412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Язэп Малецкі » Пад знакам Пагоні » Текст книги (страница 7)
Пад знакам Пагоні
  • Текст добавлен: 23 апреля 2019, 08:00

Текст книги "Пад знакам Пагоні"


Автор книги: Язэп Малецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 16 страниц)

МУЧАНІЦКАЯ СЬМЕРЦЬ З НАРОДАМ

Сярод беларускіх каталіцкіх сьвятароў ахвярнай для народу працай ды пакутніцкай сьмерцю на сваёй духоўнай постані выдзяляюцца постаці двух ксяндзоў-марыянаў – Юрага Кашыры й Антона Ляшчэвіча. Іхнюю трагічную сьмерць разам з сваім народам, у Росіцы Віцебскай акругі, апісала адна зь сёстраў-законьніцаў, што да апошніх гадзінаў іх жыцьця зь імі прабывала. Даю тут, у скароце, перадрук гэтага вопісу, поўны тэкст якога надрукаваны ў часопісе «Божым Шляхам», Лёндан, № 5, 1971 году:

«У часе Другое Сусьветнае вайны, калі Немцы занялі падсавецкія тэрыторыі, туды прыйшлі працаваць айцы Марыяне з Друі, зь якіх да канца засталіся ў Росіцы а. Антон Ляшчэвіч і а. Юры Кашыра, у Замошы-ж нейкі час быў а. Ул. Лашэўскі. Яны абслугоўвалі й суседнія на савецкай тэрыторыі парахвіі, як Дрыса, Асьвея, Бігосава.

У Росіцы знайшлі вялікі касьцёл не разбураны, але ня дзейны ўжо ад колькіх гадоў дзеля выдаленьня адтуль ксяндза. Працы было вельмі шмат і народ надта рупліва гарнуўся да рэлігіі… Сама Росіца – мястэчка ў пару тысячаў людзей – было тады населенае старымі, дзецьмі й падрастаючай моладзьдзю. Усіх мужчынаў у сіле веку пазабіралі партызаны.

…Праца ішла так каля паўтара году, больш-менш у гадох 1941–1943. Пад канец усё часьцей турбавалі ды ў працы перашкаджалі ваенныя падзеі, набегі партызанаў, а ў выніку й нямецкія допыты, робленыя з пагрозамі расстрэлу. Шмат разоў плябанія й нашае памяшканьне былі сьведкамі страшных сцэнаў падчас наскокаў Немцаў або партызанаў.

…Напачатку 1943 году над нашай працай зацяжыла вялікая небясьпека, калі дзеля штораз часьцейшых партызанскіх нападаў на вёскі, пасёлкі й на нямецкія пасты, Немцы пастанавілі вынішчыць усіх людзей ды іхныя сялібы на даволі доўгім і шырокім поясе гэтае тэрыторыі. Пачалі ўсё часьцей надыходзіць весткі пра вынішчэньне вакольных вёсак зь людзьмі.

У месяцы лютым гэтага году… а. А. Ляшчэвіч вярнуўся з Дрысы, дзе адпраўляў набажэнства і там даведаўся ад жандармэрыі, што Росіца таксама будзе зьнішчаная й што жандармэрыя радзіла ксяндзам стуль як найхутчэй выехаць. Пасьля павароту айцец быў вельмі сумны. Айцец Юры Кашыра паехаў да Бігосава, дзе стаяла нямецкая каманда: там атрымаў пацьверджаньне першае весткі й прапанову, каб ксяндзы пакінулі гэтыя месцы. Абодва яны радзіліся, што рабіць, гаварылі: “Як мы можам пакінуць людзей у такую хвіліну? Дзе авечкі, там павінны быць і пастыры”. І яны пастанавілі заставацца пры людзях да канца…

У аўторак таго тыдня ў поўдзень прыехала да Росіцы шмат Немцаў. У плябанію зьявіліся два ваенныя, адзін Латыш, перакладчык, і ў чорнай ваеннай форме Немец, падобна кіраўнік экзэкуцыі. Праверылі ці няма партызанаў. Айцец А. Ляшчэвіч гаварыў зь імі й заступаўся за сёстраў. Пасьля зараз пачалі зганяць людзей да касьцёлу. Мы таксама, разам з ксяндзом, пайшлі туды, а плябанію заняла каманда.

У касьцёле сьпісвалі людзей. Быў напоўнены людзьмі цэлы касьцёл. Некаторыя прадчувалі блізкую сьмерць і рыхтаваліся да яе, іншыя не ўсьведамлялі сабе рэчаіснасьці. Пазьней сёстрам загадалі пайсьці ў плябанію. Ксяндзом дазволена было заставацца ў касьцёле й у плябаніі.

Раз за разам да нас упадаў а. Юры, апавядаючы, што дзеіцца ў касьцёле, і, вядома, пацяшаючы нас. Айцец Ляшчэвіч, каб адвярнуць нашую ўвагу ад няпэўнае прышласьці, разьвесяляў нас і плянаваў нам заняткі, каб мы ня мелі часу на сумаваньне. Зразумела, што гэтае ночы ніхто ня спаў.

У сераду раніцай ізноў у мястэчку зрабіўся рух. Пасьцягвалі шмат фурманак на касьцельны пляц і ад раніцы пачалі людзей групамі вывозіць з касьцёла на пакараньне сьмерцю. Здатных да працы аддзялялі, але такіх ня было шмат. Зьнішчалі людзей на месцы ў Росіцы, зганялі ў дамы, расстрэльвалі й падпальвалі бэнзынай разам з домам. З плябаніі было чуваць блізу што паўгадзіны страляніну з таго часу, калі бралі групу з касьцёла, выбухі, а пасьля ў гэным месцы зьяўляўся пажар дому.

Айцец Юры нас далей наведвае, перарываючы працу ў касьцёле, каб нас пацяшаць, і казаў, што ўжо тую й іншую групу вывезьлі, каб спаліць. Нам Немцы загадалі варыць абед для афіцэраў. Прыйшоў, бо здаецца яго выклікалі, а. Ляшчэвіч, і падчас абеду ён ім служыў. Пасьля абеду сказалі яму запрэгчы каня й паехаць зь імі, паказаць нейкі дом, каб яго захаваць ад пажару. Айцец прачуваў, што будзе, вельмі баяўся за нас і ўсьцяж прасіў камэнданта, каб пакінуў нас пры жыцьці.

Касьцельны хлапец запрог каня й айцец зь ім паехаў. Там перад домам было шмат людзей і айцец там застаўся, а хлапец прыехаў. Зараз па ягоным павароце была страляніна і ў гэным месцы быў падпалены дом. Мы былі цалком пэўныя тады, што там памірае таксама наш айцец. У вялікім смутку мы маліліся за яго й за іншых, што там паміралі. Было гэта ўжо па паўдні.

Айцец Юры далей працаваў у касьцёле, чакаючы на сваю сьмерць. Вечарам яго адтуль звольнілі й замкнулі ў склепе пад плябаніяй. Тры гадзіны яго там мучылі, дамагаліся прызнаньняў. Вярнуўся стуль страшэнна зьменены, сіні, замучаны й перакананы ў хуткай сьмерці. Рана прынёс нам у кішэні Найсьвяцейшы Сакрамант. Была гэта нашая ўжо апошняя Сьвятая Камунія ў Росіцы, прынятая ў клябаніі з рук дарагога Айца…

Назаўтра, як і дня папярэдняга, ад раніцы ў Росіцы было так страшна, як пры канцы сьвету. Мястэчка гарэла, страляніна, лямант, роспач людзей, якіх выцягвалі на забіцьцё. Каля 10-й… загадалі а. Юру штосьці ўзяць на дарогу, было пэўна, што толькі дзеля вока, ды ехаць разам з фурманкамі. Прыйшоў айцец на плябанію даць нам яшчэ абсалюцыю, штосьці забраў з сабой і нам дазволілі адвесьці яго да фурманак на касьцельны пляц. Ніхто з афіцэраў айцом ужо не займаўся, ён застаўся зь людзьмі, чакаючы на загад. Разглядаўся яшчэ, ці ня знойдзе каго знаёмага, а нас прасіў, каб мы паведамілі іншых айцоў аб яго сьмерці.

Пасьля пачалі ладаваць людзей на фурманкі. Дзеці, не разумеючы справы, сварыліся за месцы, айцец іх супакойваў. І цэлы канвой, пад эскортай жаўнераў, вырушыў. Мы засталіся адны ў вялікім смутку. Латышу мы сказалі, што хочам ісьці да касьцёла й разам зь людзьмі памерці, калі ўжо няма ксяндзоў. Ён сказаў гаварыць аб гэтым афіцэру ў плябаніі. Калі мы, парадзіўшыся з сабой, гэта зрабілі, яны пастанавілі адвезьці нас да Друі. І гэтак зрабілі.

Адзін жаўнер, які ехаў разам са мной, быў сьведкам, як расстралялі айца Юрага. Ён акуратна яго апісаў, усё згаджалася – ягоны выгляд і рост, адзежа, гранатавы плашч і г. д. Расказваў, што спачатку ніхто не хацеў ісьці ў хату, але калі айцец першы ўвайшоў, за ім пайшлі людзі, і іх пасьля забілі й спалілі…

Я, а таксама іншыя сёстры, якія там працавалі, перакананыя, што айцы прынялі пакутніцкую сьмерць толькі дзеля вернасьці сьвятарскаму абавязку. Мелі-ж яны магчымасьць пакінуць Росіцу, націскалі іх да гэтага Немцы, калі асьцерагалі перад знішчэньнем мястэчка. Яны самі пастанавілі застацца зь людзьмі й за гэта забілі іх Немцы, каб ня было сведкаў іхных забойстваў.

Таму, што находы партызанаў былі справай часта агульна ведамай, дык ніхто з гэтым не хаваўся. Не таіліся з гэтым таксама й айцы. Хто-б гэтаму пярэчыў, што добра было ведама Немцам, таму пагражала сьмерць. У адной сям'і хтосьці спужаўся й запярэчыў, што былі партызаны. Уся сям'я была расстраляная, толькі двое дзяцей пасьпелі ўлезьці пад ложка й ацалелі.

Да падобнага трагічнага выніку ледзь не дайшло й у нас. Наваліліся раз Немцы на нашу плябанію й на нашае памяшканьне з крыкам, ці былі тут партызаны. Адна сястра спужалася й запярэчыла. Тады зараз накіравалі на яе вінтоўкі, каб расстраляць. Яна-ж хапіла крыжык, каб ім засланіцца, але ўбег а. Ляшчэвіч, тлумачачы, што сястра спужалася. Немцы ўсё-ж былі перакананыя, што айцы ня маюць нічога супольнага ані з аднымі, ані з другімі, а толькі пільнуюць сваёй працы…

Вышэй напісанае сьведчанне прачытала, прызнаю за сваё й згоднае з праўдай, і як такое пацьвярджаю сваім подпісам ды гатова для сьцьверджаньня прысягнуць.

Дня 8.12.1964 г.

Сястра Яніна Т.»

ТОЕ-Ж У АШМЯНЕ, ШТО І Ў ВІЛЬНІ

На Каляды 1941 году Ю. Мурашка запрасіў мяне ў госьці да Ашмяны, дзе ён быў бурмістрам. Было ўжо на змроку, калі спэкулянцкі грузавік, перапоўнены людзьмі й таварам, пакідаў Вільню ў кірунку на Ашмяну.

Цэлы дзень стаяла адліга, а пад вечар, калі нам трэба было ехаць, пачаў падаць дождж, які на зямлі тварыў галалёдзе. Дарога зрабілася коўзкай, аўты шугалі, як санкі. Мы мінулі колькі нямецкіх аўтаў, што былі выбітыя з строю. Нам здавалася, што мы хваты, што мінём катастрофу. Аж тут вось падарак! Наш грузавік закоўзаўся, як на лыжах, набіраючы бескантрольнага разгону. І мы, пасьля магутнага ўдару ў тэлеграфны стоўп, апынуліся ў канаве. Усе пасажыры паляцелі кульком долаў. Я скорчыўся, нацягнуў каптур буркі на галаву і гэта, мабыць, уратавала мяне ад пакалечаньняў.

Людзі, што як снапы ляжалі на лавах у канаве, хутка аднак жа пачалі варушыцца, уставаць. Толькі тры ня краталіся. Я, як лекар, кінуўся да іх, спраўдзіў пульс – аказаўся дзейны. Два зь іх хутка ачухаліся. Толькі адну дзяўчыну забралі ў непрытомным стане ў шпіталь. Машына таксама ачуняла. Праз паўтары гадзіны мы зноў ехалі ў кірунку на Ашмяну.

У Мурашкаў быў добры бадзёры настрой. Сустрэлі яны мяне вельмі міла. Мурашка, як мясцовы бурмістр, расказваў, як ён апанаваў змрочную сытуацыю заігрываючы зь Немцамі пры дапамозе падарункаў. Назаўтра я пабачыў на ягоным панадворку гусей з цэтлікамі на шыях.

– Чаму ў вас гусі ходзяць з цыдулкамі? – спытаўся.

– Гэта ў нас кожная гусь прызначаная адпаведнаму Немцу. А каб ня было памылкі, мы кожную гусь абазначаем па назначэньню.

За колькі гадзінаў людзі бурмістра паразносілі гусей Немцам на калядныя сьвяты. Вечарам Немцы заходзілі да бурмістра, каб падзякаваць за шчодры падарак ды каб выпіць чарку гарэлкі. Я зразумеў, што ў паўсталай сытуацыі нават і сама прымітыўныя спосабы могуць мець неблагі вынік.

Немцы пакульшто грабілі Жыдоў: накладалі нявыносныя кантрыбуцыі ў золаце, у абутку, кажухах ды іншай вопратцы. Бурмістр казаў, што рабунак Жыдоў праводзіцца з усіх бакоў. Чатыры тыдні перад гэтым прыяжджаў Немец зь Менску ды вызначыў даніну, узяўшы 50 чалавек закладнікаў. Жыды мусілі даць паўтара кіляграма золата ў пярсьцёнках, залатых гадзіньніках, завушніцах ды іншых каштоўнасьцях.

Прыехалі пасьля латыскія аддзелы зь Немцамі, абступілі гетта. Жыдоў сагналі на пляц, дзе садзілі іх у закрытыя грузавікі ды адвозілі, труцячы па дарозе спалінавым газам. Толькі каля 5 % нешчасьліўцаў паўцякала, ці было пакінута пры жыцьці ў геце як рамесьнікі.

Тады мне прыпомніліся апавяданьні як Жыдоў у Вільні ліквідавалі Летувісы. Яны яшчэ ў верасьні 1941 году ўсіх Жыдоў пазганялі, на сваю руку, у вельмі брутальны спосаб: у стары жыдоўскі раён, які абгарадзілі высокім плотам і калючым дротам. У жыдоўскіх дамох пазабівалі нат і вокны, што выходзілі на вуліцу. Пазганяныя былі сюды й Жыды з блізкіх навакольных мястэчак. Віленскае гетта тады лічыла да 100 тысяч чалавек. Штодня аграмадныя калёны Жыдоў Летувісы ганялі пад канвоем на розныя дарожныя ды іншыя працы.

І вось нямецкія калябаранты ўхітрыліся: кожны дзень тая ці іншая калёна назад у гетта ўжо не вярталася. Найперш заганялі адлучаных Жыдоў у Лукіскую турму, дзе марылі іх голадам, не даючы нават вады. На трэці дзень Жамойцы пачыналі «прадаваць» сваім зьняволеным ахвярам хлеб і ваду: адна булка хлеба – 5 царскіх рублёў у золаце, або адпаведнік залатых рэчаў у далярах. Шклянка вады – адзін даляр, і г. д. Гэткі «гандаль» цягнуўся да пяці дзён.

Калі-ж Жыды ўжо абсалютна нічога ня мелі пры сабе, шмат-жа якія, аслабленыя голадам, не маглі нават рухацца, тады іх ноччу ўкідалі ў крытыя грузавікі, вывозілі ў Лапарскія горы, дзе дабівалі ды кідалі ў нарыхтаваныя ямы. Рэдка калі Жмудзякі везьлі Жыдоў у Лапарскія горы на сьмерць проста з працы, бо ахвяры тады астаткамі сілаў ставілі супраціў, што было нявыгадна, а часам і небясьпечна іхным катам. Дык Душнікі выкарыстоўваліся як транзытнае месца для падрыхтоўкі забойства. Паадзіночных Жыдоў, што спрабавалі ратавацца ўцёкамі, Жмудзякі мучылі й дабівалі на сваіх паліцыйных участках.

Апошнімі днямі кастрычніка 1942 году ў Беларускі Камітэт зьявілася двух Летувісаў з просьбай даць ім лекара для кантролі дамоў распусты для нямецкіх жаўнераў, бо яны ня маюць дастаткова пэрсаналу. Яны пры гэтым выявілі, што згодна з загадам нямецкага ваеннага камандаваньня, ім трэба сарганізаваць у Вільні два дамы распусты для жаўнераў ды адзін для афіцэраў. Адзін з гэтых дамоў знаходзіўся на вуліцы Субач, у будынку віленска-троцкага стараства. Дом быў абведзены калючым дротам, уваход да яго пільнавала адмысловая старожа. Упускалі туды нямецкіх жаўнераў і афіцэраў па адмысловых пропусках.

Кандыдатак у гэтыя дамы Летувісы знайшлі хутка: вечарам абставілі сваімі аддзеламі піўныя ды павыцягвалі адтуль дзяўчат і жанчын, якія былі зь Немцамі. Усіх садзілі ў крыты грузавік ды вывозілі ў названыя дамы. Пасьля 24 гадзінаў, зрабіўшы лекарскі агляд ахвяраў, павыпускалі цяжарных, замужніх і хворых, а ўсіх іншых змусілі да прастытуцыі. Спачатку трымалі іх як у вязьніцы. Пасьля яны маглі выходзіць нават на вуліцу. Шмат зь іх уцякала, некаторыя трапілі й у канцэнтрацыйныя лягеры Нямеччыны.

Не прайшло пасьля гэтага й колькі тыдняў, як да Вільні прыехалі з Баранавіч др. Лукашэня й былы ротмістр польскага войска Шыпіла, з даручэньнем баранавіцкага гэбітскамісарыяту, каб даставіць у Баранавічы зь дзесятак прастытутак. І там арганізаваўся для нямецкага войска публічны дом, але ў Баранавічах зусім ня было ахвотных для гэтага кандыдатак. Доўга гэтыя брудныя спэкулянты хадзілі па завулках Вільні шукаючы «тавару», пакуль ім удалося звэрбаваць да Баранавіч дзьве лёгкага паводжаньня дзяўчыны.

РАБУЮЦЬ НЕМЦЫ, РАБУЮЦЬ І ІХНЫЯ ПАМАГАТАРЫ

Пагасьціўшы на Каляды ў Ашмяне ў Мурашкаў, я шчасьліва вярнуўся да Вільні. А тут, на табе, – Летувісы забралі маё сямілямпавае радыё. Я ўзлаваўся, пайшоў адразу да іх на мясцовы паліцыйны ўчастак ды асьветчыў, што ў мяне забралі, зусім бяспраўна, радыёапарат. Яны брыкаліся, спасылаліся на агульны загад аб здачы радыёпрыёмнікаў. Я ім сказаў: загад загадам, але я свой апарат маю зь ведама заступніка шэфа СД др. Шольца. Тады яны памякчэлі ды апарат аддалі.

Летувісы мелі на сваім баку й Немцаў, што былі зацікаўленыя ня гэтак іхняй «палітыкай», як рабаўніцтвам. Вось, пасьля двух тыдняў, калі я быў на працы, у маё памяшканьне ўварваўся нейкі Немец, перавярнуў дагары нагамі мой пісьменны стол, забраў біжутэрыю на агульную суму каля 500 даляраў. Падобныя рабункі былі тады паўсюдныя: рабавалі Летувісы, рабавалі Немцы, а віноўнікаў шукаць было рызыкоўна.

Вось адзін абразок. На пачатку 1943 году ў віленскі Беларускі Камітэт зьявіўся стары зрусыфікаваны Беларус Т. Фішар. Усё жыцьцё быў ён чыгуначным інжынерам-інспэктарам, перад вайной-жа асеў у Вільні. Два тыдні перад гэтым ён з сваёй жонкай апісаў на Беларускі Нацыянальны Камітэт дом і 12 гэктараў зямлі ў Ерузалімцы пад Вільняй. Мы перанялі маёмасьць, перадачу зацьвердзілі Немцы. Цяпер вось гэты Фішар зьявіўся ў Камітэт з плачам, што летувіскі паліцыянт уварваўся ў ягоны дом ды зрабаваў жончыну біжутэрыю на суму 5000 даляраў. Тут ён, на довад праўды, паказаў фатаграфію сваёй жонкі, што была зробленая ў 1913 годзе ў Вэнэцыі, дзе яна стаіць, як каралева, з дыядэмай, нашыйнікам, бранзалетамі, пярсьцёнкамі.

Справа нялёгкая, у часе вайны цяжка знайсьці нейкую справядлівасьць. Ды ў мяне мільганула думка: Гітлер даў свабодную руку на рабаваньне Жыдоў, але няма ніякіх нямецкіх выказваньняў пра дазвол рабаваць і ня Жыдоў. Я стараўся супакоіць нашага дабрадзея ды пераконваў яго, што тут напэўна нейкі разгул толькі жамойцкіх шавіністых ды прыабяцаў, што мы будзем шукаць справядлівасьці.

Я напісаў адпаведны ліст да гэбітскамісара Вільні ды пераслаў яго нашым перакладчыкам. На другі дзень Фішара выклікалі ў СД, дзе яму сказалі, што ягоная скарга будзе разгледжаная, а пакульшто ён павінен чакаць. Чаканьне гэтае зацягнулася. Каб справа не адцягвалася «ад календас грэкас», я ізноў націснуў на Немцаў. Не прайшло й колькі дзён, як у БНК зьявіўся др. Шольц, ды радзіў нам не займацца гэтак энэргічна розыскам біжутэрыі Фішара. Па-першае, казаў ён, Фішар, хоць зь нямецкім прозьвішчам, не запісаўся фольксдойчам. Па-другое, ягоныя каштоўнасьці могуць мець жыдоўскае карэньне.

Мы зразумелі, што праўды тут ня дойдзем, што тут звычайная нагласьць дужэйшага. Бо, што каштоўнасьці Фішара ня былі нейкага крымінальнага паходжаньня, ня мелі «жыдоўскага карэньня», было ясна з старой, зробленай у Вэнэцыі, фатаграфіі. Фішару пасьля гутаркі з др. Шольцам я сказаў, што, як выявілася, націскаць моцна на справядлівасьць справа небясьпечная, бо можа скончыцца для яго нечым горшым.

У БНК прыходзілі часта з скаргамі й абрабаваныя сяляне. Адзін вось прыклад:

– Вёз я, паночку, дровы да Вільні. Але, вы-ж самі знаеце, не пражывеш цяпер, калі ня будзеш хітрыць. У мяне пад дровамі быў падсьвінак… Ці гэткая хітрасьць перашкаджае нямецкай уладзе? То-ж грошы цяпер малавартасныя. Толькі тавар рэч надзейная.

– Колькі-ж пудоў важыў ваш падсьвінак?

– Пудоў восем на чыста.

– Дык гэта не малы парсюк! – кажу яму.

– Дык вось, паночку, Жмудзякі зьнюхалі, што тут ладная здабыча, ды вяпрука забралі. Мне загадалі адвезьці яго на іхны паліцыйны ўчастак і там, на маіх вачох, яны расьсеклі яго на восем кавалкаў ды падзяліліся між сабой, мне-ж далі толькі галаву вяпрука. Ці нельга было-б зьвінаваціць іх у Немцаў, бо ім Жмудзякі нічога ня прызначылі?

Я яму сказаў, што ўсю справу можам прадставіць Немцам і можа паліцыянты й будуць пакараныя, але й яму гэта ня будзе на карысьць, бо цяпер продаж усякага тавару падлягае нямецкай кантролі.

– Хай сабе падлягае, – казаў селянін, – але чаму жамойцкія разбойнікі маюць жывіцца нашым мазалём?

АБРАЗКІ ЗЬ ВІЛЬНІ

Аднойчы ў нашым камітэце зайграла піяніна й паліліся жаночыя арыі з апэрэтак Штраўса ды Легара. Хто-ж гэта так іграе ды пяе? А прыйшлі ў камітэт жонкі савецкіх вайсковых і ўрадаўцаў, якіх Летувісы палавілі, сваім звычаем абдзерлі, ды пасадзілі ў спэцыяльныя дамы, скуль яны маглі выходзіць толькі з адмысловым дазволам. Цяпер гразілі ім вывазам у Нямеччыну й яны прыйшлі па раду ды дапамогу перад гэтым гвалтам. Прасілі таксама запраданых інфармацыяў пра тое, што дзеіцца ў Савецкім Саюзе.

Калі яны даведаліся, што Ленінград у напружаньні, Масква заложаная, камуністы ды Жыды ўцякаюць на ўсход, дык толькі ўскрыквалі:

– Да неужелі это правда?

Беларусак сярод іх ня было. Нам тады быў патрэбны мэдыцынскі пэрсанал. Адну лекарку я паслаў да Кабыльніка, а дзьве сёстры накіраваў да Баранавіч у шпіталь, дзе іх пасьля й спаткаў на працы. Іншых вывезьлі ў Нямеччыну.

На пачатку лістапада 1941 году ноччу, колькі хатаў далей ад майго дому на Кальварыйскай вуліцы, пасыпаліся стрэлы. Назаўтра мая гаспадыня Марыя, што прабіралася нават у жыдоўскае гетта, пайшла на выведку. Хутка прыносіць ведамку, што дом № 46 на нашай вуліцы абстаўлены паліцыяй і там робяць вобыск. Уночы-ж там быццам лавілі камуністаў. Вечарам я наведваю маю знаёмую Я. Бянюкевіч, куды заходзілі жмудзкія тайныя паліцыянты на спрэчкі ды выпіўку. Вось я й сустрэў аднаго па прозьвішчы Ожаліс – былы Казлоўскі – які хваліўся:

– Там была камуністычная зборка. Нам даўно даносілі, што да скрытай саветкі заходзяць падазроныя тыпы. Дык вось мы й зрабілі на іх заседку. Было там трох мужчынаў і дзьве жанчыны. Спачатку яны вячэралі ды пілі гарэлку. Пасьля-ж раптам – хіба нас зацьмілі, усё заціхла й патухла электрыка. Каля гадзіны другой мы як ня ўдарым плячом у дзьверы так, што яны з грукатам адчыніліся, ды ўварваліся ў хату. Я зь месца адскочыў у лева пад сьцяну, мой-жа таварыш выстраліў перад сабой. Настала сьмяротная цішыня, толькі дзіка крычалі зь перапуду ў суседнім пакоі дзеці. Нехта скрыпнуў дзьвярыма, нехта захрапеў на падлозе й зварухнуўся. Я адставіў руку ад сябе ў права й выстраліў у кірунку шораху. Саветчык выстраліў з падлогі ды трапіў у майго таварыша, той ускрыкнуў ды празь дзьверы пакаціўся па калідоры. Чакаць ня было чаго, я засыпаў стрэламі ўвесь пакой. Саветчык выстраліў з другога пакою ў мяне, але не папаў. Я выскачыў на калідор, каб заладаваць браўнінг, ды наткнуўся на майго таварыша. У гэты момант зазьвінелі шыбы ў суседнім пакоі, дзеці зараўлі яшчэ мацней ды нешта цяжкое падала на зямлю. Гэта камуністы скакалі зь першага паверху на вуліцу.

– А вуліца была не абстаўленая? – пытаюся.

– То-ж бо то, што ня была, бо мы не спадзяваліся, што іх тут столькі зьбярэцца. Хутка на стрэлы нам прыйшла падмога, скамандавалі рукі ўверх. Засталася аднак толькі гаспадыня зь дзяцьмі ды адзін савецкі вайсковы ляжаў забіты. Мой таварыш быў ранены ў правую руку! Была гэта страшная ноч, трэба выпіць! – закончыў Ожаліс.

На рагу Міцкевіча й Віленскай вуліцы Немцы выставілі аграмадную карту ўсходняй Эўропы ды кожны дзень адзначалі сьцяжкамі лінію фронту. Здабытыя вялізарныя прасторы, Ленінград акружаны, Масква пад абстрэлам, Калінін забраны, Варонеж, Горкі бамбардаваныя. Людзі сотнямі прыходзілі ды аглядалі гэтую карту. Яна толькі нейк зусім ня прыцягвала ўвагі Немцаў, што ў лёгенькіх мундзірчыках перабягалі марозныя вуліцы з гатэляў у сталоўкі. Чуваць было толькі:

– Кальт, кальт, фэрфлюхт![9]9
  Холадна, холадна, ліха на яго!


[Закрыть]

Аднаго дня марознай раніцай перад Калядамі сьпяшаюся пайсьці, паглядзець на карту ды прыраўнаць яе да ведамак, што падало ангельскае радыё, паводле якіх Немцаў адагналі ад Масквы на 120 км зь вялікімі для іх стратамі, ды прымусілі, непадрыхтаваным, залегчы ў сьнягох Расеі. Была гэта першая паважная параза Немцаў на ўсходзе.

На карце сьцяжкі адсунуліся на лінію Ржэў, Вязьма, Курск.

З натоўпу гледачоў вырваліся гэткія заўвагі:

– Немцы дасталі аплявуху!

– Дасталі в тылэк!

– Жукаў пад Масквой зьнішчыў цэлую армію!

Удзельнікі паходу на ўсход пазьней расказвалі, што перад Масквой яны напаткалі супраціў і ў гэтым якраз часе пачаліся цяжкія маразы й завеі, вада ў нямецкіх маторах пазамярзала. Нямецкія жаўнеры, не адзетыя адпаведна, мерзьлі. Дзеля гэтага Немцам давялося ўцякаць з-пад Масквы.

Але вось нешта новае на Віленскай вуліцы: зь вялікім скрыпам ды грукатам колаў, як у Першую Сусьветную вайну, пасоўваецца на ўсход нямецкі абоз. Ішло 180 падводаў. Ад людзей і ад коняў білі клубы пары, мароз быў 30 градусаў. Коні, запрэжаныя папарна, ішлі й храпелі, хурманы на вазох сядзелі скорчыўшыся з стрэльбамі, шмат хто зь іх мелі на сабе гунькі, дываны, галовы-ж былі акручаныя рудымі ды серабрыстымі лісіцамі.

Пасьля той матарызацыі, якая тут праходзіла колькі месяцаў таму, гэты абоз выглядаў надта-ж мізэрна.

– Ві Байт цу Смаргоні?[10]10
  Як далёка да Смаргоняў?


[Закрыть]
– пытаецца хурман.

– Ахціг кілёмэтэр,[11]11
  Восемдзесят кілямэтраў.


[Закрыть]
– кажу.

– Фэрфлюхт!..[12]12
  Чорт пабяры!..


[Закрыть]

На Катэдральным пляцы нямецкі жаўнер-мастак выразьбіў зь лёду трох жарабцоў ды ваяку ў рымскай калясьніцы. Коні гэтыя мелі прыпамінаць цяпер абозьнікам, ды ўсім нямецкім ваякам Брандэнбурскую трыюмфальную браму ў Бэрліне, сымбаль нямецкага панаваньня на ўсходзе! Ды дэфіляда цяпер выпала вельмі-ж мізэрна, тым больш, што перад абозам ляжалі яшчэ вялікія сьнегавыя далі Беларусі й Масковіі.

У красавіку ледзяныя коні й яздок сталі аблягаць, таяць, корчыцца, – паадпадалі вушы, насы й галовы. Дарма аж трох Немцаў палівалі скульптуру вадой ды аблеплівалі сьнегам. Сонца нелітасьціва развалівала іхнюю працу. Урэшце настала адліга й там, дзе стаялі жарабцы, ляжала куча сьнегу ды няўклюдна зьбітыя дошкі. Віленчукі, праходзячы, казалі: «Вось якая нямецкая магутнасьць на ўсходзе!» Даводзілася прызнаць ім справядлівасьць.

Вясною 1942 году нямецкія агенты ТОД пачалі ўсімі сіламі зьбіраць людзей на працу ў Нямеччыне, асабліва на працу ў транспарце места Бэрліну. Найбольш ахвотных знайшлося Расейцаў, бо аж 60 чалавек. Пасьля ішлі Палякі, Летувісы й 16 Беларусаў. Немцы былі зьдзіўленыя, што «прыязная» беларуская нацыя так слаба адгукнулася на патрэбы нямецкай сталіцы. У дзень адпраўкі гэтых дабравольцаў Немцы зрабілі на станцыі мітынг і дэфіляду з аркестрай. Расейцы й Летувісы маршыравалі зь песьнямі ды сьцягамі. Беларусы-ж і Палякі безь сьцягоў ды моўчкі. Да працы ў бамбардаваным Бэрліне яны не сьпяшаліся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю