Текст книги "Пад знакам Пагоні"
Автор книги: Язэп Малецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 16 страниц)
– Што такое? – пытаюся.
– Бяда! – кажа. – Мая жонка прапала!
– Як прапала?
– Раскажу вам усё, як было. Тыдні два таму назад, калі я быў у вёсцы, увалілася да нас у хату двух партызанаў ды крычаць: «Хадзі з намі, кулацкі сын!» Я стаў бараніцца, адгаворвацца, што я толькі кравец, а не які кулак. Адзін зь іх казаў мне, пад дулам стрэльбы, трымаць узьнятыя рукі, другі-ж перарыў усё ў хаце, але нічога не знайшоў. Жонкі тады дома ня было, большая дзяўчынка была ў школе, а меншая пры мне. Яна, спуджаная, галасіла. Тады камуністы павялі мяне ў кірунку лесу. Прайшлі мы колькі кілямэтраў побач хутароў. Калі-ж міналі вёску, дык адзін з партызанаў пайшоў у вёску, а другі гнаў мяне да лесу. Я наважыў бараніцца за ўсякую цану. У нагрудным кішэні ў мяне быў кравецкі нож, якім я спорваў швы. Я пастанавіў заатакаваць бандыта. Вось я звольніў ходу. Партызан таўчэ мяне дулам у плечы, а я ў гэты момант выхапіў свой нож ды дзеўбануў ім бандыту проста ў вока. Ёй завішчаў ды пакаціўся. Я тады вырваў зь ягоных рук стрэльбу, ды ходу. Вёску я мінуў бокам, каб ня сустрэцца з другім бандытам, ды прыбег дадому. І тут… Божа мой! Ад дачок я даведаўся, што мая жонка, калі прыйшла дамоў, ды пачула, што мяне пагналі бандыты, наказала дзецям сядзець спакойна дома ды чакаць, а сама пабегла шукаць мяне. Ад гэтага часу пра яе й сьлед прапаў… Мне ня было іншага выхаду, як з дачушкамі ды машынай на плячох уцякаць да Вялейкі. Ці немагчыма, спадар намесьнік, выратаваць маю жонку?
– Вашае гора запраўцы вялікае! – сказаў я ды загадаў майму сакратару сьпісаць усю справу й перадаць беларускай паліцыі й СД усе падрабязнасьці выпадку з заданьнем выведаць аб лёсе жонкі гэтага беларускага патрыёты.
Краўцу-ж гэтаму сказаў:
– Цяжкая вашая справа! Ды мы зробім усё, каб дапамагчы вам у вашым горы, каб вашую жонку расшукаць!..
АБАРОННЫЯ ВЁСКІ
Абаронныя вёскі былі арганізаваныя ў 1943 годзе. Гэта была першая нямецкая спроба здабыць дапамогу ад беларускага сялянства ў змаганьні з савецкай партызаншчынай. Для вёскі ў лясным прасторы Немцы давалі пару дзясяткаў старых савецкіх стрэльбаў, зь невялікім запасам амуніцыі, з загадам адбіваць партызанскія напады ды вылоўліваць паадзіночных дывэрсантаў.
Напачатку гэта давала некаторы вынік, але з ростам партызаншчыны, што была кіраваная адмысловым бальшавіцкім штабам пры галоўнай кватэры Сталіна ды пад начальствам Панамарэнка, пры вялікіх ськідах парашутыстых ды вайсковага матар'ялу, абаронныя вёскі ня былі ў сілах бараніцца ад лепш узброенага ды вялікага лікам ворага. Цяпер яны сталі адно правакацыяй для нішчэньня бальшавіцкімі бандамі беларускага жыхарства.
У сувязі з гэтым, Р. Астроўскі, як прэзыдэнт БЦР, 25.5.1944 году зьвярнуўся да генэральнага камісара Беларусі з гэткім мэмар'ялам:
«Высокапаважаны Генэральны Камісар Беларусі!
Будучы ў Слуцку, я даведаўся, што тамашнія “Узброеныя вёскі” ня могуць выканаць свайго заданьня, бо іх узбраеньне, колькі вінтовак, ня можа даць адпору добра ўзброеным партызанскім савецкім аддзелам, кіраваным камандзірамі-спэцыялістамі, ськінутымі на парашутах. У выніку, гінуць ня толькі добраахвотнікі, якія спрабуюць супроцьстаўляцца, але й іх сем'і. Таму ветліва прашу Вас, сп. Генэрал, спыніць акцыю абаронных вёсак, а я дам загад па лініі БЦР і БКА, каб у заложаныя партызанамі вёскі Акруговы Камандзір БКА Слуцкае Акругі, у паразуменьні з Гэбітскамісарам, выслаў адпаведна ўзброеныя аддзелы БКА.
Р. Астроўскі».
І гэтак абаронныя вёскі ня толькі ў Случчыне, але й у іншых раёнах былі зьліквідаваныя, каб, пры немагчымасьці самаабароны, не правакаваць іх на напады партызанскіх бандаў.
Ды былі й абаронныя вёскі-цьвярдыні, якія мужна бараніліся ад нападаў бальшавіцкіх бандаў. Вось, недзе ў палове траўня 1944 году, камэндант нямецкай паліцыі ў Вялейцы Бэнцаль зьвярнуўся да мяне, ці я не хацеў-бы заўтра зраньня наведаць абаронную вёску Касьцяневічы, якая ў Вялейскай акрузе была наўзорнаю.
Назаўтра раніцай нашая маторная калёна ў сіле 30 беларускіх паліцыянтаў рушыла ў намечаную вёску. Спыніліся мы ў хаце бязьдзетных сялянаў. Наш гаспадар з сьлязьмі ў вачох апавядаў, як бальшавікі, заняўшы Заходнюю Беларусь, прызналі яго «кулаком», хоць ён цэлае сваё жыцьцё сам працаваў на сваёй зямлі бязь ніякае наёмнае сілы й нікога не «эксплуатаваў». Пазабіралі яму каровы й коні, а сам ён стаяў на сьпіску ў Сібір.
Зьведалі мы пасьля акружаную баёвымі бункерамі абаронную вёску. Пасярэдзіне быў зроблены аграмадны крыты схоў для жывёлы, куды нанач заганялі кароў – каля 150 галоў, – каб банды не маглі іх схапіць. У бункерах была сталая абаронная служба, нанач узмоцненая. Апрача гэтага ўдзень патрулі самааховы кантралявалі прастору вёскі радыюсам у тры кілямэтры.
Баявая сіла вёскі выстраілася, на нашае прывітаньне, у рады. Было каля 85 чалавек. Я з гэбітскамісарам і начальнікам паліцыі Вэнцэлем прывіталіся з камандуючымі гэтае цьвярдыні, перайшлі перад выстраенымі абаронцамі, зь некаторымі гаварылі. Дух у людзей быў бадзёры, але яны прасілі прыслаць больш паліцыі й жаўнераў, а таксама зброі, амуніцыі й іншага выснашчэньня, ды асабліва цяжкой зброі, бо партызаны такую маюць, – кулямёты, лятучыя міны, мартыры. Прасілі таксама, каб прыслалі ім у вёску беларускага ксяндза. Школа ў вёсцы працавала, але нехапала настаўнікаў. Моладзь была сарганізаваная ў СБМ ды прэзэнтавалася вельмі добра.
Калі мы вярнуліся з агляду да нашай гасподы, дзе мы затрымаліся, дык гаспадар меў ужо засланы, з багатай пачосткай, стол. Немцы былі захопленыя арганізацыяй абароны ў вёсцы. Гэбітскамісар выступіў з прамовай, хваліў гаспадара ды ўсю вёску за парадак, за антыкамуністычны настрой, за стойкасьць у абароне народу. Сваю прамову ён закончыў гэткімі словамі:
– Вы ўсе атрымаеце зямлю на собскасьць. Ваш край будзе свабодны. Трымайцеся далей дружна й стойка, а Фюрэр вас не забудзе!..
Ведама, гэта была звычайная нямецкая прапаганда. Ды ў ёй ужо ня было ранейшага нахабства ды застрашваньня народу «нямецкай сілай», ня было старой тупалобасьці, якая вяла да вынішчэньня жыхарства. Цяпер яны ўжо ня мелі веры, што выйдуць «татальнымі» пераможцамі з вайны. Бачылі цяпер і яны, што трэба шукаць сабе саюзьнікаў і сярод Славянаў.
У паваротнай дарозе я думаў і аб тым, што Немцы ўсёж такі зусім ня ведаюць нашага народу ні псыхікі селяніна. У сваёй прапагандзе яны, на падабенства бальшавікоў, трызьняць аб тым, быццам Беларус ніколі ня меў свае зямлі, і што быццам гэта яны, панявольнікі гэтага народу, гэтую зямлю дадуць. Як раней бальшавікі ашуквалі народ гэткай прапагандай, так цяпер тое самае балбаталі новыя акупанты.
Яны нейк ніяк не маглі бачыць таго, што Беларус ад веку жыў на сваёй а не на чужой зямлі, і толькі розныя панявольнікі ягоную зямлю ад яго адбіралі. І ўсіх перавысілі бальшавікі, бо адабралі ўсю бяз рэшты зямлю ды сялян загналі ў прыгон, у свае калгасы ці саўгасы пад клічам: «Уся зямля сялянам!» Які жудасны цынізм! Немцы цяпер таксама цешаць селяніна: «Вы дастанеце зямлю!» Чыю зямлю? Зь якое ласкі? Якім правам? У якім выглядзе? Ці ня будзе гэта новы прыгон? Селянін, слухаючы нямецкую прапаганду «Вас чакае зямля!» прыгаварваў: «Два мэтры на адзін!»
Аднак у Немцаў усё-ж былі большыя намёкі на права селяніна на ягоную зямлю. Тыдні два пасьля, з загаду галоўнага камісара Беларусі, гэбітскамісары паслалі раздаваць сялянам граматы, што з волі Фюрэра беларускія сяляне, якія былі загнаныя бальшавікамі ў калгасы, а таксама ацалелыя адзіночкі й хутаране, і тыя, што ўжо ў часе вайны падзялілі міжсобку калгасную зямлю, становяцца ўласьнікамі гэтае зямлі на якой сядзяць ды якую зь дзеда-прадзеда апрацоўваюць. Яны адно ня маюць права зямлю гэтую прадаць, або дзяліць, без дазволу дзяржаўных уладаў Беларусі. Зямельная рэформа, з адпаведнымі прырэзамі зямлі, прадбачвалася толькі пасьля вайны…
Ганарова першыя гэткія граматы атрымалі сяляне абароннай вёскі Касьцяневічы з рук кіраўніка вялейскай акругі Чалоўская, які выступаў ад імя вялейскага гэбітскамісара.
ЕДЗЕМ ДА ДАЎГІНАВА
Напачатку чэрвеня 1944 году гэбітскамісар ізноў выклікаў мяне на паездку да Даўгінава для інспэкцыі тамашняга палажэньня. Дзеля нарастаючай актыўнасьці савецкай дывэрсіі, мы выехалі пад большай аховай. Перад намі ехала грузавое аўта з 12 добра ўзброенымі беларускімі паліцыянтамі, ззаду-ж другое, пад камандай начальніка Вэнцэля.
Першых дзесяць кілямэтраў праехалі, па забаранаванай дарозе ды па тропе першага грузавіка, даволі хутка. Але калі сталі ўяжджаць у залесеныя раёны, баранаваньня там ня было ўжо відаць і мы ехалі паволі. Перад Рэчкамі падбег да нас нейкі хлапец і паведаміў, што ўчора партызаны закладалі вось тут перад рэчкай міны. Нашая паліцыя зараз-жа выслала трох сапёраў з апаратамі для выкрываньня мінаў, мы-ж памалу сунуліся ззаду. Вось сапёры махаюць рукамі, даюць знак спыніцца. Міна знойдзеная, хутка абязшкоджаная, паляцела ў роў.
Пад'ехалі да сьвежаадбудаванага пасьля нядаўняй партызанскай дывэрсіі маста. Паліцыя сьпешылася й, трымаючы зброю напагатове, ішла абапал гуськом, мы-ж памалу ехалі самаходам. Раптам – стрэл! Паляцела каманда: «Партызаны!» Мы таксама выскачылі з самаходу на левы бок дарогі. Ізноў каманда: «Лажыцца!» Я лёг у прыдарожны роў. Засакаталі нашыя аўтаматчыкі, але стрэлаў праціўніка нейк ня было чуваць. Нашыя перадавыя ахоўнікі хутка падышлі да самага маста.
Я сьмялей высунуў галаву з рову й бачу – на мост пабеглі нашыя сапёры-мінашукальнікі. Хутка яны далі знак, што дарога «чыстая», і мы спакойна пераехалі рэчку ды скора ўехалі ў маёнтак Сэрвач. Хто страляў, і нас напалохаў, так мы й не даведаліся. Магчыма стрэліў, пабачыўшы збройную сілу, з пуду партызанскі патруль ды даў цягу, а за ім і савецкія малойцы.
У маёнтку мы аглядалі раскошны палац магнатаў Казёл-Паклеўскіх, прыгожы сад з алеямі, ды на акраіне заглянулі і ў арыгінальную беларускую вяндлінарню. Была гэта круглая будыніна ў выглядзе вежы з маленькімі ў гары ваконцамі. У сярэдзіне тырчэлі зялезныя пруты й крукі. Відаць, тут калісьці была абаронная вежа, пазьней замененая на топку-вяндлінарню. На самым нізе было вялікае агнявішча, сьцены зіхцелі ад сажы. Паробленыя былі праходы для дыму ў вышэйшыя паверхі. Дык вось гэта тут штомесяц тысячы кіляграмаў мяса ператвараліся, пад цяплом і дымам спальванага ялаўцу ды елкі, у на ўвесь сьвет слаўныя «Літоўскія вяндліны»!
Да Даўгінава мы даехалі спакойна. На краі мястэчка, дзе былі казармы, нас сустрэлі патрулі БКА. Пасьля вымены паролю нас упусьцілі ў панадворак казармаў. Тут ужо былі выстраеныя аддзелы БКА, а паручнік Касецкі сустрэў нас рапартуючы:
– Спадар намесьнік! Ад імя батальёну Беларускай Краёвай Абароны вітаю вас і спадара гэбітскамісара. Батальён у сіле 320 чалавек гатовы да агляду!
– Дзякую! – сказаў я ды падаў Касецкаму руку.
Прывіталіся зь ім і Немцы. Мы абышлі ўсе, устаўленыя ў квадраце, зьвязы. Я коратка прамовіў да жаўнераў. Пар. Касецкі адказаў на маю прамову таксама коратка, падкрэсьліваючы баёвы дух жаўнераў ды вялікую патрэбу да зброі, амуніцыі, выснашчэньня ды аўтатранспарту.
Пасьля мы аглядалі няблага наладжаную вайсковую кухню, казармы й арышт батальёну. Там сядзела трох жаўнераў за дробныя дысцыплінарныя правіны.
У бяседзе з камандаю батальёну мы даведаліся, што цяпер у Даўгінаве даволі спакойна. Здараюцца толькі дробныя дывэрсіі. Перад прыходам-жа войска БКА Даўгінава было аб'ектам частых нападаў бальшавіцкіх бандаў і мясцовая паліцыя ня была ў сілах справіцца зь імі. Цяпер бандыты хапаюць адно з пасьбішчаў жывёлу, а на 1-га траўня 6 км ад Даўгінава вывесілі на жэрдзі чырвоную плахту. Пар. Касецкі даў загад штурмовым аддзелам батальёну, з удзелам сапэраў, асьцярожна зьняць чырвоную анучу. Калі баёвы аддзел пайшоў да жэрдзі ды спыніўся, абмяркоўваючы, як зьняць шмату, адзін з жаўнераў, малады хлапец, у патрыятычным парыве ня вытрываў:
– І што тут доўга думаць! – крыкнуў ён. – Бандыты ўтыкнулі жэрдзь ды павесілі анучу! Рванеш за жэрдзь – і ўся музыка!
– Пачакай, пачакай, гарачы хлопча! – крычаў дружыновы.
Але ён ужо быў ля жэрдкі ды на вачох усіх ірвануў яе… І сталася трагэдыя. Да жэрдкі была прывязаная міна, якая разарвалася. Адважны, але непаслухмяны дзяцюк загінуў. Пахавалі яго ў Даўгінаве з усімі вайсковымі гонарамі.
Падаліся мы пасьля ў кірунку гарадзкой управы. Сярод руінаў спаленых дамоў сустрэў нас з хлебам і сольлю Даўгінаўскі бурмістр. Нашыя кароткія прамовы былі шчырыя, патрыятычныя. Нават Немцы дзівіліся зь вялікай цяплыні дачыненьняў, якой звычайна няшмат у афіцыйных сустрэчах. Пасьля было прыняцьце ў гарадзкой управе, прамовы гаспадароў і гасьцей. Гаспадары падкрэсьлілі, што Даўгінава хоць разбуранае, але ніколі не скарылася бальшавіцкім бандам, а цяпер, пад аховай БКА, будзе адной зь цьвярдыняў беларускага народу.
Нам было вельмі прыемна слухаць гарачыя словы прамоўцаў ды бачыць і іншых, стойкіх за сваю нацыянальную справу, Даўгінаўскіх грамадзян. Трэба было ўсё-ж вяртацца дамоў, каб да ночы прыехаць да Вялейкі. Нашая ахова, пакідаючы Даўгінава, грымнула песьню: «Ідуць жаўнеры Беларусы празь вёскі, сёлы, гарады…» Начальнік паліцыі круціў галавой, калі бачыў, што шмат якія ахоўнікі пад хмелем. Для асьцярожнасьці ізноў праверылі гэны масток. Ды на ўсёй дарозе мы ня мелі ніякіх перашкодаў. Бандыты мабыць зразумелі, што гарнізон Даўгінава павялічыўся, і нападаць не адважыліся.
КАНЕЦ ГРАВЭ
«Хто мячом ваюе, ад мяча й гіне!» – гаворыцца ў эвангельлі.
Гэтак сталася й з начальнікам СД Вялейкі обэрштурмфюрэрам Гравэ. Ці мала зь ягонай разбойніцкай рукі, ці зь яго загаду, згінула Беларусаў?
На другі дзень Сёмухі, мабыць пасьля пагулянкі, ён выехаў у раскошным повазе з каханкай на праездку. Не праехалі нават кілямэтра, як пад сядлом узарвалася падложаная міна. Гравэ быў цяжка ранены ў жывот і крыжавіну, ягонай каханцы адарвала нагу, хурмана-ж паветрам адкінула далёка ад казла. Конь так спудзіўся, што раненых параскідаў па дарожцы. Першы ачухаўся хурман ды заалярмаваў аб здарэньні. Хутка амбулянс даставіў у шпіталь непрытомнага шэфа СД і ягоную каханку. Гравэ на другі дзень памёр, каханка-ж, пасьля ампутацыі нагі, выжыла.
Хто падклаў міну – Немцы так і не даведаліся. Былі гаворкі, быццам поваз наехаў на міну. Ды ў зямлі ня было варонкі. Мы былі пэўныя, што міну падклалі былыя саветчыкі, якія былі на службе СД і з аднаго боку лашчыліся да Немцаў ды прасьледвалі Беларусаў, а з другога – супрацоўнічалі з партызанамі. Нельга таксама адкінуць магчымасьць, што міну падклаў і нехта зь беларускіх патрыётаў у помсьце за Радзевіча ды Калодку.
Цела Гравэ было выстаўленае ў будынку СД для публічных наведзінаў. Мы зразумелі, што гэтым Немцы хочуць праверыць, якое настаўленьне да гэтае падзеі беларускіх дзеячаў. Пасьля кароткай нарады мы пастанавілі пакрыжаваць іхныя пляны ды наведаць нябожчыка, каб ня пала нейкае падазрэньне. Я нават выслаў гэбітскамісару кандаленцыйную тэлеграму. На другі дзень цела Гравэ было адвезенае самалётам да Бэрліну ды пахованае сярод «заслужаных» нацыстаў.
Ніякіх рэпрэсіяў за сьмерць Гравэ ня было. Магчыма Немцы пачалі ўрэшце ўсьведамляць свае памылкі.
За колькі дзён да Вялейкі прыехаў іншы начальнік СД. У гутарцы зь ім я яго перасьцерагаў перад савецкай замаскаванай дывэрсіяй, якая можа пранікаць нават да блізкіх супрацоўнікаў у нямецкіх урадах. Я адначасна прасіў нанава перагледзіць справы арыштаваных, бальшыня якіх – гэта сяляне, што выпадкова былі схопленыя ў розных супроцьпартызанскіх акцыях. СД-овец згадзіўся, ды таго самага дня ўзяў мяне з сабой на візытацыю мясцовай турмы. І што-ж мы пабачылі: малыя каморкі, поўна набітыя людзьмі, смурод і задуха. Людзі ў страшным выглядзе сядзяць, ляжаць ці стаяць адзін пры адным – па 40–50 чалавек у каморы.
– Дык гэта вы былі ў партызанах, людцы добрыя? – пытаюся.
– Якія мы партызаны? Мы іх толькі бачылі! – адказвае старэйшы дзядзька.
– Паночку, паслухайце! – просіць другі. – Удзень грабяць і муляюць Немцы, а ўночы савецкія банды. Немцы прыходзяць, бандыты хаваюцца ў лясох, а нас гнояць у турме!
– Ці гэта, паночку, няма справядлівасьці на сьвеце? – пытаецца трэці.
Я ўсё пераклаў начальніку СД.
У іншых каморах я пытаўся вязьняў, ці яны чулі пра беларускую мабілізацыю й ці хацелі-б заміж быць рабаванымі савецкімі партызанамі, а пасьля прасьледванымі Немцамі, узяць зброю ў свае рукі ў радох беларускага войска БКА ды вынішчаць бальшавіцкія банды на нашай зямлі. І сыпаліся галасы:
– Чаму не? Гэтак і павінна быць, бо нас усіх перадушаць адны й другія!
СД хутка выпусьціла на волю больш палавіны зьняволеных. Чалавек 60 зь іх уступіла ў рады БКА. Шмат іншых было вывезена на работу ў Нямеччыну. Засталося ў турме толькі каля 40 чалавек, тыя, на якіх былі паважнейшыя довады іх кантактаў і супрацоўніцтва з бальшавіцкімі бандамі.
УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС У МЕНСКУ
Чэрвень 1944 году быў бурлівы падзеямі, 6-га гэтага месяца англа-амэрыканскія войскі высадзіліся на паўночным узбярэжжы Францыі ды адкрылі Нямеччыне «другі фронт». Два тыдні пазьней Сталін, сканцэнтраваўшы вялізарныя сілы на аграмаднай нямецкай абароннай дузе, што ахоплівала амаль усю Беларусь па лініі Віцебск – Чэрыкава – Рагачоў – Луцк, пачаў штурм Беларусі. Немцы баранілі яе зацята, пераходзілі ў частыя контратакі. Ды бальшавіком удалося праламацца празь нямецкую абарону ў адрэзку Віцебска й Магілёва, перайсьці Дняпро ды ціснуць далей Немцаў у кірунку сталіцы Беларусі Менску.
У гэтым крытычным для Немцаў часе Беларуская Цэнтральная Рада, каб здабыць больш свабодаў і правоў ды падмацаваць свой аўтарытэт воляй беларускага народу, зьвярнулася да генэральнага камісара Беларусі фон Готбэрга з праектам скліканьня Усебеларускага Кангрэсу ў Менску. Меў ён быць выражэньнем волі народу ў будаўніцтве свае самастойнае дзяржавы ды адхіленьнем і ануляцыяй усякіх «легальных» падстаў маскоўскага імпэрыялізму на зьняволеньне Беларусі.
Цяпер гэтая ідэя была Немцам прыемлівая. І генэральны камісар, з згодай Бэрліну й Гітлера, даў дазвол склікаць гэткі кангрэс 27 чэрвеня 1944 году.
Часу ня было шмат, бо бальшавікі прабіваліся ўсё глыбей і глыбей у кірунку на Менск. Праз кур'ера я атрымаў загад прэзыдэнта Астроўскага: на 27 чэрвеня прыслаць зь Вялейскай акругі на кангрэс 40 дэлегатаў, выбіраючы з паветаў і валасьцей знатнейшых Беларусаў розных заняткаў і рознага становішча. Адпаведны загад па акрузе я выдаў. Усе дэлегаты 26 чэрвеня мелі быць у Вялейцы, на вызначаным месцы, для супольнага ад'езду. Транспарт давалі Немцы. Да Вялейкі прыбылі аднак-жа ня ўсе дэлегаты. Некаторым зручней было ехаць адразу да Менску й там мы зь імі сустрэліся. Зьехалася ў Менску каля 1250 чалавек з усіх куткоў Беларусі, уключна зь Вільняй і Беластокам.
Зьезд-Кангрэс адбываўся ўрачыста ды пры належнай бясьпецы. Будынак менскага тэатру ўжо ад раньня быў абстаўлены беларускімі збройнымі сіламі, каб супроцьдзеіць усякай магчымай дывэрсіі. Сам будынак быў дакладна перагледжаны адмыслоўцамі ад узрыўных матар'ялаў. Пры ўваходзе беларуская служба бясьпекі спраўджала мандаты дэлегатаў ды пільнавала, каб ніхто ня меў з сабой зброі ці нейкіх пакункаў. Заля тэатру была ўдэкараваная беларускімі сьцягамі й вялізнай Пагоняй.
Сябры Беларускай Цэнтральнай Рады, з прэзыдэнтам Р. Астроўскім на чале, занялі правы задні балькон, упрыгожаны беларускімі сьцяжкамі ды зеленьню. На левым бальконе сядзелі прадстаўнікі генэральнага камісарыяту Беларусі – Фішэр, Сэп, Сівіца, зь ген. фон Готбэргам на чале. Рэшту залі ды бочныя бальконы запоўўнілі дэлегаты зьезду. На сцэне засела прэзыдыя кангрэсу пад старшынствам Я. Кіпеля.
Праграма й парадак былі дакладна падрыхтаваныя адмысловай камісіяй зьезду, былі вызначаныя нават і галоўныя прамоўцы. Сярод іх голас быў прызначаны й для «апазыцыі» да пануючага рэжыму, галоўна для крытыкі нямецкае палітыкі ў Беларусі. Адзін з паплечнікаў Р. Астроўскага сказаў мне, што я маю прамаўляць у справе беларускай замежнай палітыкі. Было гэта мне сказана коратка перад адкрыцьцём кангрэсу. Да такога выступу я ня быў падрыхтаваны, тымбольш у ўмовах нямецкай кантролі. Таму я запытаўся, што маю гаварыць. Мне радзілі сказаць аб тым, што ўсім кангрэсам мы павінны ануляваць усе варожыя для беларускага народу трактаты, пачынаючы ад Рыскага 1921 году, на які спасылаецца ўвесь час польскі эміграцыйны ўрад у сваіх прэтэнзіях на землі Заходняе Беларусі, ды канчаючы Тэгэранскім 1943 году тройкі Сталін, Рузвэльт і Чэрчыль, які перадае чырвонай Маскве ўсю Беларусь.
Далей я меў адзначыць тое, што мы, як прадстаўнікі беларускага народу, выражаем яго волю, выказаную на Першым Усебеларускім Кангрэсе 1917 году аб самастойнасьці Беларусі, што тады было ўкаранавана Актам 25 Сакавіка 1918 году. Я згадзіўся з прапановай арганізатараў зьезду, бо думкі былі талковыя, карысныя. Ведаў я таксама, што палажэньне на фронце не дазваляе на шырокую дыскусію, што зьезд павінен вырашыць толькі найбольш істотныя пытаньні нашага жыцьця й будучыні, і як найхутчэй, магчыма за адзін дзень. Дзеля гэтага й прэзыдэнтам кангрэсу выбраны быў Я. Кіпель, ведамы мянчук, былы дзеяч савецкіх прафсаюзаў, праз аклямацыю.
А восьмай гадзіне на трыбуну ўзышоў прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі, які адкрыў зьезд кароткай прамовай, у якой ён казаў:
– Вітаю вас, як прадстаўнікоў беларускага народу ў сталіцы Беларусі, што сабраліся для вырашэньня важных праблемаў будучыні нашага народу й бацькаўшчыны. Жадаю вам адначасна ад імя БЦР посьпехаў у вашай працы…
Цікава адцеміць тэкст прывітаньня генэральнага камісара Беларусі фон Готбэрга на гэтым кангрэсе:
«Вітаю гэтым Усебеларускі Кангрэс і веру, што беларускі народ будзе рашуча, супольна зь нямецкім народам, змагацца супроць бальшавіцкае небясьпекі й за вызваленьне Эўропы, і што ён узмацуе ды аддасьць на гэта ўсе свае сілы. Тады гэтае цяжкое змаганьне дасьць перамогу, якая й беларускаму народу прынясе шчасьлівую будучыню.
Фон Готбэрг,
Генэральны Камісар Беларусі».
З гэтага прывітаньня вынікае, што Немцы, падтрымоўваючы цяпер імкненьні Беларусаў да свабоды, хоць ішлі цяжкія баі на тэрыторыі Беларусі, яшчэ верылі, што ўсёж такі ім удасца спыніць бальшавіцкую навалу, калі не на тэрыторыі Беларусі, дык у сярэдняй Эўропе. А тады, на юрыдычнай аснове пастановаў кангрэсу, ужо ў перамовах аб супакоі, яны змогуць Беларусь ды Прыбалтыку мець як прыязныя сабе краіны. Цікава таксама, што камісар фон Готбэрг не гаварыў цяпер аб «Новай Эўропе», але аб «вызваленьні Эўропы ад бальшавіцкай небясьпекі»!
Цікава й дарэчы гаварыў прэзыдэнт кангрэсу Я. Кіпель, Ён казаў:
«Мы сабраліся на гэтым кангрэсе ў надзвычайна адказны гістарычны момант: на ўсім сьвеце ідзе вайна, вырашаецца лёс народаў на доўгія гады. Беларусь цяпер ніяк ня можа заставацца бязьдзейнай. Мы мусім самі ўзяцца за будаўніцтва свае будучыні.
Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія верхаводы ў суполцы з англа-амэрыканскімі магнатамі, што патакуюць маскоўскаму імпэрыялізму. Яны ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу. На нашыя землі прэтэндуюць таксама польскія нацыяналісты, што падтрымоўваюцца ўсходня-заходняй хэўрай. І вось таму ў так важны час мы павінны голасна сказаць усяму сьвету: хто мы й чаго мы хочам!
Першы раз беларускі народ меў магчымасьць сабрацца тут у Менску, у гэтым будынку, дваццаць шэсьць гадоў таму назад. Гэта быў першы Ўсебеларускі Кангрэс. Ён выбраў Раду Кангрэсу, якая ў 1918 годзе, 25 сакавіка, вынесла свае агністыя пастановы аб лёсе Беларусі й беларускага народу. Гэтыя пастановы не спадабаліся бальшавіком, дык яны разагналі Першы наш Кангрэс, а пасьля на працягу дваццаці шасьцёх гадоў аблівалі яго пастановы ня толькі памыямі й гразёй, але й крывёй лепшых сыноў нашага народу… Аднак, сваімі подлымі ўчынкамі, бальшавікі ня здолелі зацьміць пастановаў Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, бо яны зіхацяць аж па сёньня ды вабяць да сябе ўсё лепшае, што ёсьць у беларускім народзе…»
Было й шмат іншых прывітальных прамоваў: кап. Чабатарэвіча ад Беларускай Краёвай Абароны, М. Галька ад Саюзу Беларускай Моладзі, Л. Савёнка ад імя сялянаў і работнікаў, архіяпіскапа Філафея ад Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы, а. П. Татарыновіча ад Беларусаў-каталікоў, ды іншыя. Ува ўсіх прамоўцаў гучэў моцна галоўны кліч:
«Няхай жыве Незалежная Беларусь!»
Галоўны даклад і на галоўную тэму – пра адхіленьне права чужынцам вырашаць аб лёсе беларускага народу й Беларусі, ануляваньне ўсіх няпрыгодных законаў, трактатаў, угодаў, накінутых беларускаму народу, – меў М. Шкялёнак. Ён шырока прадставіў самапраўства Палякаў у пасяганьні на Заходнюю Беларусь, якую яны захапілі ды замацавалі Рыскім трактатам з бальшавіцкай Расеяй 1921 году, ды ад якой не адказваюцца й сёньня, трубячы аб «легальнай» польскай граніцы на Ўсходзе згодна з названым разбойніцкім падзелам беларускай адроджанай дзяржавы БНР, якую абодва агрэсары зьнішчылі.
Пасьля гэтага дакладчык яскрава прадставіў маскоўскага чырвонага агрэсара, што ніколі не прызнаваў і не прызнае права на самавызначэньне паняволеных Масквой народаў, а права гэтае замяняе маной, подступам, хітрыкамі, сілай, тэрорам ды пакіданьнем сваёй бальшавіцкай крывавай дыктатуры. Цяпер гэтая-ж крывавая Масква выступае, у змове з сваімі заходнімі саюзьнікамі, як «гаспадар» Беларусі, як «апякун» беларускага народу. «Хто даў маскоўскім разбойнікам права быць панам жыцьця й сьмерці нашага народу?» – пытаўся дакладчык у дэлегатаў кангрэсу.
«Ці ня той гэта “праўны гаспадар”, які “дзеля дабра беларускага народу” загадаў сваім бальшавіцкім бандам разагнаць Першы Ўсебеларускі Кангрэс 1917 году, а ў 1920 годзе зьнішчыць беларускую незалежную дзяржаву БНР, створаную воляй усяго беларускага народу?
Ці гэта той самы “праўны гаспадар”, які ў 1921 годзе ў Рызе, супольна з польскімі агрэсарамі, для “дабра” таго-ж беларускага народу парэзаў цела сялянска-работніцкае Беларусі ды гандляваў яе тэрыторыяй як хацеў і зь кім хацеў?
Ці гэта ня той самы “праўны гаспадар”, які ізноў-жа “для дабра беларускага народу” закатаваў 1 800 000 найлепшых беларускіх сялян і работнікаў, зьнішчыў дзясяткі тысяч беларускае інтэлігенцыі, разбурыў беларускую гаспадарку, давёў край і народ да поўнай руіны й галечы?
Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які разбурыў найкаштоўнёйшыя помнікі нашай слаўнай культуры, нашыя сьвятыні, атручваў душы нашых дзяцей сваёй бязбожнай бандыцкай маральлю, ізноў-жа для “дабра” беларускага народу?
Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які пакрыў беларускі край засьценкамі НКВД, у падзямельлях якіх крывавіліся ў муках тысячы Беларусаў за імкненьне да свабоды й абарону чалавечых правоў і годнасьці?..
Хто й калі даў вам права выступаць ад імя беларускага народу перад сьветам – вам, ягоным забойцам?..»
Свой даклад М. Шкялёнак закончыў заклікам:
«Думаю, што сярод вас, прадстаўнікоў беларускага народу, ня знойдуцца такія, што баранілі-б, або падтрымоўвалі тыя ўсе ланцугі, тыя дагаворы й пастановы нашых ворагаў, якімі яны нас мучылі, а цяпер і надалей хочуць узаконіць наглую няволю.
Адкінем усе гэтыя кайданы раз і назаўсёды!
Ня будзем ніколі прызнаваць таго, хто самазванкай ад нашага быццам імя гандлюе нашай воляй і справай, як чыніць за мяжою цяпер Масква, ці польскі экзыльны ўрад!..»
Першым выступіў з словам у дыскусіі генэрал К. Езавітаў, удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу 1917 году й арганізатар беларускага войска ў час існаваньня БНР. Ён, між іншага, сказаў:
«Супроць варожага беларускаму народу трактату ў Рызе ўжо ў 1921 годзе пратэставаў урад БНР і яго ніколі не прызнаваў, як і іншыя й польскія, і расейскія пастановы. Цяпер-жа наступіў час, каб гэты кангрэс, як прадстаўнік волі беларускага народу, назаўсёды адкінуў усе варожыя нам акты. Беларусь, як вольная дзяржава, народжаная ў Першай вайне, цяпер, у Другой вайне поўнасьцю дасьпела, каб стацца вольнай і незалежнай ды сама аб сабе станавіла. Ніякія старыя ні новыя дагаворы ня зломяць нашай станоўчай волі да самастанаўленьня!»
Пасьля выступу ген. Езавітава была мая чарга. Я прызнаў галоўны даклад М. Шкялёнка поўнасьцю правільным як у гістарычным разрэзе, так і для нашага часу. Я казаў:
«Скончыліся тыя часы, калі гаварылі аб нас бяз нас. Ніхто на сьвеце ня мае права выступаць ад імя беларускага народу ня спытаўшыся яго згоды. Беларускі народ, вуснамі прадстаўнікоў БНР, што прадаўжалі змаганьне за вызваленьне Беларусі, ня раз пратэставаў супроць Рыскага трактату ды бальшавіцкіх парадкаў у зняволенай Беларусі пад шыльдай БССР. Цяпер крывавая Масква й яе разбойнік Сталін, засеўшы ў Тэгеране зь міжнароднымі гандлярамі свабоды народаў Чэрчылем і паралітыкам Рузвэльтам, заганяюць у старую бальшавіцкую няволю наш беларускі народ, а яго тэрыторыю нанава рэжуць. Мы, прадстаўнікі народу, павінны рашуча асудзіць усе гэтыя варожыя пакты й трактаты, як антыбеларускія, што ня мелі й ня маюць ніякай праўнай сілы».
«Няхай жыве Вольная Беларусь!»
«Няхай жыве сувэрэнная воля беларускага народу!»
Заля гудзела ад воплескаў, апрабуючы ануляваньне ўсіх варожых дагавораў ды няпрызнаваньне ўсякіх новых намаганьняў нанава паняволіць беларускі народ.
Пасьля абедняга перапынку, на другім паседжаньні кангрэсу, А. Калубовіч, сябра БЦР, прачытаў даклад: «Аб канчатковым разрыве Беларусі з Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». Ён прааналізаваў усю фікцыйнасьць дзяржаўнасьці БССР, як чыста маскоўскі зман беларускага народу. БССР была толькі маскоўскаю, каляніяльнага тыпу, правінцыяй, у якой беларускі народ ня меў самастойнага голасу, дзе адбываўся жорсткі глум над беларускай мовай, культурай, царквой, гаспадаркай і жыхарствам – сялянамі, работнікамі й інтэлігенцыяй.
У дыскусіі над дакладам выступала колькі прамоўцаў. Усе яны падкрэсьлівалі, што Масква за 26 гадоў свайго панаваньня нічога пазытыўнага не зрабіла для беларускага народу, адно давяла да жабрацкай долі, а цяпер сваімі бандамі спрабуе й зусім зьнішчыць наш народ. Дык ня можа быць ніякай гутаркі аб прызнаваньні ейных разбойніцкіх парадкаў ды ейных законаў.
Былі галасы й супраць пануючага стану. Так, дэлегат зь Лідчыны, Анішчык-Чэмер, казаў:
«Тады, калі беларускі народ мабілізуе ўсе свае сілы на змаганьне з бальшавізмам, польскія бандыты ў Лідчыне й чорнасоценная расейшчына ў Наваградчыне, убіваюць нож у плечы нашага народу. У Лідзкай акрузе Палякі забіваюць бяскарна лепшыя сілы беларускай інтэлігенцыі, вырэзваюць цэлыя беларускія вёскі. А што робіць у Наваградчыне, у Дзятлаве, чорнасоценная РОА, ды іншыя расейскія злучэньні, найлепш скажа прысутны тут Васіль Рагуля. Мы хочам змагацца з бальшавізмам, але мусім мець забясьпечаныя тылы. Прашу кангрэс зьвярнуцца да прэзыдэнта БЦР, каб паслаў у Лідчыну беларускія батальёны і зрабіў канец зьдзекам над беларускім жыхарствам!»
«Чаму гэта цяпер БЦР, як прадстаўніцы Беларусі, не падлягае ЎСЯ БЕЛАРУСЬ, так Заходняя, як Усходняя й Паўночная? Дакуль будуць нас увесь час дзяліць?! Кангрэс мусіць падаць станоўчы голас, каб уся этнічная Беларусь была зьяднаная ў адну непадзельную дзяржаву!»
На канцы зьезду былі прынятыя рэзалюцыі аб непрызнаньні ўсякіх шкодных дагавораў, законаў, міжнародных пактаў, а таксама маскоўскай марыянеткі БССР. Адначасна для БЦР надавалася права рэпрэзэнтацыі інтарэсаў беларускага народу ды абароны краю на час вайны.



![Книга Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] автора авторов Коллектив](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-byc-abo-nya-byc-syaredneerapeycam-suchasnae-polskae-myslenne-274390.jpg)




