412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 13)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 16 страниц)

НА МАНЭЎРАХ

Прынята ўважаць, што вайсковыя манэўры, гэта ўкараняваньне ваеннае падрыхтоўкі кожнага войска. І вось, на пачатку чэрвеня 1944 году, я прысутнічаў на манэўрах БКА маёй акругі. Тут я сустрэўся з галоўным інспэктарам БКА маёрам М. Якуцэвічам. Зь ім я знаўся з 1941 году, з часоў мае бытнасьці ў Горадні, дзе пры Беларускім Нацыянальным Камітэце ён арганізаваў беларускую паліцыю. Пазьней ён коратка быў у Баранавічах, стуль пастаўлены быў камандзірам Беларускай Самааховы ў Наваградку. Цяпер я пабачыў яго ў сваёй акрузе. У манэўрах брала ўдзел і паліцыя ды адзінкі АК з польскага «падпольля», што былі на нямецкім утрыманьні ды кляліся ў вернасьці справе супольнага змаганьня з камунізмам. Якуцэвіч на гэтых манэўрах выявіў вялікі вайсковы й стратэгічны талент.

Вось мы едзем аўтам у паўночна-заходнім кірунку, дзе нашыя й польскія зьвязы атакуюць «няпрыяцельскія» пункты. Хутка мы далучаемся да нашага сярэдняга аддзелу, што меў праводзіць стратэгічную атаку. Праз лярнэтку я бачыў як па лініі фронту перабягаюць паадзіночныя жаўнеры.

– Вось цяпер у запраўдным баі мы былі-б пад артылерыйным агнём няпрыяцеля, – сказаў Якуцэвіч. – Яго нам трэба было-б прыцішыць нашай артылерыяй ды пасьля штурмаваць танкамі!..

Пасьля мы пераяжджалі з адной пазыцыі на другую, згодна з загадамі маёра Якуцэвіча й капітана Шмаціна. Мы студыявалі ход «баёвай» акцыі, наколькі нам, «цывільным», гэта было, гледзячы праз лярнэтку, зразумела. «Нашыя» войскі стралялі сьляпымі патронамі, ды час-ад-часу выстрэльвалі ўгару каляровыя ракеты. «Варожы» лягер урэшце быў здабыты.

Познай ноччу мы вярнуліся ў свае сядзібы. Назаўтра мы сустрэліся ў будынку намесьніка БЦР. Наш галоўны камандзір казаў, што ў манэўрах былі некаторыя добрыя паказнікі, аднак не хапае нам для запраўднае бітвы мадэрнага аружжа, самалётаў і панцырнай зброі!

Пасьля нашага адыходу на Захад, сустрэў я маёра Якуцэвіча ў Лодзі. Ён там, адарваны ад бацькаўшчыны, раптам павярнуў у новую нямецкую акцыю – у расейскую Ўласаўшчыну. Як гэта, паважны здавалася-б, чалавек можа мяняць свае сьцягі ў залежнасьці ад павеву ветру? Якуцэвіч не хацеў слухаць голасу нацыянальнага абавязку й гонару ды пайшоў на абяцанкі зманлівых, у дадзеным ваенным палажэньні нерэальных прапановаў. Маскалі яго зараз-жа ўзвысілі на падпалкоўніка РОА.

Пазьней я даведаўся пра далейшы лёс гэтага нашага каньюнктурыста. Увосені 1945 году ў Лінцы, Аўстрыі, Аліянты перадалі яго, разам з тысячамі іншых уласаўцаў, бальшавікам.

Важнай праявай маёй дзейнасьці як намесьніка БЦР было сарганізаваньне ў Вялейцы Падафіцэрскай Школы. Падбор інструктараў ды матэрыяльнае забясьпечаньне былі вельмі цяжкімі праблемамі. Аднак, пры дапамозе капітана нямецкай паліцыі Вэнцэля ды нашых людзей, як Шмаціна й Бабіна, усе цяжкасьці мы перамаглі ды школу заснавалі. Быў знойдзены адпаведны будынак на 85 чалавек, забясьпечаны харч і адзежа, раздабытая зброя. Школу ачоліў прафэсійны вайсковы інструктар К., выкладчыкамі былі афіцэры й старэйшыя падафіцэры. Хутка Вялейка загудзела бойкім жыцьцём нашай кадравай школы. Усе зь яе цешыліся, бо гэта была нашая надзея.

У гэтым таксама часе назначыў я В. Місюля акруговым асьветным афіцэрам. Ён у сваю чаргу падбіраў сабе батальённых і ротных асьветных афіцэраў.

Ды вернемся да храналягічных падзеяў. Яшчэ ўсё ня было крута з фронтам у Беларусі. Быў гэта травень 1944 году. Наведаў я мясцовы шпіталь. Прыгожы, перапоўнены хворымі, будынак. Недахоп лекаў і перавязачных матэрыялаў – вось паўсюдная бяда. Дырэктарам шпіталя быў Караім, вельмі добры й агульна паважаны чалавек, але страшэнна прыгнечаны. Немцы расстралялі ягоную жонку за тое, што была Жыдоўкай. Не знайшоў тут я ніводнага лекара Беларуса – усе былі Расейцы. Канцылярыя таксама вялася парасейску.

Ну, думаю сабе, а як-жа-ж тут з промыслам? І вось я ў хвабрыцы мэблі, дзе працавала каля 60 чалавек. Намінальным кіраўніком хвабрыкі Немец, майстры й работнікі – нашыя людзі.

– Што вырабляеце тут? – пытаюся.

– Робім крэслы, сталы, шафы, бюровае абсталяваньне, ды ўсё, што заказваюць.

– А дзе ўсё гэта расходзіцца?

– Немцы забіраюць на ваенныя патрэбы.

– А для людзей тутэйшых што пападае?

– Часам той-сёй дастае сабе нешта за дазволам зондэрфюрэра.

Агледзеў я склады сыравіны. Поўна першакляснае, як звон, драўніны. Тут дуб, ясень, клён, сасна, бяроза, Я падумаў: вечнае кола на нашай зямлі, зьмяняюцца толькі акупанты, каб рабаваць нашае дабро.

Не прайшло двух дзён, як у намесьніцтва ўваходзіць пажылы чалавек з стройным крэслам-фатэлем з рэзанымі ўпрыгожаньнямі.

– Прымеце, спадар намесьнік, гэтае крэсла, як дар ад нашай хвабрыкі. Я там майстрам мэблі, а, паза хвабрыкай, прапаведнік збору баптыстаў.

– Шчыра дзякую, – кажу яму. – Гэта довад, што хоць ваенны час, ды вы будуеце наш супольны Беларускі Дом. І вы гэта прыгожа задэманстравалі. Маліцеся ў сваёй сьвятыні за беларускі народ, але не на чужой мове, але сваёй роднай, якую нам Бог даў, каб мы яго ад шчырага сэрца славілі не як нейкія чужнікі, але як ягоныя божыя дзеці!

– Будзем старацца, толькі скуль дастаць Біблію ў роднай мове? – адказаў ён.

ВІЗЫТАТАРЫ-ГОСЬЦІ

Пад лета 1944 году зьявіліся ў Вялейцы наведвальнікі зь Менску. Першым быў В. Чабатарэвіч, які належыў да галоўнай вайсковай камісіі БЦР.

Прыняў я яго з усімі гонарамі. Селі мы ды сталі абмяркоўваць палажэньне. Нашыя пагляды разыходзіліся. Ён стаў мяне вучыць, як я маю падыходзіць да Немцаў, як маю вучыць жаўнераў БКА, як трэба ўздымаць беларускі патрыятызм…

Я ўважаў, што ў гэтых справах асновы маю грунтаўнейшыя, дык ягоныя настаўленьні, з пазыцыяў менскага верхаводзтва мяне не пераконвалі. Я яму адказаў:

– Дарагі сябра, я дастаткова знаёмы з палажэньнем ды ведаю добра, што маю казаць Немцам, што гаварыць жаўнерам БКА. Там камандзірам кап. Шмацін з сваім штабам і няма падставаў вучыць яго чагосьці новага.

У канцовак гутарцы я сказаў:

– Будзьце ласкавы перадаць пану Кушалю, што да гэтага часу дастаў я зь Менску ня больш 12 000 остмарак, а патрэбна ня менш 32 000. Ня маю чым аплаціць найбольш важныя выдаткі. Далей, у нас вельмі недастатковае ўзбраеньне ў аддзелах БКА, дзеля чаго ня можам належна адбіваць партызанаў, а тымбольш прасьледаваць іх у нашых лясох.

Нашая дыскусія спыніліся. Было ясна, што, не зважаючы на прапаганду, Беларусы ня могуць пастанаўляць у сваіх нацыянальных справах паводля сваіх нацыянальных патрэбаў!

Чарговым візытатарам у Вялейцы быў сам прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі. Ягонае прыбыцьцё было пададзенае нам да ведама загадзя й мы яго чакалі на лётнішчы.

Сустракалі яго гэбітскамісар акругі, кіраўнік нямецкай прапаганды, прадстаўнік СД. З нашага боку я, як намесьнік БЦР, камандзір БКА кап. Шмацін, старшыня места Вялейкі Залеўскі ды бурмістр акругі Скабей.

Прэзыдэнт Астроўскі прывітаўся з усімі й мы паехалі ў намесьніцтва. Там я пачаставаў дастойных гасьцей вельмі сьціпла, бо ў мяне самога запасы былі невялікія.

На галоўным пляцы места выстраілася тымчасам войска БКА для агляду. Туды мы й падаліся з прэзыдэнтам. Немцы-ж пайшлі дамоў, абяцалі быць на праектаванай канфэрэнцыі. Прэзыдэнт Астроўскі коратка, але горача, прамовіў да жаўнераў, пахваліў іхнюю спраўнасьць, абяцаў усё магчымае, каб аблегчыць ім жыцьцё й каб нашая справа перамагла.

Пасьля перагляду войска, усе прадстаўнікі ўлады, разам з прэзыдэнтам, узяўшы вайсковы канвой, паехалі да Жаўткоў. Прэзыдэнт хацеў паглядзець тамашні батальён БКА ды падзякаваць жаўнерам за іхнюю баёвую стойкасьць. Пагода была паганая: была слота, падаў, пры моцным ветры, сьнег з дажджом. У Жаўткох, перад будынкам кватэры БКА, ужо чакалі жаўнеры. Прэзыдэнт узышоў на трыбуну, гаварыў ад сэрца, прыгожа й палка, але даўгавата, і пры гэткім надвор'і жаўнеры сталі мерзнуць. Закончылася ўсё агульнай інспэкцыяй жаўткоўскага гарнізону, і пад вечар вярнуліся мы, з сваёй аховай пад камандай кап. Вэнцэля, да Вялейкі.

Калі мы ўвайшлі ў намесьніцтва, я ня верыў сваім вачам: на састаўленых двух вялікіх сталох ляжала мяса, сала, сыры, рыба, селядцы, сырая капуста ды іншая еміна, і стаялі бутэлькі з каньяком. Гэта Гравэ, у дамове з гэбітскамісарам, падрыхтавалі так канфэрэнцыю з прэзыдэнтам БЦР. Найшло гасьцей, што цяжка было іх і пасадзіць. Ад Немцаў былі гэбітскамісар, кіраўнік СД Гравэ, ягоны заступнік Дуклявэ, заступнік гэбітскамісара Руткоўскі, кіраўнік прапаганды Мантольд. З нашага боку – прэзыдэнт Астроўскі, я, Бабіч, Шмацін, Місюль, Чалоўскі, Скабей. З крымінальнай паліцыі – Перамыкін і Кажан.

Я, як намесьнік БЦР, ці бо прадстаўнік мясцовае беларускае ўлады ў акрузе, прывітаў прэзыдэнта й усіх прысутных. Пасьля гэтага пачаліся застольныя гутаркі. Былі й прамовы, і з боку Немцаў, і нашага. Кіраўнік СД Гравэ абяцаў узмацняць усімі сіламі справу тварэньня беларускага войска, паліцыі, ды іншых рэсурсаў для змаганьня з бандамі. Пры гэтым прызнаваўся ён і да свае віны ў некаторых «памылках» у дачыненьні да Беларусаў, называючы прозьвішчы Калодкі ды Родзевіча. Скончыўшы прамову, ён перапрасіў усіх за тое, што мусіць разьвітацца, паклікаўся на свае абавязкі.

Гэбітскамісар расхвальваў мяне перад прэзыдэнтам гэтак, што аж мне было непрыемна. На заканчэньне прамовіў прэзыдэнт Астроўскі. Ён падзякаваў Немцам за супрацоўніцтва, прасіў далей дапамагаць ды належна забясьпечыць нашае войска ў зброю, абмундзіроўку, абсталяванне. Беларусаў заклікаў да ўпорыстых наступаў пры будаўніцтве свае дзяржаўнае адміністрацыі, бясьпекі ды палепшаньня народнага дабрабыту. Перад захадам сонца канфэрэнцыя скончылася й прэзыдэнт адляцеў да Менску.

7 чэрвеня 1944 году Вялейку адведаў галоўнакамандуючы БКА пал. Ф. Кушаль. Я даў яму кароткі агляд стану нашых сілаў у акрузе, пасьля гэтага камандзір Шмацін з заступнікам Бабінам абвялі яго па ўсіх ротах БКА ў Вялейцы ды паказалі Падафіцэрскую Школу. Наведаў ён і батальён у Жаўткох. Вярнуўся вечарам у намесьніцтва вельмі стомлены. Я наварыў бульбы, знайшліся скваркі ды іншае. Мы сядзім, талкуем.

Палкоўнік Кушаль апавядаў, як праходзіла жудасная нямецкая апэрацыя «Котбус», як Немцы, з аддзеламі Жамойцаў, Латышоў, Украінцаў, палілі вёскі, вынішчалі беларускае жыхарства, ды ў сваіх «бэрыхтах» падавалі гэта як «перамогу» над партызанамі. Партызаны-ж, тымчасам, мала дзе пацярпелі. Цяпер, калі паўстала БЦР ды БКА, нямецкія дачыненьні да народу паправіліся. Ды гэта ўжо запозна, бо яны пазаганялі людзей у партызаны. А ў Нармандыі ўжо высадзіліся Аліянты ды адкрылі другі фронт.

Я з свайго боку апавядаў «анэкдоты», як «пазычыў» у зондэрфюрэра 20 тонаў бульбы для БКА, і як нашыя жаўнеры ўкралі зь нямецкага складу палявую мадэрную кухню, ды рознае іншае.

Назаўтра раніцай сьнеданьне ізноў «бульбянае». Гэтым разам высокаму госьцю я падаў да бульбы кіслае малако. Госьць паспрабаваў і кажа:

– Ведаеце, спадар намесьнік, вы далі мне сьмятану!

– Не, не, спадар палкоўнік! – кажу, – гэта ў нас такое малако!

– Вы будзеце пашкадаваныя, бо гэта сапраўдная сьмятана. Ды я ўжо больш не магу… А дзе вашая жонка? – пытаецца ён мяне. – Гаспадыні лепш разьбіраюцца ў кулінарных справах!

– Жонка паехала да сваіх, – кажу, і паглядзеў у шафку, а там збанок зь кіслым малаком някрануты! Дык я пераблытаў збанкі ды выхваляў Вялейскае кіслае малако!

– А што! Я-ж вам казаў, што гэта была сьмятана! – сьмяяўся палкоўнік Кушаль, рагаталі мы абодва.

Ад'язджаючы да Менску, пал. Кушаль хваліў мяне за добры парадак у БКА, за дысцыпліну й патрыятычны настрой у аддзелах. Пад шум гэткіх наведзінаў патрыятычны ўздым бясспрэчна мацнеў.

Але быў і кашмар. Стаіць мне ў вачох апавяданьне настаўніка Русецкага зь вёскі Дораў, які, дзесьці ў канцы 1943 году, вырваўся там з запраўднага пекла, калі Немцы з украінскімі аддзеламі акружылі вёску, што знаходзілася ў лесе, і таму да яе часта заглядалі партызаны, ды сталі зганяць людзей у мясцовы драўляны касьцёл.

Зондэрфюрэр, які калісьці жыў у хаце настаўніка Русецкага, сказаў яму, каб ён зараз-жа ўцякаў з жонкай і дзіцём зь вёскі, бо будзе бяда. Русецкі, схапіўшы дзіцё, бяз духу дабег з жонкай да лесу, і там яны прыляглі, каб аддыхацца. Яны чулі страшныя крыкі, енкі й стрэлы, а пасьля бачылі, як касьцёл, пры моцных выбухах гранатаў, ахутаўся дымам і агнём. Шмат людзей бегла ў лес, сярод іх дзеці. Па іх стралялі, гналіся на конях, дабівалі. Русецкі й ягоная жонка зь пярэпалаху дасталі нэрвіцы сэрца.

І ці-ж мала было гэткіх дантэйскіх сцэнаў? І ці яны больш не паўторацца?

ВІЗЫТАЦЫЯ Ў МАЛАДЭЧНЕ

Напачатку красавіка 1944 году паехаў я да Маладэчна, каб у гэтым павеце правесьці школьную інспекцыю. Ехаў пад аховай беларускай паліцыі ды ў асысьце акруговага школьнага інспэктара Сыракваса й школьнага камісара Шульца. Падарожжа адбылося бяз прыгодаў. Усюды нас сустракалі беларускія настаўнікі й мясцовыя патрыёты. Мы ўсюды дадавалі ім бадзёрасьці.

І ў Беларускай Гімназіі ў Маладэчне я прамовіў у падбадзёрваючым тоне, асьцерагаючы адначасна ад палітычных ды нацыянальных адступнікаў. Рэакцыя была вельмі здаровая, моладзь крычала «Брава! Брава!» Відаць было, што яна інстынктам разумее свой нацыянальны абавязак у трывожную пару гісторыі. Б. Кіт, дырэктар гімназіі, падзякаваў мне шчыра за гарачыя словы, а за ім дзякавалі вучань і вучаніца.

Пасьля перапынку мы пайшлі ў народны дом. Там адбывалася якраз зборка мясцовых паэтаў і пісьменьнікаў. Прысутных было каля трыццаці асобаў. Чыталіся празаічныя й вершаваныя творы. Творы некаторых ужо друкаваліся, іншыя ставілі яшчэ толькі першыя крокі ў дарозе на «Парнас». Тэмы – патрыятычныя, любоўныя. Адзін паэта чытаў урыўкі з паэмы пра Вітаўта Вялікага. Ніколі не спадзяваўся, што ў Маладэчне знайду аж гэткі вялікі беларускі літаратурны гурток. Аказалася праўда што калісьці пісаў Максім Танк: «Паэтаў у нас, як каласоў на нівах!»

Перад ад'ездам гутарыў з прадстаўнікамі беларускай паліцыі. Былі гэта выхадцы зь сялян і работнікаў, гадунцы А. Калодкі. Хоць ён сам пацярпеў ад нашых ворагаў, але здолеў стварыць патрыятычныя паліцыйныя кадры. Успаміналі яго зь вялікай пашанай і жалем, што сярод іх больш яго няма. Яны заяўлялі, што ня зыйдуць з фронту нацыянальнага змаганьня з ворагамі за свабоду народу. Было радасна на душы, назіраючы, як хутка й глыбока вызвольнымі сокамі насякае наш маладняк.

Калі пачало сутунець, нашая кавалькада павярнула да Вялейкі, у сталіцу акругі, перасякаючы 20-ці кілямэтравы лес, што цягнецца між Маладэчнам ды Вялейкай. Трымалі мы зброю напагатове, але ніхто ня стрывожыў нашага павароту.

Неўзабаве ў Вялейцы я візытаваў міравы суд. Старшынём суду быў магістар права Часлаў Найдзюк, ягоным-жа заступнікам Мікола Кунцэвіч. Праца праводзілася нармальна, паседжаньні суду адбываліся двойчы ў тыдзень. Уся канцылярыя вялася на беларускай мове. Настрой – бадзёры.

– Як-жа-ж у вас справы? – пытаюся старшыню суду Ч. Найдзюка.

– Не занадта добра, – адказвае. – Слаба арганізаваная выканаўчая ўлада. У судовыя справы часта ўмешваюцца, з пазыцыяў акупацыі, розныя зондэрфюрэры, ды за подкуп – сала, золата, – паралізуюць выкананьне прысуду. У некаторых выпадках справы карэктуюцца ў гэбітскамісарыяце, у іншых – засуджаны ўцякае ў лес…

– Якія-ж справы вы судзіце?

– Судзім толькі справы цывільнага характару ды меншыя справы крымінальныя. Усе палітычныя справы, ды цяжкія крымінальныя, вядзе СД.

– А якім вы карыстаецеся кодэксам?

– Больш за ўсё польскім, зь нямецкімі зьменамі ў часе ванны.

– А чаму польскім?

– Бо кодэкс савецкі страшэнна жорсткі, палітычны, тэндэнцыйны, а мы свайго беларускага пакульшто ня маем.

Я падзякаваў прадстаўнікам беларускае юстыцыі ды цешыўся, што справа справядлівасьці ў надзейных руках.

АПОРНЫ ПУНКТ

Адведаў я таксама наш апорны пункт у Палачанах ля Маладэчна. Ведама, паехаў туды пад аховай узброенай старожы. У Аборніках мы спыніліся ў мясцовага каталіцкага пробашча. Малады ксёндз прыняў нас вельмі ветліва, ды даў, у беларускай мове, інфармацыі аб жыцьці мясцовых людзей, аб іх клопатах, аб дакуках савецкіх бандаў, што начамі находзяць з суседніх пушчаў ды ўсё чыста рабуюць. Я не спадзяваўся, што сустрэну тут беларускага каталіцкага сьвятара, які чытае віленскі «Беларускі голас». Паказваў мне старанна падшытыя нумары газэты. Сустрэлі мы й старшыню Дворнікаў. Ён нам скардзіўся:

– Бяда ў нас! Грабяць партызаны ды тэрарызуюць! Ці няма нейкае рады, каб перад гэтымі бандытамі абараніцца?

У беларускім апорным пункце, дзе 350 чалавек адбівала напады савецкіх бандаў на беларускае мірнае жыхарства, мы прабылі каля гадзіны. Там нам паказвалі лікі зьнішчаных бальшавіцкіх агрэсараў ды іхных агентаў, якія намагаліся перайсьці з пушчы праз рэчку, але на пераходных пунктах паклалі свае галовы.

Камэндант апорнага пункту ведаў загадзя аб нашым прыезьдзе, дык усю сваю збройную сілу выстраіў для агляду. Я пазнаёміўся з жаўнерамі й афіцэрамі. Мне быў прадстаўлены малады жаўнер, што сам адзін зьнішчыў колькі партызанаў, ды прынёс у гарнізон аж сем стрэльбаў.

Аказалася, што гэты хлапец выявіў ня толькі баёвую адвагу, але й вялікі разьведны розум. Ён гарантаваўся, што саветчыкі на вывед высылаюць па тры асобы: двух мясцовых ды аднаго скінутага парашутам палітрука. Ведамымі сабе пераходамі праз раку яны паходзілі на беларускае жыхарства. Тады хлапец гэты, пасьля захаду сонца, сам адзін хаваўся з аўтаматам у кустох ды чакаў ля пераходу. І калі валацугі спрабавалі пераходзіць раку, адкрываў па іх агонь. Ці іх клаў, ці не, цяжка сказаць, але на месцы пераправы знаходзіў стрэльбы. Гэтага героя я прадставіў да ўзнагароды мэдалём. У далейшым мы спыніліся ў маёнтку пана Сенажэцкага. Там быў манумэнтальны палац, у ім можна было-б памясьціць тысячы нашых жаўнераў. Аглядалі мы таксама й палачанскую пачатковую школу. Абодва гэтыя будынкі тыдзень пазьней спалілі бальшавіцкія дывэрсанты. Пры зьмярканьні мы вярнуліся да Вялейкі.

ВЯЛІКДЗЕНЬ У КУРАНЦЫ

Ужо добра зганяла з палёў сьнег ды пад подыхам вясны пачынала аджываць рунь. Ды лес усё яшчэ стаяў пануры, калі мы ехалі да Куранца на ўсяночную й Вялікдзень да айца Янеля, які запрасіў нас на гэтае ўрачыстае сьвята. Едзем хурманкай памалу, бо дарога мокрая, гразкая. Сунемся ціха, бо наш воз, плывучы па гразі, нават не ляскатаў. Аж тут мой ад'ютант з хурманом настаражыліся ды кажуць:

– Спадар намесьнік, гляньце! Там на стаўпе вісіць чалавек.

І запраўды вісеў чалавек. Мы стрывожыліся. Аб'ехаць было немагчыма, вярнуцца назад – нязручна, дык едзем далей. Хутка параўняліся зь вісельнікам. Галава скручаная ў бок, твар сіні, шыя выцягнутая, рукі зьвязаныя ззаду. На ім брудная ватоўка ды гэткія-ж нагавіцы. Абутак быў зьняты, пасінелыя ступні зьвісалі ўніз. На грудзёх вісельніка вісела таблічка з напісам парасейску: «Я взрывал железную дорогу».

Нам стала ясна, што гэта ахвяра бальшавіцкай партызаншчыны з аднаго боку, а нямецкага зь ім змаганьня з другога. Мы моўчкі паехалі далей, а ў галаве таўкліся цяжкія думкі: «Хто гэты вісельнік? Ці ён насланы, скінуты бальшавіцкай хэўрай чужынец, ці імі адурманены або загнаны ў лес Немцамі наш суродзіч?» Ці так, ці гэтак, пераймаў жах ад дзікага звырадненьня сучаснага чалавецтва.

У Куранцы, як мы знайшлі, палажэньне было апанаванае. Людзі, не зважаючы на партызанскі й нямецкі тэрор, сьвяткуюць найбольшае хрысьціянскае сьвята, Вялікдзень, Ускрашэньне Хрыста. Немцы далі дазвол на ўсяночную, пад умовай, што людзі зьбяруцца ў царкве яшчэ зь вечара, да захаду сонца, ды будуць там маліцца да раніцы, што ў часе ўрачыстае працэсіі ня будуць страляць ракетаў ці салютаў. Куранецкая паліцыя кардонам ахоўвала царкву й вернікаў.

Назаўтра раніцай мы заселі за вялікодны стол, багата застаўлены айцом Янелем. Хрыстосваліся, выпівалі, гаманілі, сьпявалі, як бывае на Вялікдзень. Каля паўдня мы пайшлі зьведаць куранецкія ўстановы. Аказалася, што пра вайну ў гэты дзень ніхто ня думаў. Людзі разьвяселеныя, бадзёрыя, у сьвяточным вялікодным настроі. Куранец гудзеў, як вулей у вясновым аблёце.

Я наведаў паліцыю. Камэндант прадставіў талковы плян абароны перад бандамі, прасіў больш амуніцыі. Пахваліў я яго за добры плян і за парадак у мястэчку, абяцаў выстарацца больш узбраеньня й амуніцыі.

Хутка мы вярнуліся да Вялейкі. На Вялікдзень ня можна было пакінуць самую сям'ю, прыяцеляў і супрацоўнікаў. За Куранец мы былі спакойныя.

РОЗНЫЯ ВІЗЫТАТАРЫ

Аднойчы раніцай мой ад'ютант паведаміў, што ўцёк на кані ад партызанаў нейкі малады хлапец з-пад Мядзела ды хоча са мной гаварыць. Цікавая, думаю, справа. Я згадзіўся пабачыць яго, адно спачатку распытаўся пра гісторыю ўсяе гэтае падзеі.

Ад'ютант паведаміў, што гэты хлапец і ягоныя два браты былі ў партызанах. Раз ён знайшоў раськіненую лятучку-адозву ад нямецкіх і беларускіх уладаў, каб партызаны пераходзілі з зброяй на наш бок і тады яны ня будуць караныя, будуць вольнымі, ды могуць паступіць на службу свайму народу пад сьцягі БКА. Ён тады пастанавіў уцячы ад партызанаў. Калі пазьней савецкі партызанскі камандзір выслаў раз гэтага хлапца з канём на навакольную выведку, дык ён павярнуў на Вялейку, ды праехаўшы кілямэтраў 30 быў затрыманы нашымі патрулямі на акраінах места.

Я сказаў прывесьці яго ў намесьніцтва. Гляджу, хлапец гадоў 19, добрага складу ды сымпатычнага выгляду.

– Сядайце, – кажу яму, – крыху пагутарым. Адкуль вы?

– Быў у партызанах, бо Немцы ў суседняй вёсцы шмат людзей пабілі, а я баяўся, што й мяне схопяць, бо мае браты былі забраныя саветчыкамі.

– А як вы надумаліся ўцякаць?

– Пры шашы да Мядзела я знайшоў панашаму пісаную адозву да партызанаў з подпісам Беларускай Рады. У ёй пісалася, што хто пяройдзе да Беларусаў з зброяй, таго ня будуць караць. Аб гэтым я нікому не казаў, але сам надумаўся ўцячы.

– А што гавораць між сабою партызаны? Ці яны таксама хочуць уцякаць?

– Нічога не гавораць, бо адзін аднаго баіцца, каб ня выдаў саветчыку. Тады застрэляць. Таму й я нічога нікому не гаварыў. Але дабра там няма. Ганяюць, як сабак: што дня ідзі, падстаўляй сваю галаву. А ў зямлянках якое там жыцьцё – вошы, бруд, голад, зьдзек камандзіраў…

– А ты часам ня шпіён сталінскі? – пытаюся.

– Які я шпіён, паночку! Я рады, што вырваўся з гэтага пекла. Каня свайго буланага хачу вам даць, каб ня ўзялі Немцы. Буду добра служыць у беларускім войску…

– Добра, – кажу, – так і трэба, будзеш служыць. Але памятай, што ў нас ня лес. У нас служба для свайго народу, якая патрабуе найлепшых жаўнераў.

Пасьля нарады з старшынамі мы прынялі гэтага хлапца ў БКА. Ведама, у нас заставалася пачуцьцё настарожанасьці, што ён можа быць і добрым хлопцам, і таксама шпіёнам. Дык быў вызначаны за ім нагляд. У гэтым часе ў розных мясцовасьцях партызаны цэлымі групамі, з зброяй, пераходзілі да беларускіх, або да нямецкіх уладаў.

У першых днях чэрвеня 1944 году зьявіўся ў намесьніцтва відны рыжы дзяцюк ды пачаў гутарку з выразным усхваляваньнем:

– Спадар намесьнік, – кажа, – мы мусім сарганізаваць сваю тайную арганізацыю супроць усякіх нашых ворагаў.

– Якіх? – пытаюся.

– Бальшавікоў і Немцаў, Палякаў ды іншых.

– Чаму? – пытаюся, – ці нам не хапае БЦР?

– Хапае, не хапае, але гэтага ўсяго замала. Вось я сёньня меў гутарку з польскімі правакатарамі.

Аказалася, што гэта быў Уладзіслаў Рыжы-Рыскі, які меў лучнасьць з гэтак званай Беларускай Незалежніцкай Партыяй, якую ў той час успамагалі Немцы з Абвару, ды сяброў яе ўзбройвалі нават у аўтаматычную зброю. Ён і мне расказаў, як едучы зь Менску да Маладэчна ён меў гарачую спрэчку з Палякамі, што служылі ў нямецкім ОТ і ў якім было гняздо польскай падпольшчыны пад кіраўніцтвам польскага эміграцыйнага ўраду. Вось гэтыя агенты польскай дывэрсіі не хацелі й слухаць ягоных аргумэнтаў аб беларускім праве на сваю самастойнасьць. Тады Рыжы-Рыскі выцягнуў рэвольвэр, каб застрашыць польскіх пеўняў. Але яны рэвольвэр зь яго рук выхапілі, а яго самога выкінулі ў калідор вагону.

Рыжы-Рыскі шукаў дапамогі ў ОТ-Немцаў, але яны ня ўмешваліся. Тады ён на станцыі паведаміў нямецкую жандармэрыю аб усім выпадку. Яна затрымала чатырох Палякаў. Немцы выслухалі цярпліва ўсіх, зьвярнулі Рыжаму-Рыскаму пісталет ды перасадзілі яго ў нямецкі вагон, а Палякаў пасадзілі таксама ў ОТ вагон, без пакараньня.

Я параіў майму ваяўнічаму юнаку не чапаць усякіх чужынцаў, а калі хто нападае з набоем – проста страляць у яго.

Наведаў мяне таксама малады Беларус, адзеты ў скомканы смокінг, выглядаў вельмі перамучана.

– Я Янка Брылёўскі, бурмістр з Жодзішак.

– Вельмі прыемна пазнаёміцца. Я чуў, што на Жодзішкі быў напад, Раскажыце, як там было.

– Было так: Пасьля нямецкага сьвята Немцы, падпіўшы, смачна спалі. Беларуская паліцыя таксама была ў бараках. Толькі ў двух месцах пры ўяздной браме стаялі вартаўнікі. На досьвітку пад'яжджае як быццам нямецкі абоз зь нямецкім афіцэрам наперадзе, а далей, на колькіх вазох, былі ў нямецкай уніформе жаўнеры. У вартаўнікоў ня было падазрэньня, што гэта ня Немцы, дык яны паднялі «шлягбаум» – загародную жэрдзь. Хутка вартаўнікоў раззброілі, а там далей напалі на кватэру зондэрфюрэра ды на баракі беларускай паліцыі. У мястэчку грымела ад перастрэлаў. Я прачнуўся, адзеўся, ды хутка зар'ентаваўся, што адбываецца напад. У гэтым моманце загрукаталі ў мае дзьверы, дык я выскачыў праз вакно…

– Як вялікі вы мелі абаронны гарнізон?

– Было сем Немцаў і трыццаць пяць нашых паліцыянтаў. Калі я ўцякаў, дык па мне стралялі, чуў сьвіст куляў, аднак шчасьліва ўцёк. Аказалася, што нашая паліцыя ўсёж такі напад адбіла.

– Былі забітыя?

– О, так, былі. Першага забілі нашага кіраўніка Самапомачы Цяўлоўскага. Добры быў чалавек, беларускі дзеяч з часоў кс. Гадлеўскага. Трох з нашай паліцыі паранілі.

– А за што вас Палякі атакавалі?

– Гэта былі польскія банды, якіх Немцы ўзброілі, абмундзіравалі ды ўспамагалі, думаючы, што яны будуць ім служыць. Яны падпалілі Самапомач, Школьны Інспэктарат і іншыя беларускія ўстановы. Дык вылілі сваю польскую злосьць на нас, Беларусах… Мы думаем, што была гэта польская падпольная група, якая дзеіць пад загадамі польскага эміграцыйнага Ўраду.

Крыху пазьней да мяне зьяўляецца паручнік СД С. Бобка. Салютуе павайсковаму ды прадстаўляецца. Я саджу яго ды пачынаю гутарку:

– Я шмат чуў пра вас яшчэ ў Баранавічах. Ці вы не схацелі-б перайсьці ў рады БКА? – пытаюся.

– Я вельмі хацеў-бы ды Немцы не дазваляюць, бо належу да СД.

– А як трапілі туды?

– Спадар намесьнік, скажу вам усю праўду! Паходжу зь беднай сялянскай сям'і. Скончыў польскую сямігодку, ды ня меў за што вучыцца далей, дык падаўся ў польскую Падафіцэрскую Школу ды запісаўся на прафэсійнага падафіцэра ў польскім войску. У часе вайны я авансаваў на сяржанта ды трапіў пасьля ў нямецкі палон. Там мяне доўга ня трымалі, але адпусьцілі на жаданьне Беларускага Варшаўскага Камітэту. Я тады прыехаў да Варшавы, дзе жыла мая жонка. У Беларускім Камітэце я даведаўся, што бацькаўшчына кліча, што там лютуюць бальшавікі. Таму, калі Немцы ламанулі на ўсход, я вярнуўся дамоў. Ды дома нікога не знайшоў: ня было бацькі, маці, двух малодшых братоў і сястры. Іх бальшавікі арыштавалі ды ў марозны дзень у лютым 1941 году вывезьлі на Сібір, дзе па іх усякі сьлед прапаў. А за што? За тое толькі, што малады Бобка, ня маючы ніякага выхаду, служыў у польскім войску!..

– Ну й што далей? – пытаюся.

– Што далей, хочаце ведаць? Думаў я, што звар'яцею. Я ня мог сьцяміць, за што яны зьнішчылі маіх бацькоў, сястру й братоў. Гэта-ж яны былі бедныя пралетары. Хіба затое, што яны былі Беларусы. Я-ж супроць бальшавікоў не ваяваў, а толькі супроць Немцаў. Немцы, калі я адгукнуўся, прынялі мяне ў СД у ступені старшага падафіцэра. З нашымі беларускімі хлопцамі я хутка ачысьціў Баранавіцкі павет ад бальшавіцкай нечысьці. І вось СД Баранавічы выслала цяпер мяне на курсы ў Вялейскае СД, дзе я дастаў ступень лейтэнанта.

– Вельмі добра! – кажу. – Але, як я чуў, вы былі камэндантам Калдычаўскага лягеру.

– Быў не камэндантам, але старшым над беларускай ахоўнай групай СС у гэтым лягеры.

– Калі гэты лягер заснаваўся?

– Ён быў заснаваны летам 1942 году начальнікам СД у Баранавічах ппурмфюрэрам СС Амэлюнгам. Мяне ён там паставіў як падафіцэра й камэнданта беларускай групы СС. Начальнікам усяго лягеру назначыў гефрайтэра Ёрна, Аўстрыяка, з войскаў СС. Нам, Беларусам, было крыўдна, што гэты нямецкі прымітыў з адным лычкам мае вялікую над намі й цэлым лягерам уладу. Ён часта ўмешваўся ў справы нашага аддзелу ды публічна, перад зьняволенымі, зьбіваў нашых жаўнераў.

– За што?

– Ведаеце, спадар намесьнік, сярод нашых былі таксама хваты, якія думалі, што ім усё можна, і часам зьдзекваліся над Жыдамі. Ёрн-жа быў службісты, часам зьверскі, але не цярпеў самаволі.

– Дык у Калдычаве ня было нейкага зьдзеку?

– Ды не. Гэта быў толькі пераходны лягер. Сядзелі там вязьні да часу сканчэньня сьледзтва. Калі быў прысуд сьмерці, дык вязьня там расстрэльвалі. Калі сьледзтва выявіла нявіннасьць, тады выпускалі. Выпускалі шмат якіх, калі ня было паважнейшых довадаў для пакараньня, а нашыя Беларусы заступаліся. Галоўную ролю ў гэтай абароне пры Амэлюнгу ігралі нашыя сябры, што служылі ў палітычным аддзеле СД. Калі сьледзтва ўстанавіла толькі падазронасьць у супрацоўніцтве з антынямецкім падпольлем, дык тады высылалі зьняволеных у канцэнтрацыйныя лягеры ў Нямеччыне. Іншая рэч, што ўва ўсякай вязьніцы парадак мусіць быць…

– А якой нацыянальнасьці пераважна зьняволеныя ў Калдычаве?

– Лягер лічыць каля 300 чалавек. Зь іх 130 гэта Жыды. Гэта ня нейкія праступнікі, а толькі рамесьнікі й спэцыялістыя, якія працуюць у майстэрнях лягеру. Шмат ёсьць спэкулянтаў, што былі злоўленыя нашай крымінальнай паліцыяй. Абсалютную аднак бальшыню вязьняў твораць людзі рознай іншай нацыянальнасьці, што былі замешаныя ў бальшавіцкае падпольле, або служылі за сувязных з партызанскімі бандамі. Частка зь іх пад падазрэньнем за ўдзел у польскім падпольлі. Усе справы вядзе Баранавіцкае СД, а мы мала што ведаем.

– Як часта адбываліся ў лягеры расстрэлы засуджаных?

– Вельмі рэдка. Да сёньня там было расстраляна нябольш 50 чалавек, гэта значыць за гады 1942–1943.

– А якія ў вас заняткі цяпер?

– Я тут у Вялейцы маю колькі гадзінаў інструктажу ў тутэйшай Падафіцэрскай Школе. Вось гэта здаровы беларускі матар'ял на нашае войска.

– А ведаюць, за што ідуць змагацца?

– Думаю, што так. Нацыянальная стойкасьць у іх відавочная.

23 гады пазьней гэтага С. Бобку польскія камуністы выкрылі ў Вроцлаве, дзе ён апынуўся, ня маючы змогі ўцячы на Захад.

А вось зусім іншы абразок. У вялейскае намесьніцтва аднойчы зьявіўся рослы мужчына гадоў 34, з-пад Ільлі родам, які расказаў мне аб сваёй бядзе.

– Я, спадар намесьнік, працую ў кравецкай майстэрні БКА краўцом на сваёй машыне. Шыем для беларускага войска мундзіры з палатна. Але ў мяне вялікае гора!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю