Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"
Автор книги: Віктар Шніп
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 19 (всего у книги 20 страниц)
* * *
30.05.2012. Даўно працуем у адным доме, але ў розных выдавецтвах і на розных паверхах. Кожны дзень сустракаемся. Я вітаюся, а ён не адказвае. Глухі? Здаецца, не. І мне хочацца часам, як казаў калісьці Юры Станкевіч, «падраўняць мужыку пятачок», але я вітаюся, а ён маўчыць…
* * *
30.05.2012. Ідучы да бацькі, каля будынка «Інвестбанк» убачыў мёртвую варону. «Дакаркалася!» – сказаў я і пайшоў далей…
Апякункі паэтычных нябёсаў
31.05.2012. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры рыхтуецца выстава, прысвечаная 40годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сёння завёз у музей нашы ўзнагароды і кнігі, за якія мы іх атрымалі. Паглядзеў выставу «Апякункі паэтычных нябёсаў», прысвечаную паэткам Еўдакіі Лось, Яўгеніі Янішчыц, Раісе Баравіковай, Веры Вярбе, Дануце Бічэль, Ніне Мацяш, Галіне Каржанеўскай, Валянціне Коўтун і Таісе Бондар. Якія ўсё ж яны ў час сваёй маладосці былі ветлыя і прыгожыя, светлыя і наіўныя! Але ўсё гэта было даўно! І ўспамінаюцца радкі Янішчыц:
Дзе час былы з паводкай весялосці,
Дзе шчыры поціск вернае рукі?
Саманаіў расстайнай маладосці
Агнём на сэрцы выпіша радкі.
І змые час дурных здзіўленняў пену,
І пачуццё абвугліцца датла.
...Паэзія,– яна не знае тлену,
Калі ў душы хоць прыгаршчы святла.
Усё мінае. Паэзія застаецца!
* * *
31.05.2012. Ідучы з працы, сустрэўся са скульптарам Іванам Міско, які адразу ж сказаў: «Я вас даўно чакаю ў госці, а вас няма ўсё і няма!» І я абяцаў, што ў хуткім часе з Людмілай і дзецьмі заглянем да яго ў майстэрню. Крыху прайшоўшыся разам па вуліцы, я ад Івана Якімавіча даведаўся, што ён нядаўна быў у Маскве і цяпер працуе над скульптурай расійскага касманаўтабеларуса, які ў канцы гэтага года павінен паляцець у космас…
ЧЭРВЕНЬ
Мама і бацька
2.06.2012. Прысніліся Лягезы. Зіма. Усё замецена. Бязлюдна. Я жыву з бацькам у хаце дзядзькі Вані. І раптам чую на вуліцы людскія галасы. Выходжу і бачу рудога каня запрэжанага ў сані, на якіх ляжыць мая мама. Яна мёртвая. Я гляджу на яе, а на мяне глядзяць незнаёмыя людзі, і я не ведаю, што мне рабіць. Клічу з хаты бацьку. Ён выходзіць босы і спыняецца на ганку, убачыўшы на санях мёртвую маму. Людзі знікаюць, а мама, разжмурыўшы вока, усміхаецца бацьку…
Паэтка
2.06.2012. У выдавецтве ёсць цэлая шафа закладзеная блакнотамі паэткі Алы Церахавай. Гэта плён яе апошняга пяцігадовага рыфмавання. Нам яна пісала амаль кожны тыдзень. Паштальёны злаваліся на паэтку і на нас, што мы несвоечасова прыходзім на пошту па яе бандэролі, а яна кожны дзень пытаецца, ці аднеслі яе вершы ў выдавецтва. Напачатку мы адказвалі Але Церахавай, што немагчыма зза яе почырку прачытаць тое, што яна нам дасылае, а потым нават звярнуліся да яе з просьбай, каб яна больш не загружала пошту сваімі бандэролямі. Наша просьба падзейнічала, але наадварот, і нам у тыдзень сталі прыходзіць дзве, а то і тры бандэролі ад Церахавай. І вось недзе гады паўтары назад паэтка знікла і мы ўжо думалі, што назаўсёды, але на мінулым тыдні ў выдавецтва прыйшла бандэроль ад Алы з блакнотам, у якім запісаны вершы, якія нельга прачытаць зза неразборлівага почырку. Жыццё працягваецца…
На крылах рамантыкі…
2.06.2012. У «ЛіМе» Яўген Гарадніцкі ў артыкуле «На крылах рамантыкі» напомніў усім нам, пісьменнікам, што 31 мая было б усяго 60 гадоў літаратуразнаўцу Тамары Чабан. Гэтае імя час ад часу з’яўляецца ў спасылках літаратуразнаўчых і крытычных прац, згадваецца сучаснымі даследчыкамі. Тамара пісала і вершы. Тоесёе было пасля яе смерці (памерла 20 сакавіка 1992 года) надрукавана ў альманаху «Дзень паэзіі». Памятаю, як на гадавіну па Тамары Чабан мы з Яўгенам Гарадніцкім ездзілі на Ракаўскія могілкі. І потым яшчэ планавалі разам з’ездзіць, але так і не атрымалася. І не ведаю, як часта цяпер Яўген наведвае Тамару, але калі б ён не быў яе мужам, то наўрад сёння ў «ЛіМе» успомніў бы хто пра яе юбілей, і не таму, што яна не вартая добрага ўспаміну, а таму, што няма ў нас асабліва каму ўспамінаць нашых памерлых…
З прыемнасцю прачытаў…
3.06.2012. З прыемнасцю прачытаў у «Звяздзе» за 30 мая сказанае настаўніцай беларускай мовы Таццянай Красоўскай: «Вырашыла, што лета я прысвячаю Уладзіміру Караткевічу і яго непаўторным творам. Я «падсела» на гэта яшчэ з «Каласоў пад сярпом тваім», цяпер чытаю «Чорны замак Альшанскі». Буду чытаць усяго Караткевіча, і нават перачытаю тое, з чым пазнаёмілася раней, калі была студэнткай. Мне падабаюцца яго творы за праўду жыцця, сардэчнасць і цудоўную беларускую мову. З ужо прачытанага хачу таксама параіць кнігу Людмілы Рублеўскай «Золата забытых магіл». Проста немагчыма адарвацца! Кожную вольную хвіліну аддаю чытанню. Гэты твор трымае цябе ад першай да апошняй старонкі. А яшчэ Людміла Рублеўская можа пісаць пра каханне проста і разам з тым вельмі велічна».
Пяць фільмаў і жыццё
3.06.2012. Два выхадныя дні, якія былі падзмрочаны холадам і дажджом, праляцелі. І я за гэтыя два дні ў вольны час ад паходаў да бацькі праглядзеў пяць фільмаў.
Першы фільм Марка Ферэры «Я тебя люблю», які ў 1986 годзе ў Канах атрымаў «Залатую пальмавую галінку» быў пра тое, як малады чалавек, якому ўжо абрыдла празмерная ўвага з боку жанчын, знайшоў на вуліцы бралок для ключоў. Бралок не просты, а ў выглядзе сімпатычнага жаночага тварыку, які на кожны свісток гаспадара адклікаецца: «Я тебя люблю!» Праз нейкі час бралок стаў маладому чалавеку замяняць усіх ягоных палюбоўніц. Ды аднойчы здарылася бяда – малады чалавек зламаў зуб і не змог болей свістаць… Ходзячы кожны дзень да бацькі праз сквер, на сваім шляху я знаходзіў шмат якой усячыны, а вось бралка з сімпатычным жаночым тварыкам не бачыў. Ды і не патрэбны ён мне!
Фільм рэжысёра Уладзіміра Мірзоева па аповесці Андрэя Платонава «Катлаван», на жаль, не закончаны. У ім зняліся Пётр Мамонаў, Максім Суханаў і Віктар Сухарукаў. Фільм цудоўны, і я, даглядзеўшы яго да канца, сказаў: «Дурдом!»
Трэці фільм – «Чудо». Рэжысёр Аляксандр Прошкін. Гераіня фільма на вечарынцы, не дачакаўшыся свайго жаніха, запрашае на танец Мікалая Угодніка. Хапае ікону і з ёй камянее. Жыхары правінцыйнага гарадка напалоханы гэтым незвычайным здарэннем, якое абрастае чуткамі і выдумкамі… У аснову фільма пакладзены рэальныя падзеі, якія адбыліся ў Самары ў 1956 годзе і вядомыя як «Стояние Зои». Хрушчоў у фільме – самадур у капелюшы і ў бацінках, які нядаўна вылез з гразі ў князі. Словам, ёсць пра што падумаць і ўспомніць, што Бог ёсць!
Фільм рэжысёра Вячаслава Росса «Сибирь. Монамур» расказвае пра тое, як у тайзе жыве стары старавер Іван і яго сямігадовы ўнук Алёшка. Яны чакаюць бацьку хлопчыка, які два гады назад сышоў з дому і не вярнуўся. Зграя здзічэлых сабак паядае ўсё жывое, што трапіцца на іх шляху. Хлопчык сябруе з адным з гэтых сабак. Час ад часу далёкі сваяк дзядзька Юра прывозіць дзеду і ўнуку ежу. Апошнім разам, вяртаючыся дамоў ад старавера, дзядзьку з’ядаюць сабакі. У фільме хапае стрэлаў і крыві, але ён заканчваецца добра. Гледзячы на Алёшку, які ўпаў у перасохлы калодзеж і яго адтуль не змог дастаць дзед, успомніў, што і я ў сваім дзяцінстве было ўваліўся ў калодзеж. Я ў калодзежы прабыў паўдня, і мяне адтуль дастала мая бабуля Ганна. Хлопчыка дастаў вайсковец, і ён яго назваў «татам»…
Фільм Клода Лелуша «Железнодорожный роман» пра вядомую пісьменніцу і яе літаратурнага негра. Усё канчаецца тым, што пісьменніца канчае жыццё самагубствам, бо негр не захацеў болей працаваць на яе…
Цяпер на душы, як у кінатэатры, дзе хвілін пяць назад закончыўся фільм і гледачы пакінулі залу, а я застаўся з тым, што бачыў на экране…
* * *
5.06.2012. «Деревья, как зрелые женщины, казались тщательно напудренными» – так пачынаецца раман, рукапіс якога ў мяне сёння з’явіўся на стале…
* * *
5.06.2012. Хадзіў у Музей гісторыі беларускай літаратуры. У кабінеце дырэктаркі Лідзіі Макарэвіч сустрэў Леаніда ДранькоМайсюка. 12 чэрвеня ў музеі адбудзецца прэзентацыя ягонай «Кнігі для спадарыні Эл». ДранькоМайсюк быў з вялікім чорным парасонам, як з чорнымі складзенымі крыламі…
* * *
5.06.2012. Амаль чатыры месяцы мама для бацькі была яшчэ жывой. Сёння на словы бацькі «мама наша, відаць, памерла…» я сказаў: «Памерла» і расказаў усё, як было 15 лютага, калі памерла мама. І плакаў бацька, і плакаў я…
* * *
6.06.2012. Ля царквы, як ля вогнішча, людзі…
* * *
7.06.2012. Мы з табой, як самураі, засталіся адны…
Ракаў Вячаслава Рагойшы
7.06.2012. Майму земляку Вячаславу Пятровічу Рагойшу два дні назад споўнілася 70 гадоў. З гэтай нагоды ў мяне напісаўся верш «Ракаў Вячаслава Рагойшы»:
У Ракаў не прыходзяць цягнікі.
У Ракаве былі бальшавікі
І не патрэбна ім была чыгунка,
Якая б не спаскудзіла малюнка
Старога Ракава, дзе брукаванка
Была, нібы кальчуга велікана,
Што скінуў на дарогу для каханкі,
Каб да яго прыйшла вясною рана
І ножак маладзенькіх не змачыла.
І як прыгожа ўсё было б і міла,
Калі б цягнік спыніўся і народ,
Які даўно ўжо не сляпы, як крот,
З яго пайшоў, але не на базар,
А да здзяйснення самых светлых мар
У госці да Рагойшы Вячаслава,
Дзе кожнаму заўсёды будзе лава,
Каб сесці і душою пасвятлець,
І ў думках над Айчынаю ўзляцець,
І ўбачыць з вышыні, што родны край
І быў, і ёсць наш беларускі рай,
Дзе ў цэнтры Ракаў, а над ім буслы,
Нібыта Божыя да нас паслы…
У Ракаў не прыходзяць цягнікі,
І не бяда. У Ракаве вякі
Вякуюць у касцёле і ў царкве,
У Ракаве і Беларусь жыве,
І будзе жыць…
Дзве навіны…
8.06.2012. Беларускі гісторык Захар Шыбека з’ехаў у Ізраіль. Статут ВКЛ вярнуўся на радзіму…
* * *
9.06.2012. Дробны дождж. Каля выставачнага павільёна, што на вуліцы Янкі Купалы, сцягі на флагштоках намоклі, нібы завялі…
* * *
10.06.2012. Машыны, на якіх абтрапаныя Георгіеўскія стужкі, выглядаюць, як толькі што скрадзеныя…
* * *
10.06.2012. Чорныя бліскучыя легкавікі ў высокай траве, як велізарныя жукі…
На фестывалі…
10.06.2012. Учора быў на фестывалі беларускай песні і паэзіі. Некаму, што адбывалася на свяце, спадабалася ўсё, а некаму, як паэту Міхасю Башлакову, не спадабалася, што гэта быў фестываль Фінберга і безгалосых пяюх, а не свята паэзіі Янкі Купалы…
За дваццаць хвілін, калі ў Вязынцы каля помніка Янку Купалу выступалі паэты, побач прагрукацела каля дзясятка цягнікоў…
У дзесяці кіламетрах ад Вязынкі мае Пугачы. Стараюся думаць толькі пра свята паэзіі, але ўсё роўна бачыцца пустая родная хата і трава на ганку…
Як ніколі шмат людзей з кінакамерамі. Здымаюць шмат, а пакажуць, баюся, як і раней, пару хвілін…
На новым мосціку праз рачулку, калі мы вярталіся да свайго аўтобуса, павіталіся з тутэйшымі мужыкамі, што стаялі з косамі, як купалаўскія касінеры…
Жыта каля дарогі на Маладзечна яшчэ не палягло…
Тамсям на лугах пажаўцелыя пракосы, як сцежкі ў яшчэ далёкую восень…
Могілкі каля дарогі. На помніках з партрэтаў глядзяць людзі, якія ўжо ведаюць дакладна ці ёсць Бог…
Паэтка сядзіць у аўтобусе каля вакна і ўсміхаецца, нібыта за выступленне ў Вязынцы яе пахваліў Янка Купала…
Тэлевізійныя антэныталеркі, як велізарныя апенькі, красуюцца на дамах…
Каля дарогі мужчына, падобны на празаіка Андрэя Федарэнку, памахаў нам, паэтам, услед…
У Маладзечне ёсць свой лядовы палац. Побач на другім баку вуліцы будуецца касцёл…
У Яхімоўшчыне з’явілася адчуванне, што недзе ў кустах схаваўся Янка Купала і дзівіцца праз бінокль з прыезджых паэтаў…
Абедалі ў Маладзечне ў рэстаранеклубе «Еўропа». Я сядзеў за столікам разам з Міхасём Башлаковым, Міколам Шабовічам і Уладзімірам Мазго. Настрой быў вясёлы, і мы, пазнаёміўшыся з дзяўчатаміафіцыянткамі, вырашылі напісаць ім у «Кнігу скаргаў» падзяку за добрае абслугоўванне. Падзяку напісаў Шабовіч, распісаўся. Распісаўся і я з Башлаковым. Да нашых подпісаў далучыўся Дзмітрый Пятровіч. А Мазго катэгарычна адмовіўся падпісацца…
Дворык Маладзечанскай музычнай вучэльні сабраў шмат народу. Над сцэнай вісеў плакат «І бачыць Бог, ёсць музыка над намі…». І Бог, спадзяюся, не толькі ўсё бачыў, але і чуў, бо было што паслухаць…
У бібліятэцы імя Максіма Багдановіча пасля адкрыцця выставы, прысвечанай Янку Купалу і Якубу Коласу, прайшла прэзентацыя кніг, што выйшлі да юбілею нашых класікаў. Міхась Казлоўскі прадставіў кнігу Рыгора Семашкевіча «Янка Купала і беларускае адраджэнне». Гаварыў натхнёна і па справе…
За цэлы дзень нашы паэтычныя шляхі не перасякліся са шляхамі песеннымі…
* * *
10.06.2012. Вечарам бацька сустрэў мяне словамі: «Ты не крыўдуй, што я цябе, бывае, называю Славікам! Я ведаю, што ты Віця, але, гледзячы на цябе, успамінаю свайго малодшага брата, які быў такі ж добры, як і ты…»
* * *
13.06.2012. Сёння майму земляку мастаку Алесю Квяткоўскаму 60 гадоў. З гэтай нагоды я падарыў яму верш:
У майстэрні Алеся Квяткоўскага
Кожны дзень – сатварэнне сусвету,
Кожны дзень – пераход наш праз Лету,
Быццам бы ў Кастуся Каліноўскага
У скляпенні, дзе спела паўстанне —
Наша кволачырвонае ранне,
Ад якога з крывёю дарога
Да Айчыны, да волі, да Бога,
Без якіх не было б у Квяткоўскага
Ні Скарыны і ні Каліноўскага,
Ні Сабакі і ні Граждана,
А была бы чужына адна.
Але што тут казаць, што было б,
Сонца наша камусьці, як клоп,
А для нас наша сонца – святло,
Што да кожнага ў сэрца зайшло,
Бы ў майстэрню Алеся Квяткоўскага,
Бы ў скляпеннежытло Каліноўскага,
Каб мы помнілі хто мы такія,
Беларусы, не дзеці Батыя,
І тут наша зямля, тут Еўропа,
І з майстэрні, нібыта з акопа,
Ты выходзіш і ў Заўтра глядзіш,
І нясеш свой мальберт, нібы крыж…
* * *
14.06.2012. Еду ў аўтобусе. Побач два хлопцы, відаць, учарашнія школьнікі абмяркоўваюць здачу тэсціравання па рускай мове. Адзін пытаецца ў другога: «А як правільна пісаць «мальберт» ці “мольберт”?» І чую адказ: «Калі «маляваць», то «мальберт», а калі «моль душыць», то “мольберт”»…
* * *
14.06.2012. Учора ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё выставы «Няхай світае свету!», прысвечанай 40годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура». На жаль, зза дажджу шмат хто не прыйшоў, а так было чалавек пяцьдзясят. Прыкра, што амаль ніхто не прыйшоў з тых, каму былі развезены запрашальнікі, густоўна зробленыя супрацоўнікамі музея. Праўда, некаторым не спадабалася, што на запрашальніку радкі Рыгора Барадуліна з верша «Кнігары»: «Усе мы жыхары Краіны прагнай ведаў. Святло ў душы, гары – Няхай світае свету!» А некаторыя, не атрымаўшы запрашэння на выставу, пакрыўдзіліся і сёння ўжо крытыкавалі нашы новыя выданні…
* * *
14.06.2012. Дорачы свае «Выбраныя творы», Анатоль Вярцінскі тут жа выправіў у кнізе дзве памылкі. На старонцы 48 у радках: «Колькі святла навокал! А мама туды пайшла, Дзе ні рам, ні вокан, дзе ні школы, ні святла» заместа слова «школы», трэба «шкла». А ў паэме «Даруйце!» заместа «Даруйце, мая мама!» трэба «Даруй, мая мама!»…
* * *
16.06.2012. Некаторыя асуджаюць незнаёмых і малазнаёмых людзей за іх непрыстойныя паводзіны ў складаных жыццёвых сітуацыях, а потым праз нейкі час гэтыя ж «суддзі» самі гэтак жа паводзяць сябе ў падобных складаных сітуацыях, як і тыя, каго яны асуджалі…
З жыцця Змітро Віталіна
17.06.2012. Не магу ўстрымацца, каб з кнігі Уладзіміра Лякіна «Тры жыцці Змітро Віталіна» не працытаваць радкі пра жыццё ў 1930 годзе: «Кагосьці ў ЦК ЛКСМБ, а можа быць, і вышэй, асвяціла ідэя стварыць у калгасах адмысловыя камсамольскамоладзевыя брыгады па адкорме свіней, ад якіх, вядома ж, чакалі выдатных вынікаў. Як водзіцца, прынялі адмысловую пастанову і далі распараджэнне «Чырвоназменке» правесці адпаведную агітацыйную працу. Апрануць заклікі і лозунгі ў вершаваную форму даручылі Віталіну. Але замест таго, каб добрасумленна збудаваць чарговую стандартную рыфмаваную «агітку», малады паэт вырашыў, як уяўляецца, злёгку пажартаваць. Апублікаваныя 14 кастрычніка, аб’ёмам амаль на старонку «Вершы пра свіней» пачыналіся неардынарна:
Мы голасна песні і вершы пяём
Пра сонца, пра зоры, машыны,
Але вось чаму паза нашым акном
Стаяць неапетыя свінні?
Былі там яшчэ «свінарнікпалац», «свінаматкаўдарніца» і іншыя пасажы, відавочна, недарэчныя на старонках органа ЦК ЛКСМБ. Застаецца загадкай, як гэты верш наогул быў надрукаваны. «Аргвысновы», зразумела, былі зроблены, і на працягу доўгіх месяцаў вершаў Змітро Віталіна камсамольская газета не друкавала».
* * *
18.06.2012. Зранку да мяне на працу прыехала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Вярбу, якой 14 студзеня было 70 гадоў. На шчасце, я з Гертрудай Пятроўна знаёмы, таму гаварыць было лёгка. Праўда, я назваў яе не Гертрудай Пятроўнай, а чамусьці Маркаўнай. Магчыма, таму што з ёй пазнаёміўся яшчэ ў 1980 годзе ў рэдакцыі часопіса «Беларусь», дзе яна працавала ў аддзеле літаратуры, куды я прынёс вершы, і з памяці выветрылася дакладнае імя па бацьку. Вера Вярба запомнілася ў элегантным капелюшы, з такімі ж элегантнымі сумачкай і парасонам. Яна выглядала так, як я ўяўляў і павінна была выглядаць паэтка. Словам, нагаварыў пра Веру Вярбу кучу харошых слоў. Магчыма, яна і пачуе іх, калі глядзіць наша тэлебачанне…
* * *
19.06.2012. На працу патэлефанаваў незнаёмы і папярэдзіў, каб я сёння чакаў яго, бо ён хоча мне паказаць свае геніяльныя творы. Праз некалькі гадзін пасля тэлефанавання прыйшоў незнаёмы гадоў пяцідзясяці і прынёс рукапіс рамана. Гаварылі доўга, на развітанне мужчына сказаў: «Калі не надрукуеце да канца года, я зап’ю і буду піць да таго часу пакуль ці я памру, ці вы надрукуеце мой геніяльны твор!»
* * *
19.06.2012. «Дай ты мне, хлапец, якую-небудзь работу, а то я памру!» – сёння гэтымі словамі сустрэў мяне бацька, калі я вечарам прыйшоў да яго на кватэру…
* * *
21.06.2012. Сумна, як у той дзень, калі мама памерла…
* * *
21.06.2012. Пабыў у бацькі, як у калгасе, які вымер, а ў ім застаўся адзін мой бацька…
* * *
21.06.2012. Яшчэ далёка восень, а лістота ўжо ападае. І ты наступаеш на лістоту, як на дні не табой пражытыя…
* * *
21.06.2012. «А ці пайшла б за мяне замуж Шурка?» – пытаецца бацька. «Якая Шурка?» – «Маміна сястра!» – «Шурцы ж хутка будзе 90 гадоў!» – «Ну і што!» – кажа бацька…
* * *
22.06.2012. На аўтобусным прыпынку да мяне падышоў стары невысокі мужчына і прывітаўся. Я адразу ж узгадаў, што гэтага старога недзе бачыў і мы некалі з ім знаёміліся. І каб мужчына не падумаў, што я не пазнаў яго, я запытаўся: «Як вашы справы?» – «Не вельмі. Працую ў газеце. Тыраж дзве тысячы. Нас засталося мала…» – адказаў стары і тут жа наша размова перарвалася, бо якраз падышоў патрэбны аўтобус і мужчына, развітваючыся, дастаў з торбы газету і даў мне. Праз хвіліну я разгарнуў выданне і прачытаў назву «Коммунист Беларуси»…
* * *
24.06.2012. Колькі ні рабі людзям дабро, яны ўсё на цябе глядзяць, як ваўкі на авечку…
* * *
24.06.2012. У Вязынцы каля Музея Янкі Купалы над скошанай травой лётае белы матылёк, як белы верш…
* * *
28.06.2012. Гляджу ў акно, нібы ў ваду, дзе лета цячэ…
ЛІПЕНЬ
* * *
1.07.2012. Высокавысока ў небе самалёт, як мамін срэбны крыжык у вадзе вечнасці…
* * *
6.07.2012. Не бачу лета. Бачу бацьку…
У Вязынцы
8.07.2012. Учора цэлы дзень з Людай правёў у Вязынцы на святкаванні 130годдзя Янкі Купалы. Мора людзей не было, але некалькі тысяч – дакладна. Выступленні адбываліся каля свірна і на вялікай сцэне. На жаль, прадукцыі, прысвечанай юбілею нашага класіка, было малавата. Некаторыя мае знаёмыя скардзіліся, што абвестак пра свята амаль не мелася, таму ехалі наўгад і, прыехаўшы ў дзевяць гадзін раніцы ў Вязынку, затаміліся ў спякоце, чакаючы дванаццаці гадзін, калі афіцыйна пачалося Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…»
Уладзімір Содаль, як заўсёды, на купалаўскай студні прадаваў кнігі. З намі пагаварыў пра вышыванкі. У Люды ёсць вышыванка. Яе мы купілі больш дваццаці гадоў назад, яшчэ тады, калі паблізу з намі жыў Сяргей НовікПяюн, які нас і натхніў на набыццё святочнай нацыянальнай кашулі…
Вітаўт Мартыненка прадаваў музычныя дыскі. Нам нічога новага купіць не прапанаваў…
Іван Ждановіч, убачыўшы Люду і мяне, загарэўся сфатаграфаваць нас у вобразе княгіні і князя ў стэндзе, зробленым для фатаграфавання Генікам Лойкам…
Выступаў з вялікай сцэны. Даў інтэрв’ю тэлебачанню і радыё…
Пасля выступлення да мяне падышла настаўніца з Івянца і запыталася, ці можам мы з Людай прыехаць да іх у школу і выступіць. Дамовіліся на кастрычнік...
У тры гадзіны пасля выступленняў, як ужо стала традыцыяй, з Анатолем Бутэвічам і Навумам Гальпяровічам пайшлі ў госці на лецішча да Уладзіміра Гілепа. Пакуль мы ішлі, туды пад’ехалі сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч з дачкой Марыяй і Радзім Гарэцкі з жонкай і сябрамі. Шкада, што не было дыктафона, бо вельмі цікава было паслухаць успаміны Міхася Канстанцінавіча пра Янку Купалу і Якуба Коласа, а Радзіма Гаўрылавіча пра бацьку і пра Максіма Гарэцкага…
Дамоў вярнуліся а палове дванаццатай. Сёння ад учарашняга дня яшчэ з нас не сышоў добры святочны настрой…
Паляўнічыя і хлапчук
8.07.2012. Даслухаўшы мой расповед пра тое, як я ў дванаццаць гадоў хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы, каб паказаць яму свае вершы, сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч запытаўся пра назву маёй вёскі. «Пугачы!» – адказаў я і нечакана пачуў, што зімой 1968 года Міхась Канстанцінавіч з сябрам, будучы за Ракавам на паляванні, заблудзіліся. Невядома колькі б блукалі паляўнічыя, калі б не напаткалі ў лесе на гары хлапчука з санкамі, які на іх пытанне, дзе тут бліжэйшая вёска, з якой можна выехаць на аўтобусе, адказаў, што непадалёку ёсць Пугачы, і паказаў ім, як туды зайсці. «Дык ці не Вы, Віктар, былі тым хлапчуком, які нас выратаваў?» – запытаўся Міхась Канстанцінавіч. «Магчыма!» – адказаў я і расказаў, як у дзяцінстве, катаючыся ў лесе з гары на санках, напаткаў паляўнічых, якія запыталіся ў мяне, дзе тут якая вёска, каб там быў аўтобусны прыпынак, і я паказаў дарогу ў Пугачы. Паўспамінаўшы той далёкі час, мы з Міхасём Канстанцінавічам вырашылі, што нашы гісторыі пра паляўнічых і хлапчука – гэта адна гісторыя пра нас…
* * *
9.07.2012. Ад сябра сям’і Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча доктара Саковіча даведаўся, што ў 1981 годзе, калі я праходзіў апошнюю медкамісію ў войска ад Афганістана мяне выратаваў доктар Сяргей Язерскі, які любіў беларускую паэзію і чытаў беларускія часопісы…
* * *
9.07.2012. Гарачыня. І птушкі амаль не спяваюць, і бацька амаль маўчыць…
* * *
10.07.2012. Спякотна. Высока ў небе варона, як муха…
Сашка Балотнік
12.07.2012. На паўзмрочным выдавецкім калідоры да мяне падышоў незнаёмы і, прывітаўшыся, запытаў: «Пазнаеш?» Агледзеўшы мужчыну, я адказаў: «Не!» – «Я ж Сашка Балотнік!» – з усмешкай прамовіў мужчына і яшчэ раз паціснуў мне руку. І я адразу ўзгадаў свайго вясковага сябрука Сашку Балотніка, які пяць гадоў назад памёр, задушыўшыся куском сала. «Ведаеш, я вярнуўся і хачу зноў заняцца музыкай! У нас з табой ёсць цудоўная песня, але яе цяпер ніхто не выканае. Давай напішам што-небудзь новае!» – сказаў Сашка Балотнік і папрасіў нумар майго тэлефона…
* * *
14.07.2012. Памерла Вера Вярба. Узгадалася, што 18 чэрвеня да мяне на працу прыязджала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Пятроўну, якой 14 студзеня было 70 гадоў. Паэтку я ведаў і размаўляў з ёю ў той час, калі яна працавала ў часопісе «Беларусь», таму і расказваў для тэлебачання пра яе, якой яна была 30 гадоў назад. Расказваючы, лавіў сябе на тым, што пра Веру Вярбу гавару ў мінулым часе…
Мінск – Ракаў – Пугачы
15.07.2012. Ездзіў у родныя Пугачы на свята вёскі…
У аўтобусе Мінск – Валожын на вакзале сеў не на сваё, пазначанае ў білеце, месца, бо на ім сядзела дзяўчына і таму на «Каменнай горцы», дзе ў аўтобус зайшлі новыя пасажыры, маладая жанчына папрасіла мяне ўстаць з яе месца. Да Ракава ехаў стоячы, думаючы пра тое, што я ўжо даўно не ездзіў у міжгародніх аўтобусах…
З аўтобуса выйшаў каля Ракаўскіх могілак і пайшоў да мамы. Адчуваў спінай, як услед мне з аўтобуса глядзелі людзі…
Ідучы да мамы ў канец могілак каля агароджы, чытаў на помніках імёны памерлых і лічыў, колькі хто пражыў. Вельмі шмат моладзі…
Маміны магілка прыбрана. Прыбрана так, як быццам яе прыбірала сама мама…
Расказаў маме ўсё пра бацьку і пра тое, што еду ў Пугачы выступаць на свяце вёскі…
На Ракаўскім аўтавакзале мяне чакала загадчыца Пугачоўскага клуба Наталля Сасноўская з маладой дырэктаркай Пугачоўскай школы Сафронавай Аксанай Віктараўнай, якая ў нашы мясціны трапіла з Гомельшчыны па размеркаванні і цяпер жыве каля Ракава ў Выганічах, з якіх амаль пяць гадоў ездзіць на працу ў Пугачы. Раней яна некалькі гадоў выкладала замежную мову. Усю дарогу да Пугачоў з Наталляй, якая была за рулём, гаварылі пра вёску. Напрыканцы Наталля ўспомніла, што яна са мной адзін раз танцавала ў клубе...
Каля Дома культуры нас чакалі старшыня Залескага сельсавета Арабей Галіна Аляксандраўна і загадчыца бібліятэкі Кавалеўская Наталля Леанідаўна. Я глядзеў на іх і побач з імі бачыў сваю маму…
Бібліятэка пачынаецца са стэнда «Наш зямляк – Віктар Шніп». На ім стаіць мой вялікі партрэт, які тры гады таму намаляваў Алесь Квяткоўскі, і ляжаць кнігі мае і Людмілы Рублеўскай з аўтографамі…
Святкаванне пачалося а палове дванаццатай. Аднавяскоўцаў сабралася вельмі шмат. Мікрафоны стаялі на ганку Дома культуры. Пасля старшыні сельсавета выступаў я. Глядзеў на людзей і сярод іх бачыў маму…
На сённяшні дзень у Пугачах жыве 500 чалавек. З іх 100 дзяцей…
Самая старэйшая жыхарка Пугачоў – Марыя Адамаўна Багіна. Ёй – 88. Самы малы жыхар – Шымель Дзяніс Дзмітравіч, які нарадзіўся 3 ліпеня 2012 года…
На свята з Валожына прыехалі музыкі і выканаўцы песень. Аляксандр Шаўчэнка праспяваў маю «А ў гасцях…»
Пасля свята да мяне падбеглі дзеці, каб разам сфатаграфавацца, а ўсе сваякі сталі мяне клікалі ў госці. Абяцаў, што наступным разам прыеду спецыяльна і ўсіх адведаю…
Дамоў не пайшоў. Там мамы няма…
* * *
16.07.2012. У Дубровах знаходзіцца царква Нараджэння Божай Маці (1897). Да царкоўнага прыхода адносяцца вёскі: Агароднікі, Бортнікі, Будраўшчына, Вуша, Гіравічы, Гойжава, Дубровы, Душкава, Еленка, Кайцяні, Касцюкі, Кашына, Кулакоўшчына, Навасёлкі І, Навасёлкі ІІ, Пазнякі, Пугачы, Раманава, Сцяцкі, Татарскія. А я ўвесь час да сённяшняга дня думаў, што мае Пугачы адносяцца да ракаўскага царкоўнага прыхода...
Прыстойны…
19.07.2012. Званок у дзверы. Адчыняючы, думаю: «Відаць, сусед Дзіма…» Не. Дзве жанчыны. Маладзейшая з паперамі ў руках кажа: «Нам сказалі, што тут жывуць прыстойныя людзі! Падпішыцеся за кандыдата ў дэпутаты!» І давялося мне быць прыстойным чалавекам…
* * *
23.07.2012. Падчас вяртання з Лысай гары на электрычцы «Гарадскія лініі» зарыфмаваліся радкі:
На Лысай гары зноўку попел, як вершы,
І сосны наўкол, як калоны ў палацы,
Нябёсы трымаюць, дзе дух вершаў грэшны
Лятае, нібыта лістоўкі на пляцы,
Які апусцеў…
Вера Вярба
23.07.2012. Да мяне на працу прыходзіла Раіса Баравікова. Пагаварыўшы па справах, узгадалі Веру Вярбу, якая нядаўна памерла. «У канцы мая ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры было адкрыццё выставы, прысвечанай беларускім пісьменніцам. Сярод памерлых былі чатыры жывыя: Загнетава, Каржанеўская, Вярба і я. Калі запрашалі на адкрыццё Вярбу, яна сказала, што не пойдзе, а прыйдзе сын. Словам, Вера сама сябе яшчэ тады далучыла да мёртвых, бо ад памерлых пісьменніц былі іх дзеці і сваякі!» – так завяршыла ўспамін пра выставу Раіса Андрэеўна і, сказаўшы, што Вярба была запанібрата са старэйшымі пісьменнікамі, расказала дзве гісторыі.
Веру Вярбу з самага пачатку яе творчага шляху рэдагаваў Анатоль Вялюгін. І вось некуды ён прапаў, а Веры трэба тэрмінова здаваць кніжку і, не адшукаўшы Анатоля Сцяпанавіча, яна пазваніла Аркадзю Куляшову і сказала: «Аркадзь! Мне тут трэба адрэдагаваць некаторыя вершы, ты паглядзі і адрэдагуй, бо я нікім не чытаныя творы ў выдавецтва не здаю! Трэба тэрмінова!» І народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў прачытаў рукапіс Веры Вярбы, а потым і выйшла кніжка з ягонымі праўкамі.
Неяк выпіваючы ў кампаніі са Сцяпанам Гаўрусёвым, Вера Вярба сказала: «Сцёпка! Я мяркую, калі б ты кінуў піць, то даўно купіў бы сабе машыну!» Гаўрусёў, кульнуўшы чарку, адказаў: «Мілая Верка, калі б я кінуў піць, то даўно б купіў самалёт!»
* * *
25.07.2012. Дзякуючы Таццяне Барысюк, якая не палянавалася схадзіць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі і пагартаць «ЛіМ» за канец 2002 года, стаў вядомы дакладны дзень першага пасяджэння суполкі «Літаратурнае прадмесце». У штотыднёвіку за 29 лістапада 2002 года напісана: «Запрашаем! 5 снежня ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (вул. Захарава, 19) пройдзе арганізацыйнае пасяджэнне літаб’яднання. Запрашаюцца маладыя паэты, празаікі, крытыкі. Пачатак у 17 гадзін. Тэлефон для даведак: 2844404».
* * *
25.07.2012. Учора з Людай, з дзецьмі і Людзінай мамай адзначылі сваё сярэбранае вяселле. Цешча ўспомніла, што пяць гадоў назад напісала пісьмо на радыё з просьбай павіншаваць Люду і мяне з 20годдзем вяселля і перадаць для нас яе любімую песню. Песню перадалі, але не тую, што хацела цешча. Наш Максім, даведаўшыся, якую песню прасіла бабуля, пайшоў у другі пакой і, знайшоўшы яе ў інтэрнэце, уключыў. Пачуўшы сваю любімую песню, цешча сказала: «Глядзі ты, праз пяць гадоў успомнілі!» і тут жа, пакінуўшы святочны стол, села бліжэй да выключанага тэлевізара і пачала слухаць. Мы з Людай і дзецьмі, усміхнуўшыся, не сталі казаць, што песня гучыць з камп’ютара ў другім пакоі…
* * *
26.07.2012. Бацька, заўважыўшы ў мяне на шыі ланцужок з крыжыкам, пацікавіўся: «Што гэта ў цябе?» – «Крыжык. Прынесці табе?» – запытаўся я. «Не! Мне яшчэ рана!» – адказаў бацька…
* * *
27.12.2012. Вечарам 25 снежня ў 20 гадзін 6 хвілін зазвінеў мабільны тэлефон: «Гэта з Ракаўскай бальніцы. Ваш бацька памёр. Прыязджайце і забірайце...» Паехалі. Забралі. Пахавалі бацьку на Ракаўскіх могілках побач з мамай. І мне цяпер не трэба быць цырульнікам...
Яшчэ будуць харошыя светлыя дні…
* * *
Я гляджу праз акно на задымлены горад,
У якім я жыву і ў якім я памру
За старымі дамамі, дзе цені і холад,
Дзе на ўсходзе вятры раздзімаюць зару,
Быццам прысак, які там застаўся ад Храма,
Што ў мінулым стагоддзі, як свечка згарэў,
У якім маладая малілася мама,
Каб я быў паслухмяным і каб не хварэў.
Я гляджу праз акно, як праз лёд адзіноты,
І мне цяжка ўздыхаць, і мне хочацца жыць,
А над горадам чайкі, нібы самалёты,
Што з дзяцінства майго прыляцелі кружыць
Панад горадам дымным і панада мною,
Каб тут я хоць цяпер, але ўсё ж зразумеў,
Што на свеце няма і не будзе спакою
Зза таго, што наш Храм сто гадоў як згарэў…
30.06.2011
* * *
Адзін сяджу ў кватэры, як у клетцы,
І не хачу зусім з яе ўцякаць
За матыльком, які аб шыбу б’ецца,
Нібы аб неба, дзе ўначы сядзяць,
Як матылі, на Млечным Шляху зоры.
І я на зоры сумныя гляджу,
Якім самотна ў залатым прасторы,