355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 1)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 16 страниц)

Язэп Малецкі
ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
Успаміны

Памяці змагароў за вызваленьне народу Міхася Вітушкі, Усевалада Родзькі, Уладзіміра Шавеля працу гэтую прысьвячае аўтар



АД АЎТАРА

Мэта кніжкі – перадаць для гісторыі праўдзіва падзеі на нашай бацькаўшчыне ў Другую Сусьветную вайну, паказаць вялікі ўздым народу ў змаганьні за свае правы ды ягоную працу над адбудовай вольнага жыцьця. Яна разам і прызнаньне тысячам суродзічаў, якія ў цяжкую пару змаганьня з ворагамі не шкадавалі сваіх сілаў, здароўя, маёмасьці, свайго жыцьця.

Што апісаў у кніжцы, таго ў бальшыні быў сьведкам, тое сам перажыў. Чаго-ж ня бачыў, тое запісана ад веры годных людзей. Калі пісаў, ніколі ня мінаўся з праўдай, ці гэта будзе каму падабацца, ці не.

Складаю шчырую падзяку ўсім маім сябрам і знаёмым, якія дапамагалі пры пісаньні кніжкі радамі й інфармацыямі, і найперш спадарам В. М. і А. См. за лісты, сп. В. Пануцэвічу за перагляд машынопісу, практычныя рады й дапаўненьні з падзеяў грамадзкага жыцьця ў Баранавічах ды прабегу Усебеларускага Кангрэсу ў Менску, сп. Леаніду Дэнысэнку за афармленьне вокладкі.

Рачовая крытыка ды дапаўненьні да апісаных у кніжцы падзеяў будуць шчыра вітаныя й магчыма знойдуць адбітак у далейшых выданьнях.

АПОШНІЯ ДНІ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПОЛЬШЧЫ

Чырвоным колам зь сівога туману ўсходзіла сонца, калі мой цягнік мінаў Варапаева. Паабапал чыгункі мігалі дрэвы, сенажаці, палосы й палеткі жоўтага й зялёнага збожжа, а далей – хаты з варыўнямі, клецямі, гумнамі й клунямі. Дзе-ня-дзе палі былі ўсеяныя бабкамі жыта й ячменю. Наш цягнік усунуўся ў мяшаны лес. Векавыя дрэвы стаялі спакойна, паважна і толькі дзіўным прарэзьлівым рэхам адбівалі гук цяжкога подыху паравозу.

Туман радзеў. Людзі з косамі й граблямі ішлі на сенажаці, або стаялі на дарожках ды пазіралі на праходзячы цягнік. Там вось, праваруч на ўзгорку, стаіць ціхая вёска Казаронцы – сядзіба гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры, дзе ў 1936 годзе, у прысутнасьці павятовага камэнданта паліцыі з Постаўя, я чытаў лекцыю й пасьля быў рэвідаваны.

Цягнік затрымаўся ў Дубавых. Як глянеш, дык тут усюды лес і лес. Станцыя заваленая ярусамі дрэва, якое адпраўляецца ў Польшчу й заграніцу, а таму-ж селяніну цяжка дастаць бэлек на хату.

Выехалі пасьля на раўніну, густа, як вокам сягнуць, усеяную вёскамі й цэркаўкамі, і ўрэшце – Шаркаўшчына. Тут жыве й піша наш сялянскі паэта Міхась Машара, вершы якога мы ўпершыню друкавалі ў часопісе «Шлях моладзі», ды пасьля выдалі зборнікам «На сонечны бераг».

Бяз уражаньняў праехаў я Пагоста, і толькі калі ўбачыў мёрскія азёры, дык сэрца пачало біцца мацней. Колькі гэта разоў пабываў я ў Мерах, на кірмашах і хвэстах, колькі разоў гутарыў тут зь сябрамі на грамадзкія тэмы! Тут польская паліцыя перахоплівала мае беларускія кніжкі й газэты, тут тузалі й тэрарызавалі маіх сяброў Кукуця й Заводзкага. Паглядзеў я зь цягніка на Меры й на людзей, што здавалася здалёк ледзь краталіся, і мне стала нейк сумна: я больш не цягаю беларускіх кніжак, не вяду гутарак, – настае трывожны й адказны час.

Пасьля 20 хвілін пастою цягнік крануўся далей. І вось Шчавенскае возера леваруч ды Мілашоўскае з права. За возерам-жа, на ўзгорку, стаіць стройны вялікі дом зь белымі вокнамі, што пабудаваў мой дзядзька. Гэта мая першая сьвятыня веды – пачатковая школа, у якую хадзіў у 1914–17 гадох. О, як я любіў гэтую школу й усіх, хто там быў!

А там, за вёскай Мілашовам і за лесам, у якім я ведаю кожны курган, кожны куст і кожную птушку, стаіць горда над ракой Вяткай мая родная вёска Якужы. Толькі я еду цяпер да Друі, бо насамперш мушу зьявіцца ў воласьці ды на доўгай анкеце падаць: чаго й да каго прыехаў, чым і як доўга буду займацца. Гэткія ўжо парадкі завяла тут панская Польшча.

І вось я ў Друі. Іду вуліцай Льва Сапегі, вялікага канцлера літоўскага, славутага рэдактара й выдаўца трэцяга Літоўскага Статуту 1588 году.

Друя ляжыць на старадаўнім шляху Дзьвіною «з Варагаў у Грэкі». Гэта таксама нашыя з Вільні вароты на Пскоў, Вялікі Ноўгарад ды Маскоўшчыну. Гэтымі «варотамі» ад XIII стагодзьдзя ішлі нашыя войскі ў бой зь нямецкімі мечаносцамі за Лівонію, з Маскоўшчынай за Пскоў, Вялікія Лукі, Полацак, Віцебск, Смаленск.

Няраз Друя ў гэтых змаганьнях нашага народу пад сьцягам Пагоні, за свабоду й незалежнасьць, была руйнаваная й паленая.

Ужо ў 1515 годзе, пры Жыгімоньце Старым, спалілі яе Маскалі, калі князь маскоўскі Васіль Іванавіч намагаўся праз гэтыя вароты падыйсьці да нашае сталіцы Вільні. Тутака затрымоўваўся кароль Сьцяпан Батура ў часе паходу на Пскоў і калі вяртаўся адтуль пераможцам. У 1632 годзе Друя ізноў была спаленая Маскоўцамі, ды хутка адбудаваная Сапегамі.

Друйскімі варотамі ўварваліся ў кірунку Глыбокага ды Менску арміі Шэрэмецева й Стрэншёва, ствараючы прадумовы для маскоўскага наезду ў 1654–55 гадох. У Друі, 18 жніўня 1655 году, князь Януш Радзівіл, гетман Вялікага Княства Літоўскага, перайшоў на бок швэдзкага караля Густава. Друя была нішчаная й паленая войскамі швэдзкімі ды маскоўскімі і ў Паўночнай вайне 1701–1709 гадоў. Друя была цэнтральным пунктам маскоўскай атакі таксама й у часе Барскай Канфэдэрацыі 1769–72 гадоў ды ў часы паўстаньня Касьцюшкі. Тут таксама ляглі ў 1812 годзе, на сыпкіх пяскох за старым магільнікам, косьці французаў.

І вось я мінаю друйскі абаронны замак, былую ўласнасьць Мілаша, што быў, як людзі казалі, лёкаем князя Сапегі. Далей вось магутны барокавы касьцёл Сьвятое Тройцы, пабудаваны ў 1643 годзе князем Сапегай. Мінаю касьцёл і кляштар. Там ужо няма беларускіх ксяндзоў і законьнікаў – на іх месца насланыя Палякі. Беларуская справа на беларускай зямлі ня любая Паляком, як ня любая й Маскалём.

Знаёмыя суседзі й Жыды дапытваліся навінаў. Адказваў проста: вайны нам ня мінуць. Запоўніўшы анкету ў валасной управе я пайшоў на рынак, дзе спаткаў братоў Мусіных. Гэтыя здольныя Жыдкі ня браліся за бацькава рамясло, прадукцыю сэльцэрскай вады, бо на агалочаных «крэсах» ня было каму яе папіваць. Яны сягнулі па навуку. Старэйшы быў магістрам права, малодшы-ж вучыўся на 3-м курсе матэматыкі. І вось мы папрыяцельску гутарым у іхняй разьліўной:

– Народныя меншасьці ня могуць зусім жыць і разьвівацца ў Польшчы, усюды дыскрымінацыя. Вось я, – цягнуў Мусін, – скончыў права й не магу нідзе дастаць аплікатуру. Уськідваюць мне, што я Жыд, радыкал, а я толькі жыць хачу.

– Польскай адміністрацыі перавярнулася ў галаве, – кажу я, – бо сталі нас душыць запраўцы не на жарты: закрылі Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры й яго гурток у Шальцінях, беларуская газэта ня можа ўжо выходзіць у сьвет, паліцыя па хатах забірае й нішчыць беларускія кніжкі, нат забараняе моладзі рабіць вечарыны.

– Але будзе вайна, – казаў Мусін, – тады ўсё зьменіцца й мы знойдзем сабе работу…

– Напэўна зьменіцца, толькі ці на лепшае?

– Горшага быць ня можа, як сядзець безпрацоўнаму з дыплёмам і спадзявацца ласкі ад сваіх гныбіцеляў.

Дома я ўсё знайшоў пастарому. Толькі майму бацьку цялушка бок адбіла, калі ён заваліўся вядучы яе ў гізы з поля. Людзі працавалі нармальна, толькі дужа ўважна слухалі радыя й дзівіліся, што нямецкі Рыбэнтроп «абнімаўся й цалаваўся» з расейскім пралятарскім Молатавам. Да мяне з блізка й далёка прыходзілі суседзі ды пыталіся, што рабіць. Я толькі чатыром маім адданым хлапцом расказаў аб грозным палажэньні ў сьвеце. Іншым параіў панакупліваць солі, газы, сярнікоў і мыла. Я шмат часу ляжаў у садзе, або каля рэчкі, калі можна было купацца, ды раздумваў над палітычным крызысам у Эўропе. Цяжкія думкі прыходзілі ў галаву.

На трэці дзень майго побыту ў роднай хаце да мяне зьявіўся паліцыянт. Ён пытаўся, як доўга я буду ў Якужах і ці я буду арганізаваць «імпрэзы». Было ўжо тут не да «імпрэзаў», і я коратка адказаў: «Буду ў хаце яшчэ тры тыдні, ніякіх імпрэзаў ладзіць ня маю намеру». Паліцыянт запісаў усё, падзякаваў ды паехаў.

Атмасфэра ў Польшчы ўжо была такая, што кожнага актыўнага палітычнага апанэнта садзілі ў Картускую Бярозу, канцэнтрацыйны лягер, дзе вязьнямі «плянаваўся» славуты польскі шавініст, пінскі ваявода Костэк-Бернацкі. Я не сьпяшаўся папасьці туды й таму сядзеў ціха.

Маскоўскае радыё гэтым часам залівалася аб тым, якое там «шчасьлівае жыцьцё» пад «сонцам Сталінскай канстытуцыі». Гром і пяруны кідала на дэмакратычныя дзяржавы й Польшчу.

Не чакаючы канца майго адпачынку, 27 жнівеня, я выехаў у Варшаву. Нашыя сяляне ў лінейках і каламажках вязьлі сваіх сыноў у чужое войска, змагацца й гінуць за чужую справу.

Па дарозе, у вёсцы Ермалы, я наведаў цяжка хворую Альжбету Баранчыку, матку семярых дзяцей. Ляжала яна, бедная, хворая на цяжкі артрэтызм. Лекар прыяжджаў толькі раз на 6 месяцаў, а шпіталь за 40 км быў для яе непрыступны. Так і ляжала бяз помачы ў сялянскай хаце. А колькі-ж было гэткіх няшчасных у Заходняй Беларусі? Толькі ў маёй вёсцы за 14 гадоў ад радоў памерла пяць жанчын!

Быў ціхі асеньні вечар, калі зь цяжкой душой я выяжджаў у чужы край. Магутныя векавыя званы касьцёла ўдарылі на «Анёл Панскі». Я ледзь не заплакаў… Гэтыя званы помнілі веліч і славу маёй бацькаўшчыны. Іх зык па Дзьвіне даходзіў да Прыдруйску, Полацку, Дзьвінску. Чуў я іх апошні раз.

Глянуў я яшчэ раз на касьцёл і яго магутную вежу, на кляштар, гімназію, і ўсё стала перада мной, як на яве: ксяндзы, законьнікі, вучні й наш сялянскі беларускі народ. Там ня грымеў ужо даносны голас справядлівага айца Андрэя Цікоты. Ня было ўжо там мудрага прэлата Абрантовіча, адданых божай і народнай справе айцоў Гэрмановіча, Хаменка, Дашуты, Смулькі. Там ня было нашых клерыкаў і законьнікаў. Як дзікі каршун разганяе стадку шпакоў па полі, гэтак і польская адміністрацыя, забыўшыся аб сваім ганебным лёсе нявольнікаў і нашай 400-гадовай дзяржаўнай лучнасьці, разагнала беларускую інтэлігенцыю па ўсім сьвеце, абы толькі не сядзелі на сваёй зямлі. Але й на гэтых пыхай адурманеных паноў прыйдзе дзень суду.

Успомніў я маю тут навуку, мае сцэнічныя выступы й першую юнацкую патаемную працу, калі Рачыцкі, А., С., А. і я зьбіраліся ў салёне Жыда Ворчыка й абмяркоўвалі нашыя справы. Гумару тут заўсёды было больш, як справаў. Мы чыталі тут вершы Купалы, Коласа, Вінцука Адважнага й дамарослых паэтаў. Актыўны бралі ўдзел у справе беларускіх дадатковых навукаў у касьцёле. У 1927 годзе на 25 Сакавіка мы выдалі адозву да народу ў ліку 120 экзэмпляраў, адбітую на гімназіяльным рататары. Мы ўслаўлялі Акт 25 Сакавіка, заклікалі нашых братоў да веры ў зьдзейсьненьне гэтага Акту й змаганьне за яго, паказваючы, што нашыя браты на ўсходзе будуюць свой дом. Мы ня былі пэўныя гэтага, але нам здавалася, што тагачасная Савецкая Беларусь была нашым новым нацыянальным домам.

У Вільні я сустрэў натоўпы змабілізаванай моладзі. Чакалі на абмундзіроўку. Места ноччу было не асьвечанае. Усе гаварылі аб вайне й гадалі будучыню. Шмат хто пытаўся:

– Як доўга патрывае вайна?

– Тры месяцы, – адказваю.

– О, дык можна схавацца й перачакаць.

– Радзіць вам нічога не магу. Самі бачыце – ваенны час і ваенныя законы. Мейце адкрытыя вочы й вушы, як было заўсёды ў нашым народзе.

Пасьля я адведаў, на вуліцы Завальная 1, рэдактара Янку Пазьняка. Гутарылі аб бягучых справах.

– Душаць да канца! – казаў ён. – «Беларуская крыніца» ад даўжэйшага часу ня можа паказвацца ў сьвет. Прыдзіраюцца да кожнага слова. Я іду 27-мы раз на суд! Але, як відаць, ня доўгае іх панаваньне. А як там маецца інжынер Адольф Клімовіч?

– Быў ён у мяне два тыдні, пакуль не дастаў працу пад Варшавай. Цяпер заняты сваёй аграноміяй і сямейнымі справамі.

– А што чуваць у Варшаве?

– Амаль усе Палякі хочуць вайны, бо кажуць, што цяпер настаў гістарычны мамант, калі яны, разам з Аліянтамі, могуць Немцам нагарбаваць скуру ды адабраць Гданск.

– А ці ў гэтай валынцы бальшавікі ня ўдараць з усходу?

– Усё магчыма, – адказаў я.

І радзіў разьвязьці ды пахаваць па прыватных дамох беларускія кніжкі, а што можна – як найхутчэй распаўсюдзіць у народзе.

Пакінуўшы 20 злотых на беларускія справы, я той-жа ночы, сьпешным цягніком выехаў у Варшаву. У дарозе зусім выпадкова даведаўся ад падарожнікаў, што ў Картускую Бярозу пасадзілі рэдактара віленскай польскай газэты «Слове» С. Мацкевіча, былога беларускага сэнатара Вячаслава Багдановіча, рэдактара часопісу «Калосьсе» Янку Шутовіча й друкара А. Шутовіча. Цягнікі былі перапоўненыя вайскоўцамі. Іх міны больш як сумныя, усе чыталі газэты, сачылі рух войска да нямецкае граніцы.

30 жнівеня я быў у сваёй кватэры, у Валоміне пад Варшавай. На стале ляжала ўрадавая тэлеграма, каб пачынаў, без адвалок, лекарскую працу ў раёне. Назаўтра я пытаюся маю гаспадыню Марыю:

– А дзе-ж мае запасы?

– О, я зараз-жа пайду й куплю, грошы маю!..

– Зь месца ідзіце й купіце, што вам даручана!

Марыя пайшла. Пасьля 20 часінаў вяртаецца з крыкам:

– Пане доктар, што гэта сталася! На маіх вачох усе крамы пазачынялі й ніхто нічога не прадае.

Я зь літасьцяй паглядзеў на непрадбачлівую Марыю ды загадаў бегчы за чыгунку, дзе малыя крамы можа яшчэ не пазачынялі. Там яна запраўды дастала 5 кг. круп, фунт солі й пару селядцоў. Крамаў гандляры не адкрылі, не зважаючы на грозныя загады маршала Рыдза-Сьміглага ды Костка-Бернацкага.

ВАЙНА ПАЧАЛАСЯ

Раніцай 1-га верасьня 1939 году пяць магутных нямецкіх арміяў заатакавала Польшчу з трох бакоў. 6000 нямецкіх танкаў кацілася на Варшаву. 2000 самалётаў бамбардавала амаль бязупынна сталіцу й важнейшыя аб'екты ўсёй Польшчы. Чорныя клубы дыму з запаленых складоў у Варшаве сягалі на кілямэтры ўзвыш. Палякі бараніліся мужна, але тэхнічная перавага Немцаў давала хуткае вырашэньне.

З Валоміна выглядала, што найвялікшыя паветраныя атакі на Варшаву ішлі з Усходняй Прусіі. Кожныя дзьве-тры гадзіны каля 100 бамбавозаў сунулася з грукатам матораў з паўночнага ўсходу й ськідала сьмертаносныя бомбы. Адны зь іх былі разбураючыя, вагі ад 50 да 1000 кг., іншыя малыя, запальваючыя. Кожны налёт пачынаўся грымотамі ўзрываў, стралянінай, часам баямі ў паветры, а канчаўся заравамі пажараў, вялізнымі клубамі дыму ды панікай жыхарства.

Трэцяга дня вайны мяне прыдзялілі да антыдэсанцкіх аддзелаў. Я меў даваць лекарскую дапамогу вайсковым ня толькі на станцыі, але, калі зайдзе патрэба, і ў полі. І вось 5 верасьня два самалёты закружыліся ў паветры, абстрэльвалі адзін аднаго, ажно самалёт нямецкі бухнуў полымем і, абвіты клубамі дыму, зьляцеў за Кабылкай. Мы кінуліся ехаць туды на самакатах, ды аказалася, што было гэта ад нас за 8 км.

Самалёт, часткі якога былі параскіданыя на дзясяткі мэтраў, яшчэ дымеў, гарэў. Цела аднаго лятуна ляжала выкінутае, другі-ж спусьціўся на парашуце й зьнік сярод будынкаў. Каля самалёту ляжала, не ўзарваўшыся, бомба кг. 500. Зьбеглася каля паўтысячы чалавек, усе гарэлі нянавісьцяй да Немцаў, ды на памятку й памыснасьць вайны паразьбіралі па кусочку самалёт. Я атрымаў ручку з псэўдагумовай масы.

Ад сёмага дня вайны, на загад ураду, усе маладыя людзі павінны былі ісьці на ўсход і дзесь тварыць абаронную лінію. Вынікам гэтага на дарогах паўстаў бескантрольны натоўп, які неміласэрна атакавала нямецкае лятунства. Рухацца мы маглі толькі ўдзень, бо ноччу адбываліся тайныя манэўры войска й ніхто ня меў права выходзіць з хаты. Усе агні былі патушаныя, вокны заслоненыя. Быў выпадак, калі на Тарговай вуліцы ў Празе[1]1
  Прага – адзін з гістарычных раёнаў Варшавы. – Polochanin72


[Закрыть]
нямецкі агент застрачыў па калёне войска з кулямёту.

8 верасьня на спакойны Валомін напала сем нямецкіх бамбавозаў. Яны разбурылі каля 20 дамоў, спалілі суседнюю вёску, забілі 120 чалавек, ранілі каля 350. Людзі аддана дапамагалі адзін аднаму. Шпіталь зрабілі зь мясцовай школы, ложкі й бялізну прынесьлі людзі, лекі давалі бясплатна аптэкары, скаўткі былі сёстрамі, а 7 лекараў працавала 12 гадзінаў, каб абслужыць раненых. Агульнае ўражаньне было вельмі цяжкое: усюды лілася кроў, усюды енкі й плач. Адзін лекар дастаў атаку сэрца ды ледзь сам не памёр.

Страты ў людзях былі-б яшчэ большыя, але 14 бомбаў, па 100 кг. кожная, не ўзарвалася. Сапэры іх пасьля вывезьлі ў балота.

Сцэны з раненымі цяжка перадаць на паперы: дзяцюк завіс ад узрыву на паркане; жанчына мела абдзёртую ўсю скуру на твары й жываце; шмат было непрытомных; іншыя мелі паламаныя рукі й ногі; страшна крычала студэнтка гуманістыкі – мела малы камушок у сядзеньні. 14 верасьня варожы абруч навокал Варшавы замкнуўся. Яе абаронцам стаў генэрал Чума, грузін па нацыянальнасьці, меў стотысячную армію.

17 верасьня да Валоміна з захаду пад'ехалі нямецкія панцырныя аўтамабілі. Нямецкі прадстаўнік даручыў мясцоваму бурмістру й паліцыі трымаць места ў парадку ды выконваць нямецкія загады.

Як і перад гэтым, на загад быццам кагосьці безадказнага з польскага радыя, польская баявая сіла валіла на ўсход у кірунку Берасьця. Прэзыдэнт Ігнат Масьціцкі, які 1 верасьня выдаў загад змагацца «ў імя Божае» з адвечным ворагам, нідзе цяпер не адзываўся. Дзеля гэтага паўставалі плёткі – страшная рэч у вайну! – што ён забіты, што недзе схаваўся, што ўцёк заграніцу. Аб урадзе хадзілі чуткі, што быў у Берасьці, пасьля-ж каля Львова.

Маральнай сілай усёй Польшчы стаўся ўспомнены ген. Чума, абаронца Варшавы, ды гарачы патрыёт, бурмістр Варшавы, Старжынскі. Ягоныя палкія штодзённыя прамовы, яго баявы дух і арганізацыйныя здольнасьці, шмат дапамаглі Палякам у барацьбе зь Немцамі ды заважылі на ўсім ходзе нямецкае агрэсіі. Недахоп-жа ўрадавых камунікатаў, таемнае палажэньне прэзыдэнта ды ягонае маўчаньне, паважна падкапалі баявую мараль польскага народу.

Абкружаная Варшава змагалася й цярпела. Удзень, кожныя дзьве гадзіны рэгулярна, былі налёты, уночы-ж гудзелі бесьперапынна гарматы. Гітлер асабіста наглядаў за атакамі. 24 верасьня з Варшавы выехалі на лімузінах, у кірунку Ўсходніх Прусаў, усе дыпламатычныя прадстаўнікі.

Варшава вытрымала яшчэ колькі нямецкіх атакаў і штурмаў, тысячы Немцаў лягло на прадмесьцях. І толькі пасьля 48 гадзінаў няспыннага бамбардаваньня ды абстрэльваньня, калі была разьбітая станцыя вадзяных помпаў, а за трупамі ня можна было прайсьці па вуліцах, 27 верасьня места вывесіла белы сьцяг. Варшавы Немцы не здабылі аружжам, узялі яе толькі голадам, недахопам вады і эпідэміямі. Генэрал Чума, як прафэсійны жаўнер, правільна ацаніў палажэньне й захаваў жыхарства Варшавы ад далейшае масакры. Лекцыю гэтую за пяць гадоў забыліся польскія палітыкі ў Лёндане. У жніўні-кастрычніку 1944 году яны паднялі ў Варшаве паўстаньне й давялі места да руіны. Польшча ня ўпяршыню ў гісторыі паддалася пераможцам, ейныя-ж гордыя паны пайшлі ў няволю ды на зьдзек сваіх адвечных ворагаў.

А што-ж тымчасам дзеілася на Польшчы ўсходзе?

На досьвітку 17 верасьня 1939 году, калі змаганьне Палякаў зь Немцамі было ў поўным разгары, Масква піхнула свае горды на захоп Заходняй Беларусі й Украіны. У бальшыні выпадкаў Палякі спатыкалі бальшавікоў варожа, былі паадзіночныя перастрэлкі, а пад Львовам вялікая бітва. Ды былі й выпадкі, калі польскія адміністрацыйныя ўлады спатыкалі бальшавікоў з кветкамі, хлебам і соляй, бо думалі, што гэта й натуральныя, і паводле дамоваў, іхныя саюзьнікі ў змаганьні зь Нямеччынай.

З усходу аднак-жа ішлі ня колішнія драбы Вялікага Княства Літоўскага. Ня ішла вольная казацкая ватага з Украіны, што Немца ўважала за звычайную нечысьць. Не загрыміць па сьвеце нанава слава супольнае перамогі пад Грунвальдам, бо былыя 400-годнія пабратымцы Польшчы цяпер 20 гадоў цярпелі самі закутыя ў польскай няволі. У Польшчу ішлі цяпер з усходу азіяты, з шэрымі як зямля тварамі, з злоснай усьмешкай, з штыкамі ў руках, каб убіць іх у плечы польскім ваякам, каб рыхтаваць ім пасьля масавыя магільныя ямы ў Катыні.

Паводле першае ўмовы Рыбэнтропа з Молатавым, Саветы мелі заняць Польшчу аж да Віслы. Ды ў апошнюю мінуту яны здаволіліся беларуска-ўкраінскімі землямі Польшчы, а ад Гітлера затое дасталі права на пашырэньне сваіх уплываў у Прыбалтыцы, гэта значыць, што пры першай нагодзе Масква магла забраць сабе Летуву, Латвію й Эстонію, якіх уважала за верад на сваім вялікадзяржаўным расейскім целе, што ў 1919 годзе ім насадзіла Англія.

У дзень савецкага нападу да Украінцаў і Беларусаў прачула прамова, як да «братоў», якіх мучылі польскія паны, Молатаў абяцаў шырокае разьвіцьцё беларускай і ўкраінскай нацыянальнай культуры. У Варшаве нам здавалася, што мо й запраўды Саветы перамянілі народагубны курс ды імкнуцца да нармальнага сужыцьця з братнімі народамі.

З савецкага таксама радыя мы даведаліся, што польскі прэзыдэнт з урадам і бальшынёй важнейшых вайскоўцаў, прысьпешаным тэмпам пераходзяць праз мосьцік на Пруце ў Румынію, дзе румынскія ўлады іх усіх інтэрнуюць.

Тымчасам Немцы ў Польшчы пачалі заводзіць «новыя парадкі» – парадкі арганізаванага рабунку, гвалту, тэрору й зьдзеку. Перш за ўсё з сьценаў будынкаў і платоў пазьнікалі польскія адозвы «До бою!», а на іх месца зьявіліся нямецкія загады «Ахтунг! Ахтунг!»[2]2
  Увага! Увага!


[Закрыть]
За непаслухмянасьць нямецкім уладам – расстрэл. За перахоўваньне зброі – расстрэл. Усе вайскоўцы павінны здавацца ў палон, а хто ня пойдзе – расстрэл. Калі жанчына заразіць Немца вэнэрычнай хваробай – расстрэл. Хто робіць сабатаж, займаецца шпіянажам, арганізуе тайныя арганізацыі – расстрэл! – і г. д., і г. д., і г. д.

Другая адозва была крыху спакайнейшая. У ёй загадвалася, што кожны тубылец павінен даваць праход для Немца на ходніку й вуліцы ды, здымаючы шапку, кланяцца. Невыкананьне гэтага загаду давала Немцам права біць Палякам па тварах, што яны й рабілі й паадзіночна, і гуртам. Стане вось грамада маладых Немцаў на рагу Новага Сьвету й Алеяў Ерузалімскіх ды лупяць праходзячых па тварах за парушэньне закону аб добрых манерах. Хто меў довад, што ён не Паляк, таго ня білі, але памылкі здараліся.

Жыдам было загадана хадзіць толькі па праезджай, а не па тратуары, і то гуськом адзін за адным. Усе яны мусілі насіць жоўтыя сіенскія зоркі сьпераду й ззаду. Палякі-ж вывезеныя ў Нямеччыну й на польскіх, далучаных да Нямеччыны, землях, насілі літару «П». Хутка безадказныя адзінкі пачалі нападаць на Жыдоў ды грабіць іх маёмасьць. За колькі тыдняў Немцы пазганялі Жыдоў у замкнутую частку места, у гетта, і тады яны ўжо не хадзілі свабодна, а толькі пад нямецкай кантроляй.

Немцы пакінулі пры іхных абавязках польскую паліцыю, адміністрацыю, чыгуначнікаў, лясьнікоў ды іншых, наколькі яны былі ім патрэбныя. Шмат якія Палякі ўважалі гэта за супрацоўніцтва з ворагам ды здраду. Далей пайшлі арышты. Людзі гінулі з хатаў, урадаў, з вуліцы. Ніхто ня быў пэўны свае свабоды. Некаторых з арыштаваных расстрэльвалі тут-жа, іншых адвозілі ў лягеры зьняволеных.

Непадалёк дому дзе я жыў Немцы зрабілі бойню й забівалі сотні кароў на мяса для войска. Кожнай раніцы цягнулі кароў у бойню, а за імі галасілі Мазуркі, малілі аддаць апошнюю ў сям'і кароўку. Жанчынаў Немцы адганялі пугамі, а па забітай жывёле толькі ногі й галовы выкідалі для «тубыльцаў» – «айнгаймініэ».

2 кастрычніка я зь інжынерам Вэрчынскім самакатамі адведалі Варшаву. На 22-х кілямэтрах трасы адны руіны, пагарэлыя хаты й крыжы над пахаванымі. Мы ўважна пахадзілі па цэнтральнай Варшаве, дзе колькі кварталаў было зусім выпалена, іншыя-ж разбураны бомбамі ды гарматнымі снарадамі. Месцамі за кучамі развалінаў ня можна было й прайсьці. Па ходніках і пляцах усюды магілкі й крыжы з дошчачак.

Грамады людзей, пад наглядам Немцаў, ачышчалі вуліцы ад развалінаў і грузу. Транспарту ня было ніякога. Па ачышчаных вуліцах перасоўвалася, зь дзёрзкімі мінамі, толькі нямецкае войска. На вуліцы Кашыковай не засталося й сьледу ад дому, дзе мясьціўся Беларускі Студэнцкі Саюз. Дачуўся толькі ад знаёмых, што мой сябра, Язэп Гапановіч, застаўся жывы. Голад ня толькі дакучаў людзям, але, здаецца, вісеў у паветры. На вачох усіх людзі абразалі мяса з забітай жывёлы, у крамах-жа прадавалі конскае мяса з пабітых коняў слаўнае польскае кавалерыі.

Змучаныя фізычна й яшчэ больш псыхічна, змрокам мы вярнуліся дамоў.

– Толькі за нейкіх дваццаць пяць гадоў можна будзе адбудаваць нашу прыгажуню Варшаву! – сказаў інжынер Вэрчынскі.

У 1943 годзе яго зьнішчылі ў канцэнтрацыйным лягеры Дахаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю