Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."
Автор книги: Янка Брыль
Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
Жанры:
Роман
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 25 страниц)
Бацька мой пажыў трохі, а потым пасля вайны ад ран тых і памёр, гангрэна падпала ў нагу.
А я гэтак і асталася. Мне тады, як білі, шэсць гадоў было, сёмы…»
Вёска Вялікая Воля знаходзіцца ў нізоўі Шчары, якая цячэ тут з поўдня на поўнач. Ад Вялікай Волі да Акунінава будзе больш за сотню кіламетраў, гэтая адлегласць паказвае на маштабы таго злачынства, якое, паводле слоў Пятра Саўчыца з Гародкаў, называлася ў фашыстаў «акцыяй супраць партызан». У фашысцкіх справаздачах акцыя гэтая называлася «Гамбург».
У Вялікай Волі ацалела пяць чалавек дарослых і чацвёра дзяцей. Адзін з ацалелых дарослых – Іван Іосіфавіч Павачка. Гэты разважлівы і добры па натуры чалавек ужо не раз сведчыў пра злачынствы акупантаў. Яго паказанйі ўключаны ў акт Дзяржаўнай Камісіі Казлоўшчынскага раёна па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў акупантаў у 1941–1944 гг. і апублікаваны ў асобнай кнізе. Там запратакаліраваны агульны ход падзей і акалічнасці злачынства. Іван Іосіфавіч адзначыў тады, што 16 снежня 1942 года па загаду нямецкага афіцэра па прозвішчу Сзук была загнана ўся сялянская жывёла з Вялікай Волі ў мястэчка Казлоўшчыну. Неўзабаве ў вёску ўварваўся другі карны атрад фашыстаў, які сагнаў усіх жыхароў у адно месца і падзяліў іх на дзве групы, адну групу – 156 чалавек, сярод якіх быў сведка, яго жонка і двое дзяцей, карнікі прыгналі да кар'ера, з якога раней да вайны бралі пясок, калі будавалі мост цераз Шчару. Карнікі загадалі людзям легчы і расстрэльвалі іх з кулямёта.
«Першая кулямётная чарга, – гаворыць Іван Павачка, – прайшла па галовах ляжачых, і быў смяротна паранены мой сын Міхаіл, а мне куля на левай руцэ адарвала сярэдні палец, а безыменны і мезенец раздрабіла. Мой сын паспеў сказаць: «Тата, мне баліць», – і кончыўся».
З другой групы, у сто трыццаць чалавек, ацалелыя расказвалі, што іх адлучалі па дванаццаць ды гналі ў лес і там расстрэльвалі.
Расказаўшы на нашу просьбу жахлівую гісторыю нанова, Іван Іосіфавіч згадзіўся нават завесці нас на месца расстрэлу і паказаў, як ён у той зімовы дзень ляжаў тут пад кулямётным агнём.
Цяперашні расказ яго мы перадаём з усёй дакладнасцю.
Як і многія іншыя ацалелыя жыхары «вогненных вёсак», Іван Іосіфавіч пачаў гаворку з разважанняў пра фашысцкую версію – «барацьбы супраць партызан»:
«… Немцы сабралі вялікую сілу на лясы. Партызанам яны нічога не зрабілі. I з гэтай усёй нянавісцю нападалі на мясцовае насяленне.
Мы ўцякалі ў лес. Зіма была. З дзецьмі. Ну, у лесе – не месца: мароз быў, холадна. Пайшлі мы ў вёску Капце. Заехалі немцы і кажуць: «Ідзіце дадому». Ну, мы, вядома, павінны былі ісці бо, тут усё пакінулі: і коней, і каровы.
Прышлі мы дадому, сядзім, бачым – ідуць. Сусед мой гаворыць:
– Дзень добры, пану.
А яны:
– Дзень добры, пане бандыце.
Разграбілі яны ўсё наша, забралі ўсю нашу скаціну. I чалавек пятнаццаць увялі з сабой у абоз.
Сядзім мы. Нікога няма. I не згледзелі, як награнулі немцы ізноў. У кожную хату заходзіць немец і наказвае нам, каб кожны на тры дні харчоў браў. «Мы вас вывезем». Хто паспеў што ўзяць, а хто і не паспеў.
Снег ляжаў, а аднаго старога вялі босага, без рубашкі і без шапкі.
Паставілі тут усіх нас на калені. Нас білі прыкладамі і таўклі нагамі… I раптам пачуўся грукат цяжкіх машын. Прышло дзевяць машын, а ў машынах поўна немцаў. Па чалавек, можа, дваццаць, а можа, і больш. Маладыя немцы, на галовы нацягнуты каскі.
З адной машыны вылез афіцэр, даў каманду, і нас павялі пад сільным канвоем. З правай стараны ехалі машыны, а з левай – ішлі немцы.
Не дахадзя да таго месца, спынілі, і трох немцаў пайшлі з кулямётам. Паставілі кулямёт на ўзгорачку, двох там засталіся, а трэці вярнуўся і махнуў рукою.
Прывялі нас у лагчыну, перад тым кулямётам, і сказалі лажыцца. Мы лажыліся, хто з кім. Ну, я лёг з сямілетнім хлопчыкам, трымаў яго на руцэ, прытуліўшы, а жонка з трохлетняю дачкою. Калі мы леглі – шапка з мяне звалілася, і я яе на голаву болыд не клаў.
Немцы ад нас адышліся… Ага! – немцы адышлі ў сторану і заляглі кругом. А гэты немец, кулямёт каторага на ўзгорачку стаяў, узяў гэты кулямёт і падышоў да нас метраў на дваццаць. Там была яма, дзе нямецкая бомба ўпала. Улез ён у гэтую яму, укленчыў і паставіў на беразе ямы кулямёт. Тады немцы адышліся ад нас, і ён пацягнуў першую вочарадзь па нашых галовах.
Я як ляжаў на левым баку, так мне вот так па пальцах, а хлопчыку ў голаву. I ён яшчэ ўспеў толькі сказаць:
– Ой, тата, баліць!
А я гавару:
– Ціха, Мішка, не будзе балець. Больш ён не аказаўся.
Пяць вочарадзей выпусцілі. Мне папала ў правую ногу, абпаліла мне падошву і так прарэзала нагу. Сільна мне балела. Варушу – варушыцца, але боль – не вытрымаць. Усё роўна як крапівою мне хто па пальцах.
Пасля сталі дабіваць, хто стагнаў. Увесь мой твар быў абліты кроўю, і вельмі з мяне дух гнала. Падышоў немец, нагою мне ўдарыў у галаву – галава мая так зашаталася, але я вачэй не расплюшчыў.
Сталі самі засыпаць зямлёю. Зямля была мёрзлая, груды гэтыя, пясок. Паабівалі мне твар…
А за плячыма ў мяне ляжаў – гадоў, можа, яму шаснаццаць – хлопец. Ён нідзе ранены не быў. Усхапіўся на ногі і просіцца:
– Паночкі, не беце мяне! Забілі маю мацеру і сёстры, пусцеце мяне жывога.
Яны што-та па-нямецкі, што-та паміж сабою пагаварылі, раздаўся выстрал з пісталета, і ён мёртвы ўпаў на мяне.
Пяску нямнога насыпалі, і я стаў душыцца. Думаю, буду вылазіць, хай дабіваюць, бо цяжка вельмі душыцца. Увесь мокры, як з рэчкі. Раз прыпадняўся, потым другі раз, і ўжо я беспрытомны. Потым неяк напружыўся – ну, тады я быў сільны, малады, – прыпадняўся, тыя груды расхіліліся, і мне стала лягчэй дыхаць.
I ляжу я, слухаю, не чутна, каб кідалі… Колькі ляжаў – не ведаю. Потым яшчэ паварушыўся, высадзіў твар і чую – ужо ў тым канцы стрэлы чутно. Паляжаў я, пакуль сцямнела. На ногі не ўздымаўся і гавару:
– Уставайце, хто жывы. Немцаў ужо няма, пайшлі.
Ніхто не аказаўся. Нас было тут, у гэтым канцы вёскі, сто пяцьдзесят душ, а толькі я адзін застаўся… Парваў на сабе рубашку, абкруціў рану і пайшоў у лес…
У лесе я праляжаў трое сутак. «Ну, – думаю, – пайду ў дзярэўню Капце, калі заб'юць, – хто-небудзь зямлёю прысыпле, бо як у лесе памру, то звяры косці толькі будуць цягаць». Прышоў я рана ў вёску Капце і не пазнаў яе – яна ўжо мне перамянілася, зусім другою стала. Ведаю я, што тут Капце, сабакі брэшуць з Малой Волі, але Капцёў не пазнаю. Пастаяў я і зноў пайшоў у лес.
Потым знайшоў я нашых, каторыя паўцякалі з Казлоўшчыны, сустрэліся мы з імі. Прышлі мы з суседам у Капце, і там я ўжо астанавіўся.
Лёг я ў Віктара Касача і праляжаў шэсць дзён. Потым Копаць Аляксей, які служыў кагда-та ў польскай арміі санітарам, зрабіў мне перавязку…»
Прайшло больш за дваццаць пяць гадоў паміж тым першым, запратакаліраваным, і вось гэтым, запісаным на магнітафонную стужку, расказам Івана Павачкі, але час не сцёр у памяці расказчыка вогненных і свін цовых слядоў. У расказе 1971 года Іван Іосіфавіч разважае пра тое, што карнікі, маўляў, не змаглі разбіць партызан і «з гэтай нянавісцю» ўзяліся помставаць на мірных жыхарах. У тыя дні ён не мог ведаць, што 11 лістапада 1942 года галоўнае камандаванне фашысцкай арміі выдала спецыяльны сакрэтны дакумент – «Інструкцыя пра абыходжанне з бандытамі і іх памочнікамі», у 83 пункце якога рэкамендавалася: «У абыходжанні з бандытамі і іх добраахвотнымі памочнікамі праяўляць крайнюю жорсткасць… Сама жорсткасць мер і страх перад пакараннем павінны ўтрымаць насельніцтва ад дапамогі і садзеяння бандам». Услед за гэтай інструкцыяй начальнік генштаба вермахта Кейтэль выдаў загад. У пункце першым гэтага загада ён напісаў, што прытрымлівацца міжнародных пагадненняў і прынятых звычаяў вядзення вайны – не трэба. «Гэтая барацьба не мае больш нічога агульнага з салдацкім рыцарствам або палажэннямі Жэнеўскай канвенцыі… Таму войскі правамоцныя і абавязаныя без усякіх абмежаванняў выкарыстаць у гэтай барацьбе любыя сродкі, у тым ліку супраць жанчын і дзяцей, абы гэта прынесла поспех». Другі пункт: «Ніводзін немец, які ўдзельнічае ў барацьбе з бандамі партызан, не павінен быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці або пастаўлены перад ваенна-палявым
судом…»
Івану Павачку, вопытнаму пажылому чалавеку, інтуіцыя падказала слушна – карнікам наперад дароўвалася ўсё. Яны аказаліся няздольнымі ваяваць супраць партызан і пад выглядам іх білі жанчын, дзяцей, старых…
У архівах захавалася «Паведамленне № 28» паліцыі бяспекі і СД аб выніках карных экспедыцый «Гамбург» і «Альтона» ў раёнах Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей ад 22 студзеня 1943 года. Непасрэдныя верхаводы карнікаў выхваляліся перад вышэйшымі інстанцыямі сваімі «подзвігамі», выдавалі забітых мірных жыхароў за партызан. Вось два ўрыўкі з «Паведамлення».
«…Аперацыя «Гамбург» у раёне гор. Слоніма.
Гэтая аперацыя была адною з найболын паспяховых аперацый, праведзеных да гэтага часу ў Беларусі. Дадзеныя разведвальнай каманды паліцыі бяспекі і СД былі такія дакладныя, што ўдалося выявіць кожны лагер. У шматлікіх баях было забіта 1676 партызан. Затым было расстраляна западозраных у сувязях з партызанамі 1510 чал. Былі захоплены шматлікія трафеі, у тым ліку 4 браневікі і 8 супрацьтанкавых ружжаў, велізарная колькасць жывёлы і збожжа. У населеных пунктах, размешчаных у раёне аперацыі, акрамя таго, было знішчана 2658 яўрэяў і 30 цыганоў. Страты немцаў, склалі 7 забітых і 18 раненых».
Аперацыя «Альтона» ў раёне Косава – Быценя.
Гэтая аперацыя была праведзена з мэтай разгрому вялікага партызанскага атрада, які прарваўся на поўдзень пасля аперацыі «Гамбург»… «Партызаны страцілі забітымі 97 чал. Потым у гэтым раёне было расстраляна 785 чал., западозраных у прыналежнасці да партызан, 126 яўрэяў і 24 цыганы. Захоплены значныя трафеі: жывёла і прадукты харчавання. Зброі і боепрыпасаў захоплена невялікая колькасць…».
На самай справе ў раёне Слоніма карнікі нават не сутыкнуліся з партызанскім атрадам. Яны накінуліся на бліжэйшыя мірныя вёскі.
Звер палюе на чалавека
«…Ідзеш, ідзеш, ідзеш, ідзеш, чуеш – тут трэсне, дык ты ў другі бок. А яны ў лесе лавілі, па балоце… Па гразі ідзеш да пояса, чабохаешся, а бо-о!.. Не дай божачка! Казалі:
– Будзем раз у дзень есці, але каб толькі з балота вылезці…»
(З расказу Ганны Тарасевіч. Іканы Барысаўскага раёна.)
Чалавека гоняць, выжываюць з вёскі, з горада – у лес. Потым ідуць на паляванне. На жанчын, на дзяцей палююць.
Звяры ідуць аблавай на людзей.
Расказвае Ганна Паўлаўна Бурак. Лісна Верхнядзвінскага раёна.
«…У лесе мы там з нядзелю прасядзелі. Муж гаворыць:
– Паедзем мы бліжэй к дому. Там адзін сусед, гаворыць, пераехаўшы, дык яны ў дзярэўню ходзяць, картошкі прыносяць, зернят прыносяць, мелюць, калатуху вараць, ляпёшкі пякуць. Вот і мы, гаворыць, паедзем туды.
Ну што я, я ж адна не ўпруся, што я зраблю адна з дваімі дзецьмі? Ну вот, прыехалі, налажылі воз сена, павёз ён, і дачка паехала з ім.
– Я, – гаворыць, – пайду дамой, можа, прынясу картошкі.
Ну вот, яны паехалі, а я асталася так з дзецьмі сваімі. Прыехаў, апошні воз сена налажылі. Ён на мяне гаворыць:
– Няхай рабяты едуць са мной, а то паследняе будзем забіраць, дык не будзе як ім сесці…
Там і дзежкі былі з жырамі, там усё было. I недзе будзе сесць. А па азяру ісці – ужо быў насліг на азярэ, вада бальшая.
– Ногі, – гаворыць, – змочаць, а дзе яны тады будуць сушыць, недзе будзе сушыць.
Ну, а я думаю: няўжо ж ён ужо горш хочаць. Я ўзяла гэтых рабят, усадзіла яму на сена, яны і паехалі. Ён гаворыць:
– Прыедзем, згрузім, а тады або я, або Клаўдзя да цябе прыедзем.
Ну, вот яны і паехалі, а я асталася. Жджу-жджу-жджу – іх нетуці. I сонца зашло – усё іх нет, і цёмна стала – усё іх нет. Я ўжо – у паніку, плачу. Што ўжо, значыць, даўно нетуці, што ўжо іх нет. Пайшла к суседу, стала расказваць. Яны гавораць:
– Ясна, што іх нет, ужо іх немцы ўлавілі, там бы яны не сядзелі. Ну, і вот раніцай, чуць свет, прыбягае гэты мой большы хлопчык ка мне. I гаворыць:
– Мамка, нас немцы ўлавілі. I дзедушку ўлавілі, – гаворыць, – і Віцю, і там, – гаворыць, – Кузьму з рабятамі ўлавілі, старуху адну… А я гэта прышоў, бо найшлі дзвюх кароў і загадалі адну карову мне вясці, а другую – другой дзевачцы. Ну, я, – гаворыць ён, – думаю: «Павяду гэтую карову да балота, а тады, – гаворыць, – за сані прывяжу, а сам – у лес». Едзем ціхонечка, прывязаў за сані, а немец назад не глядзіць. Прывязаў гэтую карову і – ходу, у кусты, і пабег. I гэтая дзевачка так сваю карову кінула і пабегла за мною. Падбег, – гаворыць, – пад дзерава, і паваліўся, і лёг…
Ацец мой быў глухі, а меншы хлопчык гаворыць на яго:
– Дзедушка, а нашага Шуры ўжо нетуці. I плачаць. А немец гаворыць:
– Не плач, – гаворыць, – мальчык, заўтра будзе і Шура ўмесце, і мамка будзець, усе будзеце ўмесце…
Ну, і вот, гаворыць, ён вочарадзь з аўтамата пусціў, гэты немец, якраз у тую сторану, дзе мы ляжалі, у тое дзерава. Еслі б, гаворыць, на адну чвэрць ніжэй, ён быў, гаворыць, мяне ўбіў бы. Дзве пулі папаў у тую сосну.
Ну, і тады яны ўжо пастралялі і паехалі, а ён, хлопчык, знаў, што там на адным астраве два мужчыны капалі зямлянку сабе, ну, вот ён і пабег туды: можа, іх там найду. Прыбягаець туды, а яны, гаворыць, коні выпрагшы, пакурваюць у праспакойнасці. А я як закрычаў на іх:
– А дзядзечкі, скарэй будзем уцякаць! Ужо немцы, – гаворыць, – улавілі і павязлі і дзедушку, і Кузьму, і рабят.
А яны скоранька запраглі, адзін, гаворыць, дзядзька ўзяў мяне да сябе на сані, у ногі ўшчаміў, і, як маглі толькі гэтыя коні бегчы, так яны іх гналі. Выскачылі на азяро, ужо ў палавіну азяра, і немцы з гэтымі ўжо людзямі на азяро выехалі і пачалі з кулямёта па іх страляць. Але яны ўжо іх не даставалі, толькі гэтымі асколкамі, лёдам абсыпалі іх. Тады яны выехалі к берагу, паставілі аўтамат… не, кулямёт і сталі па іх страляць. Але ўжо іх не даставалі, яны ўжо далёка былі. Ну і вот, яны ўжо тады паехалі к нам, і так ён вот ужо ка мне прышоў і расказаў, што так случылася.
Тады я на суседзяў гавару:
– Ну, раз іх ужо сягоння ўлавілі, то заўтра нас уловяць. Яны сюды прыдуць.
Ну, і так палучылася. На зорачку яны прышлі к нам, гэтыя немцы.
Нас многа там сабралася. Ну, і вот не маглі ніяк вапрос рашыць. Адзін гаворыць:
– Паедзем за азяро, за Ліснянскае. А другі гаворыць:
– Не!..
Пытанне: – Гэта вы так гаворыце?
– Суседзі. Там жа многа было, можа, сотні дзве… Ну, і тады ўжо яны так давалтузіліся, і ўжо сонца стала ўсходзіць, ужо на азяро не выедзеш; відно, немцы ўсё роўна заб'юць. I тут чуем з-за гары шорах нейкі. Шэрань балыная была, і шорах бальшы. А людзей многа, не дабіцца толку ніяк. Крычаць:
– Сціхніце! Сціхніце! Хоць узнаць, які звук!
Вот. Тады нескалькі хлопчыкаў пабегла на гару, і я ў тым чысле пабегла на гару, і мой хлопчык гэты большы пабег са мною. Ну, чалавек нас з дзесяць пабегла. Толькі мы на гару ўзбеглі – і тут пад намі такі густы-густы соснік. I тут немцы. Ідуць з-пад гары. Мы тады закрычалі і рукамі замахалі на гэтых, што ўжо немцы. I яны як стаялі пад гарой, так і пусціліся ўдоль балота. А мы па гары пабеглі. I вот мы па гары беглі, а ўжо немцы – іх штукі тры бегла за намі – па-руску ўжо крычалі, па матушке на нас, і стралялі, а мы ўсё беглі. На мне быў палушубак надзеты, я расшпілілася, і полы гэтыя махаліся, і куля папала мне ў палу, разрыўная. Тут вырвала клок. Я тады палушубак здзела і кінула. Усё роўна я з ім нікуды не збягу. I ў каго былі якія там хатомкі за плячамі з сухарамі – усё пакідалі. I пабеглі так, як стаём. Прыбеглі к аднаму азяру:
– Ці па балоту аббягаць, ці цераз азяро? А я гавару:
– Не, пабягом лепш прама цераз азяро. Пака будзем путацца – тут яны нас і насцігнуць.
Пытанне: – А як называлася возера?
– Карасіна. Вот. Так перабеглі ўжо мы гэтае азяро. Я первая пабегла, і за мною ўсе пабеглі. Выйшлі на прыталак. Гэта дзела было перад Пасхай, прыталкі былі. Стаём. Абціраемся, што з нас пот ліець з усіх. I ўдруг нам наперад едуць немцы, на пары канях. А куды нам дзецца? Уперад ісці – тут лес рэдкі зусім, яны нас тут уб'юць. Назад ісці – там страляюць і людзі крычаць, палюць, дым стоўбам ідзе. Прама страх невазможны! Куды дзецца? I раптам глядзём – ляжыць ад нас так вот ёлка лахматая, заваленая ў балота. Я гавару на аднаго мальца:
– Давай пад гэтую макаўку ляжам, ты з аднаго боку, а я з другога.
А гэтыя ўжо мальчышкі, каторыя былі… Вот такі ельнічак быў, дык яны яго поднялі, і пад ніз палезлі, і там сядзелі. А мы з тым мальцам пад макаўкай: ён з аднаго боку лёг, а я з другога. Адна толькі кофта была астаўшыся ў мяне, прытом красная, і платок на галаве цёплы быў. Я зняла платок з галавы і накрыла вот так плечы, каб не відалася, што красная. I рукі голыя, і галава голая, і каленкі голыя. Чулкі аб'ехалі, не было калі падцягнуць. I так у снег лягла, у гэтым снягу я ляжала… I цэлы дзень мы адляжалі. I вот яны, калі пад'ехалі да нас, гэтыя немцы, – сталі. Ну, мы гаворым, што цяпер тут будзе наша смерць… Злезлі з саней і пачалі глядзець, ці ёсць сляды… Харашо, што нікуды мы з гэтай праталкі не збяжалі. Паглядзелі, паглядзелі яны – нетуці нідзе слядоў абратна, пагаркалі па-свойму, выцягнулі папяросы, закурылі, запахла іхнімі гэтымі сігарэтамі, і селі на полі: ад нас, можа, метраў трыста ад'ехалі і здзелалі засаду. Коні выпраглі, агонь разлажылі, выстрал далі. А мы ляжом, ні з месца, нікуды не можна выйсці. I яны нам відаць. Ну, і вот мы ляжалі цэлы дзень. Як не страляюць – тады нам начынае мароз перабягаць па спіне, як толькі выстраляць – так сразу жарка, жарка стане, што кіпятком хто-небудзь абварыць. Ну, і вот так ляжалі поўны дзень, да самага сонца. Сонца зайшло. Тады яны коней запраглі, выстрал далі і падаліся. А мы тады ўжо паляжалі з паўчаса, усталі, і рукі – што граблі, і ногі ўжо проста дзвіжэнія нетуці… У снягу адляжалі босымі-голымі нагамі…
Ну, і мы тады пайдзем ужо гэтых рабят сабіраць. Сталі гэтых рабят сабіраць, сталі крычаць на іх. Якія блізка былі, тыя папрыбягалі, а мой як збег – абратна назад, цераз азяро; прыбіўся да чужых людзей, і ён ужо там і быў. Я стала крычаць на ўсю галаву. На мяне крычаць:
– Не крычы, а то прыдуць немцы і ўсіх паб'юць!
– Няхай ідуць, – мне ўжо ўсё роўна, жызнь неінцярэсна, я ўжо, гавару, адна асталася. Няхай, гавару, ідуць.
Ну, і яны не ўчулі, не прышлі к нам.
А мы пойдзем ужо тады, абратна паглядзём, дзе яны ўжо гэта нас… Дзе кінулі мы сваіх коней, павозкі. Выходзім ужо тады па сляду, след у след.
Да. Тады на гару ўзышлі, чуем – у балоце які-та шорах. Захрускла гэта сучча. Мы абратна паразбягаліся па лесу куды хто, слухаем. Чуем – гавораць па-руску.
– Гэта, – гаворым, – нашы.
Тады абратна ў кучу сабраліся туды, у балота. Аж там з Вялікага Сяла тры чалавекі… Адзін з нашай дзярэўні, а два з Вялікага Сяла, дзе каля Асвея, такі Сямён ёсць з сынам. Ну, тады мы прышлі к ім, пагаварылі, як хто адкуль ужо ішоў, а пра ежу ж – і толку нету. Двое сутак нічога ў роце не было. I ні ў каго нічога. Гэты ўжо чалавек гаворыць, Бельскі:
– У мяне ёсць гароху прыгоршчаў двое.
Дык ён нам па жменьцы ўсім раздзяліў, той гарох, і вось мы той гарох з'елі і пайшлі туды, дзе мы ўжо кідалі сваё ўсё. Прыходзім туды – коні пабітыя, сані паламаныя, падушкі ўсе параспусканыя. – белы-белы ўвесь чыста лес! У каго было сала ў дзежках – усё паадкрывана і гэтай патрутай перасыпана, і бумажкі гэтыя з мухамі нарысованыя на пакеціках, што яны ўжо перасыпаны… А людзі ўсе пабітыя, пасцягваныя ў груды, аблітыя бензінам і так гараць, што настаяшчыя дровы, аж прышчыць – як гараць! Ну, і вот мы тады там пабылі…
Пытанне: – А людзі гэта з вашай вёскі?
– Адусюль былі, з усяго сельсавета былі з'ехаўшыся. Вот. I ўсе там пагіблі. Ну вот, тады, мы ўжо ідзём – пойдзем пад дом. Ідзём адзін за адным – гэта ўслед, чалавек дзесяць, і слова ні адзін нікому не гаворыць. Нада спыніцца – тады я за цябе вазьмуся, а ты за другога, за трэцяга – так усе і астанаўліваемся. Паслухаем – нідзе нічога не чуваць. Тады таўкнеш адзін аднаго па вочарадзі, так і пашлі. Такі наш страх быў, так мы не маглі гаварыць, што колькі людзей ляжыць і ўсе гараць…»
I гэта, такое – не дні, не месяцы, а на працягу гадоў.
Ганна Бурак працягвае свой горкі расказ.
«…Ну вот, пабеглі ў лес. Завязаўся балыыы бой. Ужо нам дзецца недзе было. Немцы адступалі. Мы тады…
Пытанне: – Гэта як набліжаўся фронт?
– Немцы адступалі, нашы наступалі на іх. Гэта ўжо ў сорак чацвёртым было. Ну вот, нам дзецца недзе, і мы тады пабеглі ў азяро. Такое глыбокае, бузянае. Мы ўлезлі ў гэта азяро і за курганне гэтае, за папараць дзяржаліся і ляжалі ў гэтым… Ну, па роўнае горла ў вадзе былі. I к нам як прывяжуцца жабы. Такія бальшыя, страшныя – не абараніцца. Возьмеш у руку – я-ак бросіш яе ад сябе падалыпа. Мінут пяць нет, абратна прыпаўзаець к табе, «ква-ква» крычыць.
Мы абратна яе адкінем. Вот так ляжалі да вечара, у гэтым азярэ.
Тады ўжо ўчулі, што машыны ідуць і наша радыё гаворыць. Мы засмяяліся, рады сталі – нашы паехалі! Наша радыё гаворыць.
Вылезлі з гэтага азяра і пашлі, пашлі ў дзярэўню Малашкава. Там не ўзнаць – быў пясок жоўты, а стаў чорны ад гэтых ад снарадаў. Ну, тады прышлі з Малашкава на Залугу. З гары мы ўжо наблюдалі, што ў Лісна робіцца. Тут балыпое дзвіжэніе па бальшаку ішло, а якое – мы не знаем. Ну, і каля балота была рож пасеяна. Мужчыны гавораць:
– Нада ісці паглядзець, чые сляды – нямецкія ці нашы?
Пайшлі, паглядзелі і гавораць:
– Гэта немцы.
Гэта ўжо нашы іх пагналі. I пайшлі мы. Дагаварыліся, каб па адной каляі ісці, каб не папасці на міну. Нямнога адайшлі ад гэтай дзярэўні – ляжыць немец забіты.
– Ага, – гаворым, – папаўся хоць адзін!.. Стаім мы на гэтай на гарэ… Ой, спутала!.. Падыходзім мы гэта ўжо сюды, к Лісну, дзе піларама, там стаяла кухня нашых краснаармейцаў. Яны нас увідзелі – прыбеглі, нас абнімаюць, цалуюць, і мы іх цалуем і плачам, рады, што ўжо сваіх увідзелі. А яны гавораць, што мы, гавораць, ідзём ад самага Неўля і нідзе, гавораць, не відзім гражданскага чалавека, кроме ваенных. Гаворым, што мы тожа не з гэтай дзярэўні, мы дзевяць кілометраў адгэтуль. З гэтай дзярэўні яшчэ ніводнага чалавека не было – усе ў палоне, каторыя жывыя былі. Ну, і вот яны нас тут чаем напаілі, накармілі, па шынялю нам далі, па рубашке па вязанай нямецкай далі…
Ну, іх там было набіта, гэтых немцаў, што страшна. Ішла «кацюша», па іх як ударыла, дык яны без памяці ў азяро. I ў азярэ было многа, і па палянке было многа, дык жара была, лета. Мы іх тады пабіралі ўжо на месцы і закопвалі, каб ужо не было ніякага заражэння…»
А жыхароў вёскі Гарадзец Быхаўскага раёна звяры лавілі з рознымі «паляўнічымі» хітрыкамі, жудаснымі і здзеклівымі. Пра тое расказвае Марыя Гаўрылаўна Кавалёва. Яна выратавалася. I яшчэ некалькі чалавек. А чатырыста шэсцьдзесят жанчын, дзяцей звяры тады… упалявалі…
«…Ну вот, мы былі ў лесе. Як толькі немцы ў сяло, дык тагды – цёмная хмара – людзі ў лес збягаць. Ну, тагды аднажды ўсе выбраліся туды. Тут Клённе спалілі, Студзёнку тут спалілі – ну ж, людзі баяцца. Ну, і пабеглі ўсе ў лес: і дзяцей, і курэй, і свіней, і ўсіх туды…»
Тым больш што вёску Гарадзец фашысты ўжо спрабавалі забіць – яшчэ ў 1943 годзе. Тады партызаны ўратавалі. Пра гэта нам расказвалі ў Гарадцы жанчыны. А як яно было дакладна, мы даведаліся ў хаце калгаснага брыгадзіра Пятра Ісакавіча Арцёмава – былога партызана. Жыве ён у Студзёнцы.
Партызаны 425-га партызанскага палка, калі ім паведамілі сувязныя, што ў Гарадцы ўсіх людзей загналі ў некалькі хат і збіраюцца паліць, кінуліся туды. Партызаны ўжо ведалі, колькі немцаў і паліцаяў, дзе пасты, «і таму не нужна было рассрэдатачвацца па дзярэўні». А камандаваў якраз мясцовы жыхар Платон Максімавіч Цагельнікаў. «Немцы – каго пабілі, хто ўдраў». Прыбеглі да тых хат з закалочанымі вокнамі, дзвярмі. Людзі спачатку баяліся адгукацца. Бо, можа, усё яшчэ немцы, паліцаі ў Гарадцы, можа, іх гэта галасы…
Тады выратавалі, выратаваліся. Але спазнаўшы такое, жыхары Гарадца па другой трывозе адразу перабраліся ў лес.
«…Жывем там, – працягвае свой расказ Марыя Гаўрылаўна Кавалёва, – а ў Гарадзец жа ходзім бульбу капаць. Узяць што-небудзь, хлеба спеч. Хаты ж стаялі. На жорнах дзета намелеш і прыдзеш ноччу ў Гарадзец, спячэш і – ношку назад у лес. Ну, і так во… Тут аднаго злавілі:
– Дзе людзі?
– Дзе ж людзі – у лесе.
Ён і прывёў туды. Ну, як прывёў, яны давай браць баб. Некаторыя паўцякалі, а некаторых – пабралі. Ну, і ў Гарадзец. I Замошша, і Гуту, і Сялібу, і бежанцаў. Бежанцы тут смаленскія і ўсякія… Ага, хазяін уцёк, і я ўцякла. Ну, уцякла, у балоце пасядзелі… I, словам, немцы далі каня сястрэ маей і – ідзі. Яна вяла дзяцей у хату маю. Яшчэ адны там былі…
I немцы кажуць:
– Едзьце, забірайце адзежу.
Усё ж там, адзежа ж там пааставалась, толькі дзяцей забралі, кароў прыгналі ў Гарадзец. I яны, нашы, крычаць… Раёва гэтая:
– Лёні-і-к, хадзі дамоў! I я таксама.
– Ну во, Манька, – кажа мая сястра, – паедзем дамоў, мы ў хаце ўжо, печ вытапілі, дзяцём бўльбы напякла, дзяцей спаць паклала.
Ну, мы едзем, адзежу ўзгрудзілі, едзем. Ага, холадна было: на Пакрава, восень. Ну, і мы едзем дамоў, сяйчас як выязджаем – тут ужо людзі стаяць. Людзей вывелі ўжо. Тых, што запёрты былі: пабралі іх, прывезлі ранша, чым нас, тых людзей. Як толькі мы пад'ехалі, яны нашага каня забралі і сюды, на двор, к хазяіну. А нас у гэты табун. А мая сястра:
– Ай, пан, а кіндары? Кіндары, а божа ж мой, дзе мае кіндары!
А яны ў хаце. Даводзіць яе да нас, к нашай хаце:
– Быстра, быстра!
Немец так. А жэншчына, што ездзіла па адзежу, ета крычыць… Тут яе матка. Чацвёра ці пяцёра ў яе было дзяцей, Яна крычыць:
– Ма-а-ма, вядзі дзяцей!
Маці як вывела дзяцей – яна з хаты, а мая сястра ў хату, а сестрыны дзеці – на печы спяць. I ён прычыніў і павёў нас.
Пытанне: – Асястраасталасяўхаце, з дзецьмі?
– Ага. I яшчэ некаторыя жэншчыны асталіся ў хаце. Ну, ладна. Прагналі на канец сяла. Сюды во, як едзеш во з Быхава, дзе астаноўка там, сюды прыгналі. Сяйчас прыгналі, ну, і тут паставілі. Паставілі, ну, і стой тут. Божа ж мой, дзеці крычаць. Ага. Яны пайшлі на другі бок вуліцы, і сяйчас – раз, выстрал! А гэтыя дзеці: «А-а-а-а!» – крычаць. Дык адна смаленская баба – чацвёра дзяцей – дык яна кажа:
– Дзетачкі, чаго вы крычыцё, памучуць трохі, пастрашуць і пусцюць.
Ну, тут і мы ўжо, мы тут ужо каніцелімся:
– А бабачкі, а любачкі, а што дзелаць, куды пагонюць?
– Нікуды не пагонюць, – заяўляе паліцэйскі, – паб'ём, папалім. Усё вам!
Ну, і тут во яны яшчэ раз выстралілі. Цераз выстрал гэтыя людзі сталі ўжо каніцеліцца. Яны сяйчас заварочваюць:
– Ком, рус, ком, ком у хату!
Увагналі нас сюды ў хату ў гэту. Там, праўда, у гэтай хаце мосту не было. Тады, як бамбёжка была, дык вырывалі масты, гэту падлогу і ўсё гэта. Думалі: «Паедзем у лес і пасядзім, а вайна кончыцца, дык прыедзем, хоць зямлянку якую з тых дошак здзелаць». Мосту там не было. Ну, і нас сюды. I вочарадзь – р-р-р-р! З кулямёта ў дзверы. Каго ўбілі, каго ранілі. Дзверку закалочваюць і запальваюць дом еты.
Там адзін кажа:
– Цётка Манька, хадзі во тутка свіціцца. Ямка такая – бульбу сыпалі.
– Свіціцца! Дайка мы будзем драць гэту зямлю. А я ўжо ранена. Мне ўжо некуды. Уся во так у
крыві. Босая. Пакроўка, сняжок ужо, босая і ўся ўжо во так у крыві, голая ж! А божа ж мой! Давай мы так калупаць, давай. Ды ўжо прыцемкам, так во на змярканні.
– Лезь, чаго не лезеш!
Я палезла. Вылезла! I ён за мной. Дык я ўжо як вылезла, папаўзла ў ямкі – там колесь кірпіч дзелалі. Дык я ямкамі і там на агарод, там двор – я туды. Божа ж мой, – сабака!.. Ну, як сабака – я на агарод і попаўзкам, попаўзкам… Стажок стаяў – я пад гэты стажок рачочкам. I ўжо ў мяне ўсё… Во тут вырвала кусок, і цяпер рана ёсць тая. Ну, і ляжу. Думаю… Толькі ляжу, чую – кулямёт коціцца: тр-тр-тр. I немцы. Думаю, ну ўсё. Адтуль вылезла… Тут паміраць ужо буду. Ну, чую, крычыць Мархвачка тая, вечарам і крычыць:
– Лю-ю-дцы! Хадзіце дамоў-у-у, паны-ы завуць! Пытанне: – Гэта яны прымусілі крычаць?
– Прымусілі. Узялі і павялі. I загадалі: «Гукай усіх людзей». I яна крычыць:
– Людцы! Хадзіце дамоў, паны завуць!..»
На такую справу – каб лепей загнаць, выманіць з лесу, упаляваць людзей, у звяроў былі свае сабакі – паліцэйскія. Іх людзі так і празвалі – «бобікамі».
Расказвае Вольга Паўлаўна Грамовіч з Кліннікаў Докшыцкага раёна.
«…Мы ўсе сабраліся і паехалі ў лес. У лясу сядзелі тамака. Тады паехалі гэтыя немцы. Тут адзін быў паліцэйскі з нашай вёскі. Два было іх. Сяйчас яны прыскочылі… Зналі, дзе мы схаваліся. Прыскочылі:
– Едзьце дамой, вас ніхто трогаць не будзе. Не сядзіце ў лясу. Яны вас чапаць не будуць, толькі тыя будуць біць сем'і, каторыя ў партызанах.
Гэта Харчонак быў Кастусь, ужо ён памёр… Войніч Макар быў. Гэта яны нас агіціравалі, каб мы дамоў прыехалі. Каб мы ў лесе былі, то, можа, і засталіся б. Але яны ад нас не адсталі, пакуль мы дамоў не сабраліся.
Прыехалі мы дамой, а тут ужо немцы наехалі ў нашу вёску. Тут ужо ў нас было два ў партызанах. Дык адразу гэтыя сем'і забралі. А нас гэта не трогалі яшчэ.
Сядзяць дзяўчаты, сабраўшыся на вуліцы. Тут прышоў народнік[21] і пытаецца:
– Тут Сушко Юля ёсць?
Ніхто нічога – маўчаць. Тады яна сама гаворыць:
– Ёсць.
– Ах, гэта вы?
– Я.
Так яна сама. Іхніх пагналі бацькоў, дык яна не хацела адна аставацца.
– Выхадзі!
А тады яшчэ пытаецца:
– А Сушко Зося?
– Ёсць.
Дзеўкі ўжо бальшыя.
Усе яны ночку пераседзелі на тым дварэ, а вот раненька, часоў у пяць, гонюць іх. Якраз каля нашай хаты, сюды на луг. А там пуня стаяла. Якраз мамін родны брат забраны быў. Мама мая як толькі ўвідзела, так і абамлела.
– Мамачка, – кажу я, – нам усім гэтак будзе. Ну што ж, паб'юць – нічога не зробіш. Гады найшлі, то паб'юцьужо…
Павялі іх туды, дзе будыніна стаяла, загналі ў тую будыніну. Перш пабілі іх, а тады запалілі той будынак. З аўтамата. Толькі тры разы перавялі.
Тое ранне яны якраз і выбраліся ад нас.
Пайшоў народнік па лошадзь. А там мая цёця была. Білі яе і не дабілі. Яна ў палажэнні была. Жывая яшчэ была. Каля купелі[22] там ляжала. Народнік гэты прышоў за лошаддзю, а яна кажаць:
– Дзеткі мае, за што ж вы мяне білі, за што ж вы нас білі? Мы ж людзі бедныя, што ж мы так папалі. Мы ж гаравалі, жыць хочам, за што гэтак пабілі? Ай-яй-яй! Сямейку маю ўсю пабілі і мужа забілі. Дабіце вы ўжо і мяне, каб я на гэтым свеце не была.
Во так… Так во…
I вот той «бобік» – а немцы яшчэ не паехалі – пайшоў заявіў, і адзін прышоў, дабіў яе. Цёцю маю.
Забілі, коні пазапрагалі, сабраліся і паехалі.
А мы ўжо тагды пашлі глядзець, дзе хто ёсць. Можа, дзе хто жывы.
Жывога нікога не аказалася. Толькі адна яна была выпаўзла, і яе забілі.
Ваду насілі… Вядома ж, гараць людзі! Тушылі іх. Адзежу якую збіралі, на кладбішча заняслі іх і пахавалі.








