355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Пугачоўскі цырульнік » Текст книги (страница 11)
Пугачоўскі цырульнік
  • Текст добавлен: 30 ноября 2017, 18:30

Текст книги "Пугачоўскі цырульнік"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 20 страниц)

Пісьменніца з Чалябінска

22.03.2011. З самага ранку да мяне на працу зайшла невысокая пажылая жанчына і заявіла: «Я хачу ў вас перавыдаць свае творы!» – «Якія?» – пацікавіўся я. Пісьменніца падала мне кнігу, на вокладцы якой прачытаў: «Челябинское отделение СП России», «Первый рейс», «Нина Шишкина». Я адразу ж запытаўся ў Ніны Аляксандраўны пра Генадзя Суздалева, з якім вучыўся ў Літінстытуце. І мне стала вядома, што мой аднагрупнік ужо даўнавата з Чалябінска перабраўся ў Суздаль. Сама ж Ніна Шышкіна прыехала ў Мінск тры дні таму. Адзін дзень шукала гасцініцу, другі дзень шукала Дом друку, а на трэці дзень прыйшла ў «Мастацкую літаратуру». Горада яшчэ зусім не бачыла. Думае прадаць кватэру і з сям’ёй дачкі пераехаць у Мінск. На маё пытанне: «Няўжо вам так дрэнна ў Чалябінску?», жанчына адказала: «Зза кітайцаў няма жыцця…»

Аляксандр Мядзведзь

23.03.2011. Месяц назад Алімпійскі камітэт Беларусі звярнуўся ў наша выдавецтва з просьбай выпусціць кнігу, прысвечаную трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну Аляксандру Мядзведзю. Сёння ж да нас прыходзіў сам легендарны спартсмен. Яму ў наступным годзе 16 верасня будзе 75 гадоў. Дырэктар выдавецтва і я амаль тры гадзіны размаўлялі з Аляксандрам Васільевічам. Пачулі вельмі шмат цікавага. Напрыклад, даведаліся, што ягоная бабуля Акуліна была ростам 195 см. Цяпер чатырнаццацігадовы ўнук Мядзведзя такога ж росту. У 1972 годзе амерыканцы прапанавалі трохразоваму альмпійскаму чэмпіёну за паўтары мільёна даляраў паехаць на паўгода ў ЗША на трэнерскую працу. Пра гэта даведаўся ЦК Кампартыі і не пусціў Мядзведзя ў замежжа. Словам, чакаецца вельмі цікавая кніга…

Мужчына сярод жанчын

24.03.2011. Раніцай, чакаючы аўтобус, на прыпынку, з якога кожны дзень езджу на працу, заўважыў, што я адзін стаю сярод (спецыяльна палічыў) дваццаці трох жанчын. Было б нічога дзіўнага, калі б вечарам, чакаючы аўтобус № 57 на прыпынку каля Купалаўскага музея амаль паўтарылася ранішняя сітуацыя. На гэты раз на прыпынку былі дваццаць тры жанчыны, я і міліцыянер…

Анатоль Комлеў

27.03.2011. З Анатолем Комлевым пазнаёміўся ў канцы 70х гадоў, калі хадзіў на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы», што працавала пры «Чырвонай змене». У 1985 годзе я паехаў у Маскву вучыцца і з Анатолем ужо ўбачыўся толькі некалькі гадоў таму ў электрычцы па дарозе на Лысую гару. Абмяняўшыся нумарамі тэлефонаў, мы зноў зніклі адзін для аднаго, каб сустрэцца на мінулым тыдні ў мяне на працы. Анатоль прынёс кіпу сваіх вершаў, з якіх амаль нішто не друкавалася. На кніжку ў «Мастацкай літаратуры» ён не прэтэндуе, а проста хоча, каб я пачытаў, выказаў сваю думку пра напісанае і дапамог знайсці выдавецтва, дзе можна выдацца за свае грошы. Ад Анатоля даведаўся, што, пераязджаючы са старой кватэры ў новую, ягоныя папкі з вершамі, якія былі напісаны на працягу дваццаці гадоў, выпадкова трапілі ў сметніцу. Са сметніцы бамжы здалі вершы ў прыёмны пункт мукулатуры, куды Анатоль спазніўся на некалькі гадзін, каб адшукаць і выкупіць свае паперы. Доўгі час Анатоль шкадаваў пра страчанае, але з часам супакоіўся, бо напісаліся новыя творы. І я, пачытаўшы іх, магу сказаць, што нядрэнныя…

Супакоілі…

28.03.2011. Некалькі дзён назад праз СМІ ўсяму свету стала вядома, што на адным з блокаў атамнай электрастанцыі на Фукусіме радыяцыя перавышае ў 10 мільёнаў разоў дапушчальную норму. Сёння японцы паведамілі, што зза сапсаванага дазіметра была агучана няправільная лічба і радыяцыя перавышае норму ўсяго ў 100 тысяч разоў…

Дзеці і настаўнікі…

29.03.2011. Калі я вучыўся ў сёмым класе, у час вясновых вакацый настаўнікі Пугачоўскай школы арганізавалі экскурсію на радзіму Якуба Коласа. Мяне мама не пусціла, сказаўшы: «Няма чаго ў час паводкі цягацца за свет!» Сёння даведаўся, што тады грузавая машына крытая брызентам, вяртаючыся дамоў па лясной дарозе каля Нёмана, перакулілася з кучай школьнікаў у неглыбокую азярыну. На шчасце, усё абышлося вялікім пярэпалахам і вымачаным да апошняй ніткі адзеннем. Сохнучы каля вогнішча, настаўнікі загадалі дзецям, каб тыя, вярнуўшыся дамоў, маўчалі пра непрыемнае здарэнне. І ўсе маўчалі…

Было і гэта…

29.03.2011. На пачатку 90х гадоў мінулага стагоддзя аднаго паэта адправілі ад Саюза пісьменнікаў у Маскву на святкаванне юбілею Яўгена Яўтушэнкі. Дэлегат, вярнуўшыся дамоў у добрым настроі, пахваліўся аднаму супрацоўніку Дома літаратара: «Цяпер наша галоўная задача – усё расшалатаць і разваліць!»

* * *

29.03.2011. Нядаўна святкаваў свой чарговы дзень народзінаў. Было шмат віншаванняў, але найбольш запомнілася мамай прашаптанае па тэлефоне адзінае слова: «Віншую…»



КРАСАВІК

Патрэбная кніга

1.04.2011. Людміла сёння была ў БДУ і вечарам дамоў прынесла падораную выкладчыцай Ірынай Казаковай кнігу «История и теория мировой культуры». Сама кніга мяне не здзівіла. Я, не чытаючы, ведаю, што гэтае выданне спатрэбіцца і Людміле, і мне, і нашым дзецям. Прыемна ўразіла паэтычная назва выдавецтва – «Зорны верасок»…

Асвета і Клышка

1.04.2011. Сёння быў на ўрачыстасцях, прысвечаных 60годдзю выдавецтва «Народная асвета». Было шмат узнагарод, кветак, віншаванняў. Але найбольш прыемна было паслухаць Анатоля Клышку, «Буквар» якога выходзіць ужо 43 гады…

«Мы з Санькам у тыле ворага»

1.04.2011. У наша міністэрства звярнуўся вялікі начальнік, каб для яго сынашкольніка знайшлі цікавую кніжку пра вайну на беларускай мове. Міністэрства тут жа азадачыла наша выдавецтва, і я адразу ўзгадаў сваю любімую кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», якая некалькі гадоў таму ў нас перавыдавалася. Праўда, кніга даўно ўжо раскуплена, і мне давялося аддаць свой асобнік. Спадзяюся, што твор спадабаецца хлопцу…

Трымаецца…

2.04.2011. З чацвярга мама ў Ракаўскай бальніцы на прафілактыцы. Сёння ў яе будзе мой малодшы брат Вова, а я ў аўторак паеду адведаць. 19 красавіка маме споўніцца 81 год. Трымаецца…

Шпакі

2.04.2011. Сёння і ў нашым двары з’явіліся шпакі. Я іх напаткаў, ідучы ў майстэрню да Алеся Квяткоўскага. Гледзячы на птушак, адразу ўзгадаў вёску, дзе заўсёды для мяне быў святам іхні прылёт. Цяпер жа, не спыняючыся, я пайшоў далей, сумна думаючы пра бацьку, які адзін у вёсцы, і пра маці, якая ў бальніцы…

Лаўка

2.04.2011. Каля пад’езда ўжо некалькі гадзін пра нешта сваё цікавае гамоняць старыя жанчыны. Тры сядзяць на лаўцы, а чацвёртая стаіць. Час ад часу адна старая ўстае, каб даць пасядзець той, якая ўжо настаялася. І думаецца мне, што і мая мама магла б вось гэтак сядзець на лаўцы і гаманіць, але ў кожнага сваё жыццё і свая доля. Ды лаўка каля па’езда, калі яе ніхто з мужыкоў не паламае, ніколі не будзе пуставаць…

Песня і абяцанне

2.04.2011. Недзе перад Новым годам напісаў песню. І толькі ўчора за яе атрымаў ганарар. Дваццаць працэнтаў аддаў дачцэ і сыну, бо абяцаў столькі даць ім за дапамогу. Дзеці спакойна ўзялі грошы, і я зразумеў, што яны не забыліся пра маё даўняе абяцанне…

* * *

2.04.2011. Працуеш, каб жыць. Але жывеш з думкай, каб не працаваць…

Фільмы і жыццё

2.04.2011. Паглядзеў з Людмілай запар дзве ўдалыя экранізацыі – «Татарская пустка» па Дзіна Буцаці (1976) і «Нарвежскі лес» па Харука Муракамі (сучасны, рэж. Чан Ан Хунг). Цяпер у галаве шмат думак і сярод іх ёсць самая галоўная – у гэтым свеце варта жыць нават толькі для таго, каб паглядзець гэтыя фільмы, а потым задумацца…

* * *

2.04.2011. Пасля ўчарашняга дажджу паветра загусцела і запахла бярозавым сокам…

У час паводкі

2.04.2011. Наўзбоч сцяжыны праз Мухлю пачарнелы снег і ручаіны праз сцяжыну нагадалі мне, як гадоў трыццаць назад у час паводкі я дабіраўся ў свае Пугачы. Аўтобус тады дайшоў да Бузуноў і вярнуўся назад у Мінск, а я і яшчэ некалькі чалавек пайшлі далей. Да Пугачоў было кіламетраў пятнаццаць. Абапал насыпной дарогі цякла вада, на дарозе стаяла балота, а месцамі і дарогі не было. Ішоў доўга. Амаль цэлую вечнасць. Успамінаў пражытае за свае дваццаць, чытаў сам сабе свае вершы, лічыў крокі і шкадаваў, што не паехаў, як некаторыя, назад у Мінск. Ды, чым бліжэй было да Пугачоў, тым было весялей на душы. Ніхто мяне дома ў час паводкі не чакаў. Напачатку бацькі абрадаваліся, а потым задумаліся, як жа цяпер мяне ў горад пераправіць. А я нікуды не спяшаўся, бо нідзе не працаваў (ніхто не ведаў пра гэта), і таму ў вёсцы прабыў да таго дня, пакуль не прыйшоў аўтобус з Мінску. Дома з бацькамі было хораша…

Песні

3.04.2011. Патэлефанавала кампазітар Валянціна Сярых і прапанавала напісаць песню на яе старую музыку, што яшчэ пры Савецкім Саюзе гучала. Я сказаў, што падумаю, а Валянціна, каб падбадзёрыць мяне, паведаміла: «Мы ўсе ведаем песню Уладзіміра Будніка пра Янку Купалу. А ў свой час на гэтую ж музыку гучала расейскамоўная песня, якая пачыналася: “Родина наша. Родина наша…”»

* * *

3.04.2011. Праходзіў каля Кальварыйскіх могілак. У думках павітаўся з усімі пісьменнікамі, якія там спачываюць…

Не помніцца…

3.04.2011. Сёння сніў нешта цікавае. Адразу не запісаў, а цяпер нічога ўспомніць не магу. Амаль гэтак жа не помніцца і тое, што было на пазамінулым тыдні…

Сумна…

3.04.2011. На вуліцы змяркаецца. Паглядзеў на заходзячае сонца і раптам стала сумна. Здавалася б, радуйся, што вясна прыйшла. Ды не. Сумна. А сумна, што яшчэ адна зіма мінула…

Да мамы…

4.04.2011. Заўтра зранку еду да мамы ў Ракаўскую бальніцу. Сабраў сумку сёння, а хвалююся ўжо некалькі дзён...

Ракаўская вада…

5.04.2011. Ракаў мяне сустрэў дробным дажджом. Па дарозе да бальніцы, дзе падлечваецца мама, спыніўся на мастку праз рачулку. Паглядзеў, як віруе, і паслухаў, як шуміць ракаўская вада. Без сонца сумнавата, нібыта восенню…

Мама і вокны

5.04.2011. Чым бліжэй падыходзіў да Ракаўскай бальніцы, тым пільней углядаўся ў яе вокны, спадзеючыся ўгледзець маму. Каля акон нікога не было. І ад гэтага на душы стала крыху трывожна, хоць я і ведаў, што мама не ведае, калі я прыеду. А пачуццё трывогі ўзнікла ад незабыўнага – калі ў вёску прыходзіў аўтобус, мама заўсёды была на прыпынку або глядзела на вуліцу з акна хаты…

Лёгкі на ўспамін…

5.04.2011. Дзверы ў маміну палату былі адчынены. З яе чуліся галасы. Мама ў палаце была не адна – з Пугачоў адведаць прыехала яе малодшая сястра Аля з сынам Сярожам, ягонай жонкай Светай і іх малымі дзецьмі. «А мы тут толькі што пра цябе гаварылі!» – вітаючыся, сказала цётка, і ўсе замоўклі…

Вершы і пацыенты

5.04.2011. Каб даведацца, калі выпішуць з бальніцы маму, пайшоў да галоўнай дакторкі, якая з нашых Пугачоў, піша вершы пабеларуску і да ўсяго яшчэ яна Шніп. Маму выпішуць у пятніцу. На маё пытанне: «Як справы з вершамі?», Ірына ўсміхнулася і паказала на стол завалены тоўстымі карткамі сваіх пацыентаў…

Ракаўскія лебедзі

5.04.2011. Вяртаючыся з бальніцы на аўтобусны прыпынак, здалёк убачыў на ракаўскай азярыне двух белых лебедзяў. Пакуль я прыйшоў да вады, лебедзі падплылі да берага. Нічога ядомага ў мяне не было, і я, пастаяўшы каля птушак нейкую хвіліну і пагаварыўшы з імі, паспяшаўся сваёй дарогай далей…

Свой цягнік…

9.04.2011. У краме сустрэў мастака, які жыве ў суседнім пад’ездзе. Ужо нямала гадоў мы знаёмыя, а я не ведаю, як яго завуць, і цяпер няёмка пытацца, бо знаёміліся ж. Гадоў дзесяць у адзіноце мастак глядзіць хворую маці, і мы, сустрэўшыся, заўсёды гаворым пра здароўе сваіх матуль. Сёння на маю скаргу, што я мінулую ноч правёў, як у цягніку ў плацкартным вагоне, мастак сказаў: «Я ўжо год у сваім цягніку. А днём спаць не магу, бо працаваць трэба…»

Ноч прайшла…

10.04.2011. Мама ноччу часта ўставала. І для мяне зноў ноч прайшла, як у цягніку ў плацкартным вагоне. Цяпер галава баліць. Праўда, дапісаў верш:

Гэта сонца прад ноччу, як пляшка віна,

Што звалілася ў п’янага Бога з акна

На асфальт панядзелка, дзе ўсе мы жывём

І, нібы па віне, мы па часе плывём

Невядома чаго, невядома куды,

Адзінокія, быццам бы кроплі вады,

У зямным акіяне зямнога быцця,

Дзе век кветак нямнога, а многа смецця,

Зза якога не бачна, як пляшка віна

Паляцела ад п’янага Бога з акна,

І разбілася пляшка, з якой выцек дзень,

Нібы з сонца прад ноччу за промнем прамень…



Стары і людзі

10.04.2011. «Каля пад’езда дома, што насупраць нашага, паваліўся нейкі дзед з торбай. Людзі, як сляпыя, праходзяць міма, а ён не можа ўстаць!» – паведаміла Людміла. Я хуценька накінуў куртку на плечы і выбег да старога. Узяўшы пад пахі, я падняў дзеда з зямлі і пасадзіў на лаўку, падаў торбу з пляшкамі «чарніла». Стары мне падзякаваў за дапамогу і закурыў. Я, вярнуўшыся ў кватэру, пачаў з акна назіраць за ім. Недзе праз паўгадзіны да старога падышоў другі стары і забраў торбу з пляшкамі. Пасядзеўшы яшчэ з паўгадзіны на лаўцы, дзед пачаў спрабаваць зайсці ў пад’езд з кодавым замком. Старому ніхто не адчыніў, і ён сваім кіем стаў грукаць у акно каля дзвярэй. Выглянула жанчына, але хутка зачыніла акно і занавесіла фіранкай. Дзед яшчэ з гадзіну стаяў каля дзвярэй, пакуль прыйшла дзяўчына, якая жыве ў гэтым доме, і ўпусціла яго ў пад’езд…

Жудаснае…

12.04.2011. Учора пасля тэракту ў Мінскім метро па БТ прагучала, што ў вагоне, дзе загінулі людзі, ляжалі пачкі акрываўленага цукру. Да вядомых «кроў з малаком» і «малако з крывёй» дадалося новае і жудаснае «цукар з крывёй»…

Лёсы…

12.04.2011. Учора многія маглі быць у метро ў 17 гадзін 56 хвілін і стаць ахвярамі тэракту, але адны станцыю «Кастрычніцкая» пакінулі раней, а другія не паспелі ва ўзарваны цягнік. Аглядаючыся ў чорны дзень, успамінаю, што мяне да сябе ў офіс пасля трох гадзін запрашаў Фінберг, каб пагаварыць пра будучую кніжку, прысвечаную аркестру. Я папрасіў перанесці сустрэчу на іншы дзень. Пасля чатырох гадзін патэлефанаваў Алесь Марціновіч з холдынга і паведаміў, што выйшла кніжка, дзе ёсць і мае творы, і я магу прыйсці набыць яе. Мне тут жа захацелася займець кнігу, але, адмовіўшыся ад сустрэчы з Фінбергам, я вырашыў і ў холдынг не ехаць. А мог жа паехаць і да Фінберга, і ў холдынг пайсці, дзе б засядзеўся да канца іхняга працоўнага дня, а потым мог патрапіць у метро якраз у смяротны цягнік так, як патрапіла супрацоўніца холдынга Галіна Пікулік…

Крывавыя берагі Нямігі…

14.04.2011. Ідучы на працу, раптам у сабе пачуў радкі: «Зноў берагі Нямігі азмрочаны крывёй…» Узгадалася «Слова пра паход Ігаравы». Мінула сотні гадоў, а берагі Нямігі і ў нашым часе крывавяцца. Адзін бераг ракі – гэта станцыя метро «Няміга» – быў акрываўлены 31 мая 1999 года, а другі бераг – гэта станцыя метро «Кастрычніцкая» – 11 красавіка 2011 года...

* * *

16.04.2011. Чытаў пра загінулых у метро і плакаў…

Дзеці і Нарбут

18.04.2011. Быў у школе № 213 на сустрэчы з вучнямі 6—10 класаў, якія цікавяцца беларускай літаратурай. Прыйшло чалавек пяцьдзясят. Слухалі, пыталіся. Пасля ўсяго да мяне падышлі старшакласнікі і запыталіся, ці ёсць у мяне балада пра Людвіка Нарбута. Пачуўшы што няма, дзеці папрасілі напісаць твор, і я абяцаў выканаць просьбу…

* * *

19.04.2011. Сёння ў мамы дзень народзінаў. Ёй 81 год…

Бацькі і дзеці

21.04.2011. «У адных толку ад бацькоў і пры жыцці не было, а ў іншых і пасля іх смерці ганарары 50 гадоў налічваюцца…» Адразу ж падумалася пасля пытання дачкі аднаго з пісьменнікаў: «А ці будзе за кніжку ганарар?»

Дубцы і дрэвы

23.04.2011. Вяртаючыся з крамы, у сваім двары ўбачыў, як хлапчук, гадоў сямі, ламае куст, а два меншыя ўжо са свежымі дубцамі, разінуўшыся, стаяць побач. «Што ты робіш! Зараз я табе наламаю!» – пракрычаў я, і хлапчук тут жа адбегся ад куста. Каля пад’езда я азірнуўся і ўбачыў, што малы зноў спрабуе выламаць дубец. Я ўжо зусім разлаваўся: «Вон адсюль! Сёння ты, гадасць, кусты ламаеш, а заўтра пойдзеш метро ўзрываць!» Пачуўшы мой крык, дзеці тут жа паўцякалі з двара. Я ж, прыйшоўшы дамоў, задумаўся: «А ці трэба было так злавацца?» І ўзгадалася, як недзе ў гадоў дзесяць у гэткі ж вясновы дзень каля вясковай крамы, дзе толькі што ў час суботніка былі пасаджаны дрэўцы, я спрабаваў зламаць бярозку. Не паспеў зламаць, бо нейкі дзядзька, што ішоў міма, нічога не кажучы, даў мне па спіне дубцом. Праўда, каля крамы так і не выраслі дрэвы…

* * *

24.04.2011. Маё першае святкаванне Вялікадня, якое памятаецца, адбылося ў Лягезах, дзе я жыў у бабулі Ганны. Мне было гадоў пяць. З сябрамі, Людай і Сашкам, нас родныя адправілі ў жачкі на хутар да Такушоў. Гаспадары ўжо святкавалі, таму і нас, малых гасцей, адразу пасадзілі за стол. Далі нам выпіць віна. І я нічога болей не памятаю…

Кітайцы ў горадзе…

28.04.2011. У раёне станцыі метро «Інстытут культуры», чакаючы патрэбны аўтобус, за хвілін пятнаццаць убачыў каля пяцідзесяці маладых кітайцаў, якія вучацца ў нашых вузах. Часам на прыпынку іх было нашмат болей, чым мінчукоў, і мне здавалася, што наш горад стаў кітайскім…

Старая Грушаўка

28.04.2011. На Вялікдзень з Людай пайшлі ў раён старой Грушаўкі, які непадалёк, дзе мы жывём. Хадзілі, нібыта па забытым уладамі і Богам раённым цэнтры. Няспешна разглядалі драўляныя, зрэдку цагляныя даваенныя дамы пад велізарнымі дрэвамі. Прыпыняліся каля калонак з вадой, каля платоў, за якімі старыя сады. Побач з кучай смецця на бярвяне сустрэліся з учарнелым бамжом, што нажом лупіў, як кару з бярозавых дроў, этыкеткі з пляшак. Амаль на ўваходзе вялікага сквера на зямлі, разаслаўшы газеты, сядзелі дзве маладыя жанчыны і святкавалі Вялікдзень. Далей, узлезшы з нагамі на лаўкі, частаваліся маладзёны. Тамсям дзяўгалі сабакі, зрэдку праязджалі шыкоўныя машыны, нібыта раптам у савецкім часе з’яўлялася трэшчына, і яны праз яе трапілі з ХХІ стагоддзя. Ды і мы сябе адчувалі чужымі…

Вераціла

29.04.2011. Сёння паэту Сяргею Верацілу 50 гадоў. А пазнаёміліся мы з ім у снежні 1981 года ў Каралішчавічах на Рэспубліканскім семінары маладых літаратараў. Яскрава памятаецца зімовы вечар пасля вячэры, калі Сяргей паклікаў мяне на вуліцу пакурыць. На месцы стаяць было немагчыма, бо мароз не дазваляў, і мы кругамі хадзілі вакол дамоў і размаўлялі пра паэзію, чыталі вершы, дзівіліся з Анатоля Сыса, які ўжо некалькі дзён сядзеў, як манах, у сябе ў пакойчыку і вечарам нікуды не выходзіў. А потым… А потым праляцела амаль трыццаць гадоў. За гэты час я сто разоў казаў Сяргею, каб падрыхтаваў кнігу сваіх твораў. Ён слухаў, абяцаў і нешта нават рыхтаваў, але так да канца і не давёў пачатае. Магчыма, таму што Сяргей аднойчы вырашыў: «Хачу быць вядомым паэтам, які за сваё жыццё не выдаў ніводнай кніжкі!» Паглядзім. А пакуль што Сяргей Вераціла жывы і здаровы, і няхай і надалей будзе такім…

Падземны параход

29.04.2011. Ідучы з тралейбуса № 23 на прыпынак аўтобуса № 10, што ў раёне станцыі метро «Інстытут культуры», здалёку чую, як з падземнага перахода, з якога з усмешкамі выходзяць людзі, вылятае нейкае вухканне. Заходжу і я пад зямлю, і, убачыўшы велізарнага хлопца, які іграе на велізарнай трубе, выходжу, усміхаючыся, на другім баку вуліцы, нашэптваючы: «На параходзе музыка іграла…»

У размове…

30.04.2011. У размове з разведзеным знаёмым, пытаючыся, ці плаціць ён алементы, забыўся слова «алементы» і замест яго сказаў: «Партыйныя ўзносы на дзіця...»



ТРАВЕНЬ

* * *

1.05.2011. Здаецца, гэта было ўчора, калі я сустракаў сваё 18годдзе. Я тады заканчваў вучобу ў Мінскім архітэктурнабудаўнічым тэхнікуме. У мяне ўжо былі публікацыі ў «Чырвонай змене» і «ЛіМе». І наперадзе было столькі часу і праблем жыццёвых, што здавалася, ці змагу дажыць да 2000 года. І на табе! Сёння нашаму з Людмілай сыну Максіму – 18!

Валянціна Коўтун

1.05.2011. Учора ў Пінску (відаць ездзіла на сустрэчу з чытачамі) памерла Валянціна Коўтун. Так атрымалася, што ў кватэры, дзе цяпер мы жывём, да 1990 года жыла Валянціна Міхайлаўна. 7 красавіка ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла вечарына, прысвечаная яе 65годдзю. Мы былі запрошаны з Людмілай. На жаль, па сямейных абставінах не змаглі паўдзельнічаць у святкаванні. І тады мы думалі, што яшчэ шмат разоў зможам пабыць на вечарынах Валянціны Міхайлаўны. Але, але…

Тор

1.05.2011. У кінатэатры «Rubin Plaza 3D» разам з сынам і ягонымі сябрамі паглядзеў фільм «Тор». Напачатку галоўны герой, якога завуць Тор і які жыве ў далёкай галактыцы, практычна бессмяротны: неверагодна дужы, можа лётаць і ў яго ёсць молат, які кантралюе буры. Але так здараецца, што ў адзін дзень Тора за ваяўнічасць выганяюць на Зямлю, дзе ён павінен жыць сярод людзей. Апынуўшыся на Зямлі ў пустэльні, Тор трапляе пад калёсы машыны астрафізіка Джэйн Фосцер (Наталлі Портман). А далей пайшла і паехала прыгожая паэтычная фантастыка для падлеткаў. І ўсё ж некаторымі сцэнамі яна кранала мяне да слёз...

Валянціна Коўтун і Леся Беларуска

1.05.2011. На пачатку лета 2008 года да мяне ў выдавецтва прыйшла Валянціна Коўтун і прынесла рукапіс кнігі Лесі Беларускі, у існаванне якой, дзякуючы публікацыям Валянціны Міхайлаўны, я верыў. Кнігу мы адразу запланавалі, і яна павінна была выйсці ў пачатку наступнага года. Але праз пару месяцаў у выдавецтва зноў прыйшла паэтка і сказала, што Леся Беларуска – гэта яна, і з’явіліся людзі, якія гэтае імя і творы хочуць прысвоіць, таму «кніжку трэба тэрмінова выдаць пакуль я жывая». На жаль, тэрмінова выдаць Лесю Беларуску ў нашым выдавецтве не атрымоўвалася і Валянціна Міхайлаўна рукапіс забрала. Маю просьбу нікому больш не прызнавацца, што Леся Беларуска – гэта Валянціна Коўтун, Валянціна Міхайлаўна праігнаравала і на адной з вечарын сказала, што Леся Беларуска – гэта яна. І сваім прызнаннем Валянціна Коўтун разбурыла самой жа створаны цудоўны вобраз паэткізмагаркі, у якую ўжо многія паверылі, а я нават і «Баладу Лесі Беларускі» напісаў:

Ты ўсё стрывала, і ты ўсё змагла,

Прайшла жыццё і ўпэўнена, і прама.

Апекавала Ефрасіння Храмы,

Ты ж душы, нібы Храмы, берагла,

Таму і снег, нібы анёл, ляціць,

Цябе, заледзянелую, цалуе

За Беларусь далёкую, жывую,

Якую не клялася ты любіць,

А ўсё жыццё яе любіла ты,

Хаця і ненавідзець права мела...

Паэзія – зняможанае цела,

Якое не пакінуў дух святы,—

Была з табой і жыць натхняла ўсіх

І верыць, што і гэта ўзвея пройдзе,

І застанецца кветкамі на лёдзе

Калючы дрот з крывёй сяброў тваіх,

Бо ты стрывала ўсё і ўсё змагла,

Прайшла жыццё і ўпэўнена, і прама.

Апекавала Ефрасіння Храмы,

Ты ж душы, нібы Храмы, берагла...



Учора і сёння

2.05.2011. Учора сыну споўнілася 18 гадоў. А сёння яму з самага ранку прынеслі павестку ў ваенкамат «для уточнения учетных данных»…

Радаўніца

3.05.2011. На Радаўніцу звычайна бывае сонечна. І сёння ў 11 гадзін пасвятлела, нібыта нашы продкі паглядзелі з неба на нас…

Вазоны і грады

4.05.2011. Гэты тыдзень наша выдавецтва не працуе, і ўсім супрацоўнікам выпала па дзесяць дзён выхадных. У нас у кожным пакоі шмат вазонаў, якія трэба, хоць зрэдку, паліваць. І, каб вазоны не пасохлі, я прапанаваў жанчынам, каб яны пакінулі ў прыёмнай ключы, а я ў вольны час падыду і палью іх расліны. Сёння хадзіў у выдавецтва. Паліваючы вазоны, узгадалася школьная практыка, калі ў час летніх канікул трэба было тыдзень пахадзіць у школу і паліваць грады. Часцей за ўсё грады я паліваў адзін…

Аднаму страшна…

4.05.2011. Патэлефанаваў сябрук. Пагаварылі пра жыццё-быццё. Сябрук узгадаў Янку Сіпакова: «Як ён там цяпер ляжыць у зямлі? Аднаму ж, відаць, страшна?»

Градуснік

9.05.2011. Пяты дзень як хварэю. Сёння прачнуўся ў сем гадзін. Захацеў памераць тэмпературу, а градусніка няма – на тумбачцы ляжыць пусты футлярчык. Стаў шукаць. Усё перабраў, што можна. Няма. І, калі сеў адпачыць, раптам адчуў, што градуснік у мяне пад адзеннем на спіне. Шчасце маё, што спаў на баку і не варочаўся пасля таго, як паклаў градуснік пад паху…

Кожнаму сваё

11.05.2011. Іна Фралова ўдзельнічала ў літаратурным конкурсе, што праводзіў Фрунзенскі раён Мінска. Журы конкурсу прызнала яе пераможцай. З Інай мы добра знаёмыя, і яна, атрымаўшы ўзнагароду, прыслала мне па электроннай пошце гісторыю, што адбылася з ёй у час урачыстасцяў: «Мне за конкурс далі гадзіннік з лагатыпам Фрунзенскага раёна, грамату ўручала рэдактар «Маладосці» (паэтычны раздзел) – маладзенькая дзяўчынка. А людзі на лавачках у мяне пыталіся: «Што далі?» Кажу: «Гадзіннік!!!» І паказваю – во, вялікі!!! А яны: «А, г...». А са мной ішлі мае сябры, бацюшка (святар) і матушка. Святар кажа тым людзям: «Дык што вы хацелі, каб ёй літр гарэлкі далі?» Усе паляглі са смеху».

Іна, ветэран і «васпітанная»

11.05.2011. У Дзень Перамогі Іна вярталася дахаты на метро. І так атрымалася, што яна села побач з ветэранам вайны, які быў вельмі падобны да Інінага памерлага дзеда. Людзі ў добрым настроі, якія былі побач з ветэранам, усю дарогу яго амаль цалавалі. Іне таксама захацелася што-небудзь добрае зрабіць старому і, распытаўшыся, дзе ён жыве, прапанавала яму бясплатна пасля метро падвезці на машыне да самай хаты. Стары не адмовіўся, і Іна патэлефанавала мужу, каб ён пад’ехаў да станцыі «Каменная горка». Размову з ветэранам чула пажылая жанчына, якая хутка падала свой голас: «Куды вы паедзіце з ёй! Яна можа аказацца бандыткай!» – «Што вы кажыце, як хворая!» – абурылася Іна. «Я очань васпітанная жэншчына, а вы мяне называеце бальной!» – усхапілася цётка і пачала агітаваць ветэрана, каб ён дахаты дабіраўся на аўтобусе, і ў старога хутка прапала жаданне, каб яго падвезлі. «Што я знасілую дзеда, ці што?» – пакрыўджана сказала Іна і выйшла з цягніка, які спыніўся…

Хварэем…

12.05.2011. Мы працягваем хварэць. Людміла ў бальніцы, я дома. Да абеду драмаў і слухаў Данчыка і Мулявіна. Пасля песень захацелася напісаць, што-небудзь для Люды. Атрымалася сумнае:

Нібы ў ямах з халоднай вадой,

Мы жывём тут сягоння з табой.

І глядзім мы праз вокны адны,

Нібы з ям, што не знаюць вясны.

А на вуліцах зелень, краса,

Сонца, як залатая сляза

Продкаў нашых, якія глядзяць

І не могуць нічога сказаць,

І нічым не сагрэць нас з табой

У жыцці, нібы ў яме з вадой,

Таму нам застаецца маліцца,

Каб не даў Бог нікому ўваліцца

Ні ў калюгу, ні ў яму з бядой…



Мужчына і жанчына

20.05.2011. На лавачку каля нашага пад’езда з гадзіну назад прысеў высокі сівы, лысаваты мужчына гадоў за шэсцьдзясят, які ўсё яшчэ не стаміўся ад жыцця. Па букеце было бачна, што чалавек тут прысеў не проста час збавіць, а ён канкрэтна некага чакае. Раптам мужчына ўстаў, бо ў двары пачуўся грукат абцасаў, якія, відаць, яму добра знаёмыя. І вось да нашага пад’езда падышла дзябёлая чарнявая жанчына гадоў сарака пяці. Мужчына шчыра і радасна, жанчына радасна і крыху стрымана ўсміхнуліся адно аднаму. Мужчына падарыў кветкі, і, пацалаваўшыся, жанчына сказала: «Сяргей Іванавіч, гэта так нечакана для мяне! Дзякую!» Пасля пацалунка мужчына яшчэ больш заўсміхаўся, а жанчына, каб не заўважыў госць, два разы рукой выцерла вусны. І незнаёмыя пайшлі ў наш пад’езд…

У кожнага сваё…

26.05.2011. Сёння бачыў шчаслівага чалавека. Гэта быў мужчына гадоў трыццаці пяці, які адыходзіў ад абменніка валюты з памятай купюрай у 20 даляраў. Выгляд у чалавека быў, нібыта ён толькі што атрымаў пропуск у рай…

Са школы вярнуўся…

26.05.2011. Са школы вярнуўся сын адзінаццацікласнік і, сказаўшы: «Усё! Здаў усе падручнікі!», зняў з плячэй пусты ранец. І ў мяне праз душу праляцеў апошні самалёцік, зроблены з паперы, вырванай са школьнага сшытка…

Кроў з пальца

28.05.2011. Апошні раз аналіз крыві з пальца здаваў у 1991 годзе. Тады ў Саюза пісьменнікаў яшчэ была свая паліклініка. Кроў з пальца бралі на трэцім паверсе ў Доме літаратара, дзе было ў канцы калідора некалькі медкабінетаў. Не памятаю, ці то я добра прыхварэў у той год, ці па іншай прычыне, але мне трэба было абавязкова здаць аналіз крыві. Паехаў пад канвоем Людмілы, бо яна ведала, што адзін не даеду і ўцяку дамоў. Боязь здаваць кроў з пальца ў мяне была са школы. І вось прыехалі мы з Людмілай да Дома літаратара. Яна засталася на вуліцы чакаць мяне, а я пайшоў. І чым бліжэй падыходзіў да медкабінетаў, тым мне рабілася страшней, і было такое адчуванне, што восьвось у мяне спыніцца сэрца. Толькі падумаў уцякаць, як з кабінета выйшла дакторка і паклікала мяне да сябе. Я ёй расказаў, што баюся здаваць кроў з пальца і мне пры гэтым робіцца дрэнна. Дакторка пасмяялася і пачала расказваць, што кроў з пальца здаваць небалюча. Яна гаворыць, а ў мяне ад жаху дух займае. Скончылася тым, што адна дакторка мне расказвала анекдоты, а другая брала кроў. Праз паўгадзіны ў кабінет зазірнула Людміла, бо ёй на вуліцы надакучыла чакаць мяне. І калі яна зайшла, то ўбачыла мяне ляжачым на кушэтцы з нашатыром пад носам…

Да гісторыі маёй Валожыншчыны

29.05.2011. У фрэндстужцы «gorliwy_litwin» вычытаў: «Воложинский район 18—20 мая посетили потомки семьи Каганович, представительница которой Ида Розенталь, урожденная Каганович, считается изобретательницей современного бюстгалтера (1928). Она выехала в США с родителями в 1904 г. в возрасте 18 лет из Ракова. Другая ветвь семьи, жившей в Ракове и Воложине, выехала в Палестину в 1924 г.».

Мама і тата…

30.05.2011. З васьмі месяцаў да сямі гадоў з паловай я жыў не ў Пугачах у сваіх бацькоў, а гадаваўся ў вёсцы Лягезы ў бабулі Ганны, дзе цётку Алю называў мамай, а дзядзьку Ваню татам. Сваіх жа бацькоў я не ведаў і не бачыў да школы і, калі мяне забралі ў Пугачы, я доўга не разумеў, што адбылося са мной і чаму я павінен жыць у новым месцы. І мне сёння часцей сняцца Лягезы, чым Пугачы. І хоць мінула больш сарака гадоў, як мяне бацькі забралі з Лягез, па сённяшні дзень ува мне жыве светлая дзіцячая любоў да цёткі Алі і дзядзькі Вані, якія для мяне былі ў мае першыя сем год жыцця сапраўднымі мамай і татам…

Не трэба нам бераг турэцкі…

31.05.2011. Яму ўжо за шэсцьдзясят, а ён, як хлапчук, гойсае па Беларусі, ствараючы сцэнарыі свят і праводзячы іх. Мы даўно бачыліся. І я крыху здзівіўся, калі ён, пасля хвілін дзесяці размовы па справе, сказаў: «А ты, маладзец, не загунурыўся!» – «А чаго мне гунурыцца!» – засмяяўся я, і мы пачалі расказваць пра сваіх дзяцей. І ён пахваліўся: «Дачка мая тры гады назад выйшла за турка. Нядаўна ездзіў да яе ў Стамбул. Парадаваўся ўнуку. Белабрысы, з блакітнымі вачыма. Славянін». А ў маёй душы следам за словам «славянін» прагучала «янычар»…



ЧЭРВЕНЬ

Суботні ранак…

4.06.2011. У цяньку на лавачцы каля суседняга пад’езда сядзіць стары і няспешна курыць. Каля яго ног трэцца чорны кот і стаіць палатняная торба з адкаркаванай пляшкай «чарніла». Час ад часу стары дастае пляшку і, зрабіўшы з яе глыток, ставіць назад у торбу. Мінула паўгадзіны, гадзіна, а стары ўсё шыкуе, а я назіраю. Але, адвярнуўшыся на пару хвілін ад акна, я не заўважыў, як п’яны стары зваліўся пад лаўку, а пустая пляшка адкацілася ад яго на некалькі метраў, спудзіўшы чорнага ката…

У Храме…

5.06.2011. З Людмілай быў у царкве. Паспавядаліся, прычасціліся. Напрыканцы службы перад намі ў некалькіх кроках сталі дзве дзяўчыны гадоў пад дваццаць. Адна была з непакрытай галавой і ўвесь час хіхікала, і каментавала сяброўцы ўсё, што адбывалася навокал. Другая хоць і ў хустцы, але і яна паводзіла сябе, нібыта ў чарзе за півам. Мне хацелася падысці да дзяўчат і выгнаць з Храма, але…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю