412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Я з вогненнай вёскі... » Текст книги (страница 8)
Я з вогненнай вёскі...
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 10:00

Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."


Автор книги: Янка Брыль


Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 25 страниц)

Праўда, раней я падышоў да трупаў. Жанчыны, што за мною беглі, ляжаць паабгарваныя, на парозе… Можа, у трупах, у адзёжы заблыталіся? А можа, іх немцы ўкінулі назад?..

Зайшоў я ў сваю кварціру, узяў адзеяла, узяў шнуркі такія харошыя, узяў простыні, узяў палаценцаў штук два, каб у случаі, калі я найду чалавека дзе свайго, штоб яму перавязку зрабіць. У кустах разарваў адзеяла, накруціў на ногі, пазавязваў і паціхоньку падаўся…»

Мікалай Бранавіцкі вярнуўся ў родныя Рахавічы інвалідам вайны. Ходзіць на мыліцах. Расказвае стрымана, але вочы ўсё-такі поўныя слёз.

«…Дачок пабітых успамінаю часта. Трэба ж так, каб адна нарадзілася 8 сакавіка, другая 1 мая, а трэцяя – на Кастрычніка. Добра было б дні нараджэння адзначаць…»

А ў чалавека сёння і новая сям'я, і дом, і працоўны дастатак.

Памяць…


* * *

Міхаіл Андрэевіч Казёл. Вёска Красное ў Шчучынскім раёне.

Крыў хату шыферам. Запрасіў нас у чысты пакой, застаўлены вазонамі, і расказаў, як не раз ужо, відаць, за трыццаць год расказваў,– і без прыкрас, і з новым хваляваннем.

«Цяпер я жыву ў Красным, а тады жыў у Ляхаўцах.

Бацька раніцамі малаціў, а я шавецкую работу рабіў. Бацьку жывот забалеў нешта, дык ён прыходзіць, будзіць мяне:

– Падыміса – ідзі малаціць.

Я падняўса, абуўса, узяўса за ручку дзвярэй, а тут мяне – назад… Пагналі туды, дзе з усёй вёскі народ сабраны быў.

Сагналі ўсе Ляхаўцы. Спачатку стаялі без усякага парадку, а потым яі паставілі ў тры шэрагі. I праз нейкі час вь шаў іхні камісар і зачытаў, што забілі лесніка, значыцца, – усе тут «памочнікі бандытаў». Вось за гэта сёння і будуць расстрэлены дваццаць пяць чалавек. Тады ён дастаў сп сак і пачаў па спіску зачытваць: такі, та^ такі… Выклікалі нас і адразу акружылі кулямётамі.

Усе яны былі ў шэрай нямецкай форме, гаварылі па-нямецку паміж сабой, а да нас – па-польску. Цераз перагаворшчыка. А амтс-камісар сам троху па-польску гаварыў.

У хату нас Вераб'ёву загналі, а тады прыходзілі і не вычытвалі, а проста бралі пападзецца – па пяць чалавек.

Калі мы ў хаце сядзелі – я сеў за стол, і вось мы ўсе, атабраныя, друзья і падругі, папрашчаліса паміж сабою… Калі павялі першую пяцёрку, нам у хаце было чуваць, як там затрашчалі аўтаматы… I як толькі затрашчалі аўтаматы – мінут праз пяць зноў прышлі немцы, зноў пяцёрку ўзялі – павялі.

Я, канешна, мог бы пайсці і ў паследнюю вочарадзь, бо яны бралі першых ад дзвярэй. А каб вы ведалі, што ў гэтай хаце тварыласа! Хаос цэлы! Я не плакаў, нічога… Пасядзеў я, падумаў. Расстралялі адну пяцёрку, павялі другую пяцёрку расстрэльваць. Мог бы я ў паследнюю вочарадзь пайсці, але думаю: «Колькі ні сядзі – ад кулі не ўцячэш». Я тады выходжу і кажу:

– Хто больш ідзе?

Кожны жмецца ў куток…

Немец астальных чатырох выкінуў у дзверы за мной.

Выйшаў я – адразу камісар стаіць. Пытаюса ў яго па-польску, за што мяне стрэльваць будуць. А ён:

– Лёўз[10]! Бандытэ!

Пра ўцёкі я не думаў, бо куды тут уцячэш? З аднаго боку плот высокі, могілкі, а левага боку вуліцы – фельчараў высокі плот, штыкетнік. Куды тут уцячэш? Пасля падышоў я з метраў дваццаць, і штурханула мяне нешта: «Уцякай!» Але куды ўцякаць? На плот скочу – адразу ж заб'юць, бо хутка не пераскочыш. Тады я ішоў, ішоў… Направа вуліца. Думаю: сюды. Прама – заб'юць. Бачу, расстрэленых у яму кідаюць. Засталоса мне метраў дваццаць – трыццаць. А ў Мікалая былі вароты прыадчынены ва двор. Я параўняўса з варотамі і таму немцу, што справа ад мяне ішоў,– калі даў! – дык ён адразу і пайшоў куліка. А я – у вароты. А тут радам дом. Я – за вугал, а па мне стрэл… Не папалі. Я па загаццю і ў вуліцу. Цераз плот пераскочыў і – па вуліцы. А па мне – ад тых людзей, што стаялі сабраныя, – цераз могілкі пачалі з кулямёта біць. Дабег я ў самы канец вуліцы, да Любы, а там, дзе расстрэльвалі, стаяў станкавы кулямёт. Пачаў ён па мне біць. I яшчэ чалавек трыццаць б'юць… Ну, праўда, бег я, падаў. Нават не ранілі. Я помню: поўз, поўз, а кулі, як толькі пачнеш паўзці – цёх-цёх-цёх!.. Больш за ўсё біў па мне кулямёт. Ялавец рос. Я да таго ялаўца падпоўз, і – прыжок. I – у сасняк. Бягом, бягом па гэтым сасняку. Сасняк канчаецца. Направа хутар і поле ўжо. З левага боку ў мяне ўвесь час немцы, а справа, дзе хутар, немцаў няма. «Перасяку, – думаю, – гэтае поле». Азірнуўса, бачу – стаяць тры немцы! Але я ўсё роўна пру да хутара. Як пачалі яны па мне страляць!.. Дабег да хутара, забег за хутар – агонь спыніўса. На рэчачцы кладка ляжала, я па гэтай кладцы – як цудам нейкім, перабег. За рэчкай – метраў трыста алешнік, я туды і дабег. А немцы падышлі да самай рэчкі, пастаялі, пастаялі і вярнуліса назад.

З нашай вёскі ніхто больш тады не ўцалеў. Толькі Мікалай Стасюкевіч паспрабаваў уцякаць, але адбегса метраў дваццаць, і – на плоце – яго забілі.

Тады забіта было, здаецца, дваццаць сем чалавек.

Калі я ўцёк, тады тыя немцы, што гналіса за мною, вярнуліса. Старшы немец, каторы там камандзір, – людзі потым расказвалі,– даваў, даваў, даваў таму, што мяне гнаў.

А потым бацьку майго за мяне забралі і застрэлілі. Хацелі яшчэ матку забраць, але нешта яны паміж сабой пагаварылі, пагаварылі, і так яна засталаса…»

У свой час Міхаіл Андрэевіч, як «заходнік», быў салдатам польскай арміі, у верасні трыццаць дзевятага года сустракаўся з немцамі ў баю. Пасля расстрэлу ён, натуральна, стаў партызанам. Мужчына. А расказвае і… час ад часу плача, аж не можа гаварыць. З-за бацькі… Ці гэта проста крыўда і гнеў – чалавечая крыўда і справядлівы гнеў, якія не праходзяць, не заспакойваюцца нават помстай?..


* * *

На Клічаўшчыне, у вёсцы Усакіна.

Багаты домік, зялёна-таямнічы сад, злосны сабака. А гаспадар – высокі і мажны мужчына, вельмі прыкметна маладзейшы за свае «семдзесят з гакам». На руках – маленькая гарадская ўнучка. А дзед, хоць ён і калючы такі, і грымучы, відаць, і добры, і вясёлы.

Макар Карпавіч Заяц.

«…Тут у нас многа Зайцаў у вёсцы, але адзін я – Макар Карпавіч.

Пытанне: – Дык гэта вы – той самы Заяц, што немца забіў?

– Той, той! (Смяецца.) Адступалі нашы. I тут ішлі нашы. Дзівізія. А я жыў з канца. I ка мне ўсё прыходзіць начальства, пакушаць што-небудзь. У лесе мы жылі. Я раз даў, другі раз даў, а потым нет чаго даваць. I кажу я:

– Рабяты, я вас не выкармлю, а мае дзеці астануцца так. Вунь картошка ўжо падрасла калгасная. Чорт з ёю, што маленькая, падумаеш – жалець. Усё роўна хвашысты забяруць. Ну, а яны ў акружэнні былі. Яны картошкі накапалі.

– Лошадзь есць?

– Ёсць.

– Завязіце нам.

Завезлі. Назаўтра зноў прыходзяць, ужо больш. Лейценант, у гражданскую вайну ваяваў, Іван Мінавіч. Гэта яны ў мяне пра яго пыталіся: ці ёсць яшчэ хто-небудзь з акружэнцаў? Я павёў іх і паказаў, дзе ён хаваецца. Яны яго ўзялі. Мы два вазы картошкі накапалі, завезлі ім на палігон.

Ахрэм Бабовік узнаў – пайшоў у паліцыю і немцам данёс. А ўжо нашы прарвалі недзе каля Друці. Яшчэ фронт ішоў. А Ахрэм гаворыць:

– Вот гэты вазіў бандзітам есці. Ну, мяне ноччу забралі.

Пытанне: – У вас сям'я вялікая была?

– Чацвёра дзяцей і жана. I ўсіх нас забралі. Яшчэ з лесу людзей узялі: прачоска лесу была. Сталі расстрэльваць.

Мяне б'юць:

– Вядзі, дзе парцізаны! Вядзі, куды вы бандзітам есці вазілі!..

I Іван Мінавіч тут жа, і яго забралі. А вот яны мне гавораць:

– Завядзёш, будзеш жыць, не завядзёш – расстраляем!

Вот я іх на край поля прывёў, і няма мне куды круціцца… Я ім так і гавару. А ён б'ець мяне. А я ўсё не даваўся: як ён замахнецца, немец, дык я ўсё ўбок, убок. Усё роўна як як-небудзь – каторыя б'юцца… баксёр. А потым па затылку мне прыкладам як ударыў – я ўпаў.

Тут жа і сям'я мая ўмесце. Бяруць дзіцёнка – расстрэ льваюць.

– Вот завядзёш – гэтых не будзем страляць!..

А я знаю, што, як завяду, – больша чужой крыві нап'юся, чым маёй разальюць. Я не павёў. Пытанне: – I тут застрэлілі ваша дзіця?

– Тут аднаго рабёнка застрэлілі, другога застрэлілі, а трэцяга падводчыкі схавалі. Чацвёртага, то есць самага большага. Ён і сяйчас жыве ў Ленінградзе.

Пытанне: – А як яны яго – у воз схавалі?

– Не. Далі пугу, і пайшоў коні адварочваць. У баразне схаваўся. Яму так сказалі падводчыкі. Вот ён і астаўся жывы, і сягоння жывой. А тады і хазяйку расстралялі. А патом і мяне вялі страляць.

Ну, мяне вядуць расстрэльваць, а я думаю ўцеч. Што ж тут здзелаеш? Адзін двох вядзець. Падходжу я наперад – немец. Як білі нас, то ён стаяў, па-нямецку разгаварываў. Тады зайшоў наперад, ідзе напроціў нас і па-руску гаворыць:

– Вы не знаеце, может, куды вас вядуць? Вядуць расстрэльваць.

Пытанне: – Ён так гаворыць, каб не пачулі іншыя немцы?

– Не, немец ішоў, але ён жа па-рускі не панімае. I гэты надзеты ў нямецкае, і наган у яго. Тады па-нямецкі з немцамі гаварыў, а цяпер з намі па-рускі. Гэта не пераводчык – пераводчык астаўся, а ён, як нас тронулі, то ён наперад зайшоў, уродзе яму прысесці трэба было… I ён тады напроціў ідзець.

– Вас, – кажа, – вядуць расстрэльваць.

О-о-о, госпадзі! Сям'ю расстралялі, і мяне расстраляюць… Давай папробую ўцеч. Я так да краю вярну з гэтай сйешкі, каб у лес. А ён мне аўтаматам р-раз у плечы. А я… Гэта ў мяне патом, на фронце, рукі пабіты, а тады я яму як вурзну! – дык ён дагары, і яго аўтамат адляцеўся. Я верхам, за аўтамат – шарах! – яго застрэліў. Іван гэты, Мінавіч, у адну сторану пабег, а я ў другую. Пад мяне гранату другі падкінуў, ну, але граната мяне не тронула нісколькі…

Пытанне: – Дык вы ў яго яшчэ і з аўтамата стрэлілі?

– А як жа! Калі б я яго нё застрэліў, дык у яго ж наган быў. А другі немец, кажаце? Многа іх, немцаў, было. Але ў гэтым шуму… Я тры вайны праваяваўі ведаю, што ў шуму ніхто не знае нічога і не ведае. Яны пакуль агледзеліся… Гэта якіх-небудзь я быў метраў дзесяць ад немцаў адышоўся, недалёка, а гэта ж – шум!..

Ну вот, гэта мая ўся і гісторыя. Пытанне: – А потым вы куды, у партызаны пайшлі?

– Не. Мне зрабілася плоха. Плоха зрабілася. Ну, куды? Я ў Закуцце, у атрад. Гэта начальнік атрада быў знаком, дык я к яму. Іду, і здаецца – іграюць, пяюць… А нікога нідзе няма. Гэта ў мяне ў галаве. Расстроіўся. Да… I ён гаворыць мне:

– Знаеш што, вызаву я табе ўрача. Урач мне ўколы даваў і гаворыць:

– Ідзі ў ціхае месца.

Пабыў я ў ціхім месцы. А тады ўжо пры штабе і находзіўся. Я ў Лёшкі давер'е меў. Я забываю яго фамілію. Лёшкай завуць. Я яго так і называў. Ен у вашых гадах быў. I я там усё ўрэмя і находзіўся.

Пытанне: – У гаспадарчым узводзе?

– Не, як днявальны. Вобшчым, я яго ахраняў. Цела яго храніцель быў. Давераны.

Пытанне: – Тады, у сорак другім, Сушу[11] два разы палілі?

– He, першы раз партызаны не далі. Ведалі, што будуць Сушу паліць. Здзесь, як відзён лес, і на гарэ там – са станкавымі кулямётамі партызаны. Яны іх сільна многа перабілі, немцаў. Заяц, Бабовік па-вулічнаму, які вёў немцаў, стаў зваць іх: «Сюда!» – і рукой махаець, каб беглі ўслед за ім. Знае куды. Тут ён і радзіўся, толькі не здох тут…

Ну, гэта першы раз як ехалі. Другі раз ужо большай сілай… I ніхто ўжо не прыступіўся да іх. Пытанне: – I што яны тут натварылі?

– Ну піто, людзей перабілі. Два пасёлкі цалкам выбілі. Сем чалавек асталося, што дома не былі. «На сабранне! На сабранне! На сабранне!» – выгналі. Вот так пасёлак і во так пасёлак, а пасяродку на картаплянішчы і пабілі…»


* * *

Ходзіць па лесе чалавек. Штодня. Зімою і летам. Ляснік – такая служба, такі хлеб. Хапае і клопату, калі чалавек клапатлівы, хапае і адзіноты, часу для роздуму, для ўспамінаў. Тым больш калі яму ёсць што ўспомніць.

Ёсць што ўспомніць, над чым пасумаваць і чым парадавацца Аляксандру Заўэру, былому партызану, а цяпер лесніку ў тых самых родных мясцінах…

Аляксандр Карлавіч – латыш, адзін з тых латышоў, якіх на гераічнай і шматпакутнай Акцябршчыне пасля фашысцкага лютавання ў гады акупацыі засталося вельмі нямнога. У вёсках Перакалле, Булкава, Залессе.

«Калі мы, латышы, прыехалі сюды, – гаворыць Заўэр, – я не ведаю. Трэба ў старых людзей запытацца. Тут ёсць адзін, Фрыц Вінтарс, ён да вайны быў старшынёй наілага латышскага калгаса «Сарканайс араайс»[12], а цяпер ужо на пенсіі. Але і ён не раскажа, бо латышы прыехалі сюды даўно, відаць, больш за сто гадоў таму назад».

У тым самым Булкаве, дзе жыве Заўэр, мы наведалі і названага ім Вінтарса. Харошы дзед, моцны яшчэ, былы партызан, цяпер саўгасны пастух, руплівы і талковы чалавек, пра што можна меркаваць хоць бы па доміку яго, багатым з працы рук і чыстым ад любасці да культуры.

Не памятае Вінтарс, з якога часу тут загняздзіліся латышы, бяда іх прыгнала сюды ці мандат які перавёз. Не памятае, хоць і пажыў нямала і ад старых калісьці сёе-тое чуў. Ліпы абапал вуліцы такія самыя магутныя былі ўжо і тады, калі ён быў малы, а іх жа – гэта ён ведае добра – садзілі продкі-латышы.

Добры дом і ў Аляксандра Заўэра. Па-летняму ён быў пусты, засталі мы ў ім толькі гаспадаровага сына, лейтэнанта-адпускніка, што рыхтаваўся ў нейкую сваю дарогу. Юнак сказаў, што бацька ў лесе, але зараз павінен прыйсці.

Ляснік неўзабаве прыйшоў.

Латышскі тып моцнага, не вельмі гаваркога, нібы нават пахмурнага работніка. Добрая беларуская мова. I дзелавая прыязнасць.

Спачатку – проста скупы і сціплы салдацкі расказ:

«Мне ўжо шэсцьдзесят другі год. У вайну быў у партызанах.

Калі палілі наша Булкава, дык я якраз быў у Акцябры, у Смукаве, – там мы сядзелі ў засадзе. Гэта калі немцы наступалі на Акцябр. У канцы студзеня сорак чацвёртага года. Мы іх тады адбілі, яны ў той дзень не ўвайшлі ў Акцябр, а дзён праз два прыйшлі і ўсё-такі занялі.

Нашы сем'і тут пабілі. Прыгналі з лесу, сагналі ў два гумны і там іх папалілі. Вось тут у нас, у вёсцы. Там усіх маіх… У мяне было шэсць душ сям'і: жонка, цешча, цешчына сястра і трое дзяцей. Нікога не засталося… Застаўся толькі брат – быў у партызанах. Сястрычку злавілі ў лесе. Яна была ў смерцьлагеры, пад Азарычамі. Пасля яе выручылі.

Заняўшы тут, немцы былі ў нас месяцы са два. Людзей пабілі, а самі жылі ў вёсцы. Тут яны былі каля Залесся зрабілі сабе… так сказаць, убежышча, каб партызаны не падыходзілі. Але мы падышлі. У нас была якраз дэсантная група, мы прышлі і зноў іх разагналі. I з Залесся выгналі. Дэсантная група і нашы, партызанскія, дзве групы былі. Мы абстралялі іх, некалькі разоў прайшлі па вёсцы, і ім здалося, што нас тут – тысячы.

Назаўтра яны выбраліся адтуль у Акцябр. А потым мы іх з Акцябра выгналі, і яны паехалі ў Парычы…»

Далей – пра асабістае. Аднак такое, што пра яго павінны ведаць многія. Аляксандр Карлавіч і пра гэта расказаў вельмі скупа. У адказ на нашу цікавасць – калі мы пачалі здзіўляцца, што на сценах вялікай светлай хаты так многа павялічаных фотапартрэтаў спраўнай ды вясёлай моладзі.

«…Я ўзяў жонку свайго таварыша. Мой таварыш быў беларус. Адзінец Мікалай. Яго забілі. Ён папрасіўся пайсці дамоў, у свае Касарычы. Прыйшоў, а там вёску акружылі і павялі на расстрэл. А з ім быў яшчэ Коўзун Пятро, таксама там папаўся. Дык той кажа:

– Мы што – скаціна? Давайце разбягацца!.. Пачалі яны разбягацца. Адзінец перабег цераз поле, ускочыў у лес, а тут разведка нямецкая… Забілі яго.

А мы з ім дагаварыліся раней: хто застанецца жывы – сям'і дапамагаць. Не ведаю, як ён зрабіў бы, але я зрабіў па-чэснаму: забраў яго трое дзяцей. Меншаму, Мікалаю, паўтары гады было.

Яна гаворыць:

– Хіба ж ты мяне возьмеш – трое дзяцей?.. А я кажу:

– Я не цябе бяру, але толькі дзяцей – трэба.

Але раз ужо мы сышліся па характару, то і жывём разам. Ужо дваццаць шэсць год. Жывем. Дзяцей павывучвалі, дзеці ў нас усе на рабоце. (Далей гаворыць, пераходзячы ад партрэта да партрэта.) Во гэтая дачка. Гэта во сын, каторы ў пары: вяселле было. А гэта во ўжо наша з ёю першая дачка. А гэта сын, каторы ў Ленінградзе вучыўся. А гэта во старэйшы сын, працуе ў Рызе. Во якая ў мяне сям'я!.. Чатыры дачкі і два сыны. Усе працуюць. Тамара сантэхнікам, Галя кранаўшчыцай, Ганна маляром, Ліда тэлеграфісткай, Мікола мулярам, а гэты во, Аляксандр, як вы бачыце, афіцэр. I сама яшчэ, мая Люба, ад маладзейшых не адстае – і цяпер у полі. I я працую. Лесніком з сорак восьмага года…»

Ходзіць па лесе чалавек. I многа думае, многае ўспамінаецца яму ў адзіноце, якое так многа. Адзіноты і цішыні.

Звыш дзесяці

«…Маленькіх хлопчыкаў, як і бабаў, яны тады не стралялі, а ўжо як катораму гадоў дзесяць – такіх разам з мужчынамі…»

(Аляксандра Міхалап. Стаўпішча Кіраўскага раёна.)

«…Жанчын аддзельна замыкалі паліць, а мужчын аддзельна. Такіх хлапцоў, што большыя, дык туды, з мужчынамі, а малыя дык з намі былі».

(Тэкля Круглова. Гарадскі пасёлак Акцябрскі.)

«…Немцы дзяцей любілі… Возьме на рукі, паносіць, а потым – у агонь…»

(Віталь Шадура. Зенякі Шчучынскага раёна.)

У двух першых выпадках – прыватная прыхамаць якога-небудзь «звышчалавека» ў паліцэйскай ці эсэсаўскай форме; у трэцім выпадку – яшчэ раз пацвярджаецца тое, што мардаванне дзяцей, ад немаўлят да падлеткаў, было на захопленых землях састаўной і неад'емнай часткай фашысцкага плана «перабудовы свету».

Гаворачы цяпер з мужчынамі, якія ў гады акупацыі пераходзілі з маленства ў самую першую сталасць, ужо саромеліся маміных пяшчотаў і яшчэ ўсё мужчынамі не былі, – нельга не хвалявацца неяк па-асабліваму…


* * *

Вёска Байкі на Пружаншчыне. Чэрвень, раскошнае лета. Пасля кароткага ліўня – яшчэ больш ласкавае сонца, якое ўжо добра схіліла з поўдня. Раз-поразу магутна кукарэкаюць па заплоццю старыя пеўні. Здалёк чуваць працавіты трактарны грукат. Звініць сваёй нястомнай песняй жаўранак. Ці, можа, многа іх, толькі над намі – адзін.

I дзеці гамоняць, крычаць і смяюцца недзе зусім недалёка ад лаўкі каля плота, на якой мы сядзім, – мы іх не бачым, а толькі чуем.

Бачым адну дзяўчынку, што паміж намі і хатай на той бок вуліцы гуляе ў «класы». Сама з сабой, засяроджана, зусім, што называецца, для душы.

Бацькі гэтай скакухі, да якога мы прыехалі, яшчэ усё няма з касьбы.

Ідзём туды, адкуль чуецца хлапечы гоман і смех. Вось яны – маляўнічая група босай ды чубаценькай каманды «філосафаў і паэтаў», спакушаных многімі таямніцамі кніг, кінакарцін, футбольных і хакейных матчаў – «без адрыву» ад роднае хаты з тэлеэкранам, ад роднай вёскі з клубам і школай. Адпачываюць – хто на жэрдках агароджы, а хто і на слупе, каму дзе ямчэй пасля добрай палавіны доўгага і змястоўнага дня. Яшчэ не канікулы. Але гэтым мужчынам – па выгляду, чацвёрты, пяты, шосты класы – заканчэнне школьнага года асаблівых цяжкасцей не прыносіць: ні экзаменаў табе, ні клопатаў пра нейкі інстытут. Смех – іхняе паветра. Нават і перад аб'ектывам фотаапарата смех гэты цяжка стрымаць.

Шчаслівыя аднагодкі тых, каму ў чорныя дні гітлераўскай акупацыі было столькі, як ім цяпер, тых, што і тут, у гэтай вёсцы, гінулі разам з усімі – і меншымі, і большымі за іх…

Пагаварыўшы трохі з хлопцамі, вяртаемся да нашай лаўкі.

Дзяўчынка ўжо адскакала сваё і кудысьці пабегла. А бацькі яе і яшчэ ўсё няма.

Ён вернецца з касьбы, былы ваенны падлетак, ён нам раскажа, як вырваўся з агню, з-пад куляў…

Адно, што тым часам ведаем пра яго, адна дэталь, што загадзя ажыўляе незнаёмы вобраз, – гэта тое, што нам сказала сёння адна бабуля, таксама былая пакутніца. Ён, Мікалай Шабуня, у бацькі свайго быў не сынам, а пасынкам, але «дай бог, каб кожны родны бацька любіў роднага сына так, як Мікалая войчым».

I вось ён, Мікалай Сцяпанавіч, нарэшце прыйшоў. З касою на плячы, з павагай прывычнай стомы. Мужчына трохі за сорак, спакойны і дужы.

Адпачываючы на ганку, ён расказаў.

«…Ішлі мы раніцай у Ружаны, рэзаць дровы да бургамістра. Выйшлі на шашу, а тут немцы:

– Хальт! Падыходзяць:

– Цурык нах гавус! Пайшлі мы дадому.

Сказаў я бацькам, яны ўстрывожыліся. Глядзім у акно – едуць да солтыса на машынах і пешыя ідуць.

– Бярыце ўсе дакументы і выходзьце!.. Туды, дзе і цяпер вялікая ёлка стаіць.

Вынеслі яны сталы на вуліцу. У каго грошы, гадзіннік, кальцо сярэбранае або пазалочанае – усё чыста забіраюць і ў стол. Калідор з немцаў зрабілі, адзін немец ад аднаго на тры-чатыры метры, і людзей гоняць аднаго за адным – у гумно.

Прыгналі людзей з іншых вёсак, з Навасадаў і Колкаў. Капаць магілы…

А мы ў гумне сядзім. Той тое, той тое.

– Сёння, – кажуць, – сітка будзе густое. Прасеюць. Адных пабяруць, паб'юць, а другіх пусцяць. Паб'юць тых, у каго сваякі ў партызанах або каторыя самі сувязь маюць…

Сядзелі, сядзелі, чакалі, каб як праз тое сітка прайсці, каму гэта прыйдзецца, а тут папалі – усе без разбору.

Выводзілі з гумна – хто пад руку папаў. Мужчыны – не больш як па чатыры, пяць чалавек. Бывае ўсякі характар – можа супраціўляцца. А жанчын выводзіў – колькі выпара…

Гэта цяпер ужо, калі хадзяін з хадзяйкай жыве, то дзяцей у іх двое-трое найбольш, а тады было па пяцёра, сямёра.

Палепяцца за спадніцу і так валакуцца…

Вочарадзі былі кароткія. Толькі, было, раніць. А жанчын з дзецьмі – працэнтаў на шэсцьдзесят жыўцом закопвалі.

Два чалавекі геройскі пагібалі – Шпак Даніла і Кава Сямён.

– Бі, – кажа, – сволач, у твар, а не ў патыліцу!.. Я спачатку прадраў страху і сам глядзеў. Бачыў.

Стаяла ахрана каля гумна. Калі не вылазіш, то не страляюць. Я памахаў рукою, што вылазіць не буду. «Глядзі сабе, вытрымаеш – глядзі…» I пакуль сёстраў і маці не забілі, і гэтых двух – я глядзеў. А цотым… нібы страх… Родных пабілі – страх авалодаў. А так чалавек проста стаўбом стаяў, без чусцвія…

Як цяпер гаворыцца, па маскоўскаму часу, з васьмі гадзін да шаснаццаці была праверка, а потым пачалі расстрэльваць. Дзве гадзіны расстрэльвалі, не больш.

У гумне сядзелі на сене і курылі, ніхто тады не асцерагаўся. Чулі, што страляюць.

– Люс! Люс! – хто крайні.

Не хоча – прыкладам, галава не галава…

Форма ўся нямецкая: і шэрая, і чорная. У чорнай больш стаялі на пастах. А немцы – выпорвалі, падводзілі. Расстрэльвалі тыя, што пайшлі… ну, паліцыя. З Івацэвіч прыехалі, з Пружан прыехалі, з Ваўкавыска прыехалі, са Слоніма прыехалі, з Баранавіч прыехалі.

А тыя, што забіралі дакументы, гаварылі па-нямецку, цераз перагаворшчыка.

Усіх пабілі, а мы з бацькам пад сена зарыліся. Бацька першы, а я яго закідаў сенам.

Даскубся я да сцяны, а каля сцяны вялікая бочка, на замок замкнёная, стаіць. Немцы прыйшлі, давай глядзець, што ў бочцы. Прыкладамі разбілі яе. А я якраз да яе дакапаўся. Сена было так на метр трыццаць сантыметраў, а як праскубці, каб чалавеку далезці, то палучаецца прагіб. На мне стаяў немец. Разбіў бочку, пачаў вакол яе пароць штыхом. Аж да адзежы мае дапорваўся.

«Ну, – думаю, – усё роўна не застанемся, не вырабімся жывымі».

Неяк так… Ці то чалавеку жыць паложана?..

Пайшлі яны. Потым адзін з сабакам зайшоў. Сабака – уядаецца!.. Потым чую – запалкі зашасталі. Чую – салома пачала гарэць…

Вылез я на ток. Уздумаў, што і бацька мой тут. Узяў сахор, парнуў – варушыцца. Выцягнуў я яго. Я абгарэў слаба, а ў бацькі ўвесь твар быў з паўгода абгарэлы, нельга было глядзець… Выйшлі мы з гэтага гумна. Гумны адно ад аднаго – метраў шэсць. Глядзім – чалавек перад намі. Спалохаліся, стаім, як стаўбы, адзін на аднаго пазіраем, а потым пазнаем: сусед.

– Гэта вы, дзядзька? – пытаецца. – I хлопец з вамі?..

Пайшлі мы ўтрох да дарогі.

А яны апошні дом, дзе сядзела начальства, падпальваюць.

Напароліся мы на немца. Нёс куль саломы. Метры два ад яго я рукі распасцёр, каб тых, што ззаду беглі, затрымаць. У дыме ён мяне не заўважыў, а двор вузенькі. Мы – назад. Я – цераз плот. У суседа вуллі былі на зіму састаўлены, я паміж імі, у лужыну – снег ад пажару растаў – лёг і ляжу…

Паехалі немцы.

«Давай, – думаю я, – пайду пагляджу на магілу…» Дзіцячы розум… Пазнаходзіў адзежу, мацерыну і сясцёр. Раздзявалі ўсіх да бялізны…

Тая магіла, дзе мужчыны, паднімалася няшмат, санціметраў на дваццаць. А кроў каля сценкі – фантанам. А дзе жанчыны… Клянуся… ісціным богам, што на жанчынах не менш як санціметраў на семдзесят зямля то паднімецца, то асядзе… Значыцца, яны толькі трохі прысыпалі, каб не відно было.

Потым людзей прыганялі, на трэці дзень, дабаўлялі зямлі…»

Пакуль ён расказваў, за спіной яго, на парозе, амаль увесь час стаяў хлапчук. Адзін з тых вясёлых «філосафаў» з плота. Ужо разумна прыціхлы. Калі адыходзіўся або вяртаўся зноў на парог – абавязкова асцярожна і, басанож, зусім нячутна. Меншы, чым бацька ў той час, калі яго забівалі, ды ўжо таксама звыш дзесяці…

Дзяўчынцы было нецікава. Толькі трохі паслухаўшы, скакуха пабегла з двара, шукаць новай забавы.

I ўсё над намі і навокал нас было ў спакоі яснага адвячорка.


* * *

Вялікая Воля Дзятлаўскага раёна.

Лясная вёска, з векавечнымі дубамі і гонкімі соснамі – не толькі навокал яе, але і на вуліцах з кіпарысным ядлоўцам на палянах паміж рэдка раскіданымі сядзібамі, з драўлянай царквой на могілках, прыгожай і ў сваёй пашарэлай ды пахілай старасці. Добрыя хаты ў вялікавольцаў, амаль усе – пасляваенныя.

16 снежня 1942 года немцы забілі тут каля двухсот чалавек. Сярод вельмі нямногіх, каму пашанцавала ўратавацца, былі два падлеткі.

Адзін з іх, калгасны жывёлавод Аляксей Ламака, так расказвае пра той дзень.

«.. У той час я яшчэ быў малы, мне было ўсяго адзінаццаты год.

Помню я – прыйшлі немцы, сталі нас выганяць з хатаў. Немец адчыніў дзверы і сказаў: «Выходзьце!» Мы жылі ў хаце дзве сям'і, бо наша хата згарэла і мы жылі ў падсуседзях. Вышлі мы з хаты і бачым, што тут ужо ўся вёска сагната. Падагналі нас метраў, можа, з пяцьдзесят, паставілі ўсіх у калону. Не памятаю, колькі там чалавек было ў калоне. Закамандавалі нам усім пакленчыць, і ззаду прыйшла машына. I сталі мы паміж сабой гаварыць, што, можа, паліць нас будуць жывых… А яны нас сталі фатаграфіраваць – з нейкім апаратам стаяла машына.

Сфатаграфіравалі яны нас, падалі каманду ўстаць, тады бралі па дванаццаць чалавек, адлічвалі па дванаццаць чалавек, і на метраў сорак ці, можа, пяцьдзесят адводзяць тых дванаццаць чалавек і камандуюць лажыцца ў такім во палажэнні, пад гару. (Паказвае.) І з кулямёта тады шуруе.

Я папаў тады якраз у другую групу, дваццаць чацвёрты чалавек. Я толькі помню, што я датуль быў пры памяці, пакуль камандавалі лажыцца. Упаў я – ужо стрэлаў не чуў, як па нас стралялі. Можа, і заснуў. Нешта палучылася.

Ужо потым, калі ўсіх перастралялі, устаў стары Васіль Ламака і гаворыць:

– Хлопцы, хто застаўся жывы, уставайце. Немцы паехалі.

А бацька мой быў цяжка ранены па жываце і, як пачуў гэты разгавор, пытаецца:

– Алёшка, а ты не ранены? Паварушыся…

Ой, я забыўся – я гэта адразу з бацькам гаварыў, як толькі яны перастралялі, яшчэ не хадзілі дабіваць. Бацька гаворыць мне:

– Ты, сынок, жыў?

– Жыў, – кажу.

– I не паранены?

– Не, не чуетвую.

– Не пячэ нідзе?

– Не.

Дык ён кажа:

– Не варушыся, бо ходзяць дабіваюць.

Праз мінут, можа, пяць падыходзіць немец да мае галавы, узяў нагою за маю галаву, а я гэтак во… (Паказвае.) I ён пайшоў далей.

А потым ужо гэты Ламака Васіль устаў і гаворыць:

– Хлопцы, хто жывы застаўся, уставайце. Немцы паехалі.

Устаў я, і пайшлі мы па трупох шукаць людзей, каторыя жывыя.

Яшчэ я застаў сваю сястру, ёй было тады сем лет. У яе была нага перабіта ніжэй калена. Я яе метраў, можа, сто, можа, семдзесят аднёс. Ну, тады ж я быў пацан, каб гэта, як цяпер, быў самастаяцельны… Яна стала прасіцца, што баліць, што палажы мяне, і я палажыў і пайшоў за тымі старыкамі ў лес.

Ну, у лесе мы таксама хадзілі двое сутак. Есці ў нас не было чаго, мы там абнаружылі партызанскі лагер. Прыйшлі мы ў той лагер, было там трохі пшаніцы і мяса нямнога. Узялі мы каструлю. Голыя ж мы былі, ніхто ж не знаў, што прыдзецца яшчэ доўга жыць. А ўжо зіма была. Знайшлі мы нейкага матэрыялу на парцянкі, адзеліся трошкі, узялі гэтую пшаніцу і мяса, наварылі там, пад'елі…

А на другую ноч рашылі: хадзем у сваю вёску.

Прышлі мы туды, дзе я палажыў сястру, – сястры ўжо не было. Дзе яна падзелася – ці яе забралі ды разам з людзьмі засыпалі, дабілі, ці яна сама зайшлася, – хто яго ведае. У лесе яна ляжала, прама ў лесе, бо я яе метраў сто, можа, і менш, аднёс за прыгорак, яна стала прасіцца, і там я яе палажыў…

Ну, а потым узялі мы ў вёсцы хлеба, у каго дзе знайшлі ў каморцы, што-небудзь так, мяса якое-небудзь…

Падыходзілі мы потым і да магіл, але яны былі ўжо ўсе засыпаныя. Яны прыгналі з Малое Волі людзей і засыпалі.

Узялі мы прадуктаў з вёскі, дзе ў каго што знайшлі, – галодны ўжо не глядзіш, сваё не сваё, ліш бы дзе, – і пайшлі ў лес.

I думаю я: пайду дзе да людзей, шукаць людзей.

Ішоў, а там стаяла адрынка, гумно такое на балоце. Каторыя багачшыя людзі, то стаўлялі там гумна і клалі сена. Заходжу я ў тую адрынку – ляжыць Барыс паранены. Я гавару яму:

– Барыс, што рабіць, як цябе ратаваць? Яму ўжо гадоў дваццаць было. Ён мне кажа:

– Схадзі да Крупіцаў, да маёй сястры, скажы ім, няхай па мяне прыедуць.

Ну, я і пайшоў памаленьку, разглядаючы, каб дзе не нарвацца, і дайшоў аж да Крупіцаў, наказаў, і яны яго забралі.

I я сам астаўся ў Крупіцах, у цёткі, мамінай сястры…»

Другі Ламака, Радзівон, якраз быў тут, у роднай Вялікай Волі, – прыехаў з Ленінграда ў адпачынак.

Знайшлі мы яго на беразе Шчары, з малою Любушкай, дачкой, што ведае і любіць татаву вёску, вельмі ахвотна прыязджае з ім сюды, на сырадой, сон на свежым, духмяным сене, да быстрай і маляўнічай Шчары. Хоць і вузейшая яна за Няву, але ж такая празрыстая, цёплая. А лес – суніцы, чарніцы, лісічкі, баравікі!..

Працуе Радзівон у Ленінградзе «дзяжурным механікам у харчовай прамысловасці». Падаўся ён туды адразу пасля вайны, там закончыў рамеснае вучылішча, а потым тэхнікум.

У тым жахлівым снежні яму было адзінаццаць год, і ён, як сам гаворыць, «усё добра памятае».

«…Прыйшлі яны, немцы, сабралі ўсіх і выгналі на развілку дарог. Усіх паставілі, перш мужчын адагналі ў адзін бок, а тады жанчын і дзяцей – у аддзельны бок. I зрабілі кіназ'ёмку. Тады я не разбіраўся, што яны робяць, што гэта да чаго. Давалі каманду паднімаць рукі і здымалі нас, як ім наравілася.

Пасля першую парцію мужчын пагналі, жанчын адных аставілі. Пабілі мужчын – пагналі жанчын з дзецьмі…

Колькі там крыві, колькі енку было!..

Не ведаю, як гэта вышла так удачна, што ў мяне не папала ніводная пуля, ніводнай царапінкі не было.

Усе ляжаць, пабітыя, а немец – як сягоння помню – ходзіць з аўтаматам і дабівае…

А потым я падняўся. I не ведаў, што ж мне рабіць. Пайшоў яшчэ дадому схадзіў. Потым ізноў прыйшоў на гэтыя могілкі. А ў вёсцы ўжо няма нікога. Прыйшоў я на могілкі, а там адна жанчына яшчэ жывая. Узяла яна мяне за руку і кажа:

– Хадзем у лес!

Прыйшлі ў лес. Пасля мы знайшлі, на другі дзень, Ламаку Стася і Васіля. Ужо нас было чатырох. Ідзём далей. Потым знайшлі Ламаку Стэфу з дзяўчынкай Маняй, дванаццаць гадоў. Калі мы іх знайшлі, дык яны гавораць:

– Там вунь ляжыць Ламака Іван. Ён ранены. Гэта мой родны брат.

Пайшлі мы і прыцягнулі яго да партызанскага лагера, «пад вялікую яліну», як тады гаварылася. Лагер той быў пусты. Ранены стогне, перабітая нага… Пасля яму яе ампуціравалі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю