412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Я з вогненнай вёскі... » Текст книги (страница 24)
Я з вогненнай вёскі...
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 10:00

Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."


Автор книги: Янка Брыль


Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
сообщить о нарушении

Текущая страница: 24 (всего у книги 25 страниц)

Насельніцтва фашысты працягваюць знішчаць, цяпер – пад выглядам барацьбы з партызанамі і нават – «самаабароны». Але партызаны перашкаджаюць яшчэ шырэй разгарнуць «працу», партызан столькі, што на задуманае выкананне «плана» ўжо не хапае сіл: прыходзіцца абараняць ад партызанскіх атак дарогі, гарады, важныя аб'екты… Спецыяльныя групы, каманды (пад прыкрыццем і з удзелам армейскіх часцей) з маніякальнай настойлівасцю працягваюць «працу», хоць вайна ўжо яўна прайграна. Яны ўсё «ўзбагачаюць» метады, рыхтуюць кадры, рыхтуюцца да нечага яшчэ больш нялюдскага і злавеснага, эксперыментуюць.

Слова гэта – «эксперымент» у наш век усё часцей успыхвае злавесным сэнсам.

Хірасіма, Нагасакі – гэта ж таксама «эксперымент».

Існуюць дакументальныя кінакадры аб тым, як выбіраліся аб'екты першых атамных бамбёжак.

Мясцовасць, тапаграфія, пажадана, каб была такаяітакая…

Будынкі – вось такія…

Насельніцтва – столькі…

«Гэтым патрабаванням адпавядаюць (рука з каляровым алоўкам шукае на карце) гарады… Хірасіма (крыж)… Нагасакі (крыж)».

Нацысты не валодалі такой зброяй. I ў гэтым шчасце чалавецтва. Прыходзілася ім разлічваць на «звычайную». I на спецыяльныя каманды, і іх трэба было для «плана» ўсё больш і больш, вопытных, абучаных на практыцы – бо маштабы меліся на ўвазе не меншыя, чым у атамных маньякаў, – дзесяткі, сотні мільёнаў запланаваных забойстваў.

I на жудасным шляху да гэтай мэты «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе» (а затым – і ва ўсім свеце) – трагедыя беларускіх Борак, Красніцы, Брыцалавіч, Княжаводцаў, Студзёнкі, Паршчахі, Хатыні…

Сотні і сотні Хатыняў, справаздач, «эксперыментаў»: «аперацыя Боркі (Маларыцкія)», «аперацыя Боркі (Кіраўскія)», «аперацыя Красніца», «аперацыя Збышын»…

Экспедыцыі ў цэлым называліся ў іх інакш, звычайна не па назве асобнай вёскі ці мясцовасці, а вось так здзекліва-«паэтычна»: «Фрулінгсфэст» – Вясновае свята, «Зумпффібэр» – Балотная ліхаманка, «Зумпфблютэ» – Балотная кветка, «Нордполь» – Паўночны полюс, «Эрнтэфэст» – Свята ўраджаю, «Штэрнэнлаўф» – Зорны шлях, «Шнэехазе» – Заяц-бяляк, «Фён» – Альпійскі вецер, «Вінтэрцаўбэр» – Зімовыя чары, «Вальдвінтэр» – Лясная зіма, «Кугэльбліц» – Шаравая маланка, «Цаўбэрфлётэ» – Чароўная флейта, «Майгэвітэр» – Майская навальніца, «Цыгойнэрбарон» – Цыганскі барон, «Фрайшутц» – Вольны стралок і г. д.

Але забойства Красніцы, Борак, Брыцалавіч, як і кожнай з Хатыняў, было звычайна асобнай аперацыяй – з асобай задачай і справаздачай аб паводзінах ахвяр і саміх катаў, аб праліках ці «тактычных знаходках», «адкрыццях».

У адной і той жа мясцовасці спецыяльныя каманды рэдка забівалі вёскі аднолькава: калі адных збіраюць, зганяюць у гумно ці хлеў пад выглядам «сходу», «праверкі дакументаў», дык у суседніх вёсках ужо ходзяць з хаты ў хату і забіваюць на месцы. I гэта таксама – з улікам вопыту і дзеля ўзбагачэння вопыту…

У межах агульнай «задачы» быў поўны прастор для садысцкіх імправізацый. Загадаюць людзям памаліцца (Доры Валожынскага раёна) і спаляць іх. I яшчэ вось так паздзекуюцца…

Юліян Рудовіч.

«…Сказалі ўсім ісці ў царкву памаліцца Богу, і нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне:

– Аддай кіндэр матцы, а сам – вэк!

Узяў за каўнер і выкінуў на двор. I ўсіх, хто не з дзецьмі, – выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне – можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці можа так здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі – агонь толькі…»

Ці ўкінуць старую, нямоглую жанчыну ў калодзеж (Пагулянка Рэчыцкага раёна), а на яе – набытак хатні, колы, бервяно…

I зноў пішуць «справаздачу» – пераможную, урачыстую, з усведамленнем, што выконваюць «місію». А як жа, яны не проста забойцы, яны служаць «ідэі», «вялікай Германіі», «фюрэру», рызыкуюць атрымаць кулю ад партызан, змагаючыся за «новы парадак»!

А зверху ідуць заахвочванні, узнагароды, адны каты ставяцца ў прыклад другім.

Асабліва прыдатным да такой працы аказаўся Оскар Дзірлевангер – яго Гітлер вылучыў чынамі і ўсякімі «крыжамі», якія толькі былі: ад «залатога» да «рыцарскага».

Вось «вяхі» яго біяграфіі, вельмі тыповыя: 1932 г. – уступае ў нацысцкую партыю; 1934 г. – за злачынства: распуста з асобамі маладзей за 14 год – 2 гады турмы… Пасля набыцця адпаведнага карніцкага вопыту ў Іспаніі і Польшчы ён з'яўляецца ў Беларусі з такой атэстацыяй, што прайшоў падрыхтоўку, якая перакрывае, судзімасць за «браканьерства». Так называлі вышэйшыя чыны, да самога Гімлера ўключна, з усмешкай узаемаразумення, тыя эсэсаўскія забавы «з асобамі маладзей за 14 год»… У загадзе, з якім Дзірлевангер прыехаў з Любліна ў Беларусь, сказана было, што ён «роўны сярод нас». «Роўны» адразу пачынае расці, рабіць кар'еру – ужо на крыві дзяцей і жанчын беларускіх. Схільнасць да «браканьерства» застаецца. Кавалер залатога, рыцарскага і г. д. крыжаў любіў павучаць сваіх малойчыкаў: я, маўляў, не супраць таго, каб вы спалі з рускімі дзеўкамі, але пасля гэтага ты павінен застрэліць яе…

Больш за сто дваццаць тысяч – столькі людзей забілі, спалілі жыўцом «рыцары» дзірлевангераўскай банды ў Беларусі. Боркі Кіраўскія, Збышын, Красніца, Студзёнка, Капацэвічы, Пузічы, Макаўе, Брыцалавічы, Вялікая Гарожа, Гарадзец, Доры, Іканы, Загліннае, Вялікія Прусы, Пераходы… Сто пяцьдзесят населеных пунктаў спаліла разам з людзьмі каманда Дзірлевангера толькі ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. Нямала і ў іншых, асабліва ў Віцебскай і Гомельскай.

Гэты забойца не толькі пісаў справаздачы, але асабіста ездзіў у сталіцу трэцяга рэйха і прывозіў адтуль узнагароды, загады аб узбуйненні брыгады, радасную ўпэўненасць садыста-ката, што галоўныя забойцы ведаюць пра яго, спадзяюцца на яго стараннасць.

Расхвальваючы ў сваіх загадах Дзірлевангера, начальства пісала пра тое, што ён «падае прыклад радасці ўдзелу…» у масавых забойствах людзей. «Радасці» – і не менш! Вось чаго хацелі, чаго патрабавалі ад забойцаў-выканаўцаў тыя, хто планаваў – знішчыць трыццаць мільёнаў славян. Напачатку – трыццаць…

У Нюрнбергу, на працэсе ваенных злачынцаў, адбыўся такі дыялог паміж судом і адным з дасведчаных саўдзельнікаў тых спраў, які добра ведаў тайныя планы фашысцкіх верхаводаў, – з Бах-Зелеўскім, начальнікам штаба баявых часцей па барацьбе з партызанамі пры рэйхсфюрэру СС.

I. В. Пакроўскі, савецкі абвінаваўца: Ці ведаеце вы што-небудзь пра існаванне асобай брыгады, якая была сфарміравана з кантрабандыстаў, заўзятых злодзеяў і выпушчаных на волю арыштантаў?

Бах-Зелеўскі: У канцы 1941 г., пачатку 1942 г. для барацьбы з партызанамі ў тылавой групе «Цэнтр» быў вылучаны батальён пад камандаваннем Дзірлевангера. Гэтая брыгада Дзірлевангера складалася ў асноўным са злачынцаў, што мелі судзімасць, афіцыйна з так званых злодзеяў, але пры гэтым яны былі сапраўднымі крымінальнымі злачынцамі, якіх асудзілі за крадзеж з узломам, забойствы і г. д.

I. В. Пакроўскі: Чым вы растлумачыце, што нямецкае камандаванне тылу з такой гатоўнасцю павялічвала колькасць сваіх часцей за лік злачынцаў?

Бах-Зелеўскі: На маю думку, тут ёсць адкрытая сувязь з прамовай Генрыха Гімлера ў Вевельсбургу ў пачатку 1941 года, перад рускай кампаніяй, дзе ён гаварыў аб тым, што мэтай рускай кампаніі з'яўляецца: расстрэльваць кожнага дзесятага з славянскага насельніцтва, каб паменшыць іх колькасць на 30 мільёнаў. Для вопыту і былі створаны такія нізкапробныя часці, якія фактычна былі прызначаны для выканання гэтай задумы. (Курсіў наш. —Аўт.)

I. В. Пакроўскі: Ці можаце вы шчыра і праўдзіва сцвярджаць, што мэтай мерапрыемстваў, якія праводзіліся ўзброенымі сіламі ва ўстаноўленых немцамі акругах, было памяншэнне славянскага і яўрэйскага насельніцтва на 30 мільёнаў чалавек?

Бах-Зелеўскі: Я прытрымліваюся той думкі, што гэтыя мётады сапраўды прывялі б да знішчэння 30 мільёнаў чалавек, калі б гэта працягвалася».


* * *

Марыя Хамук, у той час бяздзетная маладзіца, салдатка, муж якое трапіў у нямецкі палон з польскага войска ў верасні 19З9 года і быў у тую пару, як акупанты знішчалі Боркі, у Германіі.

«…Нас було трынаццаць душ сэм'і. Мы ўсі палажылыся спаты. А хтось стучыць у хату. Моя свэкруха ўстала ды кажа:

– Уставайтэ, дзіткі, бо то смэрць наша… А як могла вона знаты, то ніхто не знае.

Нас занялі дзесяцёра. Мой свікар узяў хліб, а німэць узяў той хліб вырваў і на палаткы, і мы ўжэ бачым – штосьці будэ для того…

Гналы нас у сэло на сабранне, пасадылы ў гародзі, сыдымо мы, сыдымо, а потым прыходзяць німцы, выклікаюць ад васімнаццаці лет до сарака пяці. I выклікалы, поставылы по чатыры чалавікі і кажуць: «Ужэ будуць у Германію браты…» Патом мы дывымося: ідэ машына, бэрэ збірае копачкі[28], выносяць з хат. Кажуць, шо ўжо будуць тых біць, расстрэльваць – от так там ўсякага, хто дэпутатам, хто такі, а хто такі… А хто ж надзіяўся, шо ўсіх людзей будуць расстрэльваты? Ніхто нэ думаў…

Мы ждэмо, ждэмо. Кажэмо: «Вот прыйдуць».

А мы ўсі ў гародзе сыдымо, нас много людзей. Топіро[29] ждэмо, і дождалыся.

I давай. Топіро німцы тут, ідуць, і хто нэ здужаў, вазылы, хто здужаў іці, по трыццаць чалавік гонылы туды, на могілкі.

А то ўжэ дайшла очарэдзь, а я ўсэ аставалася ззаду, аставалась-такі ззаду. Ужэ засталося мало шо людэй. Ужэ думаема: «Шо будэ, то будэ, ідэмо ўжэ ўпэрэд». Не можам цярпець, ужэ нэрвы нэ стрымліваюць. Мы пошлы. Нас чалавек трыццаць гнаў до могілак. Прыгнаў – лежала одэжа ўся скінутая. Так мы думалы – дожд такі сільны,

сільны ішоў, так мы думалы, шо люды побыты лежаць на такім грудэві. Мы доходым туды, а то одэжа, народ увесь роздзягнены быў, у ямку голых усіх гонылы быты.

Топіро нас положылы ніцма, коло тое одэжы.

I зноў кажэ по-польску:

– Уставайтэ, хто мае пашпорт, отдайтэ!

А там у нас, за німцом, прыкладалы пальцы до пашпорту.

Мы, хто падаў той пашпорт, хто нэ падаў, хто дома забуўся ўзяты того пашпорта. Хто ж там тагды помніў…

I патом гавораць по-польску:

– Скыдайтэ одэжу з сэбэ.

Я просылася, шчоб мэні хоч погыбнуты ў одэжы.

– На мясо тобі жамчугы? – гаворыць. – Усэ скідай.

Вон дэ во, паціркі два радочкі ў мэнэ булы, бусы, жамчугі.

I патом я стала зноў просытыся. Думаю, у мэнэ родыны нэ мае тут у Борках, – одна родына тут, шо я выйшла замуж, а другая родына, ацец і маць у другой дэрэўні булы на Барысаўцы. Тую тожэ ўсю выстрэлялы дэрэўню… Як стала я просытыся! Кажу, шо ў мэнэ чоловік у Германіі.

– А пісьма е?

Кажу:

– Дома е.

Думаю, як ужэ додому завэдэ, як нэ найду тых пісем… А іх і нэ було, тых пісем, я ёму так мутыла, коб мэні остатыся.

А патом кажэ по-польску:

– Вэзь свое убранне!

Стала я адыходыты, голая, у одной рубашцы, судзіўкі на мне нэ було. А він потым по-польску гаворыць:

– Вэзь свое убране. Толькі, – кажэ, – чужого не чапі.

I посадылы мэнэ ўжэ под тым такім бар'яком, под сасною. I такі сільны дождж пайшоў…

А тых людзей, шо за мною гналы, і такія маленькія дзіты, то позабывалы на моіх очах… Дзітэй маткі распавывалы, і він гэць такіх голых носыў у ямку…»

Яўхіма Баланцэвіч была ў тую пару таксама салдаткай, як і Марыя Хамук, і яе муж быў у палоне з польска-нямецкай вайны. На руках у маладзіцы аставаўся шасцігадовы сын, а побач з ёю была старэнькая маці, з тых мацярок, якіх народная песня называе дарадчыцай у хаце. Яўхіма Парфёнаўна гаворыць:

«…Як шчэ гналы до школы, то ўсэ людэ так казалы, можэ, шчэ ў Германію повэзэ, але ўжэ як помінулы тую школу, то людэ кажуць: «нэма нас», «поб'юць нас»…

Одын – ёго звалы Кальчук. Як паіхала машына краем, ён пабачыў німціў, выскачыў праз акно і пачаў уцікаты ў кусты. Добіг до кустоў, і там ёго забылы. Німцы сталы з машыны по ёму страляты.

I прыіхалы назад, тая машына, у агарод і гавораць:

– Нашу машыну абстралялы, а вы гаворытэ, што партызанаў нет. А нашу машыну абстралялы.

А хто ж страляў? Мы ж усі ў агародзі… Прышла ёго маты рыдна і гаворыць на дочку тую:

– Нэма, дэтынонька, нашого Йвана.

I вот тодзі мы ўсі сталы плакаты. Колі нэма Йвана, кажэмо, нэма і ўсіх нас. Ёго забылы над канавой. Пытанне: – Аён сапраўды страляў па машыне?

– Ніхто нэ страляў на іх, толькі так воны казалы, коб мы нэ розбіглыся ў агародзі, што от «у нашу машыну стралялы».

Пытанне: – Апартызаны ўвас тут былі?

– Не. Мы нэ бачылы тут. Партызаніў мы тут ніколы, ніколы нэ бачылы. Толькі одын чоловік, як білы, быў з нашай дэрэўні ў партызанах. Радзіюк Уладымір.

…Ой, загнаў тую маладзёж… Потым ужэ машыны сталы ходыты, залізка[30] збыраты ў дзярэўні. Назбіралы тых залізкаў і далы той маладзёжы, коб ямкі копалы. Накопалы тыя ровы, я нэ бачыла як. Чула – з кулямёта сёк, чулы той звук, як стралялы.

Але што ж, сыдымо, дажыдаемо пары: ужэ нікуды нэ ўтэчэш.

I ўжэ пабіў іх, і тогды даваў ужэ браты старэйшых парубкіў, мужчын. Повыбраў тыя мужчыны і то гоніў, то возыў там – усяк було.

Побыў іх, тогды давай ужэ выбіраты бабоў. Мэнэ тожэ туды завэзлы на вазу. Хто нэ здужаў ісці, хто ідзе, хто сыдыць. Я вот ужэ і нэ помню, колькі нас душ сыдзіла на возе… I хлопчык мой зо мною. I моя маты – ужэ як мы пад'іхалы до тых могілак, то думалы, што там людзі набіты, а то адзёжа лежала.

Довозыць нас – а то адзёжа, што абдзірае… Застаўляе нас роздзягатыся, ужэ будэ быты. I то ўжэ раздзягаемося… А на мэнэ, знаетэ, моя маты родная кажэ:

– Просыся, дэтынонько.

А мой, знаетэ, чоловік быў у плену ў Германіі. I кажу:

– Панэйку, нэ бійтэ мэнэ, мій чоловік у Германіі, у плену. У Германіі, кажу, а ў мэнэ, о дэ, і хлопчык…

А він одразу і кажэ:

– А пісьма ў тэбэ е?

Кажу:

– Ныма.

– А пашпорт у тэбэ е?

– Е.

А ў мэнэ ў кішэні буў якраз пашпорт, узяла… Ён на мэнэ, той што застаўляў тую судзеўку абдзіраці, кажэ:

– Ты стой, будзь задня.

Я і стою. Ужэ пошла моя сэстра замужня і дзеўчынка, і маты адыходзіць, шчэ дзеўчына была, чатырнаццаць год, зноў браціха з двумя хлопчыкамі, одному – чатыры, другому – два… Воны пошлі од мэнэ, а я ўжо думаю: «Як я пойду на тую смэрць?..» Я астаюся сама. Стою я, знаетэ, сама. Стою і стою. Ужэ і пагнаў іх, параздзягаў іх. Я дыўлюся так во, як воны раздзягаюцца. I параздзягалыся і пошлы туды. Вот так туды, за могілкі. Бо то по той бок могілак раздзягаў, а по той біў людэй, то нэ було відно тых ровіў, там, дэ я стояла.

А посля той німэць кажа на мэнэ:

– Іды, сядзь на дылях.

Бо то могілкі абгароджаны такія булы.

Я пошла сіла, узяла таго хлопчыка, ото напротыў таго груда, што судзеўка ляжыць. Дыўлюся: тыя падганяе, тыя роздзягаюцца, тыя адганяе туды – ужэ біты, тыя прывозыць, то прыганяе, во!.. Я так о дыўлюся, як народ той разбіраецца…

I бэз шапкі, толькі ў одных сорочках, рукавы закасаныя. I займае тыя люды, і ўжэ жэнэ до рова стрыляты… Німцы ў одных сорочках крамных і бэз шапкі – гэць! З пісталетамі. Я сама бачыла. А горылку пылы, знаетэ, а горылку пылы! По чыкушцы бэрэ, з кармана выймае, чыкушку росколыхае і глытком – одразу… Він, мусыць, затым, коб смеласць тая была…

Я так, знаетэ, сыджу, сыджу… А пасля чатыры німцы, во такія чэрэвоватыя, мурдастыя, у пагонах, з казыркамі. Посталы надо мною і штось, знаетэ, пагергаталы, пагергаталы одын до другого і пошлы від мэнэ. Пошлы. Нычога не сказалы…

Майго мужа два браты пагыбла і бацько. I ў мэнэ, знаетэ, родыны забылы: два браты, бацько і маты, і ў одного брата двое дзітэй, і ў другога двое дзітэй, і сэстра замужня, дзіўчына… Вот ужэ я зараз пашчытаю, кількі душ… Вы знаетэ, і забулася, кількі душ… Два браты… Пятнаццаць з маго роду пагыбла, з чалавікавага тожэ пагыбла два браты і бацько, а маты і бабушка асталыся. I я во, і хлопчык…»

Гэтыя мірныя людзі, апынуўшыся перад стваламі аўтаматаў, шукалі выйсця. Сваіх родзічаў, якія трапілі ў нямецкі палон з польскага войска, яны выдавалі за людзей, якія нібыта знаходзяцца на рабоце ў Германіі. I часам гэты падман дзейнічаў. Раз'ятраныя павальным забойствам, карнікі часам сяго-таго адпускалі. Мабыць, каб паказаць і пераканацца, што і яны – «фюрэры», «богі».

Дарэчы, муж Яўхімы Парфёнаўны Баланцэвіч, даведаўшыся пра жахлі, вы лёс сям'і і вёскі, рызыкнуў уцячы з палону і, уцёкшы, супрацоўнічаў з партызанамі, а потым уступіў у рады Савецкай Арміі і загінуў гераічнай смерцю ў барацьбе з гітлераўцамі.

Паслухаем працяг расказу Марыі Ліхван, якую мы пакінулі з дзецьмі на страшным солтысавым агародзе, сярод старых мужчын, жанчын і дзяцей, пад наглядам карнікаў. Яна расказвае:

«…Ах, то выходыць одын, мусыць, то пэрагаворшчык. Кажэ:

– Мар'я Ліхван ёсць?

Моя сусідка кажэ: «Панэйку, я Мар'я Ліхван», тая кажэ: «Я Мар'я Ліхван». А я ўсё думаю: «Пусць. Як ходылы по хатах пысаты, він мэнэ вызывае – будэ быты…»

Выходжу я, і дві дзіўчынкі зо мною, а та, шчо з 1940-га году, то тую маты майго чалавіка ўзяла на рукі, і хлопчык зо мною; так і ідэмо мы. Ідэмо, а він так во ўзяў маю свэкруху за плэчы і бэрэ назад адпыхае. А я кажу:

– Пан, то матка моя і цурка моя!

– Ё, ё.

А тыя, што панабыгалы, то зараз німцы прыкладамы іх і назад адагналы.

Ну, выходымо, выходымо мы, думаю: «О, господы, чого ж мы?»

А то прышлы ўжэ з таго ліваго сэла, ну і майго чалавіка сэстра прышла, са сваім свікарам прышла. Майго чалавіка сэстры сын буў у німців, у Нэмэччыне, у плену буў.

Пытанне: – З польскага войска?

– Ага.

I воны сталы просыты, шчо такія і такія. Тыя спысалы на бумажку, і то нас во вызывалы, мы выйшлы. I я кажу:

– Ну, шчо ж, як я выйшла? Выйшла з дэціма, такія дзіты. Ну, шчо я сама?.. Коб чалавіка, – кажу… То хай мэнэ ўжэ б'юць.

А мого чалавіка сэстры свікар кажэ:

– Стойма; будэма просыты, каб твайго чалавіка вызвалы.

Падышлы мы до німціў. Кажэ:

– У якую очэрэдзь забралы?

– У перву.

– У-ут! Юж далёко на рабоце.

Ужэ він забыты буў. Мій чалавік. Вот.

I ўзялы нас, і завэлы. Там у мэнэ буў дваюродны брат, ёго тожэ тогдзі расстрэлялы… Завэлы до той хаты. Упустылы мэнэ. Чэтвэро тых дзітэй. Я плачу ў той хаці. А во свікар мой астаўся. Хто астаўся, таго больш нэ пустылы. Кажэ:

– Нэ плач, нэ плач, твой Ігнат астаўся, уцік він. Мы. бачылы, шчо ўцікаў він.

– Дэ ж він уцік, – кажу я, – колы я дойшла, шчо він ужэ нэ ўцік.

I вот там мы сыдзілы. I такія булы немцы, шчо і там булы. Прышлы до хаты, прышлы і пытаюцца:

– Чаго вона так плачэ?

I ўзяў мою дзіўчынку, шчо з саракавога, і прытуліў до сэбэ і даў канфету. I так плачэ, плачэ, плачэ…

А одын чалавік наш, баравіцкі, трохі знаў по-нэмэцьку гаварыты. Кажа:

– А вот жэншчына асталася, асталіся дзіты, як боб, одно другого нэ подоймэ, а чалавека забілі.

I так той німэць плача. Посыдыць, посыдыць і зноў на двір пойдэ. Як стануць ужэ там стрыляты, зноў до хаты прыйдэ. Чы то нэ німець, можэ? Чы то я нэ знаю, шчотакое…

Пытанне: – А ён са зброяй быў?

– Не, у яго нэ було аружыя. Пытанне: – А форма нямецкая?

– Німэцька, німэцька.

I вот мы сыдзілы, доўго сыдзілы… Ужэ сонэчко так заходыць…

…Мы скотыну, каровы гналы ў Мокраны, то так во було, як сказаць, – шчэ кроў шла, шчэ нэ закопаны булы…»

Простая жанчына, нягледзячы на смяротны страх і асабістае гора, усё ж заўважыла тады і запомніла на ўсё жыццё адну праяву чалавечага спачування сярод азвярэлых забойцаў.

Пра таго расплаканага немца ўспамінае таксама Яўхіма Баланцэвіч:

«…Одын німець зайшоў до хаты і ламаў на собе рукы. Я бачыла сама. Так подывытся на той народ, так во пакалыхае галавою, адвэрнэцца і платочком вытыраўся. I ўсі бачылы – тыя, шо і побытэ потым людэ. Кажуць:

– Дывысь, як плачэ…

I ён не выстаяў, дэсь выйшаў у солтысавы сіні і ўпаў. Сам упаў. I тоды, як побачылы ёго, одразу одвэзлы. Німцы одвэзлы.

Пытанне: – На падводзе?

– Не, легковою ёго одвэзлы»…

Зманіў у справаздачы обер-лейтэнант Мюлер, – аказваецца, не па падазрэнню на жаўтуху быў адпраўлены ў Брэст адзін яго падначалены. Зрэшты, і схлусіў Мюлер без асаблівай рызыкі. Найвышэйшы яго начальнік Гімлер настойваў, каб называць праявы чалавечнасці – слабасцямі, значыць, нядужасцю. Выступаючы на нарадзе обер-групэнфюрэраў СС з акупаваных усходніх зямель у Познані 4 кастрычніка 1943 года, Гімлер хваліўся сам і хваліў сваіх падручных за тое, што яны пазбавіліся сумлення, як чалавечай слабасці. Гімлер гаварыў менавіта пра такіх голінгаў, мюлераў, каспераў, пельсаў: «Большасць з нас павінна ведаць, як выглядаюць 100 трупаў, якія ляжаць у рад, або 500, або 1000. Вытрымліваць усё гэта да канца і ў той жа час – за выключэннем паасобных фактаў праяўлення чалавечай слабасці – заставацца прыстойнымі людзьмі – вось што гартавала нас».

Рэспубліка «самых бяскрыўдных славян», як спачатку лічылі «планіроўшчыкі» народных лёсаў у фашысцкім Берліне, паказала сябе краінай усенароднага партызанскага руху. Амаль паўмільённая ўзброеная армія народных мсціўцаў Беларусі разам з партызанамі другіх рэспублік стварыла сапраўдны «другі фронт» у тыле нямецкай арміі. Каб справіцца з гэтым гневам народным, з полымем усенароднай вайны, у фашыстаў сілы ўжо не было, і чым далей, тым меней яе заставалася, той сілы. Затое злосці, лютасці сапраўды набіралася больш. Злосці на ўсіх, хто аказаўся мацнейшым, чым гэта «планавалася» ў фашысцкім рэйху, хто не хацеў ні «перасяляцца», ні «высяляцца», ні станавіцца пакорлівым рабом акупанта. Злосць іхняя таксама забівала – самых мірных, безабаронных. Працягвалася знішчэнне насельніцтва ў вёсках і гарадах, ператварэнне ў зоны пустыні цэлых раёнаў – асабліва на Віцебшчыне, на поўначы Мінскай вобласці… Фашысцкія тэарэтыкі «абязлюджвання» ператварыліся ў слуг таго «плана», які самі ж прыдумалі. Але і вар'яцтва палітычнае ўзнікае не само сабой, а на пэўнай глебе.

Яшчэ ў дваццатыя гады пачаў падбіраць і дрэсіраваць сабе кадры палітычных авантурыстаў, пагромшчыкаў, гвалтаўнікоў аблудны агітатар з баварскіх піўных, яфрэйтар першай сусветнай вайны Адольф Гітлер. Ён вынюхаў у нямецкім мяшчанстве помслівы дух рэваншызму, а ў вайсковай касце пыхлівую ваяўнічасць. У асяроддзі прамыслоўцаў і фінансістаў, напалоханых прывідам «чырвонай рэвалюцыі», ён убачыў эканамічную сілу, якая гатова яго падтрымаць і будзе фінансаваць падрыхтоўку да агрэсіі. З'яднаць у адзін кулак нацысцкай дыктатуры ўсе гэтыя сілы і рынуцца на заваёву «жыццёвых прастораў» на ўсходзе – так нахабна і груба вылажыў палітычны авантурыст сваю праграму і «абгрунтаваў» яе звярынымі прынцыпамі барацьбы за існаванне і натуральнага адбору: «У барацьбе бачу прызначэнне кожнай істоты». «Сіла – гэта найпершае права». «Капіталісты выйшлі наперад, дзякуючы сваім здольнасцям і па прынцыпу адбору, што яшчэ раз даводзіць вышэйшасць іх расы; яны маюць права кіраваць іншымі».

Гітлер строіў свае планы не на адным баламутным крыкунстве. Разбойныя дактрыны падмацоўваліся ў яго палітычным тэрорам, ён скалаціў ваенізаваныя атрады нацысцкай партыі СА і СС, даў ім заданне авалодаць вуліцай, а цераз вуліцы і плошчы вёў шлях да ўлады.

Выбраных у партыйны апарат Гітлер узвышаў да нябёс, ставіў над людзьмі, называў «рыцарскім ордэнам правадыроў». Прэтэндэнту на правадырства дастаткова было вызваліцца ад чалавечага сумлення, прызнаць грубую сілу законам жыцця, навучыцца слепа падпарадкоўвацца загадам дужэйшага, не сумнявацца, не крытыкаваць, каб быць залічаным у касту правадыроў і трапіць на пасаду мікрафюрэра ў які-небудзь з раёнаў акупаваных зямель.

Спачатку, калі Гітлер толькі пачынаў палітычную авантуру, дык вышэй за ўсё цаніў у сваіх «партайгэносаў» разбойную ініцыятыву, задзірыстасць, раіў мець сваім дэвізам выраз: «Калі ты не немец, я расквашу табе галаву». А ўжо ў 30-я гады, калі ён падышоў да рашаючага кроку – захопу ўлады, – то ўзяў сваіх спадручных на ланцуг, патрабаваў сляпога паслушэнства. «Кожны член партыі павінен рабіць тое, што яму загадвае фюрэр. Фюрэр – увасабленне ідэі, і толькі ён ведае яе канчатковую мэту».

I тут ужо «сістэма», «арганізацыя», якую багацеі паклікалі да жыцця, фінансавалі, якой дапамагалі ўмацавацца, набыла пэўную самастойнасць, ператвараючы і гаспадароў у сваіх слуг, у шурупчыкі жудаснай, таталітарнай машыны: пасля камуністаў, сацыял-дэмакратаў, прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, знішчаных ці загнаных за калючы дрот, фашысцкая машына з такой жа бязлітасцю пачала трушчыць косці кожнаму, хто хацеў бы зберагчы сваю асабістую незалежнасць, самастойнасць.

Напорыста і планамерна стваралі нацысты культ сілы. Улада для іх была ідэалам, нейкаю асобаю формаю ўласнасці, асабліваю каштоўнасцю.

Далучэнне да ўлады, размеркаванне ўлады і спажыванне яе рэгулявалася спецыяльнымі рытуаламі.

Рытуал панавання – гэта масавыя відовішчы, мітынгі, пагромы, оргіі, у часе якіх Гітлер і яго зграя публічна абжыраліся ўладай, заражаючы ўладаманіяй абывацеляў, ператвараючы дробных мяшчан у агрэсіўных авантурыстаў. У меру таго як попыт на панаванне хваравіта разрастаўся, фашысцкая зграя кінула кліч да міжнароднага разбою – аншлюс Аўстрыі, акупацыя Чэхаславакіі, Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Галандыі, Францыі і г. д. Усё гэта новыя залежы ўлады, новыя сеансы ўладарніцтва. Пры гэтым яны рыхтавалі нямецкага буржуа і абывацеля да галоўнага акта – агрэсіі супраць СССР.

Нядаўнія шаўцы, каўбаснікі, півавары, крамнікі, канцылярысты – стандартная буржуазная драбната, гарадскія і вясковыя люмпены, прайшоўшы апрацоўку нацызмам, слеплі і глухлі ад бляску і бразгату атрыбутаў безгранічнай улады, якімі надзялялі іх паплечнікі фюрэра, пасылаючы наводзіць новы парадак на акупаваных савецкіх землях. У гэтых мікрафюрэраў вочы зацягваліся папяровымі бельмамі, на якіх былі толькі словы загадаў і дырэктыў. У гэтых марыянетак выраслі папяровыя вушы, цераз якія не пранікалі іншыя словы, акрамя загадаў фюрэра. Фюрэр назваў гэты, перавернуты дагары дном, свет пачаткам новага свету, новым парадкам у Еўропе. Апрацаваны атрутай нацызму абывацель на пасадзе мікрафюрэра слепа верыў у гэта і працягваў разбурэнне цывілізацыйных асноў, сеяў гвалт, жорсткасць, жах і смерць.

I хоць гітлераўская ваенная машына пасля Сталінграда і асабліва пасля Курска ўжо безнадзейна кацілася да межаў Германіі, «план» вісеў над мазгаўнёй не толькі гэтых дробных, але і самых буйных «фюрэраў». Наколькі яны былі нават «здзіўлены», што ўсё ідзе не па іх планах, паказваюць сведчанні, прызнанні гітлераўскіх генералаў-«мемуарыстаў» (Гудэрыяна, Тыпэльскірха і інш.).

Вось што напісана ў мемуарах аднаго з лідэраў сакрэтнай службы Гітлера – у кнізе Вальтэра Шэленберга «Гаворыць шэф нацысцкай контрразведкі», выдадзенай у Парыжы ў 1957 годзе:

«Калі атрыманая інфармацыя не адпавядала іх уласным канцэпцыям, яны проста адкідвалі яе. Што ж датычыцца вышэйшага кіраўніцтва, дык тут справа выглядала яшчэ горш. Так, напрыклад, да канца 1944 года Гітлер ігнараваў любыя неспрыяльныя звесткі, нават калі яны заснаваны былі на фактах ці проста здаровым сэнсе».

Гітлер, напрыклад, амаль да самага канца ніяк не верыў, што ёсць, існуе магутная Савецкая Армія, якая гоніць немцаў на захад. Ён жа яе знішчыў яшчэ летам 1941 года і нават аб'явіў пра гэта на цэлы свет. А раз аб'явіў – так яно і ёсць. У сваё слова такія дыктатары вераць як у справу канчатковую і незваротную. Не, ва ўсім генералы вінаваты, іх бяздарнасць і здрада, бо не могуць жа «гэтыя рускія» гнаць «яго» армію, тым больш што Савецкай Арміі фактычна ўжо няма!

«Логіка» маньяка была дзяржаўным мысленнем фашысцкай імперыі, і не дзіўна, што і паплечнікі Гітлера разважалі і дзейнічалі ў тым жа кірунку. Калі справа, напрыклад, датычылася партызан ды і наогул усёй сітуацыі на акупаваных землях.

Улетку 1943 года Гімлер разаслаў начальніку карных груп, вышэйшым начальнікам СС і паліцыі Украіны, а таксама «сярэдзіннай Расіі» загад Гітлера пра тое, што «вобласці паўночнай Украіны і сярэдзіннай Расіі павінны быць ачышчаны ад усякага насельніцтва». Тут мелася на ўвазе і беларускае Палессе, якое немцы ўключылі ў «рэйхскамісарыят Украіны».

«Сярэдзіннай Расіі» ў немцаў ужо не было, а Палессе яшчэ трэба было нанова адваяваць – ад партызан, каб прыступіць да выканання гэтага чарговага людаедскага загаду. Але загад напісан, і фюрэры чакаюць, што нейкія сілы выканаюць яго дакладна. Былі ж сілы для гэтага…

Праз нейкіх 10 дзён Гімлер гнеўна паўтарае свой загад – бо штосьці сапсавалася ў «машыне», недакладна працуюць яе звенні і «шурупчыкі-людзі». I зноў былы аграном Гімлер выкладвае свае (і свайго фюрэра) ідэі пра барацьбу з партызанамі з дапамогай кок-сагызу. Але найперш – планы помсты насельніцтву, якое ўсё яшчэ жыве і збіраецца перажыць і «планы» гітлёраўскага Берліна, і саміх аўтараў усіх тых людаедскіх загадаў і намераў.

Рэйхсфюрэр СС Аператыўнае ўпраўленне №З9(168)4З 20 ліпеня 1943

САКРЭТНА

1. Начальніку паліцыі бяспекі і СД.

2. Начальніку карных груп па барацьбе з бандамі.

3. Вышэйшаму начальніку СС і паліцыі сярэдзівнай Расіі.

4. Вышэйшаму начальніку СС і паліцыі паўднёвай Расіі.

5. Начальніку галоўнага гаспадарчага і ўпраўленчага аддзела СС.

Пэўны час таму назад я выдаў загад аб тым, што на ўсходзе павінны быць усталяваны лагеры, у якіх мы будзем гадаваць дзяцей эвакуіраванага бандыцкага насельніцтва, рабіць з іх прыдатных да працы людзей, якія пазвей будуць уяўляць сабой добрую рабочую сілу для нямецкага народа. Як мне здаецца, вырашэнне гэтага пытання не надта пасоўваецца наперад. Разам з тым я атрымліваю ад начальніка паліцыі бяспекі і СД ад 10.7.1943 г. прапанову аб ізаляваным утрыманні жонак бандытаў разам з іх дзецьмі ў спецыяльным лагеры Траўнікі. Гэтая прапанова, на маю думку, не з'яўляецца рашэннем праблемы.

Я прашу адпаведных начальнікаў галоўных упраўленняў і обергрупэнфюрэраў СС разам абмеркаваць і правесці ў жыццё наступнае выдадзенае мною распараджэнне.

Фюрэр загадаў, каб бандыцкія тэрыторыі паўночнай Украіны і сярэдзіннай Расіі былі канчаткова і без астатку ачышчаны ад насельніцтва. Гэта павінна быць зроблена на працягу наступных чатырох месяцаў. У будучым гэтыя тэрыторыі трывала застаюцца недаступнымі для засялення бандытамі, таму што там яны не будуць мець нічога для пражытку – ні сховішча, ні харчовых прадуктаў. З другога боку, я думаю, што мы не павінны пакідаць гэтыя тэрыторыі неасвоенымі – у сэнсе атрымання пушніны і выкарыстання зямлі. Уяўляю сабе перш за ўсё дзве магчымасці.

1. З сіламі, дастатковымі для падтрымання бяспекі, мы займаем на некалькі тыдняў тую ці іншую тэрыторыю. Разам з намі прыбывае персанал ляснога ўпраўлення, а з ім – рабочыя-дрэвараспрацоўшчыкі. На працягу гэтых тыдняў праводзіцца вырубка ў ахоўваемых лясах, і, што, можа, самае лепшае, драўніна вывозіцца на нізкарослых рускіх конях: або на чыгунку, або, калі яшчэ стаіць лета, да водных шляхоў, па якіх яна будзе сплаўляцца.

2. На землях, якія акажуцца прыгоднымі, мы пачнём вырошчванне кок-сагызу або іншых раслін, якія нам могуць спатрэбіцца, але якія не ўжываюцца людзьмі ў ежу. Я маю на ўвазе, напрыклад, каноплі (не лён) ці алейныя культуры або развядзенне вярбы (для снарадных кашоў). Магчыма, знойдуцца і некаторыя іншыя такога роду расліны. Але перш за ўсё я думаю пра вырошчванне, пры наяўнасці добрай зямлі, кок-сагызу. У гэтым сэнсе тут можна было б ужыць спосаб дзеяння, як пры выкарыстанні лясоў для атрымання драўніны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю