Текст книги "Пад знакам Пагоні"
Автор книги: Язэп Малецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 16 страниц)
НЕ СПАДАБАЎСЯ НЕМЦАМ
Праца ў Камітэце ішла сваім ходам: выкуплівалі ад Жмудзякоў для нашых школаў паперу й пісьмовыя прылады, трымалі кантакт з правінцыйнымі асяродкамі, высылалі людзей на адказныя становішчы, вялі перамовы зь іншымі нацыянальнымі групамі, выручалі, як маглі, нашых людзей з арыштаў, палонных зь лягераў. Часта былі гэта дробныя справы, ды ці раз хадзіла й аб людзкое жыцьцё.
Калі Жмудзіны занялі Сьвір, яны ня далі магчымасьці нармальна там працаваць беларускім школам, а ведамага нашага дырыгента хораў П. Родзевіча, што быў там школьным інспэктарам, змусілі пакінуць сваю працу. За нашай радай ён пераехаў на такое самае становішча да Вялейкі. Ведаючы ягоную адкрытую й шчырую душу музыкі, я прасіў не займаць ніякага адміністрацыйнага становішча, а толькі літаваць школьніцтва й хору.
Першыя яго выступы зь мяшаным хорам у Вялейцы былі ўздымам патрыятычнага духу. Вялейскі гэбітскамісар Шмідт, які быў вельмі прыхільны да Беларусаў, запрасіў Родзевіча на бурмістра. Прапанова была прынятая, бо Родзевіч спадзяваўся, што гэтак хутка пабудуе ў Вялейцы народны дом ды створыць Музычную Школу.
Яго папулярнасьць, здаровы нацыянальны падыход да грамадзкага жыцьця й уздым беларускага духу ў Вялейцы зьвярнулі ўвагу кіраўніка СС, рыскага фольксдойча Гравэ. Шмідт у хуткім часе быў адкліканы, на ягонае-ж месца прыбыў дабрадушны палкоўнік СС Манн. Родзевіч у гэтым часе правёў дзьве бурныя размовы з Гравэ ў справе арыштаваных і нявінна пабітых на вечарыне Беларусаў.
За Родзевіча заступіліся ўсе беларускія патрыёты на чале з У. Калодкам і М. Скабяём, супроць-жа быў заступнік крымінальнай паліцыі, былы царскі палкоўнік Перамыкін, браты Саўчыцы й Касякі, ды іншыя русацяпы. Яны бессаромна даносілі на Калодку й Родзевіча ўсякую хлусьню, прыкладам, што Родзевіч быў у каталіцкай духоўнай сэмінарыі, што да жонкі пісаў лісты папольску й падобнае. Станоўчасьць у абароне правоў сваіх суродзічаў ды самадзейнасьць давялі да арышту абодвух. Родзевіча СД забіла, трупа спалілі ў лазьні 7 км за Вялейкай. Калодку-ж, які быццам менш спрачаўся, саслалі ў канцэнтрацыйны лягер у Нямеччыну. Віленскі Беларускі Камітэт востра на гэта запратэставаў.
У іншым выпадку Камітэту давялося ратаваць жыцьцё ведамых беларускіх дзеячоў др. Грабінската й др. Грынкевіча. Было гэтак: адзін заўзяты жмудзкі камэндант паліцыі хапаў віленчукоў з вуліцы, дапытваў, зьбіваў да паўсьмерці. Рабіў ён гэта на сваю руку, каб падмацаваць жмудзкія ўплывы ў Вільні й за гэта яго ў белы дзень застрэлілі на вуліцы Міцкевіча. Азьвярэлыя Летувісы, на сваю руку таксама, схапілі 12 выдатнейшых віленскіх грамадзян, а між імі старшыню міжнароднага Чырвонага Крыжа прафэсара К. Пэльчара, адваката Энгельса, інжынера Станкевіча, прафэсара Вільчынската, зь Беларусаў-жа дактароў Грабінскага ды Грынкевіча.
З арыштаваных палавіну Летувісы расстралялі ў ямах на Пажарах, дзе яны забівалі й Жыдоў. Другую-ж палову вывезьлі ў лес на цяжкую працу. Там др. Грабінскі з праф. Вільчынскім спушчалі з пня таўстыя сосны. Калі праф. Вільчынскі пры гэтым прыгаварываў «Цёнгніймы, колего, пілэн нашэго жывота!»[13]13
Цягайма, калега, пілу нашага жыцьця!
[Закрыть], прыганяты Жмудзін на яго закрычаў: «А ты там цягай, цягай, польская морда!»
Мы злажылі зразу ў гэбітскамісара гораду востры пратэст супроць самаволі Летувісаў. У хуткім часе др. Грабінскі й др. Грынкевіч былі звольненыя.
Калі праца Камітэту гэтак ішла сваім «нармальным» ходам, ад доктара Шольца нам пад сакрэтам даносяць, што мая асоба мела нарабіць шмат клопатаў мясцовым нямецкім уладам ды што я непажаданы на займаным становішчы. Хутка я дастаў і ліст з гэбітскамісарыяту з запытаньнем і перасьцярогай:
1. Колькі людзей выслаў я самавольна на працу ў Беларусь?
2. Як пасьмеў я гэта рабіць самавольна?
Перагледзеў я канцылярныя паперы й аказалася, што на працу было выслана 680 чалавек, з гэтага толькі адна трэцяя мела нямецкі дазвол. Довады аб высылцы людзей на працу я спаліў, ім-жа адпісаў, што на працу ў Беларусь было выслана каля 65 асобаў, у большасьці зь нямецкімі прапускамі. У хуткім часе ад гэбітскамісара Вольфа мы дасталі два лісты: у першым ён забараняў, пад пагрозай, высылку людзей у Беларусь, а ў другім назначыў мяне на працу ў Баранавічах, з тым, што 20 жніўня 1942 году я мушу пакінуць Вільню.
Сабраў я сваё апошняе паседжаньне Камітэту. Усе з сумам згадзіліся, што я мушу адыйсьці. Спрачацца зь Немцамі было рызыкоўна. Зь вялікім трудам удалося нам упрасіць др. Б. Грабленага, каб ён ачоліў Камітэт. Калі разьвітваўся з маімі сябрамі, бачыў, што былі вельмі ўзрушаныя. Рэдактар «Беларускага голасу» Ф. Аляхновіч прасіў не забывацца, пісаць у газэту. Др. філ. Ф. Грышкевіч шчыра дзякаваў мне за працу. Адыходзіў я з надзеяй, што цяпер вось адпачну, калі буду працаваць ужо толькі ў сваёй прафэсіі.
Выкарыстаў я аднак-жа свой дакумэнт ад'езду, каб колькі яшчэ разоў уздоўж і ўпоперак праехаць па Беларусі. Усюды даваў рады, інструкцыі, арганізаваў мясцовую інтэлігенцыю. У часе гэтых падарожжаў аж тры разы цягнікі наяжджалі на міны, паравоз выскакваў з рэек, грукацелі й трашчалі вагоны, паскладаныя на вышках рэчы падалі на галовы пасажыраў. Але абыходзілася нейк бяз стратаў у людзях. Пасьля 6–8 гадзінаў цягнік заўсёды паволі сунуў наперад, з двума вагонамі перад паравозам. Чыгунку гэным часам яшчэ рэдка дзе пільнавалі.
У БАРАНАВІЧАХ
Увосені 1942 году прыехаў я да Баранавіч. Быў позны вечар, калі з Палескай станцыі валокся з чамаданам да майго сябры Папуцэвіча, дзе я часова затрымаўся. Баранавічы паказаліся мне, пасьля Вільні, як вялікая беларуская вёска, раскінутая на бязьмежнай палескай раўніне.
Назаўтра пайшоў я ў шпіталь, каб абгаварыць умовы працы й тут убачыў усё гора людзей у ваенным часе, калі востры недахоп лекараў і кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу, ды весьці нармальна працу перашкаджае яшчэ гарэлка. Шпіталь мясьціўся ў былой жыдоўскай гімназіі. На радзільнай ляжалі, прывезеныя з далёкіх вёсак, зь цяжкімі камплікацыямі, тры жанчыны. Ня было ніякіх наркатычных лекаў. Пры складаных апэрацыях мне ўдалося ўратаваць жыцьцё ўсіх трох, ды згубіць толькі адно дзіця. Асыстэнтам мне быў студэнт 3-га курсу мэдыцыны, які яшчэ нічога ня вучыўся з акушэрства, ды адна сястра.
Дырэктар шпіталя, др. Наумік, ня меў часу заняцца цяжка хворымі на радзільнай і ў маё распараджэньне аддаў увесь жаночы аддзел на 45 ложкаў, з 4 сёстрамі, 8 вучаніцамі на сясьцёр, ды абсальвэнтам мэдыцыны Ў. Каралём у дапамогу. Праца пайшла нармальна, толькі балюча ўвесь час адчуваўся недахоп лекаў, наркозы, бандажоў, сыраватак, лябараторных рэагентаў і інструментаў.
У дзень майго прыбыцьця ў шпіталь я пазнаёміўся й з баранавіцкай Сярэдняй Мэдычнай Школай, якую больш году вёў др. В. Войтэнка. Пабачыў перапоўненыя вучнямі клясы, шмат выкладчыкаў, але ніяк ня мог сьцяміць нейкага выразнага пляну. Быў якраз зроблены 1-шы выпуск аптэкарскіх памочнікаў, бо адчуваўся востры недахоп аптэкараў. Аптэкі стаялі зачыненыя пасьля таго, як аптэкараў нашых павывозілі, а жыдоўскіх пазабіралі Немцы.
У хуткім часе др. Войтэнку назначылі акруговым лекарам у Слоніме й гарадзкая ўправа, на чале з бурмістрам Ю. Сабалеўскім, запрасіла мяне на кіраўніка Мэдычнай Школы. У міжчасе я перанёсься на стала да доктара Науміка.
Разгледзіўшыся ў грамадзкім жыцьці я пераканаўся, што Беларусы ў адміністрацыі былі тут у абсалютнай бальшыні, займалі ўсе ключавыя пазыцыі. Нават СД на Баранавіцкую, Слонімскую, Наваградзкую й Лідзкую акругі было абсаджанае Беларусамі й беларускімі збройнымі аддзеламі. Тут зь беларускага боку палітычныя справы ў гэтым часе кантралявалі патрыёты В. Папуцэвіч, А. Русак, Я. Якуцэвіч, К. Кіслы ды іншыя. Не зважаючы на ўсе наступы з боку польскага ды савецкіх агентаў, яны здолелі адміністрацыйна апанаваць аграмадную прастору Заходняй Беларусі й да канца нямецкае акупацыі надаць ёй выключна беларускі характар.
Школьніцтва, мясцовая адміністрацыя, судаўніцтва ды ў бальшыні паліцыя, былі ў беларускіх руках. Добра разьвівалася справа арганізацыі беларускае моладзі, беларускага войска, аддзелаў СС, беларускай прапаганды, беларускай адміністрацыі, беларускіх дамоў культуры, самапомачы. А ўгодкі 25 Сакавіка – Незалежнасьці Беларусі – адзначаліся з гэткім нацыянальным уздымам і размахам, што мясцовыя Палякі дзівіліся ды казалі:
– Ніколі Палякі пры сваёй дзяржаве тут не адзначалі гэтак урачыста ды з такой любоўю найбольшае польскае сьвята – 3-га Мая.
Трэба ўспомніць галоўныя дзялянкі беларускага нацыянальнага жыцьця ў Баранавічах, якія ў ваенным часе зацьвілі як рожы. Школа беларускага нацыянальнага ткацтва, пад кіраўніцтвам таленавітай тканкі з Клецка. Узорыстымі беларускімі дыванамі з нацыянальнымі гэрбамі, партрэтамі герояў, краявідамі, і г. д. упрыгожаны быў аграмадны габінэт бурмістра Баранавічаў Ю. Сабалеўскага. Яны ішлі на выстаўкі беларускага мастацтва, былі падаркамі ад беларускага грамадзтва высокім прадстаўнікам нямецкае ўлады.
Сярэдняя Мэдычная Школа, з аддзеламі мэдсясьцёр, акушэрак, фэльчароў, аптэкараў і вэтэрынарных памочнікаў, налічвала 360 студэнтаў з 33 выкладчыкамі. Сярэдняя Гандлёвая Школа – 120 студэнтаў і 15 выкладчыкаў. Сярэдняя Мастацкая Школа – 30 студэнтаў. Сярэдняя Музычная Школа пад кіраўніцтвам кампазытара Спаскага. Сярэдняя Тэхнічная Школа – 150 студэнтаў і каля 20 настаўнікаў. Настаўніцкія курсы – 100 студэнтаў. Матуральныя курсы – больш 60 студэнтаў. Вельмі дзейны быў Беларускі Народны Дом Культуры пад кіраўніцтвам Шыдлоўскага, дзе быў добры хор, танцавальны ансамбль, тэатральная група, струнны аркестр. Выдатна рэпрэзэнтаваўся Саюз Беларускае Моладзі (СБМ), і Юнакоў, і Юначак.
Усё гэта кідалася Немцам у вочы, асабліва нашая моладзь, якую праз школы мы ахоўвалі ад вывазу ў Нямеччыну на працу, на чым ізноў-жа так залежыла нямецкаму Арбайтсамту – агенцыі для вярбоўкі людзей на працу ў Нямеччыну.
Бывала гэтак, што Немцы, налавіўшы беларускай моладзі ў акрузе, звозілі яе ў баранавіцкі табар, каб тут ладаваць у цягнікі на вываз, а наглыя прадстаўнікі, што працавалі ў СД, пераканаўшы палітычна-адміністрацыйны аддзел гэтай установы, што сярод звезеных юнакоў у вывозны табар ёсьць шмат кандыдатаў на ўмацаваньне нашых збройных сілаў, на службу ў адміністрацыі, эканоміцы, на ўмацаваньне нутраной бясьпекі, маладых людзей сотнямі забіралі з табару. Арбайтсамт скрыгатаў зубамі, бо ён ніколі ня мог выканаць наложанага кантынгенту, ды пісаў скаргі сваім вышэйшым уладам, што ў Баранавіцкай Акрузе Беларусы маюць шмат сярэдніх школаў, у якіх ёсьць замаскаваны супраціў, каб падарваць нямецкую акцыю ў вярбоўцы працоўнай сілы.
І вось 12 верасьня 1943 году гэбітскамісар Баранавіцкай акругі Вэрнэр паклікаў да сябе бурмістра Ю. Сабалеўскага й школьнага інспэктара Міхалоўскага, прачытаў ім тайны загад ад вышэйшых уладаў, што ўсе сярэднія школы ў Баранавічах і акрузе існаваць далей ня могуць, бо Немцы моцна зацікаўленыя ў працоўнай сіле, і што 14 верасьня ўся моладзь названых школаў будзе ў прымусовым парадку ўзятая ў транспарт й вывезеная ў Нямеччыну, дзе яна магчыма будзе школеная ў нямецкіх хвабрыках і ўстановах. Камісар загадаў дапамагаць гэтай акцыі, ды не казаць нічога нікому, каб акцыі не пашкодзіць, інакш яны будуць асабіста зьвінавачаныя ў сабатажы.
У вызначаны дзень нямецкая паліцыя акружыла найбольшыя лікам вучняў сярэднія школы ў Баранавічах – Мэдычную, Гандлёвую й Тэхнічна-Адміністрацыйную. Ды нямецкая акцыя поўнасьцю правалілася. Бальшыня вучняў здолела разьбегчыся ў часе хапанні. За дрот пры чыгуначнай станцыі было загнана толькі каля 100 студэнтаў. Пад канец дня й гэтыя паўцякалі праз драты, а ўва ўсёй Заходняй Беларусі паўстала паніка, ды школьная моладзь разьбягалася. Адначасова Беларусамі была ўзьнятая ў Баранавічах, Менску ды іншых акругах акцыя энэргічнага пратэсту супроць разгону беларускіх школаў.
Немцы арыштавалі тады а. Льва Гарошку, дырэктара Баранавіцкай Мэдычнай Школы, які востра пратэставаў супроць хапанкі ў часе самое акцыі, гразілі арыштам і іншым. Але салідарны супраціў змусіў Немцаў адступіць. Беларусы абасноўвалі свае пратэсты палітычнай бязграматнасьцю акцыі, роўнай правакацыі, якая заганяе беларускае жыхарства ў рады бальшавіцкай партызаншчыны, падрывае ўвесь давер народу да тае нямецкае адміністрацыі, якая так гвалтоўна разбурае беларускае школьніцтва.
У выніку Немцы ня толькі звольнілі а. Л. Гарошку, але колькі разоў публікавалі заклікальныя адозвы ад імя нямецкіх акупацыйных уладаў, каб моладзь вярнулася ў свае школы да нармальнай працы, даючы адначасна гарантыі, што больш падобных хапанак ня будзе. І запраўцы, пасьля аднаўленьня працы ў школах Немцы аж да свайго адыходу летам 1944 году больш школаў не чапалі.
Затое Немцы цяпер больш насцяражыліся да беларускага вызвольнага руху ды пры дапамозе сваіх агентаў, выхаваных Акінчыцам з савецкіх ваеннапалонных, вынюхвалі найменшыя праявы супраціву. Яны падазравалі, што Беларусы-каталікі маюць кантакты з польскім падпольлем ды англа-амэрыканскай выведкай. Не малую траўлю ў гэтым кірунку праводзілі й некаторыя праваслаўныя дзеячы з Касякамі на чале, што абівалі парогі нямецкага СД, Абвару й Камісарыятаў з фабрыкаванымі даносамі на паасобных Беларусаў-каталікоў, у першую чаргу на кс. В. Гадлеўскага, Галоўнага Школьнага Інспэктара, на праф. В. Іваноўскага, бурмістра Менску, на У. Казлоўшчыка, рэдактара «Беларускай газэты», на беларускае вунійнае духавенства з экзархам а. А. Неманцэвічам на чале й нашмат іншых.
Ахвярамі як нямецкага падазрэньня ў існаваньні сярод Беларусаў падпольнае праангла-амэрыканскае кансьпірацыі, так і траўлі некаторых засьлепленых праваслаўных, пры пабочным супрацоўніцтве агентаў з групы Акінчыца, і палі каталіцкія сьвятары Неманцэвіч, Галкоўскі, Малец, Рыбалтоўскі, Галееўскі, ня лічачы тых сьвятароў беларускага паходжаньня, якіх Немцы расстралялі ў часе масавых арыштаў каталіцкага духавенства ў Заходняй Беларусі ў 1942 годзе.
Загінула й шмат сьвецкіх Беларусаў-каталікоў з тых самых рук у часе «прачышчэньня» ад уяўных «ворагаў» нямецкага панаваньня ў Беларусі, бо Немцы ўжо ў пачатку 1942 году пры дапамозе сваіх прыслужнікаў складалі па местах, мястэчках і вёсках сьпісы гэтак званых «Палякаў» віднейшага стану, якія ў бальшыні былі Беларусамі-каталікамі, што пры польскай акупацыі займалі дробненькія становішчы – солтысаў, войтаў, лясьнікоў, ніжэйшых урадоўцаў, ці былі шляхоцкага паходжаньня.
З выдатнейшых Беларусаў, што пры Немцах актыўна ўлучыліся ў беларускае нацыянальнае будаўніцтва й загінулі, назваць трэба, апрача ўспомненага ўжо П. Родзевіча, У. Казлоўшчыка, рэдактара менскае «Беларускае газэты», якога застрэлілі ў будынку рэдакцыі агенты менскага СД, сымулюючы «партызанаў»; В. Іваноўскага, бурмістра Менску, гэткім самым спосабам застрэлілі на вуліцы места.
Была арганізаваная нямецкая пастка й на іншых пад назовам «Беларускай Незалежніцкай Партыі». Тварылася яна пад «апекай» нямецкага агента ў мундзіры нацыскай партыі Фёдарава, які сымуляваў «фольксдойча», хоць быў жыдоўскага паходжаньня. Ён добра ведаў беларускую мову й на зборках беларускіх энтузіястых нямецкага супраціву выказваўся антынямецка, як «шчыры Беларус». З гэтае арганізаванае правакацыі ніхто не пацярпеў, бо пастка засталася незачыненай, ня было часу. Хістлявае нямецкае палажэньне пасьля Сталінградскае паразы ішло ўжо выразна ў кірунку катастрофы й Немцам ня было магчымасьці канчаць свае пляны.
НАВЕДЗІНЫ МЕНСКУ
Пад канец 1942 году др. Ермачэнка, старшыня Самапомачы, выклікаў мяне да Менску, каб паставіць дырэктарам Сярэдняе Мэдычнае Школы ў Менску ды каб я адначасна выконваў функцыі Галоўнага лекара Беларусі. Ён ветліва спаткаў мяне ў Самапомачы, дзе была ягоная рэзыдэнцыя, і пры чарцы каньяку выясьніў мне прычыну майго выкліку.
Выявілася, што Галоўны лекар др. Крайноў адмаўляецца выконваць далей свае абавязкі. Я разумеў, што палажэньне тут крутое й зараз-жа пайшоў да др. Крайнова, каб высьветліць справу. У шчырай гутарцы Крайноў прызнаўся, што ён ня ў сілах больш працаваць, што ён заўсёды носіць з сабой рэвальвэр для самаабароны, бо баіцца савецкіх агентаў, якія колькі ўжо разоў спрабавалі ўварвацца ў ягонае памяшканьне. Ён казаў пры гэтым:
– Сябра, калі маеш ахвоту, прыяжджай і займай маё месца, я маю па горла грызьні зь Немцамі, страху перад савецкім падпольлем, ды я, прызнацца, не Беларус.
Ён далей выясьніў, што беларускі галоўны лекар у справе аховы здароўя жыхарства ня шмат мае да гутаркі, бо ўсякія распараджэньні выходзяць ад нямецкіх акруговых лекараў, а лекары беларускія маюць іх толькі сьлепа выконваць. У гэткіх умовах я ня мог згадзіцца на падмену др. Крайнова, ня мог прыняць «высокага» становішча ў Менску, тымбольш, што й у Баранавічах беларускіх дзеячоў ня было зашмат.
На разьвітаньне зь Менскам я адведаў кс. В. Гадлеўскага, які меў сваю рэзыдэнцыю Галоўнага Школьнага Інспэктара ў маленькім пакоіку Самапомачы. Быў цёмны вечар, кс. Гадлеўскі чытаў часопіс пры сьвечцы.
– Як маецеся, войча Вінцэнты? – пытаюся, вітаючыся.
– Ну што-ж, даражэнькі, сяджу адсунуты ад усяго, нат электрыкі мне не даюць, адрэзаў Ермачэнка.
– Няўжо на гэта ўсё пайшоў Сівіца?
– Пайшоў, а свае яму дапамаглі.
– Няўжо свае?
– Так, Сам Фішар паказаў мне даносы, пісаныя Ермачэнкам і Касяком, ды й Янка Станкевіч праз сваю заўзятасьць лётаў да Сівіцы й балтаў пра начныя справы непатрэбна.
Я жахнуўся ад гэткіх ведамак, а ксёндз гаварыў далей:
– Так, гэта праўда. Пару дзён таму я меў гутарку зь Немцамі, хіба апошнюю, і сказаў ім адкрыта, што Немцы абяцалі даць Беларусам перад вайной, а што далі ў ходзе вайны? Вы, казаў я, разьвязваючы Самаахову, абяззброілі беларускі народ, мардуючы-ж ваеннапалонных ды палячы вёскі, стварылі партызаншчыну. Мы вас віталі з кветкамі, як вызвольнікаў, а вы як нас патрактавалі? Цяпер я палітычны труп і не магу выступаць больш ад майго й вашага імя да беларускага народу! Яны ўськінулі мне, што мая дзейнасьць ідзе ў разрэз зь нямецкімі інтарэсамі на ўсходзе. Рассталіся мы дужа халодна, цяпер чакаю майго арышту.
– Мо трэба дзе схавацца, войча? – сказаў я, узрушаны.
– Нікуды не зварухнуся. Божая воля, што будзе, тое будзе, – закончыў кс. Гадлеўскі.
Тут я прыпомніў, што час хадзьбы ў Менску абмежаваны й зь сьлязьмі разьвітаўся з нашым народным змагаром, абяцаючы, што будзем падымаць усю грамадзкасьць у яго абароне.
Назаўтра я запытаўся др. Ермачэнка:
– Як вы гэта маглі дапусьціць да такіх сварак і да даносаў на кс. Гадлеўскага?
– Я асабіста не настаўлены варожа да Галоўнага Інспэктара, але кс. Гадлеўскі мае непаразумленьні зь Сініцай і іншымі Немцамі, а я на гэта ня маю ніякага ўплыву, – адказаў Ермачэнка.
Два дні пасьля маіх наведзінаў, ці бо на Каляды 1942 году, кс. В. Гадлеўскі быў арыштаваны менскім СД і, паводле навочных сьведкаў, таго самага дня вывезены да Рыгі, у галоўнае СД на тэрыторыі Остлянду, дзе знаходзіўся райхскамісар Лёзэ. Там, відавочна, ён і быў замучаны.
Кс. В. Гадлеўскі быў вялікай ахвярай на нашым нацыянальным аўтары, ня толькі як мучанік, але й як змагар вялікага стылю за вызваленьне беларускага народу. Таму тыя, на чыім сумленьні ёсьць хоць кропля віны ў ягонай сьмерці, хай каюцца перад Богам і перад сваім народам. Благое часам можа пайсьці ў забыцьцё, але гераічная пастава волата-пакутніка В. Гадлеўскага будзе нам сьвяціць вечна.
АБ НЕКАТОРЫХ БЕЛАРУСАХ У БАРАНАВІЧАХ
Пры маёй бытнасьці ў Баранавічах наглядалася вялікая зыгранасьць там беларускае інтэлігенцыі. Паважнейшых разыходжаньняў, сварак ня было. Усе дружна стаялі за працу для ўздыму й разьвіцьця беларускае нацыянальна-культурнае справы, за вырываньне ад Немцаў як найбольш для гэтага ўступак. Таму ніхто не стараўся выбіць таго ці іншага зь сядла, але, наадварот, намагаўся яго падтрымаць і ўмацаваць. У гэтым і быў галоўны сакрэт вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму ў Баранавічах і Баранавіцкай акрузе. Успомню тут колькі важнейшых баранавіцкіх дзеячаў.
Найперш трэба сказаць колькі словаў пра бурмістра Баранавічаў, Юрага Сабалеўскага, які, пасьля «дэтранізацыі» ў Менску др. Ермачэнка пераняў там Самапомач ды быў віцэпрэзыдэнтам Беларускае Цэнтральнае Рады.
Юры Сабалеўскі, аграном па прафэсіі, стары беларускі дзеяч Заходняй Беларусі, у 1922 годзе выбраны беларускім паслом у польскі сойм, пазьней сябра Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады. Ёй любіў часта паўтараць фразу: «Малы чалавек – малы клопат, большы чалавек – большы клопат». Ён вывучаў кожнага значнага Беларуса, стараўся справядліва яго схарактарызаваць, ацаніць, прыслухоўваўся да ягоных выказваньняў і поглядаў. Пісаў нават на кожнага аграмадную біяграфію. Урыўкі з гэтых нарысаў любіў чытаць іншым. Ягоныя характарыстыкі не заўсёды супадалі з запраўднасьцю. Хутчэй выражалі яны ягоную суб'ектыўную ацэнку й погляды.
У часе «ўлады» Сабалеўскага ў Баранавічах можна было назіраць схільнасьць у яго да нямецка-аўстрыйскай школы адміністраваньня. Ён завёў строгі «кайзэрскі» парадак: увайшоў у гарадзкую ўправу ня ськінуўшы шапку – 5 марак штрафу; спазьніўся на працу – 10 марак; прыйшоў падпіты – гэта небясьпечна! – назаўтра, ці ты работнік, ці інжынер, ці доктар, сядзеш на бочку, у якой вывозіліся з гораду нячыстоты, да будзеш на ёй цэлы дзень езьдзіць. Супраціў не памагаў – ён звальняў з працы. Не памагалі таксама пробы ўмешваньня ў гэткія строгія парадкі іншых нашых дзеячаў, што дакаралі бурмістра за ягоныя сярэднявечныя практыкі. Ён цьвёрда казаў: «Людзей трэба выхоўваць!» А калі яму казалі, што ў часе вайны гэткія мэтады служаць нашым ворагам, ён спакойна адказваў: «Кожны рэжым патрабуе парадку й дысцыпліны». І запраўды, нічога супроць яго ня можна было зрабіць, каб адначасна не панізіць ягонага аўтарытэту, як бурмістра, зь якім лічыліся Немцы.
Гэта Сабалеўскі дамогся ў гэбітскамісара Баранавіцкай акругі, каб усе каталіцкія ксяндзы й праваслаўныя сьвятары гаварылі ў сьвятынях казаньні й павучэньні ў беларускай мове. Акцыя гэтая была праведзеная па ўсёй акрузе. Гэта ён асабліва ўспамагаў Мастацкую й Ткацкую Школы ды зьвярнуў увагу Немцаў і таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў на высокія мастацкія якасьці беларускага народнага мастацтва. Праз наладжаную Беларускай Самапомачай аграмадную выставу народнага мастацтва ў Баранавічах, што займала колькі будынкаў, прайшло больш 20 тысяч чалавек. А ў наладжваньні выставы немалая была заслуга Юрага Сабалеўскага.
Апрача Сабалеўскага было, ведама, і шмат іншых выдатных Беларусаў у Баранавічах. Аб Папуцэвічу, Русаку, ды некаторых іншых я ўжо, хай сабе коратка, але гаварыў. Тут хацелася-б расказаць пра менш знаных, як а. Льва Гарошку, Уладзімера Шыманца, У. Кліма, ды пару іншых.
Леў Гарошка, каталіцкі сьвятар усходняга абраду, адзін з выдатных беларускіх дзеячаў, у часе нямецкага паходу на Усход быў на беларускім Палесьсі, якое, паводле гітлераўскага пляну падзелу ўсходніх прастораў, адміністрацыйна прыразалася да Рэйхскамісарыяту Ўкраіны. Там, у сваёй парафіі, з прыходам Немцаў ён ня толькі дзеіў у кірунку хрысьціянскае рэлігійнае супольнасьці, але й ставіў востра дамаганьне, каб Палесьсе, як беларуская прастора, мела беларускую адміністрацыю й школьніцтва. За гэта а. Л. Гарошка апынуўся пад украінскім і мясцовым праваслаўным абстрэлам, і нямецкі камісар загадаў высяліць яго зь Пінскай акругі без права павароту. Айцец Леў Гарошка тады пераехаў да Баранавіч, тут знайшоў падтрыманьне др. В. Войтэнкі, тагачаснага бурмістра места, ды ўладзіўся ў рэдакцыі «Баранавіцкай газэты».
Быў гэта вялікі патрыёт, у беларускіх справах нязвычайна прынцыповы, стойкі, і стаўся адной з важных апораў беларускае нацыянальнае працы ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Пасьля арышту экзарха вунійнай Царквы а. Неманцэвіча, ён яе ачольваў.
Уладзімер Шыманец, кіраўнік аднаго з аддзелаў Гарадзкой Управы Баранавіч, шчыры патрыёт, браў дзейны ўдзел у беларусызацыі адміністрацыі Баранавіч і акругі, дэмаскаваў скрытых ворагаў. На эміграцыі, у Даніі, выратаваў сотні Беларусаў ад пагрозы выдачы іх бальшавіком ды вывазу ў СССР. У Францыі, у Парыжы, быў і ёсьць ён адным з правадыроў тамашняй беларускай эміграцыі. Як таленавіты мастак ён быў адзначаны на розных францускіх выставах. Малюе пераважна на беларускія тэмы.
Уладзімер Клім, былы студэнт права Віленскага ўнівэрсытэту, левых поглядаў, аднак патрыёт, дзейны перад вайной. У часе савецкай акупацыі Вільні быў у радох тых Беларусаў, што выкарыстоўвалі новыя абставіны для беларусызацыі места. Там зблізіўся да Клімава, бальшавіцкага камісара Вільні. З прыходам Немцаў улучыўся ў Баранавічах у беларускія актыўныя рады разам з братамі Пяцюкевічамі, ды працаваў на найбольш адказным і небясьпечным адрэзку – у радох беларускай тайнай паліцыі, быў намесьнікам яе начальніка.
У. Клім кіраваўся філязофіяй: Беларусы павінны пераймаць перш за ўсё найбольш ключавыя становішчы, бо інакш нашы ворагі й у зьмененых умовах нас вынішчаць. А заняўшы гэтае становішча, наш абавязак ахоўваць беларускія сілы супроць усякай правакацыі. Чым больш у гэтай міжнароднай бойні мы захаваем сваіх, тым лепшыя шансы здабыць дзяржаўную незалежнасьць.
На гэткіх сваіх пазыцыях У. Клім аднак-жа ня ўтрымаўся. Пасьля нямецкай паразы пад Сталінградам ён пільна слухаў радыя, цікавіўся перш за ўсё савецкімі наступамі ды рухам савецкіх арміяў на захад. Хутка пасьля, у пачатку 1943 году, галоўны партызанскі штаб, што пад кіраўніцтвам Панамарэнкі быў пры галоўнай кватэры Сталіна, стаў скідаць на парашутах камуністычную падпольную тэрытарыяльную арганізацыю для антынямецкай і антыбеларускай дывэрсіі на тылох нямецкага фронту. На Баранавіцкую акругу быў прызначаны ды скінуты з падручнымі былы камісар Вільні Клімаў. Ён хутка сарганізаваў, у самых Баранавічах, бальшавіцкае падпольле, пад назовам «Антыфашысцкі саюз». Да яго бальшавіцкія агенты здолелі загнаць больш сотні Беларусаў.
Штаб Клімава знаходзіўся ў Налібоцкай пушчы, Адтуль ён час-ад-часу наведваў Баранавічы ў будынку школы-сямігодкі, дзе настаўніца гэтай школы, маладая дзяўчына, была лучнікам зь некаторымі беларускімі нацыяналістамі. Хутка Клімаў гэтак навязаў лучнасьць і з У. Клімам, якога ён помніў зь Вільні. У. Клім, узяўшы для бясьпекі свайго сябру, сп. Я. Ж., які таксама быў зь ім у тайнай паліцыі, колькі разоў сустракаўся з камісарам Клімавым.
У гэтым часе беларуская выведка СД паведаміла нямецкія ворганы, што ў Баранавічах разьвіваецца бальшавіцкае падпольле, якое мае сыстэматычныя сходкі з партыйным штабам у лесе. Тады Немцы, разам зь беларускай выведкавай службай, заставілі на акраіне места, куды пранікала бальшавіцкая лучніковая група, пастку. У часе баявой сутычкі колькі чалавек з бальшавіцкага боку было забіта, некаторыя-ж лучылі ў палон. Немцы ад іх даведаліся пра галоўнага арганізатара падпольля ды пра месцы збораў. Былі захопленыя сьпісы сяброў ды іншая літаратура. За адну ноч Немцы арыштавалі каля 150 чалавек, удзельнікаў савецкай правакацыі.
У захопленых сьпісах ня было імя Ў. Кліма, ані ягонага сябры Я. Ж. Таму Немцы пакуль што нічога ня ведалі пра сувязі Кліма з бальшавіцкім штабам дывэрсіі й яго не арыштавалі. Далі яму нават на Вялікдзень 1943 году водпуск для выезду ў родную Пружаншчыну, дзе ён прабыў два тыдні. Арыштаваных Немцы пераважна ссылалі ў нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры. Некаторых нават выпусьцілі. Беларускія патрыёты, заскочаныя ўсёй падзеяй, рабілі ўсё магчымае, каб аблегчыць долю нявінных ахвяраў бальшавіцкае правакацыі.
Ды, як пазьней выявілася, настаўніца школы, што была бальшавіцкім лучнікам, у допытах у СД, баронячы сябе, удала Ў. Кліма. Яна казала, што пра ўсё паведамляла Ў. Кліму, ведаючы, што ён супрацоўнічае зь Немцамі, ды лічыла, што ён пра гэта ім раскажа.
Не малым каменем да загубы Ў. Кліма быў Дыячэнка, Украінец, пятлюраўскі палкоўнік, што займаў становішча кіраўніка беларускай тайнай паліцыі, якая дзеіла пад начальствам нямецкага СД. Баючыся за сябе, ён дамагаўся ад Немцаў найбольш строгага пакараньня свайму падуладнаму Ў. Кліму за здраду. Нямецкі начальнік Баранавіцкага СД Амэлюнг у гэткіх абставінах быў змушаны Ў. Кліма расстраляць. Аб гэтым мне апавядаў В. Папуцэвіч, які быў навочным сьведкам дыскусіі ў гэтай справе Амэлюнга з Дыячэнкам. Было гэта раньняй вясной 1943 году. Сам У. Клім тлумачыўся адно тым, што ён, як тайны выведнік, зьбіраў матэрыялы аб бальшавіцкай дывэрсіі, ды паведаміць аб усім меў Немцаў тады, калі ў сваіх руках ужо будзе мець камплетны матэрыял.
Клімавага сябру, інж. Я. Ж., які схамянуўся, трапіўшы пад допыты, мы здолелі абараніць ад расстрэлу. Пакаралі яго канцэнтрацыйным лягерам у Нямеччыне, зь якога ён, пасьля капітуляцыі Нямеччыны, выратаваўся.
Калі ў гарне нямецка-бальшавіцкай кузьні заламаўся ды зьгінуў У. Клім, што казаць пра нацыянальна менш стойкіх. Адной з гэткіх ахвяраў быў Акружны лекар Баранавіцкай акругі др. Лукашэня. У нармальных умовах ён быў-бы добрым беларускім грамадзянінам, не зважаючы на некаторую зрушчанасьць. Сын баранавіцкага возьніка, вырас ён у хатняй і навакольнай праваслаўна-зрушчанай дробнамяшчанскай атмасфэры ды зь беларускім рухам сутыкнуўся ўпяршыню ці ня ў часе толькі вайны. Пры першай акупацыі бальшавікоў ён быў галоўным лекарам Баранавіч, пры Немцах – лекарам акруговым. Вось высокія становішчы, якія ён займаў з ласкі акупантаў, вытварылі ў ім псыхіку самапэўнасьці ды патрэбы апоры не на свой народ, але на таго, хто дужэйшы. Пры Паляках ён лашчыўся да іх, пры бальшавікох – да іх, а цяпер Немцы, дык ведама – да іх. У беларускі нацыянальна-вызвольны рух ён ня ўлучаўся, радаў беларускіх прадстаўнікоў як у Менску, так і ў Баранавічах, ня слухаў, прыкідваўся, што верна служыць толькі Немцам.
Але калі Немцам пад Сталінградам надламалі хрыбет і яны апынуліся ў адступленьні, Лукашэня згубіў веру ў перамогу свайго новага гаспадара. Паколькі ягоны дом стаяў на глухіх акраінах Баранавічаў, бальшавіцкае-ж падпольле ў лясох і месьце было ўжо актыўнае, савецкія агенты й узялі Лукашэню ў сваю апрацоўку. Яны вымагалі, каб ён трымаўся пасады акруговага лекара й дастаўляў ім, празь іхных лучнікаў, лекі, інструмэнты, розныя мэдыцынскія матэрыялы, і гэтым ён сябе апраўдае перад будучай савецкай уладай. Др. Лукашэня на гэта, відаць, згадзіўся, бо беларускі вывед даносіў, што ягоны дом наведваюць падпольшчыкі, а на лекарскіх базах акругі сыстэматычна «прападае» частка лекаў і мэдыцынскіх матэрыялаў.
У сярэдзіне 1943 году беларуская выведка злавіла дастаўшчыка лекаў у партызанскі раён. Выявілася, што гэта швагра др. Лукашэні. У наяве гэткага факту Лукашэня ня мог далей займаць свайго становішча, тым больш, што лекаў пры Немцах заўсёды нехапала й для цяжка хворых мясцовага жыхарства. Др. Лукашэня з пасады быў звольнены, ягонымі кантактамі з партызанамі занялося СД, ды, знайшоўшы новыя довады, пасадзіла яго ў пераходны канцэнтрацыйны лягер у Калдычаве, дзе яго й расстралялі. Ягоная жонка пасуліла Немцам 200 рублёў золатам на выкуп мужа, за што й яе арыштавалі.



![Книга Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] автора авторов Коллектив](http://itexts.net/files/books/110/oblozhka-knigi-byc-abo-nya-byc-syaredneerapeycam-suchasnae-polskae-myslenne-274390.jpg)




