Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"
Автор книги: Віктар Шніп
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 20 страниц)
Дэбют у «Дні паэзіі-80»
21.02.2010. У 1979 годзе я ўпершыню са школьным сшыткам, у якім былі акуратна перапісаны творы, прыйшоў у выдавецтва «Мастацкая літаратура». Хлопцыпаэты параілі занесці вершы ў «Дзень паэзіі80» складальніку Вадзіму Спрынчану. «Мы напісаныя ад рукі творы не прымаем і не разглядаем!» – убачыўшы мой сшытак, катэгарычна заявіў Вадзім Браніслававіч. Я пачаў прасіць: «Ну хоць пачытайце! Можа іх не варта і перадрукоўваць!» – «Выдавецтва разглядае толькі надрукаваныя на машынцы творы!» – паўтарыў гаспадар кабінета. «У мяне няма машынкі! І, можа, не варта мне траціць грошы на перадрук. Пачытайце…» – не здаваўся я. «Ну добра. Пакіньце. Праз тыдзень зойдзеце забраць свой сшытак»,– сказаў Вадзім Браніслававіч і правёў мяне з кабінета. На наступным тыдні я зноў прыйшоў у выдавецтва. На стале ў Вадзіма Спрынчана ляжаў мой сшытак і каля дзесяці аркушаў паперы з маімі перадрукаванымі творамі, якія складальнік «Дня паэзіі80» выбраў да друку…
Праверка з Валожына
21.02.2010. Красавік. Вучуся ў 7 класе. У панядзелак на апошнім уроку зайшла класная кіраўніца і папярэдзіла, каб усе заўтра прыйшлі ў школу добра апранутымі і падрыхтаванымі – з Валожына прыедзе праверка, і хто атрымае двойку, таго выганяць са школы. Вярнуўшыся дамоў, вырашыў заўтра не хадзіць на заняткі. А каб не пайсці вучыцца, надумаў захварэць. І пайшоў я ў Гаік да сажалкі, на якой яшчэ цалкам не растаў лёд. Разуўшыся, зайшоў у ледзяную ваду. Стаяў, пакуль ад холаду не пачало калаціць. Вярнуўся дамоў прамерзлы да касцей. Залез на печ, дзе сябе адчуў хворым. Пачаў кашляць. Мама, пачуўшы мой кашаль, захвалявалася: «Ну што там? Захварэў?» – «Захварэў…» – прамармытаў я. «Заўтра сядзі дома!» – сказала мама. Назаўтра я не пайшоў у школу. Аднак не захварэў, а з Валожына праверка не прыехала…
Думаць вершы
22.02.2010. Вясновая паводка. Якраз у гэты час у школе вакацыі. Абуўшы бацькавы гумовыя боты і ўзяўшы блакнот, іду ў затоплены Гаік. Дабіраюся да купіны, на якой расце бярозка, і саджуся, як пісаў Алесь Пісьмянкоў, думаць вершы. Навокал вада, і я гляджу ў ваду і бачу неба, у якім плывуць аблокі, чапляючыся за леташнюю мёртвую траву. У школе вывучаем «Новую зямлю», і мне хочацца напісаць нешта падобнае, але сваё. Нічога ў галаву не прыходзіць, і я, прасядзеўшы гадзіны дзве сярод паводкі і потым яшчэ набраўшы вады ў боты, вяртаюся дахаты...
Выздараўленне
23.02.2010. Два тыдні не хадзіў у школу – хварэў адзёрам і свае чатырнаццаць гадоў сустрэў у ложку. Ляжаў з высокай тэмпературай, і часам думаў, што памру. Вокны ў хаце былі завешаны, каб у мяне ад святла не псаваўся зрок. Мне было страшна і хацелася жыць. І калі я ачуняў, і ўпершыню выйшаў на вуліцу, дзе навокал ужо амаль растаў снег і ў агародзе ў аблітай брудам траве капаліся чарнюткія, аж бліскучыя, шпакі, я заплакаў. Пастаяўшы хвіліну, сеў на лаўку каля хаты. Паветра пахла жыццём. У чыстым небе, як у калодзежнай вадзе, плавала залатое сакавіцкае сонца. Паглядзеўшы на яго, я чыхнуў, і ў мяне з носу пайшла кроў. На нейкі момант спалохаўшыся, заціснуў пальцамі нос. Кроў чырвонай змейкай папаўзла па руцэ і схавалася пад рукавом, пакінуўшы за сабою чырвоную палоску, нібы святочную стужку...
Вылучэнне ў дэпутаты
25.02.2010. Тэлефанавалі з вёскі з просьбай да мяне балатавацца ў дэпутаты ад мясцовай выбарчай акругі. Адразу ж узгадалася падзея дваццацігадовай даўнасці, калі мяне ад Саюза пісьменнікаў адправілі ў адну з мінскіх школ на сход выбаршчыкаў агітаваць за вылучэнне Ніла Гілевіча ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Поўная вялікая зала чакала самога старшыню СПБ, і першым было пытанне: «А чаму сам Гілевіч не прыйшоў?» Давялося тлумачыць і адказваць на ўсе пытанні, якія настаўнікі збіраліся задаць Гілевічу. Адказваў доўга, а потым выйшаў на сцэну самы гаваркі настаўнік і сказаў: «Я прапаную вылучыць кандыдатам у дэпутаты ад настаўнікаў Віктара Шніпа! Ён малады, талковы хлопец, паэт не горшы за Гілевіча! Хто за?» У зале ўсе паднялі рукі. «Хто супраць? Хто ўстрымаўся?» Ніхто! «Я не магу! Я прашу вас вылучыць Ніла Гілевіча!» – пачаў прасіць я. «Не! Мы вылучым цябе!» – «Не хачу!» Скончылася тым, што я ўцёк са сходу. А Ніла Гілевіча вылучылі, здаецца, ад Маладзечанскай выбарчай акругі…
* * *
27.02.2010. «Давайце жыць дружна!» – хочацца сказаць, гледзячы на ўсё, што адбываецца ў нашым штодзённым жыцці. І я кажу, але мяне ніхто не чуе, як і я многіх і многае не чую…
Сутарэнні Ромула
27.02.2010. На гэтым тыдні заходзіў да мяне на працу сябра з Маладзечна Міхась Казлоўскі, які быў другім, пасля мяне, чытачом рукапіса новага рамана «Сутарэнні Ромула» Людмілы Рублеўскай. Міхась прывёз выразку з газеты, дзе незнаёмая настаўніца піша: «Я не разумею, чаму ніхто з чыноўнікаў не заўважае таго, што робіць Людміла Рублеўская? Гэта ж Уладзімір Караткевіч сённяшняга дня! Дастаткова даць дзіцяці пачытаць толькі адзін раздзел з яе любога рамана, і ўсё – дзіця не адарваць ад беларускай кнігі. На сённяшні дзень Рублеўская – самая дастойная кандыдатура для такой (дзяржаўнай) прэміі».
Старыя
28.02.2010. На вуліцы змрочна і няўтульна. Каля дома, што насупраць нашага, ходзіць тудысюды захутаная ў вялікую цёплую хустку і ў доўгім вясковым кажуху бабуля. Мая мама, угледзеўшы старую праз акно, нешта пачала мармытаць сабе пад нос. Пытаюся: «Хочаш на вуліцу?» Мама нічога не адказала, а, махаючы рукамі і пакульгваючы, вярнулася да сябе на канапу і накрылася коўдрай аж па вочы…
САКАВІК
* * *
2.03.2010. Учора вечарам па АНТ у прэзентацыі гурта «3+2» прагучалі мае «Анёлы». А сёння на працы супрацоўнікі мяне віншавалі з песняй, англійскі варыянт якой будзе гучаць у Осла на Еўрабачанні. Гадзін пяць у мяне быў цудоўны настрой. Потым, калі застаўся ў кабінеце адзін, у галаве зашкрэблася пытанне: «Ну і што?»
Празаік Цодзік Кацман
2.03.2010. Канец працоўнага дня. Я ўжо думкамі ў дарозе дахаты. Тэлефонны званок вяртае да рэальнасці: «Вас турбуе празаік Цодзік Кацман! Мне патрэбен Віктар Шніп!» – «Я вас слухаю…» – адказваю, успамінаючы, хто гэта такі – Цодзік Кацман. «Ці прачыталі мой рукапіс?» – хрыплым голасам пытаецца празаік. Не паспяваю нічога сказаць, як чую: «Я там вам двухтомнік здаваў! Спадзяюся, вы яго не згубілі!» – «А чаму не трохтомнік?» – «Трохтомнік да майго юбілею выходзіць у Маскве. А вы абяцалі два тамы!» – «Нічога я не абяцаў!» – «Дык вы, відаць, рукапіс згубілі!» Я пачынаю думаць, як не пасварыцца з Кацманам, а ён заяўляе: «Гадоў пяць назад мы ў адной кампаніі выпівалі і я тады вам даў свой рукапіс. Вы яго не згубілі?» – «Не… Не згубіў… здаецца…» – «Тады я вам прызнаюся. Я ў вас даўно закаханы!» – кажа Цодзік Кацман. «Няўжо?» – разгублена пытаюся я. «Прыязджайце да мяне ў гасцініцу…» – кажа незнаёмец і… пачынае рагатаць, і я пазнаю свайго даўняга сябра з Маладзечна Міхася Казлоўскага.
Мама ў чаканні
3.03.2010. З суботы мой брат Вова будзе ў адпачынку. На тыдзень паедзе ў вёску, куды забярэ ад нас маму, у якой 5 сакавіка будзе год, як яна атрымала інсульт. Прашу маму: «Палічы, колькі дзён засталося да вёскі». Мама дастае зпад падушкі адрыўны каляндар і пачынае лічыць: «Айн, цвайн, драйн…»
Сыс і Валодзя
4.03.2010. У адным з выдавецкіх кабінетаў супрацоўнікі ачышчалі ад смецця вугал. Праходзячы міма па калідоры, сярод пажоўклых папер і кніжак я ўбачыў кніжку Анатоля Сыса «Сыс», выдадзеную «пры дапамозе спадарыні Валянціны Якімовіч» у «Мастацкай літаратуры» ў 2002 годзе. Падняў. Чытаю: «Валодзя, калі б ня ты, дык мяне б, як паэта ня було б. 24 верасня 2002». Цяпер «Сыс» будзе ў мяне дома. Гэта ўжо трэцяя Сысава кніга, знойдзеная мной у выдавецтве...
Рамонт і кнігі
4.03.2010. У канцы 90х гадоў у кабінетах часопісаў «Полымя», «Беларусь» і штотыднёвіка «ЛіМ» рабілі касметычны рамонт. Супрацоўнікаў рэдакцый часова перасялілі ў Дом літаратара. Неяк з лімаўцамі я надумаўся запытацца ў будаўнікоў, ці хутка яны закончаць сваю работу. Зайшлі ў будынак і ўбачылі растаптаныя, залітыя фарбай кнігі ўдзячных аўтараў, падпісаныя рэдактарам і іх намеснікам часопісаў «Полымя» і «Беларусь». Асабліва шмат валялася падарункаў Таісе Бондар, якая ўжо на той час працавала галоўным рэдактарам «Всемирной литературы»...
Перад Святам
5.03.2010. Сёння на працу некаторыя мужчыны ішлі з кветкамі, жанчыны – задумлівыя. Цяпер з працы некаторыя жанчыны вяртаюцца з кветкамі, мужчыны – нападпітку і задумлівыя...
Мама едзе ў вёску
6.03.2010. Мама прачнулася а палове сёмай. Пакуль гатаваў снеданне, яна апранулася ехаць у вёску. «Яшчэ рана! Распранайся і паляжы! У гадзін дзесяць за табой прыедуць…» – кажу маме, а яна глядзіць мне ў вочы і матае галавой, нібыта нічога не разумее. Пасядзеўшы крыху, мама паказвае на кніжную шафу: «Пашпарт. Пашпарт…» Прайшло тры месяцы, я пра яе пашпарт даўно забыўся, а яна ўспомніла. Адшукаўшы сярод папер мамін дакумент, аддаў ёй. Яна адразу ж пашпарт паклала ў кішэню і сказала: «Усё…»
* * *
6.03.2010. Год таму ў гэты дзень мама з інсультам трапіла ў Ракаўскую бальніцу. Ад гэтай навіны на душы было вусцішна. З Людай дапазна ездзілі па аптэках, шукаючы раствор для кропельніц і катэтары – па тэлефоне даведаліся, што ў бальніцы нічога гэтага няма. Аптэкі працавалі толькі дзяжурныя. Адшукалі ўсё. Назаўтра раніцай на выдавецкай машыне паехаў у Ракаў. Мама ўжо ляжала ў палаце пад кропельніцай. Чамусьці ўсё патрэбнае знайшлося, і тое, што я прывёз, праляжала ў мамы пад ложкам два тыдні…
У бібліятэцы
6.03.2010. Неяк пасля выступлення ў горадзе N мне і Міхасю Казлоўскаму загадчык бібліятэкі прапанаваў павячэраць у кампаніі трох сімпатычных бібліятэкарак. Мы не адмовіліся, бо да нашага дызеля было больш як тры гадзіны. Вывесіўшы абвестку, што бібліятэка па тэхнічных прычынах часова не працуе, мы прайшлі да стала, які ўжо быў багата накрыты. І вось сядзім ушасцёх, выпіваем, жартуем, чытаем вершы. На вуліцы цямнее, але святла не ўключаем. І раптам у пакой адчыняюцца дзверы і да нас заходзіць высокая жанчына. Я напачатку падумаў, што гэта бачыцца ад выпітага, але, пасля таго, як жанчына падышла да загадчыка бібліятэкі і, падняўшы яго зза стала за вуха, моўчкі павалакла ад нас, зразумеў: пара дамоў! На хаду закусваючы, мы з Міхасём пачалі развітвацца з бібліятэкаркамі. Адна прашаптала на развітанне: «Гэта жонка нашага загадчыка…»
* * *
8.03.2010. Патэлефанаваў у вёску і павіншаваў маму са Святам. Даведаўся ад брата, што першы дзень пасля яе прыезду ў вёску бацька ўсё нешта бубнеў сам сабе. Учора ж амаль цэлы дзень бацькі разам спявалі…
Вада і брат
8.03.2010. На вясновых вакацыях з малодшым братам Вовам бадзяюся па вадзе ў Гаіку. На хаду прыдумляю ўсялякія гісторыі і расказваю. Брат уважліва слухае. У Гаіку на сажалцы яшчэ ляжыць лёд. Ён стаў белы і рыхлы, як снег. Заходжу на лёд і кажу: «Я праліваў кроў на Падэкале!» – і тут жа правальваюся ў ваду па самае горла. Вова выцягвае мяне з сажалкі і мы, мокрыя, як жабы, вяртаемся дамоў…
Казах і поўня
9.03.2010. Cваячніца пісьменніка N, паехаўшы ў Казахстан уздымаць цаліну, выйшла там замуж за мясцовага. Праз некалькі гадоў жанчына прывезла мужыка да сябе ў вёску, каб пазнаёміць з раднёй. Вечарам казах перад сном выйшаў на вуліцу і праз хвіліну з крыкам прыбег назад у хату: «Айяйяй! Гэта ж трэба! І ў вас ёсць поўня ў небе!»
Янушкевіч і Кісялёў
10.03.2010. Прачытаў у «Дзеяслове» №44 нататкі Язэпа Янушкевіча пра Генадзя Кісялёва. Напісана больш пра сябе, чым пра свайго настаўніка, але цікава. Каторы раз лаўлю сябе на думцы, што з майго земляка Язэпа мог бы атрымацца добры раманіст, які б пісаў на гістарычную тэматыку. Аднак, Язэпу ўжо за пяцьдзясят, а ён усё ніяк да канца не разбярэцца ні з ДунінымМарцінкевічам, ні з Багушэвічам…
Васілеўскі і народныя мастакі
10.03.2010. Былы «лімавец» Пятро Васілеўскі цяпер працуе вартаўніком. А было, здаецца, нібыта ўчора, калі Пятро на рэдакцыйнай лятучцы (кіраваў Алесь Пісьмянкоў) запланаваў гутарку з Гаўрыілам Вашчанкам, абяцаючы праз пару дзён здаць матэрыял. Прайшоў тыдзень, два, месяц, тры, паўгода, а Пятро ўсё плануе і плануе Вашчанку і, не здаўшы матэрыял, раптам прапанаваў запланаваць гутарку з Леанідам Шчамялёвым. Запланавалі. Праз тыдзень зноў запланавалі тое ж самае, праз месяц зноў, праз тры зноў. Прайшло паўгода і, не здаўшы Шчамялёва, Васілеўскі зноў запланаваў Вашчанку. І не здаў... Словам, былі часы...
1979
10.03.2010. Вясна. Інтэрнат архітэктурнабудаўнічага тэхнікума. Прачынаюся сярод ночы ад стуку ў дзверы: «Усім з’явіцца ў тэхнікум на сход!» Чаго і што – ніхто з нас не ведае. На хаду апранаючыся, бяжым у актавую залу. Каля сцэны з мікрафонам стаяць вайскоўцы. Чалавек дзесяць. Праз хвілін пяць старэйшы па званні аб’явіў, што нас сабралі разнесці позвы. Па спісах кожнага прысутнага выклікалі да сцэны і адпраўлялі ў ноч з заданнем. Дайшла чарга і да мяне, але я ў кішэні выпадкова знайшоў стары рэцэпт на лякарства ад ангіны і, выправіўшы даты, сказаў, што я хворы і не магу ноччу хадзіць па вуліцах. Вайскоўцы ўважліва паглядзелі на мой рэцэпт і на мяне, і адпусцілі. Мае ж сябры да раніцы разносілі позвы па кватэрах. Яшчэ ніхто не ведаў, што ў канцы года савецкія войскі распачнуць вайну ў Афганістане...
Чаму?
11.03.2010. Выступаў у дзіцячай бібліятэцы № 4 перад гімназістамі 9 класа. З трыццаці чалавек было толькі сем хлопцаў, а астатнія дзяўчаты. Хапала пытанняў да мяне, але найбольш запомнілася пытанне гімназісткі, якая сядзела за першым сталом: «Чаму вы пішаце пабеларуску?»…
У вёсцы
12.03.2010. Ужо цэлы тыдзень, як мама ў вёсцы з бацькам пад наглядам майго брата Вовы. Адчуванне такое, нібыта жыццёвая рэчка ўвайшла ў звыклае рэчышча, і мама паранейшаму здаровая, і не агледзешся, як трэба зноў садзіць бульбу і рабіць агарод. А на самай справе ў гэтым годзе садзіць бульбу не будзем зусім. Гаспадарка звужаецца і звужаецца да печы, з якой і пачалася пяцьдзясят гадоў таму...
Хваробы
15.03.2010. «А потом меня постигла серьёзная болезнь – я влюбился»,– пісаў Іван Бунін. А нас апошнім часам усё наведваюць несур’ёзныя хваробы – то птушыны грып, то свіны, а то проста галава баліць…
Любоўная гісторыя
15.03.2010. Чытаю лісты, якія пісаліся пятнаццаць гадоў таму закаханым адзінокім мужчынам да замужняй жанчыны. Яму тады было 50, і ён называў сябе: «Стареющим мавром с диктаторскими замашками». Любоўная гісторыя закончылася, і паўгода назад жанчына пажаўцелыя лісты ў поліэтыленавым пакеціку вярнула мужчыну, бо пабаялася далей трымаць іх дома. Сёння мужчына прынёс свае лісты ў выдавецтва, каб выдаць іх у кнізе, прысвечанай сваёй творчасці…
Што такое шчасце?
16.03.2010. Учора патэлефанаваў прафесарпенсіянер: «У 1985 годзе ў газеце «Знамя юности» мне было заказана растлумачыць моладзі «што такое шчасце». Я працу нядаўна закончыў, і ў мяне атрымалася 140 старонак. Можна, я вам прынясу іх для выдання?» Пасля працяглай размовы пра выдавецкія справы і пра тое, што такое шчасце, я пагадзіўся, што прафесарпенсіянер прынясе рукапіс кнігі і я пагляджу яго. У дзесяць гадзін раніцы стары прыйшоў да мяне. Заглядаю ў папку, а там... вершы...
Ала Канапелька
17.03.2010. Рыхтуем зборнік літаратараў Хойнікаўшчыны. Чытаю Алу Канапельку. Вершы знаёмыя, напісаныя гадоў 20, а то і 30 назад. Так светла і з такой шчырай і ўзнёслабалючай любоўю да Радзімы цяпер амаль ніхто не піша. На жаль, і сама Ала нічога новага даўно не друкуе...
Брыльянты і Зыкіна
18.03.2010. «Cамы вялікі брыльянт Людмілы Зыкінай коштам амаль 2 мільёны даляраў знайшлі на лецішчы яе прыслугі» – паведаміла сёння «Камсамольская праўда». Хутка будзе дзевяць месяцаў, як спявачка памерла...
Гаспада
18.03.2010. У канцы працоўнага дня тэлефонны званок: «Гаспадзіна Шніпа можна пачуць?» Гадаючы, з якой жа гэта краіны мне тэлефануюць, адказаў: «Я слухаю...» – «Гэта вас турбуе Гулезава. Як там мая кніжка?» – «Якая ваша кніжка?» – «Как стать первой свиньёй?» – «Помню такую. Яе рыхтуе гаспадзін Юрась Пацюпа. Тэлефануйце яму»,– адказаў я.
Любоў
20.03.2010. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь у лісце да замужняй жанчыны піша: «Я болен тобой! Я люблю тебя. Я хочу только тебя. А ты, зараза, спишь...»
Дзень паэзіі
21.03.2010. «Тюман… Тюман… Усё далемна…» – гледзячы ў акно на туман, раптам успомніў сказанае ў Доме творчасці «Іслач» двухгадовай дачкой Лёні Галубовіча дваццаць гадоў таму. Сёння Сусветны дзень паэзіі.
Бульба
21.03.2010. У двары з машыны прадавалі бульбу. Купіў пятнаццаць кілаграм. Успомніліся маці і бацька. Захацелася ў вёску, і не на адзін дзень. Ды дзе там – праца, як ланцуг, не пускае…
Язэп задумаўся…
23.03.2010. Наведаўся Язэп Янушкевіч. Я пахваліў яго расповед пра Генадзя Кісялёва, што быў у «Дзеяслове», і сказаў, што яму варта напісаць гістарычную аповесць пра ДунінаМарцінкевіча, бо ён ведае пра гэтага класіка больш, чым хто. А высвятляць, на якой мове была напісана «Пінская шляхта» – няўдзячны занятак. Язэп задумаўся. І пайшоў…
Мальдзіс і Прушынская
23.03.2010. Атрымаў па пошце ад Адама Мальдзіса пераклад маёй «Балады Андрэя Мрыя», зроблены дачкой паэта, і яе ліст. Н. Прушынская піша: «Уважаемый Адам Мальдис! Получила Ваше новогоднее поздравление и балладу Виктора Шнипа. Спасибо Вам за всё. Баллада очень понравилась, спасибо и автору. Я сделала подстрочник для своих близких – не очень, конечно, точный и складный. Посылаю вам его. Сегодня мы с мужем побывали у Оксаны (сестра), читали стихи и перевод. Оксана всплакнула… Всего вам самого лучшего в новом году, прежде всего – здоровья! 13.01.2010. Н. Прушинская».
Прычыны смерці
25.03.2010. У газетах пішуць, што спявачка Валянціна Талкунова, як і Янкоўскі, Абдулаў, Турчынскі, стала ахвярай стваловых клетак, з дапамогай якіх яна амалоджвалася. Словам, багатыя паміраюць ад стваловых клетак, а бедныя – ад сталовак, у якіх харчуюцца...
Свіслач
25.03.2010. Свіслач вызвалілася ад лёду. І цяпер чайкі на вадзе, як лапікі нерасталага снегу...
Сумна
25.03.2010. Сёння першы дзень, які падобны на вясновы. На працы хапае клопатаў. І мне сумна. У час абеду выбраўся на праспект. Прайшоўся. Моладзь нікуды не спяшаецца, а старыя ледзь сунуцца па вуліцы. І я сярод іх, як з іншай планеты. Стала яшчэ самотней. Заўтра 26 сакавіка... І мне будзе 50...
Казачніца
25.03.2010. Прыходзіла пажылая жанчына. Прыносіла казкі пра хітрых лісічак, пра шустрых зайчыкаў, пра старых мядзведзяў, якім дзвесце гадоў. Я жанчыне сказаў, што мядзведзі столькі не жывуць, а яна мне: «Гэта ж казка!» – «Ну добра! Няхай жывуць!» – пагадзіўся, але казкі вярнуў назад. Развітваючыся, казачніца прызналася: «Да пенсіі я працавала ў міліцыі. Цяпер мне няма чаго рабіць, дык я казкі пішу...»
З вакон радзільнага дома
29.03.2010. Пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Навум Гальпяровіч, Пятро Васючэнка, якія нарадзіліся ў Полацку, ганарацца тым, што першае, што яны ўбачылі з вокнаў радзільнага дома – гэта крыжы Сафійскага сабора. Я нарадзіўся ў Мінску ў радзільным доме на Валадарцы. Атрымалася так, бо, калі прыйшоў час мне з’явіцца на свет, бацькаў малодшы брат замест таго, каб маю маму везці ў Валожын, павёз у Мінск. І першае ў жыцці, што я ўбачыў з акна – былі турэмныя вежы Пішчалаўскага замка, дзе ў свой час сядзеў Якуб Колас і быў павешаны Пуліхаў…
Людміла і спадарожнік
29.03.2010. Сяброўка нашай сям’і Людміла Шчарбінская нарадзілася ў 1957 годзе. Якраз у той час быў запушчаны ў космас першы савецкі спадарожнік. Тады Людміле было ўсяго тры тыдні, але яна кажа, што памятае, як маці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, вынесла яе на вуліцу і паказала, што над імі ў небе пралятае спадарожнік…
Адпачываю
29.03.2010. Учора з сябрамі і роднымі быў у Валожыне. У ДК мае землякі святкавалі мой юбілей. Сёння сяджу дома і адпачываю ад добрых слоў у свой адрас…
КРАСАВІК
* * *
1.04.2010. На маёй юбілейнай вечарыне пісьменніца Алена Масла падарыла мне сексуальную Музу негрыцянку. Актрыса Галіна Дзягілева і супрацоўніца Купалаўскага музея Людміла Давыдоўская, разглядаючы падарунак, налічылі ў лялькі па чатыры пальцы на руках і нагах. «А што, вы не ведаеце, што ў неграў па чатыры пальцы?» – сур’ёзна гаворачы, пажартаваў я. Жанчыны задумаліся...
Айцецезуіт Адольф Шніп
2.04.2010. Бадзяючыся па інтэрнэцкіх сутарэннях, знайшоў: «Вільня. Парафіі быў перададзены былы аўгусьцінскі касьцёл, апекаваліся ёй айцыезуіты (а. Павел Мацевіч і а. Адольф Шніп), было 122 вернікі». А некаторыя мне кажуць: «Не пішы пра Храмы і пра Бога!»…
З роду Шніпоў
3.04.2010. Ад Леаніда Маракова даведаўся, што а. Адольф Шніп у 1937—1938 (?) гадах быў святаром грэкакаталіцкага касцёла найсвяцейшай панны Марыі Усходняй місіі ордэна езуітаў у Слоніме. Па меркаванні Маракова а. Адольф Шніп нарадзіўся не пазней 1910 года. Рэпрэсій пазбег, бо быў пераведзены ў Вільню апекавацца былым аўгусцінскім касцёлам. Як склаўся лёс маладога святара з роду Шніпоў, майго кроўнага сваяка – мне пакуль што не вядома…
Песня Адраджэння
5.04.2010. На дзень народзінаў мне з радыё падарылі аўдыёдыск з маімі песнямі, якія ў іх захаваліся ў фондах. З дзесяці твораў асабліва прыемна было паслухаць «Песню Адраджэння», якую выконваюць «Сябры» з Данчыкам. Запіс быў зроблены ў 1992 годзе, калі Данчык гасцяваў у Мінску і кампазітар Зміцер Яўтуховіч зацягнуў яго да «Сяброў» у студыю. У свой час «Песня Адраджэння» часта гучала па радыё...
На канале «Культура»
6.04.2010. Цэлую гадзіну на канале «Культура» быў з Галінай Шаблінскай. Гаварылі пра літаратуру. Пасярэдзіне перадачы пяць хвілін гучалі мае вершы ў прачытанні артыста і пісьменніка Анатоля Жука, які ў мінулым годзе нечакана памёр. Сёння ў выдавецтве атрымалі з друкарні сігнальныя экзэмпляры кніжкі казак «БульБуль», у якой ёсць і творы Анатоля. Словам, напісанае і запісанае застаецца. І ўсё ж…
Хоўхлава і Сымон Будны
7.04.2010. Вярнуўся з электрычкі. Стомлены, але задаволены. Ездзіў у Маладзечна і ў вёску Хоўхлава. Сустрэчы з чытачамі арганізаваў краязнаўца Міхась Казлоўскі. У Хоўхлаве ў другой палове 16 стагоддзя жыў і працаваў Сымон Будны – адпаведная шыльда прымацавана на будынку мясцовай школы. Захаваўся і касцёл (дакладней яго фундамент), які памятае славутага асветніка. Касцёл драўляны, і ён у свой час гарэў, але быў адноўлены. З Хоўхлава да маіх Пугачоў 14 кіламетраў…
Юбілейны марафон
8.04.2010. У музеі Якуба Коласа была мая вечарына. Мінулі ўжо два тыдні з дня майго юбілею. А мяне ўсё кожны дзень віншуюць, а я ўсё выступаю, выступаю і цалуюся…
Перад Радаўніцай
11.04.2010. Сонечна і неба чыстае, як дзіцячая сляза. Сям’ёй едзем у Чыжоўку на могілкі…
На могілках у Чыжоўцы процьма народу. Усе прыйшлі і прыехалі да сваіх родных і блізкіх, і ўсе прысутныя сярод помнікаў на нейкі час сталі, як родныя…
З Чыжоўскіх могілак да вакзала дабіраліся цэлую гадзіну. У падземным пераходзе зайшлі ў кафэ, бо ўжо не было сіл, каб шукаць нешта больш шыкоўнае. Пакуль чакалі свой заказ побач з намі прайшоў бомж, як прывід, увесь у чорным і, узяўшы з непрыбранага стала недаедзены бутэрброд, выйшаў няспешна з кафэ. А так усё ж было прыемна пасядзець сярод маладзёнаў, якія радуюцца жыццю…
Кнігі і мае родныя
12.04.2010. У сямідзясятыя гады ў Пугачах у маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі ў хаце і на верандзе было некалькі тысяч кніжак. Пасля чарговага разводу іх у вёску прывёз мой дзядзька Славік, які быў вялікім кнігалюбам і ведаў амаль усяго Ясеніна на памяць. Дзед і бабуля кніжак не чыталі, але і мне не давалі…
Пачалася вясна
12.04.2010. Сядзеў адзін дома. Нудзіўся. І раптам вярнулася з горада Людміла з білетамі ў Купалаўскі тэатр на сем гадзін. У мяне былі іншыя планы на вечар, таму я не адразу ўспрыняў яе прапанову. І калі пачаў збірацца, то давялося доўга перабіраць увесь летні абутак і адзенне, ад якога я адвык за зіму. Нанерваваўся, але ўсё ж сабраўся. Нудоты як і не было…
Ірландыя і Беларусь
12.04.2010. Вярнуўся з Людмілай з Купалаўскага тэатра, дзе ішоў спектакль Брайана Фрыла «Пераклады» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. П’еса пра Ірландыю… Прабівае да слёз… І чаму я не артыст Купалаўскага тэатра?
Чакаецца вандроўка
13.04.2010. Дамовіўся з Анатолем Блашчытыным (Шніп па маці) пазнаёміцца з Леанідам Жыткевічам у Навасёлках. Ён не толькі аднакласнік Анатоля, але і наш блізкі сваяк. У вольны час Леанід малюе і цяпер у яго ўся хата завешана карцінамі. Гадоў сто назад нашы могілкі (уніяцкія) былі ў Навасёлках, якія непадалёку ад цяперашніх, што ў Дубровах. Каля Навасёлак ёсць і пахаванні французаў, якія загінулі ў час вайны 1812 года…
«Подиум» і бабуля Параска
14.04.2010. Па МТV усёй сям’ёй кожны вечар глядзім конкурс дызайнераўмадэльераў «Подиум». І я амаль кожны раз успамінаю сваю бабулю Параску, якая і пры паляках, і пры саветах была швачкай. Яе як цудоўную майстрыцу людзі ведалі далёка ад нашых Пугачоў. Бабуля сама прыдумляла фасоны адзення, кроіла, шыла і вучыла іншых. Гэтым усё жыццё і пражыла. Я і сёння памятаю сшытыя ёю касцюмы, сукенкі, блузкі, бравэркі, кажухі, штаныгаліфэ і часам адчуваю плячамі цяпло ад палітца, якое яна мне справіла да майго першага класа…
Ракетчыкі
14.04.2010. Некаторыя мае знаёмыя служылі ў ракетных войсках Савецкага Саюза. І ніводзін па сённяшні дзень не расказаў, як яны запускалі ракеты і, наогул, як служылі. Ведаю, што яны ўсе давалі падпіску аб захаванні ваеннай таямніцы, прымалі прысягу. Але ж даўно ўжо няма ні таго Саюза, ні тых ракет, а мужыкі ўсё маўчаць. А можа была там такая служба, што няма пра што і гаварыць?..
Кветкі і дзеткі
15.04.2010. З Людмілай вярнуўся з Музея гісторыі беларускай літаратуры, дзе суполка «Літаратурнае прадмесце» віншавала мяне з юбілеем. Зноў у кватэры свежыя кветкі і галодныя дзеткі…
Братысвятары з Пугачоў
16.04.2010. Сёння даведаўся, што айцецезуіт Адольф Шніп, які ў 1939 годзе апекаваўся аўгусцінскім касцёлам у Вільні, нарадзіўся і гадаваўся ў маіх родных Пугачах. Адольф меў брата, які таксама быў святаром. Іх сядзіба была там, дзе цяпер стаіць хата Лабачэўскіх…
Вулканічны дождж
17.04.2010. На вуліцы дождж. Людзі кажуць, ён з Ісландыі, вулканічны. Па ўсёй Еўропе не лётаюць самалёты, бо небяспечна. Дваццаць чатыры гады таму ішоў Чарнобыльскі дождж...
* * *
19.04.2010. Сёння маёй маме Шніп Ніне Міхайлаўне 80 гадоў. Цяпер яна жыве ў маёй сястры Валі. Здароўе пасля інсульту не вельмі, але па хаце тэпае і ўжо цэлы месяц збіраецца паехаць у вёску садзіць бульбу...
Гаспадар
19.04.2010. Мінуў год, як бацькі прадалі карову. І цяпер акрамя сабакі і катоў – ніякай гаспадаркі. На мінулым тыдні бацька выцягнуў з пуні зляжалае сена і спаліў на бульбянішчы. Суседка скардзілася: «Мог усю вёску спаліць!»
Катынь
19.04.2010. Учора глядзеў фільм Анжэя Вайды «Катынь». У спісах расстраляных прагучала: «Рублеўскі Антон Міхайлавіч». Магчыма, гэта нехта з бацькавага роду маёй Людмілы. Зноў успомніўся мой дзед падхарунжы войска польскага Шніп Язэп Іванавіч 1911 года нараджэння, які ў 1939 годзе трапіў у савецкі палон і, толькі дзякуючы таму, што сарваў з сябе пагоны і апрануў салдацкі шынель, быў вывезены ў канцлагер пад Харкавам, адкуль вясной 1941 года ўцёк...
Знак з Ерусаліма
19.04.2010. Прыходзіў аўтар гадоў пад пяцьдзясят, які адразу ж заявіў: «Я пішу вершы і хаджу ў царкву!» Агледзеўшы мяне і прысеўшы насупраць, ён з палатнянай торбы дастаў аркуш, спісаны алоўкам, і прапанаваў пачытаць. Я пачытаў. Потым ён даў мне яшчэ адзін верш. Я прачытаў і запытаўся: «І гэта ўсё?» – «На сёння ўсё!» – адказаў незнаёмец і пачаў расказваць пра сябе: «У мяне вялікі вопыт напісання вершаў. Я сур’ёзна пішу ўжо два гады! Чытаю Біблію. Тоесёе я ўжо ў ёй зразумеў, але з некаторымі месцамі я не згодны. У 2008 годзе за дзесяць дзён да Вялікадня я паслаў свой верш у Ерусалім. У час свята я глядзеў па тэлевізары рэпартаж з Гроба Гасподняга і ўбачыў людзей з беларускім сцягам. Гэта быў мне знак, што мой твор атрымалі! Пасля гэтага я пайшоў па рэдакцыях...»
Чакаю вандроўку
21.04.2010. Тэлефанаваў Анатоль Блашчытын. На Радаўніцу ён ездзіў у Дубравы на могілкі. Шмат каго са знаёмых бачыў. Дамовіўся з Леанідам Жыткевічам наконт нашай травеньскай вандроўкі па ваколіцах Навасёлак, дзе захаваліся ўніяцкія і французскія могілкі. Па дарозе ў Пугачы ў Татарскіх засталося мала вяскоўцаў. Ужо недзе каля дзесяці хат перабудаваны пад лецішчы. Успомніўся Татарскі клуб, у які я некалькі разоў хадзіў на танцы, спадзеючыся, што з Еленкі прыйдзе мая аднакласніца Шымель Зоя. Пасля сканчэння Пугачоўскай школы з ёй так і не сустрэўся ні разу...
Бібліятэка Янкі Сіпакова
21.04.2010. Працоўны дзень закончыўся светла – прыходзіў Янка Сіпакоў. На маё пытанне: «Што новага пішаце?», ён адказаў: «Цяпер перадаю землякам у Оршу сваю бібліятэку. Ужо тысячы тры перадаў, а ў мяне недзе дзесяць тысяч кніг. Сяджу, перабіраю і пішу твор «Мая бібліятэка»...»
Курэнне
22.04.2010. «Курэнне шкодна для вашага здароўя» – папярэджвае надпіс на цыгарэтнай пачцы. Калі я ўпершыню закурыў, а мне было тады гадоў трынаццаць, такіх надпісаў не было. Памятаю, мой сусед і аднакласнік Сашка Балотнік недзе раздабыў цэлую пачку «Фільтра» і павёў мяне, Тоніка Руткевіча і Віцьку Балотніка ў Гаік, каб навучыць курыць. Скурылі адразу без перапынку па дзве цыгарэты і нам усім, акрамя Сашкі, стала так дрэнна, што здавалася, нібы тут у кустах мы і памром. Пасля гэтага я не курыў да дваццаці гадоў...
Мулявін з Сасноўцаў
23.04.2010. На пачатку 70х узнікла мода адпускаць вусы, як у Мулявіна. І тады нярэдка можна было бачыць мужчын, падобных да «Песняра». У суседніх Сасноўцах быў хлопец, які па выхадных, прыехаўшы з Мінска, наведваўся на вялікім чырвоным матацыкле ў наш клуб на танцы. Ён быў модна апрануты, з магнітафонам, з якога гучалі мулявінскія песні, невысокага росту і з вусамі, як у Мулявіна. І я, школьнік, думаў, што гэта і ёсць сапраўдны Мулявін, чые песні чую па радыё і тэлебачанні. Каля хлопца (яго ўсе называлі Мулявіным) вечна збіралася моладзь, а я баяўся падысці і асабліва пасля таго, як ён аднойчы запытаўся: «Можа, песню для «Песняроў» маеш?» Песень ніякіх я не меў, а тым больш для «Песняроў». І ўсё ж пытанне пра песню ў мяне доўга сядзела ў галаве і я праз некалькі гадоў пасля школы нешта было насачыняў, каб пры сустрэчы паказаць Мулявіну. Аднак сустрэча не адбылася. Мулявін утапіўся…
Авяр’ян Дзеружынскі і дачка
29.04.2010. У выдавецтва прыходзіла дачка дзіцячага паэта Авяр’яна Дзеружынскага. Адразу ўспомніўся Дом творчасці «Іслач», дзе неяк мы разам адпачывалі. Паэта часта можна было застаць у лесе за спевамі. Голас у яго быў цудоўны. Ды і чалавек ён быў някепскі. Любіў пагаварыць і пажартаваць. Дачка пыталася, што рабіць з рукапісамі, якія засталіся ў кватэры пасля смерці бацькі. Параіў недрукаванае паказаць нам, астатняе здаць у архіў да Ганны Запартыкі. Ужо на парозе Дзеружынская сказала: «Мінула шмат гадоў як бацька памёр, а помніка яму я ніяк не магу паставіць. Бедная зусім…»