355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 4)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 20 страниц)

У кампаніі паэтаў і афіцэраў

7.01.2010. Учарашні вечар правёў у кампаніі паэтаў і афіцэраў. Недзе на пятым тосце адзін з гасцей задаў прысутным пытанне: «Хто казаў трэці тост?» Адразу ж устаў пажылы афіцэр, і яму былі перададзены нажніцы, каб ён укараціў свой гальштук, бо не аб’явіў тост за каханне, за жанчын. Пару хвілін мужчына круціў у руках нажніцы, шкадаваў гальштук, які ён навязаў першы раз і які зроблены вядомай замежнай фірмай і каштуе вялікія грошы, а потым пад шум прысутных адрэзаў сантыметраў дзесяць ад гальштука. Калі б трэці тост казала жанчына, і ён быў бы не за каханне, то ёй давялося б укараціць сабе спадніцу або сукенку…

Рыбалка

8.01.2010. Выпаў першы снег. Добра прымарозіла. І я пасля школы з суседскімі хлапчукамі пайшоў да Хмарышаўскага балота, каб пакатацца па лёдзе. Прыйшлі і бачым, што на мелкаводдзі да лёда месцамі папрымярзалі ладныя карасі. І мы пачалі ламаць лёд і лавіць рыбу, і так захапіліся лоўляй, што незаўважна для сябе перабраліся на глыбокую мясціну. І тут мне «пашанцавала» так, што я паслізнуўся на ільдзіне і паляцеў у ваду пад лёд. Добра, што хлопцы не разгубіліся, і я праз пару хвілін, забыўшыся пра свой улоў, бег, ледзянеючы, дахаты…

Млын жыцця

9.01.2010. Чытаю кнігу майго земляка, краязнаўца Генадзя Равінскага (15.07.1933—25.06.1999) «Млын жыцця». Успамінаюцца нашы сустрэчы ў рэдакцыі Валожынскай раёнкі, дзе мы збіраліся на пасяджэнні літаб’яднання «Рунь». На пачатку 80х для мяне сустрэчы з Равінскім былі лікбезам па гісторыі нашага краю і ўсёй Беларусі. Вялікі дзякуй табе, Генадзь Антонавіч…

Дарога да бацькоў

9.01.2010. З сястрой Валяй іду з Дубраў з электрычкі да бацькоў у Пугачы, каб разам з імі сустрэць 1979 год. Аўтобусам не паехалі, бо зза мяцеліцы не ходзіць. Я іду па гурбах першым, сястра спяшаецца за мной, але ўсё роўна мае сляды мяцеліца замятае, і Валі даводзіцца ісці па цаліку, як і мне. Да роднай вёскі дзесяць кіламетраў. Час ад часу прыпыняемся, каб адпачыць. Зрэдку перамаўляемся пра нялёгкую дарогу, але маўчым пра тое, ці варта было ў такое надвор’е ехаць да бацькоў…

Усё цячэ, усё мяняецца…

9.01.2010. Чытаю ў Генадзя Равінскага: «Каля Міхалава ў Іслач упадае рэчка Яршоўка. Даўжыня яе 30 кіламетраў, сярэдні нахіл воднай паверхні – 1,4 метра. На рачулцы было 4 млыны». Сама ж Яршоўка пачыналася ў Лягезах, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Пішу «пачыналася», бо гадоў дзесяць таму, калі я з жонкай быў у Лягезах і павёў яе паказаць рачулку майго дзяцінства, то ў рэчышчы сярод кустоў чаромхі, лазы і алешніку, дзе раней цякла вада, ужо расла высокая трава…

Кміт і Макасіцкі

9.01.2010. Мяне ў дзяцінстве мама, будучы ў добрым настроі, называла Кмітком або Кмітам, а калі злавалася – Макасіцкім. Па сённяшні дзень не ведаю, хто такія былі гэтыя Кміт і Макасіцкі. І, на жаль, у мамы цяпер не спытаеш...

Памёр святар Юозас Булька

9 студзеня ў Мінску на 85м годзе жыцця памёр пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Юозас Булька. 9 кастрычніка мінулага года я з супрацоўнікамі выдавецтва быў у Булькі ў гасцях. Ён нас усіх блаславіў на цвярозае жыццё. І сёння якраз спаўняецца 26 месяцаў, як я не ўжываю алкагольных напояў…

І я быў хакеістам…

9.01.2010. Зімой пасля школы амаль кожны дзень на Малышоўцы з сябрамі гуляў у хакей. Гулялі без канькоў, клюшкі былі з крывых бярозак, а замест шайбы выкарыстоўвалі абцас. Не было такой зімы, каб ніводнага разу не былі ў мяне падбіты вочы шайбай або клюшкай. Ды і ногі, і рукі былі ўсе ў сіняках. Траўмы былі балючымі, але ж задавальненне ад забітых галоў было большым…

Футбол і балельшчыкі

9.01.2010. Не паспяваў толкам сысці снег з сенажаці, якая была за нашымі соткамі, як я з сябрамі пачынаў гуляць у футбол. Паглядзець на нашу гульню збіралася шмат людзей, сярод якіх хапала дзяўчат. І мы часам так загульваліся, што дамоў не хадзілі абедаць. Трава амаль не расла, бо мы яе стоптвалі, і нас бацькі недзе ў канцы траўня пачыналі ганяць з сенажаці. Мы перабіраліся на школьны двор, і там не давалі спакою вартаўніку, які баяўся, што павыбіваем вокны ў школе. Дзякуючы таму, што сярод нас быў сын старшыні калгаса, на краі вёскі за лазняй каля вялікай сажалкі было спецыяльна зроблена футбольнае поле. Перайшоўшы на новае месца, мы хутка закінулі гульню, бо сюды ніхто з нашых балельшчыкаў не даходзіў…

Мы былі маладыя…

10.01.2010. Мой даўні сябра Лёня Шчарбінскі нарадзіўся ў Гудах, што ў кіламетрах дваццаці ад маіх Пугачоў. Я пасябраваў з ім на пачатку 80х гадоў мінулага стагоддзя дзякуючы літаб’яднанню «Рунь» пры раёнцы. Лёня служыў прапаршчыкам у Кіяўцы, а я быў басяком, пра што ніхто не ведаў. Мы былі маладыя, і мы пісалі вершы. Вяртаючыся з Валожына з літаб’яднання, мы перасаджваліся на свае аўтобусы ў Ракаве. Перад тым як развітацца, бралі пляшку гарэлкі і ішлі ў ракаўскую сталоўку. Садзіліся за столік, які стаяў за калонай, частаваліся і чыталі вершы. Прыгод ніякіх не было, але я і сёння памятаю смак тых катлет, салатаў і вараных яек, якімі мы закусвалі. І вельмі шкада, што тая старая сталовая і крамы, якія былі каля яе, некалькі гадоў таму згарэлі…

Грыбы ў лістападзе

10.01.2010. Свой чарговы вайсковы адпачынак Лёня Шчарбінскі ўзяў у лістападзе. Заехаўшы ў Пугачы на матацыкле з каляскай, сябрук павёз мяне да сябе ў Гуды, каб разам схадзіць у грыбы. Па дарозе Лёня расказаў, што зусім блізка ад яго вёскі знаходзіцца Малая Люцінка, дзе больш за сорак гадоў жыў і тварыў класік беларускай літаратуры Вінцэнт ДунінМарцінкевіч. Заехалі, каб паглядзець на ліпу, якую садзіў пісьменнік, але яе ўжо не было – няўдумлівыя людзі спілавалі. Прыехаўшы ў Гуды, мы пайшлі ў грыбы. Я шукаў баравікоў і таму, калі праз паўгадзіны блукання па лесе мы сустрэліся, я здзівіўся – у Лёні быў поўны кошык грыбоў, а ў мяне – пуста. Аказалася, у лістападзе не трэба шукаць баравікоў, бо ў гэты час растуць зялёнкі, падзялёнкі і курачкі, пра якія я ніколі не чуў у сваёй вёсцы, і іх у нас не збіралі…

Дом творчасці «Іслач»

10.01.2010. Пачынаючы з 1988 года да канца 2001 я з сям’ёй, нягледзячы на тое, што ад Ракава блізка мая родная вёска, праводзіў летнія адпачынкі ў Доме творчасці «Іслач», дзе мы пражылі, калі нават прыблізна палічыць, недзе каля паўгода. Якія гэта былі цудоўныя дні і вечары! На жаль, няма таго, што раньш было. Восенню 2003 года я заязджаў з сябрамі паглядзець на Дом творчасці, які ўжо год быў безгаспадарным. Тады ўжо ў будынку былі павыбіваныя многія вокны, паркет у калідорах узняўся, а месцамі пачалі расці дрэўцы… Колькі разоў пасля зноў хацелася заехаць і паглядзець, што ж там робіцца, але не заязджалі, каб не псаваць тое светлае, што засталося ад «Іслачы», у якой мы раней жылі…

Як на невядомым вакзале…

10.01.2010. Гляджу на сваю старэнькую і нямоглую маму, якая і ўноч, і ўдзень ляжыць, то сядзіць на канапе, дзе пад падушкай схаваны каляндар, а ў насоўцы крыху грошай, і бачу ў ёй пасажырку на невядомым вакзале, якая чакае свайго цягніка, час прыбыцця якога ведае толькі Бог…

20090 год?

14.01.2010. Яшчэ не прывык пісаць 2010 і таму механічна атрымоўваецца 20090… А можа мы і жывём у 20090 годзе?

Добры прыклад старэйшых

14.01.2010. Тэлефанаваў літаратуразнаўца Уладзімір Казбярук. Яму пад 90. Я думаў, што пачне прасіць, каб выдалі новую кніжку, а ён падзякаваў за задавальненне, якое атрымаў ад прачытання маіх балад у «Полымі». Узгадаліся такія ж званкі ад Адама Мальдзіса, Уладзіміра Юрэвіча, Эдзі Агняцвет… Асабліва быў уражаны тэлефанаваннем Эдзі Сямёнаўны, з якой я зусім не быў знаёмы асабіста. Беручы прыклад са старэйшых, і я, калі што з прачытанага вельмі спадабаецца, тэлефаную аўтару і кажу пра гэта…

Аўтамат з кранікам

14.01.2010. Сяджу дома. Тэлефонны званок. Нейкі мужчына злуецца: «Ну і што будзем рабіць? Мы накідалі ў ваш аўтамат грошай! А ваш кранік не робіць ні чарта!» – «Які аўтамат? Які кранік?» – спакойна пытаюся і спрабую здагадацца, пра што ідзе размова, бо некаторыя аўтары, каб даведацца пра лёс сваіх твораў, тэлефануюць мне і дахаты, і на святы, і ў восем гадзін раніцы. «Які кранік? Ваш кранік у аўтамаце!» – працягвае злавацца невядомы. «Вы, відаць, не туды патрапілі! Гэта кватэра…» – усміхаючыся, кажу і чую: «Не туды трапілі! Раз так, мы ваш долбаны аўтамат раздалбаем…»

Былі часы…

14.01.2010. Павіншаваў з 90годдзем Міколу Аўрамчыка, які вучыў мяне жыццю ў літаратуры ў канцы 70х у «Маладосці», куды я прыносіў вершы. Падзякаваўшы за віншаванне, Мікола Якаўлевіч сказаў: «Ведаеш, Віктар, сёння ноччу амаль не спаў. Успамінаў. Успамінаў і цябе. Ты ў мяне быў адзін з усіх маладых, хто найчасцей прыходзіў да мяне. Скажу табе паправіць нейкія радкі, і ты ўжо, глядзіш, праз пару дзён прыносіш папраўленае. Былі ж такія, што зробіш заўвагу, а ён пасля гэтага на некалькі месяцаў знікне. А Алесь Гаўрон нават з падрыхтаванымі вершамі знікаў, часам на год… Былі часы…»

Шніп і Шніпас

14.01.2010. Недзе з паўгода назад мне патэлефанаваў незнаёмец з Літвы і прадставіўся Кейстутам Шніпасам. Ён бізнесовец і калекцыянер, і ў вольны час займаецца пошукамі сваіх радаводных галін. Я гаварыў пабеларуску, ён – парасейску з акцэнтам. Пасля тэлефоннай размовы Кейстут прыслаў адрас сваёй паштовай скрынкі, па якой я тут жа выслаў яму свае «Балады радаводу». У адказ маўчанне. Шукае перакладчыка?

Мыла

16.01.2010. Па тэлевізары прагучала інфармацыя, што з бяздомных сабак робяць гаспадарчае мыла. Цяпер разумею, чаму яно такое смярдзючае…

Канапа

17.01.2010. Пасля эпапеі з новай канапай, якую дзве гадзіны грузчыкі і я валаклі ў хату на другі паверх праз акно на кухні, не магу супакоіцца – светларудая скураная канапа стаіць у маёй галаве так, як гэта бывае з бульбай, якую цэлы дзень выбіраеш, з ягадамі, якія доўга збіраеш, з дровамі, якія пілуеш…

1+2

18.01.2010. На працы хацеў здзівіць дырэктара сваёй канапнай эпапеяй. Не атрымалася, бо тут жа дырэктар расказаў гісторыю, якая адбылася ў 1975 годзе ў Мінску на вуліцы Куйбышава. А было так. Памёр чалавек. Прывезлі труну з нябожчыкам, каб ён пераначаваў апошні раз у сваёй кватэры, якая на пятым паверсе. Занеслі ў пад’езд, а далей не змаглі – труна вельмі вялікая, не пралазіць. Надумаліся на вяроўках цягнуць праз балкон. І ўжо амаль дацягнулі, як абламаўся балкон, і ўсе рухнулі на зямлю. Да аднаго нябожчыка дадаліся яшчэ два…

Вароны на Нямізе

19.01.2010. Вяртаючыся з працы, іду каля крамы «Алеся» да станцыі метро «Няміга» і кожны раз бачу на ялінах і ў паветры варон. І не было такога вечара, каб іх не было. Што іх сюды прыцягвае, і што іх тут трымае? І кожны раз думаю, што гэта нашчадкі тых варон, якія пасля бітвы на Нямізе доўгі час карміліся і жылі тут…

Дзве нечаканасці

21.01.2010. Многія з нас нечакана з’явіліся ў гэты свет таму, што бацькі, займаючыся сексам, не думалі пра наступствы, не берагліся. І многія з нас нечакана пакідаюць гэты свет, бо не берагуцца…

Па дарозе дамоў…

21.01.2010. Аўтобус «Мінск – Пугачы» праходзіць праз Бузуны, якія знаходзяцца ў чатырох кіламетрах ад Ракава. У маім юнацтве жыхароў гэтай вёскі называлі «кітайцамі», зза якіх часам не толькі мне было цяжка набыць білеты ў Мінску, каб паехаць дамоў. Аднак вёска славілася не толькі тым, што ў ёй жыло вельмі шмат людзей, але і тым, што яе жыхар Франц Іосіфавіч Зяневіч з 1912 па 1918 год служыў на крэйсеры «Аўрора» і прымаў удзел у штурме Зімняга. Прайшоў час, і ў аўтобусе «Мінск – Пугачы» заўважна паменела пасажыраў, і ці хто ўжо з бузуноўцаў ведае, што іх аднавясковец быў рэвалюцыянерам…

Памяць…

22.01.2010. З Далідовічавага лесу, як з зялёнага мора, усплывае сонца. Па палявой дарозе іду басанож у грыбы. Пыл яшчэ не паспеў астыць за кароткую чэрвеньскую ноч. Сярод дарогі наперадзе нешта ляжыць чорнае. Падыходжу. Мёртвы крот, і на ім і над ім зеленкаватыя мухі. З той раніцы мінула каля сарака гадоў…

Тамара і цётка

22.01.2010. Прыехаўшы ў Мінск вучыцца ў тэхнікуме, я цэлы год жыў на кватэры ў сваёй цёткі. Па суседстве жыла дзесяцікласніца Тамара. Час ад часу, ідучы на вучобу, сустракаўся з ёй на лесвічнай пляцоўцы. Не ведаю, чым я спадабаўся, але аднойчы мае стрыечныя сёстры перадалі ад Тамары запіску, у якой яна прызнавалася мне ў каханні і прапаноўвала сустрэцца. Я ўжо збіраўся вечарам ісці на сустрэчу, але з працы прыйшла цётка і сказала: «Я ведаю, куды ты збіраешся! Калі ты пойдзеш сустракацца з Тамарай, можаш не вяртацца дамоў, бо я цябе выганю! Маці ў яе развадная, і яна сама цягаецца з салдатамі!..» І на сустрэчу з Тамарай я не пайшоў. Дзяўчына яшчэ доўга перадавала мне запіскі, пакуль я не перайшоў ад цёткі жыць у інтэрнат свайго тэхнікума…

Няма

22.01.2010. Пасля школы зноў пачаў пісаць лісты Зоі. Яна, як і раней, не адказвала. І ўсё ж надзей на сяброўства не губляў і дачакаўся ліста, у якім Зоя пісала, што яна вучыцца ў тэхнікуме, дзе трэба шмат чарціць, і ведаючы, што я вучуся ў архітэктурнабудаўнічым, папрасіла дапамагчы ёй зрабіць курсавую. Здавалася б, вось той чаканы момант, калі магу сустрэцца з дзяўчынай, якую кахаю, але замест таго, каб сустрэцца, адпісаў, што ўжо няма таго хлопчыка, які быў гатовы бегаць за ёй...

Света

22.01.2010. У сямнаццаць гадоў нечакана для сябе заўважыў, што сяброўка маёй сястры Света вельмі прыгожая дзяўчына. Вершаў ёй я не пісаў. Плёў з дзьмухаўцоў вяночкі. І вось пляту вяночкі, жартую, а дзяўчаты полюць грады. Наплёў вяночкаў шмат, і калі Света сабралася ісці дамоў, я ёй падарыў іх. Самы прыгожы нават надзеў Свеце на галаву. Як яна радавалася! А які я быў шчаслівы! І не ведаю, што было б далей, калі б вечарам не пайшоў у клуб і па дарозе не натрапіў на свае вяночкі з дзьмухаўцоў, якія валяліся ў дарожным пыле…

Падарунак

22.01.2010. Патэлефанаваў празаік Валера Казакоў, з якім я пазнаёміўся і пасябраваў у Літінстытуце ў Маскве. Ён цяпер гасцюе ў Мінску. Сустрэліся. Паўспаміналі нашу залатую маладосць. Валера да мяне прыйшоў у інтэрнат на Дабралюбава. У афіцэрскай форме. Развітваючыся, зямляк падарыў мне на тасёмцы пусты аўтаматны патрон з куляй: «Гэта, каб не забыўся пра партызанскую Беларусь!»

Сын

22.01.2010. Вярнуўся сын з экскурсіі. Іх клас вадзілі ў Нацыянальную бібліятэку. «Чаму так доўга?» – пытаюся. «Пасля экскурсіі з Іллём Дубоўскім хадзіў яшчэ на могілкі…» – адказвае Максім. «Такім марозам! На якія?» – незадаволена бурчу. «Да Быкава, Караткевіча…» – тлумачыць сын. І я маўчу…

Сяржант

25.01.2010. Калісьці і я быў нежанаты. Для мяне гэта не было трагедыяй, але мне хацелася мець сям’ю, і я ў 23 гады пачаў згаджацца на сяброўскія прапановы ажаніць мяне. З кім мяне толькі не знаёмілі! Нават адзін са знаёмых паэтаў прапанаваў пазнаёміць мяне са сваёй сястрой. Я згадзіўся. Прыйшоў да сябра ў госці. Сяджу, хвалююся, чакаю, калі прыйдзе мая будучая нявеста. А яна ўсё спазнялася з працы. Прыйшла… у форме малодшага сяржанта міліцыі. А можа, трэба было і закахацца? Ды не! Сэрцу не загадаеш!..

Прыходзька і новабудоўля

27.01.2010. Гэта было даўно. Паэт Пятро Прыходзька ішоў у краму праз новабудоўлю і ўваліўся ў катлаван. Спрабаваў вылезці, але не змог. Пачаў крычаць: «Людзі! Памажыце! Людзі! Я паэт Прыходзька! Памажыце!» Крыкі пачулі будаўнікі. Падышлі да катлавана і бачаць, што нейкі мужык, магчыма, злодзей, выкачаны ў гліну, просіць дапамагчы вылезці і называе сябе паэтам. «А чым дакажаш, што ты паэт?» – запытаўся самы кемлівы і цвярозы будаўнік у Прыходзькі. Пятро Фёдаравіч не разгубіўся і пачаў чытаць свае вершы…

У чаканні…

29.01.2010. Мая мама кожны тыдзень па панядзелках просіць паглядзець перадачу «Жди меня», а па пятніцах – «Поле чудес». Пасля інсульту іншых перадач яна не памятае. І цяпер усё яе рэальнае жыццё праходзіць у чаканні «Поля цудаў», а пасля «Поля цудаў» у чаканні «Чакай мяне»…



ЛЮТЫ

* * *

5.02.2010. У 80-я гады аўтобус ВаложынПугачы заязджаў ў Эпімахі. Яшчэ тады я звярнуў увагу на цагляныя сцены на ўскрайку Гіравіч, праз якія праходзіў аўтобус. І толькі сёння ад сваяка даведаўся, што тыя цагляныя сцены, якія яшчэ захаваліся – гэта рэшткі карчмы, дзе ў 1812 годзе спыняўся Напалеон.

Дзюбайла і Габручыха

6.02.2010. Павел Дзюбайла, працуючы на пачатку пяцідзясятых гадоў завучам у маіх Пугачах, круціў любоў не толькі з мясцовай бухгалтаркай, якая потым нарадзіла дзяўчынакблізнят, а і з жонкай Габрука Рабца Тамарай. Жанчына была родам са Смаленскай вобласці, яе Габрук у Пугачы прывёз з вайны, і таму Тамару ў вёсцы ўсе называлі «рускай». І такая ўжо ў Дзюбайлы і Габручыхі была любоў, што кончылася тым, што яна за Паўлам, кінуўшы мужа з дачкой, з чамаданам папёрлася ў Аляхновічы на электрычку. А ў Аляхновічах Дзюбайла ад Габручыхі ўцёк у невядомым накірунку. Паплакаўшы на вакзале, вечарам Тамара з чамаданам вярнулася ў Пугачы. І хоць Габрук быў суровым мужам, але два разы ўдарыўшы блудлівую жонку, пусціў у хату…

Камуна і смерць

6.02.2010. У Крывічах ёсць памятны знак, што тут у 1918 годзе была арганізавана першая ў Валожынскім раёне камуна. Тут жа ў Крывічах ёсць могілкі, ходзячы па якіх, можна натрапіць не на адну старую магілу, на якой напісана: «Быў забіты…»

Аўрамчык і Граковіч

7.02.2010. Тэлефануе паэт Эдуард Граковіч і кажа: «Бачыў цябе па тэлебачанні. Ты хваліў Міколу Аўрамчыка на вечарыне яго 90годдзя. Скажы праўду: харошы ён чалавек ці не, і што ён пра твае вершы казаў, калі ты яму іх прыносіў у «Маладосць»?» – «Казаў, што вось тут трэба паправіць, а тут вось вельмі добра. Пішы. Прынось новае»,– адказаў Эдуарду. «Ааа. Ну тады зразумела. А мне казаў, што вось тут дрэнна, а вось тут яшчэ горш…» – уздыхнуў паэт Эдуард Граковіч і паклаў трубку.

Мужчына-паэт і жанчыны

7.02.2010. Мужчыну прыслалі ў Дуброўскую школу працаваць настаўнікам беларускай літаратуры. Кватараваў у старых. Побач жыла адзінокая кульгавая жанчына. Мужчына праз год па разліку сышоўся з суседкай. Жылі некалькі гадоў нядрэнна, але таго шчасця, якога хацелася мужчыну, у іх не было. І закахаўся ён у другую жанчыну, у якой нядаўна памёр муж. Кінуўшы кульгавую, мужчына перайшоў жыць да ўдавіцы. А тут да ўдавіцы прыехаў сын афіцэр, якому не спадабалася, што з ягонай маці жыве настаўнік беларускай літаратуры, які піша нейкія вершы і час ад часу нават друкуецца. Скончылася тым, што афіцэр павесіўся. У Дубровах адразу ж загаварылі, што ў ягонай смерці вінаваты настаўнік. І настаўнік вярнуўся да кульгавай, якая ўжо не магла хадзіць. Мужчына каля дзесяці гадоў глядзеў спаралізаваную, пакуль яна не памерла. Праз некалькі гадоў памёр і мужчына, які быў цудоўным паэтам і якога хваліў Уладзімір Караткевіч…

Калыска паліцай

7.02.2010. З Пугачоў пры немцах у паліцыі ў Гарадку служылі два чалавекі: Кулік і Калыска. Пра лёс Куліка я не ведаю, а вось з Калыскам даводзілася сутыкацца. Пасля вайны ён адсядзеў 20 гадоў недзе ў Сібіры. Выжыў, бо быў добрым шаўцом. Вярнуўшыся ў Пугачы, Калыска працаваў у Новым Двары ў КБА закройшчыкам. На працу хадзіў каля нашых сотак і далей напрасткі праз поле і лес. Ведаючы, што Калыска былы паліцай, я пабойваўся яго, і нават часам думаў пра тое, што ў лесе недзе хаваецца цэлы паліцэйскі атрад Калыскі, які ў любы момант можа захапіць мае Пугачы і мяне, як піянера, расстраляць…

Стары паэт і жанчыны

7.02.2010. Жыўбыў у вёсцы стары паэт. Час ад часу пісаў вершы, а так займаўся гаспадаркай, якая прыносіла немалы прыбытак. У семдзесят ён меў кніжачку вершаў. У дзяцей былі свае сем’і, і ён жыў спакойна з жонкай, і так бы, відаць, і далей жыў, але аднойчы суседзі яму сказалі, што яго старая гуляе з мужыкамі. «Людзі кажуць, што ты маеш хахаляў! Ці праўда гэта?» – запытаўся паэт у жонкі. «Ну і што, калі маю? Табе ж семдзесят!» – адказала жанчына, якой ужо было семдзесят два гады. Пакрыўдзіўся паэт і сышоў з хаты. Стаў жыць у Мінску ў адзінокай дачкі. Летам дачка купіла бацьку пуцёўку ў санаторый і адправіла старога падлячыцца. Прыехаў паэт у санаторый, афармляе дакументы, і тут да яго падыходзіць незнаёмая жанчына, на гадоў пятнаццаць маладзейшая, і прапануе пасяліцца разам у адным пакоі. Паэт напачатку аднекваўся, а даведаўшыся, што гэтай жанчыне цыганка наваражыла, што яна прыедзе ў санаторый і пазнаёміцца з дзядком, з якім будзе доўга і шчасліва жыць, згадзіўся. З санаторыя паэт адразу ж паехаў жыць да новазнаёмай жанчыны, і ўжо з ёй жыве дзесяць гадоў. Прыязджаючы да дзяцей у вёску, чуе ад былой жонкі: «Вяртайся дамоў! Трэба адзін аднаму дараваць! Вяртайся…»

Шышкі і кніжкі

8.02.2010. У сямідзясятыя гады ў маёй школе ўсё нешта збіралі: то металалом, то макулатуру, то рабіну, то шышкі. Я доўга не ўдзельнічаў у такіх зборах – мама не дазваляла займацца абы чым. А мне ўсёткі хацелася самому зарабіць хоць пару рублёў. І вось у класе сёмым у час зімовых канікул і я цягаўся па заснежаным лесе і збіраў шышкі. За два тыдні ледзьве напоўніў мяшок. Прывалок у школу, і мне далі некалькі рублёў. Было радасна. У час летніх канікул я з сябрамі гуляў на школьным двары, і мы раптам уздумалі залезці ў школьны хлеў і паглядзець, што там ляжыць. Залезлі і ўбачылі вялікія кучы ссохлых шышак, гнілой рабіны і мокрай макулатуры…

У Лягезах

9.02.2010. Сваёй хаты напачатку мы не мелі і жылі ў бацькавых бацькоў – маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі. Дзед працаваў у калгасе, быў адукаваны, любіў пагаварыць. Бабуля была швачкай, і пра яе ведалі далёка ад Пугачоў. Мела нават вучняў. Аднак усё ж мы жылі беднавата, і, калі мне споўнілася восем месяцаў, гадаваць мяне забрала бабуля Ганна (пражыла сто гадоў), маміна мама, у невялікую, усяго 10 хат, вёску Лягезы, ля якой працякае рачулка Яршоўка. У Лягезах, што ў пяці кіламетрах ад Пугачоў, я і гадаваўся да школы. Быў я хлапчуком цікаўным і непаслухмяным. Зімой вечна цягаў за сабой саначкі і збіраў на іх сухое галлё, абламанае з дрэў вятрамі. Цягаў галлё пад хату, складаў у кучу. Для чаго? Цяпер не памятаю. Але час ад часу зза яго на мяне пакрыквалі маміны браты – дзядзькі Ваня і Віця, і сёстры – цёткі Шура і Аля. Яны на той час яшчэ сваіх сем’яў не мелі і глядзелі за мной, як за родным сынам. Расказвалі розныя гісторыі, бралі мяне на вечарынкі, на кірмаш у Ракаў і ў Яршэвічы. Бабуля Ганна (дзявочае прозвішча Маціеўская) адна выгадавала васьмёра дзяцей. Муж яе, Міхаіл, загінуў у 1944 годзе – падарваўся на міне, едучы ў Ракаў. Уцалелі мой дзядзька Ваня, што сядзеў на возе ззаду з коцікам на руках, і жарабятка. Я потым з дзядзькам Ванем пасвіў нашчадка таго жарабяткі, амаль казачнага чырвонага каня. І калі часам дзядзька прыходзіў з працы нецвярозы, ён расказваў мне пра сваю бяду, якую перажыў, будучы хлапчуком. Расказваў так, што сам плакаў, і ад слёз не мог утрымацца і я...

* * *

9.02.2010. З дзядзькам Ванем, які ў вёсцы Русакі працаваў конюхам, я даглядаў коней і нават некалькі разоў хадзіў з ім у начное. Дзядзька мяне любіў, і я яго называў татам, а цётку Алю – мамай. І калі прыйшоў час майго вяртання ў Пугачы (трэба было ісці ў школу), мяне не хацелі аддаваць маім бацькам. Ды і я сам не хацеў некуды з’язджаць з Лягезаў. І цяпер, калі еду з Мінску ў Пугачы каля Лягез, у мяне ад успамінаў на вачах слёзы…

Вяртанне

10.02.2010. Летам 1967 года ў адзін дзень у Лягезах адбыліся два вяселлі – жаніўся мой дзядзька Ваня і выходзіла замуж цётка Аля. Тады ўпершыню я і пазнаёміўся бліжэй са сваёй роднай сястрой Валяй, якая на год маладзейшая за мяне. Мы з ёй адразу пасябравалі, і нібыта не было тых гадоў, калі мы гадаваліся не разам. У Пугачы мяне з поўным мехам цацак праводзілі амаль усе Лягезы, і ўсе плакалі. У той дзень па дарозе дамоў, а ў нас ужо была свая хата, мы трапілі пад вялікую навальніцу. Казалі, што той дождж быў мне на шчасце...

Лабірынты метро

11.02.2010. Часта сніцца адзін і той жа сон, у якім я еду ў метро. Саджуся ў Мінску, а на наступным прыпынку ўжо Масква. Выходжу на нейкай змрочнай станцыі і пераходжу на другую лінію. Еду далей і трапляю ў Тбілісі. Станцыя жоўтарудая, як з гліны. Хачу вярнуцца дамоў і… прачынаюся.

Караткевіч жартуе

11.02.2010. На працу патэлефанавала пажылая жанчына і, прадставіўшыся кінарэжысёрам, папрасіла дазволу проста пагаварыць са мной – ёй раптам успомніўся Уладзімір Караткевіч, з якім яна сябравала, і ёй захацелася пачуць беларускую мову. Гаварылі амаль гадзіну. Яна родам з Украіны. Вучылася ў Маскве, а потым па размеркаванні трапіла ў Мінск. З Уладзімірам Караткевічам пазнаёмілася на кватэры Міхаіла Пташука, якую ён толькі што атрымаў. Мэблі ніякай не было. На газетах сядзелі, і газеты былі сталом. Яна была побач з Караткевічам. Ён увесь час жартаваў. «Вы ведаеце, чаму міліцыянеры па горадзе ходзяць па трох?» – запытаўся Караткевіч. «Не ведаю…» – адказала кінарэжысёрка. «Ходзяць па трох, таму што адзін з іх умее крыху чытаць, другі крыху пісаць, а трэці, каб гэтыя два праклятыя інтэлігенты памяталі, што яны міліцыянеры…»

Зямлячка

13.02.2010. На кніжнай выставе каля нашага стэнда цэлы дзень былі людзі. Адны куплялі кнігі, другія цікавіліся коштам, трэція раілі, што выдаць. Пазнаёміўся з зямлячкай зпад Ракава Галінай Іосіфаўнай. Яна ў свой час вучылася ў Аксакаўшчыне ў тэхнікуме разам з маім аднакласнікам Сашкам Балотнікам. Усё ведае пра яго і нават тое, што ён памёр, спрабуючы праглынуць дрэнна перажаванае сала. Ведае маіх сваякоў у Лягезах і ў Ракаве. Цяпер жыве ў Заслаўі. Гаворыць пабеларуску. Купіла некалькі кніжак для ўнука. Цяпер успамінаю пра яе, і на душы светла. Зямлячка як сваячка…

Лісткі календара

15.02.2010. У мамы ёсць адрыўны каляндар. Яна яго трымае пад падушкай. Кожную раніцу адрывае лісток, які хавае ў кішэню халата. У другой кішэні ў яе ў хустачцы ляжаць грошы. Пераапранаючыся ў новы халат, мама спачатку пераклала грошы, а потым і скамечаныя лісткі календара. Хацеў іх выкінуць у сметніцу, але ўбачыўшы, што на некаторых лістках нешта мамай накрэмзана, пакінуў…

Дзядзька і вандроўкі

16.02.2010. Мой родны дзядзька Славік вельмі любіў геаграфію і ў дванаццаць гадоў, начытаўшыся кніжак, пачаў уцякаць з дому ў вандроўкі. Назад у Пугачы вяртала міліцыя. Бацькі, спадзеючыся задобрыць сына і думаючы, што ён больш пасля гэтага не будзе ўцякаць ад іх, купілі яму ровар. На той час, а гэта былі пяцідзясятыя гады, у нашай вёсцы было толькі два ровары. Славік амаль тыдзень катаўся ў наваколлі і раптам зноў знік. Дамоў міліцыя прывезла хлопца праз месяц – Славік, прадаўшы ровар у Мінску, купіў білет і паехаў у Сібір. Даехаў да Урала…

* * *

16.02.2010. Дзякуючы сваяку Анатолю Блашчытыну (па маці Шніп) працягваю адкрываць для сябе родныя мясціны. Учора даведаўся, што ў васьмі кіламетрах ад маіх Пугачоў нарадзіліся браты Бенядзікт і Уладзіслаў Дыбоўскія. Цяпер буду чакаць вясны, каб з’ездзіць у Адамарын, дзе захаваліся рэшткі маёнтка братоў Дыбоўскіх, маіх землякоўпаўстанцаў…

Мама і «Малочная кароўка»

16.02.2010. Кожны панядзелак маму адведвае мой малодшы брат Вова, прыносячы з сабой торбу ўсялякіх прысмакаў. Учора таксама прыходзіў. Звычайна пасля таго, як сыходзіць Вова, мама прапануе частавацца ўсім прынесеным. На гэты раз, спадзеючыся, што ніхто не заўважыць, яна сабе пад падушку схавала нейкі пакецік. Ноччу я прачнуўся ад шапацення – мама дастала пакецік зпад падушкі і ўсю ноч ела з яго цукеркі. Раніцай у сметніцы з’явілася куча абгортак з надпісам «Малочная кароўка»…

* * *

16.02.2010. Зіма, як патоп. Гляджу ў акно, як у ілюмінатар карабля, які сеў на белыя падводныя рыфы…

Я ўспамінаю…

18.02.2010. Апошнім часам часта ўспамінаю свае Пугачы. І хочацца вярнуцца ў дзяцінства, дзе ў маёй вёсцы амаль кожны месяц нараджаліся дзеці і недзе раз у год, а то і радзей паміралі старыя. І ўся вёска праводзіла іх у апошні шлях. А цяпер… я ўспамінаю свае Пугачы.

У школе

20.02.2010. Сын Максім пайшоў у школу рыхтавацца да ўдзелу ў алімпіядзе па прадмеце «Чалавек і грамадства». Абяцалі за ўдзел дзясятку. А я ў школе хадзіў на канюшню выкідаць гной – ставілі пяцёрку па гісторыі…

Галоўнае – жывыя…

20.02.2010. Напрыканцы сакавіка, калі пачынаў раставаць снег, у нас за Юстынавай гарой у лагчавіне некалькі тыдняў шырокай ракой цякла вада. На школьных вакацыях часта не было чаго рабіць, і я з сябрамі з самага ранку ішоў за Юстынаву гару і пераходзіў на другі бок разводдзя, у лес. Наблукаўшыся па вясновым лесе, пачыналі вяртацца ў вёску – а перайсці ўжо ваду на тым самым месцы было немагчыма. Часам цячэнне нас збівала з ног, і мы падоўгу не маглі вылезці на бераг. І толькі вечарам, калі цячэнне замаруджвалася, дамоў вярталіся мокрыя і галодныя, і самае галоўнае – жывыя…

* * *

20.02.2010. (Прыснілася). Стаю каля роднай хаты, а над вёскай лятуць дзікія белыя гусі. Іх столькі, што зза іх не бачна неба. І раптам гусі пачынаюць садзіцца на зямлю побач са мной. Мне радасна і страшна. Узыходзіць сонца, і гусі знікаюць. Я іду на балота і шукаю гнёзды дзікіх гусей. Знайшоўшы, збіраю ў шапку яйкі і нясу іх дамоў. Прыношу ў хату снег…

Не бойся ты іх!

21.02.2010. Каля дарогі з Лягез у Русакі была гара, на якой рос сасоннік. З чатырох гадоў я туды пачаў хадзіць катацца на санках. Хадзіў адзін. І вось неяк прыходжу на гару і бачу, што па соснах з мяшкамі лазяць дзеці старэйшыя за мяне. Я напалохаўся іх і, уцёкшы дамоў і расказаўшы цётцы Алі пра тое, што бачыў у ляску, пачуў: «Не бойся ты іх! Гэта ж піянеры шышкі збіраюць!»

Зброя і дзяцінства

21.02.2010. У Пугачах у хаце пад падлогай доўгі час у мяне быў схаваны самаробны пісталет. Дакладней, нешта падобнае да пісталета, з якога ўсёткі можна было страляць. Такая штука была не толькі ў аднаго мяне, а і ў маіх сяброў. Час ад часу мы збіраліся на Юстынавай гары і стралялі. Апошні раз я скарыстаў свой пісталет 26 сакавіка, калі мне споўнілася 15 гадоў – даваў у свой гонар салют пятнаццаццю стрэламі. А ў 16 гадоў я сваю зброю выкінуў у сажалку…

Бялюткі снег і залатая салома

21.02.2010. Ідзе дробны бялюткі снег. Месцамі перамяло палявую дарогу. З бацькам на возе, што на колах ад трактарнага прычэпа, едзем пад Татарскія па салому на кароўнік. Вялізны замецены стог сярод поля, як белы будынак без вокан і коміна. Праз паўгадзіны, нагрузіўшы воз, вяртаемся ў Пугачы, пазначаючы свой шлях залатымі ніткамі саломы…

На месцы гары

21.02.2010. Каля Лягез на месцы гары з сасоннікам, у якім я ў дзяцінстве любіў гуляць і збіраць казлякі, вялікі глыбокі кар’ер, з якога яшчэ некалькі гадоў назад бралі пясок. Цяпер на дне кар’ера кучы ламачча і смецця…

У лесе

21.02.2010. Мне дзесяць гадоў, бацьку сорак, а дзеду Юзю шэсцьдзясят. Каля Залесь ляснік нам даў дзялянку на прачыстку лесу. Бацька з дзедам пілуюць і сякуць пазначаныя для дзяржавы дрэвы, а я палю на вогнішчы ламачча. Пасля таго, як мы ачысцім сваю дзялянку, нам можна будзе ўзяць некалькі кубаметраў самага дрэннага лесу на дровы. Ляснік ведае, колькі на нашай дзялянцы павінна з’явіцца свежых пнёў, таму нічога лішняга не спілуеш. Аднак бацьку і дзеду патрэбны новыя слупкі для агароджаў, і яны, калі пачало змяркацца, спілавалі дзве бярэзіны. Пні, якія засталіся, замазалі зямлёй і засыпалі лісцем і мохам. Ноччу гатовыя бярозавыя слупкі прывезлі дамоў і схавалі на гарышчы ў сена, каб потым толькі вясной іх укапаць у зямлю. Цяпер у тым лесе, дзе я ў дзяцінстве з бацькам і дзедам рабіў прачыстку, ад паваленых бураломамі дрэў не прайсці…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю