412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Я з вогненнай вёскі... » Текст книги (страница 9)
Я з вогненнай вёскі...
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 10:00

Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."


Автор книги: Янка Брыль


Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 25 страниц)

Прабылі мы там шэсць дзён, бо немцы яшчэ кругом курсіравалі. Потым адзін кажа:

– Ці так, ці так паміраць – давайце брацца дадому.

Брат мне кажа:

– Ідзі дадому. Там у яме гарэлка стаіць. Каб мне не замерзнуць – нацерціся трэба.

Прыйшоў я дадому – ані душы. Прыпоўз я, у яму тую спусціўся, а ў хату не заходзіў. Схапіў там пару бутэлек тое гарэлкі і назад у лес да яго.

Прыйшоў у лес, дык ён узяў там ды рану сваю абмыў.

Пераначавалі мы яшчэ адну ноч, зноў ён гаворыць:

– Ідзі паглядзі, прынясі што-небудзь. Але асцерагайся.

А хаты нашыя – у лесе. Прыпоўз я, бачу – стаіць нейкі мужчына. Падышоў я бліжэй, давай прыглядацца, а гэта наш сваяк з Крупіцаў. Расказаў я яму пра ўсё, а ён запрог кабылу, і мы паехалі ў лес. Прывезлі брата ў Крупіцы, і там ён ляжаў…»


* * *

Міколу Багдановіча знайшлі мы ў Слуцку, на будаўніцтве мясакамбіната. Якраз канчалася змена, і саракатрохгадовы цесля, зачыніўшыся з намі ў прарабскай, за дашчанымі сценамі якое чуўся грукат і гоман, расказаў, як ён калісьці ўцякаў з роднай вёсачкі Гандарэва, калі яна была ў сваім апошнім агні.

«…Мы якраз былі ў хаце ўсе. Маці ставіла есці на стол, а тут немцы наляцелі на дзярэўню. Ніхто нікуды не паспеў уцячы.

Немец прыйшоў у хату і гаворыць:

– Матка, ідзі карову выганяй!..

Яна пайшла, а ён дастаў пісталет і ўбіў яе. На маіх вачах. У хляве. А потым вярнуўся ў хату. А я на дварэ схаваўся.

Брат быў другі. Ужо быў раздзеты, нібы хворы ляжаў – каб у Германію не ўзялі, – дык ён узяў і застрэліў яго ў пасцелі. Меншага брата з печы зняў… Дзевачку таксама ўбіў…

I выйшаў з хаты.

А я потым убег, брата падняў меншага, Ваню, і – уцякаць з ім.

Выбеглі мы з хаты ўдвух, і я яшчэ пабег у хлеў, маму паглядзець. Думаю: калі брат жывы, дык, можа, і ў маму не папалі…

Брат пабег прама ў лес, і яго дагналі. У руку вышэй локця і ў галаву… Потым яго там знайшлі.

А я не пабег, я паміж двух хлявоў залез у завулачак. Дзядзькаў хлеў і наш. Сяджу там. А потым, як хлявы пачалі гарэць, дык я думаю, што яны будуць раскідацца і прыдавяць мяне… Я адтуль вылез і хаджу з аднаго боку на другі: каб ён і з дзядзькавага двара не ішоў, і з нашага. I яны мяне замецілі. З напраўлення Ціханя яны ехалі. I паслалі аднаго. Я бачу – ён ідзе… Думаю: яны мяне не відзяць. А потым ён галаву з-за вугла і я з-за вугла. Дык я на яго:

«Панок! Панок!..» Ды гэтым… выбачайце, мёрзлым конскім гаўняком з-за вугла папусціў. А сам бягом на свой двор, цераз калодзеж, цераз плот і паляцеў далей па вуліцы…

Пытанне: – А ён паслізнуўся, немец? Так нам ваша сястра расказвала.

– Паслізнуўся. Ну ён, можа, думаў – гранатай папусціў. Чорт яго ведае, што ён думаў, факт, што так было. Ён упаў, а я за гэты час – на трэці двор… А потым паўзком, паўзком, за капцы, за бурты… Там была канюшня калхозная, а ўжо ад гэтай канюшні да лесу – метраў пяцьсот было. Снег растаўшы быў ад пажару, снегу многа, – ніяк не магу бегчы. Поўз, поўз, а потым усхапіўся і – бягом. Дзе ўжо снег цвёрды. Дабег да лесу, і тут усё роўна як хто мне ў затылак ударыў – цёмна ў вачах… У адну нагу ранілі і ў другую… Пасля ачухаўся, чую – страляюць. I зноў пабег… У Старэве людзі мяне перавязалі, і я пайшоў у лес…»

Негаваркі Мікалай Міхайлавіч. Распытваць трэба было, падварушваць пытаннямі. I сарамлівы. Пра тую мёрзлую «гранату», якою ён, хлапчук, напалохаў дарослага з пагонамі і аўтаматам, ён наогул не думаў згадваць. Каб Зоня Міхайлаўна, сястра яго, да якое мы перад гэтым заязджалі, не расказала пра гэта, дык ён, як сам сказаў нам, «пасцясняўся б гаварыць…».

Дзве старасці

«ГАЛОЎКА ЯГО БАЛІЦЬ…»

У нас быў перапынак, цэлы тыдзень, калі мы былі дома і жылі больш клопатамі і радасцямі свае надзённасці, і таму цяпер сонечны, зялёны чэрвень мы па хатняй інерцыі ўспрымаем яшчэ без страшнага глыбіннага падтэксту – без людскіх успамінаў пра кроў і агонь.

Вёска Альхоўка. Клічаўскі раён.

Спешыўшыся каля патрэбнай нам хаты, ідзём ад машыны да лаўкі перад гародчыкам, на якой сядзіць дзядок. Ціхенькі, сівы, шэры, маленькі. I не ў цяньку, хоць спёка, а на сонцы. Вітаемся, а ён не адказвае, пытаемся, а ён маўчыць. Ды не ад грубасці, мусіць, бо глядзіць ён на нас ці то прыязнымі, ці то бязгрэшнымі вачыма. Не ўсміхаецца – толькі зірнуў адзін раз, даўгавата і абыякава, і зноў глядзіць кудысьці, нібы наперад, нібы ўдаль.

Вартуе штосьці? Абдумвае? Проста любуецца тым, на што глядзеў столькі гадоў, а ўсё ж не наглядзеўся? Відаць, ні адно, ні другое, ні трэцяе: на ўсё на тое патрэбна нейкая актыўнасць, а ён, дзядок, проста глядзіць.

Зразумеўшы, адчуўшы, што гэта – не той, хто можа нам дапамагчы, ідзём у брамку. Ужо на дворыку нас сустракае шустрая, прыветлівая бабуля. Ды яшчэ і талковая – хутка ўцяміўшы, што нам трэба, запрашае ў хату, дзеда свайго з вуліцы не клічучы.

У хаце чыста і пуста, і, не пытаючыся, можна здагадацца, што дзед і баба, як ва ўсіх амаль казках, жывуць адны.

Прысеўшы да стала, бабуля, як і большасць тых, з кім мы ўжо сустракаліся і ў хатах, і на полі, на мікрафон не зважае – проста расказвае людзям, іўсё.

«…Як мяне, кажаце, завуць? Цмыг, Грыпіна Паўлаўна Цмыг. А колькі мне гадоў? Мне ўжо, хлопчыкі, два гады яшчэ і тады будзе восемдзесят. Ой, даўно ўжо жыву-у, ой-ой-ой!.. (Смяецца.) Аён у мяне, мой гаспадар, ужо саўсем… Ён старэйшы за мяне. Мусіць, на трынаццаць ці на чатырнаццаць год. А завуць Амяллян Атрафімаў Цмыг. I той мой дзед быў Амяллян, першы мужык. Гэты мой дзед – удавец быў, у яго пятнаццаць душ забілі немцы, у яме ў той ляжаць. А ён застаўся, гэты дзед.

Ну, я засталася ўдава. Мой сын быў у партызанах. А ён, гэты дзед, ды таго майго дзеда кум. Дык ён кажа:

– Знаеш што, кума, давай мы будзем удваіх. Дык я кажу:

– Ну, давай.

Сын прыбег з лесу, і я спыталася: так і так, сынок, што рабіць?

– Мама, калі дзе прыхінуцца ёсць, дык ты тут і будзь. Можа, калі парцянкі дасі ці рубашку пераменіш мне.

Ну, вот мы і зыйшліся з дзедам, і гадоў, мусіць, трыццаць жывём.

Ужо не ў нашай вёсцы жывём, не ў Сушы, а тут.

А цяпер галоўка яго баліць…

Гэты дзед і гэтыя хлопцы збіраліся кучамі – нядзелька была. I жанчыны папрыбіраліся, старыя і маладыя. Сядзяць дзе-небудзь, сабраўшыся. Ну, і тады гэта дзед стаіць у курані, а тая баба, яго першая, ды кажа:

– Збіраюць на сабранне! Ідзі, дзед.

– Я схаваюся. А яна кажа:

– Чаго схаваешся? – Гэта ж мы такія дурныя, бабы. – Што ты схаваешся – усе ж на сабранне пашлі.

Ну, на сабранне, дык на сабранне. Усе гэтыя бабы, і хлопцы маладыя…

А хат ужо не было – курані. Хаты папалены былі. Зямлянкі былі. Дзед хацеў у зямлянку пад нары, дык яна не пусціла.

Тады гэтыя немцы і кажуць:

– Вот тры чалавекі – гэты, гэты і гэты (старэнькіх ужо: маладых жа пагналі ў плен), тры чалавекі трэба кароў гнаць. I ганіце іх сюды пад раку, на луг, паласіце іх. А тады ганіце ў Кіраўск. А еслі не будзе кароў, дык і вас не будзе!..

Гэта дзед мне ўжо расказваў, калі мы з ім сышліся.

Дык яны пагналі ў Кіраўск.

А яны ўжо іх – немцы людзей тых, што засталіся, – паставілі ў шарэнак, на сабранне. Два пасёлкі было. Кіламетра не было – гэты пасёлак і гэты пасёлак. Дык яны адтуль і адтуль, а пасярод картошка. Выкапалі яму, загатавалі. I паставілі іх у шар, і пілямёты пастаўлялі. I тады: «Столькі і столькі!» I бягом у яму. Гэта расказвалі падводчыкі.

Дык не выдзержаў чалавек адзін з Гарадца, які падводчыкам прыязджаў, – не выдзержаў, памёр.

Людзей у яму, у яму, а тады ён пілямётам пастрочыць, пастрочыць. А бабы возьмуць… як толькі ўжо галосіць, дык так во завязваецца, ды тады ўжо ў яму. Кідаецца. Завязаўшы твар хусткай. А тады ўжо, кажа, другія ўсе…

Адкопвалі потым. Мусіць, сто пяцьдзесят гэтых… чарапоў…

А як закопвалі іх у той яме, дык зямля, казалі, гэтак во дыша, дыша, дыша!.. Гэта подводчыкі расказвалі. Якраз Хвядотавых сваяк быў. Дык ён казаў: «Так усё на мне млела». Памёр той чалавек, ад гэтага і памёр, не выдзержаў.

Калі мы ўжо сышліся са сваім дзедам, дык пашукалі, пашукалі яго сямейных з тыдзень. Чуем – нейкі рой гудзе… А гэта ўжо не рой, ды ўжо мухі, авадні ўсё… А яны закапалі во так – тут дарога, а яны каля дарогі, блізкаў гэтым… Ну, бульбешнік бальшы. Гэты мой дзед і яшчэ чалавекі тры-чатыры: «Давай пойдзем адкопваць. Пахаваем іх аддзельна». Адкапалі. Як за руку возьмецца ўжо, дык і лезе кожа гэтая ўся. Сапрэлі. Ну, дык некаторыя казалі, каб выцягваць, але мой дзед кажа:

– Не буду я кратаць іх – няхай дзе пакладзены, там і ляжаць.

Так мы іх і прыкапалі, і абгародку паставілі…

После таго ўжо галоўка яго забалела, у дзеда майго. Вот нічога ён так і не ведае… Хлопчыкі мае, як гэта дажыць? I купіць усё трэба, і яго даглядаць, як малое дзіця…»

Вось і казка – не казка пра дзеда і бабу.

Свеціць сонца, дзеці і птушкі шчабечуць, увесь наш свет жыве па-летняму, бабка – вясёлая, шустрая, добрая – плача, а ціхенькі, сівы, маленькі дзядок глядзіць…

Толькі глядзіць і нічога як быццам не бачыць.

Калі і сапраўды нічога, дык добра хоць, што ён не бачыць таксама і рою лясной заедзі, і раскапанай магілы з усім сваім родам, з усёю вёскай – таго, ад чаго «забалела яго галава».

Назаўсёды.

Княжаводцы

2З ліпеня – гадавіна трагедыі вёскі Княжаводцы, у Мастоўскім раёне. I выпадковасць прывяла нас туды іменна ў гэты дзень.

Дзень быў, магчыма, такі самы, як і дваццаць восем гадоў таму назад, – спякотны, мляўкі. Паветра трымціць пад гарачымі промнямі. Каласы апускаюць галовы. Дрэмлюць у нёманскіх поймах старыя дубы. Так і цягне ў густую засень, пад іх бухматыя кроны.

На котлішчах вялікай калісьці вёскі – пагарэлыя грушы выгналі пасынкі з-пад кораня, і тыя парасткі сталі ўжо дрэвамі. Млеюць на сонцы адроджаныя дзічкі, нудзяцца на бязлюддзі. Ім не хапае хат, свірнаў, адрынаў, гумнаў, каля якіх было так утульна расці. Ім не хапае вераб'ёў, што шалпаталіся б у лістоце, чубіліся б на пацеху паважным курам-сакатухам, кралі б у іх крупы, спакушаючы сваёй дзёрзкасцю катоў-паляўнічых.

Адна толькі сяліба ўстала з попелу на месцы вялікай вёскі. Адна – з двухсот. Простая драўляная хата. Неяк пачарнела яна… Можа, ад напамінаў пра тое чорнае гора, на якім стаіць? Прыткнулася хата да белай высокай бярозы. Цягнецца бяроза вяршалінай у неба, хоча адарвацца ад зямлі. У хаце часта гавораць пра той колішні вогненны жах, і не сціхае спалох у бярозы…

Хлопчык, які ўлетку прыязджае сюды з Гродна і выгульваецца над Нёманам, не вядзе пад дзічку сябрукоў, бо іх тут няма. Няма яму з кім сябраваць. Чорны Барс – адзіны хлопчыкаў сябар. Вярнуўшыся з ранішняй рыбалкі, хлопчык займаецца ў хаце нейкаю сваёй справай, з Барсам гуляе рэдка.

На парозе хаты стаіць гаспадыня, цётка Ганна Барадаўка, пажылая кабеціна ў чорным капоце і белай хусцінцы, завязанай пад бараду. Яна падобная на манашку. Маршчыністы твар, сухія, засмяглыя вусны, трывожныя вочы, якія бачылі так блізка смерць.

Смерць стаяла над двума прытоенымі ў крапіве людзьмі – жанчынай і яе мужам. Смерць была ў мышастым шынялі, у тыгравай накідцы і зялёнай касцы.

Такою бачыла яе жанчына, і, мабыць, ад бабкі ўнук навучыўся ўяўляць смерць іменна так. Ён лепіць мноства фігурак з бура-зялёнага пластыліну. Фігуркі фашыстаў выцягвае, як быццам свядома, на манер старых гатыцкіх майстроў, і постаці іх выходзяць з-пад яго пальцаў доўгія, як нейкія чалавекападобныя чарвякі…

Гэта – ужо ў хаце, куды мы запрошаны, дзе гаспадыня расказвае.

«…Гаварылі ўвесь час, што будуць біць княжаводцаў, але мы ўсё не верылі. I вось раз мая свякроўка ўстала і гаворыць:

– Уставайце, ужо Княжаводцы ачапілі.

Мы ўсталі, глянулі цераз акно – немцы стаяць адзін ад аднаго, як ад сценкі да сценкі. Мой муж гаворыць:

– Пайду я Дзе-небудзь схаваюся, пайду, нібы па сечку каню…

А я яго і не спыталася, дзе ж мне дзявацца, што мне рабіць.

Потым я выйшла, пачала яго шукаць і нідзе не знайшла. Іду і клічу яго ціхенька. А ён кажа:

– Ідзі, ідзі, не спыняйса. Я ў крапіве тут ляжу. Ідзі, кажа, пад хату, ляж у разору і паўзі сюды да мяне.

I я так падпаўзла да яго. Леглі мы адно да аднаго і ляжым…

I чула я, лежачы ў разоры, як ішлі людзі. Адна суседка заплакала, але яны не крычалі на яе, а нешта ёй усё ціхенька гаварылі. А пасля яны зайшлі да мае свякроўкі, я чула, як яны бралі яе, свякроўку маю. Потым яшчэ адзін немец, як забраў свякроўку маю, загаварыў па-нямецку:

– Пайду фарзухан[13].

Зайшоў у хату, паглядзеў і пайшоў.

Тады прыгналі людзей з суседніх вёсак – браць наша дабро, якое засталоса. Выгналі каровы.

Падышла наша карова, стала над намі і чмыша. А мы баімоса, каб хто не заўважыў, чаго яна тут спыніласа. Потым тыя людзі, што былі з лапатамі, прышлі адагналі карову, а нас – не заўважылі.

Антон мой кажа:

– Людзей закопваць пайшлі.

I яшчэ нам усё не верыцца. Чуем мы, як з нашай хаты ўсё бяруць, як сячкарню ўзялі на дварэ, плуг. Барану шукалі. Пасля паехалі, сціхла ўсё зноў, і мы думалі, што ўсё ўжо супакоіласа. А пасля ўжо – стральба, стральба, стральба!.. I з кулямёта стралялі, і так па адным, і з аўтаматаў. Мы ляжым, а потым бачым – усё гарыць! Ужо наш дом гарыць і суседні за намі гарыць…

Адзін наш сусед, Коўш Мікалай, неяк увечары зайшоў да нас і гаворыць:

– Як будуць нас калі-небудзь запальваць, дык я залезу пад печ. Запаляць хату, разгарыцца добра, дык тады ў дыме я выскачу і пабягу, і ўсё будзе ў парадку.

Ён так потым і зрабіў. Калі запалілі ўсе хаты, каля таго дома, дзе ён пад печ схаваўся, сталі немцы нешта гаварыць. Бо яны так рабілі: дом запаляць і стаяць кругом, чакаюць. Коўш залез гіад печ, а немцы запалілі яго хату і стаяць. Тады ён выбег з агню, і яго злавілі. Гэта людзі расказвалі з другіх вёсак, каторыя падводчыкі. На ім былі гумовыя боты, немцы загадалі зняць іх. Сцягнуў ён адзін, сцягнуў другі, і тады яму ззаду ў голаву стрэлілі. Казалі людзі, што закапалі яго ў той вялікай яме, разам з усімі, але збоку.

Стаялі яны каля хат, пакуль усё дазвання не згарыць. Як жа там уседзіш, пад тым прыпечкам!..

Усе яны былі ў нямецкай форме, у плашчах, у такіх пярэстых, і ў касках усе.

Было гэта дваццаць трэцяга ліпеня – якраз сённяшнім днём. Нават і пятніца была таксама. У сорак трэцім…»

Хлопчык слухае апавяданне старое, слухае быль, страшнейшую, чым казка, а спрытныя пальцы яго машынальна лепяць даўгавязых бура-зялёных фашысцкіх салдацікаў. Яны пры кулямётах, у аўтамашынах, на самаходках. Ім цесна. У нейкай апантанасці саранчы яны ліпнуць адзін да аднаго, счэпліваюцца, звіваюцца, грувасцяцца, як змяіны жмут ля карча, у ведзьмаковым воступе.

– Гэта ваш унук? – пацікаваліся мы ў цёткі Ганны.

– Не, Сярожа – мой пляменнік з Гродна, прыехаў на лета.

– А ты, Сярожа, умееш ляпіць птушак або жывёл ці так, звычайных людзей?

Хлопец маўчыць.

– Сумна дзіцяці аднаму, – стараецца ці то апраўдаць, ці то выручыць пляменніка гаспадыня.

У голасе старой адчуваецца туга па людзях, жыхарах вялікай, гаманкой вёскі, па такіх вось бойкіх падлетках, што ўмелі схаласопіць усе агароды, выкупацца па пятнаццаць раз на дзень і разам з тым пасвіць коней, кароў, гусей… Ёй сумна па суседзях – размашыстых нёманскіх плытагонах, што ўмелі працаваць і гуляць на поўную душу.

Магло б такое жыццё плысці сабе прывольна і шырока, як Нёман, паўнаводны тут, у сярэднім цячэнні.

Магло б…

У смузе віднеюцца парослыя лазняком берагі. Яшчэ вялікія князі літоўскія, мабыць, трымалі ў гэтым месцы водную пераправу на шляху з Вільні ў Ваўкавыск і Бярэсце, а людзі, што ахоўвалі і абслугоўвалі княжацкую пераправу, названы былі княжаводцамі.

Пра тое даўняе-прадаўняе мала хто памятае. Расказваюць людзі навейшыя былі.

Ходзіць у ваколіцы паданне пра сабор у зусім недалёкай, таксама вялікай, вёсцы Дубна, якая ў вайну ацалела. Вялізны, грувасткі сабор гэты. Паглядае сюды правалінамі ржавых купалоў і не можа ўцяміць, што ж адбылося. Былі на віду ў яго вялікія Княжаводцы, і пайшлі яны з дымам, няма іх. Гучала зычнымі званамі боская, царская, панская ўлада па Наднямонні, але змоўкла. Таемна збудаваны свет, дзівам пабудаваны і сам ён, гэты сабор. Кажуць, цар загадаў паставіць храм ва ўкраінскім горадзе Дубна, а выканаўцы яго волі нешта пераблыталі, перайначылі «повеленне», прыляпілі яго да аднайменнай беларускай вёскі…

Дзейнічала ў Наднямонні, як і скрозь на свеце, і другая, светлая, добрая воля – воля жыцця. Яна зыходзіла ад зямлі, ад людзей працы, ад патрэбы тварэння, увасабляла жыццё і свабоду, была іх разумнай праявай. Пад уплывам жыватворнай сілы святла і волі, імкнення да іх нараджаліся і тут, у чароўным кутку Наднямоння, сялянскія паэты. Як жаўрукі над нівай, яны спявалі гімн жыццю і тварэнню, клікалі над-нямонцаў купалаўскім клічам «людзьмі звацца». Не далёка зайшлі галасы гэтых песняроў, але напевы іх тутэйшыя людзі чуюць, як чуе чалавек удары ўласнага сэрца. Паблізу ад гэтых мясцін гучала ў дні няволі і змагання сардэчнае, сціплае і дасціпнае слова паэта Міхася Васілька, а трохі ніжэй па Нёмане і значна раней па часе тут, сярод прыгнечаных беларускіх сялян, знаходзіла несмяротныя вобразы высакародная полька Эліза Ажэшка.

На краі зямлі, якую засявалі жыхары Княжаводцаў, у хлебнай даліне за сасоннікам, уцалела тры хутары. Наводшыбе за былою вёскай.

Вось прысеў каля надмагільнага помніка Сымон Іванавіч Кая. Засяроджана кладзе ён бронзу на высечаныя ў бетоне традыцыйныя літары «З. П.» – «здесь покоится». Гэтая праца стала пасля фашысцкага пагрому нібы новай прафесіяй земляроба. Ёсць нешта сімвалічна-жудаснае ў гэтым збегу акалічнасцей. Селянін, гаспадар, які цудам абмінуў сваю смерць, перажыў смерць родных і блізкіх, ніяк не можа ўцячы ад прысутнасці смерці… Яна – побач.

Але не смерць дыктуе яму словы «здесь поконтся», не яна загадвае высякаць адвечнае «З. П.». Дыктуе жыццё, бо яму належыць памяць. Што думае стары падзёншчык жыцця ў доўгія дні марудна-карпатлівай работы? Што думае пра тых, чыю памяць захоўвае залачонымі літарамі? Хіба расказвае ценям і гэтым камяням падзеі таго дня, які аддзяліў яго ад жывых і не злучыў з памёршымі.

«…Тады я, ведаеце, – расказвае ён, – прыйшоў з вяселля, з Сухініч, і лёг спаць у адрынцы. У гэтую ноч я неяк дрэнна спаў. Стала толькі трохі світаць, і я падняўса. Прыйшоў, пастукаў у акно, але жонка спала моцна, ледзь разбудзіў. Увайшоў у хату, ужо было трохі відна. Жонка выйшла на двор, а я яшчэ ўсё хаджу па хаце. Вядома, з вяселля, у галаве шуміць…

Дачка, васемнаццаць гадоў, спала на адной караваці, другая – на другой.

Гляджу я – жонка бяжыць назад у хату.

– Скарэй, – кажа, – немцы за агародамі і крычаць «хальт!».

Ну, ведаеце, яны да нас прыязджалі разрў некалькі з Гродна. Набяруць машыну людзей і павезлі. Не на работу. Там іх білі, таўклі, каб гаварылі пра партызан… Адаб'юцьчалавека ад памяці, ён і гаворыць, што ім трэба…

Пачалі яны нашу вёску ачапляць. Пройдзе адзін метраў пяцьдзесят і стане. А некалькі нашых хат на хутарах былі за гэтай цэп'ю. Вось і мая таксама. Яны нас спачатку абмінулі, а потым партыя немцаў аддзяліласа і пайшла нас з хат выганяць. Тады я выскачыў праз акно і – пад Нёман…

Калі расстрэльвалі, дык я быў ад гэтай магілы блізка, у лесе. Крыку не было аніякага. Толькі залп быў. I адзіночныя выстралы. Ад стральбы гэтай я пайшоў далей…

Мне расказваў адзін чалавек з Луннай, які быў тады падводчыкам. Памёр ён, гэты чалавек. Ён быў каля магілы. Каторыя застрэленыя падалі не ў магілу, а каля магілы, то гэтым людзям, падводчыкам, загадалі сцягваць іх у яму. Чалавек гэты чатыры дні нічога гаварыць не мог. Не аказваўса. Толькі потым прыйшоў да памяці. I расказаў, што там было…

У форме ўсе яны былі нямецкай. Сядзелі пасля ўсяго, як пастралялі людзей, елі сала, каўбасы, што награбілі…»

Калі вочы Сымона Каі пазіраюць на слухача рассеяным, невідушчым позіркам, а на губах блукае бесклапотная ўсмешка дзіцяці – робіцца холадна. Нарэшце – выраз ціхай скрухі на твары, і субяседнік можа ўздыхнуць з палёгкай – нічога, ён яшчэ нічога… Удару, які перажыў гэты чалавек, не мог сцерці руплівы, мірны час, так і не ачуняў, калісьці дбайны, гаспадар. Скончылася вайна, а ён усё блукаў па чужых вёсках – ні старац, ні работнік. Неяк натрапіў на гэты свой занятак… Рамяство? Заробак? Ці «кара», а можа, плата за ацаленне?..

Не вернецца ўжо Сымон Кая з таго пагранічча жыцця і смерці, на якое кінула яго тая хмельная ноч з вяселлем у Сухінічах і раніца з нямецкім ачапленнем у роднай вёсцы. Не паддасца ён спакусе дробных жыццёвых клопатаў, не ўсміхнецца людзям так дапытліва, прыветна і весела, як яго суседка, бабка Макрына Кавальчук.

Жыве калгасная пенсіянерка Макрына Іванаўна побач на хутары адна, але агарод развяла як на добрую сям'ю, – тут і бульба, тут і фасоля, тут і цыбуля, тут і мак. Корпаецца бабка Макрына ў. агародзе, як чарадзейка-зельніца на Купалле. Бушуе ў бабкі Макрыны гародніна, як быццам хоча здзівіць яе гарадскіх дзяцей ды ўнукаў, што неўзабаве прыедуць сюды на бабчыны ласункі.

Бабка Макрына малая ростам. З галавою хаваецца яна ў маку, а высокую збажыну, што абхапіла яе хутарок, называе то ласкавым словам «жыта», угадваючы сувязь гэтай расліны з паняццем «жыць», «выжыць», то на рускі манер велічае жыта сваім наватворам – «рошч».

Сапраўды, гэтая «рошч» даравала жыццё і ёй і яе дзецям.

Тады, у ліпені сорак трэцяга, Макрына Кавальчук павяла сваіх пяцярых дзяцей у жыта, нырнула ў жытнюю гушчыню і прапала на колькі дзён, як курапатка з вывадкам.

«…Якраз сягонняка тое самае чысло, як тады, калі нас білі…

Майго мужыка было зваць Змітрук. Яго ўбілі, майго мужыка.

Дзеці гэта я пабудзіла, старэйшыя, а потым гавару сама сабе: «Збегаю да суседкі». Суседка была старэйшая, ёй было шэсцьдзесят гадоў, а мне трыццаць пяць. Я пабегла да яе і гавару:

– Цётко, ужо немцы ставяць цэп! Трэба ўцякаць. А яна гаворыць:

– Трэба што-небудзь схаваць. А я гавару:

– Нічога нам не трэба, вот уцякайма. Бягайма ў рошч або куды…

Але яна не слухае і сыну свайму кажа:

– Ты, сынок, уцякай; а я буду хаваць што-небудзь. Прыбегла я дадому, а мае дзеці ў сенях стаялі і кажуць:

– I тата пайшоў, і мама пайшла, мы ўжо думалі, што вы нас пакінулі…

Узяла я чацвёра старэйшых, а маленькая спала на ложку, дык я сабе думаю: «Няхай спіць». А потым вярнуласа я.

– Не, – гавару, – будзем, дзеці, пагібаць усе разам.

Узяла я тую дзевачку, і пайшлі мы ў жыта. I сядзелі мы ў тым жыце адзін дзень, сядзелі другі дзень. Немцы хадзілі па полі, крычалі, а мы ўсё сядзелі…

Хлопец адзін мой кажа:

– Я есці хачу. А я кажу:

– Еш жыта! А ён кажа:

– Я табе не варона, жыта дзяўбаць.

Чым я іх карміла, кажаце? Нічым не карміла, сядзелі, і ўсё. Я тады, можа, пяць дзён не піла і не ела, так перапалохаласа… Усё пабілі, усё папалілі, нават і вароны не каркалі. Такі быў страх…

Увечары прыйшлі толькі, на пажарышча паглядзелі. Усё ў нас пагарэла, нічога няма.

Мой муж раней за мяне з дому пайшоў, і там яго ўбілі. А я з дзецьмі асталаса…

Ніякіх жанчын са мною больш не было, толькі сусед наш жывы застаўса. Палазіць ён па жыце, па лубіне каленкамі, пашукае і кажа:

– Няма мае ні мацяры, ні жаны, ні дзетак…

Але яго цяпер няма: ён як пайшоў на фронт, дык немцы яго ўбілі. Звалі яго Юрык Шывілько. Ішоў на фронт, дык казаў: «Пайду сваіх ворагаў забіваць». А як пайшоў, дык і не прыйшоў…

Дзвесце хатаў спалілі.

Ды гэтак стралялі, гэтак білі!..»

Высокаю сцяною стаіць калгаснае жыта вакол агарода і хаты Макрыны Кавальчук. Звіняць, шчыруюць жаўрукі над ніваю, весяляць збажыну: ганяй сокі, спей на радасць добрым людзям. Пад гэтую песню спялення адлягае ад сэрца ў старое жанчыны, успамінаюцца сыны і дочкі, зяці і нявесткі, унукі і ўнучкі, што жывуць у гарадах. Яна іх зберагла калісьці ў жыце. Яна іх чакае, прадчуваючы здзіўленне і радасць, што столькі дабра бабка вырасціла адна – чарадзейка на сваіх градах.

Усе бацькі ратавалі сваіх дзяцей. Кожны і кожная па-свойму. Як хто ўмеў. Калі б апісаць толькі тыя шчаслівыя спосабы, якія памагалі ўратавацца, – атрымалася б не адна кніга мужнай бацькоўскай і мацярынскай ахвярнасці, якая магла б з'рабіць гонар любому народу.

Страх скоўвае, страх губіць слабыя душы, страх вызваляе рашучасць у дужых.

Антон Кая, статэчны, акуратны княжаводскі гаспадар, разбудзіў у тую злавесную раніцу сваіх сыноў, чатырнаццацігадовага Васіля і адзінаццацігадовага Мікалая.

– Вы, хлопцы, выганяйце каровы. Ганіце іх, можа, хоць вы застанецеса жыць. А я ўжо стары… Куды дзенешса?..

Так запамятаў апошнія бацькавы словы Васіль.

Паслухалі сыны бацькаву параду, пагналі каровы ў канец сяла. Там іх запыніў вартавы і выкрыкам «направа!» загадаў заганяць жывёлу ў крайні падворак.

«…Падворак гэты, – успамінае Васіль Кая, – быў вельмі вялікі, абгароджаны добра. I яны пачалі зганяць туды ўвесь скот – і свінні, і коні, і каровы, – усё разам. А ў тога гаспадара былі вуллі. Скаціна іх разламала. Вылезлі гэтыя пчолы – як нападуць на ўвесь гэты скот! I на людзей! I на немцаў! Яны шынялямі голавы пазакрывалі ды з гэтага падворка ходу. А мы гэтых пчолаў не чувствуям – ці яны кусаюць, ці не кусаюць. Выбеглі мы, падросткі, на вуліцу і думаем: «Куды бегчы, куды тут дзенешса?..» Пагаварылі і пайшлі назад у вёску, туды, дзе ўсе…

А камісар, каторы з Луннай, нямецкі, ён стаяў наперадзе, і мы яго пачалі чуць-чуць вось так абмінаць. А ён заўважыў, што гэта ўвесь скот пайшоў па полі, і кліча нас. Свішча – кліча да сябе. Мы вярнуліса. I паказвае ён нам: «Бярыце ўсё гэта і ганіце туды, дзе паром». Ну, добра. Мы гэта раз-два разбегліса, думаем, што, можа, так і ўцячэм. Ага, толькі мы паспелі туды-сюды, а немцы заўважылі нас, што гэта мы тыя, што паўцякалі з панадворка. Ён – за намі. Бяжыць, бяжыць, свішча. Страшна неяк. Мы спыніліса ўсе і назад. Толькі ўжо не на той падворак заганяе нас, а на суседні. Тады былі на хутарах, далёка двор ад двара.

Стаім мы на падворку, а той немец, каторы нас сюды загнаў, пайшоў. А потым пад'язджае камісар – ён ехаў на брычцы, – саскочыў з брычкі і да нас. Пачаў на нас крычаць нешта і паказвае зноў: «Паром!» I мы тады рассыпаліса хто куды. Я не ведаў, прымерна, дзе мой брат. Толькі мы засталіса з адным другам – мы разам з ім у школу хадзілі. Мы з ім пару кароў узялі – прэм па жыце: каб хоць яны не заўважылі, немцы, што мы ўцякаем. Брыцько Віктар друг мой зваўса. Дагналі мы гэтыя каровы да лесу і тады гэтыя каровы кінулі. У лесе мы зноў разбіліса з маім таварышам… I мы з ім сядзелі ў лесе – ён сабе, а я сабе – чатыры дні. Баяліса выходзіць… Ужо есці хацеласа, дождж, але куды ж там… Падыдзеш да шашы – машыны едуць, зноў у лес уцякаеш…»

Разлучыцца з бацькамі, з братам, разбіцца, кажучы па-мясцоваму, з другам, адбіцца ад людзей…

Меншы Кая, Мікалай, таксама пакутаваў ад разлукі з бацькамі і братам і ад сваёй загубленасці ў гэтым знаёмым і раптам так ачужэлым, такім ашалелым свеце.

«…Як пачалі пчолы цяць гэты скот, – успамінае Мікалай, – некуды яму дзявацца. I пачаў ён, гэты скот, па нас таптацца… I не ведаем мы, куды нам дзявацца. Коні разламалі плот, і ўвесь гэты скот пайшоў, куды каму роўна па ўсім полі.

«Брат мой, відаць, ужо ўцёк, – думаю я. – Як бы гэта і мне да лесу дабегчы». Бачу, брат мой з таварышам да лесу дабег. Як бы гэта і мне!.. Дабягаю я ў лес, туды да Нёмана, і іду сабе, нібы карову ганю. Толькі я хацеў ужо схавацца, а тут мяне зноў той немец, каторы каравуліў, схапіў за каўнер і назад, у вёску. Што ж мне рабіць? Хто быў з маіх таварышаў – усе паўцякалі, а я адзін застаўса… I яшчэ, гляджу, захапілі аднаго майго таварыша. Я на гэтага таварыша гавару:

– Косця, давай мы будзем прасіцца, можа, нас пусцяць.

А ён кажа:

– А я і прасіцца не буду, і гаварыць нічога не буду. Бо мы ўжо абодва абмерлі са страху. Прыгнаў нас той немец назад у вёску. Ужо ўся вёска гарэла. Машыны пачалі ўжо раз'язджацца. А цэп рабіла прачоску.

Бачым – адзін чалавек праз акно выскачыў, а немцы – за яго. I ўжо не стралялі, а жыўём у агонь кідалі. Ну, нічога я так не баяўса… Думаў, няхай ужо мяне заб'юць, але толькі б у агонь не кідалі жывога.

I ён мяне не страляў, той немец, а вёў туды, дзе гарэла, каб у агонь кінуць. Кажу я свайму таварышу:

– Косця, кіне ён нас жывых у агонь.

I прывёў ён нас на тое самае месца, адкулі» мы ўцякалі. А тут ідзе нейкі афіцэр, ці хто ён. Паклікаў нас пальцам да сябе. А ён умеў па-польску гаварыць. Гавару я яму:

– Пане, я не адгэтуль, я з Сухініч. Тут нас забіваюць, а мне трэба дахаты ісці.

Немец, каторы нас прыгнаў, зараджае вінтоўку, каб застрэліць мяне. А гэты, што сустрэў нас, патрос на яго кіем і пусціў мяне. Я адышоў трохі, а потым вярнуўса.

– Пане, – кажу, – гэта мой таварыш, Косця. Пусціце і яго. Ён таксама з Сухініч, Косця Барадаўка. Каровы пасвіў, наняты ў Княжаводцах…

I немец нас адпусціў. Калі мы ішлі, дык Косця ажно мне свой карандашык аддаваў… Цяпер ён далёка, у Расіі. Жаніўся тут. А чашнікам[14] мяне, нябось, не ўзяў…»

Бацька траіх дзяцей, знатны каваль і электразваршчык у калгасе «Светлы шлях», Мікалай Антонавіч Кая пасяліўся і жыве ў Сухінічах, у той суседняй вёсцы, якую ен назваў роднай у хвіліну смяротнай пагрозы.

Сядзіць ён з намі ў новым калгасным праўленні і нетаропка разважае:

– Цяпер людзі зайздросцяць, што дом харошы я сабе зрабіў. Але не кажуць, колькі я нагараваўса!..

Не трэба зайздросціць Мікалаю, яго залатым рукам, яго рупнасці, яго шчасцю. Хоць дом – і сапраўды як цацка, як нейкі казачны церам. Такое хараство, мабыць, неаднойчы снілася асірацеламу, загнанаму хлапчуку, які пасля тае навалы, як і брат Васіль, не мог жыць нават у замужняй сястры ў Сухінічах. На кожным доме былі вывешаны спіскі яго жыхароў. Па гэтых спісках паліцыя правярала людзей і хапала ўсіх, каго не было ў спісках, а гаспадароў карала за прытулак непрапісанага чалавека высылкай, смерцю. Доўгімі асеннімі начамі тулялася дзіця па кустах. Зімой зашывалася ў адрынкі і гумны. У няшчаснае сіраты не было дома з дошчачкай, на якой можна было б напісаць імя. Гнаны пагрозаю смерці, забрыў Мікалай ажно пад Ваўкавыск, прытаіўся там пастушком. У тую пару бяздомнасці, непрытульнасці, жахлівай адзіноты як не сніць было яму пра ўласны дом? Можа, іменна тады апаленая крыўдай і горам фантазія і знайшла формы і фарбы гэтага казачна размаляванага дома. Свайго – назло ворагам – бяспечнага і ўтульнага гнязда.

Старэйшы брат, Васіль Антонавіч Кая, таксама асеў у Сухінічах, і жыве ён у абжытым, як старая моцная борць, доме. Акуратнасць у хаце такая, што боязна ступіць. Кухня чысцюсенькая, бялюсенькая, як аптэка. Спраўнаму муляру з міжкалгасбуда, відаць, падабаецца гэтая звышакуратнасць. I ён за той жахлівы дзень уцёкаў ад смерці і доўгія гады беспрытульнасці паспытаў удосталь агіды да ўсяго неразумнага, бязладнага, грубага і бруднага, што можа несці ліхалецце.

На ганку стаіць хлопчык – Васілёў сын, таксама акуратны, дагледжаны, упэўнены ў сабе падлетак. Ён усміхаецца і не адводзіць позірку, калі адзін з нас хоча яго фатаграфаваць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю