355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Я з вогненнай вёскі... » Текст книги (страница 5)
Я з вогненнай вёскі...
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 10:00

Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."


Автор книги: Янка Брыль


Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 25 страниц)

– Нас не будуць браць нікога. Тут з нашага Засоўя няма нікога ні ў партызанах, ні ў паліцыі, нідзе…

Ну, я пашла дамоў і лягла з гэтымі сваімі дзяўчаткамі спаць. Назаўтра я адну пабудзіла. Выпусціць карову. А там, дзе мая цётка жыла, я сеяла бульбу, там быў мой прыўсадзебны ўчастак. Там быў на ўчастку паграбок такі выкапан і будачка, зямлёй абсыпаная. Дык я кажу дочцы, каб ішла к карове, а я пабягу картошкі вазьму. Узяла пасудзінку нейкую… (Смяецца.) Ажно яны стаяць там, ля цёткі маёй, пяць чалавек. Адна жанчына падышла к ім, папыталася нешта. А я потым падышла да яе і ціханька кажу:

– Вікця, што яны табе сказалі?

– Я, – кажа яна, – пыталася, ці можна выгнаць карову ў поле, дык яны сказалі, што толькі на выган.

Я тады скоранька ўзяла ды бегам, ды бегам каля іх. А яны мне нічога не сказалі. Прышла я к цётцы ў хату. Дык яна кажа, што, можа, паб'юць, бо ў Літвічах людзей білі, хлопчык адзін казаў. Гэта ўжо сродсцвеннік яе. На печы ляжыць, з Літвіч прыбег. Уцёк. Ён і карову вёў сюды. Дык і карову забілі. Тады, як сталі там біць людзей. Я тады скоранька ў той паграбок – нагарну картошкі і пабягу к дзяцём. Адну ж пабудзіла, а другая спіць…

Толькі я стала вылазіць… А быў мой брат дваюрадны, у цёткі жыў: там у іх голад быў на Украіне, дык ён сюды пераехаў. Дык ён ідзе і кажа па-хахлацку:

– Аміля, што-та там страляюць. Дык я кажу:

– Лезь сюды, схавайся…

Там у яе пограбе перагародка такая. Ён туды ў гэты катушок залез, а я гэтак во прысела. Паграбок глыбокі, а ў мяне кажух быў доўгі. Але босая я. Дык я во так прысела і сяджу. Ля дзверцаў сяджу. Ціханька. Тады віжу я, што суседняя жэншчына нешта гаманіць. Прыадчыніла я дзверцы і кажу яму:

– Гайдучыха, мусіць, просіцца, каб у Германію…

У яе было адзінаццаць душ сям'і, а яе гоняць у хату біць…

Я сяджу каля дзверцаў, а ён тамака, у катусе. I кашляе. Дык я кажу:

– Не кашляй, сядзі ціханька.

А як ты ў зямлі сядзіш, дык у хаце такі глухі выстрал. Чую – у цёткі маей два разы выстралілі… А ён усё на мяне:

– Глядзі, што там робіцца.

Бачу – два немцы ідуць з гары – Жаваранак там жыў, дык мы ўсё звалі Жаваранкава гара. З гары той ідуць сюды. Калі ў цёткі выстралілі два разы, дык тады я чую – дух-дух – ідуць па двары. Адзін падышоў, дзверцы гэтыя адчыніў. Я яго і цяпер віжу…»

I зноў пасміхаецца старая жанчына, закрываючыся маленькім, як у дзіцяці, але чорным ад старасці кулаком. Быццам няёмка ёй за ўсё, што з ёю было. I за ўсіх. За тое, што так недарэчна хавалася, так поўзала і нічога не разумела, а незнаёмыя людзі, што аднекуль прыехалі, бегалі, шукалі яе, каб забіць…

«Няхай бы ён мяне забіў…

Дзяржыць ён вінтоўку ў руках, а я гэтак сяджу. Паглядзеў на мяне, а я на яго… Дык ён прычыніў гэтыя дзверцы і пайшоў.

А я ўсё сяджу. А той хлопец усё:

– Глядзі, што робіцца!

Дык я адчыню, паслухаю, пагляджу… А потым бачу, што ўжо крайняя хата гарыць, дык і кажу:

– Ай, браток, ужо ж гэта немцы людзей б'юць, ужо Сцяпана Грамовіча хата гарыць.

Тады ўжо і я к яму ў гэты катушок перакацілася, ужо каля дзвярэй не сядзела. Хату спалілі, а сарай астаўся, а проціў сарая – наш гэты паграбок. Тады другі ўжо ўскочыў у паграбок. Але ўжо ён нас не бачыць – бо ўжо мяне няма, я ўжо перакацілася ў катушок. Запяяў ён сам сабе пад нос, выскачыў і падпаліў той сарай. Як загарэўся ж гэты сарай – бо цёпла, суха, – дык сталі на нашым пагрэбніку дошчачкі ды лапачкі гарэць, якім ён быў абстаўлены. Полымя і пакацілася па дошках. Я б сама, дык я б там згарэла са страху, а ён усё ж ужо мужчына (с м я е ц ц а), дык ён на мяне кажа:

– Аміля, давай уцякаць!

Ускочыў, ужо дзверцы гараць… А там стаяла ў нас бочка з буракамі, наскобленымі на квас, дык я ўзяла пасудзінку, каб лінуць на дзверцы ды вылезці… Але абгарэлі мы – і нашы рукі, і твар абгарэў – і яго, і мой… Выскачылі мы за сарай, а сарай той ужо згарэў.

Паляжалі мы ў бульбе, што была пасаджана. А ён кажа:

– Мы тут відны…

Пятухі пяюць, каровы, каторыя пазаставаліся, равуць, зязюлькана дубе – тут дуб стаяў – кукуець…

Ну, мы тады папаўзлі паўзком па балоце.

Сусед гэта дзевачку вынес… Па ёй два разы стралялі і толькі хустку пабілі, а яна засталася, за печкай схавалася. Яны дымам выскачылі, як гарэла. А тады яны нас увідзелі, нас пазвалі. I мы гэтак разам сядзелі там.

Пытанне: – А дзевачкі вашы?

– Адну спалілі. Як пакінула я яе сплючы, так і забілі ў хаце. А гэтая сядзела на выгане ля каровы. Дык па гэтай стралялі, але не папалі. Там быў зруб, зрублены на хату, дык яна там пад зруб падкацілася.

Немцы як звечара прышлі, дык яны ў людзей начавалі. Пісары там былі, пісалі. Пераначавалі, а раненька, з сонца ўсходам, пачалі людзей заганяць і біць…»

Так, ёсць, мабыць, пачуцці, перажыванні, калі звычайныя праяўленні іх (плакаць ці смяяцца) робяцца нібы неадпаведнымі. Другіх жа, «адпаведных», прырода чалавеку, можа, і не дала. Не ведала маціпрырода, з чым сустрэнуцца некалі яе найразумнейшыя дзеці…

На некаторых зробленых намі фота жанчын – такая вось нечаканая ўсмешка. Яе разумееш, толькі ўбачыўшы не на здымку, а на жывым твары, калі чуеш голас чалавека. I тады нават як быццам пагаджаешся з ёю: чалавек, які перажыў, на свае вочы бачыў такое, мае права на словы і вывады, ад якіх няхай сабе нават і холадна робіцца.

«…Немцы ішлі да нас так – адна партыя з Капцэвіч, а другая вунь з таго канца. А мы на вуліцы былі. На вуліцы нас і пабралі, пагналі вунь туды, у канец сяла. I там стаяў такі на калёсцах… Я не ведаю, што гэта. Мы думалі, што нас будуць расстрэльваць. А яны – за нас, групамі заганялі ў сараі, у хаты. Я папала ў другую групу. Адна я была і са мною залвіца мая. Дзеўка. Дык яе ў першую групу загналі, паранілі ў хаце, яна выпаўзла і ў калодзеж упала. А можа, яе ўкінулі туды? Я не ведаю. А я ў сарай папала, а потым Павел адбіў дзверы, і мы ўцяклі. Гарэлі ўсе, і сарай той гарэў. Сталі ўцякаць, а янынас давай біць. Мы шасцёх уцякалі: Лукашэвічыха старая – Сяргеева маці, Веры Такалінай маці разам са мною ўцякала з сарая, цётка Дар'я ўцякала… Тых пабілі, а мы ўтрох асталіся. Я за такую во копачку забегла і села. Шаптала тая копачка – так стралялі па ёй. I я засталася жывая. Я з дваццатага года сама, а дзеці мае былі тады ў лесе, двое дзяцей было ў мяне. Не разумела я яшчэ, думала: хаты ў нас харошыя, новыя, дык буду прасіць, каб яны іх не палілі. Бо пагаворвалі, што паліць будуць, але ж ніхто не думаў, што людзей будуць паліць ды расстрэльваць…

Як я падняла з-за капы сваю галаву, дык яны стралялі, але я пабегла, а потым убачыла, што за капой сядзіць Ева Горбань. Вось яна (паказвае на суседку). Я хацела ўзяць яе, а яна кажа: «У мяне няма ног». Я яе і кінула. Мне ж не шкада было нічога, я і дзяцей сваіх не шкадавала, кінула, я і сама сябе не шкадавала. Не ведаю, хто іх, маіх дзяцей, пабраў. Сама пабегла ў лес».

Гэта і гэтак гаварыла нам Вера Цімафееўна Какора ў вёсцы Вялікія Сялюцічы Петрыкаўскага раёна.

А мо яна нагаворвала на самую сябе? I дзяцей, бачыш, «не шкадавала», і «сама сябе не шкадавала», і суседзяў.

Можна спытацца: а навошта гэта чалавеку – так на самога сябе нагаворваць?

Насуперак логіцы быццам бы.

Але ж ці многа (мог бы спытаць такі чалавек) «логікі» ў цэлым свеце? Дзе такое рабілася, дзе такое магчыма. Вось і гаворыць, сапраўды не шкадуючы ні сябе, ні тых, хто будзе слухаць. I тады расказ чалавека гучыць жорсткім выклікам: можаце жахацца, можаце абурацца! Свет вунь які, дык не патрабуйце і ад мяне!..

Людзі, якія такое перажылі і якія сёння жывуць сярод нас, – гэтыя з ліку наймацнейшых.

Большасць адразу ці праз нядоўгі пасля вайны час адышла ад нас – услед за болем сваім, услед за дзецьмі, бацькамі, што так жудасна загінулі.

А гэтыя ўсё трымаюцца ў жыцці: адных трымае новая сям'я, новыя дзеці, праца, старэчыя клопаты каля ўнукаў; другіх, адзінокіх, трымае ў жыцці, магчыма, якраз памяць пра страчанае, бо чалавек супраціўляецца, не хоча, каб самае дарагое знікла канчаткова – разам з ім. Бо і мёртвы для чалавека таксама часам яшчэ раз памірае. «Яшчэ больш» памірае – ужо канчаткова. Нават мёртвае дзіця сваё маці будзе ратаваць (калі трэба, ахвяруючы сабой) ад другой, ад новай смерці – вось як Марыя Фёдараўна Кот з вёскі Вялікія Прусы на Капыльшчыне:

«…Схапіла меншую, ёй было дзевяць год… Гарыць і на ёй плацце, і на мне гарыць… Замчала ў тую яму, дзе там глінабітку рабілі, палажыла… I зноў жа лезу па тым агні – па большую… Хай то пабілі – дык яшчэ і згараць! Пацягнула, падняла. Дык яно такое маладое, мяяккае!..»

Маці схавала застрэленых дзяцей у яму. А потым яшчэ раз, жыццём рызыкуючы, вярнулася да дзяцей. I кажа нам пра гэта, пра забітых:

– Прыпаўзла да ямы. Ці жывыя, ці не паелі свінні?..

Так, чалавек можа жыць дзеля адной памяці: каб у ёй і дзеці яго жылі – забітыя, спаленыя. Можа, таму многія і жывуць – сілай любові чалавечай, мацярынскай: тая памяць, якая іх спальвае, яна ж іх і трымае на свеце.

Людзі з вогненных вёсак – як і ўсе, могуць быць заклапочаны і пенсіяй, і тым, што ўнучка не паступіла ў інстытут, і шыфер ім патрэбен, і сена для каровы. I нам, ездзячы, слухаючы, запісваючы, трэба было прымаць самы практычны ўдзел у гэтых іх клопатах. Бо, на жаль, не ўсе і не ўсюды яшчэ разумеюць, што да гэтых людзей адносіны павінны быць – ну, хоць бы такія ж, як да ветэранаў ці інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

Аднак жа там, дзе праходзіць балючая мяжа іх памяці, там усе клопаты і практычныя інтарэсы знікаюць. За той мяжой клопат адзін: каб сказаць адну толькі праўду, каб людзі ведалі яе. Нават здзіўляешся, наколькі шчыра чалавек можа гаварыць, расказваць усё – і тое, што, здавалася б, гучыць яму не на карысць…

Многія расказы не проста праўдзівыя, а нават палохаюць сваёй бязлітаснай праўдай. Ужо і хочацца міжволі, каб яе менш было. Але ж чалавек гаворыць, сапраўды не шкадуючы самога сябе.

«…Мая адна дочка была ў Германіі, забралі маю дочку, а адна дома была. Ну, дык ён прыйшоў, мой хазяін, і дачка прышла з лесу, і трое дзетак прывезлі яшчэ. Дык я кажу:

– Анупрэй, ты ведаеш што, бяры ты гэтыя дзеці ды ідзіце ў лес назад.

– Эх ты, такую-растакую, будзеш хавацца мне ўсё!..

Не слухае, не слухае мяне мой дарагэнькі! Тады ж не было ні пасцілак, ні коўдраў, дык я кажу яму, што давай у дзяругу дзіця ды пойдзем у лес. I зноў ён лаецца. А тут ужо немцы ідуць. Дык я яму і гавару:

– Хваробу мы цяпер з табою ўцячом. Хаця цяпер ты ўжо вядзі маю гэтую доньку!

А яна харошая была, ужо сем класаў кончыла.

– Дзе вунь людзі ўцякаюць – там і ты! Ён, праўды, – за яе.

I пайшлі яны. А цяпер – адкуль ужо немцы ўзяліся! – абнялі нас кругом. От табе ты і ўцёк!.. Паліцэйскі гукае яго. Ён вярнуўся, дык яны яго тут у дварэ і застрэлілі. Ён ідзе гэтак во ў двор, а я крычу:

– А божа мой! А куды ж ты? А ўцякаў бы ты, дык трасцу б яны ў цябе папалі.

Сама сабе ўжо, не на яго. Спачатку яго, а потым маю доньку, дык я – ох! Няхай жа яны мяне ў плечы, а не ў вочы!.. Два хлопчыкі: аднаму чатыры гады, а другому шэсць. Яны бягуць за мной. А ўжо немец… Гэта бабы, каторыя потым расказвалі: «За табою, Парася, беглі!..»

А яны мяне, немцы, во і так, пуля тая во і так, госпадзі родненькі, ужо паранілі мяне, дык ляціць кроў… I як я віляла тады! I хто мне даў бегчы не прама, а ўсё віляю, віляю!.. I не ўбілі. Там у нас далей копанка, дык я ў тую копанку ўпала. Дык яны, паразіты, туды і не пашлі. А я ў гразі ляжу. А яны думалі, што ўжо ўбілі. А я потым устала мокрая і пайшла. Пайшла ды кажу: «Божа мой, божа, дзе ж мае сынкі?» А ў мяне яшчэ тры хлопцы, дык гэты старэйшы тавар пасвіў, а меншыя – свіней. Дык я ім казала, як яшчэ жывыя былі ўсе: «Ганіце, дзеткі, а то немцы пабяруць. I парасяты паб'юць і свінню». Дык яны ўжо і пагналі. I прышла я да іх. А я ж не ведала, дзе тыя дзеці ў лесе. Але прывяло мяне – во! Яны сядзяць у лесе пад купінкамі, панакрываліся, як я прышла.

– Во, сынкі мае родныя, да ўбілі ж і бацьку, да ўбілі ж і Любку, да ўбілі ж і Ваньку, да і Кольку ўбілі!

Дык яны:

– Ой, мамка, добра хоць, што ты жывая. Аднаму было восем, другому было дзесяць, а трэцяму, што цяпер у яго цагляны дом, васемнаццаць было. Ну, добра. А потым ужо і было… Э-э-эх, каб гэта ўсё расказаў, дык гасподзь мілы!..

Мне ўжо семдзесят другі год. Калі па хазяіну, то Параска Іванаўна Луцкая, а як па бацьку, то Скакун».

Было гэта ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна.

Старая, хворая, з прастрэленым на тым полі тварам жанчына кончыла расказваць і зноў скардзіцца на непаслухмянага мужа, што вось так загінуў, на тое, што аж да Масквы немец дайшоў, на нявестку і сына, якія яе папракаюць, што жыве ў гэтай старой хатцы адна і не хоча да іх перайсці. I ўсё гэта гаворыцца з такой усмешкай на аднавокім твары (вока выцекла ад ранення) і такім голасам, такімі словамі, што міжволі ўяўляецца: «Ну вось, я бегла, на ўсё, на ўсіх забыўшыся ад жаху, а нікуды ж не ўцякла, усё яно працягваецца – ва мне! Дагнала старасць, даганяе смерць…»

Новыя, іншыя твары, імёны, галасы, лёсы. I раптам зноў – тая ж горыч на самым дне расказу. Ужо новая сям'я ў чалавека, дзеці, іх найчасцей роўна столькі ж, колькі забілі, і ўсё ёсць, што патрэбна жывому, але раптам пасля расказу вырвецца: «Засталася я, а навошта? Пасля таго?..»

Тыя, што ў Іспаніях, у Аргенцінах хаваліся, а цяпер у Заходняй Германіі жывуць як дабрачынныя «дзелавыя людзі» і «любячыя бацькі сем'яў» – вунь як крыўдліва яны (і іх абаронцы) упэўнены ў сваім праве не толькі на жыццё, на «тэрмін даўнасці», але і ў сваім «абавязку» прысутнічаць сярод новых пакаленняў.

А гэтыя, іх ахвяры, ахвяры нялюдскай жорсткасці, людзі з вогненнай памяццю, нясуць у сабе – таму што яны людзі! – праклятыя пытанні, якія мучылі ўсіх вялікіх пакутнікаў за чалавека і чалавецтва: ад Дантэ і Шэкспіра да Талстога і Дастаеўскага.

Дык што памятае і што можа памятаць чалавек праз столькі год?

Надзіва многа і надзіва, аказваецца, падрабязна – калі гэта датычыцца такіх падзей. Былі б толькі словы – перадаць перажытае. Але і словы ёсць, знаходзяцца, асабліва ў жанчын. У мужчын, як правіла, словы не так дакладна прылягаюць да балючай памяці. Але таксама не ва ўсіх, аб чым сведчыць расказ Івана Максімавіча Савіцкага.

Карнікі ўварваліся ў вёску Збышын Кіраўскага раёна, а малады партызан Савіцкі якраз з лесу прыйшоў, трэба было наведацца да сястры. Зброю ён схаваў на ўзлеску. Кінуўся ў хлеў на гарышча і адтуль назірае, бачыць. I вось што помніць, як запомніў чалавек:

«I мне цераз франтон відна, што цераз рэчку бягуць дзве жанчыны. А вось так перада мной сарай стаяў. I там стаіць станкавы кулямёт, і яны цераз рэчку страляюць у гэтых бягушчых жанчын. I вось уяўляеце! Мне вось гэты сектар з-за дошак франтона відзён, дзе бягуць жанчыны, а далей за дошкай не відна. А выскачыць яны павінны вось тут – там зноў мне відна. Там я іх зноў убачу. I калі жанчыны вось тут з-за дошкі не выскачылі, я зразумеў, што забілі, што ў Збышыне б'юць людзей…»

Ці тое месца з расказу Івана Савіцкага, як чалавек стаіць у запаленым будынку і не можа адразу выскачыць, бо забойцы нёдзе блізка, стаіць у самай сярэдзіне і трывае, пакуль можна, і сам здзіўлены, што трывае:

«Ну, знаеце, калі свечка гарыць, дык па краях жарка, а ўсярэдзіне – не. Гарыць хлеў кругом мяне, а я стаю. I калі мне ўжо не можна было стаяць, мяне пекчы пачало, я і палез пад сцяну…»

Часамі, асабліва калі жанчын слухаеш, пачынае здавацца: вось толькі што чалавек адтуль. Вырваўся і прыбег да людзей і гаворыць, гаворыць пра тое, як і што было з ім, у яго вёсцы, і сам здзіўлены, амаль не верыць, што жывы. I што яно сапраўды было, ужо быццам не верыць, бо вось тут усё па-ранейшаму, а яму ж здалося, што ўсюды, што ўжо назаўсёды – гэта, так. («Думала, ужо ўсіх забіваюць, на ўсёй зямлі…»)

Домна Васільеўна Шчамялёва расказала нам, што калі яна знайшла сына сярод трупаў (жывога, параненага), цягнула на спіне тры ці больш кіламетраў у лес, дык пасля таго хадзіла, жыла, не выпрастаўшыся. Доўга, некалькі год спіна такой заставалася. Быццам усё яшчэ несла жанчына на сабе жудасны цяжар таго дня…

Дык не дзіва, што такое не дазваляе і памяці чалавечай выпрастацца да канца, скінуць усё з сябе. Не можа так чалавек. Бо ён – чалавек.

Спачатку некаторыя самі не вераць, што ўсё памятаюць, што так блізка яно. «Ой, хлопчыкі, аж калі было гэта!..» Але скажа слова, другое, кране, дакранецца, і раптам такія падрабязнасці ўспомніць, на такія вострыя вуглы памяці пачне натыкацца… I разумееш, што чалавек помніў усё і заўсёды, але ёсць памяць, дакранацца да якой боязна, балюча.

А быў жа некалі першы расказ пра гэта – самы балючы. Калі толькі чалавек вырваўся з пекла, прыбег да людзей ці яны яго выхапілі з рук катаў, смерці.

I вось здаецца, і вельмі часта, што і мы слухаем – іменна той расказ, самы першы. Столькі там першага пачуцця, першай слязы, першых, самых праўдзівых, слоў.

Некаторыя спачатку і надоўга анямелі.

Як кажа Макрына Кавальчук з Княжаводцаў Мастоўскага раёна: «Я тады, можа, пяць дзён не піла і не ела… Усё пабілі, усё папалілі, нават і вароны не каркалі. Такі быў страх…»

А потым (а хто і адразу) расказвалі людзям. I як тады, упершыню і першым людзям, расказалі, так яно, мабыць, і трымаецца, запісалася ў памяці. У памяці самога расказчыка, на вогненнай «стужцы памяці» ягонай. Так здарылася, што некаторых людзей (у Борках Кіраўскіх, у Вялікай Гарожы і Брыцалавічах Асіповіцкага раёна) аднаму з нас запісваць давялося двойчы. Чатыры гады прайшло, а здавалася, што слухаеш – як на магнітную стужку запісанае. I інтанацыя, і дэталі, і словы – усё амаль тое ж. I разам з тым – па пачуццю, непасрэднасці – як упершыню расказанае. Найчасцей, за некалькімі выключэннямі – так. Адзіны на ўсё жыццё расказ, але кожны раз гучыць ён, як упершыню, – бо праз такі боль прарываецца, праз такую пакуту душы!..

Адчуваецца, што некаторыя многа раз расказвалі суседзям, можа, дзецям (новым дзецям – пра іх забітых сястрычак, брацікаў). Але тут прыехалі да іх незнаёмыя людзі здалёку, з рознымі апаратамі, і просяць успомніць усё і як мага больш падрабязна, а суседзі таксама тут, слухаюць, што не раз ужо чулі ці нават самі на свае вочы бачылі: і дапоўняць, і напомняць…

I тады бывае, што ўключаецца як бы яшчэ адна «секцыя» чалавечай памяці: пра тыя ночы без сну, калі ты зноў і зноў гэта ўяўляў, бачыў, успамінаў – усё да найменшай драбніцы.

…Як суседка, бачачы немцаў, што акружылі вёску, і пачуўшы крык: «I нас паб'юць!» – раптам сказала свайму васьмігадоваму хлопчыку: «Сынок мой, сынок, што ж ты ў гэтую разіну абуўся. Твае ж дужа будуць ножкі доўга гарэць. У разіне».

(Анастасся Касперава. Боркі Кіраўскага раёна.)

…Ці як людзі сядзелі, схаваўшыся ў жыце, а забойцы бегалі, шукалі іх, а каскі звінелі аб каласы… (Пётр Малашчанка. Лозкі Калінкавіцкага раёна.)

…Ці як, перастраляўшы суседнюю блізкую вёску, карнікі схаваліся ад дажджу, стаўшы пад страху, стаяць каля сцен хаты, а ў хаце той – людзі, і чуюць, як цвёрда каскі немцаў стукаюць аб сцены…

(Алена Жарчанка. Рудня Расонскага раёна.)

…Як думалася сярод забітых, як баяліся тыя, якіх куля абмінула: «Снег на забітых не тае, а на мне – тае. Заўважаць!..» Або: «Пачаў я дрыжэць ад холаду і думаю: убачаць!..»

Памяць зноў і зноў выцягвае са сваёй глыбіні тое, што здзівіла чалавека нечаканасцю, жудаснай неадпаведнасцю абставінам.

Еве Тумаковай з вёскі Красніца Быхаўскага раёна вельмі ж запомнілася, як яна, тады падлетак яшчэ, убачыўшы, зразумела, што забіваюць усіх падрад: «…У дом ускочыла расцераная, панімаеце. Але мыслі такія… Яшчэ жыць думалася. Ляжаў вузялок адзёжы, дык думаю: «Вазьму я хоць вузялок, спаляць жа, дык пераадзецца нечага, я ж у адной адзёжы». А тады думаю: «Яшчэ засмяюцца, скажуць: убіваюць, а яна вузёл какой-та!»

I сёння помніць, як дзіўна тады паводзілася, як дзіўна думалася. Кожную думку аб уласнай думцы памятае.

Пачуўшы ў вёсцы Курын на Акцябршчыне мімаходзь сказанае, што дзяўчаты, ідучы, ратуючыся ад смерці, неслі з сабой вялікае люстэрка і глядзеліся ў яго (дзяўчаты ж, па семнаццаць гадкоў!), мы яшчэ раз спыталіся пра гэта: «Так і было – з люстэркам уцякалі?»

«Вы пра тое люстэрка пытаеце? Ага, эта калі спалілі Хвойню, дык нашы людзі ўсе выехалі ў лес. Пабылі да вечара ў лесе, і – холадна. Я кажу:

– Хадземце, дзеўкі, дадому, нічога не будзе!

Нас трох было. Ну, ішлі мы ўжо дарогаю, узялі ж у лесе вялікае люстра – бо гэта ж дзеўкі, ыам не трэба, каб чаго-небудзь там набраць, а ў люстра ж паглядзецца… Ну, мы ішлі, на горцы пасталі, дык ужо расказвалі падводчыкі, што немцы бачылі, як мы глядзеліся ў люстра».

(Матруна Грынкевіч. Курын Акцябрскага раёна.)

Такое чалавек памятае і не можа не запомніць назаўсёды. Бо гэта было за крок да смерці, калі ўсё набывае асаблівы маштаб і асаблівы сэнс.

Фашызм, яго рэальнае аблічча, рэальнасць яго «планаў» такая, што прырода чалавечая «адварочвае свае вочы» ад усяго гэтага. Жудасць такая, што людзі раптам… засыналі. (Тое, што называюць «замежавым тармажэннем». Псіхіка чалавека, ратуючыся ад зрыву, ад вар'яцтва, адключаецца.)

Пра той раптоўны сон нам столькі разоў казалі, расказвал і столькі люд зей…

«…Ну, мы ўсе папаўзлі па картошцы… Мужчыны, ужо на фронце былі каторыя, панімаюць, гавораць:

– Ну, гэта ўжо ўбіваюць.

Чутна, што выстралы, а патом далі гудкі. Мужчыны гавораць:

– Ну вот, сяйчас будуць паліць дзярэўню.

Пытанне: – А вы ў жыце?

– А мы ў жыце сядзім.

Пытанне – У жыце яны не шукалі? З хаты ў хату хадзілі?

– Не, не шукалі. З хаты ў хату. Можа, бліжэй дзе шукалі, а нас – ніхто. Толькі было такое цяжолае… страх, спаць хацелася. Ну, кагда ўжо запалілі…

Пытанне:

– Спаць хацелася?

– Ну, ад страху. Так вот ад страху спаць хацелася! Знаеце, на нас вецер ішоў, гэты дым, панімаеце, гэтакая мятная… Людзі ж гарэлі, запах цяжолы быў».

(Ева Тумакова. Красніца Быхаўскага раёна.)

Прырода «заплюшчвае вочы» – чалавек раптоўна засынае. Часта ў самы небяспечны момант.

«…Расказаць вам, як гэта ўсё пачыналася? – перапытвае жыхарка вёскі Алексічы Хойніцкага раёна Антаніна Лазараўна Касабуцька. – Ну вот, я жала на селішчы. Я ячменю жала, а жыта стаяла, і там пабілі дванаццаць душ. А як сталі яны людзей тых біць, дык я во так легла ніц і заснула. Я не чула, як іх білі, не чула ані піску, ані крыку. А далей ужо, як паднялася я – уго! – ужо мая хата ўпала, ужо і суседскія. Усё трашчыць, і свінні пішчаць, і ўвесь тавар пішчыць, раве тутака ў суседскім дварэ. Дык я ўстала і стаю, а суседка ідзе і кажа:

– Чаго ты тут стаіш? У нас жа ўсіх пабілі.

А я думаю: божа, хай бы ж і мяне ўбілі, навошта ж я тут засталася!»

Такое здаралася з жанчынамі, з мужчынамі. I самі яны расказваюць пра тое – са здзіўленнем. I са спалохам нават.

Дзіцячая ж псіхіка, прырода яшчэ хутчэй адварочваліся ад такой рэальнасці. I тут нечаканы, раптоўны сон быў часта ратункам – ужо ў простым, у фізічным сэнсе. Сон хаваў дзяцей ад забойцаў. I некаторых – выратаваў.

«…Прыязджае на кані той, каторы дабіваў. Відзіць, што чалавек жывы, – дабівае. Я вочы прыадкрыла і ціхонька гляджу на яго.

Пытанне: – А дзеці?

– А дзеці мае не варушацца, спяць. Заснулі». (Соф'я Скірманд. Збышын Кіраўскага раёна.)

«…Калі так, дзве хаты засталося да нас – яны падходзяць, бачым: расчынілі дзверы і выстралілі раз. Там адна старушка была. I кінулі дзверы адкрытымі. А там ужэ паследняя хата. У тую, а тады ўжэ – і к нам. Там, гэта, стараста жыў. У той хаце. Яны ішлі туды, дык ён вышаў, а ў яго мо чалавек дваццаць у хаце. Ён думаў, спросяць што ды і пойдуць. I вышла яго старая, таго чалавека, і дзевачка – ён, той стараста, не паганы быў, яго заставілі быць старастам. Ён не хацеў, а заставілі. Ні тое ні сёе, ні туда ні сюда быў. Ну, і яны яго так за варатнік – да ў дзверы. I за тую старую, за дзіця – і пачалі з аўтамата біць там ужо. А нам ужо няма дзе дзецца, мы ўжо расцяраліся. У мяне чатыры душы. I саседскіх дзяцей пяцера было ў хаце ў мяне. Куды ж дзецца. Яны хацелі сюды во схавацца, пад падлогай, а я гавару:

– Уцякайма, бо прыдуць і яны нас ці запаляць, ці паб'юць. Бяжым, няхай страляюць, ды і ўсё.

Дык мы кінуліся на могілкі, дзеці тыя і мы. Мы пападалі – там яма была. Трое дзяцей уздоўж дарогі бы к Раманаўцы пабеглі, а двое ўпалі: вецер з хвоі зламаў шчытка, дык яны залезлі ў той верх. Ды і пазасыналі там. А мы ў той яме былі. Бачым, што стаяць немцы ўвакруг могілак. Падняцца нам няма як: яны ходзяць і гамоняць, чутно. Ну, не ўстаём. Ужэ яны і пайшлі адсюль, а нам удае, што стаяць там. Спяць дзеці…»

(Улляна Казак. Казіміраўка Мазырскага раёна.)

Вось так псіхіка чалавечая ратавалася ад вар'яцтва (і часам ратавала дзяцей ад смерці). I паказвала, што адбываецца нешта такое, на што прырода чалавечая «не разлічана», «не запраграмавана».

Нягледзячы на ўвесь мінулы вопыт, які пакінулі чалавеку і чалавецтву тамерланы і чынгісханы ўсіх вякоў і народаў.

Калі так памятаюць, такія дакладнасці – верыш у праўдзівасць усяго. Сядзіць жанчына – трывожны, запытальны, гатовы да пакуты твар, погляд – як у бальніцы перад сур'ёзнай аперацыяй. Тут не да прыдумак!..

Некаторыя расказваюць з такой гатоўнасцю, быццам яны тут чакалі гэтага ўсе тры дзесяцігоддзі – каб вось так некаму, хто ад далёкіх людзей прыехаў, паскардзіцца, усяму свету паведаміць, што тут рабілі з імі.

(Акуліна Панкратаўна Габрусь. Казулічы Кіраўскага раёна.)

«…Ну, у мяне была дзеўка, два гадкі, на руцэ, во тут во. Праўда, у мяне дакумент быў, узяла я дакумент. Ну, гналі, прыгналі. Я думаю, божа ж мой, дзе ж мая сям'я? Толькі адна дзевачка ў мяне на руцэ. Прыгналі. Хто гаворыць, што будуць у бежанцы гнаць, а хто гаворыць, што будуць біць, а хто яго ведае! Я думаю, куды мне, божа мой? Потым пагналі людзей па шляху. А суседка ідзе ды гаворыць:

– Ат, Куліна, пайшлі, куды людзі, туды і мы! Дайшлі мы толькі да крупадзёркі, з-за хаткі выходзім, і немцы выносяць тыя вясы. Дык я гавару:

– Ну, маладзічка, нам ужо бог даў.

А нам было слышна, што ў Люціне загналі ў мельніцу і спалілі людзей. Я гавару:

– Ну, Аўгіння, нам ужо бог даў. Яна гаворыць:

– Ага, ужо.

Ну, іх абнялі кругом, адзін паўз аднаго стаялі – кругом! I пальцам не прасадзіш – ад шляху і да шляху, кругом гэтага будынка. А людзей поўны ж двор. I вот іх пруць у гэтыя дзверы, душаць, гоняць у етыя дзверы, а там – у крупадзёрку. А ў мяне дзевачка на руках во тут во. I ў мяне дакумент. Я як зірнула – ужо мама там і тата. Етых людзей ужо так душаць, так б'юць! Адзін тут стаў прасіцца, дык яго – прыкладамі. На штысе і паперлі туды. Гэта мужчына быў. Малады папаўся. А я з етай дзевачкай. Азірнулася во гэтак назад – мама стаіць мая.

– Мамка, – гавару, – ужо ўсё наша!

Я яе цалую, дык яна як лёд. А тата ўжо далей трошка. А ўжэ… А тут адна, знаеш, жанчына – дзве дзевачкі і яна. Яны к немцу аднаму, папрасіліся – ён пусціў. Гэта во, Улляніха. Прапусціў. Тады я зірк – божа мой, трэба было і мне з мамай ісці! I мне ўжо цёмна ўваччу стала, я нічога не бачу. Толькі бачу цень чалавека, каторы ўжо пусціў етых. Дык я падышла ды: «Пан!» – во гэтак перахрысцілася, а тады ета мая дзевачка – у мяне во тут дакумент быў, я і забылася на яго – ета маё дзіця выцягла гэты дакумент. «А божа ж мой, дык гэта ж у мяне дакумент!» Я ж ужо забылася…»

За нішто маглі забіць цэлую вёску. Бо мардавалі – лішне не разбіраючы, хто там які, ёсць у яго іхні «аўсвайс» ці няма. I раптам жанчына паказвае нейкую там палерку, і тая ратуе ёй і дзіцяці жыццё… Выпадковасць, якая толькі падкрэслівае, наколькі ўсе іхнія «прычыны» і «абгрунтаванні» злачынстваў прыдумваліся на хаду, не вельмі каб і старанна.

Пытанне: – Колькі вашай дзевачцы было?

– Два гады.

Пытанне: – Яна сама ўзяла гэтую паперку?

– Ну, яна гэтак во… Я яе дзяржала, я на яе забылася, ужо мне цёмна было ўваччу, нічога, толькі бачу, як цень чалавека ідзе. Я – яму, а ён, праўда:

– Матка, туды!

Я перабегла на гэты бок, упала. Упала з гэтай дзевачкай. Потым прыпаднялася. I ідуць наперадзе – адзін шарэнак[6], другі шарэнак. Думаю – усё роўна – тыя пусцілі, етыя заб'юць. Не. Не кранулі. Тут даходжу толькі да гэтага, да шляху, ідзе чалавек. Нясе дакументы, збегаў і ўжо дакумент гэты ўзяў, і жонка, і двое дзетак. Клуначкі яшчэ адзежы нясуць. Я думаю: «Госпадзі, куды ж вы, людцы!» Думаю, скажу – другія ж прайшлі і не сказалі ім, – думаю, скажу, дык і мяне заб'юць. Іх ужо як давялі, дык убілі там…»

Забілі, хоць таксама «дакумент» меў чалавек. Які ўжо тут дакумент, калі дзейнічае «план»!

«Я як азірнулася: «Э-э, ужо дым!» Толькі пулямётам, чутна была: тр-тр-тр! Як пхалі там, так адразу і білі. А тады ўжо і запалілі. А гэтага немец вёў, што з дакументам, каб жа не немец, дык я б сказала, што забіваюць.

Тры гады яно мо ў мяне з воч не сходзіла, стаяла ўваччу і стаяла…»

I цяпер яно не «сходзіць з воч» у Акуліны Панкратаўны – тое, як забівалі Казулічы – яе родных, суседзяў.

Знайшлі мы і тую жанчыну, пра якую гаварыла Акуліна Панкратаўна – Дрозд Улляну Пракопаўну. Яна таксама на свае вочы бачыла ўсю жудасць расправы над жыхарамі Казуліч.

«…Ну, мы ўжо сталі… Усіх акалацілі, толькі адны хаты асталіся. Бацька і маці мае і дзве сястры меншых. Яны к шляху, а я асталася і яшчэ свіней двое і дзве каровы панакрывала саломай. I сабака на цапе. Яны падышлі:

– Авек, авек, авек!

Я сабралася і пайшла к шляху. Выходжу – усе стаяць се-ем'ямі! I плачуць. Стаяць навыцяжку і плачуць…

I павялі нас. Дзе вот гэтае кладбішча, тут стаяла мельніца, крупадзёрка, жыў мельнік. Так старая хата яго была, а так новая. Ну, вот туды заходзяць:

– Заварачвайце направа!

Заварачваем. Мельніцу расчынілі на дзве палавінкі, і ля дзвярэй стаяць вясэ мельнічныя.

– Захадзіце, вынасеце вясэ! Нямецкая адзежа, а па-руску гавораць:

– Захадзіце! Ніхто ж не ідзе.

– Захадзіце!

Ніхто не ідзе ў гэту мельніцу. Яны – такія плёткі разінавыя, цераз руку во гэтакі рамень – і гэтай плёткай цераз галаву, цераз галаву! У раду ішлі сем'ямі, дык вот так мужчыны пазакрываліся. Кінулі біць. Кінулі, крупадзёрку гэту расчынілі – а крупадзёрка на дзве палавіны, шырокія дзверы, завал быў. Яны адкрылі гэтыя дзве палавінкі дзвярэй:

– Ану-ка, захадзіце сюда!

Ну, хто ідзе, хто не. Яны самі зайшлі:

– Ану-ка, захадзіце, захадзіце!

– Авек, авек! – немцы. А гэтыя па-руску:

– Захадзіце, захадзіце!

Людзей і ўпіхнулі ў гэтыя дзверы. У гэтую крупадзёрку. А я, значыць, – стаіць у нямецкай адзежы – я кажу:

– Пусціце мяне, – і нейкая ў мяне была справачка. У Любонічах давалі. Я гавару: – Пан, пусціце мяне.

Паглядзеў на гэту… паперку, за руку мяне, цераз шлях перавёў мяне:

– Садзіся і сядзі тут, – па-руску. – Сядзі, пакуль я не прыду, не ўцякай нікуда. Еслі пабяжыш – уб'юць цябе.

Ну, што будзе, то будзе. Я села і сяджу. А мама мая дый кажа:

– На хусту і хлеб ужо, у бежанцы сабірайся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю