355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 2)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц)

ПАВАРОТ ДА ВІЛЬНІ

Прайшло колькі тыдняў у безнадзейным чаканьні. Нямецка-савецкая граніца была ўстаноўленая на Бугу. Беларускія жаўнеры польскага войска, адпушчаныя зь нямецкага палону, бесьперарыўным амаль шнуром ішлі ўздоўж чыгункі на поўнач, за Буг, дамоў.

Пасьля доўгіх разважаньняў, наважыў і я ехаць да Вільні, дзе спадзяваўся лепшых умоваў грамадзкае працы. Хутка знайшліся спадарожнікі, нанялі падводу. Іх скромны набытак, мой габінэт і бібліятэку, усклалі на воз, самакаты ў рукі, ды пайшлі на Радзімін і далей на поўнач. Гэтак 23 кастрычніка й я стаўся ваенным уцекачом.

Разам з намі сунуліся на поўнач тысячы Жыдоў ды групкі польскіх камуністаў. Паабапал дарогі валяліся аўтамашыны, грузавікі, павозкі, ды розная ваенная снасьць. Дзе-ня-дзе ляжаў забіты конь, віднеліся крыжы над магілкамі жаўнераў. Па небе ўвіваліся крукі й вароны, стралою падалі на астаткі падліны. Вёскі здалёк сьвяціліся белымі комінамі на чорных жудасных папялішчах. Мне ўспомніліся словы С. Жэромскага: «Разьдзяўбуць нас крукі, вароны!» Баі зь Немцамі ў гэтай мясцовасьці трывалі аж дзесяць дзён. Вось што мне расказаў уласьнік баёў С. Багушэўскі:

– Днём Немцы бесьперарыўна б'юць з гарматаў, сякуць зь летакоў кулямётамі, і мы ўцякаем ды хаваемся ў кусты, лясы й ручаі. Затое-ж уночы мы ім давалі!.. Немцы лезуць, як жабы, праз Буг, мы-ж падпусьцім іх да палавіны ракі, а тады як секанем з кулямётаў і стрэльбаў, дык толькі балбатня пойдзе па вадзе, а пасьля люстра Бугу ізноў стае гладкім. Абышлі нас Немцы з поўначы.

Нямецкія зматарызаваныя адзінкі дзень і ноч цягнулі на захад. Відаць было, што Гітлер вельмі сьпяшаўся. У Вышкове Мазавецкім мы выбралі ад нямецкае паліцыі пропускі й пайшлі да граніцы.

Вось і пераходны пункт. Грамада Жыдоў, каля 150 чалавек, стаяла акружаная Немцамі, а збоку, каля 15 чалавек наськіх. Жыдоў дзялілі групамі і ў невялікім будынку неміласэрна рэвідавалі. Перабіралі кожны рубец, кожную коўдру, кожны лахман. Маладых Жыдоў і Жыдовак разьдзявалі да кашулі. Апошніх ставілі ракам і «рыцар новага парадку на Усходзе» шукаў залатых рэчаў і дыямэнтаў у натуральных праходах. Тэмпэратура была каля 5 °С, падуваў халодны вецярок. Адабраўшы ад Жыдоў усё, што мела нейкую вартасьць, Немец крычаў«Гэраўс!»[3]3
  Вон!


[Закрыть]
, і за пару хвілін пляц быў вольны.

Прыйшла чарга на нас. Трубка майго палатна, пару інструмэнтаў, пайшлі на кучу ваенных трафеяў. СД паручнік прычапіўся да мяне, што я «юдэ»[4]4
  Жыд.


[Закрыть]
, але мы ўсе гэтаму запярэчылі. Тады Немец кінуўся да мяне, чаму я еду да камуністаў. Я адказаў:

– Еду-ж да вашых прыяцеляў!

– Зі зінд кайнэ унзэрэ фройндэ![5]5
  Яны ня нашыя прыяцелі.


[Закрыть]
 – запярэчыў паручнік.

Гэтак выкінулі нас на паласу нічыёй зямлі, дзе вось зыйшліся два сьмяротныя ворагі, што як сабакі тымчасам толькі нюхаліся, каб праз хвіліну распачаць сьмяротную разьню. Побач з намі ішлі Жыды й Жыдоўкі, нясьлі, цягнулі й кацілі рэшткі незавіднай маёмасьці. Яны голасна, паўсходняму завываючы, пракліналі Немцаў ды з радасьцяй уваходзілі ў «райскую» зямлю пралетарскай дыктатуры. Гэтак выглядала другая, папраўленая, лінія разьмежаваньня Рыбэнтроп-Молатаў.

Прывалокшыся да гранічнага пункту, мы затрымаліся. Хутка падышоў да нас аддзел савецкіх байцоў у сіле 12 чалавек, зь вінтоўкамі ў руках. Камандаваў імі васпаваты падафіцэр азіяцкага паходжаньня. Пасьля 20 гадоў я ізноў пабачыў савецкіх ваякаў: худыя, абдзёртыя, з тварамі бяз усьмешкі ды шэрымі, як зямля. Праверыўшы нашыя дакумэнты, яны падагналі нам падводу, каб адвезьці ўсіх у зборны пункт.

Я засьцярог, што жаўнеры граматныя, трымаюцца спакойна ды з падцішка грызуць моркву. Іх веку ня можна было азначыць, бо ўсе былі пахмурныя, худыя і выглядалі шмат старэйшымі за свае гады. Байцу, які паклаў на воз нашыя рэчы, я хацеў падараваць гадзіньнік, але ён ня прыняў дарма, заплаціў мне дзесяць рублёў.

Калі селі на воз, мы ад возьніка даведаліся, што лепш ня ехаць на зборны пункт, але пераначаваць у ягонай хаце, ды пасьля ехаць у кірунку Беластоку. Калі мы гасьцілі ў гаспадара, да нас зьявіўся савецкі шпіцаль: дзяцюк гадоў 19, скамунізаваны да шпіку касьці. Ён вельмі хваліўся савецкімі дасягненьнямі, прыкладам, сьмертаноснымі праменьнямі, што маюць запаліваць на ляту варожыя самалёты. Ёй меўся нас назаўтра даставіць у зборны пункт, ды мы выехалі додня ў Зарэмбы Касьцельныя, бо туды даходзіў зь Беластоку цягнік.

Ноччу перад выездам мяне наведала група Жыдоў з Пултуска ды Выткана. Працавалі яны ў Немцаў на акопах, а як працы закончылі, Немцы выкінулі іх у Саветы. Цяпер яны хацелі забраць свае сем'і зь Генэральнай Губэрні. Расказаў я ім падрабязна, як Немцы зьдзекуюцца над Жыдамі, забіраюць іх маёмасьць ды заганяюць у гетта. Жыды амаль усю ноч енчылі, гаманілі ды ўсё мяне распытвалі, пад раніцу-ж усе пайшлі па свае сем'і.

У Зарэмбах Касьцельных набралася за пару тысячаў людзей. Есьці ня было чаго. Усе чакалі на цягнік. Каля паўдня прыйшоў цягнік таварны. На працягу 15 часінаў 30 вагонаў напоўнілася народам і хатомкамі. У дарозе людзі задорна дыскутавалі з Жыдамі, якія выражалі свой жаль да польскіх уладаў за тое, што іх ня прымалі ў войска, на чыгунку, пошту, банкі, у міністэрствы, а на ўнівэрсытэты толькі абмежаны лік.

У Беластоку мае прыгодныя таварышы падарожжа павыскаквалі зь цягніка. На разьвітаньне ў нас няшмат знайшлося да гутаркі. Яны шукалі працы ў Саветах, я-ж меў свае пляны, трымаўся ад іх воддаль. Мне пашчасьлівіла, бо мой цягнік ішоў проста да Вільні. Праяжджаючы праз Горадню я ўспомніў што два тыдні таму мне расказваў кіраўнік пагранічнай жандармэрыі, капітан Н.:

– Я быў назначаны кіраваць абаронай Горадні. Адна наша рота жаўнераў, бяз танкаў ды артылерыі, не магла ставіць супраціву бальшавіцкім панцырным адзінкам і таму мы наважылі здаць места бяз бою. У гэты момант 16-ці гадовая вучаніца гімназіі ўзарвала на вуліцы Арэшчыхі бальшавіцкі танк, кінуўшы на яго запаленую бутэльку з газай, г. зв. кактэйль Молатава. У іншых пунктах места ўспыхнулі сутычкі – студэнты, гімназісты, паліцыя, работнікі, урадаўцы й агароднікі сталі страляць па няпрошаных «асвабадзіцелях». Мая рота амаль самавольна пайшла ў бой. Пасьля гадзіны бою было спалена яшчэ 6 танкаў і зьбянтэжаная бальшавіцкая пехата кінулася на ўцёкі. Радасьць пераможцаў была нячуваная. Білі званы ў касьцёлах і цэрквах, увесь народ выйшаў на вуліцы, сьпявалі патрыятычныя песьні, цешыліся зь перамогі над агрэсарам. Гэтая радасьць трывала аднак-жа толькі 48 гадзінаў. Бальшавікі абыйшлі места наўкольлем з паўночна-ўсходняга боку ды сталі абстрэліваць з кулямётаў і гаўбіцаў. Тым самым часам каля 20 танкаў паволі, страляючы, пасоўвалася да цэнтру места. Я з маімі жаўнерамі перайшоў на левы бераг Нёману.

Прайшло толькі сем тыдняў ад часу, калі я тут праяжджаў. Сьвяцілася тады элеганцыя вайсковых ды ўрадаўцаў, шуршэлі ядвабныя сутаны духоўных, важна пахаджвалі напышаныя польскія паліцыянты, снавалі навокала гаваркія, прыгожа адзетыя жанчыны… Цяпер усё гэта зьнікла беспаваротна. Прыйшлі з захаду і ўсходу новыя людзі, загаварылі іншымі мовамі. Выгляд усіх цяпер быў шэры й прыгнечаны. Гэтак усё хутка мяняецца ў вырашальныя дні гісторыі.

Цяпер я ўжо еду да Вільні. Ізноў поўна Жыдоў, што едуць проста да Масквы, ды ізноў гарачыя дыскусіі, чаму ды як упала Польшча. Усе былі абдзёртыя, паўгалодныя, перамучаныя. Дыспутавалі аднак-жа вельмі ахвотна. Мне толькі стала вельмі няпрыемна, калі ў майго дыспутанта я заўважыў вялікую адзежную вош.

Калі прыехаў да Вільні, уздыхнуў вальней, бо быў пэўны, што тут няма ніякіх вывазаў. На станцыі я аддаў мае рэчы на перахаваньне й атрымаў квітанцыю на незразумелай мне жмудзкай мове. Нашая сталіца здалася мне шэрай, штодзённай ды абдзёртай з элеганцыі й вясёласьці. Перапалоханыя людзі тысячамі перавалівалі па галоўных вуліцах места. Былі тут студэнты, багацейшыя сяляне, шляхта, былыя паліцыянты, вайсковыя ды ўрадаўцы, што схаваліся ад савецкае ўлады. Усе жылі, выдавалі, ня маючы ніякіх прыбыткаў. На рынках і ў адмысловых крамах прадаваліся ўсякія ўжываныя рэчы, як хутры, кажухі, абутак, біжутэрыя, лялькі, старыя дываны й іншае.

Хутка я выехаў на працу да Рэшы. Наняў 2 пакоі ў новым доме ды пры 30–40 градусах марозу жыў без апалу. У мяне замярзала малако, чарніла, я ня мог разьдзець у габінэце хворых і мусіў спаць надзеўшыся. Сухія дровы ляжалі ў суседнім лесе, але каб іх за грошы дастаць, трэба было мець пасьведчаньне нейкага «віршынінка»[6]6
  Начальніка (летув.)


[Закрыть]
ў Вільні, наняць падводу, заплаціць грошы лясьніку на мейсцы, усім па чарзе даць узяткі, і тады толькі дастанеш кубамэтр дроў. Быў гэта адзін з мэтадаў зьдзеку Летувісаў над адвечным мясцовым беларускім жыхарствам.

Спаткаў я тут і цікавых людзей. Суседні вось маёнтак Рушчыца перапоўнены польскімі вайсковымі ўцекачамі. Панатварылі яны тут сабе розныя пасады, як кіраўніка канюшні, кароўніка, сьвінарніка, плодазьменаў, прадукцыі корму й г. д., а фактычна займаліся, апроч распусты, вайсковымі справамі: зьбіралі ды перахоўвалі аружжа, праводзілі лекцыі на вайсковыя тэмы, слухалі лёнданскае радыё й шырока займаліся шаптанай прапагандай. Іх правадыром быў рэктар Духоўнай сэмінарыі ў Ломжы, кс. П. Правёў я зь ім шмат гутарак на вячорных пагулянках.

Чатыры ўрадоўцы пошты ды валасной управы былі прывезеныя з Жмудзі. Яны цэлымі днямі гулялі ў карты, пілі гарэлку, ды часта біліся міжсобку за падзел «банкавых» грошаў.

Калі Гітлер напаў на Польшчу, ён плянаваў, што як і ў Аўстрыі ды Чэхаславаччыне, шантажом, тэрорам ды маланкавым ударам за два тыдні зломе польскі супраціў, а тады, яшчэ перад зімой, пакуль Аліянты не падрыхтаваныя, піхне свае арміі на Францыю. Тымчасам Адольфу падвіхнулася нага: ягоныя арміі затрымаліся ў Польшчы больш двух месяцаў. Атакаваць Францыю зімой ня было як, давялося чакаць вясны 1940 году. Аліянты гэтым-жа часам правялі мабілізацыю, пераставілі індустрыю на патрэбы вайны, пасьпешна змабілізавалі ды перашколілі авіяцыйныя кадры, ды пастараліся ўсьведаміць сусьветную апінію пра нацыстоўскую небясьпеку й зьверствы.

Гэтак раскачалася Гітлерава «маланкавая» на шэсьць гадоў вайна, што двойчы крывавым валам перакацілася праз нашу бацькаўшчыну.

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПЕРАД ДРУГОЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНОЙ

Перад самым выбухам Другой Сусьветнай вайны жыцьцё ў Заходняй Беларусі было пад цяжкім прэсам польскага нацыяналізму. Беларускі нацыянальны рух ледзь зіпаў пад няспыннымі прасьледамі польскіх паліцыйна-адміністрацыйных уладаў, што маніліся ў блізкай ужо будучыні на беларускіх землях вынішчыць усякую беларушчыну. Газэты й часопісы, беларускі друк, былі ў клешчах жорсткае цэнзуры. Калі наагул маглі выходзіць, дык з частымі вялікімі белымі плямамі. За гэтыя плямы трэба было пасьля ісьці пад суд адказным рэдактарам.

З часопісаў і газэт выходзілі: «Беларуская крыніца» (закрытая загадам уладаў колькі гадоў да вайны), «Беларускі фронт», «Шлях моладзі», «Хрысьціянская думка», «Калосьсе», «Беларускі летапіс», ды колькі іншых дробных публікацыяў. Беларускі рух тады выражаўся трыма кірункамі.

Незалежніцкі лагер складаўся з колькіх розных напрамкаў. Сюды ўваходзілі: Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (БХД), коратка перад вайной пераназваная «Беларускім Народным Аб'еднаньнем», з установамі – Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры, кнігарня й выдавецтва «Пагоня», друкарня імя Ф. Скарыны, «Беларускі Каталіцкі Камітэт у Вільні», ды часопісамі «Беларуская крыніца», «Шлях моладзі», літаратурна-навуковы часопіс «Калосьсе», «Хрысьціянская думка», «Бюлетэнь бялорускі» (выдаваўся папольску). На чале гэтага табару стаяў айцец Адам Станкевіч.

Другім, больш радыкальным, незалежніцкім напрамкам быў «Беларускі фронт» зь месячнікам таго самага назову, які ваяўніча ставіўся й да бальшавіцкай дывэрсіі «народнага фронту» й да польскай санарыйна-эндацкай палітыкі, і да гітлерызму, ды арыентаваўся на палітычна-нацыяняльнае адраджэньне беларускага народу ў духу яго гістарычных традыцыяў. Да гэтае групы прымыкалі: частка інтэлігенцыі з БХД, зь Беларускага Студэнцкага Саюзу, Беларускага Навуковага Таварыства, частка беларускага духавенства. Правадыром гэтага кірунку быў айцец Вінцэсь Гадлеўскі.

На груньце незалежніцкіх ідэалаў стаялі й невялікія групы: Беларускіх нацыянал-сацыялістаў з ворганам «Новы шлях» (Акінчыц, Казлоўскі), Беларускіх эсэраў з ворганам «Золак» (Чарноцкі, Бусел, Аніська), і гэтак званая «лявіца» – рэшткі разгромленай Палякамі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, Таварыства Беларускае Школы, працаўнікі Беларускага Банку.

Другую групу тварылі гэтак званыя «комікі», сябры нелегальнае Камуністычнае Партыі Заходняе Беларусі (КПЗБ), падпольнага камсамолу ды іх сымпатыю, бальшавіцкія агенты, варожа настаўленыя да ідэі незалежнасьці Беларусі. Яны вялі падпольную дывэрсію супраць незалежніцкіх кірункаў. Гэтая група была моцна насычаная агентамі польскае выведкі зь віленскае ваяводзкае «двойкі» Панскага. Дайшло да таго, што агент выведкі Стральчук быў «інспэктарам» КПЗБ (ранены Прыпяцкім у часе судовага працэсу ў Вільні). Калі пазьней Заходнюю Беларусь занялі бальшавікі, усе сябры КПЗБ і камсамолу былі на чорным сьпіску галоўнага пракурора СССР, падлягалі арышту й сьледзтву.

Трэцюю групу, вельмі малую, тварылі г. зв. «палянафілы», што з польскай інсьпірацыі спрабавалі тварыць фронт палітычнага супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Сюды прымыкаў Радаслаў Астроўскі, часткова А. Луцкевіч. На пачатку 1930-х гадоў была створаная пры Віленскім унівэрсытэце ды ўтрымліваная субсыдыямі з «двойкі» Ясінскага й карпарацыя «Скарынія», якая мела ахапіць беларускіх студэнтаў палянафільскага кірунку. Ды пасьля колькіх гадоў «Скарынія» развалілася.

Хутка й Радаслаў Астроўскі апынуўся ў няласцы Палякоў, ды ў другой палове 1930-х гадоў быў зь Вільні пераведзены да настаўніцкае працы на польскія землі ў места Лодзь. Ды й як магло разьвівацца сярод Беларусаў палянафільства, калі польскі ўрад цынічна прарочыў, што за 50 гадоў на тэрыторыі польскае Рэчыпаспалітае ня будзе й сьледу нейкае беларушчыны і для гэтага ваяводы віленскі, наваградзкі, палескі ды беластоцкі глумілі найменшыя праявы беларускай культурна-нацыянальнай дзейнасьці сярод народу?

БАЛЬШАВІКІ Ў ВІЛЬНІ

Паміж 17 ды 25 верасьнем 1939 году бальшавікі, згодна з сваёй дамоўленасьцю зь Гітлерам, занялі землі Заходняе Беларусі. У дамове бальшавікоў з нацыстамі было сказана, што Немцы забяруць Польшчу па Віслу. Саветы-ж акупуюць тэрыторыю на ўсход ад Віслы. Вось таму, калі Немцы былі ўжо даўно пад Варшавай, ды ўжо набліжаліся й да Львова. 17 верасьня Сталін даў загад убіць нож у сьпіну адступаючым польскім войскам.

Пакуль савецкая «тэхніка» разгарнулася, Немцы перайшлі дамоўленую лінію падзелу польскай дзяржавы ды накінулі бальшавіком другую лінію падзелу – па рацэ Буг. Вось гэтак дайшло да «вызваленьня» Масквою земляў Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны. Чырвонай Маскве гэтае «вызваленьне» абышлося бяз большых стратаў. На беларускай тэрыторыі былі толькі невялікія баі ў раёне Горадні ды Вільні з польскімі вайсковымі групамі, што намагаліся адыйсьці ў Летуву.

Беларускае жыхарства прыняло бальшавіцкае «вызваленьне» насцярожана. Шырока была ведамая жорсткая расправа Масквы з усім беларускім нацыянальна-культурным актывам, што ад гадоў дзесяці праводзілася ў БССР, расправа над былымі пасламі Грамады й клюбу Змаганьня. Даходзілі чуткі й пра масавы партыйны тэрор над сялянствам, пра масавыя арышты, ссылкі ў канцэнтрацыйныя лягеры, расстрэлы беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, настаўнікаў, беларускае інтэлігенцыі наагул.

Ды Беларусы Заходняе Беларусі хоць і ведалі, што й ад новага пана цяжка спадзявацца нечага лепшага, не тварылі нейкіх антыбальшавіцкіх асяродкаў супраціву. За 20 гадоў у прыску польскае шавіністычнае палітыкі й нацыянальнага прасьледу, яны былі моцна аслабленыя. Бальшавікоў не сустракалі з кветкамі, але зь цікавасьцю мацалі іх прымітыўную сьмярдзючую вопратку, глядзелі на іх зьбяднелыя твары, на іх вайсковыя харчы з сушанай рыбы «облы», на брэзэнтовы, жалю годны, абутак. Наглядна можна было бачыць праўду народнае пагаворкі: «Відаць пана па халявах».

Пра настроі Беларусаў здавалі сабе справу й бальшавікі. Яны ведалі, што асяродкам усяго беларускага палітычнага руху была старая сталіца Вялікага Княства Літоўскага Вільня. І Вільню яны спачатку апавесьцілі сталіцаю Заходняе Беларусі, мову беларускую прызналі за афіцыйную мову, выдавалі штодзённыя ды іншыя газэты пабеларуску, арганізавалі беларускае школьніцтва, засноўвалі свае беларускія арганізацыі. Ды трывала гэта вельмі коратка, каля пяці тыдняў.

Націскаючы на Летуву, ды іншыя балцкія краі, Масква гарантавалася, што ў абставінах ваеннае завірухі на захадзе Эўропы ёй будзе нагода захапіць усю Прыбалтыку. Ведаючы прэтэнзіі Летувісаў да Вільні, яна пасуліла, што перадасьць ім Вільню з часткай Віленшчыны за цану згоды на заснаваньне савецкіх вайсковых базаў у Аліце ды Новай Вялейцы. Летувісы хутка сьцямілі, што гэтая прапанова знача, ды склалі пагаворку: «Вільнюс мусу, Летува Русу» – «Вільня нашая, Летува руская».

Пра тактыку бальшавіцкіх валадароў акупаванае Вільні да Беларусоў вымоўна сьведчаць некаторыя канкрэтныя факты. Разам з рознымі іншымі мітынгамі ды зборкамі ў Вільні тады быў наладжаны й адумысны сход «беларускіх інтэлігентаў». Зьявілася на сход каля 80 беларускіх дзеячаў на чале з старшынём Беларускага Навуковага Таварыства ды дырэктарам Беларускага Музэю імя Івана Луцкевіча Антонам Луцкевічам, Вячаславам Багдановічам, Антонам Нэкандай-Трэпкам, ды іншымі. Як хутка выявілася, была гэта настаўленая пастка.

Хутка пасьля сходу ворганамі НКВД былі ў Вільні схопленыя вядучыя беларускія дзеячы, ды ў першую чаргу тыя, што былі на сходзе «беларускіх інтэлігентаў»: Антон Луцкевіч, Вячаслаў Багдановіч, Антон Нэканда-Трэпка, Вінцэнты Грышкевіч, Макар Косьцевіч, Бусел, Самойла ды шмат іншых. Як адбываліся арышты паасобных беларускіх дзеячаў уявіць сабе можна з прабегу арышту рэдактара «Беларускае крыніцы» Янкі Пазьняка.[7]7
  Паводле апавяданьня навочнага сьветкі інж. С. Нарушэвіча


[Закрыть]

А гадзіне 2 ночы, перад домам Локець 7 спынілася аўта НКВД, «чорны воран». Колькі энкавудзістаў, пад провадам мясцовага Жыда, стукаючы ў дом, крычала: «Хозяін отворі!» Янка Пазьняк не адчыняў. Тады энкавудзісты сталі ламаць дзьверы, але дубовыя дошкі не паддаваліся. Урэшце адзін зь іх выламаў у вакне фортачку ды ўлез у хату, зьедліва прыгаворваючы: «Іш, как здорава спіт!» Пазьняка паднялі на ногі, спраўдзілі дакумэнты, ды загадалі адзецца. У акружэньні заплаканай сям'і, жонкі ды дзяцей ён адзеўся скора. Тады яго пагналі ў грузавік. Янка Пазьняк ніколі не вярнуўся. Былі чуткі, што недзе ў ліпені 1941 году яго, разам з групай беларускай інтэлігенцыі, бальшавікі расстралялі ля ракі Вулы. Гэтак загінуў апошні рэдактар «Беларускае крыніцы», адзін зь верных сыноў беларускага народу.

22 кастрычніка 1939 году ў Вільню прыехалі начупыраныя, як пеўні, летувіскія паліцыянты, і хто ўцалеў ад арыштаў, той застаўся ў жывых. НКВД перад сваім адыходам грабіла што можна было грабіць, ды вывозіла на ўсход. Пасьля выезду НКВД людзі памалу ды нясьмела сталі паказвацца з сваіх сховішчаў. Вільня ўздыхнула свабадней, але па ўсёй Заходняй Беларусі шалеў далей бальшавіцкі тэрор, цягнікі зь зьняволенымі імчаліся на ўсход.

Вільня тымчасам пераходзіла ў рукі новых часовых валадароў, хоць, як прызнала сама Масква, места, як і яго навакольле, ня было летувіскім. Старшыня народных камісараў і камісар замежных справаў СССР, В. М. Молатаў, у сваёй прамове перад Вярхоўным Саветам СССР 31 кастрычніка 1939 году заявіў:

«Савецкі Саюз пайшоў на перадачу места Вільні Летувіскай рэспубліцы не таму, што ў ім пераважае летувіскае жыхарства. Не, у Вільні бальшыня жыхарства не летувіскае. Але савецкі ўрад лічыўся з гэтым, што места Вільня… павінна належыць Летуве, як места, зь якім, з аднаго боку зьвязанае гістарычнае мінулае летувіскае дзяржавы, а з другога – нацыянальныя спадзяваньні летувіскага народу».

«Известия» ды «Правда» І.XI.1939

З сваім адыходам зь Вільні бальшавіцкія ўлады апарожнівалі турмы, забіралі ўсё годнае ўвагі з крамаў, прадпрыемстваў, музэяў, навуковых установаў.

28 кастрычніка летувіская паліцыя поўнасьцю асадзіла места. Насіла яна сінія шынялі, чырвоныя адзнакі, з чырвонымі аколышкамі шапкі, ды гутарылі выключна пажамойцку. Дзеля іх пацешнага выгляду ды незразумелай мовы віленчукі дасьціпна празвалі іх «калакутасамі» – індыкамі. На другі дзень у Вільню ўвайшла брыгада летувіскага войска, а за ім сьпяшаліся сотні «шаўлісаў», каб заняць цёплыя пасады.

Жамойцкія збройныя аддзелы ўвайшлі ў Вільню як чужыя ў чужы сабе горад. У месьце тады ня было й 2 % летувіскага жыхарства й яно гублялася ў славянскім моры. Дзеля гэтага й іхняга войска ніхто не сустракаў, ніхто ня вітаў. Новым акупантам места давялося ўсьцяж насылаць з Коўні ды іншых сваіх гарадоў транспарты летувіскага жыхарства, каб адміністрацыйна апанаваць падараваную ім Вільню. Гэтак было іх навезена больш 20 тысячаў.

Хутка пайшлі новыя парадкі. Старых жыхароў, Палякаў і Беларусаў, выкідалі з гарадзкой управы, чыгункі, прадпрыемстваў і ўстановаў, школьніцтва, адміністрацыі. Іх месца займалі малапісьменныя наезьнікі. Хутка яны павывешвалі свае шыльды, пазьмянялі назовы вуліцаў на свой лад. Зразу ўвялі жамойцкую мову ўва ўсе ўрады і ўстановы. Цяпер Вільня сталася нямой: усюды патрэбны быў перакладчык. Людзі наракалі, клялі, бунтаваліся, што ня могуць згаварыцца ў сваім родным месьце ў сваіх сама пільных жыцьцёвых справах.

Каб прысьпяшыць веду мовы новае ўлады, давялося арганізаваць адумысныя курсы ўва ўсіх раёнах места, куды ў прымусовым парадку заганялі кожнага, хто недзе трымаўся на нейкай працы. Каб апанаваць віленскія касьцёлы – апрача касьцёлаў сьв. Яна й сьв. Казімера, што ім пераказала курыя – яны тварылі шаўліскія ды студэнцкія баёўкі, падымалі бойкі ў Вострай Браме, у Катэдры, ды іншых сьвятынях. Баёўкам заўсёды памагала паліцыя, якая хапала мужчынаў, жанчынаў і дзяцей, садзіла іх у турмы ды зьбівала. Падобны тэрор праводзіўся й па занятых Жамойцамі мястэчках Віленшчыны. Гэткага зьдзеклівага глуму нявіннага аўтахтоннага жыхарства мне больш нідзе не давялося бачыць, хоць зьведаў я паўсьвету.

У гэтыя змрочныя дні Вільні беларускае грамадзтва места пачало аглядацца, для абароны сваіх правоў, на Беларускі Нацыянальны Камітэт, што мясьціўся пры вуліцы Завальная 1. БНК – старая беларуская арганізацыя – ходаўся цяпер з новымі захопнікамі, каб аблегчыць долю сваіх суродзічаў. Беларусаў Жамойцы больш баяліся чым Палякаў. Калі БНК зьвярнуўся да старшыні места Сташыса, які дружыў зь беларускімі дзеячамі ў часы польскае ўлады, ён цынічна сказаў: «Шляхі нашыя разышліся. Мы дапялі свайго, дасталі Вільню, а вы ідзіце да свае мэты…» Гэткая была філязофія жамойцкага дзеяча, які, як і ўсе іншыя ягоныя пабратымцы, цешыўся з сталінскага падарунку беларускай Вільні.

Трэба было выявіць ды ўзяць на ўлік сьвядомы беларускі элемэнт у гэтым старым беларускім месьце. У памяшканьні БНК пачалася рэгістрацыя Беларусаў. Калі ў першым тыдні зарэгістравалася больш 5000 Беларусаў, жамойцкія ўлады выклікалі да сябе старшыню БНК, інж. Адольфа Клімовіча, ды загадалі яму спыніць «варожую» дзейнасьць. Пасьля доўгіх перамоваў наезьнікі ўрэшце абяцалі, што ня будуць выкідаць Беларусаў з урадаў, прадпрыемстваў і ўстановаў места Вільні дзеля іхняй беларускасьці. Нават абяцалі дазволіць беларускае школьніцтва. Ды гэта былі толькі абяцанкі. За кожную справу даводзілася, і цімала, змагацца. Мне самому давялося абіваць парогі ў летувіскім міністэрстве культуры й асьветы ў змаганьні за беларускія школы.

А было гэтак. Дзякуючы няўтомным стараньням а. Адама Станкевіча, А. Сакаловай, М. Анцукевіча і М. Пацюкевіча, за Беларусамі ўдалося затрымаць стары будынак Віленскай Беларускай Гімназіі ды адчыніць колькі беларускіх пачатковых школаў у Вільні й у Ашмяншчыне. Беларуская гімназія хутка скамплетавала 3 і 4 клясы, кожная па 40 вучняў. Але, калі дзеля вялікага ліку кандыдатаў, дырэкцыя гімнамі хацела адкрыць паралельныя клясы, Летувісы, відавочна, спалохаліся ды забаранілі прыймаць у адну клясу больш як па 40 вучняў.

Жамойцкі шавінізм шалеў па ўсёй Вільні, супроць Беларусаў асабліва. Жамойцы намагаліся захапіць Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча. Трывала доўгае й заўзятае змаганьне. Беларусы не здаліся: музэй застаўся ў іхных руках.

Жамойцы да таго былі асьлепленыя перадачаю ім Сталінам Вільні, што прымалі пакорна штораз новыя пасяганьні Масквы на іхнюю «незалежнасьць». Іхны прэм'ер Мэркіс толькі езьдзіў туды, каб падпісваць бальшавіцкія вымаганьні ў выглядзе «догавараў»! І бальшавікі ў Вільні і ўва ўсёй жамойцкай «дзяржаве» чуліся як у сябе дома. Савецкае пасольства на Вялікай Пагулянцы было закулісным «босам» усяе Жамойці. Туды ў 1940 годзе пайшла першамайская дэманстрацыя зь лёзунгамі супроць жамойцкай марыянеткі. Савецкія ваенныя базы разрасталіся да памераў шмат большых, чымся яны мелі быць паводле «дагаворанасьці».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю