355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Я з вогненнай вёскі... » Текст книги (страница 22)
Я з вогненнай вёскі...
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 10:00

Текст книги "Я з вогненнай вёскі..."


Автор книги: Янка Брыль


Соавторы: Алесь Адамовіч,Уладзімір Калеснік
сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 25 страниц)

«У цябе няма сэрца, нерваў, на вайне яны не патрэбны. Знішчы ў сабе жаль і спачуванне – забівай усякага рускага, савецкага, не спыняйся, калі перад табой стары ці жанчыны, дзяўчынка ці хлопчык, – забівай, гэтым ты выратуеш сябе ад пагібелі, забяспечыш будучыню сваёй сям'і і праславішся навекі».

Пазбавіўшыся ад таго, што чалавека зрабіла і робіць чалавекам, ад таго, што называлі яны «гуманнымі і навуковымі забабонамі», фашысты сталі нават не звяр'ём, як з горыччу называе іх Алена Булава, а нечым яшчэ больш дзікім і непараўнаўча больш небяспечным. Прэтэндэнты на званне «звышчалавека» парабіліся «звышзвярамі»…

…На высокіх комінах – прозвішчы забітых фашыстамі сем'яў. Коміны гэтыя – на месцы былых хат, двароў, яны ўзвышаюцца на пагорках і звонам, такім вечным, але і такім сучасным, трывожна-сённяшнім, як бы вымерваюць глыбіню, самыя глыбіні чалавечых душ – тых людзей, хто жыве сёння, хто прыйшоў, прыехаў сюды. Гэтак гукам вымерваюць глыбіню акіяна. А прыходзяць, прыязджаюць сюды і дзеці і старыя, з-за Урала і з Захаду, з Польшчы, з ФРГ, са ЗША… I людзі з іншых беларускіх Хатыняў, зямля якіх тут пахавана ці назва якіх напісана на хатынскай сцяне, а таксама з тых беларускіх вёсак, назвы якіх не абазначаны, але лёс якіх – таксама хатынскі…

I кожны чуе гэты звон, і ў кожнага – сваё рэха, свая памяць пра мінулую вайну. Свая ці сваіх бацькоў, дзядоў…

Але пасля Хатыні яна робіцца вастрэйшай, павінна такой рабіцца – чалавечая памяць. Бо тое, што адбылося тут, што рабілася ў беларускіх вёсках, датычыцца ўсіх, і пра гэта павінны ведаць усе. Бо лёс у чалавецтва – адзін. Будучыня ў чалавецтва – адна.

Гэта па-асабліваму адчуваюць тут, у Хатыні, многія.

«Цяжка адчуць поўнасцю глыбіню пакут другога, калі сам не зазнаў бязмежнасць трагедыі, – піша амерыканскі журналіст Майкл Давідаў. – Я прыйшоў да вываду, што дадзеныя аб цяжкіх выпрабаваннях Беларусі выходзяць за межы маёй здольнасці спасцігнуць і ўсвядоміць трагічнае. Чацвёртая частка яе насельніцтва забіта, і восемдзесят працэнтаў яе тэрыторыі ператворана ў попел. Як уявіць такое? Гэта было б падобна да цяжка ўявімай карціны: больш за пяцьдзесят мільёнаў амерыканцаў забіта і ўся наша краіна разбурана, за выключэннем яе ўсходняга ўзбярэжжа».

У нямецкага фашызму былі свае маскі. Часовыя. Адна – для Францыі. Другая – для Нарвегіі, трэцяя – для бельгійцаў. Яшчэ адна – для славакаў ці балгар…

Сапраўдны, без маскі выскал гітлерызму бачылі ў схаваных за калючым дротам Майданаках ды Асвенцімах…

Але чым далей германскі фашызм забіраўся на ўсход, тым менш ён хаваўся за маску «еўрапеізму». Тут ужо ён выйшаў з-за калючых дратоў, выпаўз з гестапаўскіх сутарэнняў, тут ён адкрыта кінуўся на вёскі і гарады – на мільёны людзей, на дзяцей, на жанчын і старых, на беларусаў, украінцаў, рускіх, на ўсіх, хто па іх тайных планах не павінен жыць, «займаць жыццёвую прастору»…

«Наша задача не ў тым, каб германізаваць Усход у старым сэнсе гэтага слова, г. зн. прышчапіць насельніцтву нямецкую мову і нямецкія законы, а дамагчыся таго, каб на Усходзе жылі людзі толькі сапраўды нямецкай, германскай крыві», – ужо адкрыта, у друку, выказваўся Гімлер у жніўні 1942 года.

Але і гэта, як ні шырока, як ні жудасна маштабна такое рабілася – і яно было толькі пачаткам. Калі мець на ўвазе фашысцкія планы «канчатковага ўрэгулявання» ў маштабах цэлых кантынентаў…

Што рыхтаваў свету, чалавецтву фашызм у першай палове XX стагоддзя, аб гэтым сёння людзі ведаюць.

Але жывуць сярод людзей тыя, хто можа расказаць, як гэта рэальна было і як гэта было б, калі б здарылася самае жудаснае і фашызм вырваў з рук чалавецтва будучыню.

Што б мы ні ведалі, ні чыталі пра фашызм, гэтыя людзі фашызм убачылі бліжэй за нас, убачылі зусім ужо зблізку, – выскал «звышзвера» ў той момант, калі ўжо нішто не стаяла паміж фашыстам і яго ахвярай і той адкрываўся ўвесь, з усім, што ў ім было і чаго больш не было…

Хатынь – сімвал забітых фашыстамі беларускіх вёсак. Тут загінула ў агні 149 жыхароў. У другіх Хатынях – больш, у некаторых – менш. Чым вымераць пакуты нават адной сям'і, дзе боль маці, бацькі ў мільён разоў памножаны на боль і жудасць іх дзяцей, якія побач… Спытайцеся ў любой жанчыны: колькі чалавек забілі ў вёсцы? – і заўсёды пачуеце, што «шмат! шмат!». Ці тысячу, ці сто, ці дзесяць забілі, спалілі – гаворыцца з аднолькава вялікім болем, вострым шкадаваннем. Гэта – народнае разуменне, адчуванне, стыхійна гуманістычнае.

А калі не адна, а сотні сямей – 1843 чалавекі! Як у вёсцы Боркі.

Гэта была вялізная вёска на Бабруйшчыне, а дакладней, некалькі вёсак-пасёлкаў, якія аб'ядноўвала жыццё аднаго калгаса.

А ў той ліпеньскі дзень 1942 года іх аб'яднала смерць.

У цяперашніх Борках, пасляваенных, жывуць зусім іншыя людзі. I толькі некалькі чалавек – з ранейшых, забітых. Яны вам і раскажуць, як было ў той дзень.

Некаторыя і сёння задыхаюцца, як ад невыноснага цяжару, калі пачынаюць свой расказ. Ад немаладой ужо, хваравітага выгляду жанчыны Марыі Піліпаўны Закадыніцы мы пачулі ўсяго некалькі фраз: не хапае чалавеку дыхання, каб сказаць яшчэ нешта. Памяць сціскае горла…

«…Я ўжо не магу нават і гаварыць, што не яны дужа і білі, і хлопчыкаў маіх. У мяне трое было… Дык я кажу: Не хадзіце за мной…» Я ўжо гэтых дзяцей кідаю на беразе, а сама ў возера, у ваду, дзеці гэтыя плачуць, а я ў ваду, ну, думаю, утаплюся, і ўсё. Не, потым дзяцей гэтых узяла і ляжу, ляжым, а аднаго ў руках дзяржу, як бачым: ідуць зноў немцы…

Не, не падышлі. I я ляжала, ляжала…

Пытанне: – Аяны хадзілі з хаты ў хату?

– Бяруць і ў хату, калі на дварэ' – і ў хату! I ў кожнай хаце так. I маю сястру, і маці, і ўсіх маіх… А потым хаты спалілі. А потым у лес пайшлі, хто застаўся, і там жылі, дзеці мае траву елі.

Багата людзей пабілі, ой багата! Шчытайце, усю дзярэўню».

У Анастассі Іларыёнаўны Касперавай і здароўя трохі застаяося, і бачыла яна больш. Памятае жанчына надзіва дакладна і многа. Ясныя вочы, светлы адкрыты твар, расказвае яна гучна, нараспеў – і чым далей, тым гучней…

«…Ну, як началося… Мы ляглі спаць. Вутрам мая мама вышла на двор і гавора:

– Знаеш што, дачка, узбудзі хазяіна.

А мой хазяін, калі едуць немцы, – мы жылі на тым пасёлку, – удзірае. Гэта мой хазяін устаў, выйшаў на двор, заходзіць назад у кварціру і гаворыць:

– Ужо нельзя ў лес выйсці. Ужо ацапілі кругом нас.

Ну, мы ўжо і сядзім. Толькі вутра стала – сяйчас матыцыкл ідзе па вуліцы. Проста адзін так. Абыйшоў усе пасёлкі. У нас тут, мусіць, сем было іх, пасёлкаў. Ён вакруг усе і абыйшоў. Я кажу:

– Што-та будзе. Мой хазяін кажа:

– Гатуйце вы снеданне.

Ну, мы ў печы запалілі. У мяне трое дзяцей было, хазяін і мама. Я пайшла па ваду, узяла вядро, а калодзеж во тут у нас. Цягаю ваду – што-та паўз мяне пулі свішчуць: «і-і-і-і», вот проста: «ці-і-ў!» Яны, мусіць, на апушцы лесу былі і мяне ўжо бралі ў бінокль і па мне, мусіць, стралялі. Ну, я набрала вады і прышла.

– Знаеце што, прама на мяне страляюць. Проста пулі паўз мяне ціўкаюць! Ну што ж, – кажу, – у нас ужо так было, што людзей бралі, можа, зноў будуць браць, можа, куды зганяць будуць?..

Саветуемся ў кварціры, не знаем што. I відзім: па той дарозе, з таго Дзяржынскага пасёлка народ ідзець. Паліцэйскія вядуць свае сем'і…

Пытанне: – У вас паліцэйскія былі ў Борках?

– Гарнізона не было, а паліцэйскія былі. Тут яны сабіраліся, свае і адусюль. Тут ужо яны хаваліся, ці не знаю, баяліся партызан. Хаваліся дзе па хатах.

Ну, дык мой хазяін кажа:

– Павялі дзяржынскія паліцэйскія свае сем'і. Патом мы чуем, што палучыўся выстрал у школе.

Каля школы такі выстрал, што проста страшна! Мой хазяін вышаў на вуліцу і другі сусед. Сядзім. I сяйчас ідзе машына. А ў мяне етая, ятроўка, як вам сказаць, гуляе, дык ятроўка кажа:

– Знаеце што, мусіць, і нас паб'юць.

I прышоў яе мальчык. I абутыя ногі яго ў лапцях, у гэтых, у разінавых. У вайну абувалі ў разіну. Дык яна кажа:

– Сынок мой, сынок, што ж ты ў гэтую разіну абуўся. Твае ж дужа будуць ножкі доўга гарэць. Ў разіне.

А я кажу:

– Што ты гаворыш, Вольга, што ты гаворыш! – кажу.

– Чуствуяцца, што будзем гарэць, што нас паб'юць.

А я ёй кажу:

– Не-а!

Вот скажэце: можа, сэрца… Я вот як чуствую, што жыва буду. Я ёй адвячаю:

– Мы, – кажу, – жывы будзем. А яна кажа:

– Я чуствую – паб'юць.

Пытанне: – А колькі таму хлопчыку было?

– А лет так, можа, восем. Тады, бачым, машына прыходзіць. I адразу гэта машына паварачваецца арудзіем, ці як яго. I мы так гэта заплакалі і кажам:

– Ой, будуць біць, біць, мусіць, па дзярэўні. Спугаліся. А мая свякроўка кажа:

– Пайду, мусіць, яны па яечкі прышлі, дык пайду я, – кажа, – хоць яечкі сабяру ды аддам ім.

Ужо адкупліваліся. Душу… Яна пашла, і ета з хлопчыкам – услед. Як яны пашлі, і к нім пашлі тры немцы. I ў іх, у свёкра палучыўся выстрал. Мы во так, як за частаколам, жылі. Як палучыліся выстралы ў іх кварціры, мы плакаць усе сталі.

– Не плачце, – кажа мой хазяін. – Гэта не па вас машына прышла, а па мяне.

Ён думаў, як раней забіралі.ў нас мужчын у лагер, так і цяпер. А я яму адказваю:

– Па каго яна ні прышла, а нам усё адно плакаць. Тады ён гавора:

– Ну, пільнуйма, можа, гэта яны курэй б'юць. Можа, у хляве кабана, вышлі, б'юць.

Не-а, і кабан выскачыў, і куры ходзяць. Не, свёкра сям'ю пабілі. I сяйчас як пабілі – ідуць утрох к нам. Вот жа радам так. К нам прышлі…

Гэта – як каму жыць нада. Ідуць, і мы так усе рукі стала ламаць, што ўжо трэба расстацца з светам з естым, ідуць жа… Падышлі к калітцэ к нашай і так нешта цоп… Не, не так. Ішлі яны і нешта вярнуліся на ганак. Мусіць, там яшчэ не забілі душу. Мы ўжо понялі самі пасля. Яны гэта… Душа адна… Ета дзевачка, яна, мусіць, як аджыла – прыглушылі, ці што, – яна заплакала. Назад вярнуліся, і чую – выстрал палучыўся, – яны дабілі етую дзевачку. I пайшлі назад. А мы ўсё адно стаім, дажыдаем. I самі расцяраліся і не знаем, што дзелаць. Патом ідуць яны назад – прама к нам у калітку. Ідуць і сталі ля каліткі. А мы так на іх у акно смотрым, а яны на нас – і так плачам мы! Патом яны нешта… А задні адзін загергетаў, па-нямецку гаварыць стаў – і пашлі назад цераз вуліцу. Бо там крайні астаецца яшчэ двор. Яны мінаюць яшчэ двор. Дык яны пайшлі ў той двор, а ў тым дварэ, мы знаем, што нікога няма, там ужо выйшлі, уцяклі з таго двара. Дык я кажу… Не, ён кажа:

– Валечка, – гэта ў нас дачка, – схадзі паглядзі, што ў дзеда ё.

Яна пайшла – яна не магла атцу адмовіць і пайшла. Гэта калі яны пайшлі ўжо. Паглядзела: а там усе пабітыя, дзевачка тая, мусіць, хацела ў дзверы, яны яе тут і ўбілі. Як бяжыць наша Валечка:

– Татка мой!.. (Лезець цераз забор і так во!) Папачка мой!..

Паказвае нам: уцякайце! Ускочыла ў хату:

– Пабілі ўжо ўсіх, папачка, у дзедушкі. Уцякайма, папка!..

А дзед, кажа, ляжыць каля стала, і так цераз усю комнату кроў цячэ…

Я ў ету руку ўзяла хлопца, а ў ету – дзеўку і пайшла. I заходжу ў суседні двор.

А дзеці ж пабачылі ўжо бітых, дык яны:

– Мамка наша родная, спасі нашу жызнь, дзень нас дзе.

Кажу:

– Дзеткі мае, жыта малое, ні быльніку нідзе няма яшчэ, дзе ж я вас, дзеткі, схаваю.

Позняя ж такая вясна была. Яно не парасло яшчэ нідзе нічога. I кажу:

– Я не магу вас, дзеткі, схаваць… Як сумееце, так і спратайцесь.

А жана таго суседа просіцца ў свайго:

– Уцякайма! Уцякайма! Сенечка, уцякайма! А ён гавора:

– Не, нікуды не пайдзеш, – і ўверчвае рабёнка, платок вязаны бальшы, а на нас кажа: – А вы выйдзіце.

Ну, як «выйдзіце» – можа, і нас пабілі б там разам з імі – ну, як «выйдзіце», мы і пайшлі. За гэтых двое дзяцей і пайшла. Разламіла гэткі высокі частакол, пералезла з дзецьмі, цераз адзін двор выйшла на вуліцу. Там стаіць жэншчына.

– Цётачка, – кажу, – нашых бацькоў пабілі, а куды ж мы дзенемся?

А яна кажа… Ваабшчэ, нарвалася на самастаяцельную жэншчыну. Яна кажа:

– Знаеце што, пабяжымо ў лес, я пабягу па сваіх сыноў, і пабяжым у лес.

– Ну, – кажу, – пабяжым.

Я яшчэ ў двор зайшла, яшчэ зайшла, заходжу ў гэты двор – гоняць мяне з гэтага двара:

– Ідзі, ідзі ад нас!

Уродзе гэта іх паб'юць за маіх дзяцей. Я кажу:

– Мне ўжо далына некуда ісці. Я ўжо нікуды не пайду. Я ўжо астаюся ў вас.

Яны выскачылі, паглядзелі, а ў іхняга дзядзькі – цераз вуліцу так жыў – восьмера душ сям'і… I там етыя дзетачкі і матка выйшла і селі на агародзе сваім і вот так ручачкамі прасіліся, парасстаўлялі, а ён іх вот так падрад страляе, страляе – усіх пастраляў… Дык хазяйка пабачыла гэта, ускочыла ў двор і гавора:

– Ну, уцякайма цяпер, цётка!

Яна гнала мяне, а гэта бачыць, што робіцца, дык і яны: «Уцякайма!» Сабраліся, вышлі. Дык і тая жэншчына, што па сыноў пабегла, ідзе, і дачка мая большая бяжыць. А там вада была такая, яміна бальшая, дык яна, мая дачка з яе сынам, упалі ў гэтую яму ды давай тапіцца, а яна стаіць ды кажа:

– Не тапіцеся, дзеткі мае, не тапіцеся!

А немец як пастраляў тую сям'ю, давай па іх біць. Яны тады з вады тае ды да нас, дзе я. I мы ўсе – уцякаць.

Пытанне: – Яны самі тапіліся, хацелі ўтапіцца?

– Самі ўжо ўтапіцца, са страху, дзеці гэта нашы, а маці: «Не тапіцеся, дзетачкі мае, кажа, вылазьце». Дык немцы сталі, гэтае, страчыць, адтуль… Ну, мы папрашчаліся ўжо тутка на дварэ, яны са сваімі і я са сваімі, мы прашчалісь, бо нас жа ўжо паб'юць. Ужо з естай стараны машына, і ўперадзі часавыя стаяць на апушцы лесу.

Пытанне: – Ачутно, што ўсюды страляюць?

– Страля-я-юць! Па ўсіх пасёлках стральба ідзе…»

Забіваюць. Сям'ю за сям'ёй. Хату за хатай. Машына працуе, машына, кожны шурупчык якой – таксама быццам бы людзі. Ідуць па вуліцы двухногія, прыглядаюцца, каб не прапусціць хату, «душу» – старанна працуюць. Аб нечым жа паміж сабой размаўляюць на чалавечай мове, і ў кожнага ў чарапной каробцы 10 млрд. клетак мазгавога рэчыва. Усе «законныя» дзесяць мільярдаў.

«…Прыходзяць у хату, – сведчыць, успамінае Ганна Мікітаўна Сініца, – а ў нас так былі дзве хаты і адны дзверы вот так сюдой выходзяць, і тут печка. Дык як мама ля печкі бралася ўжо нам снедаць даваць, стаяла, і яны ўвайшлі толькі – іх тры ішло к нам, – і так адзін з вінтоўкі выстраліў. Выстраліў у яе. А я стаяла во так – за дзвярыма ў другую палавіну, – ім не было як мяне ўбіць, дык яны як у яе выстралілі, а яна перайшла яшчэ ў тую хату і цераз парог упала. Толькі: «Дзеткі!..» Як яна ўжо ўпала, я тады закрычала і ўзляцела на печ. Ужо ж дзецца негдзе. Я на печ, і етыя за мной – браціха з дзевачкай, і суседняя дзеўка, і сястра мая. I я павалілася паўз сценку так во, а тады паўз мяне сястра, а етыя ўжо так – на нас паляцелі. Пулі разрыўныя былі – сталі ля печкі во так, сталі і стралялі. Прама на печ стралялі. Адзін – з краваці. Ну што – пастралялі, пастралялі, тады буфет у нас гэты быў. Яны ўсё па століках лазілі. Што ўжо яны шукалі, я не знаю.

Як яны вышлі з хаты, так я тады: што мне, думаю, здзелаць. А ў нас вакол печы быў ход – бацька ў нас столяр быў, дык ён там доскі лажыў і ўсё, вокны дзелаў. Я яшчэ не думала, што яны будуць паліць, дажа і не думала. А баялася, што з печыбудуць скідаць гэтых бітых. Дык дай я залезу за печку. Лягла ў гэта запечча. Тады думаю: не, не буду я тут, а то мяне тут заб'юць. Я думала, што гэта наш адзін пасёлак паляць, а дзед жа тут жыў на Хватаўцы… Дык я думаю: дзед прыдзе і ён тады мяне забітую не найдзе тут. Тых панаходзе, а мяне не. Вылезу я назад. Праўда, я зноў вылезла, на сваё месца лягла. Ну, і ляжу.

Прыходзяць зноў гэтыя немцы. Зноў па хаце гэтымі сваімі падковамі – ходзяць усё, ходзяць. Што яны шукалі? ІІраўда, адзеяла ў нас было пухавое. Забралі яго адразу. А так яшчэ нічога тады не бралі. Патэфон стаяў. Паігралі, нашу пласцінку паслухалі: «Полюшка-поле» была пласцінка. Пасвісцелі і пайшлі.

Паляжала, паляжала. Думаю – не, буду неяк выбірацца. Яны ўжо хату паадчынялі, хлеў адчынілі, карову выгналі. Паглядзела я ў адно акно, у другое…»

Якаў Сяргеевіч Стрынатка – памятае, сведчыць:

«…А стральба: та-та-та!.. Патом гляджу: ідуць двое ў суседні двор. Не – тры немцы. Яны Уладзіміра гэтага, Дабравольскага, за каўнер і ў хату. Я гавару:

– Што такое?

Ну, яны там ужо страляюць вочараддзю.

Пастралялі, патом другая хата была, новая. Бачым, пайшлі ў тую хату. Там пастралялі. Ну, і бачым – сюда ідуць.

Вот яны прыходзяць сюда. А мы як сядзелі: хазяін за сталом, я – р-раз адскочыў ад яго, каб адлучыцца. Сеў на пасцель. Чуем, яны ўсё: га-га, га-га. А ў хаце філонскія дзверы. Адчыняюцца. Ён старуху – сюда, патом як піхнуў, яна бегла, бегла, чуць не павалілася. Толькі нешта стала гаварыць, а ён з аўтамата: тр-тр-тр! А я ўжо… А ў мяне цёмна-цёмна ў вачах, я ўжо не знаю. Сяджу на пасцелі. А той сын хазяіна – раз, устаў над сталом, дык яны: тр-тр-тр! Той туды ссунуўся. А тады яны на мяне, я – валюся…

Калі я валіўся, дык пуля во сюда ў плячо, сюда і сюда – чатыры пулі ў мяне. Я так і мёртвы быў.

Колькі я там ляжаў, не знаю. А патом усхапіўся. А ў мяне галасавыя звязкі паўрадзіла, дык я хачу: «Я – жывы!» А яно не гаворыцца, нічога не гаворьвдца. Думаю, нада хавацца. А не знаю, што ў мяне яшчэ і рука перабіта. Каб не ўбачылі з акна, я – раз на каленцы. I тады чую – у-ух, у мяне рука! Я руку так сюда і папоўз пад печ. А падпечча гэта якраз напроці акна. Думаю, ногі відна. А там мост стары, хата старая была, я масніцу падымаю…

А, праўда, вот яшчэ што. После мяне забілі старыка. Я бачыў яшчэ, як яго піхалі, а ён у дзверы ўпіраўся. Дык калі я ўжо прачнуўся, дык гэты стары ляжаў якраз каля мяне, ногі ўпоперак гэтай масніцы. Калі я лез назад з падпечча, ён ужо здубеў, ногі гэтыя… Дык я яго адсунуў і масніцу падняў, і, руку дзяржаўшы – туда, галавой проста. Як бадануў туда ў пясок, во да сех пор улезла ў пясок. Давай гэта левай рукой пясок з вушэй, з зубоў. Тады знаю: трэба мне закрыць маснічыну. Я давай левай рукой, давай – хлоп на месца. Там нейкая была карзіна плеценая, поўная яец і накрытая зверху пакуллем такім. А мяне то ў дрож, то ў холад, то ў дрож, то ў холад! Патом чую – абратна ідуць.

– Ох, как мне гэта, – гавора, – на бацінкі апеціты харошыя!

Гэта ён пра бацінкі, што ў маладога на нагах, – ён у Фінляндыі быў, калі вайна была, і прынёс свае з арміі. Так гэта пагаварылі і патом, чую, умануліся, пайшлі адсюль.

Цераз некаторы час ідуць яшчэ. I глядзяць: кагда я пад печ гэтую поўз, у мяне кроў сцежку здзелала, дык яны думалі, што там, і гранату – туда! Кінулі гранату. Дык яна як жахнула, дык аж куры закудахталі. А дым ка мне з гэтай самай, з гранаты. Дык мне ўжо ў яме аж недзе дзявацца…»

Гэта – у хатах. А тыя, што вырваліся, бягуць па полі – тых даганяюць кулямётныя чэргі.

«…Ну, дык мы пайшлі, – працягвае гучна, усё гучней Анастасся Касперава, – а яны як пачалі за намі страляць услед, дык, вы паверыце, папар быў павораны, па гэтаму папару беглі – так білі, колькі нас там ужо сямей вышла, мусіць, тры ці чатыры, – і так б'юць, што дажа бег з намі сабака аднаго хазяіна, дык так, бедны: дзе пуля ўрыецца, ён – туды… Вот яны білі, білі, так з усіх старон – і з той стараны людзі бегчы сталі, і з естай, і спераду. А ўперадзе бег у нас сын той жэншчыны, ён службу ўжо адслужыў, дык ён махнуў, што «лажыцеся!». I чую, як ззадзі ў мяне ўпалі. Адна жэншчына гавора, прашчаецца:

– Сынок мой, прашчай!

Дык я вот так паднялася, зірнула – праўда, ён ляжыць, яна на каленцах над ім. Патом бачу – уперадзі той зноў падняўся і скамандаваў, махнуў нам і сам падняўся, бо ён ужо бача, што яны нас жывых возьмуць. Ну, мы ізноў пабеглі. Так я бягу, так я і вяду ўжо гэтых дваіх дзяцей – хлопчыка і дзевачку. Меншых. А яны так сыплюць, так сыплюць! Ета дзевачка вырвала ў мяне руку і пабегла ўперад у лес. Пабегла. А мы ўжо з гэтым хлопцам маім. Як дабеглі – я ўжо ранена, але я не знаю, што я ранена, – бяжыць дзевачка з лесу назад ка мне і кажа:

– Мамка мая! Я думала, цябе ўжо забілі, дык і я назад іду, каб і мяне забілі. – I кажа: – А што ў цябе?

А-а-а, гляджу, што ўжо… I шагам пайшла ў лес. Ужо не стала бегчы, так ужо сэрца маё… Я і пайшла. Вот і ўшла, і сям'я гэтая ўшла, і дзеўка мая старшая…

Пытанне: – А той, што камандаваў вамі?

– I той увайшоў у лес. Ждановіч Міша. Патом ён быў у парцізанах. Бегла нас дванаццаць чалавек, а чатыры на хаду ўбіла. Як ускочылі ў лес, Міша стаў нам перавязкі рабіць. Мне зрабіў перавязку, патом сястры сваёй. Стаім. Такая стрэльбішча ідзе – невазможна цярпець. Адкуль вазьміся – хазяін мой! Скок ка мне.

– Ой, – кажа…

Гэта ён кроў убачыў, што гэта я ранена. Да гэтага я нічога не помніла, а тут мне так ві-і-дна, што хазяіна ўбачыла! Бо думала: што ж я буду рабіць з дзецьмі без хазяіна!

Мы так сядзелі, сядзелі, страшна так – б'юць, страляюць, страшна, страшна! Ну куды ж нам? Пасядзелі, пасядзелі, пайшлі мужчыны нашы – як жа шашу перайсці? Пайшлі шашу глядзець. Перайшлі гэтую шашу, сядзелі, сядзелі ў тым лесе, камары, камары – невазможна, засякаюць нас, ні агня няма, нічаго ў лесе, ускочылі як стаім. Пайшоў хазяін, знайшоў пастухоў там з другой дзярэўні. Тыя ўжо нам далі агню, спічак. Спічкі ўжо тыя ўскраснулі, агонь разлажылі, хоць куромель ад камароў – нельзя дзецца дзе. Голад жа ў лесе, дык хазяін пойдзе куды, а іх абстраляюць…

Пытанне: – Колькі ў Борках забілі людзей?

– Людзей, мусіць, тысяча восемсот, кажуць, там напісана на помніку: тысяча восемсот сорак тры.

Пытанне: – Дык яны хадзілі з хаты ў хату і так забівалі?

– З хаты ў хату. А ў той дзярэўні – Закрынічча – сабіралі ў адну хату, у другую і білі. А нас так пабілі – па хатах. Пабілі, а потым запалілі.

Пытанне: – А паліцэйскіх як?

– А паліцэйскіх у школу, не ў школу, а ў сарай у школьны, і спалілі. Жыўём, жыўём і з сем'ямі.

Пытанне: – А многа тых паліцэйскіх было, што спалілі?

– А чалавек дзесяць было іх тут…»

Вось так забівалі, забілі самую вялізную з беларускіх Хатыняў – больш за 1800 жанчын, дзяцей, мужчын вёскі Боркі Кіраўскія.

Пасля нападу на Савецкі Саюз галоўнае ўпраўленне імперскай бяспекі ўзялося за распрацоўку «генеральнага плана «Ост», палажыўшы ў аснову «ўказанні», «ідэі» верхаводаў фашысцкага рэйха – Гітлера, Гімлера, Розенберга і іншых.

Сам план «Ост» не знойдзены: ён, відавочна, знішчаны. Захаваліся дакументы, якія каменціруюць, дапаўняюць, ацэньваюць гэты план.

Вось вытрымкі з аднаго такога дакумента, які выходзіў з «Усходняга міністэрства»:

«1/214, дзяржаўнай важнасці

Зусім сакрэтна! Дзяржаўнай важнасці!

Берлін. 27.4.1942.

Заўвагі і меркаванні па «Генеральнаму плану «Ост» рэйхсфюрэра войскаў СС.

Яшчэ ў лістападзе мне стала вядома, што галоўнае ўпраўленне імперскай бяспекі працуе над Генеральным планам «Ост». Адказны супрацоўнік галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі штандартэнфюрэр Эліх назваў мне ўжо тады прадугледжаную ў плане лічбу – 31 млн. чалавек ненямецкага паходжання, якія будуць пераселены…»

«Усходняе міністэрства» ў асобе начальніка аддзела каланізацыі доктара Ветцэля, падлічыўшы і пералічыўшы палякаў, украінцаў, насельніцтва Прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік і назваўшы тэрыторыі, якія трэба неадкладна каланізаваць, дае «сустрэчную лічбу». Апетыт канібалаў расце – 31 млн. ужо мала.

«Такім чынам, агульная лічба насельніцтва пералічаных абласцей (якія мяркуецца адразу ж засяліць нямецкімі каланістамі. —Аўт.) складае 51 млн. Колькасць людзей, якія згодна з планам будуць выселены, павінна быць у сапраўднасці значна вышэйшай, чым прадугледжана. Толькі калі ўлічыць, што прыкладна 5–6 млн. яўрэяў, што жывуць на гэтай тэрыторыі, будуць ліквідаваны яшчэ да правядзення высялення, можна згадзіцца з названай у плане лічбай – 45 млн. мясцовых жыхароў ненямецкага паходжання. Аднак з плана відно, што ў названыя 45 млн. чалавек уключаны і яўрэі. З гэтага, такім чынам, выцякае, што план зыходзіць з яўна недакладнага падліку лічбы насельніцтва.

…Калі ўлічыць, што на тэрыторыях, якія разглядаюцца, застанецца 14 млн. мясцовых жыхароў, як прадугледжваў план, дык трэба выселіць 46–51 млн. чалавек».

У гэтую лічбу не ўваходзяць рускія і беларусы, а з імі, – можна ўявіць, якія Асвенцімы і Хатыні меліся наўвазе!..

У прыведзеным дакуменце ёсць спасылка на аднаго з супрацоўнікаў ведамства Розенберга, прафесара доктара Абеля. «Абель бачыў толькі наступныя магчымасці вырашэння праблемы: або поўнае знішчэнне рускага народа, або анямечванне той яго часткі, якая мае выразныя адзнакі нардыцкай расы. Гэтыя вельмі сур'ёзныя палажэнні Абеля заслугоўваюць вялікай увагі. Справа не толькі ў разгроме дзяржавы з цэнтрам у Маскве. Дасягненне гэтай гістарычнай мэты ніколі не азначала б поўнага вырашэння праблемы. Справа заключаецца хутчэй у тым, каб разграміць рускіх як народ»…

Ёсць у гэтым дакуменце і раздзел «Да пытання пра беларусаў»:

«Згодна з планам прадугледжваецца высяленне 75 працэнтаў беларускага насельніцтва з займаемай тэрыторыі. Значыцца, 25 працэнтаў беларусаў, па плану галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі, павінна быць анямечана».

Што азяачае гэтае «высяленне» – Беларусь пазнала на вопыце сотняў сваіх Хатыняў. Гэта ж чакала і тыя 31 і 51 млн. чалавек, а затым і новыя сотні мільёнаў людзей, якіх падлічвалі і пералічвалі акуратныя чыноўнікі крыважэрнага германскага імперыялізму.

Па «Генеральнаму плану Ост», па гітлераўскіх планах «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе», згодна з фашысцкай дактрынай «барацьбы за жыццёвую прастору на Усходзе», – ды ці мала варыянтаў было таго стратэгічнага, імперыялістычнага, людаедскага «плана». З яго ж вынікалі, да яго прымыкалі і розныя канкрэтныя, «тактычныя» планы барацьбы з «актыўнымі элементамі», з непазбежным супраціўленнем савецкіх людзей акупацыі, рабункам, знішчэнню. Гэтыя канкрэтныя діланы павінны былі служыць і служылі ўсё таму ж галоўнаму плану: пад выглядам барацьбы з партызанамі – знішчаць, знішчаць, знішчаць насельніцтва. Каб на потым меней працы засталося…

У вёсцы Баканіха на Віцебшчыне, калі жыхароў сагналі ў хату, да іх зайшоў афіцэр. Трохі памарадзёрнічаў: забраў у каго што лепшае з адзення, выкінуў за дзверы. А пасля і яшчэ пра нешта ўспомніў. Стары Архіп Жыгачоў так расказвае: «Тагда афіцэр гэты ўзяў і папрашчаўся з намі. Гаворыць:

– Да свідання. Давайце спасіба сваім гэтым партызанам!»

Мабыць жа, з крыўдай сказаў, з упэўненасцю, што гэта перад ім, эсэсаўцам, вінаваты нехта – тыя дзеці, жанчыны! У іх, можа, браты, бацькі, мужы – партызаны. А як жа: ехаў праз цёмны, густы лес, праз балота прабіваўся, надрыжаўся пад сваім мундзірам з грознымі эмблемамі смерці, увесь час азіраючыся, чакаючы партызанскай засады. I для яго той агульны «план», што ішоў зверху: рабіць так, каб на ўсходніх землях дзяцей, жанчын, мужчын стала менш на столькі або столькі працэнтаў, той расісцкі план у мазгаўні і пад мундзірам такога вось карніка набываў афарбоўку нават ужо самаабароны. Ён ад партызан ратуецца!..

I камандаванне, выдаючы свае жорсткія загады, і яно, бачыце, ратуе сваіх салдат, свае камунікацыі… Урэшце і вышэйшыя фюрэры, тыя таксама пачыналі крыўдаваць на насельніцтва Беларусі і іншых акупаваных тэрыторый. Як жа, вунь сам бог, сам творца накіроўвае волю, інтуіцыю, руку фюрэра, указвае яму, што і як трэба рабіць:

«Само прадвызначэнне як бы хацела паказаць нам туды дарогу… Агромністая імперыя на ўсходзе даспела ўжо да распаду».

«Творца ўсклаў на нас абавязак гістарычнай рэвізіі яшчэ нябачаных маштабаў…»

А тут нейкія партызаны, нейкія там «неарыйцы» перашкаджаюць, супраціўляюцца і на фронце і ў нямецкім тыле, не хочуць, каб сцерлі з карты іх Радзіму, каб «высялялі» на той свет іх сем'і, іх дзяцей. Колькі не аднаго гневу, жорсткасці, але ўжо і крыўды на «гэтых» рускіх, на «гэтых» беларусаў, украінцаў, палякаў, на ўсіх, хто не захацеў паслухмяна скарыцца лёсу, які для іх вызначыў «божы абраннік» – фюрэр. Новыя і новыя загады, накіраваныя на знішчэнне цэлых народаў, цяпер набываюць усё больш характар антыпартызанскі. Фашысты ўсё настойлівей, але дарэмна, стараліся віну за свае планы і свае справы ўскласці на тых, хто перашкаджаў ім гэтыя планы рэалізаваць. На партызан.

I тыя, колішнія іх нахабныя, ідыёцкія скаргі – скаргі катаў на свае ахвяры – працягваюцца, дарэчы, і сёння. У мемуарах, даследаваннях многіх заходніх генералаў (былых і новых), гісторыкаў, палітыкаў, літаратараў, што зноў і зноў пішуць пра «незаконнасць дзеянняў партызан», скардзяцца на дзяцей, жанчын і іх бацькоў, мужоў, братоў – на партызан, якія абаранялі Радзіму, свой лад жыцця, жыццё і будучыню сваіх дзяцей. А заходненямецкі прафесар К. Г. Пфефер, той нават заяўляе, што гітлераўцы пакінулі «нядрэнную памяць па сабе ў савецкага народа». Бачыце, нават гэтак! Праўда, скардзіцца Пфефер, апошнія гады вайны «былі амаль усюды засмучаны беззаконнымі дзеяннямі партызан».

Вунь колькі крыўды і шкадавання! Не менш, чым у таго бандыта ў афіцэрскім мундзіры, што знішчыў жыхароў вёскі Баканіха. Не забыўся, забраў, што лепшае было на людзях (каб не прападала «імперскае дабро»), і, перш чым запаліць хату з людзьмі, зусім па-пфефераўску папракнуў: – Гэта вам за вашых партызан!

А ўжо як крыўдуюць на свае ахвяры збеглыя здраднікі, «бобікі» – паліцаі, старасты, бургамістры, уласаўцы, бандэраўцы, кіраўнікі «беларускай рады»! У іх, аказваецца цяпер, таксама былі свае «планы», таксама разлікі, калі яны дапамагалі гітлераўцам знішчаць сваіх землякоў, савецкіх людзей. Яны хацелі з дапамогай немцаў «толькі» выбіць балыпавіцкі дух з народа. I не іх, маўляў, віна, што занадта «цела» і «дух» моцна трымаліся адно другога. «Ну, і гінь, калі ты такі!» – гневаліся яны на народ.

Іх рукамі нямецкія фашысты таксама нямала народнай крыві пралілі. Дзе толькі было магчыма, яны хаваліся за гэтых здраднікаў. З выпадку стварэння так званай «беларускай рады даверу» акупантамі выказваліся, напрыклад, такія меркаванні, такія разлікі: «…рускія будуць глядзець на гэты факт, як на фіктыўны крок, але затое гэта дасць нам магчымасць усе мерапрыемствы… праводзіць іх рукамі і ўскласці на іх усю адказнасць…»

Але часам здаралася, што тая машына знішчэння, якую яны абслугоўвалі з усёй стараннасцю здраднікаў, садыстаў, адшчапенцаў, хапала, зацягвала ў свае зубцы і іх саміх. Як у тых жа Борках, дзе спалілі і паліцаяў.

Пра гэта расказвае Ганна Мікітаўна Сініца: вунь з якой пагардай да подлай тупасці фашысцкіх памагатых.

Пытанне: – А што там было, калі паліцэйскіх збіралі?..

«– Ага. У нас ніводнага паліцэйскага не было на пасёлку. А з Дзяржынскага адзін. Ну, і хадзіў ён па вуліцы, а мой брат ужо хацеў спрасіць, што гэта будзе, чаго акружылі. Кажа:

– Косцік, Косцік, што гэта такое?..

Дык ён і не стаў разгаварваць. Ён жа думаў: «Нас павязуць у Германію, а вас будуць біць, дык зачэм я буду з вамі разгаварваць». Ну, ім сказалі, што: «Забярыце вашы сем'і, і мы вас увязём у Германію». I яны свае сем'і ўсе пазбіралі і прывезлі к школе. I тут іх тады – што: узялі, гэтыя сем'і ўсе і іх саміх, запёрлі ў сарай у школьны і падпалілі. Вот яны жывыя і пагарэлі. Нас хоць палілі нежывых, білі, а іх жывых спалілі. Вот так.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю