Текст книги "Пад знакам Пагоні"
Автор книги: Язэп Малецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 16 страниц)
СТУКАЕМ У ДЗЬВЕРЫ ВАЛАДАРОЎ
Дзікі разгул польскіх шавіністых, скрытых пад шыльдай фольксдойчаў ды летувіскай паліцыі, што з скуры вылазіла, каб спадабацца Немцам, даваліся крывава ў знакі нашаму жыхарству ў Вільні й Віленшчыне. У выніку мы склалі нямецкім уладам адумысны мэмарыял. Гэбітскамісарыят Летувы знаходзіўся тады каля замкавай гары. Нашая дэлегацыя складалася зь пяці асобаў: др. С. Грынкевіч, др. Ф. Грышкевіч, а. А. Станкевіч, др. Я. Малецкі й 3. Коўш – сакратарка Камітэту.
Дэлегацыя прастаяла перад дзьвярыма камісарыяту тры з паловай гадзіны. Урэшце адчынілі нам дзьверы ды запрасілі ў сярэдзіну. Мы выказалі беларускія крыўды, перадалі мэмарыял. Нам абяцалі, што нашыя крыўды знойдуць справядлівае вырашэньне.
Не прайшло й месяца, як нам давялося складаць другую візыту камісару места Вільні, што рэзыдаваў пры вуліцы Міцкевіча. Прычына-ж гэтае візыты была гэткая: у сакавіку 1943 году ехалі да Сьвянцянаў заступнік камісара Вільні, гаспадарчы кіраўнік акругі, нейкі важны партыйны госьць з Бэрліну ды сакратарка гарадзкога камісарыяту. У сьвянцянскім лесе збройныя людзі затрымалі самаход, адабралі ад Немцаў аўтаматы й пісталеты, іх застрэлілі, сакратарцы-ж загадалі вяртацца пехатой да Вільні.
Немцы ў адказ загадалі выслаць для «пацыфікацыі» 100 CС-манаў і 300 Летувісаў, якія за адзін дзень перабілі 1200 жыхароў ды спалілі 7 вёсак. Летувісы ў злачынствах перавышалі нямецкіх нацыстаў. Яны бяз усякай літасьці стралялі людзей па хатах, на вуліцах, палілі іх большымі зборышчамі, жудасна зьдзекваліся над меншымі грамадамі.
Што мы маглі ў гэткім выпадку зрабіць для ратунку нашага народу? Дзеіць даводзілася вельмі асьцярожна. Нашая дэлегацыя ў складзе тым самым, што й раней, наведала гэбітскамісара места Вільні Вольфа[8]8
Вольфа Немцы расстралялі ў 1944 г. за гандаль аружжам.
[Закрыть]. Знаёмы нам галоўны сакратар прыняў нас вельмі ветліва, але каб дастацца да камісара, трэба было ізноў чакаць каля двух з паловай гадзінаў. Урэшце нас дапусьцілі да гэбітскамісара й я ўручыў яму наш мэмарыял. Ён хутка перабег вокам па галоўных пунктах:
1. Расстраляна 1200 Беларусаў зь 7 вёсак, як рэпрэсія за забойства трох узброеных Немцаў.
2. Беларускія сяляне, што палі ахвярамі, ня мелі ніякай зброі, былі заўсёды мірнымі жыхарамі пры ўсякай уладзе.
3. Трох Немцаў пала ад куляў варожых арганізаваных узброеных бандаў, што цягаюцца па тутэйшых лясох ды нападаюць на мірных сялян.
4. Перапалоханыя навокала сяляне бягуць да Беларускага Камітэту, шукаючы справядлівасьці, а мы самі ня ў сілах ім дапамагчы.
5. Калі будуць і ў далейшым тарнаваныя масавыя рэпрэсіі супроць нявінных людзей на бальшавіцкія правакацыі, дык сяляне будуць змушаныя шукаць аховы ня ў Немцаў, але ў савецкіх партызанаў.
6. Просім у імя справядлівасьці й супакою не праводзіць падобных акцыяў, а ў выпадку нямецкіх ахвяраў справядліва караць злачынцаў, ды нішчыць узброеныя банды, як польскія, так і савецкія, што трывожаць беларускае жыхарства.
Пад канец чытальня мэмарыялу гэбітскамісар пачаў нэрвова хадзіць па пакоі. Урэшце падыйшоў бліжэй да нас і сказаў:
– Сябры Беларускага Камітэту! Сталася нячуваная ў гісторыі рэч, бо на спакойных тылох, 1000 км ад фронту, пала трох маладых заслужаных Немцаў. Паводле загаду Фюрэра за кожнага паўшага на Усходзе Немца, павінна быць выбіта 100 тутэйшых людзей. У гэтым выпадку забіта больш, але гэта зрабілі Летувісы. Віноўнікі за гэткую самаволку будуць пацягненыя да адказнасьці. Ідзіце й скажыце сваім людзям, што акцыя скончаная і ўсе могуць працаваць спакойна.
Тут адазваўся кс. А. Станкевіч:
– Праўда, што мы жывём на тылох, але вайна не закончаная, лясы, дарогі, балоты не ачышчаныя ад розных валацугаў і бандытаў і ніхто ня можа ведаць, што непакараныя банды плянуюць на будучыню й дзе яны выкінуць новую правакацыю.
Немца зусім заткала прамова а. Адама Станкевіча. Ёй запэўніў, што супроць бандаў будуць прынятыя меры.
На гэтым нашая візыта ў гэбітскамісара скончылася. Высновы былі сумныя: бальшавікі з Палякамі будуць рабіць правакацыі, а Немцы зь Летувісамі будуць перабіваць беларускае жыхарства, паліць вёскі й хутары. Было пастаноўлена па вёсках і мястэчках арганізаваць Беларускую Самаахову. Аб становішчы беларускага жыхарства акругі Летува мы паведамілі праф. В. Іваноўскага ў Менску ды мгр. М. Шкялёнка ў Бэрліне.
Віленскі Камітэт раіўся цяпер таксама ад тых, што шукалі ратунку, хацелі вызваліць сваякоў з ваеннапалонных лягераў сьмерці. У іх ад голаду й пошасьці масава гінулі тыя нешчасьліўцы, што не хацелі бараніць крывавага Сталіна й ягонай няволі, ды кінуўшы зброю паддаліся ў палон, спадзяючыся лепшай будучыні. Заміж яе гіронія лёсу адкрыла ім вароты гітлероўскай сьмерці. Мы давалі ад імя Камітэту выяўленым у лягерах Беларусам пасьведчаньні з просьбай звальненьня, ручаліся за іх ляяльнасьць. І шмат было звольненых ды ўратаваных ад загубы.
Некаторыя прыходзілі ў Камітэт проста з палону, вынішчаныя дазваньня, бязь верхняй вопраткі, абутку. Трэба было арганізаваць ім вопратку, харчы, транспарт. Ды ці была магчымасьць выратаваць усіх палонных Беларусаў ад сьмерці? Ведама, не. У брацкіх магілах Віленшчыны, дзе толькі былі лягяры палонных, ляжыць 40–60 тысячаў савецкіх жаўнераў, а між імі шмат Беларусаў. У Беразьвечы палонныя тры разы ўцякалі цераз калючыя драты й кулямётныя заставы. Іх секлі кулямётным шквалам, лавілі сабакамі. Шмат аднак уцякло ў лясы, дзе стварылі першыя партызанскія аддзелы.
Найбольш аднак палонных загінула ад голаду й тыфу. Немцы зусім сьвядома марылі палонных голадам, каб міліённыя масы загубіць ды гэтак працерабіць сабе ўсходнюю прастору, «лебэнсраўм», для будучай нямецкай калянізацыі. Др. А. Шчэрба, кіраўнік шпіталя для ваеннапалонных у Новай Балейцы, апавядаў мне, што немагчыма было глядзець, як у шпіталі палонныя мруць з голаду. Ён ня мог ім рабіць ніякай апэрацыі, бо нічога не гаілася.
Усякая дапамога палонным харчамі была забароненая. Калі на Вялікдзень 1942 году сьвятар у Глыбокім сабраў сьвяточныя падаркі ежай для палонных мясцовага лягеру, нямецкая адміністрацыя лягеру не дазволіла перадаць іх палонным. У гэтай справе мы пісалі шмат мэмарыялаў акупацыйным уладам у Рыгу, Вільню, Бэрлін, але ад іх ніколі ня было ніякай палёгкі для няшчасных палонных. Толькі ў канцы 1942 году Немцы дазволілі Беларусам падбіраць сваіх суродзічаў у лягерох палонных на службу ў прапагандзе, транспарце, паліцыі, адміністрацыі, у ваенных адзінках.
ШУКАЕМ «ЛІТОЎЦАЎ»
У палавіне чэрвеня 1942 году я атрымаў у Беларускім Камітэце ліст з канцылярыі «Остаянд» ў Рызе, у якім пісалася, што нямецкія ўлады хочуць на месцы, у Вільні й яе ваколіцах, пазнаёміцца з жыхарствам. Колькі дзён пасьля пад Камітэт пад'ехала нямецкае аўта з прадстаўнікамі «Остаянду». Гэта былі – Немец з Рыгі фон Баўмгартэль у асысьце заступніка віленскага гэбітскамісара Остэнка. Абодва добра гутарылі парасейску. Прасілі, каб я зь імі паехаў у ваколіцы Вільні, бо яны хочуць пагутарыць зь людзьмі пра іх нацыянальнасьць. Далі мне аўтамат, пасадзілі наперадзе пры шофэры, самі таксама былі ўзброеныя.
Ад'ехаўшы кілямэтраў 12 на ўсход ад Вільні мы пабачылі двух маладых дзяцюкоў, што капалі канаву. Я іх паклікаў, каб падышлі да аўта. Немцы парасейску іх папрасілі, каб на пытаньні адказвалі простымі словамі ды сваёй мовай.
– Як ваша фамілія? – апытваў фон Баўмгартэль.
– Лабачы.
– Якой вы рэлігіі?
– Каталікі.
– Якой вы нацыянальнасьці?
– Тутэйшыя, – кажа адзін.
– Палякі, – папраўляе другі.
– Як вы гаворыце дома?
– Папросту.
– Як вы моліцеся ў касьцёле?
– Папольску.
– Ці вы чулі аб «Літоўцах»?
– Чулі. Да нашага суседа прыехала двух паліцыянтаў.
– А ці каля вас жывуць «Літоўцы»?
– Мы ня чулі.
Немцы ўсе пытаньні й адказы запісвалі ў свае кніжачкі. Яны падзякавалі хлапцом і мы паехалі далей. Фон Баўмгартэль заўважыў:
– Беларусы каталікі апалячаныя.
– А чаму яны сябе не называюць Беларусамі? – спытаўся ў мяне Остэнэк.
Я кажу, бо яны каталікі, а «Беларус» у іх паняцьці значыць тое, што й «рускі» – праваслаўны. Ды й назоў «Беларус» даволі новы, замацаваўся толькі пад расейскім панаваньнем. Калісьці ўсе тут называліся «Літвінамі». Сяньня «Літвой» сталі называць правінцыю, што называлася Жмудзяй, Самагітыяй. Вось чаму яны ня чулі, каб тут недзе жылі гэтыя «Літоўцы».
Неўзабаве мы прыехалі ў Трабы, у палац князя Паўлы Сапегі. Я пасьпеў коратка паінфармаваць Немцаў пра выдатную ролю Сапегаў у Вялікім Княстве Літоўскім, гістарычнай Літве, ды аб іхных вялікіх заслугах у гісторыі беларускае культуры. Стары палац беларускага магната XVI стагодзьдзя апушчаны, але які магутны й прыгожы! Немцы ўважна яго аглядалі ды выказваліся, што гэты гістарычны будынак мае плян заходняэўрапэйскага абароннага замку. Сям-там стаялі яшчэ статуі Сапегаў, віселі цяжка пашкоджаныя абразы.
Па кутох будыніны жылі былыя дворныя парабкі, пасаджаныя там «культурнымі» бальшавікамі, якія далей руйнавалі замак. Немцы былі ўражаныя, што гэткі знакаміты гістарычны помнік ператвараецца ў руіну. Дзівіліся, чаму бальшавікі не зрабілі тут хоць спартовага клюбу, музэю, гатэлю.
Жыхары тут былі ўсе Беларусы, што ведалі й польскую мову. Знайшлі мы тут і адну сям'ю «літоўскую», што ў дваццатых гадох пераехала да Трабаў зь нейкай жамойцкай вёскі ў Сьвянцяншчыне.
Далей мы накіраваліся ў Альшаны, гняздо слаўных князёў Альшанскіх, каб пагутарыць з найстарэйшым і важным у ваколіцы чалавекам, благачынным айцом Юзьвяком. Вось ужо бачная на горцы сярод дрэваў і мураваная царква. Спыніўшыся пры царкве, мы пабачылі яго, сівога як голуба, у грамадзе жанчынаў і дзяцей. І ён зразумеў, што нейкія госьці прыехалі да яго. Я прадставіў айца Юзьвяка Немцам. Благачынны весела ўсьміхнуўся й падаючы руку фон Баўмгартэлю, сказаў:
– Я беларускі сьвятар праваслаўнага прыходу.
– А як доўга вы тут служыце? – спытаўся Немец.
– Роўна сорак гадоў! – адказаў благачынны.
– А колькі вам гадоў ад нараджэньня, калі можна ведаць?
– Восемдзесят тры, – і дадаў: – Я скончыў свае царкоўныя абавязкі й прашу дастойных гасьцей да мяне ў хату.
Мы ўвайшлі ў хату благачыннага. Быў гэта ўтрыманы ў добрым парадку тыповы беларускі дом. Нутро хаты ўпрыгожвалі старыя іконы ды музэйныя царкоўныя рэчы. Фон Баўмгартэль, агледзіўшы ўсё, закурыў ды расказаў аб мэце свайго прыезду да Альшанаў. Ёй спытаўся ў благачыннага:
– Ці ёсьць дзе тут у вас «Літоўцы»?
– Ведаеце, – адказаў благачынны, – я жыву тут сорак гадоў, мой прыход налічвае 15 000 душ, але я нідзе тут «Літоўцаў» ня бачыў. Толькі 35 км ад нас на захад, у Дзявенішках, апавядаюць людзі, што там між нашымі людзьмі жывуць і «Літоўцы».
Немцы перакінуліся міжсобку зрокам.
– А якой нацыянальнасьці тутэйшае жыхарства? – спытаўся Остэнэк.
– Ды тут усюды густой масай жывуць Беларусы, – адказаў благачынны. – Праўда, па дварох ёсьць крыху апалячаных шляхціцаў, што лічаць сябе «Палякамі». Былі тут польскія асаднікі, удзельнікі польскага змаганьня з бальшавізмам у 20-м годзе, але іх вывезьлі бальшавікі. Маем нат тут вёску мазуроў!
– Што вы кажаце? Мазуроў? – дапытваў фон Баўмгартэль.
– Але, сама запраўдных. Калісьці, яшчэ за вялікага князя Ягайлы, калі ён жаніўся з Альшанскае князёўнай Сонькай, з сватамі ад Ягайлы, што быў і польскім каралём, прыбыў сюды аддзел мазуроў, як ахова. Мазуры тады былі ў саюзе з нашай дзяржавай. Ім так тут спадабалася, што яны й аселі на землях князёў Альшанскіх. Яны ўсе каталікі, прозьвішчы іхныя гучаць інакш чымся нашыя, ды нават іхны выгляд розьніцца ад навакольных тутэйшых жыхароў.
Благачынны глянуў у вакно й пабачыў якраз аднаго жыхара з мазурскай вёскі, што праходзіў міма. Ён усьцешыўся:
– Людзі добрыя, на нашае шчасьце вунь бачу аднаго мазура, што праходзіць міма.
Мы замітусіліся. Я выйшаў ды паклікаў гэнага чалавека ў хату благачыннага. Называўся ён Рацёнжак і гутарыў ламанай польска-беларускай гаворкай. На запытаньне, якой ён нацыянальнасьці, адказаў, што Паляк. У ягонай вёсцы, казаў ён, жыве блізу 180 чалавек.
Пасьля кароткіх пытаньняў мы падзякавалі гэнаму Мазуру-Паляку за паслугу й ён пайшоў сваёй дарогай. Фон Баўмгартэль вёў далей бяседу з благачынным.
– Ну а што вы скажаце аб ліку тут Расейцаў?
– Расейцаў? – зьдзіўлена адказаў благачынны. – Дык іх у нашай ваколіцы зусім няма. Гісторыя кажа, што яны прыходзілі сюды, каб нішчыць людзей, маёмасьць, нашую культуру. Вось гляньце на руіны гэтага старадаўняга замку, – тут благачынны рукой паказаў на руіны на ўзгорку. – Гэта калісьці была цьвярдыня нашых князёў Альшанскіх. Замак быў на вышыні дасягненьняў архітэктурнага мастацтва Эўропы. Тут Ягайла ўзяў сабе за чацьвертую жонку нашую князёўну Соньку Альшанскую ды толькі ад яе дачакаўся тых нашчадкаў, што праз колькі пакаленьняў былі валадарамі ўсёй сярэдняй Эўропы. Яшчэ ў XVII стагодзьдзі Маскалі, уварваўшыся на гэтыя землі, спалілі ды разбурылі замак, адну з старавечных памятак нашае культуры.
Словы старога, сівога, патрыярхальнага выгляду благачыннага айца Юзьвяка гучэлі як голас з далёкіх мінулых стагодзьдзяў. Немцы былі відавочна пад вялікім уражаньнем таго, што пачулі. Яны вельмі дзякавалі за шчырую бяседу ды хацелі адведаць бурмістра Аьшанаў. Айцец благачынны на ад'езд пачаставаў нас хлебным квасам, які спадабаўся Немцам, – у ім яны адчувалі смак баварскага піва.
Бурмістра Альшанаў ня было дома. Сустрэлі мы затое маладую, як кветка прыгожую, ягоную жонку, прыадзетую ў беларускую нацыянальную вопратку. Яна прывітала нас дастойна, грацыёзна, беларускай мовай. У хаце ўзорны парадак, чысьціня, што аж Немцы зьдзівіліся. Асаблівая атракцыя – слаўныя дзеткі, якіх мы ўсе падзіўлялі.
Хутка гаспадыня запрасіла нас на абед. Падала беларускі, ружовага колеру, халадзец. Бурачкі, цыбулька, кусочкі мяса, яек, сьмятана й яшчэ нешта, чаго ніхто ня мог разгадаць. А смак – нічога лепшага ня выдумаеш, толькі глытай. Немцы гэнага халадцу з ахвотай зьелі па дзьве талеркі. На другое была пададзеная – як «наляту» перакуска – яечня зь вялікімі скваркамі. Тут Немцы лыпнулі вачыма.
– У нас, – кажуць, – за цэлы тыдзень сям'я ня мае столькі туку, што вы нам даеце на адзін пачастунак.
Пасьля была гарбата ў прыкуску, бо цукру нехапала. Пад уражаньнем прыняцьця фон Баўмгартэль выказаў ахвоту купіць для сваёй сям'і ў Нямеччыне кіляграм сала. З прысутных нехта ахвяраваўся задаволіць просьбу Немца.
Пасілкаваўшыся, Немцы хацелі ехаць далей, сустрэцца зь іншымі людзьмі. Відаць, яны няблага арыентаваліся ў ваколіцы, бо хацелі наведаць Багданава, маёнтак ведамага вялікага мастака нашае зямлі Фэрдынанда Рушчыца.
Мастак Рушчыц памёр гады тры перад пачаткам вайны. Прымала ягоная дачка, гадоў трыццаці. Немцы пыталіся ў яе:
– Якой нацыянальнасьці тут людзі?
Дачка Рушчыца адказала:
– Па вёсках жывуць Беларусы, а па маёнтках – Палякі.
– А да якой нацыянальнасьці залічаюцца мясцовыя каталікі?
– Некаторыя зь іх лічаць сябе Палякамі. Я думаю, што ўсе яны Беларусы. Тут няма ніякай розьніцы між праваслаўнымі й каталікамі. Каталікі й праваслаўныя – адзін народ, зайшлі толькі некаторыя гістарычныя розьніцы.
– А якія тут ёсьць яшчэ нацыянальнасьці? – пытае Остэнэк.
– Ёсьць тут Татары дзе-ня-дзе. Яны гутараць пабеларуску, хоць мусульманскай веры. Было колькі Немцаў, але яны выехалі ў Нямеччыну.
– Ці вы былі за граніцай? – спытаўся фон Баўмгартэль.
– Так, была перад вайной у Швэйцарыі й Нямеччыне.
Немцы здаволена ўсьміхнуліся ды прасілі дазволу агледзець малюнкі яе бацькі. У доме была цэлая галярэя. Мы пераходзілі ад аднаго абраза да другога, з аднаго пакою ў другі, аж пакуль не стаміліся – гэткая процьма абразоў і скульптураў.
Шофэр цяпер віхром нас вёз праз Баруны, дзе ўжо здалёку красаваўся двувежны базыльянскі касьцёл. Тут я ўспомніў Немцам пра нашу настаўніцкую сэмінарыю ў Барунах ды аб яе лёсе. Немцы аднак ня спыняліся, сьпяшаліся да Ашмяны.
Каля гадзіны 6-й папаўдні мы былі ў Ашмяне. Немцы вельмі хацелі пабачыць Ашмяну ды сустрэцца з тамашнімі людзьмі, бо, як я зразумеў зь іхнае гутаркі, ім Жамойцы натрубілі быццам там «літоўская» сталіца.
Проста з вуліцы мы пайшлі на кірмаш, скуль людзі ўжо разьяжджаліся, сьпяшаліся дамоў. Немцы спыніліся сярод натоўпу ды слухаюць: усе гутараць пабеларуску! Некаторыя крычаць на ўсё горла, хочуць да канца распрадаць свой тавар.
Мы падышлі да аднаго селяніна, які аказаўся былым сябрам Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры. На запытаньне Немцаў, хто ён па нацыянальнасьці ды якія людзі жывуць у Ашмяншчыне, ён, сьцяміўшы пра што Немцам ходзіць, разьвёў такую гутарку пра свой беларускі народ, які жыве сьцяной па ўсёй Ашмяншчыне й Вялейшчыне, што Немцы толькі лыпалі вачыма. На пытаньне, ці ёсьць тут «Літоўцы», селянін адказаў:
– «Літоўцаў» шукаеце? На ўсёй Ашмяншчыне я ня чуў пра іх і іх ня бачыў. Кажуць у Ашмяне ёсьць адзін шавец «Літовец». Вы можаце да яго зайсьці й пагутарыць, даведацца скуль ён родам. Аб іншых я нідзе ня чуў.
Гутарка была вычарпаная. Немцы падзякавалі ды пайшлі ў прыкірмашную сталоўку. Яны адразу загаварылі да маладой дзяўчыны-буфэтчыцы. Аказалася, што яна з суседняе вёскі, скончыла 7 клясаў польскай пачатковай школы ды жыла перад вайной у Варшаве. На пытаньне, якой яна нацыянальнасьці, адказала, што польскай, аднак дома гутарыць папросту. Немцы пацікавіліся, што яна разумее «папросту»?
– А вось так, як тут усе людзі гавораць, – адказала.
– Гэта значыць пабеларуску? – спытаўся фон Баўмгартэль.
– Але, некаторыя так называюць.
Немцы зрабілі вывад, што яна Беларуска-каталічка, якая праз польскую школу, каталіцкі касьцёл ды жыцьцё ў Варшаве набралася пераконаньня, быццам яна Палячка.
Мы гутарылі яшчэ з колькімі людзьмі, атрымалі падобныя адказы, што яны тутэйшыя, каталікі-Палякі. Немцы сказалі, што ў Ашмяне ім сытуацыя ясная ды няма патрэбы траціць часу. Яны загадалі шофэру трымаць курс на Крэва.
Было ўжо цёмна, калі мы аглядалі руіны магутнага крэўскага замку. Я, наколькі мог упарадкаваць наляту свае веды пра гэты замак, інфармаваў маіх спадарожнікаў аб гісторыі гэтага замку, адзначыў, што й гэты замак разбурылі Маскалі. Немцы слухалі, аднак сьпяшаліся, мелі свой маршрут – адрас нейкага «талковага» настаўніка, куды й накіравалі аўта.
Настаўнік аказаўся Ўкраінцам, якога Палякі з Галіччыны прыслалі на беларускія землі. Ён добра гутарыў панямецку. Пражыў у Крэве 10 гадоў, тут ажаніўся зь мясцовай Беларускай, меў чацьвёра дзяцей. Наагул рабіў уражаньне інтэлігентнага, начытанага чалавека, што добра знаў мясцовыя нацыянальныя дачыненьні. Гаварыў ён гэтак талкова, што фон Баўмгартэль папрасіў яго накінуць усё на паперу ў выглядзе запісу.
Пакуль мы закусілі й напіліся гарбаты, наш гаспадар-настаўнік напісаў цэлы даклад, зь якога вынікала, што тут этнічнай масай жывуць Беларусы з дамешкай апалячанай шляхты, былі Жыды, але зьліквідаваныя, яшчэ сям-там сустракаюцца Татары, Маскалі-стараверы, Украінцы й «Літоўцы». Немцы, праслухаўшы гэты даклад, з насьмешкай казалі:
– Тут столькі «Літоўцаў», колькі Украінцаў!
Гаспадар не аспрэчваў, таксама сьмяяўся. Нашая місія была скончаная. Цяпер курс на Вільню. Апоўначы мы былі ўжо ў месьце. Немцы мне дзякавалі за супрацоўніцтва й за добры вынік нашай паездкі.
Ды хутка прыйшло й расчараваньне. Не прайшло й двух месяцаў, як нямецкія ўлады Крэва, Ашмяну, Сьвір і Смаргоні далучылі да Камісарыяту Летувы, дазволіўшы там Беларусам толькі на сваё школьніцтва. Паўстае пытаньне – чаму Немцы адступілі ад этнічнага прынцыпу?
Быў гэта час вялізнай нямецкай паразы пад Масквой ды на іншых адрэзках усходняга фронту. Час нарастаньня бальшавіцкай партызаншчыны на тэрыторыі Беларусі. Час фармаваньня польскіх арміяў у Саветах – Андэрса й Касьцюшкі ды патрыятычнага заігрываньня бальшавікоў да ўсіх акупаваных Немцамі народаў.
У гэткіх умовах Немцы, відавочна, не наважыліся адпіхаць ад сябе Летувісаў, якія гэтак да іх лашчыліся, каб утрымаць свае бальшавіцкія тэрытарыяльныя здабыткі. Беларусаў Немцы на ўсякі выпадак падмацоўвалі ў Беларускай Акрузе школьніцтвам ды некаторымі іншымі канцэсіямі, чаго не далі Жамойці ды іншым акупаваным краінам.
РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ
Хутка пасьля акупацыі бальшавікамі Вільні прыбыў сюды маскоўскі пасланец «япіскап» Сергі, які аўтаматычна ад імя Масквы абняў уладу над усімі праваслаўнымі. І вось гэты Сергі пры першым сваім публічным выступе, уваходзячы ў Сьвятатраецкі Сабор, стукаючы посахам у падлогу, тройчы прамовіў: «Москва ідёт, радуйтесь православные!» Далей ён павёў маскоўска-камуністычную прапаганду, усхваляючы бязбожную бальшавіцкую ўладу. Ніхто, нідзе з праваслаўных не запратэставаў, хоць зналі ўсе, што вось прыйшоў воўк у авечай скуры.
Духоўных усіх веравызнаньняў тады масава арыштоўвалі ды вывазілі ў канцэнтрацыйныя лягеры. З каталікамі было крыху іншае палажэньне як з праваслаўнымі – яны ня мелі ў Маскве сваіх падробленых сьвятароў-герархаў. Дзеля гэтага ў дачыненьні да іх тарпавалася толькі брутальная траўля, арышты ды вывазкі ў канцэнтрацыйныя лягеры.
Польскага архібіскупа Р. Ялбжыкоўскага Жамойцы выселілі да Коўні й у Вільні быў толькі жмудзкі біскуп вікары. Быў ён прыхільным да Беларусаў-каталікоў, дазволіў мець у Вільні сваю парафію пры касьцёле сьвятога Міхала, сьвятыні пабудаванай вялікім канцлерам Львом Сапегам. У касьцёле й па сяньня, у прыгожым маўзалеі, спачывае ягонае цела. Пробашчам парафіі быў кс. Адам Станкевіч, а вікарым кс. Глякоўскі. Набажэнствы, зь беларускімі сьпевамі й казаньнямі, адбываліся рэгулярна кожную нядзелю й сьвята, як перад гэтым было ў касьцёле сьв. Мікалая.
Прыйшлі ў Вільню Немцы. Беларусы грамадна сабраліся ў сваім касьцёле на набажэнства й спадзяваліся, што іхны пробашч скажа штосьці грымучае на радасны дзень вызваленьня ад бязбожных бальшавікоў. Тымчасам ксёндз Адам прачытаў Сьвятую Эвангэлію й загадаў дзякаваць Богу, што «ваенная бура пранеслася над нашым слаўным местам бязь вялікшых стратаў». Загрымела «Божа, што калісь народы…» і людзі пачалі выходзіць з касьцёлу.
Група моладзі аднак павярнула ў права да маўзалею Льва Сапегі. Колькі хвілінаў стаялі ўсе моўчкі з апушчанымі галовамі. Тады, як-бы на жаданьне ўсіх прысутных, пачуўся ціхі голас-малітва Ў. Казлоўшчыка:
– Магутны правадыр народу нашага! Волат духа й зброі! У рашучую хвіліну пакажы нам правільны шлях да волі й шчасьця нашага народу! Памажы нам адвярнуць двувяковы камень нашай няволі!
– Памажы! – падхапілі прысутныя.
Толькі пасьля вайны я даведаўся, што да нашага набажэнства прыслухоўваліся й камуністыя: іх 6 хавалася зь левага боку на хорах. На чале быў камісар прапаганды Аляксеяў. Іх кс. Станкевіч у імя Хрыста, паражаючы сваё жыцьцё, хаваў і карміў. Ніхто аднак зь іх нідзе не адазваўся – можа іх Сталін выдушыў – калі пазьней, пасьля вайны, а. Станкевіча ворганы НКВД арыштавалі ды замучылі ў канцлягерах.
У гэтым часе, калі праваслаўныя пачалі разважаць пра арганізацыю свае Беларускае Аўтакефальнае Царквы, каталікі імкнуліся адсэпаравайца ад польскага каталіцкага касьцёлу й яго герархіі. Намінальным зьверхнікам каталікоў у Беларусі тады быў біскуп Магілеўскі й Менскі Слоскан, па нацыянальнасьці Латыш, прабываў ён у Дзьвінску. Нацысты забаранілі яму праводзіць якую-колечы каталіцкую адміністрацыйную працу ў Беларусі. Не зважаючы на ўсе нашыя захады ў Вільні, Менску ды Бэрліне, нямецкія ўлады не зьмянілі свайго загаду.
Тады ініцыятыву перанялі беларускія ксяндзы-патрыёты. Кс. др. філ. Ст. Глякоўскі, узяўшы з сабой на помач толькі-што высьвечаных ксяндзоў Рыбалтоўскага ды Мальца, накіраваўся з нашым пасьведчаньнем да Менску. Пасьля ўпорыстых таргоў зь Немцамі яны адваявалі чырвоны касьцёл, які бальшавікамі быў заменены на тэатр, і яшчэ адзін касьцёл пры галоўнай вуліцы, дзе быў склад. Катэдру не маглі абняць, бо ў ёй вымагаўся аграмадны рамонт. У сталіцы Беларусі пачалася нармальная каталіцкая служба.
З газэтаў ды радыя даведаўся пра гэта ведамы польскі шавініст і заядлы вораг беларускага народу арцыбіскуп Яблжыкоўскі. Ён ня толькі адклікаў зь Менску ксяндзоў Глякоўскага, Рыбалтоўскага й Мальца, але за «непаслухмянасьць» забараніў ім нават прыступаць да аўтара, накіш кажучы «суспэндаваў» іх. Але калі першыя тры беларускія ксяндзы-місіянеры былі ад аўтара адсунутыя, на іх месца ўжо прыбыў кс. В. Гадлеўскі, кс. П. Татарыновіч і жмудзкі ксёндз Ігнатавічус. Яны не падлягалі юрыздыкцыі Ялбжыкоўскага й маглі спакойна працаваць далей.
Паўгоду пазьней Глякоўскі й Малец, будучы ў тэатры, ня ўсталі пры адыграным нямецкага гімну, што паслужыла за довад іх нелаяльнасьці да нямецкае ўлады, ды ня толькі іх, але й іншых каталіцкіх духоўных. Тады былі арыштаваныя ксяндзы Глякоўскі, Малец, Рыбалтоўскі й Татарыновіч. Два першыя былі высланыя ў канцэнтрацыйны лягер Бухэнвальд і там яны загінулі ў фабрыцы амуніцыі ад ангельскіх налётаў.
Ксёндз Гадлеўскі дастаў строгі выгавар ад Немцаў і яму забаранілі казаць казаньні, на якія заўсёды схадзіліся грамады людзей. Застаўся толькі адзін кс. Ігнатавічус, які набажэнства адпраўляў палацінску й чытаў толькі сьв. Эвангэлію пабеларуску, народ-жа ў часе набажэнства сьпяваў беларускія рэлігійныя песьні. Перад заканчэньнем вайны Немцы далі дазвол на пераезд да Менску кс. В. Шутовічу, які на сваім становішчы сьвятара для Беларусаў-каталікоў сустрэў у Менску й бальшавікоў. Яны ў хуткім часе яго арыштавалі, мучылі, саслалі на 10 гадоў катаргі. Выпушчаны пасьля прабываў у Вільні, памёр у Барысаве.
Праваслаўныя Беларусы пры нямецкай акупацыі пачалі працу над аднаўленьнем Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Душою гэтых пачынаньняў быў сьвятар Дэрынг, пратаярэй Юзьвяк, ды шмат іншых. Першы ў часе выконваньня сваіх духоўных абавязкаў наехаў на міну й быў забіты. З часам, на вымаганьне народу, да працы над аднаўленьнем аўтакефаліі далучыліся й япіскапы Філафей ды Апанас, ды й галава Праваслаўнае Царквы ў Беларусі, архіяпіскап Панцялеймон, хоць гэты апошні асабліва неахвотна адлучаўся ад Масквы.
Толькі ў 1942 годзе нямецкія ўлады далі дазвол на шырэйшую арганізаваную працу над наладжваньнем праваслаўнага жыцьця ў Беларусі. Скліканы ў Менску Сабор Беларускае Праваслаўнае Царквы ў складзе герархіі, духавенства й прадстаўнікоў вернікаў адбываўся ў днях 30 жніўня – 2 верасьня 1942 году. Пастановаю Сабору была апавешчаная аўтакефалія Беларускае Праваслаўнае Царквы.
З рук нямецкіх наезьнікаў, праўдападобна за намовай маскоўскіх агентаў, у Альбэртыне на Палесьсі ў 1942 годзе загінуў экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі а. Антон Неманцэвіч.








