355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Я з вогненнай вёскі... » Текст книги (страница 3)
Я з вогненнай вёскі...
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 10:00

Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."


Автор книги: Янка Брыль


Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 25 страниц)

– А мая ж ты, – кажа, – залатая жэншчынка! Не заязджай сюды, бо нашых ужо мужчын пабралі ў падводы. Учора, – кажа, – немцы пабралі ў падводы мужчын і сказалі: «Еслі ў вас, гэта, хто паявіцца… Сняжок чысты, і калі трапіначка будзе, дык гэта, кажуць, у вас партызаны былі. I вы іх корміце. Каб ні слядочка!» – I гаворыць тая жанчына яшчэ: – Яны вось, немцы, толькі што паехалі, на засаду паехалі. У нас тут между Дзёменкамі і Рабкорам цёмны ёсць гэтакі лес… Ну, дык на табе, – кажа, – спічкі, і вось так едзь. Там гумно, і там накладзеш агню. Адкрыта не кладзі, бо, – кажа, – немцы паехалі туды, на засаду ў Цёмнае. Ну, я ўжо ўзяла гэтыя спічкі, ехала, ехала… Стамілася – госпадзі! – нідзе мне не давялося перадыхнуць… Тады снег бальшы, бальшы быў, і дзяржала повярху, па сарачу[3]. Стаіць ёлка. Я туды спусцілася – пад тою ёлкай снегу няма, знізу яно сухое, галлё, наламіла я галля і ўжо наклала агню. I сяджу. Што мяне ўжо стрэціць – то і дзякуй богу. Не баялася смерці. Я думала, што ўсіх падрад уністажаюць. Ужо і не баялася».

«Я думала, што ўсіх падрад уністажаюць», «не баялася смерці» – звярніце ўвагу на гэтыя словы. Словы такія не раз будуць гучаць у расказах многіх, і яны шмат што тлумачаць. Чалавек, бачачы такое, пачынае думаць, што ўжо ўсюды, «на ўсім свеце» так…

«…Я сяджу, ажыдаю, ужо трохі і прыдрамала. А яму ў нагах агню наклала. А ён увесь халодны… Знаеце, і жывы, а ўвесь вот так дубам падымаецца. Усё патаму, наверна, што, гэта, кроў вышла. Увесь адубеў, як нада сагнуць, дык ён як прут, як кій.

Ну, гэта, сяджу, а патом чую шорах. Гляджу я – у белай простыні з вінтоўкай хто-та ідзе ка мне. Падышоў так недалёка, к самаму агню не ідзе. Спрашывае:

– Хто такі?

Ну, мне ўжо прышло ў чуства, што па-рускі гаворыць. А адазвацца я не адазвалася: проста адняло ў мяне мову. Ён пабачыў, што я хачу падняцца, а не падымуся. Ён падышоў, гаворыць:

– Жэншчына, вот жа радам гумно.

А ў гумне гэта былі партызаны. Ён падышоў, той партызан, да мяне, узяў мае санкі. Сказаў, што гумно ўжо вон радам, што будзем умесце. Прыцяг мяне туды, далі мне місачку, натапіла я снегу, трохі прапіталася. Есці-то нічога не ела, у мяне ўжо засохло. «Ну, – думаю, – дзякуй богу, што я ўжо к людзям прыбілася».

Ну, тут іх камандзір даў каманду збірацца. I я хацела саначкі прычапіць к возу. Не разрашыў той камандзір. Гаворыць:

– Нельзя. Мы паедам у разведку, узнаем, дзе ўдобнае месца на дзень, і тады прыедам, абагрэемся і паедам умесце. А з намі цяпер нельзя, атдыхай.

Я і падумала: «Я так стамілася… Калі яны прыедуць, дык чаго ж мне? Я аддыхну за гэтае ўрэмя». Гаворыць:

– Не тушы агню, агонь пускай гарыць.

Агонь бальшы-бальшы!.. Гэтыя паехалі партызаны, а мяне, дарагія, страх такі ўзяў!.. Ад'ехалі яны метраў трыццаць, а я стала гэтыя галавешкі выкідаць з гумна. Павыкідала, павыкідала… Гэты дым ідзе з галавешак. Увесь агонь гэты затаптала. Снегу місачкай нанасіла, затаптала агонь, у куточку села на санках у яго і сяджу сабе смела, ужо не баюся. Гэтак, можа, час пасядзела, факт той, што скора і дзень быў. Чую: гавораць… Думаю: «Ну вот, зра я агонь раскідала, стушыла. Едуць ужо мае друзья».

Пад'язджаюць вярхом і на лыжах. Немцы!.. I галавешкі гэтыя падкідаюць нагамі. Дым ідзе… Чэснае слова, не ўстаць мне вот!.. Падкідаюць гэтыя галавешкі, гергечуць, герчечуць. Глядзяць, куды след, і гэтыя следам, цёплымі слядамі – за партызанамі!..

Госпадзі, а ўжо Акцябр гарыць!.. Калі я выехала з Акцябра, у тую ж мінуту немцы – туды…»

Вольга Мініч далей пацягнула тыя саначкі, і мы з ёй яшчэ сустрэнемся – каля іншых вёсак, у іншым лесе…

А пакуль што нас затрымае памяць Тэклі Кругловай, затрымае ў пасёлку Акцябрскім, а потым павядзе па другім крузе пакут – у суседнюю вёску Рудню. Бо двойчы ў той дзень забівалі гэтую жанчыну, а яна засталася жыць, адна з тысячы… Цяпер ёй шэсцьдзесят пяць гадоў.

«…У мянераненыя, у маім доме, ляжалі. Партызаны. Ну, стаў калавур тут, ля нас. Ага, ляцеў самалёт тут вось, на Бунёў, забраў гэтых раненых. Партызаны мне сказалі:

– Ты глядзі, атрад выбіраецца, і ты за атрадам едзь, бо цябе разарвуць, як прыдуць, гэтыя немцы.

Ну, а я так думаю: «Як жа я пайду за імі, куды я пайду? Тут, кажуць, абнялі нас кругом, ацапілі…» Ну, я не пайшла з імі ды асталася дома.

Я не на гэтым месцы жыла – проціў завода жыла. Дык я выбегла ў гэты завод і ў дымавую трубу палезла. Ну, палезла я, там сядзяць нашыя мужчыны, у трубе ў той, чатыры чалавекі. Дажа адзін партызан быў, а тры такіх было. Муж мой на фронце, а дзяцей у мяне не было – дык я адна. Я ў тую дымавую трубу. Пасядзела я там, і прыходзіць, праўда, сусед. Грыб яго звалі. Прыходзіць ды гаворыць:

– Вы, – гаворыць, – вылазьце адсюль, немцы ахфішкі кідаюць і давацьмуць, гэта, нам чай і хлеб. Павылазьце, бо такія яны добрыя, гавораць, закурыць даюць. Вылазьце адсюль.

Гэтыя мужчыны ўзялі і вылезлі. Пайшлі яны, а іх там забралі ды ў клуб…

Я сядзела, сядзела ў той дымавой трубе, а далей думаю: «Пайду я перабяруся ўжо ў свой сарай». А нашы рабочыя сарайчыкі ўсе ў рад былі за заводам. Як я ўжо к гэтаму сараю падышла, так і немцы ўжо там, тавар прыгналі і паставілі. Між тых сараяў, цэлы табун. Ага, дык я думаю: «Пайду я стану каля гэтых кароў, што яны прыгналі». А там ужо чатыры мужчыны стаяць, што тыя каровы глядзяць. Дык я думаю: «I я паганю гэтыя каровы. Штоб хаця мяне не ўбілі, штоб яны мяне не пазналі, што я гэтае хаты хадзяйка». Бо яны пыталі многа ў каго і ў мяне таксама пыталі: «Не бачылі хадзяйкі вось гэстае хаты?» Гэта калі я бегла ў завод хавацца. Дык я сказала:

– Яна пайшла ўжо, гэстая хадзяйка, ужо няма яе. А тут я сама іду. Бо страшна ў той трубе, думаю,

прыдуць немцьі, бомбу якую кінуць, узарвуць гэты завод – і я тут пагінула. Так хоць дзе пагіну, дык будзе хаця слабадней, а то ў гэтым залезе…

Пайшла я ў сарай свой – немец! Толькі я ў сарай, ногу на бервяно паставіла лезці на вышку, захавацца ад іх, а немец – ка мне! Дык я ўжо за гэтую сваю кароўку, выгнала яе і стала ля тавару, думаю, што ён мяне не пазнае, дык і я паганю гэтыя каровы. У Глуск яны іх гналі. Але немцы падышлі, забралі мяне і пагналі перад сабою. Я думаю, куды ж яны мяне гоняць. Прышлі ў клуб і загналі мяне туда. Ну, у клубе мы сядзім, сядзім…

П ы т а н н е:

– А колькі вас было ў тым клубе?

– Сто дзевяноста. Гэта мужчыны так лічылі. Я ўжо ўзяла і кажу:

– Бабы, тут немцы нас паб'юць.

– Ой, не!

I Грыб гэты самы, што вызываў нас з трубы, тут ужо быў запёрты. Я і кажу:

– Яшчэ гэты Грыб прыходзіў быў, і сына свайго вызваў, і нас павызываў адтуль.

Дык ён кажа:

– Не бойся, твой муж на фронце. Сказалі, што ў каторых на фронце – тых не будуць расстрэльваць. Толькі партызанскіх сямей будуць. Будзе сабранне.

Ну, чакаем таго сабрання, калі яно будзе… Вот ужо і пяць часоў, а няма таго сабрання. А немцы ляжаць на адкосах жалезнай дарогі. I аўтаматы дзяржаць на гэты клуб. Дык мы во глядзім, глядзім у вокны, а яны ляжаць. З чарапамі… Тут у іх белае нешта такое, і вось тут такія нейкія нашыўкі, і такія во бутылачкі па баках, жоўценькія, як чацвяртушкі, былі. Яны бутылачкамі па гэтым клубе – шах! Клуб і загарэўся наш! Ніякага сабрання няма! Знадворку запалілі нас. Вот узялі так, пырскнулі на гэты клуб, і гэты клуб пайшоў гарэць. I вот адзін наш, ён у канторы работаў бухгалцерам, дык ён у акно, у раму як даў і вылецеў з сынам. Сын быў роўны з ім. I яшчэ жанчына. Нас пяць душ выскачыла. Ага, дык яны як ляцелі ключэм цераз гэтае акно, дык немцы па іх вочарадзь выпусцілі – тыя, што каля жалезнай дарогі ляжалі. Яны беглі ўсе, як гусі якія, ключэм, так яны ўсе і паляглі, гэтыя людзі. А я ззаду ў акно выпала, і тут канаўка ж была, і кусцікі былі такія. А пад акном вада, а зверху снег. Дык я, як ляцела, у канаўку і ўпала. I ляжала ў гэтай канаўцы. Каб на мяне гэты агонь быў, вецер, дык я б згарэла, усё роўна згарэла б у той канаўцы, але вецер кланіў туды, на склады, склады таксама гарэлі. Дык я і асталася.

А далей ляжала, ляжала, гэтыя ўжо людзі пішчаць, выюць, сабакі брэшуць… Даходзілі ўжо… Ой, на розныя галасы, не можна!.. Вот ужо зноў мяне пачало калаціць!.. Крычалі людзі на розныя галасы. Так ужо, гэта, у тым клубе…»

Пра самыя жудасныя хвіліны людзі з вогненных вёсак найчасцей гавораць адной-дзвюма фразамі: «Пішчаць, выюць… брэшуць…» Тут усё ў адно спяклося: і людскія крыкі, і трэск агню, і брэх аўчарак…

Ці раптам, пра тое ж:

«Тыя людзі – як заплакалі! Усялякімі галаскамі, як пчолы». (Марыя Кулак, Баравікі Слонімскага раёна.)

Ці яшчэ як… I замаўкаечалавек. Тутперапытваць, распытваць не будзеш. Толькі – доўгая паўза (як спазма), толькі вочы і твар чалавека, якога нанава пеканула памяць, а ён яшчэ і прабачэння просіць: «Вот ужо зноў мяне пачало калаціць!..»

«…Я ляжала, ляжала дый думаю… Пайду я ў Рудню, там жа ў мяне знаёмыя, можа, мяне хто скрые. Ці мо там жывыя людзі засталіся…

Устала я. Каб дзе кот, ці які верабей, ці што на свеце – усё… Гэта такая цішыня… А можа, я толькі адна на свеце асталася?.. Дык я думаю – няхай гэтыя немцы ці прыстрэляць мяне, ці што ўжо… Бо як я буду жыць адна на свеце».

Такое дзеецца, што чалавек ужо не верыць, што гэта толькі тут: мабыць, усюды, на ўсім свеце! I куды ні кінецца – сапраўды, тое ж, усюды сцяна з агню, са смерці…

«…А далей думаю: «Пайду я ў Рудню». Ні немцаў, нікога няма. Ужо ўсе паекалі адсюля, з Акцябра, – запалілі і паехалі.

Іду я туды цераз поле, уся мокрая, хустка мая асталася ў клубе, асталіся галошы мае з валенцаў у клубе, а гэта свае работы валенцы, дык яны ў вадзе расцягліся… З мяне пара ідзе ўжо, такая пара ідзе з мяне, усё роўна як з-пад воўны, як дым. Дык я думаю, мо я гару дзе, мо дзе ўпала на мяне гэта, галуза гэтая, з клуба. Я і так, і кругом сябе – не, анічога нямашака!

Прышла я туды без хусткі. Толькі я прышла, пад нейкі падышла сарайчык, і там маленькая хатка з краю. I стаю, чую – крык… Такі крык там, што, божа мілы, які крык! А яны ўжо з таго канца ўзялі і адтуль – гоняць ужо на гэты канец, пад саўхоз. Гоняць ужо гэтых людзей, бабаў усіх. I самалёты сталі па зямлі страчыць…

Я стаю пад гэтым хляўком, а далей, думаю, пагляджу, што яны тут робяць, што такі крык. Толькі я голаў тык з-за вугла, а немец якраз глянуў сюды, калі я зірнула. Дак ён ка мне ляціць: «А-а-а!» Як стаў мяне прыкладам! Шчоку рассек і губу ўсю парассякаў, і зубы ма? адзін за адзін заходзяць. Поўны рот крыві. Я ўжо вазьму так гэтую кроў, выграбу рукамі, ой, каб хаця дыхнуць!..

I пагналі мяне ў калхозную канцылярыю. Дык гэтыя людзі рудзеньскія таксама кажуць, як у нас казалі, што немцы будуць выбіраць: каторыя партызаны – расстрэльваць, а такіх будуць выпускаць.

Дык я кажу:

– Мае вы бабкі, ужо ў нас, кажу, зрабілі сабранне, ні аднае, кажу, няма. Усе, – кажу, – пагарэлі ўжо, канчаюцца там людзі. Ужо каторыя пішчаць, гавару, даходзяць, так што, кажу, не беспакойцеся, усім будзе адно.

Ну, і там нас дзяржалі, дзяржалі… Раней узяліся за мужчынаў, за тых, што ў другім будынку былі. У аднаго паліцэйскага немцы пытаюць:

– Дзе ў вас такі мужчына е, што ён можа па-нямецку гаварыць?

Вызываюць па імені, па фаміліі таго ўжо мужчыну. Падышоў гэты мужчына, з немцам нешта сказаў па-нямецку, а потым так яго ўзяў пад паху ды паставіў ракам. Немца таго. Дзед, а такі, знаеце, крэпкі! Дык яны: «А-ла-ла-ла!» А іх толькі тры немцы каля хаты было, каля нашай. Патрулёў, што нас пільнавалі па падвоканнем. О, ляцяць гэтыя немцы і таго дзеда ўзялі і забілі.

– Давайце другога, які можа па-нямецку гаварыць.

Вызвалі другога. Той – таксама, яшчэ ў старую вайну, быў у Германіі. Той гаварыў, гаварыў, дык яму трах! – пулю ў лоб.

Вот тады ўжо мужчыны ламанулі ў дзверы!.. Каб яны тады ламанулі, калі ён таго немца ракам паставіў, ды выхвацілі гэтыя вінтоўкі! Калі б яны зналі, што іх гэтак мала!.. Дык мужчыны ламанулі, і пяць чалавек выскачыла і жывыя асталіся. Па полі паляцелі.

Ну, пабілі мужчын, а тады скамандавалі возчыкам – мы ўсё чуем:

– Знімайце казачынкі, валенцы новыя і галошы новыя і шапкі.

I знімалі яны з пабітых шапкі і гэтыя казачынкі, наклалі тры вазы.

А далей давай нас… Паставілі, прывезлі яшчык і паставілі на яшчык пулямёт. На скрыню, што бульбу возяць. Прыдзе немец, вупхне якіх, значыцца, душы тры, чатыры, пяць – сколькі ён адсюль вупхне. Хто ж гэта хоча ідці пад расстрэл? Ну, матка, гэта, забірае сваіх, сем'ю вот ахватвае і падае, бо яны крычаць: «Падайце!» Матка сваіх дзяцей, якая там радня, – абнімуцца і падаюць. I яны з пулямёта строчаць…

Я ўсё так ззаду стаяла, не выходзіла, ага.

Так усе бачаць, глядзяць у акно, кажуць:

– Вунь мая дочка гарыць і ўнукі гараць!..

I вы скажэце – каб хто заплакаў…

Вот яны так тут расстрэльваюць, а тут калхозная пажарная была. Дык там мужчыны сядзяць. Жанчын аддзельна замыкалі паліць, адных, а мужчын аддзельна. Такіх хлапцоў, што большыя, дык туды, з мужчынамі, а малыя дык з намі былі. Многа ж бежанцаў было з усіх… Дажа каторыя з Бабруйска былі. Гэта ж ехалі сюды на сховазень, дзе партызаны жывуць. Ну, вот яны і папрыязджалі.

Ужо асталося нас толькі сем чалавек – усіх павыпіхалі. У палу шчэлі вялікія. Я гэта прышла ды рукі ў шчэлі ўсадзіла, ды раз – падняла гэту памасніцу.

– Бабы, сюда, – гавару.

I сама ўжо ў яме. Етыя бабы ўсе і ўбеглі ў яму.

Прышоў немец па нас ужо, па астальных, а мы закрыліся, у яме ў гэтай. Па астальных прышоў, а нас ні аднае душы няма. Гэтыя дзеці ў яме… божа мілы, – нарабілі крыку там! Еты немец адкрыў яму і прыкладам:

– Вылазьце!

Не хочуць. Хто хоча пад пулю лезці? Крычаць.

– Вылазьце!

Не хочуць, ага. Ён гэтым прыкладам у галовы біць. Вот і сталі вылазіць. Каторая не можа выйсці на двор, дык тут, над гэтай ямай, і папрыстрэльвалі, гэтых бабаў.

А я і яшчэ тут адна – у Рудні яна, і цяпер жыве, ага. У яе была дзевачка, такая маленькая яшчэ, паўтара года. I мы ўзялі падлезлі далей сюды пад брус. Я ўжо ўся ў крыві была, у пяску была, твар – у пясок, каб нам не кашлянуць… Вот мы ляжым ужо, нам чуваць – яма адкрытая, а яны ўжо ўсунулі галовы сюды, паглядзелі, ці, можа, яшчэ хто ёсць. Не відна ўжо, цёмна. Толькі месяц свяціў – добра помню. Дык яны паглядзелі ды тады на звозчыкаў на гэтых гавораць:

– Бярэце салому, кладзеце касцёр.

Гэтыя звозчыкі – яны ж падчыняліся, ведаеце, са страху, – сюды наклалі саломы, і ў гэтае памяшканне, і ў тое. А тады:

– Выдзірайце вокны!

Яны выдзерлі, сталы, дзверы пакідалі на салому.

– Запальвайце! Ага, запалілі.

– Вярчыце вярчэ[4]!

Яны парабілі гэтыя вярчэ.

– Запальвайце і кідайце ў яму!

Ён думае, а мо там людзі е, каб ета яны ўжо там пазадыхаліся. Асмальваецца на тых вярчах салома, а дым да нас не заходзіць. З ямы ўсё на хату выходзіць. I вот яны запалілі гэты касцёр…

Мы сядзім, сядзім усю ноч, а тут яны ракетамі свецяць – відна там у нас у яме, хоць іголкі збірай, такая відната. Што нам, бедным, рабіць? Божа мой мілы!.. Яны запалілі, і мы чуем, што страха ўпала. Але гэта не наша – гэта пажарная, а наш агонь узяў і патух…»

А побач, у пажарнай, адбывалася тое самае… У той пажарнай, і яшчэ ў двух дамах у Рудні, і яшчэ ў дзесятках, а потым у сотнях іншых вёсак Беларусі… Страшна перамнажаць такія лічбы, бо за кожнай з іх – чалавек і яго сям'я, яго маці, яго дзеці, браты, сёстры. Бо за кожнай – невымерны чалавечы жах, боль. Іх тысячы і тысячы – тых, хто ўжо ніколі не раскажа, за якіх расказваюць вось гэтыя людзі, вельмі і вельмі нямногія. А ў кожнага з тысяч загінуўшых было гэта, было так і яшчэ, магчыма, страшней, і ўжо не змогуць жывыя ўзяць на сябе хоць бы частачку тых пакут…

Пажарная стаяла недалёка ад калгаснай канцылярыі, дзе схавалася пад падлогу Тэкля Круглова, і вось што рабілася ў той пажарнай. Жыве ў новай, адбудаванай Рудні жанчына, якая і была там, у тыя страшныя гадзіны і хвіліны.

Ганна Іосіфаўна Гошка, пяцьдзесят гадоў.

«…Нас паставілі прама ў шарэнгу, на калхозным двары. Тады гэтых мужчын аддзельна. Тады за гэтых мужчын – раз, пагналі ад нас зусім, пагналі ў канюшню. А нас у пажарную набілі, бітком набілі. Пальца не ўсунуць туды. Загналі нас і паставілі немца над намі. Тых ужо мужчын ганяюць, бяруць па дзесятку і вядуць у другі сарай. З аднаго сарая ў другі вядуць… Немец сядзіць. I паставілі на лаўках пулямёт – прама сюды ў дзверы… Дык мы сядзім ужо ў гэтай самай… Там не сядзець – там не было як сядзець, там паздушваліся ўжо… А я на самых дзвярах. А са мной маленькая сястрычка. Я яе дзяржала з сабой на руках. Так сціснулі…

Праўда, я ўсё бачыла, як тых мужчынаў вадзілі. Тады мужчыны бачаць, што іх расстрэльваюць, і яны прама як выйдуць – дык і ў ход! Уцякаюць. Адзін у нас калека быў, кульгавы, дык немец, гэта, яго лупіць-лупіць!.. Каторых назад пазаганялі, а каторыя па полі пабеглі, уцяклі.

Тады жанчыны на гэтага немца:

– Пан, што гэта нас – будуць страляць?

Дык ён адразу махнуў. Нейкі немец быў, чорт яго… А потым:

– Не, матка, не, не, не!..

Ужо здагадаўся, мабыць, што людзі будуць уцякаць, ці чорт яго ведае…

А бабы гэтыя галосяць, крычаць. А гэтых мужчын ужо як пабілі, дык сталі там па вуглах чым-та ліць. I ўжо раптам загарэўся той сарай. Тады яны ўсе сюды, к нам. Падходзяць. Былі там, праўда, і паліцэйскія. Са Смыковіч тут у нас быў адзін такі, чорт яго… Дык адна жанчына ў яго пытаецца:

– Андрэечка, што гэта нам будзе?

– Нічога не будзе вам, – так гэты паліцэйскі. Праўда, ён за сваю матку, і той другі паліцэйскі таксама: забралі сваіх, з хлява, і з сабой павялі.

А нас, шасцярых дзевак і адну жанчыну, якая была ў нас дэпутатам, – павялі ў пустую хату. I іх прышло з намі тры немцы. Два, а трэці ззаду ішоў. Ну, мы ідзем туды… Ужо буду я гаварыць усё… Гаварылі, што яны здзекуюцца з дзяўчат. Ну, мы ідзем і пазгіналіся, каб не такімі маладымі здавацца. А той жанчыне, дэпутату, ён паказвае: «Садзіся!» Яна, праўда, не хоча садзіцца. Яна і сюды і туды, гэтая баба. А ўсе астатнія паўскаквалі: о божа, прашчаюцца са сваімі! А гэтай жанчыне як далі сюды ў затылак, так зразу яна і кончылася. А я ўзяла і ўпала зразу на падлогу.

Адстралялі нас і пайшлі абратна. Другіх прыгналі.

У трэцюю вочарадзь ужо я пачула – сястрычка мая ідзе. Яна ўжо так плача: відна ж ёй – я наверсе яшчэ. Яна прама мне сюды на ногі ўпала… Забілі ўжо ў трэцюю вочарадзь.

Тады я ўжо ляжала, чакала, не ведаю – чаго… I тут ужо столькі набілі! А потым – раз! – вокны павыбівалі і з кулямёта давай сюды біць. Ну, усё роўна мне нідзе не папала, толькі мне тут смальнула руку і рукаў прасмаліла. А людзі так ужо стогнуць! А я думаю, што мне рабіць, – ці мне вылазіць?

Я думаю, што ўжо ўвесь свет – нідзе на свеце нікога няма. I відна было, як Акцябр гарэў. Дык думалася, што ўжо ўсё…»

I зноў тая ж думка, што апаноўвала і Вольгу Мініч, і Тэклю Круглову. Калі гарыць усё навокал і такое робяць з людзьмі!.. Думка, адчуванне, што гэта, што гэткае, мабыць, усюды, на ўсім свеце пачалося, робіцца. Бо не ўкладваецца ж у розум – у нармальны, чалавечы. Не ведаючы пра той «план», што сапраўды быў для ўсяго свету складзены і прыхаваны, людзі інстынктыўна адчувалі яго дзікі замах. Побач, навокал пачынала працаваць страшная машына забойства, і простая жанчына з Палесся раптам адчула пагрозу цэламу свету, усім добрым людзям, і сваё нязмернае гора, сваю бяду вымярала ўжо тым, усечалавечым маштабам. Бо яна ж за ўвесь свет, за ўсіх людзей так зблізку ўбачыла, што гэта такое – фашызм, які пачаў на практыцы рэалізоўваць свае далёкія мэты…

«…Я гляджу ўжо – цёмна, так толькі месячко ўсходзіць, толькі пачынаў усходзіць. Тады, вот тут у нас старая была адна (яна памерла, здаецца, запрошлы год), дык яна:

– А мая ж ты, – галосіць, – дочанька, за што ж цябе забілі, хай бы лепей мяне!..

Гэта яна над сваёй дочкай. А я, праўда, тады адзываюся. А яна мне:

– А мае дзетачкі, ці гэта ты цэлая?

А я не ведаю, бо я ног не чуствую сваіх: народу столькі на мне. Знаю толькі, што галава мая цэлая. Ну, праўда, гэта жанчына, спасіба ёй, дапамагла мне вылезці.

А тут з намі ў гэтай хаце быў хлопчык адзін. Бацьку яго забілі ў тым хлеве, дзе былі мужчыны, а яго адзелі за дзяўчынку: бо гаварылі, што хлопчыкаў забіваюць. Дык яны ўзялі яго сюды, адзеўшы дзевачкай. А яго, беднага, параніла крэпка: растрапалі тут во, жывоцік, усё, усё… Дык ён, бедны, просіцца:

– Выміце мяне, каб я не гарэў.

А тут ужо ўсё гарыць. А ён просіцца… Мы, праўда, за яго і – цераз акно. I самі праз акно вылезлі. З гэтай самай жанчынай. I што ж – па нас яны сталі страляць, а мы так за дым гэты захіліліся і пайшлі. А тады былі хлявы, гумны, даўнія яшчэ. Старая гаворыць:

– Давай пабяжым у лес. А я гавару:

– Э, не, хадземце сюды, да вашай браціхі.

За рэчкай там яна жыла. А старая ўсё ў лес. Сядзім мы за гумном гэтым, і я гавару:

– Нікуды я не пайду, буду тут.

А потым бачым: людзі бягуць, дзяцей на плячах пруць – ужо з другой дзярэўні. У лес бягуць. Тады і мы…»

Згарэў пасёлак Акцябрскі, згарэла больш за восемсот чалавек у Рудні, а Вольга Мініч, а сотні такіх, што кідаюцца ад вёскі да вёскі, ад дрэва да дрэва, бачаць, як успыхнула ўжо і там, дзе Смуга, дзе Кавалі, дзе Лаўстыкі…

«…Каровы рыкаюць, – працягвае свой расказ Вольга Мініч, – тавар гэты, што застаўся дзе, сабакі брэшуць».

А ў Курыне, куды яна спачатку, пасля Хвойні, бегла ратавацца, адбывалася такое:

«…Як немцы былі ўжо ў Хвойні, дык нам сказалі, што яны паляць людзей, – расказвае жыхарка вёскі Курын Матруна Трафімаўна Грынкевіч. – Мы вышлі ўсе ў лес: і мацеркі нашы, і бацькі. А потым пабылі ўжо ў лесе да вечара. Ну што ж, ціха, ніхто не ідзе і не едзе. Прыходзім у дзярэўню, нас было трох: дзеўкі, дык іх няма ні аднае, а я толькі адна асталася. Мы ідом, і гэта ж яшчэ мо па шаснаццаць нам лет было, мы ішлі, паглядзеліся ў люстэрка на гарэ, а немцы ўжо кармілі коней. Мы яго з сабой неслі. Узялі ж у лесе і неслі. Ну, вядома, дзяўчаты. А люстэрка вялікае, – паглядзеліся… Падводчыкі потым казалі, што немцы бачылі, як мы на гары спыніліся і глядзеліся. Ну, дык мы і прышлі ў дзярэўню, а мая матка была дома. Яна кажа:

– Донька, уцякай, бо маладых забіраюць у падводы. Ну, ідзі, – кажа, – на Смуту. Не ў лес, а ў Смуту.

Ну, я і пашла. А там быў бацька. Мы пераначавалі там. Што ж, паўставалі, усе глядзяць. Кажуць:

– Хто ў Курыне дома, тых не займаюць. Ну, дык я кажу:

– Бацька, я пайду дадому, бо мацеры ж багата работы. Дык я ёй там што-небудзь памагу.

Пайшлі мы, нас шэсць чалавек пайшло. Мы прыходзім, у нас тут былі склады недалёка ад дзярэўні. Там стаіць ужо дзевяць немцаў, часавыя. Яны нас прапусцілі ў гэтую дзярэўню. Як мы ўжо ідом, дык мы бачым, што на свеце нідзе ўжо ні аднаго чалавека, акрамя немцаў, няма. Ішла жэншчына (яе потым спалілі, а сын яе інвалід і цяпер жыве), дык яны з яе знялі і галошы, наверна, шкада ім было, што ў яе былі гэтыя галошы на нагах. Ну, і яны ўжо вядуць нас у нашую кварціру. Мы прыходзім, і няма ўжо нікога-нікога. Я зайшла ў хату, дык віжу, што маці была ў хаце. Дык толькі вісіць яе хвартук на вешалцы.

– Недзе, – кажу, – людзей падзелі, бо іх няма.

А тады прыводзіць к нам пяць мужчын, нашых, курынскіх. Майго дзядзьку. Мы пытаем:

– Дзядзька, а дзе ж нашы мацеркі?

Ён кажа:

– Скора прыдуць.

Ён знаў усё, але ён нам не сказаў. Ну, а немцы аднаго старыка тут вельмі білі. Б'юць, б'юць, а ён сам быў з Хвойні, такі старэнькі дзядок, і з унучкаю. I паставяць яго ў куток, што малое дзіця. Старога гэтага.

А потым чэх[5] падышоў і кажа:

– Паненкі, яны вас паб'юць і папаляць. У іх, кажа, пастанова такая. Я б вас не біў.

Так нам кажа часавы. Дык мы заплакалі. Дык ён сабраўся і пайшоў. Пайшоў проста на дзярэўню. Ну, дык я кажу:

– Знаеце што, давайце будам уцякаць. Хай нас лепей паб'юць на ляту, як нам гэтае ўжо бачыць.

А яны, як ужо людзей палілі, – вывелі іх вон туды за гору, дзе вон гэты памятнік стаіць. А ў нас зачынілі аканіцы, у нашай той кварціры, каб мы не бачылі, а тады як загарэліся гэтыя людзі, дык ён прышоў:

– Ідзеце, кажа, ідзеце глядзеце, як гараць людзі. Гэта чэх быў.

Ага. Дык мы паглядзелі, заплакалі. Я кажу:

– Зачэм жа нам гэта яшчэ бачыць, як яны нас будуць жывых паліць, ды біць, ды яшчэ здзявацца будуць з нас. На ляту хай паб'юць.

Ну, і мы сталі ўцякаць… I нас уцякло шэсць чалавек. Толькі мой дзядзька, які нам гаварыў, што мацеркі прыдуць, ён ужо не змог уцячы… Сталі ўцякаць, і мы нікуды не ўцяклі, толькі два чалавекі забеглі на кладбішча, дык аднаго ранілі, а адну ўбілі на могілках і вяроўкай зацяглі ў агонь. А мы ўцяклі ўдваіх з гэтаю вот дзеўкаю. (Паказвае на немаладую сяброўку-суседку Любоў Мордус.) Ну, куды мы ўцяклі? Як сараяў у тыя гады было многа, – гэта цяпер у мяне толькі адзін сарай, а ў бацькі было чатыры, і клець, і стопка, і дзве хаты, – так такое ўжо было цеснае страенне, дык мы як выскачылі, па нас як сталі страляць!.. На хаце быў кулямёт. Пулі як ляцяць – дык яны ўдаль ляцяць, тут блізка ўжо не білі. Мы пакруціліся ўжо на гэтым на дварэ. Ды і за хлеў, ды і паселі. Адтуль хлеў, адтуль – суседні і наш. А адсюль такая куча гною. Немцы глядзелі і ў сене вілкамі шукалі. Бо яны зналі, што не ўсе. А мы за хлявом, як на смех, паселі. Уцякалі мы ў абед і даседзілі да ночы. Даседзілі, і ўсё адно ж нам ноччу няма ніяк уцякці. Крэпка месячная была ноч, і часавыя стаялі ля гэтых могілак – вот цераз тры шагі стаяў часавы. Мы выйшлі так вот із-за плота, паглядзелі: ну, мы ўцякці не ўцяком! А патаму што ў нас яшчэ не было і вопыту. Было б цяпер, дык мо б яшчэ, мо б паўз які хлеў, мо б далей прайшлі. А то мы сядзім. I я, мабыць, са спуду праспала ўсю ноч. Яна мяне будзіць. Кажа:

– Моця, не спі. А я кажу:

– Я не буду.

А як толькі скажу – і сплю. Наверна, са спуду. Ага, яшчэ ўвечары (яшчэ ж забыла!), увечары, калі сцямнела, прывялі расстрэльваць гэтых самых людзей, што ў хаце былі: мужчын, шэсць чалавек. Ну, і іх ужо стралялі, дык як выстрал дадуць, ну, дык мы сядзім, толькі так рукамі ўзялася за вочы. Гэта ж пуля, бывае, ляцецьме, бо іх расстрэльваюць у гэтым хляве, каля якога мы сядзім.

А потым прынеслі дзіця, можа, два годзікі. Што засталося ў нашай хаце. Такое, як наш вось гэты хлопчык. Дык тое дзіця, на яго ўжо выстралу не было. Што яны яму зрабілі, я вам ужо сказаць не магу. Яно ўжо толькі дзяціны голас правяло… А выстралу не было. Яно і згарэла ўжо ў том нашым хляве. I тыя мужчыны.

А мы даседзілі да рання. I ўжо ранне, стала развідняць, і сталі выязджаць яны і загадалі падводчыкам лавіць курэй. I гэта кура як бегла – паміж нас. I сядзіць. I мы сядзім. Ну, мы прытварыліся за ўмірушчых ужо, мы жывыя не былі ўжо, як гэтыя ішлі. Яны былі свае людзі, але мы ім не аб'ясніліся, што мы жывыя. Вот так адна сядзела навалена з адной стараны, другая – з другой. Тады ўжо дыханне прыцішылі і сядзелі, як яны прышлі. Яна ўзялі гэтую куру паміж нас, ну і пайшлі. Пайшлі, а тады вядзе другога. Вядзе другога, дык я на яе і кажу:

– Люба, вот цяпер ужо наша смерць будзе, вядзе ўжо немцаў.

Яны прыходзяць, пасталі дый кажуць адзін на аднаго:

– Вот, – кажа, – валяюцца бедныя людзі! Дзе ні зірні, дык там і ляжаць.

Ну, мы ўсё роўна нічога не сказалі. Мы як ляжалі, ну, ім не аб'ясніліся.

Ну, немцы сталі выязджаць. I як даедуць ужо сюды да кладбішча, дык ужо выскажуцца і ў ладкі пачэпаюць. Што ўжо спалілі партызанаў, давольныя. А тады наязджаюць ужо другія, тыя ад'язджаюць, а гэтыя наязджаюць і ўсё: выкажуцца і ў ладкі гэтак. Яны выязджалі да абеду. Так іх было многа.

Ну, а патом яны ўжо выехалі, дык мы ўсталі, дык я мо тры разы ўпала. Ведама, усю ноч сядзелі, наверна ж, ногі і пазаклякалі, дык я ўпала тры разы, покуль адышла ад гэтага месца. Сабраліся мы і пайшлі. Паціхоньку апяць на тую Смугу, дзе і былі. Мы не зналі, куды ісці. Ну, і пайшлі. А яны ехалі вакруг і не займалі нас, хоць і бачылі, што мы ішлі. Ну, яны тожа думалі:. «Ідзеце, вы апяць пападзецеся. А ў гэты самы агонь».

Ну, мы і пайшлі. Прыходзім мы ў тую Смугу, там быў мой бацька. Ну, усе пытаюць, мы ім расказалі, што людзей ужо спалілі, ужо ўцякайце ўсе. Ну, дык ніхто ж не змог: усюды паляць… Запалілі Кавалі. На гэтым маменце. I гэтыя ж мужчыны паўзлазяць на крышу, глядзяць і бачаць, як лаваюць дзяцей і кідаюць у агонь… I не змаглі ніхто ўцякці. Ну, мы яшчэ там адну ноч пераначавалі з Любаю, гэтай самаю… Яна цяпер жанчына, тады мы былі дзеўкі. I бацька мой з намі. Ну, ноч пераначавалі… Патом уранне ўсталі, і я кажу:

– Знаеш што, бацька. Пайду ж я зноў пабачу, дзе маш згарэла.

Ён кажа:

– Не ідзі, ты ўчора пайшла, дык у такую бяду папала.

– Не, – кажу, – пайду. Пайду, не буду тут… Што-та ў маёй душы чуствуецца, што не хочу я быць тут.

Ну, дык ён кажа:

– I я пайду.

– Не ідзеце, тата, бо вы слабыя, вы не ўцячэце, а я ўсё адно ўцяку.

Усю вайну жыла і чуствавала ў сэрцы, што я ўцяку ад немцаў. Ну, і пайшла. Кажу на гэтую дзеўку, Любу:

– Хадзем зноў з табою, ці мо застанемся, ці нас паб'юць, але хадзем зноў.

Толькі мы прыходзім сюды на гэтае селішча – тут і яе бацька быў, і мой, на краі жылі. Не прайшло мінут пятнаццаць, як гэтыя немцы акружылі Смугу і спалілі ж на гэты мамент.

Ідуць партызаны. Мы пасталі: думалі спачатку – немцы, зірнулі – пазналі, што гэта ідуць партызаны. Вось гэты мельнік Парфім, ён і цяпер жывы, ён за лесніка. Ён прыбягае к нам і пытае: як, што, як уцяклі? Ён ускочыў тут на драбіну і кажа:

– Дзеўкі, не ідзеце, бо гарыць Смуга з людзьмі, а ідзеце ў такое і такое месца, у лес. Ідзеце, – кажа, – вось за тым мужчынам, ён вас завядзе, дзе нашы сем'і.

Мы толькі выбеглі з ёю на гэтую вось гору і бачым – бацька мой бяжыць з лесу, са Смугі. Ну і разам пабеглі мы…»

Хвойня, Курын, Смуга, Акцябр, Кавалі… У Кавалях па два, па тры чалавекі бяруць з хаты, каля хлява: «Раздзявайся!», затым: «Лажыся!» – і ўсё, каб радочкамі, каб галовы людзей ляжалі на спінах забітых раней… Агонь, смерць, жудасць коціцца па вёсках усё далей – Лаўстыкі, Карпілаўка…

Частка людзей у лесе, іншыя, не ведаючы, як лепей, куды ім кінуцца з дзецьмі – бо ўсюды, здаецца, тое ж, па ўсім свеце! – трымаюцца хаты, суседзяў. Спрадвеку так больш надзейна было. Але тут пачалося, абрынулася на свет, на людзей нешта такое, да чаго нармальны чалавечы вопыт ужо не стасуецца…

«…Яны з Курына прыехалі к нам, – успамінае Ганна Сяргееўна Падута з вёскі Лаўстыкі. – Ну, мы дома сядзелі, гадалі, а потым партызаны нам саабшчылі, што паляць, што ў Курыне спалілі ўсіх людзей, жыўём. Ну, мы паўцякалі ў лес. Пастаялі ў лесе. А патом ужо… Дымы з печак, з труб ідуць усюды – у Акцябры, у нас. Ну, дык мы вярнуліся назад, бо страшна ж у лесе, што зловяць, і холадна. Толькі мы дадому – і немцы сюды, разведка іхняя. Ну, у нас мужчыны былі старыя, дык яны:

– Вынесці стол, тое-другое. Можа, пакаянне ўжо будзе.

Ну, нашы бабы… Дзе ж тут, як бабы. Вынеслі стол, а яны кажуць:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю