355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 6)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 20 страниц)


ТРАВЕНЬ

Крупы і макароны

1.05.2010. Кватаруючы ў дзеда з бабуляй на вуліцы Герасіменкі ў доме № 1, гаспадарам казаў, што вучуся (чытаў кніжкі і пісаў вершы), а бацькам і ўсім астатнім – працую на будоўлі. Усе верылі, і нават цяпер некаторых не магу пераканаць, што я сем гадоў жыў у Мінску без прапіскі і без працы. Мае падпрацоўкі грузчыкам на лікёрагарэлачным заводзе «Крышталь» давалі магчымасць плаціць за кватэру 15 рублёў і купляць крупы і макароны. Былі і ганарары за вершы. Калі не падпрацоўваў, то мой кожны дзень быў запоўнены бадзяннем па горадзе. Выходзіў з дому ў дзевяць гадзін і вяртаўся ў гадзіны чатыры. Зімой сядзеў на вакзале або на Галоўпаштамце. Чытаў і пісаў. У цёплую пару года мяне можна было ўбачыць і на вакзале, і на Галоўпаштамце, і ў парках, і ў скверах на лавачцы. Хадзіў на ўсе і ва ўсе рэдакцыі на літаб’яднанні. Ніколі не адмаўляўся, калі нехта мяне запрашаў да сябе дамоў. Была магчымасць хоць раз на тыдзень добра паесці. І, відаць, з таго часу ў мяне захавалася звычка мець запас круп і макаронаў. Гэтага прадукту і сёння ў мяне прыхавана па некалькі кілаграм на чорны дзень…

* * *

2.05.2010. Усю ноч ішоў дождж. І ён размыў мае ўчарашнія планы на сённяшні дзень...

Неяк сумна

2.05.2010. Раптам заўважыў, што жыву больш успамінамі, чым планамі на будучае. Ва ўспамінах усё пэўнае і зразумелае, а ў будучым толькі назвы дзён, месяцаў і гадоў нязменныя…

Касмічная глыба

5.05.2010. Сёння на працы трапіўся пад рукі нейкі часопіс, у якім я вычытаў, што ў хуткім часе ў нашу Зямлю можа ўрэзацца касмічная глыба вагой у тысячы тон. Ад сутыкнення ў зямлі ўтворыцца варонка глыбінёй у кіламетр і дыяметрам больш трох. Калі ж касмічная глыба шарахне ў акіян, то варонка будзе глыбінёй ў два з паловай кіламетры і дыяметрам больш дзесяці. Хвалі ўздымуцца на сотні метраў і пырскі схаваюць на цэлы год сонца. Нават у Афрыцы будзе холадна. Да канца артыкул не дачытаў, бо, нягледзячы на дождж, прыйшоў невядомы паэт і прынёс каля трох кілаграмаў вершаў…

Сярэбраныя галасы

6.05.2010. У «Нашай Ніве» за 5 траўня гісторык Андрэй Вашкевіч піша: «Ніколі не быў аматарам творчасці паэтаў, якія жылі ў БССР у міжваенныя гады. (…) Так я думаў да той пары, пакуль у рукі не трапіла выдадзеная колькі год таму выдавецтвам «Мастацкая літаратура» кніга вершаў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў «Сярэбраныя галасы. Душа мая тужлівая…». Творы, змешчаныя ў гэтай кнізе, сталі адкрыццём, дзвярыма ў душы людзей, якія ў пераважнай большасці пайшлі з жыцця ледзьледзь дажыўшы да трыццаці год». Прыемна, што кніга, якую я ўкладаў, змяніла думку гісторыка пра паэзію ў БССР у міжваенныя гады. Аднак, дзякуючы спадару Вашкевічу, я пераканаўся яшчэ раз, што ўсёткі мы бываем не аматарамі таго ці іншага творцы, ні разу не чытаўшы яго…

Мой дзед і Перамога

8.05.2010. Майго дзеда Юзю (Іосіфа Іванавіча) забралі ваяваць у 1944 годзе. На жаль, калі дзед быў жывы, я не распытаўся, што ён, як былы падхарунжы войска польскага, які ўцёк вясной 1941 года з савецкага палону, рабіў тры гады пры немцах. Аднак, дакладна ведаю, што ў паліцыі і ў партызанах ён не быў. Забраны на фронт, дзед адразу ж трапіў на штурм Кёнігсберга, за што і атрымаў адпаведны медаль. Потым гнаў немцаў па тэрыторыях Польшчы і Германіі. Быў кантужаны. Пасля Перамогі ўсё лета ехаў ваяваць з Японіяй. Не даехаў, бо вайна закончылася. Дамоў вярнуўся толькі пад Новы год. У Дзень Перамогі дзед заўсёды чапляў на пінжак узнагароды. Памёр 5 лістапада 1982 года на 72м годзе жыцця...

Святло Вільні

12.05.2010. На мінулыя выхадныя Міхась Казлоўскі быў у Вільні. Учора вярнуўся ў Маладзечна, а сёння мне патэлефанаваў і расказаў, як цэлы дзень хадзіў па могілках, дзе пахаваны нашы слаўныя людзі. І ў маёй памяці, як у начы агонь, засвяцілася Вільня... І захацелася пайсці купіць білет на цягнік і паехаць да Вострай брамы...

Невядомыя рукапісы

14.05.2010. У абед да мяне на працу зайшла пажылая жанчына з вялікім чорным скураным партфелем. Павітаўшыся, я адразу пацікавіўся: «У вас вершы ці проза?» – «Я нічога не пішу. У мяне проста ёсць да вас справа»,– адказала незнаёмка. «Што за справа?» – запытаўся я і прапанаваў жанчыне прысесці. Яна села і пачала расказваць пра тое, што ў іх гімназіі № 14, дзе яна працуе, ёсць вартаўнік, якому восемдзесят гадоў. У свой час ён быў рэпрэсаваны і сасланы на Урал, дзе разам з ім адбывалі пакаранне некаторыя дзеячы культуры. І вось у гэтага дзеда ёсць рукапісы твораў пісьменніка, якому ў 2014 годзе споўніцца з дня нараджэння 100 гадоў. «А як прозвішча пісьменніка?» – запытаўся я. «Не ведаю. Наш вартаўнік прасіў высветліць, ці можна паказаць вам тыя рукапісы, якія ён захаваў»,– адказала жанчына, ад якой я нічога больш не даведаўся ні пра вартаўніка, ні пра пісьменніка. Дамовіліся, што яна мне патэлефануе і дасць нумар, па якім можна звязацца з дзедам...

Хлеб і марфлот

15.05.2010. У гадоў дванаццаць мне захацелася хутчэй вырасці і пайсці ў войска. Дзядзька Барыс, які служыў у марфлоце, даведаўшыся пра маю мару, параіў: «Еж паболей хлеба і ты трапіш, як і я, служыць на Чорнае мора». Пасля размовы з дзядзькам я пачаў старацца есці хлеб. Стараўся недзе да гадоў шаснаццаці, пакуль зразумеў, што войска – гэта харошая школа, але лепей яе праходзіць завочна…

* * *

17.05.2010. Маме стала зусім дрэнна. Паклалі ў Ракаўскую бальніцу. Адчуваю сябе хворым...

На вакзале

19.05.2010. Чакаючы маршрутку ў Ракаў, зайшоў у падземны пераход, каб схавацца ад дажджу. Стаю з поўнай торбай. Настрой ніжэй нуля. Праз хвілін дзесяць бачу: да мяне ідзе міліцыянер і глядзіць здалёку проста мне ў вочы. «Будзе, відаць, дакументы пытацца. А дакументаў у мяне з сабой аніякіх!» – падумаў я і хуценька ўліўся ў людскі натоўп, што ішоў у горад. Міліцыянер пад дождж не палез…

Дарога да мамы

19.05.2010. У Ракаў заехаў за пяцьдзясят хвілін. Усю дарогу думаў пра маму. Потым за дваццаць хвілін дабраўся з вакзала да бальніцы. Перад бальніцай спыніўся, бо стала неяк страшна ісці далей. Пайшоў дождж, і я пайшоў. Адразу не мог знайсці маміну палату. Заходжу. Мама ляжыць на ложку каля акна. Ёй толькі што паставілі кропельніцу. Жывая!

У палаце з мамай

19.05.2010. Пасля кропельніцы мама з маёй дапамогай села на ложку. Усё, што прывёз, не хацела браць. Пытаюся, ці снедала. Кажа, што ела. Прапанаваў яшчэ паесці. Захацела толькі варанае яйка. Пагаварылі, памаўчалі. У палаце з мамай яшчэ дзве жанчыны. Адна ходзіць, а другая, старэйшая, ляжыць і цяжка дыхае. Праз хвілін дваццаць у нашу палату прыадчыніліся дзверы і пачалі зазіраць па чарзе хворыя, і я пачуў іхні шэпт: «Паэт да маці прыехаў… Шніп…»

У Ракаўскім вакзале

19.05.2010. У бальніцы прабыў больш гадзіны. Толькі выйшаў ад мамы, як пайшоў дождж. Крыху прамачыўся, але ісці да маршруткі было лёгка – мама трымаецца і, дасць Бог, ачуняе. Стоячы на прыпынку, вырашыў заглянуць у Ракаўскі вакзал, у якім не быў гадоў пяць. У гэтым будынку, калі быў маладым, часта, едучы дамоў, чакаў свайго аўтобуса. Часам даводзілася сядзець па некалькі гадзін, таму нярэдка пісаў вершы. І напісаў нямала, бо сем гадоў кожную пятніцу быў праездам у Ракаве. Спадзеючыся пасядзець на тых жа памятных мне лаўках, адчыняю дзверы і бачу прадуктовую краму з гарэлкай, каўбасамі, рыбай, макаронамі…

Няма таго, што раньш было…

20.05.2010. Быў у мамы ў Ракаўскай бальніцы. Яна ўжо для свайго ўзросту большменш нармальна сябе адчувае. Вяртаючыся ў Мінск, на вакзале ўбачыў аўтобус «ВаложынПугачы». Зазірнуў. Аніводнага знаёмага твару…

Першы прыпынак у царкве

23.05.2010. У Навасёлкі знаёміцца з траюрадным дзядзькам Леанідам Жыткевічам, які цяпер на пенсіі і ў вольны час малюе, давялося ехаць аднаму – Людміла прастыла, а сын Максім паехаў з аднакласнікамі ў Тальку на экскурсію. Анатоль Блашчытын – мой далёкі сваяк – уляцеў у электрычку на Маладзечна за хвіліну да адпраўлення. Усю дарогу прагаварылі, таму гадзіна язды праляцела незаўважна. У Дубровах нас ужо чакаў Леанід на машыне. Побач стаяў нейкі дзіўны трактар, за рулём якога сядзеў стары. Да яго залезла пажылая кабета з электрычкі, і яны паехалі. Леанід паведаміў, што гэты трактар чалавек змайстраваў сам. Яму цяпер 77 гадоў. Па дарозе ў Навасёлкі спыніліся каля Дуброўскай царвы, дзе якраз ішла служба – Анатоль захацеў пакінуць памінальныя запіскі. У царкве было каля дзесяці чалавек. Збудаванне драўлянае. На ўваходзе вісіць шыльда на беларускай мове: «Беларуская Праваслаўная царква ў імя Нараджэння Прасьвятой Багародзіцы. Адноўленая ў 90х гадах 20га стагоддзя стараннямі свяшчэнніка Іаана Крупко». Святар у Дубровах вядомы і як паэт. Асобныя ягоныя вершы краязнаўца Міхась Казлоўскі дапамог надрукаваць у Маладзечанскіх газетах. У Храме шмат іконаў. Многія тканыя. Напрыканцы службы ў царкву была занесена шырокая сіняя лава – пачалася падрыхтоўка да адпявання памерлага. Памёр пяцідзесяцітрохгадовы Руды з Навасёлак. Леанід не змог успомніць, як яго завуць. Адстаяўшы да канца службу, мы працягнулі сваю дарогу…

У Дуброўскай школе

23.05.2010. Пасля царквы Леанід Жыткевіч павёз мяне і Анатоля Блашчытына ў Дуброўскую школу. Нас ужо чакалі дзве настаўніцы, якія правялі экскурсію па кабінетах і школьным музеі. На калідорах і ў класах ціха – у суботу дзеці не вучацца. Гадоў пятнаццаць назад тут было каля 400 вучняў. Дзеці хадзілі не толькі з Дуброў, але і з далёкіх вёсак. Да маіх Пугачоў сем кіламетраў. Мог тут канчаць дзесяцігодку і я, калі б пасля васьмі класаў Пугачоўскай школы не паступіў у Мінскі архітэктурнабудаўнічы тэхнікум. Цяпер у школе 66 вучняў. У свой час у школе працаваў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які сябраваў з Уладзімірам Караткевічам і які шмат разоў бываў у Дубровах. Уладзімір Караткевіч з Адамам Мальдзісам бывалі і ў маіх Пугачах – хадзілі ў госці да свайго сябра Паўла Дзюбайлы, які ў нас працаваў настаўнікам. Анатоль Блашчытын загарэўся жаданнем зрабіць адпаведную шыльду і прымацаваць яе на будынак Пугачоўскай школы. Харошая ідэя. Трэба будзе неяк яе ажыццявіць. Калідоры Дуброўскай школы ўпрыгожаны карцінамі Яўгеніі Васілеўскай. Заглянулі ў школьны краязнаўчы музей. Усё зроблена з густам і з любоўю да роднай вёскі і людзей, якія ў ёй жылі і жывуць. У музеі захоўваюцца здымкі выпускных класаў, на якіх шмат знаёмых твараў. Дамовіліся з настаўнікамі, што я прыеду да іх восенню, калі пачнецца новы навучальны год, каб выступіць перад школьнікамі.

Мастачка з Пугачоў

23.05.2010. У маіх Пугачах 3 ліпеня 1928 года нарадзілася мастачка Яўгенія Мікалаеўна Васілеўская. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, яна паступіла на завочнае аддзяленне Маскоўскага мастацкага ўніверсітэта, дзе вучылася пяць з паловай гадоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта 12 гадоў працавала настаўніцай малявання ў Дуброўскай школе. Потым была лабаранткай у калгасе. Выйшаўшы на пенсію, працягвае па сённяшні дзень маляваць. Яе карціны ўпрыгожваюць школу, ёсць у дамах аднавяскоўцаў і ў царкве вёскі Дубровы. Я хацеў пазнаёміцца з мастачкай, але, на жаль, мне сказалі, што яе якраз сёння няма дома…

Дубровенская рымскакаталіцкая парафія

23.05.2010. Упершыню Дуброва ўпамінаецца ў летапісах у 1453 годзе, калі тут Глябовічамі быў фундаваны касцёл. У 1576 годзе на месцы старога касцёла Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка ўзвёў новы касцёл і надзяліў святыню новым фундушам. У 1625 годзе тут знаходзіўся кляштар ордэна бернардзінцаў. У 1670 годзе сур’ёзна пашкоджаны ў час вайны Расіі з Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай (1654—1667 гг.) касцёл адрэстаўравала на свае сродкі Марцыбяліна Глябовіч. У 1770 годзе святыня зноў была адрэстаўравана Матэвушам Марцынкевічам і асвечана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і святых апекуноў Мацвея Апостала і Станіслава Біскупа. Драўляны, пабудаваны ў выглядзе крыжа, пакрыты гонтаю касцёл завяршаўся купалам па цэнтры і чатырма вежамі – адной маленькай над вялікім алтаром і трыма большымі над бабінцам (прытворам). Пры касцёле была адкрыта школа для шляхты і мяшчан. У 1787 годзе касцёл згарэў. Ролю святыні часова выконвала шопа з бруса, з крыжамі над крухтай і прэзбітэрыем, з закрыстыяй. У алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам на руках. Адам Хмара, тайны саветнік і ваявода мінскі, розных польскіх і расійскіх ордэнаў кавалер, які з 1791 года стаў новым уладаром мястэчка Дуброва, у 1796 годзе заснаваў на месцы раней існуючых драўляных касцёлаў, на пагорку, што дамінуе над мястэчкам, новую мураваную святыню ў стылі класіцызму пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. У 1805 годзе Храм быў асвечаны. У тым жа годзе Адам Хмара памёр і быў пахаваны, як фундатар, у сутарэннях касцёла. Скляпы святыні сталі радавой пахавальніцай і для ўсіх пакаленняў яго нашчадкаў. Гэта была прыгожая каменная святыня даўжынёй 48,5 аршынаў, шырынёй 33,5 і вышынёй 22 аршыны, пабеленая звонку і ўнутры. У 1842 годзе ў Дубровенскай парафіі налічвалася 2326 каталікоў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў зачынены, а дубровенскія каталікі былі адпісаны да Ракаўскай парафіі. У 1868 годзе касцёл перабудавалі пад праваслаўную царкву. Пасля царскага маніфеста 1905 года аб свабодзе сумлення каталікам дазволілі ў Дуброве ўзвесці драўляную капліцу. За аснову быў узяты будынак, што стаяў за 20 сажняў ад панскага дома Льва Львовіча Ваньковіча. У ім зрабілі алтар, а над уваходам узвялі невялікую вежу са звонам. Капліцу асвяцілі 28 снежня 1906 года. У 1919 годзе будынак святыні вярнулі каталікам. У 1926—1929 гадах ён быў рэстаўраваны і зноў набыў аблічча касцёла. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны колькасць парафіян перавышала 2 тысячы чалавек. У чэрвені 1948 года пасля арышту ксяндза Яна Казіміравіча Татарскага (нарадзіўся ў 1890 годзе, працаваў у Дуброве з 25 лістапада 1943 года), касцёл зачынілі, а ў 1949 годзе ён перададзены Дуброўскаму спіртзаводу пад склад і з часам ператварыўся ў руіну. У верасні 1954 года ксёндз Я. Татарскі вярнуўся з турмы, але быць пробашчам касцёла ў Дубровах яму савецкія ўлады забаранілі. Стаў працаваць настаяцелем касцёла ў Ракаве. Па хадайніцтве вернікаў і пры дапамозе ксяндзадэкана Пралата ДаўгіловічаНавіцкага была адроджана Дубровенская парафія і зарэгістравана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і Святога Юрыя ў 1995 годзе. З восені таго ж года пачалі адбывацца богаслужэнні ў каплічцы, пад якую прыстасавана частка дома былой плябані. Душапастырства ў парафіі выконваецца святаром Красненскага касцёла. Дзесяць год пачэсна выконваў гэтую місію ксёндз Пётр Пятрога. З восені 2005 года гэтыя абавязкі даручаны ксяндзу Андрэю Яркаўцу. Пра ўсё гэта я даведаўся ў музеі Дуброўскай школы. Сцены касцёла і сёння стаяць на ўзгорку, як напамін пра тое, што яшчэ не ўсё страчана…

Бібліятэка на вуліцы Каліноўскага

23.05.2010. Дуброўская бібліятэка знаходзіцца на вуліцы Кастуся Каліноўскага. І тое, што ёсць такая вуліца ў вёсцы – гэта не выпадковасць, бо калі ўспомніць, што пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадах касцёл у Дубровах быў зачынены, то можна смела сказаць, што многія парафіяне, якіх было каля двух з паловай тысяч, змагаліся з расейскімі войскамі. І гінулі, бо ў кіламетрах дзесяці на могілках у вёсцы Плябані пахавана некалькі паўстанцаў. Да ўсяго, думаю, і мае аднавяскоўцы не сядзелі ў той час у запечку.

У бібліятэцы мяне і маіх сваякоў Леаніда і Анатоля чакалі і сустрэлі вельмі ветліва. Жанчыны адразу паскардзіліся, што кніжак у іх толькі шэсць тысяч. Тут жа ўспомнілася хатняя бібліятэка Янкі Сіпакова, у якой 10 тысяч тамоў. На стэндзе выстаўлены кнігі па гісторыі Беларусі. Сярод іх – маленькая танюсенькая кніжачка вершаў Вячаслава Міхасёнка. На самым бачным месцы «Дадзеныя ўзросту вёсак на 2010 год»: «Дубровы – 557 г., Еленка – 219 г., Бортнікі – 363 г., Навасёлкі – 219 г., Гойжава – 307 г., Кайцені – 259 г., Пазнякі – 210 г.». Думаю, што і маім Пугачам недзе пад 300 гадоў, а мо і болей. «А колькі кіламетраў ад вас да Еленкі?» – пацікавіўся я. «Кіламетры тры»,– адказала бібліятэкарша і тут жа дадала: «Я ведаю, што там нарадзілася ваша аднакласніца Зоя Шымель, пра якую вы ўзгадваеце ў сваіх творах пра каханне». «Так. А ці не ведаеце вы, дзе цяпер Зоя?» – запытаўся я. «Не ведаю. Але я распытаюся ў свайго сваяка, які жыве ў Еленцы»,– абяцала жанчына і прапанавала папіць гарбаты. Мы ветліва адмовіліся. І толькі пераступілі нагой за парог, як нас перастрэў на ровары загарэлы мужчына. Гэта спецыяльна прыехаў, каб пазнаёміцца са мной, аднакласнік Анатоля і Леаніда Косця Лёля, які да пенсіі быў адным з мясцовых начальнікаў…

Міліцыянер і шкілет

23.05.2010. У Дубровах жыве былы міліцыянер. Выйшаўшы на пенсію, ён пачаў запіваць. І, відаць, зусім адпіўшы мазгі, бо нармальны чалавек не будзе трывожыць памерлых, ён раскапаў сутарэнні касцёла, дзе былі пахаваны былы ўладар Дуброў Адам Хмара і яго нашчадкі. Знайшоўшы чалавечы шкілет, былы міліцыянер прынёс яго дамоў і паставіў сярод хаты. Вечарам вярнулася з працы жонка і, убачыўшы шкілет, так перапалохалася, што перастала гаварыць…

Хмарышкі

23.05.2010. Каля маіх Пугачоў ёсць мясціна, якая і па сённяшні дзень называецца Хмарышкі. Раней там быў маёнтак, дзе жыў пан Хмара. Яшчэ гадоў трыццаць назад там быў сад і зарослыя травой фундаменты вялікіх будынкаў. Па сённяшні дзень захавалася возера, у якім водзіцца рыба. І, відаць, гэты наш пан быў адным з нашчадкаў Адама Хмары, які ў Дубровах больш двухсот гадоў назад збудаваў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.

Польскія кашары

23.05.2010. У канцы ліпеня 1919 года Дубровы апынуліся пад панскай Польшчай. Потым палякі адступілі, і Дубровы былі заняты Чырвонай арміяй, але ненадоўга, і паводле Рыжскай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года па 1939 год Дубровы сталі прыгранічным мястэчкам. У той час недалёка ад цэнтра вёскі Дубровы па правым баку дарогі ДубровыГарадок, на ўзгорку, дзе цяпер хаты Соф’і Салавей і Івана Салаўя, стаялі кашары. Так называлася польская пагранічная застава. Мяжа праходзіла паміж вёскамі Уша і Туркаўшчына, за 4 кіламетры ад Дуброў. У кашарах былі казарма, канюшня, лазня, сталоўка, скляпы і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каб пракарміцца, салдаты для сябе гадавалі свіней і кароў. Пабудовы стаялі на моцных фундаментах. Некалькі фундаментаў захавалася да нашага часу, бо калі з хутароў пачалі ссяляць гаспадароў у вёску, то хутаране пабудавалі свае дамы на іх, а так усё было разбурана і знішчана...

Глафіра

23.05.2010. Пасля наведвання Дуброўскай бібліятэкі, Леанід Жыткевіч завёз мяне з Анатолем Блашчытыным да сябе ў Навасёлкі паабедаць. Нас сустрэла ветлівая гаспадыня, якая прадставілася «Глафіра», а я ці то ад стомы, ці проста недачуў, падпісваючы кніжкі, напісаў: «Шаноўным Леаніду і Графіні…» Праўда, тут жа паправіўся, а хаця б і мог пакінуць, як напісаў, бо Глафіра, сапраўды, крыху падобная да графіні…

Крыніца

23.05.2010. Ідучы па Навасёлкаўскай вуліцы да старых уніяцкіх могілак, я звярнуў увагу, што каля плота адной хаты месціцца невялічкая ўтравелая балаціна, ад якой прама па вуліцы метраў сто цячэ вада, а потым па пракапанай канавіне сцякае праз поле да рачулкі. Падумалася, што гэтая вада з прарванай водаправоднай трубы, да якой нікому няма справы, але Леанід Жыткевіч, нібы здагадаўшыся, пра што я думаю, сказаў: «Гэта крыніца. Яна цячэ круглы год…»

* * *

23.05.2010. Ад Навасёлкаўскіх уніяцкіх могілак застаўся зарослы кустамі пагорак. Праўда, месцамі з зямлі віднеюцца каля дзесяці помнікаў, па якіх можна даведацца, што яшчэ ў 1926 годзе тут хавалі людзей. І пра тое, што тут, на пагорку, могілкі нагадваюць касачы і кусты шыпшыны. Словам, яшчэ не прайшло і дзевяноста гадоў, а ўжо толькі такія дзівакі, як я са сваімі сваякамі Леанідам і Анатолем, якім дорага наша мінулае, прыходзяць да магіл нашых продкаў. Вяртаючыся назад у вёску, я выказаў меркаванне, што яшчэ пройдзе гадоў пяцьдзясят, а то і меней, як з пагорка пачнуць браць пясок для будоўляў і ніхто не спыніцца, натрапіўшы на чалавечыя чарапы і косці. Леанід і Анатоль не сталі мне пярэчыць…

* * *

23.05.2010. У Навасёлках ад хаты Леаніда Жыткевіча да месца, дзе пахаваны французскія салдаты, што загінулі ў 1812 годзе, метраў трыста. Праз хвілін дзесяць я, Леанід і Анатоль Блашчытын з кургана разглядаем наваколле. Прыгожа. Пытаюся: «А тут раскопкі былі?» – «Не. Тут ніхто не капаўся. А, відаць, калі капануць на метры тры, то можна натрапіць на французскія косці»,– адказвае Леанід і, паказваючы рукой удалеч на зарослую ельнікам гару, кажа: «А там замчышча. На гары і сёння ёсць вялікі роўны пляц, на якім, кажуць, стаяў вялікі і непрыступны замак». Збіраемся ісці да замчышча, але нечаканы навальнічны дождж парушае нашы планы…

Міклашэўскі і Рублеўская

28.05.2010. З сённяшняга «ЛіМа» даведаўся, што памёр пісьменнік Яўген Міклашэўскі. Гэта ён сказаў Людміле Рублеўскай перад яе ад’ездам у Маскву на вучобу ў Літінстытут, каб, калі ўзнікне якая праблема, зайшла за дапамогай да Шніпа. І яна зайшла дзеля цікавасці, і цяпер у яе куча праблем…

Мой аднакласнік Сашка

29.05.2010. Сёння майму сябру дзяцінства і суседу Сашку Балотніку было б 50 гадоў. Ён быў здаравейшы за нашых аднакласнікаў, і ўсе яго баяліся. Пабойваўся і я, але і Сашка ніколі да мяне не чапляўся. Недзе гады чатыры назад, калі я прыязджаў у вёску і корпаўся у градах, да плота падышоў Сашка і папрасіў пазычыць тысячу. Я даў яму пяць. І гэта была наша апошняя сустрэча. Ён памёр у адзіноце 1 студзеня 2007 года – задушыўся куском сала, якое, добра не перажаваўшы, спрабаваў праглынуць…

* * *

29.05.2010.

Зялёныя дрэвы стаяць за вакном,

Нібыта бакалы з зялёным віном,

Якому да восені стаць залатым,

Каб восені нашай напіцца у дым,

Што хмарамі будзе чарнюткімі плыць

Над светам, дзе дом мой самотны стаіць,

Дзе я ля вакна, адзінокі, сяджу,

Чакаючы сонца ў краіне дажджу…

Хоць і сонца свеціць, а ў мяне такі настрой, нібыта дождж ідзе…





ЧЭРВЕНЬ

Місія

1.06.2010. Едучы на працу, у аўтобусе сустрэўся з прафесарам Іванам Чаротам. Паскардзіліся адзін аднаму на надвор’е, Іван пацікавіўся здароўем маёй маці, а потым сказаў, што нядаўна пахаваў сябра. Сябар адзінаццаць гадоў адзін даглядаў хворую маці. Маці памерла, а ён праз паўгода атрымаў інсульт, потым другі і на трэцім памёр. Мужчыну было 72 гады. «Такая ўжо была ў яго місія...» – сумна падвёў вынік жыцця свайго сябра Іван Чарота.

Андрэй Вазнясенскі

1.06.2010. Памёр Андрэй Вазнясенскі. Узгадалася мая першая сустрэча з паэтам у бары Цэнтральнага дома літаратараў у Маскве. Гэта быў 1986 год. Мы, сябрыаднакурснікі, прыйшлі ў бар ужо нецвярозыя і, убачыўшы Вазнясенскага, тут жа кінуліся да яго. Ён быў з жонкай, з якой пазнаёміў нас. Потым мы пілі за кошт паэта і закусвалі бутэрбродамі з чырвонай ікрой. Адзін перад адным цытавалі ягоныя вершы. Паэт усміхаўся…

Маладыя гады і Карачынцаў

2.06.2010. Аспірант Літінстытута Андрэй Тусічышны сябраваў з артыстам Мікалаем Карачынцавым і часта мне расказваў пра яго. Даведаўшыся, што я са сваёй Людмілай ніяк не магу купіць білеты ў «Ленком», Андрэй прапанаваў пазнаёміць нас з Карачынцавым. І ўжо была назначана сустрэча з артыстам, і мы ўжо амаль сабраліся ісці, але я, падумаўшы: «Не хапала мне яшчэ, каб Карачынцаў адбіў у мяне маю дзяўчыну!», не павёў Людмілу ў «Ленком»...

Гардзей і Рудкоўскі

2.06.2010. Заходжу ў кабінет да Віктара Гардзея. Гляджу, а ён ужо каторы дзень займаецца не планавай працай – чытае вершы Міхася Рудкоўскага. Прывітаўшыся са мной, Віктар паведаміў: «Хачу падрыхтаваць да выдання ў серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя» томік вершаў Міхася. Калі мы такіх хлопцаў, як ён, не выдадзім, дык ніхто пра іх не ўспомніць! Вось мы выдалі год назад кніжку Міколы Федзюковіча, а сёння ўжо яго паставілі ў пазакласнае чытанне...» Нічога не сказаўшы, я ўзяў адну з тоненькіх кніжак Міхася Рудкоўскага і пачытаў з яе некалькі вершаў. «Колькі ён пражыў?» – запытаўся я. «Усяго 53 гады...» – адказаў Віктар. І я, яшчэ прачытаўшы пару твораў паэта, пайшоў у камп’ютарную, дзе набіраецца перспектыўны план выдавецтва на 2011 год, і ў яго ўпісаў кніжку Міхася Рудкоўскага, якую рыхтуе Віктар Гардзей...

* * *

4.06.2010. Пайшоў другі тыдзень, як мама пасля бальніцы ў мяне. За гэты час яна паправілася на дзвесце грамаў, а я на два кілаграмы схуднеў...

Не забываецца...

4.06.2010. Цэлую ліпеньскую ноч бушавала навальніца. Страшна грымеў гром і жахалі маланкі. На вуліцы пад віхламі ў калюжынах валяліся абламаныя галіны і я, шасцігадовы хлапчук, ідучы па Лягезах гуляць да Сашкі Баранова, месцамі з цяжкасцю прабіраўся праз іх. Калі ўжо заставалася да хаты сябра метраў сто, я спыніўся перад велізарнай паваленай ліпай. Выдзертыя з зямлі карэнні, як змеі велічынёй па некалькі метраў, грэліся на сонцы. Каля кроны паваленага дрэва стаяў Сашка і нешта разглядаў у траве. Заўважыўшы мяне, сябра паклікаў: «Ідзі сюды! Паглядзі, што я знайшоў!» Пералезшы праз мокры і слізкі ствол ліпы, я падбег да Сашкі, спадзеючыся ўбачыць нешта прыгожае. У траве ляжаў вялікі чорны крумкач і па яго вялікіх расплюшчаных вачах поўзалі зялёныя мухі...

Дождж як пачатак патопу

4.06.2010. Ідучы дамоў па вуліцы праз дождж, узгадаў свае радкі: «Гэты дождж, як пачатак патопу, што затопіць і змые Еўропу...» І канцоўка: «Дождж ідзе, але ён перастане, Сонца з хмараў усёткі прагляне, Бо ў Еўропе стаіць мая хата, Дзе жывуць мае мама і тата». Яшчэ жывуць...

Малітва

4.06.2010. Учора, ідучы дахаты, зайшоў у Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе. Пачытаў малітву за здароўе родных, паставіў свечку. І сёння зайшоў у Храм. Памаліўся, паставіў свечку. І на змрочнай вуліцы адчуў цеплыню ў халодным дажджы…

Мама і санкі

5.06.2010. Цэлы дзень была мяцеліца і вечарам аўтобус з Мінска ў вёску не прыйшоў. Раніцай, узгрузіўшы на санкі напакаваныя сумкі і торбы свежанінай, мама павяла мяне і зяця Віцю на Караблянскі аўтобус у Кудзяўцы. Там заўсёды зімой расчышчана дарога, але да яе трэба ісці тры кіламетры. І мы пайшлі праз цемру па бездарожжы. Мама, час ад часу, усё хапалася дапамагчы нам цягнуць гружаныя санкі, якія і пустыя важаць кілаграмаў дваццаць. Недзе праз гадзіну мы дабраліся да прыпынку. Не паспелі аддыхацца, як прыйшоў аўтобус. Завалокшы свае сумкі і торбы ў яго, мы паехалі ў Мінск, а мама, памахаўшы нам на развітанне рукой, пацягнула праз мяцеліцу пустыя санкі дамоў…

Торф

5.06.2010. Мне гадоў дзесяць. На балоце каля Хмарышак бацьку і дзеду дапамагаю капаць торф. Людзей навокал шмат і не толькі з Пугачоў. Усе стараюцца, каб паспець да дажджоў нарыхтаваць паліва на зіму. Падсохлы торф возім на кані дамоў, дзе складаем у паветку. Глыбокія, недзе па тры метры, тарфяныя ямы напрацягу некалькіх дзён напаўняюцца рудой балотнай вадой. У некаторых мінулагодніх ямах цвітуць белыя гарлачыкі. Я спрабую нарваць іх, каб прынесці дамоў, але, паслізнуўшыся, трапляю ў ваду. І мне ніхто не дапамагае вылезці, бо ўсе капаюць торф…

Шнапс

5.06.2010. У Пугачах Лёнек Шніпоў некалькі чалавек. У аднаго з іх мянушка Шнапс. Ён старэйшы за мяне на гадоў дзесяць, і калі яшчэ я хадзіў у Пугачоўскую школу, то Шнапс ужо жыў і працаваў у сталіцы. Ён быў мадняком і здаравяком. Прыходзячы ў клуб на танцы, Лёнька паводзіў сябе, як кароль, і ўсе стараліся дагадзіць яму, абы толькі не пачалася бойка. Калі ж пачыналася бойка, то Шнапс кідаў усіх, хто трапляўся ў яго на шляху, праз сябе аб падлогу. Я Шнапса баяўся. І неяк, калі я ўжо бадзяўся па Мінску і друкаваўся, мы сустрэліся адзін на адзін на вячэрняй вуліцы ў Пугачах. «Здароў, Віцёк!» – павітаўся Шнапс. «Добры дзень…» – няўпэўнена адказаў я. «Чытаў твае вершы. Маладзец!» – сказаў Лёнька і пачаў распытвацца пра мае адносіны да паэзіі Вазнясенскага, Яўтушэнкі, прозы Караткевіча. Я нешта яму адказваў, а сам думаў, каб як хутчэй развітацца са Шнапсам. Лёнька ж не адставаў ад мяне і праз хвілін дзесяць нашай размовы прапанаваў пайсці да яго дахаты паслухаць замежную музыку і выпіць па сто грам. Не ведаю, чым бы закончылася мая сустрэча са Шнапсам, калі б у гэты час не ішла мама з кароўніка і, убачыўшы мяне, не паклікала дамоў…

Шнапс у школе

5.06.2010. У Дуброўскай школе Шнапс быў самым непаслухмяным вучнем. На перапынках гойсаў па калідорах як угарэлы, а на ўроках перашкаджаў і вучням, і настаўнікам. Настаўніцкія крыкі «Выйдзі з класа!» на Шнапса не дзейнічалі. Недзе ў класе шостым на адным з урокаў Лёнька давёў настаўніка фізікі да поўнага шаленства, што той, не змогшы выцягнуць вучня зза парты, схапіў яго разам з партай і выкінуў на школьны калідор. На парце, як на санках, Лёнька праехаў метраў дзесяць…

Кола

7.06.2010. Мне гадоў пяць. Стаю на гасцінцы на Русакі і назіраю, як воз з белым канём, пыльна праімчаўшыся побач, падымаецца пад гару. І раптам у метрах ста ад мяне ад воза адвальваецца кола і, падскокваючы, коціцца з гары проста на мяне. «Уцякаааай!» – чуецца з воза крык цёткі. «Трымаааай!» – крычыць дзядзька. А я стаю як укапаны. А кола ўсё бліжэй і бліжэй...

Паэт і матылі

7.06.2010. Пасля абеда да мяне прыйшоў новы аўтар гадоў трыццаці. З пакета дастаў ладную папку і працягнуў мне. «Вершы?» – пацікавіўся я. «Ага...» – адказаў наведвальнік. Развязваючы тасёмкі на папцы, мне чамусьці падалося, што, як толькі я разгарну рукапіс, з яго адразу вылятуць рознакаляровыя матылі. І матылі вылецелі, а ў папцы засталіся вершы. Вершы добрыя. Малады чалавек пасля васьмі класаў працуе на будоўлі каменшчыкам. Раней свае творы нікому не паказваў. Не было часу. На развітанне, пахваліўшы маладога паэта і растлумачыўшы, чаму мы не можам цяпер выдаць яго кніжку, параіў яму пакуль што звярнуцца ў «Нёман». Паэт пайшоў, а ў маім пакоі засталіся лётаць матылі з ягонай папкі...

Улан

8.06.2010. Патэлефанаваў Анатоль Блашчытын: «Я ў тваёй кніжцы «Проза і паэзія агню» знайшоў недакладнасць. Ты пішаш: «Крысціна Андрэеўна – маёй бабулі Параскі родная сястра...» Гэта няправільна, бо Крысціна Андрэеўна – не сястра тваёй бабулі Параскі, а жонка Янкі Шніпа, які быў бацькам твайго дзеда Юзі». І расказаў мне Анатоль пра майго прадзеда Івана Кандратавіча Шніпа (1866—1916): «Янка быў уланам у царскім войску і ў час Першай сусветнай вайны ўдзельнічаў у баях з немцамі на фронце, які праходзіў па тэрыторыі цяперашняга Смаргонскага раёна і каля возера Нарач. Прадзед твой там і загінуў. У час нямецкага нападу яму шабляй была адсечана галава. Пра гэта вестка прыйшла ў Пугачы ад аднавяскоўцаў, якія таксама ваявалі з немцамі. Янка недзе ў Смаргонскім раёне і пахаваны ў брацкай магіле. Казалі, што ён быў высокі, прыгожы, добра адукаваны. Ды ўсе Шніпы высокага росту...» – «Адзін я няўдалы...» – перабіваючы Анатоля, я тут жа пачуў: «Што той высокі рост? Галоўнае, каб галава добрая была. А ў цябе галава ёсць...»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю