412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 4)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 16 страниц)

НЕМЦЫ РЫНУЛІ НА ЎСХОД

22 чэрвеня 1941 году Вільня як быццам замерла. Глянуў я ў вакно – вуліцы пустыя. Уключыў лёнданскае радыё й зараз пачуў перадачу «БіБіСі»:

«Ноччу Немцы перайшлі савецкую граніцу ды ідуць наперад!»

Значыцца вайна! Мне заняло дух ад радасьці – прыходзяць канцы бальшавікам! Я хутка падзяліўся гэтай весткай з Казлоўшчыкам, які жыў непадалёк ад мяне й пайшоў у шпіталь на працу. Вестка аб вайне, мабыць, была ўжо паўсюдна ведамая з паслухаў брытанскага радыя й шаптанай пошты, бо сустраканыя людзі ішлі з усьмешкай ды глядзелі ўгору, дзе гудзелі самалёты.

Бальшавікі лёталі, як падсмаленыя, добра ня ведалі аб падзеях. Калі іх хто пытаўся, што здарылася, казалі: савецкія манэўры, правакацыйны пагранічны канфлікт зь Нямеччынай! Толькі а 11-й гадзіне дня савецкія рупары затрубілі, перадалі прамову Молатава аб тым, што пачалася вайна зь Нямеччынай, што ўсе савецкія грамадзяне павінны сваімі грудзьмі бараніць «отечества»!

Гадзіну пазьней Вільня ўжо была ў вагні нямецкай паветранай атакі, ад якой ніхто не бараніў, нават «доблестные войны» Савецкага Саюзу. Толькі пазьней падняліся савецкія баявыя самалёты, але нямецкія ганчакі тут-жа зьбілі іх аж 5 над Вільняй. Мы ў галоўным віленскім шпіталі давалі дапамогу параненым савецкім лётчыкам і ахвярам нямецкай бамбоўкі.

У Вільні паўстала жудасная мітусьня. Як пацукі з тонучага карабля, савецкія наезьнікі спрабавалі вырвацца з чужога места ўсякім транспартам. Але нямецкія парашутныя аддзелы перасеклі дарогі да Менску ды абстрэльвалі шлях на Маладэчна. Некаторыя з бальшавіцкіх тузоў, ня маючы падручнага транспарту, спрабавалі захапіць амбулянсы скорай дапамогі, але шофэры папсавалі машыны, або іх пахавалі ў розных сховішчах.

Трэцяга дня вайны, колькі гадзінаў перад уваходам нямецкіх войскаў у Вільню, жамойцкія вайсковыя аддзелы, што пасьля далучэньня Летувы да СССР былі на службе чырвонай арміі, збунтаваліся супроць бальшавікоў ды перабілі шмат якіх насадных камуністаў. Сваіх аднак яны не чапалі.

Атака гітлераўскай арміі на Савецкі Саюз была прыхільна сустрэтая й савецкімі жаўнерамі, якія таксама чакалі пераменаў у іх нявыносным жыцьці. Таму ня было большага супраціву на ўсіх адрэзках фронту. Ужо ў першым тыдні вайны Немцы акружылі міліённыя масы савецкіх жаўнераў у раёне Беластоку, на Валыні, у Галіччыне, Падольлі. Таму так хутка да і бяз большага супраціву былі «вызваленыя» Прыбалтыка, Беларусь і Ўкраіна.

Засьлепленыя гітлерызмам Немцы думалі, што гэтай удачы яны дабіліся дзякуючы расавай вышшасьці, еднасьці, спраўнасьці іхнага войска, ды «беспамылковага» камандаваньня «Фюрэра», якога імя спалохалася савецкае войска. Гітлер і ягоная прыбочная шайка не аднойчы крычалі: «Не шкадуйце людзей на Ўсходзе, тарнуйце тэрор, руйнуйце ўсё зь зямлёй!.. Славяне ня здольныя да абароны й да кіраваньня дзяржавай без дапамогі Немцаў!»

Маючы да трох мільёнаў савецкіх палонных, Гітлер пачуўся пераможцам ды загадаў зьнішчаць ваеннапалонных холадам, голадам, пошасьцямі ды масавымі забойствамі ў спэцыяльных скляпох, як гэта я бачыў у Бухэнвальдзе, а бальшыня зь іх гэта былі людзі, што ўцякалі ад сталінскага тэрору ды шукалі ратунку ў Немцаў. Дзе былі лягеры палонных, або дзе палонных пераганялі, усюды там засталіся тысячныя брацкія магілы нявінных савецкіх людзей! Часам, як гэта было ў Беразьвеччы й у Новай Балейцы, палонныя штурмам, пад кулямётным агнём, разрывалі калючую агародку ды ўцякалі ў лес, скуль пазьней палявалі на Немцаў, як на дзіч.

Першым ваенным начальнікам Вільні й ваколіцы быў Цэгнфэніг. Ягоны першы загад гучэў:

1. Па захадзе сонца ніхто ня можа выходзіць з сваіх хатаў. За ўсякія зборышчы – кара сьмерці.

2. Усе мусяць здаць усякую зброю. За няздачу – сьмерць.

3. Жыды вынятыя з-пад права. Яны маюць гуськом хадзіць вуліцай, а ня ходнікамі. За перахоўваньне Жыдоў – сьмерць.

4. За рабунак жыдоўскае маёмасьці – сьмерць.

5. За заражэньне жанчынай нямецкага жаўнера вэнэрычнай хваробай – сьмерць.

6. За супраціў нямецкім уладам – сьмерць, і г. д.

Аб нейкай грамадзкай дзейнасьці ў гэткіх умовах страх было й думаць. Аднак-жа праф. В. Іваноўскі з У. Казлоўскім адведалі нямецкага ваеннага камэнданта, прадставілі яму беларускую справу ў Вільні ды дасталі дазвол на арганізаваньне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, які меў рэпрэзэнтаваць беларускія інтарэсы перад нямецкімі ўладамі, займацца самапомачай і культурнымі справамі, ды супрацоўнічаць зь Немцамі ў арганізацыі мясцовае адміністрацыі.

На першую зборку ў памяшканьні пры вуліцы Міцкевіча 4, трэці паверх, прыйшло больш 60 чалавек. Усе былі згодныя, што ў новых ваенных умовах Беларусы мусяць быць арганізаваныя, бо інакш іх кожны будзе крыўдзіць. Быў выбраны кіруючы камітэт у складзе:

Старшыня – праф. В. Іваноўскі.

1-шы заступнік – др. Я. Малецкі.

2-гі заступнік – др. Б. Грабінскі.

Сакратар – 3. Коўш.

Скарбнік – У. Казлоўскі.

Культурна-школьны рэфэрэнт – У. Кароль.

Стварэньне ў Вільні Беларускага Нацыянальнага Камітэту зрабіла не малое ўражаньне на Жамойцаў, што цяпер яшчэ горш як пры саветах стараліся нідзе не дапусьціць Беларусаў да голасу, а таксама на Палякаў, што пры дапамозе дзяўчат-перакладчыц выкарыстоўвалі Немцаў для польскай справы, ды, зразумела, і на нашых суродзічаў, якія пабачылі, што й Беларусы не адстаюць.

Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні стаўся абаронцам беларускага жыхарства ўва ўсёй Вільні й й Віленшчыне. Сюды штодня прыходзілі й прыяжджалі людзі, пераважна пакрыўджаныя рознымі перакладчыкамі, «фольксдойчамі» мясцовага паходжаньня, Летувісамі, мясцовай паліцыяй, варожа настаўленай да Беларусаў. Яны часта шукалі дапамогі ў абароне сваіх родных, арыштаваных з нагавору варожых элемэнтаў. Гэтак, прыкладам, польскі асаднік у Жодзетках, Сакалоўскі, вынішчыў шмат сьвядомых Беларусаў у мястэчку, нацкоўваючы на іх, як на камуністаў, Немцаў. Гэткіх ахвяраў крывавай расправы былі соткі.

Дайшло да таго, што нямецкая ваенная камэндатура ў Вільні ставіла перад БНК справу пераняцьця ўлады ў Вільні. Мы згадзіліся, ды былі перашкоды ў сьпешным сарганізаваньні патрэбнага паліцыйнага аддзелу ў сіле 350 чалавек. Хутка, бо 17 ліпеня 1941 году, Гітлер абвесьціў устанаўленьне на занятых землях цывільнай нямецкай улады ў выглядзе «Рэйхскамісарыяту Остаянд», у склад якога ўваходзілі, як адміністрацыйныя адзінкі, краі Прыбалтыкі й Беларусь. Вільня зь Віленшчынай прыдзяляліся да «Генэральнага Бэцырку Літаўэн», значыцца паводле савецкіх межаў. Гэткім парадкам Жамойцы здолелі захапіць мясцовую адміністрацыю ў свае рукі.

Хоць нямецкія ўлады гарантавалі БНК і беларускаму жыхарству Вільні правы на нацыянальна-культурнае жыцьцё, ды цяпер даводзілася весьці змаганьне з асьлепленымі ашалелым шавінізмам Летувісамі за кожную драбніцу. Яны абкрадалі ўсіх і ўсё, дзе толькі дарваліся, нікога нідзе не дапускалі, справы перад нямецкімі ўладамі тармазілі, хвабрыкавалі ўсякія даносы, як сама тыповыя нявольнікі выслужваліся перад Немцамі, выконвалі ролю катаў і экзэкутараў, асабліва на жыдоўскім жыхарстве, на масах зьняволеных і арыштаваных па турмах.

Я асабіста меў магчымасьць сустракацца зь іхнымі дзеячамі ў розных афіцыйных, прыватных і тайных гутарках і прыходзіў да адной высновы: з гэтымі непапраўнымі шавіністамі ніхто ніколі не дагаворыцца.

Доўга мы змагаліся за права на выдаваньне беларускай газэты ў Вільні. Жамойцы ўвесь час вылазілі са скуры, каб не дапусьціць да яе друку. Урэшце мы пераканалі Немцаў, што гэткая газэта будзе паказьнікам прыхільнасьці беларускага жыхарства да Немцаў, ды адначасова будзе сьведчыць аб нямецкай спагадзе беларускай нацыі ў «новым парадку» Эўропы. Пасьля гэтага быў дадзены дазвол на выдаваньне тыднёвіка «Беларускі голас» ды была выдзеленая на гэта папера. Аднак Летувісы кралі нашую паперу, давалі нам благую друкарню, ды ставілі іншыя перашкоды.

Калі-ж усе гэтыя перашкоды былі ліквідаваныя й газэта пачала рэгулярна выходзіць пад рэдакцыяй пісьменьніка Францішка Аляхновіча, паўсталі новыя перашкоды: Жамойцы ня прымалі нашай газэты на пошту, у прадажныя стоішчы. Прыйшлося арганізаваць сваю «пошту» й свае кіёскі. На правінцыю развозілі «Беларускі голас» 13 нашых кур'ераў-кальпартэраў. Сярод іх былі вялікія патрыёты. Гэтак кальпартэр Лапуць ужо тры гадзіны па выхадзе газэты распаўсюджваў яе на лініі Вільня – Вялейка – Маладэчна – Валожын, на працягу трох гадоў – 7000 экзэмпляраў. Зьгінуў ён сьмерцяй героя ў часе выконваньня сваіх абавязкаў ад кулі бальшавіцкіх агентаў. Чэсьць ягонай памяці!

Іншы кальпартэр, Беларус з Смаленску, Яфрэмаў, распаўсюджваў газэту на лініі Вільня – Менск. Ён пры гэтым крыху гандляваў, але частку свае здабычы ахвяроўваў Беларускаму Камітэту на бедных. На лініі Вільня – Шчучын газэту развозіла студэнтка Віленскага ўнівэрсытэту. Кальпартэры ня толькі газэту развозілі, але мелі свае месцы яе продажы, а належныя грошы прывозілі ў адміністрацыю «Беларускага голасу». Сярэдня за 4–5 месяцаў зьбіралася да 13–15 тысячаў нямецкіх марак. Тыраж газэты пад канец існаваньня дасягнуў 22 000 экзэмпляраў. Ворагі нашыя скрыгаталі зубамі.

Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні, хоць і на паўафіцыйным толькі становішчы, ды выканаў аграмадную ролю. Ён ратаваў арыштаваных на аснове хвальшывых даносаў, падбіраў кадры культурных і адміністрацыйных працаўнікоў, якіх было да 800 чалавек на розных становішчах, выцягваў палонных беларускага паходжаньня з-за дроту, складаў мэмарыялы нямецкім уладам у важнейшых нацыянальных справах. Пры Камітэце была адноўленая беларуская кнігарня «Пагоня», у якой прадаваліся беларускія кніжкі даваенных выданьняў.

ЛЁС БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ

З прыходам Немцаў да Вільні Ў. Казлоўскі (Казлоўшчык) думаючы, што настаў час для дзейнасьці Беларускае Нацыянал-Сацыялістычнае Партыі, якая існавала пры польскай дзяржаве, разгарнуў партыйную працу нанава. За два тыдні павялічыў лік сяброў да 150 чалавек. Калі ён аднак-жа паведаміў нямецкія акупацыйныя ўлады, што БНСП існуе ды хоча супрацоўнічаць зь імі, Немцы загадалі паўстрымацца зь дзейнасьцю да часу паразуменьня з цэнтральнымі ўладамі ў Бэрліне. Адтуль хутка прыйшла дырэктыва, што Нямеччына свой нацыянал-сацыялістычны лад мае для сябе й ніякі іншы народ не ўпаважнены да тварэньня сваёй падобнай партыі. У дырэктыве забаранялася праводзіць далейшую дзейнасьць БНСП.

Пасьля, у прыватных гутарках Казлоўшчыка з заступнікам шэфа Гестапо на Летуву, Шольцам, выясьнілася, што Гітлер упэўнены ў перамозе й ніякае супрацоўніцтва зь іншымі народамі яму непатрэбнае. Беларусы, як прыхільная Немцам нацыя, зоймуць лепшае месца, чымся прыкладам Жыды, Палякі ці Расейцы, ды пасьля сканчэньня вайны будуць мець свой жыцьцёвы прастор ува ўсходняй Эўропе. Дзеля гэтага Гітлер уключыў Беларусь у склад народаў Прыбалтыкі. Усякага самапраўя, нават сабе карыснага, Немцы ня любяць, як прыкладам самавольнае вынішчэньне Летувісамі Жыдоў у Вільні ды жамойцкіх мястэчках. За гэта яны не дастануць ніякіх палёгкаў, зь іх будзе сьцягвацца дань.

Казлоўшчык зразумеў, што гульня з сваёй партыяй бескарысная ды рызыкоўная, дык уключыўся ў працу БНК у Вільні, пасьля-ж выехаў да Менску на становішча рэдактара «Беларускае газэты», дзе ў 1944 годзе загінуў ад кулі ворагаў.

Галавой БНСП быў не Казлоўшчык, яе сакратар, а Фабіян Акінчыц, які прабываў у Бэрліне. З даручэньня гітлераўцаў Акінчыц з савецкіх палонных выдзяляў Беларусаў у адумысныя перашкольныя табары пад Бэрлінам, дзе рыхтаваліся кадры людзей, сьлепа пакорных нацыскай Нямеччыне, Фюрэру й нацыскім інтарэсам. Вось да гэтага Акінчыца, як лідара беларускіх нацыянал-сацыялістых, выкарысталі Немцы. Гэта быў фанатык, які верыў, што нізкай услужлівасьці гітлераўцам здабудзе ў іх давер і што за гэтым – ўладу ў Беларусі. Ён нават зьбіраўся ў часе вайны рабіць «чыстку» ў радох беларускіх актыўных дзеячаў, што ўзяліся за адбудову краю ў жудасных ваенных умовах.

Да мяне Акінчыц меў давер і пра гэта, пры маіх наведзінах Менску, мне гаварыў. Як «гнілых дэмакратаў» і «рэакцыянераў» ён называў М. Шкялёнка, Я. Станкевіча, А. Адамовіча, а. В. Гадлеўскага, ды іншых. Ён, за згодай Немцаў, па ўсей Беларусі стаў насаджваць у аддзелах прапаганды пры нямецкіх акруговых камісарах, у Саюзе Моладзі, у СД, сваіх выхаванцаў з савецкіх ваеннапалонных, а на ягоныя даносы Немцы пачалі нішчыць вядучых беларускіх дзеячаў. Нічога дзіўнага, што беларускі журналіст Алесь Матусэвіч, які падаўся ў лес да бальшавіцкіх партызанаў, паказаў на Акінчыца, як на найбольшую небясьпеку для беларускага народу. Яму была даручаная й ліквідацыя гэтага засьлепленага калябаранта.

Акінчыц быў тыповы сярэднявечны сэктант-фанатык, які ўсіх інакш думаючых ахвотна кідаў-бы ў агонь. Небясьпечныя норавы Акінчыца стрымліваў Казлоўшчык, але ён ня меў магчымасьці яго кантраляваць. Калі я сачыў дзейнасьць Акінчыца, я ня мог зразумець, дзе ў ім канчаецца варожы беларускай нацыянальнай справе авантурыст, а дзе пачынаецца псыхапат.

ЗМАГАНЬНЕ ЗА БЕЛАРУСКІ САМАЎРАД

У першыя месяцы нямецкае акупацыі Беларусы, як усімі перад гэтым уцісканая нацыя, ня мелі магчымасьці апанаваць адразу адміністрацыю, судоўніцтва, транспарт, пошту, ды іншыя галіны грамадзкага жыцьця. Нямецкія ваенныя ўлады ня дбалі, хто іх наладзіць, каб толькі ў нямецкую карысьць. Вось дзеля гэтага мясцовая адміністрацыя ў Беларусі ў некаторай меры апынулася ў руках небеларускіх элемэнтаў: Палякаў, Жамойцаў, Расейцаў, ці бо ў бальшыні агентаў варожых нам інтарэсаў.

У выніку ў першыя месяцы нямецкае акупацыі Беларусы на ўсёй сваёй этнічнай прасторы панесьлі вялікія страты ў сваіх і так вельмі сьціплых кадрах нацыянальнае інтэлігенцыі, бо на кожнага актыўнага Беларуса выцягваўся палец варожае рукі, які Немцам паказваў на яго як на камуніста – ворага гітлерызму. Даводзілася выбіваць гэты «козыр» з рук нашых ворагаў ды выясьняць, што гэта зламысныя зьвінавачваньні, і што Беларусы – найбольшыя якраз ахвяры бальшавізму, бо гэта яны пры ўсякіх рэжымах змагаліся за аднаўленьне свае свабоды й незалежнасьці.

Усьведамленьне Немцаў заняло некаторы час, ды хутка й яны зразумелі праўду нашых меркаваньняў. Але за гэты час зь нямецкай рукі, нацкаванай ворагамі нашага народу, пала шмат нявінных патрыётаў, як Адам Дасюкевіч, аграном у Браслаўшчыне, якога Немцы застрэлілі, як ворага гітлерызму. Было шмат падобных выпадкаў і па ўсіх іншых паветах. У кароткіх словах я тут апішу, як акцыя беларусізацыі адміністрацыі праводзілася ў Браслаўшчыне, Лідчыне й Горадні.

Каб апанаваць Браслаўшчыну, мой па паходжаньні павет, паехалі туды ў першых днях жніўня 1941 году я, Алёйзы і Ўладзіслаў Пяцюкевічы, ды яшчэ адзін Беларус, прозьвішча якога ня помню. Нашым заданьнем было дапамагчы арганізаваць сваю беларускую адміністрацыю, бо ў міжчассе гэтая адміністрацыя апынулася ў варожых руках.

У Браслаўі мы правялі перамовы зь нямецкім камісарам павету Аўстрыйцам Кавальскім ды ягоным супрацоўнікам Васілеўскім. Пасьля мы склікалі сход беларускае інтэлігенцыі Браслаўя, падбадзёрылі яе, далі рады й дырэктывы. Кавальскі пачаў уступаць. Было наладжанае беларускае школьніцтва, адміністрацыя ў 50 % была абсаджаная Беларусамі. У часе нашага прабываньня ў Браслаўі мясцовыя спалячаныя элемэнты ўдалі Немцам, як «камуністых», братоў М. і П. Дварэцкіх. Мы ўступіліся ў зондэрфюрэра за Дварэцкіх, як ведамых актыўных Беларусаў і яны зараз-жа былі звольненыя з арышту ды пастаўленыя ў Браслаўшчыне войтамі. Дзейным у Браслаўшчыне быў асабліва Алёйзы Пяцюкевіч, які атакаваў даношчыкаў як з польскага, так і расейскага боку, ды нівечыў іхныя варожыя інтрыгі.

Гэтак уся Браслаўшчына ўзьнялася да беларускае дзейнасьці ды змаганьня супроць наскокаў з бальшавіцка-расейскага й польскага бакоў. Тры гады пазьней фольксдойч Кавальскі, бурмістр Браслаўя, быў павешаны Немцамі за праступкі супроць нямецкіх інтарэсаў.

Васілеўскі-ж кар'еру скончыў у канцэнтрацыйным лягеры.

Хутка мы вярнуліся да Вільні й склалі для БНК справаздачу з палажэньня ў Браслаўшчыне ды нашае там дзейнасьці. Па нейкім часе на адным з паседжанняў БНК абмяркоўвалася цяжкое палажэньне Беларусаў у Лідзе. Пастаноўлена было выслаць у Ліду падмогу. У яе складзе быў Юстын Мурашка, браты Пяцюкевічы й я, з тым, што я меў вярнуцца.

У Ліду мы прыехалі грузавіком да ведамага слуцкага паўстанца А. Кабылкіна. Хутка склікалі напалоханую польскім падпольлем беларускую інтэлігенцыю. У гутарках выявілася, што ў Лідзе ды Лідчыне спачатку Немцы хацелі абаперціся на Беларусаў, ды нават прапанавалі Кабыліну заняць становішча бурмістра Ліды. Ён аднак-жа, напалоханы варожым падпольлем, польскім і бальшавіцкім, адмовіўся. Таксама ў паветах Лідчыны ня ўсюды знайшлося дастаткова мясцовай беларускай інтэлігенцыі, каб абсадзіць школьніцтва, паліцыю, адміністрацыю, судаўніцтва.

Калі мы прыехалі да Ліды, толькі школьніцтва было ў беларускіх руках пад кіраўніцтвам акруговага інспэктара Макарэвіча. Адміністрацыя-ж па паветах адно ў 50 % была беларуская. Нямецкія ўрадаўцы ад зондэрфюрэраў да гэбітскамісарыяту былі абстаўленыя рознымі фольксдойчамі польскага паходжаньня, дзяўчатамі лёгкага паводжаньня, ды іншымі варожымі да беларускай нацыянальнай справы агентамі .

Мы правялі дзьве гутаркі з гэбітскамісарам фон Ганвэг. Ён у прынцыпе пагаджаўся з нашымі меркаваньнямі, але не хацеў зьмяняць пастаўленае ўжо адміністрацыі. Згадзіўся аднак-жа на сарганізаванне «Беларускай Самапомачы» ды прыабяцаў беларушчыць паступова адміністрацыю, судаўніцтва, паліцыю. Праводзілася гэта як зь нямецкага, так і зь беларускага боку. Польскае падпольле адказала на гэта жудасным тэрорам, ахвярамі якога ў гадох 1941–1944 у Лідчыне пала да 1200 Беларусаў.

У ГОРАДНІ

Быў прыгожы дзень на пачатку кастрычніка 1941 году, калі ў віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт зьявіліся з Горадні мгр. В. Папуцэвіч і інж. А. Русак. Прыбылі яны сюды, каб навязаць лучнасьць зь Віленскім Камітэтам, узгодніць нацыянальную акцыю, дастаць кніжкі для беларускіх настаўніцкіх курсаў. Прасілі яны й людзей у Горадню для беларусізацыі адміністрацыі гэтага места й акругі. Нейк склалася, што толькі я адзін згадзіўся паехаць у гэтую старую гістарычную сталіцу. За тры ўжо гадзіны я быў гатовы, з двума чамаданамі ў руках, да ад'езду ў летувіскім вайсковым аўце, якім прыехалі наглыя сябры з Горадні.

Хутка мы, бяз большых перашкодаў, былі ў Горадні. Я асабіста быў моцна ўзрушаны, калі сустрэў вялікую грамаду Беларусаў у гэтым месьце. Іх у гарадзенскім БНК было зарэгістравана каля 10 000, у гэтым шмат інтэлігенцыі й жанчынаў. Зь Немцамі было ўжо дамоўлена: усю адміністрацыю пераймалі Беларусы пасьля пэрыяду свавольства польскага засільля й тэрору, як у месьце, так і ў акрузе. На бурмістра места быў ужо назначаны В. Папуцэвіч, які на працягу месяца меў пераняць становішча ад бурмістра Гарбацэвіча, што быў на службе польскіх палітычных інтарэсаў.

Быў ужо зьвяз беларускай паліцыі, як пачатак вышкаленьня паліцыйных сілаў на Горадню й акругу пад кіраўніцтвам кап. Якуцэвіча. Сувязь зь нямецкай службай бясьпекі ўтрымліваў інж. A. Русак. Я заняў становішча заступніка старшыні гарадзенскага Беларускага Камітэту, падбіраў кадры на старшыняў у акрузе. Школьным Інспэктарам быў назначаны Ільля Кіслы, які ходаўся за арганізацыю школьніцтва. Пры камітэце вяліся, пад кіраўніцтвам мгр. В. Папуцэвіча, настаўніцкія курсы.

Пад канец кастрычніка інж. Русак выехаў на працу да Баранавіч, паколькі там Немцы стварылі адміністрацыйны цэнтр на акругі Баранавіцкую, Слонімскую й Лідзкую. Горадзенская-ж акруга пераходзіла ў адміністрацыю нямецкіх усходніх Прусаў, разам зь Беласточчынай ды Ваўкавышчынай. Кіраўніцтва камітэтам у Горадні ў гэтым пераходным часе абняў я. Жыў у адной кватэры зь сям'ёй B. Пануцэвіча.

Варта тут успомніць пра візыт гарадзенскага япіскапа Антонія. Каля 7-ай гадзіны вечара 27 кастрычніка 1941 году нехта застукаў у нашыя дзьверы. Увайшоў высокі чорнавалосы япіскап з прыбочным манахам ды прадставіўся В. Папуцэвічу, як бурмістру, называючы сябе «япіскап Горадзенскай япархіі Антоні». Гутарка ішла пры стале, у маёй прысутнасьці. Япіскап жадаў навязаць супрацоўніцтва зь Беларусамі, дэкляруючы сваю беларускасьць. Папуцэвіч выказаў сваю радасьць з сустрэчы й надзею, што дастойны герарх будзе праводзіць беларусізацыю праваслаўнае царквы ў Горадзенскай япархіі. Япіскап даў сваю згоду ды прасіў дапамогі ў арганізацыі беларускай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі пры рэзыдэнцыі япіскапа ў Горадні. Назаўтра мы езьдзілі ў гэтую рэзыдэнцыю, аглядалі будынкі для сэмінарыі.

З гэтага добрага намеру нічога аднак ня выйшла, бо колькі дзён пазьней прыехаў з Прусаў у Горадню партыйнік з намінацыяй на «штадскамісара». Горадня й Горадзеншчына пераходзілі да Прусіі.

Новы прускі «штадскамісар» пакуль што не мяняў існуючага палажэньня. В. Папуцэвіч заставаўся надалей намінальным бурмістрам, але без надзеі на беларускія парадкі. Цяпер «польскі» бурмістр Гарбацэвіч, карыстаючы з таго, што Горадня й Горадзеншчына была адарваная ад Беларусі, у паразуменьні з сваімі дараднікамі й падпольлем «жонду народовэго», ды пры апоры на фольксдойчаў мясцовага паходжаньня, узьняў завостраную барацьбу зь беларускім актывам, кляймуючы яго «засільлем камуністаў».

Прыйшлося змагацца за кожнага нашага чалавека ў гарадзкой управе, ісьці на цяжкія сутычкі зь нямецкім камісарам, які не падтрымоўваў Беларусаў. Пасьля, калі польскае падпольле сталася агрэсіўным ня толькі да Беларусаў, але й да Немцаў, згодна з загадам польскага экзыльнага ўраду ў Лёндане ды ў сувязі з акцыяй Андэрса ў Саветах, Немцы зразумелі, што з Палякамі ім не па дарозе. За двух забітых на вуліцах места Немцаў яны зьліквідавалі ўсю віднейшую польскую інтэлігенцыю ў Горадні, каля 100 чалавек.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю