацыенты з пастрэльнымі ранамі: адзін старэйшы меў пераламаную куляй руку, другі-ж, хлапец гадоў 14, прастрэленую нагу. Гэтыя пакалечаныя зацікавілі ня толькі шпітальны пэрсанал, але й шырокія колы грамадзтва, бо параненыя яны былі ў той перастрэлцы нямецкіх «паляўнічых» з партызанамі, у якой загінуў заступнік Генэральнага Камісара Беларусі, а трох нямецкіх гасьцей з Остміністэрства Бэрліне было ладна напалоханых.

Ранены селянін, відаць напалоханы таксама, не сказаў мне ні слова, а з хлапчуком я разгаварыўся й ён мне расказаў:

– Нас раніцай узялі ў падводы. Было нас 9 падводаў.

– А колькі-ж было Немцаў? – пытаюся.

– Немцаў было чатыры й трыццаць паліцыянтаў. Паехалі мы ў лес за Сліняўку.

– А што тады?

– Немцы трубілі, палявалі, стралялі, прыносілі зайцоў, барсукоў, забілі нават адну лісіцу, а мы з паліцыянтамі ўвесь дзень з заду за імі езьдзілі з аднаго месца ў другое.

– А дзе-ж была перастрэлка?

– Як ехалі дамоў, на зьмярканьні. Адзін з нашых заўважыў партызанаў, як яны здалёку перабягалі, і кажа Немцу: «Там перабягаюць партызаны, глядзі, пан!» Немец нешта гаркнуў і мы ехалі далей. Калі ўехалі паміж двух гарбкоў, раптам партызаны закрычалі: «Рукі ўверх!» – ды пачалі па нас страляць. Коні спудзіліся, сталі кідацца ў бакі ды падаць. Паліцыя адкрыла агонь, аж вушы лопалі. Мы-ж паўскаквалі ў равы й хаваліся, як толькі мага. Мне нешта так моцна ўдарыла па назе, што я ня мог зварухнуцца ад болю.

– А што рабілі Немцы? – пытаюся.

– Павыскаквалі ў равы й стралялі. Толькі той, што быў ранены, зваліўся на дарогу ды равеў, як бык, аж пакуль не памёр. Коні паразьбягаліся, або біліся недабітыя й хрыпелі… Я ад болю больш нічога ня мог сьцяміць… Казалі толькі, што нашая паліцыя пайшла ў атаку й партызаны паўцякалі.

Вось гэтым адзіным сьмяротна раненым Немцам і быў заступнік генэральнага камісара Кубэ. Дык Немцы ня ведалі, што ў лесе за Сіляўкай сядзяць ня толькі зайцы й барсукі, але й яшчэ нехта. А нават калі Беларус ім пальцам тыркаў, што вось там партызаны, яны не зважалі, хоць на іх палявалі, як на кабаноў.

Гэтым здарэньнем нямецкая ўлада была моцна скампраметаваная. Цела забітага забралі цішком, бязь ніякіх гонараў, у Нямеччыну. Ніякіх рэпрэсыяў жыхарства ня было. Людзі адзін аднаму шапталі: «Так яму й трэба. Няхай пілнуе сваёй справы!»

У палове лютага 1943 году, пасьля доўгага роздуму, ды дыскусіяў пра ход ваенных падзеяў, у партызаны пайшла масквічанка др. Гарбулёва, а за ёй яшчэ адна лекарка-рэнтгеналёг.

У далейшым выявілася, што Баранавіцкі шпіталь быў адным з камуністычных асяродкаў. Сталася гэта таму, што ў імя лекарскай салідарнасьці й апалітычнасьці на працу папрымалі, бязь віннай праверкі, шмат Расейцаў. Вось колькі прыкладаў:

Зрусыфікаваны Армянін Ібрагім, хоць меў жонку ў Саветах, закахаўся ў маладую Армянку, што працавала ў нас памочніцай сястры, ды хацеў зь ёй жаніцца. Ён быў нахабным у дачыненьні да сваёй зямлячкі й нагаварываў яе да ўцёкаў у лес. Др. Наумік звольніў няўдачнага аманта з працы, бо той пачаў гразіць дзяўчыне нават нажом.

Пасьля гэтага наш Ібрагім прапаў на два дні. Калі вярнуўся, дык пачаў рупна скупліваць гадзіньнікі, купіў іх зь пяць, а пасьля пачаў таргаваць у Італьянца й браўнінг. Яго ўжо сачылі. Вечарам, калі Ібрагім уцякаў у лес, яго паліцыя нагнала й арыштавала. Ён прызнаўся, што супрацоўнічаў з партызанамі, і яго, беднага, расстралялі.

Калі быў на дзяжурстве у шпіталі, я сьцьвердзіў, што старэйшая акушэрка вечарамі самавольна сходзе з дзяжурства, пакідае хворых без апекі. Аднойчы я зьвярнуў ёй на гэта ўвагу. Яна нейк непрапарцыянальна да выпадку, «страшэнна» абурылася, і наагул уцякла з працы. Справа гэтая разглядалася пазьней у Аддзеле Здароўя, але бурмістр Сабалеўскі знайшоў патрэбным пусьціць гэтую справу ў няпамяць. Так акушэркі Р. і ня прыгналі да працы. Яна спачатку адпачыла сабе добра ў хаце, пасьля-ж пару тыдняў сабрала свае лахі ды паехала ў лес да партызанаў, скуль прысылала мне няпрыстойныя слоўцы, спадару-ж Сабалеўскаму мілыя прывітаньні.

Аднойчы ў красавіку прывозе паліцыя ў шпіталь дужэзнага Расейца, гадоў пад 30, з параненай левай нагой. Пасьля нарадаў, др. Наумік ампутаваў нагу ніжэй калена. Быў гэта савецкі партызан Сьмірноў, які быццам знаходзіўся ў нямецкай выведцы. Вёў ён сябе вельмі акуратна, і калі нага загаілася, ды дастаў пратэзу, дык выказаў ахвоту працаваць у шпіталі прыдзьверным. Ягоную просьбу мы споўнілі.

Гэтым-жа часам мы заўважылі, што на хірургічным аддзеле пачалі гінуць розныя лекі, перш за ўсё марфіна й какаіна. Падазрэньне пала на малодшую сястру, саветку С. Узялі яе на абсэрвацыю, ці яна часам не какаіністка. Раз, калі ішоў я на дзяжурства, заўважыў, як Сьмірноў выносіў у посьцілцы вязку адзежы. Мне здавалася, што ён адсылае бялізну ў пральню. А чаму чорным ходам, гэтым я нейк не зацікавіўся. Пасьля на змроку сястра С. плакала перада мной і расказвала аб сваёй горкай долі. Я даваў ёй парады, падбадзёрваў на духу. У часе нашае гутаркі, яна, папрасіўшы мяне пачакаць, выйшла нібы да хворых.

Вярнуўшыся, ізноў плакала нясунімна, прасіла ў мяне нейкай апекі для маткі й сястры малодшай, ды ў канцы запыталася:

– А што Немцы зрабілі-б з маёй маткай і сястрой, калі-б я была ў партызанах?

Я быў зьдзіўлены гэткім пытаньнем, але адказаў спакойна:

– Немцы не бальшавікі, яны сям'і за зьбеглага не чапаюць. Але скуль у вас гэткае недарэчнае пытаньне: вы былі камсамолкай, працавалі ў акупаванай Немцамі зоне. У выпадку чаго камуністы й так вам не даруюць. Нам усім дарога толькі на захад.

Сястра С. залілася сьлязьмі.

– Ах, як трудна мне! Дайце мне вады!

Я падаў вады. Сястра С. устала, абцерла сьлёзы, і кажа:

– Дасьвіданіе, доктар!.. Я буду на хірургічэскім… – і хутка выйшла.

Я падумаў, што нешчасьлівую дзяўчыну нагаворваюць ісьці ў партызаны. Хутка пачало цямнець. Тры жанчыны, што наведвалі хворых, не маглі знайсьці сваіх хутраў. Прыдзьвернага-ж Сьмірнова ня было й повіду: уцёк, падлюга, зь сястрой С. у партызаны, захапіўшы тры хутры ды скрутак бруднае шпітальнае бялізны. Тады мы толькі зьмяркавалі, хто й чаму выкрадаў нашыя лекі.

У гэты самы вечар другая сястра, родам зь Ленінграду проста мяне спыталася:

– Вы, дорогой доктар, прыслалі меня сюда. Теперь посоветуйте, что делать: наговарывают в партізаны, а ў меня двое маленькіх детей?

Яна засталася ў шпіталі да канца, таксама як і наш канюх Валодзя, які яшчэ ў 1942 годзе ўцёк з партызанаў.

У Мэдычнай Школе быў загадчык гаспадаркай Б. Вось у красавіку ён раптам зьнік аж на два тыдні. У гэтым-жа часе прапала з канцылярыі пішучая машынка. У школе пачаліся непаладкі: дровы ня прывезеныя, клязэты не ачышчаныя, панадворак засьмечаны, а яго няма. Урэшце прыходзіць, абсіверыўшы.

– Дзе быў? – пытаюся.

– У гасьцёх, спадар доктар, ды крыху прастудзіўся, кашляў…

– Каб гэта было апошні раз, што без дазволу пакідаеце працу! – сказаў я станоўча.

– Добра, спадар доктар, але й жонка мая хворая, ляжыць у ложку. Можа будзеце ласкавы наведаць яе?

– Добра, толькі хутка бярыцеся за працу.

Вечарам наведаў жонку. Была лёгка хворая, і магла-б прыйсьці на агледзіны й у шпіталь. Я яшчэ ня скончыў пісаць рэцэпту, як на стале зьявілася выпіўка й закуска. Я прынцыпова ніколі не сядаў за стол у хворых, ды гэты тып пачаў мяне цікавіць, бо й вучні мне даносілі, што ён лішне цікавіцца ўсім, што дзеіцца ў школе на лекцыях. На вечарынках-жа й акадэміях дык ён заўсёды першы.

– Сядайце, сядайце, спадар доктар! Вось вып'ем ды закусім квашанінкай.

Мы селі, пасілкаваліся.

– Ведаеце, спадар доктар, вас усе людзі любяць. Вы інакшы, як Русак і Сабалеўскі, вы так бароніце моладзь перад Немцамі. Баўдзей і Русак адаслалі сваіх жонак у Польшчу, але вы сваёй не адаслалі. Вам няма чаго баяцца, і адступаць ня трэба. Мы вас абаронім.

Я зірнуў на яго з усьмешкай ды кажу:

– Ніхто мяне не ўгаворыць заставацца ды гібнуць у бальшавікоў. Калі прыйдзецца адступаць, дык вы, застаўшыся, не абароніце й самі сябе.

– О, не, мы ўсе будзем трымаць адзін за аднаго.

– Перастань ты, Раман, – адазвалася жонка, – хто там будзе адступаць!

– Усяк бывае… Бывайце здаровыя!

– Бывайце й не наракайце, спадар доктар, што вас турбавалі.

Я лёгка мог пацягнуць гэтага наіўнага палітагента за язык, ды запытацца, куды ён хадзіў, як прапала наша пішучая машынка, чаму запаліўся склад дроваў у яго суседзтве, і г. д. Ды на што было мне яго чапаць: хай будзе, якім ёсьць, а яго й так «ашчадзяць» самі маскоўскія камуністы. Пару тыдняў пазьней мой субяседнік, ды й яшчэ колькі, пайшлі ў партызаны.

У Слоніме Немцы з самага пачатку вялі сябе вельмі напышліва, горда, яны азьвярэла кідаліся як супроць партызанаў, так і супроць нашых сялянаў ды інтэлігенцыі. Таму пасьля нямецкай паразы пад Сталінградам, на Ўкраіне й на Крыме, там 75 % беларускай інтэлігенцыі пайшло зь сем'ямі ў партызанскую зону.

Мелі мы таксама й ахвяры. Пасьля калядных канікулаў 17-ці гадовы малец Р. не вярнуўся ў школу. Нас паведамілі, што яго сілком забралі ў партызаны. За пару тыдняў ён аднак-жа зьявіўся. Усе ўсьцешыліся, бо быў прыкладным вучнем ды бойкім на сцэне танцорам. На Вялікдзень ён паехаў да хаты. Там бандыты яго ізноў злавілі ды на сваім панадворку, перад бацькамі, расстралялі. Усе дзеці плакалі, калі мы ў яго гонар зладзілі жалобную акадэмію. Пухам хай будзе родная зямля для гэтай нявіннай ахвяры азьвярэлых катаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю