Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."
Автор книги: Янка Брыль
Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
Жанры:
Роман
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 25 страниц)
Пытанне: – Казалі нам, што раней гэтыя паліцэйскія ўцяклі, калі павялі іх на партызан?
– Ад Клічава аднекуль уцяклі. Хадзілі ўжо на парцізан, а тады ўзяЯі адтуль ды ўцяклі. Вот тады, як яны ўцяклі, немцы, мусіць, падумалі, што тут уся звязь імеецца з парцізанамі, і яны ўсіх гэтых паліцэйскіх і пабілі.
Пытанне: – Яны ўцяклі са страху ці, можа, і праўда сувязь мелі з партызанамі?
– А, не мелі яны ніякай звязі! Патаму што яны заўсёды так гразіліся, кідаліся на людзей, што дзе ж яны мелі звязь. Прыдзе к нам, прымерна, начаваць. У нас бабы адны. I толькі, кажа, заікніся каму-небудзь, што я тут, дык я цябе ўб'ю. Хаваліся, каб парцізаны іх не пабралі…»
* * *
Боркі Кіраўскія выбілі 15 чэрвеня 1942 года.
За некалькі месяцаў да гэтага ў сакавіку 1942 знішчылі шмат вёсак разам з людзьмі ў Акцябрскім раёне. Там, на Акцябршчыне, цэлы раён сціснулі пятлёй з некалькіх дывізій і забівалі ўсіх людзей – вёску за вёскай.
Аж да вызвалення Беларусі Савецкай Арміяй працягвалася такое ў маштабах усё больш злавесных і пагрозлівых для самога існавання нашага народа.
У абласцях і мясцовасцях, якія на нямецкіх картах лічыліся «армейскім тылам» (Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына, усходняя частка Мінскай вобласці), да гэтых «акцый», «экзекуцый», «масавых кампаній», «ачыстак», «асобных мер», «фільтрацый» – розныя былі ў іх назвы – звычайна прыцягваліся буйныя армейскія часці, цэлыя дывізіі.
А на захадзе рэспублікі, асабліва ў тых раёнах, якія былі ўключаны або павінны былі потым быць уключанымі ў будучы «германскі рэйх», справай «высялення» і «перасялення» карэннага насельніцтва пастаянна займаліся спецыяльныя групы, каманды. Вядома, і іх прыкрывалі армейскія злучэнні, а ў часе блакад Белавежскай пушчы і іншых мясцовасцей – у гэтым удзельнічалі цэлыя дывізіі вермахта.
На Нюрнбергскім працэсе неабвержна даказана непасрэдная віна, адказнасць за шматлікія акцыі генацыду не толькі спецыяльных часцей СС, СД і жандармерыі, але і армейскіх падраздзяленняў, армейскага камандавання. Яны рабілі адну справу, толькі ў вермахта былі яшчэ першачарговыя клопаты на фронце, а спецыяльныя каманды дзейнічалі так, быццам ужо наступіла пара «канчатковага ўрэгулявання», г. зн. як бы пасля перамогі. I таму дзейнасць гэтых каманд, груп, спецыяльных часцей можна разглядаць як рэпетыцыю таго злавеснага «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе» (знішчэння славянскіх і іншых народаў), на якое, калі б Гітлер перамог, ён кінуў бы цэлыя арміі.
А пакуль, акрамя таго, што знішчэнне тысяч і тысяч мірных жыхароў ужо адбывалася, працягвалася сіламі армейскіх і спецыяльных часцей, у ходзе гэтых акцый нешта рабілася і на будучае – планамерна і з маньяцкай настойлівасцю. Выпрабоўваліся метады «масавых экзекуцый». Адшукваліся варыянты, улічваліся «памылкі» і недакладнасці. (I ўвесь час пісаліся, пасылаліся ў Берлін скрупулёзныя справаздачы.) Вывучалася псіхалогія ахвяр. I выканаўцаў таксама.
Дык зноў вернемся да жывых сведчанняў, да непасрэдных сведак.
Вось як забівалі вёску Ніз Слонімскага раёна. I як на хаду мянялі і шукалі зручны прыём, каб людзі «без лішніх клопатаў» (для катаў) сталі пад кулі, пад расстрэл. У Асвенцімах гэта ўжо было наладжана, адрэгулявана, як машына (фіктыўныя «лазні», «лазарэты» для новых эшалонаў ахвяр і г. д.). А тут жа ні калючай агароджы, ні «лазняў» гэтых, і забойцы вынаходзяць кожны раз новыя спосабы ашуканства, каб забіць па магчымасці ўсіх, каб ніхто не ўратаваўся.
Расказвае Лявон Сідаравіч Алізар.
«…Гэта было 16 снежня 1942 года. Прыехалі так гадзін у… Яшчэ не ўзышло сонца – гадзін у восем або сем. Машына была, паставіла каравул вакол дзярэўні. Зайшлі да солтыса. Солтыс быў мясцовы, з солтысам хадзілі па дамам і гаварылі, што будуць ва ўсіх правяраць дакументы. Ну, канешне, дакументаў не правяралі, а толькі сабіралі возраст мужчынаў вышэй шаснаццаці і ніжэй сарака пяці. Еслі сорак шэсць, то ўжо не бралі. Гаварылі, што пойдзем на работу, бярыце лапаты і хлеба. Бярыце ў сумкі хлеба. Вышлі. Сабралі ўвесь маладзёж, сярэдні возраст, вышлі за дзярэўню. I тагда астанавіліся па край дарог, на сярэдзіне, і разрысавалі план такі во: буквай «Г». Канешне, тагды кажды паняў, што будзе нехарашо. Пачалі хто закурваць, хто сюда-туда, і не капалі ямаў. З хлебам былі ўсе, у сумках хлеб. Сказалі, хлеба браць на два дні. I пасля ішла машына легкавая з лесу. Нямецкая, прыехаў начальнік-немец. I сказаў на гэтую ўсю маладзёж:
– Запрагайце коні, паедзем.
Ну, канешне, гэта ўсё маскіроўка была. То плуг, то барану палажылі на воз, пазапрагалі коней, пасаджалі людзей. Я таксама запрог каня. Адзін хлопец сеў, а ў мяне паглядзелі дакументы і сказалі – «дадому». Два немцы былі, адзін гаворыць – «едзь», а другі – «дахаты». Ну, канешне, зганялі нас у хаты – у чатырох месцах. Вёска наша – хат пяцьдзесят і болей, можа быць, а ўбілі дзвесце дзевяноста шэсць чалавек.
Ну, мяне як загналі ў гэтую хату, там ужо ўсе сабраныя былі. Мужчын сабіралі ўродзе на работу, а жэншчын – у хаты, да бою. Дзяцей… Ну, мяне прыгналі самага астатняга, стаяў у дзвярах. Ужо больш не было… Сто пяцьдзесят чалавек было ў гэтым доме. Ну, можа, мінут дваццаць, больш не было, як я пастаяў у гэтым доме, і тут вызываюць трох. Пайшлі. Выйшлі, і яны нас павялі за сарай. Вышлі за сарай, і тут адразу ў іх быў дагавор: немцаў трох і нас трох. Сказалі:
– Кленч!
Як сказалі «кленч», тут пад адзін звук – з пісталетаў. У голавы. У мяне во так: у затылак, а тут во выйшаў, вылецеў. I тагда ўжо пачалі падводзіць больш. А мы ўжо там… Гэтыя двух – адразу ім папалі і нават не паварухнуліся. Але мяне не адбілі ад памяці. Каб я не помніў, то мяне дабілі б, іменна што я помніў. Зашумела ў галаве – усё роўна як мне далі поўху. Я зваліўся, упаў ніцма, дух утаіў і не варушыўся. Тут, можа, цераз мінут пару, пачалі валіць ужо. Як падыдуць тыя людзі за сарай, угледзяць, што мы ўжо ляжымо, толькі войкнуць «ай!». I б'юць іх. Я толькі думаў тое, што, як пачнуць дабіваць, хто зразу зваліцца, могуць і мяне дабіць. Як толькі прыдзе за сарай, павернецца, дык яны б'юць. Па галасах я не пазнаваў, каго прыводзілі, бо я быў не ў сваім канцы дзярэўні, а там, ад Слоніма, куды мяне былі загналі. Як толькі выйдзе сюды – «татачка!», «мамачка!» – і тут б'юць, страляюць. Навалілі, канешне, усіх перабілі.
Тады ўспакоілася, цішыня стала. Ну, ляжаў я да часоў дванаццаці ночы. Тут пайшлі, пачалі лазіць па трупах свінні. На галавето ў мяне ляжалі людзі, а ногі былі свабодныя… На галаве ў мяне ляжалі, і я не пазнаваў, каго прыводзілі, чутно толькі было, як войкалі дзеці, а так не пазнаваў. Пачалі лазіць свінні, кроў сабіраць, перайшлі мне на нагах, я ўжо пачустваваў, што немцаў няма, і пачаў вылазіць.
Вылез з гэтых трупаў, падняў галаву, і тут яшчэ адзін, Бардун, быў, таксама… Таксама ўстаў. То ён найшоў яшчэ дзевачку пад мацераю. Яе нямнога ранілі, яна жыве, гэтая дзевачка. Так гадоў мо дзесяць ёй было. У трупах ляжала. Яшчэ адзін дзядзька быў, у доме хаваўся, падышоў, паглядзеў, што мы варушымся. I павылазілі, і пайшлі ў лес. Ну, канешне, сняжок пайшоў, я тады ўстаў, у забітай жэншчыны ўзяў платок цёплы, галаву закруціў, раны свае, і пайшлі ў лес.
Пайшлі ў лес, снег цэлы дзень ішоў. Прахадзілі да вечара, а вечарам прышлі сюды, паглядзець, што тут ёсць. Ну, канешне, прышлі ў дзярэўню… Я ўжо нічога… Усё мне апухла, нічогане слышаў, так брыў, кроў ішла, ні кушаць нічога, толькі папіць. Прышоў дамоў, трупы развярнуў, панаходзіў свае дзеці. Чэцвера забітых, адна дзеўчына і тры хлопцы. I жонка…»
У Гародках, што ў Дзятлаўскім раёне, – там ужо інакш рабілі. Прыехалі, ачапілі вёску, абставілі яе кулямётамі: нікуды не ўцячэш. I тады пачалі хадзіць па хатах і загадваць, каб людзі ішлі на праверку пашпартоў. I трэба толькі, успамінае каваль Іван Вікенцьевіч Гародка, забраць з дому пасямейныя спіскі. У заходнебеларускіх вёсках, бліжэй да «рэйха», быў уведзены такі кантроль: на кожнай хаце – пайменны спіс сям'і. Каб нікога чужога! Вынеслі стол, лаўкі паставілі – зусім «мірная» бюракратычная акцыя…
«…Самі сталі з адбяспечанымі аўтаматамі, – расказвае Іван Гародка. – I немец пытаецца ў солтыса па-польску:
– Ці будуць кватэры для нас?
Солтыс кажа:
– Будуць.
I яны тады, у той момант, давай страляць. Пакуль ён не сказаў пра гэтыя кватэры – яны не стралялі. Гэта знак у іх быў такі, каманда. А солтыс не ведаў. I яго таксама забілі. I братоў яго, і жонку, і дзяцей…
Як яны давай страляць, дык я давай бегчы. Мы траёх тады спасліся…
А потым вёску нашу спалілі. У Гародках забілі тады трыста шэсцьдзесят чалавек. А ў нашай сям'і бацьку забілі (маці памерла раней), тры сястры забілі, і брацік быў яшчэ малы…»
А ў Хаценаве Смалявіцкага раёна яшчэ паіншаму зрабілі: прыйшлі, разбрыліся па вуліцы, але так, што каля кожнай хаты аказалася па тры карнікі. У вёску людзей пускалі, пакуль не набралася «даволі», «колькі трэба». Тады – дзве ракеты, і кожная тройка ўвайшла ў «сваю» хату і забіла «сваю» сям'ю.
«…На кожным двары паставілі па тры чалавекі – каб у гэты ж мамент выбіць людзей. Каля кожнай хаты. Столькі іх тады наехала! Скаціну яны ўжо выбралі, пагналі. Гэта ўжо другія, а яны далі дзве ракеты – у тым канцы і ў тым. А потым у хату ўваходзяць і выбіваюць дзяцей і ўсіх, якія там старухі… У мяне вот убілі матку, убілі жану, убілі трое дзяцей. Сын быў з трыццаць шостага, дачка з трыццаць восьмага і з саракавога адзін, маленькі быў. У кутку гэта… патроны там і ўсё… Усё там ляжала. Я прышоў потым і толькі трупы свае закапаў. Папалілі. Толькі каторыя не згарэўшы. Жонка, матка яшчэ… А дзяцей – адны косці пазбіралі.
Сто восемдзесят чалавек забілі».
(Іван Васільевіч Ліхтаровіч з Хаценава.)
У Засоўі на Лагойшчыне карнікі пераначавалі, наладзілі нават вечарынку пад губныя гармонікі, а раненька пайшлі па хатах: маці, жанчыны ўжо завіхаліся каля печы – іх першых стралялі, а затым заходзілі туды, дзе спалі дзеці…
Вось як расказвае пра гэта Сабіна Пятроўна Шупляцова:
«…Прышлі немцы ў нашу дзярэўню, і тут яны пераначавалі, а раненька – яшчэ некаторыя людзі і спалі – пачалі біць. А ўвечары яны нікому нічога не казалі. Білі па хатах і ў тых людзей, у каго начавалі, таксама пабілі, – пайшло заадно. Я была ў суседзяй. I гаварылі, што ў Германію будуць браць, а хто з маладзёжы ўцячэць, то паб'юць старыкоў. Не хацелася, каб гэта пастрадалі нашы старыкі. Ну вот, я да адной дзяўчыны пайшла: калі ўжо ў Германію прыдзецца ехаць, дык каб ужо ўдваіх. Толькі мы трохі пабылі ў іх, ажно ідуць немцы. Ужо біць. Ідуць утраіх к ім у хату, а адзін немец стаяў на вуліцы. Я ішла, а ён папытаўся ў мяне толькі, дзе мой дом. А я кажу: «Вунь».
Пытанне: – А на якой мове ён пытаўся?
– Ну, гаварыў-то ён па-нашаму, але відаць было, што немец, гаворка яго не такая. Я пайшла дамоў, а яны гэту бабу пагналі і забілі там. Глядзім – гарыць сяло. Давай жа мы будзем ужо ўцякаць. I вот мы бяжым вуліцай. А там немец увілзеў, што мы бяжым, – за хатай ён хаваўся – пулямёт укапаны быў. Мы гэта немца ўвідзелі і другой дарогай пабеглі. Дабеглі да пуні. Там рэчачка. Тады два хлопцы кажуць на маю ўжо матку:
– Цётачка, давайце будзем тапіцца.
Там рэчачка невялічкая была. А мая маці кажа:
– Дзеткі, будзем прасіцца, а можа, як адпросімся. Немец выстраліў па нас і вярнуўся. А тады ж ужо з пулямёта як сталі страляць па нас!
Мяне ранілі былі. Ну, і мы паляцелі ў балота…
Хлопцы яшчэ былі малыя. I рэчка невялічкая была – цяпер яе ўжо зусім няма».
У Студзёнцы Быхаўскага раёна – акружылі раненька, праехалі па вёсцы на машынах, нават з гарматамі, да паўдня пабылі каля ветрака наводшыбе, а тады ўжо строем пайшлі па вуліцы. Па два, па тры адлучаліся ад калоны, ішлі ў двары.
– Заходзьу хату! Лажыся!..
Забіўшы паўтысячы жыхароў Студзёнкі, пераехалі ў суседні пасёлачак Студзянец. Пакуль мылі каля студні рукі, садзіліся піць-есці, працавала авіяцыя: Студзёнку палілі з самалётаў, якім карнікі перад гэтым далі сігнал з гарматы.
Карнікі, вядома, маглі і самі запаліць, як звычайна і рабілася. Але захацелася вось так. Праверыць, што больш эфектыўна. Ды і псіхалагічны момант – паказаць тэхніку, моц. Паказалі і вярнуліся ў Студзёнку, дапальваць тое, што ад авіятэхнікі не згарэла.
* * *
У Быхаўскім раёне ёсць вялікая вёска з прыгожай назвай – Красніца. Мы туды прыехалі ў сонечны ліпеньскі дзень 1972 года – праз трыццаць год пасля таго, як вёску гэтую забілі. Красніца жыве, як жыве сёння і Хірасіма. Але жыве і памяць – аб уласнай смерці памяць. I дзень той для ацалелых жыхароў Красніцы – успышка жудасці, пакуты, перад якімі астатнія месяцы і гады ваеннага ліхалецця нават губляюцца. «Да» і «пасля», а над усім – той ліпеньскі дзень 1942 года.
«…Яны ішлі цераз дзярэўню, не трогалі нікаго. З таго вунь канца цераз кладбішча. Толькі адзін пабег уцякаць, дык яго ўлавілі:
– Ты парцізан?
– Не.
Ну, яго і пусцілі. З такой паліцікай, каб ета ўспакоіць людзей было. Да. Ну, заселі яны. З'ездзілі яшчэ ў Быхаў узнаць, каторую Красніцу – Первую ці Утарую – біць. У Быхаве ўтачнілі, прыязджаюць, ацапілі ўсю дзярэўню. З вінтоўкамі, з кулямётамі ўстанавілі немцаў. А ў дзярэўні былі і паліцаі. Бо калі заганялі ў хату, дык яны па-руску:
– Ану, у хату захадзіце!
Ну што, нездагадлівы народ быў. Ідуць, і ўсё. Пытанне: – А яшчэ не было блізка такіх выпадкаў, каб забівалі?
– Раньша не было яшчэ. Да гэтага дажа не слышна было.
Да. I сталі ў хаты заганяць. Заганяюць і далей ідуць, а ўслед ужо запальвалі. Хаты гэтыя з народам. Гараць хаты. I з лугу людзі ідуць, сена вязуць, а немцы смяюцца гэтыя, каторыя там ахраняюць, часавыя гэтыя. Смяюцца толькі, што самі ідуць на гібель. А людзі ж не знаюць. Адзін з адным гавораць, што «гэта з парцізанамі б'юцца, давай быстрэй уцякаць, а то будзе і тута…» А калі немцы толькі прыехалі, камендант аб'ясніў, каб на полі ні ската, ні саміх, нікаго штоб не было. Ні ў лясу, ні на полі. Таму што з парцізанамі будзе бой і будуць усіх убіваць. А ў дзярэўні не будуць трогаць. Ну, усе і кідаліся ў дзярэўню.
Бягуць, бягуць і бягуць. А таго не знаюць, што яны бягуць, а іх – у хаты заганяюць, б'юць. Да. I палюць. Вот і ўсё.
Пытанне: – Ну, а вы? Вас таксама?
– Нас шэсць чалавек ішло з косамі. Ну, і іх ішло восем.
– Кідайце цераз забор косы, – загадваюць.
Ну, мы і бросілі. Як бы на цяперашні розум, дык развярнуў бы гэтай касой – не справіўся б мяне застрэліць, як яму галаву ссек бы касой. Дурныя, можна сказаць, былі. Вот і ўсё. Не вучаныя. Не здагадваліся, што гэта робіцца.
Пытанне: – Аяк яны адзеты былі?
– У форме. Ага. Ну, дык мы ідзём з луга, а часавыя смяюцца. А чаго яны смяюцца, мы ж не знаем. Сустракаем па вуліцы гэтых, каторыя заганяюць і б'юць. Гавораць:
– Стоп! Назад заварачвайце! Брасайце косы цераз забор.
Ну, і бросілі. А тут гарыць. Пытанне: – А крыкі людзей чуваць?
– Не чуць нічога. Нічаго не чуць, а толькі стральба і ў гэтым канцы гарыць. Да. Ну, нас завярнулі і кажуць:
– Захадзіце ў гэту хату.
Мы заходзім у хату гэтую, а тут поўна ўжо загната. Людзей. I зразу ж гранату нам сюды – шарах! Граната ўзарвалася. Крык! Закрычаць – утарая! Трэцяя! Ну, кагда трэцяя, тагда ўжо ўсё. I замоўклі.
Пытанне: – А вы як у гэты момант?
– Я замеціў, што ён у дзвярах чаку з гранаты вынімае – я ж быў на вайне ўжо. Я ж у Фінляндыі быў на вайне, дык я знаю аружыя.
– Лажыцеся!.. Гранату кідае!
Я сам толькі ўспеў кінуцца, каторыя ляглі, каторыя не – ён ужо кінуў гранату. I мальчык, катораму жывот вырвала – граната перад ім узарвалася, – ён бросіўся на мяне. Яго галава на маю галаву папала. I кагда ўжо трэцюю гранату яны кінулі, узарвалася – усё, цішына стала. Дым гэты сышоў нямнога – заходзе адзін, немец ці паліцай, і правярае каждага. I з вінтоўкі дабівае. Гэтага мальчышку – ён яшчэ жывы быў – пацягнуў, ён лыпнуў вачамі, дык ён яму ўдарыў, а яго галава была вышэй маёй, і мне толькі фуражку прабіла. А самаго не затрывожыла. I з етай групы вышла нас два не ранетых, я тожа не ранеты быў, ета не раненне, што шапку прабіла, валасы выскубнула. Да, і два ранетых вышла. А ўсе пагібшыя ў гэтай групе. Там народу, можа, сорак ці пяцьдзесят чалавек было – я не магу точна сказаць.
Пытанне: – Вы доўга ляжалі?
– Не, як яны тольківышлі… Я сазнанне не губляў, я слышу: выходзіць… вышаў… пайшоў… разгавор, пайшлі на вуліцу… Да, як на вуліцу пайшлі, я падымаюсь. Кругом паглядзеў – няма нікога, усе ляжаць! Ціхонька гавару:
– Ці ёсць хто жывы? Да. Другі гавора:
– А я жывы. I другі кажа:
– Я ранеты, але жывы.
Што рабіць? Да. Давай на чардак. Мы на чардак усхваціліся. Там дыра была. Да, я наблюдаў. Яны пашлі ў адну хату. Пасля далей. Я гавару:
– Будуць паліць, усё, мы пагарым тута.
– Ды не будуць!
– Ды як не будуць, дым ідзець жа, гарыць што-та. Ну, саскочылі і – у гарод. Ячмень быў. У ячмень гэты. Да. I там поўзалі да гэтаму ячменю. А там праз лужок у жыта.
Пакуль часавы адвярнуўшысь быў. I ў лес.
Пытанне: – Аў вас сям'я была?
– Усіх пабілі. Адным словам, сродства, братніх дзяцей, сёстры і браты ў мяне, – пагібла ў тое ўрэмя ў мяне дваццаць пяць чалавек. I жану ўбілі…»
Так гэта бачыў Палікарп Мікалаевіч Шакуноў. Мы яго сустрэлі на красніцкай вуліцы, вёў каня з пашы, можа, як тады, трыццаць год назад, – мы яго спынілі, спыталіся, хто мог бы расказаць, «як білі»…
– Ёсць, засталіся людзі. Я застаўся. Адамкнулі нам клуб, і пакуль Палікарп Мікалаевіч расказваў, збіраліся яшчэ жыхары ранейшай, забітай Красніцы. Прыходзілі па аднаму. Садзіліся ўздоўж сценкі, каля акон і моўчкі слухалі тое, што бачылі, перажылі і самі.
857 чалавек тады забілі ў Красніцы…
Пётр Юр'евіч Перапечын.
«…Я быў малы. Нас было ў маці чэцвера малых. Брат дваццаць шостага года, каторы астаўся жывы, сястра трыццаць трэцяга і трыццаць сёмага – брат. Ацец умершы ў трыццаць сёмым годзе. Брат старэйшы пайшоў хавацца ў ячмень, а ў гэта ўрэмя бяжала Бабкова Марыя. Яна цяпер у Магілёве жывець. Дзяўчына. Выскачыла. Мы ў адным класе вучыліся з ёй. Бегла і крычала:
– Уцякайце, хавайцеся, б'юць усіх падрад!
Я маці стаў прасіць, гаварыць, што, значыць, пайдзём хавацца. Маці што-та, ілі расцяралась яна, ілі што:
– Нікуды, – гаворыць, – не пойдзем.
Ну, тагда я стаў прасіць, каб меншага брата ці сястру аддала, штоб мне пайсці ўдваіх. Яна не пусціла, гаворыць:
– Ідзі, еслі хочаш, адзін, раз табе нада так.
Ну, і патом, у ета ўрэмя, кагда мы… Убачылі мы ўжо, што падзвігаюцца сюды, мы на свой двор зашлі там к сараю, селі паўз забор: я самы крайні сеў. Заходзяць двое. Адзін гаварыў па-нямецку, адзін па-руску, каторы гаварыў па-нашаму – гэты з вінтоўкай. А той з пісталетам. Стаў на праходзе. Зайшоў той, каторы гаварыў па-руску, ён, канечна, дабраволец.
– Ідзіце ў хату, лажыцесь.
Ну, матка тут на каленкі, усе мы радам там, давай прасіцца там. «Паночкі, галубочкі» – там усё гэта… Ну, патом ён, значыць, хацеў мяне прыкладам ударыць. Я зразу сабраўся і пайшоў уперадзі. Пайшоў уперадзі, за мной сястра, трыццаць трэцяга года. Я як ішоў, – у нас дзве хаты было, – на ўтарую хату прайшоў, а маці з маленькім, трыццаць сёмага гэты, – у той хаце. Ён адразу… Маць убілі насмерць зразу. Брат доўга мучыўся. Патом зайшоў – сястру зразу насмерць. А мне сюда вот у плячо ўдарыў, сюда пуля вышла. Як ляжаў, закрыўся і глаза закрыў. Кроў пайшла, я ляжаў, ну, хто яго знае, прэдпалажэнне – кнігі чытаў жа – кроў ёсць, думаю: скора я памру ці не? Ну, патом яны… Там стаяў атцоўскі яшчэ, ну, па-нашаму, як чамадан такі, сундук такі. Яны там, што лучшае было, выкінулі, пасматрэлі ўсё, перакапалі, ка мне сюды ў кроў выкінулі. Ну і выйшлі з хаты яны тады, пайшлі, значыцца. Я ўстаў, сястру гэтую перавярнуў – мёртвая. Матка ляжыць – тожа мёртвая. Я яшчэ брата на рукі ўзяў, панасіў. Ён тожа кончыўся. Я яго матцы на руку палажыў, у акно паглядзеў – нікога няма.
Толькі выхажу на двор – яны выпускаюць наш скот. Ну, карова там была, авечкі. Выганяюць іх на двор. Толькі яны, значыць, замецілі – я цераз забор пераскочыў. Яны яшчэ раз выстралілі. Ну, і бег, якраз набег на гэтага большага брата ў ячмені. Ён мяне палажыў, і я больш ужо не ўстаў. Раны сталі балець, і больш не ўстаў. Ну, вобшчам, скот яны выгналі, прасігналілі, значыць, кагда паліць. Запалілі. Патом, значыць, згарэў наш дом.
Усталі мы, гэты брат мяне падняў, суседзі сталі падхадзіць. Ну, і пайшлі ў лес…»
Вось так, адзін за адным, садзяцца да мікрафона жыхары Красніцы – калісьці забітай вёскі. Услед за Пятром Перапечыным – зноў жанчыны: Ева Тумакова, Ніна Князева. Па нейкаму асабліваму шчасцю гэтыя людзі і яшчэ некалькі дзесяткаў краснінцаў уратаваліся ў той дзень. Каты зрабілі сваю справу: 857 чалавек застрэлілі, спалілі. I ўсё ж не так «чыста», як умелі і вучыліся рабіць. Тут яшчэ толькі асвойвалі прыёмы, метады. Бо былі мы на месцы і такіх вёсак, знішчаных у 1943 і ў 1944 гадах, калісьці вялікіх, шматлюдных (Макаўе Асіповіцкага раёна, Ямішча – Шумілінскага, Пузічы – Салігорскага і інш.), дзе ніводная жывая душа не ўратавалася. Ніводзін, хто б мог расказаць. Поле, жыта, помнік у бярозавым гаёчку – цэментная пірамідка з трохзначнай лічбай забітых, спаленых і нябачныя жаваранкі, што спрабуюць сваім шчэбетам запоўніць пустэчу… Асаблівую пустэчу, якой няма, мабыць, і ў самай пустой пустыні.
Красніцу забівалі ў ліку першых (у гэтай мясцовасці). Праўда, даходзілі чуткі пра вёску Студзёнку (таксама Быхаўскага раёна), што быццам бы выбілі там усіх людзей. Але, аказваецца, цяжка чалавеку ў такое паверыць. Нават шмат чаго пабачыўшы, перажыўшы.
Карнікі ўсё гэта ўлічвалі: калі людзі ўжо моцна напалоханы, дакладна ведаюць – дык адзін «падыход»; але зусім інакшы, калі забойцы маглі разлічваць на такі вось стан: чалавек бачыць, што б'юць, забіваюць усіх падрад, а ўсё не верыць, што магчыма гэта…
У Магілёве мы адшукалі Марыю Бабкову – тую колішнюю дзяўчынку, крык якой быццам разбудзіў многіх: «Забіваюць жа людзей!» Цяпер у Марыі Віктараўны іншае прозвішча – Паўлава, па мужу. У старым драўляным доме, адрас якога нам далі ў Красніцы, яе мы не знайшлі: пераехала ў мікрараён Юбілейны.
Звычайна мы спачатку чалавека бачым, чуем, а ўжо потым даведваемся, што з ім было: з яго расказу. А тут мы павінны былі сустрэцца з жанчынай, загадзя ведаючы пра яе лёс, яе «гісторыю». I мы міжволі прыглядаліся да яе, быццам пазнавалі, – прыглядаліся да невысокай жанчыны са смуглявым худым тварам, што стрымана глядзела на нас, слухала, чаго гэта прыехалі да яе здалёку людзі. Красніца?.. Так, яна туды часта ездзіць, бывае там. Хоць сама даўно ўжо ў горадзе жыве, працуе на млынакамбінаце. Муж – слесар. Вунь і дачка ўжо вырасла, гэта яна там на кухні гучна, па-маладому, смяецца – з мужам сваім, такім жа маладым. У іх там свая размова, свае інтарэсы, а маці – калі гэта людзям патрэбна! – села перад нашым мікрафонам:
«…Калі немцы ацапілі дзярэўню, мама была на сенакосе, а мы – брат мой і тры сястры – дома. Недалёка ад нас была школа. Калі прыехалі, яны спачатку сталі біць гэтых, бежанцаў. Яны там жылі ў школе, некалькі сямей, і іх сталі страляць. А ў нас там побач жыў сусед, ён быў дома. Дык страляюць гэтых у школе, а пулі па дзярэўні так – фіў, слышна, як лятаюць. Я тады пайшла к яму:
– Ой, – гавару, – дзядзя, што-та дзелаецца, ці б'юць, ці што.
А ён:
– А, панікёрша! Хто цябе тут будзе біць!
Там яны пастралялі ў школе і пачалі хадзіць. Два немцы той сторанай вуліцы ідуць, а два – па гэтай. Па хатах: два туда і два сюда. Наша хата была трэцяя ці чацвёртая. Вот яны ў адзін дом зайшлі, было там закрыта, у другі зайшлі.
Старуха бяжала – у яе дочкі на балоце былі, – з унучкай была. Прыастанавілася і гаворыць:
– Пайду дальша.
У трэці зайшлі, пабілі ўсіх, хто там быў. Пытанне: – Вы чулі, як стралялі?
– Не. Мы не чулі. Яны ўвайдуць і там страляюць. А мы ўсё матаемся: то к дому свайму, то к суседу.
– Мужчыны, што ж нам дзелаць?
Страшна, б'юць! У мяне сястра і брат былі старшыя, а я сярэдняя. Ну, тагда – ідуць к нам! Ой, два немцы!.. Там былі і паліцаі, а гэтыя – з бляхамі на грудзі. Страшныя такія. Ужо яны пабілі суседзяў і к нам ідуць. Я: «Ой, дзядзя, глядзіце, па хатах ходзяць, б'юць, сюды ідуць!» Ну, мы тут сталі і стаім. Я ў сваём доме не была. Дзве сястры там было – убілі. Ідуць сюды! А мы з братам тут. Брат после хваробы быў зусім слабы. Еслі б ён быў здаровей, і ён бы бяжаў. А ён быў зусім слабы. Паліцэйскі і гаворыць:
– Ідзіце ў хату!
– Ой, – усе закрычалі. – Што дзелаць?
Мы ўсе тагда – гэты мужчына, у яго была сям'я, пяць душ, я шостая – сяйчас мы ўсе ніц, палажыліся на пол і сталі крычаць. Ну, я ўжо не помню, хто там як крычаў. Яны сяйчас – вінтоўкі там, ці кулямёты, і давай у гэтых людзей страляць. Як яны першы раз выстралілі… Якраз каля акна стаяў сундук… Як яны першы раз стрэлілі, я тады на сундук, з гарачкі, ці што, на сундук, а вакно гэтае адкрывалася – я ў вакно. Рукой таўкнула і на вуліцу пабегла. Калі я пабегла, два немцы з другой стараны ішлі, – пабілі ў другой хаце і ішлі, – яны пагергеталі, а я ў дзярэўню, у той канец. Яны яшчэ там не праходзілі, яны толькі тут пачалі. Я пабегла, людзі стаяць, усё спрашваюць:
– Што там, Маня, што там? Я гавару:
– Ой, уцякайце, б'юць немцы!
Тады хто куда – табунамі! Пабеглі хавацца, хто куды. А тых, хто на балоце былі, маці нашу, тых загналі таксама ў хату і гранаты кідалі, а каго спалілі.
А дочка таго хазяіна таксама за мной кінулася ў вакно, а немец ёй у плячо, і яна назад у груду ўпала.
Але засталася жыва, у Брэсцкай вобласці жыве.
Людзі гавораць, што, калі я бегла, мяне ўзнаць не маглі: чорная-чорная, страшная. Я часам езджу туды, мне гавораць:
– Ну, ты нам жызь спасла. Стаялі б і ждалі, пакуль падайдуць немцы.
А мы потым у рож схаваліся.
Тады яны затрубілі, сігнал далі і паехалі…»
* * *
У Хатыні – могільнік звыш 600 забітых беларускіх вёсак. I гэта далёка не ўсе тыя вёскі, куды фашысты прыходзілі, прыязджалі, каб вынішчыць, спаліць усіх – ад старога да дзіцяці, дзе выконваўся план «абязлюджвання тэрыторыі», «пашырэння жыццёвай прасторы на ўсход».
Беларускіх вёсак, дзе карнікі спецыяльна забівалі людзей, – 4885. Падалёкане поўных падліках, больш за трыста тысяч мірных жыхароў было спалена жывымі, забіта, замучана ў тых вёсках.
I амаль столькі ж населеных пунктаў (4З15) «проста згарэлі». Таксама ад гітлераўцаў, але жыхароў там не пабілі.
Калі пабываеш, як мы, у большасці раёнаў, у многіх вёсках, запісваючы іх ваенную, вогненную памяць, і пасля чытаеш справаздачы карнікаў, дакументы, раптам узнікае і такое адрозненне: «проста згарэлі». Бо ў Хатыні фашысты яшчэ і «працавалі», больш таго – «эксперыментавалі».
Беларускія Хатыні – гэта падрыхтоўка да рэалізацыі планаў і мэт, якія датычыліся не толькі нас, не толькі савецкага народа. I нават не адных толькі славян.
Выпрацоўваліся метады, рыхтаваліся спецыялісты на «канчатковае ўрэгуляванне» – вынішчэнне цэлых народаў ва Усходняй і Заходняй Еўропе і на іншых кантынентах. Вядома, пасля разгрому галоўных праціўнікаў фашысцкай Германіі.
«Калі вайна будзе выйграна, тады, я вам ужо гаварыў аб гэтым, пачнецца наша праца, – злавесна нагадваў сваім падручным Гімлер у кастрычніку 1943 года на нарадзе групэнфюрэраў СС у Познані. – СС разам з сялянамі і мы сумесна з нашым сябрам Баке пачнём займацца засяленнем Усходу, велікадушна, без усякіх абмежаванняў, не пытаючыся ні пра што, з размахам і рэвалюцыйным напорам, дык на працягу 20 год мы прасунем граніцу нацыі на 500 кіламетраў на Усход…
…Мы будзем дыктаваць Усходу нашы законы. Мы будзем прабівацца наперад і паступова падыдзем да Урала». Вось такія маштабы меліся на ўвазе «пасля перамогі». Але і яны – першы крок да сусветнага панавання «арыйскай расы».
«Усходняя палітыка» генацыду была сфармулявана Гітлерам яшчэ ў 19З2 годзе:
«Усходнія тэрыторыі стануць вялікім эксперыментальным полем па ўстанаўленні новага грамадскага ладу ў Еўропе, і ў гэтым вялікае значэнне нашай усходняй палітыкі».
«Эксперыментальным полем» выбрана была перш за ўсё Беларусь. Таму, у прыватнасці, што ў гаспадарчых адносінах гэты край лясоў і балот, з пункту гледжання нацыстаў, – не самы «каштоўны». Значыць, якраз яго ператварыць у вялізны «загон», куды будуць пераганяцца цэлыя народы на «каранцін», «асобую апрацоўку»…
Вось вытрымкі з рапарта адной з камандаў, занятых прыёмам эшалонаў і «размяшчэннем», «уладкаваннем» яўрэйскага насельніцтва, прысланага з Заходняй Еўропы. (Па плану Гітлера такім жа шляхам затым павінны былі пайсці, перасяліцца ў Беларусь» і «за Урал» галандцы, бельгійцы і іншыя еўрапейскія народы, чые землі збіраліся засяліць нямецкімі каланістамі.)
Група СС «Арльт» Мінск, З жніўня 1942
РАПАРТ
Работа рэшты людзей тут у Мінску па-ранейшаму тая самая. Транспарты яўрэяў праз даволі раўнамерныя прамежкі часу прыбываюць у Мінск і перадаюцца нам. Так што ўжо 18 і 19.6.42 мы зноў займаліся капаннем ям…
26.6 – прыбыў чаканы транспарт з рэйха.
27.6 – мы зноў вярнуліся ў Мінск. Наступныя дні былі заняты чысткай зброі, прывядзеннем у парадак амуніцыі.
2.7 – зноў пачалі падрыхтоўку да прыёму транспарту з яўрэямі, капанне ям.
10.7 – была кінута супраць партызан латышская каманда ў лес пад Койданава. Пры гэтым быў выяўлены склад боепрыпасаў. I раптам нас з тылу абстралялі з аўтаматаў. Адзін латышскі саслужывец быў пры гэтым забіты. Праследуючы банду, расстралялі чатырох чалавек.
17.7 – прыбыў транспарт яўрэяў, адпраўлен у маёнтак.
21, 22 і 2З.7 – капалі новыя ямы.
24.7 – зноў транспарт яўрэяў (1000 чал.) з рэйха.
З 25.7 па 27.7 – капалі новыя ямы.
28.7 – вялікая акцыя ў мінскім гета. 6000 яўрэяў дастаўлены да ям.
29.7 – З000 нямецкіх яўрэяў дастаўлены да ям.
Наступныя дні зноў заняты чысткай зброі, падгонкай амуніцыі. Пазней мая група нясе дзённую службу па ахове будынка турмы…
Паводзіны людзей здаровыя, па-за службай добрыя і не даюць поваду для асуджэння.
Унтэршарфюрэр СС
Эшалоны з Захаду ішлі, акупаваную Беларусь усё больш ператваралі ў раён «асобай апрацоўкі» мільёнаў людзей. Прывезеных. А разам з тым і мясцовага насельніцтва. Планавалася так «па-асобаму апрацаваць» не меней трох чвэртак саміх беларусаў. Заадно і павучыцца, лепей авалодаць «тэхнікай абязлюджвання», падрыхтаваць «кадры». Мела значэнне ў іх разліках і тое, што ва ўяўленні гімлераў і розенбергаў «беларусы найбольш бяскрыўдны і таму самы бяспечны для нас народ з усіх народаў усходніх абласцей». Разлік на гэта, на пакорлівасць, «рахманасць» беларусаў вельмі хутка фашыстам прыйшлося перакрэсліць – і з якой яшчэ панікай у іх штабах. Сотні тысяч беларускіх партызан, цэлыя раёны, недаступныя для акупантаў, армія «Цэнтр» амаль увесь час на «галодным пайку», бо чыгуначны рух перарываецца, а затым – у 1943 і 1944 гадах – нябачаныя ў гісторыі войнаў адначасовыя партызанскія ўдары па ўсіх камунікацыях – «рэйкавая вайна»!