355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 10)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 16 страниц)

А БЕЛАРУСКАЯ ПРАЦА ІДЗЕ

Сёньня мо гэта й выглядае на парадокс: Немцам ня служыць шчасьце на ўсіх франтах, на землях Беларусі нарастае, Немцамі выкліканая, а бальшавікамі сарганізаваная й кіраваная партызанка, а гэтым самым часам беларуская нацыянальная праца разьвіваецца. Калі хто, дык якраз беларускія патрыёты добра выкарысталі цяжкое палажэньне Нямеччыны не каб біць па нямецкіх тылох, што рабіла савецкая дывэрсія, але каб мацаваць свае рады, каб выхапіць ад Немцаў большыя нацыянальна-культурныя, адміністрацыйныя, вайсковыя, палітычныя, а нават і дзяржаўныя канцэсіі.

Мы тады добра разумелі, што ў дадзеных гістарычных абставінах адкрыты супраціў новаму акупанту не прынясе ніякіх здабыткаў, але яшчэ большыя для народу страты, давядзе да вынішчэньня й тае нацыянальнае інтэлігенцыі, што яшчэ засталася пасьля масавых бальшавіцкіх арыштаў, дэпартацыяў, расстрэлаў. Толькі праз нашае ўмацаваньне можна было спадзявацца, што будзе магчымасьць змусіць да тых ці іншых уступак нашых старых ворагаў, бальшавікоў ды Палякаў і тады, калі Нямеччына падзе. Мы лічылі, што й Аліянты могуць нас падтрымаць толькі тады, калі мы самі будзем лепш падрыхтаваныя да самастойнага жыцьця.

І вось, у цяжкім для Немцаў 1943 годзе зь нявіннай Беларускай Самааховы вырасьлі моцныя парасткі дзяржаўніцкай пабудовы. Паўсталі Паліцыйныя й вайсковыя Афіцэрскія й Падафіцэрскія Школы, заснаваліся батальёны Беларускай Самааховы – пачаткі беларускай нацыянальнай арміі. Адміністрацыя, школьніцтва й судаўніцтва, як правіла, было ў беларускіх руках. Пры нямецкіх кантрольных ворганах пастаўленыя былі беларускія «мужы даверу». Добра разьвіваўся Саюз Беларускае Моладзі (СБМ), у радох якога былі тысячы юнакоў і юначак зь інструктарскай школай у Альбэртыне. Была апавешчаная аўтакефалія Беларускай Праваслаўнай Царквы, а Каталіцкі Касьцёл быў змушаны да беларусізацыі. Немцы спынілі хапанні моладзі ды вываз яе зь Беларусі, былі змушаныя даць магчымасьці для разьвіцьця беларускай культуры й асьветы ў масавых Дамох Культуры, у арганізацыі прафэсійных тэатраў, хораў, аркестраў. Дзейным было ўжо Беларускае Навуковае Таварыства, праводзілася аграрная рэформа, мацавалася Ахова Здароўя.

У гэтай нацыянальнай працы Баранавіцкая акруга была бадай у першых радох. Таму тут і былі найменшыя й гаспадарчыя, і людзкія страты. Нават пасьля канчатковай паразы Нямеччыны бальшавікі ў сваіх дутых лікавых паказьніках матэрыяльных і людзкіх стратаў Беларусі, у Баранавіцкай акрузе не знайшлі нічога годнага ўвагі для свае прапаганды.

Тут, у месьце Баранавічах, як і ўва ўсёй акрузе, пасьпяхова праводзілася нацыянальная праца ўва ўсіх дзялянках грамадзкага жыцьця, не зважаючы на нясупынныя атакі варожага падпольля ды розныя перашкоды з боку Немцаў. І гэтае падпольле ў жаху трымалі найперш беларускія збройныя сілы: паліцыя, самаахова, аддзелы СС, служба бясьпекі.

Калі ў часе акцыі супроць партызанскіх бандаў у раёне Налібоцкае пушчы нямецкія самалёты збамбардавалі некаторыя вёскі каля Ляхавіч ды Лунінца, дзе ішла баявая апэрацыя, нашыя прадстаўнікі пры нямецкіх урадах СД, гэбітскамісарыяту, зондэрфюрэраў ды Абвэру моцна запратэставалі супроць нішчаньня тых вёсак, што былі ў партызанскіх раёнах. Яны выясьнялі, што беларускае жыхарства гэтых вёсак было толькі ахвярай бальшавіцкай, Масквой арганізаванай дывэрсіі, і што падобныя неразважныя дзеяньні Немцаў служаць толькі бальшавіком, якія таго толькі й чакаюць, каб жорсткімі несправядлівымі масавымі рэпрэсіямі Немцы заганялі Беларусаў у іхную партызаншчыну. Інтэрвэнцыя мела свой вынік: Немцы ў далейшым у баявых акцыях з партызанамі мірнага жыхарства не чапалі за тое толькі, што яно апынулася ў партызанскай зоне. Дык тут спальваньне вёсак і мардаваньне людзей спынілася.

Баранавічы наведалі з канцэртамі слаўныя салісты зь Менску ды іншых мясцоў, як М. Забэйда-Суміцкі, сьпевакі Лыскавец, Вастокаў, ды іншыя. Прыяжджаў сюды на гастролі й Менскі Тэатр. Прыкрая ды небясьпечная сытуацыя паўстала, калі менскія артысты, пасьля выступаў у Баранавічах, падаліся ў Слонім, ды там некаторыя захісталіся пад наскокам савецкае падпольшчыны. Нямецкі вывед вынюхаў гэтыя кантакты ды арыштаваў сьпявачку Лыскавец ды некаторых іншых. На інтэрвэнцыю беларускіх актывістаў у СД Лыскавец была выпушчаная, але некаторыя савецкія агенты, што працавалі ў Немцаў у Слоніме пры гэтай нагодзе былі раскрытыя ды арыштаваныя. Сярод іх быў і паэта Сяргей Пяюн. Захадамі Русака ды Папуцэвіча з арышту быў тады звольнены і С. Зіняк, або С. Хмара, які цяпер на эміграцыі выдае пашквіль на Беларусаў, газэціну «Беларускі голас».

З галіны посьпехаў сярэдняга школьніцтва ў Баранавічах апішу тут першы выпуск, у канцы студзеня 1943 году, абсальвэнтаў Мэдычнае Школы. На 31 вучаніцу да экзаменаў было дапушчана 30, з чаго 29 атрымала заслужаныя дыплёмы. Экзамены адбываліся гэткім спосабам: кожная кандыдатка выцягвала картку з трыма асноўнымі пытаньнямі. Пасьля прачытаньня іх ды хвіліны роздуму, на гэтыя пытаньні яна адказвала перад экзаменацыйнай камісіяй, у якую ўходзілі 2 лекары, адна мэдсястра й нямецкая «обэршвэстэр»[23]23
  Старшая мэдыцынская сястра.


[Закрыть]
. Экзамен адбываўся ў беларускай мове.

На ўрачыстасьць уручэньня дыплёмаў прыбыў нават др. Крайноў зь Менску. Выпускны баль у школе быў вялікай падзеяй места, на яго прыйшло шмат старэйшай і малодшай беларускай інтэлігенцыі. Падобныя выпускі абсальвэнтаў адбыліся й у Гандлёвай ды Адміністрацыйнай Школах Баранавіч, на Матуральных Курсах, а таксама ў сярэдніх школах Нясьвіжа, Наваградку, Стоўпцаў.

ПАКЛІКАНЬНЕ ЦЭНТРАЛЬНАЕ РАДЫ

У 1943 годзе з Бранска да Баранавіч прыехаў Радаслаў Астроўскі ды затрымаўся ў свайго зяця др. М. Мінькевіча, які пасьля ўпадку др. Лукашэні стаўся акруговым лекарам на Баранавіцкую акругу. Я даволі часта сустракаўся тады з Астроўскім ці ў Баўдзея, ці ў др. Вэнжыка, ці ў А. Русака, які гэтым часам падмяніў Юрага Сабалеўскага на становішчы бурмістра Баранавіч. Пад чарку ці раз мы абмяркоўвалі нашую беларускую сытуацыю, разважалі, што рабіць. Усім было ясна, што Немцы не разумеюць славянскае псыхалёгіі, што да Славянаў усіх яны падыходзяць з сваёй нямецкай меркай «ібэрмэншаў».

У міжчасе ў Менску савецкім падпольлем быў забіты генэральны камісар Беларусі Вільгэльм Кубэ. Спачатку пасьля забойства Кубэ Немцы спрабавалі ізноў свой германскі мэтад, заснаваны на веры, што самым тэрорам ды страхам можна супакоіць іншыя народы. За сьмерць Кубэ яны загадалі павесіць у Менску ды іншых местах ня менш 200 чалавек, падазроных у сувязі з партызанамі. Менск быў завешаны схопленымі, віннымі й нявіннымі, ахвярамі, кожны з таблічкай пра вялікія быццам яго злачынствы. У Баранавічах была таксама праведзеная вялікая акцыя арыштаў. Каля 150 чалавек тады загналі ў Калдычаўскі лягер без аніякае іх сувязі з забойствам Кубэ. Нашым прадстаўніком у СД удалося вырваць адтуль 50 чалавек. Іншыя былі высланыя ў канцэнтрацыйныя лягеры Нямеччыны.

Пасьля сьмерці Кубэ на галоўнага камісара Беларусі Гітлер паставіў генэрала СС у Менску фон Готбэрга. Усе чакалі, што цяпер настане жудасная пара нямецкага тэрору, у чым, як ведама, нямецкія гестапаўцы й СД не адставалі ад бальшавіцкага Чэка, ГПУ, НКВД. Ды да гэтага не дайшло, Гітлер вызначыў фон Готбэрга камісарам Беларусі відавочна таму, што ён, як галава СД у Беларусі, найлепш знаў мясцовае палажэньне, усьведамляў увесь сплёт дзейнасьці розных, варожых Немцам, сілаў. Гэтым часам Гітлер, ходам ваенных падзеяў, быў змушаны ўжо зрачыся свайго народагубнага пляну зь 17 ліпеня 1941 году, паводле якога Беларусь, разам з Прыбалтыкай, мела стацца «жыцьцёвай прасторай» Немцаў, а мясцовае жыхарства мела быць пераселенае недзе аж за Маскву.

Беларускую прастору цяпер Гітлер трактаваў толькі як памост на Ўсход ды месца, дзе меў быць дадзены «ўзорны» паказ нямецкай «новай нацыянальнай палітыкі». У гэтым часе Гітлер выдаў загад усім штабам усіх арміяў на ўсходзе ў ніякім выпадку не адступаць з тэрыторыі Беларусі, бараніць яе гэтак, як і тэрыторыю Райху. Мела, пэўне-ж, тут сваё значаньне й тое, што непадалёк, у Балтыйскім моры, знаходзіліся нямецкія базы падводных лодак, ды што ў нямецкай Прыбалтыцы дзень і ноч працавалі засакрэчаныя хвабрыкі ракетнай й ядровай зброі.

Вось галоўныя прычыны таго, што Готбэрг, як генэральны камісар Беларусі, быў больш уступлівым беларускім нацыянальным патрэбам. Ды й цяпер Немцы сваёй антыславянскай псыхалёгіі зьмяніць не маглі. Яны нават ня верылі ў антыбальшавіцкасьць беларускага вызвольнага руху, усюды падазравалі змову супроць іхных інтарэсаў. Не зважаючы на цяжкія паразы, усьцяж заставаліся ў засьляпленьні свае расавае «вышэйшасьці».

У палове сьнежня 1943 году, у будынку гэбітскамісарыяту ў Баранавічах, адбыўся сход беларускіх дзеячаў у ліку 45 чалавек. Сярод іх быў і Радаслаў Астроўскі. На гэтым сходзе быў і я, ды меў магчымасьць назіраць прапаганду нямецкае палітыкі «пратэкцыі» Беларусаў. Акруговы камісар Вэрнэр заклікаў Беларусаў да супрацоўніцтва зь Немцамі, якія вызвалілі Беларусь ды ўсімі сіламі яе цяпер бароняць на фроньце ад варожых атакаў. Ён асьветчыў, што Фюрэр цэніць наш народ ды гатовы даць і дзяржаўныя канцэсіі, калі толькі Беларусы будуць дапамагаць у змаганьні з бальшавізмам.

Хоць ужо кс. В. Гадлеўскі станоўча адмовіўся ад беззасьцярэжнага супрацоўніцтва зь Немцамі, прысутныя прапагандыстыя з табару Акінчыца – Гарбуноў, Бядрыцкі, Шпак, ды іншыя – выступалі цяпер з рабскімі прамовамі, заклікалі Беларусаў стаяць цьвёрда пры Немцах, быць ім паслухмянымі, бо інакш мы загубім свой народ. Ужо на эміграцыі, з бальшавіцкіх публікацыяў, я даведаўся, што Бядрыцкі з сваёй хэўрай, у мэмарыяле на нямецкі заказ, дамагаўся крывавай расправы зь беларускімі патрыётамі, якія, будучы безнадзейнымі «дэмакратамі» ды тайнымі супрацоўнікамі Аліянтаў, служаць не справе нямецкай перамогі, але працуюць для нямецкае загубы.

Выглядае, што Немцы ацэньвалі тады палажэньне ўсё-ж больш рэалістычна, бо ня далі послуху рабскім салаўіным трэлям Акінчыцавых вучняў. З прамовай выступіў Р. Астроўскі. Ён не пагаджаўся з прапагандыстамі Акінчыца. У сваім выступленьні Астроўскі даводзіў, што беларускі народ ня верыць Немцам, хоць і ўскладаў на іх вялікія надзеі, бо Немцы й дасюль не далі згоды на адміністрацыйна-дзяржаўныя формы самакіраваньня. Цяпер, у пару вельмі крытычную, калі й Масква, і Аліянты намагаюцца зламаць Нямеччыну, час урэшце даць беларускаму народу канцэсіі ў галіне яго дзяржаўнага самакіраўніцтва.

Пасьля Астроўскага выступалі й іншыя прамоўцы. Усе яны падмацоўвалі пагляд Астроўскага. Я асабіста быў супроць бліжэйшага супрацоўніцтва зь Немцамі.

Дзён колькі пазьней сустрэў я свайго сябру В. П., які мне перадаў, што СД па ўсіх сваіх установах у Беларусі зьбірае апінію[24]24
  Пункт погляду.


[Закрыть]
пра Р. Астроўскага.

– А ці ты ведаеш пра сход Беларусаў у акруговага камісара? – спытаўся я.

– Ведаю, але ня ў дэталях. Што-ж там было?

– Былі там цікавыя гутаркі. Немцы загаманілі аб канечнасьці палітычнага супрацоўніцтва Беларусаў зь Немцамі.

– Дык можа яны хочуць абаперціся на Астроўскага?

– Цяжка сказаць. Астроўскі якраз крытыкаваў Немцаў. А што ты напісаў?

– Я таксама быў зьбянтэжаны, думаў, што Немцы хочуць яго пакрыўдзіць ды абаперціся на бядрыцкіх. Таму схарактарызаваў яго як здольнага, з багатым мінулым, чалавека.

Тыдзень пазьней, 21 сьнежня, на выклік галоўнага камісара фон Готбэрга, да Менску зьехалася каля 200 беларускіх дзеячаў зь Беларускае Акругі. Фон Готбэрг увайшоў у залю ў асысьце Ю. Сабалеўскага ды Р. Астроўскага. Зайграла аркестра Беларускага Тэатру ў Менску пад кіраўніцтвам М. Шчаглова, усе ўсталі, паднялі правыя рукі. На трыбуну ўзышоў фон Готбэрг. Ёй коратка гаварыў аб цяжкім змаганьні нямецкага жаўнера на фронце, пасьля ўспомніў пра жудаснае палажэньне беларускага народу пад камуністычнай тыраніяй, і ўрэшце заявіў, што Немцы хочуць палепшыць долю беларускага народу. Як падала 25 сьнежня 1943 году «Баранавіцкая газэта», фон Готбэрг пасьля гэтага заявіў:

«Я наважыўся даць Радзе Даверу жывую форму, пераканстытуаваць яе ў Беларускую Цэнтральную Раду. Яна згуртуе ў сабе найдастайнейшых, найзаслужнейшых і найздольнейшых прадстаўнікоў беларускага народу. Як ейнага прэзыдэнта я вызначыў на прапанову прадстаўнікоў Беларусаў сп. дырэктара Р. Астроўскага. Маю цяпер гонар, мае спадары, прадстаўнікі беларускага народу, абвесьціць вам мною ўстаноўлены статут Беларускай Цэнтральнай Рады:

1. БЦР зьяўляецца прадстаўніцтвам беларускага народу, пакліканым у межах нададзенага яму самаўраду.

2. БЦР мае заданьне мабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму й прычыніцца гэтым да канчатковага вызваленьня беларускага народу з-пад ярма крывавага бальшавіцкага панаваньня.

3. БЦР мае права й абавязак складаць дзеля гэтага нямецкаму кіраўніцтву ўсе неабходныя й адпаведныя прапановы. У межах пастаўленых ёй заданьняў яна будзе самастойна вырашаць і праводзіць усе неабходныя мерапрыемствы ў галінах сацыяльнага, культурнага й школьнага жыцьця. Беларускім арганізацыям і згуртаваньням яна мае права даваць дырэктывы.

4. На чале БЦР стаіць прэзыдэнт, які вызначаецца й адклікаецца Генэральным Камісарам. Іншых сяброў вызначае Галоўны Камісар на прапанову Прэзыдэнта.

5. Статут БЦР набірае моцы адразу.

Генэрал СС фон Готбэрг».

З зьместу статуту БЦР ня вынікала, што былі прызнаныя ўжо нейкія формы беларускае дзяржаўнасьці, бо канчатковая ўставадаўчая й выканаўчая ўлада заставалася й далей у нямецкіх руках. Ды некаторыя элемэнты аўтаноміі дзяржаўнага характару былі ўсё-ж Статутам ужо прызнаныя.

Галоўнае заданьне – мабілізаваць жыхарства на барацьбу за вызваленьне беларускага народу, тэарэтычна давала магчымасьць стварэньня беларускай збройнай сілы. Пры дапамозе-ж яе лягчэй, пры ўсякіх умовах, бараніць ды разбудоўваць сваю дзяржаўнасьць. Вось чаму Беларусы дружна тады падтрымалі БЦР і Астроўскага, бо бачылі, што ў дадзеных гістарычных абставінах гэткае становішча з гледзішча палітычна-нацыянальнага правільнае.

На загад Прэзыдэнта БЦР зь 10 сакавіка 1944 году адбылася мабілізацыя колькіх гадавікоў у рады Беларускае Краёвае Абароны (БКА), у выніку якое было сабрана да 100 тысячаў жаўнераў і афіцэраў. Зь іх было створана 80 батальёнаў па 1200 чалавек у сярэднім. Быў адначасна створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт Абароны, як галоўны ворган для каардынацыі спраў беларускага войска. Паводле дамоўленасьці зь Немцамі, абмундзіроўка, узбраеньне й харчаваньне войска мела быць забясьпечанае імі, паколькі яны ў ваенным часе кантралявалі ўсю эканоміку краю.

Як хутка выявілася, насуперак дамоўленасьці, нямецкія ўлады выдзялялі для змабілізаванага беларускага войска адно некаторы кантынгент харчоў ды выдалі па колькі сотняў на батальён устарэлых савецкіх стрэльбаў з абмежанай колькасьцю амуніцыі для самаабароны ў выпадку партызанскага нападу. А пасьля пачалася валакіта ў Бэрліне ў нямецкім галоўным штабе, што ім рабіць, – даць ці ня даць зброю Беларусам? Гэта-ж 100 тысячная армія, добра ўзброеная, у гэтым важным стратэгічна краі, дамовіўшыся з Аліянтамі, можа лёгка перарэзаць Немцам дарогу на фронт і з фронту. А ў гэтым якраз часе, пасьля Тэгэранскае дамовы Аліянтаў з Саветамі, рыхтаваліся ўжо англа-амэрыканскія высадкі ў Францыі й Італіі.

У гэткіх абставінах Немцы пастанавілі пакульшто не рызыкаваць, але чакаць што будзе. І так, за чатыры месяцы часу, аж да свайго адыходу з тэрыторыі Беларусі, Немцы не далі нашаму войску ні зброі, ні вайсковага выснашчэньня. Беларускія батальёны, бяз зброі няздольныя да нейкае баявое дзейнасьці, губілі сваю маральную баяздольнасьць і пачалі «таяць» – жаўнеры сталі паціху разыходзіцца да сваіх сем'яў, дзе часта апыналіся ў вялікай небясьпецы ад нарастаючай бальшавіцкай партызаншчыны. Масавую «адлучку» з батальёнаў БКА ў гэткіх абставінах даводзілася талераваць, за дэзэрцыю нікога не каралі, хіба меў сувязь з партызанскімі бандамі.

Не зважаючы на свае абмежаваныя магчымасьці, БЦР усё-такі разглядалася Немцамі, як «дзяржаўнае» прадстаўніцтва беларускага народу. Нямецкі тэрор, які ў 1943 годзе дасягнуў вялікіх памераў, цяпер відавочна памялеў, Беларусам было нават дзіўна, што Жамойцам і Латышом, якія спадзяваліся таксама здабыць прызнаньне асноваў дзяржаўнасьці, Немцы нічога ня далі, сарганізаваныя-ж бязь іх ведама ўстановы яны разьвязалі. Падобна было й у дачыненьні да Ўкраінцаў: хоць ім дазволілі стварыць дывізію СС, ды Бандэру арыштавалі й трымалі ў канцэнтрацыйным лягеры.

На сваю сядзібу БЦР у Менску заняла будынак былое Ленінскае бібліятэкі, што стаяў побач генэральнага камісар'яту. Гэта быў прасторны мадэрны будынак, у якім увесь час стаяла беларуская ахова, якая аглядала з ног да галавы кожнага наведвальніка, каб гэтак забясьпечыцца ад спробаў варожае дывэрсіі. Нават нямецкія супрацоўнікі й самыя Немцы мусілі аддаваць ахове сваю зброю пры ўваходзе ў будынак.

Калі вясною 1944 году прэзыдэнт БЦР Астроўскі наведваў Баранавічы, яго сустракала беларуска-нямецкая калёна з танкамі, ганаровымі самаходамі, шпалерамі народу ўздоўж трасы праезду з нацыянальнымі сьцягамі ды музыкай, як запраўднага прэзыдэнта сувэрэннай дзяржавы.

Ясная рэч, што й бальшавікі, якія ўжо наскідалі з Масквы свой камуністычны падпольны апарат ды арганізатараў баявое сілы, таксама ня спалі. Гэтак яны схапілі з акраінаў Баранавіч заступніка бурмістра Баранавіч В. Русака, там-сям падкладалі міны, каб даць знаць аб сваім падпольлі, арганізавалі дзе толькі маглі дывэрсію.

Агенты Масквы пачалі тарнаваць над народам зьверскі тэрор. Жанчыну пад Дзятлавам, якой муж працаваў у Немцаў кладаўшчыком, яны прыбілі на крыж гваздамі да сьцяны. Вешалі солтысаў, якіх Немцы змушалі зьбіраць па вёсках яйкі. Пастушкам адразалі языкі, калі яны, пасьвячы статак, убачылі ды раскрылі партызанскае логава. Гвалцілі жанчынаў, мужчынаў прымусова забіралі ў лес.

Змаганьне народу з партызанскімі бандамі было ўсюды гераічнае. Дабравольна ніхто з маскоўскімі агентамі не супрацоўнічаў, а толькі з страху ці пад прымусам, часта-ж бараніліся да адчаю. Прыкладам, на хутары пад Гарадзішчам, у хату селяніна дабіваліся партызаны. Гаспадар дзьвераў не адкрываў. Яны тады вырвалі акно, але як толькі першы засунуў руку за вушак, селянін адным махам сякеры руку яму адсек. За адчайную абарону свайго дому ён пасьля загінуў гераічнай сьмерцю.

НАЗНАЧАНЫ НАМЕСЬНІКАМ

Быў зімовы вечар у канцы студзеня 1944 году, мароз трашчэў пад нагамі, калі да мяне ў шпіталь, дзе я быў на дыжурцы, прыйшлі з СД Аддышэк і ягоны перакладчык Езэф, абодва ведамыя мне з сустрэчы ў Баўдзея. Дадышэк паказаў мне тэлеграму з подпісам Астроўскага. У тэлеграме загадвалася зараз-жа ехаць да Менску ды мэльдавацца ў БЦР. Дадышэк ад сябе сказаў, што заўтра, а гадзіне 9 раніцы, аўта з эскортай будзе чакаць на мяне пры вайсковых казармах. Я крыху зьбянтэжыўся гэткім нечаканым выклікам. У галаве замітусіліся розныя думкі, але Дадышэк, відаць, зразумеў мой непакой і дадаў, што прэзыдэнт БЦР мантуе свой адміністрацыйны апарат акруговых намесьнікаў.

Назаўтра, у вызначаных гадзіне й месцы, пры самаходзе я сустрэў прапагандыстага з акруговага камісарыяту Бядрыцкага й трох партыйных Немцаў з аўтаматамі. Хутка самаход паімчаў у кірунку на Ляхавічы.

Бядрыцкі сядзеў побач мяне ды разьвёў гутарку аб важнасьці БЦР. Ведаючы яго як служку Немцаў, я адно патаківаў. Каля поўдня мы былі ўжо ў Слуцку. Тут, ля рынку, нашае аўта спынілася. Немцы адлучыліся, каб знайсьці ўзброеную калёну дзеля далейшай небясьпечнай дарогі на Менск ды да яе далучыцца.

Глянуўшы на рынак, перапоўнены людзьмі й сялянскімі коньмі, у мяне прамільгнула думка: «Вось гэтак, мабыць, на гэтым слуцкім рынку ў 1920 годзе кіпела пры выбуху слаўнага паўстаньня за Беларускую Народную Рэспубліку! Яны, гэтыя дзяцюкі й мужчыны, рослыя, сьветлага выгляду, стройныя. Толькі давай ім стрэльбы й аўтаматы – не дапусьцяць паганай нечысьці!»

Мы далучыліся да канвою зь 15 самаходаў і грузавікоў зь сілаю ўзброеных 60 чалавек, ды падаліся на поўнач, на Менск. Хутка сустрэў нас лес, што цягнуўся нейкіх 80 км, з прасекаю ўздоўж шашы шырынёй да 1 км. На палавіне дарогі празь лес стаяў агромністы нямецкі бункер, дзе знаходзілася ахова. Тут нам далі інструкцыю, як захоўвацца ў бойцы з партызанамі, прыдзелены быў адзін танк з колькімі нямецкімі жаўнерамі, і мы паволі пасунуліся ізноў наперад.

У дарозе мы даведаліся, што якраз учора тут была вялікая перастрэлка, былі забітыя й раненыя, дзьве аўтамашыны былі спаленыя. Толькі пад захад сонца мы выбраліся зь лесу. Цяпер ужо хутка прыехалі да Менску. Мяне й Бядрыцкага высадзілі перад будынкам БЦР. Ахова БЦР, ведама, абмацала нас дакладна, ці хто ня з зброяй ці іншымі небясьпечнымі матэрыяламі.

Позным вечарам я правёў гутарку з прэзыдэнтам БЦР Р. Астроўскім. Я даводзіў, што Немцы вайну на Ўсходзе ўжо прайгралі й таму пытаньне ці патрэбнае й карыснае нам зь імі супрацоўніцтва, Астроўскі не пагаджаўся, ды высоўваў гэткія аргумэнты: вайна яшчэ ня скончаная й Беларусы ў гэтым, Немцам ня выгадным, палажэньні маюць магчымасьць мацней стаць на ногі й нацыянальна й дзяржаўна, ды, сама важнае, могуць стварыць сваю збройную сілу. Можа-ж быць нейкі сэпаратны мір Немцаў з Захадам, або можа дайсьці ў Расеі да перавароту, або Немцы мо здабудуцца на ядравую зброю ды палепшаць сваё палажэньне. Я ўсё-ж упорыста трымаўся сваіх аргумэнтаў. Тады Астроўскі мне проста сказаў:

– Дык што, доктар Малецкі, усе хадакі (сябры Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі) гэтак думаюць!? Др. С. Грынкевіч ад супрацоўніцтва адмовіўся, кс. Адам Станкевіч апусьціў рукі, вы таксама ўпіраецеся. Што-ж нам рабіць? Калі гутаркі не памагаюць, шукаць будзем іншых сродкаў!..

Я тады спыніў гутарку, ведаючы, што могуць значыць «іншыя сродкі». Сказаў яму, што гэтая нашая дыскусія пра цяперашнія вельмі складаныя міжнародныя абставіны зусім не абазначае майго асабістага супраціву. Калі прэзыдэнт БЦР наважана кліча мяне да нацыянальнага абавязку, дык я гатовы яго выканаць.

Назаўтра ізноў адбываліся бяседы з прыехаўшымі людзьмі. Бядрыцкі, між іншым, катэгарычна адмовіўся ад становішча камандзіра Падафіцэрскай Школы ў Менску. Іншыя таксама выкручваліся як маглі ад прапанаваных ім становішчаў, аднак не перагібаючы палкі. Астроўскі біў патрыятычным аргумэнтам: нам трэба браць у свае рукі зброю, арганізаваць за ўсякую цану сваё войска, заняць ключавыя становішчы, важныя для свае дзяржаўнасьці. І на гэта ня было контраргумэнтаў.

На трэці дзень вечарам, па тымсамым шляху, вярнуўся я да Баранавіч. Ізноў у сваёй школе, у шпіталі, сярод грамадзкіх абавязкаў свайго места. Ды нутро ў мяне ня было спакойнае. З аднаго боку мне не хацелася зьвязвацца з Астроўскім, а з другога – ягоныя аргумэнты ўсё-ж мелі сваю сілу: сэпаратны мір ці іншыя перамены, могуць нас заскочыць непадрыхтаванымі. «Ня можам-жа заставацца вечна рабамі! Ведама, – былі й гэткія думкі, – шукаючы вызваленьня можна лучыць у яшчэ страшнейшае рабства! Ды няма нічога бяз рызыкі, без змаганьня! То-ж мы, нашчадкі нашых слаўных літоўскіх прашчураў, ня можам цярпець вечна ў маскоўскай няволі! А можа Бог нам дапаможа!» – думалася.

Тымчасам і Астроўскі не драмаў. Хутка, ізноў праз СД, мне было пераказанае назначэньне на намесьніка БЦР Вялейскае акругі ды дадзены загад выехаць на становішча. Пад канец лютага я ўжо быў гатовы да выезду. Вучні Мэдычнае Школы на зборцы 1 сакавіка чула са мной разьвітваліся. Я іх заклікаў да працы над сабой, да вернасьці свайму народу й сваёй бацькаўшчыне й да гатоўнасьці стаць усюды, куды яна будзе клікаць. Шмат якія плакалі, плакаў і я зь імі. Нейкі вучань коратка ад імя іншых прамаўляў шчыра й чула, нехта нешта гаварыў ад настаўнікаў. Я быў расчулены й ня памятаю ані прозьвішчаў прамоўцаў, ані ходу іх прамоваў. У маёй памяці замацаваліся толькі словы: «бацькаўшчына кліча», «нацыянальны абавязак».

Разьвітальная зборка ў школе закончылася нашымі патрыятычнымі песьнямі: «Пагоняй», «Слуцкімі ткачыхамі» і гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю