355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 18)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 20 страниц)

* * *

7.04.2012. Сыплецца снег, як змерзлы дым з комінаў вясковых хаты…

* * *

7.04.2012. Мы, як вузлы ў сетцы, на якой над прорвай нябыту наша Беларусь…

У межах двара…

7.04.2012. У двары кантэйнеры поўныя смецця. Да іх падляцелі галубы. Тут жа праз хвіліну іх прагналі з двара чайкі, а чаек прагналі вароны, а варон прагналі бамжы. І толькі шэрыя вераб’і не ўцякаюць за межы двара…

Свята

8.04.2012. Сёння католікі святкуюць Вялікдзень, праваслаўныя – Вербную, а каля тралейбуснай станцыі «Лермантава» жэсаўскія рабочыя ўжо да васьмі гадзін раніцы назграбалі кучы смецця і бруднага пяску. Узгадалася, што мама не прымушала нас, дзяцей і бацьку, наогул нешта рабіць нават у звычайную нядзелю, калі можна было тое зрабіць у буднія дні…

* * *

8.04.2012. Прынёс бацьку некалькі галінак вярбы і пачуў: «Праз тыдзень Вялікдзень…»

* * *

8.04.2012. Сніліся Лягезы. Я з хаты прыйшоў у сад. Сонечна. І раптам загудзелі звышгукавыя самалёты, час ад часу пікіруючы на вёску. Я схаваўся пад яблыню. Успомніў маму – і навокал стала ціха…

* * *

8.04.2012. Дзеці былі малыя, і мы, іх бацькі, самі былі, як дзеці. І хацелася нам, як дзецям, сустракацца, і мы сустракаліся з такімі ж маладымі бацькамі, і было нам усім пра што гаварыць і чым заняцца разам. Дзеці выраслі, і цяпер мы сядзім сумныя і разумныя па сваіх кватэрах, як ахоўнікі таго, чаго ўжо няма і ніколі не будзе…

* * *

9.04.2012. Іду дахаты і бачу, што на лавачцы каля пад’езда сядзіць мама. Падыходжу... Мама, але не мая…

* * *

9.04.2012. Бацька пра маму ўжо не пытаецца, нібыта ведае, што мамы няма…

* * *

9.04.2012. Кучы смецця і бруднага пяску, якія былі ўчора з самага ранку нагрэблены каля дыспетчарскай станцыі «Лермантава», сёння яшчэ не звезены. І трэба было на Вялікдзень зганяць людзей на працу?

* * *

10.04.2012. Каля сцежкі, што вядзе на кватэру да бацькі, зацвілі дзьмухаўцы. Раніцай, убачыўшы іх, хацеў сарваць і занесці бацьку. Не сарваў, падумаўшы: «Няхай лепей расквітнеюць!» Вечарам ужо дзьмухаўцоў не было – нехта сарваў…

* * *

11.04.2012. Апошнім часам бывае, што прыходзіш да бацькі, а ён на дыване ляжыць, як памерлы. Прыслухаешся, прыгледзішся. Дыхае! І сам пачынаеш дыхаць…

* * *

12.04.2012. Па запрашэнні сястры Уладзіміра Марука Вольгі Буйневіч выступаў у СШ № 203 перад настаўнікамі Першамайскага раёна Мінска, якіх хвалюе тое, што дзеці ўсё меней і меней чытаюць кніжкі. З Вольгай узгадалі Валодзю. Ужо трэці год, як яго няма…

Помніцца…

12.04.2012. Сёння дзень народзінаў празаіка Алеся Масарэнкі. Я пра гэта ўзгадаў, калі глядзеў па тэлевізары фільм пра Гагарына. У свой час Алесь Герасімавіч ганарыўся тым, што нарадзіўся ў Дзень касманаўтыкі. І, калі я патэлефанаў яму, ён адразу пазнаў мяне па голасе. У наступным годзе Масарэнку будзе 75 гадоў. А мне помніцца, як на пачатку 90х гадоў пры «Чырвонай змене» Алесь Герасімавіч кіраваў літаб’яднаннем «Крыніцы» , як дамогся, каб для моладзі пачаў выходзіць часопіс «Першацвет», на старонках якога многія сёння вядомыя пісьменнікі пачыналі свой творчы шлях, і на старонках якога былі надрукаваны першыя апавяданні Людмілы Рублеўскай…

* * *

13.04.2012. Гледзячы на першую красавіцкую траву, зарыфмавалася балючае:

…Мама стане травою,

Мама будзе жывою,

Пакуль будзе трава

І нябёс сінява

Над зялёнай травою,

Як над мамай маёю…



* * *

14.04.2012. Мама на Вялікдзень заўсёды пякла шмат булак, і амаль усе яны былі вялікія. Вялікія, як сонца. І цяпер для мяне сонца ў небе, як вялікая велікодная булка ад мамы…

* * *

14.04.2012. На лаўцы каля пад’езда мужыкі з самага ранку пачалі піць гарэлку. З пад’езда выйшла жанчына і прагнала іх. На месца мужыкоў неўзабаве селі хлопцы гадоў дваццаці і пачалі піць піва, і ніхто не выйшаў з пад’езда і не прагнаў іх…

* * *

14.04.2012. Тонкія свечкі, як стрэлы з артбалета…

Хрыстос уваскрос!

15.04.2012. Бацька быў першым, з кім я сёння адзначыў Вялікдзень. Дамоў вяртаўся, праслухаўшы святочную песню ў выкананні бацькі…

* * *

15.04.2012. Першы Вялікдзень без мамы сумны і светлы. І, здаецца, што мама недзе блізка, нават побач, але яна не паказваецца і назірае, як мы далей без яе ў гэтым свеце жывём…

* * *

15.04.2012. Устаючы зза святочнага стала, бацька кажа: «Мама была добрая…» І я за бацькам паўтараю, як малітву: «Мама была добрая…»

* * *

15.04.2012. Бацька, як апошні з магікан, еў паляндвіцу з хрэнам…

Лётчык і хлопчык

16.04.2012. Сніўся сон, што я ў вёсцы каля роднай хаты стаю і гляджу, як высокавысока ў небе ляціць самалёт. І тут раптам самалёт запыняецца і праз хвіліну падае на зямлю, і ўзрываецца. «Чаму гэта лётчык не катапульціраваўся?» – пытаюся ў незнаёмага хлопчыка і чую ў адказ: «Гэта ж быў паэт!»

* * *

17.04.2012. У вёсцы памерла наша суседка Манька Генява. Апошніх пяць гадоў яе даглядала дачка Жанна. Цётцы было 85. Цяпер у цэнтры Пугачоў амаль ніхто не жыве са старых жыхароў, і вёска стала, як дрэва з вымерлай сэрцавінай…

Віталь Гарановіч

17.04.2012. Сёння на 61м годзе жыцця памёр паэт Віталь Гарановіч. Яшчэ зусім нядаўна, а гэта было на пачатку года, ён заходзіў да мяне ў выдавецтва – прыносіў вершы ў зборнік «Глыбоччына літаратурная», які плануецца да Дня беларускага пісьменства. Узгадалі, як мы пазнаёміліся ў час святкавання 30годдзя Алеся Жыгунова, у 1984 годзе. Віталь тады працаваў у школе, і я змог пабыць у яго на ўроках і выступіць перад вучнямі. Потым нярэдка сустракаліся ў «ЛіМе», дзе я працаваў з Алесем Пісьмянковым. Пашкадавалі Алеся, які так рана і нечакана памёр. Апошнія гады Віталь Гарановіч працаваў у раённым прафсаюзе работнікаў адукацыі і, дзякуючы гэтаму, час ад часу прыязджаў у Мінск і наведваў сяброў і знаёмых…

* * *

18.04.2012. Заўтра ў мамы дзень народзінаў. Маме было б 82. Мне ўпершыню не трэба баяцца, што забудуся павіншаваць…

* * *

18.04.2012. Бацька, як Ван Гог, любіць сланечнікі, але пра Ван Гога анічога не ведае...

* * *

18.04.2012. Вераб’і ў траве, як рудыя вошы ў фарбаваных валасах…

Шляхамі сейбітаў і ратаяў…

19.04.2012. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча адбылася навуковакраязнаўчая канферэнцыя «Шляхамі сейбітаў і ратаяў», прысвечаная 100годдзю з дня нараджэння паэтаў Максіма Танка і Пятра Бітэля. Арганізаваў усё і правёў краязнаўца Міхась Казлоўскі…

Вячаслава Рагойшу, Людмілу Рублеўскую і мяне ад станцыі метро «Каменная горка» забраў на машыне Уладзімір Мароз. Усю дарогу да Маладзечна ішоў дождж і мы сядзелі ў машыне, як у падводнай лодцы…

У бібліятэцы холадна. Слухачоў сабралася шмат, але ўсё роўна было холадна…

Гледзячы на партрэты Танка і Бітэля, узгадаў святкаванне 70годдзя Ніла Гілевіча, калі ён выступаў у гэтай зале гадзіны тры і народу было паўнютка…

Пра радавод Пятра Бітэля павінна была расказаць ягоная ўнучка Тамара Бярэзіна. Яна не змагла, бо на мінулым тыдні трапіла ў бальніцу. Чакалі, што замест яе прыйдзе і прачытае даклад яе маці Ала Пятроўна. Не прыйшла і яна, і не прыйшоў сын Бітэля Андрэй Пятровіч. І мы падумалі, што ў іх дома яшчэ нешта здарылася. А калі закончылася канферэнцыя даведаліся, што Бітэлі пераблыталі час пачатку канферэнцыі і збіраліся ў бібліятэку на 17 гадзін…

Пасля канферэнцыі паехалі праз Валожын у Вішнева. Ехалі доўга. Мужчыны жартавалі, жанчыны смяяліся…

На Вішнеўскіх могілках нас чакаў бацюшка, які правёў службу па Пятру Бітэлю і ягонай жонцы Ніне Пятроўне, а таксама не забыўся і пра Канстанцыю Буйло. Малітва ляцела ў неба, а з неба ляцеў дождж…

Спыніліся каля хаты Пятра Бітэля. Хата прададзена і ў ёй жыве старая. На выхадныя да яе прыязджае сын. Убачыўшы нас, гаспадар выйшаў на вуліцу, павітаўся. На пытанне Валянціны ГіруцьРусакевіч, як ён глядзіць на тое, што на хату будзе прымацавана памятная дошка, мужчына адказаў станоўча…

Касцёл, дзе доўгі час гаспадарыў ксёндз Уладыслаў Чарняўскі, быў зачынены. І мы, набраўшы вады са святой крыніцы і пакланіўшыся праху ксяндза Уладыслава, пайшлі ў аўтобус. І як толькі мы селі ў аўтобус і зрушыліся з месца, адчыніліся дзверы Храма і на вуліцу выйшаў цяперашні ксёндз…

У Вішнеўскім Доме культуры наведалі бібліятэку. Кожны з прыезджых пісьменнікаў на асобнай паліцы ўбачыў сваю кнігу...

Вярталіся праз Валожын. Па дарозе да Маладзечна Міхась Казлоўскі хацеў заехаць да сваёй любімай настаўніцы, якой ужо 88 гадоў і пазнаёміць усіх нас з ёю. Шафёр адмовіўся ехаць…

* * *

20.04.2012. Вечарам праз балкон да цябе ў кватэру на святло заляцеў матыль, каб пагрэцца. А ты яго забіў…

* * *

21.04.2012. Хацеў абстрыгчы бацьку пазногці. Ён не даў і паглядзеў на мяне, нібыта я захацеў яму рукі адрэзаць…

«Сонцаварот» Марыі Вайцяшонак

21.04.2012. Люда прынесла дахаты новую кнігу Марыі Вайцяшонак «Сонцаварот» з дэдыкацыяй. І я цяпер чытаю, і балдзею ад вось такіх радкоў: «Голуб белы, як слова з боскіх вуснаў, ляціць ад алтара проста да мяне…», «З табой пагавару бы высушу пасля цёмнай ночы падушку на сонцы», «Ваш зборнік на століку каля майго ложка; ноччу я пэўна трымаю вас за руку, каб перайсці з рыфмы дня ў сон белага верша…», а такіх цудоўных радкоў у кнізе нямала. Шкада, што Маша вершы пачала пісаць толькі некалькі гадоў назад…

* * *

22.04.2012. У старога мазгі ператварыліся ў дзіцячую хвічку…

* * *

22.04.2012. У сне з памерлым Антонам Мікалаевічам (мой траюрадны брат) лічыў грошы. Налічылі 150 тысяч даляраў…

* * *

22.04.2012. Апошні снег, як белая атава...

На Кальварыйскіх могілках…

23.04.2012. Сонечна. У дванаццаць гадзін з Людай пайшлі на Кальварыйскія могілкі…

Могілкі прыбраны. Выразана шмат старых дрэў, і цяпер, дзе былі галінастыя кроны, агалілася неба, нібыта на Храме месцамі разабрана страха…

Абход пісьменніцкіх магіл заўсёды пачыналі з Алеся Асташонка. На гэты раз каля магілы Алеся Пісьмянкова здалёку ўбачылі Уладзіміра Ягоўдзіка і Анатоля Зэкава. Падышлі, і я, забыўшыся, запытаўся: «А Валодзя Марук прыйдзе?»

На ўваходзе на могілкі прадаюцца кветкі. Накуплялі букетаў пісьменнікам і назаўтра маме…

Каля магілы Янку Лучыне стаялі два мужыкі і спрачаліся, якой магла б быць Беларусь. Я паклаў на магілу кветкі і спакайнейшы мужчына сказаў: «Дзякую!»

Падышлі да магілы Вячаслава Адамчыка. Якраз былі Ніна Уладзіміраўна і Міраслаў. Пагаварыўшы, я іх і Люду сфатаграфаваў на памяць…

Пастаялі каля магілы Ніны Гілевіч. Дзве цукеркі, як два анёльскія пацалункі, былі пад крыжам…

Хутка будзе чатыры гады, як памёр Генадзь Кісялёў. Помнік чорны, а памяць светлая…

Алесь Траяноўскі на ўскрайку могілак. І хоць ў спадара Алеся не засталося нікога з родных, магіла ягоная дагледжаная…

У метрах дзесяці ад Кальварыйскіх могілак па вуліцы Берута пад ліпамі маленечкія магілкі, абкладзеныя камянямі і каляровымі пліткамі – тут закапаны сабакі і каты…

Хвілін пятнаццаць ішоў дождж. Цёплы і светлы…

Радаўніца ў Ракаве

24.04.2012. Дзякуючы сябрам Барысу і Людміле і іх машыне, я з Людай і Вовам наведалі маму…

Ракаўскія могілкі густа абстаўлены машынамі. Машыны, нібыта жалезныя чаўны вакол вострава нябыту…

Машыну пакінулі на ўзбочыне дарогі і пайшлі да мамы напрасткі па полі. Ідучы, узгадаў: «Жыццё пражыць – не поле перайсці…»

Маміну магілку Вова ўчора прыбраў, і нам сёння нічога не давялося рабіць. Запалілі свечку, Люда пачытала малітву, і мы памаліліся. І я пабачыў маму і слёзы на яе вачах. Не ўсе прыехалі…

Непадалёк ад могілак святая крыніца. Людзі бяруць ваду, як вечнасць…

Мама пахавана на ўзгорку. У метрах дваццаці ад мамы тыдзень назад быў выкапаны дол, але чалавека не змаглі там пахаваць, бо з зямлі прабілася крыніца…

Маміна магілка абгароджана так, каб потым можна было пахаваць каля мамы бацьку. Праўда, я намераў зямлі каля мамы яшчэ на чатыры магілы…

Адразу ж каля мамінай магілы кустоўе, у якім мы разгледзелі некалькі старых ўтравелых помнікаў. З аднаго даведаліся, што тут пахаваны людзі, якія памерлі сто гадоў назад. Значыць, і дзе пахавана мама, таксама месца не пустое, але забытае…

Ходзячы па кустоўі і расшукваючы старыя помнікі, Людміла знайшла гняздзечка з трыма блакітнымі яечкамі, як кропелькамі неба…

Развітаўшыся з мамай, вырашылі знайсці магілу літаратуразнаўцы Тамары Чабан. Магілу не знайшлі, але сярод кустоў, дзе заканчваюцца цяперашнія могілкі, знайшлі цагляную браму, праз якую сто гадоў назад людзі хадзілі на могілкі. Цяпер за брамай трава і кусты, і зрэдку ў траве бачны каменныя помнікі, як акамянелыя мачты караблёў, што плылі ў вечнасць…

Наведалі магілу мамінага брата Паўла. Ідучы да машыны, нечакана сустрэлі цётку Марыю з нявесткамі. Родныя душы…

На могілках усе і мёртвыя, і жывыя, як сваякі…

Пасля чатырох гадзін людзі пачалі раз’язджацца па дамах і над могілкамі, дзе былі пакінуты памерлым вялікодныя яйкі і цукеркі, закружыліся груганы. Закружыліся, як над полем бітвы…

У Смаргонь да чытачоў

26.04.2012. З Людмілай ездзілі ў Смаргонь, дзе ў музычнай школе цэнтральная раённая бібліятэка арганізавала сустрэчу чытачоў з намі…

Дзень для мяне пачаўся ў шэсць гадзін з дажджу і дарогі да бацькі. Ішоў па мокрым асфальце і ўвесь час баяўся наступіць на чарвякоў, якія павыпаўзалі з зямлі, нібыта цяпер чэрвень. Баяўся наступіць не таму, што гадка, а таму, што чарвякі жывыя…

У Смаргонь маршрутка ад’ехала ў 9 гадзін з «Каменнай горкі». Білеты па 30 тысяч. Пасажыраў назбіралася 10 чалавек…

Праязджаючы каля Ракава, узгадаў Радаўніцу, калі мы ездзілі да мамы. Усё навокал зелянее, а мама ўжо гэтаму не радуецца. Цяпер у яе свае радасці…

Указальнік на Яршэвічы. Узгадаліся вёска Крапіўнікі і цётка Манька, маміна старэйшая сястра, якая памерла 9 лістапада мінулага года, пражыўшы 93 гады. Калі маме сказалі пра тое, што яе сястра памерла, мама ўжо не заплакала, бо ёй самой заставалася пражыць крыху больш за тры месяцы…

Вёска Доры. Раней тут быў калгас, якім кіраваў Сямён Шарэцкі і які доўгі час хацеў наш «Бальшавік» далучыць да сваёй гаспадаркі. У маіх Пугачах амаль усе баяліся далучэння і самога Шарэцкага…

У Дорскай школе гадоў дзесяць таму я выступаў з Людмілай. Запрашалі яшчэ, але не атрымалася пад’ехаць…

На ўзлессях яшчэ сівая трава…

Некаторыя людзі ўжо садзяць бульбу. А ў нас дома ў Пугачах у гэтым годзе будзе расці трава…

За спінай у нас сядзела маладая пара. Хлопец усю дарогу весяліў дзяўчыну. Запомнілася з іх гамонкі: «У нас у Беларусі амаль усе дамы пафарбаваны ў зялёны і жоўты і зрэдку ў сіні колеры». І сапраўды…

Праязджаючы праз Крэва, бачылі буслоў і чырвонарудыя сцены замка…

У бібліятэцы нас чакалі. Сустрэлі, як сваіх даўніх сяброў…

На сустрэчу з намі ў музычную школу прыйшло каля ста чалавек. Вядучыя хораша вялі імпрэзу. Была музыка, было шмат пытанняў, а сваіх вершаў мы так і не пачыталі…

Едучы назад, каля Крэва ўбачыў азярыну. Захацеў даведацца назву ў жанчыны, якая села ў маршрутку ў Крэве і пачуў: «Ніяк не называецца! Проста Крэўскае возера!»

Зноў каля Ракава думаў пра маму і Пугачы без мамы…

Дзень закончыўся сонечна і дарогай да бацькі і дамоў…

Бачна з акна…

27.04.2012. У двары на дрэвах пачала распускацца лістота і дамы, што насупраць майго, хаваюцца ў зелені, нібыта зацягваюцца зялёнай павутой…

* * *

28.04.2012. На кватэру, якую здымаем для бацькі, прыходзіла гаспадыня. Да сустрэчы мы з бацькам, як маглі, падрыхтаваліся, і атрымалі ад гаспадыні тры яблыкі, як узнагароду…

* * *

29.04.2012. У сем гадзін раніцы, ідучы да бацькі на кватэру, убачыў каля прыёмнага пункта шклатары ў дзіцячым выгульным вазочку бамжа, які спаў. А палове дзявятай я вяртаўся ад бацькі. Бомж яшчэ спаў, як дзіця…

* * *

29.04.2012. Ноччу ў двары каля дома, дзе жыве бацька, зацвілі слівы і вішні. Адламаўшы белую ад квецені галінку, прынёс бацьку. Цяпер і ў бацькі ў кватэры вясна…

* * *

29.04.2012. Дзякуючы сябрам, былі за горадам, як у свеце, у якім заўсёды добра, бо там мы бываем рэдка…

* * *

29.04.2012. Сёння паўгода, як бацька жыве ў горадзе. І я за гэты час, ходзячы да бацькі на кватэру і назад, прайшоў амаль 1000 кіламетраў…

* * *

29.04.2012. Гарачыня пад 30. Хадзіў босы і не адчуваў зямлі пад нагамі…

* * *

30.04.2012. Прачнуўся сярод ночы і доўга не мог заснуць, думаючы пра родную пустую хату ў вёсцы, якая можа праз тыдні два зарасці травой і быльнягом…

* * *

30.04.2012. Учора, відаць, перагрэўся на сонцы, бо сёння з ранку баліць сэрца. А на вуліцы каля пад’езда сядзіць старая суседка. Ёй летам будзе 85. Гляджу на старую і бачу ў ёй сваю маму…

* * *

30.04.2012. Па старых могілках ходзяць людзі, як мёртвыя…

Расказала супрацоўніца

30.04.2012. «Іду я дамоў праз сквер і раптам чую за спінай дробнае «туктуктуктуктуктук…» Адварочваюся і бачу малога сабаку ў баціначках!»



ТРАВЕНЬ

Максім

1.05.2012. У 10 гадзін 35 хвілін дзевятнаццаць гадоў таму нарадзіўся сын Максім. Вага была – 3 500, рост – 54 см. Цяпер Максім студэнт Акадэміі мастацтваў…

Да 100годдзя Купалы…

2.05.2012. Быў час, быў век, была эпоха… Трапіўся ў рукі часопіс «Полымя» № 6 за 1982 год. Амаль усе матэрыялы прысвечаны 100годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, і яны друкуюцца пад рубрыкамі «Ідзе, таварышы, камуна», «Вам на памяць серп і молат…» і «З цэлым народам гутарку весці…»

Пісьмянкоў луг

2.05.2012. Атрымаў запрашэнне на І абласное свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», якое пройдзе 19 мая ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна. Пачатак у 10 гадзін. Усё цудоўна, але, мне здаецца, што сам Алесь Пісьмянкоў (мы з ім былі знаёмыя і сябравалі амаль трыццаць гадоў) быў бы засмучаны, што запрашэнне ў свет ягонай паэзіі зроблена на рускай мове…

Банкамат і былы сусед

2.05.2012. Вяртаючыся ад бацькі, захацеў зняць з карткі грошы. Падыходжу да банкамата і чую: «Прывітанне, паэт!» Гляджу і бачу перад сабой былога суседа, які ў свой час працаваў у банку. Гадоў дзесяць назад сусед развёўся з жонкай і знік з майго жыцця. «Прывітанне! Куды ідзеш і адкуль?» – спытаў я і пачуў: «Іду з поўдня на поўнач!» – «Як справы?» – пацікавіўся я. «Як бачыш, нармальна!» – «Дзе працуеш?» – «Галоўнае, не дзе працаваць, а колькі атрымоўваць!» – «Згодны!» – «Тая вунь серабрыстая машына – мая! Купіў новую! Абрыдла купляць патрыманыя!» – паказваючы на ўзбочыне дарогі на шыкоўную машыну, сказаў сусед. І тут падышла мая чарга да банкамата. Я паглядзеў, колькі ў мяне грошай на картцы, і, нічога не зняўшы, развітаўся з былым суседам…

Новая зямля…

3.05.2012. У восьмым класе вясной вывучалі «Новую зямлю» Якуба Коласа. Чытаў дома. Я быў вельмі ўражаны гэтым творам і асабліва мяне кранула канцоўка, дзе апісваецца смерць Міхала. Захапіўшы паперу і аловак, я пайшоў у забалочаны лясок, што быў непадалёк ад нашай хаты. Там, абхапіўшы бярозку, доўга сядзеў на купіне сярод вады і прыдумляў працяг «Новай зямлі». Па сённяшні дзень у памяці засталіся радкі:

Вада бяжыць.

Навокал ціха,

І недзе Міхал

Ў зямлі ляжыць…



* * *

4.05.2012. З галавы не выходзіць думка пра родную хату. Па дарозе ад бацькі зарыфмавалася:

Зялёны агонь у зялёнай траве

Наш дом асвяціў, дзе ніхто не жыве.

І ў дом я заходжу, нібыта ў той свет.

Гаршкі і каструлі парадам планет

Стаяць прада мною на пыльным стале,

І муха, як чорны анёл, у святле

Лятае самотна…



* * *

6.05.2012. Яшчэ зусім нядаўна словы «дзеці», «дзіцячы садок», «школа», «вучоба» былі ў мяне самымі ўжываемымі, а пасля смерці мамы на першы план выйшлі «мама», «бацька», «могілкі»…

* * *

6.05.2012. Бацька ўспомніў, што да яго ў вёсцы гадоў пяць таму прыходзіў сусед і, узяўшы ножык, па сённяшні дзень не аддаў. Сусед у мінулым годзе памёр…

* * *

6.05.2012. Пад вокнамі ў двары распусціўся белы бэз. У мінулым годзе на яго глядзела мама і паўтарала: «Прыгожа… прыгожа…»

Суседзі

7.05.2012. Вяртаючыся ад бацькі, трапіў на вочы суседа Дзімы: «Пазыч чырвонец!» І толькі я хацеў зманіць, што грошай няма, як зза куста бэзу выйшаў мой другі сусед, які нядаўна засяліўся ў наш пад’езд, і Дзіма тут жа заявіў: «Знаёмся! Гэта наш паэт Віктар! Жонка ў яго вядомая мастачка!» – «Яна большая за мяне пісьменніца!» – запярэчыў я, але, атрымаўшы ад мяне чырвонец, суседзі далей не захацелі высвятляць хто я і хто мая жонка…

* * *

8.05.2012. У выдавецтва заходзіў празаік Алесь Савіцкі. Бадзёры, энергічны, нягледзячы што яму 87 гадоў. Казаў, што ўсюды пішуць, што ён з 1924 года, але дакладна ён нарадзіўся ў 1925. Год нараджэння ён сам памяняў, каб у час вайны ўзялі ў партызанскі атрад. Гаворачы пра вайну, Алесь Ануфрыевіч успомніў, як ён выплаўляў тол са снарадаў: «Тол выцякае і тут жа застые і на ім з’яўляюцца карункі, як ад марозу на шыбах. Такі вось прыгожы твар смерці…»

Любоў

8.05.2012. Мужчына ўдаўся вельмі раўнівы. Аднойчы, прыраўнаваўшы жонку да вясковых мужыкоў, зрабіў пятлю і сілай стаў прымушаць каханую здзейсніць самагубства. Жанчына ў пятлю сама не палезла і, уцёкшы з дому, заявіла ў міліцыю на мужа. І, калі мужу далі пятнаццаць сутак, жанчына, забраўшы аднаго кабанчыка і пакінуўшы ў хляве другога, перайшла жыць да маці. Вярнуўшыся з пастарунка дамоў, і ўбачыўшы, што застаўся адзін, мужчына так раззлаваўся, што, узяўшы каністру з бензінам, абліў хату, хлеў з кабанчыкам, легкавушку і мінітрактар, і ўсё падпаліў. І калі прыехала пажарная, мужчына з крыкам «Я люблю яе!» і са стрэльбай у руках анікога не дапусціў тушыць пажар. Скончылася ўсё тым, што ўсё згарэла, а мужчыну забралі ў дурдом. Цяпер, падлечаны мужчына, жыве ў сваёй маці, а на пажарышчы расце быльнёг…

* * *

8.05.2012. Хата, спаленая маладым Піліпчыкам, раней належыла Вінцэсю Трацяку. Хата была вялікая і ў ёй, калі мой бацька быў маладым, збіралася моладзь і ладзіла танцы. Танцавалі пад гармонік, скрыпку і бубен. «На бубне іграла баба!» – кажа бацька і ўсміхаецца…

* * *

9.05.2012. Віншую бацьку з Днём Перамогі і чую: «Дзякую, але я не ваяваў!»

* * *

10.05.2012. Узрост ужо такі, што цяпер ідзеш па могілках, як па вясковай вуліцы. З помнікаў, як з акон, глядзяць родныя, сябры, суседзі…

* * *

10.05.2012. Знаёмы расказвае гісторыі пра тое, як у маладыя гады ягоныя аднагодкі аднавяскоўцы пакінулі гэты свет. Слухаю і не вельмі жахаюся, бо падобныя смерці былі і ў маёй вёсцы…

* * *

10.05.2012. Чытаю ў Анатоля Грачанікава:

Нахмурыла хата чало,

Цяпер яна нібы чужая.

Маё гаманкое сяло

Маўкліва мяне сустракае…


Як цяжка вяртацца дамоў,

Як вусцішна робіцца ў хаце,

Калі ты дажыў да грудкоў,

Спачылі дзе бацька і маці…


Цяпер, пасля смерці мамы, і я ведаю пачуццё, якое прымусіла паэта напісаць гэтыя радкі. На жаль, і самога Анатоля Грачанікава (1938 – 1991) няма сярод нас ужо больш дваццаці гадоў, а сёлета яму 8 верасня было б яшчэ ўсяго 74…

* * *

10.05.2012. Зноў тапалёвы пух! Але ўсё непаўторна ў гэтым свеце, і для мяне сёлетні тапалёвы пух, як лютаўскі снег, калі памерла мама. І гэты снег лётае так, што аж хочацца разбіць неба…

* * *

10.05.2012. Іду да бацькі праз сквер. На лаўках тамсям сядзяць адзінокія дзяўчаты і жанчыны, а па скверы бадзяюцца п’яныя мужыкі. Узгадалася, як у Маскве мы з аспірантам Андрэем Тусічышным пасля заняткаў хадзілі па Цвярскім бульвары і знаёміліся з дзяўчатамі, якія сядзелі на лаўках…

* * *

10.05.2012. У вёсцы дома ўжо была б пасаджана бульба, калі б жыла мама…

* * *

11.05.2012. Упершыню за паўгода жыцця ў Мінску ў чужой кватэры бацька сказаў: «Мне тут добра!» – «Чаму?» – запытаўся я і пачуў: «Накормлены і ніхто не крычыць!»

У чарзе…

12.05.2012. На пошце стаяў мужчына гадоў 70. Стары смярдзеў і смярдзеў так, што паміж ім і астатнімі ў чарзе да касы было метры два. Ён адной рукой трымаў добра паношаныя штаны, бо звальваліся, а другой разлічваўся за камунальныя паслугі. Стары быў абуты ў ірваныя белыя чаравікі на босыя ногі. Расплаціўшыся, ён гучна падзякаваў касіршы і ўсім хто стаяў у чарзе пажадаў добрага здароўя і цярпення. Стары пайшоў, а ў паштовым пакойчыку застаўся ягоны смурод. Маладая жанчына, якая стаяла перада мной, прашаптала: «Відаць, былы інтэлігент…»

* * *

12.05.2012. З Лягез тэлефанавала цётка Стася. Ад яе даведаўся, што 6 мая мамінаму брату Віцю было 79 гадоў. Нядаўна, узлазячы на воз, дзядзька ўпаў і пабіў бок. Адчувае сябе не вельмі, але пасадзілі грады і бульбу. У Лягезах на сённяшні дзень жыве чатыры чалавекі…

* * *

13.05.2012. Наш Максім апошнімі днямі хадзіў на фестываль «Мельніца моды». Учора вечарам былі аб’яўлены вынікі конкурсу, на якім Максімава сяброўка з калекцыяй касцюмаў і сукенак «Шляхам ветру» (дарэчы, так называецца адна з маіх кніг) заняла другое месца, і наш Максім гэтую падзею з сябрамі адзначаў, і ўпершыню дамоў прыйшоў у 6 гадзін раніцы…

* * *

16.05.2012. Добра напісаны раман часцей за ўсё, як збудаваны замак, а напісаны верш часам, як шпакоўня, у якой, бывае, жывуць толькі вераб’і…

* * *

16.05.2012. Учора быў настрой для вершаў і ў мяне атрымаліся вось гэтыя радкі:

За сценкаю смяецца дзеўка маладая,

Сама не спіць і не дае табе заснуць

У час, калі чаромха з бэзам зацвітае

Пад небам, дзе гавораць зоркі пра вясну.

І ты не спіш і, гледзячы ў імглу начную,

Ты хочаш думаць пра Айчыны сумны лёс,

Але ты думаеш пра дзеўку маладую,

Што весела смяецца аж да слёз…



* * *

17.05.2012. Даведаўшыся, што мы рыхтуем кнігу пра трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, нам у выдавецтва патэлефанавалі з алімпійскага камітэта Беларусі і, пачуўшы мяне, мой суразмоўца тут жа, выгукнуўшы: «О, вы гаворыце на мове!», працягнуў са мной размову пабеларуску…

* * *

17.05.2012. Прыходзіла Раіса Баравікова з просьбай перапісаць на дыск тэксты яе выдадзеных у нас кніг і асобных публікацый у зборніках: «Хачу, каб, калі што са мной здарыцца, а ў мяне ўжо ўзрост невясёлы, дзецям было меней клопатаў з маімі творамі!»

* * *

18.05.2012. Апошнім тыдням ужо каля 10 гадзін вечара проста на хаду засынаю, таму ў гэты час і кладуся спаць. Устаю, каб ісці да бацькі на кватэру, без дваццаці шэсць. Пакарміўшы бацьку, іду на працу, а з працы дамоў, каб ізноў ісці да бацькі. І так, ужо хутка сем месяцаў, кожны дзень. І каб год назад мне нехта сказаў, што я фактычна адзін буду столькі часу даглядаць бацьку, то я б не паверыў, што ў мяне на бацьку хопіць сіл і цярпення…

Федаровічы…

18.05.2012. Даведаўся ад сваяка Леаніда Жыткевіча, што мая бабуля Параска (27.06.1909—24.06.1992) у дзявоцтве мела прозвішча Федаровіч і яе бацька Андрэй быў са шляхетнага роду, які меў свой герб. Дарэчы, з гэтага ж роду быў і Вацлаў Пятровіч Федаровіч (25.09.1848—25.01.1911) вядомы ў свой час як краязнаўца, калекцыянер, членкарэспандэнт Кракаўскай АН. Нарадзіўся Вацлаў Пятровіч у Магілёве. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. З 1872 года працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. З 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Быў намеснікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Дапамагаў у раскопках археолагам, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Набыў у сваю калекцыю матэрыялы віцебскіх калекцыянераў Бергнера і Валковіча. У яго бібліятэцы (больш за тысячу тамоў) былі кнігі па гісторыі Беларусі і Літвы, беларускія і літоўскія выданні XVIII—XIX стагоддзяў. Свае артыкулы па гісторыі Вацлаў Федаровіч друкаваў у «Витебских губернских ведомостях». Быў складальнікам і ініцыятарам выдання літаратурнакраязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912). Распрацаваў статут Беларускага вольнаэканамічнага таварыства. У 1920 годзе на базе яго калекцый арганізаваны своеасаблівы музей старажытнасцей імя В. Федаровіча, які ў 1924 годзе стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея…

* * *

19.05.2012. Упершыню за час кватаравання вывеў бацьку на вуліцу. Пахадзілі па двары з паўгадзіны, і бацька сам захацеў у кватэру, а я ж баяўся, што назад яго і сілай не завалаку…

* * *

21.05.2012. Заходзіў Сяргей Вераціла. Пачуўшы нашу размову наконт рукапісу Верацілы, адна з супрацоўніц выдавецтва зрабіла заўвагу: «Як гэта вы, Сяргей, размаўляеце з нашым начальнікам!» Вераціла тут жа адказаў: «Гэта для вас Шніп начальнік, а для мяне паэт! І я з ім размаўляю, як з паэтам!»

* * *

22.05.2012. У кнізе «Памяць» Валожынскага раёна вычытаў: «С 17 января 1948 года открылось регулярное сообщение Минск – Ивенец и обратно. Самолеты производят перевозку пассажиров и грузов».

* * *

22.05.2012. На Валожыншчыне, у Вішневе ў 1923 годзе нарадзіўся вядомы ізраільскі палітычны і грамадскі дзеяч Шымон Перэс (Шымон Перскі). На той час у мястэчку было 149 будынкаў, у тым ліку касцёл і дзве сінагогі. Жыло 442 палякі, 428 яўрэяў і 85 беларусаў. У 1992 годзе Шымон Перэс прыязджаў у Беларусь і пабываў на сваёй радзіме – у вёсцы Вішнева. Нядаўна мастак Алесь Квяткоўскі намаляваў карціну, прысвечаную нашаму земляку і цяпер спадзяецца, што Шымон Перэс яшчэ прыедзе ў Беларусь і ацэніць ягоны твор…

* * *

22.05.2012. Сёння трэці раз у гэтым годзе бацька са мной выйшаў на вуліцу. Былі пад сонцам паўгадзіны, прайшлі метраў дзвесце. А мама са мной хадзіла па кіламетру…

* * *

22.05.2012. Дзяўчына, відаць, яшчэ школьніца курыць каля пад’езда. Курыць няспешна, як гаспадыня нашага двара…

* * *

23.05.2012. На пачатку вёскі Выганічы Валожынскага раёна, злева ад гасцінца Ракаў – Пярэжары, стаіць мемарыяльны знак у гонар расійскага дзекабрыста Аляксандра БястужаваМарлінскага, які ў 1821—1822 гадах знаходзіўся тут па абавязку вайсковай службы. Знак быў пастаўлены ў 1987 годзе. Выганічы з’яўляюцца роднай вёскай беларускапольскага кампазітара ХІХ стагоддзя Міхала Грушвіцкага, які пахаваны на Ракаўскіх могілках. Пра кампазітара аніякага знака ў Выганічах няма…

* * *

24.05.2012. Жыццё без мамы, як паданне з абрыву ў прорву…

* * *

24.05.2012. Толькі цяпер, калі застаўся без мамы, адчуваю сябе дзіцём, якому патрэбна мама...

* * *

24.05.2012. Алена Ваенга спявае: «Моя почти святая мама, прости отца!» І гэтыя словы я паўтараю для сваёй мамы…

* * *

25.05.2012. Нашы зноў праляцелі на «Еўрабачанні». Саліст гурта «Лайт Саунд» сказаў: «Мне было безразлично, пройду я в финал или нет». Дык для чаго тады трэба было ехаць у Баку?

* * *

25.05.2012. У серыі «Беларусь мастацкая» выйшла кніга «Валентин Губарев. Важно всё». Некаторыя выдавецкія жанчыны, гартаючы кнігу, прыйшлі да думкі: «Відаць, у маладосці нейкая жанчына пакрыўдзіла мастака, і ён цяпер ёй помсціць, малюючы жанчын стокілаграмовымі!»

* * *

27.05.2012. Вярнуўся з VІІІ абласнога семінара маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча», які арганізавала і правяла Мінская абласная бібліятэка імя А. Пушкіна. У семінары ўдзельнічала 29 літаратараў узростам ад 16 да 30 гадоў. Акрамя мяне з семінарыстамі займаліся Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская і Рагнед Малахоўскі. Усё было добра, але ўсё ж засмуціла мяне тое, што амаль усе пішуць рэдка і нават вельмі рэдка і тое, што з 29 паэтаў было толькі тры хлопцы. Парадавала, што амаль усе семінарысты добра валодаюць беларускай мовай…

* * *

28.05.2012. Збіраюся ад бацькі дамоў і чую пытанне: «І нашай мамы няма?» – «Няма…» – адказаў я і пачуў: «Мне ж гаварылі, што ў мяне дзве жонкі будуць…»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю