412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 15)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 16 страниц)

Пазьней, ужо на эміграцыі, ці мала было спрэчак пра БЦР ды кангрэс. Адны, атакуючы прыхільнікаў БНР, хацелі надалей бачыць «легітымнасьць» БЦР у пастановах кангрэсу, ды прадаўжаць дзейнасьць БЦР. Другія, што стаялі пасьлядоўна на пазыцыях БНР, хацелі панізіць гэты кангрэс, як быццам «недэмакратычны» што да спосабу выбару дэлегатаў і дзеля татальнага нямецкага рэжыму, які быццам не даваў магчымасьці свабодна выявіць волю беларускага народу. Гэткія зьвінавачваньні пад адрасам зьезду несправядлівыя.

Ведама, умовы вайны, і нацыстоўскі таталітарны рэжым Гітлера, з пачатковай славянагубнай праграмай, ня спрыяў выяўленьню дэмакратычных тэндэнцыяў зьезду. Ды нельга вінаваціць і зьезд, і БЦР у тым, што яны былі паслухмяныя Немцам марыянэткі тыпу бальшавіцкіх «зьездаў» у БССР. На зьезд, праўда, прыбылі дэлегаты з назначэньня, а сам ён трываў толькі адзін дзень, бо ўжо ў часе нарадаў можна было на залі паседжаньняў чуць кананады цяжкіх баёў фронту, які якраз тады маланкава набліжаўся да Менску. Ды каго іншага маглі-б паслаць «дэмакратычныя» выбары, ды якую іншую ідэялёгію рэпрэзэнтавалі-б «дэмакратычныя» пасланьнікі?

Гэта-ж Першы Усебеларускі Кангрэс у 80 % складаўся з гэтак званых «абласьнікоў», ці бо з дэлегатаў «Западной області», падабраных ды нацкаваных бальшавікамі супроць дэмакратычнага ладу й беларускай дзяржаўнасьці. А што сталася? Беларускі народ клясава адналіты, дэмакратычны, свабодалюбны й патрыятычны, і хоць бальшавікі акружылі будынак зьезду, а ленінска-сталінскія агенты намагаліся запалохаць расправай за непаслухмянасьць бальшавіцкай праграме, Першы Кангрэс адкінуў бальшавіцкі лад у Беларусі ды паклікаў да жыцьця Беларускую Народную Рэспубліку – дэмакратычную дзяржаву ў этнаграфічных межах пасяленьня беларускага народу!

Тое самае паўтарылася й у Другой вайне. Гітлероўскія Немцы не перашкаджалі справе арганізацыі зьезду ды не праяўлялі намаганьняў умешвацца ў ход нарадаў. Было ім ужо не да гэтага. Дэлегаты, што прыехалі, былі такія самыя беларускія патрыёты, што й на Першым Кангрэсе, і на парадку дня паставілі ня нейкі беларускі нацызм, не марыянэцтва ў карысьць Трэйцяга Райху, але працяг нашага змаганьня за зьдзяйсьненьне Акту 25 сакавіка 1918 году, за стварэньне сваёй незалежнай дзяржавы.

А за 25 гадоў палітычнага змаганьня беларускі рух, не зважаючы на крывавы масавы тэрор чырвонае Масквы, на глум пад Польшчай, на панесеныя аграмадныя страты ў радох патрыятычнае інтэлігенцыі, паказальна задэманстраваў вялікі прагрэс у пашырэньні нацыянальна-палітычнай сьвядомасьці. Не засталося бязь сьледу й тое, што не зважаючы на аграмадныя разбурэньні, на вялікія цярпеньні й страшэннае вынішчэньне жыхарства, і Другая вайна была часам яшчэ аднаго ўздыму да свабоды, да незалежнасьці.

На зьезьдзе сьцьвердзіў гэта й генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу:

«Дваццаць пяць гадоў таму назад бальшыня дэлегатаў на Першым Кангрэсе прамаўляла парасейску. Сёньня ўсе бяз вынятку прамаўляюць пабеларуску… Тады былі ў некаторых ухілы ў бок Расеі, сёньня адна ў усіх ідэя – НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ!»

У абліччы новага бальшавіцкага нахлыну зьезд ставіў галоўнай мэтай справу найважнейшую: каб перад сьветам заявіць, што беларускі народ пратэстуе супроць новых міжнародных махінацыяў пастанаўляць аб ягоным лёсе безь ягонай волі. А воля ягоная адна: не надпісная, не гітлероўская, не бальшавіцкая, ня польскіх абшарнікаў, але свая, адвечная, справядлівая.

ПАКІДАЕМ ВЯЛЕЙКУ

Калі нарады кангрэсу 27 чэрвеня 1944 году яшчэ былі ў поўным ходзе, таго дня, асабліва папаўдні, даходзілі магутныя выбухі й гарматная кананада фронту, што набліжаўся. Людзі адчувалі трывогу, перашэптваліся, некаторыя ціхачом выходзілі з залі. Калі каля 6-й гадзіны вечара кангрэс канчаўся беларускім нацыянальным гімнам, дык заля была ўжо на 25 % пустая. Калі-ж мы выйшлі з тэатру, дык выявілася, што дэлегаты з усходняй Беларусі, з ваколіцаў Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва, Барысава, Гомеля, ня могуць ужо вярнуцца да сваіх хатаў, бо там ужо чырвоныя акупанты.

Вечарам таго дня, ня маючы магчымасьці хуткага выезду, я з сваім сябрам Цьвячкоўскім пайшоў у тэатр. Ставілі антыбальшавіцкую драму. Народу, на дзіва, было поўна ды білі брава, як ніколі. На залі сядзелі два рады дзяўчат у шэрых уніформах з Пагоняй на бэрэтах. Былі гэта сяброўкі СБМ з Жлобіна. Яны ведалі, што дамоў вярнуцца ўжо ня могуць.

Пераначаваў я ў памяшканьні нябожчыка праф. В. Іваноўскага, і там даведаўся, што бальшавікі пад Віцебскам і пад Гомелем перарвалі нямецкую абаронную лінію ды маланкава сунуцца на Менск.

Назаўтра зраньня мы зь Цьвячкоўскім пайшлі ў будынак БЦР, каб пагаварыць з прэзыдэнтам БЦР Р. Астроўскім ды ехаць дамоў. Астроўскі мне сказаў:

– Выглядае, што нам прыйдзецца адступаць, бо Немцы ў генэральным камісарыяце Беларусі, – будынак іх быў насупраць БЦР, – паляць дакумэнты, што відаць з дыму іхных комінаў. Як вернешся, палі дакумэнты, ды едзь у Вільню. Мая там кватэра: Вострабрамская 8, у А. Сакаловай.

– А як-жа будзе з грашыма для намесьніцтва на выплату для людзей? – пытаюся.

– Грошы ўжо высланыя ў ваш банк. Пытайцеся там. А далей пабачым што будзе. Бывайце! – І мы разьвіталіся.

Калі я прыйшоў на цэнтральную станцыю ў Менску, там кіпела, як у катле. Нямецкія эшалёны ішлі ў адзін і ў другі бок, ніхто нічога не гаварыў, нікога з цывільных ня ўпускалі на плятформу й не магло быць і гаворкі, каб нехта сеў у вагон. Перапоўненыя яны былі раненымі й нямецкімі ўцекачамі. На станцыі я сустрэў Ю. Мурашку ды іншых дэлегатаў на кангрэс. Мы ўсе непакоіліся. Урэшце, каля гадзіны першай ночы, нехта сказаў, што з таварнай станцыі ідуць цягнікі на захад ды там можна знайсьці месца.

Мы сарваліся зь месца ды нейкімі завулкамі й выпаленымі руінамі дабіліся да таварнай станцыі. Тут запраўцы былі лепшыя магчымасьці вырвацца зь Менску. Я знайшоў цягнік на Маладэчна. Мы цярпліва чакалі яго адыходу ды час праганялі на гутарках пра гарачыя падзеі на беларускім ды сусьветным гарызонтах. Урэшце, каля гадзіны 9-й вечара, наш цягнік пасунуўся на захад. Рухаўся ён паволі, на кожнай станцыі дачапляў новыя вагоны, і толькі пад раніцу, калі ўзыходзіла сонца, пад'ехаў да Маладэчна.

Тут наш цягнік загналі ў тупік. На ўсходні фронт везлі зялёныя, паласатыя, магутныя танкі тыпу «Тыгр» ды вялізныя гарматы, аўты ды іншую цяжкую зброю. Мой сябра Ю. Мурашка, які быў разам, сказаў:

– Глядзі, братка! Такая магутная сіла! Яна згняце бальшавікоў!

– Магутная то магутная, але ці яны здолеюць пусьціць яе ў ход? – адказаў я. – Бальшавіком памагаюць Амэрыканцы зь яшчэ большай тэхнікай…

Але мы ўсё-ж урэшце паехалі на захад. Па дарозе, на галоўных шляхах, бачылі аграмадныя абозы жыхарства з накладзеным на сялянскіх вазох «багацьцем» – дзяцьмі, мяшкамі, сенам. Пры вазох блыталіся змучаныя каровы, ішлі прывязаныя запасныя коні. Гэта адступала Смаленшчына, Аршаншчына, Магілёўшчына.

У Маладэчне быў сякі-такі парадак, але пераважала напружанасьць. Тэлефонная лучнасьць зь Вялейкай і Каралеўшчынай была перарваная. Я доўга на паліцыі чакаў, пакуль мяне злучылі з Вялейкай. Абяцалі зараз-жа прыслаць узброены грузавік.

Празь нейкую гадзіну зьявілася па мяне пяцітонка зь пяцьмі ўзброенымі паліцыянтамі. У машыну, апрача мяне, села пяць дэлегатаў з кангрэсу. Мы хутка, бязь ніякіх турботаў праімчалі 20 км дарогі.

У гэтым часе вялейскі гэбітскамісар даў загад аб эвакуацыі перад нахлынам бальшавікоў. Людзі бегалі па вуліцах, як мурашкі, ня ведаючы, што рабіць, як ды куды эвакуявацца. Калі я прыехаў, шмат хто, абкружыўшы, пыталіся мяне, што рабіць, які ратунак? Ды я й сам гэтага ня ведаў.

У намесьніцтве людзі сядзелі й чакалі на мяне. Я пайшоў у гэбітскамісарыят, каб даведацца, што робяць Немцы. Гэбітскамісар сказаў, што няма іншага выхаду, што і нам трэба эвакуявацца зь Вялейкі, бо сюды прыходзіць вайсковая франтавая ўлада. Кірунак нашае эвакуацыі – Кэнігсбэрг у Прусіі. Ён таксама сказаў, што для мяне й маёй жонкі ён мае месца ў сваім транспарце, а для БКА ён загадаў выдаць з ваенных складоў 100 камплектаў жаўнерскай абмундзіроўкі й абутку для адыходу на захад.

Я склікаў апошнюю нараду маіх супрацоўнікаў, каб абмеркаваць, што рабіць. Даводзілася прызнацца, што перамога не на нашым баку. Сэпаратнага міру, праўдападобна, таксама ня будзе. Трэба вывозіць з заложанае зоны ўзброеныя сілы, беларускіх актвістых, ратаваць нацыянальныя кадры, або, застаўшыся, арганізаваць супроцьбальшавіцкую партызаншчыну.

Паколькі рэальныя абставіны паказвалі на тое, што на масавы рух лічыць немагчыма, ды нямецкая падмацоўка была слабая, дык мы пастанавілі, што афіцэры й наагул беларускія патрыёты, якім пагражае з прыходам бальшавіцкіх гордаў пэўная сьмерць, павінны адыходзіць на захад, каб там працягваць змаганьне за вызваленьне Беларусі. Той-жа, хто наважыцца застацца, хай паступае паводле свайго розуму й сумленьня. Жаўнераў, якія заставаліся, я звольніў ад складзенай прысягі.

Таго самага дня больш 350 жаўнераў БКА надзела нямецкія мундзіры, на шапкі начапіла Пагоні, ды з зброяй у руках, пад камандай кап. Шмаціна, рушыла вялікім табарам на захад.

Ноч у Вялейцы прайшла спакойна, раніцай-жа мы спалілі ўсе дакумэнты намесьніцтва ды зьнялі з машты наш сьцяг. Цяжэйшыя рэчы я заладаваў на воз БКА, пад нагляд сп. Т., з даручэньнем даставіць у Вільню на паказаны адрас, сам-жа з жонкай і падручнымі чамаданамі пайшоў у гэбітскамісарыят, спадзяючыся на месца ў праектаваным нямецкім транспарце. А тут самых Немцаў сядзіць поўна на чамаданах, без надзеі на хуткі ад'езд. Пабачыў і гэбітскамісара, ды спытаўся яго:

– На што чакаем, сп. гэбітскамісар?

– На прадстаўніка вайсковай улады, каб перадаць месца, – адказаў ён.

– Калі-ж гэта будзе?

– Няма ведама.

І каля 12 гадзіны дня гэтага вайсковага пераймальніка ўлады ўсё ня было. Я зразумеў, што спадзяючыся на Немцаў, можна лучыць у цяжкія прыфрантавыя ўмовы. Таму, даведаўшыся, што М. Кунцэвіч, Ч. Найдзюк і дзясяткі іншых ладуюцца ў цягнік, я паведаміў гэбітскамісара, што далучуся да тых, якія едуць чыгуначным транспартам. Ён разьвітаўся са мной і хутка мы селі ў рамонтны цягнік, што ішоў на Маладэчна.

У Маладэчне давялося пераладавацца ў таварны цягнік, што ішоў на Вільню, дзе я меў сустрэцца з прэзыдэнтам Астроўскім. Сядзім вось мы ноччу на плятформе вагону. Раптам загула сырэна – налёт! Людзі беглі ў чыгуначныя сховішчы. Я зыйшоў адно на зямлю ды ўглядаюся ў цёмнае неба. З сваёй практыкі ведаў, што савецкія лягуны трымаюцца высока ды з аграмаднай вышыні разгружаюць у раёне намечанага аб'екту свае самалёты, каб толькі выканаць «плян» і загад. Бомбы-ж падаюць на кілямэтр, ды й больш, ад аб'екту. Гэта я бачыў у Менску, у Вільні, у Вялейцы. Тое самае паўтарылася й тут.

РАЗЬВІТАНЬНЕ ЗЬ ВІЛЬНЯЙ

Назаўтра досьвіткам наш цягнік пагрукатаў на Вільню. Хутка летняе сонца выявіла ўсю красу беларускіх палеткаў, калі пахне няскошаная сенажаць ды шуміць дасьпяваючае жыта. І якія духмяныя нашыя лясы, якія звонкія серабрыстыя рэчкі!

А на дарогах і гасьцінцах, як вокам абняць, бесканечнасьць вазоў зь людзьмі, коньмі, каровамі. Уся, здавалася, Беларусь адыходзіць на захад, уцякае ад крывавай бальшавіцка-маскоўскай няволі. І хто іх накорміць, хто апране, хто прытуліць?! Ім гэта ўсё тады было няважным – каб толькі далей ад бальшавіцкай пошасьці-заразы, глуму над чалавекам і няволі, каб толькі знайсьці недзе спакойны прыпынак, СВАБОДУ!

1-га ліпеня 1944 году ў Вільні было яшчэ спакойна. Узяў я возьніка ды паехаў на Шкляны завулак да сваёй колішняй гаспадыні Мілашэўскай. Стомлены падарожжам, зваліўся як сноп на адпачынак.

Назаўтра раніцай будзіць мяне гаспадыня.

– Уставайце, доктар! – кажа. – Нейкая трывога. Жмудзякі зь Вільні ўцякаюць!

Калі выйшаў на вуліцу, дык пабачыў сам, што й запраўцы трывога. Машыны везьлі з шпіталёў на станцыю параненых Немцаў. Шмат жаўнераў ішлі самі, або ў асысьце сёстраў. Іншых вялі мацнейшыя сябры.

І сярод Жамойцаў жудасны перапалох. З хат павыходзілі яны з клункамі, мітусяцца, крычаць: няма транспарту, каб нейк ім вырвацца зь небясьпечнага мяшка. А тут віленскія возьнікі, народ хітры, дасьведчаны, пахавалі коней ды самі разьбегліся.

Мітусьня ў Вільні была страшная: ці каму трэба ці ня трэба – ўсе хацелі ўцякаць! Трагічныя сцэны дзеіліся ў былых францішканскіх будынках пры касьцёле сьв. Рафала на Вілкамірскай, дзе быў шпіталь РОА («Расейская вызвольная армія»). Адтуль хворыя ўцякалі, як хто мог, даслоўна ад сьмерці.

Каля пятай гадзіны я зь іншымі суродзічамі наведаў прэзыдэнта Р. Астроўскага ў яго кватэры на Вострабрамскай 8. Нас было чалавек 15. Усе сумныя, заклапочаныя. Прэзыдэнт Астроўскі падбадзёрвае, супакойвае, каб ня трацілі надзеі. Ягоны сакратар сьпісаў усіх, каму патрэбны пропуск у Нямеччыну. Яны будуць зараз выпісаныя ў кірунку на Кэнігсбэрг, Ліцманштат (Каралевец, Лодзь), а там будуць далейшыя інструкцыі.

Я вярнуўся ў сваю кватэру ды праспаўся ўночы. 3-га ліпеня, калі я раніцай падаўся да прэзыдэнта Астроўскага, каб, як дамовіліся, разам выяжджаць зь Вільні, места відавочна пусьцела. І ў ягонай кватэры пусьцюсенька… Старажыха мне сказала:

– Уночы, каля 2-й гадзіны, усе выехалі ў кірунку на Коўню. А вось нядаўна грузавік падабраў і іхныя, ці бо Сакаловай, мэблі, ды цэбры зь мясам др. Міцкевіча, таксама на Коўню!..

– Дык вось як! – мільганула ў мяне злосная думка. – Раптоўна выехалі!.. Забралі мэблі, цэбры зь мясам, але пакінулі намесьніка БЦР Малецкага! Пакінулі й сям'ю др. Б. Грабінскага – старшыні Беларускага Камітэту ў Вільні!..

Што далей? Як выбрацца зь Вільні? І вось на вуліцы сустракаю афіцэра БКА, што быў перадавым лучнікам з палк. Кушалем, які цяпер з аддзеламі БКА ўступіў у Вільню. Я яго паінфармаваў аб палажэньні ды пры тым даведаўся, што з Новай Вялейкі яшчэ не эвакуяваны Магілеўскі Мэдычны Інстытут, ды што разам з БКА адыходзіць на захад і Афіцэрская школа пад камандай М. Каранеўскага. Лучнік гэты яшчэ сказаў:

– Мы ня маем грошаў, ані дакумэнтаў-пропускаў на адыход на захад. Ці вы не маглі-б нам дапамагчы?

Даў я яму 1000 марак, палавіну грошаў, што я меў. Бланкаў-пропускаў я й сам ня меў, дык і яму ў гэтым нічога ня мог парадзіць. Я толькі сказаў:

– Усюды кажаце, што адыходзіце на захад з загаду нямецкіх вайсковых уладаў. Яны вас прапусьцяць!..

Вяртаючыся дамоў па Вялікай вуліцы, раптам сустракаю галоўнага лекара Беларусі, др. Крайнова, у мундзіры маёра СС.

– Здравствуйте, Мялецкій! – гудзе ён. – А что вы здесь балтаетесь?

– Шукаю спосабу, як выбрацца зь мяшка!

– Ну, а ты знаеш нямецкі язык?

– Знаю.

– То будеш нам переводчіком! – гукнуў Крайноў.

Я быў зьбянтэжаны гэткай нечаканай прапановай. Ды шмат не распытваўся:

– А калі едзем?

– Заўтра!..

– Маеце транспарт?

– Чыгункай! Але ў нашай кампаніі ніхто не гаворыць панямецку. У нас 7 чалавек, а вас двое, дык дзевяцера, – невялікі клопат!

– Ну добра, – адказаў я, – далучуся да вас, каб толькі ўсё было як наложыцца!

– Ды будзе!

Назаўтра, недзе каля 9-й гадзіны зраньня, у памяшканьні Крайновых мы сутыкнуліся з новай мітусьнёй. Др. Крайноў крычыць:

– Дзе нашая 14-ая пачка з абуткам?

– А дзе-ж яна? – перакрыкваецца жонка.

– Ды я яе, здаецца, паставіў перад поездам… – адказвае Крайноў.

– І я яе, здаецца, бачыла, – пацьвярджае жонка. – Ды дзе загінула?

– Ты ведаеш, што яна была з нашым абуткам?

– Але, ведаю. Цяпер на захад прыйдзецца ісьці басанож…

Празь нейкіх пятнаццаць хвілін мы даведаліся, што ідзе цягнік на захад. А тут загружанасьць вялізарная… І вось Крайноў скамандаваў:

– Ламай плот!

За адну мінуту мы выламалі дзіру ў плоце. Людзі й багаж цяпер плылі шпаркім струмянём і як бач былі на плятформе. Мы трыюмфавалі. Нас было 9 чалавек: Крайновы й Незабіткоўскі з жонкай, я з жонкай, Міхайлаў – кіраўнік расейскай моладзі ў Беларусі, ды ягоныя два памочнікі.

Мы ехалі на захад, да Горадні. Ды Немец адгарадзіў у вагоне палову «для чужынцаў» і забараніў заходзіць у «нямецкую частку» таго-ж цялятніка. Я падумаў: вось на табе – і тут паказ нямецкай «дэмакрацыі». У наш аддзел прыслалі хутка й 8 фольксдойчаў, якіх Немцы таксама не хацелі мець між сабой. Мы чуліся цяпер аднак-жа мацней, бо ўжо колькі чалавек гаварыла панямецку.

Цягнік скора затрубіў ды пачвахаў у кірунку Горадні. Я ў думках разьвітваўся з нашай сталіцай Вільняй, з нашым слаўным унівэрсытэтам, з нашай сьвятыняй ВОСТРАЙ БРАМАЙ, з Завальнай вуліцай, дзе быў цэнтр нашай палітычнай дзейнасьці, ды з шмат іншымі каштоўнасьцямі нашае гісторыі й культуры. Ці змагу вас ізноў пабачыць, каб з вашых крыніц зачэрпнуць яшчэ жывой адраджэнчай вады?

Мінаем Алькенікі, месца гістарычнае, дзе калісьці, у баёх з Маскоўшчынай, нашыя князі раіліся, як адкінуць Маскву на ўсход. А мы цяпер рухаемся на захад!..

ЦЯГНІКАМІ НА ЗАХАД

У Горадні станцыя была перапоўненая ўцекачамі, дык мы атабарыліся на плятформе. Раніцай др. Крайноў выпісаў харч для нашага транспарту зь нямецкае чыгуначнае кантыны на 11 асобаў. Міхайлаў, праваднік Саюзу Расейскай Моладзі, прынёс вядро кавы ды 6 булак сьвежага хлеба, каўбас з кілё, з паўкіляграма сыра ды другое вядро гарачай гарбаты. Мы гэтага ўсяго ня зьелі ды з палавіну раздалі людзям на станцыі. Пасьля сьнеданьня др. Крайноў адвёў мяне ў бок ды кажа:

– Імееш ты чёрное черніло і ручку?

– На што? – пытаюся.

– Мне нужно подправіць дакумент!

– Што-ж гэта ў вас за новая праблема?

– Бальшая праблема! – кажа, – У мяне пропуск: «Менск-Ліда», а мне нада ехаць в Ліцманштат! Понімаеце?

– Пакажаце свой пропуск.

Крайноў паказаў, а там маршрут запраўды «Менск-Ліда».

– Дык вы хочаце ў Ліцманштат? – пытаюся.

– Але. Так нада справіць дакумент!

Я кажу, што гэта даволі небясьпечна, бо Немцы могуць заўважыць ды не прапусьцяць.

– Чепуха! – кажа ён. – Немцам цяпер ўсё роўна якая паперына! Пішы лацінкай: Менск-Ліцманштат, ды не разяўляйся!

Хутка хлопцы Міхайлава раздабылі чорнае чарніла й пяро і «Ліду» я пераправіў на «Ліцманштат». І вось мы, «адзінаццаць» чалавек, едзем на няўдала падробленым пропуску ў Райх!..

На пагранічнай станцыі Малкіня пачалася авантура. Стары нямецкі падафіцэр, чытаючы наш пропуск, абурыўся:

– Што тут накрэмзана? – пытаецца.

– Ліцманштат, – кажу я і паясьняю: – Ведаеце, на Ўсходзе ня ўсе ведаюць, як напісаць «Ліцманштат»!

– Унгюльтіг![26]26
  Не сапраўдны!


[Закрыть]
– закрычаў Немец.

– Гюльтіг![27]27
  Сапраўдны!


[Закрыть]
– крыкнуў Крайноў.

– Яволь, гэр маёр![28]28
  Так ёсьць, спадар маёр!


[Закрыть]
– супакоіўся падафіцэр ды прыбіў пячатку.

Мы пастанавілі спыніцца па дарозе ў Варшаве, каб купіць нейкай ежы. Рэчы здалі на перахоў на варшаўскай Усходняй станцыі, ды я з жонкай і з Крайновымі пайшлі на памяшканьне др. А. Ефрэменкі, майго старога знаёмага. Але яго ня было дома. Служанка, аднак-жа, пазнала мяне ды ўпусьціла ў памяшканьне. Мы выкупаліся ды спакойна пераспалі ноч.

Назаўтра я пайшоў на рынак на Карцэляку. Там торг быў у поўным ходзе. Прадавалі лахмоцьце, абутак, мяса й сьвініну, але толькі за «цьвёрдую» валюту. І вось я за 5 рублёў золата купіў 20 кг саланіны. Гандляры пыталіся, мо хто з уцекачоў і заўтра захоча купіць больш сала. Я прывалок цэлы чамадан сала, а Крайновы аж падскаквалі з радасьці, што гэткая нагода. На другі дзень я іх завёў да таго прадаўца й яны запасьліся таксама.

Добра закусіўшы, Крайноў выказаў жаданьне пайсьці ў места, каб купіць запасныя чаравікі, паколькі іхны мяшок з абуткам недзе ў дарозе прапаў. Мы пайшлі на Кракаўскае прадмесьце, дзе я ведаў шаўца з даваеннага часу. Па дарозе пабачыў шмат маладых Палякаў з загарэлымі тварамі, якія нейк скоса пазіралі на маёра Крайнова. Зайшлі да шаўца ды купілі абутак. На адыход шавец адвёў мяне на бок ды кажа:

– Пане, небэсьпечне ходзіць з тым маёрэм! Могот застшэліць! Ту дужо нашэго войска, бэндзе повстане…[29]29
  Пане, небясьпечна хадзіць з гэтым маёрам! Могуць застрэліць! Тут шмат нашага войска. Будзе паўстаньне…


[Закрыть]

Вечарам мы выехалі з Варшавы ды за колькі ўжо гадзін былі ў Лодзі. Сала, пры дапамозе нашых юнакоў, мы перакінулі праз паркан, ды з рэштай багажу пайшлі на кантрольны пункт. Тут забралі ў мяне пісталет ды дакумэнт на яго, усе кніжкі, уключна з мэдыцынскімі, прапускны-ж дакумэнт аштамплявалі, як больш няважны.

Цяпер нашая кампанія паменшала на 5 чалавек. За др. Крайновым мы пайшлі да ягонага прыяцеля, фольксдойча зь Менску, Шлямовіча. Прыняў ён нас вельмі гасьцінна. У гутарцы выявілася, што і ў Лодзі Палякі бубняць аб паўстаньні. Але Шлямовіч успакойваў, што тут Немцы добра арганізаваныя ды ўзброеныя, дык дадуць сабе раду, хоць на аднаго Немца прыпадае трох Палякаў.

Адпачыўшы, я наведаў Беларускі Камітэт у Лодзі. Тут я даведаўся аб палажэньні, пачуў, што палк. Кушаль зь некаторымі адзінкамі БКА і паліцыі, цяпер у Ўсходніх Прусах, і што Палякі ўзьнялі паўстаньне ў Варшаве. Дастаў таксама прыватны адрас Р. Астроўскага ў Лодзі.

У Р. Астроўскага я сустрэў ягонага зяця др. Мінькевіча, які бядаваў, што сала ў цэбрах у дарозе ад гарачыні папсавалася… Прэзыдэнт-жа казаў, што выбіраецца да Бэрліну, дзе ёсьць магчымасьць актывізаваць БЦР у выглядзе экзыльнага ўраду для арганізацыі беларускае дывізіі, моладзі, выдаваньня прэсы, арганізаваныя беларускіх уцекачоў, работнікаў.

Пасьля я адведаў др. Науміка, які тут працаваў у шпіталі. І я дастаў становішча асыстэнта ў гарадзкім шпіталі. Здавалася, што ўсё ідзе складна, аж тут – на табе! – новая загваздка! Мы абодва дастаём нямецкі загад ехаць у хуткім часе ў Гольдап у Ўсходніх Прусах, дзе стаіць нейкая часьць РОА. Мы абмеркавалі сытуацыю: Екаць у расейскае войска й то на самы фронт! – Праваліся ты! Але як уцячы з гэтага места? І тут аказаліся важнымі старыя знаёмствы. Наумік кажа:

– Справу спарадкуем! Цяпер вайна, балаган! Хто будзе нас нукаць? Я тут маю аднаго знаёмага СДоўца з Баранавіч, які з групай беларускіх супрацоўнікаў даглядае карны лягер. Ёй мае пячаткі СС і, думаю, дасьць нам пропускі. Адно, трэба літар гарэлкі…

Дык вось мы купілі ў спэкулянтаў два літры водкі й пайшлі да яго. Прыняў ён нас вельмі ветліва, мы-ж з свайго боку бутэлькі адразу на стол. Знайшлася добрая закусь. П'ём, жартуем, пытаемся аб палажэньні. Немец, падпіўшы, кажа:

– Беларусаў я люблю лепш за сваіх, нашая прыязьнь добра замацавалася ў Баранавічах. Таму вам ня раджу сядзець доўга ў гэтым горадзе. Бальшавікі ўжо стаяць на Вісьле. Рыга ўжо ў безнадзейным змаганьні, цяжкія баі ўва Ўсходніх Прусах…

– Дык куды-ж нам уцякаць? – пытаемся.

– Куды хочаце! Я вам дам пропускі.

Я зь месца выкрыкнуў:

– Мюнхэн!

Аднак Наумік кажа:

– Што там Мюнхэн! У Вене жыве наш граф Асінскі, мае пяць пакояў! Нядаўна гасьціў у нас ды запрашаў да сябе!.. Вып'ем, гэр Шульц, за Вену!

– У Вену хочаце? Чаму не!

Ён хутка сеў за пісьмовы стол ды выпісаў нам падарожныя пропускі з Лодзі да Вены, з тэрмінам на тры месяцы.

На другі дзень мы ўжо сядзелі ў 2-й клясе цягніка, што ішоў да Вены. Раніцай выселі на Франц Езэф станцыі. Тут адпачылі й каля 9-й гадзіны павалакліся шукаць возьніка, каб дабрацца да графа Асінскага. Натрапілі на аднаго, кажа – сядайце. Пытаецца:

– Куды ехаць?

– Драхэн гассэ З, – кажу.

А ён:

– Выбачайце, – кажа, – я такой вуліцы ня ведаю.

Мы да другога, да трайнога, – тое самае. Нарэшце адзін дадумаўся, што мы вымаўляем «хох дойч»[30]30
  Высоканямецкім дыялектам.


[Закрыть]
ды нас паправіў: «Дрохэн госсэ!» Ён нас завёз на гэты малюсенькі завулак, дзе пад нумарам 3 стаяла невялікая хаціна, у якой «граф» Асінскі займаў адзін пакой, і то на супалку зь нейкім іншым.

Асінскі зьбянтэжыўся гэткай нечаканасьцяй ды адправіў нас у Беларускі Камітэт, што быў непадалёк. Мы завалакліся туды, а там, у маленькім пакойчыку, ягонае «бюро». Ён перапрашаў нас за сьціпласьць ды даў адрас у Кайзэргоф гатэль. Там мы добра адпачылі ды на другі дзень наведалі былога консула БНР у Вене, старэйшага ўжо ды хворага на сэрца чалавека, прозьвішча яго ніяк не памятаю. Консул прыняў нас вельмі ветліва й гасьцінна. У бяседзе ён выказаўся:

– Цяперашняя вайна, гэта другі трагічны акт у гісторыі нашага народу, пры нямецкім у ім удзеле. Цяжка спадзявацца хутка нейкае паправы. З ваеннага змаганьня прыйдзецца пераходзіць ізноў на культурны фронт…

І пэрспэктывы запраўды ня было відаць. «Нямеччына сама ў моцных клешчах двух саюзных франтоў. Што нам рабіць?» – думаю, вярнуўшыся ў гатэль. Чуваць, што Немцы хочуць тварыць беларускую дывізію. Ды што значыць адна, дзьве, тры чужанецкія дывізіі, калі вялізарная нямецкая ваенная машына крышыцца кожны дзень, як пясчаная скала! Нам застаецца адно – перакідацца на бок заходніх Аліянтаў ды шукаць там грунту для нейкай успамогі беларускаму народу, які ня можа, не павінен загінуць у жорнах расейска-бальшавіцкае навалы. Таму я й падаўся далей на захад, каб у вольным сьвеце далей працаваць, пад Знакам Пагоні, для дабра й будучыні свайго народу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю