Текст книги "Пад знакам Пагоні"
Автор книги: Язэп Малецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 16 страниц)
ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ
Зь пераходам Горадні й Горадзеншчыны да Прусаў, як «складовай часткі Трэцяга Райху», там апалі рукі ўсіх Беларусаў. Беларускі Камітэт мог цяпер займацца толькі беларускімі культурнымі справамі. Амаль нічога нельга было зрабіць у адміністрацыі, у арганізацыі паліцыі ды іншых дзялянках. У сярэдзіне лістапада 1941 году да Горадні прыехаў з Баранавіч інж. А. Русак разам з шэфам СД баранавіцкага палітычнага цэнтру, каб забраць усіх амаль дзейных Беларусаў з Горадні для працы на заходніх землях Беларусі, што належалі да Галоўнага Камісарыяту Беларусі.
Тады выехаў да Баранавіч В. Папуцэвіч, а разам зь ім каля 100 Беларусаў для беларусізацыі адміністрацыі акругаў Баранавічы, Слонім, Наваградак Ліда. Я-ж вярнуўся на сваю «базу» ў Вільні. Горадзенскі Беларускі Камітэт усё-ж ня спыніў свае дзейнасьці. Кіраўніцтва яго цяпер пераняў дзейны й мужны Беларус, горадзенчук Якуцэвіч, які з сваімі іншымі сябрамі й сяброўкамі вёў далей працу ў Камітэце ды ў беларускай школе аж да прыходу летам 1944 году бальшавікоў.
У віленскім Беларускім Нацыянальным Камітэце я даў справаздачу з палажэньня ў Горадні й Горадзеншчыне ды мае там працы. Там-жа даведаўся, што адусюль надыходзяць трывожныя весткі, што актыўныя Беларусы апынуліся пад нажом нямецкай цывільнай улады, ды якую супроць Беларусаў нацкоўвалі польскія элемэнты, кажучы, што беларускім рухам кіруюць былыя камуністы. Пад гэтыя нашэпты па валасьцях і мястэчках арыштоўваліся беларускія дзеячы і шмат хто зь іх нявінна загінуў.
Для беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ня было іншага выхаду, як ісьці за радай праф. В. Іваноўскага, які казаў: «Спадары, няма іншага для нас, як абароньнікаў нацыі, выхаду, як толькі пераймаць усюды ўладу, браць зброю ў свае рукі, паралізаваць усю дзейнасьць нашых нацыянальных ворагаў!» Хутка ён сам, Казлоўшчык і шмат іншых паехалі зь Вільні да Менску, каб там пры Галоўным Камісарыяце Беларусі арганізаваць цэнтральныя беларускія ворганы. Прафэсар В. Іваноўскі заняў становішча бурмістра Менску. Я-ж аўтаматычна пераняў старшынства БНК у Вільні.
Цяпер галоўным заданьнем Камітэту было падбіраць кадры дзеячаў на судзьдзяў, адміністратараў, настаўнікаў, культурнікаў, ды кіраваць іх у Генэральную Акругу Беларусі дзеля праводжаньня там нацыянальнае, у розных галінах, працы. У гэтым часе выехала ў розныя месцы Беларусі колькі сот Беларусаў Вільні.
У сваёй дзейнасьці віленскі, як і іншыя беларускія камітэты па ўсёй Беларусі, мелі ўсё-ж не малое прызнаньне й голас у нямецкіх уладаў. Гэта дало магчымасьць, не зважаючы на варожую дывэрсію польскага й бальшавіцкага падпольля, разгарнуць вялікую нацыянальную дзейнасьць на карысьць свайго народу.
ГОСЬЦІ Ў КАМІТЭЦЕ
Хоць Вільня ў часе вайны і ўходзіла ў Акругу Летувы, ды для Беларусаў яна заўсёды была сэрцам бацькаўшчыны. Калі-ж хто меў магчымасьць быць тады ў Вільні, ня мог ён не заглянуць да свайго Беларускага Камітэту. Адным зь першых Камітэт наведаў а. В. Гадлеўскі, які зь першых дзён нямецкай інвазіі СССР сваімі палкімі прамовамі ў бэрлінскім радыё клікаў беларускі народ на змаганьне супроць бальшавізму за сваю свабоду. Цяпер ён ехаў да Менску на становішча Галоўнага Школьнага Інспэктара.
На прыезд а. В. Гадлеўскага ў Камітэце сабралася шмат суродзічаў. Гадлеўскі ў сваёй прамове накрэсьліў праграму дзейнасьці ў умовах вайны. Ён зазначыў, што Немцы ня маюць для нас пазытыўнае праграмы, абяцаюць нейкае нявыразнае існаваньне, ня хочуць супрацоўніцтва за цану нейкіх гарантыяў для нашага народу на будучыню. У такой сытуацыі застаецца самім Беларусам тварыць дакананыя факты, не азірацца на іхныя дазволы. Трэба ўсюды арганізаваць школьніцтва, адміністрацыю, паліцыю, судаўніцтва, варштаты працы. Інакш мы загінем як нацыя. Прамова на ўсіх зрабіла вялікае ўражаньне. Некаторыя былі заскочаныя гэткім тонам, дысанантным зь ягонымі радыевымі заклікамі. Іншыя зразумелі, што ад новага акупанта трэба вырываць, што дасца.
Наступнымі госьцьмі ў віленскім Камітэце былі У. Родзька й Чалоўка, якія ў гэтым часе працавалі ў Віцебску ды часта езьдзілі да Варшавы ў нейкіх падпольных беларускіх справах.
Родзька рабіў уражаньне стойкага беларускага патрыёты, але да ягонага сябры я ня меў даверу.
Чарговым госьцем быў Радаслаў Астроўскі, які таксама ехаў да Менску. Перад ягоным прыездам да Вільні нямецкі выведны аддзел зьвяртаўся ў БЫК з запытаньнем, як Беларусы на яго глядзяць. У гэтай справе была скліканая нарада беларускае інтэлігенцыі Вільні. На ёй адны выказваліся супроць яго, прыводзячы ягоны каньюнктурызм, услужлівасьць польскім уладам, выдачу беларускай гімназіяльнай моладзі польскай паліцыі, спробу палянізацыі беларускай студэнцкай моладзі. Іншыя падкрэсьлівалі, што ён усё-ж чалавек вёрткі, адукаваны, дык здолее справіцца зь цяжкімі заданьнямі пары нямецкай акупацыі. У гэтым сэнсе найбольшую перавагу меў голас д-ра С. Грынкевіча, які казаў, што лепшага кандыдата на вышэйшае становішча пры Немцах за Астроўскага няма.
Не прайшло й трох дзён, як у Камітэт зьявіўся й сам Р. Астроўскі – энэргічны, гаваркі, з добрай верай да працы. Ён хутка выехаў да Менску, дзе спачатку быў намесьнікам Менскае акругі, пасьля-ж акруговым намесьнікам у Бранску, а ад 31 сьнежня 1943 году прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.
Далей наведаў нас палкоўнік Канстантын Езавітаў з Рыгі. Пасьля вымены думак, абмяркоўвалася справа выдаваньня ў Рызе, сталіцы Райхскамісарыяту Остаянд, беларускага ілюстраванага часопісу «Новы шлях», ды беларускіх кніжак. Мы абавязаліся супрацоўнічаць і дасылаючы да друку матэрыялы і ў распаўсюджваньні часопісу. «Новы шлях» выходзіў рэгулярна штомесяц аж да бальшавіцкае навалы 1944 году.
Зьявіўся ў Камітэт і М. Дзямідаў, які дастаў назначэньне школьнага інспэктара ў Лідзе, пасьля адыходу стуль Макарэвіча. Быў і інж. К. Дуж-Душэўскі, які хваліўся сваёй беларускай дзейнасьцяй у прошласьці, але адмаўляўся прыняць тое ці іншае становішча у беларускай акрузе. Таксама й А. Ружанец-Ружанцоў, стары вайсковы дзеяч з часоў Беларускае Народнае Рэспублікі, не хацеў выяжджаць зь Вільні, дзе быў начальнікам пажарнай аховы ў жамойцкай адміністрацыі.
Цікавым госьцем у Камітэце быў Старшыня Беларускай Самапомачы пры Генэральным Камісарыяце Беларусі ў Менску, др. мэд. І. Ермачэнка. Быў ён з сваёй асабістай сакратаркай Галінай Войтэнка. Рабіў добрае ўражаньне. Саліднага выгляду, апанаваны, культурны ў дачыненьнях да іншых, умеў трымацца як сярод Немцаў, так і сваіх. Хадзілі гаворкі, што ён часта езьдзіў празь Вільню да Чэскай Прагі, дзе меў сваю сям'ю, перавозячы розныя тавары на чорны рынак. У 1943 годзе, калі Немцы змушаныя былі даць Беларусам больш правоў на самакіраўніцтва, Ермачэнка не знайшоў падтрыманьня з боку беларускага грамадзтва, быў адхілены ад Самапомачы ды падменены Ю. Сабалеўскім.
У ліпені 1942 году віленскі Камітэт ізноў наведаў а. В. Гадлеўскі, гэтым разам у асысьце нямецкага камісара для школьных справаў у Беларусі – Сівіцы. На гэтую сустрэчу сабралася каля 70 чалавек. Я, як старшыня, прывітаў кіраўнікоў асьветы ды адзначыў неабходнасьць, нат у ўмовах вайны, наладзіць і ўсеагульнае пачатковае школьніцтва, і сярэдняе, і прафэсійнае ды вышэйшае, каб беларускі народ мог заняць належнае месца між іншымі народамі і ў галіне асьветы. Сівіца паходзіў зь Сілезіі, ведаў добра польскую мову, дык, наслухаўшыся Беларусаў, разумеў і беларускую. Ён то чырванеў, то сінеў, то круціўся неспакойна. Пасьля мяне прамаўляў а. Гадлеўскі ў духу маёй прамовы, адзначаючы толькі, што ў цяперашнім ваенным часе цяжка будзе наладзіць вышэйшыя школы. Назваў ён таксама канкрэтныя лікі беларускага школьніцтва ў Галоўнай Акрузе Беларусі: пачатковых школаў да 8000, каля 20 сярэдніх агульных і прафэсійных, створаныя пачаткі Мэдычнае Акадэміі.
Трэці па чарзе прамаўляў Сівіца. У вытрыманым тоне ён даў нам да зразуменьня, што Беларусы фантасты, не разумеюць патрэбаў часу й жаданьняў Фюрэра: у сялянскай Беларусі прадбачваюцца цяпер пачатковыя школы, двугадовыя школы рамесьніцкія й прафэсійныя і толькі ў некаторых гарадох дазволеныя поўныя сярэднія школы. Пра ўнівэрсытэты й вышэйшыя інстытуты нельга й думаць.
З прамовы Сівіцы было зразумелым, што поўнае сярэдняе й вышэйшае школьніцтва не ляжыць у плянах гітлероўскае Нямеччыны. Яна зацікаўленая ў працоўнай сіле беларускага маладога пакаленьня.
У сваім абагульненьні думак прамоўцаў я пагаджаўся, што ў цяперашнім ваенным часе нельга марыць пра ўнівэрсытэты ды вышэйшыя школы, але сярэднія агульнаадукацыйныя й прафэсійныя школы неабходныя, бо ў нашыя часы кожны працаўнік, кім-бы ён ня быў, мусіць быць адукаваным, каб мог добра выканаць сваю працу.
Пасьля мяне выступалі яшчэ настаўнікі Тышкевіч і Кароль з падобнымі меркаваньнямі. Сівіца маўчаў, але было відаць, што ён выразна незадаволены з настрояў віленскае беларускае інтэлігенцыі. Кс. В. Галееўскі пасьля дзякаваў усім прамоўцам за абарону беларускага школьніцтва й казаў, што ён такой самай думкі.
Было шмат візытаў у Камітэце й з боку нямецкага адміністрацыйнага апарату: акруговых камісараў Віленшчыны, Лідчыны, Наваградчыны, СД, барона Аўгена фон Энгельгарта, аўтара кнігі пра Беларусь «Вайсрутэніен», што была напісаная з даручэньня нямецкага ўраду.
Калі ўжо гаворым пра знатнейшыя візыты, дык чаму ня ўспомніць пра цікавейшыя нашых суседзяў?
Гэтак, дзесьці ў травені 1943 году, у БНК зьявіўся нейкі каталіцкі ксёндз, прозьвішча ня памятаю, з студэнткай Хмялеўскай, ды прасіў інфармацыяў аб 13-ці каталіцкіх ксяндзох, што былі высланыя мітрапалітам Р. Ялбжыкоўскім на землі ўсходняе Беларусі для «аднаўленьня» там каталіцкага жыцьця. Аб лёсе гэтых місіянераў я й сам тады нічога ня ведаў. Даходзілі толькі чуткі, што гэтыя духоўнікі былі прасьледваныя беларускімі ворганамі, ды таксама й Немцамі, як нелегальныя польскія эмісары Ялбжыкоўскага, ведамага стаўпа польскага шавінізму ў царкоўнай дзялянцы.
Вось гэта я й сказаў гэнаму ксяндзу, дадаючы, што сярод гэтых вестак адна даволі пэўная – правадыр «місіянерскай» групы, кс. Глябовіч, ведамы польскі агітатар у каталіцкай акцыі, расстраляны. Іншыя знаходзяцца ў розных арыштах. На пытаньне, ці я мог-бы нешта дапамагчы ў справе вызваленьня арыштаваных, я адказаў, што віленскі Беларускі Камітэт ня мае права інгерэнцыі ў справы Генэральнай Акругі Беларусі. Гэткія справы належаць да генэральнага камісара Беларусі Кубэ. Дэлегацыя адышла з сумам. Пасьля я даведаўся, што амаль уся «місія» была зьліквідаваная, як польская агентура, ды ня раз думаў, што маральную адказнасьць за іхнюю сьмерць нясе ведамы прасьледнік Беларусаў Р. Ялбжыкоўскі, які спрабаваў заварыць новую польскую авантуру, цяпер на землях усходняе Беларусі.
Зь Беларусаў назаву некаторых, якія ў часе вайны займалі высокія становішчы ў Галоўнай Акрузе Беларусі, ды якія ў той ці іншы спосаб мелі кантакт з БНК ў Вільні, а разам і са мной.
У. Шавель – студэнт права Віленскага Ўнівэрсытэту, шчыры Беларус, маламоўны, але разважны, дзейны чынам у важных сытуацыях. Быў камендантам паліцыі ў Менскай акрузе ў 1943 годзе, трымаў паліцыю ў беларускім духу, асабліва калі зьявілася дывэрсія з боку польскага, а пасьля маскоўскага. Справакаваны пасьля з двух бакоў, бальшавіцкага й нямецкага, згубіў давер да Немцаў ды ў восені 1943 году скрыўся на Палесьсі й усякія сьляды па ім прапалі.
Юстын Мурашка, стары, яшчэ нашаніўскі, беларускі дзеяч. У лістападзе 1941 году быў бурмістрам места Ашмяны, дзе сарганізаваў беларускае школьніцтва й адміністрацыю. Пасьля далучэньня Ашмян да Летувы, быў бурмістрам у Валожыне. Дзе Мурашка быў бурмістрам, там варожыя сілы з боку польскага, летувіскага й расейскага маглі толькі скрыгатаць зубамі.
Алёйзы й Уладыслаў Пяцюкевічы. Яны першыя адгукнуліся да працы ў часе вайны ў радох нашых збройных сілаў. Дзеілі ў Браслаўшчыне, у Баранавіцкай, Слонімскай і Наваградзкай акругах, былі ў радох паліцыі, у беларускім батальёне СД, у беларускай супроцьбальшавіцкай партызанцы ў Слонімшчыне, усюды вызначаліся патрыятызмам, адвагай, актыўнасьцяй. Абодва загінулі ў барацьбе. Алёйзы больш году сядзеў у канцэнтрацыйным лягеры Калдычэва ля Баранавіч, а выратаваны сябрамі ў часе ліквідацыі гэтага лягеру, паў на фронце пад Варшавай. Другі, Уладыслаў, паў ад варожай кулі ў часе выконваньня службовых абавязкаў у Слоніме.
Інж. Адам Дасюкевіч – ціхі, працавіты патрыёт, былы старшыня Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні, сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэту, займаў становішча старшыні Постаўскага павету. Застрэлены зондэрфюрэрам за тое, што ў вызначаны дзень ня прыбылі ўсе сялянскія падводы з пастаўкай збожжа на высылку ў Нямеччыну.
Альбін Сянькевіч, сябра Беларускага Народнага Аб'яднаньня, стойкі патрыёт. Выконваў функцыі кальпартэра беларускай прэсы й літаратуры ў Глыбоччыне. Паў ад кулі польскага падпольля.
Язэп Найдзюк, друкар, былы рэдактар часопісу «Шлях моладзі», дзейны сябра розных нацыянальных арганізацыяў у Вільні. Увосені 1941 году пераехаў да Менску ды працаваў у выдавецтве падручнікаў Школьнага Аддзелу. Напісаў у часе вайны й выдаў нарыс гісторыі Беларусі «Беларусь учора й сяньня», які служыў у той час амаль адзіным падручнікам для пазнаваньня гісторыі Беларусі й беларускага вызвольнага руху.
Др. Янка Станкевіч, мовавед, горача й стойка бараніў беларускія справы ў галіне гісторыі, культуры, мовы, школьніцтва і г. д., так перад Жамойцамі ў Вільні, як пазьней, пераехаўшы да Менску ў канцы 1941 году, перад Немцамі. Працаваў у Самапомачы, у Школьным Аддзеле, у Радзе Даверу. Выдаў у Менску брашуру «Кароткі нарыс зь гісторыі Крывіі». Сярод беларускае інтэлігенцыі заўсёды меў шмат праціўнікаў найперш за свае дзівосныя «рэформы» беларускае мовы, у якую ўводзіў розныя ўстарэлыя словы й няўдалыя наватворы ды «арыгінальныя» граматычныя формы. На ягоную заслугу аднесьці трэба папулярызацыю слова «спадар», якое замацавалася на падмену польскага «пан» ды расейскага «господін». Кс. Гадлеўскаму, як Галоўнаму Школьнаму Інспэктару, давялося мець вялікія клопаты з наватарствамі Я. Станкевіча, якія ён пнуўся правесьці ды замацаваць у школьных падручніках, што тармазіла іх выданьне.
А. Цьвячкоўскі, гадунец айцоў Марыянаў у Друі, клерык Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, у часе вайны вярнуўся да сьвецкага стану. Спачатку, у 1941 годзе, быў настаўнікам беларускай пачатковай школы ў Вільні, пасьля-ж працаваў у Менску. У 1943 годзе быў старшынём у Постаўі. З прыходам бальшавікоў быў зьняволены ў Варкуце.
Юльян Саковіч, сын багатага земляроба. Перад Другой Вайной быў вучнем Беларускай Гімназіі ў Вільні, апасьля сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу, «левізаваў», як і шмат іншых. З прыходам бальшавікоў быў арыштаваны й мучаны ў засьценках НКВД. Паход Немцаў на ўсход вызваліў яго з зьняволеньня й ён стаўся актыўным змагаром за вызваленьне свайго народу. У першыя гады быў камэндантам беларускае паліцыі ў Менску. У 1943 годзе, разам з Мараковым, застрэлены польскім падпольлем у Шчучыне, хутка пасьля ягонага прыезду ў гэтае, апанаванае польскай дывэрсійнай акцыяй, места Лідчыны.
Юры Сабалеўскі, былы беларускі пасол у польскі сойм. У часе вайны вельмі актыўны, наведваў Вільню й віленскі Нацыянальны Камітэт, цікавіўся беларускімі нацыянальнымі справамі. Пасьля др. Войтэнкі быў бурмістрам Баранавіч, а ў 1944 годзе кіраўніком Самапомачы й намесьнікам прэзыдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады. Гэта быў прынцыповы чалавек у справах ня столькі нацыянальных, колькі маральных, што ня менш цэннае ў нацыянальнай працы. Ён бічаваў і дробныя водхіны ад маралі, часам папурытанску.
Аляксандар Русак, з Баранавіцкай акругі. Перад вайной быў вучнем Віленскай Беларускай Гімназіі, пасьля скончыў Сярэднюю Гандлёвую Школу ў Варшаве, працаваў у Пазнані. У часе вайны адгукнуўся на нацыянальныя патрэбы беларускага народу. Працаваў у 1941 годзе ў Беларускім Камітэце ў Горадні, пасьля-ж у СД у Баранавічах. Дзе толькі было магчыма, бараніў беларускія нацыянальныя інтарэсы, не зважаючы на ўсе небясьпекі. У канцы 1943 году быў бурмістрам Баранавіч аж да нахлыну бальшавікоў. Адначасна быў дырэктарам Сярэдняй Гандлёвай Школы ў Баранавічах, што выпусьціла дзясяткі гадунцоў.
Др. мэдыцыны Станіслаў Грынкевіч, лекар псыхіятра, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, старшыня Беларускага Народнага Аб'яднаньня, аўтар розных публікацыяў і кніжак, быў у 1941 годзе арыштаваны бальшавікамі, але ўцёк з транспарту. Праціўнік якога-колечы супрацоўніцтва зь Немцамі, вёў перамовы з Палякамі й нагаварываў мяне паехаць у Лёндан да ўраду Мікалайчыка. Зь беларускімі дзеячамі ў Наваградку вёў гутаркі ў справе арганізацыі беларускае нацыянальнае партызанкі супроць і Немцаў, і бальшавікоў. Др. Грынкевіч ня прыняў ад Астроўскага становішча раднага ў Беларускай Цэнтральнай Радзе. Арыштаваны ў 1945 годзе бальшавікамі й знішчаны.
КАНТАКТЫ ЗЬ НЕМЦАМІ
Каб праводзіць беларускую дзейнасьць у Вільні, апанаванай Жамойцамі, трэба было мець добрыя кантакты зь кіруючымі нямецкімі прадстаўнікамі на «Бэцырк Літаўэн», пайменна з СД і Гэбітскамісарыятам.
Спачатку мы мелі сувязь з др. Шольцам, заступнікам кіраўніка СД у Вільні. Гаварыў ён добра парасейску й любіў, выпіўшы, пяяць расейскія рамансы. Час-ад-часу мы ладзілі адумысныя банкеты, на якія ахвотна прыходзілі СД-оўцы. Пры гэткіх нагодах мы прадстаўлялі нашыя справы ды шмат чаго даведваліся аб курсе нямецкае палітыкі.
Памятаю, было гэта ў студзені 1942 году. Памяшканьне др. Грабінскага напоўнілася беларускімі дзеячамі, сярод якіх былі два каталіцкія сьвятары й дзьве дамы. Хоць і вайна, на стале стаялі кан'які, добрыя віны, гарэлка, рыбы, вяндліны, каўбасы. На вызначаны час зьявіліся й два высокія начальнікі СД – кіраўнік і ягоны намесьнік, др. Шольц – паны жыцьця й сьмерці ў жамойцкай акрузе.
– Гайль Гітлер! – віталіся яны, прыўзьняўшы рукі.
– Гайль! – адказалі мы мяшаным хорам ды расступіліся, каб госьці занялі пачэснае месца.
Кіраўнік СД меў гадоў пад 35, выглядаў паважна, нат мо сурова. Гутаркі за сталом ішлі паўголасам. Кіраўніка СД абслугоўвалі др. С. Грынкевіч і др. Ф. Грышкевіч, што сядзелі побач яго.
Пасьля агульнай бяседы й выпіўкі, мінут 45 пазьней, кіраўнік СД устаў і сказаў, што ён дзякуе за добрую пачостку, даўжэй прабываць нажаль ня можа, бо мусіць ехаць у службовых справах да Коўні.
Яго затрымаў аднак а. Адам Станкевіч, які ад імя Беларусаў прасіў палёгкі для беларускіх палонных, ды тых, што былі ў лягерох сьмерці. Немец запісаў у свой блякнот ды абяцаў дапамагчы. І запраўды мы пасьля выратавалі колькі сот Беларусаў з ваеннапалонных лягераў.
Разьвітаўшыся зь кіраўніком СД усе ўздыхнулі свабадней, др. Шольц паналіваў у шклянкі гарэлкі, ды ўсе выпілі за нямецкую армію. Пасьля гэтага тосту слова сказаў я, заклікаючы нямецкія ўлады, каб у наважаным змаганьні з маскоўскім бальшавізмам яны дазволілі Беларусам стварыць сваё войска, якое, поплеч зь нямецкай арміяй, прычынілася-б да стварэньня «Новай Эўропы». Шольц, зіркаючы на мяне, усьміхаўся.
– Маладой есчо, маладой! – адказаў ён мне й пачаў раскрываць нямецкія пляны: – Фюрэр не патрабуе нічыёй дапамогі. Ён сам перамог Эўропу ды выйграе вайну й здабыткамі ні зь кім ня будзе дзяліцца. Нямецкі народ – вышэйшая раса й супроць яго ніхто ня здолее ўстояць. Немцы на Усходзе шукаюць «Лебэнсраўму», а не сужыцьця. Таму некаторыя малавартасныя народы будуць вынішчаныя. Цяпер ліквідуюцца Жыды, Цыганы, пасьля пойдуць Чэхі й Палякі. З Прыбалтыкай Фюрэр расправіцца асобна, бо Прыбалтыка спрадвечная нямецкая тэрыторыя, і тым больш, што гэтыя народы, асабліва Летувісы, што так лашчацца да Немцаў, каб замацаваць свой этнічны патэнцыял, не падабаюцца Фюрэру. Яны самі перабілі тутэйшых Жыдоў, хацелі нам спадабацца. Вы, Беларусы, – цягнуў далей Немец, – можаце 50 гадоў жыць на сваёй зямлі спакойна, бо вы нацыя не варожая для Нямеччыны. А там, пазьней, яна, магчыма, перасуне вас крыху далей на ўсход, вызначаючы вам адпаведную прастору.
– Хіба аж за Маскву! – нехта выкрыкнуў голасна.
– Але, магчыма! – не зьбянтэжыўся Шольц. – Памятайце таксама, што й Расейцы нам патрэбныя. Яны будуць выкарыстаныя супроць жоўтых. А з Украінай можа быць куды горш. Гэта парывісты народ, нам нявыгадны, тымбольш, што мы зацікаўленыя ўкраінскім чарназёмам, вуглём ды Чорным морам. Дык давайце вып'ем гэты тост за нашае сужыцьцё й за Новую Эўропу!
Усе мы ўсталі, чокнуліся чаркамі, выпілі.
Далей пайшлі ўжо паўпрыватныя гутаркі. Да Шольца падсеў галоўны інспэктар, а. В. Гадлеўскі, што якраз прыехаў зь Менску, ды выцягнуў ад яго, што толькі магчыма. Калі Шольц ужо ня быў здольны да ніякіх паважнейшых гутарак, а толькі заводзіў расейскія рамансы й студэнцкія песьні, мы яму дапамагалі, пераплятаючы сваімі. Сыпаліся жарты, дакоры на ход нямецкае кампаніі на ўсходзе, але ўжо ніхто нічога ўсур'ёз ня браў. Шольц-жа выпісваў на калене начныя пропускі для ўдзельнікаў вечару ды казаў начны пароль.
У чародную суботу добра ў нашым асяродзьдзі набраўся галоўны сакратар віленскага гэбітскамісарыяту. Ён даў нам цімала добрых радаў ды абяцаў, дзе толькі магчыма, дапамагаць Беларусам.
Дзіўна тады мне выглядала, што нямецкія нацыстыя, адзін з СД, а другі «бранзовы», з адміністрацыі, не хацелі сядаць разам за адным сталом. Толькі пазьней я зразумеў, што ў нацыскай Нямеччыне існавалі тры сілы, што ўзаемна змагаліся: партыйныя («брунатнікі»), што кіравалі адміністрацыяй, як дзяржава ў дзяржаве – СС, ды «Вэрмахт» – вайсковыя, што кіравалі ваеннымі апэрацыямі. Дзеля гэтага «жоўтыя» партыйнікі з гэбітскамісарыяту ненавідзілі СС і «Вэрмахт», а тыя – «жоўтых», ды баяліся адзін аднаго.
Мы часта рабілі паседжаньні ў нашым беларускім асяродзьдзі ды разважалі, што рабіць у ўмовах вайны. Др. С. Грынкевіч бараніў свой плян, што ў умовах нарастаючай савецкай і польскай партызанкі, трэба тварыць партызанку сваю, беларускую і супроць Немцаў, і супроць бальшавікоў. Я, як старшыня БНК, трымаўся тактычна збоку, ды, прызнаюся, ніколі ня верыў у карысьць нашай тады акцыі на два бакі.
Нашыя бяседы зь Немцамі адбываліся даволі рэгулярна, менш-больш што два месяцы, набіралі яны характар канфэрэнцыяў. Гэта на іх было дамоўлена аб існаваньні нашага школьніцтва ў акрузе «Літаўэн» ды аб тым, што лёс выдатнейшых Беларусаў у акрузе не павінен вырашацца Немцамі без кансультацыі з БНК. І здаралася, што Немцы да нас зварочваліся з запытаньнямі ў справах і з далёкіх краёў, прыкладам з Турцыі, калі арыштаваны там імі Беларус паклікаўся, што ён не бальшавік, бо жывучы й у Турцыі выпісваў «Беларускую крыніцу». Ясная рэч, гэткае пасьветчаньне мы яму выставілі.



![Книга Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] автора авторов Коллектив](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-byc-abo-nya-byc-syaredneerapeycam-suchasnae-polskae-myslenne-274390.jpg)




