412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 11)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 16 страниц)

У ДАРОЗЕ

Екаў я да Менску спачатку вагонам другой клясы, сярод Немцаў. Поўна ў ім было адміністрацыйных, гаспадарчых і партыйных прадстаўнікоў. Від іх сумны, прыроблены. Яны амаль маўчалі, толькі рэдка перакідваліся словамі. Чуваць былі сярод іх і гэткія: Капыль, Клімкавічы, Асіповічы, Бранск, ды іншыя. Але й пры вымаўленьні гэтых назоваў беларускіх местаў, дзе ішлі якраз баі з бальшавікамі, відавочная ў іх была прыбітасьць. Гэта ня былі ўжо тыя самыя Немцы, што рваліся на ўсход, і калі хто азваўся да сваіх у роднай мове, станавіліся дыбка: «Дойч шпрэхэн!»[25]25
  Гаварыць панамецку!


[Закрыть]
– крычалі з пагрозамі выкінуць вас з вагону. Цяпер яны, як кураняты адарваныя ад свайго гнязда, бядуюць за сваю Нямеччыну.

Я ня ўмешваўся ў іхныя гутаркі, а толькі назіраў праз акно за краявідам. Налічыў пад адкосам пяць паравозаў, бачыў соткі зрэзаных тэлеграфных стаўпоў. Што 3–4 км стаяў, абведзены калючым дротам, абаронны бункер са старожай. Уздоўж чыгункі хадзілі патрулі, а лес усюды быў працярэблены да аднаго кілямэтра.

За Стаўпцамі я на некаторы час перасеў у таварны вагон, каб паглядзець, што дзееца там. Вагон тут быў набіты безадказу Беларусамі. Людзі сядзелі на сваіх клумках, мяшках, скрутках. Беларуская мова мяшалася з расейскімі, для жарту, устаўкамі, настрой-жа быў даволі вясёлы. У канцы некаторыя пасажыры выцягнулі з сваіх сховаў самагонку, сталі папіваць, пачалі пяяць, нехта іграў на балалайцы. Сяляне не зазналі радасьці ў бальшавікоў, не спадзяваліся дачакацца яе й у Немцаў. Вагон набіты ў спэкуляцыйных мэтах, свайго-ж вырабу напітак, самагонка, вяселіць іх гора.

Перад выхадам з вагону я бачыў гэткую сцэну: на нейкай малой станцыі зьявіўся ў «беларускі» вагон нямецкі кандуктар для праверкі білетаў. Адны мелі білеты, ці там нейкія цэтлікі ад Немцаў, іншыя тыкалі яму яйкі ў кішэнь, давалі грошы, а ізноў іншыя – добрую чарку самагонкі. Нікога ён не турбаваў, а на наступнай станцыі выходзіў добра надпіты.

Была ўжо гадзіна першая ўночы, калі я апынуўся ў Менску. Уся станцыя была занятая нямецкім войскам. Настрой быў ваенны, але безь ніякое трывогі. У вадным куце таўкліся пасажыры не нямецкага паходжаньня. Чуваць гэта было па іхняй мове. Я падаўся туды. Сустрэў тут двух інжынераў Украінцаў і аднаго Славака. Яны ехалі зь Немцамі на ўсход. Прадставіўся я ім як Беларус і нашыя гутаркі былі сяброўскія. Кожны гаварыў пасвойму, а іншыя дзівіліся, што адзін аднаго добра разумеюць. Ведама, мы не краналі вострых актуальных пытаньняў.

Каля 6-й гадзіны раніцы знайшоў мяне тут ад'ютант прэзыдэнта Астроўскага, перадаў мне апошнія інструкцыі на маё намесьніцтва ў Вялейку. Я хутка сеў у цягнік на Маладэчна. Ізноў прымасьціўся пры акне ды сачыў відовішча. А яно ані ня цешыла. Мільгалі поўразваленыя будынкі, людзі на станцыях поўабдзёртыя, у лапцёх. Дзеці выглядалі без маладосьці. Жывёла, калі там-сям бачылася, дык была адно скура ды косьці. Скуль тут мог быць ваяўнічы настрой?

У Маладэчне я спыніўся ў бурмістра Бурачэўскага, які мне выдаўся алькаголікам. Зь ім мне было цяжка знайсьці супольную мову. Дык я адгукнуўся да свайго сябры з унівэрсытэту Б. Кіта. Гэты прыняў мяне вельмі цёпла ды даў каштоўныя інфармацыі аб мясцовых дачыненьнях. Тут выявіліся й мае іншыя знаёмыя з унівэрсытэту ў Вільні – Часлаў Халяўка, Мікола Кунцэвіч, Я. Даніловіч, ды іншыя.

НАМЕСЬНІКАМ У ВЯЛЕЙЦЫ

Да Вялейкі з Маладэчна я прыехаў прынагодным вайсковым цягніком ды спыніўся насамперш у бурмістра места Чалоўская, якога знаў зь Вільні. Гэты малады й энэргічны юрыст уключыўся ў нашую нацыянальную працу ды спраўляўся тут няблага. У ягоным доме пражыў я два тыдні ды дазнаў ад яго шмат помачы ў асваеньні спраў акругі. Перш за ўсё зь ім я пайшоў да Вялейскага гэбітскамісара, палкоўніка СС Манна, з афіцыйнай візытай. Быў гэта чалавек з вышэйшай незакончанай асьветай, да Беларусаў ставіўся прыхільна. Ужо зь першай візыты мы быццам сталіся прыяцелямі.

Гэбітскамісар абяцаў мне ўсякую дапамогу, згаджаўся перадаць Беларусам адміністрацыю школьніцтва, сацыяльнай апекі, арганізацыю моладзі, судаўніцтва, справу арганізацыі войска – ці бо ўсё згодна з статутам БЦР. Я зразумеў, што перашкодаў тут ня будзе, бо ёсьць гэткі загад нямецкіх цэнтральных уладаў. І таму ня дзіва, што калі ў хуткім часе Чалоўскі запрасіў да сябе акруговага камісара й мяне, дык у часе бяседы гэны камісар, добра выпіўшы, стаў з намі цалавацца, ды казаць:

– З майго толькі загаду ты бурмістр места, а ты намесьнік БЦР, і вы будзеце адзначаныя найвышэйшымі для мясцовых жыхароў Усходу ўзнагародамі!

У мяне ўськіпеў бунт супроць гэткае панскае пратэкцыйнасьці Немца, і каб яе зь месца нэўтралізаваць, я кінуўся на беларускую хітрасьць.

– Я, як намесьнік БЦР на Вялейскую акругу, хачу вас, спадар гэбітскамісар др. Манн, запэўніць, што беларускі народ ня мае ніякіх варожых намераў да прыязнага нам нямецкага народу, ды з свайго боку, на знак нашае ўдзячнасьці, хачу ўдэкараваць вас нашым нацыянальным знакам ПАГОНЯЙ!

– Зусім справядліва! – падхапіў бурмістр Чалоўскі, і я прышпіліў на грудзі камісару Манну значок Пагоні.

Ён стаў на выцяжку, пасьля-ж сказаў:

– Гэтай урачыстай хвіліны я ніколі не забуду! Пагоня – гэта вялікі й дарагі для мяне знак, які для мяне паблісквае й на вашых грудзёх. Я яе калісьці бачыў на сьценах Марбургу.

Мы бачылі, што зь Немцам завязваюцца людзкія дачыненні. Ды гэны Немец хутка выехаў, з сьлязьмі, на ўсходні фронт.

Сустрэча з камісарам нямецкай акруговай паліцыі, капітанам Вэнцэлем, была сухая, датычыла адно стравы барацьбы з партызанамі. У маім першым выступе ў ролі намесьніка БЦР на Вялейскую акругу я заклікаў, каб нямецкія сілы й беларуская акруговая паліцыя, разам з БКА, разьбіваючы бальшавіцкія банды, стараліся ахоўваць ды бараніць нашыя вёскі й мястэчкі, якія, з прычыны паслабленьня нямецкае аховы апынуліся ў партызанскіх зонах. Я казаў, што нямецкія спробы запалохаць жыхарства нішчаньнем нявінных ахвяраў савецкай правакацыі не дадуць ніякіх пазытыўных вынікаў для нашай і нямецкай бясьпекі.

Нямецкі начальнік паліцыі прырок, што гэта больш не паўторыцца. Абмяркоўваліся далей справы мабілізацыі беларускага войска, вышкаленьня адпаведных кадраў, вайсковага забясьпечаньня. Капітан Вэнцаль выявіўся перад намі як чалавек абазнаны з вайсковымі справамі ды спрыяльны нашым беларускім патрэбам.

Іншым прыхільным нам Немцам, якога я пазнаў у гэтым часе, быў акруговы кіраўнік нямецкай нацыскай партыі на Вялейскую акругу. Быў гэта чалавек гадоў 30-ці, па прозьвішчы Мантольд. Ён зырка сачыў усю беларускую дзейнасьць. Мяне ён толькі раз наведаў у маім акруговым намесьніцкім урадзе. Мне не выпадала хадзіць да яго па нарады, я высылаў заўсёды свайго заступніка Бабіна.

Пасьля нейкага часу склаў я візыту акруговаму шэфу СД, обэрштурмфюрэру Гравэ, якога я знаў з ранейшых падзеяў. Пасьля афіцыйных «гучных» словаў, я задаў простае пытаньне пра лёс П. Родзевіча ды А Калодкі. Гравэ замоўк, пачырванеў, сьсінеў, неапанавана стукнуў кулаком у стол ды закрычаў:

– Паследній раз прашчаю таму, кто поднімает этот вопрос!

На стук кулака ў канцылярыю ўскочыў ягоны заступнік Дуклявэ.

– Это дело давно закончено! – прадаўжаў ён.

– Простіте, сударь, – сказаў я, – я хацеў спытацца, што сталася зь імі? – Гаварыў я ўжо пабеларуску.

– Палучылі что нада! – крыху паніжаным голасам казаў Гравэ. – А что, вам, Белорусам, не было ізвестно, что Родзевіч был польскім агентом?

– Нет, нам не было ізвестно.

– Вредный польскій тіп. Он не хотел подчініться немецкім властям. Он нашел свое место…

– А Калодка? – пытаюся.

– Калодка самопроізвольно організовал паліцію і руководілся незавісімой белоруской політікой. Я ему простіл это, но он здесь не нужен…

Я ўстаў і сказаў спакойна, хоць у душы кіпела:

– Ізвініте… До свіданія…

– До свіданія. Мы ешчо встретімся, – коса гледзячы на мяне, адказаў Гравэ.

Пасьля гутаркі з Гравэ ў мяне засталося перакананьне, што ў арышце Родзевіча й Калодкі мачалі свае брудныя рукі «пакравітелі православія»: перамыкіны, касякі ды іншыя нямецкія агенты, якія ў Беларусах-каталіках усюды бачылі скрытых «Палякаў», ды ў часе, калі польскае падпольле разьвівалася ў Віленшчыне. А грубая гутарка са мной начальніка СД паказвала, што гэты Немец не давярае й мне, паколькі ведае, што й я каталік.

У хуткім часе мы дасталі дом пад намесьніцтва БЦР. Вывесілі шыльду з Пагоняй ды надпісам лацініцай: «НАМЕСЬНІК БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ НА ВЯЛЕЙСКУЮ АКРУГУ». Ведама, беларуская лацінка таксама калола вочы чорнай сотні, але мусілі маўчаць, бо лацінку ўвялі ў беларускія школы Немцы. Перад фронтам намесьніцтва на высокай машце лунаў беларускі сьцяг. Тут было бюро намесьніцтва ды ахова ў сіле 8 чалавек.

Працы ў арганізаваньні намесьніцтва было шмат. Перш трэба было зарыентавацца ў людзях. Тут у запраўднасьці існавалі дзьве беларускія групы. Першая лучыла старэйшых дзеячаў, якія, супрацоўнічаючы зь Немцамі, стараліся адначасна ўсімі сіламі стварыць у акрузе асновы для беларускае нацыянальнае дзяржаўнае працы. Да яе, у ролі вядучай, належалі Родзевіч, Скабей, Калодка, Кунцэвіч, Найдзюк, Бабіч, Кажан. Да другой – апазыцыянеры, пераважна тыя праваслаўныя, што ненавідзілі каталікоў, адкідалі ўсю вялікую гісторыю нашага народу ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага, як нашай дзяржавы, рух беларускі бачылі адно ў дзейнасьці праваслаўя й праваслаўных. Галоўнымі прадстаўнікамі гэтае групы былі Касякі й Саўчыц.

Аднойчы выпадкова сустрэў я К. Касяка. Быў гэта дзяцюк гадоў 26, вёрткі ў гутарцы, але бясхрыбетны ў справах нацыянальных. Рабіў уражаньне поўінтэлігента, які пры дапамозе інтрыганства пнецца здабыць давер у Немцаў ды выплыць на шырэйшыя воды. Сваім супрацоўнікам я сказаў ігнараваць гэтага чалавека ды рабіць сваю нацыянальную справу.

Другі прадстаўнік «апазыцыі», Саўчыц, як быццам абмінаў мяне й намесьніцтва. Усё ж такі аднойчы зьявіўся да мяне. Гляджу, што гэта за «лідар» – хлапец гадоў 19, апытаны й яшчэ глыбей не сапсаваны. Думаю, адкідаць яго нельга. Хай у працы гартуецца. Дык назначыў яго кіраўніком Самапомачы.

Каб гарантавацца, што дзеіцца ў крымінальнай паліцыі, адведаў я Перамыкіна, раней ужо згаданага чорнасоценца, што кіраваў крымінальнай паліцыяй ды шпіёніў для СД усіх Беларусаў. Перамыкін, белагвардзейскі палкоўнік, Расеец па паходжаньні, гутарыў са мной «заігрываючы» на беларускім патрыятызьме. Хваліўся, што гэта ён сарганізаваў беларускую крымінальную паліцыю на Вялейскую акругу ды што мае пры сабе добрых Беларусаў, як Кажана, Бабіна, Качана. Асабліва хваліў Кажана, як слаўнага й адважнага вайскавіка. У Саўчыца ён падкрэсьліваў палітычную гібкасьць ды адданасьць нямецкаму «новаму парадку».

Колькі дзён пасьля Перамыкін рэвізытаваў мяне. У бяседзе на розныя тэмы я зыйшоў на справу арышту Родзевіча й Калодкі. Перамыкін бажыўся, што ён хацеў ратаваць Родзевіча й Калодку, але ня мог нічога зрабіць, бо яны самі былі вінаватыя. Пасьля ад Беларусаў, што працавалі ў крымінальнай паліцыі ў Перамыкіна, я даведаўся, што ніхто іншы як ён з Саўчыцам фабрыкавалі на Родзевіча й Калодку даносы ў СД.

Па нейкім часе Перамыкін запрасіў мяне да сябе, гэтым разам на дзень сваіх народзінаў. У доме Перамыкіна было шмат гасьцей. Там я пабачыў, што Саўчыц – правая рука гаспадара. Я тады яшчэ больш пераканаўся, што інфармацыі іншых супрацоўнікаў тайнай паліцыі праўдзівыя, што суполка Перамыкін-Саўчыц згуляла брудную ролю ў справе арышту Родзевіча, Калодкі ды іншых. Браты Касякі – Іван у Менску, а Канстантын у Вялейшчыне, бясспрэчна сваімі «рапартамі» ў СД памагалі, перадавалі туды цэлыя сьпіскі Беларусаў-каталікоў з анатацыямі, што гэта быццам скрытыя «Палякі». На Перамыкінавай пагулянцы сустрэў я й колькі сваіх супрацоўнікаў, зь якімі трымаўся. Зь ніякімі прамовамі ня выступаў.

Далейшымі людзьмі зь нямецкага боку былі школьны інспэктар Шульц, ды заступнік акруговага камісара Руткоўскі, сын Беларуса-палоннага зь Першай Сусьветнай вайны, які застаўся ў Нямеччыне. Руткоўскі нават крыху гаварыў пабеларуску, быў партыйнікам і праз нацыянал-сацыялістычную партыю выбіўся на паверхню, хоць быў мала адукаваным. Прыяў Беларусам, памагаў чым мог, асабліва за атрыманую гарэлку – любіў выпіваць.

Шульц спачатку спрабаваў езьдзіць са мной у паветы на інспэкцыю беларускіх школаў. Ды гэткая асыста была мне нявыгадная, бо ня можна было шчыра гутарыць з настаўнікамі й мясцовай адміністрацыяй. Таму я ўгаварыў яго, каб ён ня езьдзіў, бо небясьпечны час з прычыны партызаншчыны. Немец згадзіўся, адно прасіў пасьля павароту пісаць справаздачы ў школьны аддзел гэбітскамісарыяту.

З Руткоўскім было лягчэй. Пры нагодзе нейкай просьбы я пасылаў яму бутэльку гарэлкі й справа была заладжаная прыхільна. Час-ад-часу заглядаў ён да мяне ў намесьніцтва, дзе я жыў, тады ў гурце маіх супрацоўнікаў, падпіўшы, любіў апавядаць, што ён з кораня Беларус, бо нават памятае як бацька, выпіўшы таксама, любіў успамінаць сваю Беларусь, у якой ён нарадзіўся, як пасьвіў валоў, як у вялізных лясох паляваў на зьвярыну. Цяпер-жа ён, ягоны сын, на свае вочы бачыць гэты прыгожы край, гасьцінных і шляхетных Беларусаў. І таму ён Беларусь любіць таксама як Нямеччыну, любіць і Гітлера ды ягоную партыю, бо дзякуючы ім ён стаўся чалавекам…

Зь беларускага асяродзьдзя назаву двух, якія пры маёй бытнасьці ў Вялейцы не хацелі поўнасьцю ўлучыцца ў беларускую нацыянальную працу пад шыльдай БЦР. Усе іншыя, найменш вонкава, стараліся ісьці ў нагу, хоць той ці іншы прыкульгваў.

Першым быў акруговы школьны інспэктар Сыраквас, які тармазіў распаўсюджваньне беларускай школьнай і настаўніцкай літаратуры. Ягоны сын быў арыштаваны ворганамі СД за кантакты з партызанамі. Я бацьку дапамог вырваць яго з турмы, аднак людзі бурчэлі, што гэта бальшавіцкі падгалосак.

Другім быў кіраўнік СБМ на Вялейскую акругу – Сеньнік. Гэты малады дзяцюк, як і шмат якія праваднікі з гэтай арганізацыі, хутка навучыліся нізка кланяцца Немцам, а ня слухацца радаў беларускіх правадыроў. Зь імі даводзілася мне мець цімала клопатаў.

Цікавы быў зьезд беларускіх актывістых Вялейшчыны ў красавіку 1944 году. Прысутных было каля 50 чалавек, веку сярэдняга. Шмат якіх я знаў з часоў унівэрсытэцкіх. Іншых я проста пытаўся, якое іх прозьвішча, якой прафэсіі, дзе працуюць. Вось прыклады:

– Як вашае прозьвішча, спадарыня? – пытаюся.

– Куляшанка.

– Прафэсія?

– Студэнтка трэцяга курсу філялёгіі, загадчыца пачатковай школы…

– А як вашае прозьвішча? – пытаюся ў іншага.

– Дубяга, зубны тэхнік…

– А вашае?

– Інжынер Курыла…

І гэтак я хутка гарантаваўся, што ня гэткія мы ўжо й бедныя на сваю інтэлігенцыю ў гэтую трывожную ваенную пару, што ёсьць усё ж такі сілы для працы над нацыянальнай разбудовай.

Я горача прамовіў да прысутных, заклікаў іх да ахвярнасьці, вытрываласьці, стойкасьці ў працы на займаных становішчах. У часе дыскусіі выявілася, што нацыянальны ўздым вялікі, што моладзь зь вялікім захапленьнем наведвае родныя школы, любіць родную мову, хутка пераймае патрыятычнае настаўленьне ды ахвотна ўступае ў рады Саюзу Беларускае Моладзі. Аднак адчуваецца вялізны недахоп школьных прыладаў, падручнікаў, літаратуры. Некаторыя наракалі, што й настаўнікі ня маюць нават і тае дапаможнае літаратуры, якая выдаецца ў Менску, бо акруговы школьны інспэктар чамусьці ў паветы не дасылае гэтых інструкцыяў ды часопісаў.

Пад уражаньнем гэтага зьезду я таго самага тыдня наведаў акруговага школьнага інспэктара Сыракваса ў ягоным урадзе. Прыняў ён мяне з усімі гонарамі ды паказаў сваё бюро. У адным з пакояў я заўважыў вялікую сьцірту-звал настаўніцкай літаратуры, што была выдадзеная ў Менску Галоўным Школьным Інспэктаратам.

– Што гэта значыць, спадар Сыраквас? – спытаўся я.

– Гэта… гэта, спадар намесьнік, не разыходзіцца, бо людзі ня ўмеюць чытаць лацінкай.

– Што? – кажу. – За тры гады настаўнікі забыліся чытаць лацінкай? А калі ня ўмелі, дык не навучыліся? Гэта сабатаж беларускіх і нямецкіх установаў, спадар Сыраквас! Няма ніякіх тлумачэньняў! Літаратура мусіць быць, яшчэ ў гэтым тыдні, дастаўленая ўва ўсе куткі акругі. Вы разумееце?

– Разумею, але хто за яе заплаціць?

– Хто заплаціць, вы пытаецеся? А хто будзе плаціць, калі вы хочаце згнаіць яе ў гэтым складзе?

– Выбачайце, я вінаваты. Аднак-жа хто ўсё ж такі мае плаціць за яе? – бараніўся Сыраквас.

– Раённыя начальнікі. За тры дні вось адбудзецца зьезд старшыняў усіх раёнаў. Я ім дам распараджэньне.

На зборцы раённых старшыняў я загадаў, каб едучы дамоў яны ўзялі з сабой і школьную літаратуру ды каб даставілі яе ўва ўсе школы. Старшыні шмат якіх паветаў згары аплацілі й намінальны кошт узятае літаратуры.

Мае чародныя наведзіны былі ў настаўніцкай сэмінарыі ў Вялейцы. Паводле вестак, туды быццам пранікала бальшавіцкая прапаганда. Сабраўшы настаўнікаў і сэмінарыстах, я ім казаў:

– Прыемна мне, спадары прафэсары й сэмінарысты, сустрэцца тут з вамі, з тымі інжынерамі душ, што маюць моладзь, будучыню нашага народу, узьняць на ўзвышшы нацыяняльнае ахвярнасьці да працы. Я веру, што вы, як выхадцы з нашага слаўнага народу, які ў сваёй гісторыі ўмеў паўстрымаць ня толькі маскоўскую навалу, але й абараніцца ад розных агрэсараў з захаду, зможаце быць ня менш слаўнымі пасьлядоўнікамі сваіх слаўных прашчураў, тымбольш, што Масква цяпер падстрэленая. Помніце, што казаў Кастусь Каліноўскі, наш правадыр сярэдзіны XIX стагодзьдзя: «Як дзень з ноччу ня ходзяць разам, так і праўдзівая навука ня ідзе разам зь няволяй маскоўскай… А пакуль яна будзе, нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе дабрабыту, ды ніякай навукі, адно вамі як скацінай варочаць будуць не для дабра, але на пагібель нашую…»

Уражаньне было аграмаднае. Нехта прамовіў у патрыятычным духу ад сэмінарыстаў. Прысутнаму Немцу Шульцу быў перададзены коратка панямецку зьмест прамоваў. Гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» закончылася ўрачыстасьць. Пазьней я меў нагоду візытаваць яшчэ беларускую гімназію й народны дом у Маладэчне. І там было падобнае: моладзь гарэла беларускім патрыятызмам, усюды зьвінела беларуская песьня, грымела беларуская вызвольная думка-лёзунг: «Жыве Беларусь!»

БЕЛАРУСКАЯ МАБІЛІЗАЦЫЯ

Напачатку сакавіка 1944 году я дастаў з БЦР загад падрыхтаваць у акрузе памяшканьні-казармы на прыблізна 20 000 жаўнераў, што хутка будуць змабілізаваныя. Мы агледзелі школы, народныя дамы ды іншыя будынкі ў самой Вялейцы й у паветах. Аж тут на табе! – Немцы на другі ўжо дзень занялі некаторыя нашы будынкі для Казакоў, якіх недзе ля Себежа ўзялі ў палон. Былі яны ў лягеры палонных у Латвіі, цяпер-жа выявілі ахвоту змагацца з бальшавізмам.

Вось і яны, Казакі з-над Дону! Іхны табар падобны быў да цыганскага: мужчыны рознага веку, жанчыны, дзеці. Страявых жаўнераў-коньнікаў было каля 120, а ўсіх – да 200 чалавек. Падначаленыя яны былі нейкай асобнай нямецкай камандзе.

Мясцовыя Немцы сустрэлі гэтых новых расейскіх калябарантаў непрыхільна. Яны добра помнілі нядаўна ліквідаванага ў Вялейшчыне Радыёнава зь ягоным расейскім «вызвольным корпусам» з палонных, што з «саюзьнікаў» Немцаў сталі іх здраднікамі, перайшлі да савецкіх партызанаў, ды ў Глыбоччыне, Каралеўшчыне й іншых раёнах нападалі й на Немцаў, і на беларускае жыхарства. Толькі Перамыкін цешыўся з казацкай ватагі. Мы, Беларусы, трымаліся на ўсякі выпадак напагатове. І чакаць доўга ня прыйшлося. Пасьля двух тыдняў ватага ноччу села на вазы й коні ды па даўгінаўскім гасьцінцы накіравалася ў лясы. Немцы спачатку ня сьцямілі ў чым тут справа. Казалі, што Казакі выйшлі на ваенныя заняткі. Тыя-ж далучыліся да партызанскіх бандаў.

8-га сакавіка 1944 году мы атрымалі лісты з БЦР з загадам аб мабілізацыі вызначаных гадавікоў у Беларускую Краёвую Абарону (БКА). Праца закіпела. Трэба было змабілізаваць аж 14 гадавікоў ды ў сьпешным парадку. Усюды па мястэчках мы вызначылі прызыўныя пункты з камісіямі. Сама мабілізацыя пачалася 10 сакавіка. На зборных пунктах камісіі пераглядалі змабілізаваных. Няздольных і шматдзетных звальнялі ад абавязку ваеннай службы.

Немцы былі здзіўлёныя масавай яўкай змабілізаваных. Былі й бальшавіцкія правакацыі. Так, з адной вёскі ў партызанскім валоданьні зьявіўся толькі гарбаценькі чалавек, пасланы відавочна з насьмешкай на нашую вайсковую акцыю й для шпіянажу. З суседніх вёсак камісіі данясьлі, што «гарбаценькі» – агент партызанскіх бандаў. Яго затрымалі ды выслалі ў Нямеччыну на працу.

Мабілізацыя трывала тры дні й набрала ў Вялейскай акрузе каля 15 000 чалавек, а па ўсёй Галоўнай Акрузе Беларусі каля 100 000. У самой Вялейцы было згрупавана каля 6000. Усе падрыхтаваныя будынкі былі перапоўненыя. Бурмістр Чалоўскі біўся як рыба аб лёд, каб даць жаўнерам харч, пасьцель, абутак. На ўзбраеньне Немцы далі толькі 7 кулямётаў, 1200 старых італьянскіх, аўстрыйскіх і савецкіх стрэльбаў, ды колькі аўтаматаў. Амуніцыя выдзялялася дзясяткамі на чалавека; далі й колькі гранатаў. Ня было, зразумела, ніякіх танкаў, панцырнікаў, артылерыі, самалётаў.

Што ў гэткіх умовах маглі рабіць змабілізаваныя жаўнеры? Немцы назіралі змабілізаваных ды маўчалі. Ды з аружжам і ім самым было ўжо крута. Аж да свайго адыходу Немцы не адважыліся даць беларускаму войску поўнага ўзбраення, вайсковага аснашчэньня, ды нават і не скарыстоўвалі яго ў шырэйшым маштабе. Тармазіла іх відавочна ўсё яшчэ нацыская ідэя, што Немцы не павінны дзяліцца з падбітымі народамі ні аружжам, ні перамогай. Трэба думаць, што яны таксама не давяралі, падазравалі, што мы хінёмся ў бок Аліянтаў.

Войска змабілізаванае, няма зброі, ваеннага рыштунку, абмкндзіроўкі, абутку, толькі харчы. А тут яшчэ цімала розных асаблівых выпадкаў. Вось, прыкладам, змабілізаваны брат, а ў сям'і сястра псыхічна хворая, ня мае апекі. У гэткіх выпадках Немцы псыхічна хворых стралялі. Што рабіць? Загадаў прывесьці гэту сястру на мэдыцынскі агляд. Тры дні пазьней зьявіўся да мяне той дзяцюк зь недаразьвітай сястрой і солтысам. Паглядзеў я на дзяўчыну, пагутарыў зь ёю. Аказалася, што яна толькі прыдуркаватая, ня здольная кіраваць гаспадаркай. Прыйшлося брата адпусьціць з БКА.

Мелі мы клопаты й з чужаземцамі. Змабілізаваны быў адзін афіцэр Украінец, які паводля закону ня меў абавязку вайсковае службы. Ды ён сам хацеў быць у нашых збройных сілах, дык ці магчыма было яму адмовіць? Іншы, афіцэр Маеўскі, аказаўся Палякам, яго, згодна зь інструкцыяй, я звольніў. БКА ня мела права прыймаць у свае рады грамадзян іншых нацыянальнасьцяў. Змабілізаваныя радавыя Палякі адсылаліся ў існуючыя ўжо пад нямецкім кіраўніцтвам польскія аддзелы. Гэтак польскі аддзел, што быў пад камандай фон Розэна, з 35 чалавек узрос да 60-ці. Каля Крывічоў стаяла таксама летувіская рота. Дачыненьні з гэтымі й нашымі аддзеламі, за выняткам Жодзішак, былі прыязныя.

Зьявіліся да мяне й два савецкія афіцэры, Расейцы, маёр Юшын ды паручнік Махеймов. Справа выглядала гэтак: Перамыты, кіраўнік крымінальнай паліцыі, прадставіў нам двух савецкіх вайскавікоў. Адзін, малодшы, выглядаў на эўрапэйца, другі-ж – на азіята-Кіргіза. Зь ягонай паходкі й выгляду адчувалася энкавэдыская выпраўка. Перамыты, які прывёў да мяне гэтых тыпаў, казаў:

– Наместнік, это вам рыба! Я прівел вам большіх асобых военных спеціалістов с саветской арміі…

Саветчыкі павайсковаму засалютавалі ды прадставіліся. Падаўшы ім руку, я папрасіў іх сесьці. Гутарка ішла вёртка, мы жартавалі на ўсе лады. Выявілася, што гэта былі людзі адукаваныя, культурныя. Разьвітваючыся зь імі я абяцаў даць адказ за два-тры дні.

У міжчасе была нарада зь беларускімі прадстаўнікамі, як паступаць з савецкімі вайскавікамі, якія могуць быць і добрымі, і агентамі. На нарадзе былі галасы, што гэта радыёнаўскія шпіёны, хоць яны й адракаюцца ад бальшавізму.

Калі пра гэта пазьней даведаўся Перамыты, ён гарлапаніў:

– Віш, как Белорусы преследуют всякііх православных русскіх, даже спеціалістов не берут к себе!

Мабілізацыю мы правялі адно ў 6 раёнах. У трох іншых, дзеля розных прычынаў, не праводзілі. Раён Жодзішкі намінальна належыў да Галоўнага Камісарыяту Беларусі. Аднак пасьля нападу на Жодзішкі польскіх збройных аддзелаў ды расправы над мясцовай адміністрацыяй і паліцыяй, Немцы паставілі там летувіскую роту ды далучылі гэты раён, разам з раёнамі Ашмяны ды Сьвір, да Камісарыяту Летувы.

У раёне Мядзела мы не праводзілі мабілізацыі, бо гэты раён, багаты ў лясы й балоты, меў засільле савецкіх бандаў, і гэта тварыла небясьпеку для сем'яў змабілізаваных. Само Мядзела было абведзенае, як цьвярдыня, баявымі бункярамі. Ахоўвала яго 200 Немцаў і 250 чалавек беларускай самааховы.

У Валожыне таксама не праводзілася мабілізацыя на просьбу Ю. Мурашкі, які быў там раённым начальнікам. Справа прадстаўлялася гэтак, што пад канец мабілізацыі да мяне ў намесьніцтва зьявіўся Мурашка ды казаў:

– Я не праводзіў у сябе мабілізацыі, і думаю, што няма патрэбы. У мяне ад паўтара году пад аружжам 250 чалавек Самааховы. Няма афіцэраў, зброі й адзежы. – З гэтым я згадзіўся ды выслаў рапарт у вайсковы аддзел БЦР у Менск.

Агулам у Вялейскай акрузе было змабілізавала каля 15 000 жаўнераў. Аднак Немцы далі зброю толькі на тры тысячы чалавек. Таму рэшту давялося звольніць да часу новых загадаў.

Не зважаючы на недахоп зброі, вайсковага выснашчэньня, памяшканьняў, настрой у беларускім войску быў бадзёры, патрыятычны. Была вера, што калі народ будзе мець сваё войска, дык здабудзе й сваю дзяржаву. Вось таму падрыхтоўка да складаньня прысягі 25 Сакавіка ішла асабліва напружана.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю