Текст книги "Пад знакам Пагоні"
Автор книги: Язэп Малецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 16 страниц)
ГУТАРКА З АЙЗІКАМ КУЧАРАМ
У сакавіку 1941 году, разам зь іншымі культурнымі дзеячамі БССР, Вільню наведаў і літаратурны крытык Алесь Айзік Кучар. Зьявіўся ён насамперш у Беларускі Музэй да Марыяна Пяцюкевіча, які тады быў дырэктарам музэю, ды выказаў жаданьне сустрэцца зь беларускімі дзеячамі. Сустрэча адбылася ў маім памяшканьні, на Кальварыйскай вуліцы. Былі прысутныя, апрача Кучара ды мяне, М. Пяцюкевіч, Ул. Казлоўскі, Ч. Будзька. Гутарка праходзіла ў атмасфэры шчырай, бяседнай.
Найперш мы хвалілі Кучара за ягоную стройную беларускую мову ды за працу на беларускай ніве, раўнуючы яго да Зьмітрака Бядулі. Я пры гэтым сказаў:
– Вы хоць і жыдоўскага паходжаньня, але добра заслужыліся для нас Беларусаў. Таму асаблівую чарку вып'ем за вашае здароўе!
Кучар не разгубіўся, падзякаваў, ды з свайго боку хваліў заходніх Беларусаў за тое, што вытрывалі польскую акупацыю. Годныя ўвагі былі словы Кучара па адрасу прысутнага Ў. Казлоўскага (Казлоўшчыка). Сваю характарыстыку гэтага паэты-пісьменьніка Кучар пачаў даволі дасьціпна.
– Мы ў БССР пра Казлоўшчыка думалі як пра нейкага амэрыканскага каўбоя, што абвешаны разбойнымі нажамі ды наганамі. А тут – вельмі сымпатычны чалавек. Мы крыху знаем вашую творчасьць, яна даволі арыгінальная й цікавая, народная.
Казлоўшчык пасьля гэтага чытаў свае паэтычныя, патрыятычнае тэматыкі, творы. Гэта яшчэ больш раззброіла бальшавіцкую настарожанасьць Кучара. Кучар тады зьвярнуўся да Казлоўшчыка з пытаньнем, ці гэта ён быў аўтарам 12-ці антыжыдоўскіх пунктаў, якія былі надрукаваныя ў нацыянал-сацыялістычным часопісе «Новы шлях»?
Казлоўшчык меў адвагу прызнацца:
– Так, гэта я, мая памылка.
– Ну й трэба-ж было табе, такому сымпатычнаму чалавеку, пісаць такое бязглузьдзе!
– Гэта быў «дух часу», які так падзеіў на Казлоўшчыка, – падхапіў я, – бо-ж у БССР тады ішоў глум над беларускім вызвольным рухам…
Кучар супакоіўся ды павярнуў гутарку на тое, каб Казлоўшчык уключыўся цяпер у савецкую рэчаіснасьць, гэта значыць, каб стаў пісаць у бальшавіцкім духу.
Каб адвярнуць увагу Кучара ад Казлоўшчыка, каб ён яго ня трывожыў, у гутарку ізноў умяшаўся я.
– Скажаце, калі ласка, як гэта сталася, што вы ня выратавалі Дубоўкі, Пушчы, Кляшторнага, Ігнатоўскага ды іншых ад арыштаў і загубы? Як Беларусы пасьля гэтага ўсяго маглі ставіцца да бальшавікоў?
– Ну, ведаеце, – зьбянтэжана адказаў Кучар, – кожная ўлада ёсьць улада і яе трэба слухаць. Гэтыя пісьменьнікі проста пайшлі насупраць савецкае ўлады, якая ім дала ўсё. Вазьміце такога Кляштарнага – дэкадэнт, п'яніца. Ён публічна з канарэйкай высьмейваў савецкую ўладу. «Здохла канарка ў клетцы», казаў ён. А што іншыя пісалі? Дык што можна было зрабіць у гэткіх умовах?
Тут я яму кінуў пытаньне:
– А як гэта давялі Янку Купалу да гаракіры?
– Ведаеце, – адказаў Кучар, – ён буйны паэта, ён успрымае ўсё пачуцьцямі, быў усхваляваны. Тут не павінная ўлада, якая дала пісьменьнікам і паэтам найідэальнейшыя магчымасьці, сарганізавала адумысны дом для беларускіх пісьменьнікаў, дзе поўна выпіўкі, закускі, дзе палюдзку можна правесьці час, пагутарыць, дыспутаваць на розныя тэмы. Дык ці-ж яны карысталіся гэтым дабрадзействам? Яны хаваліся ў глухія куткі, у падзямельле, дзе іх гутарак ніхто іншы ня мог-бы пачуць. Ці-ж савецкая ўлада аб гэтым ня ведала? Ці яна магла талераваць гэта?
Як пасьля на эміграцыі апісаў Мікола Куліковіч, удзельнік тагачасных падзеяў у БССР, толькі ў падзямельлі была тады патрыётам магчымасьць выказацца, што яны папраўдзе думалі.
Вычувалася, што Кучар баіцца гаварыць шчыра, што ён толькі манэўруе, як вёрткі жанглёр. Усьведамляў ён і сам, што далейшая гутарка з намі бязмэтная, непажаданая, і ён яе спыніў, запрасіўшы нас на летувіскі балет, што тады выконваў у тэатры на Пагулянцы «Аўгена Анегіна».
Хутка мы былі ў лёжы тэатру. Аркестра іграла, нямыя фігуры на сцэне выкручваліся ўва ўсе бакі. Прыкрае ўражаньне рабіў танцор у ролі старога генэрала, што няўклюдна круціўся ля Тацяны. Казлоўшчык ня мог больш глядзець на прымітывізм выкананьня, сказаў, што дрэнна чуецца, ды пакінуў тэатр. Мы дасядзелі да канца ды адвялі Айзіка да гатэлю «Жорж».
ДРУГІ ПРЫХОД БАЛЬШАВІКОЎ ДА ВІЛЬНІ
Жамойцкая пацеха Вільняю доўга ня трывала. 15 чэрвеня 1940 году збройныя сілы бальшавіцкае Масквы хлынулі на Прыбалтыку. За 24 гадзіны ўся Летува была ўжо савецкай. Супраціў Лацьвіі прадоўжыў яе існаваньне на два толькі дні. Ранейшая жамойцкая пагаворка «Вільнюс мусу – Летува Русу» – сталася запраўднасьцяй.
Перад прыходам у Вільню бальшавікоў, прэса падавала весткі аб нарастаючых падрыхтоўках Масквы да захопу Прыбалтыкі. Рабіліся бальшавіцкія правакацыі, пісаліся «пратэсты» й пагрозы. Атмасфэра была, як у катле. Хто толькі адчуваў небясьпеку для свайго жыцьця ад бальшавікоў, стараўся ўцякаць – у Скандынавію, Прусію, у акупаваную Немцамі Польшчу. Асабліва шмат Жамойцаў і Беларусаў пераходзіла ў Генэральную Губэрню.
Яшчэ напачатку чэрвеня 1940 году адвакат Мікалай Шкялёнак езьдзіў да Коўні ў нямецкі кансулят, дзе прадставіў сьпісак Беларусаў, што знамераныя былі ўцякаць зь Вільні перад бальшавіцкай небясьпекай. Нямецкі консуль згадзіўся прапусьціць праз граніцу ў Нямеччыну асобаў, што былі пададзеныя на сьпіску. Ды ў часе небясьпекі, калі бальшавікі займалі Жамойць, да гэтае групы ўцекачоў далучыліся й іншыя Беларусы, якіх на сьпіску ня было. Іх нямецкая пагранічная ахова павярнула назад. Сярод іх быў і ведамы беларускі драматург Франьцішак Аляхновіч.
Ужо 17.6.1940 быў створаны бальшавіцкі ўрад Летувіскай ССР з Караімам Палецкісам на чале. Вільня заставалася надалей вонках Беларускай ССР, ды так-і-так і тут панавала цяпер Масква. Колькі першых месяцаў бальшавікі сядзелі ў Вільні прыцішана. Хапалі толькі вялікіх шышак: пракурораў, судзьдзяў, міністраў, кіраўнікоў буйных арганізацыяў і прадпрыемстваў. Сярод іх быў і бурмістр Вільні Сташыс. Хадзілі чуткі, што падрыхтоўваюцца масавыя сьпіскі на вываз.
У месьце наводзіліся савецкія парадкі. Праз колькі тыдняў усе крамы былі пустыя. Перад пякарнямі, малачарнямі і яткамі стаялі бясконцыя чэргі. Напоўгалоднае жыхарства было нэрвовае, прыробленае, абдзёртае. На вуліцах прапала даўнейшая элеганцыя. Людзі недзе беглі, тоўпіліся, зьнікалі пры захадзе сонца з вуліц. Усе прадчувалі нарастаючы кашмар.
Жамойцкія нацыяналісты страту самастойнасьці хацелі ратаваць сталінскай палітурай. Пад яе шуміху яны далей жамойдзілі Вільню, апанавалі ўнівэрсытэт, камсамол, паліцыю, залезьлі ў НКВД. Сваю адданасьць лютай бальшавіцкай сталінскай дыктатуры яны дэманстравалі пры ўсякіх нагодах, асабліва на кастрычніцкіх ды першамайскіх сьвяткаваньнях, калі танцавалі на вуліцах.
Сярод беларускага грамадзтва места наступіла зацішша. Трэба было выдатнейшым дзеячам шукаць выхаду ў вабліччы жамойцкага наступу. Адзінымі беларускімі ўстановамі ў Вільні цяпер былі: Беларуская Гімназія, Беларускі Музэй, ды пры прафсаюзным Доме Культуры існаваў Беларускі Аддзел, што раней быў пры жамойцкай управе Культуры. Галоўнымі рэпрэзэнтантамі беларускай культуры ў гэтым аддзеле былі хоры: П. Родзевіча, Мацьвійца з Траецкага Сабору, ды жаночы квартэт пад кіраўніцтвам В. Фёдаравай. Вось гэтыя хоры ў Вільні, хор-жа Рыгора Шырмы ў іншых акругах Заходняй Беларусі, фактычна рэпрэзэнтавалі й дэманстравалі беларускую вакальную культуру на землях Заходняй Беларусі.
Меркаваньні пра канчатковы вынік вайны сярод Беларусаў былі розныя. Адны спадзяваліся, што выйграюць дзяржавы Восі, іншыя, што Антанта з Амэрыкай. Амаль ніхто ня верыў, што савецкая Расея.
Бальшавікі тымчасам сваю ўладу ў Вільні замацавалі. Турмы былі запоўненыя зьняволенымі. Тавары з крамаў прапалі. А за гэтым прыйшла даражыня. Чорны гандаль шалеў. Людзі перасталі быць у гутарках адкрытымі й з сваімі знаёмымі, бо бальшавікі ўсюды насаджвалі агентаў. Па памяшканьнях хадзіла процьма наведвальнікаў: адны мерылі жыльлёвую плошчу, каб каго-небудзь усяліць, другія шацавалі падатак, іншыя шукалі беспрацоўных, яшчэ іншыя кантралявалі электрыку. Жыльлёвая плошча была зьведзеная да 4 кв. м. на галаву, харчовы недастатак стаўся катастрафічным.
У сваёй эканамічнай адсталасьці бальшавікі ніяк не маглі наладзіць забясьпечаньня жыхароў патрэбнымі прадуктамі й таварамі, а ў сваёй прапагандзе адначасна ўвесь час трубілі, быццам яны разьвязалі гаспадарчую праблему. Дзеля гэтага былі супроць харчовай рэглемэнтацыі. Для пануючай партыйнай клікі былі створаныя адумысныя крамы з таварамі па паніжаных цэнах ды па партыйным разьмеркавальніку. Усё-ж іншае жыхарства ўважалася за няважнае. Яно забясьпечвалася як нявольнікі, каб толькі ня вымерла.
Вільня з жыхарствам 240 000 за два гады вырасла ў места зь лікам жыхароў 340 000, ня лічачы дзясяткаў тысячаў зьняволеных па турмах. Усе памяшканьні былі перапоўненыя. Усе працавалі намінальна 8 гадзінаў, плату-ж даставалі мізэрную, каб можна было справіцца з патрэбамі сям'і. Адпачынку ніколі ня было, бо ўвесь час зганялі людзей на мітынгі, сходы, курсы, дзе, як правіла, выступалі агітатары (у бальшыні жыдоўскага паходжаньня), якія славілі бальшавіцкую сыстэму як збаўленьне для ўсіх народаў.
Часта на гэткія сходы ці мітынгі агітатар прыходзіў з падрыхтаванай рэзалюцыяй, якую пры канцы прачытваў ды пытаўся: «Ну, хто супроць?» Кожнаму было ясна, што настаўлялася пастка. Таму людзі маўчалі, або той ці іншы цынічна яшчэ падгукваў у чэсьць Сталіна ды камуністычнае хэўры. Што-ж ім было рабіць іншае?
АБАРОНА НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ПРАВОЎ
Змаганьне за нацыянальныя правы ў Вільні пры новай уладзе адбывалася даволі заўзята. Кожная нацыянальнасьць намагалася здабыць сабе больш пазіцыяў. Урэшце была прынятая рэзалюцыя, што на выяўленьне сваіх нацыянальных асаблівасьцяў маюць права пяць нацыянальнасцяў: Беларусы, Палякі, Жыды, Расейцы ды Жамойцы.
Беларусы стараліся выкарыстаць усе магчымасьці, што вынікалі з гэтае пастановы. Ды ў гэтым нялёгка было дайсьці да нейкага паразуменьня зь летувіскімі шавіністамі ды маскоўскімі нацыянал-камуністамі. Трэба прызнаць, што за правы Беларусаў душой стаялі заўсёды выхадцы з Польшчы, ведамыя яшчэ пры польскай уладзе віленскія «лявіцоўцы» – Ендрыхоўскі, Дэмбінскі, Друтас, Жэромская й Дзявіцкая.
У выніку гэтых ходаньняў М. Пяцюкевіч, Багушэўскі й я перанялі беларускую сэкцыю радыя (60 хвілінаў на дзень). Любіч-Маеўскі, а. Коўш і Войцік занялі пасады ў адміністрацыі. На хвалу Любіч-Маеўскага выпала правесьці школьны плебісцыт у Вільні. Паводле гэтага плебісцыту вынікала, што:
– польскіх школаў жадае 50%
– расейскіх 20%
– беларускіх 12%
– жыдоўскіх 10%
– летувіскіх 8%
Гэта быў цікавы плебісцыт, за які ягонаму ініцыятару давялося пры Немцах, праз варожую правакацыю, прыплаціць жыцьцём. Папраўдзе, вынікі плебісцыту ня былі аб'ектыўнаю выяваю нацыянальных дачыненьняў у Вільні, але больш паказнікам тагачасных у месьце настрояў. Усё-ж вынікала, што ў другой палове 1940 году летувіская сіла лікам вырасла да 8 %, ці была на 6 % большаю, як у годзе 1939. Гэта паказвала, што Жамойцы за гэты час навязьлі ў места 6 % жыхарства.
Не малую ролю адыгрываў у эканамічных справах Вільні сьвятар Коўш, як галоўны рахункавод цэнтральнага Віленскага банку. За гэта пазьней яму давялося, па даносах летувіскіх агентаў, загінуць ад Немцаў.
Выкарыстоўваючы тагачасныя магчымасьці ў віленскім радыё мы, ці бо вышэй названыя асобы, перадавалі ня толькі бягучыя матэрыялы, але М. Пяцюкевіч чытаў лекцыі зь беларускай этнаграфіі, я-ж прачытаў Багушэвічаву «Дудку» й «Смык» ды цімала твораў Янкі Купалы.
Гэта, ведама, ня было да спадобы Маскве. Дзеля гэтага быў дадзены загад абмежаваць беларускую праграму. Мы пастанавілі бараніцца. Ня тыя дэлегацыі хадзілі ад адной савецкай установы да другой, а таксама да жамойцкіх урадаў. Ніхто нічога пэўнага не адказваў. Урэшце наш сябра Багушэўскі нейк зьвязаўся з маскоўскім палітруком, які кіраваў справамі культуры места Вільні. Між імі адбылася гэткая гутарка:
Багушэўскі:
– Дазвольце, таварышч, прадставіцца – сатруднік беларускага сектара Радыё Вільно.
Маскаль:
– Слушаю!
Багушэўскі:
– Таварышч! Камуністычная ўлада прынесла вызваленьне ўсім працоўным, у гэтым ліку й Беларусам. Навокала кіпіць і ўзьнімаецца культурнае жыцьцё, тымчасам Беларусам абмежаваны час у радыё да 15 хвілінаў у дзень. Чаму беларускія работнікі ня могуць мець роўнага права зь іншымі?
Маскаль:
– Кто вас прыслал да меня?
Багушэўскі:
– Я сатруднік радыя, ізбран рабочымі…
Маскаль:
– Ты панімаеш па рускі?
Багушэўскі:
– Панімаю, я вучыўся…
Маскаль:
– То ступай домой і седі спокойно… Нечево здесь морочіть голову!
Было ўсё ясна кожнаму. Расейскія перадачы з Масквы павялічыліся ў віленскім радыё непамерна. Якое магло быць раўнаньне беларускіх працоўных да расейскіх, мужыка да пана?
Звужалі таксама беларускае школьніцтва, не зважаючы на намаганьні Караля, Тышкевіча й Анцукевіча. Расейскае-ж школьніцтва ўвесь час разбудоўвалася.
У гэткіх умовах Беларусам трэба было пранікаць усюды, дзе толькі было магчыма, каб бараніць нацыянальныя інтарэсы беларускага жыхарства Вільні. Дзеля гэтага таго ці іншага Беларуса, які быццам супрацоўнічаў з бальшавікамі, нельга вінаваціць у калябарацыі. Даводзілася-ж выдзіраць ад бальшавікоў сама элемэнтарныя, здавалася-б, правы беларускага жыхара места. І трэба сказаць, што ў вельмі цяжкіх умовах віленская інтэлігенцыя няблага тады справілася з свайго гістарычнага заданьня.
Падобна як у Вільні, бальшавіцка-расейская ўлада трактавала Беларусаў ды іхныя нацыянальныя патрэбы й на іншых новазанятых ёю беларускіх землях. Добрую інфармацыю мне пра гэта прыслаў мой сябра А. С., што жыве цяпер у Аўстраліі. Падаю тут яе даслоўна:
«Цябе цікавіць, як аднеслася беларуская інтэлігенцыя да савецкай улады ў 1939 годзе? Пастараюся адказаць у кароткіх словах.
Прыход чырвонай арміі 17 верасьня 1939 году быў для беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі наагул нечаканы. Ніхто не спадзяваўся, што польскія мілітарыстыя й палітыкі, якія хлёстка стукалі абцасамі ды вёрстка вымахівалі “шабэлькай”, так хуценька разьбягуцца, быццам пацукі, перад бальшавікамі, тымбольш, што шмат якія памяталі падзеі дваццатых гадоў.
Беларуская інтэлігенцыя таксама ня была падрыхтаваная. То-ж ведама, што ўся яна была ў той ці іншы спосаб прасьледваная польскай бясьпекай, заганяная ў кацэт у Бярозе Картускай, у турмы. Асабліва перад самай вайной 1939 году вялікі быў наскок польскай адміністрацыі на зласнейшых, і яны былі ізаляваныя.
Крах польскай дзяржавы ў жорнах гітлероўска-бальшавіцкай змовы быў маланкавы, ня было часу на роздум, сустрэчы, падрыхтоўку. Шмат інтэлігенцыі апынулася ў нямецкім палоне, як жаўнеры й афіцэры польскае арміі, іншыя гуртаваліся ў Беларускіх Камітэтах у Польшчы пад нямецкай акупацыяй, у Бэрліне. У Заходняй Беларусі, далучанае да БССР, ацалелыя зь беларускай інтэлігенцыі ўключыліся ў супрацоўніцтва з бальшавіцкімі ўладамі з думкай разгарнуць працу хаця-б у беларускім школьніцтве.
Савецкая ўлада ў Заходняй Беларусі фактычна ня мела на кім аперціся. Яна арыштоўвала й вывозіла ўсякі элемэнт, які супрацоўнічаў з польскімі ўладамі. Ня мела яна таксама даверу да беларускіх грамадаўцаў і сяброў КПЗБ, бо з загаду Сталіна ў 1938 годзе Камуністычная Партыя Польшчы й Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі былі разьвязаныя, як выйшаўшыя з-пад маскоўскай кантролі, ды яе сябры ўзятыя на чорны сьпісак, як людзі, што падлягаюць сьледзтву савецкіх ворганаў, як “ворагі народу”. Некаторыя маласьвядомыя беларускія камуністы з КПЗБ, што думалі цяпер прыпадабацца Маскве, ды паклікаліся на сваё сяброўства ў падпольных бальшавіцкіх арганізацыях Заходняе Беларусі, былі арыштаваныя ды сваю кар'еру скончылі ў Салоўках, на Калыме, ці ў іншых месцах зьняволеньня.
Вось чаму бальшавікі сталі выкарыстоўваць беларускую інтэлігенцыю чыста нацыянальных паглядаў, асабліва ў школьніцтве, дзе ім не хапала сваіх людзей. Менск прыслаў толькі сваіх “культуртрэгераў”, кіраўнікоў вышэйшай школьнай адміністрацыі.
Для прыкладу ўспомню абласны сход настаўнікаў у Наваградку ў лістападзе 1939 году пад кіраўніцтвам гэткага “культуртрэгера”, школьнага інспэктара Гутарцовай.
Сход адкрыў першы абласны сакратар партыі Рамашкоў, які на расейскай мове трубадурыў пра магутнасьць чырвонай арміі, якая нас “асвабадзіла”. Мову сваю партыйны шэйк скончыў славаслоўем у чэсьць чырвонае арміі й Сталіна. Потым прамаўлялі іншыя партыйныя тузы, давалі слова мясцовым Беларусам на “падзяку” за вызваленьне. Урэшце выпусьцілі на трыбуну Гутарцову, што мела гаварыць аб школьніцтве. Але й яна доўга малола аб савецкай уладзе й канстытуцыі, аб “радасным і культурным” жыцьці ў Саветах. А калі стомленыя слухачы пачалі крычаць “бліжэй да тэмы”, яна прапусьціла колькі бачын свае пісаніны ды пачала чытаць пра школьніцтва ў такіх-жа напытаных і безьзьмястоўных словах, як і аб прыходзе савецкай улады.
Каб змусіць Гутарцову пакінуць бальшавіцкія тырады ў расейскай мове, заля пачала грымець: “Гаварэце пабеларуску! Пабеларуску!” Тады Гутарцова сьціхла. Вытварылася канстэрнацыя. Змоўкла й заля. Бальшавіцкія тузы ня мелі аргумэнтаў на гэткі супраціў настаўніцкай масы. Дык падняўся першы сакратар партыі ды стаў шаптацца з Гутарцовай і сябрамі прэзыдыі. Пасьля гэтага Гутарцова ўжо наляту перакладала сваю чытань у беларускую мову.
Але якая там была беларуская мова! Мы чулі нейкі расейска-беларускі жаргон, якога нават цяжка прыдумаць. Заля паўгалосна хіхікала, як Гутарцова пыкала, кашляла, шукала слоў. І каб перадаць расейскі зьмест свае пісаніны, як наагул губляла ўсякі зьмест. Яна чырванела й бляднела, губы зрасьліся, і відаць было, як каплі халоднага поту сьцякалі па яе немаладым твары.
Тады партыйны туз, ратуючы цяжкую сытуацыю, абвясьціў перапынак. Ёй быў патрэбны саветчыкам выклікаць ворганы бясьпекі, якія зараз-жа зьявіліся. Агенты ў цывільнай вопратцы зьмяшаліся з настаўніцкай масай, а на вуліцы стаялі энкавэдзіскія аўты з рэзэрвамі.
Пасьля перапынку Гутарцова ізноў зьявілася за трыбунай. Яна цяпер сказала, што будзе прадаўжаць свой даклад парасейску, бо тут яе хіба ўсе разумеюць, а ёй самой лягчэй гаварыць парасейску. Сэнатар Рагуля зморшчыўся, галава Чатыркі бязвольна апала ўніз, іншыя з цынічнымі мінамі глядзелі што будзе далей.
Хутка заля парвала наагул усякі кантакт з Гутарцовай. Настаўнікі глядзелі ў вокны, перашэптваліся між сабой. Заўважыла гэта й Гутарцова, дык даволі хутка скончыла свой даклад. Там-сям нехта пляскаў у далоні (магчыма агенты), а маса прыгнобленая пачала разыходзіцца. Усе зразумелі, што пад маскай камунізму прыйшоў маскоўскі шавінізм, які глуміў Беларусь перад рэвалюцыяй, пры царох. Нехта разьвітваючыся з сваім сябрам, трапна сказаў: “Адзін акупант заняў месца другога!”»
МАСАВЫЯ ДЭПАРТАЦЫІ
У красавіку й траўні 1941 году вычувалася ўжо палітычнае напружаньне. Бясконцыя савецкія эшалоны з войскам і ваеннымі матэрыяламі ішлі на захад. Шосы й вуліцы местаў ламаліся пад савецкімі танкамі. Лёнданскае «БіБіСі» радыё трубіла, што трэба спадзявацца нямецкай атакі на Расею недзе каля 20 чэрвеня. Весткі гэтыя падмацоўваліся бальшавіцкімі масавымі арыштамі жыхарства ды вывазам яго ўглыбкі Расеі ці на Сібір. Акцыя гэтая пачалася 18 чэрвеня 1941 году й трывала аж да нямецкай атакі на СССР 22 чэрвеня.
Апавядалі пазьней ахвяры бальшавіцкага тэрору, што шмат якія цягнікі з арыштаванымі былі атакаваныя нямецкім лётніцтвам, у выніку чаго шмат людзей пагінула. Іншыя масава гінулі ад нялюдзкіх умоваў транспарту, без вады й ежы цэлымі днямі. Трупы памерлых выкідалі праз вокны вагонаў.
Каб лепш уявіць усе жудасьці, якія перажывалі дэпартаваныя тады масава зь земляў Беларусі нявінныя людзі, сем'і зь дзецьмі, жанчынамі й старымі, дазволю прывесьці тут ліст майго сябры Вацлава М., сына 12-ці гэктаровага селяніна, сям'я якога складалася зь 7 душ. Цяпер ён жыве ў Аргентыне, а тады перажыў усе жудасьці бальшавіцкага вывазу.
«Дарагі Сябра Язэп!
Буэнос Айрэс, 20.1.53
Перапрашаю за адвалоку з адказам, бо гарачыня 37,5 градусаў адымала ахвоту да пісаньня. Пастараюся адказаць на Твае пытаньні, наколькі дазволіць мая памяць. Пачну храналягічна ад падарожжа, у якіх транспартных умовах нам прыйшлося ехаць у савецкі “рай”.
Пагрузілі нас у Мерах у быдлячыя вагоны, з малым, моцна закратаным акенцам пад самай стольлю. Дзьверы энкавудзістыя зачынілі на ключ, адчынялі на даўжэйшых перапынках, а тады ўвесь транспарт быў абстаўлены кулямётамі, дык усякія ўцёкі былі немагчымыя. Кожны вагон меў два рады нараў, на якіх магло зьмясьціцца 45 чалавек. Дык мы з сваімі рэчамі сьціснутыя былі даслоўна, як селядцы ў бочцы. Пасярэдзіне вагону ў падлозе была невялікая дзіра для адправы натуральных патрэбаў. Першы дзень сорам стрымліваў нас ад карыстаньня ёю. Пазьней кожны зразумеў, што тут ня гульня, а змаганьне за жыцьцё. Гэтак старыя ці маладыя, жанчыны ці дзяўчаты, зьбянтэжана, прыкрываючыся дываном, аддавалі патрэбы натуры…
У часе падарожжа – 18 сутак – далі нам толькі тры разы па місцы зупы. Няшчасныя людзі ратаваліся тым, што змаглі з сабой захапіць, дзелячыся зь іншымі, што й гэтага ня мелі. Тут шмат залежыла ад чалавечнасьці агентаў НКВД: больш людзкія дазвалялі ўзяць з сабой больш харчоў, менш людзкія выстаўлялі ахвяраў на зьдзек сьмерці.
На нас бальшавіцкі хапун напаў а 1-й гадзіне ноччу. Мужчын у бялізьне абшукалі ды паставілі ў куце, а жанчынам загадалі спакавацца за 30 мінут у дарогу. Жанчыны, як жанчыны, настолькі былі перапалоханыя, што заміж браць больш вартасныя рэчы, грузілі вёдры, гаршкі, скавароды ды іншыя рэчы, непатрэбныя ў надзвычайных умовах. Я, стоячы ў куце з узьнятымі рукамі, зьвярнуў увагу жанчынам, што маюць браць, і затое быў прадметам наскоку стражніка, які фізычна гразіў мне расправай. А тымчасам 12 чалавек НКВД глумілі нашу хату: забіралі вартасныя рэчы – гадзіньнік, бранзалеты, лепшую вопратку, а таксама лісты, фатаграфіі, ламалі тынк, падлогу…
У гэткіх умовах прыйшлося нам, нешчасьліўцам, пакідаць сваю Бацькаўшчыну. Толькі ў Мерах, у такіх самых закратаных вагонах, мы сустрэлі сваякоў з булкамі хлеба. Можна было толькі скібамі перадаваць парэзаны хлеб у наш вагон. Брат Віктар (студэнт філязофіі), быў у асобным вагоне, што быў адчэплены ў Глыбокім.
Цягнік, пакуль дабрыў да польска-савецкай граніцы ў Загацьце стаяў на кожнай станцыі ды падбіраў вагоны з зьняволенымі. У Полацку, 20.6.41, я заўважыў ненармальны рух войска й танкаў, што наводзіла ў мяне думкі аб хуткай вайне…
Толькі далёка на расейскай тэрыторыі наш эшалон з 120 таварных вагонаў часьцей спыняўся, і тады выпускалі людзей з вагонаў дзеля натуральных патрэбаў ды набраньня вады. Была ў адным вагоне савецкая крамка, дзе можна было купіць чорны хлеб і соленую рыбу.
У нашым вагоне былі людзі з Браслаўшчыны, Постаўшчыны й Дзісеншчыны. Тут была местачковая інтэлігенцыя, сяляне, крамнікі, рамесьнікі, работнікі. Цяжка было зразумець, гледзячы на гэтую шэрую няшчасную масу, у чым бальшавікі бачылі небясьпеку для свайго панаваньня ад гэтых людзей. Людзі ў вагонах сьпявалі рэлігійныя песьні, галасілі, плакалі. На настоях было забаронена сьпяваць, каб не дэмаралізаваць жаўнераў, што ехалі на фронт. Ад набожных бабуляў энкавудзісты адбіралі маліцьвеньнікі, кантычкі, ражанцы…
І ўрэшце, пасьля цяжкіх мукаў і цярпеньняў, выгрузілі нас у горадзе Барнаул над ракой Об. Колькі тысячаў людзей было сагнана ў чатыры, яшчэ нявыканчаныя, баракі. Тут мы сядзелі й чакалі, пакуль пабудуюць больш баракаў. У міжчасе адбывалася перапіска людзей паводле паходжаньня, занятку, асьветы і г. д. Апытальнікі запаўнялі польскія жыдоўкі з Варшавы й Лодзі, што ўцяклі ў Саветы ў 1939 годзе, калі Немцы занялі Польшчу. НКВД мантавала шпіянаж сярод зьняволеных, сочачы настроі. Аднойчы ўночы аддзел НКВД акружыў наш барак ды зрабіў труску прывезеных рэчаў: забіралі ўсё “небясьпечнае” для савецкай улады – гадзіньнікі, машыны да шыцьця, двуколкі, залатыя рэчы… Тут ужо даслоўна зьвялі ўсіх да жабракоў. Ад цяпер кожны пачынаў “шчасьлівае жыцьцё пад сонцам сталінскае канстытуцыі”!
Хутка нас перасялілі ў пасёлкі, што называліся “ісправіцельнымі трудовымі калоніямі”, якія складаліся з колькіх дзясяткаў баракаў. У загарадзь 5x5 мэтраў садзілі 25 чалавек. Добра, калі ў такім пакоі пасялілі 3–4 вялікія сем'і. Але пераважна людзі былі недабраныя, рознага веку, зь дзяцьмі. У гэткіх умовах нельга было нат адпачыць пасьля працы. Страву трэба было варыць самому, але ў бараку на 400 чалавек была толькі адна кухня зь 10 топкамі. Каб зварыць страву, кралі дровы дзе толькі было магчыма: разьбіралі кладоўкі, выходкі, сушылі быдлячы кал.
Ня было й дастаткова вады. У сібірскія маразы ваду давозілі бочкамі за З км. Людзі тапілі сьнег. У гэткіх умовах бруд і вошы сталіся паўсюднымі. У першых тыднях кожны спаў на сваіх лахах. Хутка кожны стаў рабіць сабе гняздо, адгараджваючыся ад суседзяў мяшкамі, посьцілкамі. Гэткім спосабам пакой у бараку стаўся падобным да асінага гнязда, дзе кожны сядзеў у сваёй клетцы.
А што вы думаеце аб сібірскай зіме? Мароз 40 градусаў Цэльсія, баракаў не агравалі. Кожны грэўся ў лахах свае бярлогі. У часе сьнежных бураў – 2 тыдні бяз спыну – не пабачыце прадмету на 2 мэтры. Няшчасны той, каго гэткая бура зловіць у дарозе!
Дзецям і старым былі выдадзеныя харчовыя карткі па 400 гр. хлеба ў суткі, працаздольным па 800 гр. Хто не працаваў, той не даставаў прыдзелу хлеба. Людзі ахвотна ішлі на будаўляную работу, дзе можна было дастаць 800 гр. хлеба, колькі рублёў ды прынесьці дрэва на апал. Жанчыны пераважна хадзілі па навакольных калгасах, жабравалі, выменьвалі, што толькі мелі, на малако ды іншыя харчы.
Палажэньне крыху паправілася год пазьней, калі польскаму эміграцыйнаму ўраду, пры падтрымцы Аліянтаў, удалося дабіцца амністыі для вывезеных грамадзянаў былое польскае дзяржавы. Тады далі людзям агародчыкі, дзе можна было вырасьціць агародніну. За працу, усёроўна прымусовую, плацілі як савецкім работнікам».








