Текст книги "Пад знакам Пагоні"
Автор книги: Язэп Малецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 16 страниц)
ПРЫСЯГА БКА
Надыходзіў дзень 25 сакавіка 1944 году, 26-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. На гэты тэрмін БКА мела скласьці жаўнерскую прысягу на вернасьць свайму народу. У аддзеле БКА кіпела падрыхтоўчая праца, рыхтавалася й адміністрацыя, школа, моладзь. Гэта-ж першы раз у гісторыі 25 Сакавіка, угодкі Беларускае Народнае Рэспублікі, мае быць адсьвяткаваны ў дзяржаўным размаху па ўсёй Беларусі, з нацыянальнымі сьцягамі, аркестрамі, дэманстрацыямі, масавымі мітынгамі, дэфілядамі. А тут яшчэ ўдзел беларускага войска, БКА, ды яго ўрачыстая прысяга.
У гэты дзень Вялейка прыбралася як красуня ў беларускія сьцягі. Натоўпы народу абляглі беларускія сьвятыні. У абедзьвюх праваслаўных цэрквах адпраўляецца сьвятая літургія за беларускі народ. Стаяць рады жаўнераў, моладзі СБМ, школьная моладзь, ціснуцца людзі. Гучаць беларускія казані, настрой узвышаны, патрыятычны, як ніколі. Поўны народам і каталіцкі касьцёл, і там адпраўляецца ўрачыстая імша за Беларусь.
А 12 гадзіне ў мясцовым парку пачынаецца другі пункт праграмы. Тут мае быць ПРЫСЯГА БКА. Па адным баку парку стаяць калёны БКА, па другім – школьная моладзь усіх мясцовых школаў, СБМ – дружыны юнакоў і юначак пад камандай акруговага кіраўніка Сеньніка. Пасярэдзіне – аркестра, навокала – масы народу.
І вось на сярэдзіну чатыракутніка выходзяць прадстаўнікі ўладаў: гэбітскамісар і я, як намесьнік БЦР, за намі Гравэ й мой заступнік Бабіч, і гэтак далей парамі – адзін Немец, адзін Беларус, разам 15 параў. Аркестра іграе марш. Калі прадстаўнікі ўладаў сталі на фроньце, камандуючы капітан Шмацін даў загад:
– Зважай!
І, падышоўшы да мяне, рапартаваў:
– Спадару намесьніку! Тры тысячы жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны гатовыя да прысягі!
– Дзякую! – адказаў я ды прыклаў руку да шапкі. Немцы таксама засалютавалі. Аркестра грымнула «Пагоню». Я ўзышоў на трыбуну. Да сьмерці не забуду гэтага відовішча ды майго ўсхваляваньня. Перада мной тысячы народу, моладзі, нашага войска. Народ доўга на прывітаньне пляскаў у далоні. Тады я ў мікрафон мясцовай радыясеткі сказаў гэткую прамову:
«Дарагія Браты й Сёстры!
Прайшло 150 гадоў ад часу, калі нашыя дзяцюкі паступаючы ў рады сваіх збройных сілаў складалі прысягу на вернасьць свайму народу, на гатовасьць абароны свае Бацькаўшчыны. Масква тады, як і сеньня, наступала на наш край і на нашую дзяржаву, Вялікае Княства Літоўскае, мардавала, паланіла народ, рабавала ўсе багацьці. Масква тады, як і сеньня, мела сваіх саюзьнікаў. Наш народ, тады разам з польскім, пад правадырствам слаўнага Тадэвуша Касьцюшкі, які апрача шляхты вёў за сабой і просты народ, ня здолеў тады абараніцца ад ордаў ворага. Мы тады згубілі сваю дзяржаву й сваю незалежнасьць. Масква запанавала над намі й як ненасытны дзікі зьвер, губіла наш народ, нашую культуру, нашую веру, нашую мову, нашыя багацьці. Нашыя людзі сваімі косьцьмі пакрылі Сібір ды іншыя далёкія прасторы Маскоўскай імпэрыі.
Але народ ніколі не заламаўся, не скарыўся драпежнаму ворагу. Ён шукаў падтрыманьня й надзеі ў народаў Захаду, падпольна каваў зброю, у паўстаньнях і рэвалюцыях спрабаваў скінуць маскоўскае ярмо. Усё мінулае стагодзьдзе было нясупынным цягам паўстаньняў, бунтаў, змоваў супроць ненавіснае Масквы.
Вялікі правадыр паўстаньня 1863–64 году, Кастусь Каліноўскі, гэтак заклікаў да збройнага чыну свой народ:
“Ваюй, народзе, за сваё прыроднае й боскае народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю сьвятую… Бо толькі тады ты зажывеш шчасьліва, калі над табой больш Маскаля ня будзе!”
І хоць паўстаньне 1863 году не прынесла нам перамогі, хоць разам зь іншымі героямі зьгінуў тады й Кастусь Каліноўскі, ды народ усё-ж разбудзіўся да сьвядомасьці й сілы.
Ужо ў 1905 годзе, калі маскоўская імпэрыя захісталася ў вайне зь Японіяй, жыхары нашых местаў, мястэчак і сёлаў, пад правадырствам пасьлядоўнікаў Каліноўскага пачалі вялізную ахвярную працу для падрыхтоўкі адваёвы свае самастойнасьці й свае сувэрэннасьці. Калі-ж пазьней, у Першую Сусьветную вайну, маскоўская турма народаў лопнула, і беларускі народ узьняўся да адбудовы свае дзяржаўнасьці.
У сьнежні 1917 году да Менску зьехалася больш 1800 народных прадстаўнікоў, што былі выбраныя па сёлах, паветах, мястэчках, месцах, губэрнях, па беларускіх вайсковых злучэньнях ды нацыянальных арганізацыях, як правамоцныя дэлегаты на ЎСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС, які воляю ўсяго народу ўстанавіў вехі нашае дзяржаўнае самастойнасьці ды заклаў асновы канстытуцыі дэмакратычнага ладу ў Беларусі.
Усебеларускі Кангрэс ня прызнаў улады над беларускім народам чырвоных маскоўскіх узурпатараў, Леніна й Сталіна, ды іхняй бандыцкай шайкі. Чырвоныя агрэсары тады загадалі сваёй акупацыйнай арміі разагнаць Кангрэс зброяю, правадыроў яго арыштаваць.
І толькі паход нямецкае арміі ў лютым 1918 году на ўсход дапамог нашаму народу весьці далей працу над мацаваньнем свае самастойнасьці ды разбудоваю свае дзяржаўнае сувэрэннасьці. У выніку, 25 Сакавіка 1918 году ў Менску, аднагалоснаю пастановай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі была апавешчаная сувэрэннасьць Беларусі як незалежнае, вольнае дзяржавы беларускага народу.
Дарагія Браты й Сёстры!
Сеньня вось мінула 26 гадоў ад гэтае вялікае падзеі. Сеньня нямецкія армія, адкінуўшы чырвоную Маскву зь беларускае зямлі, даюць нам ізноў магчымасьць адбудовы свае бацькаўшчыны, свае дзяржаўнасьці. Ды вайна не закончаная, Нямеччына цяпер у цяжкіх баёх з Масквой на Ўсходзе ды зь ейнай саюзьніцай Антантай на Захадзе. Што значыць паварот старой няволі для нас – нам ня трэба гаварыць. І таму мы ў гэты момант ня можам сядзець бязьдзейна, бо згубім тады ўсё, разьдзяўбуць нас тады гэтыя ворагі.
Наш абавязак – узяцца за зброю ды перш за ўсё ачысьціць нашую зямлю з усякае погані, што бадзяецца па кустох ды перашкаджае нам выпрастацца зь нядаўняй няволі на ўвесь рост. Дадайма сяброўскую руку нямецкай арміі ў яе змаганьні з нашым найбольшым ворагам – Масквою, каб яна больш нас не паланіла!
Вы-ж, дарагія жаўнеры й афіцэры Беларускай Краёвай Абароны, памятайце – прысягаеце ў вялікі Дзень 25 Сакавіка на нашыя сьвятыя нацыянальныя ідэалы, на вернасьць свайму народу, як першыя штурмовыя кадры ў нашай барацьбе за волю, самастойнасьць і незалежнасьць!
Хай Бог вас успамагае й благаславіць!»
Гучыць каманда:
– Да прысягі!
Жаўнеры падымаюць правую руку. Урачыста чытаю тэкст прысягі, усе за мной паўтараюць. Людзі паздымалі шапкі. Немцы й нашыя ўмундараваныя адзінкі, паліцыя, СБМ салютуюць:
«Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсёмагутнага Бога й на жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленна й прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.
Я прысягаю, што ня выпушчу з рук сваіх зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны супакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу. Так мне памажы, Божа!»
Падае каманда:
– Па прысязе!
Усё заварушылася, хоць яшчэ была цішыня. Аркестра грымнула нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». За аркестрай загудзеў увесь народ – жаўнеры, юнакі, школьнікі, усе прысутныя… Здавалася й расстаўленыя навокала беларускія сьцягі таксама шумяць пад сьпеў тысячных грудзей…
Калі я вярнуўся на сваё месца, маленькая вучаніца перадала мне букет кветак, кажучы:
– Спадару Намесьніку, гэта ад нас усіх!
Я падзякаваў і пацалаваў дзяўчынку.
Пасьля прамаўляў гэбітскамісар. Ён коратка гаварыў аб ідэі «Фюрэра» вызваліць усе народы «з жыдакамунісіычнай няволі», аб нямецкіх змаганьнях, аб дабразычлівасьці Немцаў да беларускага народу, ды заклікаў Беларусаў да супольнага змаганьня. Пасьля, пад гукі аркестры, перад прадстаўнікамі ўлады прайшла дэфіляда аддзелаў БКА, паліцыі, СБМ і школьнікаў.
Вечарам у Народным Доме адбылася апошняя частка сакавіковай урачыстасьці – канцэрт з удзелам менскіх артыстаў. Выступалі сьпевакі-салісты, дэкляматары, танцоры, хор і танцавальныя групы. Вялейка гудзела ў дзень нацыянальнага сьвята да познае ночы.
БАІ З БАНДАМІ
На другі дзень пасьля прысягі да Даўгінава былі сьпешна высланыя тры роты БКА ў сіле 500 чалавек пад камандай кап. Касецкага. Там былі вылазкі савецкіх бандаў ды паўстала пагроза нападу на само мястэчка. Жаўнеры занялі добра ўладжаныя былыя вайсковыя казармы.
Хутка 200 чалавек пад камандай Лашука было выслана да Ільлі, 120 чалавек да Маладэчна, 250 да Жаўткоў, 300 да Гарадзішча ля Маладэчна. Рэшта БКА ў сіле 1600 чалавек засталася ў Вялейцы. З гэтага ліку 85 вучылася ў Падафіцэрскай Школе, 50 было выслана да Менску ў Школу Афіцэрскую, каля 75 у Беларускі Штурмовы Батальён пры войсках СС.
Як ужо ўспаміналася, з самага пачатку былі розныя цяжкасьці, асабліва з абмундзіроўкай і абуткам, бо прадукцыйная гаспадарка ў акрузе ніколі ня была разьвітая, а яе астаткі былі цяпер пад кантроляй нямецкіх зондэрфюрэраў.
Ды, не зважаючы на ўсё, праца кіпела, вайсковыя заняткі ішлі па праграме. Вывучалася тактыка змаганьня партызанскага тыпу. Вылазкі партызанаў на некаторы час прыпыніліся. Яны сталі групавацца ў большыя банды пад камандай скінутых на парашутах інструктараў і камандзіраў.
Нядоўга аднак-жа давялося чакаць на ворага. Вялікая вёска Жаўткі, куды мы паслалі 250 чалавек БКА, знаходзілася ля вялікага лесу 4 км на ўсход ад Вялейкі. Яна была першым аб'ектам нападу. На пяты дзень пасьля прыбыцьця туды жаўнераў БКА, ноччу, ціха, з трох бакоў да вёскі пачалі падыходзіць партызаны. Нашыя вартаўнікі паднялі алярм. За пяць хвілінаў наш батальён заняў абаронныя пазыцыі. Перастрэлка з бандамі трывала паўтары гадзіны. Быў заалярмаваны й гарнізон Вялейкі. Але пакуль надышла стуль дапамога, жаўнеры Жаўткоў пайшлі самі ў атаку на ворага. Савецкія бандыты ўцякалі як зайцы, пакідаючы забітых і параненых. Нашыя страты – адзін жаўнер цяжка ранены, адзін лёгка. Спаленае адно гумно.
У часе самаабароны ў Жаўткох ды прагнаньня бандаў, прыбыў туды з успамагальным аддзелам мой намесьнік Бабіч, які пахваліў жаўнераў і камандзіраў за ўдачны першы баявы хрост, ды перадаў запасы амуніцыі.
Не прайшло двух тыдняў, як у намесьніцтве ізноў трывога – партызаны атакуюць Даўгінава. Мы паднялі ў нашым гарнізоне алярм. Тымчасам бальшавіцкія банды, у сіле прыблізна 500 чалавек, заапекавалі Даўгінава з паўдня й захаду. Камэндант тамашняга гарнізону, кап. Касецкі, адну роту выслаў паціху на тылы ворага. Перастрэлка тады ўзьнялася амаль пры самых казармах БКА. Хутка аднак-жа бандыты зразумелі, што яны ў мяшку, дык ірванулі ходу. На полі бою пакінулі трох, раненых панесьлі з сабой. Нашыя жаўнеры здабылі ручны аўтамат і 20 стрэльбаў. На нашым баку было двух параненых.
Трэці напад бальшавіцкіх бандаў быў накіраваны на вёску Палачаны за Маладэчнам. У гэтай, паложанай у лясох, вёсцы, знаходзілася 100 нямецкіх ахоўнікаў і 300 чалавек беларускай Самааховы. Напад быў цяжкі дзеля магутнага злучэньня партызанаў. Але хуткі налёт жаўнераў БКА з Маладэчна спрычыніўся да таго, што бальшавіцкі наступ заламаўся ды вораг быў змушаны ўцякаць у лясы, пакідаючы шмат забітых і раненых.
Чарговая атака бальшавіцкае партызаншчыны была накіраваная на Гарадок ля Маладэчна. На алярм мы выслалі роту жаўнераў БКА зь вёскі Жаўткі пад камандай пар. Максімовіча. Напад быў адбіты й Гарадок заставаўся ў супакоі аж да нашага й нямецкага адыходу.
У дыскусіі на нарадзе нашых вайскоўцаў выявілася, што партызаны ня здольныя ісьці ў атаку супроць нашых вайсковых адзінак. Яны займаліся толькі нападамі на мірнае жыхарства. Найлепшая супроць іх тактыка – абставіць узброенымі адзінкамі лясныя масівы ды палюдзку прыймаць іхных уцекачоў, бо Масква не давала ім ежы, адзежы, лекаў, загадвала ўсё грабіць у сялян ды займацца сабатажамі. Пагоня за партызанамі ў лясы не аплачвалася, бо першымі заўсёды ўцякалі добра адкормленыя камуністы ды іхныя каханкі, у палон-жа даставалася пераважна зьняволенае імі мясцовае жыхарства. Самі партызаны пазьней пацьвердзілі, што гэткая тактыка была для іх найбольш дэструкцыйнай.
КРЫВАВЫЯ ПАРАЗІТЫ НА НАШЫМ ЦЕЛЕ
Калі Немцы 22 чэрвеня 1941 году рынулі на Усход – чаго не спадзяваўся Сталін, а аб чым даўно ведала ўся Эўропа, – дык мелі яны свой вельмі просты «плян». Як Гітлер выказаўся ў сваім «Майн Кампф» – «нямецкія калёніі ляжаць на ўсходзе». Гітлер спадзяваўся, што ў хуткім часе скрышыць бальшавіцкую аружную сілу, забярэ Маскву, Ленінград і Ўкраіну, і тады падыктуе камуністам умовы міру.
Прыбалтыйскія дзяржаўкі як невялікія жыхарствам ды зь гістарычнай традыцыяй нямецкае экспансіі, мелі быць цалкам зьяднаныя з Райхам. Жыхары мелі стацца Немцамі ці павандраваць на ўсход. Украінцы, дзеля таго, што іх зямля вельмі ўраджайная, ды там калісьці, больш тысячы гадоў таму, праходзілі Готы, мелі стацца працоўным рэзэрвуарам для Немцаў. Толькі малы працэнт мог бы быць прыняты ў «фольксдойчы». Беларусам, дзеля іхняй менш ураджайнай зямлі ды цішэйшага характару, меўся быць пакінуты супакой на гадоў 50. Немцы тады яшчэ ня ведалі, што і ў зямельных нетрах Беларусі ёсьць нафта, магутныя слаі солі, ды іншыя багацьці.
Хутка пасьля пачатку вайны на ўсходзе, у Беларусі й Украіне, зьявіліся генэральныя камісары, пад імі былі гэбітскамісары. У прыбалтыйскіх дзяржавах былі ўжо толькі гарадзкія ды акружныя камісары. У рамках гэтае схэмы Ўкраіна, Летува, Латвія й Эстонія былі зусім пазбаўленыя адміністрацыйнае завязі свае дзяржаўнасьці. Толькі Беларусам былі зробленыя некаторыя ўступкі ў адміністрацыі, школьніцтве, самапомачы й нават у вайсковай галіне арганізацыяй Самааховы.
Варта тут успомніць, што, паводле расказаў уласьнікаў, у Харкаве й Кіеве генэральны камісар Кох палкай набіў тых украінскіх прадстаўнікоў, якія прасілі дазволу на арганізацыю народнага школьніцтва.
Тымчасам, хоць бальшавікі й мелі вялікія страты, ды ўсё ж не распаліся. Яны адбілі ад Масквы нямецкія атакі ды прымусілі Немцаў залегчы ў сьнягі й балоты ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Характар і ход вайны зьмяніўся на некарысьць Немцаў. У іх паўстала аграмаднае неспакойнае заплечча, якое трэба было нейк арганізаваць для эксплянтацыі ў зацяжной вайне.
На ўсіх франтах Гітлер траціў мільён людзей у год. Таму ён раптоўна стаў шукаць сабе «саюзьнікаў» для забясьпечаньня тылоў, ды асабліва гэткіх «саюзьнікаў», якія не маглі вязаць Немцаў ніякімі палітычнымі ўмовамі.
Першымі з гэткіх нямецкіх «саюзьнікаў» зьявіліся ў Беларусі аддзелы Латышоў і Летувісаў. Латышы пераважна панавалі Жыдоў па геттах ды памагалі Немцам праводзіць крывавыя пацыфікацыі мясцовага жыхарства. Летувісы, у сіле пару батальёнаў атаўбаваліся ў Менску, Горадні, пад Слонімам, а пасьля ў Жодзішках. Летувісы на нашых землях вялі сябе прыкладна ды супрацоўнічалі зь беларускімі вайсковымі адзінкамі, за выняткам Вільні ды ўспомненай ужо крывавай акцыі ў Новых Сьвяньцянах.
Другімі памагатымі Немцаў на нашых землях былі польскія вайсковыя адзінкі, польская паліцыя ды рознага тыпу ўрадаўцы. Хоць польскі ўрад у Лёндане ды польскае падпольле ў Генэральнай Губэрні вялі вайну зь Немцамі, ды на землях Заходняе Беларусі яны пастанавілі зь Немцамі супрацоўнічаць. Імкнуліся гэтак апанаваць адміністрацыю ды пад пратэкцыяй Немцаў тварыць свае вайсковыя адзінкі, як гэта ў Першую Сусьветную вайну рабіў Я. Пілсудскі.
Польскія ўзброеныя сілы на тэрыторыі Беларусі прыблізна лічылі: у Горадзеншчыне 200 чалавек, у Лідчыне 250–300 чалавек з «штабам» у Варанове, у Налібоках – 250, у Стоўбцах 150, у Рубяжэвічах – 100, у Гарадзішчы Баранавіцкай акругі 150, у Вялейшчыне 150 і ў Віленшчыне – 350. Усяго 1600–2000 чалавек. Да вясны 1944 году Немцы давалі ім харч, узбраеньне, рыштунак, транспарт і інструкцыі дзеяньня, ды іх не чапалі, калі яны, насупроць дамоўленасьці, нападалі не на камуністычных партызанаў, а на беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячаў, якіх стралялі пераважна з-за вугла.
Толькі вясной 1944 году, калі Мікалайчык дамовіўся з Сталінам, а чырвоная армія з пракамуністычнымі аддзеламі польскай дывізіі «Косьцюшко», заняўшы ўсю Украіну, стаяла на паўдні ўжо на польскім паграніччы, генэрал Бор-Камароўскі, як правадыр польскае кансьпірацыі, даў загад усім сваім аддзелам у Заходняй Беларусі слухаць загадаў штабу Арміі Краёвай (АК), павялічыць свае баявыя сілы ды наносіць удары на тылох нямецкае арміі.
Тады Немцы, разам зь Беларусамі, паразьбівалі апорныя пункты польскай дывэрсіі. Пасьля гэтага толькі малая частка Палякаў засталася на службе ў Немцаў. Іншыя пайшлі ў партызаншчыну ды стараліся лучыцца з камуністычнымі бандамі.
Ды савецкае партызанскае кіраўніцтва мела загад ад штабу Панамарэнкі вынішчаць жаўнераў АК, як нямецкіх калябарантаў, што, супроць дамоўленасьці зь Мікалайчыкам, не прызнаюць за Саветамі Заходняй Беларусі.
Лёс гэтых аддзелаў быў трагічны. Летам 1944 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі бальшавікамі, вялікая частка польскіх вайсковых, на чале зь іх камандзірам палкоўнікам Філіповічам, подступам была схопленая ды ліквідаваная чэкістамі. Рэшта далучылася да беларускай антысавецкай партызанкі, выкліканай жорсткімі бальшавіцкімі рэпрэсіямі супроць усіх тых, хто меў нейкую сутычнасьць зь Немцамі. Вось толькі ў гэтай новай партызанцы, якая трывала да дзесяці гадоў, ды стварыла бальшавіком немалыя клопаты, вырасла ваяцкае братэрства Палякаў і Беларусаў.
Трэцяй з чаргі чужой вайсковай фармацыяй на нашых землях быў аддзел разбойніка Камінскага ў сіле 1500–2000 чалавек. У асноўным складаўся ён з былых савецкіх ваеннапалонных, ды было там цімала й прайдзісьветаў розных нацыянальнасьцяў. Яны ня мелі ніякай палітычнай плятформы ды вялі сябе як найгоршыя дзікуны-разбойнікі: палілі вёскі, грабілі, гвалтавалі жанчынаў, і ня столькі ганяліся за партызанамі, колькі за хатняй жывёлай і птушыной, за гусямі ды курамі.
Калі ўся аколіца была ўжо агалочаная ды ўсё спустошана, тады гэтая банда была пэўная, што партызаны там ужо не завядудца, бо там няма чаго ўжо грабіць, і яна перасоўвалася ў другое месца. Акружаўся Камінскі гэткім сільным штабам, што Немцы не маглі яго арыштаваць, калі ён ня выконваў іхныя загады. Вясной 1944 году ён перакінуўся пад Берасьце, а летам перайшоў на левы бераг Віслы. Тут Немцы выклікалі Камінскага з штабам на канфэрэнцыю ў Лодзь, дзе яго арыштавалі, судзілі ды расстралялі, а ягоная банда была расфармаваная.
Чацьвёртай вайсковай пранямецкай фармацыяй была Першая Расейская Нацыянальная Брыгада СС у сіле 2500 чалавек ды пад кіраўніцтвам палкоўніка Радыёнава й маёра Блажэвіча. Абодва гэтыя савецкія вайскоўцы трапілі ў палон у канцы 1941 году й сядзелі ў абозе сьмерці каля вёскі Крывулькі ў Сувальшчыне, скуль, як я ўжо ўспамінаў, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Горадні выцягнуў пару сот нашых суродзічаў.
Гэтая група мела ўжо сваё нацыянальнае аблічча з туманнай праграмай, што пасьля разгрому бальшавізму Расея мае жыць шчасьліва пад пратэктаратам Гітлера. Ужо летам 1942 году Немцы кінулі іх пад Слуцак, дзе яны спачатку крыху лепш біліся з партызанамі чым аддзел Камінскага й ня так зьдзекваліся над жыхарствам. Хутка аднак Расейцы пачалі ўцякаць да сваіх, у партызаны, Радыёнаву, за недагляд, прыйшлося расстраляць маёра Краўчанку й больш ста падазроных у пракамуністычных сымпатыях адаслаць у лагер сьмерці.
У траўні-чырвені брыгада Радыёнава брала ўдзел у ліквідацыі партызанскага гнязда напоўнач ад Менску. Партызанская вярхушка вырвалася з акружэньня якраз на адрэзку, дзе кіраваў Радыёнаў. Злавілі толькі пару тысяч сялянаў зь сем'ямі, якіх бальшавікі сілаю загналі ў лес. Гэта кінула цень на Радыёнава, яго перакінулі на тылы, у ваколіцу Каралеўшчына-Даўгінава. Тут гэтыя «ваякі» хадзілі ў лес пастраляць у пустую ды варочаліся абвешаныя сырамі, курамі й самагонкай. Радыёнаў у гэтым часе дамовіўся з галоўнай кватэрай партызана Жалязьняка.
Нашыя сяляне ведалі загадзя й данасілі, што Расейцы пойдуць у партызаны, бо яны расстрэльвалі тых сялян, якія паказвалі сьцежкі да партызанскіх логаваў, або данасілі, дзе партызаны падкладалі міны. Немцы, без загаду зьверху, ня верылі нашым сялянам, але беларускія паліцыйныя адзінкі стаялі ўвесь час напагатове.
Нараніцы 16 жніўня 1943 году Першая Расейская Нацыянальная Брыгада СС ударыла знянацку на Немцаў – і то дзе? У Даўгінаве! Яны забілі 32 Немцаў, сярод якіх колькі высокай рангі афіцэраў, подступам схапілі былога кіраўніка Самааховы палкоўніка князя Мірскага ды бурмістра Даўгінава Парфяновіча, і спалілі ўвесь цэнтар Даўгінава. Пасьля спалілі станцыю Смаленіны, нападалі на станцыю Каралеўшчыну, дзе таксама спрычынілі страты, але ня ўзялі яе.
Страты ў людзях тады былі б шмат большыя, каб нашая паліцыя не дала адпор радыёнаўцам, пакуль не ачухаліся ад варожага наскоку й Немцы. Да беларускай паліцыі далучылася й пару сот Расейцаў ды колькі іхных афіцэраў.
Пару дзён пасьля, па загаду партызанаў, Радыёнаў атакаваў, але бяз рэзультату, Куранец і Вялейку, панёс вялікія страты, і тады адышоў на поўнач у лясы. Немцы выслалі за ім пару сваіх брыгадаў акружылі й у бальшыні вынішчылі ягоную баявую сілу. Сам Радыёнаў быў паранены ды памёр на месцы.
З выпадку з Радыёнавым можна зрабіць высновы аб тым, што Немцы пад восень 1942 году разьвязалі ды абезаружылі нашую Самаахову, за якой стаяў увесь народ, нашая паліцыя і адміністрацыя, з страху. За мілітарнае супрацоўніцтва беларускі народ усюды дамагаўся адміністрацыйна-дзяржаўных правоў. Калі пасьля здрады Немцам Камінскага, Радыёнава й Палякаў тылы нямецкія сталіся трэцім непрадбачаным фронтам, у кастрычніку-лістападзе Немцы ізноў зьвяртаюцца да Беларусаў з прапановай шырэйшага вайсковага супрацоўніцтва.
Было гэта аднак пасьля Сталінграду, Курску й Украінскай кампаніі, дзе Немцы панесьлі міліённыя страты. Аліянты-ж гэтым часам выбілі з строю Італію, спалілі 90 % нямецкіх большых местаў і зьнішчылі румынскую нафту ў Плоэшці. Немцы ўжо не маглі ставіць гэткага супраціву, як 1–2 гады таму назад і не маглі таксама даваць эфэктыўнай дапамогі сваім саюзьнікам. Чакалі на палітычныя зьмены ў Саветах, але іх там ня было. Сталін ужо вылез з свайго сховішча ды забыўся аб вялікім «драпе» з Масквы 10–19 лістапада 1941 году, ды ізноў трубіў аб камунізьме.
Калі Немцы аж да ўпадку не зьмянілі свайго нацыстоўскага пляну на Усходзе ды ня прызналі незалежнасьці ні Беларусі, ні Украіны, дык бальшавікі, разумеючы важнасьць гэтага для прапаганды, ішлі шмат далей. Іхны ўзурпацыйны ўрад падпісаў ад імя Беларусі й Украіны хартыю Задзіночаньне Нацыяў. Гэткім спосабам Беларусь, разам з 25 іншымі дзяржавамі, сталася сябром-засноунікам гэтае міжнароднае арганізацыі.
У кастрычніку 1943 году ў Маскве чатыры наймагутнейшыя дзяржавы – Кітай, ЗША, Англія й Савецкі Саюз – фармулююць праграму Задзіночаньне Нацыяў гэткімі словамі:
«Трэба стварыць хутка, як толькі магчыма, агульную міжнародную арганізацыю, абапёртую на прынцыпе сувэрэннай роўнасьці міралюбных дзяржаваў ды даць доступ да яе ўсім іншым дзяржавам для ўтрыманьня супакою й бясьпекі».
Гэтак Беларусь, як дзяржава, юрыдычна была быццам прызнаная ўсім сьветам. Калі аднак-жа ў 1945 годзе Савет БССР у Менску вынес пастанову, што забралая ад Немцаў ды суседняя да беларускіх земляў Усходняя Прусія павінна быць далучаная да беларускай рэспублікі, каб гэтак быў доступ да мора праз Каралевец, гэтая пастанова была адкінутая Вярхоўным Саветам СССР (чытай – Масквой) ды Усходняя Прусія была далучаная да Расейскае ССР, гістарычны-ж назоў Каралевец быў заменены на Калінінград.








