Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"
Автор книги: Віктар Шніп
Жанры:
Биографии и мемуары
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 20 страниц)
Уладзімір Конан
6.06.2011. Памёр Уладзімір Конан. Цудоўны беларускі філосаф і светлы чалавек. Ён некалькі разоў быў у нас дома, калі Людміла ў «ЛіМе» вяла рубрыку «За гарбатай у Шніпоў». У нашым сшытку «Альбом сустрэч» застаўся запіс спадара Уладзіміра: «Ваш, дарагая спадарыня Людміла, літаратурны салон – першы ў наш драматычны час і другі пасля салона Янкі Купалы і цёткі Уладкі. Калі б, не дай бог, наша Беларусь зноў стала Забраным Краем, то і тады яна адродзіцца ад Вашых сяброў і Вашай сям’і. 24.01.1997 г.». Дзякуем Вам, спадар Уладзімір, за тое, што мы былі ў Вашым жыцці…
Мікола Казлоў
9.06.2011. На 67м годзе жыцця памёр мастак Мікола Казлоў. У свой час ён шмат гадоў працаваў у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У нас дома ў цудоўным афармленні спадара Міколы ёсць двухтомнік выбранай паэзіі Рыгора Барадуліна, вершы Максіма Танка, зборнікі «Дзень паэзіі» і шмат кніжак для дзяцей. У афармленні Міколы Казлова і ягонай жонкі Наталлі Суставай у 2008 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшла кніжка казак маёй Людмілы «Карона на дне віра». На самым канцы красавіка ў галерэі сучаснага мастацтва была адкрыта выстава твораў Міколы Казлова «Тонда» (круг), якая стала для ўсіх, хто быў на ёй, своеасаблівым развітаннем мастака з сябрамі і з гэтым светам…
У двары…
11.06.2011. У двары, хто мае машыны, з самага ранку збіраюцца і з’язджаюць за горад. На лавачках застаюцца старыя, як на беразе мора, якое ў іх жыцці ўжо амаль высахла…
Па дарозе на выпускны…
12.06.2011. Учора цэлы дзень прасядзеў дома ў чаканні выпускнога вечара ў сына і вяртання Людмілы з Вязынкі, куды яна ездзіла журыць конкурс «Купалаўскія вакацыі». Баяўся, што Людміла не паспее вярнуцца і мне аднаму з Максімам давядзецца ісці ў школу, але яна прыехала своечасова. Выйшлі з дому за гадзіну да вечара. Каля опернага тэатра вырашылі пад’ехаць на тралейбусе яшчэ адзін прыпынак. І толькі зайшлі ў патрэбны, як да Людмілы падышла незнаёмка і пачала прасіць аўтограф. Аказалася, што дзяўчына канчае вучобу і піша дыплом па творчасці Людмілы…
Сумна…
12.06.2011. Наш Максім закончыў 11 класаў мастацкай школы. Учора на выпускным вечары атрымаў атэстат. А мне сумна, што ўжо ніколі не буду хадзіць на бацькоўскія сходы…
13
13.06.2011. Зазірнуў у сынаў атэстат. Нармальна. Але магло быць лепей. Звярнуў увагу, што атэстат выдадзены пад нумарам 13. Кажу пра гэта сыну і чую: «Мая школа пад № 26 (гэта два разы па 13), і яна знаходзіцца на вуліцы Камуністычнай № 52 (гэта чатыры разы па 13), і да дзявятага класа я быў у журнале пад № 26…»
Святлана Явар
15.06.2011. На пачатку сакавіка мне прысніўся сон пра дзесяць пісьменніцкіх магіл. З таго часу не стала Сіпакова, Маеўскай, Коўтун, Конана, Місько… Сёння даведаўся, што ў сваёй кватэры мёртвай знайшлі адзінокую паэтку Святлану Явар (малодшая дачка Барыса Сачанкі, нарадзілася ў 1968 годзе) з вершам, прысвечаным бацькам…
Званок
15.06.2011. Зранку мне патэлефанавала невядома адкуль нейкая англічанка. З усяго, што яна гаварыла, я зразумеў, што ёй патрэбна Аксана. Пытаюся: «Аксана Спрынчан?» Кажа, што не. Тады я прызнаўся незнаёмцы, што я не валодаю англійскай мовай, бо ў школе вучыў нямецкую. «О’кей!» – кажа англічанка і пераходзіць на нямецкую мову. Сказаўшы некалькі слоў панямецку, я заявіў: «Давайце гаварыць пабеларуску!» І тут жа пачуў у адказ: «О’кей!» Не ведаю ці зразумела незнаёмка, што Аксана, якую яна пытаецца, у нас не працуе, але яна падзякавала мне паанглійску за інфармацыю і паклала трубку…
* * *
17.06.2011. Седзячы ў гасцях у Міхася Южыка і разглядаючы ягоную кватэру, убачыў і запісаў радкі:
на сцяне на лесцы
вісіць карціна,
як маятнік гадзінніка,
які спыніўся
* * *
20.06.2011. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі – гэта не той цвік, якім можна быць прыбітым да крыжа вечнасці…
Малады аўтар
21.06.2011. Прыйшоў на працу а палове дзявятай. І толькі адчыніў дзверы ў кабінет, як зазваніў тэлефон: «Вас турбуе малады аўтар! У мяне да вас ёсць тэрміновая справа!» – «Што за справа?» – цікаўлюся. «У мяне напісаўся новы раман!» – «А вы друкаваліся ў часопісах?» – «Не! Але я надрукаваў ужо тры кніжкі!» – «Ведаеце, мы апошнім часам выдаём толькі тыя творы, якія ўжо былі ў рэспубліканскіх выданнях.– «Мяне рэспубліканскія выданні не цікавяць! Я хачу, каб вашы спецыялісты пераклалі мае творы на англійскую мову!» – «У нас такіх спецыялістаў ніколі не было!» – адказваю я, і малады (па голасе гадоў пад шэсцьдзясят) аўтар, паслаўшы ўсіх падалей, паклаў трубку…
Сястра пакойнага брата
21.06.2011. Перад абедам прыйшла незнаёмая бабуля і заявіла: «Я сястра пакойнага брата. У вас тут недзе ляжыць ягоны рукапіс успамінаў пра вайну. Я хачу ўнесці ў яго невялікія праўкі».– «А як прозвішча вашага брата і як рукапіс называецца?» – пытаюся. Бабуля, падумаўшы, праз хвілін пяць адказала: «Не памятаю…» І, пагаварыўшы пра жыццёбыццё, мы дамовіліся са старой, што калі яна ўспомніць прозвішча свайго пакойнага брата, то патэлефануе і скажа, куды і якія праўкі ўнесці…
Блізкія
22.06.2011. Са Слоніма патэлефанавала жонка Алега Лойкі Раіса Сямёнаўна. Падзялілася сваімі перажываннямі пра дом, які паціху прыходзіць у заняпад і ў які ўжо злазілі злодзеі. Міліцыя іх злавіла, тоесёе са скрадзенага вернута, а многа безваротна прапала. Цяпер у падвале дома стаіць вада і патрэбны грошы, каб яе адкачаць. Шмат да каго звярталася Раіса Сямёнаўна, але ніхто так і не дапамог. Нядаўна ў Слоніме святкавалася 80годдзе Алега Лойкі. Назбіралася сваякоў, а пра Раісу Сямёнаўну забыліся. Жанчына вельмі моцна не бядуе зза гэтай няўвагі, бо памятае словы Алега Антонавіча, які незадоўга да смерці казаў: «Паглядзіш, калі памру, аб’явяцца сваякі і кожны будзе лезці да мікрафона, каб сказаць, што ён мне быў самым блізкім. А сёння ж самы блізкі мне чалавек – гэта ты!»
Эдуард Мазько
22.06.2011. З Юрасём Пацюпам узгадвалі Эдуарда Мазько, які нечакана памёр 20 чэрвеня. Яму было сорак. У сорак гадоў сышла з гэтага свету і Яўгенія Янішчыц. Яна за сваё жыццё паспела зрабіць нямала. А Эдуард, на жаль, не раскрыўся цалкам ні як гісторык, ні як паэт. Шкада. І колькі яшчэ нашага брата, беларускага пісьменніка, жыве, а то і гаруе ў невядомасці і ўзгадаецца толькі ў час смерці…
Перачытваю…
22.06.2011. Выдалася вольная хвіліна. Перачытваю кніжку Алеся Пісьмянкова «Я не памру, пакуль люблю». Цудоўны паэт. Колькі б яшчэ змог напісаць! Зусім нядаўна я быў за Алеся на тры гады маладзейшы, а ўжо амаль на пяць старэйшы за яго. І толькі разгарну ягоную кніжку, дык амаль заўсёды трапляю на верш:
Вам ахвота крычаць,
Мне ж – паплакаць крадком.
Мне б крыху памаўчаць
З сябруком Маруком…
І ўжо нямала маўчаць і Пісьмянкоў, і Марук, і дзясяткі іншых творчых хлопцаў і дзяўчат, якія сёння былі б не лішнімі сярод нас і ў час маўчання, і ў шумны час…
Анатоль Дэбіш
23.06.2011. Гадоў дваццаць пяць назад у часопісе «Маладосць» з’явіліся першыя творы Анатоля Дэбіша. І былі яны светлыя, энергічныя і, чытаючы іх, хацелася самому гэтак жа пісаць светла і энергічна. І некаторыя маладыя паэты пісалі пад Анатоля Дэбіша. А сам Анатоль пасля першых яркіх публікацый то з’яўляўся ў друку, то знікаў на гады. І ягонае творчае маўчанне трывожала мяне, бо мне, думаю і не толькі мне, не хапала часам твораў паэта. І сёння, чытаючы новыя вершы Анатоля, радуюся, што ён не ўцёк ад музы і, ведаючы яго, кажу яму на будучае: «Не знікай!!!»
* * *
23.06.2011. Сыпануў дождж, нібыта ў небе абтросся мокры сабака…
* * *
23.06.2011. Ты ідзеш па начной вуліцы. І цяпер гэтая вуліца існуе, дзякуючы таму, што ты па ёй ідзеш…
Вошай не было…
25.06.2011. Надрукавалі мае новыя вершы. Шкадую, што ў «Баладзе Канстанціна Вераніцына» замест радка «Тарас на Парнасе, а ты ў Беларусі, Дзе чорныя вошы і белыя гусі…» пайшло «Тарас на Парнасе, а ты ў Беларусі, Дзе шэрыя качкі і белыя гусі…». Словам, як у нас раней не было сексу, так і вошай не было…
Як і тады…
25.06.2011. З Людмілай схадзілі ў архітэктурнабудаўнічы тэхнікум, цяпер каледж, у якім калісьці вучыліся. Каля нашага інтэрната агрэсіўна швэндалася некалькі падвыпіўшых хлопцаў (відаць, завочнікі), якія, магчыма, як і ў часы маёй вучобы, чакалі маладых, каб сшыбануць на выпіўку. І, праходячы каля іх, адчуў сябе спалоханым першакурснікам, які нядаўна прыехаў з вёскі…
Сталоўка…
25.06.2011. Там, дзе была тэхнікумаўская сталоўка, цяпер грузінскі рэстаран «Баграціён». Хацелі з Людмілай зайсці і паабедаць, але вырашылі зрабіць гэта іншым разам. У тэхнікумаўскай сталоўцы я звычайна снедаў. Што еў – не памятаю. Памятаецца пякучка, якая заўсёды ў мяне і амаль ува ўсіх маіх знаёмых студэнтаў была пасля гэтай сталоўкі…
Цыркулярная піла
25.06.2011. Ходзячы па калідорах будаўнічага каледжа, я ўвесь час глядзеў праз вокны ў двор, дзе стаіць будынак з навучальнымі майстэрнямі. Глядзеў і ўспамінаў, як вучыўся класці цагляныя сцены, распілоўваць і габляваць дошкі. Асабліва памятаецца, як нас вучылі працаваць на станку з вялікай цыркулярнай пілой. Перад працай мы распісваліся ў сшытку, што калі нам паадразае пальцы або рукі, то ніхто не будзе вінаваты з нашых выкладчыкаў, а толькі мы самі. І кожны год цыркулярная піла адразала некаму то палец, а то і болей…
Электразварка
25.06.2011. Акрамя цыркулярнай пілы ў тэхнікуме ўсе баяліся электразваркі. Без роспісу ў сшытку, што калі цябе заб’е токам, то ты і толькі ты будзеш вінаваты ў сваёй смерці, да працы з электразваркай нікога не дапускалі. І вось праз некалькі дзён страху я адважыўся і паставіў у сшытку свой роспіс, і мне далі смяртэльны апарат. І толькі я пачаў прыварваць арматурыну да нейкага швелера, як на сцяне на момант убачыў свой чорны цень, дзе на маёй галаве дыба стаялі валасы, а на іх ляжала, як гарэлы блін, шапка – гэта праз мяне прайшоў ток. Ачухаўся я праз некалькі хвілін каля станка, дзе цыркулярная піла сыпала на мяне пахучыя бярозавыя апілкі…
Плавец
25.06.2011. Зімой у тэхнікуме на ўроках фізкультуры нас вадзілі ў адкрыты басейн у Палац воднага спорту, што каля парку Чалюскінцаў. Плаваць я не ўмеў і не навучыўся. А тут трэба здаваць залік. Хворым прытварыцца я не паспеў, таму, як і ўсе, выйшаў на старт. Вакол басейна гурбы снегу, а над вадой густая пара. І калі ўсе паплылі, паплыў неяк і я. Даплыўшы да густой пары, я тут жа бокамбокам дайшоў да раздзявалкі, у якой нікога не было. Хуценька апрануўся і паехаў у тэхнікум на чарговую лекцыю, якая пачалася праз паўгадзіны. У аўдыторыі, акрамя мяне, нікога не было. Выкладчыца пахваліла, што я не ўцёк з яе лекцыі і адпусціла мяне ў інтэрнат. І толькі я выйшаў з тэхнікума, як, з прыйшоўшага трамвая, да мяне кінуліся мае аднакурснікі: «Дзе ты быў?! Мы думалі, што ты ўтануў у басейне і цэлую гадзіну ныралі, шукаючы цябе!»
Сямён Оркін
26.06.2011. З Сямёнам Оркіным я пазнаёміўся на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». Мне было дваццаць, а Сямёну – пад пяцьдзясят. Але вялікая розніца ў гадах не стала перашкодай для нашага творчага сяброўства. Сямёна ў рэдакцыях не любілі, бо ён заводзіў з імі бясконцыя злыя перапіскі. Аднак Сямён злым не быў, ён проста хацеў справядлівасці ў адносінах да сябе. А справядлівасці не было – і гэта злавала паэта, і асабліва выводзіла яго з сябе тое, што калі ён пасылаў свае вершы ў рэдакцыі ўперамешку з вершамі класікаў, то атрымоўваў разгромныя адказы і на свае творы, і на Багдановіча, і на Ясеніна. Перапіску Сямён вёў сур’ёзна. У яго ўсё было ў некалькіх копіях падшыта ў асобных папках і пазначана, калі і куды што адаслана. Паказваючы мне гэтыя свае папкі, Сямён смяяўся: «Я іх навучу разбірацца ў паэзіі!» Акрамя вершаў, мой сябрук пісаў гумарыстычныя творы. І дзякуючы яму я доўгі час хадзіў на пасяджэнні мінскіх сатырыкаў і гумарыстаў, сярод чалавек пятнаццаці я быў самым маладым. Збіраліся таем на ў нейкім падвале, дзе была нейчая майстэрня. Чыталі свае творы, абмяркоўвалі, планавалі сумесныя публікацыі ў Маскве і ў замежжы, гаварылі пра палітыку і пра тое, што трэба з’язджаць з гэтай краіны. І, відаць, усе тыя гумарысты і сатырыкі з’ехалі, як з’ехаў у Ізраіль Сямён Оркін, бо нікога з іх больш ні ў жыцці, ні ў нашым друку не сустракаў…
На Маскоўскіх могілках
26.06.2011. З Людмілай ездзілі на Маскоўскія могілкі. Пакланіліся любімым пісьменнікам. Уразіла магіла Барыса Сачанкі, да якога ў мінулым годзе была падхавана ягоная жонка. Цяпер помнік выглядае так, нібыта пад ім нехта капаўся, шукаючы золата і не знайшоўшы нічога, прыкрыў кучу зямлі вянком…
Ужо хутка будзе шэсць гадоў, як няма помніка мастаку Яўгену Чамадураву. Магіла зарасла быльнягом, з якога сіратліва выглядае драўляны крыж. Цяпер разумею старога, які пражыў больш за 90 гадоў і апошнія сілы аддаў, каб у «Мастацкай літаратуры» выйшла ягоная кніжка ўспамінаў пра сябе і сваіх родных у серыі «ЖЗЛБ». У кніжцы ўсе сваякі мастака чулыя і клапатлівыя людзі…
Магіла Васіля Быкава засыпана кветкамі. І камень на ягонай магіле, як цэнтр болю беларусаў за Беларусь…
Магілу Уладзіміра Караткевіча нядаўна прыбіралі. На свежым пяску мурашкі здужалі пчалу, і, пакуль мы ў думках размаўлялі з Уладзімірам Сямёнавічам, яны ў яе забралі жыццё…
Ніколі не мінаю Анатоля Грачанікава. Пасля яго з Людмілай падышлі да Яўгеніі Янішчыц. Анатоль і Яўгенія – гэта мая маладосць…
Па могілках хадзілі амаль дзве гадзіны. На некаторых магілах вясна, на некаторых лета, а на некаторых ужо восень…
Раман Тармола-Мірскі
27.06.2011. З інтэрнэту даведаўся, што 25 чэрвеня на 76м годзе жыцця памёр паэт Раман ТармолаМірскі. Гадоў пятнаццаць назад яму выразалі злаякасную пухліну ў страўніку. Пасля чаго спадар Раман не перастаў быць аптымістам і, відаць, ягоны аптымізм дапамог яму яшчэ нямала пажыць. У той час паэт быў частым госцем у «ЛіМе» ў Барыса Пятровіча і мяне. Яго было цікава слухаць, з ім было добра гаварыць і маўчаць. Дзякуючы Барысу многае з новага, што пісаў ТармолаМірскі, друкавалася ў «ЛіМе». І калі сышоў з тыднёвіка Пятровіч, знік некуды і Раман. Некалькі разоў я спрабаваў адшукаць паэта, але так і не змог знайсці яго. Я нават думаў, што ён памёр і ніхто гэтага не заўважыў…
Званок ад Пташнікава
28.06.2011. Тэлефонны званок. Падымаю трубку і чую хрыплаваты голас вельмі падобны на Івана Курбекі, які некалькі гадоў назад памёр. Нават на момант падумалася, што гэта і тэлефануе сам Курбека. «Віктар, цябе турбуе Іван Пташнікаў. Дапамажы мне звязацца з выдавецтвам «Беларусь». Там па «ШБ» выдаюць мае творы…» – сказаў Іван Мікалаевіч. Адшукаўшы патрэбныя нумары тэлефонаў, я пацікавіўся ў Пташнікава пра здароўе. «Так сабе…» – адказаў празаік. «Што-небудзь новае цяпер пішаце?» – «Пішу крыху…» Пажадаўшы адзін аднаму ўсяго найлепшага, мы развіталіся. Пасля размовы я зазірнуў у пісьменніцкі даведнік: «Іван Пташнікаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года…»
Мужык з касой
28.06.2011. Вяртаюся дахаты. На прыпынку «Тэатр музкамедыі» ў аўтобус з касой зайшоў пажылы мужык. Людзі моўчкі расступіліся, даючы дарогу касцу. На наступным прыпынку мужык з касой выйшаў і пайшоў у краму. Хлопец, які стаяў побач са мной, прашаптаў сяброўцы: «Нейчая смерць пайшла…»
Сумна…
28.06.2011. На працу да мяне заходзіўся Казімір Камейша. Пагаварылі пра жыццёбыццё. Узгадалі добрым словам нядаўна памерлага Рамана ТармолуМірскага. Пашкадавалі яго як чалавека. На развітанне Казімір Вікенцьевіч, сумна ўсміхнуўшыся, працытаваў эпіграму Міколы Татура: «Я быў на вечары Тармолы. Кароль жа голы…»
Дэзірцір…
29.06.2011. «Расійскі дэзірцір Пацееў выехаў у ЗША праз Беларусь…» – гэтая інтэрнэтаўская інфармацыя напомніла мне пра мінулагоднюю паездку ў адзін з раёнаў нашай краіны. Выступаў я ў вясковай бібліятэцы, і, як звычайна, пасля бібліятэкарка павяла да сябе дамоў паабедаць. Па дарозе даведаўся, што жанчына некалькі гадоў таму выгнала мужа, які не хацеў нічога рабіць і толькі п’янстваваў. Цяпер у яе ўжо другі год жыве трыццацігадовы хлопец, які ўцёк з Чачні, дзе ваяваў па кантракце…
Маналог
30.06.2011. Мастак Валерый Рагалевіч прынёс пачытаць часопіс «Монолог» (Свободное творчество) № 15. Зроблена паеўрапейску. Амаль усё цікава. Заселі ў галаве радкі Веніяміна Блажэннага:
Я последним покинул концертную залу,
Потому что уже я недужен и стар,
Потому что душа мая скрипкою стала
И я ждал, когда скрипку уложат в футляр…
ЛІПЕНЬ
Літаратурнае прадмесце
1.07.2011. Учора ў Музеі Янкі Купалы пафарбавалі падлогу, і сваё «Літаратурнае прадмесце» Людміла Рублеўская прывяла дамоў. На жаль, не ўсе змаглі дабрацца да нас, а тыя, хто не пабаяўся грамадскага транспарта (Мікола Кандратаў, Юрась Нераток, Юрась Пацюпа з сяброўкайпаэткай Зояй, Таццяна Пратасевіч, Наста Грышчук, Наталля Кучмель і Віктар Лупасін), абмеркавалі рукапіс новай кніжкі Міколы Кандратава. Гаварылі шмат. Мікола з нечым згаджаўся, недзе маўчаў, а часам і спрачаўся. Прысутныя сышліся на адной думцы – кніга атрымалася цікавай і амаль усе вершы ў ёй напісаны на добрым мастацкім узроўні. Потым, як звычайна, усе чыталі свае новыя вершы. Пачалі з Пацюпы, які агучыў творы з «Дзеяслова» № 52, і закончылі маімі вершамі з «Полымя» № 6…
Зноў, як у цягніку…
2.07.2011. Зноў мама ў нас. І мая ноч прайшла, як у цягніку, які спыняўся разоў дзесяць…
* * *
2.07.2011. Дождж. Пад ліпамі абляцелы цвет, як вялікія мёртвыя пчолы…
На «Птушыным востраве»…
2.07.2011. Два тыдні таму ў парку на Камсамольскім возеры з маёй працы былі жанчыны. Ім там усё спадабалася, а на «Птушыным востраве» яны бачылі толькі дзвюх варон, пра якіх так весела расказалі, што і мне захацелася на іх паглядзець. І вось сёння мы з Людмілай выбраліся на Камсамольскае возера. На жаль, увесь час ішоў дробны дождж. І ўсё ж гуляць пад парасонамі па парку было хораша. Заглянулі мы і на «Птушыны востраў», дзе амаль адразу напаткалі дзвюх варон, якія, пакуль мы хадзілі, увесь час былі непадалёку, нібыта віжавалі за намі. І калі мы ўжо збіраліся дамоў, як пачуўся параходны гудок і, нібыта вынырнуўшы з XIX стагоддзя, міма вострава ў дажджлівай прасторы праплыў белы цеплаход…
Секс і філасофія
2.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм іранскага рэжысёра Махсена Махмальбафа «Секс і філасофія». Мінула гадзіна пасля прагляду, а ў мяне перад вачыма запаленыя белыя свечкі, чырвоная ружа, чырвоны парасон, чырвонае віно, адзін туфель белы, другі чырвоны, першы белы снег і жоўтае апалае лісце, якім замятаецца падлога, дзе танцавалі дзяўчаты, сярод якіх былі каханыя галоўнага героя фільма. Мне найбольш спадабалася першая дзяўчына, сцюардэса, якая прыйшла на сустрэчу з ружай і якая, развітваючыся, не дала сябе пацалаваць і горда пайшла ў сваё жыццё. Ад дзяўчыны, што была ў рознага колеру туфлях, я сам бы ўцёк, а не пайшоў бы ноччу за ёй услед, як гэта зрабіў галоўны герой фільма. З трэцяй дзяўчынай знаёмства адбылося ў бальніцы, куды трапіў наш герой, атруціўшыся малаком. На пытанне, якая ў вас прафесія, атручаны адказаў: «Я паэт…» – «І я вершы пішу…» – адказала дакторкапрыгажуня. З ёй я таксама асабліва б не звязваўся, але не таму, што ў мяне жонка паэтка. Чацвёртая палюбоўніца была аднагодкай паэта. Яна не дачакалася, калі яе палюбоўнік развітаецца з маладымі саперніцамі і сышла дамоў, выпіўшы ўсё віно. Потым яна патэлефанавала паэту і запрасіла яго дахаты на 12 гадзін ночы. Паэт прыйшоў да жанчыны, а ў яе за гасцінным сталом, дзе гараць белыя свечкі, ужо сядзяць тры мужчыны. Звяртаючыся да мужчын, жанчына адразу ж прызналася, што яна пераняла вопыт у паэта. Пачуўшы гэта, адзін мужчына тут жа ўстаў і, ударыўшы жанчыну па твары, сышоў. Следам пайшоў другі, за якім і пабегла жанчына. За сталом засталося трое чалавек – паэт, незнаёмы мужчына і я…
* * *
3.07.2011. З Людмілай схадзілі ў царкву. І дождж стаў светлым…
Ахілес дагнаў чарапаху
3.07.2011. Паглядзелі фільм Такешы Кітано «Ахілес і чарапаха». Хлопчыку, якога назвалі ў гонар Маціса, у дзяцінстве задурылі галаву, што ён будзе мастаком. Да ўсяго сябар бацькі, вядомы мастак, хлопчыку падарыў берэт са сваёй галавы, нібыта німб таленавітасці. І вось Маціс кожны дзень малюе, але ад яго малявання толькі адны непрыемнасці і для яго і для блізкіх. Ідуць гады, меняецца свет, а Маціс ніяк не можа вылезці зпад падоранага майстрам берэта, які з німба ператварыўся ў пятлю. У канцы фільма гучыць за кадрам: «І ўсё ж Ахілес дагнаў чарапаху!» Сумна, але справядліва…
* * *
4.07.2011. Знайшоў у чарнавіках два радкі: «Белы лёд тваіх вачэй. Чорны снег маіх начэй…» Нешта ў іх ёсць, але ўжо мінула больш трох месяцаў з дня запісу і цяпер гэтыя радкі, як чужыя, і не патрабуюць працягу…
Вісельнікі
4.07.2011. Даведаўся ад аднавяскоўца, што тыдзень таму ў Пугачах павесіўся трыццацідзевяцігадовы хлопец. Ён збіраў па вёсцы малако для дзяржавы. Любіў выпіць. Некалькі гадоў таму павесіўся бацька гэтага хлопца. У старога быў рак лёгкіх. А яшчэ раней павесіўся брат малакавозчыка. Усе гэтыя вісельнікі спынілі сваё жыццё ў хляве на адным і тым жа круку…
Настрой
4.07.2011. Захмурэлае неба. Час ад часу сыпле дробны дождж. Сумна і не хочацца працаваць. Узгадалася вясковае, нярэдка жартам сказанае бацькам: «Ці ж я дурань працаваць? Няхай працуе трактарыст!»
* * *
5.07.2011. Сёння ў маёй Людмілы дзень народзінаў. Каб нешта талковае купіць і падарыць ёй, няма дастаткова грошай. Хацеў верш напісаць, але не напісаў. Знайшоў ранейшы, які канкрэтна прысвечаны Людміле:
Ты ў мяне адна, нібыта неба раннем
Светлае, нібы царкоўнае віно,
У якім надзея, вера і каханне
Злітыя, нібыта ў сонца, у адно
Светлае, святое і, як кроў, зямное,
Без якога не пачнецца вечны шлях…
Дзень прайшоў і сум, нібы згарэла Троя.
Я з табой, як попел на тваіх нагах.
Губараў і Аляхновічы
6.07.2011. Нарэшце Наталля Шаранговіч прынесла рукапіс кнігі пра мастака Валянціна Губарава. Гадоў дваццаць таму ён працаваў у «Мастацкай літаратуры», потым паехаў у Францыю, дзе апошнім часам часцей за ўсё і жыве. Чытаючы рукапіс кнігі, даведаўся, што жонка мастака Ларыса Карыткіна нарадзілася ў Аляхновічах, якія ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў. У свой час яна завочна вучылася ў паліграфічным інстытуце ў Маскве, дзе і пазнаёмілася з Валянцінам. Пад уражаннем прачытанага я тут жа пазваніў мастаку. Аказалася, што Валянцін з жонкай доўгі час жыў у Аляхновічах і там выраслі іх дзеці, там і цяпер жыве іх сваяк дзед Ракоць. Ходзячы па наваколлі, мастак бываў і ў маёй вёсцы. І амаль усе ягоныя карціны з краявідамі – гэта мае родныя мясціны, ды і людзі на карцінах у большасці – гэта мае землякі. Дамовіліся як-небудзь восенню разам паехаць у Аляхновічы і ўзгадаць як стваралася карціна «Восень у Аляхновічах»…
Міра, дарога і Сыс
8.07.2011. Міра Лукша, прыехаўшы з Беластока на фестываль беларусаў свету, не абмінула нашу хату. Раней заўсёды спынялася ў нас і мы па вечарах доўга гаварылі пра паэзію і наогул пра літаратуру. Цяпер у нас мая хворая мама і ўжо няма ўмоў для тых шумных пасядзелак, што былі раней. На гэты раз вячэралі спакойна і ўспаміналі маладыя гады. Позна вечарам, праводзячы Міру на тралейбус, узгадаў, як гадоў дзесяць таму вось гэтак я з Анатолем Сысам вёў дварамі нашу сяброўку і яна ўвесь час казала: «Я такой дарогай ніколі да вас не хадзіла!» А дарога да нас дамоў была выбрана спецыяльна, каб Анатоль яе не запомніў…
* * *
8.07.2011. Міра Лукша, узгадваючы сваё сяброўства з Анатолем Сысам, прызналася, што Анатоль, гаворачы пра мяне і Людмілу, нярэдка ўскіпаў: «Гэта ж трэба! Такую дзеўку Шніп адхапіў! Як яму ўдалося?»
Застаўся без трох дыпломаў…
10.07.2011. Прачнуўся ў гадзіну ночы. Спаць не хацелася, і я ўзяў пачытаць свежы нумар «Краязнаўчай газеты». Адразу ж натрапіў на рэцэнзію Міхася Маліноўскага на кнігу Мікалая Півавара «Краязнаўцы Віцебшчыны», у якой зачапіўся за радок: «Крытыкаваць пачну не аўтара, а рэцэнзента…» І за што ж крытыкуе спадар Міхась Віталя Скалабана, які на кніжцы пазначаны, як рэцэнзент? За ўхвальную рэцэнзію на рукапіс кніжкі Півавара? Не, бо рэцэнзіі ў кніжцы няма і я думаю, што спадару Міхасю рэцэнзію ніхто не паказваў. Таму крытыкаваць Скалабана за тое, што ў кніжцы Півавара адсутнічаюць артыкулы пра некаторых краязнаўцаў Віцебшчыны неяк несур’ёзна, а тым больш што ў самой рэцэнзіі Скалабана маглі быць заўвагі, якія не ўлічыў Півавар і якія пасля выхаду кнігі сталі прадметам крытыкі вядомага даследчыка. Да ўсяго ў кожнай кніжкі ёсць рэдактар, які не менш, чым аўтар, адказвае за змест выдання. Аднак у рэцэнзіі Маліноўскі пра рэдактара нават не ўзгадвае, нібыта ў кніжкі яго і не было. Дарэчы, трэба адзначыць, што Маліноўскі кніжку прачытаў уважліва: «А мяне дык увогуле пакінулі без «дырэктарства» ў Ашмянскім краязнаўчым Музеі імя Францішка Багушэвіча і трох дыпломаў аб адукацыі… Пра свае заўвагі я напісаў і Віталю Скалабану ў Мінск, і Мікалаю Півавару ў Лужасну, але яны пакуль маўчаць». І, прачытаўшы да канца рэцэнзію, я не змог яшчэ доўга заснуць. Думаў пра тое, каб газета з рэцэнзіяй Маліноўскага не трапіла на вочы Віталя Скалабана, які нядаўна перанёс вельмі цяжкую аперацыю…
Караткевіч глядзіць у бок Пугачоў…
10.07.2011. У Ракаве на доме Вячаслава Рагойшы, дзякуючы раённым уладам, скульптару Івану Міско і самому Вячаславу Пятровічу, была адкрыта мемарыяльная дошка з надпісам: «Гэты дом часта пасяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч». Пасля ўрачыстасці Рагойша падышоў да мяне і сказаў: «Караткевіч глядзіць у бок тваіх Пугачоў!» – «І не дзіўна, што глядзіць у бок Пугачоў, бо ён там хоць і адзін раз, але ўсёткі бываў»,– адказаў я, памятаючы тое, што мне расказвала мая цётка Валянціна Іосіфаўна, у якой, працуючы ў Пугачоўскай школе, жыў будучы доктар філалагічных навук Павел Дзюбайла і да якога з Радашковіч часта ў госці прыходзіў супрацоўнік раённай газеты Адам Мальдзіс. Дзякуючы Мальдзісу, Караткевіч і быў у Пугачах…
У Івана Міско
10.07.2011. Вярнуўшыся ў Мінск з Ракава, дзе на доме Рагойшы была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, мы з Людмілай, дзякуючы Анатолю Бутэвічу і Міхасю Кеньку, трапілі ў госці ў майстэрню да скульптара Івана Міско. Амаль чатыры гадзіны Іван Якімавіч расказваў пра сваё творчае жыццё і ўвесь гэты час на нас з паліц і пастаментаў глядзелі сотні скульптур. Часам, слухаючы Івана Якімавіча, мне было страшна, бо здавалася, што мы сядзім у пекле сярод адрэзаных акамянелых галоў, а часам было на душы светла і ўзнёсла, як быццам мы ўсе трапілі ў рай. Раней у будынку, дзе цяпер майстэрня, была канюшня. Пачуўшы гэта, падумалася: «Пры Саветах не толькі Храмы ператваралі ў канюшні, але часам і канюшню аддавалі пад Храм…»
Бухгалтарка
13.07.2011. Некалькі гадоў таму старая жанчына прынесла ў выдавецтва рукапіс успамінаў свайго памерлага брата. На жаль, прапанаванае па сваіх мастацкіх якасцях вельмі слабое. Пра гэта было пісьмова паведамлена жанчыне, якая, атрымаўшы адмову, недзе праз паўгода пачала патрабаваць выдаць кніжку брата, нібыта рукапіс быў адобраны. Старая патэлефанавала і сёння. На гэты раз яна сказала: «Вы гаворыце няпраўду, што на выданне такой кніжкі, як у майго брата, трэба 50 мільёнаў. Я ўсё жыццё прапрацавала бухгалтаркай і ўчора ў кіёску даведалася, што пачак паперы прадаецца за 59 тысяч, а гэта значыць, што адзін ліст каштуе 118 рублёў. У кніжцы брата 250 старонак. Значыць, на адну кніжку трэба 125 лістоў паперы, а калі ліст падзяліць на два, то хопіць і 65. Цяпер памножце 65 на 118 і атрымаеце 7 670 рублёў на адну кніжку. На тыраж у 1000 асобнікаў трэба 7 670 000 рублёў. А вы мне кажыце 50 мільёнаў. Я бухгалтарка і ўмею лічыць грошы!» Мае тлумачэнні, што каб выдаць кніжку трэба заплаціць не толькі за паперу, але і за паліграфічныя паслугі і яшчэ шмат што ўваходзіць у сабекошт кніжкі, жанчыну не супакоілі, і яна на ўсё, што казаў, крычала: «Я бухгалтарка!»
* * *
14.07.2011. Глянуў на вокладку адной кнігі, і ў галаве тут жа прагучала: «Яна была цудоўнай, як палена…»
Горача
15.07.2011. Муха заляцела ў кватэру і лётае за мной, нібыта я вінаваты, што і ёй горача…
Кроплі мёду
16.07.2011. Пад ліпамі першае жоўтае лісце, як вялікія кроплі мёду, які пчолы не паспелі сабраць з квецені…
Каштанавы воск
16.07.2011. Каштанавыя свечкі даўно адсвяцілі і цяпер першае апалае лісце пад каштанамі, як воск ад каштанавых свечак…
Храм, масток і замкі
16.07.2011. Па дарозе з Мінска ў Маладзечна ў раёне Драздоў колькі разоў мы з Людмілай бачылі новы Храм. І вось сёння мы выбраліся паглядзець на яго зблізку. Выходзілі з дому пры пагодзе, а па дарозе трапілі пад дробны дождж, які ўсё ж нас не напалохаў. Храм цяпер рамантуецца, з яго зняты пазалочаны купал, які тут жа ля Храма ляжыць у траве, як шалом велікана. Абышоўшы ўсе царкоўныя збудаванні, мы пайшлі да святой крыніцы, дзе на жалезным мастку маладажонамі падчас вяселля начэплена на шчасце некалькі дзясяткаў замкоў. Пасля наведвання царквы і малітвы замкі на мастку мне падаліся паразітамі, якія харчуюцца жалезнымі мастамі…
Наша Кальварыя
17.07.2011. Сёння Людміла Рублеўская для свайго «Літаратурнага прадмесця» (змаглі прыйсці: Мікола Кандратаў, Таццяна Барысюк, Наталля Кучмель, Дар’я Лосева, Маргарыта Аляшкевіч і Юрась Нераток) правяла цікавую і змястоўную экскурсію па Кальварыйскіх могілках. І хоць я для сябе нічога новага не пачуў, бо падобныя экскурсіі Людміла праводзіць для ўсіх нашых сяброў і знаёмых вельмі часта, але выпадкова на радасць усіх экскурсантаў знайшоў магілу Яна Матусевіча, які з 1990 года быў пробашчам першай грэкакаталіцкай парафіі ў Мінску. Янам Матусевічам быў пасвечаны крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў у трыццатыя гады. У красавіку 1989 года Ян Матусевіч удзельнічаў у першым маршы «Чарнобыльскі шлях». Быў сябрам Рады Таварыства беларускай мовы ў Мінску, ад моманту заснавання ТБМ. За дзве гадзіны экскурсіі па Кальварыі мы абышлі ўсе вядомыя нам магілы дзеячаў культуры і ўсклалі да іх палявыя кветкі. Праўда, на некаторых і так расла трава…
Для чаго ты пішаш?
18.07.2011. З Людмілай паглядзелі фільм «Пока не наступит ночь» пра лёс кубінскага пісьменніка Рэйнальда Арэнаса – зоркі кубінскай паэзіі, надзеі кубінскай рэвалюцыі і любімца Фідэля Кастра. Фільм «Пока не наступит ночь» расказвае пра трагічны лёс пісьменніка і яго існаванне «паза грамадствам»… На пытанне сябра: «Для чаго ты пішаш?», Рэйнальд Арэнас адказаў: «Каб адпомсціць!» На гэтае ж пытанне і ў мяне ёсць свой адказ: «Каб зайздросцілі і злаваліся!»
* * *
19.07.2011. Калюжына, як Еўропа…
* * *
21.07.2011. Гарачыня. Думкі ў галаве, як з мёду…
Пачарнелы і светлая…
22.07.2011. У тралейбус зайшоў п’яны, пачарнелы, як вэнджаны, мужык гадоў пад сорак са светлай дзяўчынкай гадоў дванаццаці. Пракампасіраваўшы талончык, малая села каля вэнджанага, які тут жа яе абхапіў, як мужык жонку, і пачаў драмаць. Дзяўчынка, амаль не міргаючы, стала глядзець перад сабой, нібы гаворачы: «Гэта мой бацька…»