Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"
Автор книги: Віктар Шніп
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 20 страниц)
* * *
16.11.2010. Стаю на прыпынку. Зза павароту, бачу праз голыя густыя галіны дрэў, сунецца жоўты аўтобус, як стог апалага зледзянелага лісця…
Генерал і кніга
17.11.2010. У выдавецтва прыходзіў генераллейтэнант. Стары, стройны і прыгожы, як пісталет. Прынёс два тамы амаль з дзвюма тысячамі старонак пра тое, як ён і яго аднапалчане ваявалі. Кніга некалькі гадоў рыхтавалася ў Маскве ў прыватным выдавецтве, дзе цягнулі ўвесь час з генерала грошы. А як грошы скончыліся, расіяне аддалі генералу вёрстку і адправілі дамоў. І генерал прыйшоў да нас…
Хто піша?
18.11.2010. Дырэктар РВУ «Літаратура і Мастацтва» Алесь Карлюкевіч расказаў, што апошнім часам у холдынг кожны тыдзень прыходзяць ананімныя лісты з беспадстаўнай крытыкай таго, што друкуецца ў газеце «ЛіМ» і часопісах. Зваротны адрас крытыка – праспект Пераможцаў, 11, выдавецтва «Мастацкая літаратура». У нашым выдавецтве працуюць тры пісьменнікі, якія не цураюцца «ЛіМа» і часопісаў – Юрась Пацюпа, Аксана Спрынчан і я. Хто з нас ананімшчык?
Бамжыха
18.11.2010. Еду ў тралейбусе на радыё. На прыпынку каля бальніцы зайшла бамжыха гадоў шасцідзесяці з падбітым левым вокам. У салон тралейбуса яна ўнесла смурод і чатыры торбы старых мокрых газет. Я ўступіў бамжысе месца. Яна села і, паглядзеўшы на мяне, заявіла: «Я была маладая і вельмі красівая, і я магла хату... атрымаць. Мне тады было 23 гады, а яму 53. Я не захацела з ім спаць і мне давялося чакаць хату 15 гадоў…» Праз некалькі хвілін тралейбус спыніўся і я, выходзячы, пачуў услед: «Беражы здароўе…»
Пасля працы
18.11.2010. Два мужыкі гадоў пад шэсцьдзясят вяртаюцца на тралейбусе з працы. Крыху, відаць, выпілі. Святлейшы кажа пачарнеламу: «Не магу я так болей жыць! Усе на галаву мне серуць! І дома! І на працы! І нават вароны мне серуць на галаву! А ў мяне галава не мякчэй жывата! Ты разумееш? У мяне галава не мякчэй жывата!» Пачарнелы маўчыць. І ўсе ў тралейбусе маўчаць, як у тэатры…
У нашай імперыі
19.11.2010. Тыдзень назад у нас загінуў папугай Маркус. З сённяшняга дня да ўлады прыйшоў Северус! Яму два месяцы…
Содаль і Багушэвіч
20.11.2010. На днях да мяне на працу заходзіў Уладзімір Содаль. Дзякаваў за верш пра Багушэвіча, напісаны мной гадоў трыццаць таму. Цытаваў:
Ён сядзеў каля дарогі,
Як туман, увесь сівы.
– Бурачок, ты ж пахаваны.
– Дудка грае – я жывы.
– Падкажы мне, што іграці?
– Грай, што маеш на душы,
Толькі ад няшчырай песні
Дудку, браце, беражы.
І пайшоў ён па дарозе,
Як туман, увесь сівы.
– Бурачок жа пахаваны.
– Дудка грае – ён жывы.
«Я нядаўна казаў скульптару Гумілеўскаму, каб зрабіў такога настрою, як твой верш, помнік Багушэвічу і паставіў яго каля дарогі ў Кушляны. Ён даў згоду, але сказаў, што на выкананне такога праекта няма грошай. Будуць грошы – будзе помнік і Багушэвічу, і Шніпу!» – на развітанне паведаміў Уладзімір Содаль і, яшчэ раз прачытаўшы мой верш, пайшоў…
Ці будзе вайна?
23.11.2010. «Скажыце, ці будзе вайна?» – збянтэжыў мяне на працы чарговы тэлефонны званок незнаёмага мужчыны. «Не будзе!» – коратка адказаў я і паклаў трубку. Праз хвіліну той жа незнаёмы зноў запытаўся: «Дык адкажыце мне канкрэтна: ці будзе вайна?» – «Не будзе!» – зноў коратка адказаў я. Яшчэ праз хвіліну той жа мужчына: «Вы мне скажыце: будзе вайна, ці не будзе?» – «Перастаньце здзекавацца!» – раззлаваўся я. «Ах так! Я на вас буду скардзіцца ў вышэйшыя ворганы!» – заявіў незнаёмы і паклаў трубку…
* * *
24.11.2010. Прыйшла дзяўчына. Студэнтка. Прыгажуня. Паэтка. Падпісваючы кніжку, запытаўся: «Як ваша прозвішча?» – «Хахель…» – адказала дзяўчына і заўсміхалася…
Да юбілею Караткевіча
25.11.2010. У «Доме прэсы» ўдзельнічаў у прэсканферэнцыі, прысвечанай 80годдзю з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча. Цікава было паслухаць Адама Мальдзіса, Анатоля Вераб’я, Навума Гальпяровіча, Галіну Шаблінскую і ўсіх астатніх. Праўда, найбольш мне запомнілася тое, як перад прэсканферэнцыяй Уладзімір Гілеп, паказваючы новае выданне «Дзікага палявання караля Стаха» на чатырох мовах (беларускай, рускай, украінскай і англійскай), расказваў, як кніжку ў Польшчы за тры дні аддрукавалі, а потым пяць дзён стаялі ў чарзе, каб перавезці праз мяжу. На пытанне, за якія грошы такое шыкоўнае выданне выдаў Беларускі фонд культуры, Уладзімір Аляксандравіч адказаў: «Напазычалі! Цяпер трэба прадаць кніжку і аддаць крыдэторам». – «А калі не аддасцё?» – «Пасадзяць!» – пажартаваў Гілеп. І тут жа пачуў: «За Караткевіча пасядзець – ганарова!» – «Ганарова!» – амаль хорам паўтарылі ўсе, хто размаўляў з Гілепам.
Заўжды застаецца душа!
25.11.2010. РВУ «ЛіМ» на прэсканферэнцыі ў «Доме прэсы» прэзентаваў новую кнігу пра Уладзіміра Караткевіча. Акрамя розных артыкулаў, у кніжцы змешчаны і вершы, прысвечаныя юбіляру. Сярод усяго і мой вельмі даўні твор:
Няма Караткевічаў новых,
Няма і Стральцовых.
І сумна, і крыўдна жывецца
І мы ўсе ці варты граша.
Паэт памірае – душа застаецца,
Заўжды застаецца душа!
Ды дзеліцца слава,
Як доўгая лава.
Нат могілкі дзелім з вянкамі.
А хто раздзяляе?
Хто славы не знае,
А хоча зрадніцца з вякамі.
Найлепшых губляем, бядуем.
Жывых жа не чулі, не чуем,
Што славу прыносяць Айчыне…
А хто нас наступным пакіне?
Няма Караткевічаў новых,
Няма і Стральцовых.
* * *
26.11.2010. Дробненькі снег, як халодны цыгарэтны попел, што ляціць з неба, дзе сядзяць нашы памерлыя продкі і думаюць пра Беларусь…
* * *
26.11.2010. Ужо тыдзень, як у нас у хаце новы імператар – Северус. Нашаму сыну Максіму не падабаецца, як мы назвалі папугая, і ён яго кліча Рузвельтам…
Адзін крок
27.11.2010. У калідоры перагарэла лямпачка. Адразу ж узгадалася, як гадоў пяць назад я прачнуўся ў дзве гадзіны ночы. Перад абуджэннем мне сніўся дождж, таму, пачуўшы шум вады, не адразу зразумеў, што адбываецца. Праз пару хвілін я ўстаў з канапы і пайшоў у цемнаце ў калідор, дзе са столі цякла вада. І не паспеў зрабіць кроку, каб уключыць святло, як адбылося замыканне электраправадоў, асвяціўшы затоплены калідор снапом іскраў. Паміж маім жыццём і смерцю быў крок…
Прыязджаючы ў Пугачы
28.11.2010. Пасля школы, прыязджаючы ў вёску, калі не было спраў каля хаты, заўсёды бадзяўся па палях і глядзеў, дзе што змянілася і што засталося, як было. Мама напачатку злавалася: «Не цягайся ты па палях! Людзі будуць смяяцца!», а потым яна перастала мяне вучыць, як трэба сябе паводзіць у роднай вёсцы. А я хадзіў па палях і адзін, і з братам Вовам, і са сваёй Людмілай, і дзецьмі, і заўсёды, вярнуўшыся дамоў, адчуваў сябе хоць і стомленым, але задаволеным, нібыта, ходзячы за вёскай, шукаў і знаходзіў сябе самога…
Фільм «Ушедшие»
28.11.2010. Учора з Людмілай глядзеў харошы японскі фільм «Ушедшие», дзе стары, які спальвае памерлых, сказаў: «Смерць – гэта вароты ў іншы свет…» Праўда, нічога ў гэтых словах новага няма, але…
Канчаецца год…
28.11.2010. Канчаецца год… І чорныя дрэвы за маім акном, як уздубыраныя галавешкі на вялікім вогнішчы нашага жыцця…
* * *
28.11.2010. На вуліцы цёмна. Жоўтыя квадраты акон, як соты, напоўненыя мёдам жыцця…
СНЕЖАНЬ
Бэла Ахмадуліна
1.12.2010. У час вучобы ў Літінстытуце некалькі разоў слухаў Бэлу Ахмадуліну на паэтычных вечарынах у ЦДЛе. Яна чытала творы, як спявала…
Натхненне і шэсць пальцаў
2.12.2010. Мастачка прынесла афармленне казак. Гляджу яго разам са сваімі супрацоўнікамі. Усе хваляць. Малюнкі сапраўды цудоўныя. І раптам бачу ў аднаго казачнага героя на руцэ шэсць пальцаў. Хачу запытацца: «Гэта памылка ці так па тэксце?», але маўчу, бо няёмка прызнацца, што казак, якія будуць у новай кніжцы, пакуль што не чытаў. І ўсё ж праз пару хвілін цікаўлюся ў прысутных: «Што намалявана не правільна?» Усе глядзяць і маўчаць. І тады кажу: «Ці бываюць людзі з шасцю пальцамі?» І чую ў адказ: «Бываюць».– «А тут намалявана правільна ці не?» – пытаюся далей. «Няправільна!» – ускрыквае мастачка, якая, калі малявала, так захапілася працай, што забылася, колькі ў людзей на руках пальцаў…
* * *
3.12.2010. Снежная роўнядзь, на якой адзінокі куст з неапалым чырвонажоўтым лісцем, нібыта падпалены вялікі аркуш паперы…
Дома
3.12.2010. Дома халаднавата. На вуліцы марозна. На працы холадна. І ўсё ж дома добра. Дома мама…
У школу…
3.12.2010. Збіраюся ў школу на бацькоўскі сход, нібыта збіраюся ісці ўпершыню ў рэстаран. Бяру паболей грошай і думаю: «Хаця б хапіла…»
* * *
4.12.2010. Пасля начнога снегападу ў скверы на ўсіх дрэвах на ствалах і галінах прымерзлы снег. І ўсе дрэвы, як бярозы…
Сны пра Літінстытут
4.12.2010. Вельмі часта мне сняцца сны, у якіх збіраюся ехаць у Маскву на вучобу ў Літінстытут. Часам прыязджаю і хаджу па Маскве, не могучы знайсці будынак, дзе вучуся. Часам засяляюся ў інтэрнат і не хаджу з усімі на заняткі, бо чакаю, пакуль прыедзе з Мінска мая Людміла. Часам еду ў метро і не магу выйсці з цягніка. Словам, сняцца нейкія праблемы, якіх у мяне падчас вучобы і блізка не было. І ўсё бачыцца ў сне і перажываецца, як і ў жыцці. І прачнуўшыся, шкадую, што сон перарваўся на самым цікавым месцы…
Белы кот і снег
4.12.2010. З пад’езда выйшаў белы кот. Пастаяўшы нейкую хвіліну на ганку і паглядзеўшы на сумёт на лаўцы, на якой яшчэ тыдзень назад любіў падрамаць пад восеньскім сонцам, жаласна мяўкнуў і, задзёршы трубой хвост, пабег назад у пад’езд…
* * *
5.12.2010. Машыны ў двары засыпаныя снегам, як кучы смецця…
* * *
5.12.2010. Нягледзячы на мароз, нейкі мужык ужо цэлую гадзіну швэндае ў двары пад маімі вокнамі з дзіцячай каляскай. На маім месцы некаторыя ўжо б заявілі, што за імі сочаць…
* * *
6.12.2010. Ноч была доўгая і марозная. І за ноч у двары ўсе дрэвы і машыны пакрыліся шэранню, нібыта абраслі белым мохам…
Звязаны Сыс
7.12.2010. Ганна Кандрацюк з Беластоку перадала новую кніжку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», у якой апісвае вандроўку з Мірай Лукша на радзіму Анатоля Сыса ў вёску Гарошкаў. Атрымаўшы кніжку, пачаў адразу чытаць. На старонцы 52 спыніўся і перачытаў вось гэтыя радкі некалькі разоў: «У момант, калі намерыліся апускаць дамавіну ў дол, пачуўся жаночы плач: «Яго там няма ўсярэдзіне!» – загаласіла сястра. І, наспуперак грамадзе, заўпарцілася, каб адкрыць труну. Публіка ўскалыхнулася, людзі крычалі, адмаўлялі. Цела даставілі ў Гарошкаў 10 траўня ў шчыльна зашрубаванай труне. Ды сама Валянціна не магла сумнявацца ў смерці Анатоля. Труп брата яна пабачыла ў яго мінскай кватэры, праз два дні пасля ягонай смерці (4 траўня 2005 г.). Раней яна была вымушана прыехаць з Брэста, каб у яе прысутнасці міліцыя зламала дзверы ў кватэру. Анатоль ляжаў мёртвы і ўжо пачарнелы ў калюжы крыві… Сам Сяргей (Сыс) не ведае, чаму паддаўся настрою. І ці не вінаватая тут кроў? Калі прыгледзецца да яго генеалагічнага дрэва, нябожчык прыходзіўся яму дзядзькам у пятым пакаленні. Сяргей рад не рад стаў тады адкручваць залатыя вінты, корпацца пры засаўках, аж упацеў. Каб пасля ўміг ахалонуць ад убачанага зза прыпаднятай накрыўкі. «Цела ўжо пачарнела і абрасло белай шчацінай. Гэта быў страшны від. Ну, але я пазнаў яго. І сёстры пазналі. Гэта быў Анатоль, у белай кашулі з нацыянальным арнаментам». Так, гэта быў Анатоль Сыс. Па яго ў трупярню 9 траўня, каб прывезці ў Дом літаратара, ездзілі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч і я. Акрамя нас, ездзіла і сястра Анатоля Валянціна з мужам. Там жа ў трупярні Барыс і Алесь купілі ўсё патрэбнае для пахавання. І потым пры нас пачарнеламу Анатолю апранулі вышыванку і ў вялікім чорным мяшку паклалі ў труну. Касцюм паклалі пад памерлага, бо апранаць не выпадала. Перад тым, як закрыць труну, мужчына, які рыхтаваў Анатоля да пахавання, сказаў нам: «На могілках абавязкова адкрыйце труну і разрэжце бінты, якімі звязаны ў памерлага рукі і ногі. Не забудзьцеся! Толькі голымі рукамі не дакранайцеся! Нельга! Вось вам пальчаткі!», і мужчына паклаў пальчаткі ў труну. І я захваляваўся, прачытаўшы ў Ганны Кандрацюк пра пахаванне, ці не пахавалі Анатоля Сыса са звязанымі рукамі і нагамі? І таму не дзіўна, што дух Анатоля з’яўляўся і ў выглядзе матыля на вечарыне паэзіі, і ў нашай кватэры, калі ў нас начавалі Міра Лукша і Ганна Кандрацюк, ноччу абрынуў кніжкі, на якіх раніцай мы ўбачылі аркуш паперы з вершам Людмілы Рублеўскай «Памяці Анатоля Сыса». Цяпер, каб Анатоль нікога не турбаваў у гэтым свеце, трэба яму вызваліць рукі і ногі ад путаў. Для гэтага належыць, калі каго будуць хаваць у Гарошкаве, пакласці ў труну да памерлага нажніцы…
* * *
8.12.2010. Бог любіць дзяцей, дурняў і п’яніц. Я не дзіця і не п’яніца. Даводзіцца быць дурнем…
Антон Янушкевіч
11.12.2010. Патэлефанаваў Анатоль Блашчытын і паведаміў, што ўчора вечарам недзе ў гадзін дзесяць загарэлася хата Антона Янушкевіча, у якой загінуў сам гаспадар. Антон быў маім траюрадным братам. Калі я пайшоў у другі клас, Антон вярнуўся з войска. У той жа дзень я пабег да яго ў госці і ён мне падарыў сваю вайсковую шапку і некалькі значкоў, якімі я потым доўга хваліўся перад сябрамі. Антон у школе выкладаў нямецкую мову і батаніку. Часам ён сваіх вучняў вадзіў дамоў, каб паглядзець па тэлевізары фільмы пра прыроду. І калі Антон даведаўся, што я, васьмікласнік, пішу вершы, запрасіў мяне да сябе ў госці і чытаў Уладзіміра Караткевіча, гаворачы: «Вось, браток, так трэба пісаць!» І ўсё ў нас было пабрацку, пароднаму. Потым, калі ўжо ў мяне выйшла некалькі кніжак і я вярнуўся з Літінстытута, Антон пачаў звяртацца да мяне на «вы» і мае ўсе просьбы, каб ён так болей не казаў, не дзейнічалі на яго. Нейкі час у Пугачоўскай школе Антон працаваў дырэктарам. І ўсё жыццё цікавіўся і любіў беларускую літаратуру. Антону Янушкевічу было 62 гады…
Настаўнік Антон Янушкевіч
12.12.2010. На ўроках батанікі Антона Янушкевіча было цікава. Ад яго школьнікі даведваліся не толькі як размнажаюцца інфузорыі, але і людзі. Настаўнікам Антон Мікалаевіч быў строгім, а пасля ўрокаў мог гуляць з дзецьмі ў футбол і даваць прыпаліць хлопцам цыгарэту. Памятаю, калі я закончыў школу і пачаў друкавацца ў газетах, Антон неяк паклікаў мяне да сябе, каб пачаставаць самаробным віном і паслухаць мае новыя творы. Тады ж ён зачапіўся за слова «вятрыска» ў маіх вершах і параіў мне яго радзей ужываць, бо «вятрыска» – гэта ласкавы вецер, а вецер у нас ласкавым бывае рэдка. Мы сядзелі доўга. Успаміналі сваіх сваякоў. І тады ж мне Антон паказаў, як пішацца паанглійску Шніп, разгарнуўшы замежны часопіс, у якім была публікацыя нашага брата Шуркі, які працаваў у Акадэміі навук. Антон верыў, што ёсць жыццё на іншых планетах. Папярэджваў мяне, што старая Руткевічыха – баптыстка і з ёй не трэба вадзіцца. Многія ў вёсцы Антона лічылі дзіваком, бо ён, як і я, мог адзін бадзяцца па палях і лясах, нібыта шукаючы ўчарашні дзень. Сёння Антона Янушкевіча пахавалі ў Дубровах, дзе спачываюць яго вучні, продкі і сын…
Антон Янушкевіч і мялкашка
12.12.2010. У восьмым класе вясной Антон Янушкевіч вучыў нас страляць з мялкашкі. Сярод маіх аднакласнікаў трапнасцю вылучыўся Сашка Балотнік. Астатнія стралялі кепска. Пакінуўшы стрэльбішча, Сашка прапанаваў Антону Мікалаевічу, паказваючы далёка на варону, што сядзела на дрэве: «Давайце паспрачаемся, што я траплю ў варону, а вы не!» Антон Мікалаевіч, доўга не думаючы, даў Сашку стрэліць. Варона на дрэве не варухнулася. І тады стрэліў Антон Мікалаевіч. І варона ўпала. На пытанне настаўніка, які паказаў на галубоў, што сядзелі на страсе зернясклада: «Хто яшчэ хоча пастраляць?», ніхто не адгукнуўся. А Сашку болей страляць Антон Мікалаевіч не даў…
Янушкевічы і Брыль
12.12.2010. Родная сястра Антона Янушкевіча Ліда замужам за адным з пляменнікаў Янкі Брыля. Цяпер яны жывуць у Польшчы. Неяк сам Іван Антонавіч, прыйшоўшы ў «ЛіМ», калі я там працаваў, распытваўся ў мяне пра Ліду з Антонам і пра ўсіх нашых сваякоў. Пагаварылі, як сваякі…
Гейф
12.12.2010. На другім курсе Мінскага архітэктурнабудаўнічага тэхнікума я жыў у інтэрнаце, што на вуліцы Змітрака Бядулі. У пакоі было чатыры чалавекі: мае аднакурснікі Сашка Старавойтаў, Коля Мігай і студэнт з Егіпта Гейф. Усё было добра, але неяк вечарам, калі Гейф яшчэ недзе бадзяўся па горадзе, да нас у пакой зайшлі старшакурснікі і пачалі збіраць грошы на выпіўку. Назбіралі па рублю з кожнага. Я спачатку не даваў, дык мне старшакурснікі падбілі вока. Вечарам вярнуўся Гейф і, убачыўшы мяне з фінгалам, запытаўся: «Што здарылася?» Мы адразу не прызнаваліся, але Гейф (а ён быў недзе пад два метры ростам і ў свой час служыў у марской пяхоце) сказаў, што калі мы не скажам, хто мне падбіў вока, дык ён нам яшчэ ўсім падаб’е па воку. І мы ўсё расказалі, як і што было. Раніцай у тэхнікуме да нас па чарзе падыходзілі нашы крыўдзіцелі і кожнаму аддавалі па тры рублі.
Янушкевіч і Новы год
13.12.2010. Хутка Новы год. Антон Янушкевіч у Пугачоўскай школе, калі я там вучыўся, заўсёды на гэтае свята быў Дзедам Марозам. І яно праходзіла весела, шумна і надоўга запаміналася. У пачатковых класах я не пазнаваў пераапранутага сваяка і верыў, што да нас у школу прыехаў на кані, запрэжаным у сані, сапраўдны Дзед Мароз. І сёння раптам падумалася, што Антон Мікалаевіч пайшоў у той свет таму, што там ужо сабралася шмат яго вучняў, якім захацелася весела сустрэць Новы год…
Янушкевіч і вяселле
14.12.2010. Калі мая сястра Валя выходзіла замуж, а вяселле было ў вёсцы, сабралася шмат народу. У большасці нашы сваякі – людзі спакойныя і не «гунуровыя». Хапала ўсім і выпіць, і закусіць. На другі дзень вяселля, калі ўсе прытаміліся сядзець за сталамі і танцаваць, было вырашана прайсціся з маладымі па вёсцы і пафатаграфавацца. І, як толькі пафатаграфаваліся, Антон Янушкевіч запрасіў усіх да сябе, каб паказаць сваю новую хату. І толькі мы выйшлі на вуліцу, як Антон закрычаў: «Вясееелле! Вясеееелле!» І потым усю дарогу туды і назад ён не маўчаў. І цяпер я нічога не магу ўспомніць, пра што два дні гаварыў са сваімі сваякамі, але і праз дваццаць пяць гадоў чую даўні крык Антона Янушкевіча: «Вясеееелле!»
Мае продкі
14.12.2010. Перабіраючы старыя паперы, знайшоў сшытак з запісам успамінаў майго бацькі пра нашых прадзедаў і прабабак: «У мяне была прабабка Аленка. Яна жыла ў Бакштах. Пражыла больш, чым 140 гадоў. Яе французы ў 1812 годзе душылі, але яна ўцякла. Дачка яе Магдуля – гэта маёй маткі Параскі (27.06.1909—24.06.1992) матка. Калі я адыходзіў у вой ска Магдуля ляжала, хварэла. Калі я год праслужыў, а служыў я спачатку ў Новасібірску (1951—1954 гады) пры кацюшы, яна памерла. Магдуля была Бабровіч. Відаць, і Аленка была Бабровіч. Аленка пахавана ў Пажарышчах. Калі я быў малым (нарадзіўся бацька ў 1931 годзе), Аленка ўсё на печы ляжала. У дзеда Андрэя прозвішча было Сарока. Пахаваны ў Дубровах на старых могілках бліжэй да капліцы. Прабабка Аленка помніла французаў, калі яны душылі людзей лавай. Усіх задушылі, а яна ўцякла. Ёй тады было 10 гадоў. Так расказваў дзед Андрэй, які памёр у 1951 годзе. Прабабка памерла ў 1942 годзе. Яна ўсё жыццё бачыла добра. Я яе памятаю. Магдуля пахавана ў Дубровах. Яна пражыла больш, чым сто гадоў. Аленка расказвала, што французы надта спявалі ў Пугачах, а потым мерзлі ў каноплях. Рабінка расла каля дарогі, каля яе былі і пахаваны французы. У Магдулі былі дзве каровы, конь, авечкі. Каля Ракава жыў пан Здзяхоўскі, і да яго з Пугачоў людзі хадзілі ў заработкі. Быў пан Гурскі. А ў Пугачах быў пан Мароз. Маёнтак стаяў у Хмарышках. Мароз іграў у Варшаве на музычных інструментах. Гурскі быў у Бакачах. Хапала жабракоў, якія сядзелі пад цэрквамі. Лягезы – гэта футар. Палякі выганялі людзей на футары. А Саветы гналі ў вёскі. Твайго дзеда Юзі маці звалі Крыстынка. Яна вучыла дзяцей. У дзеда было 8 гектараў зямлі. У Аляхновічах жывуць мае траюрадныя браты – Федаровічы Віця, Янка і Валодзя. Янка рабіў на цягніку качагарам….» А далей я нічога не запісаў. Трэба неяк у бацькі распытаць паболей, пакуль ён памятае…
Вылічылі ананімшчыка
15.12.2010. Сёння з «ЛіМа» да мяне ў выдавецтва прыходзіў Віктар Гардзей з лістамі ад ананімшчыка, які ўжо некалькі месяцаў кожны тыдзень пасля выхаду штотыднёвіка дасылае ў рэдакцыю спісаную заўвагамі і размаляваную рознакаляровымі фламастарамі старонку газеты з вершамі. Выдавецтва было б ні пры чым, калі б на канверце адваротны адрас быў іншы, а не наш. Віктар прыйшоў да мяне, бо ананім пазначыў нумар майго кабінета, дзе нібыта ён і сядзіць. Пачалі разбірацца, перабіраць рукапісы і заяўкі на выданне кніг. І хутка разам з Юрасём Пацюпам і Эдвардам Карбановічам па почырку вылічылі паэта, які піша ананімкі ў «ЛіМ». Гэта…
* * *
15.12.2010. Усё замецена. І я іду па рыпучым снезе, як па рыпучых дошках у вялікім белым палацы апошняга беларускага князя Зімы…
Упала сняжынка…
16.12.2010. Упала сняжынка. А за ёй другая, трэцяя, чацвёртая… А снежнай лавіны ўсё няма і няма. Чаму? А таму, што ў нас гор няма…
Бацька і агонь
16.12.2010. Зімой кожны вечар бацька паліў печку. Напачатку выносіў з яе ранейшы попел, а вяртаючыся ў хату браў ахапак дроў і вядро брыкету. А потым, стаўшы на калені перад печкай, распальваў газетамі паленцы. Часам, калі дровы былі сырыя і не хацелі гарэць, абліваў іх газай. Нярэдка, пакуль агонь разгараўся, у хату з печкі ішоў дым. Мы, дзеці, стараліся не перашкаджаць бацьку. І ён, моўчкі распаліўшы дровы, садзіўся на свой ложак каля печкі і, зачыніўшы ў ёй дзверцы, закурваў цыгарэту. А праз хвілін дзесяць у печцы агонь аж гудзеў. Потым бацька адчыняў у печцы дзверцы, каб цяпло пайшло ў пакой, і я з братам і сястрой, стаўшы на калені перад печкай, глядзелі, прыжмурыўшыся, на агонь, як на сонца…
Пра кніжнікаў і кнігі
18.12.2010. Атрымаў з Маладзечна ад Міхася Казлоўскага ягоную новую кнігу «Пра кніжнікаў і кнігі», якая ўпершыню ў гісторыі Беларусі прысвечана пытанням айчыннага бібліяфільства. У анатацыі напісана: «На яе старонках распавядаецца пра дзейнасць Беларускага таварыства бібліяфілаў, якое існавала на тэрыторыі Савецкай Беларусі ў другой палове 20х гадоў ХХ стагоддзя, згадваюцца імёны і кнігі забытых пісьменнікаў, даецца характарыстыка бібліятэкам і бібліяфілам мінулага. Не засталіся паза аўтарскай увагай і такія цікавыя і маладаследаваныя тэмы, як гісторыя беларускага экслібрыса, перыядычнага друку, прасочваюцца лёсы мастакоўафарміцеляў, архіваў, музеяў, аўтографаў, вывучаюцца малафарматныя і мініяцюрныя выданні. Асобная, часта невядомая старонка чалавечых узаемадачыненняў раскрываецца ў багатай эпісталярнай спадчыне вядомых пісьменнікаў і дзеячаў нацыянальнай культуры». Кніжка выйшла ў «Кнігазборы» накладам, на жаль, у 100 асобнікаў. Магло быць і болей, але ніхто фінансава не паспрыяў Міхасю…
Зусім сумна…
28.12.2010. Другі тыдзень дома, як у лазарэце. Гэтай ноччу ў Веранікі была высокая тэмпература. Амаль ніхто не спаў. Сярод ночы аднекуль самі прыйшлі радкі:
Калі забіваюць паэта,
Паэт не спыняецца жыць,
Бо права ён мае на гэта
Не менш, чым Хрыстос на крыжы.
І вершы яго, як малітвы,
Трапляючы ў нашую кроў,
Вяртаюць да нас забітых,
Нібыта здымаюць з крыжоў…
Ранкам зазірнуў у інтэрнэт. Загінула Таццяна Сапач…
2011
СТУДЗЕНЬ
Бадлер і Цяслёнак
12.01.2011. Працягваю купляць альбомную серыю «Великие художники». Учора займеў Анры Маціса. У тэксце пра мастака напаткаў чутае ад старога, у якога я кватараваў у 80я гады:
Голубка моя,
Умчимся в края,
Где все, как и ты, совершенство,
И будем мы там
Делить пополам
И жизнь, и любовь, и блаженство…
Толькі цяпер даведаўся, што гэты верш напісаны Шарлем Бадлерам і перакладзены Дзмітрыем Меражкоўскім. А колькі яшчэ цудоўных вершаў, якіх не было ў тагачасных кніжках, я пачуў ад старога! Словам, не проста дзіваком, як здавалася мне тады, жыў Мацвей Сцяпанавіч Цяслёнак, які пасля вайны быў арыштаваны і сасланы ў Сібір на залатыя прыіскі…
Гняздо
16.01.2011. Мне пяць гадоў. Раніца. Басанож іду па пыльнай дарозе з Лягез. Пыл цёплы, як падлога ў хаце каля адчыненай печкі, у якой на вуглях варыцца ў гаршку груца з мясам. Раптам з высокай прыдарожнай травы ўзлятае птушка. І там, адкуль птушка ўзляцела, я ўпершыню ў сваім жыцці знаходжу гняздо з жоўтадзюбымі птушанятамі. Спрабую пагладзіць іх, але яны нечакана і балюча дзяўбуць мае пальцы, і я, спалохаўшыся, уцякаю дахаты. Заўтра зноў іду да гнязда, каб птушанятам даць хлеба. Хаджу доўга каля дарогі, але гнязда так і не знаходжу…
Стрыжка
16.01.2011. У дзяцінстве, калі мяне стрыглі, заўсёды плакаў. Плакаў без істэрыкі. Проста слёзы каціліся з вачэй. Паехаўшы на вучобу ў Мінск, хадзіў з доўгімі валасамі і, калі што, сам іх абразаў. І вось ужо больш дваццаці гадоў мяне стрыжэ мая Людміла. Цяпер у час стрыжкі я смяюся…
Людзі размнажаюцца…
17.01.2011. Па радыё перадалі, што ў 2080 годзе на нашай планеце будзе жыць 15 мільярдаў чалавек. Адным словам, Зямля ператворыцца ў суцэльны Кітай…
Аня
18.01.2011. Сёння маёй стрыечнай сястры Ані 50 гадоў. Яна нарадзілася ў вёсцы Крапіўнікі, якая ў метрах пяцістах праз рэчку Яршоўка ад Лягез, у якіх я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Амаль кожны дзень хадзіў да сястры гуляць у лялькі. Шмат што помніцца з таго часу, але больш забылася. Памятаю, як мяне пакінулі дома дзядзька Ваня з цёткай Аляй глядзець за куранятамі. Глядзеў доўга, а потым пайшоў у Крапіўнікі гуляць. Вярнуўся позна. А дома мяне ўжо даўно чакала дзяга. Не ведаю, як гэта атрымалася, але, калі мяне не было, паваліліся вароты на куранят, і ўсе яны разам з квактухай загінулі. Пасля гэтага я не пайшоў да сястры ў госці, хоць мяне адпускалі з дому. Недзе праз тыдзень Аня прыйшла да мяне сама…
Цётка Манька
18.01.2011. Анінай маме, маёй цётцы Маньцы ўжо 93 гады. Цяпер яна ў Крапіўніках у старэйшай дачкі Валькі. Са здароўем кепска, але цётка трымаецца. Пахаваўшы ў маладосці аднаго мужа і застаўшыся з малымі дзецьмі, выйшла другі раз замуж. Шчасце зноў было нядоўгім. І потым цётка Манька сама касіла і жала, дровы секла і дзяцей гадавала. І дзеці выраслі добрыя, бо, каб не добрыя дзеці, ці было б сёння цётцы Маньцы 93 гады…
У гасцях…
19.01.2011. Быў у дзіцячым доме № 5. Трапіў туды з Інай Фраловай, у якой там працуе былая аднакурсніца па ўніверсітэце. Дзецям мы прывезлі ў падарунак кучу кніжак і два тарты. Я думаў, што збярэцца амаль увесь дом, але мы прыехалі да канкрэтных хлопцаў, якія жывуць у адным блоку, як браты. Усіх, здаецца, чатырнаццаць чалавек. На сустрэчы было сем, астатнія на вучобе ў другую змену. Хораша пагаварылі. Потым хлопцы мне паказалі свае пакоі, дзе яны спяць і робяць урокі. Скардзіліся, што холадна. У пакоях па трычатыры ложкі, а пісьмовы стол адзін. П’ючы з хлопцамі гарбату, звярнуў увагу на васьмёрку, намаляваную на кубку. Пазней даведаўся, што гэтая пазнака гаворыць пра тое, што кубкі належаць групе № 8. На развітанне мы сфатаграфаваліся. І самы цікаўны хлопец, які і кніжкі адразу гартаў, атрымаўшы іх, і пытанні задаваў, правёў нас да выхаду з дзіцячага дома…
Карта 1866 года
20.01.2011. На працы мастак Валера Сенчанка даў мне старыя карты беларускіх зямель. Разглядаючы частку Мінскай губерні па дадзеных 1866 года, знайшоў свае родныя Пугачы. Непадалёк фальварак Новы Двор. Цяпер вёска, у якой размешчаны Залескі сельсавет, а на месцы фальварка Хмарышкі хмызнякі і балаціна. Там, дзе быў фальварак Пятраўшчызна, цяпер вёска Пятроўшчына. Каля вёскі Сцяцкі на карце паказаны ручай Сцяцкі. Цяпер яго няма, як і няма каля маіх Пугачоў ручая Малышоўка. На карце ёсць суседнія вёскі Татары і Татарскія, але Татарскія названы вёскай Татарская. Словам, ёсць на што паглядзець і над чым падумаць…
Уладзімір Марук
21.01.2011. У сённяшнім «ЛіМе» змешчаны вершы Уладзіміра Марука, які пайшоў у лепшы свет 23 студзеня мінулага года. Не буду хваліцца, што быў вельмі блізкім сябрам Валодзі, але мы адзін да аднаго адносіліся з павагай і разуменнем. Быў час, калі мы працавалі ў «ЛіМе» і сядзелі ў адным кабінеце. І мне было прыемна назіраць, калі да майго сябра (ён ужо не жыў з сям’ёй) прыязджала яго дачка Вераніка і як ён рыхтаваўся да сустрэчы з ёй. Па ўсім было бачна і адчувалася, што Валодзя вельмі любіць сваю крывінку. Сённяшнія вершы ў «ЛіМе» з прадмовай Веранікі Марук гавораць, што любоў была ўзаемнай…
Нікога не вінаваціў…
22.01.2011. Мужчына павесіўся, пакінуўшы запіску, каб у ягонай смерці нікога не вінавацілі. І яго, як вісельніка, пахавалі на могілках каля плота. Мінула трыццаць гадоў, і магіла вісельніка цяпер амаль у самым цэнтры могілак…
* * *
22.01.2011. На фоне белага неба і снегу адзінокае чорнае дрэва на небакраі, як трэшчына, з якой прарвецца вясна…
У чаканні вясны…
22.01.2011. На вуліцы беласнежна і сумна. У такі дзень, як сёння, калі б жыў у вёсцы, я б на лыжах паехаў у лес. На любімай палянцы расклаў бы вогнішча і на дубчыках смажыў бы сала… А так сяджу ў кватэры і сачу праз акно за варонамі, што сядзяць на дрэвах, чакаючы вясны, як і я…
* * *
23.01.2011. У заснежаным скверы вароны на дрэвах, як счарнелыя ад маразоў рабінавыя гронкі…
Канкрэтная справа
23.01.2011. Іна Фралова, якая мяне вадзіла ў дзіцячы дом № 5 прыслала па электроннай пошце: «Хлопцы пад уражаннем да сягоння ад сустрэчы з Вамі. Астатнія шкадуюць, што не давялося пабачыцца. Першы раз чытаюць кнігі на беларускай мове без прымусу. Навыка няма, чытаюць па складах, пытаюцца словы. Адным словам, хатачытальня…» Пайду яшчэ…
Да 90-годдзя Івана Шамякіна
25.01.2011. У Нацыянальнай бібліятэцы прэзетаваў кнігу «Іван Шамякін. Летапісец эпохі». Імпрэзу хораша правёў Мікола Мятліцкі. Выступалі Таццяна і Алеся Шамякіны, Алесь Савіцкі, Раіса Баравікова і Адам Мальдзіс. Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз, а Раіса Андрэеўна падчас свайго выступлення трымала мікрафон, як свечку ў Храме…
Часам здаецца…
26.01.2011. Часам здаецца, што ўсё тое, што ўжо надрукавана, нікому не патрэбна, як смецце, якое засталося пасля здабычы золата. А золата прапілі…
Думалі пра ВКЛ
26.01.2011. Часта ўспамінаецца Масква і інтэрнат Літінстытута, калі мы (літовец, украінец, паляк і я) начамі за пляшкай польскага спірту, прынесенага з пасольства Польшчы, гаварылі пра землі «ад мора да мора» і адзін аднаму даказвалі, што гэта яго зямля. Яшчэ было амаль шэсць гадоў да гібелі савецкай імперыі, але ўжо адчувалася, што мы не проста так узгадваем сваю агульную гісторыю. Наша «дзяльба зямлі» заўсёды заканчвалася мірна, але не ведаю, як мае суразмоўцы, а я заставаўся пры сваім меркаванні, што ВКЛ – гэта цалкам беларуская дзяржава. Цяпер думаю, чаго больш было ў нашых начных гамонках пра землі «ад мора да мора»: разбуджанай тугі па Вялікім Княстве ці нованароджанай імперскай пыхі, якая ўзнікла ў выніку навучання ў Маскве?
* * *
30.01.2011. Калі ездзіў у вёску ў аўтобусе, нярэдка ўсю дарогу ўспамінаў дзяцінства. На душы рабілася сумна, што хоць ты плач, а людзі ў аўтобусе гаманілі, смяяліся. Адно суцяшала, што не з мяне…